Клаўс Элсберг/ Klāvs Elsbergs 1959 – 1987




Дата канвертавання27.05.2016
Памер28.66 Kb.



Клаўс Элсберг/ Klāvs Elsbergs (1959 – 1987) – Латышскі паэт і перакладчык. Сын паэткі Візмы Бэлшавіцы. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Рызе. Вывучаў французскую філалогію ў Латвійскім дзяржаўным універсітэце (1977–1982), працаваў у выдавецтве Liesma (“Полымя”) і часопісе Avots (“Крыніца”). Яго вершы пачалі з’яўляцца ў друку з 1978 году, і пры жыцці пісьменніка выйшлі два зборнікі яго паэзіі. Яшчэ адзін быў надрукаваны пасля смерці.

Мой свет у сумётах тоне

Вершы
сёння туману няма

сёння туману няма на маяк


я гляджу мы паперы рабы ўмеем так
караблю ці істоце падаць дапамогу
у гавань знайсці альбо ў творчасць дарогу
увайсці у жыццё у свабоду а можа і ў смерць

альбо рукі крыж-накрыж з балкона глядзець.



* * * 

Вяду на паперы лінію,


----------------------------- .
Цягну на паперы лінію.
----------------------------- .

Лінія гэта простая: -------- .


Лінія гэта прыгожая: ----- .

Цягну на паперы лінію,


лінія вядзе да цябе.
Я шапчу і шапчу малітву,
малітву за цябе.

Нічога другога не ўмею,


вяду на паперы лінію.

Я чакаю і чакаю,


---------------------------------- ,
каля палаты чакаю
---------------------------------- .

Можа, сонечнага часу?


Чакаю і чакаю.

Хай будзе добра каханай маёй.


Так многім на свеце хай будзе добра.

* * * 


я ў дубулцкім цёмным бары
з яго лёгкім няўпэўненым рухам
вячэраю спехам
утаропіўшы вочы
праз вялікую шыбіну
у завіруху

“ува мне скача сонечны зайка


а на дварэ сцюдзянее зюзя”
вось так сабе маракуючы валакуся
у пакоік
пасвіць сваіх французаў

і сярод душаў нябожчыкаў-галаў


мне зрабілася так самотна
як той зорцы
што выліла сэрца
прамянямі ў сусвет незваротна.

* * * 


я хваляю зноў да цябе падымуся
ды мора што за цвёрдасць зараз цвярдзей
глядзі даспадобы мядзведзікамі куляцца
глядзі колькі радасці ў нашых дзяцей

няхай і па мне пакуляюцца трошкі


няхай стануць коўзанкаю мае вочы
калі ж і табе здамся я ледзяным
калі ўвесь застыну – коўзайся й ты дасхочу…

* * * 


як чорная здань падпаўзае нудота
і непрыкметна падступна употай
чакаю ратунку ад вас ад дваіх

у цішыні ў абдымках


альбо ў тваіх.

* * * 

калі колкая зорка адна за адной патухае


і бачыш як свет спакваля аціхае

я іду тады зноў лугавінамі сноў

(ды толькі ў абдымках у цішыні
ці ў тваіх, у тваіх – каб адны…)

* * * 


гладкае голае мора
гладкая голая ты
лётаў бы птахам над вамі
цвіркаў бы да хрыпаты

толькі ж хадзіцьму я зводдаль


спрыкралы ад нематы
гладкае голае мора
гладкая голая ты.

* * *


адзінока па вуліцы я ішоў
радаваўся як дзіця ігліцы
рады быў яснаму светламу дню
полудзень звон пазваніў са званіцы

маці ішла адзіночка насустрач


з дзіцем сваім ішла адзінока
маці не глянула нават дзіця
кінула на мяне як на пудзіла вокам

мора было ўсё ў крошыве лёду


блізка здаліся не блізі а далі
лёд іскрыўся ў промнях сонца
снежныя іскры маўкліва ззялі.

* * * 


бачыш
як адпаўзаецца Час
быццам вялізазны ўдаў

уночы
ён сціскае колцамі нас


доўга душыць умее

мы старэем


і робіцца гэта з намі

заўсёды ўночы


каму яно трэба
бачыць на дзённым святле

як яно там усё дзеецца


нават нам
гэта выела б вочы.

* * * 


па-вядзьмачы
зайграе аркестрык
прусачы
крылата-ракетныя журавы
заскачуць

як пусты кашалёк сціснецца


Рыга
не ведаў яшчэ час такіх
здрыгаў
стварэнні храпастыя – святыя яны
над крылатасцю чалавечай – паны

а мне гонар – жыць пад адным дахам


з будучай цывілізацыяй гэтых птахаў.

* * * 

умеем ведаем як трэба вершы складаць


умеем ведаем як тыя вершы чытаць

няшчасны хто з гэтакім шчасцейкам знаецца


ах ты літаратурухна як табе маецца.

* * *


бо мой свет у сумётах тоне
бо ў свеце маім ёсць вартоўня
бо ў свеце маім у вартоўні грубка
і полымя ў грубцы бухае пругка

калі нехта ў мой свет завітае


няхай пасядзіць няхай выпаліць грубку
хай кіпеню нагатуе ў кубку
хай пакурыць і вып’е чаю.

* * * 


не толькі аналгін горкі
але і жыццё каб вы ведалі
не трэба Вушасты не трэба спяшацца
не будзем развітвацца

слязіна ў павучынай сетцы


вось мая доля каб вы ведалі
але не трэба блытаць мяне ўсё-такі
не будзем развітвацца.

* * * 


мне пасылку прыслалі з рознымі сэрцамі
чырвонымі як абкіпелыя ракі
сутоньвалася а я стаяў ля акна
і дзівіўся як кланяецца ветру вецце
як хвалямі зыбіцца трава
хрыпеў гадзіннік і печ быццам таксама хрыпела
і пыл набіваўся ў нос

гэта ж трэба якія вар’яты


ну каму ж бо шчасце давалі

такія пасылкі.


пераклад з латышскай – Васіль Сёмуха
Перакладзена з выданняў: 
Klāvs Elsbergs. Pagaidīsim Ausaino. Rīga, 1981; Bēdas uz nebēdu. Rīga, 1986.
© Васіль Сёмуха, пераклад, 2010


prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка