Класс: Тэма: Лады дзеяслова. Мэты




Дата канвертавання05.06.2016
Памер68.36 Kb.
Грышкевіч Алена Мікалаеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Затур’янскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»



Класс: 6.

Тэма: Лады дзеяслова.

Мэты: дапамагчы вучням асэнсаваць граматычнае значэнне ладу дзеяслова, пазнаёміць з асаблівасцямі ўжывання, утварэння і правапісу формаў ладоў дзеяслова, выпрацоўваць уменні вызначаць лад дзеяслова, спосаб утварэння; даваць характарыстыку формам ладоў дзеяслова, правільна ўжываць іх у маўленні; праз сістэму заданняў і практыкаванняў паўплываць на выхаванне цікавасці вучняў да гістарычнага мінулага сваёй краіны, пачуцця павагі да нашых продкаў.

Тып: урок засваення новых ведаў.

Абсталяванне: Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 6 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання / В.П.Красней, Я.М.Язерская, С.Р.Рачэўскі. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2009; эпіграф да ўрока; карткі з заданнямі.

Эпіграф:

Трэба ведаць, сэрца просіць,

як бацькам, дзядам жылося.

П. Броўка

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Стварэнне псіхалагічнага настрою.

Будзь заўсёды, як Радзіма, добры,

Будзь ласкавы, як яе трава,

Будзь высокі, без памкненняў дробных,

Як над полем неба сінява.

Просты будзь, як калыханка маці,

Дбайны будзь, як сейбіт і ратай,

Нават калі ўсё на свеце страціў –

Заклінаю: гэта – не аддай!

В.Зуёнак


  • Да чаго заклікае паэт?

  • Якія з пералічаных ім якасцей спатрэбяцца вам на сённяшнім уроку?

ІІІ.Работа над новай тэмай.

  1. Тлумачэнне новага матэрыялу.

Работа з эпіграфам.

На дошцы запісаны тэкст:

Дзяды нашы св...тыя, хадзіце да нас вяч...раці. Чакаем вас, як тыс...чы, сотні гадоў назад чакалі. Хадзіце на б...седу ціхую, спавядальную ўсе, хто на гэтай зямлі некалі жыў: і старыя, і немаўляты, і маці, і сёстры, і браты, і бацькі, і людзі ч...жыя, незнаёмыя. Мы пагаварылі б з вамі, дзяды, як гаворым ля могілак на Радаўніцу, і перад Калядамі, і на Сёмуху. Бо як ж...ве прырода разважна, так і памяць наша не згасае, асв...тляе шляхі наступнікам. Верым, як некалі верылі вы, дзяды нашыя, чалавек не знікне бе... следу. Душа ягоная ў нас, у Сусвеце. Гэта тыя, хто адышоў ад с...ежак з...мных, перадаюць нам розум, дух, традыцыі і вопыт. Гэта ад вас пуцявіны нашыя да дзяцей, унукаў у вечнасць ідуць...

Настаўнік агучвае тэкст і ставіць задачу:



  1. Вызначыць тып і стыль тэксту (тып – разважанне, стыль - публіцыстычны).

  2. Уставіць прапушчаныя літары (1 вучань ідзе да дошкі)

  3. Знайсці ў тэксце звароткі.

  4. Пра якія святы ўпамінання продкаў гаворыцца ў гэтым тэксце? (Сёмуха, Каляды, Радаўніца і Дзяды)

Дзеці атрымліваюць заданне па варыянтах:



1 варыянт

2 варыянт

3 варыянт

Выпісвае дзеясловы, якія абазначаюць рэальнае дзеянне (дзеянне, якое адбывалася, адбываецца ці будзе адбывацца)

Выпісвае дзеясловы, якія абазначаюць магчымае дзеянне (якое адбудзецца пры пэўнай умове)

Выпісвае дзеясловы, якія абазначаюць пажаданае дзеянне (якія абазначаюць просьбу, загад, заклік, запрашэнне)

Паспрабуйце вызначыць час дзеясловаў (для трох радоў) ( 2 – 3 хвіліны працуюць з тэкстам).

1 варыянт – называе дзеясловы: чакаем, чакалі, жыў, гаворым, жыве, не згасае, асвятляе, верым, не знікне, адышоў, перадаюць, ідуць.

2 варыянт – называе дзеяслоў: пагаварылі б.

3 варыянт – называе свае дзеяслоў: хадзіце.

- Скажыце, якія з трох груп дзеясловаў маюць часавыя формы? (дзеясловы, якія абазначаюць рэальнае дзеянне, якое адбывалася, адбываецца ці будзе адбывацца).



ІV. Замацаванне новага матэрыялу.

Такім чынам, дзеясловы, якія абазначаюць рэальнае дзеянне, якое адбывалася, адбываецца ці будзе адбывацца, называецца дзеясловамі абвеснага ладу.



  • А зараз падумайце і скажыце, якія дзеясловы будуць назвацца дзеясловамі ўмоўнага ладу?

  • А загаднага?

Праца з падручнікам.

  • А зараз прачытайце і скажыце, пра што мы з вамі яшчэ не гаварылі?

Выконваем практыкаванні 524, 526.

Настаўнік чытае: “Не саромся, беларусе, гаманіць па-свойму – у роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”. (З. Бядуля).

  • Звярніце ўвагу на выдзеленыя дзеясловы. Рэальнае, магчымае ці пажаданае дзеянне яны абазначаюць?

(Адказы дзяцей)

2. Вызначыць лад дзеясловаў.

1 варыянт. Каб у беларусаў было больш абвострана пачуццё нацыянальнай годнасці, яны ...

2 варыянт. Беларусы не саромеюцца ...

3 варыянт. Мы шануем ...

(Вучні зачытваюць свае дапісаныя сказы, вызначаюць лад дзеясловаў у гэтых сказах).

Фізкультхвілінка.

Я называю вам словы, а вы выконваеце адпаведныя дзеянні: калі гэта назоўнік – рукі ўверх, памахалі, прыметнік – паварот направа, дзеяслоў – паварот налева.

Спадчына, любіць, матчына, мова, мілагучная, шанаваць, народ, край, родны, услаўляць, радзіма, дарагая, квітнець.

Праца ў групах (4 групы) (вучні працуюць алоўкамі)

Даецца ўсім аднолькавы тэкст (надрукаваны). Спачатку чытае настаўнік:

Напярэдадні Змітраўкі мыецца падлога, лавы, беляцца сцены, стол засцілаецца чыстым абрусам. Мэбля растаўляецца па кутках і ля сцен, каб не замінала духам продкаў, што збяруцца на радзінную бяседу.

Раніцай у суботу на Змітраўскія Дзяды рыхтуюцца ў вялікай колькасці стравы, усе ўстаюць рана, чыста мыюцца, апранаюцца ў самаробнае вышыванае святочнае адзенне, запальваюць свечкі і моляцца.

Са словамі “Памяні, божухна, нашых святых дзядоў!” гаспадар на сподачак, пакрыты блінамі, адкладвае па лыжцы ад кожнае пададзенае стравы (па традыцыі іх павінна быць сем, абавязкова рыба, грыбы і каша) і ставіць на надваконне. У гэты час ён прымаўляе: “Святые дзяды, прыдзіце сюды – гэта для вас!” Усе члены сям’і ўслед тройчы паўтараюць словы гаспадара.

Усе шчыра верылі ў тое, што цені продкаў нябачна выходзяць з магіл і побач з жывымі за сталом жывяцца парай, якая ідзе ад страў. Той, хто жадаў убачыць продкаў, павінен быў ўвайсці ў сенцы і праз акенца над дзвярыма паглядзець у пакой. Напэўна, не адзін цікаўны зрабіў бы гэта, калі б не пагражала небяспека смерці: смяльчак, які адважыўся на такі ўчынак, па павер’ю, мусіў памерці ў той жа год.

Даюцца заданні групам:

1 група – вызначыць тып і стыль тэксту (апісанне, мастацкі);

2 група – растлумачыць лексічнае значэнне слоў: абрус, сподачак, надваконне, страва, радзінная

3 група – знайсці і падкрэсліць дзеясловы абвеснага ладу, вызначыць іх час;

4 група – знайсці і падкрэсліць дзеясловы ўмоўнага і загаднага ладу.

(На выкананне заданняў даецца 5 хвілін) (Адказы вучняў)


    • Якія атрыбуты ці сімвалы былі абавязковымі на Дзяды? (белы абрус, запаленыя свечкі, малітва, каша).

Праца ў тых жа групах:

Заданне: Кожная група атрымлівае партрэт (па адным чалавеку ад групы падыходзяць і выцягваюць партрэт).

Задача: Скласці невялікі тэкст па партрэту (4 – 5 сказаў), ужываючы дзеясловы абвеснага, умоўнага ладу.



(На выкананне заданняў даецца 5 хвілін)

Праца ў парах

  • Складзіце невялікі тэкст малітвы, звяртаючыся да нашых продкаў. Што б вы хацелі папрасіць, якое пажаданне выказаць у ёй. Пры гэтым ужывайце дзеясловы розных ладоў.

Слова настаўніка:

  • Продкаў мы ўспомнілі, малітву прагаварылі, засталося толькі запаліць свечкі.

(Гучыць мелодыя “Ave Maria”)

Выходзяць тры вучні.



1 вучань (запальвае свечку)

Запалю свечку –

Памалюся за сваіх дзядоў,

За ўсіх памерлых, за ўсіх адрынутых,

За ўсіх, каго ніхто не згадае.

2 вучань (запальвае свечку)

Яшчэ адну свечку запалю –

Памалюся за сваіх бацькоў і нашчадкаў,

За ўсіх блізкіх і далёкіх,

За ўсіх, хто ходзіць пад сонцам.

3-ці вучань (запальвае свечку)

Апошнюю свечку запалю –

Малюся за сваю Беларусь,

Бо без яе не будзе ўсіх нас,

Не будзе нашчадкаў,

Не будзе продкаў

(Магіл без зямлі не бывае)

Не будзе мяне –

А без мяне не будзе і свету,

Якім я жыву.

Разам!

Гарыце ж заўсёды, тры свечкі!


V. Рэфлексія.

Прадоўжыце выказванні:

Я даведаўся, што …

Мне спадабалася …

Я хваляваўся …

VІ. Дамашняе заданне.

Практыкаванне 523 ці знайсці ў бібліятэцы звесткі пра адзін з абрадаў, звязаных з ушанаваннем памяці продкаў (Сёмуха, Каляды, Радаўніца). Творча аформіць.



VІІ. Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка