Ключевые слова: дзяржаўнасць Беларусі, гістарыяграфія гісторыі, летапісы дабуржуазная гістарыяграфія гісторыі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер143.67 Kb.

powerpluswatermarkobject389381


Лютая, А. Э. Дабуржуазная гістарыяграфія гісторыі дзяржаўнасці Беларусі / А. Э. Лютая, А. М. Люты // Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці (Да 90-годдзя ўтварэння БССР) : матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 27 лют. 2009 г. : у 2 ч. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; редкал. : А. М. Люты [і інш.]; А. П. Жытко (навук. рэд.). – Мінск, 2009.  Ч. 1. – С. 8691.


Ключевые слова: дзяржаўнасць Беларусі, гістарыяграфія гісторыі, летапісы
ДАБУРЖУАЗНАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ГІСТОРЫІ

ДЗЯРЖАЎНАСЦІ БЕЛАРУСІ
Навука пра дзяржаўнасць мае вельмі даўнюю гісторыю і адносіцца да найбольш спрэчных праблем гістарыяграфіі. На думку Арыстоцеля, напрыклад, грамадства, што складаецца з некалькіх паселішчаў, ужо ёсць амаль завершаная дзяржава. У савецкай гістарыяграфіі доўгі час дамінуючым вучэннем пра дзяржаву была марксісцка-ленінская ідэя, паводле якой дзяржава характарызавалася як машына для падтрымання панавання аднаго класа над другім. Пра дзяржавы Усходняй Еўропы пісаў яшчэ Герадот. Разглядаючы падзеі вайны персаў са скіфамі ў 513 г. да н. э., ён упамінаў і пра тагачаснае насельніцтва Беларусі – будзінаў, неўраў і іх цароў. Факт упамінання пра цароў, лічыць Я.А. Юхо, сведчыць пра наяўнасць у іх пэўнай палітычнай арганізацыі. Пра дзяржаўныя ўтварэнні ва ўсходніх славян на пачатку н. э. сведчыць Іакімаўскі летапіс, у якім згадваюцца імёны князёў і назвы княстваў, што існавалі задоўга да прыходу сюды Рурыка і яго братоў [1, с. 237]. Праўда, неабходна адзначыць, што Іакімаўскі летапіс не быў старажытным, як лічыў В.М. Тацішчаў, а адносіўся да XVII ст., і многія падзеі, пра якія ідзе гаворка ў гэтым летапісу, выклікаюць сумненні ў сучасных даследчыкаў [2, с. 169].

У IX–X стст. на тэрыторыі Беларусі існавалі дзяржавы–княствы палачан, дрыгавічоў, радзімічаў. У другой палове Х ст. былі ўтвораны княствы Рыгвалода і Тура. У перыяд Кіеўскай Русі ўводзіліся княствы-намесніцтвы, якімі кіравалі бліжэйшыя родзічы кіеўскага князя. Пазней за імі замацавалася назва “землі”. Дэцэнтралізацыя палітычнай улады ў Кіеўскай Русі зрабіла ў XII ст. княствы-землі самастойнымі. На тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд існавалі Полацкае і Тураўскае княствы [3, с. 217].

У XIII ст. на тэрыторыі Беларусі, лічыць той жа Я.А. Юхо, існавала ўжо некалькі буйных самастойных дзяржаў-княстваў, у тым ліку Полацкае, Менскае, Тураўскае, Пінскае, Берасцейскае, Гарадзенскае і Наваградскае, а больш дробныя ўдзельныя княствы (Ваўкавыскае, Віцебскае, Давыд-Гарадоцкае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Лукомскае, Мсціслаўскае, Свіслацкае, Слуцкае, Смаленскае і інш.) траплялі да іх у васальную залежнасць і ўтваралі саюзы княстваў. Рост прадукцыйных сіл, грамадскага падзелу працы і развіццё гандлю садзейнічалі іх кансалідацыі і аб’яднанню. Гэты працэс, паскораны неабходнасцю абароны ад агрэсіі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, з аднаго боку, і паўднёва-рускіх князёў, з другога, стаў падставай для ўтварэння на беларускай тэрытарыяльнай, этнічнай і культурнай аснове феадальнай дзяржавы Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) [4].

Гэтыя працэсы атрымалі адлюстраванне ў так званых кароткіх летапісных рэдакцыях. Гэтыя летапісы былі складзены не раней канца XIV ст. і не пазней першай паловы XV ст. [5, с. 5]. В.А. Чамярыцкі адзначае вялікі ўплыў традыцый старажытнарускага летапісання на беларускае [6, с. 4].

У XXXV томе “Полного собрания русских летописей” змешчаны беларускія летапісы. Старэйшыя з іх (Нікіфараўскі і Супрасльскі) у асноўным уяўляюць сабой летапісы агульнаўсходнеславянскія, і толькі напрыканцы там змешчаны запісы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Адна са старэйшых – Віленская – складае невялікую частку так званага падрабязнага агульнаўсходнеславянскага летапісу – Аўраамкі. У Слуцкім (Увараўскім) летапісу наадварот – асноўную частку займаюць звесткі па гісторыі ВКЛ, а агульнаўсходнеславянскія матэрыялы знаходзяцца напрыканцы і займаюць вельмі мала месца. Шэраг летапісаў (Нікіфараўскі, Акадэмічны, Археалагічнага таварыства) не маюць ні пачатку, ні канца, і таму сказаць, што яны ўяўляюць сабой у поўным аб’ёме, цяпер немагчыма. Некаторыя з беларускіх летапісаў (Віленская, Origo regis) пачынаюцца з пераліку сыноў князя Гедэміна і заканчваюцца – Віленская смерцю Скіргайлы, а Origa regis уцёкам князя Вітаўта з Крэва на тэрыторыю Oрдэна. Летапісы Красінскага і Альшэўскі пачынаюцца з міфічнага расказу пра прыезд на тэрыторыю ВКЛ 500 сем’яў рымскай знаці і заканчваюцца апісаннем падзей 40-х гадоў XV ст. Летапісы Рачынскага і Еўраінаўскі пачынаюцца з той жа міфічнай часткі і заканчваюцца смерцю караля польскага і вялікага князя літоўскага Сігізмунда I у 1548 г. Румянцаўскі летапіс, які таксама пачынаецца з легендарнага расказу, заканчваецца 1567 г. Усяго ў томе змешчана 14 летапісаў і хронік, але толькі Слуцкі (Увараўскі) уяўляе сабой асобна аформленую кнігу, а ўсе астатнія з’яўляюцца часткамі летапісных зборнікаў, у якіх акрамя летапісаў і хронік былі змешчаны творы гістарычнага і рэлігіёзнага характару ці мастацкая літаратура. Вядома, што Віленскі летапіс быў напісаны ў Смаленску, а Магілёўскі ў Магілёве, а дзе былі створаны астатнія летапісы невядома. Напісана большасць беларускіх летапісаў на старабеларускай мове і толькі Альшэўскі на польскай, а Origo regis на лацінскай. Але і гэтыя творы з’яўляюцца перакладамі са старабеларускай мовы [7, с. 3].

У беларускіх летапісах галоўная ўвага звярталася на палітычную гісторыю, і таму праблема беларускай дзяржаўнасці разгледжана вельмі падрабязна. У Супрасльскім летапісу, напрыклад, шмат матэрыялу прысвечана дзейнасці вялікіх князёў літоўскіх іх радаводам, асабліва з сярэдзіны XIV ст. Беларускі летапісец з павагай і сімпатыяй адносіцца да вялікіх князёў літоўскіх. Ён захапляецца вялікім князем Вітаўтам і падрабязна распавядае пра павагу, якую выказвалі яму суседнія гасудары. Аўтар летапісу зрабіў спробу вызначыць прычыны ўстанаўлення і ўмацавання ўлады вялікіх князёў літоўскіх. Так, напрыклад, Полацк і Віцебск падпарадкаваліся вялікаму князю літоўскаму Сігізмунду ў 1436 г., “не чуя себе помощи ниоткуля” [8, с. 59]. Галоўная ідэя аўтара Супрасльскага летапісу – паказаць уплыў Русі на ход усяго грамадскага жыцця, лёс усходнеславянскіх народаў, палітычную арганізацыю Вялікага княства Літоўскага.

Другія спісы кароткіх летапісаў – Увараўскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны ўяўляюць сабой розныя варыянты Супрасльскага і ідэйна нічым не адрозніваюцца ад яго. Спісы Віленскі, Пагодзінскі і Дубровінскі, лічаць З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко, таксама не маюць вялікіх адрозненняў [9, с. 8].

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці падрабязна разглядаецца ў летапісах, напісаных у XVI ст. (да іх можна аднесці: “Хроніку Быхаўца”, спісы Познанскі (Рачынскага), Еўраінаўскі, Румянцаўскі, Патрыяршы, Альшанскага, Археалагічнага таварыства, а таксама “Летапісец” Красінскага). Усе гэтыя летапісы ўтрымліваюць некалькі варыянтаў невядомага гістарычнага твора, якія адрозніваюцца па форме і характару выкладання. Кожны з гэтых летапісаў – самастойны, своеасаблівы гістарычны твор.

Найбольш поўным варыянтам з’яўляецца Познанскі спіс (Рачынскага) – “Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойскага”. Ён адрозніваецца ад Супрасльскага як па структуры, так і па прадмету выкладання, ацэнцы гістарычных падзей [10, с. 145–172].

Спіс Альшэўскага носіць назву “Вялікага княства Літоўскага і Жмудскага хроніка”. “Хронікай” названы і спіс Археалагічнага таварыства. З’яўленне гэтых “Хронік” тлумачыцца намерам іх аўтараў абаснаваць правамернасць улад літоўскіх князёў старажытнасцю іх роду, які не ўступаў князям Польшчы і Русі [11, с. 149–150].

Тэкст Познанскага спісу цалкам прысвечаны апавяданню пра дзеянні вялікіх князёў літоўскіх. Галоўная ўвага звернута на войны, якія вялі вялікія князі літоўскія са знешнімі ворагамі, іх барацьбе за ўладу з прэтэндэнтамі на велікакняжацкі прастол.

Вялікую цікавасць выклікае спроба аўтара Познанскага спісу звязаць легенду пра рымскае паходжанне першых 500 сем’яў Літвы, якія збеглі ў часы Нерона на чале са сваякамі імператара Палемона, з паходжаннем назвы мясцовага насельніцтва. Згодна гэтай версіі, адзін з сыноў Палемона Кернус з падуладнымі яму людзьмі з’явіўся з Жэмайціі ў Завілейскую вобласць. Яны аселі на пабярэжжы і тут “игривали на трубах дубасных”, што дало права Кернусу абазначыць гэты край па-лацінскі двума тэрмінамі: “литус” і “тубус” (ад litus – пабярэжжа, tubus – труба). Але, адзначае летапісец, “простые люди не вмели знать по латине и почали звати Литвою” [12, с. 298].

Аўтар Познанскага летапісу па-свойму тлумачыць прычыны пашырэння ўлады літоўскіх князёў на беларускія землі. Ён лічыць, што хан Батый знічтожыў мясцовых князёў. Княжаўшы ў той час у Літве Мантвіл зазнаўшы, што “мужыки мешкают без гасподара”, накіраваўся ў Друцкую зямлю, а сына паслаў да Нёмана, дзе той пабудаваў Наўгародак. Але ў Познанскім летапісу неаднаразова звяртаецца ўвага на шлюбныя саюзы з мясцовымі княжацкімі родамі, прыводзяцца звесткі пра прыняцце літоўскімі князямі праваслаўя і “навуки языка русского” (старабеларускага – А.Л.; А.Л.). Пра палітычныя пазіцыі аўтара можна судзіць па яго варожым адносінам да Польшчы. Ён усюды падкрэслівае супраціўленне вялікіх князёў літоўскіх спробам польскіх каралёў захапіць тэрыторыю ВКЛ. Ягайла, які стаў польскім каралём, называецца забойцам і клятвапарушальнікам [13, с. 156–157]. Гэта была першая праца па гісторыі дзяржаўнасці (у дадзеным выпадку ВКЛ), увасабленнем якой для аўтара летапісу была дзейнасць вялікіх князёў літоўскіх. Аўтарам гэтага твору быў беларус, блізкі да велікакняжацкага двара. Патрыёт ВКЛ, ён разглядае яго гісторыю і яго поспехі ў неразрыўнай сувязі з роллю беларускага насельніцтва дзяржавы, якое складала яго большасць. Крокам наперад у развіцці гістарычнай думкі з’яўлялася і панаванне свецкага погляду на гісторыю ва ўмовах развіцця ў гістарыяграфіі прынцыпу правідзенцыялізму.

У “Хроніцы Быхаўца” даследчыкі вылучаюць тры тэксты: адзін напісаны літоўскім аўтарам, другі – беларускім, трэці складзены невядомым аўтарам на аснове разнастайных крыніц [14, с. 135–144]. Гэты твор можна лічыць завяршэннем амаль двухвекавога перыяду развіцця беларускай гістарыяграфіі. Аўтары “Хронікі Быхаўца” лічылі, што Літоўскае княства было заснавана хрысціянамі, апушчаны факты, у якіх ідзе гаворка пра язычніцтва літоўскіх князёў. Гісторыя стварэння ВКЛ падаецца як заваяванне і захоп тэрыторыі Беларусі і Украіны. Аўтары хронікі ўсхваляюць магутнасць ВКЛ, ваяўнічасць літоўцаў, радавітасць іх князёў і нерадавітасць польскай шляхты. У “Хроніцы Быхаўца” адзначаецца, што ратная моц літоўскага войска павялічылася пасля таго, як вялікія князі літоўскія прынялі хрысціянскую веру [15, с. 11–12].

Закраналі праблему гісторыі беларускай дзяржаўнасці і дваранскія гісторыкі XVIII–XIX стст. М.В. Ламаносаў ў сваіх заўвагах на магістэрскую дысертацыю нямецкага гісторыка Г.Ф. Мілера “Происхождение имени и народа российского” адзначае, што землі, населеныя “белороссийцами, где ныне Новгородок, воеводства Минское, Мстиславское, Витебск и Полоцк…”, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, з’яўляюцца маўляй арганічнай часткай Русі [16, с. 36], адмаўляючы тым самым дзяржаўнасць у беларусаў.

Выхадзец з роду беларускіх князёў Саламярэцкіх В.М. Тацішчаў у сваёй “Истории Российской” разгледзеў і гісторыю Полацкага княства. Ён вылучаў тры перыяды. Першы – існаванне мясцовага княжання; другі – той час, калі палачане, “соглосясь с новгородцы, демократию (вече) ввели”; трэці – калі Полацк і полацкія землі “под власть литовскую отдаться принуждены” [17, с. 352]. Іначай кажучы, В.М. Тацішчаў даў этапы развіцця дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі. Ён выкарыстаў у якасці крыніцы Полацкі летапіс і прывёў ў сваёй працы шмат цікавых фактаў па гісторыі Беларусі. Таксама аўтар паказаў акалічнасці ўтварэння ВКЛ, апісаў помсту Войшалка забойцам Міндоўга і інш. [18, с. 97–98].

У 1794 г. Кацярына П праз обер-пракурора Сінода графа А.І. Мусіна-Пушкіна даручыла М.М. Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць звесткі пра “уніятаў польскіх”. Вынікам праведзенага даследавання стала кніга “Исторические сведения о возникшей в Польше унии…”, выдадзеная ў Маскве ў 1805 г. Аўтар сцвярджаў, што ўнія выражала інтарэсы папства і была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў, выклікаўшае ў сярэдніх і нізшых пластах грамадства актыўнае супраціўленне [19, с. 95, 408].

З ураджэнцаў Беларусі шырокую вядомасць атрымаў С.І. Богуш-Сестранцэвіч, які ў 1782 г. стаў архіепіскапам Беларускай каталіцкай епархіі, а з 1813 г. – прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства, член Расійскай Акадэміі навук і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі [20, с. 100]. У сваёй працы “Аб Заходняй Расіі” ён не толькі даследаваў пытанні гісторыі ўсходнеславянскіх народаў, зрабіў спробу абгрунтаваць гістарычнае адзінства беларусаў, украінцаў і рускіх, але і быў аўтарам так званай тэорыі “заходнерусізму” [21], падтрымліваючы ідэю самаўладдзя, якое лічыла тэрыторыю Беларусі землямі Русі і адмаўляла беларусам у наяўнасці самастойнай этнічнай гісторыі дзяржаўнасці.

Ідэі С.І. Богуш-Сестранцэвіча больш дэталёва абгрунтаваў рускі дваранскі гісторык М.Г. Устралаў. Усё было накіравана на апраўданне рэакцыйнай афіцыйнай палітыкі самадзяржаўя ў Беларусі [22].

Паўстанне 1830–1831 гг. узбудзіла інтарэс да гісторыі Беларусі. У 1848 г. выйшла праца невядомага аўтара пад назвай “Взгляд на историю Западной Руси”. Аналізуя гісторыю ВКЛ, ён адзначаў перавагу ў дзржаве рускага праваслаўнага насельніцтва, на падставе чаго лічыў правамерным называць гэту краіну Беларусіяй [23, с. 11, 36, 37].

Адным з першых грунтоўна стаў вывучаць старажытнасць і гісторыю дзяржаўнасці народаў Беларусі і Літвы ўраджэнец Мінскай губерні, выпускнік Кіеўскай духоўнай акадэміі І.П. Барычэўскі-Тарнава [24].

Выхадзец з дваранскай сям’і Магілёўскай губерні М.В. Без-Карніловіч, вывучаючы гісторыю Віцебскай і Магілёўскай губерій, тэрыторыю якіх і лічыў Беларуссю, прыйшоў да высновы, што тэрмін “Беларусь” быў уведзены з-за светлага колеру твару і вачэй насельніцтва, белага колеру адзення. Асобую ўвагу прысвяціў гісторыі Полацкага княства і крывічоў. Вельмі коратка прадстаўлены падзел на Полаччыне ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Аўтар даказваў паходжанне Віценя з дынастыі полацкіх князёў [25].

М.В. Без-Карніловіч зыходзіў з дваранска-манархічных пазіцый пры асвятленні гісторыі дзяржаўнасці беларусаў, але ўсё ж лічыў іх нашчадкамі крывічоў і радзімічаў. Праўда, цэльнай гістарычнай канцэпцыі ён не стварыў, і для яго Беларусь – гэта неад’емная, арганічная частка Расійскай імперыі, што не дазволіла аўтару аб’ектыўна даследаваць гісторыю дзяржаўнасці беларускага народа, паказаць спецыфіку гістарычнага працэсу Беларусі ў феадальную эпоху.

Больш шырокае і мэтанакіраванае даследаванне праблемы гісторыі дзяржаўнасці беларусаў належыць пяру ўраджэнца той жа Магілёўскай губерні В.В. Турчыновічу [26], які лічыў сваю працу першым сістэматычным выкладаннем гісторыі Беларусі [27]. І сапраўды, аўтар трактаваў гісторыю Беларусі не як частку Расіі, ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, а як гісторыю беларускага народа і беларускай дзяржавы, якія маюць гістарычную спецыфіку і асаблівасці. Ён вылучыў два перыяды ў гісторыі Беларусі. Першы, з пачатку XV і да канца XVII ст., на думку аўтара, уключаў уласна гісторыю Беларусі, якая была цесна звязана з гісторыяй Літвы, Польшчы і Расіі. Другі перыяд ён пачынаў з канца XVII ст., калі гісторыя Беларусі была “лишена всякой самобытности и исчерпывалась историей Польши и России” [28].

Вельмі падрабязна В.В. Турчыновіч разглядае пытанне аб утварэнні ВКЛ. Падпарадкаваўшы беларускія і ўкраінскія землі, піша ён, літоўскія князі падрыхтавалі ўсе ўмовы для таго, каб “мало-помалу Западная Русь образовала новое самостоятельное государство – княжество Литовское” [29].

З манархічных пазіцый і ідэй “заходнерусізма” закранаў праблему гісторыі дзяржаўнасці ў Беларусі М.В. Каяловіч. Ён лічыў, што на гісторыю Беларусі вялікі ўплыў зрабілі Расія і Польшча. Да Крэўскай уніі (1385 г.), на яго думку, “общественный быт Литовского княжества сложился по началам русской жизни” [30, с. 208]. Далейшае развіццё ўнітарнага працэсу прывяло да паглыблення раздзялення паміж Літвой і Руссю, што прывяло да страты сваёй незалежнасці ВКЛ. Люблінская ўнія прывяла да страты нацыянальнага развіцця не толькі ў палітычнай, але і ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Такім чынам, як у метадалогіі, так і ў методыцы М.В. Каяловіч праявіў тыпічныя рысы суб’ектыўна-ідэалістычнай, клерыкальнай накіраванасці дваранскай гістарыяграфіі і канцэпцыі “заходнерусізма”, якая наогул адмаўляла гістарычнасць беларусаў.

Цікавасць выклікае праца І.Дз. Беляева “История Полоцка, или Северо-Западной Руси, от древнейших времен до Люблинской унии” [31]. З чатырох раздзелаў, кожны з якіх называецца “Апавяданне”, найбольш цікавы першы з іх – “Краіна”. Аўтар робіць спробу стварыць этнічную мадэль Полацкай зямлі. На яго погляд, уся тэрыторыя паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Нёманам, Літвы, суседніх прыбалтыйскіх плямёнаў у выніку каланізацыі славянствам была аб’яднана ў адну Полацкую дзяржаву, у якой адбылося “слияние, сделавшее всю литовскую землю на юг от Вили русскою и полоцкою” [32].

У апошнім апавяданні, якое называецца “Улада”, аўтар зрабіў спробу раскрыць рысы дзяржаўнай арганізацыі ў Полацку. Ён паказвае эвалюцыю ўлады ад веча да ўсеўладдзя феадальнай вярхушкі. І.Дз. Беляеў звяртае ўвагу на княжацкія міжусобіцы, станаўленне велікакняжацкага адзінадзяржаўя, узмацненне ролі велікакняжацкай рады, стварэнне іерархіі пасад дзяржаўнага апарату [33].

У 1890 г. выйшла ў свет кніга “Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края”, напісаная прафесарамі Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І. Пятровым і І.І. Малышэўскім [34], абаронцамі манархічна-клерыкальных ідэй у дваранскай гістарыяграфіі.

Увесь змест гісторыі Беларусі і Літвы аўтары зводзяць да прымітыўнай схемы: уплыў Русі на Літву да XII ст.; панаванне Літвы і ўтварэнне Літоўска-Рускай дзяржавы; заключэнне ўніі ВКЛ і Польшчы, што прывяло да паланізацыі і распаўсюджання каталіцызму і, нарэшце, далучэнне Беларусі і Літвы да Расіі. Расійскае самадзяржаўе, на іх думку, было формай народаўладдзя, а “связующей силой Русского государства должна быть православная церковь” [35].

Найбольш паслядоўным староннікам ідэй “заходнерусізма” і манархічна-клерыкальнай гістарыяграфіі, працы якога падвялі канчатковы вынік дабуржуазнага перыяду развіцця гістарычнай навукі, быў П.Дз. Бранцаў.

У сваіх працах ён імкнуўся даказаць добратворны ўплыў на лёс “Заходняга краю” усяго праваслаўнага і рускага і адмоўны ўплыў усяго каталіцкага і польскага, што пасля Люблінскай уніі было рэалізавана імкненне палякаў канчаткова знічтожыць самастойнасць ВКЛ. Рускія цары ў канцы XVIII ст. вызвалілі беларусаў ад літоўскай і польскай асіміляцыі [36].

Прааналізаваныя працы не вычэрпваюць усю гістарыяграфію дабуржуазнага перыяду па праблеме гісторыі дзяржаўнасці Беларусі, але прыведзеныя даследаванні даюць магчымасць даць характарыстыку агульных накірункаў вывучэння дадзенага пытання. Галоўнае, што ўжо ў летапісны перыяд адзначалася, што на тэрыторыі Беларусі існавалі этнічныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія мелі сваю асабістую самабытную гісторыю. Княствы-дзяржавы, ВКЛ, федэратыўная Рэч Паспалітая – гэта гісторыя дзяржаўнасці беларускага народа, і спроба староннікаў “заходнерусізма”, манархічна-клерыкальнай гістарыяграфіі даказаць адваротнае не мела поспехаў, бо зводзілася толькі да двух аспектаў – дзяржаўна-палітычнаму і царкоўна-рэлігіёзнаму і адмаўленню самастойнай гісторыі беларускага народа ці наогул існавання такога этнасу як беларусы. Тэрыторыя і народ Беларусі яны лічылі неад’емнай часткай Русі, а пазней – Расійскай імперыі.

Крыніцы і літаратура

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Т. 3.

2. Шапиро, А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. / А.Л. Шапиро. – М., 1993.

3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Т. 4.

4. Там жа. – Т. 3. – С. 237–238; Т. 4. – С. 217.

5. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986.

6. Чамярыцкі, В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры (Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў) / В.А. Чамярыцкі. – Мінск, 1969.

7. Полное собрание русских летописей. – Т. XXXV. Летописи белорусско-литовские. – М., 1980.

8. Полное собрание русских летописей. – Т. XXXV. Летописи белорусско-литовские. – М., 1980.

9. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986.

10. Полное собрание русских летописей. – Т. XXXV. Летописи белорусско-литовские. – М., 1980.

11. Чамярыцкі, В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры (Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў) / В.А. Чамярыцкі. – Мінск, 1969.

12. Полное собрание русских летописей. – Т. XVII. – СПб., 1907.

13. Полное собрание русских летописей. – Т. XXXV. Летописи белорусско-литовские. – М., 1980.

14. Флоря, Б.Н. О “Летописце Быховца”: Источники и историография славянского средневековья / Б.Н. Флоря. – М., 1967.

15. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986.

16. Ломоносов, М.В. Полное собрание сочинений / М.В. Ломоносов. – М.-Л., 1952. – Т. 6.

17. Татищев, В.Н. История Российская / В.Н. Татищев. – М., 1962. – Т. 1.

18. Белазаровіч, В.А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі / В.А. Белазаровіч. – Гродна, 2006.

19. Бантыш-Каменский, Н.Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии / Н.Н. Бантыш-Каменский. – М., 1805.

20. . Белазаровіч, В.А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі / В.А. Белазаровіч. – Гродна, 2006.

21. Богуш-Сестранцэвіч, С.І. Аб Заходняй Расіі / С.І. Богуш-Сестранцэвіч. – Магілёў, 1793.

22. Устрялов, Н.Г. Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать княжество Литовское / Н.Г. Устрялов. – СПб., 1839.

23. Взгляд на историю Западной Руси. – СПб., 1848.

24. Боричевский, И.П. Исследование о происхождении, названии и языке литовского народа / И.П. Боричевский. – СПб., 1847; Боричевский, И.П. Православие и русская народность в Литве / И.П. Боричевский. – СПб., 1851.

25. Без-Корнилович, М.О. Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии / М.О. Без-Корнилович. – СПб., 1855.

26. Турчинович, О.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / О.В. Турчинович. – СПб., 1857.

27.Там жа. – С. VIII.

28.Там жа. – C. VII– VIII.

29. Там жа. – С. 89.

30. Коялович, М.О. Лекции по истории Западной России / М.О. Коялович. – М., 1864.

31. Беляев, И.Д. История Полотска, или Северо-Западной Руси, от древнейших времен до Люблинской унии / И.Д. Беляев. – М., 1872.

32. Там жа. – С. 23.

33. Там жа. – С. 145–149.

34. Белоруссия и Литва: Исторические судьбы Северо-Западного края. – СПб., 1890.

35. Там жа. – С. 81.



36. Брянцев, П.Д. История Литовского государства с древнейших времен / П.Д. Брянцев. – Вильно, 1889; Брянцев, П.Д. Польский мятеж 1863 г. / П.Д. Брянцев. – Вильно, 1891; Брянцев, П.Д. Очерк древней Литвы и Западной России / П.Д. Брянцев. – Вильно, 1896.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка