Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка12/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

Канцэпт ІV. Шаўчэнка і Беларусь: некаторыя аспекты кантактна-тыпалагічных сувязей. Тэорыя і гісторыя пытання

Тарас Шаўчэнка – цэлая эпоха ў культурных сувязях беларускага і ўкраінскага народаў. Многія даследчыкі тэорыі і гісторыі літаратурных сувязей лічаць, што адзіным шляхам, па якім здзяйсняецца ўплыў адной літаратуры на другую, з’яўляецца мастацкі пераклад. Так, у прыватнасці, Я. Эткінд рашуча далучаецца да акадэміка М. П. Аляксеева, які заявіў: па-за перакладам не можа быць уплыву аўтара, што мысліць у формах іншай мовы. З няменшай катэгарычнасцю выказваўся і В. Брусаў: «Сапраўдны ўплыў на літаратуру робяць іншаземныя пісьменнікі толькі ў перакладах».

Гісторыя беларуска-ўкраінскіх адносін дазваляе пэўным чынам удакладніць і канкрэтызаваць такія выказванні. І перш за ўсё зняць з іх залішнюю катэгарычнасць. Толькі аднаму перакладу ўсе функцыі азнаямлення і творчага ўплыву могуць належаць пры ўмове, калі сувязі адбываюцца паміж літаратурна далёкімі і гістарычна не роднаснымі мовамі. У асобных жа выпадках уплыў можа ажыццяўляцца і па-за перакладам.

Для беларусаў Шаўчэнка сапраўды, кажучы словамі Янкі Купалы, “стаў бацькам мілым”. І ў беларускую літаратуру, у сэрца беларусаў ён увайшоў не толькі дзякуючы перакладам. Зразумела, што тыя яго пяць твораў, якія з’явіліся на пачатку ХХ ст. на беларускай мове, не маглі перадаць усёй глыбіні, ідэйнай скіраванасці, пафасу творчасці Шаўчэнкі. Кабзар загаварыў з беларусамі перш за ўсё на сваёй роднай мове. І яны пачулі і зразумелі яго. Па сведчаннях саміх пісьменнікаў, Купала, Колас, Бядуля і многія іншыя пазнаёміліся ўпершыню з творчасцю Шаўчэнкі праз украінскае выданне зборніка “Кабзар”. Як прыгадваў знакаміты фалькларыст Р. Шырма, “у Заходняй Беларусі пачатку ХХ ст. амаль кожны народны настаўнік меў у сябе на кніжнай палічцы “Кабзара” Т. Шаўчэнкі на мове арыгінала”. Чаму ж, нягледзячы на амаль поўную адсутнасць беларускіх перакладаў яго твораў, слова Кабзара стала такім шырокавядомым і любімым у асроддзі беларусаў? На гэтыя пытанні спрабаваў адказаць Якуб Клдас у артыкуле “Шаўчэнка і беларуская паэзія”, напісаным у 1939 г. да 125-годдзя з дня нараджэння Кабзара.

Перш за ўсё маладую яшчэ тады беларускую літаратуру з Шаўчэнкам яднаў высокі пафас творчасці пісьменніка, палкая любоў да роднага народа, нянавісць да прыгнятальнікаў, антыцарскія настроі, задачы стварэння нацыянальнай літаратуры. Тэма бацькаўшчыны і роднага народа, сум і журба ў ростані з імі, перададзеныя Шаўчэнкам з “незвычайнай сілай і эмацыянальнасцю”, гучаць таксама ў многіх вершах Купалы (“Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні”, “Мая малітва”, “Крыўда” і інш.). Сувязь творчасці Купалы і Коласа з паэзіяй Шаўчэнкі выяўляецца ў пэўнай тэматычнай падобнасці іх твораў, выкарыстанні агульных матываў (паэма Шаўчэнкі “Сон” і -- вершы Купалы “Перад вісельняй”, “І як тут не смяяцца”; “Думи мої, думи” Шаўчэнкі і -- “Да сваіх думак”, “Плачуць мае песні” Купалы і г. д.). Творчасць вялікага Кабзара стала для маладых беларускіх пісьменнікаў невычэрпнай крыніцай майстэрства. Пра гэта выразна сведчыць паэтычная форма асобных твораў Купалы. Сваеасаблівы “каламыйкавы” рытм шаўчэнкавай паэзіі, багатая інструментоўка верша, унутраная рыфма, паралелізм, народнапесенная вобразнасць і сімволіка, такія стылёва-эмацыянальныя прыёмы, як іронія і сарказм, – усё гэта вызначае і творы Купалы, самага таленавітага вучня і паслядоўніка Шаўчэнкі.

Тэма “Тарас Шаўчэнка і Беларусь” даследавалася многімі беларускімі і ўкраінскімі літаратуразнаўцамі. Апрача шматлікіх артыкулаў, ёй прысвечаны грунтоўныя даследаванні П. Ахрыменкі, Б. Чайкоўскага. У большасці выпадках, як гэта і належала ў тыя часы, даследчыкі сцвярджалі, што “ад Шаўчэнкі беларуская літаратура ўспрыняла галоўным чынам выкрывальны пафас, гнеўны пратэст супроць прыгнятальнікаў”. Канешне, рэвалюцыйны дэмакратызм Шаўчэнкі не мог не аказаць уплыў на сацыяльна-вызваленчыя ідэі беларускай літаратуры, у грамадстве ўвогуле. Нездарма Купала пісаў:

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца

На кобзах людскіх душ твой грае “Кабзар”,

У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы

Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

І ўсё ж Шаўчэнка на пачатку ХХ ст. стаў для беларусаў перш за ўсё званаром нацыянальнага адраджэння. Беларускай літаратуры пазычаць сапраўдны дэмакратызм і сацыяльную завостранасць не трэба было ніколі. Беларускіх пісьменнікаў – “косць ад косці і плоць ад плоці свайго народа” (М. Багдановіч) – пратэставаць супраць сацыяльнай несправядлівасці штурхала само жыццё. Апрача таго, тут пазначыўся ўплыў перадавых рускіх пісьменнікаў. Словы І. Франка, што творы рускай літаратуры “мучили нас, зачіпали наше сумління, пробуджували любов до бідних і покривджених”, з поўным правам маглі сказаць пра сябе і беларускія літаратары на пачатку ХХ ст. Вакантным заставалася месца паэта-трыбуна, які мог заклікаць беларусаў адначасова да актыўнага нацыянальна-вызваленчага змагання. Такім паэтам на першым, самым пачатковым этапе станаўлення нацыянальнай свядомасці стаў Тарас Шаўчэнка.

У 1911 г. у артыкуле “Памяці Тараса Шаўчэнкі” А. Бульба пісаў: “Шаўчэнка тым дарагі для нас, беларусаў, што ён ужо больш як паўстагоддзя таму выказаў тыя самыя думкі, якімі мы жывём цяпер. Не адзін з нас прабудзіўся, чытаючы “Кабзара”. Шаўчэнка нам указвае, як ісці”. Як і ўкраінцаў, сваіх суродзічаў, Кабзар пачаў вучыць беларусаў, як выказаўся Купала, “любіць свабоду, родны край і мову”.

Заканамерна, што літаратура народа, адроджанага да духоўнага і культурнага жыцця, імкнецца да нацыянальнага самавызначэння, сцвярджэння ў форме роднага слова, без чаго яна і не мысліцца як літаратура нацыянальная. У беларускіх літаратараў жаданне тварыць на сваёй роднай мове ў значнай ступені прадвызначалася знёмствам з творчасцю Шаўчэнкі. “Нацыянальнае абуджэнне” адбывалася як праз непасрэдны ўплыў Шаўчэнкі, так і праз апасродкаваны. Так, Ф. Багушэвіча як беларускага паэта сфармавала Україна, і перш за ўсё творчасць Шаўчэнкі. У сваю чаргу, Багушэвіч аказаў уплыў на Купалу. Вядома, што Купала пачынаў творчасць на польскай мове, але знаёмства з аўтарам “Дудкі беларускай”, як пазней прыгадваў сам паэт, “канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызванне – служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца”.

Першыя вершы Коласа, чалавека, выхаванага на традыцыях пісьмовай рускай культуры, узніклі пад непасрэдным уплывам І. Крылова і А. Пушкіна і былі напісаны на рускай мове. Да творчасці на беларускай мове Коласа схіліў яго настаўнік з Нясвіжскай семінарыі Кудрынскі, які добра арыентаваўся ў развіцці нацыянальных славянскіх літаратур. Кудрынскі сам друкаваў матэрыялы, прысвечаныя ўкраінскаму казацтву, выкарыстоўваючы вялікую колькасць гістарычных крыніц, такіх як працы М. Максімовіча, П. Куліша, М. Лысенкі, М. Драгаманава і інш. Настаўнік выдатна ведаў не толькі Шаўчэнку, але і ўсю ўкраінскую літаратуру, культуру наогул. “Прыклад” Шаўчэнкі відавочна і меў на ўвазе настаўнік, распачынаючы гутарку са сваім вучнем.

Для нацыянальнай літаратуры вельмі важна ўсвядоміць непарыўнасць гісторыі роднага народу. У найцяжэйшыя часіны пісьменнікі заўсёды звярталіся да гераічных старонак свайго мінулага: яны павінны былі натхняць людзей, весці іх да новых здзяйсненняў на шляху да светлай будучыні. Падобнасць ідэйна-творчых пазіцый Шаўчэнкі і Купалы відаць у іх стаўленні да гістарычнага мінулага родных народаў, імкненні ўзвысіць, гераізаваць гэта мінулае, даць народу адчуць моцны грунт пад сваімі нагамі.

«Гайдамаки не воины—

Разбойники, воры,

Пятно в нашей истории…»

Брешеш, людоморе!

За святую правду-волю

Розбойник не стане,

Не розкує закований

У ваші кайдани

Народ темний, не заріже

Лукавого сина,

Не розібїє живе серце

За свою країну, --

спрачаўся Шаўчэнка са сваімі апанентамі.

З болем пісаў і Купала пра тое, што нашчадкі забываюцца пра слаўныя справы сваіх продкаў, не працягваюць іх вольналюбівыя традыцыі:

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло,

Ў курганах заснула,

Зеллем парасло…
Аднак не ў імя ідэалізацыі мінулага, як часам неабгрунтавана сцвярджалася ў беларускай крытыцы, звяртаўся беларускі паэт да фактаў гісторыі. Гаворачы пра мінулае, падкрэсліваючы, вылучаючы, тыпізуючы іх, Купала, як у свой час і Шаўчэнка, думаў і дбаў пра сучаснае яму грамадскае жыццё. Часам сучаснае і мінулае супастаўлялася і нават супрацьпастаўлялася. Аднак ніяк нельга лічыць, што ў гэтых выпадках паэт “па ўзору колішніх рэакцыйных рамантыкаў, што не хацелі бачыць грамадскага прагрэсу, намагаўся павярнуць кола гісторыі назад”. Усёй сваёй паэзіяй, усім сваім жыццём Купала імкнуўся сцвердзіць лепшае будучае, змагаўся за яго. Так, калі паэт заяўляе:

Я казак – не казак,

Што нагайкай свісціць,

А казак, што калісь

Знаў, як волю любіць!...

Што кароны пікой

І пасады ўстрасаў,

А законы крывёй

Самаўладцам пісаў, –

то наіўна было б тут, як і ў іншых творах Купалы, бачыць толькі ідэалізацыю сярэдневяковай казацкай вольніцы. Відавочна, Купала ішоў тут за Шаўчэнкам, яго распрацоўкай казацкай тэмы. У той жа час заўважым, што Купала абапіраўся і на праўду гісторыі ўласнага народа, бо ў слаўнай Запарожскай Сечы былі і беларусы, там існаваў нават асобны Мінскі курэнь як адміністрацыйная адзінка. Акцэнт супрацьпастаўлення, зроблены Купалам, узмацняе думку паэта. Праслаўляючы мінулае, ён асуджае сучаснае. Верш выкрывае разбой царскіх палкоў, што тапілі ў крыві паўстанцаў, душылі свабоду падчас рэвалюцый. Купала асуджае менавіт гэтых казкоў, якія нічога агульнага, апрача хіба назвы, не маюць з адважнымі, вольналюбівымі запарожскімі казакамі мінулых стагоддзяў.

У прыродзе мастакоўскага таленту Шаўчэнкі і Купалы – рамантычнае светабачанне. Апошнім часам, уводзячы творчасць беларускага Песняра ў сусветны кантэкст, яго творы разглядаюцца пераважна ў тыпалагічным супастаўленні з польскай, рускай літаратурамі (Г. Тычка, І. Багдановіч і інш.) і нават далёкай іспанаамерыканскай (В. Максімовіч). Аднак нельга не прызнаць, што разгляд беларускай літаратуры першай трэці ХХ ст. вельмі перспектыўны менавіта ў кантэксце дасягненняў украінскай літаратурнай класікі. Рамантызм Янкі Купалы і ўкраінская літаратура – пакуль што невычэрпная па сваёй глыбіні тэма.

Купала быў вучнем Шаўчэнкі ў выкарыстанні нацыянальнага фальклору ў плане ідэйным, сацыяльна-канцэптуальным. Відавочна, гэта меў найперш на думцы М. Горкі, які гаварыў, што не ведае іншага такога паэта, акрамя Купалы, у якога б настолькі поўна, настолькі пранікліва выявіліся творчыя прынцыпы Тараса Шаўчэнкі. Так, у рамантычный паэме “Бандароўна”, сюжэт якой запазычаны, як вядома, з украінскай гістарычнай песні, вобраз вольналюбівай сялянскай дзяўчыны Бандароўны рэзка супрацьпастаўляецца вобразу пана Патоцкага, што “на Украіне… з сваёй хэўрай гаспадарыць над бедным народам”. У паэме “Курган” стары гусляр і вяльможны князь знаходзяцца на розных палюсах чалавечай дабрачыннасці, па розныя бакі сацыяльнай мяжы. Паходжанне герояў, як і ў Шаўчэнкі, вызначае таксама характар іх учынкаў, абумоўлівае іх долю ў паэмах Купалы “Зімою”, “Нікому”, “Адплата кахання” і інш. Адзначым і іншую прычыну блізкасці Шаўчэнкі і Купалы. Яна – у агульнай народнапесеннай традыцыі беларусаў і ўкраінцаў, у падабенстве рытміка-інтанацыйнай структуры іх песеннага матэрыялу. І нельга не ўлічваць гэтыя акалічнасці, калі гаворым пра пашыранасць Шаўчэнкавых твораў у Беларусі. У гэтым і сакрэты той натуральнасці, прыроднасці, арганічнасці гучання твораў Шаўчэнкі ў перакладах на беларускую мову, сакрэты поспеху (у адрозненні ад рускамоўных узнаўленняў Шаўчэнкі) беларускіх перакладчыкаў вершаў і паэм Кабзара…

Аднак не будзем забываць, што Купалаву творчасць ад Шаўчэнкавай аддзяляе вялікі адрэзак часу. Канец ХІХ стагоддзя прынёс у развітыя літаратуры дасягненні рэалістычнага пісьма. Пачатак ХХ стагоддзя пазначыўся актыўным пранікненнем мадэрнізму. Не засяроджваючы ўвагу на неаднастайнасці рэцэпцыі мадэрнізму ў сучасным літаратуразнаўстве, падкрэслім, што мы зыходзім з разумення мадэрнізму як агульнай назвы літаратурна-мастацкіх тэндэнцый нерэалістычнага характару, калі не навука з яе ўтылітарна-рацыяналістычнай метадалогіяй, а менавіта мастацтва праз уласцівую творцу інтуіцыю выявіла сваю фенаменальную здатнасць пранікаць у патаемныя анталагічныя глыбіні душы чалавека. На ўкраінскай і беларускай глебах прыкметы мадэрнізму выявіліся, у прыватнасці, праз асаблівыя дачыненні ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў да ўласнага фальклору: адбыліся пошукі, якія рэалізаваліся ў культурна-стылёвым напрамку неарамантызму. На нашу думку, неарамантызм заходнееўрапейскага паходжання і ўсходнеславянскі неарамантызм мелі пэўныя адметнасці. Літаратуры народаў, якія не мелі дзяржаўнасці, у тым ліку ўкраінская і беларуская літаратуры, выпрацоўвалі ўласны эстэтычны імператыў мадэрнізму і рэалізоўвалі яго праз неарамантызм у адпаведнасці са спецыфічнымі выявамі нацыянальнай гісторыі.

Падкрэслім што ў ідэйным плане сферай пошукаў навейшага ўкраінскага мастацтва, а менавіта неарамантыкаў, былі нацыя, нацыянальна-вызваленчыя працэсы. І здзяйсняліся гэтыя пошукі не толькі ў анталагічнай і маральна-этычнай плоскасцях. На першы план неарамантыкі ўсё часцей выводзілі філасофская і эстэтычная канцэпцыі. І вельмі шырока карысталіся пры гэтым набыткамі нацыянальнага фальклору. Жаданне апеліраваць да вытокаў нацыянальных асноў, нацыянальнага самаўсведамлення прыводзіла пісьменнікаў да даследавання выяў нацыянальнай ментальнасці. Рэалізацыя адзначанага не магла адбыцца без увагі да вуснай народнай творчасці. Украінскае пісьменства пачатку ХХ ст. сцвердзіла навейшую практыку выкарыстання фальклору, якая адрознівалася ад тых прыёмаў фалькларызацыі, што былі засведчаны паэзіяй рамантыкаў сярэдзіны ХІХ ст., побытава-этнаграфічнай прозай другой паловы ХІХ ст. Так, збліжэнне фальклору і літаратуры ў перыяд рамантызму адбывалася вельмі актыўна на ўзроўні фальклорнай стылізацыі аўтарскага твора, арыентацыі яго на такія ўзоры вуснай народнай творчасці, як песня, балада, а таксама стварэнне, паводле фальклорных паданняў, гістарычных песень і дум, фантастычнай і гістарычнай аповесці і інш. Функцыянальны зрэз навейшага выкарыстання фальклорнай спадчыны раскрывае прыёмы неарамантызму. Тут назіраецца прынцыповае адмаўленне ад стылізацыі.

Пры запазычанні фальклорнага сюжэта неарамантыкамі спарадычна выкарыстоўваюцца прыёмы матывацыі. Найчасцей жа пры звароце да фальклорнай крыніцы ў аўтарскім мастацкім творы здзяйсняецца пераасэнсаванне фальклорных вобразаў, сімвалаў і сюжэтных ліній, напаўненне іх новым філасофскім зместам. Паэтычна трансфармаваны фальклорны вобраз набывае пад пяром неарамантыкаў новае гучанне. Гарманічнае адзінства фальклорнага і аўтарскага, пры належным выкарыстанні мастацкай ўмоўнасці, скіравана пераважна на стварэнне такіх вобразаў-характараў, якія раскрываюць лепшыя складнікі нацыянальнага менталітэту. Неарамантычны твор, выкананы таленавітым майстрам, мусіць перадаць чытачу ўнутраную перакананасць аўтара ў яго галоўных ідэйных пастулатах. Думка і пачуццё тут павінны ўяўляць адзінае цэлае. Фальклорны элемент дапамагае аўтару апеліраваць да свайго, генетычна абумоўленага, нацыянальна-сакральнага, спрыяе эмацыянальнай насычанасці, душэўнай узнёсласці, што ўрэшце-рэшт дае падставы гаварыць пра асаблівы пафас неарамантычнага твора.

На абшарах беларускага неарамантызму найбольш яскрава праступаюць постаці Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. Ва ўкраінскай літаратуры найпаўней прыкметамі неарамантызму на пачатку ХХ ст. пазначана творчасць Лесі Украінкі, Міхайла Кацюбінскага, Вольгі Кабылянскай, Марка Чарамшыны. Лесі Украінцы належыць і першае грунтоўае тэарэтычнае асэнсаванне неарамантызму. Цікавы прыклад назіранняў над асаблівасцямі неарамантычнага пісьма знаходзім у Івана Франко. Спецыяльна падкрэслім, што ўсе названыя майстры ўкраінскага мастацкага слова, як і беларускі Пясняр Купала, былі вучнямі Шаўчэнкі. Як таленавітыя вучні Кабзара, яны крочылі ў літаратуры з яго імем у сэрцы, яны спавядалі яго запаветы. У плане тэхнікі мастацкага пісьма яны ішлі наперад, не паўтараючы, а развіваючы ім зробленае. Характарызуючы мастацкі свет Янкі Купалы, І. Навуменка пазначыў, што нават там, дзе Купала карыстаецца рэалістычнымі сродкамі тыпізацыі, побач у яго заўсёды прысутны рамантызм. “Пры ўсёй сваёй шырыні, “універсальнасці”, усеабдымнасці муза Купалы настроена на “высокае”, рамантычнае, і гэтым “прызыўным” святлом даляў, гераічнымі акордамі барацьбы як бы падсвечвае ўсё, што пісаў паэт”. Засваенне вопыту рамантызму ў Купалы выяўлялася па-рознаму. З аднаго боку, можна ў асноўным пагадзіцца, што, скажам, у паэме “На Куццю” “раскрываецца і ў структуры, і праз прыёмы мастацкага абагульнення цесная сувязь з традыцыямі славянскага рамантызму, асабліва з А. Міцкевічам і Ю. Славацкім”. З другога боку, той “прастор для перспектывы, бязмежнага палёту думкі, фантазіі, мары” (І. Навуменка), якім пазначана творчасць Купалы, – гэта не класічны рамантызм, а палітра неарамантычнага пісьма. Нагадаем, у класічным рамантызме герой супрацьпастаўляецца варожай, бязлікай масе, натоўпу. Купалаўскі ж герой – “сумарны”, зборны, і не толькі ў лірыцы. Яго герой узвышаецца не над натоўпам, а над рэальнымі жыццёвымі абставінамі, ён непарыўна з’яднаны з народнай агульнасцю. Купалаўскае “прызыўнае” святло даляў” якраз і абумоўлена мастацкай сферай менавіта неарамантычнага. Неарамантычны імператыў абумовіў навацыі Купалы: аўтарская ідэалізацыя волі да перамагі, патэтычная гіпербалізацыя вядучых рыс характару героя.Падтрымка героя народнымі масамі, іхняя “агульнасць” таксама пацвярджаюць мадэрнісцкі характар Купалавага рамантызму.

Як лічаць сучасныя літаратуразнаўцы, у аснове беларускага мадэрнізму – “прага кампенсацыі непаўнаты нацыянальнага быцця” (В. Максімовіч). Тэма нацыянальнай “агульнасці”, нацыянальнай еднасці ўзнята Купалам не толькі ў лірыцы і ліра-эпічных творах. Клопат Купалы пра этнакультурную самаідэнтыфікацыю беларусаў гучыць і ў яго драматургіі. Прыклад – трагікамічныя сцэны ў “Тутэйшых”. У п’есе “Тутэйшыя” Купала выкарыстоўвае ідэйныя складнікі твора Тараса Шаўчэнкі “І мертвим, і живим, і не народженим землякам моїм на Україні і не на Україні моє дружнєє посланіє”. Шаўчэнка быў патрыётам, непахісным і нязломным. Велізарная любоў давала паэту права на знішчальны сарказм, калі мова ішла пра землякоў-інтэлігентаў ці тое ўкраінскае панства, што адмаўляліся ад роднай мовы, роднай культуры, а значыць – і ад роднага народа:

Німець каже: “Ви моголи”.

“Моголи! Моголи!

Золотого Тамерлана

Онучата голі”.

Німець скаже: “Ви слав’яне”.

“Слав’яне! Слав’яне!

Славних прадідів великих

Правнуки погані”.

Гэтак жа востра высмеяў Шаўчэнка “рэнегатаў, што адракліся ад роднай мовы, цураюцца і саромеюцца яе:

…Всі мови

Славянського люду –

Всі знаєте. А своєї

Дастьбі… колись будем

І по-своєму глаголить,

Як німець покаже,

Та до того й історію

Нам нашу розкаже…

Янка Купала, якога небеспадстаўна называлі «беларускім Шаўчэнкам», імкнучыся абудзіць нацыянальную самасвядомасць народа, таксама апеляваў да прыспанага сумлення сучаснікаў. З едкім сарказмам гаворыць ён пра пярэваратняў, «гладкіх панічкоў»:

То беларус, то палячок,

А чым папраўдзе – не згадаць.

Паслухай, гладкі панічок:

Пашто так скурай гандляваць?

Такога пярэваратня – Мікіту Зноска – на ўвесь рост паказаў Янка Купала ў камедыі «Тутэйшыя». І Шаўчэнка, і Купала ў названых творах у цэнтр увагі ставяць агідную з’яву канфармізму, усюдыіснага прыстасаванства. У Купалы мінскі службовец Зносак, у залежнасці ад палітычных акалічнасцей, становіцца то Знасілавым, то Знасілоўскім. Дзеянні персанажа абумоўлены кан’юнктурнымі меркаваннямі, і мяняе ён сваё прозвішча, атрыманае ад дзеда-прадзеда, у імя магчымай кар’еры, у імя “рангаў і класаў”. У Купалы, згодна з гісторыка-палітычнай сітуацыяй, герой дэзарыентаваны канчаткова, бо на працягу ахопленага ў п’есе падзейнага часу ўлада сістэматычна пераходзіць з рук у рукі чыноўніцкага апарату – расійскага, польскага, нават нямецкага, і ўрэшце расійска-бальшавіцкага. Інтэлектуальная насычанасць філасофскага падтэксту п’есы змяшчала не толькі крытыку праз паказ камізму сітуацыі. Ідэя п’есы змяшчала ў сабе трывогу і перасцярогу.

Нязломнасць Купалы ў абароне нацыянальнага суверэнітэту вырастала з праметэеўскага стаіцызму Тараса Шаўчэнкі. Словы Кабзара “Караюсь, мучусь, але не каюсь” сталі дэвізам многіх прадстаўнікоў пакутніцкага пакалення тагачаснай творчай нацыянальнай інтэлігенцыі, і ўкраінскай, і беларускай. Купала свае спадзяванні на будучыню выказаў у святле рамантычнага пазітывізму. Абапіраючыся на адвечную традыцыю праслаўлення народнай маралі, здаровага народнага кансерватызму, верачы ў вяскоўцаў як стваральнікаў і захавальнікаў нацыянальнай мовы, спадзеючыся на магутную сілу адукацыі і ведаў, Купала ўводзіць у сваю п’есу станоўчых герояў – настаўніка Янку Здольніка і вясковую дзяўчыну Аленку. Аленка, “спрытная і вясёлая, адзяецца чысценька і сціпла” – дачка разважлівага селяніна, які “заўсёды з люлькай, агонь да яе выкрасае крэсівам”. Героі кахаюць адзін аднаго – і ў гэтым парука іхняй еднасці і перспектыўнасці, бо спалучаюцца маладосць і адукаванасць. Праўда, рэзрух у краіне і не вызначаная канчаткова палітычная сітуацыя пакуль што не дазваляюць героям аформіць свой шлюб дакументальна. Гэтая калізія, што вымалёўваецца ў канцы твора, у нейкім сэнсе таксама сімвалічная, у ёй таксама закладзена трывожная нота сацыяльнай перасцярогі адносна будучыні нацыі.

Як мы ўжо адзначылі, у аснову сваіх ліра-эпічных твораў неарамантычнага складу Купала паклаў розныя ўзоры вуснай народнай творчасці: легены, паданні, казачныя элементы. Фальклорны элемент, як форма і ідэал, увыразніваюць таксама і паэтыку трагікамедыі “Тутэйшыя”. Так, у прыватнасці, бацька Аленкі Лявон Гарошка асацыіруецца з персанажам беларускіх і ўкраінскіх чарадзейных казак Пакацігарошкам, які выступае абаронцам людзей і павінен перамагчы антычалавечыя сілы. Знакавым у раскрыцці ідэйнай задумы п’есы “Тутэйшыя” неабходна лічыць уведзенае ў тэкст імя Тараса Шаўчэнкі. Янка Купала быў далёкі ад ідэалізацыі ўласнай нацыі. Пра гэта сведчаць поўная адсутнасць ідылічнай настроенасці ў тэксце і прысутнасць такіх дзейных асоб, пазначаных характарыстычнымі рысамі са знакам “мінус”, як Наста Пабягунская, Поп, Дама, Спраўнік. Менавіта ў дачыненні да іх Купала пакарыстаўся цытатай з Шаўчэнкі “гразь Масквы, варшаўскае смецце”. Шаўчэнка даў знішчальную характарыстыку пануючай на Украіне ў тыя часы вярхушцы, якая гандлявала народам, блакіруючыся з царызмам, з аднаго боку, і з польскай шляхтай – з другога:

Раби, подножки, грязь Москви,

Варшавське сміття – ваші пани,

Ясновельможнії гетьмани.

Галоўнае, што непакоіць Шаўчэнку і Купалу – гэта нацыянальны нігілізм, летаргічны сон нацыі, тэма манкуртызму. Мастацкая алюзія дапаўняе твор Купалы ідэйнай шматаспектнасцю твора Шаўчэнкі. Пераймаючы ад Шаўчэнкі саркастычную, сатырычна-з’едлівую танальнасць у дачыненні да вобразаў маральна няўстойлівых нацыянальных пярэваратняў, Купала імкнуўся скарыстаць адначасова шматфарбную палітру сродкаў эмацыянальнага ўздзеяння на чытачоў, якую так геніяльна распрацаваў у сваім творы Кабзар. Шаўчэнка, услед за ім і Купала, выкарыстоўвалі ўсе стылёвыя магчымасці раскрыцця тэмы: яны абураліся і непакоіліся, асуджалі, заклікалі, падказвалі, прасілі звярнуць увагу на нацыянальнае пытанне. Аналіз “тутэйшасці”, падказаны жыццём і творчасцю Шаўчэнкі як падыход да гісторыясофіі нацыянальнага пытання, быў па-мастацку працягнуты Купалам. Ідэя нацыянальнай кансалідацыі, спалучаная з міфам нацыятворчасці, аб’ядноўвае творы і ўкраінскага, і беларускага пісьменнікаў.

Купала выкрываў не толькі асобных персанажаў, ён смела ўказваў на самаедскую пазіцыю тагачаснага кіраўніцтва дзяржавы, увасобленую ў імкненні адабраць ад “новага чалавека” яго гістарычную памяць. Выхаванне індывіда, пазбаўленага нацыянальных прыкмет, прадвызначала смерць нацыі. Шаўчэнкаў твор з аналагічнай праблематыкай у жанравых адносінах – верш, хай сабе нават і разгорнуты. Заслуга Купалы ў тым, што лёсавызначальныя для народа праблемы ён распрацаваў у жанры трагікамедыі. Ва ўкраінскай драматургіі, якая была таксама ўзорнай для беларускай літаратуры, у 20-х – 30-х гг. ХХ ст. найбольш пашыранай стала якраз трагікамедыя. Яе лічылі “найсучаснейшым з жанраў”, бо яна выявілася найбольш даступнай для шырокага кола гледачоў і мела найбольш выхаваўчае ўздзеянне. Жанравае вызначэнне п’есы “Тутэйшыя” зроблена самім Купалам. Дэфініцыя “трагічна-смяшлівыя сцэны”, па сутнасці, уключае ў сябе два наватарскія паняцці: і “трагічна-смяшлівыя”, і “сцэны”. Заўважым, што тэрмін “сцэны з жыцця” ва ўкраінскую літаратуру прыйшоў разам з п’есай “Мітусня” Карпенкі-Карага. І ўжо слова “сцэны” сведчыла пра збліжэнне абодвух твораў з еўрапейскай новай драмай. Структура “сцэн” і змест “Тутэйшых” узаемаабумоўленыя. Нестабільнасць, хаатычнасць самога жыцця, гістарычныя асаблівасці таго падзейнага часу, які хацеў адлюстраваць Купала, прадвызначылі нестабільнасць кампазіцыі. Адступленні ад канона адбыліся ў выніку наватарскіх пошукаў і былі свядомым парушэннем традыцый.

Зыходзячы з творчай практыкі еўрапейскай драматургіі, жанр трагікамедыі – п’есу, трагічную па сваёй змястоўнай сутнасці, камедыйную па форме – можна лічыць прадвеснікам сучаснага тыпу культуры, калі трагедыйнае светаўспрыманне падсвечана моцнай самаіроніяй, іранічна-выратавальным стаўленнем да рэчаіснасці. Менавіта сатырычную трагікамедыю Бернард Шоў назваў “вышэйшым тыпам развіцця сусветнай камедыі”. Паказальна, што ля вытокаў гэтай сучаснай жанравай мадыфікацыі можна паставіць твор “Тутэйшыя” Янкі Купалы, п’есу, якая вырастала на беларускім нацыянальным грунце пад знакам развіцця ўкраінскай літаратуры.

Не так даўно на Украіне з’явілася арыгінальнае выданнне – кніга “Шевченкова дорога в Білорусь”. У ёй рупліва сабрана амаль ўсё, што напісана беларускімі пісьменнікамі і навукоўцамі пра Кабзара на працягу ХІХ і ХХ ст. Яна – як своеасаблівае падагульненне тэмы “Тарас Шаўчэнка і Беларусь”. Новы час фарміруе ўмовы для новага прачытання класікі. Толькі сёння мы можам адкрыта гаварыць пра тое, што ў творах Шаўчэнкі і Купалы галоўным нервам пульсуе ідэя адраджэння і кансалідацыі нацыі. Гэтай праблема прысвечана больш шырокае даследаванне “Тыпалогія кантэксту: украінска-беларускія літаратурныя сувязі і драматургічны геній Янкі Купалы” (Т. Кабржыцкая). Вучоныя купалазнаўцы арганізавалі спецыяльную навуковую канферэнцыю “Янка Купала і праблемы беларускага самапазнання”. Падкрэслім, ва ўступным слове да матэрыялаў канферэнцыі адзначана: “Доўгі час літаратура для самых шырокіх народных мас, “паноў сахі і касы”, замяняла і сацыялогію, і паліталогію, і філасофію, а паэты былі своеасаблівымі прарокамі, уладарамі дум народных. Такім прарокам, уладаром дум у нас стаў на пачатку ХХ стагоддзя найперш Янка Купала, якому лёс вызначыў ролю – хоць і на стагоддзе пазней – беларускага Пушкіна, беларускага Міцкевіча, беларускага Шаўчэнкі… Янка Купала выдатна справіўся з гэтай роллю” (В. Рагойша, Ж. Дапкюнас).

Тыя перамены ў грамадска-палітычнай атмасферы, які адбыліся ў канцы ХХ ст., дазволілі справядліва ацаніць творчасць многіх пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры. Нарэшце адбылася гістарычная справядлівасць, і побач з класікамі беларускай літаратуры Купалам, Коласам, Багдановічам з’явілася постаць Алеся Гаруна. Паказальна, што даследаванне гэтага самабытнага, арыгінальнага, таленавітага мастака слова падказала неабходнасць ажыццявіць аналіз асобнай навуковай праблемы “Тарас Шаўчэнка і традыцыі ўкраінскай класічнай літаратуры ў творчасці Алеся Гаруна” (У. Рагойша).

Цікавыя высновы дае аналіз перакладаў Шаўчэнкі, здзейсненых Купалам у складаныя 30-я гады: “Кабзар гаворыць за Купалу!”. Прычына асаблівай прыхільнасці Купалы да творчасці Шаўчэнкі ў наступным: ва ўмовах жорсткіх палітычных рэпрэсій, віжавання, пераследу праз пераклады ўкраінскага класіка беларускі пясняр гаварыў тое, чаго ад свайго імя сказаць ужо не мог. На гэты перыяд з 26 перакладзеных Купалам твораў Кабзара прыпадае ажно 21 твор! Сярод іх – творы вострай палітычнай сатыры, такія як “Сон”, “Каўказ” і інш. “Купала, над якім пагрозліва вісеў меч расправы, які штодня чакаў арышту ці за свае вершы, ці за іх адсутнасць, Купала, які аплакваў дзесяткі і сотні тысяч бязвінна арыштаваных, асуджаных на высылку пісьменнікаў, вучоных, настаўнікаў, рабочых, сялян, выдатна ўсведамляў, што бяскрайнія прасторы Сібіры сталі адным суцэльным ГУЛАГам, і вуснамі Шаўчэнкі выкрываў, асуджаў свой жудасны час” (П. Навойчык).

Сярод апошніх цікавых прац беларускіх вучоных, прысвечаных літаратуры братняга ўкраінскага народа, вылучаецца выданне калектыву літаратуразнаўцаў АН Беларусі “Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей”. Манаграфія адразу зацікавіла ўкраінскіх калег – і адбылося выданне гэтай працы ў перакладзе на ўкраінскую мову ў Кіеве. Перакладчык і аўтар прадмовы акадэмік Р. Піўтарак схвальна адзначае, што аўтары манаграфіі ўкраінскую, беларускую, рускую літаратуры не разумеюць як варыянты літаратуры Кіеўскай Русі, «як ще недавно про це писали деякі літературознавці, а цілком самостійними духовно-культурними явищами, які хоч і мали чимало спільного між собою, проте формувалися й розвивалися окремо, кожна на своїй етнічній та міфологічній базі». Асаблівую вартасць уяўляе раздзел манаграфіі “Карані: культуралагічны дыскурс”, у якім даследуюцца гісторыка-літаратурныя і мастацка-эстэтычныя перадумовы кантактных на сінхронным ўзроўні і дыяхронна-тыпалагіных беларуска-ўкраінскіх сувязей. Гэтыя карані аўтары шукаюць і знаходзяць у далёкай мінуўшчыне. Наватарскім з’яўляецца змешчаны ў манаграфіі параўнальны аналіз вершаваных тэкстаў Шаўчэнкі і Купалы, на падставе якога робіцца арыгінальная выснова пра ролю вобразнага слова абодвух паэтаў у фарміраванні прыёмаў і спосабаў нацыянальнай наратыўнай практыкі – ўсталяванні манеры аповеду ў эпічным творы (М. Тычына).

Шырокая праблема “Шаўчэнка і Беларусь” падказвае распрацоўку яшчэ адной тыпалогіі – “Янка Купала і Украіна”. Пры сучасных літаратуразнаўчых падыходах абедзве могуць атрымаць новыя цікавыя вынікі.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка