Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка10/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

ТАРАС ШАЎЧЭНКА (1814 – 1861)

Этапы інтэрпрэтацыі творчасці Кабзара –

як доўгі шлях да Украіны, да Беларусі,

да нацыянальнага самапазнання

Тараса Шаўчэнку па праву лічаць бацькам украінскай нацыі, аднак ён сагрэў сваім сэрцам не толькі родны народ, але і ўсё славянства. “Будзь і нам жа Бацькам мілым, украінча слаўны,” – звяртаўся да вобразу геніяльнага ўкраінскага паэта яго беларускі паслядоўнік Янка Купала. Бо з надыходам ХХ ст. Шаўчэнка стаў сімвалам і беларускага нацыянальнага адраджэння.

Шаўчэнка пражыў нядоўгае творчае жыццё. Аднак напісанае ім мае такі глыбокі сэнс, такую вялікую сілу ўздзеяння, што патрабуе ўсё новага і новага прачытання. М. Жулінскі, прафесіянал-літаратуразнаўца, акадэмік АН Украіны прызнаецца: “Я вже давно почав картати себе за полегшене прочитання Шевченка. Колись мені здавалося, що прочитаний мною Шевченко – пізнаний мною Шевченко. Але це далеко не так. Є в мене така традиція. Кожен рік, десь в лютому-березні, я перечитую “Кобзар”. Деякі поезії – десятки разів. Перечитую і вражаюся, і дивуюся, і захоплююся, і відчуваю себе безпорадним. Найбільш мене, сьогоднішнього, вражає те, що в цій простоті мови, прозорості образного вираження таїться унікальна енергія емоційного впливу, пульсування думки, позачасове вирування асоціацій, аналогій, передбачень. Іноді стає навіть лячно: я не можу все це осягнути. І утверджуюся у вірі, що є все-таки вища сила, є Бог. Така людина не могла з’явитися просто так. Це був якийсь віщий знак упослідженої нації, яка у той період була і розгублена, і зневірена, і розчленована, з препарованою історичною пам’яттю. З’являється Шевченко – і дає новий голос, нове духовне світло нації. Здається, з кожним роком Шевченко не наближається до мене, а віддаляється, бо все більше стає для мене таємничим, непізнаним. Він вивищується. І я все більше усвідомлюю, що його геній володіє якоюсь трансцедентною силою. Можуть бути і спади уваги до нього, але він ніколи не втратить своєї сили впливу на дух нації”.

Пазнаць Шаўчэнку – гэта значыць пазнаць Украіну. Просты народ успрымаў яго творы сэрцам – і амаль ніколі не памыляўся. Людзі любілі Шаўчэнку, бо адчувалі ў ім свайго абаронцу, Шаўчэнка ж ніколі іх не здраджваў. Спасцігнуць і сэрцам, і розумам Шаўчэнку значна цяжэй. Музыка вершаў сама кладзецца на душу. Інтэлектуальнае ж напаўненне твораў абавязвае асэнсаваць і іх ідэйныя задумкі, і ўсе складанасці гістарычнага лёсу ўкраінцаў.

Шаўчэнка – нацыянальны трыбун, правадыр, прарок. Этапы інтэрпрэтацыі творчасці Кабзара – як доўгі шлях да сапраўднай Украіны.

Існуе вялікая колькасць даследаванняў пра творчасць Шаўчэнкі, якія складаюць навуку Шаўчэнказнаўства. Сумарны агляд твораў Кабзара і іх даследаванняў здзейснены ў двухтомным выданні “Шевченківський словник”, выдадзеным у 1978 г. Сёння на Украіне рыхтуецца персанальная Шаўчэнкаўская энцыклапедыя, якая павінна стаць вяршыннай з’явай ў працэсе спасціжэння творчай спадчыны Кабзара. Новае энцыклапедычнае выданне пішацца з сучасных светапоглядных пазіцый, у ім будуць улічаны ўсе дасягненні айчыннага і замежнага Шаўчэнказнаўства. У Беларусі пакуль што мы вывучаем Кабзара, карыстаючыся той наяўнай у нашых бібліятэках крытычнай літаратурай, якая была створана пераважна ў савецкія гады. Многія палажэнні ў ранейшых працах, прысвечаных Шаўчэнку, – як у асобных аўтараў, так і ў калектыўных манаграфіях, падручніках, – патрабуюць удакладнення, пашырэння і нават радыкальнага пераасэнсавання. Скіруем увагу менавіта на гэту праблему, каб засцерагчы чытачоў ад выкрыўленага шляху да Шаўчэнкі.

Літаратурная спадчына Шаўчэнкі – гэта найперш яго кніга “Кабзар”, а таксама 9 аповесцяў (з 20-ці задуманых), п’еса “Назар Стадоля”, яшчэ некалькі ўрыўкаў драматычных твораў, “Буквар”, “Дзённік” і эпісталярый. Аднак Шаўчэнка – паэт, драматург, празаік, быў яшчэ і гісторыкам, і этнографам, і фалькларыстам, і педагогам. І мастаком – жывапісцам, гравёрам: ён пакінуў нашчадкам больш за тысячу твораў выяўленчага мастацтва. А над усім гэтым выпісваецца Шаўчэнка – мысліцель. Знаходзячыся ў “зеніце славы”, ён адначасна знаходзіўся і ў “зеніце пакут”, “караючыся, мучачыся”, ён “не каяўся”, не адракаўся ад сваіх думак, перакананняў, ад сваіх герояў. Ён ствараў міф пра незалежную Украіну, фармаваў саму Украіну і ўкраінцаў, таму яго ўспрымаюць як нацыянальнага Апостала.

Увесь даперабудоўчы перыяд гуманітарныя навукі ў СССР былі абмежаваны ў правах даследавання нацыянальнай праблематыкі. Адсюль і вынікаюць найгалоўнейшыя складанасці шаўчэнкаўскага літаратуразнаўства, неабходнасць новага падыходу да комплексу пытанняў “нацыя – гісторыя – перспектывы”. Яшчэ адна важкая патрэба ў асучасненым падыходзе да Шаўчэнкі звязана з адносінамі грамадства да рэлігіі. Правільныя падыходы да гісторыясофскага напаўнення твораў Шаўчэнкі дазваляюць прафесійна ацаніць і мастацкія вартасці літаратурнай спадчыны Кабзара. Адкарэгаванасць шаўчэнказнаўчых даследаванняў павінна здзейсніцца абавязкова. У гэтым працэсе ўстанаўлення ісціны мы лічым неабходным вылучыць некалькі канцэптаў.


Канцэпт 1. Тарас Шаўчэнка, Мікола Гогаль, расійскі сацыял-дэмакратычны рух і пытанне нацыянальнай мовы.

Вядома, што да выкупу Шаўчэнкі з прыгону мелі дачыненні з добрай волі прадстаўнікі рускай інтэлігенцыі, паэт В. Жукоўскі, мастак К. Брулоў. На працягу свайго жыцця Шаўчэнка меў шмат сяброў-расіян, яго – менавіта як прадстаўніка Украіны – радасна прымалі ў Пецярбургскіх салонах некаторыя арыстакраты, захапляючыся яго мяккай украінскай вымовай, спевам лірычных украінскіх песень. І выхад у свет у 1840 г. першага зборніка Шаўчэнкі “Кабзар” быў прагрэсіўнай грамадскасцю сталіцы ўспрыняты вельмі ўсхвальна. Яшчэ існавалі ў душах людзей рамантычныя падыходы да пазнання народнага жыцця. І таму творы Шаўчэнкі віталі, успрымаючы іх як “народныя песні, паэтычныя думы, гістарычныя легенды маларасіян”. Пярэчанні выклікала спачатку толькі мова твораў. Нашто, маўляў, пісаць па-маларасійску? Лёс такога пісьменніка – “непрыняцце і забыццё”.

За ўкраінскім моўным пытанням расійскія патрыёты і палітыкі ўбачылі пагрозу культурнага сепаратызму. Паказальнай з’яўляецца барацьба за Гогаля, якая вялася ў гэты час у Пецярбургу. Прыехаўшы ў сталіцу ў дваццацігадовым узросце, Гогаль паспрабаваў стаць расійскім пісьменнікам, наследуючы Жукоўскага і Пушкіна. Аднак, яго першая публікацыя “Ганс Кюхельгартен. Идиллия в картинках” атрымала такую негатыўную ацэнку ў прэсе, што Гогаль сабраў увесь тыраж і адразу ж спаліў яго. Урэшце Гогаль сфармаваўся як пісьменнік сусветнага значэння, бо перамагла ў ім родная ўкраінская стыхія, традыцыі ўкраінскага грамадскага і культурнага побыту. Аднак царская Расія фармавалася як жандарм Еўропы. Расійскі ўрад і яго прыхільнікі не хацелі бачыць адраджэння іншых народаў. Рабілася ўсё, каб у Расіі панавала адзіная мова – дзяржаўная, руская. Гогаль, насуперак прыродзе ўласнага таленту, стаў у выніку абставін агульнадзяржаўнага парадку рускамоўным пісьменнікам.

У лісце да А. Смірновай Гогаль спавядаўся: “Я сам не знаю, какая у меня душа. Знаю только то, что никак бы не дал преимущества ни малороссиянину перед русским, ни русскому перед малороссиянином. Обе природы слишком щедро одарены Богом…”. Прыхаваная за гэтымі словамі раздвоенасць душы пісьменніка стала прычынай яго жыццёвай і творчай трагедыі. Канфлікт Гогаля – гэта канфлікт двух светапоглядных ментальнасцей. Расійская публіка з захапленнем сустрэла яго ўкраінскія аповесці праз экзатычную прыцягальнасць “казачнай краіны” Маларосіі, дзе ажывала фантазія і наіўная лагоднасць старажытнасці. Увераваўшы ў сваю місію духоўнага рэфарматара Расіі, як спадкаемца Кіеўскай Русі, Гогаль паспрабаваў стварыць сатыру на расійскую рэчаіснасць. І тут большасць расійскіх патрыётаў убачылі ў Гогалі “пасквілянта і дзяржаўнага злачынцу”, “небяспечнага бунтаўшчыка”, ворага, якога “неабходна ў кайданах выслаць у Сібір”. Усе падняліся супраць Гогаля. Як выказаўся пісьменнік у лісце да актора Шчэпкіна, супраць яго былі службоўцы, паліцэйскія, купцы, літаратары. “Гоголь не всем может быть примером, – сцвярджаў Бялінскі. – Тем не менее жалко видеть, когда и маленькое дарование попусту тратит свои силы, пиша по-малороссийски для малороссийских крестьян… Хороша литература, которая только и дышит, что простоватостью языка и дубоватостью крестьянского ума!». Паказальным з’яўляецца і сумнавядомы ліст Бялінскага да Гогаля, дасланы пісьменніку ў адзін з найбольш цяжкіх перыядаў яго жыцця, у 1847 г. Крытык дазваляў сабе субектыўныя перахлёсты, змяшчэнне акцэнтаў з твораў на асобу пісьменніка.

Як вядома, занепакоены сваёй будучыняй, Гогаль выехаў за межы краіны. Спробы напісання ў Еўропе новага варыянта “Мёртвых душ” не прынеслі яму заспакаення. Характэрна, што, працуючы над “Мёртвымі душамі”, пісьменнік пастанавіў сабе: ніякай сатыры, толькі лірычны пачатак можа дапамагчы мастаку пазнаць чалавека. Аднак расійскі чыноўнік (і не толькі чыноўнік) адверг “Мёртвыя душы”, як раней адверг “Рэвізора”. Гогаль, які пакінуў Украіну і абраў сваёй бацькаўшчынай Расію як цэласнасць, урэшце быў адвергнуты Расіяй як яе вораг.

Што датычыць Шаўчэнкі, то Гогаля ён цаніў вельмі высока і ці не найперш за ўвагу да маленькага чалавека, за тую цеплыню, якой апавіты ў Гогаля іх вобразы. Талент Гогаля Шаўчэнка ўспрымаў праз філасофскае і эстэтычнае напаўненне яго твораў. Гогаль для Шаўчэнкі – “справжній знавець серця людського і наймудріший філософ. Навіть найбільший поет повинен побожно схилятися перед ним, як людинолюбом»...

Да 200-годдзя з дня нараджэння Гогаля маскоўскі кінарэжысёр В. Бортка, які атрымаў вядомасць праз свае кінапастаноўкі расійскай класікі, ажыццяўляе экранізацыю аповесці Гогаля “Тарас Бульба”. Рэжысёр падыходзіць да трактоўкі галоўнага герая ў духу раней усталяваных русацэнтрысцкіх поглядаў – “Гоголь с гордостью писал о России и таких ее людях, как Тарас Бульба” (М. Ануфрыеў). У гэтым святле гісторыя Тараса Бульбы і яго акружэння падаецца як расійская гісторыя. Аднак няма даверу таму творцу, які не хоча зразумець ці свядома прыхоўвае ад іншых тое, што Тарас стаў героем – бо выступіў у абарону за правы і жыццёвыя ідэалы свайго народу, за яго славу і гонар. Тарас Бульба – барацьбіт у імя сваёй айчыны-Украіны. І менавіта ў такім, і толькі ў такім ключы падае гледачам свайго герая яго выканаўца, знакаміты ўкраінскі актор Багдан Ступка. За гэтым стаіць не толькі ўкраінскае паходжанне Ступкі, але і яго акторскае сумленне, тое, што Ступка засведчыў сябе ва ўсёй сваёй творчай працы як чалавек гонару. Цікава адзначыць, што прафесіянальны і аб’ектыўны падыход да твора “Тарас Бульба” як да гераічнага народнага эпасу быў засведчаны ў Францыі яшчэ напрыканцы ХІХ ст. Французы ўвогуле разумелі Гогаля праз яго “Вечары на хутары…” як маларасійскага пісьменніка. Вельмі характэрны і наступны факт. Выданнем “Тараса Бульбы” у Францыі ўзнагароджвалі лепшых маладых выпускнікоў-навучэнцаў. Хочацца спадзявацца, што культурны ўзровень нашага сучаснага гледача дазволіць яму зразумець і Гогаля, і Ступку. Бо “Тарас Бульба” вырас на ўкраінскім нацыянальным грунце, за гэтым творам – вызваленчая барацьба ўкраінскага народу супроць замежных прэтэндэнтаў на яго зямлю, волю і незалежнасць, бо за ім гераічная гісторыя казацтва і Запарожскай Сечы.

Працуючы над “Тарасам Бульбай”, Гогаль адчуваў сябе шчаслівым. Пісьменнік гарманічна паядноўваў у сабе інтуітыўнае адчуванне матэрыялу, якое даецца толькі геніяльнаму творцу, і актыўную даследчыцкую працу вучонага-гісторыка. Яго ўкраінскі патрыятызм тут неаспрэчны. Пра гэта як раз і сведчыць ўся задумка аповесці, і прамова Тараса Бульбы, з якой герой Гогаля звяртаецца да казакоў. Некалькі раней Гогаль выношваў мару вярнуцца з расійскай сталіцы ў Кіеў. Пра гэта даведваемся з ліставання паміж Гогалем і яго сябрам-земляком М. Максімовічам, які знаходзіўся ў Маскве. Максімовіч таксама планаваў пераезд у Кіеў, што ён такі здзейсніць: будзе працаваць, выявіць сябе як заснавальнік цэласнай навуковай сістэмы ўкраіназнаўства, стане рэктарам Кіеўскага універсітэта, прыме ўдзел у стварэнне Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства. У лістах да Максімовіча Гогаль выкажа неаднойчы свае адносіны да планаў пра пераезд на Украіну. Ён не хоча працаваць на “Кацапію”, хоча павярнуцца ў “Гетманшчыну”. “Туда, туда! В Киев, в древний, прекрасный наш Киев! Он наш, он не ихний – разве не правда? Там или вокруг его происходили дела древности нашей… Мне надоел Петербург… Вот же славно будет, если мы возглавим с тобой киевские кафедры; много можно будет сделать полезного. А новая жизнь среди такого прекрасного края! Там можно обновиться всеми силами”, – такімі былі настроі Гогаля напрыканцы 1834 г. Але насамрэч сталася ўсё інакш. Гогаль не быў барацьбітом і змагаром. Ён урэшце ўспрыняў пазіцыю Белінскага, які пераконваў грамадскасць: “Литературным языком малороссиян должен быть язык их образованного общества – язык русский. Если в Малороссии и может появиться великий поэт, то не иначе, как под условием, чтобы он был русским поэтом, сыном России…». Гогаль пагадзіўся на гэту ролю. Ён застаўся ў Расіі, хаця ўнутрана адчуваў сваё ўкраінскае “Я” у яго супрацьпастаўленні з расійскай ментальнасцю. Як пазначаць пазней украінскія навукоўцы, Гогаль, “переполовинений, повний суперечностей і контрастів… впав під вагою життя як жертва своєї дводушності” (С. Яфрэмаў).

Шаўчэнка -- украінскі нацыянальны паэт, змагар, барацьбіт. І мысліцель, і грамадска-палітычны дзеяч. У Пецярбург з Украіны прыгонны Шаўчэнка трапіў у 1831 г. -- у абозе абслугі яго перавозіць у Расію пан Энгельгардт. Такім чынам, Шаўчэнка ўзрастае як паэт у атмасферы рускай сталіцы. Яшчэ раз падкрэслім: Шаўчэнка інтэнсіўна ўваходзіў у асяроддзе рускай культуры. Ён сябраваў з многімі расіянамі -- мастакамі, акторымі, літаратарамі, грамадскімі дзеячамі. Яго “Дзённік” споўнены цікавымі запісамі пра рускую літаратуру. Мы ведем, ён цешыўся, атрымаўшы ў падарунак “фографические портреты апостола нашего Александра Ивановича Герцена”. З пачыну І. Тургенева сталічная інтэлігенцыя клапацілася перад Камітэтам дапамогі пісьменнікам і вучоным пра вызваленне з прыгону родзічаў Шаўчэнкі. У Шаўчэнку закохваецца не адна руская арыстакратка, закохваецца і ён, аднак, разумее, што яго мары пра Украіну, пра “беленьку хату над Дняпром” і “садок вишневий біля хати” яны не падзеляць. Нават некаторыя творы Шаўчэнкі напісаны на рускай мове. Але, падкрэслім: толькі некаторыя.

Мова – для нацыянальнага паэта ў Расіі – гэта і форматворчасць, і сведчанне дэмакратызму. І выява выключнай мужнасці. Як пісьменніка-дэмакрата Шаўчэнку характарызавалі найбольш поўна. Гэты аспект для даследчыкаў быў вельмі “зманлівы”, выіграшны, бо за ім можна было прыхаваць такую балючую для расійскай ментальнасці нацыянальную ўкраінскую ідэю, якая з’яўлялася і з’яўляецца вядучай пры характарыстыцы феномену Шаўчэнкі. Адзначым кур’ёзнасць асобных палажэнняў пры такім разглядзе творчай спадчыны паэта. Уводзячы Шаўчэнку ў кантэкст расійскай прагрэсіўнай думкі, даследчыкі сцвярджалі: Шаўчэнка быў вучням і паслядоўнікам расійскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, называючы пры гэтым імёны М. Чарнышэўскага, М. Дабралюбава. Нацяжка тут каласальная, аднак звяртаць увагу на недарэчнасць супастаўленняў ніхто не хацей. Так было спакайней: Шаўчэнка не сам па сабе быў бунтаром, ён не вырастаў на грунце ўкраінскага свабодалюбства, а пераймаў запал змаганняў ад расійскіх рэвалюцыянераў. У той жа час, відавочным з’яўляецца менавіта нацыянальная аснова мыслення Шаўчэнкі. Задумаймася над датамі: Чарнышэўскі нарадзіўся ў 1828, Дабралюбаў – у 1836. Шаўчэнкаў “Кабзар” засведчыў перад светам непакорны дух яго творцы ў 1840 г. На гэты час Чарнышэўскаму было 12 гадоў, Дабралюбаву няпоўных 5…

Зыходзячы з рэалій, больш справядліва будзе ўбачыць у расійскіх дэмакратах вучняў славутага Шаўчэнкі. Шаўчэнка ўжо сфармаваўся як змагар за правы прыгнечанага народа, калі і Чарнышэўскі, і Дабралюбаў паставілі перад расійскімі пісьменнікамі задачу стварэння літаратуры рэвалюцыйна-дэмакратычнага рэалізму. Паказальна, што ў вядомым артыкуле “Национальная бестактность”, які быў надрукаваны ў часопісе “Современник” у 1861 г., М. Чарнышэўскі неаднойчы спасылаецца на Шаўчэнку: “как свидетелствовал Шевченко… Опираясь на этот непоколебимый авторитет, мы твердо говорим… Никакие голословные возражения не поколеблют нашего мнения, опирающегося на такой авторитет, как Шевченко». У іншым сваім артыкуле, які таксама мае выразную назву – “Народная бестолковость”, Чарнышэўскі прызнаецца ад імя свайго пакалення, што вялікаросы не могуць пахваліцца тым, што былі справядлівымі ў сваіх адносінах да літаратуры маларосаў. “Ещё недавно русская литература смотрела на попытки предоставить малорусскому языку литературное значение иногда с чванливой улыбкой, иногда просто с враждебностью», -- чэсна прызнаваўся аўтар.

На мяжы ХІХ і ХХ ст. актывізуецца навуковая літаратуразнаўчая думка. Што датычыць Шаўчэнкі, дык гэтаму асабліва паспрыялі і рэвалюцыйна-дэмакратычныя рухі 1905 – 1907 гадоў, і юбілейныя даты (1911, 1914) – з нагоды нараджэння і смерці Кабзара. Працытуем знакамітага расійскага пісьменніка К. Чукоўскага, які ў 1911 г. выказаў арыгінальныя думкі пра Шаўчэнку, параўнаўшы яго з М. Някрасавым. «Некрасов написал «Размышления у парадного подъезда». Шевченко был на это не способен. «Размышления»! Что же размышлять у парадных подъездов! – «треба миром, громадою обух сталить та добре вигострить сокиру» – сказал бы он «у парадного подъезда»… Наши гражданские поэты кажутся рядом с этим поэтом великого гнева какими-то вегетарианцами, бледнолицими и малокровными. Некрасов именно и привлекателен и своей унылостью, и резиньяцией. Это глубого национальная черта…».

Адносна жыццяздатнасці ці паўнапраўнасці ўкраінскай мовы нядобразычлівыя выступленні гучаць і дагэтуль. Акрамя таго, не ўлічваючы ў рэтраспекцыі тыя рэпрэсіўныя захады з боку царскага ўрада, пад ціскам якіх прабівала сабе дарогу ў сферу навукі і літаратуры ўкраінская мова, расійскія вучоныя ў актыў рускай культуры залічваюць тое, што вымушана стваралася на Украіне па-руску. Вось ён, яскравы прыклад. Прафесар А. Філіпаў, разглядаючы вытокі рускай філасофскай думкі і не знаходзячы ў гісторыі ўласных цікавых нацыянальных постацей, звяртаецца да асобы Г. Скаварады. “Уже в ХVІІІ веке жил и учил замечательный украинский философ Г. Сковорода… Перед нами поразительно стройная и глубокая система философии, которая ни в чем не уступает философии В. Соловьева». З гэтым нельга не пагадзіцца. Аднак наступныя радкі паказваюць, што тэндэнцыя атаясамліваць паняцці дзяржаўнасці і мовы захоўваюцца і сёння: «Сковорода писал по-русски, стало быть, его можно рассматривать русским философом с таким же правом, как Гоголя – русским писателем»…

Шаўчэнка не адмовіўся ад украінскай мовы. Ці проста яму было спавядаць ідэю роднай мовы як спосаб стварэння нацыянальнай літаратуры? На гэта пытанне адкажам шэрагам фактаў, якія катэгарычна замоўчваліся ў айчынным савецкім літаратуразнаўстве. Як доказ пераемнасці дэмакратычных поглядаў паміж украінцамі і расіянамі шырока выкарыстоўвалася ананімная рэцэнзія на “Кабзар” Шаўчэнкі, змешчаная на старонках “Отечественных записок”. Аўтарства яе прыпісвалася В. Бялінскаму. Аднак схвальныя водгукі часопіса не маюць нічога агульнага з пазіцыяй “неистового Виссариона” адносна Шаўчэнкі і ўкраінскага пытання, якую ён рэгулярна выказваў у расійскім друку. Стаўленне Бялінскага да Украіны як да прыродна-кліматычнага аазіса на тэрыторыі Расійскай імперыі было, зразумела, прыхільным. Ён успрымаў Украіну як Маларосію, з замілаванасцю пісаў пра “паэтычнасць яе прыроды” і “высакароднасць укладу жыцця ў побыце”, бачыў у гэтым “супрацьлегласць паўднёвай Русі і паўночнай”, згаджаўся, што “многа паэзіі ў народнай паэзіі” украінцаў. Аднак адносіны да ідэі ўзнікнення новай украінскай літаратуры на нацыянальнай мове былі ў Бялінскага выключна адмоўнымі. З тэарэтычнай платформай яго поглядаў наўрад ці можа пагадзіцца сучасны адукаваны чалавек: “История Малороссии не принадлежит к истории всемирно-человеческой, круг ее тесен, политическое и государственное значение ее – то же, что в искусстве гротеск”. Бялінскі адмаўляў у правах на існаванне – менавіта як украінскім пісьменнікам – і Катлярэўскаму, і Квітку-Аснаўяненку, і Грабінку, і Шаўчэнку. Ён у непрыстойных фарбах маляваў іх украінамоўныя літаратурныя пачынанні, намагаючыся павесці сваіх сучаснікаў-украінцаў па слядах Гогаля і перацягнуць іх на ніву рускамоўнай творчасці. З'едліва-іранічна і нават непрыстойна-цынічна ён адгукнуўся на выхад у свет альманаха “Ластівка” (1841), дзе былі апублікаваны лепшыя тагачасныя творы ўкраінскіх пісьменнікаў – Шаўчэнкі, Квіткі-Аснаўяненкі, Баравікоўскага, Забілы і інш. Прачытаўшы іхнія тэксты, Бялінскі пагардліва заўважыў: “Наконец я понял всю ценность борща, сала и галушек”! Некаторыя пісьменнікі пасля такога рода прынізлівай, разгромнай крытыкі Бялінскага адыходзілі ад літаратурнай працы (як гэта сталася, напрыклад, з украінскім паэтам-рамантыкам Я. Шчогалевым).

Найбольшай экспрэсіяй споўнены выказванні Бялінскага адносна арышту Шаўчэнкі і яго ссылкі. У лісце да крытыка П. Аненкава, які ў свой час, знаходзячыся ў Рыме, дапамагаў Гогалю ў перапісванні начыста рукапісу “Мёртвых душ”, Бялінскі ў 1847 г. выкажацца зусім адкрыта: “Мне не жаль его: будь я его судьёю, я сделал бы не меньше. Я питаю личную вражду к такого рода либералам. Это враги всякого успеха”. У тым жа 1847 г. Бялінскі заяўляе: “Вера делает чудеса – творит людей из ослов и дубин, стало быть, она может и из Шевченки сделать, пожалуй, мученика свободы. Но здравый смысл в Шевченке должен видеть осла, дурака и пошлеца”. З асаблівай раздражнёнасцю Бялінскі піша пра яшчэ аднаго ўкраінца, які актыўна сведчыў пра існаванне Украіны: “Одна скотина из хохлацких литератов, некто Кулиш (экая свинская фамилия!)…». Рэакцыя Бялінскага на ўкраінскае жыццё становіцца адназначна варожай: “Вот что делают эти скоты, безмозглые либералишки! Ох, эти мне хохлы! Ведь бараны – а либеральничают во имя галушек и вареников с свиным салом!”. Як бачым, звінавачванні ўкраінцаў становяцца трафарэтнымі. І не вытрымліваюць ніякага лагічнага асэнсавання, бо, зразумела ўсім, не галушкамі, і не салам “частаваліся” палітычныя зняволеныя!

Аналіз прычын такога негатыўнага стаўлення Бялінскага да ўкраінскай літаратуры выдатна здзейсніў М. Драгаманаў. Не літаратурныя, а менавіта палітычныя інтарэсы і мэты пераследаваў Бялінскі, выступаючы супроць аўтараў “Ластівки”, Шаўчэнкавых “Гайдамакаў” і інш. Сапраўды, цяжка ўявіць, што такі тонкі літаратурны крытык, як Бялінскі, якім ён выявіў сябе пры назіраннях за развіццём рускай літаратуры, мог так неверагодна непрафесійна і тэндэнцыйна разглядаць пытанні развіцця ўкраінскага прыгожага пісьменства. Нельга не заўважыць парадаксальнаць пазіцыі Бялінскага. Ён – прагрэсіст, ён – рэвалюцыянер-дэмакрат. Больш таго, яго запісалі ў кіраўнікі расійскіх рэвалюцыйна-дэмакратычных сіл. І ён жа не падзяляе Шаўчэнкавай крытыкі царызму! Бялінскі абураны сатырычнай паэмай Шаўчэнкі “Сон”, ён лічыць паэму “возмутительно гадким пасквилем”. Пры гэтым Бялінскі спрабуе быць джэнтэльменам. Цар мог пасмяяцца над сваім карыкатурным вобразам, лічыць крытык, і аўтар – “дурак не пострадал бы за то только, что он глуп». Але ж паэт адважыўся зачапіць яшчэ вобраз царыцы. І гэта абурыла Бялінскага да краю. Украінцы, паводле Бялінскага, – «это враги всякого успеха. Своими дерзкими глупостями они раздражают правительство… и вызывают меры крутые и гибельные для литературы и просвещения…».

Драгаманаў паставіў дыягназ Бялінскаму вельмі дакладны. “Якби Бєлинський не поставився до «хохлів» як до чогось чужого, що може шкодити його рідній літературі, дратуючи його уряд, він, з його тодішніми політичними поглядами, не так би поставився до Шевченка і його друзів, яких він називає в листі своєму до Гоголя просто ”хохлацкими свиньями, годными только на сало”. Драгаманаў прыходзіць да высновы, што Бялінскі не здолеў пазнаць у Шаўчэнку свайго аднадумца ў барацьбе за свабоду – праз сваю «арыстакратычнасць і вузкую дзяржаўнасць» мыслення. На жаль, на гэту «слепату» хварэлі многія расійскія прагрэсісты, якія зыходзілі з канцэпцый вялікадзяржаўнага шавінізму. І, міжволі пераходзячы на бок расійскага імперыялізму, здраджвалі ідэалам свабоды.

Пазіцыі Бялінскага і яго прыхільнікаў зводзіліся ў грамадскім плане да наступнага пераканання: калі ўкраінцы не маюць дзяржавы, сваёй арыстакратыі, дзяржаўнай мовы, то не маюць яны права і на ўласную нацыянальную літаратуру. Як бачым, адносіны да моўнага пытання атрымліваюць палітычную падсветку і выяўляюць сапраўдныя перакананні грамадзяніна імперыі, дэмакратычнае, ці антыдэмакратычнае стаўленне да прадстаўнікоў недзяржаўных народаў царскай Расіі. Усе працытаваныя тут выказванні Белінскага змешчаны ў 5 томе яго поўнага збору твораў, выдадзенага на пачатку ХХ ст. пад рэдакцыяй С. А. Венгерава. Стараннямі Венгерава была выдадзена і «Письмо к Гоголю» Белінскага, якое да 1905 г. не публікавалася. Зразумела, у савецкі час антыдэмакратычныя погляды Белінскага прыхоўваліся. Праявы такой жа, як і ў Белінскага, «недалёкабачнасці» можна сустрэць і ў сучаснай расійскай інтэлігенцыі. Некаторым яе прадстаўнікам проста не хапае ведання нацыянальнага жыцця іншых народаў. Іншыя свядома не хочуць цікавіцца нічым, што выходзіць за межы велікарускага жыцця. Зрэшты, такая абыякавасць шкодзіць і самім рускім, бо выяўляецца яна ў занядбанасці праблем уласнага, рускага нацыянальнага адраджэння.

Як бачым, каб застацца верным сабе і сваім ідэалам, Шаўчэнка мусіў быць змагаром. Тым больш, што і з боку землякоў-украінцаў не заўсёды ён знаходзіў разуменне. Адны гартавалі яго характар, іншыя расхіствалі падваліны яго ідэйных перакананняў і эстэтычных крытэрыяў. Сярод землякоў найбольш выразны ўплыў на Шаўчэнку здзейсніў згаданы намі (пры разглядзе ментальнасці М. Гогаля) М. Максімовіч. Шаўчэнку і Максімовіча ядналі пабрацімскія сувязі. Яны ўзаемна падтрымлівалі адзін другога ў творчых планах. Максімовіч спрыяў Шаўчэнку ў яго працы над «Живописной Украиной». Менавіта Максімовічу як вучонаму належыць ідэя Украіны-Русі. Пра Максімовіча з удзячнасцю гавораць даследчыкі: «Його найбільшим подвигом, як і подвигом передреволюційного українства взагалі, було вияснення народної основи української історії, її тяглості і неперервності, укріплення на сім грунті того переконання, що український народ – це дійсний будівничий великого тисячолітнього діла української історії і одвічний господар української землі, политої його потом і кров’ю» (М. Грушэўскі). Відавочна, што пад уздзеяннем Максімовіча Шаўчэнка ўвайшоў у кола Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва.

У гэты ж час у Кіеве Шаўчэнка пазнаёміўся з П. Кулішом, яшчэ адным паплечнікам, з якім будзе моцна звязаны па жыцці. Калі Шаўчэнку Бялінскі характарызаваў як «хохлацкого радикала», то Куліш у яго ўспрыманні – «хохлацкий либерал». У такім размежаванні Шаўчэнкі і Куліша расійскі крытык меў пэўную рацыю. Адукаваны, таленавіты, арыстакратычны, самаўлюбёны Куліш то захапляўся Шаўчэнкам, то крытыкаваў яго за «залішнюю ўкраінскасць». Шаўчэнку абставіны палітычнага і культурнага жыцця Украіны вылучалі на месца лідара нацыі. Хаця сам ён быў сціплым, не амбіцыёзным чалавекам і на лідарства не хварэў. Куліш жа замест Шаўчэнкі гатовы быў сам сябе паставіць на ролю правадыра ўкраінцаў. Эмацыянальныя зрывы Куліша абумовілі і нестабільнасць яго грамадскіх арыенціраў. Падагульняючы праведзены аналіз агульнакультурнага зрэзу эпохі, яшчэ раз падкрэслім: Шаўчэнка заставаўся непахісным на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця. І гэта засведчана яго разуменнем значэння мовы ў станаўленні нацыі, праца паэта над стварэннем украінскай літаратурнай мовы. Шаўчэнка здзейсніў творчы сінтэз жывой народнай мовы са здабыткамі папярэдняй літаратуры, за кошт неалагізмаў разшырыў яе лексічныя гарызонты – ад абшараў прастамоўя да філасофскіх катэгорый, узбагаціў стылёва-экспрэсіўныя магчымасці роднай мовы, узняў яе да ўзроўню развітых літаратурных моў свету.



1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка