Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка8/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   17

15. Населеныя пункты, у якіх існавалі капліцы гомельскай парафіі
Антонаўка
Вёска ў Насовіцкім сельсавеце Добрушскага раёна, 17 км на поўдзень ад Добруша, 23 км ад Гомеля. Вядомая з ХVІ ст. У 1819 г. у вёсцы была пабудаваная царква Нараджэння Багародзіцы220.

Да ХVІІІ ст. вёска называлася Антонавічы. Уваходзіла ў склад Гомельскага староства. У вопісе Магілёўскай губерні 1784 г. названа мястэчкам. У сярэдзіне ХІХ ст. належала Крушэўскім, у канцы ХІХ ст. — Клячкоўскім221.

У пачатку ХХ ст. мястэчка і маёнтак уваходзілі ў склад Насовіцкай воласці Гомельскага павета. У 1900 г. тут налічвалася 425 праваслаўных, 2 католікі, 14 яўрэяў. У мястэчку існавалі каталіцкая капліца, праваслаўная парафіяльная царква, яўрэйскі малітоўны дом.

Капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваная Крушэўскімі ў 1819 г., асвячоная ў тым жа годзе канонікам Пашавіцкім. Драўляная, з падмуркам, знаходзілася на каталіцкіх могілках, была агароджаная, добра ўтрымлівалася. Індульт (афіцыйны пісьмовы дазвол) № 61 быў выдадзены арцыбіскупам Казімірам Дмахоўскім 12 студзеня 1850 года222.


220 Антонаўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Гомельская вобласць. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. — С. 335–336.

221 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1880. — T. 1. — S. 44; Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 40.

222 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 133 адв., 134.

Баршчоўка


Вёска, цэнтр Баршчоўскага сельсавета Рэчыцкага раёна. Да рэвалюцыі вёска і маёнтак Баршчоўка знаходзіліся ў складзе Целяшоўскай воласці Гомельскага павета. У 1879 г. у вёсцы было 210 двароў (дымоў), 635 жыхароў. У вёсцы меліся каталіцкая капліца і праваслаўная царква, вятрак, млын. Маёнтак — спадчыннае ўладанне Будзяноўскіх з 6 797 дзес. зямлі, з якіх 4 612 дзес. займаў лес223.

Капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі была пабудавана ў 1814 г. і асвячоная канонікам Пацэвічам. Фундатар капліцы — Ільюшэвіч. Капліца была драўлянаю, агароджанаю, знаходзілася на каталіцкіх могілках за чвэрць вярсты ад двара і мела невялікі арганчык. Да бліжэйшай капліцы (у Борхаве) было 8 вёрстаў, да гомельскага касцёла — 30 вёрстаў. Індульт арцыбіскупа Ігнацыя Галавінскага ад 28 лютага 1855 г. № 7368 выданы быў на 3 гады224. У 1920 гг. у дакументах дзяржаўных установаў капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі значыцца як капліца ў Абрамаўцы.


223 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1880. — T. 1. — S. 109; Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 215.

224 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 134 адв., 135.

Борхаў
Вёска ў Баршчоўскім сельсавеце Рэчыцкага раёна. У мінулым вёска і маёнтак каля ракі Уза ўваходзілі ў склад Целяшоўскай воласці Гомельскага павета. За 35 вёрстаў ад Гомеля. У 1900 г. у вёсцы налічвалася 198 двароў, 836 жыхароў. Існавалі каталіцкая капліца, млын, вятрак. Спадчыннае ўладанне Крушэўскіх з 9 342 дзес. зямлі225.

Капліца св. Антонія, драўляная, на падмурку, была пабудаваная ў 1827 г. у маёнтку Валкавіцкіх. Бэнэдыктаваная ксяндзом Янам Чаховічам з дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча ў 1827 годзе. Знаходзілася на каталіцкіх могілках за паўвярсты ад двара, была агароджана. Мела арган на 5 галасоў. Індульт арцыбіскупа І. Галавінскага ад 28 лютага 1855 г. № 740 быў атрыманы на 3 гады226.
225 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 199.

226 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 134 адв., 135.

Грабаўка
Вёска, цэнтр Грабаўскага сельсавета Гомельскага раёна. 35 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля, на р. Грабаўка (прыток р. Церуха). Вядомая з ХVІІІ ст. У другой палове ХІХ ст. у маёнтку ўладкаваныя парк і яблыневы сад, пабудаваны дом. У заходняй часцы парку насыпаны курган227. У пачатку ХХ ст. вёска і маёнтак знаходзіліся ў складзе Насовіцкай воласці (да Насовічаў — 13 вёрстаў) Гомельскага павета. У 1900 г. у вёсцы налічвалася 166 двароў, 813 жыхароў. Тут былі каталіцкая капліца, драўляная парафіяльная царква, 2 ветракі, млын. Маёнтак з 5 468 дзес. зямлі (1 000 дзес. пашы, 853 дзес. лугоў, 3 406 дзес. лесу) належаў роду Фашчаў228.

Капліца Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай была пабудаваная Фашчамі і бэнэдыктаваная па загадзе Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча канонікам Пацэвічам у 1818 годзе. Знаходзілася на каталіцкіх могілках за паўвярсты ад гаспадарчых пабудоваў. У 1850 г. была агароджаная, мела алтар і наступныя рэчы: сярэбраны пазалочаны келіх з патэнай, партатыў, арнаты — 3, альбы — 2, комжы — 4, гумералы — 3, карпаралы — 3, пурыфікатары — 8, антыпедыумы — 2, тувальні — 2, ручнікі — 6, абрусы — 6, крыж — 1, распяцце — 1, ліхтары — 8, каноны — 3, звон — 1, сервітарскі званок — 1, імшал — 1, падушкі — 2, евангелічка — 1.

Індульт арцыбіскупа І. Галавінскага ад 28 лютага 1855 г. № 736 быў атрыманы на 3 гады228.

Капліца была зачыненая пасля 1926 года.
227 Грабаўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 272–274.

228 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 530.

229 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 133 адв., 134.

Дуравічы
Вёска, цэнтр Дуравіцкага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна, 12 км ад райцэнтра, 40 км ад Гомеля, 225 гаспадарак, 638 жыхароў.

Фальварак належаў Фашчам. У 1897 г. тут налічвалася ўсяго 28 жыхароў. На могілках стаяла рыма-каталіцкая капліца. У пачатку ХХ ст. (прыкладна ў 1903 г.) уладальнік маёнтка прадаў яго стараабрадцу Грыбянцову, а капліцу падарыў жыхарам-католікам з суседніх Лапічаў. У 1907 г. яна была перанесеная ў гэтую аколіцу і ў спісе касцёлаў і капліцаў Магілёўскай архідыяцэзіі пазначаная як «капліца Лапічы (Дуравічы)»230.
230 Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.

Засоўе
У былым вёска і маёнтак у Гомельскім павеце, з каталіцкаю капліцаю. Маёнтак належаў Халецкім, Палонскім, у канцы ХІХ ст. — Валерыю Людвікавічу Венцлавовічу231.

Драўляная капліца была пабудаваная ў 1811 годзе. Яе фундатарам стаў Халецкі. Капліца знаходзілася на каталіцкіх могілках на адлегласці ад гомельскага касцёла ў 40 вёрстаў, да бліжэйшай капліцы было 30 вёрстаў. У наваколлі Засоўя ў сярэдзіне ХІХ ст. жыло каля 150 католікаў. У гэты час (1850 гг.) капліца знаходзілася ў крытычным стане: хадзілі чуткі, што яе перададуць праваслаўным. Афіцыйны пісьмовы дазвол на здзяйсненне набажэнстваў быў выданы прэлатам Янам Феліксам Шчытам (верагодна, у перыяд з 1829 па 1833 г.), але згублены232.
231 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1895. — T. 14. — S. 450.

232 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 135 адв., 136.

Касцюкоўка


Вёска ў Яромінскім сельсавеце Гомельскага раёна, 5 км на поўнач ад Гомеля. Вядомая з ХVІІІ стагоддзя233.

Да рэвалюцыі вёска і фальварак каля возера Забач былі ў складзе Пакалюбіцкай воласці (9 вёрстаў да Пакалюбічаў) Гомельскага павета. У вёсцы налічваўся 121 двор, 358 жыхароў. Каталіцкая капліца пабудаваная не пазней за 1864 год. Фальварак з 1862 г. належаў барону Нолькену, 611 дзес зямлі234.


233 Касцюкоўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 286–287.

234 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1902. — T. 15, cz. 2. — S. 134.

Клінцы
Горад. Адміністрацыйны цэнтр Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Насельніцтва 70 тыс. чал.

Слабада Клінцы была заснаваная стараверамі ў 1707 годзе. У 1782 г. Клінцы атрымалі статус пасада. Уваходзілі ў Суражскі павет Чарнігаўскай губерні. З 1919 г. па 1926 г. — адміністрацыйны цэнтр Клінцоўскага павета Гомельскай губерні РСФСР.

У Клінцах у гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў у школьнай спартзале дзейнічала каталіцкая капліца, дзе з верасня 1917 г. служыў вікарыем кс. Ігнацы Скарупка.

На набажэнствы, якія ладзіў ксёндз Скарупка, збіраліся католікі, якія жылі ад Клінцоў на адлегласці 100 км. Ксёндз Ігнацы Скарупка загінуў у 1920 г. у бітве пад Варшаваю і стаў сімвалам польскага супраціву савецкай уладзе і Чырвонай Арміі.

Капліца ў Клінцах згадваецца яшчэ ў 1926 годзе. У гэты час яна размяшчалася ў доме аднаго з вернікаў. Капліца належала да Гомельскага дэканата.


іл. 64. Ксёндз Ігнацы Скарупка.

іл. 65. Капліца ў школьнай спартзале ў Клінцах.

Лапічы
Вёска ва Уваравіцкім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна, якая раней знаходзілася ў Рудзянецкай воласці Гомельскага павета235.
235 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1881. — T. 2. — S. 229.

8 лістапада 1903 г. жыхары Лапічаў напісалі прашэнне гомельскаму дэкану Пятроўскаму пра вялікую патрэбу ў капліцы. Гомельскі касцёл знаходзіўся за 30 вёрстаў ад вёскі, і ім было вельмі цяжка і нязручна, асабліва ўзімку і ўвосень, выконваць свае духоўныя абавязкі, хоць за 3 вярсты ад іх, у Ціхінічах, і была капліца, але яна патрабавала вялікага рамонту.

Зімою ў капліцы даводзілася быць з 8 гадзін раніцы і да гадзіны ці дзвюх гадзінаў дня, што ў марозныя дні вельмі цяжка пераносілася нават здаровымі людзьмі, не кажучы ўжо пра дзяцей, хворых і старых, якія ў такіх выпадках не маглі прысутнічаць на Імшы. Ксяндзу даводзілася вазіць Найсвяцейшы Сакрамэнт з ціхініцкай капліцы па хатах старым і хворым, якіх звычайна набіралася душаў 10 і больш, што таксама было вельмі цяжка. Духоўнае выхаванне дзяцей ускладнялася тым, што яны былі пазбаўлены магчымасці прысутнічаць на набажэнствах.

Католікаў у Лапічах налічвалася больш за 250 чалавек, такой вялікай колькасці вернікаў вельмі цяжка было дабрацца да гомельскага касцёла, тым больш, што многія з іх не мелі каня, каб паехаць у касцёл ці прывезці ксяндза да хворага для споведзі ці святой Камуніі. Таму лапіцкія католікі і прасілі гомельскага дэкана, каб той звярнуўся да магілёўскага губернатара па дазвол на перанос капліцы, якая знаходзілася ў фальварку Дуравічы памешчыка Фашча, у вёску Лапічы, дзе жыхары планавалі паставіць яе на сваёй грамадскай зямлі, тым больш, што памешчык Фашч падарыў ім гэтую капліцу. Жыхары яшчэ 31 ліпеня падалі прашэнне магілёўскаму губернатару, які тлумачэннем ад 25 верасня 1903 г. паведаміў, што хадайнічаць трэба праз сваё духоўнае начальства. Таму жыхары Лапічаў і звярнуліся да дэкана Пятроўскага. Прашэнне падпісалі дваранін Казімір Казіміравіч Драбышэўскі, дваранін Станіслаў Аляксандравіч Івіцкі і ўсе парафіяне236.


236 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 19, 20.
Праз некалькі дзён ксёндз Пятроўскі сваім рапартам паведаміў аб гэтым кіраўніку Магілёўскай архідыяцэзіі прэлату Данісевічу, які атрымаў рапарт 15 лістапада 1903 г.ода237, а 28 лістапада напісаў ліст міністру ўнутраных справаў, паведамляючы, што жыхары Лапічаў звярнуліся да яго з просьбаю дазволіць ім перанесці ў іх аколіцу капліцу з фальварка Дуравічы238.
237 Тамсама. Л. 18.

238 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 785. — Л. 11.
4 сакавіка 1904 г. магілёўскі губернатар паведаміў у Дэпартамент замежных веравызнанняў МУС, што сродкаў на перанос капліцы ў Лапічы мясцовыя жыхары не маюць, і прапанаваў адмовіць у просьбе239.

6 красавіка 1904 г. намеснік міністра ўнутраных справаў Дурнаво паведаміў прэлату Данісевічу, што ў пераносе капліцы з Дуравічаў у Лапічы адмоўлена240.


239 Тамсама. Л. 15.

240 Тамсама. Л. 16.
Але жыхары Лапічаў і не думалі адмаўляцца ад пераносу капліцы ў сваю вёску. 5 снежня 1906 г. яны напісалі калектыўны ліст на імя міністра ўнутраных справаў, у якім прасілі дазволіць ім перанесці падараваную панам Фашчам капліцу ў Лапічы за ўласныя сродкі.

Прашэнне падпісалі мешчанін Іосіф Лаўрэнцьеў Велічкевіч, мешчанін Юліян Душкевіч, мешчанін Фёдар Іванавіч Велічкевіч, мешчанін Іван Іосіфавіч Душкевіч, дваранін Міхаіл Аляксандравіч Івіцкі, дваранін Станіслаў Аляксандравіч Івіцкі, Іван Трызна, мешчанін Цімафей Адольфаў Велічкевіч, Мікалай Велічкевіч, Антоні Красоўскі, Браніслаў Велічкевіч, дваранін Уладзіслаў Аляксандраў Драбышэўскі, Станіслаў Жарын, дваранін Станіслаў Казіміравіч Драбышэўскі, Франц Сушчынскі241.


241 Тамсама. Л. 20.
Дэпартамент замежных веравызнанняў МУС паведаміў аб гэтым прашэнні магілёўскаму губернатару і арцыбіскупу і запытаўся ў іх, ці няма з іх боку нейкіх перашкодаў для задавальнення прашэння.

Прэлат Данісевіч 15 студзеня 1907 г. у лісце МУС адказаў, што з яго боку пярэчанняў для пераносу капліцы няма242.


242 Тамсама. Л. 24.
Магілёўскі ж губернатар 7 красавіка 1907 г. адказаў, што, паколькі бліжэйшы касцёл ад Лапічаў знаходзіцца ў Гомелі на адлегласці 30 вёрстаў і злучэнне з ім чыгуначнае, для выканання неабходных духоўных патрэбаў жыхары аколіцы дзякуючы зручнасці злучэння пастаянна могуць звяртацца да гомельскага духавенства. У Лапічах таксама няма праваслаўнай царквы, і пры наяўнасці рыма-каталіцкай капліцы праваслаўныя будуць таксама яе наведваць, і можна прадбачыць іх адыход ад праваслаўя пад уплывам католікаў і іх духавенства. Таму магілёўскі губернатар лічыў, што прашэнне трэба адхіліць, тым больш, што за 3 вярсты ад Лапічаў ёсць капліца на хутары Ціхінічы, наведванне якой не звязанае з нейкімі нязручнасцямі243.
220 Тамсама. Л. 27, 28.
Нягледзячы на гэта, намеснік міністра ўнутраных справаў Макараў паведаміў губернатару, што МУС не бачыць перашкодаў для задавальнення хадайніцтва жыхароў Лапічаў згодна з пунктам 13 указа ад 17 красавіка 1905 года244.

Капліца ў рэшце рэшт была перанесеная ў Лапічы і ў спісе духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі за 1923 г. пазначаная як «капліца Лапічы (Дуравічы)»245. Яна была ліквідаваная самай апошняй у гомельскай парафіі.


244 Тамсама. Л. 29.

245 Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.
У 1929 г. у склад касцёльнага камітэта ў Лапічах уваходзілі Аляксандр Душкевіч (старшыня), Мікалай Міхайлавіч Івіцкі (сакратар), Станіслаў Францавіч Сушчынскі, Пётр Ігнацьевіч Душкевіч і Іосіф Станіслававіч Душкевіч.

Міхалькі
Вёска ў Даўгалескім сельсавеце Гомельскага раёна, 30 км на паўночны захад ад Гомеля, каля возера Заезніца, 234 гаспадаркі, 642 жыхары. Вядомая з ХVІ стагоддзя246. Вёска і аднайменны маёнтак раней знаходзіліся ў складзе Дзятлавіцкай воласці Гомельскага павета. У канцы ХІХ ст. у Міхальках налічвалася 79 двароў і 395 жыхароў. Меліся каталіцкая капліца, пабудаваная не раней за 1885 г., і млын. Маёнтак быў спадчыннай ўласнасцю Хацяноўскіх (14 384 дзес., з іх 7 198 дзес. лесу, цагельня, дзягцярня, вятрак)247.


246 Міхалькі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 294.

247 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1902. — T. 15, cz. 2. — S. 321.

Новая Беліца


Раён Гомеля. У мінулым — павятовы горад Магілёўскай губерні. Узнікненне Новай Беліцы звязанае з асобаю ўладальніка Гомеля П. Румянцава, які ў 1777 г. дамогся пераносу павятовага цэнтра з уласнага горада ў Беліцу (цяпер вёска Старая Беліца), і павет стаў называцца Беліцкім. Рашэннем Кацярыны ІІ у тым жа годзе на левым беразе Сожа пачалося будаўніцтва новага павятовага цэнтра, якому была пакінута назва Беліца з дабаўленнем слова Новая — Новая Беліца. У 1781 г. Новая Беліца атрымала свой герб. У якасці адміністрацыйнага цэнтра яна праіснавала 75 гадоў. У 1852 г. павятовым горадам стаў Гомель. 28 сакавіка 1828 г. у Новай Беліцы была адчыненая капліца Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваная за кошт мясцовых жыхароў, найбольш на сродкі былога павятовага страпчага, тытулярнага саветніка Якуба Міцкевіча. Ён з’яўляўся куратарам капліцы, асвячонай ксяндзом Янам Чаховічам. Індульт для капліцы быў выдадзены Мітрапалітам Богушам-Сестранцэвічам, але потым згублены Я. Міцкевічам. Капліца знаходзілася на каталіцкіх могілках на адлегласці адной вярсты ад мястэчка248. Была драўляная, агароджаная штыкетнікам. У ёй меўся адзін алтар. Яшчэ да пабудовы капліцы ў Новай Беліцы былі святары. Так, у схеме Магілёўскай архідыяцэзіі за 1821 г. вікарыем у Беліцы пазначаны ксёндз Юзаф Шацкі. У 1852 г. у Новай Беліцы жылі вікарый кс. Тамаш Сухоцкі і капелан кс. Юзаф Энгельгард.

Капліца ў Беліцы згадваецца ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага» (канец ХІХ ст.)248.


248 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 133 адв., 134.

249 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1880. — T. 1. — S. 212.

Новыя Цярэшкавічы


Вёска ў Цярэшкавіцкім сельсавеце Гомельскага раёна. У мінулым — шляхецкая аколіца за 25 вёрстаў ад Гомеля. Капліца пабудаваная ў 1820 г. мясцовай шляхтай, бэнэдыктаваная ксяндзом Янам Чаховічам. Знаходзілася за паўвярсты ад будынкаў на каталіцкіх могілках, была абкружаная ровам. У 1855 г. ужо была закінутая і стаяла ў руінах, без усялякага начыння. Індульт на капліцу быў згублены. Прычынаю такога становішча было нежаданне мясцовай каталіцкай шляхты ўтрымліваць капліцу, хоць патрэба ў ёй была відавочнаю, бо бліжэйшая капліца знаходзілася за 16 вёрстаў ад Новых Цярэшкавічаў250. Капліца пазначаная ў схеме Магілёўскай архідыяцэзіі за 1864 г., але ўжо адсутнічае ў схеме 1885 года.
250 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 134 адв., 135.

Улукаўе
Вёска, цэнтр сельсавета ў Гомельскім раёне. Узнікла ў пачатку ХІХ ст.

Да рэвалюцыі вёска і фальварак Улукаўе знаходзіліся ў складзе Гомельскай воласці Гомельскага павета (8 вёрстаў ад Гомеля). У канцы ХІХ ст. тут налічвалася 39 двароў, 199 жыхароў. У вёсцы знаходзіўся валасны склад збожжа. Фальварак належаў Фашчам і займаў 1 303 дзес. зямлі (516 дзес. лесу, 585 дзес. раллі, 209 дзес. лугоў). У фальварку была племянная стайня251.

У пачатку ХІХ ст. (прыкладна да 1830 гг.) у маёнтку стаяла каталіцкая капліца, якая была пабудаваная з брусу, накрытая дранкаю, без падмурка, з вежай і невялікім купалам, з трыма жалезнымі крыжамі. Уваход быў праз адзіночныя дзверы сталярнай работы, якія замыкаліся вісячым замком. У капліцы былі 2 вялікія акны з белым шклом і 2 маленькія круглыя. Падлога і столь былі з дошак. З аднаго боку стаялі 2 лаўкі простай работы. Канфесіянал таксама быў простай работы і меў кратаваныя акенцы. У капліцы меліся 3 алтары.


251 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1892. — T. 12. — S. 796.

Хутаранка


Вёска ў Грабаўскім сельсавеце Гомельскага раёна.

Раней — маёнтак і вёска ў складзе Насовіцкай воласці (9 вёрстаў да Насовічаў) Гомельскага павета. У вёсцы было 49 двароў, 272 жыхары. Маёнтак належаў Крушэўскім.

17 чэрвеня 1866 г. біскуп Станеўскі звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Валуева з лістом, дзе паведамляў, што 31 чэрвеня 1861 г. загадам № 1593 міністр прапанаваў магілёўскаму губернатару дазволіць памешчыцы Гомельскага павета Крушэўскай пабудаваць у сваім маёнтку Хутаранка рыма-каталіцкую капліцу для здзяйснення гомельскім пробашчам ці яго вікарыем набажэнстваў у дні, вызначаныя дыяцэзіяльным начальствам. Капліца была пабудаваная і 2 ліпеня 1861 г. асвячоная гомельскім дэканам Мікалаем Гіртовічам, але індульт на здзяйсненне набажэнстваў па невядомых Станеўскаму прычынах не быў выдадзены тагачасным Мітрапалітам Жылінскім.

У 1866 г. гомельскі дэкан Найневіч звярнуўся да біскупа Станеўскага з просьбаю аб выдачы індульта, бо хутаранская капліца знаходзілася далёка ад парафіяльнага касцёла і мясцовыя парафіяне былі пазбаўленыя магчымасці слухаць літургію ў іх парафіяльным касцёле. Між тым, генерал-губернатар Мураўёў яшчэ 29 чэрвеня 1864 г. паведаміў біскупу Станеўскаму, што ў Паўночна-Заходнім краі пабудова новых філіяльных касцёлаў, алтароў і капліцаў, рамонт і аднаўленне існуючых забароненыя без папярэдняй згоды генерал-губернатара. Але з-за таго, што хутаранская капліца існавала з 1861 г. і знаходзілася ў спісе філіяў і хатніх капліцаў, які Магілёўская духоўная кансісторыя прадставіла генерал-губернатару, і не патрабавала ні рамонту, ні аднаўлення набажэнстваў, а толькі дазволу на здзяйсненне набажэнстваў, і тое з боку духоўнага начальства, біскуп Станеўскі палічыў магчымым выканаць просьбу гомельскага дэкана252.


252 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 26; Центральный государственный исторический архив СССР (Ленинград) (далей — ЦГИАЛ). Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 785. — Л. 1, 2.
Намеснік міністра ўнутраных справаў А. Г. Трайніцкі напісаў пра гэты ліст біскупа Станеўскага віленскаму генерал-губернатару. (На дакуменце стаіць дата 6 чэрвеня 1866 г., але гэта памылка: ліст быў напісаны 6 ліпеня.) Трайніцкі прасіў генерала-губернатара паведаміць міністру, ці былі набажэнствы ў хутаранскай капліцы пасля яе асвячэння і, калі былі, то калі яны спыненыя, ці, можа, з-за адсутнасці індульта набажэнствы не здзяйсняліся253.
253 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 26; ЦГИАЛ. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 785. — Л. 1, 2.
15 ліпеня 1866 г. біскуп Станеўскі зноў напісаў міністру Валуеву і паведаміў, што ён запатрабаваў ад гомельскага дэкана падрабязныя даныя пра хутаранскую капліцу і высветліў, што гомельскаму дэкану кс. Гіртовічу Мітрапалітам Жылінскім быў дадзены дазвол на адпраўленне набажэнстваў, і набажэнствы сапраўды адбываліся, але з-за частых пажараў і змены гомельскіх дэканаў дакумент, які захоўваўся ў дэканскім архіве, згубіўся254.

Віленскі генерал-губернатар таксама пацвердзіў гэтыя факты і дадаў, што не супраць выдачы індульта на адпраўленне набажэнстваў у хутаранскай капліцы, тым больш, што Гомельскі павет у паўстанні 1863–1864 гг. (у дакуменце напісана «беспорядках») удзелу амаль не браў, і што сын памешчыцы Крушэўскай255 вядомы ўраду сваімі заслугамі і поўнай палітычнай надзейнасцю256. 21 сакавіка 1867 г. МУС дало дазвол на выдачу індульта для хутаранскай капліцы257.

На могілках у Хутаранцы да нашага часу захавалася праваслаўная капліца, якую нядаўна адрамантавалі. Па словах мясцовых жыхароў, капліца «стаяла яшчэ да вайны» і нядаўна была адрамантаваная258. Як высветліў гомельскі гісторык Я. Малікаў, капліца існавала ўжо ў 1870-я гады. Не выклікае сумненняў, што гэта і ёсць тая самая каталіцкая капліца Крушэўскіх.
254 Тамсама. Л. 4.

255 Гаворка, верагодна, ідзе пра Адольфа Вінцэнтавіча Крушэўскага, які выбіраўся магілёўскім прадвадзіцелем дваранства і быў ініцыятарам адкрыцця ў Гомелі ў 1865 г. першай дзяржаўнай прагімназіі.

256 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 785. — Л. 5.

257 Тамсама. Л. 6.

258 Хуторянка // Глобус Беларуси [Электронны рэсурс] — http://www.globus.tut.by.
іл.66. Капліца ў Хутаранцы. Ліпень 2005 г.

Ціхінічы
Вёска, чыгуначная станцыя (на лініі Жлобін — Гомель) ва Узаўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна, 21 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 27 км ад Гомеля на поўдзень, 41 гаспадарка, 82 жыхары, працякае рака Журбіна (прыток Узы)259. У 1909 г. — 53 двары, капліца.

Капліца пабудаваная ў 1810 г. у маёнтку Вішнеўскіх па дазволе Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча на падставе дадзенай яму ад імператрыцы Кацярыны ІІ улады260.

26 жніўня 1913 г. чачэрскі пробашч кс. Вінцэнт Ільгін падаў рапарт № 140 аб перанясенні капліцы з маёнтка Ціхінічаў у вёску Рудня261. Верагодна, ціхініцкую капліцу не паспелі перанесці з-за вайны. У спісе духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі за 1923 г. капліца пазначаная як уласнасць гомельскай парафіі262.


259 Ціхінічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 193.

260 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 785. — Л. 23.

261 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1048. — Л. 25.

262 Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка