Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка2/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Этапы станаўлення Кіеўскай Русі. Сувязі дзяржавы з Еўропай.

На працягу VІ – VIІІ ст. саюзы аўтэнтычных мясцовых плямёнаў эвалюцыянавалі ў протадзяржаўныя княствы, якія сталі фундаментам фармавання дзяржаўнасці. У VIІІ – ІХ ст. паўстала дзяржава Русь увыніку пэўных палітычных калізій надплемянным цэнтрам дзяржавы стаў Кіеў.

Сёння адначасна з пашыранай здаўна легендай пра стварэнне горада Кіева братамі Кіем, Шчэкам, Хорывам і іхняй сястрою Лыбідзь суіснуе шмат гіпотэз, што звязваюць гісторыю горада з іншымі версіямі. Адзначым, што першае прагнастычнае выказванне пра паўстанне вялікага города на берагах Дняпра, паводле апакрыфічнага падання, узнікла яшчэ ў 55 г. н. э. Апостал Андрэй, які здзяйсняў падарожжа ўверх па Дняпры, убачыўшы прыгожыя мясціны, сышоў на бераг, асвяціўшы месца сваёй прысутнасцю. Менавіта тут і быў закладзены горад, якія стаў праваслаўным цэнтрам Усходняй Русі. Некаторыя даследчыкі выводзяць «біяграфію» Кіева з вельмі далёкай пары – ІІ ст. н. э., суадносячы горад з інфармацыяй пра Скіфію, пададзеную антычным географам Пталамеем, з іранскай назвай kivi, што абазначае горы. Месцам знаходжання іх аўтар пазначыў тэрыторыю на беразе Дняпра прыблізна ў шыротах сённяшняга Кіева. Іншыя вучоныя (Б. Грэкаў, Ю. Брайчэўскі), спасылаючыся на арабскія крыніцы, даводзяць, што існавала дзяржава антаў Куявія, цэнтрам якой у VІІ ст. быў Кіеў, а жыццедзейнасць рэальнага Кія звязваюць з часам праўлення аднаго з візантыйскіх імператараў – Анастасія (491 – 518), Юстыніана І (527 – 565) ці Іраклія (610 – 641). Нельга не згадаць і версію, высунутую польскімі гісторыкамі ў ХVІ ст., згодна з якой Кіеў яшчэ ў 420 г. выступаў як сталіца племені скіфаў-сарматаў. Звязваюць Кіеў і з часам магутнасці Хазарскай дзяржавы: цюркскае kiu азначае бераг ракі. Менавіта хазарская версія дала падставы Канстанціну Багранароднаму ў Х ст. (а ўслед за ім і іншым аўтарам) апісваць Кіеў пад назвай Самбатас, якая гучыць як імя брата хана Хазарскай дзяржавы Кубрата (Шамбат – Самбат). Увогуле ж сённяшняя навука аперыруе двума дзесяткамі гіпотэз пра ўзнікненне Кіева. І не апошняе месца сярод іх займае думка пра готскую «радаслоўную» Кіева. Ужо згаданы намі Йордан, апісваючы остраготскую імперыю Германарыха, існаваўшую ў ІV ст., называў венедаў сярод тых, хто падначальваўся Германарыху. У готаў горад Кіеў атаясамліваваўся з горадам Данпарстад – Дняпровы горад, які фігураваў і ў даўнескандынаўскіх сагах. Пасля падзення дзяржавы готаў Кіеў нібыта апынуўся пад уладай гунаў, пасля чаго ў частцы арабскіх прац з’явілася пазначэнне Кіева як Хунігард.

Не маючы падстаў аддаць перавагу нейкай версіі пра паходжанне Кіева і самой назвы горада, адзначым толькі, што пашыраны ў свеце ўсе версіі. Узятыя як з усходніх, так і з заходніх крыніц, яны атрымалі свае ўдакладненні праз армянскі, славянскі, яўрэйскі, пруса-літоўскі і іншыя варыянты. І, зразумела, чакаюць свайго далейшага вывучэння.

Трывалы працэс эканамічнай, палітычный і этнакультурнай кансалідацыі племянных саюзаў вакол Кіева існаваў да сярэдзіны ХІІІ ст. Хрышчэнню Русі, здзейсненаму князем Уладзімірам у 988 годзе, папярэднічалі многія звароты ўсходніх славян да хрысціянскай рэлігіі на працягу ранейшых дзесяцігоддзяў. Са старажытных дакументаў візантыйскага і арабскага паходжання прыйшлі да нас сведчанні таго, што кіеўскі князь Аскольд, які прэтэндаваў на тытул «цара», здзейсніў некалькі ваенных паходаў у Візантыю і ў 860 г. «каган» Аскольд і яго акружэнне прынялі хрысціянства. Вялікая кіеўская княгіня Вольга, якая пасля смерці свайго мужа князя Ігара больш дзесяці гадоў кіравала дзяржавай, падтрымлівала палітычныя і гандлёвыя сувязі і з Візантыяй, і з ужо згаданым заходне-рымскім імператарам хрысціянінам Оттанам І. У 957 г. княгіня наведала Канстанцінопаль і прыняла там хрысціянства. Паводле іншых крыніц, ахрышчана Св. Княгіня Вольга была ў Кіеве ў 955 г. Вялікі князь Уладзімір, унук княгіні Вольгі, ахрысціўся сам у 987 годзе, а ў 988 – 989 гадах увёў хрысціянства як дзяржаўную рэлігію Кіеўскай Русі. Рэлігійная рэформа дапамагла аб’яднанню вялікіх усходнеславянскіх тэрыторый.

Кіеўскі князь значна пашырыў і ўзмацніў граніцы Русі, ён ажыццявіў пераможныя паходы на поўдзень і поўнач, на захад, пабудаваў абарончыя крэпасці на мяжы кіеўскіх зямель і стэпавых качэўнікаў-печанегаў. Пры яго праўленні да складу Кіеўскай дзяржавы ўваходзілі Тмутаракань і Закарпацкая Русь, Пярэмышль і Чэрвеньскія гарады, якія знаходзіліся на берагах Буга і на якія прэтэндавалі ў ваенных сутычках Русь, Польша, Чэхія і Венгрыя. Князь Уладзімір ваяваў з вяцічамі, яцвягамі, радзімічамі, волжскімі булгарамі, харватамі і палякамі. Выконваючы дамову з візантыйскім імператарам, Уладзімір прыняў удзел у ваенным паходзе супроць балгарскіх сіл у Малой Азіі. Вядомыя ў Беларусі і яго змаганні з полацкімі князямі, у выніку якіх самастойная Полацкая зямля таксама была падначалена Кіеву.

Імкнучыся вывесці сваю дзяржаву на шырокія міждзяржаўныя палітычныя і эканамічныя сувязі, кіеўскі князь замацоўваў кантакты з суседзямі і па лініі дынастычных шлюбаў. Вядома, што Уладзімір быў неаднойчы жанаты – і гэта было абумоўлена не ў апошнюю чаргу палітычнымі меркаваннямі. – Праз свае дынастычныя шлюбы з дочкамі правіцеляў суседніх зямель – полацкай, чэшскай, грэчаскай, балгарскай – Уладзімір дамагаўся прызнання ў свеце. Апошняй жонкай Уладзіміра, з якою ён ажаніўся пасля смерці Ганны, дачкі імператара Візантыі, была ўнучка імператара Оттана І. У час праўлення Уладзіміра ў Еўропе былі тры наймацнейшых і найбольш уплывовых чалавекі: два імператары і папа. І з усімі імі Уладзімір Вялікі меў моцныя кантакты, у тым ліку і з папамі Іааннам ХV (985 – 996), Грыгорыем V (996 – 999), Сільвестрам ІІ (999 – 1003).

Пры княжанні Уладзіміра Вялікага (з 980 па 1015) Кіеўскай Русь стала магутнай дзяржавай. Па падліках польскага вучонага Г. Лаўмянскага, у 860-х гадах насельніцтва Русі налічвала не больш 400 000 чалавек. У выніку аб’яднання зямель у адзінай дзяржаве Кіеўская Русь прыблізна ў 1000 годзе займала тэрыторыю ў 1 100 000 кв. км., яе насельніцтва дасягнула 4 500 000 чалавек. Для параўнання прыводзіцца колькасць насельніцтва тагачасных Швецыі і Галандыі разам узятых – толькі 375 000, лічба, як бачым, значна меншая. Кіеўская Русь абдымала тэрыторыі ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні, ад ракі Сян на захадзе да берагоў Волгі і Акі на ўсходзе.

Цікава адзначыць, што сучасныя заходнееўрапейскія вучоныя, прызнаючы магутнасць Кіеўскай дзяржавы, асобу Уладзіміра Вялікага суадносяць з асобай Карла Вялікага. Як піша італьянскі даследчык Р. Пікіа, «асвячэнне грэка-славянскай інтэграцыі, пры ўсіх яе адметнасцях, аналагічна рымска-варварскаму сімбіёзу, які на Захадзе быў узаконены каранацыяй Карла Вялікага».
Традыцыйнае і новае ў асэнсаванні ўсходнеславянскіх каранёў. Моўна-філалагічныя і гістарычныя дыскурсы этымалогіі лексем «русічы» і «славяне».

Традыцыйна лічыцца, што станаўленне Русі і яе сцвярджэнне як вядучай сілы Усходняй Еўропы адбывалася, пачынаючы з 800-х гадоў. Аднак, на падставе якіх гістарычных рэалій ўзніклі і сама назва новаўтворанай дзяржавы, і назвы плямёнаў, якіх яна аб’яднала? Існуе шмат меркаванняў наконт паходжання слова русь. Скарыстаўшыся вопытам усходняй і заходняй філалогіі, вывучыўшы як даўнія арабскія, візантыйскія, аварскія, так і старажытнанямецкія, англасаксонскія, скандынаўскія тэксты, вучоныя прыйшлі да высновы пра існаванне русаў на геаграфічнай карце Еўропы яшчэ задоўга да іх паяўлення ў назве ўсходнееўрапейскай дзяржавы Кіеўская Русь.

Адна з апошніх гіпотэз, якую абгрунтоўвае акадэмік А. Прыцак, базуецца на думцы пра існаванне на цэнтральных і заходніх тэрыторыях Еўропы магутнай гандлёвай карпарацыі, якая мела назву Рус, Руція, Рутэнія. Яна зарадзілася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі І ст. на тэрыторыі кельтскай Рутэніі непадалёк ад сучаснага Радэза. Так, міжнародны прэстыж меў манетны двор з Радэзу. Археалагічныя раскопкі, а таксама і архіўныя матэрыялы сведчаць пра пашырэнне і грошай, і ганчарных вырабаў з Рутэніі – не толькі ў Рымскай імперыіі, разам з Фрызіяй і Англіяй, але і ў Даніі, Усходняй Германіі, Польшчы, Украіне… У слове-назве кампаніі корань з рэйнска-нямецкага -rus перайшоў у верхненямецкое -ruz, затым вынікла форма кельтскага варыянта -rut, якая ў старафранцузскай мове замацавалася як -rud, пазней rug-амі назваў насельніцтва Кіеўскай Русі Трырскі епіскап Адальберт, апісаўшы сваё падарожжа да княгіні Вольгі ў 961 – 962 гг.

Як падкрэсліваюць даследчыкі, даўняе аб’яднанне Рус не мела характару вызначанага этнасу, гэту фармацыю нельга лічыць этнічным утварэннем. Першапачатковыя русы прадстаўлялі сабою гандлёвую карпарацыю, якая пашырала сферы сваёй дзейнасці як на поўдзень, так і на ўсход ад свайго галоўнага месца лакалізацыі – Гальскай Рутэніі. Вызначальным фактарам аб’яднання пэўных слаёў насельніцтва розных плямёнаў у гандлёвую «імперыю» – людзей-русаў – быў іхні прафесіяналізм у канкрэтных галінах дзейнасці. Яны былі гандлярамі, маракамі-піратамі, ахоўнікамі і воінамі. Упершыню ў пісьмовых крыніцах рутэны з франка-германскіх зямель, а іх разумелі яшчэ як фрызаў і фламандцаў, з’явіліся ў сувязі з паходамі Цэзара, які «прыйшоў на бераг рутэнаў і ўбачыў востраў Брытанію». Выступіўшы таксама як пісьменнік, Цэзар пакінуў пасля сябе знакамітыя «Запіскі пра гальскую вайну». Ваенныя дзеянні Гая Юлыя Цэзара па заваяванню Галіі Трансальпійскай (сучаснай Францыі) адбываліся паміж 58 і 51 гг. да н. э. Гальскай сталіцай быў абраны горад Ліён, менавіта гэты горад зрабіўся галоўным вузлавым цэнтрам, які спалучаў у адзінае цэлае сістэму шляхоў зносін Рымскай імперыі з найбольш важкімі цэнтрамі Еўропы. Вядома, зручнымі шляхамі былі найперш водныя -- артэрыі рэк, воды сяродземнамор’я і мароў на захадзе і на поўначы. На тэрыторыю Галіі, а менавіта ў Рутэнію, перамясціўся цэнтр вытворчых кампаній. Галоўным пунктам іхняй дзейнасці стаў Сугадунум, з часам пераіменованы ў Rutena ці Rutenas, з гэтых формаў вынікла сучасная назва Rodez. Рутэны выступаюць ва ўэльскай версіі пра караля Артура, пра іх як пра даўніх насельнікаў Заходняй Еўропы пішуць Адам Брэменскі (Х ст.), брытанскі гісторык Джэфры Манмаутскі (пач. ХІ ст.) і інш. Тэрмін Рус існуе і ў мусульманскіх тэкстах (ал-Масудзі, ал-Якубі, інш). Паводле іх русы/лордманы (гіспана-лацінская форма ад норманы) засяліліся нападалёк ад Гіспаніі, якая тады была мусульманскай.

Слова русы выкарыстоўваліся старажытнымі аўтарамі на азначэнне кампаніі міжнародных негацыянтаў, якія са сваімі таварамі наведваліся ў Гіспанію, Рым, Канстанцінопаль і – праз Румынскае (Чорнае) мора і Харасанскае (Каспійскае) мора – завітвалі да хазараў. Але галоўныя шляхі іхнія праходзілі ў іншым, адваротным напрамку. Першае ўпамінанне русаў пад назвай склавінаў у дачыненні да Скандынавіі пазначана 512 г., калі племя герулаў з Дунайскіх далін, вяртаючыся на свае землі рачнымі шляхамі па Дунаю і Днястру, Вісле і Сяну, Одры, Шпрэі, Вісле, прайшло праз народ данаў. Праз Паўночнае і Балтыйскае мора гэта гандлёвая кампанія трапляла і ў Скандынавію, і ў землі, якія сёння лічацца тэрыторыямі беларусаў, рускіх, украінцаў. Такім чынам, сучаснае Русь звязанае з гальскім Руці, сярэднефранцузскім Русі, сярэднегерманскім Руцці, фінскім Руотсі.

Франкская хроніка «Бертынскія аналы» пад 839 г. апавядае пра тое, што візантыйскі імператар Тэафіл, фарміруючы пасольства ў краіну франкаў, узяў з сабою росаў, якія належалі да народу свеонаў – шведаў і перад тым прыбылі ў Канстанцінопаль, прысланыя сваім правіцелям з мэтай «наладжвання кантактаў», на самой справе -- як своеасаблівая тайная разведка. Рутэнская карпарацыя, маючы сувязі з рэйнскімі землямі, далучаючы да сваіх справаў фрызскіх партнёраў, скарысталася паслугамі скандынаўскіх вікінгаў. Адпаведна, прасочваецца сувязь паміж кельтскімі рутэнамі-рутамі і рутэнамі-русамі, якія фармавалі эпоху, што папярэднічала ўзнікненню Кіеўскай Русі. З пачаткам 800 гадоў прадстаўнікі магутнай гандлёвай кампаніі Рус, пусціўшы карані ва Усходняй Еўропе, «расчыніліся» у мясцовым насельніцтве.

Яшчэ раз звернем увагу, што тэрмін Рус даследчыкамі разумеўся не як этнікон, а як nomen, назва прафесійнага саюза. Фабрыканты шукалі месцаў збыту свайго тавару і аб’ядноўваліся з купцамі-гандлярамі, наймаючы сродкі перасоўвання і, зразумела, ахову. Так утварыўся, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, прамыслова-вайсковы комплекс еўрапейскага масштабу, у якім русы выконвалі шматлікія функцыі. Праз сувязь з воднымі шляхамі іх часта ўспрымалі як марскі народ.

Адначасна з Русамі ў Еўропе дзейнічала яшчэ другая гандлёвая карпарацыя, якая па размаху дзейнасці супернічала з імі, называлася яна Раданія. Існаванне многіх факторый Раданіі, якая была створана яўрэямі, зафіксавана ў вялікай колькасці тэкстаў арабскіх аўтараў, у сіцылійскіх дакументах. Этымалогію назвы можна выводзіць ад лацінскага veredarius>redarius, што азначае пасланец, кур’ер, можна ўбачыць у ім як аснову перскае слова раг-дан, што ўспрымаецца як той, што знае дарогі. Археалагічныя адкрыцці дазволілі ўстанавіць гандлёвыя шляхі купцоў і Русі, і Раданіі. Маючы сваім галоўным асяродкам тэрыторыю ўздоўж французскай ракі Рона, Раданія здяйсняла гандлёвыя аперацыі на міжнародным узроўні паміж Захадам і Усходам. Пункцірна адзін з яе шляхоў можна вызначыць наступным чынам: Раданія праходзіць Гіспанію, апынуўшыся ў паўднёва-усходнім Марока, накіроўваецца ў Туніс, потым працягвае свой маршрут праз Егіпет, Азію. Дасягнуўшы Усходняй Еўропы, Раданія, трапіўшы ў Волга-Донскі басейн, адкрывае для сябе Хазарыю – прыблізна ў 60-70 гг. VІІІ ст. Цесныя сувязі Раданіі з Хазарскай дзяржавай, дзе яшчэ з грэка-рымскіх часоў існавалі яўрэйскія калоніі, спрыялі пашырэнню сярод хазараў іудаізму, носьбітамі якога былі яўрэйскія купцы. Раданія пракладвала гандлёвыя шляхі па моры, і па сушы, дабіралася далёка на Усход, кантактуючы -- дастаўляючы тавары і адпаведна вывозячы адтуль тавары -- нават з Манголіяй, Кітаем, Індыяй. Такім чынам, Раданія, створаная ў хрысціянскай Еўропе, мела партнёраў ледзь не па ўсім свеце. Яе функцыянаванне адбывалася тады, калі ўзнікненне ісламу яшчэ не стварыла бар’еру паміж Усходам і Захадам. Яўрэі, прытрымліваючыся палітычнага нейтралітэту, з лёгкасцю перасякалі межы паміж хрысціянамі і мусульманамі.

Прадпрымальніцтва Раданіі, як і карпарацыі Русь, патрабавала надзейнай аховы. Як сведчаць энцыклапедычныя працы арабскіх аўтараў, Раданія выкарыстоўвае як вайсковую сілу ўсё тых самых склавінаў, пра якіх згадваецца і ў працах пра гандляроў-рутэнцаў.

Назва славянін з’явілася ў працах гісторыкаў, створаных на грэчаскай, сірыйскай, лацінскай мовах, у сярэдзіне VІ ст. Менавіта ад прарымскага острагота Йордана з Мезіі, напісаўшага ў 551 г. дзве кнігі «Гетыка» і «Романа», вучоныя запазычылі разуменне трохчасткавага складу славян. І сёння пашыраецца думка пра тое, што паўночныя і ўсходнія славяне -- venethi, паўднёвыя славяне -- sklaveni, усходнія славяне -- antes. Йордан быў сведкам тых падзей, калі яго родныя мясціны ў Мезіі (ці Панонія), колішняе пасяленне гетаў, а патым готаў, апынуліся пад уладай склавінаў. Пры жыцці Йордана арганізм «славяне», які з часам будзе мець агульнасусветнае значэнне, быў у працэсе стварэння. Германская мовай ён называўся Vinid, у візантыйскай культурнай сферы Sklavin, пазней ісламскі свет назваў іх ас-саклабамі. Протабалгарскае слова saglaw>sglaw, у множным ліку sglaw-in, трансфарміравалася. З часам складанае спалучэнне зычных sgl перайшло ў скарочанае сл, урэшце атрымалася сучаснае гучанне і напісанне -- славяне. У першасным сваім варыянце слова мела два значэнні: 1) ахова, вартаўнікі, старожа; 2) навучаныя нявольнікі. Дзякуючы Йордану мы можам зразумець, што тэрмін гэты спачатку не меў ані этнічнага, ані лінгвістычнага значэння: склавіны азначалі арганізацыю.

Венеды, склавіны, анты былі задзейнічаны, як мы ўжо адзначалі, і ў Русі, і ў Раданіі. Іх інстытут складаўся з бяднейшага насельніцтва, а таксама рабоў. Ён папаўняўся з ліку людзей, якія былі альбо рэкрутаваныя (нанятыя з асяроддзя вяскоўцаў) на службу, альбо ўзятыя у палон, альбо купленыя ў рабства. Адпаведна, яны былі прадстаўнікамі розных плямёнаў. Пра гэта сведчаць працы многіх аўтараў як найдаўнейшага, так і пазнейшага часу. Склавіны фарміраваліся як выдатна арганізаваная вайсковая сіла, месцам іх першапачатковай лакалізацыі вызначылася тэрыторыя ля вытокаў Дунаю. Падобныя функцыі, як і склавіны, выконвалі анты і венеды, якія, заўважым, у параўнанні са склавінамі маюць больш даўнюю гісторыю ўзнікнення. На выпрацоўку асноўных адметнасцей складвінаў уплывалі іхнія аб’яднанасць і замкнутасць: вайсковыя атрады спецыяльна былі размешчаны ўздож граніц тэрыторый (прытым, з вонкавага боку), якія займала карпарацыя. Калі ж улічыць, што яны пастаянна знаходзіліся ў стане аднастайных трэніровак, то можна цалкам лагічна дапусціць, што ўсе гэтыя акалічнасці прыводзілі да лінгвістычнай асіміляцыі. Такія высновы, як справядліва заўважыў адзін з распрацоўшчыкаў разглядаемых тэорый, вядомы ўсходазнаўца і славянавед А. Прыцак, могуць разчараваць лінгвістаў, але павінны дапамагчы гісторыкам зразумець працэс стварэння нацый у сярэднія вякі.

Склавіны, анты і венеды ўвайшлі ў даўнейшую гісторыю як воіны, якіх спецыяльна рыхтавалі для адпаведных мэт – абароны і штурму, яны былі фізічна моцныя, абвучаныя і спрактыкаваныя. І што яшчэ вельмі важна – умелі рабіць выдатныя сродкі перасоўвання па вадзе. Найбольшай вытрываласю вызначаліся анты і венеды. Асаблівая ўнікальнасць склавінскіх ваенных злучэнняў была яшчэ і ў тым, што яны ўяўлялі сабою дэсантныя атрады, прыстасаваныя да партызанскай вайны як на сушы, так і на водных прасторах, рэках, марах. Карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, іх не без падставаў называюць марскімі пехацінцамі свайго часу.



Анты існавалі ў сістэме аб’яднанняў востраготаў, протабалгараў і авараў. Яны лічыліся элітным войскам. У корань назвы закладзена Antai -- слова іранскага паходжання. Зместавае напаўненне яго – мяжа, край, той, што стаіць на краю, магчыма, і пагранічнік. Відавочна, некаторыя з названых акалічнасцей (паўднёвы накірунак размяшчэння, зместавы кампанент край) даюць падставы сучасным украінцам успрымаць сябе нашчадкамі антаў. Слова венеды, роднаснае старагерманскаму Vinid і даўнянардычнаму vinr, магло разумецца ў старажытнасці як таварышы з кола воінаў. Ужо згаданы намі Йордан падае напісанне гэтай назвы як Viuidari, дзе -ari, калі яго выводзіць з лацінскага variі, можа азначаць розныя. Такім чынам, можна прасачыць за словам венеды наступны сэнс: розныя абаронцы таварышаў з кола воінаў. Калі ж узяць да ўвагі, што месцам іхняга знаходжання Йордан пазначыў берагі Балтыйскага мора і ракі Віслы, і ўлічыць тое, што ў вызначэнне венедаў гісторык залажыў слова са зместавым напаўненнем розныя, можна прыйсці да высновы, што венеды разумеліся не як этнічнае ўтварэнне, а як народ, што быў сабраны з некалькіх плямёнаў. Венеды, побач з прыбалтыйскімі геруламі-скандынавамі, балтыйскімі эстамі, прысутныя ў готскім эпасе. Старажытныя крыніцы сведчаць, што ўсе разам названыя плямёны былі падначалены остраготскаму каралю Германарыху, які памёр каля 375 г. Лічыцца, што венеды тэрытарыяльна (і гістарычна?) блізкія сучасным беларусам.

Зусім верагоднымі гучаць меркаванні пра тое, што ў сумарнай арганізацыі склавінаў людзей, розных па месцы нараджэння і па гаворцы, павінна было б аб’ядноўваць слова. Вельмі спакусліва ўбачыць адзіны корань у словах славяне і слова. У асяроддзі склавінаў – будучых славянаў -- і выпрацоўвалася славянская мова. Як лічаць навукоўцы, найстарэйшая агульнаславянская мова, якая паддаецца рэканструкцыі, вельмі блізкая да вядомай нам царкоўнаславянскай мовы, нарматыўная форма якой суадносіцца з ІХ ст.

З адзначанага вышэй можна зрабіць выснову, што склавіны-славяне прыходзілі на землі Усходняй Еўропы і з поўдня, і з поўначы. Менавіта таму ў розных крыніцах можна сустрэць даўнія геаграфічныя назвы з кампанентам Sklavin, якія выкарыстоўваліся на пазначэнне і паўднёвых, і паўночных тапаграфічных рэалій. Так, склавіны-сакалібы былі на Дунаі. Як склавінскія рэкі пазначаны Волга, Дон, Сіверскі Данец. У арабскіх тэкстах рабы славянскага, угра-фінскага, германскага паходжання маюць назву сакалібы. І водны шлях па Волзе і Дону ў іх аўтараў мае назву Nahr as Sagaliba – Галоўны шлях рабоў. У той жа час, заўважым, што склавіны былі на берагах Заходняга акеану, пад якім разумелася Варажскае -- Балтыйскае мора, якое таксама называлася арабамі як склавінскае-сакалібскае. Крыніцы сведчаць, што тэрміны Склабнвія/Склабівія/Склаўівія/ (і да іх падобныя) ніколі не абазначалі этнічнай супольнасці, а выкарыстоўваліся для пазначэння «усякага месца, занятага склавінамі». Тэрмін славяне ніколі не выкарыстоўваўся для самаідэнтыфікацыі ніводным з «протаславянскіх плямёнаў».

Як бачым, у старажытнасці паняцце склавінскае-сакалібскае адным са сваіх зместавых напаўненняў мела, побач з воін-ахоўнік яшчэ і Slavus-sklavus – Славянін-раб. Склавіны-воіны пакінулі свой след уздоўж гандлёвых шляхоў арганізацый Раданія і Русь, пашыраючы рынкі збыту і ахоўваючы тавары. Акрамя таго, карпарацыі за кошт нехрысціянізаванага насельніцтва хазараў і скандынаваў папаўнялі сваю абслугу, захопліваючы склавінаў-рабоў. Падкрэслім важкую акалічнасць: рабамі можна было зрабіць толькі насельніцтва іншай веры. Хрысціяне-русы, карыстаючыся таксама паслугамі скандынаваў-вікінгаў, адкрылі землі Вялікага Ноўгарада, Полацка, Кіева. Русь і (у меншай ступені) Раданія прыйшлі на абшары Усходняй Еўропы. І можна меркаваць, што новую веру язычніцкім плямёнам прыносілі і хрысціяне-месіянеры, і хрысціяне-купцы.

Відавочна, больш пашыранай у свядомасці нашых сучаснікаў, і канкрэтна – украінцаў, з’яўляецца версія, паводле якой слава Русь мае дачыненні да іранамоўнай культурнай сферы. Лічыцца, што падобнае імя маглі мець жыхары Сярэдняга Падняпроўя іранскага паходжання -- нейкая сармата-аланская група людзей з племяннога саюза антаў. Запазычынае з іранскай мовы слова ruxs> rox мае адпаведнае сэнсавае напаўненне – светлый, русый. Паўночнае Прычарнамор’е ў даўніх дацюркскіх і даславянскіх традыцыях успрымалася як краіна бялявых, светлых людзей.

Нагадаем, што пісьмовыя крыніцы зафіксавалі ўсходніх славян і пад словам rugі (Трырскі епіскап Адальберт) – ад назвы насельніцтва вострава Руген, што знаходзіцца ў Балтыйскім моры, і інш.

Няма адназначнай думкі і адносна тэрытарыяльнага размяшчэння тых плямёнаў, з якіх сфармаваліся ўсходнеславянскія народнасці. У «Аповесці мінулых гадоў» занатавана каля дзесяці назваў «славянскага роду». Археалагічныя даследаванні не змаглі поўнасцю пацвердзіць праўдзівасць «геаграфіі» аўтара аповесці Нестара. Будучы прыхільнікам свайго князя, Нестар, падаючы гістарычныя звесткі, часам ствараў інфарамацыю легендарнага характару, каб узвялічыць праўленне кіеўскага князя і сам горад Кіеў як цэнтр усходнеславянскага насельніцтва, сярод якога летапісец мэтанакіравана вылучаў палян.
Індаеўрапейскі корань украінцаў і беларусаў.

Здаецца, усе перакананы, што ХХІ век пазначаны найперш прагматычна-пазітывісцкімі праявамі. Аднак выявы ўзнёслага рамантызму – незнішчальныя! Парыванні ў пошуках аўтэнтычнасці нацый і народаў трываюць і сёння: рамантычнае і таямнічае заўсёды застаецца хвалюючым і прыцягальным. Доказам могуць паслужыць шмат найноўшых прац расійскіх і ўкраінскіх вучоных, звязаных з акрэсленай праблематыкай. Менш на гэтым шляху самапазнання выявілі сябе беларускія даследчыкі.

Дык як жа падыходзяць да свайго мінулага нашы суседзі ўкраінцы? Можна сказаць, што яны дзівосным чынам заглыблены ў славянскую старажытнасць. Варта назваць хаця б кнігу Ю. Каныгіна «Шлях аріїв» (Кіеў, 2003). Чытачы расцэньваюць яе як найбольш захапляльны аповед пра місію ўкраінцаў у свеце, іхнюю ўключанасць у сюжэты з Бібліі, у касмаганічныя міфы. Не выпадкова гэта кніга вытрымала ўжо каля дзесяці выданняў. Аўтар яе, будучы ў 70-е гады ХХ ст. вучоным сакратаром Сібірскага аддзялення Акадэміі Навук СССР, курыраваў буратскі акадэмічны філіял ва Улан-Удэ. Там Ю. Каныгін сустрэўся з тыбетскім ламай, які быў запрошаны буратскімі вучонымі для расчытвання амаль двухтысячагадовай даўнасці рукапісаў, вывезеных у гады рэвалюцыі ў Расію з Кітая. Дзякуючы аповедам ламы, які ў сябе на бацькаўшчыне прайшоў шмат стадый ініцыяцый, лічыўся найбольш «прасунутым» у спасціжэнні таямніц свету, Ю. Каныгін далучыўся да шырэйшага, чым гэта адбывалася сярод традыцыйных вучоных, азнаямлення з каранямі протаўкраінцаў. Вызначаючы мінулае ўкраінцаў, разумеючы іх як арыяў, Ю. Каныгін пастаянна спасылаецца, акрамя іншых крыніц, на тэксты ведыйскай літаратуры. Абапіраючыся на аўтарытэт ламы (альбо прыкрываючыся ім і выкарыстоўваючы вобраз ламы ў кантэксце сваіх разважанняў як своеасаблівы мастацкі прыём), Ю. Каныгін падае Кіеў як адзін з галоўных, услед за Іерусалімам, «пупаў зямлі». Разглядаючы маральныя, інтэлектуальныя, тэхналагічныя перадумовы развіцця сучасных цывілізацый, ён бачыць за Украінай ролю духоўнага цэнтра ўсяго славянскага свету. Пра Беларусь у гэтай кнізе згадваецца толькі тады, калі гаворыцца пра геапалітычныя рэаліі сённяшняга часу…

Паказальнай для высвятлення індаеўрапейскага кораня ўкраінцаў і беларусаў мажна лічыць працу С. Налівайкі «Варшава: загадкова назва польської столиці у світлі балто-українсько-індоарійських фактів» (Кіеў, 2006). Мэта даследавання С. Налівайкі цікавая. Ён праводзіць паралелі паміж «індыйскімі ядавамі і летапіснымі яцвягамі», «індыйскімі сатватамі і данавамі» – з аднаго боку і «балтыйскімі судавітамі і дайновамі» -- з другога. Карыстаючыся тэкстамі з «Рыгведы», «Вялесавай кнігі», «Рамаяны», «Махабхараты», С. Налівайка прыходзіць да высновы, што калі ведыйскія плямёны вырушылі з Паўночнага Прычарнамор’я ў Індыю, частка іхняга насельніцтва засталася на нашых землях і «прыняла ўдзел у этнагенезе балтыйскіх і славянскіх народаў, сярод іх – украінскага і польскага». Думка гэта не новая, на яе абапіраюцца розныя даследчыкі. Аднак нагадаем тут змест міфу, узятага са старажытных ідыйскіх эпічных паэм, які пакладзены ў аснову разважанняў менавіта названага ўкраінскага аўтара. У цара Яяці было пяцера сыноў. Двое ад законнай жонкі Дэваяні, гэта – Яду і Турвашу. Трое -- ад пазашлюбнай жанчыны Шарміштхі, гэта -- Ану, Друх’ю і Пуру. Дзеці, паколькі народжаныя ад розных жанчын, хаця і родныя браты па бацькоўскай лініі, мелі розны сацыяльны статус. Лічыцца, што Яду і Турвашу прадстаўляюць брахманскі стан, бо маці іхняя паходзіла з роду жрацоў. Ану, Друх’ю, Пуру прадстаўляюць воінскі стан. За двужонства малады яшчэ Яяці быў пакараны: ён павінен быў рэшту свайго жыцця пражыць як зусім стары чалавек. Аднак, паводле міфу, цар мог быць выратаваны, калі б хто-небудзь з яго сыноў пагадзіўся прыняць на сябе наканаваную старасць як пакаранне. На гэты ўчынак зважыўся толькі Пуру. Адпаведна з гэтай акалічнасцю і вызначыўся лёс усіх братоў.

Канцэпцыя С. Налівайка наступная: «эпічны пераказ пра цара Яяці і пяць ягоных сыноў можна ўспрыняць як пацвярджэнне на міфалагічным узроўні балта-славянскай еднасці». За племенем Ану аўтар канцэпцыі бачыць антаў, за Пуру -- палян і палякаў. Ацэнка паводзін братоў падказвае даследчыку міфу некалькі сілагізмаў. Так, Пуру за высакародны ўчынак павінен быць узнагароджаны ў будучыні ўзвышэннем свайго статусу і інш. Аднак, папрасіўшы ў чытача прабачэння за вялікую цытату, лепей не ў пераказе, а праз прамое цытаванне адлюструем погляд даследчыка на мінулае і будучыню тых народнасцей, якія склалі аснову беларускай нацыі. «Калі ядавы адпавядаюць яцвягам, то з імі па суседству жылі тураўцы, якіх можна суаднесці з турвашу, а Турвашу – родны брат Яду. Іншае ведыйскае племя -- друх’ю суадносіцца са славянскімі дрыгавічамі, дрыгвой, якія ў VІ – ХІІ ст. лакалізаваліся па Прыпяці і паўночней Дняпроўскага Правабярэжжа. Летапісы паведамляюць пра іх толькі тое, што мелі княствы, а галоўны іхні горад – Тураў; што ў Х ст. землі дрыгавічоў увайшлі ў склад Рускай дзяржавы і сталі асновай терыторыі Тураўскага і часткова Полацкага княстваў. Назву дрыгавічы традыцыйна звязваюць з дрыгва «топкае балота», што нібыта адлюстроўвае характар Дрыгавіцкай зямлі. Таму паказальна, што цар Яяці пракляў сына Друх’ю, калі той адмовіўся аддаць яму сваю маладосць: «Ты са сваім родам пойдзеш у месцы, дзе адзіным спосабам перасоўвання будзе човен альбо плыт. А сам ты будзеш у сваім племені не царом, а толькі павадыром». Далей, падагульняючы сказанае, С. Налівайка адзначае: «Гэтыя словы выключным чынам дакладна характарызуюць арэал, на якім акрэсліваюць дрыгавічоў старажытнарускія летапісы». Як бачым, даследчык абстрагіруецца ад праекцый у беларускую сучаснасць. І гэта не можа не выклікаць здзіўленне.

Зрэшты, за такой пазіцыяй можна было б убачыць праявы пэўнай навуковай карэктнасці аўтара: маўляў, не бяруся за тое, што «не ў маёй кампетэнтнасці». Аднак, усё-роўна застаецца незразумелым, чаму Налівайка згубіў у даўніх летапісных часах, пра якіх вядзе гаворку, племя крывічоў. Яны фігуруюць не толькі ў «Аповесці мінулых гадоў», на якую абапіраецца даследчык, але і ў аўтарытэтнай для яго «Вялесавай кнізе». Зыходзячы з «вялесавых» звестак, Налівайка вядзе размову пра Карову Замунь -- Карову-Зямлю -- як прамаці славян. Прабацька славян для даследчыка – Дажбог–Неба, які ўвасоблены ў вобразе быка, тура. Адсюль вырастае перакананне ўкраінскага даследчыка ў тым, што караўяны-кравенцы – гэта ўкраінцы. Карэнныя гукі кар-кра ён трансфармуе ва ўкр. Відаць, і нам не варта было б укліньвацца ў «чужыя праблемы», калі б не ўсё тое ж пытанне: а куды падзеліся крывічы? Бо, цытуем Налівайку: «Кравенцы – гэта і бычычы, і турычы». Прасачыўшы логіку далейшых думак даследчыка, перакажам іх коратка. Сярод пяці плямёнаў, ахопленых назвай кравенцы, пазначаны і барусы.



Спасылаючыся на польскіх лінгвістаў, Налівайка этымалогію кораня рус выводзіць ад славянскага слова прус, што нібыта выкарыстоўвалася на абазначэнне каня. Са свайго боку нагадаем, што акрамя версіі, Якой карыстаецца Налівайка, існуе шмат іншых гіпотэз аўтарытэтных даследчыкаў. Паводле адной з іх, слова рус узята з мовы скандынаваў. Для іх русыконі, ці тыя людзі, якія здольныя асядлаць коней. Скандынавы лічылі русаў дужымі, вялікімі. Адсюль і з’явіліся ва ўсходнеславянскіх мовах роднасныя словы велікан, волат, велетень. З цягам часу назва рус была перанесена скандынавамі на азначэнне народаў, што насялялі Усходнюю Еўропу.

Аднак вернемся да працы С. Налівайкі. Ён адшуквае сувязі паміж блізкімі паняццямі, перададзенымі рознымі словамі. Так узнікае ланцуг санскрыцка-балтыйскіх назваў, у якім санскрыцкі назоўнік vrish фігурыруе ў адным лексічным радзе са словам рос, рус, паколькі ўсе яны маюць аднолькавае значэнне – конь, бык, бычок, жарэбчык. А дзеяслоў vrish – азначае арашаць, заплодніваць. Адсюль зыходзяць усходнеславянскія раса і ураджай. Паводле С. Налівайкі, vrish перайшло ў vаrsh. Канчатковая выснова аформлена наступным чынам. Цытуем даследчыка: «Варша-Варш азначае «Прыналежны быку, Бычачы, Бычыны». Варша-Варш азначае бычыч, турыч. У множным ліку варшавасыны, нашчадкі, род Врышны-Быка. Варшаўцы-варшавічы і кравенцы-каровічы – семантычныя двайнікі, у іх аднольковыя значэнні – бычычы, турычы. Адсюль назва Варшава можа азначаць і «Быкаў-Тураў» і «Бычычаў-Турычаў» і «Горад бычычаў-турычаў», «Горад варшычаў-варшавічаў»…

Няма пярэчанняў – аўтар мае права на свой погляд, свае канцэпцыі, свой навуковы шлях. Аднак нам бачыцца ў яго высновах залішняя тэндэнцыйнасць. Чаму пры такім настойлівым акцэнце на ўсё, звязанае з паняццямі дрыгавічы, Тураў, турычы, няма адпаведнай гаворкі пра беларусаў? Паказальна, што «Вялесава кніга» пад этнонімам кравенцы размела і барусаў, і русаў. Улічваючы вялікі працэнт дапушчальнасці ў методыцы навукоўца, ці не лагічна было б выказаць меркаванне таксама пра суаднесенасць кравенцаў і крывічоў? Некаторыя пасажы ўвогуле выклікаюць моцнае здзіўленне. Каб поўнасцю захаваць аўтарскую аўтэнтыку, пададзім цытату не ў перакладзе, а на мове арыгінала: «Зважаючи, що санскритське r (і не лише початкове) на слов’янському грунті часто-густо стає l, перелік доповнимо суто слов’янськими прикладами: лоша-лошак-лошиця (рос. лошадь), лось, лис-лисиця тощо. Є і випадки, коли початкове r у словянских мовах зберігається: рись, рисак - «кінь» (санскр. vrishak), рус - «бик», яке бачимо в українському(?) прізвищі Білорус (падкрэслена аўтарамі гэтага матэрыяла)… Назва Русь – семантичний двійник назви Україна, а назва руси-русь – назви українців. Тобто словосполучення Україна-Русь різними лексичними засобами передає однакове значення – «Країна Бика-Тура», «Країна бичичів-туричів».

Як бачым, пытанняў з беларускага боку да названых даследаванняў паўстае шмат. Наўрад ці ўкраінскія аўтары захочуць шукаць на іх адказы. Таму адрасаваны яны не Ю. Каныгіну ці С. Налівайку, а ў першую чаргу нашым беларускім даследчыкам. Што ж датычыць украінцаў, то застаецца ім толькі падзякаваць за тое, што акрэсліваюць нам нашы задачы, хаця і парадаксальным чынам. Яны абуджаюць беларусаў да дзейнасці, міжволі закранаючы нашу душу і нашу самасвядомасць. І не лішне тут будзе нагадаць, што язычніцкі бог Вялес, у гонар якога названа «Вялесава кніга», добра знаны і ў Беларусі, і ў Скандынавіі. Вядомы астролаг П. Глоба, скіраваны «наднацыянальна», лічыць, што астральным татэмам Беларусі з’яўляецца Бык. А незабыўны Ул. Караткевіч, адкідаючы параўнанне абрысаў Беларусі на геаграфічнай карце з амерыканскім кляновым лістком, падказаў нам наступнае бачанне: тэрыторыя Беларусі нагадвае выяву буй-тура, нашага-такі беларускага Зубра. І таго самага Вялеса-Вала – бога плоднасці, дастатку, творчасці – маюць усе падставы лічыць сваім апекуном не толькі названыя народы, але і беларусы. Да рэчы, адна з узнагарод у нашай рэспубліцы за культурнае адраджэнне мае выяву керамічнай фігуркі Вялеса…

Як прадказвае наша беларуская даследчыца Т. Шамякіна ў манаграфіі «Міфалогія і беларуская літаратура», падмацоўваючы прагнозы пазіцыямі знакамітых вучоных -- прадстаўнікоў іншых нацыянальных школ М. Эліадэ, Д. Ліхачова, Г. Гадамера, культурная парадыгма ХХІ ст. будзе вызначацца ўзроўнем расшыфроўкі сусветных міфаў. Гэта тэндэнцыя стане найбольш прыкметным дасягненнем у гуманітарных навуках, бо «міфы – першадумкі чалавецтва». Перакананы, што на пазначанай геаграфічный прасторы даследчыкі проста не маюць права абыходзіць беларусаў. Зрэшты, ад нас саміх залежыць, каб беларускі этнас не быў адсунутым на маргінэз ад галоўнага вектара развіцця гісторыі.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка