Ключевые слова: гістарыяграфія, сацыялістычная рэвалюцыя, сацыяльна-эканамічнае развіцце




Дата канвертавання29.03.2016
Памер127.23 Kb.

powerpluswatermarkobject406426


Люты, А. М. Гістарыяграфія праблемы сацыяльна-эканамічных перадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі ў пачатку ХХ ст. / А. М. Люты, А. Э. Лютая // Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці (Да 90-годдзя ўтварэння БССР) : матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 27 лют. 2009 г. : у 2 ч. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; редкал. : А. М. Люты [і інш.]; А. П. Жытко (навук. рэд.). – Мінск, 2009.  Ч. 1. – С. 138142.


Ключевые слова: гістарыяграфія, сацыялістычная рэвалюцыя, сацыяльна-эканамічнае развіцце.
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ПРАБЛЕМЫ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫХ ПЕРАДУМОЎ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Ў ПАЧАТКУ ХХ СТ
У 1916 г. У.І. Ленін зрабіў выснову, што капіталізм у Расіі ўступіў у апошнюю, вышэйшую фазу свайго развіцця – імперыялізм. Ён вызначыў галоўныя эканамічныя прыкметы імперыялізму і заканамернасці яго развіцця.

У адрозненне ад дзяржаў, якія прайшлі этап развіцця капіталізму на працягу некалькіх стагоддзяў, імперыялізм у Расійскай імперыі меў свае нацыянальна-спецыфічныя рысы. Асноўная з іх была ў тым, што манапалістычны капіталізм у Расіі, тым больш у нацыянальных ускраінных рэгіёнах, быў аплецены густой сеткай прыгонніцкіх перажыткаў, дзе “… самое отсталое землевладение, самая дикая деревня – самый передовой промышленный и финансовый капитализм!” [1, с. 417].

У.І. Ленін лічыў, што імперыялізм – гэта пярэдадне сацыялістычнай рэвалюцыі. У Красавіцкіх тэзісах быў распрацаваны план захопу ўлады пралетарыятам і бяднейшым сялянствам [2, с. 111–112].

1 сакавіка 1917 г. вярнуўся ў Петраград пасля 37-гадовай эміграцыі і Г.В. Пляханаў, які перасцерагаў бальшавікоў ад памылковых сацыялістычных эксперыментаў. Ён лічыў, што сацыялістычная рэвалюцыя (у выпадку заўчаснага захопу ўлады) можа прывесці да палітычнай уродлівасці, да царскага дэспатызму на камуністычнай падкладцы [3, с. 98]. Паміж буржуазна-дэмакратычным і сацыялістычным этапамі рэвалюцыі павінен прайсці значны прамежак часу.

Г.В. Пляханаў быў здзіўлены дзейнасцю партый меньшавікоў і бальшавікоў пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Красавіцкія тэзісы У.І. Леніна ён падвергнуў крытыцы ў артыкуле ў газеце “Единство”. Ужо назва артыкула сведчыла пра адносіны Г.В. Пляханава да планаў лідэра бальшавікоў. Ён называўся “О тезисах Ленина и о том, почему бред бывает подчас интересен”.

У гэтым артыкуле Г.В. Пляханаў пісаў, што рэальнай глебы для перабудовы расійскага грамадства на сацыялістычных пачатках не было. Сацыялістычны лад, на яго думку, магчымы толькі пры наяўнасці двух умоў: высокая ступень развіцця вытворчых сіл (т. зв. тэхнікі) і вельмі высокі ўзровень свядомасці працоўнага насельніцтва дзяржавы. У Расіі ў 1917 г. не было ні таго, ні другога, і таму весці гаворку пра арганізацыю сацыялістычнага грамадства ў Расіі ў той час азначала крайне шкодную ўтопію, а дыктатура пралетарыяту магчыма толькі тады, калі наёмныя рабочыя будуць складаць большасць насельніцтва. Калі рабочы клас захоча прыпыніць капіталістычны спосаб вытворчасці, то ён тым самым нанясе шкоду як усёй краіне, так і сваім асабістым інтарэсам [4].

У.І. Ленін лічыў, што рабочы клас можа і павінен стаць гегемонам сацыялістычнай рэвалюцыі незалежна ад яго долі ў агульнай масе насельніцтва, а пасля захопу ўлады, выкарыстаўшы яе як архімедаў рычаг, можна кампенсаваць недахоп цывілізованнасці і культуры і дагнаць перадавыя краіны [5].

У сваёй працы “Выборы в Учредительное собрание и диктатура пролетариата” ён пісаў: “Сила пролетариата в любой капиталистической стране несравненно больше, чем доля пролетариата в общей сумме населения. Это – потому, что пролетариат экономически господствует над центром и нервом всей хозяйственной системы капитализма, а также потому, что пролетариат, экономически и политически, выражает действительные интересы громадного большинства трудящихся при капитализме” [6, с. 23].

Яшчэ да кастрычніка 1917 г. У.І. Ленін неаднаразова разглядаў пытанне пра сацыяльна-эканамічныя прадумовы сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі. Аналіз расійскага імперыялізму прывёў яго да высновы, што ў краіне паспелі эканамічныя прадумовы для сацыялізму. Сацыяльна-палітычныя прадумовы сацыялістычнай рэвалюцыі, на думку У.І. Леніна, стварала наяўнасць пралетарыяту, які здольны да масавых рэвалюцыйных дзеянняў [7, с. 33].

У.І. Ленін крытыкаваў і лідэраў П Інтэрнацыянала, якія лічылі, што ў эканамічна адсталай Расіі не было аб’ектыўных прадумоў для сацыялізму. Ён пісаў: “… При общей закономерности развития во всей всемирной истории нисколько не исключаются, а, наоборот, предполагаются отдельные полосы развития, представляющие своеобразие либо формы, либо порядка этого развития”. У Расіі быў маўляй створаны саюз сялянскай вайны з рабочым рухам, і “... в настоящее время уже нет сомнений, что в основном мы одержали победу” [8, с. 379–381].

Супярэчлівая характарыстыка кастрычніцкіх падзей 1917 г. у Расіі і іх прадумоў прывяла да з’яўлення ў савецкай гістарыяграфіі прац, высновы якіх не супадалі з ленінскай канцэпцыяй сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1923 г. выйшла кніга С.А. Піянткоўскага “Октябрьская революция в России, ее предпосылки и ход”, у якой была зроблена спроба ўсебаковага аналізу падзей у 1917 г. Аўтар лічыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя была пралетарскай і буржуазна-дэмакратычнай [9, с. 5]. Такі падыход быў характэрны і для прац іншых гісторыкаў. І толькі ў 1935 г. выйшаў першы том “Истории гражданской войны”, прысвечаны падрыхтоўцы пралетарскай рэвалюцыі. У гэтым томе разглядалася і праблема сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі з ленінскіх пазіцый і з улікам яго канцэпцыі [10].

Эканамічнай прадумовай сацыялістычнай рэвалюцыі У.І. Ленін лічыў высокі ўзровень развіцця манапалістычнага капіталізму ў Расіі. Пасля Другой сусветнай вайны, калі ідэю сацыялістычнага развіцця ідэолагі СССР імкнуліся распаўсюджыць ва ўсіх краінах, праблема імперыялізму стала адной з найбольш актуальных.

Пераважная большасць прац была напісана з улікам ленінскай канцэпцыі, і нічога новага ў тэарэтычным плане гэтыя даследаванні не давалі. Аўтары прыводзілі толькі новыя факты і матэрыялы для доказу тэзіса аб наяўнасці сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі [11].

Галоўнай мэтай гэтых даследаванняў было выяўленне ступені развіцця манапалістычнага капіталізму, ролі замежнага капіталу ў яе эканамічнай сістэме.

Пануючай высновай у пасляваеннае дзесяцігоддзе была канцэпцыя, якая сведчыла, што манапалістычны капіталізм у Расіі быў слабым і неразвітым. У ацэнцы ролі замежных капіталаў панавала думка, што гэтыя капіталы трымалі пад сваім кантролем важнейшыя галіны прамысловасці і банкаўскую сістэму дзяржавы. Былі даследчыкі, якія наогул адмаўлялі наяўнасць у Расіі дзяржаўна-манапалістычнага капіталізму нават у перыяд Першай сусветнай вайны [12, с. 163].

Пануючая ідэя ў гэты перыяд пра слабае развіццё ў Расіі манапалістычнага капіталізму, яго залежнасці ад замежнага капіталу вызначыла агульную характарыстыку і асаблівасці расійскага імперыялізму ў цэлым. Лічылася, што Расія не была краінай класічнага імперыялізму, што расійскі імперыялізм быў “ваенна-феадальным”, слабым і неразвітым. Апутаны феадальна-прыгоннымі перажыткамі, ён знаходзіўся ў паўкаланіальнай залежнасці ад “класічнага” імперыялізму заходнееўрапейскіх краін. У гэтай сувязі слаба раскрытымі аказаліся аб’екыўныя сацыяльна-эканамічныя прадумовы сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі альбо наогул яны адмаўляліся.

Сітуацыя змянілася пасля стварэння ў Інстытуце гісторыі АН СССР, інстытутах рэспубліканскіх акадэмій навук сектараў гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1958 г. быў створаны Навуковы савет АН СССР па комплекснай праблеме “Гісторыя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”, які ўзначаліў акадэмік І.І. Мінц [13, с. 173].

У гэты час выходзіць шмат прац, у якіх гісторыкі-марксісты імкнуліся даказаць не толькі заканамернасць кастрычніцкіх падзей, але і іх міжнароднае значэнне [14].

Некаторыя даследчыкі-марксісты, самі таго не жадая, прыйшлі да высновы, што кастрычніцкія падзеі 1917 г. не закранулі большасць насельніцтва Расіі – сялянства. У працах, напрыклад, У.Р. Герасімюка і М. Савуціна была зроблена спроба аналізу працэсу развіцця “сацыялістычнай рэвалюцыі” у вёсцы ў кастрычніку 1917 – ліпені 1918 г. [15].

У 60–70-я гг. ХХ ст. адной з найбольш актуальных праблем савецкай гістарыяграфіі было даследаванне гісторыі манапалістычнага капіталізму, доказ наяўнасці сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі ў 1917 г. Тлумачылася гэта не толькі абвастрэннем ідэалагічнай барацьбы, але і пампезным святкаваннем 50- і 60-гадовых юбілеяў Кастрычніцкай рэвалюцыі, выклікаўшых новую хвалю прац па ўсяму перыяду імперыялізму.

У рэчышчы ленінскай тэорыі імперыялізму былі напісаны манаграфіі, прысвечаныя эканамічнаму развіццю Расіі ў гады Першай сусветнай вайны [16], стварэнню рускіх канцэрнаў [17], акцыянерных таварыстваў [18], фарміраванню фінансавага капіталу [19]. З’явіліся першыя даследаванні аб пранікненні манапалістычнага капіталу на ўскраіны Расійскай імперыі [20].

Вывучэнне манапалістычнага і фінансавага капіталу ў Расіі не вырашала праблему сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі. Не была прааналізавана сетка манапалістычных аб’яднанняў, не выяўлена іх галіновая і рэгіянальная спецыфіка і ўплыў на эканамічнае развіццё дзяржавы. Недастаткова даследаваны ўплыў манапалістычнага капіталізму на развіццё вёскі, з аднаго боку, і асаблівасцей аграрнага развіцця на характар манапалістычнага капіталу – з другога.

Гісторыкі дагматычнага марксісцкага накірунку прагнулі даказаць, што ў Расіі склалася маўляй сістэма дзяржаўна-манапалістычнага капіталізму, якая ў 1917 г. дайшла да спроб агульнадзяржаўнага рэгулявання асобных галін прамысловасці і цэнтралізаванага размеркавання прадуктаў і сыравіны [21]. Тым самым яны імкнуліся даказаць наяўнасць у Расіі аб’ектыўных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі. Гэта ж думка знайшла адлюстраванне ў манаграфіі А.Л. Сідарава [22]. Але грунтоўнага навуковага доказу гэтай канцэпцыі ў гэты перыяд так і не было. А.Л. Сідараў зрабіў спробу размежаваць асаблівасці манапалістычнага капіталізму і асаблівасцей эканомікі Расіі ў перыяд імперыялізму. Ён лічыў, што па сваёй прыродзе і асноўным рысам расійскі манапалістычны капіталізм не адрозніўся маўляй ад імперыялізму іншых краін, і што прыгонніцкія перажыткі не былі асаблівасцю расійскага імперыялізму, а тэрмінам “ваенна-феадальны імперыялізм” можна характарызаваць не асаблівасці расійскага імперыялізму, а толькі своеасаблівасці палітычнай надбудовы. Паняцце “ваенна-феадальны імперыялізм” А.Л. Сідараў атаясамляў з царызмам. Асноўныя ж асаблівасці апошняга ён бачыў у актыўным умяшанні дзяржавы ў эканамічнае жыццё краіны і ў шырокім удзеле замежнага капіталу ў расійскіх манаполіях. Гэтыя асаблівасці былі абумоўлены больш нізкім узроўнем развіцця капіталізму ў краіне, асабліва ў вёсцы, параўнальна з краінамі перадавога капіталізму [23, с. 239].

У 70-я гады ХХ ст. намеціўся новы падыход у даследаванні пытання пра ролю замежных капіталаў у Расіі. Калі раней гэта пытанне вырашалася шляхам уліку долі замежных капіталаў у прамысловай вытворчасці і банкаўскай сістэме Расіі, то ў 70-я гады даследчыкі ўлічвалі ўжо не толькі ўдзельную вагу замежных капіталаў, але і характар іх сувязяў з расійскім прамысловым і банкаўскім капіталам, бо толькі такім шляхам можна было высветліць рэальны ўплыў замежных капіталаў на эканамічнае развіццё краіны. Зыходзячы з гэтага, ролю замежных капіталаў даследавалі ў цеснай сувязі з гісторыяй прамысловасці, банкаў і фінансавага становішча краіны. Агульны нарыс гісторыі фінансавых адносін Расіі з галоўнымі імперыялістычнымі дзяржавамі з канца XIX і да пачатку Першай сусветнай вайны даў у сваіх працах Б.У. Ананьіч [24]. Даследавалася функцыянаванне замежных капіталаў у асобных галінах прамысловасці [25].

Гісторыкі прыйшлі да высновы, што калі ў галіне эканомікі намецілася тэндэнцыя да паслаблення залежнасці ад замежнага капіталу, то фінансавая залежнасць Расіі ў выніку знешніх пазык вырастала. У гады Першай сусветнай вайны гэта паставіла Расію ў становішча нераўнапраўнага партнёра.

Як прыхільнікі дагматычнага марксісцка-ленінскага накірунку ў гістарыяграфіі, так і іх апаненты прызнавалі, што ў так званую “эпоху імперыялізму” ў Расіі канца XIX – пачатку ХХ ст. эканоміка краіны не толькі залежыла ад замежнага капіталу, але і характарызавалася шматукладнасцю: паўпатрыярхальны, паўпрыгонніцкі, дробнатаварны і капіталістычны. Але вывады рабіліся розныя. Староннікі ленінскай канцэпцыі сацыялістычнай рэвалюцыі лічылі, што гэта асаблівасць расійскага імперыялізму не адмаўляла наяўнасці сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі і кастрычніцкія падзеі 1917 г. характарызавалі як сацыялістычную рэвалюцыю, а іх апаненты адмаўлялі не толькі наяўнасць гэтых прадумоў, але і сацыялістычны характар Кастрычніцкай рэвалюцыі і мерапрыемстваў партыі бальшавікоў [26, с. 238].

У 60–80-я гады ХХ ст. дамініруючай была ўсё ж праленінская канцэпцыя. Каардынацыяй і кіраўніцтвам даследаваннямі па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі займаліся Інстытут марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Навуковы Савет АН СССР, які ўзначаліў акадэмік І.І. Мінц. Абагульняючы характар праленінская канцэпцыя атрымала ў трохтомным даследаванні І.І. Мінца “История Великого Октября” [27].

Пад кіраўніцтвам Навуковага Савета АН СССР выйшлі і працы па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нацыянальных рэгіёнах, у напісанні якіх прымалі ўдзел гісторыкі Украіны, Беларусі, Сярэдняй Азіі, Казахстана, Закаўказзя і Прыбалтыкі [28]. У гэтых працах звярталася ўвага галоўным чынам на ўключэнне нацыянальных рэгіёнаў у агульнарасійскі рэвалюцыйны працэс; дапамогу рускага рабочага класа мясцовым рэвалюцыйным сілам, суадносіны рэвалюцыйна-дэмакратычнага і буржуазна-нацыяналістычнага накірункаў у нацыянальным руху. Але ніхто з аўтараў гэтых прац не разглядаў пытання пра наяўнасць сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі. Калі ўлічыць, што эканоміка нацыянальных рэгіёнаў знаходзілася на больш нізкай стадыі развіцця, а капіталістычныя адносіны фактычна толькі зараджаліся, то гаварыць пра гістарычную заканамернасць сацыялістычнай перабудовы ў Расіі ў цэлым і ў нацыянальных рэгіёнах, у прыватнасці, нельга.

Была зроблена спроба паказаць ролю сялянства ў Кастрычніцкай рэвалюцыі, прааналізаваць сацыяльную структуру вёскі ў сацыяльных канфліктах таго часу [29].

Разумеючы, што кастрычніцкія падзеі 1917 г. нельга назваць сацыялістычнай рэвалюцыяй, даследчыкі ў 60–70-я гады ХХ ст. больш увагі сталі звяртаць на характар узброенага паўстання ў Петраградзе [30]. Такі падыход быў не новым, бо і У.І. Ленін ацэньваў кастрычніцкія падзеі не як рэвалюцыю, а толькі як узброены захоп улады бальшавікамі, а сацыялістычную рэвалюцыю лічыў цяглым, разнастайным і складаным працэсам, які не абмяжоўваўся толькі падрыхтоўкай да ўзброенага паўстання і самім паўстаннем, а ахопліваў некалькі гадоў і складаўся з трох этапаў [31, с. 202–203].

У 90-я гады ХХ ст., калі разваліўся СССР і камуністычная партыя не толькі была пазбаўлена ўлады, але і апынулася ў глыбокім ідэалагічным крызісе, праблема сацыяльна-эканамічных прадумоў кастрычніцкіх падзей і гісторыя гэтых падзей амаль не разглядаліся. Толькі ў 1999 г. выйшла фундаментальнае даследаванне Апрэлява У.І. і Якаўлева А.Л. “Октябрьский вооруженный большевистский переворот 1917 года в России”, у якім аўтары прыйшлі да высновы, што Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя аб’ектыўна не была сацыялістычнай рэвалюцыяй і не была “Вялікай”. Сацыяльна-эканамічных прадумоў сацыялістычнай рэвалюцыі ў 1917 г. не было, а кастрычніцкія падзеі былі ўзброеным захопам бальшавікамі ўлады [32, с. 194]. Далейшыя падзеі паказалі, што нічога сацыялістычнага ў дзеяннях партыі бальшавікоў не было і аб’ектыўна не магло быць.

Літаратура і крыніцы

1. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 16.

2. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 31.

3. Плеханов, Г. История русской общественной мысли / Г. Глеханов // Сочинения. – Т. XXII.

4. АИФ. – 1989. – № 25.

5. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 45. – С. 401; В.И. Ленин и историческая наука. – М., 1968. – С. 59–60.

6. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 40.

7. Историография истории СССР: Эпоха социализма: учеб. для вузов по спец. “История” / В.Е. Иллерицкий [и др.]; под ред. И.И. Минца. – М.: Высшая школа, 1982.

8. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 45.

9. Пионтковский, С.А. Октябрьская революция в России, ее предпосылки и ход / С.А. Пионтковский. – М. –Пг., 1923.

10. История гражданской войны в СССР. – М., 1935. – Т. 1.

11. Сидоров, А.Л. Финансовое положение России в годы первой мировой войны (1914–1917 гг.) / А.Л. Сидоров. – М., 1960; Шигалин, Г.И. Военная экономика в первую мировую войну (1914–1918 гг.) / Г.И. Шигалин. – М., 1956; Маевский, И.В. Экономика русской промышленности в условиях первой мировой войны / И.В. Маевский. – М., 1957; Погребинский, А.П. Государственно-монополистический капитализм в России / А.П. Погребинский // Очерки истории. – М., 1959; Тарновский, К.Н. Формирование государственно-монополистического капитализма в России в годы первой мировой войны (на примере металлургической промышленности) / К.Н. Тарновский. – М., 1958.

12. Историография истории СССР: Эпоха социализма: учеб. для вузов по спец. “История” / В.Е. Иллерицкий [и др.]; под ред. И.И. Минца. – М.: Высшая школа, 1982.

13. Историография истории СССР: Эпоха социализма: учеб. для вузов по спец. “История” / В.Е. Иллерицкий [и др.]; под ред. И.И. Минца. – М.: Высшая школа, 1982.

14. Минц, И.И. Международное значение Октябрьской революции / И.И. Минц. – М., 1957; Минц, И.И. Победа социалистической революции на местах / И.И. Минц // История СССР. – 1957. – № 4; Гапоненко, Л.С. Великая Октябрьская социалистическая революция: Краткий исторический очерк / Л.С. Гапоненко. – М., 1957; Голиков, Г.Н. Очерк истории Великой Октябрьской социалистической революции / Г.Н. Голиков. – М., 1959; История Великой Октябрьской социалистической революции. – М., 1963 і інш.

15. Герасимюк, В.Р. Начало социалистической революции в деревне в 1917–1918 гг. / В.Р. Герасимюк. – М., 1958; Саутин, Н. Великий Октябрь в деревне на Северо-Западе России (октябрь 1917 – 1918 г.) / Н. Саутин. – Л., 1959.

16. Сидоров, А.Л. Экономическое положение России в годы первой мировой войны / А.Л. Сидоров. – М., 1973.

17 Китанина, Т.М. Военно-инфляционные концерны в России. 1914–1917 / Т.М. Китанина. – Л., 1969.

18. Шепелев, Л.Е. Акционерные компании в России / Л.Е. Шепелев. – Л., 1973.

19. Бовыкин, В.И. Зарождение финансового капитала в России / В.И. Бовыкин. – М., 1967.

20. Фридман, В. Банки и кредит в дореволюционном Казахстане (1900–1914) / В. Фридман. – Алма-Ата, 1974 і інш.

21. Лившин, Я.И. Монополии в экономике России. (Экономические организации и политика монополистического капитала) / Я.И. Лившин. – М., 1961; Лаверычев, В.Я. Монополистический капитал в текстильной промышленности России (1900–1917 гг.) / В.Я. Лаверычев. – М., 1968 і інш.

22. Сидоров, А.Л. Исторические предпосылки Великой Октябрьской социалистической революции / А.Л. Сидоров. – М., 1970.

23. Историография истории СССР: Эпоха социализма: учеб. для вузов по спец. “История” / В.Е. Иллерицкий [и др.]; под ред. И.И. Минца. – М.: Высшая школа, 1982.

24. Ананьич, Б.В. Россия и международный капитал. 1897–1914 / Б.В. Ананьич // Очерки истории финансовых отношений. – Л., 1970; Ананьич, Б.В. Российское самодержавие и вывоз капиталов. 1895–1914 гг. / Б.В. Ананьич. – Л., 1975.

25. Дякин, В.С. Германские капиталы в России. Электроиндустрия и электрический транспорт / В.С. Дякин. – Л., 1971.

26. Историография истории СССР: Эпоха социализма: учеб. для вузов по спец. “История” / В.Е. Иллерицкий [и др.]; под ред. И.И. Минца. – М.: Высшая школа, 1982.

27. Минц, И.И. История Великого Октября / И.И. Минц. – М., 1967–1973. – Т. 1–3; 2-е выд. – М., 1977–1980. – Т. 1–3.

28. Победа Советской власти на Украине. – М., 1967; Победа Советской власти в Белоруссии. – Мн., 1967; Победа Советской власти в Средней Азии и Казахстане. – Ташкент, 1967; Борьба за победу Советской власти в Прибалтике. – М., 1967; Победа Советской власти в Закавказье. – Тбилиси, 1971.

29. Першин, П.Н. Аграрная революция в России / П.Н. Першин. – М., 1966; Селунская, В.М. Рабочий класс и Октябрь в деревне / В.М. Селунская. – М., 1968; Осипова, Т.В. Классовая борьба в деревне в период Великой Октябрьской социалистической революции / Т.В. Осипова. – М., 1974 і інш.

30. Ерыкалов, Е.Ф. Октябрьское вооруженное восстание в Петрограде / Е.Ф. Ерыкалов. – Л., 1966; Октябрьское вооруженное восстание. Семнадцатый год в Петрограде. – Л., 1967. – Кн. 1–2; Лисецкий, А.М. Большевики во главе массовых стачек (март–октябрь 1917 года) / А.М. Лисецкий. – Кишинев, 1974 і інш.

31. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 36.



32. Апрелев, В.И. Октябрьский вооруженный большевистский переворот 1917 года в России / В.И. Апрелев, А.Л. Яковлев. – М., 1999.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка