Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка11/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

Канцэпт ІІ. Тарас Шаўчэнка: нацыянальная характаралогія, запарожскае казацтва і творчы метад пісьменніка

Падыход да гэтага пытання як да асобнай праблемы звязаны з афіцыйна навязаным у савецкія гады вобразам Шаўчэнкі-рэаліста. У падручніках па гісторыі літаратуры гаварылася, што Шаўчэнка, пераадольваючы рамантычнае светаадчуванне, свядома ішоў да рэалізму. І ў гэтым бачыліся прыкметы яго сталення, узмужнення, развіцця. Аднак нельга ігнараваць ні творчасць пісьменніка, ні прыроду таленту паэта, якая звязана з асаблівасцямі нацыянальнай псіхікі, што рэалізавалася ў творах паэта менавіта пераважна праз рамантычныя сродкі пісьма.

Фальсіфікацыя творчасці Шаўчэнкі адбывалася пад ціскам кампартыйцаў. Уся светапоглядная сістэма ў краіне СССР была пастаўлена ў залежнасць ад ідэалогіі яе кіраўнікоў. Матэрыялізм разглядаўся як адзіна правільны падыход да асэнсавання законаў прыроды і грамадства. Адпаведна і мастацтва павінна было абапірацца выключна на пазітывізм матэрыялістычнага светапогляду. У адпаведнасці з пастулатамі навуковага матэрыялізму, адзіна правільным і перспектыўным лічыўся метад крытычнага рэалізму, а, пачынаючы з 1934 г., усё павінна было быць падначалена патрабаванням сацыялістычнага рэалізму. У межах гэтых законаў фармавалася савецкая літаратуразнаўчая і крытычная думка, у адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі павінен быў разглядацца і працэс станаўлення літаратуры ў ХІХ ст. Сённяшняе, новае прачытанне творчасці Кабзара, паказваючы глыбіню дэфармацыі і вобраза паэта, і яго думак, набліжае нас да сапраўднага разумення паэта.

Шаўчэнка – нацыянальны творца і выразнік нацыянальнага менталітэту. Паводле навейшых даследаванняў, у тым ліку айчынных і замежных, у галіне сацыялогіі, культуралогіі, філасофіі і гісторыі, з улікам геапсіхічных, гістарычных, сацыяпсіхічных, культурамарфічных асаблівасцей, навукоўцы ў характаралогіі ўкраінскага народу вызначаюць некалькі вядучых рыс. Сумарная характарыстыка ўкраінцаў выглядае наступным чынам.

Украінец уяўляе сабою тып пачуццёвага чалавека, а гэта азначае – чалавека афекту. Таму ўкраінца можна назваць лірычна-драматычным чалавекам. І геаграфічная прастора, і тыя падзеі, якімі была запоўнена на працягу стагоддзяў гэта прастора, абумовілі дапасаванасць да ўкраінцаў паняцця памежнасці. Размяшчэнне ўкраінскай тэрыторыі паміж захопніцкім Захадам і стэпавым ваяўнічым драпежніцкімУсходам, якія час ад часу то з аднаго боку, то з другога ішлі на Украіну з войнамі, узмацняла сітуацыю памежнасці. Пры такіх умовах сэнсам жыцця станавіўся не клопат пра само існаванне, а нейкая вышэйшая мэта. Трансцэндэнтнасць украінскага быцця сканцэнтравана выявілася ў рыцарска-казацкай супольнасці. Фармаваўся тып чалавека, які прызнаваў волю і адначасна кіраваўся законамі барацьбы – за зямлю, за веру, за гонар, за пабрацімства. Ён знайшоў сваю рэалізацыю ў казаках-запарожцах, якія спавядалі хрысціянска-рыцарскія ідэалы быцця. Заканамерна, што для вызначэння ўкраінскай нацыі выкарыстоўвалася назва «казацкая нацыя».

З другога боку, украінская нацыя была традыцыйна хлебаробскай і сялянскай. Зразумела, што абстрактныя паняцці і канкрэтнасць навук не мелі для людзей першаснага значэння. На першы план выходзілі сацыяльныя і эстэтычныя каштоўнасці. Вялікі ўплыў на фармаванне чалавека мела хрысціянства, вера, царква. А гэта ўсё, у сваю чаргу, уздзейнічала на ўнутраны, гуманістычны, духоўны свет чалавека, які вызначаўся этычна-рэлігійнымі законамі.

Нарэшце, трэцяя прычына, у залежнасці ад якой знаходзіўся працэс фармавання характару ўкраінцаў. Для псіхікі ўкраінцаў, як і для кожнай заняволенай нацыі, характэрны комплекс меншавартасці. «Тиск історико-політичних обставин і інтроверсія української психіки, її звернення до нутра більше, ніж у світ, створюють такий збіг обставин, що поширює комплекс меншовартості до меж спільного комплексу української збірноти», – пазначаюць вучоныя (А. Кульчыцкі). Нерэалізаванасць памкненняў узмацняе незадаволенасць, якая пераходзіць у комплекс крыўды. Комплекс крыўды параджае далейшыя наступствы. Узнікаюць некалькі вядучых тэндэнцый. Адна з іх рэалізуецца ў тым, што людзей, перапоўненых пачуццём крыўды, ахоплівае стан мройніцтва з верай у прыход новага «рахманага царства праўды». У псіхіцы фарміруецца схільнасць да этычна-ідылічнага, рамантычнага ідэалу. Узмоцненая падсвядомым пачаткам на індывідуальным узроўні, тэндэнцыя да надкампенсацыі магла прыводзіць або да праяваў самаахвярнасці, або да стварэння арэолу пакут. Калектыўнае падсвядомае, пры адсутнасці ўмоў, спрыяльных для выяўлення накопленага супраціву, выказвае рэакцыю на ціск звонку праз праявы рэактыўнай агрэсіўнасці.

У паяднанасці ўсіх вядучых тэндэнцый і выяўляецца найбольш тыповае ў характарыстыцы ўкраінскай нацыі, вымалёўваецца тып украінца. Для ўкраінцаў вельмі важная сувязь з роднай зямлёй, галоўным гаспадаром якой яны бачаць Бога. Іх ментальнасць моцна залежыць ад нацыянальнага гістарычнага мінулага, фальклорная творчасць украінцаў раскрывае іх імкненне да гераізацыі казакоў-запарожцаў, культу барацьбіта. Адначасна вусная народная творчасць раскрывае тое, што ўкраінцы – гэта рамантыкі-мройнікі. Засяроджанасць на ўнутраным свеце, на душы, выяўляецца ў рэлігійнасці ўкраінцаў, у акцэнце на інтуіцыю, у мягкасці характараў, лірычнасці, задушэўнасці песеннага рэпертуру.

З гісторыі развіцця сусветнай культуры мы ведаем, што менавіта эпоха рамантызму прынесла запатрабаванасць у сістэматызаваным асэнсаванні нацыянальнага характару як цэласнасці. На ўкраінскай мастацкай глебе росквіт рамантызму адбываўся ў ХІХ ст. Тарас Шаўчэнка, як ніхто іншы, у сваёй творчасці змог поўна выявіць асаблівасці ментальнасці ўкраінцаў. Шаўчэнка выявіў сябе як рамантык не толькі ў пісьменстве, але і ў сваёй спадчыне мастака, у жывапісе. У дадатак да гэтага заўважым, што і ў самім Тарасе Шаўчэнку можна убачыць узор скандэнсаванага нацыянальнага характару.

Гаворачы пра творчы метад Шаўчэнкі, адзначым, што пісьменнік шырока і бесперапынна карыстаўся з палітры рамантыкаў. Элементы рэалізму толькі ўвыразнівалі яго індывідуальны аўтарскі почырк.

У аснове творчасці Шаўчэнкі знаходзяцца рамантычныя светапоглядныя прынцыпы і мадэлі мыслення. Сваю Украіну Шаўчэнка ўспрымаў як дынамічны касмічны арганізм, які пазнаць магчыма толькі на ірацыянальна-інтуітыўным узроўні, бо Украіна – як адвечная тайна і загадка. Шаўчэнка не абапіраецца на логіку мыслення, не шукае разумовых першапрычын рэчаіснасці. Для рамантыкаў дух з’яўляецца тым крэатыўным чыннікам, які дзейнічае ў прыродзе і грамадстве. Адпаведна, творы Шаўчэнкі не вырастаюць менавіта з фактаграфічнасці, як у рэалістаў. У той жа час, яны не напоўнены толькі вымыслам, фантазіяй, як у звычайных рамантыкаў. У Шаўчэнкі роля мастацкага ўяўлення шырэйшая і глыбейшая. Для яго фантазія і вымысел – гэта спосабы пазнання жыццёвых працэсаў і рэалізацыя іх пазнання. Як і ў рамантыкаў, у Шаўчэнкі сутнасць творчасці скіравана ў сферу суб’ектыўнага, духоўнага, эмацыянальнага, у складаны ўнутраны свет чалавека, які напоўнены драматычнымі перажываннямі.

Так, даследчыкі лічаць, што адна з магістральных тэм лірычных твораў Шаўчэнкі – тэма змагання героя з доляй. Адназначнасць фатальнага вырашэння канфлікту, на іх погляд, цалкам адпавядала народнапесенным жанравым канонам «думкі» (Н. Чамата). Актывізацыя лірычнага перажывання героя прыводзіць да перадачы розных адценняў яго душэўнага стану. А гэта, у сваю чаргу, спрыяе развіццю элегійнага жанру, стварэнню медытатыўнай лірыкі. Як і належыць рамантыку, Шаўчэнка адлюстроўвае «раздвоенасць свядомасці», калі адбываецца супрацьпастаўленне сэрца і думкі – розуму. Паказальна, што ў Шаўчэнкі знаходзім некалькі твораў пад назвай «Думка», у якіх гучаць рамантычныя матывы пошуку долі-лёсу.

Калі ж сферай зацікаўленасці паэта стае вонкавы свет, то тут ён скіроўвае сваю ўвагу на мясцовы каларыт і гістарычнага чалавека. Фактычна, у большасці твораў Шаўчэнкі гэтыя рысы знаходзяцца ва ўзаемадапаўненні. Некалі ў савецкім літаратуразнаўстве прымусова размяжоўваліся прыкметы «рэакцыянага» і «прагрэсіўнага» рамантызму, калі выступалі ў творах праяўленні супроцьстаяння паміж марай і рэчаіснасцю, паміж героямі і акружэннем, паміж ідэалам і сацыяльнай фармацыяй. Адносна Шаўчэнкі прынята было падкрэсліваць, што ён, як пісьменнік-рэвалюцыянер, быў прагрэсіўным рамантыкам, таму паставіў літаратуру ў цесную сувязь з жыццём народу, узняў яе ролю ў барацьбе з сацыяльным злом, яго рамантызм пракладаў шлях рэалізму і народнасці. Сёння пра Шаўчэнку мы можам гаварыць як пра поўнага рамантыка, які ў сваёй творчасці спалучыў усе галоўныя прыкметы рамантычнага метаду. Сярод тых, якія павінны быць адзначаны, – гэта выкарыстанне тэматыкі, вобразаў, матываў нацыянальнага фальклору. А таксама арыентацыя на паэтыку вуснай народнай творчасці.

Вершаформа ў Шаўчэнкі вырастае з народнай, ён віртуозна карыстаецца каламыйкавым памерам, рытмамі калядных песень. З традыцыйнай народнай песні паэт бярэ ўнутраную рыфму, узбагачаючы яе, уводзіць разнастайныя прыблізныя рыфмы. Ён пашырае магчымасці фальклорных прыёмаў – пастаянных эпітэтаў і параўнанняў, персаніфікацыі, метафар, псіхалагічных паралелізмаў, анафары, градацыі, фразеалагізмаў і інш. У стылёвым плане яго творы нагадваюць песню, адсюль музычнасць яго вершаў. Шаўчэнкі лічыцца адным з найбольш музычных паэтаў свету, бо лірыка яго насычана народна-песеннай рытміка-інтанацыйнай мелодыкай. Прыкметы рамантызму праяўляюцца ў жанравым афармленні твораў – паэт шмат стварыў наследаванняў народнай песні, балады. Паводле народна-песеннага прынцыпу ствараюцца вобразы баладнага жанру – “Лілея”, “Тополя” і інш. Прысутная ў творах паэта і рамантыка жахаў. Па прынцыпу байранічнай, рамантычнай паэмы напісаны цэлы шэраг яго твораў, такіх як паэмы «Катерина», «Гайдамаки», у якіх вялікае месца займаюць лірычныя адступленні аўтара. Нарэшце, з фальклорам звязана сімволіка Шаўчэнкі. Гэта і рамантычны вобраз-сімвал «неньки України», і вобраз кабзара-песняра-прарока – «Перебендя», «Тризна», «Чигирине, Чигирине». Як сімвал барацьбіта падаецца ў Шаўчэнкі вобраз Праметэя – «Кавказ». Асобныя матывы яго лірычна-спавядальных і медытатыўных твораў таксама рамантычныя – сіроцтва, каханне, самотнасць, туга за маладосцю і інш. Рамантычным пафасам гераізму апавіты многія героі Шаўчэнкі. Зрэшты, і гістарычныя матывы раскрываюцца з выкарыстаннем рамантычных прыёмаў – праз гіпербалічнае, эмацыянальна-экспрэсіўнае перабольшванне.

Асноўныя паняцці, на якіх здзяйснялася творчасць Шаўчэнкі -- гэта нацыянальныя сімвалы. “Слава” – нацыянальная традыцыя. “Слова” – нацыянальная культура. “Праўда” – агульналюдское гуманістычнае патрабаванне. Нельга не пагадзіцца з Д. Чыжэўскім, які справядліва адзначыў наступнае: “Відповідно до цих трьох вартостей Шевченко оцінює події, людей минулого і сучасного й усе на світі. Він вірить у перемогу цих вартостей в майбутньому і закликає своїх сучасників до боротьби за них («відродження», «пробудження», або «воскресіння» України)». Праз усю творчасць Шаўчэнкі праходзіць яго рамантычны светапогляд. Гэта рэалізуецца праз рамантычна абвостраны канфлікт, праз ідэалізацыю казацтва. Дарэчным тут будзе нагадаць пра пашыранасць у Шаўчэнкі жанра народнай думы і тое, што яго ўласная творчасць уяўляе сабою думу – як нацыянальную форму казацкага паэтычнага летапісу. Шаўчэнка ў адкрытую паставіў праблему Бацькаўшчыны, ён як пісьменнік і мысліцель працаваў з усіх сіл сваёй няўрымслівай натуры дзеля Украіны, украінскай дзяржавы, украінскага народа. Адстойваючы ідэю суверэннасці ўсіх нацый, пракладаў шлях у будучыню, прадказваў сённяшні дзень.

Яшчэ адзін доказ рамантызму Шаўчэнкі – галерэя яго жаночых вобразаў. Вобразы жанчын нібыта падаюцца і з дапамогай рэалістычных сродкаў. Аднак, такога палымянага культу мацярынства, такога апафеозу жаночага кахання і жаноцкай мукі не знайсці, відаць, ні ў аднаго з паэтаў свету. “Нещасний у особистому житті, Шевченко найвищу і найчистішу красу бачив у жінці, у матері”, – адзначаў М. Рыльскі. У творчасці Шаўчэнкі мы знаходзім своеасаблівы сімвал – святы трыпціх. У свядомасці чытачоў ён знітаваны ў адзіным і непадзельным вобразе: Божай маці, Маці-Украіны, зямной жанчыны-маці.

Нарэшце, “непапраўным рамантыкам” Шаўчэнка выявіў сябе ў асабістым плане – у ідэі жаніцьбы напрыканцы жыцця на колішняй прыгоннай Лыкерыі Палусмакавай…

Канцэпт ІІІ. Тарас Шаўчэнка – не атэіст. Ментальнасць казацтва і гуманістычныя асновы хрысціянскага светапогляду творцы
У даперабудоўчым шаўчэнказнаўстве пашыранай была інтэрпрэтацыя Шаўчэнкі як атэіста. У «Шевченківськім словнику» змешчаны артыкул «Атеїстичні погляди Т. Г. Шевченка». Выдаваліся і перавыдаваліся спецыяльна прысвечаныя гэтай праблематыцы манаграфіі. Атмасфера навейшага часу паспрыяла перамене ў нас саміх адносін да рэлігіі і царквы. Таму згаджацца з галоўным пафасам ранейшых даследаванняў, дзе Шаўчэнка разглядаўся як «борець проти ідеалізму і релігії», зразумела, нельга.

Шаўчэнка, як мы ўжо адзначалі, спавядаў ідэю гетманшчыны, ідэалізаваў украінскі казацкі лад. Казацтва было самастойным грамадскім утварэннем: яно мела асаблівае і самастойнае становішча, знаходзячыся пасярэдзіне паміж шляхтай-памешчыкамі і сялянамі-прыгоннымі. Як і сяляне, казакі працавалі на зямлі, жылі з уласнай працы. Як панства, яны былі вольнымі, селянін як і шляхціц быў абавязаны служыць у войску. На Запарожжы казацтва ўтварыла своеасаблівую дзяржаву – Запарожскую Сеч, якая ўяўляла, па сутнасці, адзіны грамадскі арганізм, які на пачатковых этапах свайго развіцця не меў сацыяльнага дыферэнцыйнага расслаення, не ведаў практыкі сацыяльных уціскаў.

Усё казацтва было скіравана на выкананне агульнанацыянальных задач. У руках казакоў знаходзіліся і ўладныя функцыі кіравання. Узначальваў дзяржаву выбарны гетман, мясцовымі адміністратарамі сталі выбарныя палкоўнікі і сотнікі. Усё гэта набліжала Украіну да структуры дэмакратычнай дзяржавы рэспубліканскага самакіравання. Асноўным органам дзяржаўнай улады ў Запарожскай Сечы была Сечавая рада. Гэта былі агульныя казацкія сходы, дзе абмяркоўваліся пытанні сечавога заканадаўства, кіравання і суду, разглядаліся праблемы міжнародных адносін, вырашаліся пытанні вайны і міру, адбываліся выбары кіраўніцтва, здзяйснялася размеркаванне зямельных надзелаў. Адстойваць волю і веру перад націскам захопнікаў казакам даводзілася ў пастаянных узброеных змаганнях, таму дзяржава мела ў сваёй аснове характар вайсковага арганізму. Старэйшым, услед за пасадай гетмана, быў генеральны абозны – начальнік артылерыі, за ім ішлі два генеральныя суддзі, генеральны падскарбі – загадчык фінансавымі справамі, генеральны пісар – фактычна, канцлер дзяржавы. Непасрэднымі гетманскімі памочнікамі лічыліся генеральныя асавул, харунжы, бунчужны, якія выконвалі абавязкі ад’ютантаў гетмана. Такім чынам, Запарожжа, а услед за ім і дзяржава Гетманшчына, якая ахапіла шырэйшую тэрыторыю, – акрамя паўднёвых прыдняпроўскіх зямель, Палтаўшчыны, да яе ўваходзілі Чарнігаўшчына і некаторыя этнаграфічна беларускія землі – існавалі як своеасаблівая аўтаномная дзяржава. Казацкі патрыятызм узрастаў на пачуцці грамадзянскай супольнасці, бо да аўтэнтычнага насельніцтва далучаліся беглыя людзі з розных, у тым ліку і не ўкраінскіх зямель, якія ў родных мясцінах адчулі ўсю несправядлівасць сацыяльнага прыгнёту. Увесь народ, зрэшты, прыходзіў да ўсведамлення сваёй нацыянальнай еднасці. Змаганні, скіраваныя супроць памкненняў шляхецкай Польшчы падначаліць сабе незалежнае казацкае насельніцтва, выліваліся не толькі ў сацыяльна-вызваленчыя войны. Вельмі важна падкрэсліць, што экспансія з боку польскіх улад мела яшчэ сваёй мэтай паланізацыю краю. Украінцы лічылі сваёй нацыянальнай верай праваслаўе, таму спробы акаталічвання ўкраінцаў сустракалі моцнае супраціўленне насельніцтва, яно таксама прымала формы адкрытых войнаў паміж праваслаўнымі і католікамі – войнаў, якія мелі ў сваёй аснове нацыянальны і сацыянальна-вызваленчы характар.

Узнікае пытанне: ці ж мог Шаўчэнка, які маляваў будучыню свайго народу ў адпаведнасці з ідэаламі казацкай дзяржавы, не ўлічваць гэтага важкага кампанента ў змаганнях украінцаў за сваю волю і веру? Зразумела, не мог. Шаўчэнка называў сябе ўнукам гайдамакаў. Тэме гайдамацтва – народна-вызваленчаму руху супроць прыгоннага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту ўкраінцаў з боку польскай шляхты Шаўчэнка прысвяціў велізарную колькасць твораў – «Гайдамаки», «Невольник», «Холодний Яр», «Великий льох» і інш.

Не мог ён быць і атэістам. Бо не была ў царскія часы царква аддзелена ад дзяржавы. Бо кожны чалавек выхоўваўся ў пашане да Бога. А што датычыць украінцаў, то іхнія дзеці, як і сам Шаўчэнка, не маючы доступу да школьнай навукі, вучыліся азбукі па Псалтыру. Шаўчэнка, спасцігаючы гісторыю роднага народа, карыстаўся не толькі гісторыясофскімі, фальклорна-этнаграфічнымі працамі, але і царкоўнымі творамі, багослужбовымі кнігамі, прызначанымі для правядзення розных хрысціянскіх абрадаў.

Аналізуючы ўсю творчую спадчыну Шаўчэнкі, можна прысці да высновы пра існаванне пэўнай эвалюцыі ў звароце пісьменніка да тэмы рэлігіі.

У ранніх творах Шаўчэнка, закранаючы матывы заняпаду Запарожскай Сечы, падкрэслівае, што адначасна адбываецца і паніжэнне ўзроўню маральна-рэлігійнага жыцця. Так, у паэме «Тарасова ніч» герой Шаўчэнкі кабзар сумуе з прычыны адмаўлення народу ад ўласных традыцый: «Зажурилась Україна – Така її доля!... Козачество гине; Гине слава, батьківщина, Немає де дітись; Виростають нехрещені Козацькії діти; Кохаються невінчані; Без попа ховають…».

Цыкл твораў Шаўчэнкі, пазначаны як «Три літа», уяўляе сабою новую ідэйна-мастацкую цэласнасць. У яго ўвайшло ўсё, што стварыў пісьменнік на працягу 1843 – 1847 г. падчас наведвання Украіны. У творах паэт нібыта падагульняе свае жыццёвыя назіранні, раскрывае сваё духоўнае празрэнне ў выніку ўбачанага на роднай зямлі. І ў гэты перыяд Шаўчэнка шырока выкарыстоўвае рэлігійныя матывы. Пра гэта сведчыць яго паэма «Ерэтык», дзе чэшскі гістарычны дзеяч Ян Гус гіне, абараняючы сваё разуменне веры ад ўціску каталіцкага духавенства пад кіраўніцтвам Ватыкану. Аўтар выкарыстоўвае ідэю адданасці сваёй веры, каб паказаць Гуса як нацыянальнага героя, як барацьбіта супроць тыраніі, супроць каланізатарскай палітыкі, панавання аднаго народа над іншымі. Шаўчэнка заклікае сваіх чытачоў да славянскай еднасці. Ён марыць пра тое, каб «Усі слав’яни стали Добрими братами І синами сонця правди, І єретиками, Отакими, як Констанцький Єретик великий!». Маральныя сентэнцыі з Бібліі паслужылі Шаўчэнку эпіграфамі да многіх вершаў філасофска-медытатыўнага характару. Менавіта ў гэты перыд паэт піша свае знакамітыя пераспевы Давыдавых псальмаў. Зрэшты, назавем і паэму Шаўчэнкі «Тризна», прысвечаную княгіне В. Рапніной. Паэма была створана Шаўчэнкам у гонар дзекабрыстаў. У творы ўзвялічваецца вобраз героя, які стаў на шлях барацьбы з існуючым ладам, гатовы загінуць за просты народ. Многае ў паэме нагадвае біяграфію самаго Шаўчэнкі. У творы выкарыстана паэтыка рамантызму – алегорыі, палітычная сімволіка, узнёслы аратарскі стыль. У рамантычным ключы прачытваецца і зварот паэта да Бога: “В ком веры нет – надежды нет! Надежда – Бог, а вера – свет!”.

У гэты перыяд «трьох літ», перыяд асаблівага творчага ўздыму Шаўчэнкі, ранейшыя даследчыкі знаходзілі яскравыя «атэістычныя» выступленні паэта. Аднак мова павінна ісці не пра атэістычныя думкі паэта: Шаўчэнка указваў на асобных прадстаўнікоў царквы, на тых духоўных «пастыраў», якія не ідуць услед за запаветамі Бога і з’яўляюцца ворагамі народа.

Дарэчы, на першай старонцы зборніка «Три літа» Шаўчэнка запіша фрагмент з кнігі «Плач Иеремиев». Эпіграфамі з Бібліі Шаўчэнка пачынае многія свае творы – паэмы “Сон”, “Ерэтык”, “Марія”. Перад тэкстам верша “І мертвим, і живим…” Шаўчэнка паставіў наступную цытату: “Аще кто речет, яко люблю Бога, а брата своего ненавидит, ложь есть”. Да паэмы “Тризна” паэт выкарыстае эпіграфам словы апостала Пятра з першага саборнага паслання, у якіх закладзены гуманістычныя пачуцці браталюбства, ідэя служэння высокім ідэалам. І ў саміх творах, да якіх эпіграфам былі ўзяты радкі з Бібліі, Шаўчэнка выкарыстоўвае біблейскую сімволіку, стылістыку, што прыдае яго творам урачыстае, пафаснае гучанне.

У Шаўчэнкі не рэлігія, а царква – у вобразе яе нячэсных прадстаўнікоў – здраджвае вернікаў, замінае чалавецтву ў развіцці культуры, пашырэнні маралі і інш. Сапраўды, Шаўчэнка змагаецца з рэакцыйнай дзейнасцю расійскай царквы, якая выступае прыслужніцай расійскага цара, бо ўсе яны “правдою торгують”. “І звір того не зробить лютий, що ви, б’ючи поклони З братами дієте”, – скажа паэт ў паэме «Марина». Паэт смела і дзёрзка крытыкаваў ватыканскую інквізыцыю, якая «агнём і мячом» імкнулася кіраваць душамі людзей. Менавіта так, а не іначай, трэба прачытваць гнеўныя інвектывы Шаўчэнкі, скіраваныя супроць папства ў паэме «Єретик». І, уласна кажучы, не Ян Гус, якога за вальнадумства спальваюць жывым на вогнішчы, з’яўляеца ерэтыком, а яго праціўнікі-антыподы: «Кругом неправда і неволя, Народ замучений мовчить І на апостольськім престолі Чернець годований сидить. Людською кровію шинкує І рай у найми отдає!»…

Шаўчэнка выкрывае эксплуататарскую палітыку дзяржаўных вярхоў. Як паэт ён выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі для ўзмацнення сваіх думак, сваіх эмоцый. Яго рамантычная экспрэсія ўзведзена ў вышэйшую ступень: ён сам гатовы пайсці на крыж за зняволены народ, ён гатовы ўзняць голас на самога Бога, які “заснуў” на небе і не бачыць людскіх пакут на зямлі. Такія Богаборчыя матывы сапраўды гучаць у вершах і паэмах Шаўчэнкі. Паэт спрачаецца з Богам, аднак яго спрэчкі – гэта не выява атэізму, а мастацкі прыём рамантычнага пісьма. І пакуль не запануе на свеце новы грамадскі лад, у якім працоўны чалавек адчуе сябе вольным, Шаўчэнка адкрыта і рашуча заяўляе: “А до того я не знаю Бога!”. У вершы “Світе ясний! Світе тихий!” Шаўчэнка выкажа веру ў тое, што настане новы час, калі народ пабудуе сваё жыццё, незалежнае ад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. І не будзе ў той «новай хаце» ніякіх крывасмокаў, ні паноў, ні здрадніцкага духавенства, бо з мінулым будзе ўсё скончана рашучым чынам: «Будем, брате, З багряниць онучі драти, Люльки з кадил закуряти… А кропилом будем, брате, Нову хату вимітати!». Для такога адкрытага пратэсту патрэбны былі вялікая любоў да працоўнага чалавека і надзвычайная грамадзянская смеласць. І яны ў Шаўчэнкі былі.

Як сапраўдны хрысціянін выявіць сябе Шаўчэнка ў час зняволення. Свой жорсткі прысуд паэт успрыме са словамі Св. Апостала Паўла: “Каго Бог любіць, таго і карае”. Толькі чалавек з прасветленай Богам душою мог напісаць, знаходзячыся фактычна ў турме, такі лірычны шэдэўр, як “Садок вишневий коло хати”. У сваіх знакамітых вершах-малітвах паэт просіць:

Мені ж, мій Боже, на землі

Подай любов, сердечний рай!

І більш нічого не давай!


Мені ж, о Господи, подай

Любити правду на землі

І друга щирого пошли!

Вядома, што былі пакараны ўсе ўдзельнікі Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства. Пры гэтым адзначым: большасць з іх былі проста выселеныя з Пецярбургу ў розныя гарады ў адміністрацыйным парадку. Шаўчэнку ж, «за создание крайне подстрекательных и в высшей сепени дерзких стихотворений, как имеющего крепкое телосложение», аддалі ў салдаты. Ён быў высланы на службу радавым салдатам у Арэнбургскія спэпы пад амаль турэмны нагляд «без права пісаць і маляваць». Царскі ўрад вырашыў, што зламае бунтарскі дух паэта. Аднак, адбыўшы ў неверагодна цяжкіх умовах дзесяць доўгіх гадоў – з 1847 па 1857, – атрымаўшы ўрэшце дазвол на вызваленне, Шаўчэнка – з падарваным фізічным здароўям (да канца жыцця яму застаецца каля трох гадоў!) – запіша ў сваім «Дзённіку»: «горький опыт прошёл мимо меня невидимкою. Мне кажется, что я точно тот же, что был десять лет назад. Ни одна черта в моём внутреннем образе не изменилась». Па дарозе ў Пецярбург, у Ніжнім Ноўгарадзе, паэт напіша паэму «Неофіти». Першапачатковы варыянт назвы твора – «Неофіти чи перші християни». Ідэйным стрыжнем паэмы з’яўляецца паралельная характарыстыка Аўгуста-язычніка, які саслаў паэта Назона да “дзікіх гетаў”, аднак не забараніў пры гэтым мастаку творчай працы, і расійскага цара Мікалая І, цара-хрысціяніна, які ў ХІХ ст. у дачыненні да дзекабрыстаў – барацьбітоў супроць навейшай формы рабства – выявіў сябе “абноўленым” тыранам. Выкрываючы злачынную сутнасць палітыкі кіруючых вярхоў, паэт гаворыць пра распяцце Ісуса Хрыста як пра выяву крывадушнасці ўлады, як пра найцяжэйшае злачынства. Крытыкуючы грамадскія парадкі ў Расіі ХІХ ст., раскрываючы сацыяльныя, псіхалагічныя, духоўныя вытокі новай тыраніі і новага рабства, Шаўчэнка абапіраўся на галоўныя пастулаты хрысціянскага веравучэння. У паэме Шаўчэнка звернецца да ўсіх, каму дарагія ідэалы свабоды і дэмакратыі:

Молітесь Богові одному,

Молітесь правді на землі,

А більше на землі нікому

Не поклонітесь…

Да рэлігійных матываў Шаўчэнка звяртаецца і як мастак. Калі ж улічваць, што Шаўчэнка меў пэўныя погляды на мастацтва як на форму выхавання, імкнуўся напоўніць свае творы грамадска значным зместам, то ў адпаведным плане неабходна ацэньваць і тое, што частка яго малюнкаў і графічных твораў прысвечаны хрысціянскай тэматыцы. Гэта яго акварэлі, на якіх бачым цэрквы, касцёлы, манастыры. Гэта і яго сепіі «Апостол Петро», «Св. Себастіан». Гэта і цыкл сепій «Притча про блудного сина», задумку яго Шаўчэнка планаваў рэалізаваць яшчэ і ў гравюрах. У большасці малюнкаў Шаўчэнка выяўляе сябе як выдатны псіхолаг. Ён цікавіцца творамі на біблейскую тэматыку іншых мастакоў. У прыватнасці, засталіся запісы Шаўчэнкі пра рускага мастака А. Іванава, аўтара вядомага палатна «Яўленне Хрыста народу», твора «Марыя Магдалена».

Вельмі паказальным з’яўляецца жывапіснае палатно Шаўчэнкі «Катерина». Праз вобраз Кацярыны, які апавіты лірычным пачуццём аўтара, пададзены мастаком вельмі эмацыянальна, раскрываецца тэма сацыяльнай несправядлівасці, а таксама здзяйсняецца сцвярджэнне маральнай чысціні, прыгажосці простай украінскай дзяўчыны. Партрэт Кацярыны, як заўважылі мастацтвазнаўцы, выпісаны Шаўчэнкам у духу “Секстынскай мадонны” Рафаэля. Асобныя дэталі ў выпісанай паставе дзяўчыны сугучныя з почыркам Рублёва – ў абмалёўцы анёлаў на яго карціне “Святая Тройца”. Сучасны глядач, здзяйсняючы асэнсаванне мастацкага коду палатна Шаўчэнкі, павінен звярнуць увагу на шматлікія заклікі аўтара ўспрыняць лёс дзяўчыны ў святле хрысціянскай міласэрнасці. Авальная форма дзявочай постаці скіроўвае на лагоднасць адносін да гераіні, на гарманізацыю пачуццяў успрымальніка. Фігура Кацярыны выпісана так, што нагадвае вялікую слязу. У той жа час, нельга не заўважыць, што Шаўчэнка неаднаразова ўключае ў сюжэт карціны зашыфраваны сімвал хрысціянства – крыж. Крыж – за спіною дзяўчыны, падобна да крыжа выпісаны млын, некалькі разоў “перахрышчаны” вабраз селяніна. І ўвесь сюжэт падсвечвае думка мастака: “Сцеражы нас ад лукавага, крыжовая сіла!”.

Трагедыю Кацярыны Шаўчэнка прачытвае як трагедыю Украіны, і падаецца ідэя твора з сацыяльным, нацыянальным напаўненнем у кантэксце хрысціянскай філасофіі і нацыянальнай філасофіі быцця чалавека. У цэлым побытавая сцэна выпісана ў духу рамантычнага мастацтва, змяшчае яна і выразныя элементы рэалізму. Логіка-інтэлектуальны падыход да карціны раскрые ўсю напружанасць яе думак, схему канфліктаў, дыяганальную падзеленасць палатна на свой і чужынскі свет. Аднак эмацыянальнае ўспрыняцце рэалій і сімвалаў праходзіць праз сэрца. Яшчэ раз нагадаем: украінская філасофія пабудавана на прынцыпе кордацэнтрызму. У адпаведнасці з украінскай нацыянальнай традыцыяй, Шаўчэнка яшчэ раз падкрэсліў значэнне сэрца і пачуццяў у духоўным жыцці чалавека. Кацярына Шаўчэнкі жыла сэрцам, яна адкрытая, непасрэдная, яе свабода выяўлялася ў шчырасці пачуццяў. І ў гэтым цэласнасць яе натуры. І не вінавата гераіня ў тым, што вакол яе расколаты і жорсткі свет. Этыка Шаўчэнкі таксама эмацыянальная. І глыбока хрысціянская. Бо ідэю Шаўчэнкі пра свабоднае жыццё сэрца – душы зможа рэалізаваць толькі воля Бога і чалавека…

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка