Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка6/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

11. Канфіскацыя літургічных рэчаў з гомельскага касцёла ў 1922 г.
Вясной 1922 г. савецкія ўлады правялі кампанію па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў. Як тлумачылася, канфіскацыя была вымушанаю і рабілася для барацьбы з голадам, які ахапіў Расію ў 1921–1922 гг. Аднак існуе меркаванне, што голад быў усяго толькі нагодаю для канфіскацыі каштоўнасцяў, а галоўнаю мэтаю было падарваць эканамічную базу Царквы і палепшыць фінансавае становішча савецкай улады.

У Гомельскай губерні перад пачаткам канфіскацыі літургічных рэчаў была праведзена агітацыйная кампанія179, у час якой арганізаваліся сялянскія сходы і мітынгі. Сяляне паводзілі сябе на гэтых мерапрыемствах па-рознаму. У справаздачы Гомельскага губкама РКП(б) за май 1922 г. з грыфам «абсалютна сакрэтна» паведамлялася: «У шэрагу паветаў — Клінцоўскім, Чэрыкаўскім, Старадубскім, Гомельскім… былі прыняты рэзалюцыі за канфіскацыю каштоўнасцяў. У іншых — Навазыбкаўскім, Рэчыцкім, Быхаўскім, Рагачоўскім — сяляне пераважна адмаўляліся галасаваць за канфіскацыю»180.


179 Тамсама. Л. 127–145.

180 Лебедев, А. Изъятия церковных ценностей в католических костелах Гомельской губернии в 1922 г. // Первые Машеровские чтения. Гуманитарные науки. — Витебск, 2005. — С. 169–171.
Апрача сходаў і мітынгаў у вёсках, у гарадах праводзіліся жаночыя мітынгі, сходы чырвонаармейцаў і выступленні ў цэрквах у часе набажэнстваў.

Улады вырашылі таксама правесці агітацыю сярод каталіцкага насельніцтва. На пасяджэнне Польбюро Гомельскага губкама РКП(б) 12 красавіка 1922 г. было вынесена пытанне аб неабходнасці «прыступіць да агітацыйнай працы сярод польскага насельніцтва аб канфіскацыі літургічных рэчаў з польскага касцёла на карысць галадаючых, каб не стваралі перашкодаў для іх канфіскацыі». У выніку было вынесена наступнае рашэнне: «Правесці шэраг мітынгаў і сходаў грамадзян палякаў, якія знаходзяцца ў горадзе Гомелі, аб канфіскацыі з мясцовага польскага касцёла літургічных рэчаў, а таксама… знаходзім неабходным… па ўсёй губерні канфіскаваць з польскіх касцёлаў літургічныя рэчы, каб тым дапамагчы галадаючым братам павалжанам як мага хутчэй».

Актыўную ролю ў агіткампаніі, на думку ўладаў, мусіла адыгрываць мясцовая прэса, у прыватнасці, газеты «Полесская правда» і «Новая деревня»181.
182 Тамсама.
Для ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў была створаная камісія і прызначаныя ўпаўнаважаныя па паветах. Старшынёю камісіі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў у Гомельскай губерні быў прызначаны нейкі Фядзяеў. У першую чаргу планавалася канфіскацыя з сінагогаў, потым з цэркваў і з касцёлаў.

10 красавіка капелан рудня-шлягінскай капліцы, які фактычна выконваў абавязкі пробашча гомельскага касцёла, кс. Леан Буйноўскі, быў тэрмінова выкліканы да старшыні камісіі Фядзяева. Размова адбывалася ў прысутнасці рэдактараў газет «Полесская правда» і «Новая деревня», двух праваслаўных святароў і двух супрацоўнікаў ЧК.

Фядзяеў паведаміў ксяндзу Буйноўскаму, што дэкрэт УЦВК па канфіскацыі каштоўнасцяў будзе выкананы таксама ў дачыненні да гомельскага касцёла. Ксёндз адказаў, што гэта будзе парушэннем Рыжскай дамовы, якая гарантавала католікам рэлігійную свабоду, і паказаў копію дамовы. «Якая тады розніца паміж католікамі-палякамі і рускімі, і што ж тады дае, паводле разумення ўлады, Рыжская дамова палякам-католікам?» — спытаў кс. Буйноўскі. Фядзяеў адказаў, што не трэба звяртаць увагу на міждзяржаўныя фармальнасці і іх пярэчанні, і спаслаўся на прыклад Езуса Хрыста, які казаў, што трэба прыходзіць на дапамогу бліжняму. Кс. Буйноўскі адказаў, што так, Езус Хрыстус, які ёсць узорам, вучыць, што трэба прыходзіць на дапамогу бліжняму, але не вучыць, што трэба гвалтам і насіллем змушаць да гэтай дапамогі, што прынцыпаў Езуса Хрыста Касцёл дакладна прытрымліваецца ў адносінах да сябе і што згодна з цыркулярам генеральнага вікарыя Магілёўскай архідыяцэзіі ад 6 жніўня 1921 г. ужо робіцца збор у касцёлах для галадаючых, што палякі-католікі больш чулыя ў гэтым пытанні за іншых, хоць і з’яўляюцца ў Расіі выгнаннікамі.

Фядзяеў быў вымушаны прызнацца, што аб прынцыпах Езуса Хрыста ён баіцца дыскутаваць, бо ведае пра іх толькі са школьных заняткаў па рэлігіі, але лічыць ахвяры Касцёла занадта малымі. Ксёндз згадзіўся з тым, што ахвяры Касцёла малыя, але, з другога боку, як можна казаць такое пра людзей, сілаю выгнаных са свайго жытла, вымушаных бадзяцца па Сібіры і ўскраінах Расіі і якія жывуць — і Фядзяеў сам сведка гэтаму — у гомельскіх бараках і зямлянках на Палескай станцыі. Як можна вымагаць чагосьці ад гэтых галадаючых парафіянаў? Далей кс. Буйноўскі сказаў Фядзяеву, што каштоўнасці ў касцёле былі, але яны вывезеныя ў ЧК. Няхай іх вернуць і аддадуць галадаючым, а ў касцёле цяпер ёсць толькі рэчы, патрэбныя для штодзённага ўжытку, часткова пазалочаныя, часткова пасярэбраныя. Фядзяеў быў вымушаны прызнаць, што выказаўся нетактоўна і папрасіў прабачэння. Цыркуляр генеральнага вікарыя Магілёўскай архідыяцэзіі ад 6 жніўня 1921 г. Фядзяеў ухваліў як сведчанне арганізаванасці католікаў, і заахвочваў працаваць надалей, але прасіў узгадняць касцёльную працу з працаю іх камісіі, нават прапанаваў удзельнічаць у ёй. Ксёндз Буйноўскі адказаў, што па ўласнай ініцыятыве ўдзельнічаць у працы камісіі не можа, таму што ёсць касцёльнае права і без дазволу генеральнага вікарыя пра гэта не можа быць і гаворкі.

Гомельскія праваслаўныя святары, якія прысутнічалі на сустрэчы, перад гэтым былі ў кс. Буйноўскага з прапановаю аб каардынацыі пратэстаў супраць канфіскацыі каштоўнасцяў з цэркваў і касцёлаў. Аднак, у адрозненне ад кс. Буйноўскага, які не пагаджаўся на канфіскацыю, яны ўрэшце пагадзіліся аддаць царкоўныя «лішкі». І пераканаліся, што зрабілі глупства, калі ўбачылі ў газетах рэзалюцыі, якія знаёмілі гамяльчанаў з ходам кампаніі, і прачыталі аб поўнай і ўсеагульнай згодзе царкоўных камітэтаў на тое, каб аддаць каштоўнасці. Благачынны на сустрэчы з Фядзяевым нічога не мог вымавіць, а другі святар казаў: «Навошта выбралі такі час на Страсным тыдні? Што скажа народ? Пытанне балючае, а вы нас яшчэ ў газетах правакуеце». Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы, у Вялікую пятніцу, яны былі арыштаваныя.

У газетах «Полесская правда» і «Новая деревня» з’явіліся артыкулы і вершы, якія ганьбілі ксяндза Буйноўскага (у друку ён быў названы Буйніцкім)182. Асабліва «шчыраваў» на гэтай «ніве» Г. Лялевіч183. 12 красавіка 1922 г. на старонках газеты «Новая деревня» з’явіўся такі «верш»:


О ксендзе, золоте и Поволжье
Ксёндз утешается беседами:

«Пусть голодные станут людоедами,

Пусть умирают с голоду дети,

Не отдам золота ни за что на свете!

Во-первых, это Рижским договором запрещено,

Во-вторых, прихожане не дадут все равно,

В-третьих, нельзя отдать без митрополитова благословенья,

В-четвертых, вообще нет ценностей в нашем распоряжении».

А рабочий, следя за этой ложью,

Твердит: «Послать бы ксендза в Поволжье,

Кабы он там с месяц поголодал,

Так сразу бы все золото из костела отдал»184.


182 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 136, 138.

183 Сапраўднае імя — Калмансон Лабары Гілелевіч. Нарадзіўся 17(30) верасня 1901 года. Расстраляны ў 1937 годзе. Гісторык, паэт, крытык. Сын паэта Г. Калмансона. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г. і грамадзянскай вайны ў Расіі.

184 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 139.
Ксёндз Буйноўскі спачатку думаў, што ўсё абмяжуецца толькі яго ачарненнем у газетах, бо прайшоў усяго толькі год пасля падпісання Рыжскай дамовы, і савецкае кіраўніцтва мусіла з ёю лічыцца. Аднак кс. Буйноўскі памыляўся. Гомельскія ўлады паспрабавалі ўздзейнічаць на парафіянаў праз камуністычную ячэйку «Польскай лекцыі асвятовай». Неяк пасля набажэнства камуністы Апольскі і Ступінскі ўваліліся ў сакрыстыю, вітаючыся, знялі шапкі і са здзеклівымі ўсмешкамі сказалі, што прыйшлі паглядзець, што ксёндз мае ў касцёле. Ксёндз вымушаны быў з крыкам выгнаць іх з сакрыстыі на вачах у людзей. Тады камуністы папрасілі, каб кс. Буйноўскі выслухаў іх у плябаніі, маўляў, яны прыйшлі толькі парадзіць і дапамагчы. Дыскусія ў плябаніі працягвалася 3 гадзіны. Апольскаму і Ступінскаму не ўдалося пераканаць ксяндза. Яны прызналі справядлівасць таго, што ён выгнаў іх з сакрыстыі, аднак прапанавалі аддаць хоць што-небудзь з касцёльных рэчаў, прасілі, каб не ставіўся да іх так непрыязна, інакш яны зробяць мітынг на цвінтары, людзі самі аддадуць каштоўнасці, а кс. Буйноўскага вымушаны будуць арыштаваць. Ксёндз адказаў, што касцёльных рэчаў ні ў якім разе аддаць не можа, бо яны парафіяльныя, а ад сябе можа ахвяраваць уласнае зімовае паліто. Камуністы адмовіліся прыняць паліто, сказаўшы, што не маюць жадання крыўдзіць яго і даводзіць да галечы, але касцёльныя рэчы ўсё роўна канфіскуюць.

У Вялікі чацвер да кс. Буйноўскага падаслалі жабрака, амаль голага, без кашулі. Ксёндз Буйноўскі пазнаў у ім супрацоўніка ЧК, які раней шпіёніў за ксяндзамі Лук’яніным і Шчэнхам. Святар вырашыў яго выкрыць. Ён спытаў, чым можа яму дапамагчы? Жабрак адказаў, што хлебам.

— А яшчэ?

— Кашуляй.

— А яшчэ?

— Кальсонамі.

— А яшчэ?

— Палітом.

— А яшчэ?

— Грашыма.

Кс. Буйноўскі ўзяў з касы дробныя грошы і высыпаў яму ў шапку. Аднак жабрак запытаўся, ці не мае ксёндз большых грошай. Ксёндз адказаў яму, што большыя маюць камісары, і тут жабрак выкрыў сябе, абразіўся і сказаў: «Але ж ксёндз з Масквы прыехаў!».

На Вялікдзень, 16 красавіка, кс. Буйноўскі мусіў прамовіць адпаведнае казанне. Адзін з католікаў-камуністаў, Маркевіч, які быў памочнікам Губэвака185, крыкнуў на Імшы, што трэба аддаць касцёльныя рэчы ўладам. Вернікі ў касцёле тут жа ўпалі на калені і пачалі крычаць, што аддаваць нельга, а мужчыны, якія стаялі бліжэй да Маркевіча, падхапілі яго і выштурхалі з касцёла. Калі ён паспрабаваў крычаць і на цвінтары, міліцыя, якая была непадалёк, адвяла яго ад касцёла.


185 Губэвак — губернскае ўпраўленне па эвакуацыі насельніцтва.
Не могучы нічога зрабіць у касцёле і на цвінтары, улады вырашылі арганізаваць мітынг у касцёльным садзе каля плябаніі. Ксёндз Буйноўскі даведаўся пра гэта 17 красавіка, у велікодны панядзелак, калі раніцаю прыйшоў у касцёл і ўбачыў, што яго сцены абклееныя плакатамі.

Сход мусіў быць для ўсіх палякаў, незалежна ад веравызнання і перакананняў. Парадак сходу быў такі: 1) перадача каштоўнасцяў з гомельскага касцёла; 2) арганізацыя польскага інтэрната (хутчэй, камуны, якую прывезлі з Самары); 3) арганізацыя дзіцячага садку ў плябаніі.

Для кс. Буйноўскага гэта была нечаканая навіна. Ён разгубіўся і не ведаў, што рабіць, ці прыняць удзел у гэтым сходзе, ці не ўдзельнічаць і асцерагчы ад удзелу парафіянаў. Ксёндз не выключаў магчымасці крывавых падзеяў. Але калі ён не будзе ўдзельнічаць, то жменька нягоднікаў ад імя парафіянаў вырашыць аддаць каштоўнасці, як гэта адбылося, паводле вестак з газет, у Мінску ды Рагачове. Таму ў імя Божае ён вырашыў прыняць удзел у сходзе. У гэтым яго падтрымалі і парафіяне. Яны супольна вырашылі спазніцца на сход з Імшы і прыйсці напрыканцы, каб толькі прагаласаваць.

Кс. Буйноўскі прызначыў члена касцёльнага камітэта, які мусіў паведаміць яму, калі пачнецца сход. Гэты парафіянін у час Імшы сказаў ксяндзу, што на сход сабралася 16 чалавек, але сходу яны не пачынаюць, чакаюць парафіянаў. Пасля набажэнства кс. Буйноўскі прамовіў людзям у касцёле казанне. Людзей сабралася мноства, таму што разышліся ўжо чуткі, што ксёндз арыштаваны. Ксёндз Буйноўскі зачытаў цыркуляр генеральнага вікарыя ад 6 жніўня 1921 г., просячы, каб парафіяне падвоілі сваю руплівасць: рабілі збор прадуктаў, абутку, словам, праявілі сваё хрысціянства (у гэты ж дзень адбыўся збор грошай для галадаючых).

У часе казання кс. Буйноўскі распавёў, што да гомельскіх вернікаў прызначаны новыя «парафіяне», толькі яны, на жаль, не хочуць браць удзел у малітвах і дапамагчы ўтрымліваць гомельскі касцёл, які працякае і абсыпаецца, што новыя «святары» ў сваіх казаннях пажадаюць вернікам зусім не вясёлых святаў, што стануць перад вернікамі новыя «анёлы», толькі шкада, што яны анёлы на словах, а ў іхніх руках агонь і меч, што яны не просяць у вернікаў яек, мяса, кавалку хлеба і адзення для галодных, а дамагаюцца назойліва, як юды, золата, але ж усялякі хлеб ёсць золатам, і для галоднага ён нават больш, чым золата.

Людзі так пранікліся словамі казання, што калі святар скончыў, не маглі спяваць і ў касцёле гучаў толькі арган. Пасля набажэнства ўвесь народ з касцёла рушыў на сход. Людзі запатрабавалі, каб кс. Буйноўскі быў старшынёю сходу. Убачыўшы распалены люд, камуністы пагадзіліся, і ксёндз ахвотна прыняў гэтую прапанову, бо разумеў, што можа ўтрымаць пад кантролем ход сходу і не дапусціць кровапраліцця. Ён адразу прапанаваў змяніць парадак сходу, згадзіўшыся абмяркоўваць толькі касцёльныя справы. Людзі аднагалосна падтрымалі яго.

Кс. Буйноўскі спачатку даў слова камуністам, але людзі не давалі ім гаварыць. Адзін з камуністаў спрабаваў гарланіць, што яго цікавіць галодны рабочы, а не касцёл. На гэта адна з жанчын кінула яму ў вочы зямлю, кажучы: «Ах, касцёл не цікавіць», і зноў кінула зямлёю. Кінулі зямлёю і яшчэ ў аднаго камуніста. Людзі нават збіраліся іх пабіць, але ксёндз гэтага не дапусціў.

Тады адзін з камуністаў выцягнуў з кішэні гатовую рэзалюцыю і сказаў, што яны хочуць вынесці такую пастанову: «На агульным вальным сходзе мы, работнікі і жыхары-палякі горада Гомеля, выслухаўшы прамову грамадзян Апольскага, Ступінскага і іншых аб здачы каштоўнасцяў з мясцовага касцёла, пастанавілі, што не маем нічога супраць здачы касцёльных каштоўнасцяў для паміраючых з голаду паволжан — нашых братоў, тым самым даём мажлівасць камісіі без перашкод выканаць свой абавязак перад паміраючымі ад голаду маткамі з дзецьмі і адначасова сведчым аб братэрстве польскага і рускага люду».

Кс. Буйноўскі крыкнуў, што гэта сатанінская рэзалюцыя, і сказаў: «А няхай падымецца тая агідная для нас рука, што хоча абабраць касцёл». Рукі паднялі толькі 3 чалавекі — камуністы Апольскі, Ступінскі і Маркевіч.

Камуністы былі вымушаны прызнаць, што іх рэзалюцыя не прайшла, але яны папярэдзілі кс. Буйноўскага, што мусяць яго арыштаваць. Камуніст Маркевіч, які напярэдадні быў выкінуты з касцёла, пачаў крычаць, што людзі памыліліся з золатам і касцёлам. Парафіяне так абурыліся, што на чале з Вандаю Ізбіцкаю кінуліся за ім з камянямі. Маркевіч уцёк з саду, але на вуліцы яго затрымалі сяляне-праваслаўныя і пабілі палкамі.

Калі галасаванне ўжо адбылося, з’явіўся старшыня Губвыканкама Нейбах, які спытаў у кс. Буйноўскага, хто яму дазволіў прыйсці на гэты сход. Ксёндз адказаў яму, што ён задае дзіўнае пытанне, таму што ўлады самі змусілі яго да гэтага сходу і галасавання. Святар звярнуўся да камуністаў з пытаннем, чаму яны арганізавалі гэты сход? Яны адказалі, што такі быў загад Палітбюро. Тады Нейбах запатрабаваў даць яму слова, кажучы, што ён не проста грамадзянін, а старшыня Губвыканкама і прадстаўнік ЦК. Ён заклікаў у гэтую ж хвіліну згадзіцца аддаць каштоўнасці ўладзе, але людзі не далі яму прадоўжыць. Ксёндз супакоіў людзей і папрасіў іх даць Нейбаху дагаварыць. Нейбах сказаў, што ўсё роўна рэчы будуць забраныя: «Паставім кулямёты і адчынім касцёл».

Падняўся гоман. Пачуліся галасы: «За бараду яго, за бараду!» Жанчыны пачалі знімаць пярсцёнкі з рук і кідаць у яго, дзядок, які прынёс сабраныя ў касцёле грошы, кінуў іх Нейбаху пад ногі і прамовіў: «Нельга касцёл абіраць!» Людзі крычалі: «У касцёл не пусцім, нават калі б ксёндз захацеў, то і тады не аддадзім!»

Калі напружанне ўзрасло, Нейбах папрасіў, каб кс. Буйноўскі супакоіў людзей, але той адказаў, што ён не міліцыянер ці жандар, і даў Нейбаху 5 хвілінаў на прамову, а калі Нейбах не падпарадкаваўся, пазбавіў яго голасу і зачыніў сход, папрасіўшы людзей разысціся па дамах. Людзі не разыходзіліся і патрабавалі, каб кс. Буйноўскі выехаў з Гомеля. Святар не хацеў выязджаць, але яго ўжо цэлыя суткі чакалі коні з Рудні-Шлягіна, куды ён мусіў ехаць на першы дзень Вялікадня. Ён вырашыў зачыніць касцёл, ключы схаваць і не аддаваць, а сам выехаў. Людзі з плачам развітваліся, цалавалі ксяндзу рукі. Камуніст Ступінскі, які назіраў за гэтым, ухмыляўся. На вуліцы і на рынку было шмат яўрэяў, якія збегліся паглядзець на мітынг, і, убачыўшы Буйноўскага, наладзілі яму авацыю.

Ксёндз баяўся, што ў Гомелі яго адразу арыштуюць, але яго ніхто не затрымаў. І ў Рудню-Шлягіна таксама за ім ніхто не паехаў. Магчыма, проста таму, што гэта было цяжка зрабіць з-за кепскіх дарог і паводкі. Да маёнтка Навасёлак кс. Буйноўскі 15 вёрстаў ехаў конна, адтуль, з-за разліцця Сожа і Бесядзі, плыў на лодцы да лясніцтва графа Мельжынскага, а ад лясніцтва зноў 6 вёрстаў да Рудні-Шлягіна праз балота конна. У Рудні, Ухове і Утоньцы ксёндз без перашкодаў паспавядаў людзей.

Пасля ад’езду кс. Буйноўскага, 19 кастрычніка, у Гомелі пачаліся арышты католікаў. Былі арыштаваныя Яраслаў Тэадор Гельміх, Ванда Ізбіцкая і іншыя (чыгуначнік Лукомскі, служачы Франц Напалеонавіч Рытвінскі, Уладзіслаў Якаўлевіч Панямецкі, Адам Леанавіч Маркоўскі, Іван Пятровіч Купсць, Іван Восіпавіч Стэфановіч і Соф’я Альбертаўна Гарадзецкая).

У шыфраванай тэлеграме Гомельскага аддзела ДПУ ад 21 красавіка 1922 г. гаварылася, што ў сувязі з канфіскацыямі ў Гомелі «задержано девять человек крикунов». Шасцярых з іх хутка адпусцілі, а «три человека заключены под стражу ведется следствие дело будет передано Ревтрибунал тчк Числа заключенных два интеллигента служащие поляки один железнодорожник… отдельными лицами… ведется агитация что ценности попадут не по назначению а комиссарам»186.


186 ДАГАГВ. Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1371. — Арк. 156.
22 красавіка 1922 г. у Маскву з Гомеля была адпраўлена чарговая тэлеграма наступнага зместу: «Задержана подстрекательница польском митинге всего задержано содержится под стражей четыре человека оканчивается следствие будет передано трибунал тчк»187. Падобныя рэпрэсіўныя метады былі санкцыянаваныя зверху. У пратаколе пасяджэння пленума Гомельскага губкама РКП(б) ад 18 красавіка 1922 г. адзначана, што была дадзена дырэктыва праводзіць рэзкую і цвёрдую лінію ў тых месцах, дзе на шляху да канфіскацыі будуць сустракацца якія-небудзь «валынкі» і г.д.188.
187 Тамсама. Арк. 79.

188 Тамсама. Спр. 1219. — Арк. 68.
У суботу перад Праводнай нядзеляй у Рудні-Шлягіне з’явіўся начальнік гомельскай міліцыі, які шукаў кс. Буйноўскага. Ад яго ксёндз і даведаўся, што ў Гомелі арыштавалі 10 парафіянаў і ўсіх праваслаўных святароў, а яго самога шукаюць кожны дзень. Ён супакоіў міліцыянераў і сказаў, што прыедзе на Праводную нядзелю. І ксяндзу паверылі на слова. Адразу ж пасля гэтага кс. Буйноўскі, як ён сам казаў, «пайшоў у падполле»: вымушаны быў адпусціць бараду і хавацца ад прадстаўнікоў улады (верагодна, у арганіста Вінцэнта Лук’яніна, які пазней быў асуджаны за «укрывательство» кс. Буйноўскага і за тое, што аддаў ксяндзу свае дакументы).

Пасля таго, як кс. Буйноўскі не з’явіўся ў Гомелі, у плябаніі быў учынены вобыск: шукалі ключы ад касцёла. З прыслугі ўзялі распіску, што яна данясе ўладам пра ксяндза.

27 красавіка, пасля арышту найбольш актыўных католікаў, была зроблена канфіскацыя літургічных рэчаў з гомельскага касцёла. Ксёндз Буйноўскі пра гэта не ведаў. У тэлеграме старшыні камісіі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў у Гомельскай губерні Фядзяева намесніку асобаўпаўнаважанага СНК па ўліку і сканцэнтраванні каштоўнасцяў Базылевічу 30 красавіка 1922 г. паведамлялася, што ў Гомелі 29 красавіка была зроблена канфіскацыя (паводле іншых даных, яна адбылася 27 красавіка. — У. В.) касцёла без удзелу ксяндза, які ўцёк, і што колькасць канфіскаванага падлічваецца, а ўсё канфіскаванае захоўваецца ў Губфінаддзеле189.
189 Архивы Кремля: Политбюро и церковь, 1922–1925 гг. В 2-х кн. — Москва, 1998. — Кн. 2. — С. 220.
У гомельскай парафіі канфіскацыя была праведзена таксама ў капліцы ў Навазыбкаве (усяго за 1921–1922 гг. з культавых будынкаў Гомельскай губерні было канфіскавана розных сярэбраных рэчаў 12 пудоў 24 фунты 80 залатнікоў 14 доляў, рэдкіх каштоўных камянёў — 147 штук, вагою 3 фунты 13 доляў, грошай сярэбранай і меднай манетай — 138 руб. 5 кап.)190.
190 Отчет Гомельского губернского исполнительного комитета VI Губернскому Съезду Советов Рабочих, Крестьянских и Красноармейских Депутатов. Декабрь 1921 г. Ноябрь 1922 г. — Гомель, 1922. — С. 359
Каб дапамагчы арыштаваным, ксёндз Буйноўскі пад чужым прозвішчам прыехаў у маі ў Маскву і напісаў данясенне, якое перадаў у рукі польскаму паслу. Але ён не быў упэўнены, што гэта дапаможа арыштаваным, бо супрацоўнікі польскага пасольства пакінулі ў яго кепскае ўражанне: на яго погляд, бальшавікі былі больш ветлівыя. Аднак у пасольстве сабралася ўжо некалькі падобных справаў, і кс. Буйноўскі чытаў падрыхтаваную там добра складзеную ноту пратэсту да Чычэрына.

У Маскву ў гэты ж час і з той жа самаю справаю прыехаў з Магілёва дэкан Белагаловы. Яны разам з кс. Буйноўскім хацелі дамагчыся, каб канфіскацыю касцёльных рэчаў замянілі на збор парафіянамі прадуктаў для галадаючых. Пасля гэтага кс. Буйноўскі меў намер вярнуцца ў Рудню-Шлягіна, але 19 мая яго папярэдзілі ў польскай камісіі па рэпатрыяцыі, што ён мусіць быць асцярожным, бо падлягае той жа кары, што і рускія, нават смерці, і параілі выехаць праз Мінск у Польшчу. Дапамагчы ў гэтым кс. Буйноўскаму ў Мінску мог пан Ян Белапятровіч.

У канцы мая кс. Буйноўскі прыехаў у Мінск і адразу быў арыштаваны. Яго лёс вырашаўся самім Сталіным. Вось што паведамляе тэкст шыфраграмы сакратара ЦК КПБ Багуцкага:

«Шифротелеграмма секретаря ЦБ КПБ В. А. Богуцкого в ЦК РКП(б) И. В. Сталину о составе суда над католическими польскими священниками в Белоруссии и планируемом приговоре. 26 мая 1922 г. Поступила для расшифрования 27/V 1922 г. в 9 час. 20 мин. Весьма секретно. По исполнении сдать в секретный архив. Из Минска. Москва ЦК РКП. Тов. Сталину.

…Арестован ксендз гомельского процесса, присужденный по гомельскому делу, который пришел в Минск с подложными документами с намерением пробраться в Польшу. Сообщите мнение ЦК. нр21/Ш. Секретарь ЦБ КПБ Богуцкий»191.
191 Архивы Кремля: Политбюро и церковь, 1922–1925 гг. В 2-х кн. —Москва, 1998. — Кн. 2.
За выдачу кс. Буйноўскаму падробных дакументаў былі арыштаваныя жыхары Рудні-Шлягіна Андрэй Мохараў, Іван Кацуба і Вінцэнт Лук’янін.

7 чэрвеня 1922 г. у газеце «Полесская правда» з’явіўся артыкул «Гомельскі ксёндз знайшоўся». Аўтар артыкула падпісаўся псеўданімам «С-ие»:

«Калі ў Гомельскім губрэўтрыбе слухалася справа каталіцкіх чарнасоценцаў, якія супраціўляліся канфіскацыі царкоўных рэчаў, на судзе не хапала асноўнага і галоўнага кіраўніка гомельскіх католікаў — ксяндза Буйноўскага.

Ксёндз уцёк. Высветліць яго месцазнаходжанне не ўдалося.

Толькі ўчора ў мінскай газеце „Звязда“ ад 1 чэрвеня 1922 года ў вялікім раздзеле „Контррэвалюцыя ў касцёле“ мы выпадкова наткнуліся на наступную заметку: дапытваюць сведкаў па справе мінскіх ксяндзоў.

„Уводзяць ксяндза Буйноўскага, які знаходзіцца пад вартай. Апрануты ў цывільную вопратку, носіць бараду і вусы.

— Ці зналі вы раней ксяндза Тамашэўскага?

— Не знаў.

— Навошта вы прыехалі ў Мінск?

— Ехаў з Масквы ў Гомель.

Чаму ж праз Мінск, няўжо няма іншага шляху?

— Ёсць праз Бранск, але праз Мінск больш зручна.

— Колькі разоў вы сустракаліся з ксяндзом Тамашэўскім?

— Два разы. Першы раз — 16 мая.

— Як вы паставіліся да канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў у вашым касцёле ў Гомелі?

— Мяне тады ў Гомелі не было.

— Чаму ж вы карысталіся чужым дакументам?

— Хацеў купіць для хора ноты, дзеля гэтага ўзяў у знаёмага настаўніка дакументы, па якіх у савецкай краме мне выдалі б ноты.

— Чаму вы ў другі раз прыязджалі ў Мінск?

— Ездзіў дадому.

— І абодва разы мелі пры сабе чужыя дакументы?

— Так.


— Чаму вы прад’явілі ў час арышту чужыя дакументы?

Прамога адказу ксёндз Буйноўскі не даў“.

Так што ксёндз Буйноўскі ў Мінску. Уцёк з Гомеля, але папаўся ў Мінску.

Папаўся з фальшывымі дакументамі на руках.

Збег з Гомеля, але на кватэры мінскага чарнасоценнага ксяндза быў арыштаваны.

Чакаем з радасцю яго ўрачыстага прыезду у так паспешна пакінуты ім негасцінны Гомель»192.


192 Гомельский ксендз нашелся // Полесская правда. — 1922. — 7 июня.
У 1924 г. кс. Леан Буйноўскі апынуўся ў Польшчы праз абмен палітычнымі вязнямі.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка