Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка4/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Рэха славянскіх рэалій?

Выпісваючы радавод рускіх князёў кіеўскіх ІІІ, ІV, V ст., Вельтман складае табліцу, дзе асобным слупком пазначаны першыя кіраўнікі Халмаградскага княства, імёны якіх сустракаюцца ў сагах. Працытуем даследчыка поўнасцю: «Яравіт (Яра, Раа Халмаградскі, за Алімпіадрам – Харата(н), за Ёрданам – Roas, за Прыскам – Rya, за «Вількіна-сагаю» – Hertnit (з 412 па 438 год). – Уладзімір Халмаградскі – Браніца (Brynilba), валодала Заградам у Варажскай вобласці князя Міла (кіеўскага)». Гэтыя імёны Вельтман упісвае ў цэлы шэраг радаслоўных кален. Падрабязней прасачыць за роднаснымі сувязямі тагачасных протабеларусаў можна, відаць, звярнуўшыся непасрэдна да тых тэкстаў, якімі карыстаўся Вельтман. У яго працы можна знайсці не адну апеляцыю да старажытных крыніц, дзе згадваюцца, скажам, драўляне, дрыгавічы і крывічы. У прыватнасці, ён пераказвае, што hunigari, якіх ён успрымае як кіяўлян, веснавою парою вырушалі ў дарогу па вадзе на суднах, якія для іх будавалі крывічы, і інш.

У дадатак да гэтых звестак пазнейшага характару варта адзначыць і яшчэ некалькі момантаў. Паводле скандынаўскіх паданняў, іхнія народы пачалі асвойваць землі з даўніх давён пад кіраўніцтвам двух правадыроў Одзіна і Тура. Одзін стаў апекуном хрысціянаў. Тур жа кіраваў язычнікамі. У паданях скандынаваў зафіксаваны абавязковы абрад-звычай, які звязаны з перасяленнем плямёнаў. Калі быў недарод або залішне нараджалася людзей, перасяленне было прымусовым. Збіралася веча, здзяйснялася жэраб’ёўка – прытым у час вясновага Юр’я, такога знаёмага для нас, беларусаў, свята. У выніку кожны трэці вымушаны быў накіроўвацца некуды ў пошуках новай бацькаўшчыны. Перад перасяленнем нарманы высылалі наперад свайго бога займаць новыя месцы. Працэс здабывання новых тэрыторый ажыццяўляўся пад апекай галоўнага бога Тура. Менавіта Тур стаў сімвалам перамогі. І ці не з названымі акалічнасцямі, з імем скандынаўскага бога звязаны наш Тураў, Тураў беларускага Палесся? Аўтары тэлеперадачы «Лабірынты» знайшлі і паказалі гледачам вясковыя хаты на Тураўшчыне, дзе на франтоне па звычаю, перанятаму са старажытных часоў, знаходзяцца ў адзіным «комплексе» два сімвалы веры – язычніцкае сонца, а над ім хрысціянскі крыж. Як пішуць даследчыкі, готы пераймалі славянскія словы, назвы паселішч, імёны. Тураўскі – гэта той, што паходзіў ад бога вайны і перамогі. Гэта і Юр’еўскі, і Гур’еўскі, і Георгіеўскі. Людзі гэтага рода – найшляхетнейшыя. Можна меркаваць, што аднаго паходжання з нашым Туравым і ўкраінская назва карпацкіх паселішчаў Малая і Вялікая Туркі. На Навагрудчыне ёсць вёска Турычі, сама вёска, як і яе назва, паводле мясцовых паданняў, з’явіліся ў выніку таго, што «недзе з паўночнага боку, праз Украіну, прыйшлі новыя людзі-пераселенцы». Пра род Турынскі гаворыцца ў «Гісторыі готаў, вандалаў і лонгабардаў» Г. Гроція. Назву Халмаградская Русь Вельтман сустракае на Дунаі, у Дакіі. Ведаем мы і горад Холм на колішняй тэрыторыі Украіны (цяпер у Польшчы). Гісторыкі пішуць таксама і пра ўладара Лужыцкага і Тураўскага краю Адаакра: быў «царом русаў і турычаў». У некалькіх славянскіх землях і ў Даніі пазначаны горад Палтэск’е (Полацк).

Вельтман бачыць паралелі паміж багамі – славянскім Турам (Джура) і паўночным Турам (Торам). Славяне пакланяліся Туру, і гэта магло знайсці адбітак у розных кутках Еўропы, якіх закрануў працэс Вялікага перасялення народаў. Украінцы знаходзяць у Італіі паўтарэнне назваў сваіх рэалій: гарады Палтава і Лубны, рака Ворскла… Магчыма, працягвае сваю славу ў свеце і наш беларускі Тураў, толькі пра гэта мы яшчэ не дагадваемся? Падказкі нам даюць даследаванні пра Украіну. Відавочна, многія з тых фактаў, якія змешчаны ў названых працах, патрабуюць удакладнення, супастаўлення, пераправеркі. Як, зрэшты, і ўсе навуковыя гіпотэзы. Наша мэта – зацікавіць пашукоўцаў, падказаць накірунак, паказаць, што існуе яшчэ многа нязведанага. І што знойдзе той, хто шукае…


Манастыры як асяродкі заходне-еўрапейскай і ўсходнеславянскай культур і літаратур.

Навукоўцы прытрымліваюцца меркаванняў, што заходнееўрапейскае мастацтва эпохі Сярэднявечча сфармавала дзве мадэлі культуры – сярэднеземнаморскую, якая фармавалася пад уплывам раманізацыі, і варварскую, што складвалася на тэрыторыях германскіх, кельтскіх, скандынаўскіх народаў (А. Гурэвіч). У аснову культуры народаў, што ўвайшлі ў сярэднеземнаморскі арэал, была пакладзена мадэль антычнага мастацтва. У другой, варварскай, што аб’ядноўвае народы, якія не адчулі на ранніх стадыях свайго развіцця ўплываў антычнай культуры, выяўляецца больш архаічная мадэль, звязаная з міфалагізацыяй свядомасці. Культура ўсходнеславянскага арэала фармавалася як самабытная, на аснове ўласнай этнаспадчыны, аднак знаходзілася яна і пад уплывам дзвюх папярэдне названых культурных мадэлей.

Як жа адбывалася развіццё літаратуры эпохі Сярэднявечча? Ва ўсіх землях Еўропы асяродкамі культуры, кніжнасці, асветы сталі манастыры. Адпаведна з гэтым даследчыкі нават перыяд лацінскай літаратуры Сярэднявечча назвалі манастырскім. Так, першы манастыр у Заходняй Еўропе быў заснаваны ў 529 г. у Монтэкасіна. Ён размясціўся на высокай гары, быў прытулкам для манахаў і адначасова абарончым збудаваннем. Для рымлян з’яўленне такога роду арганізацыі жыцця, як у манастыры Монтэкасіна, было выразным паваротам ў іх светаўспрыманні. Рымляне не дапускалі думкі пра тое, што вольны чалавек можа працаваць. Працаваць у іхнім уяўленні павінны былі толькі рабы. Манахі ж увялі ў свой жыццёвы расклад шасцігадзінны рабочы дзень, іншы час яны аддавалі малітве і сну. Менавіта дзякуючы іхняму клопату па зборы рукапісаў, перапісванні і капіраванні манускрыптаў была захавана і дайшла да нашага часу значная частка лацінскай літаратуры. Вырашальнай падзеяй у развіцці еўрапейскай культуры можна лічыць заснаваную ў 781 г. у горадзе Ахен імператарам Карлам Вялікім так званую Акадэмію Карла Вялікага. Тут атрымалі новае нараджэнне літаратурныя жанры антычнага свету, формы, запазычаныя з грэка-рымскай паэзіі. Вялікую ролю ў развіцці культуры адыгралі манастыр на востраве Райхенаў, навучальна-благадзейная ўстанова Гандарсгайм на поўначы Нямеччыны, манастыр у Бенедзіктбойярне на поўдні ад Мюнхена, манастыр Вессабрун на паўднёвым захадзе ад Мюнхена, манастыр Клюні у Бургундыі, ва ўсходняй частцы Францыі і інш.

Кожны з названых манастыроў упісаў залатую старонку ў гісторыю сусветнай культуры. Так, манастыр Клюні на пряцягу стагоддзяў быў не адміністрацыйным, як Рым, але сапраўдным духоўным цэнтрам заходняга хрысціянства (пакуль не быў разбураны падчас Французкай рэвалюцыі). У манастыры Вессабрун у другой палове ІХ ст. Отфрыд стварыў вялікую паэму ў 30 тысяч вершаваных радкоў. «Кніга Евангелляў» нямецкага пісьменніка Отфрыда – адно з эпахальных адкрыццяў у гісторыі еўрапейскага пісьменства. Яго твор -- вершаваны пераказ евангельскіх падзей, ён мае рэгулярную рыфму! Рыфма ў якасці асобных выпадкаў сустракалася і дагэтуль. Аднак прынцыпова рыфмаваны вялікі твор з’явіўся ўпершыню – і яго ўспрынялі як своеасаблівы эстэтычны ўзор. Манастыр Бенедзіктбойярн шырока вядомы сёння, бо ў ім знойдзены выдатнейшы зборнік «Карміна Бурана». Гандарсгаймскі манастыр знакаміты праз кананісу Гротсвіту, датай яе смерці лічыцца 1000 год. Гротсвіта была пісьменніцай і ў сваёй творчасці праслаўляла эпоху Оттана Вялікага. Яе творы ў жанравых адносінах – легенды, гістарычнай паэмы, драмы. Паэмы Гротсвіты напісаны гекзаметрам. Шэсць драматычных твораў Гротсвіты ўяўляюць сабою рыфмаваную прозу (рыфма ў Гротсвіты з’явілася ўслед за Отфрыдам), што для тагачаснай еўрапейскай літаратуры была абсалютным наватарствам. З цягам часу практыка стварэння драмы ў форме рыфмаванай прозы адрадзілася ва ўкраінскім вяртэпе і беларускай батлейцы. Гротсвіта лічыцца першым драматургам новай Еўропы. Адлегласць у часе паміж ёю і знакамітай украінскай пісьменніцай Лесяй Украінкай непамерна вялікая. Аднак упаўне можна адшукаць тыпалагічныя паралелі супастаўленняў іх творчасці – на падставе раннехрысціянскай тэматыкі, феміністычнага аспекту, самой формы драматычных твораў...

Існаванне рознага віду сувязей, кантактных і тыпалагічных, паміж асобнымі літаратурамі і нават далёкімі ў геаграфічных адносінах культурнымі асяродкамі можна праілюстраваць і яшчэ некалькімі прыкладамі. У швейцарскім манастыры Санкт-Галене ў 924 г. былі напісаны варыянты нямецкай эпічнай паэмы пра правадыра гунаў Атылу, Вальтэра і Гільдэгунду. Фрагметы гэтага твора знаходзяць і ў эпасе англасаксаў. Акрамя таго, існуюць перагукі гэтага твора з «Песняй пра Нібелунгаў», са скандынаўскім эпасам, а менавіта ісландскімі сагамі. Звернем увагу і на яшчэ адзін цікавы факт. Манастыр Райхенаў звязаны з кіева-рускай культурай. Напісаны ў манастыры ў Х ст. кодэкс трапіў у Кіеў, дзе быў упрыгожаны і праілюстраваны па заказу княгіні Гертруды. З таго часу ён мае назву «Псалтыр Гертруды», з’яўляецца ў плане мастацкага афармлення кнігі адной з трох найвялікшых каштоўнасцей Кіеўскай Русі, захоўваецца сёння ў мастацкім музеі Італіі. Два іншыя з названых старакіеўскіх рарытэтаў, па афармленні, – Астрамірава Евангелле і Ізборнік Святаслава.

Такім чынам, манастыры адыгрывалі вялікую ролю ў дзяржаўным жыцці – духоўным і свецкім. Зразумеўшы гэта, уладары еўрапейскіх краін узмацнялі і пашыралі інстытуты манастыроў. Можна назваць яшчэ шэраг заходнееўрапейскіх манастыроў, што ўпісалі свой след у гісторыю культуры. Аднак разгледзім сітуацыю на землях Кіеўскай Русі. Першыя манастыры ў Кіеўскай Русі былі заснаваны на кошты князёў. Асаблівы статус меў Кіева-Пячэрскі манастыр. Прынцыпы жыццядзейнасці манастыра былі прынесены з Афона стараннямі св. Антонія, ураджэнца Чарнігаўшчыны (983 – 1073), які некаторы час жыў у Афонскай манаскай рэспубліцы. Афон карыстаўся велізарнай павагай як магутны цэнтр праваслаўнай царквы. На высокай Афонскай гары, што знаходзілася на Халкідонскім паўвостраве ў Эгейскім моры, былі размешчаны каля 20 мужчынскіх манастыроў. У 1080 г. тут па загаду візантыйскга імператара Аляксея Комніна быў адкрыты рускі праваслаўны манастыр. Сёння на Афоне захоўваецца каля 10 тысяч грэчаскіх, арабскіх, славянскіх рукапісаў, каштоўныя мастацкія творы. Уся гэта скарбніца сярэднявечнай хрысціянскай культуры да гэтага часу застаецца мала даследаванай.

Кіева-Пячэрскі манастыр (дакладней – Кіева-пячэрская лаўра), дзякуючы св. Антонію, св. Феадосію, стаў асяродкам стварэння кіева-рускай літаратуры, іконапісу, а таксама месцам лячэння хворых, прытулкам для знядоленых. Пра гэта даведваемся з «Кіева-Пячэрскага пацерыка» – зборніка жыцій манастырскіх падзвіжнікаў, які быў складзены на пачатку ХІІІ ст. і які раскрывае сацыяльныя і культурныя функцыі даўнярускага манаства. Тут, у Кіева-Пячэрскай лаўры жыў і працаваў кіеўскі мітрапаліт Іларыён, аўтар занакамітых твораў «Слова пра закон і благадаць», «Спавяданне веры». Сярод першых кіеўскіх манастыроў неабходна назваць пабудаваныя ў 1030-я гады Георгіеўскі і Ірынінскі, з другой паловы ХІ і на працягу ХІІ ст. -- Андрэеўскі і Выдубіцкі, Залатаверхі Міхайлаўскі і многія іншыя.

Структура царкоўнага жыцця складалася з арганізацыі мітраполіі, а затым асобных епархій. На сярэдзіну ХІ ст. епархіямі была ахоплена ўся тэрыторыя Кіеўскай Русі. Менавіта праз царкоўныя арганізацыі, а пры іх існавалі і школы, адбывалася пашырэнне культуры і асветы. Першыя школы былі адкрыты пры князю Уладзіміру – у Кіеве, Ноўгарадзе. Унучка Яраслава Мудрага Анна ў 1086 г. арганізавала першую жаночую школу. Пры Кіеўскім саборы Святой Сафіі Яраслаў Мудры стварыў першую бібліятэку. Уся вядомая нам кіева-руская літаратурная і шырэй -- культурная спадчына так ці іначай звязаная з дзейнасцю духавенства. З іх асяроддзя фарміраваліся пісьменнікі, дзякуючы царкоўнаму будаўніцтву нараджаўся арыгінальны архітэктурны стыль, мастацтва іконапісу, музычнае мастацтва – спеву і інструментальнае, ювелірнае мастацтва і інш.



Моўная характарыстыка кіева-рускай супольнасці.

Культура Кіеўскай Русі вызначалася высокім узроўнем. Яшчэ да прыняцця хрысціянства мясцовае насельніцтва карысталася алфавітам з 27 літар. Як пацвярджэнне гэтаму служаць шматлікія графіці, выяўленыя не так даўно на сценах сабору Святой Сафіі ў Кіеве. Гэтыя надпісы сведчаць пра тагачаснае «прыстасаванне» грэчаскага алфавіта да славянскага маўлення. Як своеасаблівая гіпотэза (паколькі існуе шмат сцвярджэнняў «за» і «супраць» яе) сёння пашыраецца думка пра выкарыстанне даўнімі славянамі так званай «вялесаўцы» – алфавіта, адкрытага ў сувязі з абнародваннем у ХІХ ст. і неаднаразова ў ХХ ст. «Вялесавай кнігі». «Вялесава кніга» – своеасаблівы народны эпас, зафіксаваны на драўляных дошчачках, помнік, які ахоплівае падзеі на тэрыторыях усходнеславянскіх зямель ад 640 г. да н. э. да 70-х гадоў ІХ ст. Даследчыкі выказваюць меркаванне, што паўстала кніга на тэрыторыі Палесся. Гістарычныя сюжэты тут пераплятаюцца з легендарна-міфалагічнымі і космаганічнымі. У кнізе зафіксаваны такія падзеі, як засяленне Карпат у VІІ ст. да н. э., далейшае асваенне дняпроўска-прыпяцкіх тэрыторый, зямель цяперашняй Беларусі ў часы зарубінецкай культуры і інш. Лічыцца, што ў кнізе зафіксаваны факты з гісторыі адзінаццаці даўнеславянскіх плямёнаў. Ідэйная задумка «Велесавай кнігі» скіравана на кансалідацыю разрозненых роднасных плямёнаў пад знакам Вялеса – праславянскага бога-пакравіцеля дастатка і творчасці. Кніга прасякнута палемічна-абарончым пафасам, зваротам да генетычнай памяці, заклікам да захавання культурнай самастойнасці пад націскам як грэчаскай, так і варажскай экспансіі.

У знакамітай кнізе Канстанціна Багранароднага «Кіраванне імперыяй», (прыблізна 948 – 952 гг.) зазначана, што ўздоўж Дняпровага воднага шляху панавалі дзве моўныя тэндэнцыі: адна – даўнянардычнага тыпу, названая аўтарам donsk tunga, і другая склабінская, г. зн. славянская. Археалагічныя знаходкі апошняга часу паказваюць, што на тэрыторыі ўсходніх славян старажытнае насельніцтва карысталася многімі графічнымі сістэмамі – рунічным (скандынаўскім) пісьмом, куфічным, грэчаскім алфавітам, кірыліцай, глаголіцай і, магчыма, протакірыліцай (С. Высоцкі). З’яўленне кірылічнага алфавіту – вынік культурніцкай місіі Канстанціна і Мяфодзія, братоў з македонскай правінцыі Селунь (Салонікі): на аснове грэчаскага алфавіта была створана славянская буквенная сістэма. Як прапаведнікі і візантыйскія месіянеры, Кірыл (свецкае імя Канстанцін) і Мяфодзій, добра валодаючы мовамі – грэчаскай, лацінскай, яўрэйскай, арабскай і славянскай, пераклалі на стараславянскую мову царкоўныя кнігі, выбраныя месцы з Евангелля, Псалтыра, Апостальскіх пасланняў. Хрысціянізацыя Русі суправаджалася пашырэннем новай славянскай пісьменнасці. Кіеўская Русь як дзяржава патрабавала ўсталявання не толькі рэлігійных, але і адміністрацыйных, фіскальных і іншых інстытуцый. У выніку кірылічны алфавіт пранік ва ўсе сферы жыцця дзяржавы, перастаўшы быць манаполіяй толькі духавенства. У сярэдзіне ХІІ ст. на абшарах Кіеўскай Русі існавалі каля 15 княстваў, кожнае з іх імкнулася арганізоўваць сваё палітычнае жыццё, цэнтралізаваную ўладу кіеўскага князя іншыя князі прызнавалі нярэдка толькі намінальна. І калі не еднасць палітычных ідэалаў, то адзінае веравызнанне і адзіная мова пісьменнасці аб’ядноўвалі шырокія тэрыторыі старажытнай Русі.

Характарызуючы моўнае пытанне ўсходнеславянскай старажытнасці, неабходна адзначыць наступнае. Русь у Х ст. была адкрыта для ўсіх мірных іншаземцаў, у Кіеве можна было сустрэць грэкаў, шведаў і датчан, немцаў, палякаў, печанегаў, яўрэяў. Завязваючы ў адзіны вузел паўднёва-ўсходні і паўночна-заходні гандлёвыя шляхі, русічы, адпаведна, не маглі не адчуваць на сабе ўздзеянне прадстаўнікоў тых народаў, якія знаходзілі сярод іх прытулак. З цягам часу жывы элемент гаворак пэўных мясцовасцей пранікаў у пісьменства ўсё больш актыўна, разам з моўнымі больш выразнымі станавіліся і этнічныя абрысы насельніцтва. Фарміраванне этнамоўных асаблівасцей здзяйснялася ў межах канкрэтна акрэсленых тэрыторый: на Наддняпроўі, Валыні, Галічыне і Карпатах, на пскоўска-полацка-смаленскіх землях, асобна – ноўгарадска-уладзіміра-суздальскіх. Прынята лічыць, што пры гэтым, скажам, што ўкраінцы засвойвалі культурны ўплыў поўдня, на абшарах сённяшняй Беларусі славяне падначалілі сабе балтыйскі субстрат, у паўночных і паўночна-усходніх рэгіёнах даўнія русічы ўспрынялі элементы угра-фінскага субстрата.

Заходнееўрапейскую культурную сітуацыю эпохі Сярэднявечча характарызуюць два найбольш сутнастныя моманты. Першы выяўляецца ў тым, што хрысціянізаваныя народы Заходняй Еўропы аб’ядноўвала мова рэлігіі – лацінская мова. Пры гэтым пісьменства заходнееўрапейскага Сярэднявечча стваралася не толькі на латыні: можна гаварыць пра лацінскую, старанямецкую, англасакскую літаратуры. Адзначым другую адметнасць, на якую нельга не звярнуць увагу. Моўная характарыстыка кіева-рускага пісьменства адрозная ад заходнееўрапейскай сітуацыі. Усходнеславянская літаратура магла карыстацца той мовай, якой карысталася духавенства, паколькі гэта мова была досыць блізкай да мясцовай. Грэчаская мова не стала мовай рэлігіі ўсходніх славян, як гэта сталася з лацінскай мовай на захадзе.

Літаратура Кіеўскай Русі. Асноўныя тэндэнцыі развіцця.

На тэрыторыі Кіеўскай Русі перакрыжоўваліся ўсходнія – грэка-візантыйскія – і заходнія культурныя ўплывы, уздзеянні Поўдня і Поўначы, Усходу і Захаду. Зыходзячы з абагульняючых палажэнняў сусветна вядомых вучоных (Ш.-Л. Мантэск’ё, І.-Г. Гердэр, Г.-В. Гегель, О. Шпенглер і інш.), якія раскрываюць сутнасныя рысы двух вядучых культур свету, усходняя культура – спаглядальная і інтравертная, яна зарыентавана на ўнутраны свет чалавека. Заходняя – утылітарна-практычная і экстравертная, яна напоўнена «фаўстаўскай жарсцю» пазнання, скіроўвае да дзеяння, навуковых і тэхнічных пошукаў. У большасці мастацкіх твораў пазнейшага часу назіраюцца тэндэнцыі паяднання асноўных спецыфічных рыс гэтых культур.

Уздзеянне візантыйскай культуры на ўсходнеславянскія асвятлялася даволі шырока. Нагадаем толькі, што візантыйская культура ўяўляла сабою своеасаблівы сінтэз грэка-рымскай і ўсходняй культур. Яна мела выключна рэлігійны характар і стала першай у свеце ў поўным сэнсе хрысціянскай культурай. Візантыйская культура здзейсніла вельмі адчутны ўплыў на развіццё літаратурнага працэсу на ўсходнеславянскіх землях. Літаратурная спадчына Візантыі, Старажытнай Грэцыі і Рыму, засведчаная новымі царкоўнымі і свецкімі жанрамі, спрыяла станаўленню арыгінальнай літаратуры Кіеўскай Русі. Дзякуючы актыўнаму засваенню яе здабыткаў, кіева-руская літаратура на працягу вельмі кароткага адрэзку часу распрацавала ўласную разгалінаваную жанравую сістэму -- жыція, урачыстыя і павучальныя творы і інш. У аснову тэкстаў былі пакладзены ідэі монатэістычнай веры ў адзінага Бога, уяўленне пра стварэнне чалавека па вобразу і падабенству Божаму, пра грахоўнасць чалавека і неабходнасць выратавання яго душы.

Візантыйскі ўплыў адбываўся не столькі непасрэдна праз творы, напісаныя на грэчаскай мове, колькі праз балгарскія тэксты. Візантыйскія тэксты, засвоеныя спачатку ў Балгарыі, далей станавіліся «сваімі» і на ўсходнеславянскіх землях.

Вельмі важна ўсвядоміць яшчэ адзін важкі пакажчык развіцця заходнееўрапейскай літаратуры Сярэднявечча, які застаецца звычайна паза ўвагай даследчыкаў. Першым творцам культурных каштоўнасцей у Еўропе была Элада. Другім стваральнікам быў Рым – у асноўным напрацягу першага стагоддзя да Нараджэння Хрыста і двух наступных стагоддзяў. Трэцяй па храналогіі была Ірландыя. У Сярэднія вікі Ірландыя з’яўлялася найбольш хрысціянізаванай краінай Еўропы: ірландцы прынялі хрысціянства ў 430 г. Культура ірландцаў вызначалася высокім узроўнем, яны з даўнейшых часоў мелі ўласную лірыку і мастацкую прозу. Ірландыя ў V ст. хрысціянізавала Англію, затым Шатландыю. Яе ўплыў выявіўся не толькі ў пашырэнні веры, амаль па ўсёй тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ўспрымаліся культурныя дасягненні ірландцаў. На астраўных тэрыторыях актыўна развівалася культура кельтаў. Друіды, філіды, барды былі носьбітамі гэтай культуры. Праз іх пашыралася на кантынэнт паэтычная традыцыя, звязаная з язычніцкімі вераваннямі, дзе аўтары выяўлялі сябе як магі, правідцы, як выканаўцы свяшчэнных гімнаў, як знаўцы і ахоўнікі традыцый і законаў. Ірландская проза была, як правіла, падмацавана вершамі, мела своеасаблівую стылістыку з рытарычнымі прыёмамі. І гэтым нагадвала скандынаўскія сагі. Іхняя творчасць таксама мела ўплыў на ўсходнеславянскую культуру. Для прыкладу назавем хаця б наступнае. На землі Украіны і Беларусі ад кельтаў прыйшоў культ багіні Даны. Кельтскае свята памерлых – 1 лістапада – католікі адзначаюць як дзень усіх святых і г. д.

Апошнім часам узнімаецца гаворка таксама і пра засваенне ў Кіеўскай Русі літаратурнага вопыту, які прыходзіў з Поўначы ад скандынаўскіх творцаў. Спынімся на гэтым пытанні больш дакладна, паколькі яно ў беларускім літаратуразнаўстве высветлена вельмі мала.

Яшчэ ў летапісе Нестара, шырока вядомым пад назвай «Аповесць мінулых гадоў», з’явілася так званая нарманская канцэпцыя нашай даўняй гісторыі. Належыць яна альбо сыну Уладзіміра Манамаха Мсціславу, альбо яго паслядоўніку. У 862 артыкуле трэцяй рэдакцыі (1118) «Аповесці мінулых гадоў» сказана, што славяне запрасілі да сябе на княжанне трох варажскіх конунгаў (князяў) – Рурыка, Сінеуса і Трувара.

Цікавасць да нарманскай тэорыі ва ўсходнеславянскай навуцы то вынікала, то сцішвалася. Распрацоўвалі яе ў сярэдзіне ХVІІІ ст. нямецкія гісторыкі, якія на той час працавалі ў Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук. Акадэмік Г. Мюлер выступіў з тэорыяй пра тое, што дзяржава Кіеўская Русь была заснавана нармандцамі. Імператрыца Елізавета Пятроўна пад ціскам навуковай грамадскасці, а сярод тых, хто выступаў катэгарычна супроць выказанай канцэпцыі, знаходзіўся і М. Ламаносаў, вымушана была прыняць рашэнне пра забарону далейшых навуковых даследаванняў нармана-рускага ўзаемнасці. Працы Мюлера былі канфіскаваны і знішчаны. У той жа час, спыненне навуковых даследаванняў яшчэ не азначала тое, што сама праблема страціла сваю прыцягальнасць. Да яе распрацоўкі звярталіся замежныя навукоўцы з Еўропы і ўсходазнаўцы. Сярод вядучых рускіх вучоных – староннікаў нарманскага паходжання Кіеўскай Русі – можна назваць акадэміка А. Шахматава. Украінскі пісьменнік і выдатны знаўца старажытнасці І. Франко заклікаў навукоўцаў, якія займаюцца вывучэннем спісаў тэксту знакамітай «Аповесці мінулых гадоў», больш увагі прыдзяліць змешчаным у іх паэтычным легендам, якія трапілі туды са скандынаўскіх саг. Іншая група вучоных, як расійскіх, так і ўкраінскіх (М. Карамзін, У. Салаўёў, Б. Грэкаў, Б. Рыбакоў, ананімны аўтар «Гісторыі Русаў», М. Кастамараў, М. Грушэўскі і інш.) выступалі супроць гіпотэзы пра тое, што менавіта нарманы (што азначае «паўночныя людзі», у летапісах – варагі) былі заснавальнікамі ўсходнеславянскай дзяржаўнасці. І ўсё-такі даследаванне асобных аспектаў названай навуковай праблемы не магло не працягвацца. Так, у прыватнасці, у Львове ў 1926 г. з’яўляецца праца С. Тамашэўскага «Nowa teorja o poczatkach Pusi», у Петраградзе ў 1922 г. А. Ляшэнка друкуе даследаванне «Былина о Соловье Будимировиче и сага о Гарольде». Беларускі вучоны В. Ластоўскі закранае ў 1926 г. гэту праблему ў «Гісторыі беларускай крыўскай кнігі» і г. д. Аднак, як у імперскай Расіі, так і ў савецкія гады нарманскую тэорыю кіруючыя колы палічылі палітычна шкоднай.

Разгледзім сучасную, найбольш аб’ектыўную канцэпцыю ўзаемадачыненняў усходніх славян са скандынавамі.

Сёння з’явілася шмат навуковых доказаў таго, што яшчэ задоўга да летапіснага паведамлення пра запрашэнне на Русь варагаў на тэрыторыі ўсходніх славян існавалі мясцовыя протадзяржаўныя ўтварэнні. Як паказвае гісторыя, напярэдадні ўзнікнення Кіеўскай Русі і ў час яе існавання галоўная задача нарманаў была ў стварэнні важлівага для іх транскантынентальна-гандлёвага шляху, які яны пракладалі праз усходнеславянскія землі. Нарманы былі воднымі качэўнікамі, воінамі-піратамі. Саюзы качэўнікаў мелі адносно развітыя і стратыфікаваныя сацыяльныя, эканамічныя, ваенныя і кіраўнічыя сістэмы. Гэтыя фактары маглі ўплываць на арганізацыю жыцця аседлага насельніцтва. Аднак качэўнікі «не былі творцамі, хутчэй, яны былі тымі, хто пераймаў і выкарыстоўваў дасягненні аседлых цывілізацый», – адзначае ўкраінскі вучоны А. Прыцак. Італьянскі даследчык Р. Пікіа пра гэты перыяд піша наступнае: «Варагі, калі і займалі прывілегірованае становішча ў грамадстве ў сувязі са сваёй ваеннай прафесіі, то гэта зусім не азначае, што ў духоўным жыцці Русі іхняя роля была першаступеннай». Абараняючы ідэю культурнай самастойнасці Кіеўскай Русі, вучоны падкрэслівае, што «Кіеўская дзяржаўнасць узнікла не ў выніку заваявання, а ў выніку дабравольнага аб’яднання ўласных плямёнаў, якія даручылі выканаўчую ўладу скандынаўскім воінам толькі тады, калі ўзняліся на больш высокі ўзровень грамадскага развіцця... ». Варагаў на Русі было не шмат, яны – піша Пікіа – яшчэ не выпрацавалі сваю пісьмовую літаратурную традыцыю. «І калі нават паўночны элемент яшчэ меў там пэўную жыццездатнасць, вырашальную ролю адыграла тая дыспрапорцыя, якая ўзнікла з ўвядзеннем кірыла-мефодзіеўскай пісьменнасці, паміж варажскай, выключна вуснай традыцыяй -- і шырокай традыцыяй славянскай. Літаратура, якая фарміравалася на Русі, павінна была заявіць пра сябе як выключна славянская, бо нават скандынаўскія песні і старажытныя легенды пра нашчадкаў Рурыка здолелі захавацца на зямлі русічаў толькі як адгалоскі, якія зафіксавалі славяне», -- рашуча сцвярджае Пікіа.

Як бачым, усходнеславянскія народы і без уплыву нарманаў стваралі ўласныя культурныя традыцыі. Аднак ігнараваць паўночнаеўрапейскі кантэкст нашай гісторыі таксама не мае сэнсу.

Фармаванне духавенства, развіццё абстрактнага схаластычна-дагматычнага мыслення і іншае спрычынілася ў Еўропе, як мы ўжо адзначалі, да інтэлектуалізацыі літаратурнай працы. На змену ранейшаму міфічна-цыклічнаму мысленню пачало прыходзіць лінеарнае мысленне, закладзенае ў Бібліі. Гістарычная перспектыва адкрылася і перад элітай паўночных народаў. У 1133 г. на поўначы Ісландыі быў заснаваны Цінгейрарскі манастыр, якія стаў галоўным цэнтрам навукі і навучання. Менавіта тут новыя аўтары, набліжаныя да кіруючых вярхоў, маючы духоўную асвету, стваралі новыя сагі. Генеалагічныя радаводы, геаграфічныя звесткі пра замежныя краіны, кароткія гісторыі (своеасаблівыя навелкі) татры, якія фіксавалі канкрэтны эпізод з біяграфіі знакамітага герая пачалі стварацца ў Скандынавіі пад уплывам заходнееўрапейскай хрысціянскай літаратурнай традыцыі. Выкарыстоўваючы пераклады лацінамоўных твораў хрысціянства – павучанні, апакрыфічныя апостальскія гісторыі, энцыклапедычныя працы Ісідора Севільскага і інш., манахі манастыра, па ўзору перакладной літаратуры, пачалі пісаць і прыжыццёвыя біяграфіі сваіх патронаў. Думкі свае яны ўжо выказвалі ў дысцыплінаванай форме прозы. Трэба адзначыць, што новыя творцы адчувалі неабходнасць у крытычным мысленні, імкнуліся да аб’ектыўнасці. Рэалізавалася гэта своеасаблівым чынам. Аўтары, пры напісанні тэкстаў, запрашалі да сябе відавочцаў падзей, аўтарытэтных людзей, якімі ізноў-такі былі скальды. Так вынікла новая літаратурная школа, у якой знайшлі месца і арнаментальны стыль вуснага аповеду, і фактаграфічны матэрыял, і ўзор пісьмовых крыніц. Выпрацоўваючы мастацкую тэхніку разгортвання сюжэту, старажытныя скандынаўскія аўтары пісалі пра сваіх герояў у жанравых адносінах так, як гэта ўжо было прынята ў лацінскіх творах -- еўрапейскай жыційнай літаратуры.

Паказальна, што жаданне ўзвялічыць каралёў і іхніх саратнікаў як вялікіх месіянераў, падкрэсліць іхні ўдзел у хрысціянізацыі еўрапейскіх народаў падказала аўтарам старажытных тэкстаў неабходнасць падкрэсліваць святасць сваіх герояў. Абавязковымі ў такіх тэкстах сталі тэма прошчы і канцэпт Ерусаліма.

Скандынавы яшчэ да Х ст., у пошуках новых тэрыторый пражывання, імкнучыся да асваення новых зямель, адкрыцця новых шляхоў зносін, якія б забяспечвалі выгодныя ўмовы гандлю, скіроўваліся з поўначы ў бок Англіі. Пазней, праз Балтыйскае мора, пачалі адкрываць для сябе землі, што ляжалі ўздоўж водных артэрый, -- Паўночнай і Заходняй Дзвіны, Дняпра і інш. Так узнік знакаміты шлях «з Варагаў у Грэкі», прычым накірунак са Скандынавіі ў Чорнае мора і Канстанцінопаль праз Віцебск і Полацк па Дзвіне і Дняпру быў выгаднейшы і карацейшы, чым Неўска-Ладажскі маршрут. Такім чынам, шлях скандынаўскіх пілігрымаў проходзіў не толькі праз Захад, але вельмі часта іхняе паломніцтва ў Канстанцінопаль і Іерусалім здзяйснялася праз Вялікі Усходні шлях, праз Русь. Гэта засведчана ў «гераічна-легендарных» сагах, а менавіта ў старашведскай «Сазе пра гутаў» – «Guta sagа», і ў знакамітым «Геймскрынгле» («Кола зямное»), адным з найбольшых зводаў старажытнаскандынаўскіх саг, складзеным ісландскім гісторыкам Сноры Стурлусанам. Здзейсніў паломніцкае падарожжа ў Ерусалім нарвежскі кароль Сігурд. Праз пакрытую лясамі Русь у Канстанцінопаль скіроўваўся на прошчу ў Ерусалім кароль Даніі Эйрык Свейнсан. Адпаведна, у скандынаўскіх творах гучыць у разнастайных варыянтах тэма Русі.

З другога боку, лагічнымі падаюцца і меркаванні даследчыкаў, якія схільны бачыць ўплывы скандынаваў на літаратуру Кіеўскай Русі. Сярод скандынаўскх жанраў таго часу вылучаецца, як мы ўжо адзначылі, менавіта сага. Сага як твор пісьмовай літаратуры канчаткова сфармавалася ў выніку працэсу хрысціянізацыі. Папярэдняе вуснае мастацтва выканання саг дасягала свайго вышэйшага ўзроўню да сярэдзіны ХІ ст. Яно было прадстаўлена паэзіяй скальдаў, нардычных паэтаў і спевакоў, дабра вядомых на Русі. У выніку, кіева-рускае летапісанне змяшчае факты скандынаўскай гісторыі, выявы ўплыву скандынаўскай школы на паэтыку кіева-рускіх твораў. Так, украінскія вучоныя (Дз. Чыжэўскі, Н. Якавенка) лічаць, што ў пэўнай рытмізацыі аповеду ў «Аповесці мінулых гадоў» адчутны ўплыў менавіта скандынаўскіх скальдаў, іхняй практыкі вершаванага пераказу падзей.

Падкрэслім і яшчэ адзін важкі пакажчык развіцця культуры і літаратуры разгледжанага перыяду. У час антычныга свету грэкі і рымляне імкнуліся да палітычнай свабоды. У эпоху ж Сярэднявечча пачынае зараджацца паняцце чалавечай індывідуальнасці. Як адзначана ў замежным выданні «Гісторыі Сярэдніх вякоў», «асабістая свабода, якая стварае асноўную базу ў жыцці сучасных народаў, не зыходзіць з антычнасці, там яе зусім не ведалі, яна зыходзіць з пачуцця індывідуальнай незалежнасці», якая нарадзілася менавіта ў Сярэднявеччы (Д. Хуан дэ ля Г. Артэра). На скрыжаванні вышэй адзначаных культурных павеваў старалася ўнікальная кіева-рускай літаратура. Успрымаючы павевы Поўдня і Поўначы, Усходу і Захаду, літаратура ўсходніх славян абапіралася і на ўласныя папярэдне ўсталяваныя традыцыі.

Падагульняючы характарыстыку старажытнай літаратуры перыяду Кіеўскай Русі, найперш падкрэслім, што тагачасная літаратура мае ўсе падставы лічыцца паўнавартасным мастацтвам. Праўда, літаратурны працэс вызначаецца своеасаблівай спецыфікай, што ўпаўне заканамерна. Сярод адметнасцей назавем найбольш паказальныя. Светапогляднай асновай літаратуры Кіеўскай Русі высупае тэацэнтрызм, паколькі творы нараджаліся ў кантэксце засваення хрысціянскай рэлігіі. Аўтарская індывідуальнасць не выступала як самастойная катэгорыя: не ўнутраныя пачуцці індывідуума, а найбольш важкае ў жыцці пэўнага кола людзей было аб’ектам апісання і асмыслення. Пераважная большасць твораў атрымлівала жыццё ў рукапісным выглядзе. Вобразна-мастацкая палітра твораў моцна завязана на сімвалізме і алегарызме. Жанравая сістэма літаратуры фармавалася пад уздзеяннем гістарычных, культурных, эстэтычных праяў часу і залежала ад тых шырокіх функцый, якія яна выконвала ў грамадстве.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка