Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі




старонка1/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13
КАБРЖЫЦКАЯ Т. В., РАГОЙША У. В.

КЛАСІКА І СУЧАСНАСЦЬ
Украінская літаратура

і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі

У трох частках.

Частка 1. Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст.
Вучэбны дапаможнік ЗАЦВЕРДЖАНЫ

Вучэбна-метадычным аб’яднаннем

ВНУ Рэспублікі Беларусь

па філалагічнай адукацыі ў якасці

вучэбнага дапаможніка для ВНУ

Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасцях:

1 – 21 05 04 “Славянская філалогія”,

1 – 21 05 01 “Беларуская філалогія”,

1 – 21 05 02 “Руская філалогія”

(пратакол №1 ад 14. 04. 2009 г.)


Мінск


БДУ

2009
Рэцэнзенты:


М. І. Мушынскі – член-карэспандэнт АН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.
Кафедра беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны (загадчык – доктар філалагічных навук, прафесар І. Ф. Штэйнер).
Кабржыцкая Т. В., Рагойша У. В.

Класіка і сучаснасць. Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі: вуч. дапам. для студ. выш. навуч. устаноў:

у 3 ч. – Мінск: БДУ, 2009. – Ч.1: Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст. – с.

У вучэбным дапаможніку паказана агульнае і адметнае ў працэсе станаўлення ўкраінскага мастацкага слова, ахарактарызаваны асноўныя накірункі ўкраінска-беларускіх літаратурных узаемасувязей. Побач з аналізам традыцыйных навуковых канцэпцый даецца агляд навейшага падыходу да пытанняў развіцця культуры і літаратуры ўкраінскага і беларускага народаў. Аўтары вучэбнага дапаможніка акрэсліваюць яшчэ не даследаваныя моманты, падказваюць перспектыўныя шляхі самастойнай працы студэнтаў, раскрываюць магчымасці іх прафесіянальнага ўдасканалення.

Адрасуецца студэнтам філалагічных спецыяльнасцей ВНУ, усім, хто цікавіцца літаратурамі і культурамі ўкраінскага і беларускага народаў.

ПРАДМОВА

Украінцы і беларусы ў старажытнасці:

аспекты сучаснай рэцэпцыі мастацкай літаратуры

братніх народаў і іх міжнацыянальных кантактаў.
Кардынальныя змены ў духоўным жыцці народаў, якія адбыліся напрыканцы ХХ ст., пераасэнсаванне гістарычных, філасофскіх, сацыялагічных, маральна-этычных навуковых канцэпцый спрыяюць сёння выпрацоўцы новай метадалогіі вывучэння еўрапейскага і ўласнанацыянальнага літаратурных працэсаў. Больш шырокі погляд на гісторыю і культуру Еўропы сучасных навукоўцаў, як нашых айчынных, так і замежных, дазваляе ўбачыць, што ў старажытнарускіх тэкстах – як богаслужэбных, так і фальклорных, летапісных, жыційнай і паломніцкай літаратуры – у той ці іншай ступені паядноўваюццца ўласны матэрыял з сусветным культуралагічным кантэкстам. Апошнім часам дадатковыя веды пра сваіх далёкіх продкаў мы можам атрымаць з навейшых даследаванняў як усходнеславянскіх, так і заходнееўрапейскіх вучоных. Пачатак ХХІ ст. прынёс новае слова ў пазнанне гісторыі і культуры славянскіх зямель праз арабскія і персідскія крыніцы, старанардычныя тэксты. Для самаўсведамлення ўкраінцаў і беларусаў вялікую ролю можа адыграць вывучэнне сувязей ўсходнеславянскіх зямель са скандынаўскімі краінамі, якія мелі месца ў дахрысціянскую епоху і ў час прыняцця хрысціянства.

Прапанаваная манаграфія месціць агляд крытычных назіранняў, гісторыка-літаратурных меркаванняў і тэарэтычных абагульненняў, звязаных з культурай і літаратурай ўкраінскага і беларускага народаў перыяду ад глыбокай Старажытнасці да сярэдзіны ХІХ ст.

Папярэдне выданы вучэбны дапаможнік «Украінская літаратура. Хрэстаматыя», дзве часткі якога ўбачылі свет у 2004 і 2005 гадах (аўтары-складальнікі Т. В. Кабржыцкая, П. І. Навойчык, У. В. Рагойша), які з’яўляецца першым у Беларусі манаграфічным даследаванні ўкраінскай літаратуры, падае корпус украінскіх мастацкіх тэкстаў і літаратуразнаўчыя каментарыі да іх. Навукова-крытычная, уласна падручнікавая частка названага вучэбнага дапаможніка пабудавана пераважна на прынцыпе гісторыка-біяграфічным. Новы вучэбны дапаможнік «Класіка і сучаснасць» з’яўляецца своеасаблівым дадаткам да папярэдне створанага для студэнтаў-філолагаў выдання «Украінскай літаратура. Хрэстаматыя». Падкрэслім, што падача біяграфічных звестак пра творцаў тут не лічыцца першачарговай. Прыярытэтным з’яўляецца высвятленне светапогляднай асновы творчасці мастака, паэтыкі мастацкага тэкста, тыпу мастацкага мыслення пісьменніка, стылю літаратурнага твора.

Прынцыповая адметнасць новага выдання падказваецца самой назвай: «Класіка і сучаснасць». У манаграфіі ўлічаны апошнія дасягненні гуманітарных навук, раскрываюцца новыя падыходы да аналізу асобных фактаў з гісторыі літаратуры даўнейшага часу і пытанняў агульна тэарэтычнага парадку.

Змест і структуру вучэбнага дапаможніка «Класіка і сучаснасць» вызначаюць галоўныя, на погляд аўтараў манаграфіі, моманты ў гісторыі і культуры ўкраінскага і беларускага народаў. Матэрыял абранага для разгляду перыяду размеркаваны ў некалькі канцэптуальных блокаў. Паколькі адметнасці літаратуры Сярэднявечча нельга спасцігнуць у адрыве ад гісторыка-культурнага кантэксту часу, першы вялікі раздзел вучэбнага дапаможніка прысвечаны разгляду сучасных падыходаў да разумення вытокаў славянскіх народаў. У святле існуючых меркаванняў пра станаўленне ўсходнеславянскіх народнасцей, у цеснай сувязі з увядзеннем на Русі хрысціянства разглядаецца перыяд ранняга Сярэднявечча ІХ – ХІІІ ст. У сучасным украінскім літаратуразнаўстве адбываецца актыўны перагляд здабыткаў пісьменства эпохі Сярэднявечча. Не імкнучыся размеркаваць скарбы старажытнасці па нацыянальных кватэрах, аўтары прапанаванага вучэбнага дапаможніка паспрабавалі даць агульны аналіз тагачаснай літаратуры з улікам яе найбольш істотных эстэтыка-зместавых характарыстык. Пры гэтым аўтары палічылі мэтазгодным раскрыць вядучыя тэндэнцыі стварэння літаратуры Сярэднявечча на прыкладзе паломніцкага тэкста «Хаджэнне ігумена Данііла», паколькі гэты твор стаіць на мяжы рэлігійнага і свецкага пісьменства, раскрывае амаль усе адметнасці тагачаснага літаратурнага працэсу. Пры аналізе культурнага і літаратурнага жыцця старажытнага перыяду аўтары карыстаюцца тэрмінам Кіеўская Русь, зыходзячы з агульнапрынятасці і традыцыйнасці ўжывання ў друку пераважна такой назвы старажытнай славянскай дзяржавы. Аднак, аўтары лічаць неабходным падкрэсліць умоўнасць гэтага словазлучэння: тэрмін Кіеўская Русь лічыцца «кабінетным». Ён быў прыдуманы ў ХІХ ст. і ніякага гістарычна даставернага напаўнення не мае.

Такім чынам, у раздзеле «Нашы карані», які напісаны сумесна з Э. Ю. Дзюкавай, аўтары імкнуліся раскрыць цэласную карціну гісторыі фармавання праславянскіх народаў. Духоўнае жыццё старажытных этнасаў, з кораня якога вырастала ўкраінская і беларуская культура, разглядаецца ў шырокім кантэксце заходнееўрапейскай цывілізацыі. Ужо ў эпоху Сярэднявечча назіраюцца выявы кантактных і тыпалагічных сувязей, якія дазваляюць высветліць агульнаеўрапейскія тэндэнцыі развіцця і, у той жа час, раскрываюць рэгіянальныя ўсходнеславянскія тэндэнцыі, якія спрыялі выпрацоўцы самабытных шляхоў станаўлення ўкраінскай і беларускай культуры і літаратуры. Станаўленне літаратурных традыцый разглядаецца з улікам асаблівасцей хрысціянізацыі Кіеўскай Русі, міфалагічнага і тагачаснага нацыянальнага фальклорнага мыслення.

Другім вялікім блокам у вучэбным дапаможніку падаецца гісторыка-культурны матэрыял, звязаны з дзейнасцю Кіева-Магілянскай акадэміі – першай вышэйшай праваслаўнай навучальнай установы на тэрыторыі ўсходніх славян. Кіева-Магілянская акадэмія разглядаецца як цэнтр літаратурнага працэсу той дзяржавы, у якую ўваходзілі ў адпаведны перыяд украінскі і беларускі народы. Асаблівая ўвага скіравана на факты, якія дазвалюць характарызаваць Кіева-Магілянскую акадэмію як alma matar украінцаў і беларусаў.

Кожны з наступных раздзелаў прысвечаны найбольш знакамітым пісьменнікам канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст., творчасць якіх уключана ў культуралагічны інтэр’ер часу.

Аўтары, катэгарычна не прымаючы дагматычны падыход да працэсу творчасці, знімаюць адназначнасць шэрагу ацэнак як з гісторыка-культурных працэсаў у цэлым, так і з асобных індывідуумаў. Так, дагэтуль існавалі шматлікія праявы прымусовага ідэалагічнага асэнсавання асобы І. Мазепы, адпаведна, замоўчвалася яго выключная роля ў станаўленні ўкраінскай культуры. Замоўчваліся і дасягненні літаратурнай эпохі Барока, якая стымулявала ўкраінскія нацыятворчыя працэсы. Зусім невядомай у Беларусі застаецца творчасць Г. Скаварады, хаця ён цікавы як пісьменнік, да таго ж, па праву можа лічыцца першым усходнеславянскім філософам. І нават І. Катлярэўскі, добра знаны ў Беларусі, патрабуе дадатковай падсветкі: акрамя прызнаных якасцей яго творчасці, сёння акцэнт на Украіне робіцца ў яго творах на ідэі кансалідацыі ўкраінскай нацыі. Аўтары паказваюць таксама неправамернасць ранейшых поглядаў на гісторыю літаратурнага працэсу як на «прагресіўную барацьбу адзіна «правільнага» творчага метаду рэалізма» з нерэалістычнымі праявамі ў мастацтве. Тое, што студэнты, не маючы доступу да навейшых украіназнаўчых прац, карыстаюцца выданнямі савецкага часу, якія зачастую скажона падаюць нават творчасць Т. Шаўчэнкі, абавязала аўтараў скарэкціраваць інтэрпрэтацыю творчай спадчыны Кабзара. Вылучаны чатыры асноўныя канцэпты, асэнсаванне якіх падкажа паўнавартаснае ўспрыняцце асобы бацькі ўкраінскай нацыі, дапаможа ўбачыць Кабзара ва ўсё паўнаце яго велічы – як грамадзяніна і як самабытнага нацыянальнага пісьменніка.

Наватарства вучэбнага дапаможніка «Класіка і сучаснасць» яшчэ і ў тым, што аўтары і ў аглядных матэрыялах, і ў манаграфічных раздзелах мэтанакіравана прасачылі тыпалагічныя сыходжанні паміж творчымі пошукамі ва ўкраінскай і беларускай літаратурах. Некаторыя аспекты ўкраінска-беларускага ўзаемадзеяння закранаюцца ўпершыню і распрацаваны спецыяльна для гэтага выдання.

Апошні раздзел прысвечаны не ўкраінскаму, а беларускаму аўтару. Выбар здзейснены свядома. Бо драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча яшчэ раз выдатна ілюструе і правамернасць, і плённасць вывучэння літаратурнага працэсу праз канцэпцыі кампаратывістыкі. І кантактныя формы сувязей, і тыпалагічныя паралелі, і свядомае засваенне іншанацыянальнай школы, і выпрацоўка свайго, непаўторнага, – ўсе формы літаратурных сувязей і іх вынікі можна прасачыць на прыкладзе творчасці першага класіка беларускай літаратуры. Раней яго спадчына вывучалася пераважна ў параўнанні з польскай, расійскай літаратурамі. Аднак, існуюць усе падставы разглядаць зробленае ў літаратуры В. Дуніным-Марцінкевічам у кантэксце дасягненняў украінскай літаратуры. Аналіз творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча пераканаўча засведчвае, што той накірунак даследавання, пры якім аб’ектам вывучэння з’яўляюцца ўкраінска-беларускія літаратурныя сувязі, для беларускага пісьменства павінен стаць вельмі прынадным, цікавым і перспектыўным.

Усе раздзелы вучэбнага дапаможніка «Класіка і сучаснасць» падпарадкаваны ідэям навучання і асветніцтва. Методыка падачы матэрыяла абумоўлена мэтамі педагагічна-выхаваўчымі ў самым шырокім аб’ёме. У манаграфіі вырашэнне ідэйна-выхаваўчых задач знітавана з раскрыццём гуманістычнай скіраванасці ўкраінскага і беларускага мастацтва слова. Як і ў кожным выданні навучальнага характару, у манаграфіі «Класіка і сучаснасць» матэрыял не можа не змяшчаць элементаў дыдактызму. Аднак, у дапаможніку запрапанаваны таксама агляд сучасных навуковых гіпотэз гуманітаранага парадку. У большасці выпадкаў аўтары, падаючы ўзоры інтэрпрэтацыі мастацкіх з’яў, заклікаюць студэнтаў да «садумання», да «сатворчасці». Фармуючы эстэтычныя густы студэнтаў, аўтары імкнуліся паглыбіць іх прафесіянальны аналітычны ўзровень. Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што вучэбны дапаможнік «Класіка і сучаснасць» не толькі прапануе для засваення цікавы матэрыял, але акрэслівае яшчэ і не даследаваныя моманты, падказвае перспектыўныя шляхі самастойнай працы студэнтаў, раскрывае магчымасці іх прафесіянальнага ўдасканалення.



ЗМЕСТ

Раздзел І.

НАШЫ КАРАНІ.

Сучасны погляд на воблік русічаў у люстэрку старажытнасці.

Сярэднія вякі як еўрапейская культурная парадыгма.

Шляхі хрысціянізацыі Еўропы.

Этапы станаўлення Кіеўскай Русі. Сувязі дзяржавы з Еўропай.

Традыцыйнае і новае ў асэнсаванні ўсходнеславянскіх каранёў. Моўна-філалагічныя і гістарычныя дыскурсы этымалогіі лексем «русічы» і «славяне».

Індаеўрапейскі корань украінцаў і беларусаў.

Вялікае перасяленне славянскіх народаў. Гіпотэза пра Атылу як правадыра славян і князя кіеўскага.

Манастыры як асяродкі заходне-еўрапейскай і ўсходнеславянскай культур і літаратур.

Моўная характарыстыка кіева-рускай супольнасці.

Літаратура Кіеўскай Русі. Асноўныя тэндэнцыі развіцця.

Жанравыя разнавіднасці літаратуры Кіеўскай Русі. Фалькларызм як структурны фактар твораў усходнеславянскага Сярэднявечча. Народазнаўчы аспект паломніцкага тэксту «Хаджэнне ігумена Данііла» і «Жыція Еўфрасінні Полацкай».

Апостальская місія Андрэя Первазванага, яго «хаджэнне» і ўсходняе славянства. Андрэй як герой легендарна-апакрыфічны і фальклорны.



Раздзел ІІ.

СЛАВУТЫЯ КІЕВА-МАГІЛЯНЦЫ

на скрыжаваннт еўрапейскіх кальтур.

Каардынаты духоўнага культурна-асветнага жыцця Украіны

ХVІІ – першай паловы ХVІІІ ст.

Кіева-Магілянская акадэмія: прычыны ўзнікнення, яе статус, праграма і мэты.

Культуралагічны стрыжань прагрэсіўнай дзейнасці мітрапаліта Пятра Магілы і гетмана Украіны Івана Мазепы.

Уклад кіева-магілянцаў ў развіццё духоўнай культуры Еўропы.

Кіева-магілянцы і літаратурны працэс.

Раздзел ІІІ.

Феномен часу:

ДРАМАТУРГІЯ КІЕВА-МАГІЛЯНЦАЎ

як выява ўкраінска-беларускай культурнай супольнасці
Раздзел ІV.

Украінскі любамудр

Грыгорый СКАВАРАДА (1722 – 1794):

аспекты ўсходнеславянскага дыскурса
Раздзел V.

Іван КАТЛЯРЭЎСКІ (1769 – 1838).

Творчасць нацыянальнага пісьменніка --

выява сентыментальнай правінцыйнасці

ці заканамернасць агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу?

Раздзел VI.

Тарас ШАЎЧЭНКА (1814 – 1861)

Этапы інтэрпрэтацыі творчасці Кабзара –

як доўгі шлях да Украіны, да Беларусі,

да нацыянальнага самапазнання
Канцэпт 1. Тарас Шаўчэнка, Мікола Гогаль, расійскі рэвалюцыйна-дэмакратычны рух і пытанне нацыянальнай мовы.

Канцэпт ІІ. Тарас Шаўчэнка: нацыянальная характаралогія, запарожскае казацтва і творчы метад пісьменніка.

Канцэпт ІІІ. Тарас Шаўчэнка -- не атэіст. Ментальнасць казацтва і гуманістычныя асновы хрысціянскага светапогляду творцы.

Канцэпт ІV. Шаўчэнка і Беларусь: некаторыя аспекты кантактна-тыпалагічных сувязей. Тэорыя і гісторыя пытання.

Раздзел VII.

Вінцэнт ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ (1808 – 1884): Станаўленне беларускай драматургіі

і класічны рэпертуар тэатральнай Украіны ХІХ ст.
Заключэнне.

НАШЫ КАРАНІ.

Сучасны погляд на воблік русічаў у люстэрку старажытнасці




  • Сярэднія вякі як еўрапейская культурная парадыгма.

  • Шляхі хрысціянізацыі Еўропы.

  • Этапы станаўлення Кіеўскай Русі. Сувязі дзяржавы з Еўропай.

  • Традыцыйнае і новае ў асэнсаванні ўсходнеславянскіх каранёў. Моўна-філалагічныя і гістарычныя дыскурсы этымалогіі лексем «русічы» і «славяне».

  • Індаеўрапейскі корань украінцаў і беларусаў.

  • Скандынаўскі след у беларускай культуры.

  • Вялікае перасяленне славянскіх народаў. Гіпотэза пра Атылу як правадыра славян і князя кіеўскага.

  • Манастыры як асяродкі заходне-еўрапейскай і ўсходнеславянскай культур і літаратур.

  • Моўная характарыстыка кіева-рускай супольнасці.

  • Літаратура Кіеўскай Русі. Асноўныя тэндэнцыі развіцця.

  • Жанравыя разнавіднасці літаратуры Кіеўскай Русі. Фалькларызм як структурны фактар твораў усходнеславянскага Сярэднявечча. Народазнаўчы аспект паломніцкага тэксту «Хаджэнне ігумена Данііла» і «Жыція Еўфрасінні Полацкай».

  • Апостальская місія Андрэя Первазванага, яго «хаджэнне» і ўсходнее славянства: Андрэй як герой легендарна-апакрыфічны і фальклорны.


Сярэднія вякі як еўрапейская культурная парадыгма.

Літаратура як паняцце з’явілася ў нашым разуменні ўслед за лацінскім Litteratura, што азначае буквеннае пісьмо, асвета, навука. Сёння, разам з паняццем пісьменства, слова літаратура ўжываецца як абазначэнне сукупнасці разнастайных твораў рукапіснага і друкаванага фармату пэўных перыядаў, пэўных народаў.

Развіццё мастацкай літаратуры народаў свету адбывалася на працягу некалькіх эпох. Агульна прынята лічыць першым этапам фармавання прыгожага пісьменства эпоху Антычнасці. Пад Антычнасцю разумеецца культурная спадчына старажытных грэкаў і рымлян, якая стала асновай еўрапейскай культуры ў шырокім разуменні слова. Час эпохі пазначаны ад VІІІ ст. да н. э. да 476 г. н. э. На змену ёй прыйшла эпоха Сярэднявечча, каб потым саступіць на гістарычнай арэне месца ізноў законам антычнага мастацтва, адпаведна новая эпоха атрымала назву Адраджэння ці Рэнесансу. Канец ХVІІ – ХVІІІ ст. у гісторыі еўрапейскіх культур пазначаны як эпоха Асветніцтва. Наступны, пераходны ад старажытнага часу да новага, перыяд развіцця мастацтва слова прадстаўлены шматлікімі напрамкамі – барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм і іншыя, якія, знаходзячыся ў часе, адносна набліжаным да сённяшняга, здаюцца чытачу больш зразумелымі і блізкімі.

Што датычыць сярэднявечча, то яно нярэдка ахутана для звычайнага ўспрыймальніка ў трывіяльным разуменні завесай цемры, змроку і нават нейкай злавеснасці. На самой жа справе сярэднія вякі –эта перыяд сусветнай гісторыі, які ідзе за гісторыяй старажынага свету і папярэднічае новай гісторыі. Часавыя межы культуралагічнага паняцця эпоха Сярэднявечча (тэрмін «сярэднія вякі» выкарыстоўваецца пераважна гісторыкамі) пазначаюцца як канец V – сярэдзіна XVII ст., у іншых крыніцах ён пазначаецца ад ІV ст. да XVIIІ ст. Філолагам варта звярнуць увагу на тое, што даследчыкі пісьменства часавыя параметры эпохі Сярэднявечча вызначаюць некалькі іначай. У адпаведнасці з асаблівасцямі развіцця літаратурных з’яў у Еўропе эпоха Сярэднявечча мае свае даты: ІІІ ст. н. е. да XV ст. (у Італіі да ХІV ст.). Акрамя таго, заходнееўрапейская навука да эпохі Срэднявечча адносіць таксама культурныя эпохі Адраджэння і Асветніцтва. Паводле ўсходнеславянскай традыцыі ў Сярэднявеччы вылучаюць некалькі перыядаў: ранняе – Х-ІХ ст., спелае – ХІІ-ХІІІ ст., позняе – ХІV-ХV ст.

Афіцыйна прыход сярэднявечча звязваецца з 476 г., калі правадыр германскіх плямёнаў Адаакр скінуў апошняга імператара Заходне-Рымскай імперыі Ромула Аўгустула, а імператар Усходне-Рымскай імперыіі – Візантыі прызнаў Адаакра як караля. Канец эпохі атаясамліваюць з падзеннем Канстанцінопаля пад націскам Асманскай імперыі ў 1453 г.
Шляхі хрысціянізацыі Еўропы.

Сярэднія вякі знітаваны з пашырэннем хрысціянскага веравучэння. Яно зарадзілася ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі. Спачатку хрысціянства моцна пераследвалася, аднак дзякуючы універсалізму маральных прынцыпаў, кодэксу каштоўнасцяў, заснаваных на канцэптах роўнасці, міласэрнасці, любові да бліжняга, ідэі Выратавання, вызвалення ад грахоў, гэта рэлігія атрымала шырокае распаўсюджанне. І ў 311 г. хрысціянства атрымлівае афіцыйны легальны статус, з 324 г. хрысціянства становіцца дзяржаўнай рэлігіяй, уніфіцыруецца Сімвал Веры. Як тып культуры хрысціянства, сфармаваўшыся ў Еўропе ў межах Рымскай імперыі, замяніла культы язычніцтва і (як розныя канфесіі) пашырылася ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку, Аўстралію, цэлы шэраг абласцей Афрыкі і Азіі.

Дагэтуль агульна прынятым было лічыць, што пашырэнне хрысціянства ў краінах Еўропы адбывалася з поўдня, з Візантыі і Рыму. Грэчаская Візантыя ўтварылася ў выніку вялікіх зрушэнняў і распаду Рымскай імперыі. Быў разбураны Рым, які ўспрымаўся ў тыя даўнія часы ледзь не як вечны горад, бо на працягу больш як тысячы гадоў з’яўляўся сталіцай найвялікшай з усіх існаваўшых на свеце імперый. Новым Рымам сталі ўспрымаць Візантыю, а менавіта яе новую сталіцу, пабудаваную імператарам Канстанцінам І, якая атрымала назву Канстанцінопаль (330). Пасля смерці імператара Феадосія Вялікага (395) з’явіліся самастойныя імператары ў заходняй і ва уходняй частках імперыі. У Заходне-Рымскай імперыі ім стаў Ганорый (395 – 423), ва Усходне-Рымскай імперыі – Аркадзій (395 – 408), якога лічаць першым візантыйскім імператарам (адпаведна Візантыю часам яшчэ можна сустрэць пад назвай Аркадзія). Выгаднае геаграфічнае палажэнне на перакрыжаванні розных гандлёвых шляхоў абумовіла тое, што напрыканцы IV ст. ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі ўжо існавала моцная дзяржава са статусам агромністай метраполіі. Палітычная і эканамічная поспехі Візанітыі сфармавалі яе як валадарку марскіх шляхоў. На сярэдзіну VІ ст. Візантыі падпарадкоўваліся тэрыторыі Балканскага паўвострава, Малой Азіі, Сірыі, Палестыны, Егіпту, Лівіі, часткі Месапатаміі, Арменіі, Грузіі. Да яе складу ўваходзілі поўднёвая частка Крымскага паўвострава (Херсанес), астравы Эгейскага і Сяродземнага мароў Крыт і Кіпр, паўночная Афрыка, Італія, Далмацыя, частка Іспаніі, Сіцылія, Сардзінія, Корсіка, Балеарскія астравы. Што датычыць Рыму, то яго ўплыў здзяйсняўся на тэрыторыі Еўропы і пераважна пашыраўся праз сушу.

Апошнім часам даследчыкі пераканаўча паказваюць, што хрысціянства вельмі рана ўсталявалася на паўночных землях Еўропы і ўводзяць у кола краін, з якімі звязана хрысціянізацыя Еўропы, не толькі Візантыю і Рым, але і Ірландыю. Так, у V ст. ірландцы хрысціянізавалі Англію, затым Шатландыю. У 600-х гадах была хрысціянізавана Швейцарыя. На працягу некалькіх стагоддзяў, не без уплыву англасаксаў і шатландцаў, адбывалася пашырэнне хрысціянскай культуры ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Вядома, што ў V ст. паўночную частку сённяшняй Францыі захапілі германскія заваёўнікі з народу франкаў. 499 год – год прыняцця хрысціянства каралём франкаў Хлодвігам. Утварылася магутная дзяржава франкаў. Паколькі яна была двухмоўнай, то складалася з двух частак. Насельніцтва заходняй, што мела назву Неўстрыя, карысталася мовай, заснаванай на латыні, цэнтрам яе быў Парыж. Усходняя частка, якая мела назву Аўстрыен, карысталася франкскім дыялектам старагерманскай мовы. Аўстрыен знаходзілася на правым баку Рэйна, сталіцай яе быў горад Ахен. Пад кіраўніцтвам Рымскага патрыярхата адбывалася хрысціянізацыя германскіх плямёнаў, рассеяных у выніку Вялікага перасялення народаў ад Перынеяў і Брытаніі да Усходняй Балтыі. Як лічаць гісторыкі, галоўнай падзеяй ў Еўропе другой паловы VIII ст. стала пашырэнне імперыі франкаў, узначаленае Карлам Вялікім з дынастыі Каралінгаў.

Карл Вялікі, валадар дзяржавы франкаў, заваяваў у 773 – 774 гг. Ламбардскую Італію, далучыў у 787 – 788 гг. да сваёй імперыі Баварыю, да 790 г. канчаткова авалодаў фрызамі, у некалькі заходаў – з 772 па 785 гг., з 793 па 797 гг. – здзейсніў падначаленне Англіі, у 795 – 796 гг. перамог аварскі саюз у Цэнтральнай Еўропе. У 750 г. баварскія князі ахрысцілі славенцаў. У 800 годзе Карл Вялікі быў каранаваны папай Львом ІІІ на імператара Заходне-Рымскай імперыі, новы імператар абраў сваёй сталіцай горад Ахен. Дарэчы, этымалогію слова кароль, якое з’явілася сярод славян-католікаў для абазначэння главы заходняй дзяржавы, каранаванай папамі, мавазнаўцы выводзяць менавіта ад імя Карл Карла Вялікага: харвацкае kralj, чэскае і славацкае král, польскае krόl, усходнеславянскае кароль, король.

У выніку трыццацігадовых войнаў Карл Вялікі авалодаў многімі землямі Еўропы і ахрысціянізаваў многія народы, у тым ліку і заходніх славян. Услед за ім інтэнсіўнасць працэсу хрысціянізацыі была працягнута нямецка-саксонскім імператарам Оттанам Вялікім. У сярэдзіне Х ст. Оттан Вялікі перамог венграў, пасля чаго яны прынялі хрысціянства. Услед за імі, таксама пасля паражэння ў бітвах з сіламі Оттана І, у 966 г. прыняў хрысціянства і польскі кароль Мешка. Заслугай Оттана Вялікага стала таксама хрысціянізацыя зямель Скандынавіі.

Аднак заўважым, што прыняцце канкрэтнай краінай хрысціянскай веры не карэктна вызначаць толькі адной пэўнай датай. Хрысціянізацыя патрабавала часу і намаганняў, і адбываўся гэты працэс на працягу дзесяцігоддзяў, а нават і стагодзяў. Новая хваля хрысціянізацыі далучыла да Рымскай імперыі ў ІХ ст. славян Харватыі і Маравіі. Балканы сталі арэнай паўторнай актыўнасці і з боку Візантыі. Напрыканцы ІХ ст. паўторна хрысціянізаваны сербы і далмацінцы, у 864 г. адбылося афіцыйнае хрышчэнне балгар. У Сербіі, дзе насельніцтва доўгі час у сваіх рэлігійных перакананнях вагалася паміж Рымам і Канстанцінопалем, праваслаўе сцвердзілася толькі з 1219 г. – калі Святы Сава быў высвечаны на аўтакефальнага архіепіскапа Сербіі.

Доўгі час трывала далучэнне да хрысціянскага веравучэння народаў Скандынавіі. Так, хрысціянізацыі Скандынавіі пад кіраўніцтвам Оттана І папярэднічала актыўная дзейнасць паўночнага месіянера Св. Анскара (801 – 865), які з’яўляўся першым архіепіскапам месіянерскага архіепіскапства Гамбургскага і Брэменскага. Св. Анскар яшчэ ў 826 г. арганізаваў пры садзеянні караля Даніі Гаральда, які ўжо быў ахрышчаны, школу ў горадзе-порце Гедэбю. Гедэбю з’явіўся апірышчам еўрапейскай гандлёвай манаполіі і Паўночна-марской імперыі, створанай у выніку заваявання скандынавамі Нарвегіі і Англіі. З Англіі ж пашырыліся на Скандынавію ўсе заходнееўрапейскія прагрэсіўныя ўплывы – хрысціянства, месіянерская дзейнасць, пісьменнасць. Англія адыграла ролю магутнага пасярэдніка паміж хрысціянскай культурай Mare Nostrum і Mare Baltikum. Што ж датачыць Гедэбю, то менавіта тут, а таксама і ў порце Бірка, здзяйсняўся ўвесь кантроль за міжнародным гандлем паміж Паўночным і Балтыйскім марамі. На гэтыя гарады абапіраўся і знакаміты шлях «з Варагаў у Грэкі», які праходзіў праз землі ўсходніх славян. Гэтым шляхам, а не толькі з боку Візантыі, прыходзіла хрысціянства і да нашых продкаў.

Хрысціянства як універсальная рэлігія не прызнае, і не прызнавала, ні тэрытарыяльных, ні нацыянальных абмежаванняў. З другога боку, хрысціянізацыя прыйшла на змену вузкім, лакалізаваным язычніцкім вераванням. А таму не магла не спрыяць фармаванню інстытуцыі тэрытарыяльна блізкіх, аднак розных зямель, аб’яднанню іх у адзіную дзяржаву, якая пачынала ўспрымацца як частка хрысціянскай садружнасці.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка