Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка3/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Скандынаўскі след у беларускай культуры.

Як жа арганізаваць скрупулёзнае, карпатлівае і па-навуковаму ўдумлівае, глыбокае прачытанне сваёй мінуўшчыны? Прыкладаў такой працы сёння можна знайсці нямала. Канец ХХ – пачатак ХХІ ст. расшырылі магчымасці ўсходнеславянскіх навукоўцаў у даследаванні літаратуры Сярэднявечча. Плённай выявілася скандынаўская серыя расійскага Зводу «Древнейшие источники по истории Восточной Европы» (выдаецца з 1977 г.), створаная пад кіраўніцтвам члена карэспандэнта АН СССР У. Пашуты. У яе распрацоўцы прымаюць удзел вядучыя супрацоўнікі РАН. Так, валоданне мовамі цюркскай групы і народаў заходняй Еўропы дазволіла Г. Глазырынай, А. Мельнікавай паспяхова даследаваць гісторыю і культуры Дрэўняй Русі, закрануўшы і тэму беларускай мінуўшчыны. Значны ўклад у вывучэнне Старажытнай Русі здзейсніў нядаўна адноўлены Інстытут Усходазнаўства пры АН Украіны. Узначаліць яго быў запрошаны з ЗША сусветна прызнаны вучоны Амялян Прыцак. Больш за сорак гадоў аддаўшы вывучэнню Усходу, А. Прыцак пазнаў адметнасці цюркскай моўнай групы не горш, як сваёй роднай, украінскай. Да таго ж, А. Прыцак выявіў сябе і як бліскучы спецыяліст па культуры скандынаўскіх народаў. Кампетэнтнасць, аб’ектыўнасць, шырыня той інфармацыі, якая закладзена ў працах акадэміка А. Прыцака, прысвечаных пытанням паходжання Русі, славян проста захапляльныя. У Кіеве ў 2002-2003 гг. выйшлі два тамы (з трох) яго ўнікальнага даследавання «Походження Русі», кожны з якіх амаль на паўтары тысячы старонак!

Наш час прыносіць новыя поспехі ў вывучэнні сувязей ўсходнеславянскіх зямель са скандынаўскімі краінамі, якія мелі месца ў дахрысціянскую епоху, у час прыняцця хрысціянства, у пазнейшыя стагоддзі. Ужо згаданыя працы А. Прыцака змяшчаюць шмат цікавых матэрыялаў, якія ўзнімаюць гіпотэзу скандынаўскай хрысціянізацыі славян. Скандынаўскія народы, у пошуках новых тэрыторый пражывання, імкнучыся да асваення новых зямель, да адкрыцця новых шляхоў зносін, якія б забяспечвалі выгодныя ўмовы гандлю, спачатку скіроўваліся з поўначы ў бок Англіі. Пазней пачалі адкрываць для сябе землі, што ляжалі ўздоўж водных артэрый, – Паўночнай і Заходняй Дзвіны, Дняпра і інш. У часы Зарубінецкай культуры – першыя стагоддзі першага тысячагоддзя – паміж землямі, што цяпер лічацца тэрыторыяй усходніх славян, і заходнееўрапейскімі тэрыторыямі ўсталяваўся для зносін праз Балтыку так званы бурштынавы шлях. У апошнія стагоддзі першага тысячагоддзя актыўна засвойваўся Вялікі Усходні шлях, які атрымаў назву шляху з варагаў у грэкі.

Паказальна, што ў працы Прыцака «Походження Русі» рэгулярна згадваецца горад Полацк. Пры гэтым гаворка ідзе яшчэ і пра раку Палату, полацкую зямлю, полацкую дынастыю, Полацкае княства, палачан. Шырока сустракаюцца розныя варыянты назвы Паўночнай Дзвіны – Віна, Veina, Daugava, выкарыстоўваюцца такія тапанімічныя назвы, як Дзвінскі лес, Дзвінскі Астрог. Неаднойчы ідзе гаворка пра Дзвінскі гандлёвы шлях як адзін з двух вядучых накірункаў з Поўначы на Поўдзень: «з Рыжскага заліва праз Заходнюю Дзвіну, Полацк, далей пераходзілі на раку Касплю, затым праз раку Вольшу, каля Смаленска, выходзілі на Дняпро». Гэтым і тлумачыцца, падкрэслівае Прыцак, частае згадванне Полацка і Смаленска ў старанардычных крыніцах. Паміж усімі іншымі вартымі нашай падзякі «беларусазнаўчымі» экскурсамі Прыцака адзначым яго пераклады тэкстаў двух стараскандынаўскіх саг – «Татра пра Торвальда» і «Крыстні сага» («Аповед пра хрысціянізацыю царквы»). Мова ідзе пра дзейнасць у Старажытнай Русі ісландскага месіянера Торвальда Кодрана (ці Кодрасана, ? – пасля 1002 г.). Лічыцца, што адзін з варыянтаў «Татра пра Торвальда» належыць пяру манаха Гунлаўга Лейўсана (памёр каля 1218 г.), другі быў створаны Стурлы Тордарсанам у сярэдзіне ХІІІ ст.

На падставе шматлікіх крыніц, прадстаўленых А. Прыцаком, можна ўдакладніць біяграфію Торвальда. Торвальд быў членам каманды караля Даніі Свейна Гаральдсана Вілабародага (гады праўлення: каля 984 – 1014). Прыняўшы хрост у Англіі, Торвальд вырашае з месіянерскай мэтай скіравацца ў родную Ісландыю, дзе яму, аднак, давялося сустрэцца з моцным супрацівам мясцовага язычніцкага насельніцтва. Вымушаны пакінуць родны край, Торвальд дае абет перад Богам дапамагчы пазнаць святло хрысціянскага веравучэння іншым народам. Місіянерская дзейнасць прынесла Торвальду шырокую вядомасць. Як запісана ў «Татры пра Торвальда», шматлікія народы ўспрымалі яго як пасланца Бога і абаронцу яго веры. Такім яго ведалі ў землях Грэцыі і Сірыі. Аднак найбольшай павагай і папулярнасцю ён карыстаўся ў Аўстравергу – землях на ўсход ад Балтыкі. Яго шанавалі ў Гардарыкі, па ўсёй Русі, дзе ён «па загаду канстанцінопальскага імператара быў пастаўлены над усімі каралямі». Ісландскія агіяграфічныя пісьменнікі лічылі Торвальда «візантыйскім назіральнікам за паводзінамі прадстаўнікоў рускай дынастыі». З «Крыстні сагі» даведваемся, што Торвальд разам з сябрам Стэўнарам Торгільсанам здзейснілі паломніцтва ў Іерусалім і Кансанцінопаль. Потым па Дняпры праз Кіеў – Кенунгард – яны падняліся на поўнач усходнеславянскіх зямель. Далей сага гаворыць наступнае: «Торвальд памёр на Русі непадалёк ад Палтэска. Яго пахавалі на ўзгорку ў царкве Св. Яна Хрысціцеля і назвалі святым». Каб пацвердзіць сапраўднасць звестак, у адпаведнасці з усталяванымі ў Скандынавіі правіламі, сага спасылаецца на аўтарытэтную крыніцу, на станцы Скальда Бранда: «Я быў там, дзе Хрыстос супакоіў Торвальда. Там яго пахавалі як святога на высокім узгорку, уверх па Дроўне, у царкве Св. Яна Хрысціцеля». Аповед пра Торвальда ў «Татры…» мае большую інфарматыўнасць. «Торвальд каля Полацка «пабудаваў ад самага фундаменту святы манастыр непадалёк ад сабора (высокай царквы), які быў пастаўлены ў гонар Яна Хрысціцеля, і адарыў яго землямі. І з таго часу манастыр называюць яго імем – абіцель Торвальда. У гэтым манастыры ён і скончыў сваё жыццё».

За Торвальдам замацавалася азначэнне Вандроўнік. Як прасачыла расійская даследчыца Г. Глазырына, існуе цэлы цыкл скандынаўскіх саг, аб’яднаных такой характарыстыкай галоўных герояў, дзе вандроўнікамі выступаюць тыя, хто здзяйсняў паломніцтвы ў Святыя месцы. Паказальна, што ва ўсіх гэтых тэкстах гучаць матывы беларускай зямлі.

Сагі ў звестках пра Торвальда Кодрансана дазваляюць суадносіць вехі яго біяграфіі з рознымі датамі. Так, Прыцак, спасылаючыся на факты з «сямейных саг», пазначае, што паломніцтва ў Канстанцінопаль Торвальд разам з Стэўнірам Торгільсанам мог здзейсніць каля 995 г. У «Крыстні сазе» пазначана, што Торвальд са сваім паплечнікам сустрэліся пасля знікнення Олава Тругвасана, які з 995 г. саў каралём Нарвегіі. Гэту фразу знікненне Олава можна зразумець не як дату смерці, а як час, калі Олаў пакінуў Русь, дзе ён перахоўваўся ад пераследу землякоў-нядобразычліўцаў паміж 968 і 977 гадамі. А гэта дае падставы выказаць меркаванне, што месіянерская акцыя Торвальда на Полаччыне магла па часе апераджаць дату хрышчэння Русі князем Уладзімірам.

Прыцак падкрэслівае вялікую ролю Торвальда Кодрансана ў пашырэнні хрысціянства на Русі. У той жа час даследчык адзначае: «Для гісторыка Усходняй Еўропы цікавым павінен быць той факт, што месіянер не абраў цэнтрам сваёй дзейнасці Кіеў, а аддаў перавагу гандлёваму гораду Полацку». Даследаванні саг даюць нам падставы меркаваць, што Торвальд бываў на Полаччыне неаднойчы. Ён мог упершыню трапіць у Полацк з поўначы, праз Балтыку. Яго месіянерская дзейнасць магла мець тут пэўныя поспехі. Прапаведванне хрысціянскага веравучэння было падмацавана і канкрэтнымі справамі – узвядзеннем манастыра і інш., што спрыяла ўзрастанню аўтарытэта Торвальда. Паломніцтва ў Ерусалім ён мог здзяйсняць і з Полаччыны, і са Скандынавіі, прычым рознымі шляхамі, у тым ліку і праз еўрапейскі захад. І пасля вяртацца па Дняпры, не спыняючыся ў Кіеве, у дарагія сэрцу мясціны, а менавіта – Полацкую зямлю. Дарэчы, нагадаем, што ў «Аповесці мінулых гадоў» зафіксаваны сведчанні тагачаснай славы Полацка. Полацкае княства мела тры галоўныя цэнтры – Полацк, Растоў і Любеч. «Другое /княжанне/ на Полоте, иже полочане. От них же кривичи, иже седят верх Волги и на верх Двины и на верх Днепра, их же град есть Смоленск; тут бо сидят кривичи. Таже север от них».

Заўважым, значнасць старанардычных тэкстаў для разумення нашай мінуўшчыны ўзмоцнена тым, што старажытны «Полацкі летапіс» страчаны, а «Аповесць мінулых гадоў» мала падае матэрыялу пра перыяд з 989 па 1014 гады. Абсалютную дакладнасць гістарычных звестак, змешчаных у скандынаўскіх тэкстах, знайсці цяжка: у іх паяднаны традыцыі міфалагічнага і рэалістычнага аповеду. З аднаго боку, мы не можам спасылацца на змешчаныя там звесткі як на цалкам даставерныя. З другога, як справядліва сцвярджаюць замежныя даследчыкі, мы не маем права і ігнараваць іх, успрымаючы як суцэльную фантазію.

Акрэсленая намі праблема пачала цікавіць і беларускі бок. Яшчэ ў 1961 г. у выданні «Божым шляхам» з’явіўся матэрыял пра Торвальда вядомай перакладчыцы, пасрэдніцы паміж англамоўным і славянскім светам Веры Рыч. Праўда, яе даследчыцкі допіс пра «ранняю святыню Беларусі» меў абмежаваную аўдыторыю. Артыкул В. Рыч і А. Белага пра Торвальда Кодранса апублікавала і БелСЭ, адкуль даведваемся, што, падзеі таго даўняга часу знайшлі адбітак у фальклоры беларусаў. Музейшчыкі і экскурсаводы Полаччыны сёння пачалі ўпісваць Торвальда ў кола сваіх знакамітых землякоў. Зразумела, гэта яшчэ толькі прыступкі да далейшых грунтоўных даследаванняў месца беларусаў на знакамітым шляху з варагаў у грэкі.

Працы вучоных з Расіі і Украіны шмат у чым могуць дапамагчы росшукам нашых спецыялістаў. Зрэдку пачалі ў нас з’яўляюцца газетные публікацыі, прысвечаныя славянскай даўніне. Так, «Наша слова» (3. ІХ. 2008) надрукавала нататкі пра скандынаўскія пачаткі хрышчэння беларусаў аўтара са Стакгольма А. Катлерчука, вядомага сваёй кнігай «Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў». Трэба назваць тут і выступленне ў «Краязнаўчай газеце» (2008, № 35) А. Прохарава. Далучаецца да тэмы «ЛІМ»: тут змешчаны цікавыя матэрыялы – «Ці быў князь Тур святым? » І. Масляніцынай і М. Багадзяжа (19. ХІІ. 2008) і «Карані шведаў на Беларусі» С. Макарэвіча (16. І. 2009). Захоплена быў успрыняты грамадскасцю цыкл тэлеаповедаў, падрыхтаваны каналам «Лад». Аўтары А. Матафонаў і Я. Новікаў у 2008 г. у некалькіх перадачах пад назвай «Лабірынты» (3. ІІ і 6. ІІ; 10. ІІ і 13. ІІ; 19. ІІ і 24. ІІ 2008 г. з наступнымі паўторамі) знаёмілі гледачоў з тымі звесткамі па роднай гісторыі, якія можна адкрыць для сябе, спазнаўшы гісторыю скандынаўскіх краін.

Не імкнучыся падаць «канчатковы і правільны» партрэт колішняга вобліку славян – а значыць і беларусаў – у люстэрку старажытнасці, мы падаем вынікі нашых абагуленых назіранняў за сучасным станам распрацоўкі тэмы ў нас і ў нашых суседзяў і заклікаем навукоўцаў і чытачоў да садумання і ўласных адкрыццяў саміх сябе на шырокай карце Еўропы.



Вялікае перасяленне славянскіх народаў. Гіпотэза пра Атылу як правадыра славян і князя кіеўскага.

Сённяшняя «дыслакацыя» славянаў у свеце звязана з Вялікім перасяленнем народоў, якое адбывалася на пачатку нашай эры. Пазначым у сціслым выглядзе характарыстыку гэтага працэсу. Маштабнае перасяленне пачалося паступовым перасоўваннем готаў з Прыбалтыкі на Украінскае Прычарнамор’е. Готы як адна з найбольш магутных сіл Еўропы захапілі на працягу некалькіх стагоддзяў землі паміж Ніжнім Дунаем і Балканамі, затым здабылі Рым, значную частку Галіі, а потым і Іспаніі. У выніку паходаў Германарыка германскія плямёны (вандалы, алеманы, бургунды, франкі, англы, саксы) засялілі агромністыя тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі. У развіццё такога хода гісторыі ўмяшаўся знакаміты Атыла... На VI – VII ст. прыпадае завяршальны этап Вялікага перасялення народаў. У гэтыя стагоддзі плямёны антаў, гепідаў, балгараў, харватаў, сербаў, авараў і інш. займаюць частку тэрыторыі Візантыі: славяне засяляюць уласныя землі, амаль увесь Балканскі паўвостраў і некаторыя вобласці Малой Азіі.

Хто ж такі Атыла? Сёння яго спрабуюць паказаць як легендарнага дзеяча, што стаяў ля вытокаў лёсу немалой часткі славянскай сям’і, у тым ліку ўкраінцаў і беларусаў. Арыгінальна і інтрыгуюча свежа прачытваецца адпаведнага характару інфармацыя ў нядаўна вернутай з забыцця працы А. Вельтмана «Атыла і Русь IV – V ст. » (яе адзінае асобнае выданне было здзейснена яшчэ ў 1858 г. у друкарні Маскоўскага універсітэта. Ва ўкраінскім перакладзе І. Білыка праца пра Атылу па частках друкавалася ў альманаху «Хроніка – 2000» за 1994, 1995 г. »). Да рэчы, Аляксандр Вельтман, адзін з тых, хто «засяліў» Атылу на кіева-дняпроўскія прасторы, быў аўтарам арыгінальнага рамана-эсэ, рамана-прытчы «Вандроўнік» («Странник»). Гэты раман убачыў свет у 1831 г. і быў прызнаны крытыкай лепшым творам года разам з «Барысам Гадуновым» А. Пушкіна. Вельтман паходзіў са шведскіх дваран, дзед яго пасля вайны Пятра І з Карлам ХІІ вымушана пасяліўся ў Рэвэлі (сённяшні Талін). Вельтман грунтоўна вывучаў матэматыку і геаграфію, даследаваў гісторыю, займаўся параўнальным мовазнаўствам. Ён вылучаўся выдатным веданнем скандынаўскіх старажытнасцей. Таму даследаванне Вельтмана і сёння мае велізарную навуковую вартасць. Украінцы ахвотна звяртаюцца да яго, бо, акрамя ўсяго іншага, канцэпцыі Вельтмана дазваляюць выводзіць пачаткі Кіева не з усталяванай даты ІХ ст., а куды з больш ранейшага часу, менавіта з ІV – V ст.

На процівагу шырока ўсталяванай думцы пра азіяцка-ардынскі радавод Атылы, Вельтман разглядае Атылу не як сына азіяцкіх стэпавых улусаў, не як «кару Божаю», якая трымала ў страху Еўропу, а як вялікага рускага князя, як абаронцу славянаў ад захопніцкай палітыкі готаў. Традыцыйна заходнія гісторыкі (і савецкія вучоныя, у тым ліку Л. Гумілёў) прагрэс і добрыя для старой Еўропы справы звязваюць з Гаем Юліем Цэзарам, руйнаванне Еўропы прыпісваюць Атылу. Атылу падаюць як «варвара». Аднак нагадаем, што слова «варвар» у старажытнасці выкарыстоўвалася найперш для абазначэння людзей нехрысціянскага веравызнання, яно не мела спецыяльнага адмоўнага напаўнення. Больш таго, паводле выказванняў сваіх сучаснікаў, Атыла быў мудрым дарадчыкам, спагадлівым да просьбітаў, чалавекам слова. Якраз Германарык і готскія верхаводы вызначаліся надзвычайнай жорсцкасцю. Больш таго, іхняя палітыка была скіравана на сутыкненне славян паміж сабою. Як пішуць даследчыкі, пад рукой Германарыка славянскія плямёны адно за другім станавіліся манкуртамі і лютымі ворагамі сваіх кроўных родзічаў. Атыла сапраўды вёў войны. Для перамогі магутнай сілы готаў, якія трымалі славянскі свет пад прыгнётам, патрэбны былі выключныя намаганні. І іх ажыццявіў Атыла. Ён перамог у многіх войнах, ён вызваліў славян з-пад готскага рабства. Атылу сплачвалі падаткі не толькі ўсе варвары, але і хрысціянізаваныя народы Еўропы, Рым, Візантыя.

Некаторыя даследчыкі і сёння прытрымліваюцца думкі пра гунскае паходжанне Атылы. Аднак заўважым, што гуны ў вачах старажытных візантыйцаў атаясамліваліся з русамі і скіфамі, славянамі. Месцам галоўнай стаўкі Атылы лічаць Дунайскія лукі. На гэтай мясцовасці, звязанай з уграмі-венграмі, знойдзены і некалькі адпаведных паданняў. Венгры гатовы прыняць Атылу ў сойм сваіх нацыянальных герояў. Аднак прыхільнікі ўсходнеславянскай біяграфіі Атылы яго тытулы «вялікага князя кіеўскага і ўсея Русі самадзержца» выкарыстоўваюць на пацвярджэнне яго сувязей менавіта з прыдняпроўскім Кіевам, а не страчаным на сёння мястэчкам Кіявец на Дунаі. Такія даследаванні абапіраюцца і на дагаворы Атылы з Візантыяй, дзе фігурыруе тапаніміка тэрыторыі Прычарнамор’я з боку Херсанеса Таўрыйскага (Крымскага). Вельтман, дарэчы, звяртае ўвагу на падабенства тэкстаў дагавораў з Візантыяй Атылы, князёў Алега і Ігара.

Пра славянскую вызваленчую місію Атылы пісаў Юры Венялін (Гуца), ураджэнец украінскага Закарпацця. Імя яго займае пачэснае месца сярод піянераў рускай балгарыстыкі. Даказваў рускасць гунаў славянафіл-еўразіец Д. Ілавайскі.

Безумоўную цікавасць мае Вельтман і для беларусаў. Аўтар даследавання пра Атылу карыстаецца рознымі працамі аўтарытэтных даследчыкаў па гісторыі старажытных народаў, дакументамі Візантыйскага пасольства, мастацкімі творамі, заходнееўрапейскімі легендамі, скандынаўскімі сагамі. Паводле Вельтмана, шырокі працэс перасялення народаў у Еўропе меў некалькі прычын. Сярод іх – вайна прыбалтыйскіх і забалтыйскіх славян з готамі-дакійцамі ў І ст. Гэта і недарод ды голад па ўсёй поўначы Германіі ў 4 ст., калі адбыўся выхад агромністай часткі насельніцтва ў пошуках новай бацькаўшчыны, у выніку чаго заходнія славяне (серба-лужычы) узмацнілі усходнюю частку Русі – тэрыторыі літоўскіх плямёнаў, прыдняпроўскія землі і Валынь, Карпаты. Вырашальнымі падзеямі неабходна лічыць і паўстанні супраць готаў славянскага князя Болеміра і інш.

Як пазначае Вельтман, готы, як і габрэі, жывучы распарошанай абшчынай, заўсёды знаходзіліся пад уплывам мовы народа, сярод якога жылі. Адпаведна, усе тагачасныя германскія і лацінскія ўласныя назвы мелі славянскія варыянты. Германарык у пісьмовых крыніцах праходзіць таксама пад імем Яраміра. Атрымаўшы ў спадчыну востраў Зеландыю, Германарык захапіў тэрыторыю многіх народаў поўначы. Далей ён падначаліў сабе ў цэнтры Еўропы народ герулаў-лугароў-лужычаў, знішчыўшы з іх большую палову. Наступным накірункам яго захопніцкай палітыкі сталі венеды і эсты. Готы, як піша Вельтман, «пчалінымі раямі абселі кантынентальныя землі Еўропы». Венеды, паводле Ёрдана, спачатку не схільныя па сваёй прыродзе да войнаў, былі найперш выдатнымі земляробамі. Аднак пазней пераўтварыліся ў такіх, што маглі здзяйсняць адчаяны супраціў. Само слова венеды для Вельтмана напоўнена зместам віна, вінаваты, тыя, хто павінен сплачваць падаткі. Дарэчы, чэшскі вучоны П. Шафарык у сваім знакамітым творы «Славянскія старажытнасці» падкрэсліў, што ў літоўцаў-жэмайтаў слова гот выклікала «лютую ненавісць». Жорскасць Германарыка, які валодаў ўсёй Германіяй і Скіфіяй, не магла не ўзняць славянаў на барацьбу. Спачатку яны пад кіраўніцтвам «цара кіеўскіх гунаў» Болеміра паўсталі ў 376 г. супраць остраготаў. Затым з-пад рабства готаў славянаў усёй Еўропы павёў за сабою магутны Атыла (438 – 454). Кіеўшчына засталася пад аховай Атылавага сына Данка.

Вельтман, на падставе паўночных і паўднёвых крыніц, паказвае, што пад Вялікай Руссю разумелася ўся Скандынавія, усе астравы Балтыйскага мора, паўвостраў Кембрыйскі, зямля венедаў. Вялікая Русь складалася з русінаў і гунаў. Русінамі гісторыкі называлі пераважна прыбалтыйскіх русаў, а гунамі – русаў паўднёвых. Назва рус на поўначы мела значэнне конь ці коннік. А гэта, у сваю чаргу, азначала: вялікі, знатны, дужы. У сагах яны gigas, athleta, што ў мове сучаснай гучыць як гігант, атлет. Пашыранай была ў той час і назва Wilzi – вільцы, вельцы, што азначала вялікія, ці тыя, хто з Вялікай Русі. Відавочна, так з’явіліся сучасныя ўсходнеславянскія словы: беларускае волаты, украінскае велетні, рускае великаны. Гуны ж сваёй назвай, паводле Вельтмана, абавязаныя словам quenae, chueni, kunae, guni, huni, ounnoi. Роднасныя гэты словы і з назвай горада Кіеў. Як піша сучаснік Пушкіна, «гунам, каб паўстаць супроць готаў, непатрэбна было прыходзіць з Азіі, яны даўно ўжо жылі ў Еўропе». А калі і сустракаліся ў некаторых старажытных аўтараў пазначэнне гуны для характарыстыкі стэпавых людзей, то гэта таму, што стэпавікі прымалі ўдзел у войнах на баку славян-русаў як іхнія падлеглыя, даннікі. Зрэшты, для візантыйцаў, якія глядзелі на землі русаў з поўдня, усе варвары-язычнікі, што засялялі землі, размешчаныя, як для іхняга ўспрымання, на поўначы, называліся спачатку скіфамі, затым сарматамі, затым гунамі, нарэшце – русінамі. Гунамі называлі славянаў Беда Венерабіліс і Саксон Граматык. У нямецкім фальклоры славяне дзейнічаюць як Huni. Адносіў гунаў да славян і знакаміты чэх П. Шафарык. Вельтману зрабіць больш выразнай сітуацыю з гунамі далі магчымасць паўночныя крыніцы, сярод іх – гранландскія квіды. Ён прыходзіць да наступных высноў. Пад назвай гуны продкі скандынаваў разумелі славян, якіх пазней пачалі называць віндамі, венедамі. Русь – краіна гунаў, яе здаўна называлі Hunegard, а горад Кіеў Kianuborg.

Адзначым прынцыпвую адвагу Вельтмана як вучонага. Навуковыя канцэпцыі яго працы пра Атылу, якая з’явілася ў друку ў 1858 г., ніяк не супадала, ці лепей сказаць – выразна кантраставала, з адзіна дазволеным імперскім падыходам, калі ўзнікненне Кіеўскай Русі звязвалася толькі з ІХ ст. Ды і ва ўсе наступныя дзесяцігоддзі, уключаючы і перыяд савецкі, панавала тэорыя А. Пагодзіна, паводле якой Кіеўская дзяржава разглядалася выключна як фармацыя велікарускай народнасці. Мы павінны быць удзячныя А. Вельтману і за тое, што ў сярэдзіне ХІХ ст. ён выразна гаварыў пра старажытную моц беларусаў. Вельтман прасачыў, што ў гістарычных тэкстах рускія князі згадваюцца з першых стагоддзяў нашай эры. Вялікая Русь, сцвярджае Вельтман, на падставе «Вількіна-сагі» і іншых твораў, складалася з Русі Халмаградскай і Русі Кіянскай. У вядомых нам тэкстах старажытнасці пад Халмаградам звычайна разумеецца сучасны Вялікі Ноўгарад. Аднак Вельтман падкрэслівае, што Холмская Русь, Ulma Rugia – гэта Беларусь. Скандынаўскі матэрыял сведчыць, што на пачатку ІІІ ст. у Халмаградзе правіў Алімір, сучаснік чэшскага князя Гано, эстскага князя Даго. У IV ст. рускі князь Яравіт (Hertvit, Hernit, Hervit) валодаў Палянскай зямлёй, уграмі і ўсімі ўсходнімі славянскімі землямі. Яму належалі Смаленск, Кіеў і Пултуск, сталіцай сваёю ён абраў Халмаград. Заўважым ад сябе, што пад Пултускам (і варыяцыямі гэтай назвы) заўсёды разумеўся Полацк! Спасылаючыся на гісторыка Алімпіадара, Вельтман піша: Яравіт-Charato, адзін з найбольш справядлівых гунскіх цароў, здзейсніў паўстанне супроць прыгнятальнікаў у 412 г.

Паводле сагаў, Яравіт перад смерцю падзяліў сваё царства паміж трыма сынамі. Астрой атрымаў у спадчыну венедскія землі, паўвостраў Кембрыйскі, Скандынавію і ўсе навакольныя астравы. Сыну Уладзіміру Яравіт даў Русь Халмаградскую і Польскую зямлю. Трэці, Алег, стаў князем Кракаўскім. Астрой узяў за жонку дачку кіеўскага князя Мілаша. Іхняя дачка Эрка стала жонкай Атылы, які пасля смерці Мілаша быў абраны кіеўскім князем. Такім чынам, Атыла належаў да кіруючай дынастыі князёў Русі. «Вількіна-сага» сведчыць, што бацькам Атылы быў правадыр фрагаў-варагаў. Вельтман паказвае, што само імя Атыла роднаснае такім формам, як ліцьвінска-беларускія Ягайла, Свідрыгайла. Імя Атылавага бацькі паводле Ёрдана, Мундзьо, Мундзіух, яно адпавядае добра знаёмай нам форме Міндоўг. У старажытных тэкстах да імя Атылы часам дадавалі яшчэ слова Манзухій. Вельтман лічыць патрэбным даць гэтаму наступнае тлумачэнне: падвойнае імя можна ўспрыняць як пазнанчэнне ўласнага імя і імя па-бацьку.

Атылу мы ўспрымаем як гістарычную асобу, і як культуралагічны феномен. Яго вобраз знайшоў адбітак у творах многіх мастакоў і пісьменнікаў Еўропы. Сучасны ўкраінскі аўтар Ю. Каныгін лічыць Атылу пляменнікам Кія, што заснаваў горад Кіеў. А. Вельтман на падставе скандынаўскіх саг піша, што Атыла быў зяцем кіеўскага цара Міла-Мілаша. І першы, і другі аўтары малююць Атылу як хрысціяніна, што вёў справядлівыя, вызваленчыя войны.

З розных пазіцый падаюць Атылу крыніцы, тэрытарыяльна звязаныя з Даніяй і са Скандынавіяй. Легендарныя варыяцыі звестак пра героя змяшчае знакамітая «Песня пра Нібелунгаў». Адным з лепшых узораў воінскай аповесці псеўдагістарычнага тыпу лічыцца польскамоўная «Гісторыя пра Атылу, караля Угорскага», надрукаваная ў Кракаве ў 1574 г. Існуе пераклад яе на старабеларускую мову. Сама «Гісторыя…» была створана прымасам Венгрыі Міклашам Олагам. Адсюль вынікае «венгерская» аснова твора: яшчэ ў ІХ ст. у свядомасць венграў актыўна ўводзілася адчуванне «тоеснасці мадзьяраў (венграў) і гунаў». Беларускія медыявісты В. Чамярыцкі і А. Бразгуноў справядліва бачаць у «Гісторыі…» спробы «падмены паняццяў», пераіначванне фактаў і датаў, якія былі Олагам зроблены свядома з мэтай упісаць Атылу ў гістрыю венграў. Пра Атылу пішацца і ў беларускай «Хроніцы Быхаўца». Атыла і сёння прыцягвае цікавіць славянскі свет: да яго вобразу звярнуўся ў аповесці «Славянскі світанак» сучасны польскі аўтар Р. Курьянчык. Магчыма, гэта невыпадкова, магчыма, славяне сапраўды крэўна звязаныя з Атылам, што сёння пацвярджаецца даследаваннем А. Вельтмана?.. Папулярнасць Атылы, легендарнага дзеяча Сярэднявечча, у літаратуры эпохі Адраджэння тлумачыцца пошукамі творцаў героя рэнесанснага тыпу, правадыра, які спадзяецца найперш на ўласныя сілы. У такім кантэксце звярталіся да паказу перамог Атылы і ў ХХ ст., накрэсліваючы паралелі паміж Атылай і Сталіным, а таксама і Гітлерам. Дыяпазон адлюстравання Атылавага характару – ад рамантызавана-тыранічнага да рэалістычна-філасофскага.

У сугучнасці з вельтманаўскай канцэпцыяй раскрываецца эпоха Атылы і гісторыя Кіева ў цікавым творы ўкраінскага пісьменніка Івана Білыка «Меч Арэя», які быў напісаны ў 60-я гады ХХ ст. Магчымасць данесці яго да чытачоў з’явілася толькі напрыканцы 90-х гадоў ХХ ст. Палітолагі, гісторыкі, літаратары атрымалі магчымасць адступіць ад той адзіна «правільнай» пазіцыі разумення Кіеўскай Русі, якая яшчэ пры царскім рэжыме, а пазней і ў савецкія гады, абавязвала разглядаць Кіеўскую дзяржаву як фармацыю велікарускай народнасці. Ды і пачаткі хрысціянізацыі Русі звязвалі толькі з асобай Краснага Сонейка князя Уладзіміра. І бачылі пры гэтым пераважна паўднёвы ўплыў хрысціянскага веравучэння на Старажытную Русь.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка