Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка9/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   17

Раздзел ІІI. ЧАЧЭРСКАЯ ПАРАФІЯ
1. Чачэрск і парафія да сярэдзіны ХІХ ст.
Паводле археалагічных даных, Чачэрск узнік у Х ст. на беразе ракі Чачоры пры ўпадзенні яе ў Сож. Упершыню Чачэрск згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе 1159 года як горад радзімічаў, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.

Пасля смерці Святаслава ў 1167 г. горад перайшоў да яго сына Алега. Да сярэдзіны XIV ст. Чачэрск быў у складзе Чарнігаўскага княства. Пасля горад быў далучаны да Вялікага Княства Літоўскага і з’яўляўся ўладаннем вялікага князя і цэнтрам воласці Віленскага ваяводства.

У 1387 г. Чачэрск разам з навакольнымі вёскамі, «с людми и со всеми доходы», перайшоў ва ўладанне князя Скіргайлы. З 1390-х гг. горадам кіравалі намеснікі вялікага князя. З 1501 па 1518 г. Чачэрскам валодала вялікая княгіня Алена — жонка вялікага князя Аляксандра і дачка вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. З 1510 г. Чачэрск — цэнтр староства — меў права на самакіраванне.

Чачэрск згадваецца таксама ў перапісе войска ВКЛ, зробленым у 1528 г.: «Василеи Дмитриевич в Чичерску мает ставити конь. Гаврило Тишкович у Чичерску мает ставити конь»1.


1 Перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года // Метрыка ВКЛ. Кніга 253. Кніга публічных справаў 1. — Мінск, 2003. — С. 56.
Чачэрскае староства з XVI ст. здавалася ў пажыццёвае валоданне розным дзяржаўным дзеячам (з 1562 г. кварту, г.зн. 25% чыстага даходу, уладальнік староства ўносіў у дзяржаўны скарб на ўтрыманне войска). Пасля смерці княгіні Алены горадам валодалі: князі Чартарыйскія, Астафій Дашкевіч (за змаганне з татарамі), Юрый Зяновіч, з 1621 г. — Аляксандр Сапега (за заслугі ў войнах з туркамі). Пасля рэформы 1566 г. Чачэрск належаў да Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства.

Каля 1589 г., паводле Метрыкі ВКЛ, з Чачэрскага староства было вылучана нягродавае староства2 Нямковічы, у якое ўваходзілі Вялікія Нямковічы, Малыя Нямковічы і Сабунск3.


2 Староствы дзяліліся на гродавыя і нягродавыя. Першыя з іх мелі абавязак утрымання суда.

3 Нямковічы — гэта сучасныя вёскі Вялікія Нямкі і Малыя Нямкі Веткаўскага раёна. Сабунск — хутчэй за ўсё, сучасная вёска Стаўбун Веткаўскага раёна.
З 1629 г. Чачэрск стаў мястэчкам, якое атрымала каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы.

У 1648 г. Чачэрск захапілі казакі Багдана Хмяльніцкага, але ў пачатку лета 1649 г. войска ВКЛ на чале з польным гетманам Янушам Радзівілам адбіла мястэчка. За нечуваныя зверствы, якія чынілі казакі, Радзівіл загадаў адсячы ў палонных правыя рукі да запясця. 50 казакоў пасадзілі на калы, а астатніх, з жонкамі і дзецьмі, пасеклі.

У 1654 г. Чачэрск захапіў атаман Залатарэнка. Да 1659 г. мястэчка і яго ваколіцы былі ў складзе гетманскіх казацкіх уладанняў на Беларусі. Пасля, да 1772 г., Чачэрск адносіўся да земляў Рэчы Паспалітай.

Час з’яўлення ў мястэчку касцёла вызначыць цяжка, але ў інвентары 1704 г. ён ужо згадваецца як касцёл Святой Тройцы. Верагодна, ён быў пабудаваны ў канцы ХVІІ ст.

У сярэдзіне ХVІІІ ст. практычна ўся чачэрская шляхта была ўжо каталіцкай (рыма-католікі і грэка-католікі).

З фрагмента вопіса Рэчыцкага павета 1765 г., які датычыцца чачэрскай парафіі4, можна даведацца аб парафіянах шляхецкага стану, а таксама мясцовасцях, у якіх яны жылі. Вось спіс усіх чачэрскіх шляхціцаў католікаў, якія згадваюцца ў вопісе:


4 НГАБ. Ф. 1769. — Воп. 1. — Спр. 4. — Арк. 54–65 адв.
Казімір Вішчынскі, суддзя гродскі, мечны і ротмістр чачэрскай парафіі Рэчыцкага павета — староства Нямковічы.

Леан Келчэўскі, падстолі Рэчыцкага павета — спадчынны маёнтак Янцы.

Міхаіл Шэлюта, будаўнічы Рэчыцкага павета — маёнтак Бердыж.

Ігнацы Маліноўскі, стражнік чарнігаўскі; Дамінік Маліноўскі — маёнткі Малынічы і Сябровічы.

Юзаф Канюшэўскі, чашнік смаленскі — маёнтак Бердыж.

Станіслаў Бельскі, чашнік чарнігаўскі — маёнтак Акрынка (сучасная Акшынка Веткаўскага р-на. — У. В.).

Андрэй Грушэцкі, гараднічы — Старыя Малынічы.

Тамаш Марачэўскі, мастаўнічы рэчыцкі — маёнтак Малынічы (Слабодка).

Стэфан Марачэўскі, Сымон Марачэўскі, Казімір Марачэўскі, мастаўнічы рэчыцкі — маёнтак Малынічы.

Базыль Цутровіч на Чарняве Чарняўскі — маёнтак Малынічы (Слабодка).

Юзаф Вішчынскі — дзяржава Янава.

Пётр на Чарняве Чарняўскі, Базыль Тэадаровіч на Чарняве Чарняўскі —маёнтак Малынічы (Слабодка).

Антоні Шымкевіч — маёнтак Малынічы.

Якуб Шэлюта, Ян Шэлюта, Ян Другі Базылевіч Шэлюта, Ігнацы Шэлюта, Тамаш Шэлюта, Дыянізій Гарбатоўскі — маёнтак Бердыж.

Базыль Акушка — маёнтак Матневічы.

Базыль Акушка, Ян Рэфемберк, Казімір Гурскі — маёнткі Матневічы і Сябравічы.

Аляксандар Збарамірскі, Марцін Збарамірскі, Войцех Збарамірскі, Міхаіл Гавароўскі, Леан Лашкевіч, Міхаіл Лашкевіч — маёнтак Аношкі.

Пётр Грынеўскі, Самуэль Грынеўскі — маёнткі Аношкі і Жабін.

Людвік Драбышэўскі, Андрэй Драбышэўскі, Ян Драбышэўскі, Пётр Драбышэўскі, Панцеляймон Драбышэўскі, Тэадор Драбышэўскі — маёнткі Шапатовічы.

Давыд Шэлюта, Андрэй Касцюшка, Казімір Левальт, Тэадор Левальт-Язерскі — маёнтак Свяцілавічы.

Рыгор Валенціновіч-Катальскі, Міхаіл Валенціновіч-Гатальскі, Марцін Валенціновіч-Гатальскі — маёнтак Жалезнікі.

Андрэй Юркевіч — маёнтак Бердыж.

Марцін Кучынскі — маёнтак Малынічы.

Канстанцін Жлоба — аколіца Вараноўшчына.

Базыль Жлоба, Павел Нестаровіч, Базыль Шостак, Базыль Вішнеўскі — маёнтак Вараноўшчына.

Рыгор Курака, Тэадор Курака, Базыль Курака, Пётр Курака, Стэфан Курака, Базыль Кунсевіч — маёнтак Мяховічы (Куракі).

Ян Кончыц, Ян Тэваровіч-Кончыц — маёнтак Сябравічы.

Канстанцін Тамашэвіч-Жлоба, Аляксандр Жлоба, Леан Жлоба, Сымон Губаровіч, Антоні Жлоба, Тэадор Шостак, Пётр Вішнеўскі, Мікалай Шостак, Рыгор Шостак, Пракоп Шостак, Мікалай Шостак, Базыль Шостак, Ян Жлоба, Эмануэль Жлоба — аколіца Вараноўшчына.

Габрыэль Нестэровіч, Мацей Нестаровіч, Міхаіл Нестаровіч, Ян Цішкоўскі — аколіца Янцы.

Ян Яновіч — аколіца Сябравічы.

Андрэй Грамыка, Базыль Грамыка, Давыд Грамыка, Францыск Рачкоўскі — аколіца Грамыкі.

Нашчадкі гэтых шляхціцаў і дасюль жывуць у Чачэрскім і Веткаўскім раёнах. Дарэчы, самы вядомы нашчадак чачэрскай каталіцкай шляхты — гэта знакаміты «містэр Не» — шматгадовы міністр замежных справаў СССР Андрэй Грамыка, які лічыў сябе рускім і пісаў, што паходзіць з сялянаў.

У 1772 г., пры першым падзеле Рэчы Паспалітай, Чачэрскае староства было канфіскавана ў вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага. Насельніцтва мястэчка ў 1772 г. складала 859 чалавек. Спачатку Чачэрск быў цэнтрам павета ў Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерні; потым, у 1778–1796 гг., мястэчка Чачэрск стала цэнтрам воласці Рагачоўскага павета Магілёўскага намесніцтва, у 1796–1802 гг. — Беларускай губерні, а з 1802 г. — зноў Магілёўскай губерні. У 1774 г. Кацярына II падаравала Чачэрск графу З. Р. Чарнышову.

Згодна з інвентаром 1726 г., у Чачэрску ў гэты час было 7 вуліцаў, якія сыходзіліся радыяльна да замка і гандлёвай плошчы, дзе размяшчаліся карчма і крамы. Каля замка на тэрыторыі старажытнага дзядзінца стаяў касцёл Святой Тройцы. У XVI–XVIII стст. Чачэрск быў абнесены сцяною з трыма брамамі: Замкавай, Вялікай і Падольнай. Паводле даных інвентара, у мястэчку існавалі Уваскрэсенская, Мікалаеўская, Прачысценская і Спаская цэрквы (якія знаходзіліся на адпаведна названых вуліцах), сінагога на ўскраіне і было 109 жылых дамоў.

Пасля таго як уласнікам Чачэрска стаў граф Чарнышоў, горад абвясцілі цэнтрам павета, і пачалася яго маштабная перабудова ў адпаведнасці з новым рэгулярным планам, які прыпісваецца знакамітаму італьянскаму архітэктару Барталамео Растрэлі5. Лічыцца, што ён жа быў і аўтарам праекта новага касцёла Святой Тройцы6, але гэта малаверагодна, бо Растрэлі памёр у 1771 годзе, за 3 гады да таго, як Чачэрск стаў уласнасцю графа Чарнышова. Агульны план Чачэрска, хутчэй за ўсё, быў скампіляваны Чарнышовым з праектаў розных дойлідаў7.
5 Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. — Санкт-Пецярбург, 1896.

6 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 71.

7 Архітэктура Беларусі. — Мінск, 2007. — Т. 3. Кн. 1. — С. 227.
Аб перабудове Чачэрска падрабязна напісаў Юрый Чантурыя8. Паводле Чантурыі, у 1787 г. на месцы старога Чачэрскага замка быў пабудаваны палац. Горад быў карэнным чынам рэканструяваны і атрымаў прамавугольную структуру вуліц, якія мелі шырыню 10 сажняў (21,3 м) і былі абсаджаны ліпамі. Згодна з класічнай канцэпцыяй ідэальнага паселішча, у цэнтры горада была запраектаваная вялізная плошча (302,5 м х 294 м), абкружаная сіметрычнай адносна восі поўнач — поўдзень сістэмай кварталаў. На плошчы (у цэнтры) у 1780 г. была пабудаваная ратуша, у якой цяпер знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей. Таксама на плошчы сіметрычна размяшчаліся Г-падобныя будынкі, у якіх працавала 76 крамаў. Па перыметры плошчы былі высаджаны ліпавыя алеі.
8 Чантурия, Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины ХVI – первой половины ХІХ века. — Минск, 2005. — С. 186–200.
На будынак ратушы арыентаваліся асноўныя вуліцы горада. Гэтая арыентацыя была фармальна ўзмоцнена тым, што даўжыня фасада квадратнай у плане ратушы раўнялася шырыні вуліц. Ратуша задумвалася як галоўны элемент у прасторы горада. Яе кампазіцыя грунтуецца на ступенчатай пірамідальнай пабудове архітэктурных масаў. Асноўная частка будынка завершана высокім стылабатам, на якім узвышаецца трапецападобная драўляная вежа. Па вуглах асноўнага аб’ёму ратушы пастаўлены 4 малыя вежы (таксама з дрэва).

Вакол ратушы былі сіметрычна пабудаваны 4 храмы-ратонды (3 царквы і касцёл), якія мелі падобнае архітэктурнае аблічча. Паводле версіі, якая належыць В. Ф. Марозаву, 4 культавыя будынкі Чачэрска былі пабудаваныя па праекце архітэкатара Дж. Кварнегі. У іх аснове ляжаў адзін і той жа праект храма-ратонды. Граф З. Чарнышоў сам дапоўніў праект Кварнегі: Праабражэнскай і Узнясенскай цэрквам ён дарысаваў прытвор9 і апсіду10, а касцёлу Святой Тройцы і царкве Раства Багародзіцы — вежы на галоўным фасадзе11.


9 Прытвор — уваходнае памяшканне царквы, асобна дабудаванае да галоўнага ці бакавога фасада; часта з надбудаванай званіцай.

10 Апсіда — частка святыні; прамавугольны, шматвугольны або паўкруглы ў плане выступ, які замыкае прастору галоўнай навы святыні.

11 Морозов, В. Ф. История архитектуры Беларуси. Эпоха классицизма. — Минск, 2006. — С. 61.
Праабражэнская і Узнясенская цэрквы знаходзіліся ў паўднёвай частцы горада на невялікіх плошчах. Узнясенская царква лічылася хатняй царквой графіні А. Чарнышовай. Прынцып размяшчэння цэркваў у планіровачнай структуры горада аналагічны прынцыпу размяшчэння ратушы — на дамінуючыя будынкі цэркваў арыентаваны па 4 вуліцы. Гэта давала магчымасць успрымаць будынкі з некалькіх пунктаў, а таксама бачыць 2 ці нават 3 дамінантныя будынкі з аднаго пункта, што садзейнічала візуальнай цэласнасці горада.

Царква Раства Багародзіцы (пабудаваная ў 1787 г.) і касцёл Святой Тройцы знаходзіліся ў паўночнай частцы горада. Іх будынкі размяшчаліся насупраць, а паміж імі праходзіла галоўная вуліца горада, якая вяла да палаца Чарнышова. Будынкі храмаў служылі своеасаблівым «парталам» пры пад’ездзе да палаца, ды і ўвесь горад задумваўся як манументальная парадная кампазіцыя перад уездам у палац яго ўласніка з боку Гомеля. Першы этап шляху пралягаў паміж Праабражэнскай і Узнясенскай цэрквамі, на другім этапе ён праходзіў уздоўж ратушы, на трэцім — праз «браму», утвораную будынкамі касцёла і царквы Раства Багародзіцы.

Дарэчы, пры асвячэнні царквы Раства Багародзіцы прысутнічала Кацярына II12.
12 Чантурия, Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины ХVI – первой половины ХІХ века. — Минск, 2005. — С. 186–200.
іл. 67. Будынак былой ратушы ў Чачэрску. Цяпер тут знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей.
Галоўным будынкам Чачэрска была ратуша, а не палац Чарнышова, што пацвярджаецца размяшчэннем ратушы ў цэнтры планіровачнай кампазіцыі з арыентацыяй на яе асноўных магістраляў. Агульная для класічнага горадабудавання XVIII – першай паловы XIX ст. грамадзянская і дэмакратычная накіраванасць таксама сведчыць аб цэнтральнай ролі ратушы.

Аснову кампазіцыі ўсіх 4-х храмаў складала ратонда, завершаная вялікім купалам, які ўвенчваўся малым купалам на барабане. Згодна з праваслаўнай догмай аб арыентацыі алтарнай часткі храма на ўсход, галоўным фасадам усіх цэркваў з’яўляўся заходні, дзе да ратонды прыбудоўваўся ўваходны прыдзел. Касцёл жа Святой Тройцы быў арыентаваны алтаром на захад, што давала магчымасць уваходзіць з галоўнай вуліцы і ў касцёл, і ў царкву Раства Багародзіцы. Звернутыя адзін да аднаго галоўныя фасады храмаў мелі аднолькавую двухвежавую кампазіцыю (у 1852 г. спічакі на вежах касцёла былі заменены галоўкамі (малымі купаламі)13.


13 Тамсама.
іл. 68. Чачэрскі касцёл Святой Тройцы.

іл. 69. Царква Раства Багародзіцы ў Чачэрску.


Узнясенская і Праабражэнская цэрквы мелі на галоўным фасадзе па адной вежы, увенчанай малым купалам. Амаль усе вышынныя часткі будынкаў увенчвалі прыгожыя дэкаратыўныя спічакападобныя навершы.

Пра палац, некалі размешчаны на Замкавай гары, звестак практычна не захавалася. Вядома, што яго будынак быў абкружаны ровам, напоўненым вадой з ракі Чачоры. Праз роў быў перакінуты пад’ёмны мост на ланцугах. Унізе, у сажалках, разводзілася рыба розных пародаў. Палац згадваецца ў дакументах 1855 г., у той час ён знаходзіўся ў запусценні. Паводле апісання 1884 г., палац ужо не існаваў, а яго месца займалі розныя пасадкі (пасля Вялікай айчыннай вайны на Замкавай гары ў брацкай магіле пахавалі партызанаў і салдатаў, якія загінулі на чачэрскай зямлі ў баях з нацыстамі. Адзін з гэтых салдатаў — Іван Васькоў — дзед аўтара кнігі).

У канцы XVIII ст. па ініцыятыве графа Чарнышова быў разбіты парк, які дапоўніў прамавугольную структуру кварталаў і звязаў яе з навакольным краявідам. Парк, плошча якога складала 12 га, меў кампазіцыю пейзажнага тыпу з маляўнічай планіроўкай алеяў. Каля парку знаходзіўся фруктовы сад з аранжарэямі. У канцы XIX – пачатку XX ст. парк згадваецца як зона адпачынку гараджанаў14.
14 Тамсама.
іл. 70. Так цяпер выглядае Замкавая гара ў Чачэрску.
Першы будынак касцёла Святой Тройцы быў драўляным. Не пазней як з 1744 г. ён належаў езуітам. У 1784 г. на яго месцы быў пабудаваны новы касцёл Святой Тройцы. Будоўлю фінансаваў сам генерал-губернатар Чарнышоў, які прыхільна ставіўся да езуітаў. У 1786 г. касцёл быў асвячоны беліцкім дэканам кс. Аўгусцінам Судорскім15.
15 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2912. — Л. 87.
У Чачэрску мясцілася езуіцкая рэзідэнцыя з парафіяй, якая ахоплівала досыць вялікую тэрыторыю і ўключала ў сябе сённяшні Чачэрскі раён, частку Кармянскага і Веткаўскага раёнаў. Католікі пражывалі ў наступных мясцінах: Акшынка, Аношкі, Бердыж, Вараноўшчына, Грамыкі, Жабін, Жалезнікі, Малынічы, Малынічы Слабодка, Матневічы, Мяховічы (Куракі), Нямковічы, Свяцілавічы, Сябравічы, Шапатовічы, Янава, Янцы і інш.

Рэзідэнцыя з парафіяй у 1744–1820 гг. належала да езуіцкага калегіума ў Магілёве, фундавалася спачатку шляхтай Рэчыцкага павета, а з 1783 г. — графам З. Чарнышовым16. Правінцыял Ян Парэцкі ў 1754 г. далучыў рэзідэнцыю да фундацыі Бекельмана, якая знаходзілася на Мсціслаўшчыне, і заснаваў пры касцёле ў Чачэрску даміцыліюм17 для двух місіянераў. Чачэрская парафія ў гэты час была філіяй гомельскай парафіі. Біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч каля 1777 г. стварыў тут самастойную парафію.


16 Тамсама.

17 Даміцыліюм — месца жыхарства, жытло.
У 1796 г. у парафіі налічвалася разам з дзецьмі 769 парафіянаў, яна распасціралася на 25 вёрстаў. Да 1787 г. пры касцёле працавалі 2 святары, потым — 3. Рэзідэнцыя не мела ніякіх фальваркаў і забяспечвалася з фундатарскага двара збожжам і рэчамі, а таксама грашыма (193 руб. у год). Але рэальна місія атрымлівала толькі палову ануаты і грашовага ўтрымання. Гэты фундуш быў павялічаны да 720 руб. серабром за кошт жыхароў Рагачоўскага павета і змешчаны ў 1794 г. у Дзерналовічаў з 5-м працэнтам18. Таксама маёр Міхал Валовы(?) завяшчаў рэзідэнцыі 800 руб. Грошы былі размешчаны ў Чачэрскай канторы, і з гэтай сумы рэзідэнцыя мела ў год 40 руб. працэнтаў. Утрыманне сакрыстыі, касцёльнага начыння і рамонт касцёла ўваходзілі ў абавязкі фундатара.
18 Г. зн. пад 5% гадавых.
У 1818 г. было атрымана пэўнага даходу на суму 208 руб., няпэўнага — 752 руб. 80 кап. Выдаткавана на ўтрыманне сакрыстыі, начыння і касцёла 133 руб. 60 кап., на аплату хатніх і касцёльных слугаў — 92 руб. 40 кап., на ўтрыманне двух манахаў і чэлядзі — 608 руб. 3 кап., на рамонт місійнага дома і яго начыння — 126 руб. 10 кап., на міласціну жабракам — 6 руб. 60 кап. Агулам выдаткавана 966 руб. 73 кап.

Ксяндзы езуіты ў той час жылі ў невялікім драўляным будынку. Граф З. Чарнышоў збіраўся пабудаваць для іх мураваны будынак, але не паспеў гэтага зрабіць.

Захаваліся даныя аб выніках душпастырскай працы ў Чачэрску за 1796 і 1810 гады. У 1796 годзе было 1 120 споведзяў (з іх 567 велікодных), 24 хросты, 9 шлюбаў, пахавана 15 памерлых, удзелена намашчэнне 82 хворым, прамоўлены 92 казанні і навукі19; у 1810 годзе — 2 750 споведзяў, 30 хростаў, 56 казанняў і заняткаў па рэлігіі.
19 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2589. — Л. 144.
Суперыёрамі (кіраўнікамі місіі і пробашчамі парафіяльнага касцёла) былі: а. Ян Багдановіч (1783–1786), а. Ян Лямпрэхт (1787–1792), а. Вінцэнт Шышка (1792–1799), а. Пётр Філіповіч (1799–1806), а. Клеменс Шпак (1806–1809), а. Ян Марцінкевіч (1809–1810), а. Вінцэнт Гурскі (1810–1815) і а. Андрэй Леановіч (1815–1820), які, верагодна, стаў першым дыяцэзіяльным пробашчам пасля таго як езуіты ў 1820 г. вымушаныя былі пакінуць Расійскую імперыю (ён застаўся на сваёй пасадзе і тым самым фактычна пакінуў ордэн).

Місіянерамі ў Чачэрску былі: а. Юзаф Іллініч (у 1753–1754 і ў 1767–1769), а. Ян Хадзькевіч (1754–1761), а. Ян Багдановіч (1759–1769) і а. Сімяон Тарлецкі (1768–1773).

У Чачэрску ў 1785 г. нарадзіўся езуіт Язафат Залеўскі (Залескі), прафесар права і гісторыі Полацкай акадэміі, які, хутчэй за ўсё, атрымаў пачатковую адукацыю ў чачэрскай езуіцкай школе.

Школа ў Чачэрску была адчынена ў 1788 годзе. Яна была адным з шасці калегіумаў, якія існавалі на далучанай да Расіі частцы Беларусі. З іх тры (Полацкі, Віцебскі і Магілёўскі) былі вышэйшымі, г.зн. з курсам філасофіі і тэалогіі. Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі ў Оршы і Мсціславе. Школа ў Чачэрску давала няпоўную сярэднюю адукацыю.

Ліквідацыя ордэна езуітаў у свеце і яго захаванне на Беларусі стала прычынаю таго, што сюды пачалі сцягвацца найлепшыя інтэлектуальныя сілы з калегіумаў, зачыненых у Заходняй Еўропе: немцы і італьянцы, іспанцы і французы. Напрыклад, у 1789–1791 гг. у Чачэрскай школе выкладчыкам працаваў італьянец Аўгусцін Маньяні, які паходзіў з Балоньі. Тут жа, у Чачэрску, ён і памёр 21 красавіка 1791 года. Працаваў у Чачэрску і яго малодшы брат Ян Маньяні.

У 1796 г. у школе былі ўсяго 2 класы. У адным выкладаў свецкі настаўнік, які атрымліваў зарплату з Чачэрскай канторы, у другім — езуіт. У першым класе вучыліся чытаць і пісаць па-польску, па-руску і па-нямецку, пачыналі вывучаць лацінскую мову, катэхізіс, асновы арыфметыкі і геаграфіі. У другім класе вывучалі граматыку, лацінскую і нямецкую мовы, арыфметыку, геаграфію, біблейскую і агульную гісторыю. Вучняў было 40, тры з іх вучыліся за кошт рэзідэнцыі20. Напрыканцы 1802 г. у школе былі 3 класы і 44 вучні, з іх 8 вучылася за кошт рэзідэнцыі. У 1803 г. у школе займалася 56 вучняў. У 1806 г. езуіцкая школа ў Чачэрску была зачыненая21.


20 Тамсама.

21 Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. 1564–1995 / Oprac. L. Grzebien SJ. — Kraków, 1996. // [Электронны рэсурс] — http://www.jezuici.krakow.pl.
У 1818 г. у Чачэрску працавалі суперыёр а. Андрэй Леановіч і душпастыр а. Тадэвуш Хмялеўскі.

У паезуіцкі перыяд з 1829 г. куратам касцёла быў кс. Людвік Вікенцьевіч Багдановіч. Касцёл у гэты час ужо патрабаваў рамонту, як звонку, так і ўнутры. Патрабавала рамонту і спарахнелая драўляная плябанія. Ксёндз Багдановіч пры дапамозе Чачэрскай эканоміі перакрыў шалёўкай купал касцёла і карнізы вокнаў. Была заліта алебастрам вялікая шчыліна на муры з боку фасада касцёла, і зроблены новы ганак. У 1833 г. касцёл перакрылі новай шалёўкай, замянілі кроквы і латы. На вежах зрабілі новыя драўляныя спічакі, крытыя гонтай, і паставілі новыя жалезныя крыжы. Ксёндз Багдановіч за свой кошт пабудаваў хату з сенцамі для прыслугі, павець і пуню для сена.

Касцёл фундаваўся графіняй Чарнышовай. Чачэрская эканомія выдзяляла ў гэты час на ўтрыманне аднаго ксяндза 64 руб. асігнацыямі, 12 чвэрцяў жыта, 8 ячменю, 12 аўса і 164 пуды сена. У 1833 г. даход з парафіі складаў 93 руб. асігнацыямі22.
22 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2797. — Л. 1 об., 2.
У 1840-я гады пробашчам чачэрскага касцёла працаваў кс. Ігнацы Браніслававіч Ставярэй.

Да 1848 г. куратам быў кс. Грынкевіч. У 1849 г. вікарыем чачэрскага касцёла быў кс. Антоні Юновіч. Чачэрская парафія ў гэты перыяд (да 1850 г.) уваходзіла ў склад Быхаўска-Рагачоўскага дэканата. З 1850 г. яна знаходзілася ў складзе Беліцкага дэканата, які з 1854 г. стаў называцца Гомельскім.

Пасля смерці ксяндза Грынкевіча, з 17 верасня 1848 г., адміністратарам парафіі быў кс. Ян Юшкевіч. Ён нарадзіўся ў 1798 г. на Жмудзі. Прымаў удзел у паўстанні 1831 г., пасля падаўлення якога, апасаючыся пераследу ад расійскіх уладаў, мусіў выехаць у Заходнюю Еўропу. Доўгі час жыў у Францыі, потым — у Рыме. Але туга па радзіме перамагла, і кс. Юшкевіч вярнуўся ў Расійскую імперыю.

Пасля разгляду яго ваенна-судовай справы, паводле рашэння суда, кс. Юшкевіч мусіў быць пакараны. Але імператар памілаваў святара пры ўмове, што той будзе пераведзены ў аддаленую ад мяжы дыяцэзію пад пільны паліцэйскі нагляд. Міністр унутраных справаў Пяроўскі прапанаваў Рыма-каталіцкай духоўнай калегіі зрабіць распараджэнне аб прызначэнні кс. Юшкевіча ў тую частку Магілёўскай архідыяцэзіі, якая знаходзіцца ў Магілёўскай губерні, з даручэннем мясцоваму духоўнаму начальству ўстанавіць за ім нагляд.

Праз некалькі месяцаў працы ў Чачэрску кс. Юшкевіч звярнуўся да Магілёўскага арцыбіскупа Казіміра Дмахоўскага з просьбаю перавесці яго ў Рыгу. Вось што ён пісаў:

«Яго Высокапраасвяшчэнству арцыбіскупу магілёўскаму, мітрапаліту ўсіх рыма-каталіцкіх касцёлаў у Расіі і кавалеру. Ад адміністратара чачэрскага парафіяльнага касцёла ксяндза Іаана Юшкевіча прашэнне.

Ваша Арцыпастырскае Высокапрэпадобіе!

Па найміласэрнейшым дазволе 1847 г. я прыбыў з Рыма ў Расію і праз некаторы час распараджэннем вышэйшага начальства (указам калегіі ад 11 сакавіка 1848 г. пад № 1251) быў прысланы з Вільні ў губернскі Магілёў. Пражываў я спярша ў магілёўскім бернардынскім кляштары, дзе, прабыўшы два месяцы, распараджэннем кіраўніка Магілёўскай дыяцэзіі, генеральнага вікарыя (указ калегіі ад 4 мая 1848 г. пад № 1888) я быў прызначаны ў бялыніцкі парафіяльны касцёл вікарыем. З цягам часу (па маім прашэнні і са згоды на тое магілёўскага грамадзянскага губернатара) тым жа кіраўніком дыяцэзіі прызначаны 17 верасня 1848 г. пробашчам чачэрскага парафіяльнага касцёла ў мястэчка Чачэрск, дзе і цяпер знаходжуся.

Асмельваюся скласці Вашаму Высокапраасвяшчэнству найпакорнейшую маю просьбу аб дазволе мне адлучыцца ў горад Рыгу па сямейных справах і ў час майго знаходжання там заняцца выкананнем духовых трэбаў для тамашніх іншаземцаў рыма-каталіцкага вызнання.

Толькі дзеля таго, каб уладкаваць няшчасную маю сям’ю, якая складаецца з дзвюх сясцёр і трох маіх пляменніц, і даць ім сродкі да пражывання, вырашыў я вярнуцца ў сваю айчыну, заснаваўшы тут фабрыку штучных кветак, хоць і з вялікімі выдаткамі, як адзіны сродак для падтрымання маёй збяднелай сям’і. Аб гэтай індустрыі вядома ўжо Найаўгусцейшаму Вялікаму імператару і ўраду. Але, як вядома ўсялякаму, такая галіна прамысловасці нідзе лепшага кірунку і найвярнейшага заахвочвання атрымаць не можа, як толькі ў вялікім горадзе, таму Рыга, які бліжэйшы да месца жыхарства маёй сям’і, здаецца найлепшым для гэтага месцам. А я, валодаючы шырокімі ведамі ў гэтым мастацтве, якое вывучаў, калі быў у Парыжы, зрабіўшы велізарныя выдаткі на набыццё і збіранне патрэбных механічных інструментаў, апаратаў і розных матэрыялаў, з вялікімі і доўгачасовымі намаганнямі, жадаў бы перад смерцю ўмацаваць хоць колькі становішча маіх крэўных, пераказваючы ім мае веды ў гэтым мастацтве.

Пры гэтым, займаючыся ўладкаваннем маёй сям’і і прывядзеннем у патрэбны стан меркаванай фабрыкі, дзеля яе дабрабыту, не забываю, што першы і найсвяшчэннейшы мой доўг — абяцанне служыць пастве Хрыстовай і да смерці клапаціцца аб выкананні ўскладзенага на мяне святога абавязку, таму я жадаў бы яшчэ заняцца ў Рызе выкананнем святарскіх абавязкаў. Бо, як давялося чуць, там цяпер прадбачыцца вакансія на аднаго ці двух святароў, для ўкамплектавання тамашняга рыма-каталіцкага духавенства, то я ахвотна мог бы аддацца ўдзяленню там духоўных трэбаў іншаземцам рыма-каталіцкага вызнання на нямецкай, французскай ці італьянскай мовах.

Калі б не было патрэбы ў святарах для падобнага служэння, то я буду ўтрымлівацца ў Рызе на свой кошт, выконваючы свой доўг»23.


23 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 29. — Л. 2–3.
Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя ў сваім рапарце арцыбіскупу Дмахоўскаму паведаміла, што паводзіны ксяндза Юшкевіча ў час знаходжання яго ў Магілёўскай архідыяцэзіі цалкам заслугоўваюць ухвалення24. Магілёўскі арцыбіскуп, нягледзячы на гэта, адмовіў Юшкевічу ў просьбе25. Але Юшкевічу было дазволена наведаць Жмудзь і сустрэцца са сваімі роднымі. У паездцы ён знаходзіўся 2 месяцы, з 26 ліпеня па 19 верасня 1851 года. Пасля вяртання ксёндз надалей заставаўся ў Чачэрску на пасадзе адміністратара чачэрскай парафіі.
24 Тамсама. Л. 1, 1 об.

25 Тамсама. Л. 5, 5 об.
Да чачэрскай парафіі ў 1850 г. было прыпісана 5 капліцаў: у вёсках Рудня-Нісімкавіцкая і Рудня-Барталамееўская, аколіцах Аношкі, Асоўе і Лукомскія Паплавы.

Тры капліцы ў аколіцах Вараноўшчына, Шапатовічы і Малынічы ў той час ужо былі забраныя і перададзеныя Праваслаўнай Царкве.


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка