Ключавыя словы: бсср, пнр, ссср, Польшча, рэпатрыяцыя, дзеці, Міністэрства замежных спраў, граніца, Гродзенская вобласць




Дата канвертавання17.03.2016
Памер186.77 Kb.

powerpluswatermarkobject124749


А.Вялікі

Апублікавана: Rocznik Grodzienski. – 2007. – №1. – S.72-83.

Ключавыя словы: БССР, ПНР, СССР, Польшча, рэпатрыяцыя, дзеці, Міністэрства замежных спраў, граніца, Гродзенская вобласць.
Рэпатрыяцыя польскіх дзяцей з Беларусі ў Польшчу.

1951-1952 гг.
Адным з вынікаў беларуска-польскага абмена насельніцтвам, што адбыўся ў 1944-1946 гг., з’явілася тое, што сярод усёй колькасці выехаўшых, 90 664 з’яўляліся дзецьмі ва ўзросце да 16 год[1, C.306]. Аднак, як гэта заўсёды бывае ў складаных абставінах ваеннага і пасляваеннага часу, страты бацькоў, родных прывялі да таго, што не ўсе дзеці змаглі выехаць у Польшчу. Па-рознаму склаўся іх пасляваенны лёс: частка з іх трапіла ў дзіцячыя дамы, частка апынулася ў сем’ях родных, сваякоў, блізкіх, апекуноў. Аднак і бацькі і родныя, якія ўжо сталі грамадзянамі Польшчы і дзеці, што засталіся ў Беларусі памяталі адзін аб адным, аб агульных каранях, радстве і марылі аб уз’яднанні сямей. Для пэўная часткі дзяцей гэта былі асабістыя трагедыі, якія штурхалі іх на неардынарныя ўчынкі. Намеснік начальніка Упраўлення па рэпатрыяцыі і перасяленню пры СМ БССР І. Баркоў 18 красавіка 1951 г. паведамляў у саюзнае Упраўленне па рэпатрыяцыі і перасяленню, што пагранічнікі Гродзенскага пагранічнага атрада 21 сакавіка гэтага ж года ў раёне Гродна затрымалі Яўгена Ялеўскага, 1936 г. нараджэння, жыхара в. Гута Воранаўскага раёна. На допыце малалетняга “нелегала” выяснілася, што яго маці ў 1946 г. выехала ў Польшчу, а Яўген застаўся ў цёткі. У 1951 г. ён даведаўся дзе пражывае маці, пачаў з ёй перапісвацца і гэта так на яго ўздзейнічала, што ён рашыў нелегальна перайсці граніцу і накіравацца да сваёй маці, якая пражывала ў Познаньскім ваяводстве. 15-гадовага “нелегала” затрымалі і адправілі ў Гродзенскі дзетпрыёмнік, дзе ён адразу ж напісаў заяву аб жаданні рэпатрыявацца ў Польшчу да сваёй маці[3, арк.66]. Гэта роднасны аспект праблемы. Разам з тым, палітычнае кіраўніцтва Польшчы таксама клапаціла праблема вяртання польскіх дзяцей, якія знаходзіліся ў дзіцяччых дамах, у апекуноў. Як слушна заўважае польская даследчыца М.Рухневіч, польскія ўлады разлічвалі, і небезпадстаўна, на хуткае і безперашкоднае вяртанне дзяцей да бацькоў. У адрозненні ад дарослых, іх знаходжанне ў Беларусі не абцяжарвалася ні палітычнымі, ні крымінальнымі аспектамі і гэта давала польскім уладам надзею на хуткае рашэнне гэтай праблемы[9, C.61]. Дапамога іх хутчэйшага вяртання ў Польшчу з боку кіраўніцтва Савецкага Саюза была б выразам добрай волі, агульначалавечым, маральным крокам насустрач жаданням польскіх уладаў і шырокіх колаў польскай грамадскасці. Адзначу, што рэпатрыяцыя польскіх дзяцей з Беларусі ў Польшчу з’яўляецца адной з найменей даследаваных тэм у беларускай ды польскай гістарыяграфіі. Так, польскі даследчык Т.Бугай адзначае, што ў параўнанні з Украінай, інфармацыі аб рэпатрыяцыі польскіх дзяцей з Беларусі маецца надзвычай мала[7, S.119]. Ён падкрэслівае, што з 3 мая 1951 па верасень 1952 г. з СССР у Польшчу выехала 787 дзяцей-сірот некалькімі транспартамі. Аднак толькі ў адным транспарце знаходзілася 86 дзяцей з “ваколіц Маладзечна, Наваградку, Гродна, Нясвіжа” [7, S.121]. Колькі ж дзяцей з БССР было ў наступных транспартах невядома, таму адзначае Т.Бугай, падлічыць колькасць дзяцей, якія выехалі ў гэты час з Беларусі, надзвычай цяжка. Другі польскі гісторык Д.Бачкоўскі толькі адзначае, што перад адпраўкай дзяцей у Польшчу іх “збіралі” у Гродна[8, S.104], што не зусім дакладна. Паспрабуем адказаць на гэтыя, ды іншыя пытанні, якія звязаны з рэпатрыяцыяй польскіх дзяцей з Беларусі ў Польшчу, што адбывалася ў 1951-1952 гг.

Лёс польскіх дзяцей, якія засталіся ў СССР, заўсёды быў прадметам асобай заклапочанасці польскага пасольства ў Маскве. Таму па заканчэнні працы савецка-польскай змешанай камісіі па рэпатрыяцыі (верасень 1947 г.), бакі дамовіліся, што адносна дзяцей справа рэпатрыяцыі будзе “адкрытая”, і як толькі будуць дакладна вызначаны адрасы дзяцей, пачнецца іх тэрміновая адпраўка ў Польшчу. Ужо ў наступным годзе, 12 сакавіка 1948 г. пасольства Польшчы ў Маскве прыгатавала першы спіс, які ўключаў прозвішчы 418 дзяцей, якіх планавалася перасяліць да родных у Польшчу. Пры тым большасць дзяцей з гэтага спісу, як адзначае М.Рухневіч[9, S.62], знаходзілася на тэрыторыях, што ўвайшлі ў склад СССР у верасні 1939 г., (г.зн. і на тэрыторыі Беларусі .- А.В.). Праз год, у сакавіку 1949 г., гэты спіс ужо уключаў 1223 прозвішчы, аднак з гэтай колькасці ў Польшчу было адпраўлена толькі 48 дзяцей[9, S.62]. Напачатку 1950 г. польскае МЗС накіравала ліст А.Вышынскаму, у якім звяртаў яго ўвагу на надта маруднае ўдакладненне адрасоў дзяцей і іх адпраўку ў Польшчу. У адказ, IV Еўрапейскі аддзел МЗС СССР паведаміў пасольству Польшчы, што справа выяснення адрасоў падыходзіць да заканчэння і ў найбліжэйшы час пасольства атрымае ўсю неабходную інфармацыю[6, k.46]. 22 лістапада 1950 г. намеснік міністра замежных спраў СССР А.Багамолаў паведаміў пасольству ПНР у СССР аб згодзе кіраўніцтва Савецкага Саюза на выезд тых дзяцей, адрасы якіх ужо былі дакладна вядомы. Непасрэдна перадача польскіх дзяцей польскаму боку павінна была адбыцца ў другім квартале 1951 г. [9, S.64]. Адзначу, што польскаму паслу паведамілі аб згодзе кіраўніцтва СССР на рэпатрыяцыю польскіх дзяцей 22 лістапада, аднако рашэнне аб гэтым было аформлена пастановай СМ СССР №4668-2008с ад 17 лістапада 1959 г. У ёй падкрэслівалася, што “СМ СССР: 1. Задаволіў хадайніцтвы польскага ўрада аб рэпатрыяцыі ў Польшчу польскіх дзяцей, аб вяртанні якіх хадайнічаюць бацькі, родныя, а ў асобных выпадках польскія грамадзянне, якія не з’яўляюцца роднымі дзяцей”[2, арк.1]. Гэтай жа пастановай Упраўленне па рэпатрыяцыі павінна было правесці рэпатрыяцыю дзяцей з СССР у Польшчу ў другім квартале 1951 г. У пп.3-4 пастановы вызначаліся фінансавыя сродкі на ўтрыманне, перавозку дзяцей на зборныя пункты, іх харчаванне і г.д., якія выдаткоўваліся за кошт союзнага бюджэта.

15 снежня 1950 г. Упраўленне Упаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі даслала ў СМ БССР ліст, у якім вызначалася нарматыўная база, на аснове якой дзеці павінны былі рэпатрыіравацца ў Польшчу. Так, ад дзяцей 14-ці – 18-ці гадовага ўзросту і неабходна было атрымаць пісьмовую заяву аб яго жаданні ці нежаданні рэпатрыявацца. Ад родзічаў, апекуноў і г.д., на выхаванні якіх знаходзіліся дзеці таксама неабходна было ўзяць пісьмовыя заявы, у якіх павінны былі быць вызначаны роднасныя адносіны да дзяцей і згоду ці супярэчанні супраць іх рэпатрыяцыі. Дзецям павінны былі аб’явіць, хто з родных іх шукае. У гэтым жа лісце пазначаўся шлях іх “транспарціроўкі”. Так, перавозку дзяцей ад месца жыхарства да Гродна неабходна было ажыццяўляць толькі пасажырскім транспартам у плацкартных вагонах; на шляху да Гродна іх неабходна было забяспечыць харчаваннем па нормах пайка дзіцячых дамоў спецыяльнага прызначэння; на ўсе асабістыя рэчы дзецей, якія былі з імі, павіны былі быць складзены вопісы[2, арк.45-46]. Нормы харчавання дзіцячых спецдамоў былі наступнымі: хлеба жытняга – 200 гр. (на дзень), пшанічнага – 200 гр., мукі пшанічнай – 20 гр., макаронаў – 35 гр., бульбы – 400 гр., сахару – 60 гр., гародніны – 300 гр., цукерак – 16 гр, рыбы – 75 гр., малака – 250 гр. і г.д., аднак агульны кошт харачавання на адно дзіця не павінен быў перавышаць 12 руб. 46 капеяк[2, арк.47].

У развіцці і канкрэтызацыі пастановы СМ СССР Савет Міністраў БССР 21 снежня 1950 г. прыняў пастанову №1651-203с, у якой адзначалася: “1. Узлажыць на Упраўленне перасялення і рэпатрыяцыі пры СМ БССР правядзенне ўсіх арганізацыйных мерапрыемстваў па выяўленню польскіх грамадзян, якія належаць рэпатрыяцыі своечасовае забяспячэнне спісамі (дзяцей. – А.В.) аблвыканкамаў. 2. Абавязаць Міністэрства асветы БССР прадаставіць ў раёне Гродна (вёска Пагодзічы1) на перыяд рэпатрыяцыі дзяцей у распараджэнні Упраўлення Упаўнаважанага СМ СССР у справах рэпатрыяцыі абсталяванае памяшканне на 100 чалавек пад зборны пункт са штатам абслугоўваючага персанала, які адпавядае штату спецыяльнага дзіцяччага дома. Памяшканне да 1 красавіка 1951 г. павінна быць поўнасцю абарудавана, адрамантавана, укамплектавана абслугоўваючым персаналам і гатова да прыёму дзяцей[2, арк.1]. Кантроль за выкананнем гэтай пастановы ўскладваўся на намесніка Старшыні СМ БССР і адначасова міністра замежных спраў БССР Кузьму Кісялёва. У студзені 1951 г. СМ БССР “падключыў” да пошуку дзяцей Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (ТЧК ЧП). Гэтая ініцыятыва зыходзіла ад Старшыні СМ БССР А.Клешчава, які ў студзені 1951 г. звярнуўся да намесніка Старшыні СМ СССР М.Булганіна з прапановай, каб “[…] работу па пошуку дзяцей, а таксама атрыманне ад дзяцей заяваў аб жаданні ці нежаданні репатрыявацца, […] шэраг другіх пытанняў, якія выцякаюць з ліста Упраўлення па рэпатрыяцыі, неабходна проводзіць сумесна з прадстаўнікамі ТЧК ЧП СССР, тым больш, што ў прадстаўленых спісах дзяцей у большасці не вядома, хто з родных у Польшчы іх шукае” [2, арк.3].

Паўстае пытанне, чаму не ў Гродна, а ў невялічкай вёсцы Пагодзічы, у 9 км. ад Гродна па Скідальскай шашы, улады рашылі зрабіць “зборны пункт” для польскіх дзяцей ? Няўжо ў Гродна не знайшлося памяшкання на такую невялікую колькасць дзяцей (усяго 100 чалавек). Улады растлумачвалі гэта даволі проста – у Гродна не маецца памяшкання на такую колькасць дзяцей. Аднак, выкажам асабістае меркаванне. Пагодзічы – гэта фактычна праява “бліскучай ізаляцыі” щ справе рэпатрыяцыі польскіх дзяцей. Вышэйцытаваныя пастановы СМ СССР і БССР мелі грыф “сакрэтна”, а гэта сведчыла, што ўсе справы, якія датычылі рэпатрыяцыі дзяцей, вырашаліся ў таямніцыі ад грамадства. Аднак, што дзіўна, і ў Польшчы таксама панавала сакрэтнасць вакол гэтага пытання. У лютым 1951 г. пасольства Польшчы ў Маскве даслала ў польскае МЗС праект паведамлення для прэсы аб тым, што Савецкі Саюз пагадзіўся на рэпатрыяцыю дзяцей. Аднак начальнік дэпартаменту Савецкага Саюза МЗС Польшчы М.Кадрон адрэагаваў на яго наступным чынам: “[…] Апублікаванне ў сучасны момант любога паведамлення, а тым больш такога, як прапанаванае, непатрэбна і немэтазгодна”[9, S.64]. Неабходна пагадзіцца з польскай даследчыцай М.Рухневіч, што адмова публікаваць любога кшталту інфармацыю аб рэпатрыяцыі дзяцей, перш за ўсё было звязана з апасеннямі выклікаць у польcкім грамадстве настроі аб магчымасці распачацця масавай рэпатрыяцыі палякаў з Савецкага Саюза ў Польшчу. Размяшчэнне дзяцей у Гродна, насельніцтва якога напалову з’яўлялася польскім, магло выклікаць пэўную рэакцыю не толькі з яго боку, але і з боку палякаў ўсяго заходнебеларускага рэгіёна на факт знаходжання і рэпатрыяцыі такой колькасці дзяцей у Польшчу. Таму, каб не бударажыць беларускіх палякаў, мінімізаваць колькасць інфармацыі аб гэтай акцыі і было вырашана размясціць дзяцей у Пагодзічах.

СМ БССР хутка і аператыўна, а інакш і не магло быць, бо гэта была пастанова центральных уладаў, прыступае да яе выканання. Урад Беларусі прымае распараджэнне, якім абавязаў Міністэрства жыллёва-грамадзянскага будаўніцтва да 1 красавіка 1951 г. правесці будаўнічыя работы ў спецдоме ў Пагодзічах. Гродзенскаму аблвыканкаму на гэтыя патрэбы выдаткоўвалася 300 тыс. рублеў. Акрамя гэтага, начальнікам аддзелаў рэпатрыяцыі аблвыканкамаў заходніх абласцей БССР з Масквы быў накіраваны спіс дзяцей з тым, каб яны на месцы яшчэ раз удакладнілі іх месца жыхарства, щмовы жыцця і ступень радства тых людзей, у якіх яны пражываюць. Падкрэслівалася, што ад дзяцей 14-18 гадовага ўзроста неабходна было атрымаць пісьмовую заяву аб жаданні ці нежаданні рэпатрыявацца ў Польшчу. Што ж датычыць дзяцей да 14-ці гадовага ўзросту, то ў адпаведнасці з распараджэннем, патрабавалася згода апекуноў на іх перасяленне ў Польшчу.

Паколькі гэтае пытанне выйшла за межы бюракратычнай адпраўкі дзяцей у Польшчу, а закранала двухбаковыя савецка-польскія адносіны, а ў іх кантэксце беларуска-польскія, то ўсё што было з імі звязана рашалася паскоранымі тэмпамі. Будаўніцтва ў Пагодзічах распачалося сіламі Гродзенскага аблбудтрэста напачатку студзеня 1951 г. і адразу ж трапіла пад пільны кантроль Масквы. Так, у лютым 1951 г. прадстаўнік Упраўлення СМ СССР па справах рэпатрыяцыі палкоўнік Стараў правяраў ход будаўніцтва і выявіў шэраг недахопаў. Ен адзначаў, што будаўніцтва спецдома ў Пагодзічах сіламі Гродзенскага аблбудтрэста пачалося 24 студзеня 1951 г. На будоўлі спачатку працавала 36 рабочых, аднак для правядзення ўсіх неабходных работ і своечасовага іх заканчэння, па яго меркаваннях, неабходна было не меней 150 чалавек. Па яго настаянню 6 лютага 1951 г. адбылася нарада ў намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, на якой абмяркоўваўся ход будаўніцтва. Па яе выніках было прызнана неабходным: термінова перавесці фінансавыя сродкі ўпраўленню аблбудтрэста; прадставіць усе неабходныя матэрыялы не пазней 25 лютага 1951 г.; абавязаць Міністэрства асветы выдаткаваць сродкі на набыццё мэблі і іншага абсталявання; падабраць штатных супрацоўнікаў; Міністэрству сувязі БССР неабходна было ўстанавіць тэлефонную сувязь дзетдома з Гродна і г.д.[2, арк.135-136].

Кантроль з боку саюзнага Упраўлення па рэпатрыяцыі тым не менш не ўратоўваў будаўніцтва ад зацягвання. 7 красавіка 1951 г. з апарата Упаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі намесніку Старшыні СМ БССР К.Кісялёву быў накіраваны ліст, у якім падкрэслівалася, што “[…] дзетдом “Пагодзічы” да прыёма польскіх дзяцей яшчэ не падрыхтаваны. У будынках не праведзена электраправодка, палы і дзверы не пафарбаваныя, рамонт бані затрымліваецца з-за адсутнасці труб […]. Выкананне пастановы Урада павінна быць распачата ў тэрмін, г.зн. з красавіка месяца. Першая група дзяцей (100 чалавек) у дзетдом прыбывае не пазней 20 красавіка. У сувязі з гэтым прашу Вашага ўмяшальніцтва ў работу па будаўніцтву дзетдома, з тым каб не пазней 15 красавіка дом з усімі гаспадарчымі памяшканнямі быў гатовы да прыёма дзецей”[2, арк. 306]. К.Кісялёў “надавіў” на ўсе арганізацыі і ўстановы, што займаліся будаўніцтвам і ўжо 29 сакавіка 1951 г. міністэрства адукацыі БССР паведамляла К.Кісялёву, што практычна ўсе работы на двух жылых дамах, кухні-сталовай, прыбіральнях выкананы. Крыху адставала праца па заканчэнню бані, але і баня да сярэдзіны красавіка была поўнасцю зроблена[3, арк. 36-37].



Да гэтага ж часу былі падрыхтаваны спісы дзяцей, якія мелі бацькоў ды родных у Польшчы. Так, 30 сакавіка 1951 г. Упраўленне ўпаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі накіравала ў Мінск, намесніку Старшыні СМ БССР ліст, наступнага зместу: “Накіроўваем Вам спіс дзяцей польскіх грамадзян (першая чарга), якія ў адпаведнасці з пастановай СМ СССР ад 17.02.1950 г. належаць рэпатрыяцыі. Прашу Вас даць указанне Начальніку Упраўлення перасялення і рэпатрыяцыі пры СМ БССР аб накіраванні дзяцей у дзетдом “Пагодзічы” у г. Гродна не пазней 04.04.1951 г. […] Усе выдаткі звязаныя з адпраўкай дзяцей да спецдома “Пагодзічы”, павінны быць аднесены за лік асігнаванняў па саюзнаму бюджэту на рэпатрыяцыю. Да расходаў, якія належаць аплаце за лік саюзнага бюджэта неабходна аднесці: перавозку, харчаванне на шляху следавання, аплату праезда і камандзіровачных асобам, якія саправаджаюць дзяцей, частковую выдачу асобных прадметаў з адзежы, бялізны, абутку дзецям, якім яна войстра неабходна, без выдачы якіх немагчыма адпраўка, маючы на ўвазе, што больш дэталевая экіпіроўка будзе праводзіцца ў спецдоме “Пагодзічы” перад адпраўкай дзяцей у Польшчу. Частка расходаў павінна быць праведзена за лік асгнаванняў БССР па саюзнаму бюджэту на рэпатрыяцыю, […] а астатняя сума будзе аплачана Упраўленнем па рэпатрыяцыі”[3, арк.1]. Разам з гэтым лістом прыкладаўся дадатак на 13 старонках, які ўтрымліваў спіс дзяцей па абласцях, што пажадалі рэпатрыявацца ў Польшчу. Так, у Баранавіцкай вобласці было выяўлена 11 дзяцей, якія пажадалі выехаць у Польшчу, па Гродзенскай – 32, Маладзечанскай - 22, Брэсцкай – 10, Полацкай – 18[3, арк.2-14]. Такім чынам, першапачаткова ў спісе лічылася 93 дзіцяці. Цікава адзначыць, што гэтыя спісы, як ужо ўзгадвалася, былі накіранаваны саюзным Упраўленнем па рэпатрыяцыі ў Беларусь, што выглядае даволі нелагічна. Па логіцы, наадварот з Беларусі, паколькі дзеці пражывалі ў рэспубліцы, павіны былі накіроўвацца дакладныя спісы дзяцей у Маскву. Беларускім уладам заставалася толькі ўдакладніць іх і пацвердзіць факт пражывання дзяцей ў родных, апекуноў, дзіцяччых дамах і г.д. Таму ў абласцях, раёнах распачалася тэрміновая пераправеркі гэтых спісаў. Так, напрыклад, Скідзельскі райвыканкам напрыканцы лютага 1951 г. паведамляў у рэспубліканскае Упраўленне па рэпатыяцыі, што “[…] у адпаведнасці са спісам польскіх грамадзян, якія пражываюць у Скідзельскім раёне, адзін з іх Свяцкі Вальдэмар выбыў у Ваўкавыскі раён, двое – Важахоўскі Станіслаў і Важахоўская Рэгіна ўстрымаліся ад паездкі ў Польшчу да ўстанаўлення пісьмовай сувязі з бацькам і яго згоды на іх выезд, аб чым маюцца адпаведныя заявы. Альбовіч Андрэй адмовіўся ад выезду, аб чым маецца адпаведная заява. Альдакоўская Данута выказала жаданне выехаць у Польшчу да маці” [2, арк. 158]. Такім чынам, у Скідальскім раёне знаходзілася чацвёра польскіх дзяцей. Забягаючы наперад адзначу, што Важахоўскі Станіслаў і Рэгіна ўсё ж выехалі да бацькі. Так, у “Спісе дзяцей польскіх грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Беларускай ССР” пазначана, што Важэхоўскі Станіслаў Баляслававіч, 1935 г. нараджэння адпр[аўлены]. Важэхоўская Рэгіна Станіславаўна, 1939 г. нараджэння адпр[аўлена] [2, арк. 59]. Яны пераехалі да свайго бацькі Важахоўскага Баляслава, які пражываў у Варшаве.

Нягледзячы на ўжо складзеныя спісы, ўдакладненні, праверкі, іншая перапіска, якая тычылася лёсу дзяцей працягвалася і ў наступныя месяцы. Напрыклад, старшы інспектар Упраўлення перасялення і рэпатрыяцыі пры СМ БССР падрыхтаваў “Удакладнёны спіс дзяцей польскіх грамадзян, што належаць рэпатрыяцыі ў Польшчу па Беларускай ССР”, які ўтрымліваў звесткі аб дзецях з Маладзечанскай і Гродзенскай абласцей[3, арк. 16]. Аналагічныя спісы былі падрыхтаваныя і па іншых абласцях[3, арк. 45, 48, 50].

10 красавіка 1951 г. Упраўленне ўпаўнаважанага СМ СССР у справах рэпатрыяцыі даслала ў Мінск начальніку Упраўлення перасялення і рэпатрыяцыі І.Баркову ліст, у якім падкрэслівала, што “з 27 красавіка пачынаецца перадача польскіх дзяцей прадстаўнікам польскіх уладаў. Першыя тры групы дзяцей польскіх грамадзян у дзетдом “Пагодзічы” прыбудуць у наступныя тэрміны: а) не пазней 20.04.51 г. з тэрыторыі БССР – 96 чалавек плануем перадачу польскім прадстаўнікам 27.04.51 г. на ст. Ласосна; б) Не пазней 5.05.51 г. з тэрыторыі УССР - 100 чалавек, плануем перадачу 10.05. 51 г. в) Не пазней 15.5.51 г. з тэрыторыі УССР – 95 чалавек, плануем перадачу 20.05.51 г.”[3, арк. 62]. Гэты ж ліст даволі падрабязна “распісваў” і служыў своеасаблівай інструкцыяй па прыёму і ўтрыманню дзяцей да моманта іх перадачы польскім прадстаўнікам. Так, у п.2. адзначалася, што “пры перадачы дзяцей польскім уладам на ст. Ласосна – мець акт перадачы і спіс у 3-х экзэмплярах, які падпісваецца старшынёй Упраўлення рэпатрыяцыі (маёр Даўгешка) і польскімі прадстаўніком. Адзін экзэмпляр акта і спіска ўручаецца польскаму прадстаўніку, адзін застаецца ў дзетдоме і адзін экзэмпляр акта і спіска высылаецца тэрмінова ва Упраўленне рэпатрыяцыі; а) Асабістыя рэчы дзіцяці знаходзяцца разам з ім. На ўсе асабістыя рэчы павінен быць складзены вопіс, завераны дзетдомам. в) выдачу рэчаў кожнаму дзіцяці праводзіць па раздатачнай ведамасці ў 2-х экз., з распіскай атрымаўшага. Распіска ў атрыманні рэчаў павінна адбывацца ў прысутнасці намесніка дырэктара дзетдома і выхавацеля”. Каб не пераўтвараць “рэпатрыяцыю” ў дзяжурнае і казённае мерапрыемства інструкцыя прадугледжвала план выхаваўча-культурнай работы з дзяцьмі. Так, у п. 3а адзначалася неабходнасць: “Мець план мерапрыемстваў работы з кожнай групай дзяцей, з улікам узроставага складу. Уся выхаваўчая работа павінна асноўвацца на растлумачэнні клопату савецкага ўрада аб дзецях, часова адарваных ад сваіх родных у выніку вайны з нямецка-фашысцкай Германіяй, задавальненні Савецкім Урадам зварота аб дзецях урада Польскай Народнай Рэспублікі, аб сяброўстве СССР і Польскай Народнай Рэспублікі і г.д.; б) Арганізавать паказ кінакарцін кожнай групе, праводзіць экскурсіі, арганізаваць самадзейнасць, выкарыстоўвая сродкі на правядзенне гэтых мерапрыемстваў у адпаведнасці са сметай; в) забяспечыць правядзенне часу дзяцей так, каб не дапусціць ні аднаго выпадка якіх небудзь здарэнняў. Абмежаваць наведванне дзецьмі р. Нёман, якая знаходзіцца каля дзетдома; г) мець пры дзетдоме кнігу пажаданняў і заўваг, у якую б дзеці змаглі запісаць свае ўражанні аб знаходжанні ў дзетдоме”. У п.4 падкрэслівалася неабходнасць таго, каб “кожная адпраўка праводзілася ва ўрачыстай абстаноўцы” [3, арк. 63-64].

У сярэдзіне красавіка 1951 г. І.Баркоў паведамляў сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі Ц.Гарбунову аб паспяховым завяршэнні ўсёй падрыхтоўчай працы і гатоўнасці дзетдома да прыёма і адпраўкі дзяцей. Ен падкрэсліваў: “Давожу да Вашага ведама, што ў адпаведнасці з пастановай СМ СССР ад 17 лістапада 1950 г. у перыяд з 20 красавіка па 1 ліпеня будзе праводзіцца рэпатрыяцыя дзяцей польскіх грамадзян з СССР у Польшчу. Зборны пункт для сканцэнтравання дзяцей перад адпраўкай у Польшчу будзе знаходзіцца ў в. Пагодзічы, Гродзенскага раёна (у 9 км ад г. Гродна па Скідзельскай шашы) у спецыяльным дзіцяччым доме. Тэрмін знаходжання дзяцей на зборным пункце вызначаецца да 5-ці дзён. Улічваючы важнасць праводзімага мерапрыемства прашу Вашых указанняў партыйным і камсамольскім органам Гродзенскай вобласці аб культурна-масавым абслугоўванні дзяцей у дзіцяччым доме” [3, арк. 51].

Дзеці, якія жадалі пераехаць да родных у Польшчу пісалі такога кшталту заявы (стыль і фарфаграфія захаваны. – А.В.): “Начальніку аддзела рэпатрыяцыі пры Гродзенскім аблвыканкаме ад грамадзянкі Мох Марыі Браніславаўны, пражываючай у в. Дабравольшчына, Белянскага с/с, Гродзенскага раёна. Заява. Прашу начальніка адзела Перасялення і рэпатрыяцыі даць распараджэнне аб выездзе мне ў Польшчу да майго бацькі. Бацька мой пражывае ў горадзе Шчэцінак. Я жыву ў чужых людзей маці ў мяне німа і іншых родзічаў не маю. Пражыць мне адной цяжка, бацька мой родны Мох Балеслаў, даслаў выклік і шле мне ліст, каб я прыехала да яго. Прашу не адмовіць маёй прозьбы. Да гэтага далучаю ліст майго бацькі. Мох Марыя” [5, арк.234].

Перадача дзяцей адбылася, як і планавалася, 25 красавіка 1951 г. Аб гэтым лаканічна і казённа паведамляла Упаўнаважанаму СМ СССР па справах рэпатрыяцыі выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення перасялення і рэпатрыяцыі пры СМ БССР В.Іванова: “Накіроўваю спіс на 86 чалавек і акт прыёма-здачы дзяцей польскіх грамадзян, якія перададзены прадстаўніку Польскай Народнай Рэспублікі 27 красавіка на ст. Ласосна”[5, арк. 77]. З польскага боку прымаў дзяцей прадстаўнік польскага ўрада Раман Польны[5, арк. 73].

Адзначым, што “Пагодзічы” сталі месцам канцэнтрацыі не толькі дзяцей з Беларусі, але і з Украіны і Літвы. Так, намеснік Упаўнаважанага СМ СССР у справах рэпатрыяцыі палкоўнік Філатаў 18 мая 1951 г. накіраваў І.Баркову ліст, у якім адзначаў: “Накіроўваю Вам спіс дзяцей польскіх грамадзян на 7 чалавек, якіх неабходна даставіць у дзетдом “Пагодзічы” не пазней 25. 05. гэтага году для наступнай перадачы іх 1.06 польскаму прадстаўніку на ст. Ласосна. Да таго ж, да 25.05. у дзетдоме будуць сканцентраваны дзеці з тэрыторыі УССР і Літоўскай ССР у колькасці каля 70 чалавек. Спіс на іх высланы непасрэдна загадчыку дзетдомам т. Марозаву”[5, арк. 123]. Адзначу, пакуль што не ўстаноўлена, чым абумоўлівалася рашэнне звозіць дзяцей з Літвы і Украіны ў Беларусь, а толькі потым адпраўляць у Польшчу, а не адпраўляць іх непасрэдна з сваіх тэрыторый.

Да пачатку мая 1951 г. быў падрыхтаваны спіс дзяцей з Беларусі, якіх адпраўлялі ў другую чаргу. Гэта спіс быў значна меншы і ўключаў усяго 27 чалавек. Па абласцях яны размеркаваліся наступным чынам: з Гродзенскай вобласці - 7 дзяцей, Маладзечанскай – 5, Брэсцкай – 5, Полацкай – 3, Баранавіцкай – 5, Палескай – 1, Пінскай – 1[5, арк. 139-144, 145]. Аднак і гэтая перадача не была канчатковай. 30 чэрвеня адбылася наступная перадача дзяцей з Беларусі польскім прадстаўнікам. З Брэсцкай вобласці было перададзена 3 дзіцяці, Гродзенскай – 5, Пінскай – 1, Полацкай – 4, Маладзечанскай - 7, Баранавіцкай – 1[5, арк.174-179]. Усяго ж 30 чэрвеня было перададзена 21 дзіця. 10 ліпеня адбылася наступная перадача 23 дзяцей польскім прадстаўнікам[5, арк.207-209]. 20 ліпеня адбылася перадача яшчэ 9 дзяцей польскім прадстаўнікам[4, арк. 61]. Такім чынам у 1951 г. з Беларусі было рэпатрыіравана ў Польшчу 166 дзяцей.

Перасяленне дзяцей у 1951 г. не скончылася. 25 кастрычніка 1951 г. СМ БССР прымае распараджэнне №1272-рс, у адпаведнасці з якім: “Прадоўжыў да 1 ліпеня 1952 г. срок рэпатрыяцыі ў Польскую Рэспубліку дзяцей польскіх грамадзян, устаноўлены пастановай СМ СССР ад 17 лістапада 1950 г. […]. 2. Абавязаў выканаўчы камітэт Саюза аб’яднанняў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР закончыць да 1 сакавіка 1952 г. пошук дзяцей польскіх грамадзян па спіску, прадстаўленаму Міністэрствам замежных спраў СССР. 3. Дазволіў Упраўленню ўпаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі грамадзян грамадзян СССР праводзіць выдаткі, звязаныя з рэпатрыяцыяй дзяцей польскіх грамадян у адпаведнасці з п.1 распараджэння, за лік агульных асігнаванняў Упраўлення ўпаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі грамадзян СССР” [4, арк.226]. Гэта распараджэнне даводзілася да ведама выканаўчых камітэтаў абласных, гарадскіх і раенных саветаў дэпутатаў працоўных. Аднак СМ БССР толькі прадубліраваў аналагічнае распараджэнне, якое прыняў СМ СССР 8 кастрычніка 1951 г. У развіцці гэтага распараджэння Упаўнаважаны СМ СССР па справах рэпатрыяцыі накіраваў у Мінск ліст, у якім падкрэсліваў: “[…] неабходна ў тэрміновым парадку правесці ўсе арганізацыйныя мерапрыемствы па выяўленню дзяцей польскіх грамадзян у адпаведнасці з прыкладзеным пры гэтым спісе, афармленню ўстаноўленай дакументацыі на іх і накіраванню яе ва Упраўленне да 1 сакавіка 1952 г. з тым, каб можна было прыступіць да практычнага ажыццяўлення перадачы дзяцей польскім уладам з красавіка 1952 г.. Паколькі дзетдом “Пагодзічы” ў гэтым годзе функцыянаваць не будзе, накіроўваемых вамі дзяцей будзе прымаць зборна-перасыльны пункт № 312, прадстаўнікі якога будуць сустракаць дзяцей, якія прыбываюць на станцыю Гродна”[5, арк.85]. Разам з гэтым лістом дасылаўся ліст дзяцей, якія пражывалі ў Беларусі і якіх неабходна было рэпатрыяваць у Польшчу. Ён уключаў 45 прозвішчаў дзяцей[5, арк. 86-91]. Такім чынам, калі падсумаваць колькасць усіх дзяцей, выяўленых у Беларусі, то выходзіць, што ў Польшчу ў 1951-1952 гг. рэпатрыіравалася 211 дзяцей. Калі прыняць за ўвагу дадзеныя Т.Бугая, што ў гэты час з Савецкага Саюза выехала ў Польшчу 787 дзяцей, то вынікае, што з Беларусі выехала амаль кожнае чацвёртае дзіця.

Аднак, пошук і ўключэнне дзяцей у спісы яшчэ не гарантавала, што яны безперашкодна выедуць у Польшчу. Напрыклад, браты і сястра Давідсоны – Вацлаў, Іосіф і Аляксандра, так і не трапілі да бацькі ў Польшчу. У пасляваенны час яны засталіся на выхаванні ў роднай цёткі, бо іх маці Сцефанія Давідсон была асуджана на 10 год турэмнага зняволення, а бацька Давідсон Іосіф выехаў у Польшчу ў 1944-1946 гг. Іх цётка звярнулася ва Упраўленне ўпаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі з тым, каб яе пляменікаў накіравалі да бацькі ў Польшчу, бо, як яна тлумачыла, была не ў стане выхоўваць пляменікаў. У сувязі з гэтым, яе заява была накіравана ў аддзел перасялення і рэпатрыяцыі пры СМ БССР, каб яго супрацоўнікі абследвалі жыллёвыя ўмовы дзяцей, вызначылі іх жаданне рэпатрыявацца ці не рэпатрыявацца да бацькі і толькі потым прымаць рашэнне[2, арк.14]. У лютым 1951 г. іх лёс вызначыўся. Выканаўчая абавязкі начальніка Упраўлення па рэпатрыяцыі і перасяленню В.Іванова даслала ва Упраўленне ўпаўнаважанага СМ СССР па справах рэпатрыяцыі ліст, ў якім паведамляла, што “[…] Старшыня выканкама Полацкага абласнога савета дэпутатаў працоўных т. С. Шупеня 27 студзеня 1951 г. паведаміў: праверкай на месцы хадайнічання грамадзянкі Пятровіч Елізаветы Лангаўны, якая пражывае ў в. Абухі, Замошскага с/с Браслаўскага раёна па пытанні перасялення яе пляменікаў Давідсон Аляксандры, Вацлава і Іосіфа з СССР у Польшчу да бацкі ўстаноўлена наступнае: Да 1941 г., дзеці знаходзіліся на выхаванні свайго бацькі Давідсон Іосіфа, які быў рэпрэсаваны органамі МДБ у 1941 г., а дзеці перайшлі на выхаванне маці – грамадзянкі Давідсон Стефаніі. У кастрычніку 1950 г. грамадзянка Давідсон С. была асуджана Браслаўскім нарсудом срокам на 10 год за ўтрыманне бандытаў і ў сучасны момант адбывае пакаранне. Пасля гэтага дзеці перайшлі на выхаванне дзядзькі Пятровіч Іосіфа і цёткі Пятровіч Елізаветы, якія пераехалі са свайго дома з в. Абухі Замошскага с/с у дом дзяцей-сірот у в. Золава Ахрэмаўскага сельсавета. З снежня месяца 1950 г. дзеці-сіроты Давідсон Аляксандра, Вацлаў, Іосіф прыняты ў калгас імя “Шлях Сталіна” Ахрэмаўскага с/с. Хлопчыкі Іосіф і Вацлаў ходзяць у школу ў 4-ы клас, а дзяўчынка Аляксандра кінула школу, пасля таго, як асудзілі яе маці. Зыходзячы з вышэйадзначанага выканкам Полацага аблсавета лічыць, што німа ніякай неабходнасці перасяляць дзяцей Давідсон з СССР у Польшчу, бо іх можа выхоўваць іх родны дзядзька”[2, арк. 121-122]. У супрацьлегласць гэтаму прыкладу таксама трое дзяцей Грузінскі Ян, Тадэўш і Тэадора атрымалі магчымасць выехаць у Польшчу да бацькі. Яны знаходзіліся на выхаванні ў сваёй бабулькі Сіліч, якая дала пісьмовую згоду на рэпатрыяцыю дзяцей да бацькі, які пражываў у Шчэцінскім ваяводстве[2, арк.103].

Рэпатрыяцыя польскіх дзяцей з Беларусі ў Польшчу мела дваісты характар. З аднаго боку, кіраўніцтва СССР зрабіла гуманны чалавекалюбівы крок, даўшы магчымасць дзецям выехаць да сваіх бацькоў і крэўных. Аднак гэта было зроблена, улічваючы настойлівыя звароты польскага боку. З-другога, улада не дазволіла частцы дзяцей выехаць у Польшчу, як гэта было зроблена ў адносінах да Давіда, Іосіфа, ды Аляксандры Давідсонаў. Надзвычай цяжка адказаць, ці змаглі яны выехаць у Польшчу у 1955-1959 гг. Магчыма толькі меркаваць, што пачуццё роднасці ўсё ж вымусіла частку дзяцей, якім не дазволілі выехаць у 1951-1952 гг. да сваіх родных у ПНР, скарыстацца рэпатрыяцыйнай акцыяй 1955-1959 гг. і ўсё ж выехаць да родных у Польшчу. Частка ж прызвычаіўшыся да савецкай рэчаіснасці, уцягнуўшыся ў паўсядзённасць так і засталася ў Беларусі.
Літаратура і крыніцы.

1. Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946) / А.Ф.Вялікі: манагр. / навук. Рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мн., БДПУ, 2005. – 319 с.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ).

2. ф.787, воп.2, спр.12. Справа з пастановамі СМ БССР аб рэпатрыяцыі ў Польшчу польскіх дзяцей і перасяленні калгаснікаў, справаздачы аблвыканкамаў аб прыёме і ўладкаванні рэпатрыянтаў, спіскі польскіх дзяцей і перапіска з МУС і КДБ БССР і іх мясцовымі органамі об месцазнаходжанні грамадзян. 22 снежня 1950 г. – 5 красавіка 1951 г.

3. Ф. 787, воп.2, спр.13. План перасялення грамадзян у паўднёвыя і паўночныя раёны Саюза. Спісы польскіх дзяцей і перапіска Упраўлення СМ СССР па рэпатрыяцыі з МУС БССР і яго мясцовымі органамі аб месцазнаходжанні грамадзян. 3 сакавіка 1951 г – 9 ліпеня 1951 г.

4. ф.787, воп.2, спр.14, Даклады і звесткі аб колькасці грамадзян, якія перасяляюцца з Беларусі, спіс рэпатрыіраваных грамадзян і польскіх дзяцей і перапіска з выканкамамі па пытаннях рэпатрыяцыі і перасялення. 25 студзеня 1951 г. – 30 кастрычніка 1951 г.

5. ф.787, воп.2, спр.16. Статыстычныя звесткі і справаздачы аб ходзе выканання плана перасялення, спісы рэпатрыіраваных грамадзян і дзяцей польскай нацыянальнасці, якія пражываюць у БССР і перапіска з УМДБ БССР, абласнымі аддзеламі і рознымі грамадзянамі. 5 студзеня 1952 г. – 27 чэрвеня 1952 г.

Archiwum ministerstwa spraw zagranicznych Polski

6. Z.27, t.186, w.12, k.46. Ambasda RP w Moskwe. 1947-1959 r.

7. Bugai, T. Dzieci polskie w ZSRR i ich repatriacja 1939-1959. / T. Bugai, Jelenia Gora, 1982.

8. Bockowski, D. Repatriacja dzieci polskich z glebi ZSRR w latach 1945-1952. / D. Bockowski, Studia z dziejow Rosji i Europy srodkowo-wschodnej. T.XXIV. Warszawa, 1994. – S.104.

9. Ruchniewicz, M. Repatriacja ludnosci polskiej z ZSRR w latach 1955-1959 / M. Ruchniewicz, Warszawa, 2000.




1 У дакументах НАРБ ужываецца назва вёскі “Погодичи”, аднак на картах 1950 г. няма такой назвы, а ёсць назва “Призодичи”, “Пшигодичи”, “Пригодичи”. Не зразумела, хто і з якой нагоды пераўтварыў “Призодичи”, “Пшигодичи”, “Пригодичи” ў “Погодичи”. Мы падаем назву вёскі так як яна называецца ў дакументах НАРБ.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка