Казакова Ірына Валер'еўна Доктар філалагічных навук Беларускі фальклор Курс лекцый




старонка4/14
Дата канвертавання01.04.2016
Памер2.66 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

Восеньскі цыкл.

Восеньскі цыкл земляробчага календара ў беларусаў адрозніваецца ад іншых народаў больш багатай паэзіяй, што вы-мусіла даследчыкаў аднесці яе да нацыянальнай спецыфікі беларускага фальклору, як і валачобныя, хрэсьбінныя песні. Да гэтага цыкла адносяцца завяршальныя работы земляроба на полі, якія адлюстраваліся ў восеньскіх песнях. Але дыяпазон ахопу рэчаіснасці, звязаны з гэтай парой года, значна шырэйшы: апрача песень ярынных, ільняных і канапляных, якія прымяркоўваліся да ўборкі яравых культур, а таксама да збору ягад, грыбоў, арэхаў, да гэтага цыкла адносяцца песні, у якіх адлюстроўваецца перадшлюбная і сямейная тэматыка, што абумоўлена павелічэннем у гэты час вяселляў. Часам да восеньскіх адносяць і пастуховыя песні, але ж гэтыя песні выконваюцца і вясной, і летам.

Ярынныя песні таксама не абмяжоўваліся адлюстраваннем уборкі яравога жыта, яравой пшаніцы, ячменю, аўса, грэчкі і іншыхзернавыхкультур, але і многія з іхпрысвячаліся тэме кахання, шлюбу, непазбежнасці расставання дзяўчыны з сям'ёй і невядомасцю лёсу сярод "чужынцаў". Магчыма, з-за прадчування блізкай разлукі дзяўчына асабліва прачула выказвае свае пачуцці да маці ў песні "На даліне", у якой "тры Кацярыны ячменьжнуць", а лірычная гераіня звяртаецца да Бога з просьбай "зраўнуваць гару і даліну раўненька" і прынесці яе "мамочку раненька". Глыбокія пачуцці да маці выказваюцца ласкавымі словамі: "Я сваю мамач-ку, //Ай, па галасочку //Спазнаю, //Па галасочку //I па платочку //Спазнаю."1. А песня "Ой, на гарэ ячменьжала" толькі пачы-наецца са жніва ячменя, а ў сваім асноўным змесце раскрывае ўзаемаадносіны дзяўчыны з "бел малодчыкам". Яна "каго верна любіла, праўды не казала". "Бел малодчык" пагражае ёй:

...Будуцьтвае русы косы

Пад маёй нагою.

Будуць твае русы косы

Усе паразвяваны,

Будуць твае дробны слёзы

Усе паразліваны...2

Падобна гэтай песні толькі называецца яравая культура ў во-сеньскай песні "А пшанічка - ярыца, ярыца", яе ж асноўны змест у жартоўным плане адлюстроўвае ўзаемаадносіны паміж дзяўчы-най Агаткай і хлопцам Юзэткам. Па сутнасці першы радок песні іграе ролю адной паралелі і сінтаксічнага паралелізму, так сама, як і ў далейшым тэксце: "А пад мастом рыба з хвастом, //Вадзіца лілее, лілее". У далейшым песня будуецца на антытэзе: супрацьпастаўленні Юзэткі і Агаткі: "А Юзэтка - п'яніца, п'яніца, //А Агатка міленька, міленька, //Прытуліся блізенька, блізенька...". Выяўляецца, што і Агатка не бездакорна: яна "прасці не ўмее, ... //Шыць, мыць - не наўчыць, не наўчыць, //А жаць - не прыг-нецца, не прыгнецца, //Як увідзіць Юзэтку, //Так і прыхінец-ца..."3. У многіхварыянтахбытавала песня "Авясец, мамачка, авясец'". у якой завяршальныя восеньскія работы абумоўлівалі шлюбныя настроі. Лірычная гераіня песні пытае ў маці, калі да яе "Бог сватоў прынясець?", маці ж адказвае:

-Пажнем, дачушка, авясец,

Тады к табе Бог сватоў прынясець,

Судзі, Божа, каноплі пабраць,

Тады будзем вяселле гуляць.4

У іншых песнях дзяўчына або выконвае ўмову маці і зжынае "авясец". выбірае каноплі, а сваты не прыязджаюць, ці адмаўляецца жаць "авясец" і збіраецца чакаць сватоў ("Дзевяць каля варот аб'едзе,//А восем заедзе"5). У некаторых песнях дзяўчына паслухмяна робіць усё, што загадвае маці і бярэ шлюб, але адразу ж разчароўваецца:

…У чацвер авясец дажала,

У пятніцу канапельку дабрала,

У суботу сватоў даждала,

У нядзелю вяселле згуляла,

У панядзелак з замужжа ўбрала.6

У варыянце песні замест Бога фігуруе чорт, на якога спадзяваюцца, што ён "прынясе" сватоў. Дзяўчына часам звяртаецца не да матулькі, а да таткі, які таксама абнадзейвае дачку, што ўвосень сваты "будуць ездзіць па восемь", але калі яны "сыплюць золата": "Татка золата не бярэць,//Мяне, маладу, не аддаець"7, з роспаччу гаворыць гераіня песні.

Распаўсюджаны быў матыўивыбару дзяўчыны хлопцам. Народная песня мудра раіць хлопцу выбіраць дзяўчыку не "на рынку", а на ніўцы ў час жніва ярыны:

Да на рынку дзевчкі хваслівы,

А на ніўкі дзевачкі праўдзівы.

У каторай постацька шырэй,

У каторай снапочкаў часцей,

У каторай галоўка гладзей,

У каторай кашулька бялей.8

У некаторых песнях прыгожа паэтызуецца восень: яна паўстае ў персаніфікаваным міфалагізаваным вобразе, па-чалавечы размаўляе:

-Ой, восень мая, восень,

Восень сцюдзёная,

Чаго ты рана захаладала?

-Я й не раненька,

Я й не позьненька –

Калі мая пара прышла.

Лісточак апаў, зямельку ўслаў –

Вот мая і пара прышла.

Рэчкі сталі, пазамярзалі –

Во мая й другая пара.9

Значную эстэтычную ролю ў восеньскіх песнях адыгрывае прырода, паэтычныя малюнкі якой садзейнічаюць паказу эмацыянальна-псіхалагічнага стану персанажаў, іх унутранага свету, душэўных перажыванняў у адказны час, калі вырвшвўся лёс дзяўчыны, хлопца - іх шлюбу. Асабліва ў песнях, кампазіцыя якіх грун-туецца на псіхалагічным паралелізме. Даследчык восеньскіхпесень А.С.Ліс слушна адзначыў асаблівасці паэтызацыі прыроды ў іх:

"Развітальны покліч журавоў, пачуты жнеямі з яравой пожні, неспакойнае рыканне мядзведзя ў пошуку прыстанішча на зімоўку, кляновы ліставей, ягадна-зорны пажар каліны пад вет-рам, залатая даспелая макаўка на градзе - жывыя прыкметы во-сені, яе вобразы-знакі, што леглі ў паэтычную тканіну восеньскіх песень, вызначаюць іх вобразны каларыт, танальнасць. Па сутнасці, у каляндарнай лірыцы восені ідзе паэтызацыя прыроды, эстэтызацыя яе, якія не з'яўляюцца самамэтай, а падпарадкаваны галоўнай задачы творцаў традыцыйнай культуры - паўней рас-крыць духоўны свет чалавека, змадэліраваць ідэал, які б успры-маўся праз эмоцыі, перажыванні і быў узорам для дзеяння"10.

Лірычнай эмацыянальнасцю прасякнуты ільняныя песні, у якіх адлюстроўваецца нялёгкая праца - браць лён. Для маладой жанчыны ў многіх песнях браць лён са свёкрам, свякрухай, ят-роўкай, залвіцай - "не бранне - гараванне". Толькі з мілым браць лён для яе "не рванне - мілаванне"11. Лён для сялян быў важней-шай культурай: з яго рабілі тканіну і для адзення, і для абрусаў, і для пасцелі і да т.п. Таму ён хораша ўвасабляўся ў адухаўлёны во-браз: "Бедаваў зялёны лён: //-Ай, бяда мая, бяда, //Што дроб-ныя дарожанькі, //Што буйныя ветрыкі, //Не даюць вырасці, //Ні цвяточкам выцвісці!" Гэта першая частка псіхалагічнага пара-лелізму, якая выразна адцяняла перажыванні лірычнай гераіні песні, што адлюстроўваліся ў другой частцы паралелізму:

Ай, бяда мая, бяда,

Што частыя госцейкі,

Што часценька прыязджаюць,

Моладу намаўляюць,

А матульку спадманываюць.

Не даюць ні вырасці,

Ні касіцы выплесці.12

Персаніфікаваны лён у многіхпесняхскардзіцца, што яго з "карэннем ірвуць, не даюць... вырасці, сінім цветам адцвісі", што яго "б'юць і караюць", ірвуць "з карэннейкам", б'юць "яго галовачкі, сцелюць... на пожаньцы".13 Такія вобразы ўваходзілі амаль ва ўсіхпесняху псіхалагічныя паралелізмы і адьгрывалі важную мастацка-выяўленчую ролю ў раскрыцці духоўнага свету лірычных герояў. Падобна гэгаму персаніфіка-ваўся вобраз канапелечкі: яна таксама па-чалавечы скардзілася на ціхія ве-тры, на іхпавевы, у выніку якіхяе абламалі ("Ой, гаварыла канапелечка"14). У песні 'Чом вы, канапелькі, не зялёны стаіце"15 канапелькі бядуюць, што зверху "клююць вераб'і, з ісподу канапелькі вада падамала, а ў сярэдзіне канапелькі хваля зламіла". І ў гэтай песні дыялог з канапелькамі ўваходзіць у псіхалагічны паралелізм, у другой частцы якога невясёлая дзевачка ў танку заклапочана сваім лёсам: ці браць шлюб, ці ісці ў "чор-ны чарнушкі", г. зн. у манастыр.

Песні, якія выконваліся пры збіранні ягац, арэхаў і грыбоў, адначасова з аадюстраваннем збіральніцай працы раскрываюць пачуцці лірычнай гераіні да яе "міленькага", разважанні аб долі, шлюбе і інш. У многіх песняхпаказваюцца паводзіны дзяўчыны пры сусірэчы з казакам у лесе, калі яна заблуцзіла, і ў іншыхт жыццёвых сітуацыях.

Важна адзначыць, што восеньскія песні не звязаны так з аб-радамі, як песні іншых каляндарных цыклаў, і маюць іншую функ-цыянальнасць, у іх адсутнічае магічная функцыя, за выключэннем тых песень, у якіх гучыць праклён або пажаданне. Асноўнымі функцыямі восеньскіх песень з'яўляюцца: сугестыўная, дыдактычная, выхаваўчая, эстэтычная, пацяшальная. У восеньскіх песнях пераважаюць творы элегічнага мінорнага характару.

Падводзячы высновы аналізу восеньскіх песень, А.С. Ліс прыйшоў да вывадаў, што восеньскі цыкл песень уступае толькі веснавому па разнавіднасці песенных груп. Ён слушна адзначыў узмацненне псіхалагізацьгі вобраза чалавека і лірызму, што спрыяла "нацанню яму своеасаблівага вобразнага каларьпу, мінорнай дамінанты"16.

Разам з тым мы толькі ўмоўна адносім восеньскія песні да абрадавай паэзіі, таму што яны ўваходзяцьу земляробчы цыкл, якіамальнемеўса-кральныхабрадаў у час іхзапісу, хоць не выключана, што ў далёкім міну-лым такія абрады былі з пэўнай вербальнай часткай. Рэшткі іхзахаваліся ў восеньскай сяўбе азімых(напрыклад, выкарыстоўвалі асвечаныя ў царкве зёрны з апошняга зжатага сналка).

Такім чынам, беларуская каляндарна-абрадавая паэзія - важная частка народнай паэтычнай творчасці, якая, як і ў украінцаў, лепш захавала свае традыцыі, чым іншыя славянскія народы, мае свае на-цьіянальныя адметнасці і ўяўляе сабой надзвычай багатую спадчыну. Гэта спадчына - важны ўклад у сусветную фальклорную скарбніцу.


  1. Восеньскія і талочныя песні /Склад.А.С.Ліс, С.Т.Асташэвіч, В.1. Ялатаў. Мн.. 1981. С.68.

  2. Тамсама. С. 91,

  3. Тамсама. С. 106 - 107.

  4. Тамсама. С.111.

  5. Тамсама. С.111 – 112.

  6. Тамсама. С.113 – 114.

  7. Тамсама. С.114.

  8. Тамсама. С.154 – 155.

  9. Тамсама. С.303.

  10. Ліс А.С. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект. - Мн., 1998. С.159.

  11. Восеньскія і талочныя песні. С.305 - 307.

  12. Тамсама. С.309 - 310.

  13. Тамсама. С.310 - 311.

  14. Тамсама. С. 309.

  15. Тамсама. С. 320.

  16. Ліс А.С. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў. С. 183.


Сямейна-абрадавая паэзія

Радзінная паэзія

Да спецыфічных з'яў беларускага фальклору адносіцца радзінная паэзія. Аднак і да гэтага часу яна дэталёва не даследавана, таму сканцэнтруем увагу на гэтым жанры сямейна-абрадавай паэзіі.

Шмат забабонаў і забаронаў, прыкмет і абмежаванняў было звязана перш за ўсё з паводзінамі цяжарнай жанчыны. Ёй нельга было, напрыклад, займацца ніякай справай (акрамя прыгатаван-ня ежы і прыбірання хаты) у час Каляд і ў іншыя святочныя дні (у нядзелю, на Св.Духа, Тройцу, Вялікдзень, тыдзень пасля Вялікадня), лічылася, што калі ў такі недазволены час жанчына, напрыклад, прышывае гузікі да кашулі і нехта гэта ўбачыць, та-ды дзіця абавязкова народзіцца з гузікам (барадаўкай) на твары або на вуху. Калі ж жанчына на свята прасуе кашулю (і гэта не-хта пабачыць), то ў дзіцяці будзе ўвесь бок чырвоны. Інфарматары паведамляюць, што такія выпадкі мелі месца на самой справе. Некаторыя з такіх забабонаў былі заснаваны на жыццёвым вопыце і мелі практычны характар.

Напрыклад, цяжарная жанчына павінна была пазбягаць спалохаў і не трымаць доўга рукі ўзнятымі ўверх, інакш яна магла страціць дзіця. Будучай маці нельга было глядзець на нябожчыка, нават калі паміраў хто-небудзь з самых блізкіх людзей, бо навароджаны будзе хворы і бледны. Калі ў вёсцы здараўся пажар, ця-жарныя жанчыны хаваліся ў сваіх хатах, каб не спалохацца і раптам не схапіцца рукамі за твар або за іншую частку цела, таму што тады дзіця можа нарадзіцца з чырвонай плямай на гэтым самым месцы.1

Цяжарная жанчына не павінна была доўга глядзецца ў люстэрка або ў ваду, інакш дзіця магло нарадзіцца касавокім ці з бяльмом на вачах. Нельга было красці, карыстацца чужымі рэчамі, бо тады дзіця будзе злодзеем. Асабліва нельга было апранацца ў чужы строй, бо дзіця можа памерці ненароджаным. Нельга было наступаць на хамут, дугу, аглоблі (і на іншыя падобныя рэчы), каб дзіця не нарадзілася гарбуном. Нельга было пераступаць праз карамысла, а то ў час родаў будзе звадзіць сударагай ногі. Нельга было пляваць на падлогу, бо ў дзіцяці будзе з рота непрыемны пах. Нельга было насіць адзежу з вузельчыкамі, з завязанымі паясамі, з тасёмкамі, каб не наклікаць цяжкія роды. Калі на даху дома, дзе жыла цяжарная жанчына, крычаў філін або доўга ці моцна кукавала зязюля (гэта азначала хуткую смерць ка-госьці з гэтай сям'і), тады цяжарную адпраўлялі пажыцьда каго-небудзь з блізкіх родзічаў у іншую хату. У апошнія месяцы перад родамі было лепш не карыстацца калаўротам, бо ён лічыўся пры-належнасцю калдуноў і ведзьмаў.2

Лічылі, што калі цяжарная жанчына варыла кашу (а ў гэты час у хаце знаходзіўся нейкі чужы чалавек) і каша "выбягала" з гаршка, або калі з печкі выпадала цэгла, тады ў гэтай жанчыны мог здарыцца выкідыш. Цяжарнай жанчыне наогул было лепш нічога не рабіць пры людзях. Але калі ўсё ж такі трэба было працаваць не адной, тады цяжарная жанчына павінна была пакласці ў абутак хмель, каб адвесці ад сябе сурокі.

Клопаты і непакой будучай маці, а таксама бліжэйшых яе родзічаў узрасталі і дасягалі найбольшага напружання ў момант наступлення родаў. Трэба было засцерагчы парадзіху ад чужых вачэй, каб пазбегнуць сурокаў і злоснага чаравання. Людзі верылі, што чым менш людзей будзе ведаць пра наступленне родаў, тым менш пакут будзе цярпець парадзіха. Лічылі, што лепш за ўсё, каб пра роды не ведаў ніхто, акрамя мужа і запрошанай ім бабкі-павітухі.

Часцей за ўсё жанчына раней раджала ў лазні ("дзіцячае мес-ца" пасля таксама закопвалі ў лазні пад падлогай). Каб дапамагчы ёй, бабка акрамя сапраўднай лекарскай дапамогі прымяняла і пэўныя магічныя сродкі. Апранутая ў белы строй, бабка з рэўным прыгаворам (напрыклад: "Сахрані, Гасподзь, абарані, дай лёгенька радзіць..."3) расплятала касу, развязвала пацеркі, здымала за-вушніцы (але шлюбны пярсцёнак пакідала ў яе на руцэ), развяз-вала кашулю, пояс і інш. Муж парадзіхі павінен быў адчыніць усе дзверы, паадмыкаць замкі, нават расшпіліць свой каўнер і кашулю. Зняць свой пояс. Усё гэта павінна было садзейнічаць хуткім і лёгкім родам. Пры асабліва цяжкіх родах прасілі святара, каб ён адчыніў галоўныя вароты ў царкве.

У далёкай старажытнасці існаваў такі звычай. Муж клаўся на лаўку каля парадзіхі (яго бабка нават прывязвала вяроўкай), самой парадзісе забаранялася крычаць і стагнаць, за яе крычаў і стагнаў муж. Лічылася, што такім чынам ён забірае на сябе ўсе жончыны пакуты. Пазней гэты звычай знік. Муж проста пачаў адыходзіць далёка ад хаты, каб нічога не ведаць пра пакуты жонкі і не чуць яе крыкаў і стогнаў. Гэтым ён нібы таксама дапамагаў ёй у пакутах.

Але галоўную ролю пры парадзісе заўсёды выконвала ме-навіта бабка-павітуха - разумная, кемлівая, з вялікім жыццёвым вопытам жанчына, якая ведала і розныя практычныя прыёмы на-роднай медыцыны і знахарскую магію. Бабка не толькі прымала дзіця, але і дапамагала парадзісе адразу ж пасля родаў. Бабка павінна была ведаць, як спыніць крывацёк, адвесці ліхаманку ("пасляродавую гарачку").

У пасляродавы перыяд асноўнае месца зноў займалі абрада-выя дзеянні, якія павінны былі абараніць народжанае дзіця і маці ад сурокаў, нячыстай сілы і хвароб. Салому, на якой ляжала парадзіха, і бялізну, на якой заставалася кроў, абавязкова спальвалі. Абарону дзіцяці і маці павінны былі забяспечыць ачышчальныя рытуалы, сярод якіх важнейшую ролю адыгрывала абмыванне вадой як асноўны рытуал ахоўнага прызначэння. Новароджанага адразу ж купалі, але не ў лазні, а ў хаце. 3 лазні ў хату яго несла бабка загорнутым у бацькавую старую кашулю (калі гэта быў хлопчык) або ў матчыну ніжнюю спадніцу (калі гэта была дзяўчынка). У час купання бацька дзіцяці кідаў у начоўкі срэбраныя грошы, каб дзіця было багатым. Ваду бралі з хатняга калодзежа (не з ракі і не дажджавую); вада павінна была быць празрыстай, каб дзіця было здаровым і каб у яго былі ясныя вочы.

Раней нельга было рыхтаваць рэчы для навароджанага загадзя. Калыску перадавалі бацькам бабуля і дзядуля навароджанага пасля з'яўлення яго на свет. Пялёнкі, кашулькі дарылі ўжо на радзіны або на "адведкі", а спачатку дзіця загортвалі проста ў новае белае палатно і белую пасцілку. Пасля купання бабка перадавала дзіця на рукі бацькі (калі гэта быў сын), а ён аддаваў яго ў сваю чаргу маці, каб тая яго пакарміла. Дачку бабка адразу аддавала на рукі маці. Маці, калі першы раз карміла дзіця, спачатку павінна была даць яму правую грудзь, а пасля - левую, каб ён не стаў ляўшой, з той жа нагоды нельга было класці дзіця на левы бок. Навароджанага нельга было цалаваць у вусны, каб ён не быў нямы.

3 навароджаным былі таксама звязаны і многія іншыя прыкметы. Напрыклад, верылі, што калі перад родамі жонкі ў мужа свярбяць вушы, тады ў яго народзіцца сын. Лічылася, што той, хто нарадзіўся ў новы месяц, будзе вельмі доўга жыць. Верылі, што калі навароджанаму хлопчыку пакласці ў рот печаны яблык, тады ён будзе "падкі да гарэлкі". Верылі таксама, што шчаслівай будзе дачка, калі яна падобна на бацьку, і сын, калі ён падобны на маці. Лічылі, што маленькаму дзіцяці нельга падносіць люс-тэрка, інакш ён будзе палахлівы і не будзе доўга гаварыць. Калі ў навароджанага адвальваўся пупочак, маці павінна была захоўваць яго да той пары, пакуль дзіця не пачне разумець і хадзіць. Маці павінна даць яму пагуляць гэтым пупочкам, каб ён яго развязаў, і тады дзіця будзе вельмі разумным. Пасля маці закідвала пупок у гумно або на двор заможнага гаспадара, каб дзіця было багатым.

Зверай у прыроджаную долю чалавека непасрэдна звязана вера ў шчаслівыя і нешчаслівыя дні, якія нібыта вызначалі долю дзіцяці. Па таму, калі нарадзілася дзіця, У які дзень, у які месяц, пару года або нават у які час сутак і г.д., меркавалі пра яго будучыню.4

Амаль паўсюдна ў беларускіхвёскахнараджэнне дзіцяці адзначалася ўрачыста з выкананнем традыцыйных абрадаў, многія з якіху розныхрэгіёнахі мясцовасцях былі неаднолькавымі і зусім не мелі аналагаў у іншых славянскіх народаў. Некаторыя ж абрады характэрны для ўсёй Беларусі. Перш за ўсё бацькі падбіралі для навароджанага хроснага бацьку і маці з родных або паважаных у вёсцы ці ў горадзе людзей. Амаль усе хрысцілі дзяцей у царкве. Насілі ў царкву дзіця хросныя бацька і маці. Пасля хрышчэння наладжвалася ўрачыстае застолле, на якое запрашаліся, апрача кума і кумы, бабка-павітуха, родныя і блізкія сябры сям'і. Бабка, а ў некаторых месцах хросная маці, абавязкова прыносіла крута звараную прасяную кашу. Яе часам спынялі пры ўваходзе ў хату і вымушалі паказаць дакументы, яна паказвала загорнуты ў ручнік гаршчок з кашай, а ён і служыў у якасці дакумента, тады яе пра-пускалі. Пры гэтым у Хоцімскім і некаторых іншых раёнах Магілёўскай вобласці адзін з удзельнікаў хрэсьбін іграў ролю міліцыянера. Тэатралізаваных сцэнак, падобных да гэтай, на хрэсьбінах было нямала. Усе яны мелі жартоўны характар, а выкліканы імі смех сімвалізаваў вясёлае і шчаслівае жыццё ў будучым навароджанага дзіцяці і ўсёй сям'і.

На хрэсьбінах пелі шмат традыцыйных песень, доля якіхз ча-сам паступова змяншалася. Аб тым, якое месца займалі трады-цыйныя хрэсьбінныя песні ў абрадах, сведчаць тэксты іх, апублікаваныя ў томе збору твораў "Беларуская народная творчасць", "Радзінная паэзія" (1971), дзе разам з варыянтамі, адзна-чанымі ў каментарыях, даюцца спасылкі на болыы за 300 песень, запісаныху пасляваенны час (усяго ў томе змешчана 512 песень). Неабходна дадаць, што не ўсе традыцыйныя песні гэтага віду змешчаны ў гэтым томе БНТ, апублікаваны яшчэ адзін, у які ўвайшлі апісанні радзінных абрадаў і новыя запісы тэкстаў ("Радзінны. Абрад. Песні." (1998).

Мы не маем магчымасці грунтоўна ахарактарызаваць хрэсьбінныя песні ў пасляваенных запісах, таму вельмі сцісла, у агульных рысах разгледзім іх жанравую адметнасць і тэматычны змест. Зафіксаваны рытуальна-заклінальныя песні, у аснове зме-сту якіхгалоўнай была магічная функцыя, што выразна выяўляецца ў песнях "Цераз рэчаньку, цераз быструю", "Запрагайце, закладайце", "Я б гэту бабку" і інш. Галоўнымі персанажамі гэтых песень з'яўляюцца парадзіха і бабка. У мінулым песнямі закліналі магічныя сілы прыроды, каб паспрыяць шчасліваму нараджэнню дзіцяці. Бабка ж паўставала пасрэдніцай не толькі ў фізічнай дапамозе парадзісе, але і магічнай. Зразумела, што магічная функцыя ў час запісаў гэтых песень ужо не ўспрымалася.

Не менш шматлікія публікацыі велічальных песень, блізкіхда рытуальна-заклінальных. У гэтых песнях велічаліся бацька і маці дзіцяці, бабка-павітуха, кум, кума. Асабліва славілі бабку, яе пяшчотна называлі бабусюхнай-любусюхнай, бабкай-любкай, бабачкай-галубачкай, бабулькай-галубулькай:

Ні тая мая бабка,

Што казкі казала,

А тая мая бабка,

Што ночку не спала,

Муку маю ратавала,

За белы ручкі дзяржала...5

3 замілаваннем і паэтычным хараством выказваліся пачуцці ўдзячнасці бабе-павітусе ў шматлікіх варыянтах песні "Каб я знала, ведала, а хто бабай будзе". Парадзіха "пасадзіла б ... яе ў агародзе на градзе за чырвону розу. Палівала б я яе не вадою, - сытою. Калі б сыты не стала, ... і мёду б дастала". Падобнымі паэтыч-нымі сродкамі славіліся таксама кум і кума.

Знадзвычай багатай радзіннай паэзіі вылучаюцца хрэсьбінныя лірьгчныя песні, у якіх эмацыянальна адлюстроўваюцца светлыя пачуцці, часцей за ўсё мажорнага характару. Лірычная задушэўнасць пранікнёна гучыць у выказваннях пачуццяў мужа, які вядзе жонку-душачку "за ручаньку" або "пад ручаньку", клапоціцца аб ёй, каб прывяла "сына і дачушачку" і не была "старанька":

Расквітнела ўвесну

Чырвона кветка,

Прыгажэй за яе

Акімава жонка.

У хаце прыбрана,

У печы поўна,

Дзевяць сыноў на лаўцы,

Дзесятая дачка ў люльцы.6

Або:

Ты ж, мая дружына, дагадзіла,



Такога сыночка мне нарадзіла!

Буду цалаваці, дарыць падаркі:

Прынясу шоўку яркага, тонкую кітайку.

А калі яшчэ сыночка народзіш,

Адна для мяне ва ўсім свеце будзіш...7

Найбольшай папулярнасцю карысталіся на хрэсьбінах гума-рыстычныя песні. Яны жывуць у народзе і зараз. Удзельнікі застолля добразычліва кпілі з бацькі - віноўніка падзеі, хросных бацькіімаці, бабкі, прысутныхгасцей. Сярод гэтых песень няма-ла было твораў эратычнага зместу, асабліва прысвечаных узаема-адносінам кума і кумы:

Кум да кумы заляцаўся,

Пасеяці канаплю абяцаўся,

Ты, кума, мая кума,

Хто б табе пасеяў, калі б не я?

Кум да кумы заляцаўся,

Пяньку намачыць абяцаўся.

Ты, кума, мая кума,

Хто б табе намачыў, калі б не я?

Кум да кумы заляцаўся,

Кастру церабіць абяцаўся.

Ты, кума, мая кума,

Хто б табе церабіў, калі б не я?8

Дарэчы, такія творы захаваліся і ва ўкраінскім фальклоры, але яны даўно адарваліся ад абраду і бытуюць як пазаабрадавыя. Іх жа існаванне сведчыць аб наяўнасці ў мінулым радзіннай абраднасці і паэзіі і ў украінцаў. Больш таго, не выключана, што некаторыя песні маглі ўзнікнуць на Украіне ("Ой, кум да кумы заляцаўся"), пазней жа перайшлі ў беларускі фальклор, набылі адметныя нацыянальныя рысы і ўспрымаюцца як самабытныя. Гэта ж самае можна сказаць і пра некаторыя беларускія песні, якія маглі перайсці ва ўкраінскі фальклор.

У шматлікіх гумарыстычных песнях бабка паўстае ў непрываб-ным выглядзе: яна "ўпілася, пад загнетам спаць уляглася", або "пад парогам звілася", мышы "шалелі, бабцы хвартух праелі. Прачнулася бабка, стала плакаць - нечым хвартухзалатаць". Такія ж паводзіны ў некаторых песнях прыпісваюцца куме і куму. Высмейваюцца і іншыя рысы бабкі і кумоў, напрыклад, сквапнасць і гультайства: "нядужа, бабка, нядужа,.. на падаркі - дасужа"; "Як жыта жаць, дык ляжыць. Як ісці ў бабкі - бяжыць". Аналагічна, часам тымі ж самі сродкамі, абмалёўваюцца кум і кума.

На хрэсьбінах шмат спявалі бяседных песнь, звязаных і зусім не звязаных з абрадам. У іх адлюстроўваецца атмасфера вясельнага застолля ("Охвы, столікі ж да мае, вы цісовенькія"), частаван-не гасцей ("Выбачайце, госці"), іранічна хваліцца гарэлка і п'ян-ства ("Ой, куме, куме, смачна гарэлка") і інш.

Апагеем застольнай урачыстасці было разбіванне гаршка з бабінай кашай. Звычайна бабка ставіла кашу з прыгаворам-зы-чэннем, у якім выказвалася пажаданне нараджэння многіхдзетак, здароўя навароджаным і дабрабыту. Вялікім гонарам было даручэнне разбіць гаршчок. Вызначэнне асобы, якая павінна разбіваць яго, адбывалася па-рознаму: у некаторых месцах гэта абавязаны быў рабіць хросны бацька, у другіх - той, хто дасць больш каштоўны падарунак. Пры гэтым прамаўляліся жартоўныя прыгаворкі. Паводле запісу абраду М.Я. Грынблатам у в.Сяльцо Старобінскага раёна, кум, б'ючы кашу (гаршчок), гаварыў: "Гадуй, Божа, малое, да каб на той год другое".

Жартоўныя прыгаворкі, тосты, зычэнні, гумарыстычныя песні выклікалі смех, стваралі вясёлы настрой. У далёкім мінулым гэты смех меў рытуальна-магічны характар. Яму, па словах У.Я.Пропа, "прыпісвалася здольнасць не толькі суправаджаць жыццё, але і выклікаць яго". Смех павінен быў садзейнічаць доб-рай долі дзіцяці, яго шчасцю. Увогуле праблема рытуальна-магічнага смеху ў фальклоры паўстаўлена У.Я.Пропам і некато-рымі іншымі вучонымі, але глыбока не даследавалася, таму патрабуе грунтоўнай распрацоўкі. Надзвычай каштоўны матэрыял па гэтай праблеме дае беларуская радзінная паэзія - адметная з'ява не толькі ў нацыянальнай культуры беларусаў, але і ў духоўнай куль-туры славян увогуле.


  1. Казакова І.В. Этнічныя традыцыі ў духоўнай культуры беларусаў. - Мн., 1995. С.8.

  2. Тамсама. С. 9

  3. Тамсама.

  4. Тамсама. С. 11- 12.

  5. Тамсама. С. 18.

  6. Тамсама.

  7. Тамсама.

  8. Тамсама. С. 19.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка