Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка7/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   17

12. Гомельская парафія ў 1920–1930 гг.
З 1922 па 1933 г. выконваючым абавязкі адміністратара гомельскай парафіі і гомельскага дэкана быў кс. Канстанцін Антонавіч Андрэкус. Ён быў прызначаны на гэтыя пасады ў сакавіку 1922 г., але рэальна пачаў выконваць абавязкі, верагодна, у першай палове лета. Амаль адразу пасля гэтага кс. Андрэкус пазбавіўся дадатка «в.а.» і стаў паўнамоцным дэканам і пробашчам193.
193 Кс. дэкан Ячэйка, які з 1919 г. знаходзіўся ў Сноўску і фактычна не кіраваў дэканатам, быў вызвалены з пасадаў гомельскага дэкана і пробашча гомельскага касцёла і прызначаны адміністратарам сноўскага касцёла. 2 кастрычніка 1922 г. Ячэйка быў вызвалены з пасады капелана сноўскага касцёла і прызначаны выконваючым абавязкі пробашча каралішчаўскага касцёла ў Мінскім дэканаце.
У 1923 г. у гомельскай парафіі налічвалася, акрамя касцёла ў Гомелі, 11 капліцаў: у Антонаўцы, Баршчоўцы, Борхаве, Грабаўцы, Засоўі, Касцюкоўцы, Лапічах (Дуравічах), Міхальках, Навазыбкаве, Сноўску (цяпер Шчорс), Ціхінічах.

У 1920 гг. улады пачалі руйнаваць старыя гомельскія каталіцкія могілкі, што знаходзіліся каля скрыжавання цяперашніх праспекта Леніна і вуліцы Сялянскай. Косці з могілак выкідвалі літаральна на тратуар, пасля іх згрэблі як смецце і прыбралі.

Гэтыя могілкі спачатку знаходзіліся ў полі за горадам. Гомель рос, і ў ХІХ ст. могілкі апынуліся ў межах горада, побач з вуліцай Замкавай. На карце Гомеля 1910 г. могілкі пазначаны як старыя (ужо тады яны былі зачыненыя)194. Паводле ўспамінаў Лідзіі Бязручкі, могілкі былі невялікія, са шматлікімі прыгожымі склепамі і помнікамі195.
194 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. — Гомель, 1993. — С. 156.

195 Сцепаненка, П. Нешта аднаго аберагае, а іншага адразу губіць (Успаміны Лідзіі Бязручкі) // Наша Ніва. — 2001. — № 21 (230).
На месцы могілак быў пабудаваны драўляны будынак цырка, падмурак для якога зрабілі проста на магілах. Вельмі часта ў гэтым цырку артысты гінулі і іх хавалі на могілках на Савецкай196. Цырк згарэў у час вайны (пасля на гэтым месцы былі пабудаваныя дамы, у якіх размясціліся ювелірная крама «Рубін», хлебная крама «Каласок» і аптэка).
196 Цяпер на месцы могілак на Савецкай знаходзіцца новы гомельскі касцёл.
У 1927–1928 гг. у парафіі дзейнічалі толькі касцёл у Гомелі, капліца ў Лапічах, якая да 1930 г. была ліквідаваная, і капліца ў Абрамаўцы (баршчоўская капліца), скасаваная значна раней за лапіцкую.

У 1929 г. у касцёльны камітэт гомельскай парафіі ўваходзілі Антон Марцынкевіч (старшыня), Марыя Астроўская (сакратар), Іван Мільяновіч, Міхаіл Ніцкевіч, Антон Зелянкоўскі, Мікалай Ржавускі і Зубрыцкі.

5 чэрвеня 1933 г. ксёндз Андрэкус быў арыштаваны па абвінавачванні ў стварэнні ў Гомелі контррэвалюцыйнай арганізацыі ПВА («Польская Вайсковая Арганізацыя») з католікаў. Разам з ім былі арыштаваныя яшчэ 54 асобы. Паводле пастановы ад 24 лютага 1934 г., кс. Андрэкус быў зняволены ў лагеры на 10 гадоў. 25 жніўня 1937 г. ён быў асуджаны на смяротнае пакаранне і 27 жніўня 1937 г. расстраляны ў турме НКУС у Мінску (паводле іншай інфармацыі, быў абменены літоўскімі ўладамі і працаваў ксяндзом у Картэне каля Клайпеды. Памёр каля 1937 г.).

З восені 1933 да канца 1935 г. гомельскі касцёл абслугоўваў ксёндз Уладзіслаў Кунда, які быў у гэты перыяд пробашчам у Рагачове, а таксама абслугоўваў Жлобін і Шацілкі.


іл. 46. Кс. Уладзіслаў Кунда.
У пачатку 1936 г. гомельскія ўлады правялі ў касцёле вобыск. Быў складзены акт, тэкст якога паведамляў:

«Акт


1936 года, февраля 21 дня, гор. Гомель.

Мы, нижеподписавшиеся члены Специальной Комиссии Гомельского Городского Совета — Серафимович И. Т. (председатель), Бельцер И. М., Величко И. М., Варакса А. К. и Матковская Я. Г., — действуя на основании полномочий и указаний Президиума Гомельского Городского Совета, сего числа произвели, в присутствии председателя костельного комитета Красницкой, обследование помещений Р-К костела, расположенного на площади Ленина.

При обследовании помещений костела обнаружено следующее:

В боковой комнате (закрыстие), что направо от алтаря — находится нелегальная костельная библиотека в составе свыше 5 000 томов из книг на польском языке. В числе книг также имеются издания 1917–1918 г.г. с польским орлом на обложке.

Просмотром взятых на выборку нескольких книг из этой библиотеки, а именно:

а) „Белый орел“ — общественно-политический еженедельник №1 — г. Киев 6/X–1918 г.

б) Владислав Белза — „Катехизис польского ребенка» изд. 1916 г. —Киев с польским орлом на обложке.

в) „Польские действия после раздела, или как польский народ боролся за отчизну“ — изд. 1906 г. — Чикаго. На обложке польский орел.

г) „Социализм и католическая работа“ — изд. 1908 г. г. Варшава.

д) Календарь польский на 1916 г. (настольная книга с польским орлом на обложке).

е) „Деятельность для родины“ — изд. „Свет“.

ж) Календарь польский на 1917 г. (настольная книга).

з) Календарь народный польский — 1918 г.

и) „Очерк по истории Польши“ с польским орлом на обложке.

Установлено, что они по своему содержанию являются контрреволюционно-националистическими и направлены на внедрение идей захвата территории БССР и призывающие по существу к борьбе с Советской властью и оказанию помощи польской армии на случай войны.

По объяснению председателя костельного комитета Красницкой, эта библиотека ранее принадлежала польской школе и при ее ликвидации взята в костел бывшими членами костельного комитета.

Комиссия считает, что хранение в костеле обнаруженной к-р. националистической нелегальной польской библиотеки является грубым нарушением имеющегося договора между общиной верующих католиков и государством.

Самый факт наличия при костеле нелегальной библиотеки определенно указывает, что таковая на протяжении ряда лет использовалась в целях политической борьбы с Соввластью и воспитания прихожан в духе польского национализма.

В целях пресечения дальнейшего использования названной библиотеки в к-р. целях, комиссия считает необходимым немедленно изъять все обнаруженные книги и передать их в распоряжение Горсовета.

Настоящий акт представить на рассмотрение президиума Горсовета.


Председатель комиссии (Подпіс) (Серафимович)

Члены комиссии (Подпіс) (Бельцер)

(Подпіс) (Величко)

(Подпіс) (Варакса)

(Подпіс) (Матковская)
[Распіска ад рукі: „Осмотр помещения костела производился в моем присутствии. Никаких претензий к комиссии не заявляю. Поименованные в настоящем акте книги действительно изъяты в моем присутствии. Председатель Костельного Комитета (Подпіс) [Красницкая]“»197.
197 Архіў Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці (далей — АУКДБРБГВ). — Спр.18385-с. — Т. 2.

Апошнім пробашчам гомельскага касцёла з 3 красавіка 1937 г. быў ксёндз Франц Чырскі, які знаходзіўся ў Гомелі пасля адбыцця пакарання. У Гомель ён быў выкліканы кіраўніком Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій кс. Пятром Аўглам па рэкамендацыі кс. Будзінскага. Ксёндз Аўгла асабіста пазнаёміў кс. Чырскага з касцёльным камітэтам. Жыў кс. Чырскі ў Гомелі на вуліцы Старапрудкоўскай 23а. 6 лістапада 1937 г. ён быў арыштаваны, а 29 лістапада — расстраляны.


іл. 47. Савецкая (былая Гандлёвая) плошча ў Гомелі. Фота сярэдзіны 1930 гг. У верхняй частцы здымка бачны будынак касцёла.
У канцы 1937 г., пасля арышта кс. Чырскага, гомельскі касцёл быў зачынены ўладамі. Падставай паслужыла «просьба працаўнікоў»: на старонках гомельскай прэсы быў апублікаваны артыкул трох рабочых-палякаў з заклікам спыніць яго дзейнасць198. На самай справе лёс гомельскага касцёла быў вырашаны на бюро ЦК КП(б)Б яшчэ 21 жніўня 1937 г., калі вырашана было разам з некалькімі іншымі касцёламі зачыніць і гомельскі касцёл, нібыта з-за невялікай колькасці вернікаў у горадзе1998.

У 1940 г. касцёл быў знішчаны.


198 Salamon J. Kościół na Białorusi na progu III tysiąclecia // Diecezja Włocławska [Электронны рэсурс] — http://www.diecezja.wloclawek.pl.

199 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 4п. — Воп. 3. — Спр. 443. — Арк. 66–72, 76–77.
іл. 48. Сёння нішто не нагадвае пра існаванне касцёла на былой Гандлёвай плошчы.

13. Рэпрэсіі супраць католікаў у Гомелі
Адразу пасля ўсталявання ў горадзе савецкай улады пачаліся рэпрэсіі супраць католікаў (ці, як тады лічылася, палякаў). Рэпрэсаваныя католікі складалі больш за чвэрць ад агульнай колькасці рэпрэсаваных у Гомелі. Так, прыкладна з 1 600 асобаў, рэпрэсаваных у 1920–1930 гг., спіс якіх прыведзены ў кнізе «Памяць. Гомель. Кн. 1», больш за 400 асобаў маюць яўна каталіцкія імёны і прозвішчы.

Адным з першых у 1919 г. быў арыштаваны як палітычны заложнік па справе «Польскай Вайсковай Арганізацыі» ксёндз Павел Бірнік, расстраляны ў Гомелі ў тым жа годзе (гл. вышэй). 26 жніўня 1919 г. быў арыштаваны супрацоўнік губземаддзела Леан Фульгенцьевіч Маркоўскі. Ён абвінавачваўся ў сувязях з белапалякамі і па пастанове калегіі юрыдычнага аддзела і прэзідыума Гомельскай ЧК разам з жонкаю Людвігай Львоўнай быў высланы на спецпасяленне ў Сімбірскую губерню. Маркоўскім было амаль па 70 гадоў. У іх быў сын Адам, якога арыштоўвалі ў 1919 і 1922 гг. Апошні раз яго арыштавалі ў 1937 г., абвінаваціўшы, як і бацькоў, у сувязі з польскаю разведкаю і згодна з пастановаю камісіі НКУС СССР і пракурора СССР ад 28 лістапада 1937 г., прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Адам Леанавіч быў расстраляны ў гомельскай турме 28 снежня 1937 года200.


200 Рабянок, П. П. Беззаконне і рэпрэсіі // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 371.
У 1922 г. у сувязі з супрацівам канфіскацыі літургічных рэчаў з касцёлаў чэкістамі пераследаваўся выконваючы абавязкі гомельскага дэкана ксёндз Буйноўскі. Таксама арыштавалі некалькі парафіянаў.

У 1927 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы рабочы Леанід Іванавіч Цішанін. Яго прыгаварылі да расстрэлу і адправілі для выканання прысуду ў Мінск.

У 1929 г. па падазрэнні ў прыналежнасці да агентуры польскай разведкі быў арыштаваны рабочы Генрых Францавіч Радвілас. 17 чэрвеня 1929 г. калегія АДПУ СССР вынесла яму прысуд: 10 гадоў зняволення ў канцлагеры.

У снежні 1929 г. быў арыштаваны Міхаіл Аляксандравіч Случаноўскі, які нарадзіўся на Рагачоўшчыне. Ён быў запісаны палякам, да таго ж паходзіў са шляхты, таму прысуд быў вельмі жорсткім — расстрэл201.


201 Тамсама.
У 1933 г. як «удзельнікі контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі» былі арыштаваныя і расстраляныя паштальён Архіп Адамавіч Канцавенка і рабочы Альберт Казіміравіч Стасяловіч.

У снежні 1933 г. была арыштаваная 30-гадовая супрацоўніца бібліятэкі імя Герцэна Ганна Геранімаўна Тумілоўская. У яе была сям’я: муж, дачка і сын. Пастановаю АДПУ Тумілоўская была прызнаная ўдзельніцаю антысавецкай шпіёнска-паўстанцкай арганізацыі і зняволеная на 5 гадоў. Пасля адбыцця пакарання яна вярнулася ў Гомель, дзе была зноў арыштаваная. У асабістай справе яна ўжо значылася адзінокаю. Пастановаю НКУС СССР і пракурора СССР ад 3 студзеня 1938 г. была прыгаворана да вышэйшай меры пакарання як «шпіёнка» і праз тыдзень расстраляная ў Гомелі202.


202 Тамсама. С. 372.
У 1923–1933 гг. адміністратарам гомельскай парафіі і гомельскім дэканам быў кс. Канстанцін Андрэкус. Ён быў арыштаваны 5 чэрвеня 1933 года. У тым жа годзе Польскім Чырвоным Крыжам ён быў унесены ў спіс палітычных вязняў на абмен з літоўскімі вязнямі, але ў абмене яму было адмоўлена. 25 жніўня 1937 г. на падставе артыкулаў 66 і 68 КК БССР (паводле іншых звестак, на падставе артыкулаў 64, 68 і 72) пастановаю калегіі УНКУС БССР ён быў асуджаны на смяротнае пакаранне і 27 жніўня 1937 г. расстраляны ў турме НКУС у Мінску разам з чатырма іншымі каталіцкімі святарамі: кс. Пятром Аўглам, кс. Янам Баравіком, кс. Пятром Януковічам і кс. Станіславам Райко.

5 снежня 1935 г. у Рагачове быў арыштаваны пробашч рагачоўскага і гомельскага касцёлаў кс. Уладзіслаў Кунда. Чэкісты лічылі яго «кіраўніком контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай групы палякаў-католікаў». Разам з ім было арыштавана 8 гомельскіх і рагачоўскіх парафіянаў: Вайчынская Сафія Іванаўна і Ядлоўскі Міхаіл Фердынандавіч з Рагачова, Астроўская Антаніна Юльянаўна, Барткова Казіміра Іванаўна, Жукоўская Феліцыя Феліксаўна, Фалькоўская Ганна Станіславаўна, Фалькоўская Кацярына Станіславаўна, Шчука Альбіна Вінцэнтаўна з Гомеля. 20 мая 1936 г. ксёндз Кунда быў асуджаны на 8 гадоў лагера. У 1937 г. ужо ў лагеры яго абвінавацілі ў «сістэматычнай паўстанцкай антысавецкай агітацыі сярод зняволеных» і 22 жніўня 1937 г. прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 31 жніўня 1937 г. у Мардовіі.

Нярэдка католікі вынішчаліся цэлымі сем’ямі. Адной з такіх сем’яў былі Фалькоўскія, якія жылі ў Гомелі ў доме № 37 па вуліцы Адэскай. У 1933 г. як «удзельніца антысавецкай шпіёнска-паўстанцкай арганізацыі» была асуджаная на 5 гадоў Ганна Станіславаўна Фалькоўская. Датэрмінова вызваленая, 5 снежня 1935 г. яна была зноў арыштаваная разам з ксяндзом Кундам і групаю парафіянаў. Цяпер яе зняволілі ўжо на 3 гады, адправіўшы ў папраўча-працоўны лагер як «удзельніцу контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай групоўкі». Пакаранне Ганна Фалькоўская адбывала ў Цемлагу Мардоўскай АССР. У лагеры яна паводзіла сябе мужна і годна, пра што сведчаць дакументы з архіва КДБ:

«…З/к. Фальковская Анна Станиславовна, 1904 г. рождения… осуждена Выездной Сессией Спец. Суд. Коллегии Верховного Суда БССР по ст. 72–76 УК БССР, сроком на 3 года. Начало срока 5/XII–35 г., конец срока с зачетом рабочих дней 5/XI–38 г.

Состав преступления выразился в том, что по делу контрреволюционной организации, возглавляемой Андрекусом, бывш. Тройкой ПП ОГПУ БССР по ст. 72–76 УК была осуждена к 5 годам лишения свободы. Будучи досрочно освобожденной, в июле мес. 1934 г. возвратилась к постоянному месту жительства в г. Гомеле, где приняла непосредственное участие в контрреволюционной группе, возглавляемой Кундо. Посещала нелегальные сборища контрреволюционной группы в доме Залесских, распевала контрреволюционные песни, проводила антисоветскую агитацию, доказывала, что в Польше жизнь лучше, чем в СССР, что в СССР преследуют поляков, польскую религию и духовенство.

Отбывая наказание в лагере з/к. Фальковская продолжает проводить антисоветскую агитацию и распространять к-р. провокационные слухи, а именно:

В июле м-це 1936 г. по вопросу проекта Сталинской Конституции, среди заключенных Букреева и Колчана, Фальковская говорила:

„...После проекта новой Конституции стали много сажать в тюрьмы и подвалы людей, в особенности верующих, которые посещают церкви и костелы, судят таковых по ст. 58 УК. При допросах угрожают — не думайте, мол, что в Конституции говорится — каждый гражданин может быть избранным в Совет и имеет право выбирать, это, говорят, не значит, что Вы на 20-м году существования Сов. власти должны ходить в церковь и костёл“.

21 февраля 1938 г. среди лагерников: Петриченко, Ляшко, Нудельтешель и Грезнева, Фальковская говорила:

„...По моему делу в лагере сидел ксендз по имени Владик. В настоящее время его освободили из Темлага, т.к. он имеет большие связи с Польшей, оттуда его заменили на политического заключенного. Мне дали срок за то, что я не хотела давать показания на ксендза".


Справка:

1. Ксёндз Владик являлся заключенным Кундо — нами репрессирован по первой категории в порядке приказа №409.

2. З/к. Фальковская в 1937 г. за антилагерную агитацию нами лишена зачета рабочих дней за один год.

3. З/к. Фальковская вместе с однодельцами Бартковой и Войчинской проходят по агентурной разработке «Однодельцы».

Зам. Нач. 3-го Отдела Темлпг НКВД

Ст. лейтенант Гос. Безопасности (Подпіс)

Опер. уполномоченный 3-отдела (Подпіс)»203.
203 АУКДБРБГВ. — Спр.18385-с. — Т. 3.

І яшчэ:


«Сов. секретно.

Восьмой отдел ГУГБ НКВД СССР

28 июня 1938 г. — г. Москва

Нач. 3 отдела 1 Управления НКВД —

комиссару Госбезопасности 3 ранга т. Николаеву —

Согласно приказания Зам. Наркома Внутренних Дел СССР — Комкора т. Фриновского от 31/III-38 г. за № С-835 дело на Барткову Казимиру Ивановну и Фальковскую Анну Станиславовну, осужденных Выездн. Сессией Спец. Колл. Верх. Суда БССР от 20/V-36 г. в ИТЛ на 3 года каждая, — поставьте на рассмотрение О/Сов. при НКВД, на предмет вынесения дополнительного ограничения.

Указанные заключенные отбывают наказание в Темлаге НКВД.

З/к. Фальковская А. С. отбывая наказание в лагере продолжает проводить антисоветскую агитацию и распространять к-р провокационные слухи.

На Барткову К. И. в 3 отделе Темлага НКВД компрометирующих материалов нет.

Результаты сообщите. <...>

Зам. нач.1 специального отдела НКВД (Подпіс)

капитан Госбезопасности

Нач. 3 отделения — ст. лейт. Госбезопасности (Подпіс)»204.
204 Тамсама.
Далейшы лёс Ганны Станіславаўны Фалькоўскай невядомы.

Яе брат Эдуард Станіслававіч Фалькоўскі, сёстры Кацярына Станіславаўна і Марыя Станіславаўна Фалькоўскія былі арыштаваныя 22 жніўня 1937 года. Іх абвінавачвалі як «удзельнікаў польскай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Праз 3 месяцы яны былі расстраляныя.



Нараджэнца Гомеля ваентэхніка 2-га рангу Аляксандра Мікалаевіча Канасевіча, які служыў у Барысаве, абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Японіі. Ён таксама быў расстраляны205.
205 Тамсама. С. 374–375.
У 1937 г. рэпрэсіі набылі небывалы размах. У БССР колькасць палякаў (да якіх часта залічвалі і беларусаў католікаў) зменшылася на 61,5 тысяч чалавек206. Частка з іх была забітая, частка дэпартаваная ў Казахстан і Сібір. Толькі ў выніку так званай польскай аперацыі па сфабрыкаванай НКУС–ДПУ справе «Польскай Вайскавай Арганізацыі» было арыштавана больш за 21 тыс. чалавек207. Сярод гэтых рэпрэсаваных былі сотні гамяльчан, якіх прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання як «агентаў польскіх разведвальных органаў». Сярод расстраляных — рабочы Адольф Антонавіч Хвайніцкі, начальнік перавалачнага пункта рачнога порта Станіслаў Лявонцьевіч Сенажэцкі, рабочая зеленгаса Ганна Антонаўна Міцкевіч, рахункавод суднарамонтнага завода Разалія Францаўна Шуберт-Янчэўская, дырэктар педагагічнага інстытута Аляксандр Іосіфавіч Сташэўскі, выкладчык чыгуначнага тэхнікума Іосіф Іванавіч Карпашэвіч208.
206 Эберхардт, П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі, 1897–1989. — Мінск, 1997. — С. 135.

207 Міхнюк, У. Польская арганізацыя вайсковая // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1999. — Т. 5. — С. 547.

208 Рабянок, П. П. Беззаконне і рэпрэсіі // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 374.
У лiпенi-жнiўнi 1937 г. на Беларускай чыгунцы было «вскрыто несколько шпионско-диверсионных гнезд и широко разветвленная японо-немецкая, троцкистско-бухаринская вредительская организация». Сярод асаблiва значных «гнёздаў ворагаў» называлiся Гомель і іншыя буйныя чыгуначныя вузлы (Асiповiчы, Жлобiн, Крычаў, Магiлёў, Слуцк). Сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву дакладвалi, што сярод выкрытых шпiёнска-дыверсiйных i шкоднiцкiх арганiзацый асаблiва вялiкае месца займае «Польская Вайсковая Арганiзацыя», якая мела сваёю мэтаю шпiянаж, арганiзацыю дыверсiй i тэрору, нацыяналістычна-фашысцкую апрацоўку палякаў, якiя жывуць каля найважнейшых участкаў дарогi. Акрамя таго, дакладвалася, што на Гомельскiм ПВРЗ (паравозавагонарамонтным заводзе) выяўлена контррэвалюцыйная «Повстанческая организация». У дакладной прыводзiлiся факты, якiя, на думку складальнiка гэтага дакумента, з’яўлялiся пераканаўчымi доказамi варожай дзейнасцi: «Разоблаченный и арестованный некий Новаковский, шпион, состоявший в данной организации, признал: „Я всю жизнь не перевариваю русских“. Бывший председатель дорпрофсожа Иванов, разоблаченный как активный член „ПОВ“, при разборе его дела на заседании парткома управления дороги заявил: „Если за что меня надо осуждать, так за то, что я родился в Польше. Сегодня обо мне разбирается вопрос или в результате клеветы, или за то, что я родился в Польше“. Бывший конторщик распорядительного отдела ст. Гомель Милонович, ныне арестован как антисоветский элемент, высказывался: „Еще Польша не сгинела, пока мы живем“»209.
209 Раманава, I. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Homo Liber [Электронны рэсурс] — http://www.homoliber.org.
Прозвішча згаданага вышэй Навакоўскага можна ўбачыць і ў дакуменце, які захаваўся ў гомельскім архіве КДБ:

«Са следчых матэрыялаў гомельскага УДБ НКУС СССР па справе „Членаў шпіёнскай дыверсійна-тэрарыстычнай «Польскай Вайсковай Арганізацыі»“. 1937 г.

…Меркавалася, што на Гомельскім паравозавагонарамонтным заводзе і Гомельскім чыгуначным вузле існуе польская шпіёнская дыверсійная тэрарыстычная арганізацыя, якая праводзіць дыверсійна-шпіёнскую работу на карысць Польшчы, рыхтуючы кадры на выпадак вайны Польшчы супраць СССР.

Праведзеным следствам устаноўлена: у 1933 г., у сакавіку месяцы, на Гомельскім чыгуначным вузле была прыхаваная шпіёнска-дыверсійная арганізацыя, якая з’яўлялася філіяй „Польскай Вайсковай Арганізацыі“ (ПВА), якою кіравалі ксёндз гомельскага касцёла Андрэкус і дырэктар Гомельскай польскай школы Най Стэфан Рыгоравіч210, якія разам з шэрагам выяўленых следствам сябраў арганізацыі былі асуджаныя.

Выпіска з акта ад 29 кастрычніка 1937 г. аб прывядзенні прыгавора ў адносінах асуджаных, прыгавораных згодна з пратаколам №143 ад 10 кастрычніка 1937 г. да расстрэла: Хамічук У. А., Брадоўскі А. Ю., Марцінкевіч С. М., Рачкоўскі В. І., Сянькевіч П. П., Філіповіч Э. С., Папельскі І. І., Філіповіч М. І., Навакоўскі Л. Б., Навакоўскі Б. В., Фалькоўская К. С., Малевіч Г. Ф., Тарноўскі І. Б., Якштас Л. К., Ядзвінскі В. І., Карпашэвіч І. І., Вуйчык А. М.»211.
210 Най С. Р. знаходзіўся ў полі зроку ўладаў яшчэ з 1920 гг. Так, сакратар Гомельскага Польбюро Мінейка 10 снежня 1929 г. паведаміў у гомельскі аддзел ДПУ аб сваіх падазрэннях у адносінах да загадчыка польскай сямігадовай школы, які «всеми силами маскируется как преданный советский работник и хороший антирелигиозник, но между прочим свою дочку крестил в костеле, а сын его с бабушкой ходит и теперь в костел» (А. Д. Лебедев. К вопросу о влиянии Католического Костела в польской национальной школе БССР (20-е гг. ХХ в.).

211 АУКДБРБГВ. — Спр. 3442-с. — Арк. 157–158, 175.
6 лістапада 1937 г. быў арыштаваны апошні пробашч гомельскага касцёла ксёндз Франц Чырскі, які ў другой палове 1937 г. знаходзіўся ў Гомелі пасля высылкі. Ён паспеў папрацаваць у горадзе ўсяго некалькі месяцаў. Па пастанове камісіі НКУС СССР і пракурора СССР ад 22 лістапада 1937 г. кс. Чырскі быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў Гомелі 29 лістапада 1937 года.

У канцы 1937 г. перыяд афіцыйнага існавання каталіцтва ў Гомелі скончыўся і пачаўся падпольны. Вернікі па нядзелях і па святах сустракаліся ў прыватных дамах: маліліся на ружанцы, спявалі рэлігійныя песні, самі хрысцілі дзяцей.



14. Гомельская парафія ў 2-й палове ХХ – пачатку ХХІ ст.
Пасля зачынення ўладамі касцёла, арыштаў і расстрэлаў асноўнай масы католікаў рэлігійнае каталіцкае жыццё ў Гомелі не знікла. Па словах старажылаў, у акупаваным нацыстамі горадзе знаходзіліся капеланы нямецкага і італьянскага войскаў, якія пэўны час цэлебравалі Імшу для гомельскіх католікаў.

Пасля вызвалення Гомеля некаторыя католікі наведвалі праваслаўную царкву. Пра гэта сведчаць успаміны праваслаўнага протапрэзбітэра Віталя Баравога, які пісаў: «У маёй пастырскай практыцы быў такі выпадак. У першы год пасля прыняцця сакрамэнта святарства (1945 г.) я быў святаром у Гомелі. У час споведзі адной жанчыны высветлілася, што яна каталічка. Я прыпыніў споведзь, але жанчына мне сказала, што яны — гомельскія католікі — не маюць каталіцкага касцёла і каталіцкага святара і… ўсе сакрамэнты выконваюцца для іх праваслаўнымі святарамі (у тым ліку, споведзь і Камунія). Я пайшоў да благачыннага, дасведчанага святара, які ўжо шмат гадоў служыў у Гомелі. Ён сказаў мне, што бянтэжыцца не трэба. Ён і іншы яшчэ гомельскі святар спакойна і з чыстым сумленнем здзяйсняюць усе сакрамэнты для католікаў, не патрабуючы ад іх адмаўлення ад каталіцтва»212.


212 Боровой, В., протопресв. И он был верен до смерти // Человек Церкви. — Москва, 1998.
У пасляваенны час ужо нешматлікія гомельскія католікі, пераважна сталага ўзросту, збіраліся на прыватных кватэрах. Некалькі разоў на год у Гомель прыязджаў ксёндз Мечыслаў Малыніч-Маліцкі, які абслугоўваў гэтую тэрыторыю. Першы раз ён прыехаў у Гомель у 1946 годзе. Менавіта пад яго ўплывам у горадзе адраджалася рэлігійнае жыццё. У першай палове 1959 г. католікі Гомеля падалі афіцыйную заяву аб адкрыцці ў горадзе касцёла, але ўлады ім адмовілі.

Ксёндз Малыніч наведваў з душпастырскаю працаю Гомель, Жлобін, Бабруйск, Грушаўку, Магілёў, Светлагорск. Пасля вызвалення з лагера ксяндзу было адмоўлена ў рэгістрацыі — так улады хацелі пазбавіцца ад усюдыіснага місіянера, але ён усё роўна з вялікай энэргіяй, ужо хворы, з падарваным у зняволенні здароўем, ездзіў па населеных пунктах усходніх абласцей Беларусі і здзяйсняў набажэнствы, даваў шлюбы і хрысціў па дамах, заклікаючы вернікаў змагацца за свае правы213. Рабіў гэта ксёндз Малыніч да самай смерці ў 1969 годзе.


213 Ярмусик, Э. С. Католический Костёл в Беларуси в 1945–1990 годах. — Гродно, 2006. — С. 209.
У 1970–1980 гг. у Гомель прыязджаў ксёндз Уладзімір з Вільні. Як правіла, гэтыя прыезды прымяркоўваліся да Божага Нараджэння і Вялікадня.

У 1989 г. у Гомель прыехаў малады святар з Люблінскай дыяцэзіі кс. Славамір Ляскоўскі. У гэты час вернікі збіраліся ў вартоўні на могілках у Навабеліцы, насупраць мясакамбіната. Іх было прыкладна 30 чалавек, пераважна жанчыны сталага ўзросту.


іл. 49. Ксёндз Славамір Ляскоўскі
Вось што распавядаў на старонках часопіса «Дыялог» стараста гомельскай парафіі Аляксандр Гулевіч: «Да нас у сярэдзіне 1960-х гадоў прыязджаў ксёндз Малыніч са Слоніма. Адна наша парафіянка пераехала туды жыць і распавяла святару, што яна паходзіць з вёскі Малынічы, а ксёндз меў такое ж прозвішча, і яму захацелася пабачыць мясціну-цёзку. У свой першы прыезд ён даў шлюб чатыром парам, пахрысціў некалькі дзяцей. Ад таго часу ён і стаў наведвацца ў Гомель, праўда, нелегальна. У той час маглі і арыштаваць за незаконную рэлігійную дзейнасць. У горадзе было некалькі кватэр, дзе сустракаліся вернікі і на якіх бываў ксёндз. Калі ў 1967 г. мы з жонкай надумалі ўзяць шлюб і прыйшлі на адну з такіх кватэр, то нас нават не пусцілі, не паверылі, што маладыя хочуць узяць шлюб. Дапамагла нам цешча. Калі ксёндз Малыніч перастаў прыязджаць, то самі парафіяне сталі кожную першую пятніцу месяца ездзіць у Вільню на святую Імшу. 25 снежня 1987 года (на самай справе 25 снежня 1989 г. — У. В.) да нас прыехаў цяперашні пробашч ксёндз Славамір Ляскоўскі. Нам выдзелілі старожку на могілках, дзе і адбылася першая Імша. Потым ксёндз з’ездзіў на раён, паразмаўляў з людзьмі і сказаў, што не ведае іншага такога выпадку, каб без святара людзі так захавалі сваю веру»214.
214 Строцкая, Г. Отдай миру себя // Дыялог. — 2003. — № 12 (111).
іл. 49.1. Царква Нараджэння Багародзіцы.
28 чэрвеня 1989 года Савет па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў СССР пратаколам № 7 зарэгістраваў «религиозное общество верующих Римско-католической церкви в г. Гомеле Белорусской ССР».

Створаная каталіцкая суполка пачала актыўна дамагацца ад уладаў Гомеля будынка, дзе можна было б адпраўляць набажэнствы. Месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, было занятае праезжай часткай дарогі, таму вернікі папрасілі аддаць ім будынак, з якім іх хоць нешта звязвала, а менавіта будынак па вуліцы Савецкай 118, што ў той час належаў камбінату «Мастацтва», а раней гэта была праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы, пабудаваная ў 1896 г. на сродкі сялянаў на тэрыторыі Новікаўскіх могілак215.


215 Новікаўскія могілкі былі знішчаныя пасля вайны, цяпер на іх месцы знаходзіцца сквер.
Могілкі лічыліся праваслаўнымі, але па словах ксяндза Славаміра Ляскоўскага на іх хавалі і католікаў, а побач з праваслаўнаю царквою стаяла каталіцкая каплічка. Царква Нараджэння Багародзіцы ў савецкі перыяд была зачынена, верхні драўляны аб’ём з купалам разабраны. Менавіта ў будынку царквы Нараджэння Багародзіцы католікі і збіраліся на набажэнствы ў часе вайны. У пасляваенны перыяд будынак царквы выкарыстоўваўся як пункт кінапракату, пасля ў ім мясціліся мастацкія майстэрні.
іл. 50. Будынак былой царквы Нараджэння Багародзіцы. Прыкладна 1970 гг.
Побач з будынкам былой царквы Нараджэння Багародзіцы і могілкамі, па адрасе вул. Песіна 70, знаходзіцца дом, паловаю якога валодала каталічка Дамарацкая. У гэтым доме ў пасляваенны час збіраліся гомельскія католікі, сюды ж прыязджаў ксёндз Малыніч. Як распавядае ксёндз Славамір Ляскоўскі, міліцыя ладзіла аблавы на ўдзельнікаў каталіцкіх набажэнстваў і ксяндзу Малынічу часам даводзілася ўцякаць на суседнія могілкі і хавацца ад міліцыянераў за надмагіллямі.
іл. 51. Дом Дамарацкай. 2008 г.

іл. 52. Дом Дамарацкай. Выгляд з боку былых могілак. 2008 г.


20 лютага 1990 г. рашэннем № 50 Гомельскага гарадскога Савета народных дэпутатаў гэты будынак быў перададзены рыма-каталіцкай суполцы. У чэрвені 1990 г. суполка католікаў перабралася з вартоўні на Навабеліцкіх могілках у будынак на Савецкай, які атрымаў статус капліцы.

Увосень 1991 г. пачаўся рамонт капліцы, якой ксёндз Ляскоўскі свядома пакінуў назву былой праваслаўнай царквы — Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Па запрашэнні арцыбіскупа Казіміра Свёнтка і тагачаснага старшыні гарвыканкама Святланы Гальдадэ 4 жніўня 1993 г. у Гомель прыехалі сёстры Кангрэгацыі Місіянерак Божай Любові, заснаванай благаслаўлёнай Маці Тэрэзай216.
216 Сёстры гэтай кангрэгацыі працуюць па ўсім свеце сярод самых абяздоленых людзей. Заснавальніца супольнасці Маці Тэрэза Калькуцкая ў 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію «За дзейнасць у дапамогу чалавецтву ў пакутах». У 2003 г. яна была аб’яўленая папам Янам Паўлам II благаслаўлёнай.
Цяпер у Гомелі працуюць 6 сясцёр гэтай кангрэгацыі з Індыі, Конга і Польшчы. Сёстры заснавалі ў горадзе Дом міласэрнасці, размешчаны ў невялікім двухпавярховым цагляным будынку. Праца місіянерак вельмі разнастайная, але ў асноўным гэта дапамога самым бедным людзям. У сталоўцы пры Доме міласэрнасці харчуецца 5 разоў на тыдзень (акрамя чацвярга і нядзелі) каля 140 чалавек. У гэтым доме заўсёды знаходзяць прытулак і бяздомныя — памяшканне для іх разлічана на 20 чалавек. Многім з іх сёстры дапамагалі атрымаць дакументы і ўладкавацца ў дамы-інтэрнаты.

Раз у месяц каля 130 бедных сем’яў атрымліваюць ад сясцёр прадукты. Раз на тыдзень сёстры наведваюць гомельскую жаночую турму. У Доме міласэрнасці бывае шмат дзяцей: акрамя катэхізацыі, яны атрымліваюць тут урокі міласэрнасці і любові да Бога і бліжніх. Усё гэта яскрава адлюстроўваюць малюнкі, якія вісяць на стэндзе катэхетычнага класа217.


217 Сергіевіч, Т. Місіянеркі Любові ад Маці Тэрэзы // Ave Maria. — 2004. —№ 2/3 (105/106).
З 1997 г. у Рагачоўскім раёне, у Журавіцкім доме для дзяцей-інвалідаў, ад якіх адмовіліся бацькі, працуюць 3 манашкі з ордэна бэнэдыктынак-самарыцянак. У Навабеліцы будуюцца дом і цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-сіратаў з цяжкімі формамі інваліднасці, працаваць у якім будуць бэнэдыктынкі-самарыцянкі218.
218 Адзіночанка, В. А. Каталіцкая царква ў Гомелі ў XX стагоддзі // Десять веков христианства на Руси: международная науч.-практич. конф. (13 сентября 2005 г., Мозырь). — Гомель, 2006. — С. 31–36.

У 1994 г. пробашч кс. Славамір Ляскоўскі на базе капліцы пачаў будаўніцтва новага касцёла. Будынак былой царквы Нараджэння Багародзіцы, пазней — капліцы, стаў трансептам219 храма. На будоўлі шмат працавалі самі парафіяне, грошы збіраліся адзінаверцамі з Аўстрыі, Германіі, Італіі і Польшчы.


219 Трансепт — бакавыя крылы ці папярочная нава касцёла, што павялічвае прастору малітоўнай залы.
Гомельскую парафію з візітацыяй неаднаразова наведваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк. У 1998 г. такая візітацыя адбылася 6 верасня.

Да 2000 г. касцёл быў пабудаваны. Святыня была асвячоная кардыналам Казімірам Свёнткам 9 снежня 2000 г. пад тытулам, які застаўся ад былой праваслаўнай царквы — Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам, гісторыю новай святыні можна адлічваць з 1896 года.


іл. 53. Шыльда ў гомельскім касцёле.

іл. 54. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.


У касцёльным алтары захоўваюцца мошчы св. Антонія, св. Андрэя Баболі, благаслаўлёнай Маці Тэрэзы і сясцёр-назарэтанак.

Пры касцёле працуе дабрачынная арганізацыя «Карытас», якая аказвае дапамогу найбольш бедным людзям. Выканаўчым дырэктарам арганізацыі з’яўляецца Валянціна Казлова.

Святары, якія прыязджалі ў Гомель у якасці вікарыяў, былі Люблінскай дыяцэзіі. Гэта ксёндз Гжэгаж Худэк (быў вікарыем у 1993–1998 гг.), ксёндз Тадэвуш Саморэк (вікарый у 1999–2002 гг.), ксёндз Пётр Голец (вікарый з 2003 г.). Усе яны скончылі Люблінскі каталіцкі універсітэт, які з’яўляецца адным з цэнтраў каталіцкай адукацыі.
іл. 55. Ксёндз Гжэгаж Худэк.

іл. 56. Ксёндз Тадэвуш Саморэк.


У наш час каталіцкімі святарамі сталі гамяльчане Павел Халяўкін (скончыў Гродзенскую каталіцкую семінарыю, прыняў сакрамэнт святарства ў 1998 г.), Генадзь Казлоў (прыняў сакрамэнт святарства ў 2000 г.), Аляксандр Каліноўскі (прыняў сакрамэнт святарства ў 2001 г.) і Аляксандр Драбышэўскі (прыняў сакрамэнт святарства ў 2001 г.). Тры апошнія святары закончылі місіянерскую семінарыю ў Варшаве.

На вучобу ў місіянерскія семінарыі «Redemptoris Mater» паступілі Мікалай Фокін і Віктар Прыходзька. М. Фокін вучыцца ў Варшаве, а В. Прыходзька — у Кіеве. Арцём Мігіц і Віталь Гулевіч уступілі ў ордэн францішканаў (Расійская Генеральная кустодыя імя св. Францішка Асізскага).

На пачатку ХХІ ст. колькасць пастаянных парафіянаў у гомельскім касцёле складала прыкладна 600 чалавек, на Божае Нараджэнне і Вялікдзень прыходзіць больш за тысячу. Дзейнічае нядзельная школа. У адпаведнасці з рашэннямі Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) вядзецца праца па катэхізацыі дарослых. Людзі рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, шлюбу. Католікі з Гомеля выязджаюць на сустрэчы з Папам Рымскім: такія паездкі адбыліся ў чэрвені 1991 г. (у Беласток), у маі – чэрвені 2006 г. (у Варшаву).

Летам 2007 г. сотні католікаў гомельскай парафіі паставілі свае подпісы пад патрабаваннем вярнуць ім комплекс будынкаў кляштара бэрнардынцаў з касцёлам св. Юзафа, размешчаны па вулiцы Кiрыла i Мяфодзiя ў Мінску, які Мінгарвыканкам вырашыў перадаць інвестарам для камерцыйнага праекту (толькі ў адной вёсцы Рудня-Стаўбунская, дзе пражываюць у асноўным католікі з прозвішчам Гулевіч, было сабрана амаль 50 подпісаў — падпісаліся практычна ўсе жыхары).

8 верасня 2007 г. падчас урачыстага набажэнства з нагоды свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі было аб’яўлена рашэнне Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка аб аднаўленні Гомельскага дэканата. Гомельскім дэканам прызначаны пробашч гомельскага касцёла — ксёндз Славамір Ляскоўскі. У новую тэрытарыяльную адзінку Пінскай дыяцэзіі ўвайшлі каталіцкія парафіі Гомеля, Акцябрскага, Жлобіна, Рагачова, Рэчыцы і Светлагорска.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка