Клас: 8 Тэма ўрока: Праблема захавання прыроднай разнастайнасці на Зямлі Тып урока




Дата канвертавання13.05.2016
Памер162.79 Kb.
Халопіца Таццяна Міхайлаўна,
настаўнік геаграфіі ДУА “Затур’янскі
навучальна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад-сярэдняя школа”

Клас: 8

Тэма ўрока: Праблема захавання прыроднай разнастайнасці на Зямлі

Тып урока: Камбініраваны ўрок

Мэта ўрока: стварэнне ўмоў для фарміравання ўяўлення вучняў аб экалагічных праблемах прыроднай разнастайнасці Зямлі.

Задачы ўрока

адукацыйныя:

  • арганізаваць дзейнасць вучняў па вывучэнні і першасным замацаванні матэрыялу аб экалагічных праблемах прыроднай разнастайнасці Зямлі;

  • працягваць фарміраванне ўменняў выяўляць прычынна-выніковыя сувязі паміж кампанентамі прыроды і гаспадарчай дзейнасцю чалавека на прыкладзе змянення прыроднай разнастайнасці на Зямлі;

  • арганізаваць дзейнасць школьнікаў па самастойным прымяненні ведаў, атрыманых на ўроку;

развіваючыя:

  • садзейнічаць фарміраванню і развіццю ў вучняў мыслення на прыкладзе ўмення даказваць ці абвяргаць свой пункт гледжання па праблеме;

  • стварыць умовы для развіцця ў школьнікаў умення знаходзіць, структурыраваць і выкарыстоўваць інфармацыю;

выхаваўчыя:

  • выхоўваць у вучняў экалагічную культуру, перакананне ў тым, што неабходна берагчы прыродную разнастайнасць на Зямлі;

  • садзейнічаць развіццю ўменняў вучняў працаваць у групах;

  • прывіваць пачуццё адказнасці кожнага за агульную справу каманды.

Абсталяванне:

Карта “Прыродаахоўныя тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, атласы, картачкі, выстава кніг па экалогіі, дадатковы матэрыял для даследавання.


Ход урока

Эпіграф урока


Дарогу адолее той, хто ідзе.
І. Актуалізацыйна-матывацыйны этап.

1. Рэлаксацыя: прывітанне, псіхалагічны настрой на работу.

Добры дзень, паважаныя васьмікласнікі! Мяне завуць Таццяна Міхайлаўна. Я вельмі рада сустрэчы з вамі. Прыгожы, светлы клас, цудоўнае сонечнае надвор’е, усмешкі на вашых тварах, дабразычлівыя госці на ўроку – у нас ёсць усё, каб плённа папрацаваць і атрымаць максімум ведаў на ўроку. На ўроку вы даведаецеся, чаму ўзнікае праблема захавання прыроднай разнастайнасці, папрацуеце з падручнікам, у групах, павучыцеся весці даследчую работу.

Эпіграфам урока з’яўляецца прыказка “Дарогу адолее той, хто ідзе”. Растлумачце, як вы яе разумееце. На самай справе гэта так: любую цяжкасць пераадолее той, хто імкнецца яе пераадолець. Ітак, у добры шлях у пошуках новых ведаў.



ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.

Запрашаю вас віртуальна перанесціся на ўрок беларускай літаратуры і папрацаваць над вершам Пімена Панчанкі “Сармацкае кадзіла”. Давайце выразна прачытаем верш і падумаем, чаму некаторыя выразы і словы я выдзеліла тлустым шрыфтам. Што іх аб’ядноўвае, якой тэме яны прысвечаны?

Адспявалі трубы залатыя
Лета захлынулася ў расе. 
Кветкі ў лесе ёсць, але не тыя,
Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе. 

Дзе ты, кураслеп лясны, дзе ворлік,


Дзе мядзвежая цыбуля-чарамша? 
Ходзіш, ходзіш, і пяршыць у горле; 
Плач, асірацелая душа. 

А калісь было ўсяго на дзіва,


Як збяднеў у нас зялёны свет! 
Дзе знайсці сармацкае кадзіла, 
Сон-траву, і меч-траву, і познацвет. 

Вінаваты ў гэтым не сарматы


Вінаваты ў гэтым ты і я.
Каб адчуць сцюдзёны водар мяты, 
За сто вёрст ляціць мая сям’я. 

Душна ад жалезнага прагрэсу, 


Дружна падразаем жылы лесу, 
Траў і кветак топчам карані, 
Ад зялёнай адракаемся радні.

Многа ліха ды ўсюды ціха, 


А зямля дакуль будзе цярпець? 
А нашчадкам нашым чым жа дыхаць? 
Мы ўжо задыхаемся цяпер. 

Трэба нам і захады, і меры, 
Каб між светлых беларускіх рос 
Зноў расцвіў чаравічок вянеры 
І званочак сіні ў лесе рос.
ІІІ. Аперацыйна-выканаўчы этап.

Што аб’ядноўвае пералічаныя выказванні? Якая праблема ў іх закранаецца?

Так, на самай справе, пры гаспадарчым выкарыстанні прыродных рэсурсаў Зямлі ўзнікае праблема захавання прыроднай разнастайнасці. Таму тэма сённяшняга ўрока – “Праблема захавання прыроднай разнастайнасці на Зямлі”. Што ж уключае ў сябе гэта паняцце. Як вы разумееце? А зараз параўнаем вашы адказы з фармуліроўкай у падручніку. Правільна мы сказалі?

Захаваць відавую разнастайнасць прадстаўнікоў раслін і жывёл немагчыма без аховы асяроддзя іх пражывання. Таму ў 1995 годзе была прынята спецыяльная праграма захавання прыроднай разнастайнасці ў Еўропе. Захаванне прыроднай разнастайнасці дазваляе разглядаць любую тэрыторыю (сваёй мясцовасці, краіны, прыроднай зоны) як складанае прыроднае ўтварэнне, якое ўключае раслінны і жывёльны свет і асяроддзе іх пражывання.

Прыродная разнастайнасць – гэта шматлікасць прыродных умоў у межах пэўнай тэрыторыі. Кожны ўчастак зямлі выконвае сваю функцыю на Зямлі. Для ацэнкі прыроднай разнастайнасці ўлічваюць тыпы, плошчу і межы зямель, якія адрозніваюцца ўмовамі для пражывання жывёл, росту раслін, жыцця чалавека. Іх можа быць дастаткова ці недастаткова для захавання прыроднай разнастайнасці на канкрэтнай тэрыторыі.

Для таго, каб мець уяўленне аб прыроднай разнастайнасці нашага раёна, вы выкарыстаеце свае веды, атрыманыя на ўроку біялогіі, папрацуеце ў групах і запоўніце табліцу: (пералічыць прадстаўнікоў)





Дрэвы

Кусты

Травы

Жывёлы

Птушкі

Насякомыя
































































































































Вывад. Усе прадстаўнікі расліннага і жывёльнага свету разам з асяроддзем іх пражывання складаюць прыродную разнастайнасць нашага раёна.
Настаўнік. Каб пазбегнуць негатыўнага ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека на прыроду, прыродныя кампаненты прыходзіцца ізаляваць. Прыроднае асяроддзе ўжо зараз настолькі забруджана і пераўтворана, што цалкам аднавіць прыродныя кампаненты вельмі цяжка. Вучоныя выяўляюць віды раслін і жывёл, якім пагражае небяспека, вызначаюць, колькі засталося іх у прыродзе, дзе яны яшчэ захаваліся, як іх ахоўваць. Для гэтага арганізоўваюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі: запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі.

Работа ў групах. 1 групазапаведнікі, 2 група – нацыянальныя паркі, 3 група – заказнікі. Выявіце мэту стварэння дадзенай прыродаахоўнай тэрыторыі.

Настаўнік. У мэтах захавання біялагічнай разнастайнасці і абагачэння расліннага свету, а таксама ў інтарэсах навукі, вучобы і асветніцкай працы чалавекам ствараюцца батанічныя сады.

Фізкультмінутка. Гімнастыка для вачэй. У класе ў розных месцах размешчаны фотаздымкі ахоўваемых у РБ раслін. Я вам буду называць із, а вы, не паварочваючы галавы, вачыма адшуквайце іх (венерын чаравічак, сон-трава, кураслеп, званочкі).



Работа ў сшытку. Выканаць заданне “Гласарый “Прыродаахоўныя тэрыторыі”


Тэрмін

Характарыстыка тэрміна

  1. Батанічны сад

А. Сукупнасць прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, прыродных комплексаў, якія сфарміраваліся ў працэсе развіцця жыцця на Зямлі і характэрны для кожнай прыроднай зоны.

  1. Нацыянальны парк

Б. Цалкам адбіраюцца з гаспадарчага карыстання з мэтаю захавання ў натуральным стане прыроды.

  1. Запаведнік

В. Ствараецца з мэтай захавання біялагічнай разнастайнасці і абагачэння расліннага свету, а таксама ў інтарэсах навукі, вучобы і асветніцкай працы чалавека

  1. Заказнік

Г. Участкі прыроды, прызначаныя для аховы і аднаўлення аднаго або некалькіх відаў раслін, жывёл, кампанентаў прыроды з абмежаваным выкарыстаннем іншых аб’ектаў прыроды.

  1. Прыродная разнастайнасць

Д. Ствараецца з мэмай аховы тыповых і ўнікальных прыродных тэрыторый, выконвае рэкрэацыйныя функцыі.


Ключ да гласарыя. 1 – В, 2 – Д, 3 – Б, 4 – Г, 5 – А.

Рэкламная паўза. 2012 - Год кнігі

Прафарыентацыйная паўза.

У аўтобусе ехала некалькі груп людзей. Я выпадкова пачула некалькі слоў з размовы кожнай групы. Зараз назаву вам пачутыя словы, а вы пастарайцеся здагадацца, людзі якіх прафесій ехалі ў аўтобусе.



  1. Чай, кофе, лімон, апельсін. (Магчымыя адказы: прадавец, афіцыянт)

  2. Чорнае, Белае, Чырвонае, Жоўтае. (Магчымыя адказы: мастак, дызайнер)

  3. Сафія, Ліда, Лена. (Магчымыя адказы: выхавацель,настаўнік)

На самай справе ў аўтобусе ехалі географы. А што яны называлі? 1 – трапічныя расліны. 2 – моры. 3 – назвы гарадоў і ракі.
Настаўнік. А ці ёсць на тэрыторыі Нясвіжскага раёна прыродаахоўныя тэрыторыі? Пералічыце іх.

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Пірамідальны дуб “Заазерскі”.

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Дуб чарэшчаты казлоўскі “Дуб-Якуб”.

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Лесапарк “Альба”.

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Парк Нясвіжскі”.

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Насаджэнне з удзелам экзатычных дрэў “Гарадзейскае”.

Гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння “Вытокі Лані”.

Помнік прыроды мясцовага значэння “Дубова-лістоўнічная алея”.

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння “Сноўскі парк”.

Гідралагічны заказнік мясцовага значэння “Малеўскі”.









Настаўнік. А адкуль мне стала пра гэта вядома, запытаеце вы. Адкажу з задавальненнем. Разам з вучаніцай 8 класа Халопіца Ілонай мы займаліся даследчай дзейнасцю. Мы даследавалі турысцка-экскурсійны патэнцыял Нясвіжскага раёна, давалі яму бальную ацэнку і састаўлялі два новыя турыстычныя маршруты па тэрыторыі Нясвіжскага раёна. Як высветлілася, на тэрыторыі нашага раёна 143 помнікі: 75 з іх – помнікі гісторыі і культуры, 36 помнікаў архітэктуры, 12 помнікаў археалогіі, 11 музеяў і 9 помнікаў прыроды.

Названая работа была высока ацэнена: мы атрымалі Дыплом І ступені на абласной навукова-даследчай канферэнцыі школьнікаў па геаграфіі.



Фізкультмінутка. “Камень. Сабака. Палена. Лядзяш”

Работа з элементамі даследавання на ўроку.

Клас дзеліцца на групы. Кожная група атрымлівае на лістах тэкставы матэрыял. Неабходна прачытаць тэкст і выканаць заданне: выбраць галоўнае з тэкста і праз 5 мінут зачытаць яго.


Прыродаахоўная дзейнасць
ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”

1. Уводзіны
2. Агульная характарыстыка прадпрыемства і стратэгія яго
развіцця
3. Арганізацыя асноўных працэсаў вытворчасці.
Прадукцыя прадпрыемства
4. Прыродаахоўная дзейнасць ААТ “Гарадзейскі цукровы
камбінат”
4.1 Ахова паветрангага басейна
4.2 Водакарыстанне
4.3 Утылізацыя цвёрдых адходаў
5. Заключэнне

1 група “Агульная характарыстыка прадпрыемства і стратэгія яго развіцця”

У нашай краіне цукровая галіна інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны ХХ стагоддзя. Першы цукровы завод у Беларусі пачаў дзейнічаць у 1951 годзе, у горадзе Скідалі Гродзенскай вобласці. А праз пяць гадоў, у студзені 1956 года было прынята пастанаўленне аб будаўніцтве другога беларускага цукровага завода.

У чэрвені 1956 года был закладзены фундамент галоўнага корпуса Гарадзейскага завода. Для падрыхтоўкі кадраў па найбольш важных тэхналагічных спецыяльнасцях былі пасланыя групы рабочых на Скідальскі цукровы завод.

24 снежня 1959 года на завод паступілі першыя буракі, а 26 снежня ў 11 гадзін дня быў выпушчаны першы цукар.

З 1961 года асвоена перапрацоўка цукру-сырцу, які паступае з Кубы. З 1961 года завод стаў працаваць рытмічна, па перапрацоўцы буракоў выйшаў на праектную магутнасць 15 тысяч цэнтнераў буракоў у суткі і выпрацоўваў 150 тон цукру.

У наступныя 10 гадоў перапрацоўка буракоў вялася па навейшых тэхналогіях. Для атрымання цукру з буракоў устаноўлены вакуум – фільтры і іншае сучаснае абсталяванне. Вялікая ўвага ўдзялялася механізацыі, аўтаматызацыі і камп’ютарызацыі.

Прырост аб’ёму вытворчасці за наступныя пяць гадоў саставіў 31,6 %. Зверх плана атрымана 32621 тоны цукру. Адначасова праводзілася работа па павышэнні тэхнічнага ўзроўню арганізацыі нарыхтоўкі і захоўвання цукровых буракоў: у цяперашні час сыравінная зона ахоплівае тры вобласці (Мінская, Гродзенская, Брэсцкая), 11 раёнаў, пастаўшчыкамі цукровых буракоў з’яўляюцца 115 буракасеючых гаспадарак з пасяўной плошчай
23 122 гектары.

Пачынаючы з ураджаю 1977 года, усе буракі прымаюцца па паказчыку цукрыстасці. Для далейшага нарошчвання магутнасці былі пабудаваны сушыльны і ўпаковачны цэхі, пашыраны склад цукру, рэканструіравана ЦЭЦ, устаноўлены новыя кандэнсатары, аўтаматызавана выпарная станцыя.

30 снежня 1995 года дзяржаўнае прадпрыемства «Гарадзейскі цукровы завод» рэарганізаваны ў ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

У 2006 годзе закончана будаўніцтва склада бестарнага захоўвання цукру на 50 тысяч тон; устаноўлена лінія фасоўкі ў папяровыя пакеты па 1 кг.

З 2007 года асвоены новы від упакоўкі цукру ў поліпрапіленавыя мяшкі па 25 кг, які ў асноўным прадаецца за межы рэспублікі.

У 2008−2009 гг. цукар пачалі фасаваць у папяровыя пакецікі "сашэ" па 10 г.

Устаноўлена і ўведзена ў эксплуатацыю лінія па вытворчасці прасованага цукру ў форме кубіка і «Брыдж» расфасоўкай у каробкі па 1 кг і 500 г.

У 2010 годзе павялічана вытворчасць прасованага цукру ў форме кубіка і «Брыдж», расшыраны асартымент выпускаемай прадукцыі: цукар прасованы з карыцай, цукар з вітамінам С.

На гэтым ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат" не спыняецца і развіваецца далей. У цяперашні час дзейнасць камбіната накіравана на павелічэнне магутнасці да 10 000 тон цукровых буракоў за суткі.

2 група “Арганізацыя асноўных працэсаў вытворчасці. Асноўныя тэхналагічныя працэсы”


Тэхналагічны працэс перапрацоўкі цукровых буракоў складаецца з наступных стадый.

  • Падача и мыццё буракоў. Цукровыя буракі з месца захоўвання транспарціруюцца і мыюцца ў мыечных мяшалках. У гэты момант ад буракоў аддзяляюцца камяні і пясок. Яны затым выкарыстоўваюцца для рамонту складскіх пляцовак, дарог, дамб.

  • Рэзка буракоў і атрыманне сухога рэчыва са стружкі. У гэтым працэсе адбываецца вымыванне цукру з цукровай стружкі і атрыманне соку і жому. Жом праходзіць стадыю аджымання і выкарыстоўваецца на корм жывёле.

  • Прыгатаванне вапнавага малака для ачысткі сока. Вапнавае малако атрымліваецца шляхам абпальвання вапнавага каменя і гашэння вапны вадой. У працэсе падачы вапнавага каменя ў печ атрымліваецца адсеў, а ў працэсе гашэння – галыш. Адсеў і галыш выкарыстоўваюцца для адсыпкі і рамонту дарог.

  • Фільтрацыя сока адбываецца на фільтрах. У працэсе фільтрацыі адбываецца ўлоўліванне прымесей сока. Утвараецца суспензія, якая прасуецца на фільтр-прэсах. Атрымліваецца адход вытворчасці – дэфекат. Вывозіцца тэхнікай сельгаспрадпрыемстваў для вапнавання глебы, а таксама выкарыстоўваецца для рэкультывацыі зямель.

  • Уварванне сокаў. Атрымліваецца цукар і адцёкі. З адцёкаў атрымліваецца меласа, якая выкарыстоўваецца на корм жывёле.

  • Сушка і расфасоўка цукру ў мяшкі і пакеты. Цукар паступае на шнэк і затым у сушыльны барабан. Затым паступае ў ахаладжальнік. Пасля яго цукар паступае на размеркавальныя ленты, адкуль накіроўваецца на склад бястарнага захоўвання, або на цэх фасоўкі па 1 кг, або на цэх упакоўкі па 50 кг. Затым паступае на пункт загрузкі цукравоза.

3 група “Прыродаахоўная дзейнасць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”
Ахова паветранага басейна

На прадпрыемстве зарэгістрыраваны 82 крыніцы забруджвання. З іх 64 арганізаваныя і 18 неарганізаваных крыніц выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасферу, 8 абсталяваны пылаўлоўнікамі.

Цэхі вытворчасці абсталяваны сістэмамі вентыляцыі, пыла- і газаўлоўнікамі, эфектыўнасць улоўлівання якіх складае 86-98%. Цэх фасоўкі і склад захоўвання аснашчаны магутнай сістэмай двайной ачысткі паветра ад пылу.

Па ахове і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў прадугледжана добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі. Урадлівы слой глебы, які сустракаецца на ўчастку будаўніцтва, здымаецца і складзіруецца ў спецыяльных месцах з наступным выкарыстаннем для азелянення пляцоўкі. Адстойнікі фільтрацыйнага асадку рэкультывуюцца і перадаюцца для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы.

Выкіды ў атмасферу не перавышаюць выкідаў, дазволеных Мінскім абласным камітэтам па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя.

4 група “Прыродаахоўная дзейнасць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”

Водакарыстанне

З 2008 года на прадпрыемстве вядуцца назінанні за падземнымі водамі па наступных 22 паказчыках: канцэнтрацыя азоту, фосфару, канцэнтрацыя хларыдаў, сульфатаў, хрому, жалеза, алюмінію, медзі і г.д.

Водазабеспячэнне прадпрыемства пітной вадой вядзецца з аднаго водаправода Нясвіжскай ЖКГ. Для тэхнічных патрэб на прадпрыемстве выкарыстоўваецца паверхневы водазабор з ракі Уша. Магутнасць водазабора 14000 м³/суткі. У насоснай станцыі ўстаноўлены розныя па магутнасці насосы, якія працуюць пры пачатку работы завода для запаўнення абаротных сістэм вадой, ці ў рамонтны перыяд.

На камбінаце поўнасцю выключана выкарыстанне пітной вады для вытворчых патрэб. Забор вады з ракі Уша састаўляе не больш за 1млн. м³ у год. Зліццё адпрацаваных ачышчаных вод у раку Уша – 1,1 млн м³ у год.

Да ачысных збудаванняў на прадпрыемстве адносяць: 6 карт адвалаў, 2 сажалкі-накапляльнікі, 111 карт палёў фільтрацыі, плошча якіх састаўляе 125 га, 19 карт-выпаральнікаў плошчаю 35 га.

З мэтай аховы навакольнага асяроддзя прадугледжаны арганізаваны адвод паверхневых вод паверх дарожнага пакрыцця, латкамі, каб выключыць іх пападанне ў крыніцы пітной вады.

На прадпрыемстве з мэтай рэгуліравання аб’ёму выкарыстання чыстай вады ўстаноўлены лічыльнікі вады пітнога і вытворчага выкарыстання.

Неабходна зазначыць, што на прадпрыемстве праведена работа па рацыянальным выкарыстанні вод і ахове водных рэсурсаў, сярод якіх:

- правядзенне рамоту насосаў на насосных станцыях, латкоў палёў фільтрацыі, капітальны рамонт латка малой сажалкі;

- пастаянныя работы па падтрыманні належнага санітарнага стану палёў фільтрацыі і водазаборнага абсталявання з ракі Уша;

- ачыстка адвалаў і мыечнага асадку;

- умацаванне і падсыпка дамб карт-выпаральнікаў і палёў фільтрацыі.

Для правядзення дадзеных работ спатрэбіліся грашовыя сродкі ў памеры 122 500 000 руб.

5 група “Прыродаахоўная дзейнасць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”

Утылізацыя цвёрдых адходаў

У ходзе вытворчай дзейнасці на камбінаце ўтвараецца 22 віды цвёрдых адходаў.

Адходы вытворчасці, як і адходы жыццядзейнасці чалавека, адходы ад уборкі тэрыторыі, адходы расліннага паходжання, тканіна, прамасленыя мяшкі, апілкі драўніны вывозяцца на палігон і выкідваюцца.

Апілкі ад драўніны і стружка выдаляюцца са станкоў пры дапамозе газаачысных установак у бункер, затым выгружаюцца ў тару і выкарыстоўваюцца для сваіх патрэб і для патрэб насельніцтва.

Ртутныя лямпы, макулатура, выкарыстаныя шыны, старое спецадзенне, акумулятарная кіслата здаюцца спецыяльным арганізацыям для іх перапрацоўкі і ўтылізацыі.

Непрыгодныя люмінесцэнтныя лямпы, якія захоўваюцц на спецыяльным складзе, перадаюцца на прадпрыемства «Поступ». Макулатура здаецца на «Слоніскі картонна-папяровы завод», выкарыстаная тканіна здаецца як другасная сыравіна.

Фільтрацыйны асадак (дэфекат), у сухім выглядзе з’яўляецца добрым удабрэннем і выкарыстоўваецца для вапнавання глебы. Дэфекат у параўнанні з даламітавай мукой больш экалагічна чыстае ўдабрэнне, утрымлівае мікраэлементы. Акрамя таго, прымяненне дэфекату значна таннейшае ў разліку на 1 га сельскагаспадарчых угоддзяў.

Каб пазбегнуць страты адходаў на прадпремстве вядзецца кніга ўліку адходаў. На ўсе транспартуемыя адходы састаўляецца пашпарт суправаджэння адходаў, журнал рэгістрацыі адходаў.

Такім чынам, улічваючы ўздзеянне ўсіх працэсаў на камбінаце, падцвярджаецца неабходнасць правядзення мерапрыемстваў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя і зніжэннем выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасферу, зніжэнне аб’ёму цвёрдых адходаў.

Складанне сінквейнаў.


  1. Адзін назоўнік-сінонім тэмы ўрока

  2. Два прыметнікі, якія раскрываюць тэму ўрока

  3. Тры дзеясловы, якія адносяцца да тэмы ўрока

  4. Сказ з чатырох слоў, які характарызуе тэму ўрока

  5. Адно слова-асацыяцыя


Вынікова-ацэначны этап.

Тры капелюшы

Каменціраванае выстаўленне адзнак за ўрок.



Дамашняе заданне. Вучэбны матэрыял §13, скласці прэзентацыю па тэме ўрока або калаж на тэму “Ахова прыроды”
Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Агеева, И.Д. Веселая география на уроках и праздниках / И.Д. Агеева. – М.: Творческий центр, 2004.

  2. Еремина, В.А. Физическая география. Интересные факты / В.А. Еремина. – М.: Илекса, 2010.

  3. Зыль, Е.А. География материков и стран в 8 классе / Е.А. Зыль. – Минск : Адукацыя і выхаванне, 2011.

  4. Крайко, Б. Н. Уроки географии в 8 классе / Б.Н. Крайко. – Минск: Народная асвета, 1999.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка