Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка5/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

8. Каталіцтва ў Гомелі на пачатку ХХ ст.
12 снежня 1911 г. пробашчам і гомельскім дэканам быў прызначаны пробашч віцебскага касцёла св. Барбары кс. Хрызагон Пжэмоцкі, які змяніў на гэтай пасадзе кс. Антонія Ячэйку (кс. Ячэйка часова выконваў абавязкі дэкана і пробашча пасля смерці ксяндза Пятроўскага).

Захаваўся вельмі цікавы ліст да мітрапаліта, які напісаў сакратар Гомельскай тэхнічнай школы Аляксандр Дамарацкі. Ліст датаваны 18 снежня 1911 года. Мы можам паглядзець на сітуацыю, у якой тады знаходзіліся католікі Гомельшчыны, вачыма актыўнага парафіяніна. Перадусім трэба сказаць, што Дамарацкі лічыў Гомельшчыну даўнім памежным пасам Польшчы, або «усходнімі крэсамі». З ліста вынікае, што каталіцкая грамада Гомеля ў гэты час не была аднародная.

«Колькасць жыхароў Гомеля хутка ўзрастае і налічвае ўжо 80 тыс. чалавек розных нацыянальнасцяў. Гомельская парафія з’яўляецца адной з самых вялікіх ва ўсёй Магілёўскай губерні. З часу ліквідацыі Радужскай парафіі, якая была далучана да Гомельскай, яна займае ўвесь Гомельскі павет і частку Чарнігаўскай губерні. Парафіяне дзеляцца на тры часткі, або лагеры:

1) не вельмі шматлікія мяшчане і зямяне (землеўласнікі) – жывуць толькі для сябе, «салонная партыя»;

2) сельскія жыхары, якія жывуць сваім самабытным жыццём без усялякай дапамогі з боку ўплывовых і заможных, народ бедны, бо цёмны і закінуты; і, нарэшце,

3) чыгуначнікі розных службаў і працаўнікі рамонтных майстэрняў.

Гэтая астатняя група па колькасці займае другое месца пасля сялянаў, а ў рэлігійным жыцці бярэ найбольшы ўдзел, нават мае ў касцёле ўзнесены ўласным коштам алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Гомелі да смерці ксяндза дэкана Ф. Пятроўскага было чатыры ксяндзы, засталося тры. Пасля смерці Пятроўскага католікі-чыгуначнікі склалі тэлеграму да мітрапаліта, у якой прасілі прыслаць у Гомель дэкана руплівага і энергічнага, моцнага духам і адважнага. Складаючы такія пажаданні, мы зыходзілі з таго, што горад Гомель мае важнае значэнне і з’яўляецца стратэгічным пунктам. Тут патрэбны барацьбіт вялікай адвагі і розуму, бо ён мусіць супрацьстаяць варожаму лагеру, які мае тут сваё гняздо і пусціў тут глыбокае карэнне. Варожы лагер складаюць:

Праваслаўны місіянер, якога накіравалі сюды для навяртання іншаверцаў.

Гомельскі архірэй Мітрафан, думскі актывіст.

М. Ладамірскі, былы маршалак шляхты, член Дзяржаўнага Савета і камер-юнкер двара.

Аддзел клуба нацыяналістаў, таварыства правых (чорная сотня), прадстаўнікі гарадской улады, навуковых таварыстваў і г.д.

Партыя гарадскіх парафіянаў (салонная партыя) выказвала жаданне, каб месца дэкана заняў тутэйшы вікарый Антоні Ячэйка. Мы не можам ні ў чым папракнуць шаноўнага ксяндза А. Ячэйку, нават са свайго боку мусім выразіць яму сваё прызнанне як сціпламу, пабожнаму, лагоднаму, людскаму, таварыскаму, гаспадарліваму і ціхаму святару… усімі якасцямі добрага і сумленнага ён валодае… але становішча дэкана ў Гомелі апрача пералічаных якасцяў вымагае яшчэ „вялікай сілы“, энергіі, адвагі, смеласці, мужнасці, дару слова, красамоўнасці і сур’ёзнасці…

Таму мы не падтрымалі кандыдатуры ксяндза Ячэйкі, які ў іншых месцах, такіх як Быхаў, Рагачоў, Магілёў, Чачэрск, Журовічы і г.д. <...>

Апрача таго, мы мелі яшчэ ў полі зроку адну важную акалічнасць, якая ў недалёкай будучыні будзе мець значэнне ў жыцці гомельскіх католікаў, а менавіта: у Гомелі плануецца арганізацыя Цэнтральных рамонтных чыгуначных майстэрняў… у якіх будуць працаваць 5–6 тысяч рамеснікаў, таму можна прадбачыць значнае павелічэнне каталіцкіх сям’яў, дзяцей і моладзі. А таму карысць Касцёла вымагае, каб на пасадзе дэкана быў адпаведны святар»127.


127 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 45–46 об.
Мітрапаліт, мяркуючы па ўсім, не прыслухаўся да аргументаў А. Дамарацкага, бо неўзабаве пасля пераводу кс. Пжэмоцкага (на пасадзе гомельскага дэкана кс. Пжэмоцкі працаваў да 10 лістапада 1912 г., калі па ягонай просьбе яго перавялі пробашчам у росіцкую парафію Віцебскай губерні) гомельскім дэканам і пробашчам парафіі 10 лістапада 1912 г. быў прызначаны менавіта кс. Антоні Ячэйка, які па сваіх якасцях не зусім адпавядаў такой адказнай пасадзе.

Гомельская парафія ў гэты час мела ўжо 15 капліцаў, прычым 2 з іх у Чарнігаўскай губерні: у Навазыбкаве (цяпер Бранская вобласць Расіі) і Сноўску (цяпер Шчорс, Украіна).

Вікарыем з 1 лютага 1912 г. да 26 кастрычніка 1912 г. у Гомелі працаваў кс. Міхаіл Цакуль, які з 1910 г. абслугоўваў філію Рудня-Шлягін.

21 чэрвеня 1912 г. вікарыем у гомельскі касцёл быў прызначаны кс. Зыгмунт Сямашка, які да гэтага служыў вікарыем дараўскай парафіі Наваградскага павета Мінскай губерні.

30 кастрычніка (ці 23 лістапада) 1912 г. на месца кс. Сямашкі прызначылі выпускніка Пецярбургскай духоўнай акадэміі кс. Паўла Бірніка, які прыбыў у Гомель 9 снежня. На гэтай пасадзе кс. Бірнік працаваў да 21 красавіка 1914 г., а пасля стаў філіялістам люшаўскага касцёла.

Законанастаўнікам у гімназіі і іншых школах Гомеля ў гэты перыяд (1906–1908 гг.) быў ксёндз Яўген Святаполк-Мірскі — заснавальнік Гомельскага каталіцкага таварыства дабрачыннасці, які валодаў харызматычнымі якасцямі і быў сапраўды выдатным прапаведнікам. Так, пасля адной з яго прамоваў, у час якой ён заклікаў ахвяраваць грошы на рамонт падлогі ў касцёле, парафіяне даволі хутка сабралі патрэбную суму і замянілі драўляную падлогу на плітачную128. Нават праз шмат гадоў вернікі ўспаміналі пра яго як пра выдатнага прапаведніка і прызнавалі, што пасля яго святароў такога ўзроўню ў Гомелі не было129.


128 Тамсама. Л. 46.

129 Тамсама. Л. 97.
Пасля кс. Яўгена Святаполка-Мірскага з 1909 па 1918 г. законанастаўнікам у Гомелі працаваў кс. Дамінік Іваноў.

У 1912 г. у Гомелі налічвалася 1 750 католікаў, з іх 867 мужчынаў і 883 жанчыны130. Вучняў-католікаў у гэты час у Гомелі было прыблізна 350 чалавек131. Адным з іх быў Аляксандр Крыжаноўскі, які пазней, у часе Другой сусветнай вайны, камандаваў Віленскай акругай Арміі Краёвай132.


130 Иоффе, Э. Г. Прошлое и настоящее евреев Беларуси. Москва, 1998. // [Электронны рэсурс] — http:// (www.jewish-heritage.org).

131 Тамсама.

132 Aleksander Krzyżanowski // Wikipedia [Электронны рэсурс] — http://www.pl.wikipedia.org.
Александр Крыжаноўскі нарадзіўся 18 лютага 1895 г. у Бранску ў сям’і. Якуба Крыжаноўскага і Зофіі Вілямоўскай-Кнобельсдорф. Да 1914 г. вучыўся ў гімназіі ў Гомелі. У 1914 г. сям’я Крыжаноўскіх пераехала ў Петраград, дзе Аляксандр займаўся ў 12-й класічнай гімназіі. У 1916 г. паступіў у Тэхналагічны інстытут, але з першага курса быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны ў Канстанцінаўскае артылерыйскае вучылішча, якое скончыў летам 1917 года. З ліпеня 1917 г. служыў у 6-ым Сібірскім корпусе, а з кастрычніка 1917 г. — у 1-ым Польскім корпусе Доўбар-Мусніцкага. Пасля расфарміравання корпуса немцамі паступіў у Варшаўскі універсітэт. У лістападзе 1918 г. пайшоў у Войска Польскае. У 1927 г. ажаніўся з Янінаю Лапінскай.

Пачатак Другой сусветнай вайны сустрэў маёрам, камандзірам дывізіёна. Пасля паражэння Польшчы знаходзіўся ў Варшаве, дзе звязаўся з падпольнай арганізацыяй «Służba Zwycięstwa Polski» (SZP). У канцы 1939 г. быў накіраваны на Віленшчыну, дзе стаў начальнікам штаба і намеснікам каменданта Віленскай акругі SZP (у хуткім часе SZP была перайменаваная ў «Związek Walki Zbrojnej» (ZWZ).

У 1941 г. атрымаў званне падпалкоўніка і быў прызначаны камендантам Віленскай акругі ZWZ (14 лютага 1942 г. ZWZ перайменавана ў Армію Краёву)133. У 1943 г. падпалкоўнік А. Крыжаноўскі вёў перамовы аб супрацоўніцтве з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Начальнік штаба Наваградскай акругі Арміі Краёвай (АК) Станіслаў Сэндзяк так успамінаў пра гэта: «Мы мелі ўсе варункі для таго, каб сярод тутэйшага люду знайсці дзейсных саюзнікаў у барацьбе з ворагам. Наш мемарандум па беларускім пытанні апрацаваў былы камендант асяродка Навагрудак Людвік Ненартовіч (Мядзянка). Мы неадкладна накіравалі яго рапарт у штаб галоўнага камандавання. Вельмі спяшаліся, асабліва я, бо на маіх плячах ляжала адказнасць за як мага хутчэйшую рэалізацыю плана па прывядзенні ўсёй акругі ў баявую гатоўнасць.

У хуткім часе я таксама паехаў у Варшаву. Там мне сказалі, што наша справа, якая датычыць дастаўленага раней у штаб мемарандума, уладжана не будзе, бо гэтай праблемай цяпер займаецца камендант Віленскай акругі Вільк (псеўданім А. Крыжаноўскага. — У. В.), і толькі ён, а не хтосьці іншы, будзе весці перагаворы на вышэйшым узроўні з беларускімі дзеячамі ў Вільні»134.


133 Армія Краёва арганізацыйна дзялілася на «абшары» і «самастойныя акругі». На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі Віленская, Наваградская, Беластоцкая і Палеская самастойныя акругі. У сваю чаргу, «акруга» дзялілася на «асяродкі», а «асяродкі» на меншыя «раёны» і «пляцоўкі».

134 Сямашка, Я. Армія Краёва на Беларусі. Частка ІІ. Пад знакам канцэпцыі «двух ворагаў» // Zyvie Biełaruś: Бібліятэка гістарычных артыкулаў [Электронны рэсурс] — http://www.jivebelarus.net.
Перамовы А. Крыжаноўскага ў канцы 1943 г. з прадстаўнікамі Беларускай краёвай абароны (БКА), Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) і іншымі беларускімі нацыянальнымі і нацыяналістычнымі фарміраваннямі скончыліся правалам.

У 1944 г. камендант Віленскай акругі АК падпалкоўнік А. Крыжаноўскі ўдзельнічаў у баях з літоўскімі фарміраваннямі. Таксама ўдзельнічаў у баях за вызваленне ад немцаў Вільні. 17 ліпеня 1944 г. у часе нарады з генералам Чарняхоўскім у Вільні ён быў арыштаваны НКУС як Ян Кульчыцкі, «генерал Вільк». Утрымліваўся ў Бутырках у Маскве, у Дзягілеве каля Разані і ў Гразоўцу каля Волагды. 11 жніўня 1947 г. палкоўнік Крыжаноўскі (званне палкоўніка яму было прысвоена ў верасні 1944 г., ужо пасля арышту) уцёк з лагера і дабраўся да Вільні, але 13 верасня зноў быў арыштаваны і зняволены ў Бутырках. У 1947 г. яго разам з групаю польскіх грамадзянаў выслалі ў Польшчу. 3 ліпеня 1948 г. у Варшаве ён зноў быў арыштаваны, на гэты раз польскім UB135. Памёр 29 верасня 1951 г. у турэмным шпіталі ў Варшаве.

У 1994 г. Аляксандру Крыжаноўскаму пасмяротна было прысвоена званне генерала.
135 UB (Urząd Bezpieczeństwa) — Міністэрства бяспекі.
іл. 32. Падпалкоўнік Аляксандр Крыжаноўскі.
18 чэрвеня 1914 г. вікарыем гомельскага касцёла быў прызначаны кс. Вацлаў Васілеўскі, які ў тым жа годзе, незадоўга да прызначэння, скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю і прыняў сакрамэнт святарскага пасвячэння.

Пасля 1870 г. існавалі 5 катэгорый парафій, ад якіх залежаў гадавы заробак пробашча: 1-я катэгорыя — 600 руб., 2-я — 500, 3-я — 400, 4-я — 275 і 5-я — 230 рублёў. Гомельская парафія мела 3-ю катэгорыю.

Адпустовымі фэстамі ў гомельскай парафіі былі: успамін св. Станіслава, св. Антонія, свв. Пятра і Паўла, 14 верасня (Узвышэнне Святога Крыжа), а таксама ўсе святы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.

У касцёле захоўваліся рэліквіі святых пакутнікаў Віктара, Сімпліцыя, Пацыфіка, Віктарыяна і Тэафіла, дзейнічала Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля136.


136 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1504. — Арк. 54.
У пачатку ХХ ст. касцёл выглядаў наступным чынам. На купале і дзвюх вежах стаялі 3 жалезныя пазалочаныя крыжы, на званіцах — 5 званоў вагою каля 30 пудоў кожны. Дах касцёла быў бляшаны, пафарбаваны, касцёл звонку — пабелены. На франтоне знаходзіўся жалезны пазалочаны крыж, над якім быў напісаны заклік на польскай мове.
іл. 33. «Слаўце Пана ўсе народы». Фрагмент фасада паводле Г. Лукомскага. 1913 г.
Унутры касцёла вакол вялікага купала быў надпіс: «Святы, Святы, Святы Бог Усемагутны, неба і зямля поўныя хвалы Яго» (верагодна, на польскай мове). Падлога ў касцёле была выкладзена пліткамі. У святыні меўся арган на 7 галасоў, 14 стацыяў137 Крыжовага шляху Езуса Хрыста, на сценах з 4-х бакоў былі намаляваныя 4 Евангелісты, а ў купале — абраз Святой Тройцы. Касцёл меў 3 алтары (з каплічнымі — 5).
137 Стацыя — адзін з чатырнаццаці традыцыйных элементаў Крыжовага шляху, пасійнага набажэнства, прысвечанага разважанню пра Муку Пана.
Галоўны алтар быў мураваны, з чатырма калонамі, зверху знаходзіліся 2 драўляныя пазалочаныя анёлы і абраз Унебаўзяцця Божай Маці ў пазалочанай раме. Табэрнакулюм137 быў драўляны з чатырма пазалочанымі калонкамі. Па баках алтара знаходзіліся абраз Езуса Хрыста ў Аліўным садзе і крыж з фігураю Езуса Хрыста, над алтаром месціўся абраз Бялыніцкай Божай Маці.
137 Табернакулюм — у каталіцкіх храмах невялікае збудаванне (накшталт шафкі) у цэнтры алтара, ніша ў алтарнай сцяне, у якой захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт (Камунія).
Другі алтар, св. Антонія, быў драўляны, з 4-ма калонамі, аддзелены жалезнымі кратамі. Зверху знаходзіўся невялікі абраз св. Францішка.

Трэці алтар, у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, быў з двума калонамі ў пасярэбранай металічнай рызе, зверху знаходзіўся абраз св. Лукі і фігуркі 4-х анёлаў. Прастол быў аддзелены жалезнымі кратамі.

У касцёле былі 2 капліцы. Злева — капліца Маці Божай Нястомнай Дапамогі з драўляным, пафарбаваным пад мармур алтаром, абраз быў на сінім аксаміце, у пазалочанай раме. Мелася амбона. Справа знаходзілася капліца Збаўцы, з драўляным алтаром, пафарбаваным пад чорны мармур, тут жа размяшчалася фігура Збаўцы з крыжам. Тут жа быў і баптыстэрый (хрысцільня). У касцёле меліся 2 сакрыстыі.

У касцёльным архіве захоўваліся шлюбныя кнігі, кнігі дашлюбных экзаменаў, кнігі хросту і кнігі рэгістрацыі памерлых138.


138 Метрычныя кнігі: кнігі хросту з 1827 па 1909 г. і далей; шлюбныя з 1856 па 1909 г. і далей; аб памерлых з 1867 па 1910 г. і далей; дашлюбных экзаменаў з 1834 па 1910 г. і далей. Метрычныя кнігі ліквідаванага радужскага касцёла: кнігі хросту з 1818 па 1888 г.; шлюбыя з 1828 па 1865 г.; аб памерлых з 1828 па 1870 г.; дашлюбных экзаменаў з 1828 па 1883 г.
Пры касцёле захоўваўся дэкрэт аб шлюбах і сужэнстве, выдадзены Папам Рымскім Піем X.

На навабеліцкіх парафіяльных могілках былі помнікі з наступнымі надпісамі: «Дэкан Баніфацый Найневіч. Пам. 1869 г.», «Кс. Баляслаў Вайшвіла, былы капелан. Пам. 28 лютага 1893 г.», «Кс. Рыгор Керсноўскі, пам. у 1897 г.», «Ганна Здзяхоўская з Оштарпаў. Пам. у 1878 г., праж. 70 г.», «Ружа Равіч-Касінская з Казакевічаў»139. Таксама былі надмагіллі Адольфа Крушэўскага, Яна і Марыі Крушэўскіх, Антонія Лукашэвіча, Баляслава Барткевіча, Баляслава Ажахоўскага, Канстанта Ліпскага і інш.


139 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 5. — Спр. 339. — Арк. 245–247.
іл. 34. Помнік на магіле Крушэўскіх.

іл. 35. Магіла К. Ліпскага.


Плябанія была двухпавярховым будынкам на 7 пакояў, ніжні паверх — мураваны, верхні — драўляны, дом быў накрыты бляхаю, падлога была зроблена з сасновых дошак. Флігель быў драўляны, даўжынёй 8, шырынёй — 3,5 сажняў, накрыты дранкаю, складаўся з пяці пакояў. Гаспадарчыя пабудовы ўключалі свіран, вазоўню, хлеў, склад для паліва, стайню, лядоўню. Побач знаходзіўся фруктовы сад. На старых могілках мясціўся драўляны дом, пакрыты бляхай, даўжынёй 12, шырынёй 9 аршынаў.

Ахвярадаўцамі касцёла былі Соф’я Багушэвіч, Юзаф Лісоўскі, Ізабэла Збарамірская140.


140 Тамсама. Воп. 226. — Спр. 1500. — Арк. 44–50.

9. Першая сусветная вайна і рэвалюцыі 1917 г.
У 1914–1915 гг. тысячы польскіх бежанцаў з тэрыторый Каралеўства Польскага, Жмудзі і Заходняй Беларусі, прыбылі ў Гомель. Сярод іх знаходзілася сям’я Зянкевічаў (іх сваяк прэлат Ян Зянкевіч служыў у польскай парафіі ў Санкт-Пецярбургу). Зянкевічы вымушаны былі ў 1915 г. пакінуць свой маёнтак Адамайцы на Жмудзі і пераехаць у Гомель, дзе яны жылі да 1919 г. у далёкіх сваякоў — сям’і Нагурскіх. Сын Зянкевічаў Эдвард сябраваў з сынам Нагурскіх Тэадорам. Хлопцы былі ўдзельнікамі гомельскай харцэрскай арганізацыі і «Польскай Вайсковай Арганізацыі».

Каталіцкае (пераважна польскае) насельніцтва Гомеля ў час Першай сусветнай вайны за кароткі тэрмін павялічылася з 1700–1800 чалавек прыкладна да 4 700 чалавек (1916–1917 гг.)141. Бежанцы рассяляліся ў часовыя лагеры, а пазней, у 1916–1917 гг., некаторыя з іх пачалі займаць і забудоўваць вольныя землі за лініямі Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак (Залінейны раён) і паўночна-ўсходнюю частку Новай Беліцы142.


141 Dzwonkowski, R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.

142 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. — Гомель, 1993. — С. 211.
У 1916–1918 гг. на свята Божага Цела працэсіі праходзілі не ўнутры касцёльнай агароджы, як гэта было на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, а па вуліцах горада.

Законанастаўнік кс. Дамінік Іваноў перад вайною, летам 1914 г., выехаў у Заходнюю Еўропу, але не паспеў да пачатку вайны перасячы расійскую мяжу і быў затрыманы на год у Германіі, спярша ў турме, а потым пад наглядам паліцыі. У Гомелі пра гэта не ведалі. 20 верасня 1914 г. гомельскі дэкан Ячэйка ў рапарце біскупу Цепляку напісаў, што законанастаўнік мужчынскай гімназіі і некаторых іншых навучальных устаноў кс. Дамінік Іваноў выехаў на летнія канікулы за мяжу і ніякіх звестак пра яго няма, таму дэкан прасіў прыслаць у Гомель іншага законанастаўніка, бо ні ён, ні вікарый кс. Васілеўскі не мелі часу, каб выкладаць у навучальных установах Закон Божы143.


143 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 76.
27 верасня біскуп адказаў на гэты рапарт кс. Ячэйкі. Ён пісаў, што прызначае вікарыем у Гомель ксяндза Іосіфа Ворслава, былога вікарыя барысаўскай парафіі Мінскай губерні з тым, каб той дапамагаў кс. Ячэйку і кс. Васілеўскаму ў парафіяльных справах, а ксяндзы Ячэйка і Васілеўскі мусілі выкладаць Закон Божы ў гомельскіх навучальных установах да вяртання законанастаўніка кс. Іванова144.
144 Тамсама. Л. 80.

У 1915–1916 годзе ў гомельскай парафіі працаваў кс. Балюкевіч, які абслугоўваў вёску Рудня-Стаўбунская.

На тэрыторыі парафіі некаторы час выконвалі свае святарскія абавязкі і іншыя ксяндзы. Так, у 1915–1916 годзе св. Імшы ў гомельскім касцёле перыядычна цэлебраваў ксёндз Гінят.

У верасні 1915 года ў Рудні-Шлягіна хрысціў дзіця кс. Матэўшчык. З кастрычніка таго ж года і да пачатка 1918 года ў вёсцы працаваў кс. Дайліда.

Ксёндз Гарадыскі у 1916–1917 годзе працаваў у Насовічах, Грабаўцы, Добрушы і іншых населеных пунктах, дзе абслугоўваў пераважна бежанцаў.

У 1916–1918 годзе ў Гомелі і ваколіцах працаваў ксёндз Гінтыла.

У Сноўску ў 1916 годзе служыў кс. Лянкоўскі. Потым, з канца 1916 г. — ксёндз Юшко.

У Навазыбкаве ў 1916–1918 гг. працаваў кс. Паміхоўскі.

22 лістапада (5 снежня паводле новага стылю) 1917 г. у Гомелі была ўстаноўлена савецкая ўлада, але 1 сакавіка 1918 г. горад занялі часткі 41-га корпуса нямецкай арміі. Гомельшчына на 10 месяцаў трапіла пад нямецкую акупацыю. У канцы сакавіка 1918 г. Гомель і Гомельскі павет былі перададзеныя немцамі Украіне. У горад быў прызначаны ўкраінскі камендант палкоўнік Харчанка і прысланая ўкраінская «дзяржаўная варта», якая размясцілася ў Новай Беліцы. Павятовым камісарам стаў былы галава гомельскага дваранства Стош145.
145 Лебедзева, В. М.; Рабянок, П. П. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн.1. — С. 275–276.
іл. 35.1. Працэсія на свята Троіцы. 1918 г. Акварэль Марціна Фроста.
У Гомелі ў гэты час дзейнічалі розныя польскія і каталіцкія арганізацыі: Таварыства дабрачыннасці, чытацкае таварыства, харцарская арганізацыя, «Польская Вайсковая Арганізацыя», польская бібліятэка. Для дзяцей-католікаў арганізоўваліся летнікі. Актыўны ўдзел у гэтым прымаў мясцовы душпастыр ксёндз Дамінік Іваноў, які вярнуўся з Германіі.
іл. 36. Кс. Дамінік Іваноў з харцэрамі каля гомельскай плябаніі. 1917 г.; нумар 16 — кс. Дамінік Іваноў.

іл. 37. Гомельскія харцэры. 1917 г.


У 1917 г. гомельскія харцэры стварылі арганізацыю «Клуб валацугаў» («Klub Włóczęgów»). Адным з яго заснавальнікаў быў Тэадор Нагурскі (мянушка «Астатні»), які пазней, у 1930 гг., стаў віцэ-прэзідэнтам Вільні.

Удзельнікі клуба сустракаліся ў будынку адзінай у горадзе польскай бібліятэкі. Час праводзілі ў дыскусіях і вясёлых забавах. Спрабавалі свае сілы ў літаратурнай творчасці на старонках уласнага часопіса «Jak to u nas», які выдавалі пры дапамозе гектографа.


іл. 38. Вокладка часопіса «Jak to u nas».
Удзельнікі арганізацыі, як і іншыя харцэры, былі таксама членамі падпольнай «Польскай Вайсковай Арганізацыі» (створаная Ю. Пілсудскім, яна актыўна дзейнічала ў 1914–1919 гг.), гомельскае аддзяленне якой было выкрыта ЧК у маі 1919 года. «Валацугі» вымушаны былі тэрмінова пакінуць Гомель і накіравацца на захад, углыб Польшчы. Пасля небяспечнай дарогі частка членаў клуба апынулася ў Варшаве, дзе зноў былі арганізаваны сустрэчы і наладжаны выхад часопіса. 19 снежня 1923 г. новы «Клуб валацугаў» быў арганізаваны Т. Нагурскім у Вільні. Клуб у далейшым аказаў значны ўплыў на польскую літаратуру і культуру. Адным з яго членаў (з 1929 г.) быў нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш146.
147 Srebrakowski, A. Wystawa historyczna poświęcona dziejom akademickiego klubu włóczęgów wileńskich. — Wrocław, 1996. // [Электронны рэсурс] — http://www.najmici.net.
іл. 39. Т. Нагурскі (злева) і Э. Зянкевіч.

10. Жыццё парафіі пры cаветах у 1919–1922 гг.
14 студзеня 1919 г. нямецкія часткі пакінулі Гомель, а ўвечары ў горад увайшлі атрады Чырвонай Арміі.

26 лютага 1919 г. вікарый Ворслаў быў пераведзены ў Віцебск на пасаду вікарыя віцебскага касцёла св. Антонія. На месца кс. Ворслава ў той жа дзень вікарным ксяндзом і законанастаўнікам гомельскіх навучальных установаў быў прызначаны кс. Ян Кавалеўскі148, а днём раней, 25 лютага 1919 г., тагачаснаму законанастаўніку кс. Паўлу Бірніку біскупам Цеплякам было прапанавана ў адсутнасць Антонія Ячэйкі часова заняць пасаду пробашча гомельскага касцёла і дэкана.


148 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 84.
Ноччу з 23 на 24 сакавіка 1919 г. у Гомель прыбыло 11 эшалонаў 2-й Тульскай брыгады Чырвонай Арміі, часткі якой самавольна пакінулі савецка-польскі фронт і вярталіся дадому. Гомельскія чыгуначнікі адмовіліся прапусціць эшалоны з тулякамі далей і тым самым фактычна справакавалі захоп горада. Камандаванне паўстанцамі ўзяў на сябе начальнік гаспадарчай часткі брыгады Стракапытаў. 24 сакавіка ён выдаў загад № 1, у якім гаварылася:

«Сёння, 24 сакавіка, я, па даручэнні Палескага Паўстанчага Камітэта прыняў на сябе абавязкі камандуючага войскамі Гомельскай акругі, якія паўсталі супраць урада Троцкага і Леніна.

Камандуючы войскамі Гомельскай акругі Стракапытаў»149.
149 Віцьбіч, Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня, 2007. // [Электронны рэсурс] — http://www.jivebelarus.net.
25 сакавіка стракапытаўцы захапілі атэль «Савой», у якім супраціўленне ім аказвалі прыкладна 150 бальшавікоў. 26 сакавіка частку захопленых бальшавікоў (24 адказных савецкіх супрацоўнікаў) паўстанцы забілі.

Толькі ў ноч на 29 сакавіка тулякі адступілі з Гомеля. Пераважная частка паўстанцаў змагла прарваць чырвонае кола і аб’яднацца са сваёй часцю, якая раней заняла Рэчыцу. Пасля паўстанцы прарвалі савецкі фронт і здаліся пятлюраўцам, якія перадалі іх палякам150. Гэтыя падзеі увайшлі ў гісторыю Гомеля пад назваю «Стракапытаўскі мяцеж».


150 Тамсама.
Пасля таго, як у горадзе ізноў была ўсталявана савецкая ўлада, пачаліся арышты. На працягу трох месяцаў, да ліпеня 1919 г., у Гомелі засядала губернская тройка ЧК, якая практычна кожны дзень выносіла смяротныя прысуды. Сярод расстраляных быў і кіраўнік гомельскага аддзялення «Польскай Вайсковай Арганізацыі» Браніслаў Канткоўскі151.
151 Браніслаў Канткоўскі нарадзіўся 18 студзеня 1887 г. у Пецярбургу, быў доктарам медыцыны, працаваў ва універсітэце ў Кёнігсбергу, удзельнічаў у польскім нацыянальна-вызваленчым руху.
У ліпені 1919 г. (13 ці 14 чысла) па справе «Польскай Вайсковай Арганізацыі» быў арыштаваны ксёндз Павел Бірнік. Разам з ім арыштавалі і двух парафіянаў: Адама Маркоўскага і Вікенція Бальчэўскага.

Гомельская парафія засталася без святароў. У сувязі з гэтым парафіяне 20 ліпеня паслалі тэлеграму біскупу Цепляку: «…Просім Вашага хадайніцтва перад таварышам Леніным аб вызваленні арыштаваных асобаў. Акрамя гэтага, просім Вашага распараджэння для вырашэння пытання аб Бірніку камандзіраваць у Гомельскі касцёл ксяндза, бо парафіяне колькасцю 6 тыс. чалавек пазбаўлены магчымасці выконваць у храме рэлігійныя абрады»152.


152 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 87.
іл. 40. Тэлеграма.
Біскуп Цепляк адразу ж 21 ліпеня адказаў парафіянам тэлеграмаю, у якой паведаміў, што 14 ліпеня ён паслаў тэлеграмы ў Саўнаркам і Гомельскі губвыканкам і што, на жаль, вольнага святара няма. Біскуп параіў парафіянам узмоцнена хадайнічаць на месцы аб вызваленні свайго пастыра153. Праз некалькі дзён яму ўсё ж удалося знайсці святара для Гомеля: 26 ліпеня на пасаду гомельскага вікарыя быў прызначаны кс. Міхаіл Шчэнх154, які лічыўся энергічным і сумленным святаром.
153 Тамсама. Л. 87.

154 Тамсама. Л. 88.
іл. 41. Пячатка гомельскага касцёла. Дакумент 1922 г.
Ксёндз Шчэнх прыбыў у Гомель у чацвер 14 жніўня. Яшчэ да яго прыезду, 11 жніўня 1919 г., кс. Бірнік разам з некалькімі палякамі быў расстраляны чэкістамі155.
155 Тамсама. Л. 89.
іл. 42. Здымак, верагодна, зроблены на пахаванні ксяндза Бірніка.
Ксёндз Міхаіл Шчэнх фактычна стаў выконваць абавязкі пробашча і дэкана. 20 жніўня 1919 г., праз тыдзень пасля свайго прыбыцця ў Гомель, ён напісаў ліст сакратару архідыяцэзіі ксяндзу Дамініку Іванову. Ксёндз Шчэнх быў амаль у роспачы, і ліст пачынаўся наступнымі словамі: «Вялебны ксёндз сакратар, Desolatione desolata est terra!» («Уся зямля бязлюдная», Ер 12, 11. — У. В.).

У лісце кс. Шчэнх паведамляў, што прыбыў у Гомель у чацвер 14 жніўня ці, калі больш дакладна, увечары 13-га. У плябаніі, дзе паўсюль бачыліся сляды пагрому, ён нікога не застаў, ледзь знайшоў ключы ад касцёла. Сітуацыя была вельмі складаная. Не было вартаўніка касцёла і арганіста. Не вяліся ніякія запісы, увогуле адсутнічалі касцёльныя кнігі. Таксама кс. Шчэнх не знайшоў ані капейкі грошай, хоць не губляў надзеі, што частка іх знойдзецца. Хутчэй за ўсё, ксёндз Бірнік насіў грошы пры сабе і іх адабралі ў ЧК, дзе знаходзіліся і асабістыя рэчы гомельскіх ксяндзоў — Кавалеўскага, Ячэйкі, які ўжо даўно быў у Сноўску, і расстралянага ксяндза Бірніка. Там жа, верагодна, знаходзіўся і куфар кс. Дамініка Іванова, пра які той прасіў даведацца кс. Шчэнха.

У горадзе адбываліся расстрэлы, сярод расстраляных было шмат палякаў. Ксёндз Шчэнх прасіў кс. Іванова, каб пры магчымасці супакоілі яго старых бацькоў. Ён быў гатовы да ўсяго, нават да лёсу ксяндза Бірніка. Людзі сустрэлі Шчэнха зычліва, але, як ён пісаў, жаль напаўняў іх сэрцы, бо яны былі запалоханыя.

На працягу тыдня кс. Шчэнх наведаў кс. Лук’яніна ў Рудні-Шлягіне. Ён адзначыў, што парафіяне вельмі любяць кс. Лук’яніна156.


156 Тамсама. Л. 89–90 об.
З-за складаных абставінаў кантакты паміж кс. Шчэнхам і курыяй былі досыць рэдкія — раз у некалькі месяцаў (маецца на ўвазе перапіска), таму духоўнае начальства рэкамендавала ксяндзу Шчэнху карыстацца прывілеямі, якія былі дадзены кс. Ячэйку. Гаворка ішла, галоўным чынам, пра індульты157 адносна двух ці трох перадшлюбных паведамленняў для тых, хто з прычыны мабілізацыі ці выезду з-за блізкасці фронту прасіў аб удзяленні шлюбу пасля аднаго абвяшчэння158. Дарэчы, гэтая справа была яшчэ больш складанаю, таму што тэлеграфнае ведамства не прымала дэпешаў аб касцёльным шлюбе.
157 Індульт — афіцыйны пісьмовы дазвол на адступленне ад абавязковых у кананічным праве правілаў.

158 Практыка перадшлюбных паведамленняў у некаторых парафіях існуе і сёння. Пасля нядзельнай ці святочнай Імшы святар паведамляе пра мяркуемы шлюб. Парафіяне, калі ім вядома аб перашкодах для шлюбу, мусяць паведаміць пра гэта святару. Толькі пасля трох абвяшчэнняў, калі не выявіліся перашкоды, шлюб можа быць заключаны.
Тым часам, увосень 1919 г., кс. Шчэнх пачаў аб’язджаць бліжэйшыя капліцы, каб хоць нешта даведацца пра сваю парафію. Ён таксама хацеў пазнаёміцца з суседнімі ксяндзамі і іх працаю. Спачатку кс. Шчэнх наведаў ксяндза Лук’яніна, якога папрасіў высылаць у Гомель патрэбныя парафіяльныя даныя. Ксёндз Шчэнх таксама збіраўся паўтарыць просьбу пісьмова159.
159 РГИА. Ф. 826. Оп. 1. Д. 944. Л. 102–104.
1 снежня 1920 г. кс. Шчэнх напісаў ліст былому законанастаўніку кс. Дамініку Іванову, які ў гэты час займаў у архідыяцэзіі пасаду сакратара.

У лісце кс. Шчэнх пісаў пра Катажыну Мугеніс, якая на момант прыбыцця кс. Шчэнха ў Гомель «верхаводзіла» ў працэсіях. Апрача гэтага, яна займалася мыццём касцёльнай бялізны і асабліва мела прэтэнзіі апекавацца рэчамі, якія засталіся ад ксяндзоў. Кс. Шчэнх не хацеў змяняць былых парадкаў і нейкі час цярпеў відавочныя злоўжыванні з боку Мугеніс, але яго цярпенне скончылася, калі ён заўважыў адсутнасць лепшай касцёльнай бялізны і калі яму прынеслі часткі альбаў160 і комжы161, купленыя на рынку, а таксама, калі статую Пана Езуса Мугеніс занесла ў яўрэйскі дом, у якім яна служыла. Аднойчы, калі ксёндз пераапранаўся пасля Імшы, яна пачала зрываць пакрыццё з харугвы, сцвярджаючы, што пакрыццё, як і фігурка, — яе ўласнасць. Кс. Шчэнх забараніў ёй зрываць пакрыццё і выгнаў яе з касцёла. Раз’юшаная жанчына схапіла цэглу, якая ляжала каля касцёла, і кінула ў дзверы. Людзі, якія былі сведкамі гэтага ўчынку, былі вельмі абураныя і запатрабавалі ад кс. Шчэнха, каб ён прыцягнуў Мугеніс да судовай адказнасці. Пасля высвятлення справы кс. Шчэнх з амбоны перасцярог парафіянаў аб наступствах раскрадання касцёльных рэчаў, падбухторвання супраць ксяндза і касцёльнага камітэта162.


160 Альба — доўгая белая туніка, з’яўляецца асноўным літургічным адзеннем.

161 Комжа — літургічнае адзенне, скарочаны варыянт альбы.

162 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 106, 107.
15 снежня 1920 г. кс. Іваноў напісаў кс. Шчэнху наступнае: «У адказе на Ваш ліст ад 1 снежня па справе Катажыны Магяніс (Mogianis, так у лісце Іванова. — У. В.) магу паведаміць тое, што ведаю яе як неўраўнаважаную кабету і грубіянку, аднак не дапускаў, каб яна магла здзейсніць крадзеж. За сваё злачынства панесла слушную кару. Ніхто не сумняваецца, што яна абавязаная вярнуць скрадзенае, як касцёльныя рэчы, так і рэчы, якія належаць пацярпелым ад яе. Калі б яна пачала абразліва лаяцца ці нейкімі дзеяннямі зневажала ксяндза або раскрадала касцёльную ўласнасць, то трэба ўжыць у адносінах да яе каноны касцёльнага права і як асобу, якая падлягае адлучэнню ад касцёла, не лічыць каталічкай. Касцёльны камітэт можа прыцягнуць яе да судовай адказнасці за зведаныя ад яе знявагі і за раскраданне касцёльных рэчаў»163.
163 Тамсама. Л. 110.
Яшчэ 10 кастрычніка 1919 г. біскуп Цепляк загадам № 3057 прадпісаў выконваючаму абавязкі пробашча магілёўскага касцёла св. Казіміра кс. Карлу Лупіновічу здаць справы магілёўскаму дэкану і накіравацца ў Гомель на пасаду гомельскага пробашча і дэкана. Гэтыя пасады часова, у адсутнасць дэкана Ячэйкі, які знаходзіўся ў Сноўску, займаў вікарый гомельскага касцёла кс. Шчэнх. Ксяндзу Лупіновічу прадпісвалася прыняць ад кс. Шчэнха касцёл з маёмасцю і прадставіць інвентарны вопіс у курыю. Але выезд кс. Лупіновіча ў Гомель зацягнуўся. 10 студзеня 1920 г. біскуп Цепляк прызначыў кс. Карла Лупіновіча ўжо не пробашчам, а вікарыем у гомельскі касцёл і выпісаў пасведчанне на яго імя. Пасля нядоўгага побыту ў Гомелі 5 мая 1920 г. кс. Лупіновіч выехаў у Жлобін на пасаду капелана жлобінскай капліцы антушаўскай парафіі164.
164 Тамсама. Л. 93.
14 студзеня 1921 г. ксёндз Шчэнх напісаў рапарт кіраўніку Магілёўскай архідыяцэзіі. У рапарце гаварылася: «Арцыпастыр, ужо даўно трэба было б пераслаць з майго боку рапарт аб парафіяльнай працы ў Гомелі і, часткова, у дэканаце. Я хацеў зрабіць гэта праз спецыяльнага пасланніка, але гэта было досыць цяжка. Абмяжуюся найважнейшым. Працы тут багата, і яна ўсё прыбаўляецца. Каб паспець усё зрабіць, трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну. Вельмі прыдаўся б ксёндз для раптоўных раз’ездаў. Сам езджу, як толькі можна. Але цяжка. Цяпер маю да Вас наступныя просьбы…»165.
165 Тамсама. Л. 112.
Далей кс. Шчэнх прасіў біскупа прыслаць ксяндза для Хойнікаў, Астраглядавічаў і Рэчыцы, дзе ўжо некалькі месяцаў, ад самага адступлення польскага войска, іх не было. Не было святароў і ў Мазыры і Калінкавічах. У гэты час па невядомых прычынах былі арыштаваныя магілёўскі дэкан кс. Белагаловы і ксёндз Антоні Ярмаловіч, таму кс. Шчэнх прасіў прыслаць ксяндза ў гэтыя мясцовасці, прыклаўшы да ліста подпісы парафіянаў з Хойнікаў. А тым часам ён паслаў на 1–2 тыдні чачэрскага пробашча кс. Альбіна Шацілу для аб’езду хойніцкай, астраглядавіцкай і рэчыцкай парафій.

Між тым, ксёндз Мечыслаў Сабачынскі з Люшава (як пісаў кс. Шчэнх, «вялікі мучанік за сваю памылку») абвясціў з амбоны пра свой ад’ездз, і кс. Шчэнх не ведаў, ці меў кс. Сабачынскі нейкія ўказанні на гэты конт з курыі. Ва ўсякім разе, кс. Шчэнх прасіў, каб новы люшаўскі ксёндз застаў кс. Сабачынскага на месцы, бо інакш плябанскія будынкі стануць спажываю для несумленных людзей. Перадача іншаму ксяндзу парафіі абавязкова павінна адбыцца на месцы. Ксёндз Сабачынскі, дадаваў кс. Шчэнх, мусіць быць пераведзены з Люшава, а калі біскуп запатрабуе ўказаць канкрэтныя прычыны яго пераводу, то ён, кс. Шчэнх, гатовы назваць іх. Ксёндз Іосіф Лук’янін таксама мусіць быць пераведзены, але абавязкова пад апеку сур’ёзнага пастаяннага пробашча.

Кс. Шчэнх прасіў біскупа, каб названыя ім парафіі або філіяльныя касцёлы не засталіся без святароў, і выказваў надзею на тое, што настануць лепшыя часы для Касцёла166.
166 Тамсама. Л. 112, 113.
Віцэ-канцлер курыі кс. Дамінік Іваноў, які доўгі час працаваў у Гомелі законанастаўнікам, адказаў кс. Шчэнху, што святароў для згаданых парафій Мінскай архідыяцэзіі няма, бо там працуюць толькі 3 святары, і біскуп даручае ксяндзу Мустэйкісу з Антушаў і ксяндзу Лупіновічу са Жлобіна, каб яны, па магчымасці, паразумеўшыся паміж сабою, абслугоўвалі парафіі ў Ігуменскім і Бабруйскім дэканатах. Далей кс. Іваноў пісаў, што даручэнне ксяндзу Шацілу аб’ехаць хойніцкую, астраглядавіцкую і рэчыцкую парафіі было вельмі добрай ідэяй і можа выкарыстоўвацца і ў будучыні, і калі ўмовы не зменяцца, то няхай ксёндз Шаціла нейкі час аб’язджае тыя пункты. Трэба, каб ксяндзы Мустэйкіс і Лупіновіч таксама пранікліся гэтаю справаю і неслі рэлігійную дапамогу католікам, якія засталіся без апекі.

Наконт ад’езду ксяндза Сабачынскага, — пісаў кс. Іваноў, — курыі нічога не вядома, і трэба растлумачыць прычыны для яго пераводу.

Прыслаць другога ксяндза ў Гомель для дапамогі кс. Шчэнху было немагчыма, але ў Вялікі пост яму абяцалася дапамога кондэканальных ксяндзоў.

Кс. Іваноў апраўдваў ксяндза Лук’яніна з Рудні-Шлягіна і пісаў, што курыя не давала дазволу на вядзенне ім метрычных кніг на месцы, а прадпісвала высылаць акты аб хрышчэнні, шлюбах і пахаваннях у Гомель. Калі ён рабіў гэта неакуратна, то заслугоўвае вымовы. Біскуп ухваляў распараджэнне Гомельскага дэканата аб вядзенні метрычных кніг на месцы — і ў Рудні-Шлягіне, і ў Сноўску.

Кс. Іваноў паведамляў таксама аб высылцы ў кожны касцёл Гомельскага дэканата рубрыцэлы (літургічнага календара) на 1921 год. Ён пісаў, што запас бланкаў для перадшлюбных экзаменаў вычарпаны і што гэтыя экзамены трэба праводзіць на рускай мове167.
167 Тамсама. Л. 114.
Духоўнае начальства прыслухалася да кс. Шчэнха і замяніла ксяндзоў Лук’яніна і Сабачынскага. На месца кс. Лук’яніна ў Рудню-Шлягіна быў прызначаны ксёндз Леан Буйноўскі.

А між тым, паводле словаў кс. Леана Буйноўскага, у ксяндза Шчэнха выявіліся дзве адмоўныя рысы, якія не сумяшчаліся са званнем святара: спекуляцыя і сувязь з жанчынамі. Ксёндз Шчэнх, як пісаў кс. Буйноўскі, займаўся продажам касцёльных рэчаў: прадаў гадзіннік, шафу, за 2 пуды мукі прадаў касцёльную фісгармонію Ігнату Захараўскаму з Ухова. Калі ксёндз Буйноўскі паспрабаваў забраць фісгармонію ў Захараўскага, той стаў пагражаць, што разаб’е яе, але ў касцёл не аддасць, бо заплаціў ксяндзу Шчэнху. Калі кс. Буйноўскі спытаў у кс. Шчэнха пра продаж фісгармоніі, той адказаў, што не прадаваў яе, але кс. Буйноўскі яму не паверыў на слова, і тады кс. Шчэнх напісаў наступнае тлумачэнне:

«Гэтым паведамляю, што пазычаная праз ніжэй падпісанага фісгармонія, якая ёсць уласнасцю гомельскага касцёла, для каталіцкай капліцы ў вёсцы Ухова, перавезеная Аляксандрам Ядкоўскім, цалкам знаходзіцца пад апекай капелана з Рудні-Шлягіна і мусіць захоўвацца ў капліцы, а не ў прыватных дамах. Адказным за гэта з’яўляецца капелан з Рудні-Шлягіна. Калі капелан дасць распараджэнне, фісгармонія мусіць быць адшуканая. Выконваючы абавязкі гомельскага дэкана кс. Міхаіл Шчэнх»168.
168 Тамсама. Л. 118б–118б об.
Такім чынам, з сарказмам пісаў кс. Буйноўскі, кс. Шчэнх аддаў фісгармонію пану Захараўскаму, а паўнамоцтвы распараджацца ёю — ксяндзу Буйноўскаму. Як бы там ні было, але ўжо цяжка высветліць, прадаваў кс. Шчэнх фісгармонію ці не.

Некаторыя рэчы кс. Шчэнх дарыў жанчынам. Напрыклад, пані Ермаловіч ён падарыў бронзавы гадзіннік. Неяк ксёндз Буйноўскі прыехаў у Гомель і стаў сведкам канфлікту паміж кс. Шчэнхам і парафіянамі. Раніцаю кс. Буйноўскі зайшоў у сакрыстыю, дзе былі кс. Шчэнх, убраны ў арнат169, і дзве выхавальніцы з дзіцячага дому, якія галасілі. Кс. Шчэнх сказаў ім: «Прашу адысці ад мяне, гэта маё», і пайшоў на набажэнства.


169 Арнат — верхняе літургічнае адзенне рыма-каталіцкага духавенства.
Жанчыны выйшлі за ім і ўкленчылі перад алтаром, працягваючы галасіць. Калі Імша закончылася, яны пайшлі з нейкаю дзяўчынкаю на плябанію, увесь час паўтараючы: «Ксёндз дэкан вывозіць сіроцкія слёзы». На плябаніі яны запатрабавалі, каб кс. Шчэнх вярнуў залаты гадзіннік і завушніцы, і пачалі прасіць кс. Буйноўскага, каб той прыняў гадзіннік і завушніцы на захаванне ў касцёле. Але кс. Буйноўскі не згаджаўся, тлумачачы, што ён у Гомелі толькі госць, а не гаспадар.

Тут у пакой зайшлі дзве жанчыны — сёстры Яўгенія і Марта Ермаловічы, якія працавалі ў дзіцячым садку, а жылі на другім паверсе ў доме ксяндза Шчэнха. Яны пачулі, пра што ідзе гаворка, і пачалі ўсяляк бараніць кс. Шчэнха, але тыя, якія прыйшлі з дзіцем за гадзіннікам, адказалі сёстрам, што яны такія ж, як і кс. Шчэнх, бо жывуць у яго і добра зжыліся з ксяндзом, і калі кс. Шчэнх выедзе з Гомеля, то і сёстры за ім... У выніку кс. Шчэнх мусіў вярнуць выхавальніцам і гадзіннік, і завушніцы, а ксёндз Буйноўскі мусіў прыняць залаты гадзіннік на захаванне. Такім чынам, кс. Шчэнх страціў у людзей павагу170.


170 Тамсама. Л. 119–119 об.
Ксёндз Шчэнх вёў агульную гаспадарку з сёстрамі Ермаловічамі, якія пачуваліся гаспадынямі ў яго доме, што абурала парафіянаў. Ён кожны дзень пераапранаўся ў цывільную вопратку і разам з маладымі паненкамі Ермаловічамі, якія мелі не вельмі добрую рэпутацыю, куды-небудзь выязджаў.

Кс. Буйноўскі ў Петраградзе чуў пра кс. Шчэнха як пра сумленнага і энергічнага святара. Гэта была праўда, але праўдаю было і тое, што ў Гомелі ён паводзіў сябе не зусім так, як гэта належыць святару. Калі кс. Буйноўскі першы раз прыехаў у Гомель, то быў уражаны тым, што касцёльная канцылярыя застаўлена мяшкамі мукі і півам, а кс. Шчэнх кожнаму прапануе купіць іх, кажучы, што мука танная, а піва свежае. Пры кожным прыездзе ў Гомель кс. Буйноўскі станавіўся сведкам якога-небудзь продажу, як, напрыклад, тады, калі нейкі пан Рудзік амаль не пабіўся з кс. Шчэнхам за 200 пудоў сена.

Выезджаючы з Гомеля ў Польшчу, кс. Шчэнх звярнуўся ў Губэвак, просячы зарэгістраваць выезд з ім яшчэ і пані Яўгеніі Ермаловіч, як ён пісаў, «вследствие общаго имущества». І ў цягніку кс. Шчэнх размясціўся з ёю, быццам яны былі адной сям’ёю171.
171 Тамсама. Л. 118б.
Крыху больш мякка характарызуе асобу кс. Шчэнха гомельскі парафіянін Іван Пятровіч Купсць, былы аканом аднаго з маёнткаў князя Паскевіча (паводле іншых звестак — садоўнік). Аднак і ён у лісце да ксяндза Дамініка Іванова ад 19 сакавіка 1922 г. пацвярджае факты, прыведзеныя кс. Леанам Буйноўскім.

Паводле словаў Купсця, гомельскія парафіяне былі незадаволеныя ад’ездам кс. Шчэнха, бо лічылі яго ўзорным у выкананні духоўных абавязкаў. Але пры ад’ездзе з Гомеля кс. Шчэнх паказаў сябе нядобра: многія з касцёльных і плябанскіх рэчаў ён прадаў або забраў з сабою і практычна нічога не пакінуў з кухоннага і сталовага начыння і бялізны. Магчыма, на гэта яго падбілі сёстры Ермаловічы, якія сцвярджалі, што без яго ўсё прападзе. Нават і плябанію хацелі аддаць пад інтэрнат, але ксёндз Буйноўскі не даў гэтага зрабіць.



Пасля ад’езду кс. Шчэнха з Яўгеніяй Ермаловіч у Вільню Марта Ермаловіч працягвала жыць у плябаніі з Дамарацкай (магчыма, сястра А. Дамарацкага), і ксяндзу Буйноўскаму прыйшлося вымусіць іх пакінуць плябанію172.
172 Тамсама. Л. 134, 135.
28 лістапада 1921 г. выконваючы абавязкі гомельскага пробашча і дэкана кс. Міхаіл Шчэнх выехаў з Гомеля ў Вільню173. Замест яго абавязкі пробашча пачаў выконваць капелан рудня-шлягінскай капліцы кс. Леан Буйноўскі, які па просьбе кс. Шчэнха прыехаў у Гомель 24 лістапада, каб абараняць касцёльную нерухомую маёмасць ад рэквізіцыі. Афіцыйнага прыёму будынка касцёла і яго інвентара кс. Буйноўскім не было, бо кс. Шчэнх адмовіўся ад афіцыйнай перадачы касцёла, спаслаўшыся на тое, што сам ніякага інвентарнага спісу не атрымаў. У плябаніі на момант прыезду кс. Шчэнха захоўваліся рэчы, якія засталіся ад ксяндзоў і парафіянаў, што па розных прычынах выехалі з Гомеля. Частку гэтых рэчаў кс. Шчэнх прадаў, а частку вывез (насценны гадзіннік, сервіз, карціны). Кс. Буйноўскі ўскладаў віну за гэта на касцёльны камітэт, хоць і прызнаваў, што кс. Шчэнх з камітэтам не вельмі лічыўся.
173 Удалося высветліць далейшы лёс ксяндза Шчэнха. Пасля ад’езду з Гомеля ён быў пробашчам ражнятаўскай парафіі ў Далінскім павеце Станіславаўскага ваяводства Польшчы (цяпер Ражнятаў — пасёлак гарадскога тыпу, цэнтр Ражнятаўскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці). Акрамя душпастырскага служэння, ксёндз Шчэнх выконваў таксама абавязкі старшыні мясцовага сельскагаспадарчага гуртка (Kółka Rolniczego). Пасля далучэння ў 1939 г. Заходняй Украіны да СССР ксёндз Шчэнх быў прыцягнуты да судовай адказнасці. У канцы мая – пачатку чэрвеня 1940 г. ён разам з гаспадыняю ражнятоўскай плябаніі Габрыэлай Жыгадлай прыехаў у Перамышль, які тады быў падзелены паміж СССР і Германіяй. Кс. Шчэнху ўдалося атрымаць пропуск у нямецкую акупацыйную зону. Вядома, што падчас Другой сусветнай вайны ён нейкі час знаходзіўся ў Дэмбне, у Малапольшчы. Апошнія звесткі пра кс. Шчэнха датаваныя 24 мая 1946 года. Асабовая справа ксяндза М. Шчэнха захоўваецца ў павятовым судзе горада Новы Тарг. Пар. Naczelna Dyrekcja Archiwów Państwowych [Электронны рэсурс] — http://www.archiwa.gov.pl.
Ксёндз Буйноўскі напісаў біскупу Цепляку пра паводзіны кс. Шчэнха, бо лічыў, што «Бог яму не даруе, калі ён захавае ў таямніцы тое, што рабілася ў Гомелі». Кс. Буйноўскі сцвярджаў, што кс. Шчэнх аказаўся не лепшым за ксяндза Лук’яніна з Рудні-Шлягіна і з’ехаў з Гомеля з рэпутацыяй спекулянта, і Буйноўскаму было сорамна хадзіць па вуліцах, бо ксёндз тут у гэты час асацыяваўся з лайдаком174. Між тым парафіяне прасілі біскупа, каб ён афіцыйна прызначыў кс. Буйноўскага адміністратарам гомельскай парафіі, бо чачэрскі ксёндз Шаціла, якога яны прасілі прызначыць раней, не выказаў асаблівага жадання пераехаць у Гомель, а афіцыйны гомельскі дэкан Ячэйка, які працаваў ў Сноўску, рашуча адмовіўся175.
174 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 117.

175 Тамсама. Л. 135.
Пасля ад’езду кс. Шчэнха пачаліся спробы савецкіх уладаў завалодаць касцёльнымі будынкамі. Гомельская камунальная гаспадарка выдала 2 ордэры на рэквізіцыю хлявоў, якія планавалася выкарыстаць як стайню для 12 коней аддзялення будзёнаўскай конніцы. Але кс. Буйноўскі адмовіўся іх пусціць, і яму на нейкі час удалося адстаяць касцёльную маёмасць. Потым да кс. Буйноўскага прыйшлі камуністы з «Польскай лекцыі асвятовай» (Polskiej lekcyi oświatowej) з мэтаю рэквізаваць кватэру дэкана і ўвесь дом пад польскі інтэрнат. Кс. Буйноўскі вырашыў бараніць дом да апошняга, але яму было цяжка, бо ў Гомелі ён яшчэ мала каго ведаў і таму першы час мог разлічваць толькі на сябе176.
176 Тамсама. Л. 118а.
У пачатку 1922 г. з Масквы ў Гомель прыбыла польска-савецкая камісія. Мэтаю камісіі быў дэмантаж і перавозка ў Варшаву помніка Ю. Панятоўскаму (у адпаведнасці са спецыяльным раздзелам дакумента аб вяртанні культурных каштоўнасцяў, вывезеных з Польшчы ў часы Расійскай імперыі, складзенага паводле Рыжскай дамовы 1921 г.). Помнік Ю. Панятоўскаму стаяў у парку каля палаца з 1842 г. і быў адзіным конным помнікам на тэрыторыі Беларусі. На яго пастаменце мясцілася шыльда з надпісам: «Іосифъ Антонъ Понятовскій»177.
177 Малікаў, Я. Незвычайны лёс аднаго помніка // Гомельская праўда. — 2006. — № 19.
Камісія працавала ў Гомелі каля трох тыдняў. За гэты час помнік быў дэмантаваны, разабраны і перавезены на Гомельскі вакзал, адкуль яго адправілі ў Варшаву. Безумоўна, гэта была страта для мясцовых католікаў, якія лічылі помнік сімвалам каталіцкасці і польскасці. Нездарма «Гомельскія валацугі» змясцілі на вокладцы свайго часопіса выяву помніка, а адзін з найбольш актыўных парафіянаў, Іван Купсць, у сваім лісце да віцэ-канцлера ксяндза Дамініка Іванова напісаў пра гэта як пра адну з найважнейшых навінаў178.
178 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 134 об.
іл. 43. Помнік Ю. Панятоўскаму.

іл. 44. Так цяпер выглядае месца, дзе стаяў помнік Ю. Панятоўскаму.

іл. 45. Помнік Ю. Панятоўскаму (яго копія) стаіць цяпер у Варшаве.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка