Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка4/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

5. Справа ксяндза Дубраўскага
1 кастрычніка 1841 г. у Гомель прыехалі два каталіцкія святары — магілёўскі дэкан Юзаф Длугаборскі і рагачоўскі пробашч Гедэон Кіч, якія накіраваліся ў вікарыят, дзе паведамілі мясцоваму плябану, кс. Дубраўскаму пра мэту свайго прыезду82.
82 Матэрыялы ў падраздзеле даюцца паводле: РГИА. Ф. 826. — Оп. 2. — Д. 241.

іл. 15. Карта Гомеля. 1838 г.


Яшчэ 3 жніўня 1841 г. кс. Длугаборскі атрымаў ад арцыбіскупа Мітрапаліта Ігнацыя Корвіна Паўлоўскага прадпісанне, якім яму загадвалася разам з яшчэ адным ксяндзом добрай рэпутацыі накіравацца ў Гомель. Мэтаю паездкі мусіла быць расследаванне паводзінаў гомельскага плябана, беліцкага дэкана кс. Юліяна Дубраўскага. На імя мітрапаліта прыйшлі 2 лісты, адзін у 1840 г., а другі ў 1841 г., у якіх ксёндз Дубраўскі абвінавачваўся ў розных учынках, несумяшчальных з духоўным санам. У першым лісце абвінавачванні насілі агульны характар, а ў другім яны былі падрабязна апісаныя ў 12-ці пунктах.

Дэкану Юзафу Длугаборскаму было прадпісана неадкладна разабрацца ў гэтай справе і далажыць мітрапаліту. Кс. Длугаборскі, спаслаўшыся на занятасць, папрасіў дазволу адкласці паездку да першых дзён верасня. 1 кастрычніка камісія ў складзе кс. Ю. Длугаборскага і кс. Г. Кіча прыбыла ў гомельскую плябанію і адразу прыступіла да расследавання. Былі складзеныя 2 экзэмпляры апытальніка для вікарыяў гомельскага касцёла і 10 экзэмпляраў для паважаных і годных даверу парафіянаў, прыведзены да прысягі 10 парафіянаў, 2 вікарыі і доктар, які лячыў ксяндза Дубраўскага.

Паказанні давалі наступныя асобы: пан Гарбатоўскі, падсудак Беліцкага павета; пан Валадкевіч, маршалак; пан Жукоўскі, гранічны суддзя; пан Юхневіч, доктар Беліцкага павета; Рамуальд Дамброўскі, губернскі сакратар; Якуб Міцкевіч, асэсар земскага суда; Адам Вінрцых, сакратар земскага суда; пан Плескі, асэсар Беліцкага павета; пан Міцкевіч, сакратар; пан Стракоўскі, гарадскі галава Новай Беліцы; ксёндз Баніфацый Найневіч, вікарый гомельскага касцёла; ксёндз Вінцэнт Кондрат, вікарый гомельскага касцёла.

Усе гэтыя асобы далі практычна аднолькавыя адказы на пытанні. Так, Гарбатоўскі паведаміў наступнае:

1. У якім адзенні ксёндз Дубраўскі заўсёды ходзіць? — У адзенні, якое б не адпавядала духоўнаму стану, ні разу ксяндза не бачыў.

2. Ці выконвае абавязкі плябана і, калі выконвае, то ў духоўным убранні ці свецкім? — Калі выконвае плябанскія абавязкі ў касцёле, то заўсёды ў духоўным убранні, а калі гэта патрэбна, то ў арнаце, капе або ў комзе.

3. Ці здзяйсняе святую Імшу і як часта? — Калі знаходзіцца ў Гомелі, святую Імшу здзяйсняе рэгулярна.

4. Ці спавядаецца калі-небудзь? — Не ведаю.

5. Ці праўда, што вучыцца іграць на фартэпіяна і танцаваць у пані Вішнеўскай? — З-за аддаленасці месца майго пражывання не ведаю, ці бывае ён у пані Вішнеўскай, і каб іграў і танцаваў, ні ад кога не чуў.

6. Ці выконвае пасты? — У дзень посту мясных страў на стол не падавана.

7. Дзе найчасцей жыве, у Гомелі пры касцёле ці ў іншым месцы? — Найчасцей жыве ў Гомелі.

8. Ці праўда, што з-за празмернасці ў юрлівасці страціў увесь нос? — Няпраўда.

9. Ці праўда, што з-за той самай прычыны купіў у пані Вішнеўскай дзвюх маладых дзевак, разам з імі жыве ў адной кватэры і вядзе непрыстойнае жыццё? — Ці купляў калі-небудзь дзевак ці не, не ведаю і ніякіх, ні старых, ні маладых у памяшканні ксяндза не бачыў.

10. Ці па той самай прычыне ў мінулым годзе ў Задушны дзень83 спраўляў баль са сваёй кампаніяй і да таго дапіўся, што дагала разабраны віваты выконваў, і праз гэта меў да сябе вялікае пагаршэнне адносін з боку людзей? — Не толькі ў дзень Задушны, але ніколі ксяндза п’яным не бачыў, і ці была якая кампанія ў гэты дзень, не ведаю.


83 Задушны дзень — распаўсюджаная назва Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых.
11. Як абыходзіцца з плябанскімі падданымі і з падданымі фундушавымі музыкі катэдральнай, і ці не пакрыўджаны яны ксяндзом Дубраўскім ці яго падручнымі? — Па лагодным характары ксяндза не мяркую, каб быў кепскім для падданых.

12. Ці не прадаваў лясоў фундушавых і як багата? У якім стане гэтыя лясы? — Не ведаю і не чуў.

Маршалак Валадкевіч напісаў у адказах, што кс. Дубраўскі ходзіць заўсёды ў адпаведным духоўнаму сану ўбранні, як служка хрысціянскай рэлігіі са стараннасцю захоўвае яе праўды. Хаця Валадкевіч жыве за 30 вёрстаў ад касцёла, але, калі бывае ў касцёле, заўсёды бачыць ксяндза, які здзяйсняе святую Імшу з навукамі. Пра ігранне на фартэпіяна і танцы адказаў, што трэба ведаць пані Вішнеўскую, паглядзець, колькі ёй гадоў, ці можа яна іграць і танцаваць. Пані Вішнеўская — удава адваката, маці мноства дзяцей, якой патрабаваўся дарадца і суцяшальнік, яна знайшла яго ў ксяндзу Дубраўскім. Заўсёды і ва ўсім ксёндз Дубраўскі выконваў свае святарскія абавязкі і быў прыкладам для парафіянаў. Парафіяльныя абавязкі, кіраванне фундушавымі фальваркамі, паляпшэнне быту сялянаў, будаўніцтва ў плябаніі, дэканскія абавязкі — вось справы ксяндза Дубраўскага. На пункты 8, 9 і 10 Валадкевіч напісаў, што скаргі на ксяндза — найчарнейшая намова.

Падобна адказалі і ўсе астатнія запытаныя.

5 кастрычніка кс. Длугаборскі і кс. Кіч выехалі ў Смедзін лес за ракой Сожам, які знаходзіўся на адлегласці 50 вёрстаў ад касцёла, агледзелі ўвесь лес (з лесніком, які там жыў) і распыталі ў яго, ці не было якога-небудзь незаконнага продажу лесу. Ляснік адказаў, што апроч высечкі на плябанскія і фальваркавыя патрэбы, не было ніякага продажу лесу, толькі на працягу трох гадоў забрана з прычыны павалу 40 сажняў верхавінаў, якія пайшлі на апал цэглы для склепу пад новым домам у плябаніі.

У плябанскім фальварку Блюдніцы камісія таксама агледзела ўвесь лес і апытала другога лесніка, які таксама адказаў, што, апрача хатніх патрэбаў, нікому ні аднаго дрэва не прадалі. У «фальварку катэдральнай музыкі» Кабыліне84 таксама ніводнага незаконнага продажу не было выяўлена. Сабраныя падданыя ўсе аднолькава адказалі, што ксёндз Дубраўскі іх ніколі не крыўдзіў і лес не прадаваў. Былі правераны ўсе вясковыя склады плябанскіх вёсак, аднак ніякай недастачы не знайшлося. Усе падаткі былі сплочаны, за выключэннем падаткаў за 1841 г., з якіх была сплочана толькі палова.


84 Гэты фальварак належаў катэдральнаму сабору.
Не знайшоўшы ніякага пацвярджэння ананімным абвінавачванням, кс. Длугаборскі і кс. Кіч пакінулі Гомель.

Аднак дэкан Длугаборскі атрымаў ад мітрапаліта загад, згодна з якім ён мусіў падабраць на пасаду гомельскага плябана і беліцкага дэкана новую кандыдатуру замест кс. Юліяна Дубраўскага. 10 кастрычніка ў рапарце мітрапаліту кс. Длугаборскі адказаў, што ў дэканаце няма такой кандыдатуры, бо, апрача двух гомельскіх вікарыяў, тут працуюць усяго 4 святары:

1) у Гросвердэры, на адлегласці 200 вёрстаў ад Гомеля, дамініканец ксёндз Зубрыцкі;

2) у Радузе — ксёндз Ставярэй, былы дамініканец, на той час хворы, які на працягу трох тыдняў нават не мог падняцца з ложка;

3) у Чачэрску — дамініканец ксёндз Багдановіч, які не меў ніводнага фундушу;

4) у Люшаве — ксёндз Дамінік Юшкевіч, які быў нядаўна прызначаны і не мог выконваць дадатковых даручэнняў, бо знаходзіўся далёка ад пошты і яшчэ не зрабіў ніякіх грашовых запасаў.

Паколькі апытаныя парафіяне, доктар і 2 вікарыі нічога кепскага пра кс. Дубраўскага не паведамілі, выбар новага плябана і дэкана мусіў застацца за арцыбіскупам.

Калі ксяндзы Юзаф Длугаборскі і Гедэон Кіч прыехалі ў Гомель, яны засталі кс. Дубраўскага ў звычайным святарскім убранні — чорным доўгім сурдуце. Святую Імшу кс. Дубраўскі здзяйсняў у духоўным убранні, да споведзі прыступаў, як сам казаў, у Магілёве і Гомелі; тое ж паказаў вікарый кс. Найневіч. Абвінавачванні ў гранні на фартэпіяна і танцах у пані Вішнеўскай не падобныя на праўду, ксяндзы з камісіі самі бачылі яе ў Гомелі. Ксёндз Дубраўскі казаў, што бываў у фальварку Ціхінічы пані Вішнеўскай толькі для здзяйснення святой Імшы ў фальваркавай капліцы і выканання іншых парафіяльных абавязкаў у адносінах да тамашніх парафіянаў, аддаленых ад касцёла на 30 вёрстаў. Што да посту, дык усе сказалі, што не бачылі, каб Дубраўскі ўжываў у гэты час мясныя стравы. Што да пражывання за межамі Гомеля, то ўсе адказалі, што плябан непараўнальна даўжэй жыве пры касцёле, чым у фальварках. Нос у кс. Дубраўскага таксама быў здаровы і цэлы, а хварэў ён на рожу твару і асабліва пакутаваў з надыходам непагадзі, паводле сведчання доктара, які яго лячыў. Абвінавачванні ў тым, што кс. Дубраўскі купіў у пані Вішнеўскай дзвюх маладых дзевак, якія жылі з ім на адной кватэры, натуральна, аказаліся выдумкай. Праўда была ў тым, што кс. Дубраўскі купіў цэлую сям’ю католікаў — жанчыну, якая ў 1840 г. памерла, двух яе сыноў і дачку. Аднаму сыну было 22 гады, другому — 12, а дачцэ — 14. Купіў для таго, каб мець прыслугу. Двух тых хлопцаў трымаў пры сабе ў плябаніі, а іх сястру за месяц да падзеяў аддаў у Гомель у сям’ю Закрэўскіх для вучэння шыццю-мыццю і іншым работам, каб потым адаслаць да сваёй маці на Падолле. Што да «балю» ў Задушны дзень, то гэта быў не баль: некаторыя парафіяне былі ў кс. Дубраўскага на гарбаце, а некаторыя нават і начавалі, згодна з даўнім звычаем, для ўдзелу ў набажэнстве за душы памерлых. У рапарце адзначалася таксама, што ніякага незаконнага продажу фундушавага лесу не было выкрыта. З вывезенага дрэва былі пабудаваны ў плябаніі свіран, вазоўня, 2 стайні, павець і лядоўня, накрытыя драніцай пад цвік, дом на 6 пакояў з мураванай кухняй, накрыты гонтай і агароджаны штыкетам з брамай. Пры доме — свіран, прывезены ў 1840 г. з фальварка Блюдніцы, накрыты драніцай, а ў Блюдніцы на яго месцы пастаўлены новы, таксама накрыты драніцай, новая лазня на 2 пакоі з сенцамі. Апрача таго, у «музычным фальварку» Кабыліне быў пастаўлены вялікі дом, у якім жылі чэлядзь і аканом. Дом гэты быў накрыты драніцай пад цвік. У вёсцы Рудзянец пабудавана новая карчма на 2 паловы па 2 станцыі з сенцамі, накрытая драніцай.

Напрыканцы рапарта камісія падкрэсліла, што даручэнне мітрапаліта выканана сумленна і акуратна.

Але хто і з якой прычыны мог пісаць лісты з фальшывымі абвінавачваннямі мітрапаліту? Ліст ксяндза Дубраўскага да арцыбіскупа толькі прыадкрывае гэтую таямніцу:

«Да яснавяльможнага Мітрапаліта рыма-каталіцкіх у Расіі касцёлаў, арцыбіскупа Магілёўскага, прэзідэнта рыма-каталіцкай калегіі і кавалера Ігнацыя Корвіна Паўлоўскага.

Ад ксяндза Юліяна Дубраўскага, плябана гомельскага, дэкана беліцкага.

Найпакорнейшы рапарт.

У гэтым годзе атрымаў 13-га верасня прадпісанне Вашай арцыпастырскай мосці за № 1188 днём 8 верасня датаванае, якое паведамляе мне аб кепскіх і несумяшчальных з духоўным званнем паводзінах. Тым самым даючы мне

Уражаны такім раптоўным і неспадзяваным няшчасцем, ледзь вынесці магу такое незайздроснае становішча. Адзін раз ужо будучы жорстка караным псаваннем ласкі і дастойнага меркавання пра мяне Вашай арцыпастырскай мосці, ад чыёй волі лёс мой цалкам залежыць, зноў пабачыў сябе выстаўленым перад Вашай арцыпастырскай мосцю ў найагіднейшым вобразе, які толькі зласліўцы пры дапамозе бессаромнага фальшу сфарміраваць маглі. Усялякую стараннасць і руплівасць у выкананні даручаных мне абавязкаў, якімі я намагаўся заслужыць увагу і давер майго начальства, гэты паклёп мог знішчыць, і, нарэшце, пазбаўленне мяне добрага імя перад парафіянамі, з нагоды задаваных ім камісіяй пытанняў, у якіх да гэтага часу быў я ў павазе і меў добрую рэпутацыю і з пагаршэннем якіх быў я ачэрнены — гэта стала для мяне самым адчувальным і балючым ударам. Таму гэтым лістом прыбягаю да стопаў Вашай арцыпастырскай мосці, каб прынесці найглыбейшую ўдзячнасць за прызначэнне камісіі ў Гомель, што ўжо з’яўляецца міласцю, якую Ваша арцыпастырская мосць па бацькоўскай сваёй дабрыні для мяне зрабіць вырашыла.

Будучы цалкам упэўненым у сваёй нявіннасці, не мяркую, каб дадзеная камісія змагла выкрыць нешта падобнае на ісціну з абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены мне ў фальшывым данясенні. Таксама камісія мусіла давесці да Вас аб маёй руплівасці ў адносінах даверанай мне плябаніі і добрасумленным кіраванні маёмасцю, як належачым плябаніі, так і фундушу катэдральнага сабора. Так жа шчыра і сумленна магу заявіць, што не зрабіў для сябе ніякіх грашовых запасаў, а ўсе даходы выдаткоўваю на будаўніцтва і гаспадарку як плябані, так і абодвух маёнткаў.

Пры тым прашу, яснавяльможны пастыр, прабачыць мне маю смеласць, што асмельваюся турбаваць Вашу арцыпастырскую мосць найпакорнейшай просьбай выкрыць паклёпніка, які ёсць, я ўпэўнены, ніхто іншы, як той жа, хто і год таму ачарніў мяне перад Вашай арцыпастырскай мосцю.

Гаворка ідзе не аб помсце, бо гэта не хрысціянская справа, а аб жаданні ўпэўніцца ў тым, што гэты пасквіль падпісаны выдуманым імем, і гэтага чалавека не існуе, а калі і існуе, то, напэўна, нават і не ведае пра гэты данос, у той час як сапраўдны аўтар гэтых пасквіляў, ведаючы ўсю ганебнасць шляху свайго жыцця, і якому я рашуча адмаўляю ў веры, ніколі не адважыцца адкрыць сваё імя. Для мяне яно не падляжыць сумненню, паколькі гэты зласлівы чалавек кулуарна прызнаваўся шмат каму, што будзе мяне пераследаваць сваімі даносамі, пакуль не атрымае патрабуемую несправядліва суму, а таму, будучы зусім нявінным, лёгка магу чакаць пра сябе і ў далейшым падобных пасквіляў. Выкрыццё яго паслужыць таксама для ўлагоджвання таго дрэннага ўплыву, які гэты ілжывы паклёп мог аказаць на грамадскую думку парафіянаў, чыя павага і нічым не зняслаўленая рэпутацыя так неабходны святару.

Яснавяльможны пастыр! Не дазволь, каб я нявінна пакутаваў і ганьбілася духоўнае званне. Пажадай, Ваша архіпастырская мосць, пачуць маю просьбу і абараніць мяне сваёй высокай увагай ад падобных пасквіляў. Бо, ведучы такое недастойнае жыццё, у якім абвінавачвае мяне паклёпнік, ці мог бы я быць цярпімы столькімі важнымі людзьмі, якія маюць сталую магчымасць звярнуць на мяне ўвагу, або бліжэйшым начальствам, якім з’яўляецца Магілёўская кансісторыя, для якой бачна мая дзейнасць.

Пажадай, Ваша арцыпастырская мосць, звярнуць сваю ўвагу на нанесены мне ўрон, які мой паклёпнік нічым папоўніць не ў стане.

Кс. Юліян Дубраўскі. 21 кастр. 1841 г.»85.
85 РГИА. Ф. 826. — Оп. 2. — Д. 241. — Л. 36–37 об.
Арцыбіскуп Ігнацы Корвін Паўлоўскі ў лісце да ксяндза Дубраўскага, датаваным 9 лістапада 1841 г., прызнаў, што абвінавачванні аказаліся фальшывымі. Яшчэ некалькі гадоў ксёндз Дубраўскі працаваў на пасадах гомельскага плябана і беліцкага дэкана, але яго далейшы лёс невядомы, як і прозвішча яго крыўдзіцеля.
іл. 16. Фармулярны спіс (біяграфія), уласнаручна напісаны кс. Ю. Дубраўскім у 1834 г.

6. Гомель і парафія ў сярэдзіне ХІХ ст.
У 1854 г. у Гомелі пражывала 10 100 жыхароў. Католікаў у гэты час (1855 г.) было 212 чалавек. У горадзе (разам з Новай Беліцай) налічвалася 1 219 жылых, гаспадарчых і адміністрацыйных будынкаў, з іх 129 мураваных, 1 090 — драўляных.

Моцны пажар 1856 г. знішчыў у Гомелі 540 дамоў. Пацярпеў ад пажару і касцёльны архіў, у якім згарэла шмат каштоўных дакументаў.


іл. 17. Гандлёвая плошча ў Гомелі. Сярэдзіна ХІХ ст.
У 1858 г. у Гомелі ўжо налічвалася 13 700 жыхароў, у 1860 г. — 17 тысячаў86. У 1862 г. колькасць гараджанаў-католікаў дасягнула 540 чалавек (266 мужчын і 274 жанчын) (дадатак 2).
86 Открой Гомель. Официальный сайт Гомельского городского исполнительного комитета [Электронны рэсурс] — http://www.gorod.gomel.by.
іл. 18. Гомельскі палац. З малюнка Н. Орды. 1850-я гг.
У 1852 г. у гомельскай парафіі было 9 капліцаў: у Новай Беліцы, Антонаўцы, Грабаўцы, Баршчове, Борхаве і Ціхінічах; у 1850 г. 3 капліцы (у Дуравічах, Засоўі і ў аколіцы Новыя Цярэшкавічы) былі ўжо зачыненыя.

У 1855 г. гомельскія парафіяне сабралі 210 руб. добраахвотных ахвяраванняў. Для рамонту касцёла ў гэты год былі набыты розныя матэрыялы і касцёльнае начынне. Для пабелкі было куплена 100 пудоў чыстай вапны і 84 пуды вапны для тынкоўкі на 56 рублёў. За сасновы лес (брусы, бярвенне, дошкі, дубовыя штандары) і цэглу было заплачана 250 рублёў. Было куплена для касцёла варшаўскага серабра на суму 203 руб. 10 кап.: 6 вялікіх падсвечнікаў на алтар вышынёй 1 аршын 4 вяршкі; 6 малых падсвечнікаў на алтар вышынёй 11 вяршкоў; рэлікварый87, у некаторых месцах пазалочаны; пара ампулак88. Заплачана 30 руб. за вялікае пазалочанае на сярэбраным крыжы распяцце і 15 руб. за вялікае чыгуннае распяцце і літары для надпісу «Sit nomen Domini benedictum usque ad aeternum» (гэты надпіс і распяцце знаходзіліся звонку на касцёле да пачатку ХХ ст.). Усяго было заплачана 554 руб. 10 кап. на матэрыялы і начынне і 250 руб. рабочым, разам — 804 руб. 10 капеек.


87 Рэлікварый — спецыяльнае сховішча, зробленае ў форме аздобленага куфэрка ці манстранцыі для захоўвання рэліквій і парэшткаў святых.

88 Ампулка — літургічны посуд, у ампулках падаюцца віно і вада падчас прыгатавання дароў у св. Імшы.
Да 1 лістапада 1855 г. у касцёле быў зроблены вялікі мураваны алтар. Касцёл быў звонку нанава атынкаваны, а таксама пабелены, як звонку, так і ўсярэдзіне. Быў перароблены ганак. Касцёльная агароджа, падмурак і слупы таксама былі атынкаваныя і пабеленыя. Дах касцёла пафарбаваны чырвонай фарбаю, крыжы вызалачаны.

У мураваным доме плябаніі ў чырвоны колер быў пафарбаваны дах, дом быў атынкаваны і пабелены, зроблены 2 новыя ганкі. Усярэдзіне дома ў блакітны колер былі пафарбаваныя сцены, пераробленыя печы і падлога. Былі таксама пераробленыя печы ў флігелі, адрамантаваная лазня, пабудавана багадзельня (шпіталь) на падмурку. Заставалася яшчэ перабудаваць флігель з кухняю, перакрыць стайню і свіран89.


89 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 292. — Л. 72.
У 1848–1849 гг. адміністратарам гомельскага касцёла быў кс. Павел Якуб Лаўрэнцьевіч Келпш. Пасля яго пробашчам гомельскага касцёла і адначасова беліцкім, а потым гомельскім дэканам (да 1855 г.) быў ксёндз Баніфацый Найневіч, якога на дэканскай пасадзе змяніў чачэрскі пробашч кс. Гіртовіч.

Вікарыем у Гомелі ў пачатку 1850 гг. служыў ксёндз Сухоцкі, капеланам да 1852 г. быў ксёндз Юзаф Энгельгард. Пасля іх у Гомелі працавалі вікарый кс. Ян Буген (пад гэтым прозвішчам хаваўся літоўскі селянін Ян Венцкус) і законанастаўнік кс. Аляксандр Багрым. Парафія налічвала 1 050 вернікаў.

21 лютага 1859 г. законанастаўнікам пры Гомельскім трохкласным вучылішчы быў прызначаны кс. Рыгор Войцехавіч Керсноўскі. З 1864 г. (паводле іншых звестак, з 10 снежня 1865 г.) ён быў законанастаўнікам пры Гомельскай шасцікласнай прагімназіі. Па яго прашэнні 18 сакавіка 1889 г. кс. Керсноўскі быў звольнены з гэтай пасады. Да самага скону 1 снежня 1896 г. ён выконваў абавязкі вікарыя пры гомельскім касцёле.

У 1859–1860 гг. вікарыем гомельскага касцёла быў кс. Фелікс Ігнацьевіч Заленскі.

У 1863–1864 гг. вікарыем гомельскага касцёла працаваў кс. Іосіф Іосіфавіч Гліндзіч.

У 1864 г. вікарыем быў прызначаны былы вікарый скасаванага радужскага касцёла кс. Аляксандр Тамашэўскі.

30 чэрвеня (паводле іншых звестак, 13 чэрвеня) 1864 г. вікарыем быў прызначаны кс. Рох Антонавіч Багушэўскі.

У 1867 г. (а магчыма, і раней) у Гомелі адміністратарам працаваў ксёндз Рэніер, якога потым перавялі ў Шклоў на пасаду адміністратара і магілёўска-горацкага дэкана90.


90 Тамсама. Д. 706.
З 22 снежня 1869 г. па 14 сакавіка 1870 г. на пасадзе пробашча і гомельскага дэкана знаходзіўся кс. Рох Антонавіч Багушэўскі. З 25 сакавіка ён быў прызначаны на пасаду адміністратара івандарскага касцёла.

У 1840–1850 гг. парафіянамі касцёла былі, па ўсёй верагоднасці, польскі архітэктар Адам Ідзікоўскі, які з 1837 г. да сярэдзіны 1840 гг. кіраваў рэканструкцыяй і дабудовай палаца і планіроўкай парку, а таксама італьянскі майстар па тынкоўцы Вінцэнто Вінцэнці, які працаваў у палацы з 1843 г. да сярэдзіны 1850 гадоў91.


91 Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі: Гісторыка-архітэктурны нарыс. — Мінск, 1991. — С. 52.
іл. 19. Гомельскі палац і парк у сярэдзіне ХІХ ст. Карціна А. Ідзікоўскага.
Сярод іншых вядомых парафіянаў у ХІХ ст. трэба адзначыць памешчыка Вінцэнта Крушэўскага. Ён валодаў мястэчкам Антонаўка Насовіцкай воласці (у Антонаўцы да 1920 гг. на могілках існавала каталіцкая капліца92), Борхавам (таксама з каталіцкай капліцай) Целяшоўскай воласці і вёскай Брылёва Гомельскай воласці (цяпер на тэрыторыі Гомеля)93, Крушэўскі зрабіў сваёй зімовай рэзідэнцыяй знакаміты гомельскі «Паляўнічы домік», які быў пабудаваны ў 1820 г. архітэктарам У. Дзячковым для графа М. П. Румянцава.
92 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 40.

93 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. — Гомель, 1993. — С. 174.
іл. 20. «Паляўнічы домік».
Вуліца, побач з якой стаіць гэты дом, да 1923 г. так і называлася — Крушэўская. Сын Вінцэнта Крушэўскага Адольф выбіраўся магілёўскім маршалкам і быў ініцыятарам адкрыцця ў Гомелі ў 1865 г. першай дзяржаўнай прагімназіі.
іл. 21. Надмагілле Адольфа Крушэўскага. Беліцкія могілкі ў Гомелі.
Пасля заключэння шлюбу Антаніны Крушэўскай з Аляксандрам Лісоўскім «Паляўнічы домік» перайшоў да Лісоўскіх94. Апошняй гаспадыняй гэтай каталіцкай сядзібы была Ірына Галынская з Лісоўскіх, жонка Юзафа Галынскага з Крычава95.
94 Літвінава, Т. Ф. Старыя сядзібы // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн.1. — С. 191–192.

95 Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. у будынку размяшчалася ЧК.
іл. 22. Сучасны выгляд «Паляўнічага доміка».
Пасля паўстання 1863–1864 гг. Каталіцкі Касцёл зрабіўся адным з галоўных аб’ектаў рэпрэсіўнай палітыкі расійскага ўраду. Толькі за перыяд з 1863 г. па 15 ліпеня 1866 г. у Магілёўскай губерні былі пераведзены ў праваслаўе 983 чалавекі96. Адзначаліся выпадкі пераходу ў праваслаўе і ў Гомельскай парафіі, праўда, цяжка сказаць, наколькі гэта было вымушана. Але несумненна, што пэўны ціск на многіх католікаў аказваўся. Так, у аколіцы Фашчаўка Гомельскага павета (цяпер Целяшоўскі сельсавет Гомельскага раёна) у праваслаўе перайшоў Корзун Рыгор Мікалаевіч, а вось яго браты Пётр і Мікалай засталіся вернымі Касцёлу97.
96 Смалянчук, А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864–1917. — Гродна, 2001.

97 Генеалогия семьи Корзун // Генеалогия Ральфи Кабо [Электронны рэсурс] — http://www.arkgenealogy.narod.ru.

7. Гомельская парафія і дэканат пры ксяндзу Пятроўскім (1870–1911 гг.)
іл. 23. Гомель. Ілюстрацыя з кнігі «Живописная Россия» (Санкт-Пецярбург, 1882).
У 1870 г. гомельскім пробашчам і дэканам быў прызначаны былы пробашч бобрскага касцёла кс. Ф. І. Пятроўскі, з імем якога звязана цэлая эпоха ў гісторыі гомельскай парафіі і дэканата, бо кс. Пятроўскі працаваў на гэтых пасадах 41 год — да самай сваёй смерці 21 верасня 1911 года.

Францыск Іосіфавіч Пятроўскі нарадзіўся ў 1827 г. на Падляшшы, паходзіў са шляхты. У 1857 г. атрымаў ступень магістра багаслоўя і быў прызначаны законанастаўнікам Мсціслаўскага павятовага дваранскага вучылішча, у 1860 г. — пробашчам касцюковіцкага парафіяльнага касцёла, 9 верасня 1865 г. — пробашчам бобрскага касцёла, а 14 сакавіка 1870 г. ён стаў гомельскім пробашчам і дэканам.

Неўзабаве пасля свайго прызначэння ў Гомель, у 1871 г., кс. Пятроўскі разам з гомельскімі парафіянамі адмовіўся ўводзіць дадатковыя набажэнствы на рускай мове98.
98 Ракоўскі, М. Супрацьстаянне // Наша вера. — 1996. — № 1.
У 1882 г. у гомельскай парафіі налічвалася 2 223 вернікаў.

З 21 сакавіка 1884 г. па 14 чэрвеня 1885 г. вікарыем у Гомелі працаваў Стэфан Антонавіч Градзіцкі.

У 1886 г. касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі паводле «Описания гомельского римско-католического приходского костела и всякого имущества его, Могилевской губернии в уездном городе Гомеле Гомельского деканата» выглядаў наступным чынам. Касцёл быў мураваны, ззаду паўкруглы, з круглым купалам і дзвюма вежамі, на якіх былі 3 жалезныя вызалачаныя крыжы з вызалачанымі шарамі. На адной з вежаў віселі 5 званоў: вялікі, сярэдні і тры малыя, якія разам важылі 26 пудоў.

Дах касцёла быў крыты жалезнай бляхай і пафарбаваны алейнай чырвонай фарбай. Звонку касцёл быў атынкаваны і агароджаны мураваным палісаднікам на мураваным падмурку з атынкаванымі мураванымі слупамі. Уваход у касцёл быў праз драўляны ганак на мураваным падмурку з 6 прыступкамі. Дзвярэй для ўваходу ў касцёл было трое, з дубовага дрэва. Вокнаў вялікіх паўкруглых у касцёле было 3, у купале — 8, падлога была з дубовага дрэва, пафарбаваная, па абодвух баках касцёла стаялі 10 пафарбаваных лавак. Канфесіяналаў ясянёвых сталярнай работы было 2, пад хорамі — 2 лаўкі простыя, у прэзбітэрыі — 1 лаўка палітураваная. Краты, якія аддзялялі прэзбітэрый, былі адліты з чыгуну, нанава на той час пафарбаваныя і завешаныя паўтыбетам чырвонага колеру, а зверху — белай посцілкай. Звонку на касцёле над франтонам99 вісеў чыгунны крыж з укрыжаваным Збаўцам. Касцёл меў 5 алтароў.


99 Франтон — частка (звычайна ў выглядзе трохвугольніка) фасада будынка, порціка, каланады, абмежаваная схіламі даху і карнізам.
Плябанія складалася з наступных будынкаў:

1. Мураваны дом з мезанінам. Меў 7 пакояў. Дах быў пакрыты жалезнай ліставой бляхай, пафарбаваны чырвонай алейнай фарбай, столь паклеена халстом, падлога зроблена з дошак сасновага дрэва. Дзвярэй, пафарбаваных, аднолькавых, на жалезных завесах — 3, вокнаў фарбаваных — 23, печаў з юшкамі і дзверцамі — 4.

2. Флігель, пабудаваны з круглага сасновага дрэва. У даўжыню на 8, у шырыню на 3,5 сажняў, накрыты гонтай. Пакояў 5. Ганак, які вёў у сенцы, падтрымліваўся на двух слупах, дзверы ў сенцы былі на жалезных завесах з зашчапкамі. Дзвярэй простых, на жалезных завесах з унутранымі замкамі, было 5, вокнаў — 11, печаў з чыгуннымі юшкамі і дзверцамі — 3, у сенцах была кладоўка, а пад двума пакоямі — мураваны склеп.

3. Флігель з правага боку мураванага дома, з кухняй і сенцамі. У даўжыню займаў 12,5 сажняў, а ў шырыню 3,5 сажняў. Пабудаваны з круглага дрэва пад адну кроўлю, накрыты гонтай пад цвік, у сенцах была перагародка, якая аддзяляла ўваход у флігель. У кухні знаходзіўся склад. Ганак быў на трох слупах. Дзвярэй меў 2. Адны, з правага боку, вялі у сенцы да пакояў, а другія, з левага боку, — у кухню. Пакояў было 5, дзвярэй — 6, печаў цагляных з чыгуннымі дзверцамі — 3, акенцаў – 14. Усе гэтыя пакоі былі атынкаваныя, пафарбаваныя і паклееныя шпалерамі. Кухня мела 1 печ і пліту.

4. Кухня да першага флігеля была асобная, крытая гонтай, з 4-ма акенцамі, плітой і камінам, сенцы з каморкай, дзвярэй 3 простых на завесах з клямкамі.

5. Свіран. У даўжыню займаў 2,5, а ў шырыню 3,5 сажні. Меў 2 засекі, дзверы на жалезных завесах-круках з такой жа клямкаю.

6. Вазоўня, хлеў, стайня на 3 станкі, адрына, склад для дроваў і лядоўня. Усе гэтыя будынкі былі пабудаваныя ў кут пад адным дахам, дзверы былі ўсе аднолькавыя, на завесах, з клямкамі, крытыя гонтай пад цвік; будынкі даўжынёй 15, шырынёй 3 сажні і даўжынёй 20, шырынёй 4 сажні.

7. Дом драўляны, на мураваным падмурку. Даўжынёй быў у 7 сажняў і палову аршына, шырынёй 4 сажні і 2,5 аршына, пры доме было 2 ганкі: парадны на 4-х калонах, пафарбаваных белай фарбай, і задні на 7-мі калонах з драўлянымі кратамі. Вонкавых дзвярэй 2, адны сталярнай работы, напалову зашклёныя, а з задняга ганка простыя, на жалезных завесах і петлях, з унутранымі замкамі. Унутры дома было 7 пакояў, падлога была фарбаваная, печаў — 3, з юшкамі і чыгуннымі дзверцамі, акенцаў — 11. Усе пакоі ў гэтым доме былі на той час нанава атынкаваныя і паклееныя шпалерамі, накрытыя гонтай пад цвік. Пад домам была кухня. З левага боку ад сенцаў знаходзіўся жылы пакой, у ім пліта. Справа таксама быў жылы пакой, у ім 2 акны, простыя дзверы і пліта, падлога з сасновых дошак. З усходняга боку пад домам знаходзіўся мураваны склеп; да гэтага дома належала стайня з вазоўняй100.


100 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Л. 2912.
У 1887 г. на сродкі кс. Ф. І. Пятроўскага быў зроблены рамонт касцёла. Выдаткі склалі 516 руб. 82 кап.

У 1889 г. пачалася цяжба паміж ксяндзом Пятроўскім і графам Ф. І. Паскевічам. Яна завяршылася ўзаемнай згодай у 1891 годзе.

З 1 лістапада 1891 г. законанастаўнікам пры гомельскіх мужчынскай і жаночай прагімназіях працаваў кс. Баляслаў Юзаф Марцінавіч Вайшвіла, але з-за хваробы ён змог выконваць свае абавязкі толькі да 1893 года. У канцы таго ж года ён памёр.
іл. 24. Надмагілле ксяндза Баляслава Вайшвілы. Беліцкія могілкі ў Гомелі.
1 жніўня 1893 г. на пасаду законанастаўніка прагімназій быў прызначаны кс. Ігнацы Карлавіч Чаеўскі. Ён паспеў адпрацаваць у Гомелі ўсяго паўтара месяцы і 16 верасня таго ж года быў пераведзены ў Пецярбург на пасаду вікарыя касцёла св. Кацярыны.

У 1893 і 1894 гг. вернікаў гомельскай парафіі наведаў з душпастырскай візітацыяй біскуп Францішак Альбін Сіман101. У самім Гомелі католікаў у гэты час налічвалася 717 чалавек.


101 Tomecki, K. Wawelskie dzienniczki arcybiskupa Franciszka Albina Symona. // Віртуальнае Мсьціслаўскае Ваяводства [Электронны рэсурс] — http://www.mscislaw.org.pl.
Пастырскія візіты — гэта вельмі важны абавязак біскупаў. Кожны дыяцэзіяльны біскуп абавязаны, наколькі гэта магчыма, здзяйсняць іх як мага часцей. Мэтай гэтых візітацый з’яўляецца ахова чысціні веры і звычаяў, выкараненне злоўжыванняў, захаванне спакою і любові паміж вернікамі, карацей кажучы, ажыўленне і ўзмацненне рэлігійнага і маральнага духу ў дыяцэзіі. Тагачасны арцыбіскуп Шыман Марцін Казлоўскі з прычыны паважнага ўзросту і хваробаў не мог асабіста выконваць гэты абавязак у сваёй архідыяцэзіі, якая была найбуйнейшай у свеце, таму ў гэтым яму вырашыў дапамагчы яго памочнік, біскуп Францішак Альбін Сіман102. Пра гэтыя візітацыі біскуп уласнаручна напісаў у сваіх дзённічках (або цыдулках), якія сёння захоўваюцца ў архіве катэдральнага капітула на Вавелі (Кракаў).
102 Radwan, M. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892–1926). — Kraków, 1999. — S. 13.
Пастырскія візітацыі на тэрыторыі Расійскай імперыі былі вельмі рэдкія з-за стварэння ўладамі розных адміністрацыйных перашкодаў. Два візіты біскупа Сімана адбыліся ў перыяд адраджэння Касцёла пасля асабліва моцнага пераследавання, прычынай якога было паўстанне 1863 года. Пасля паўстання расійскія ўлады намагаліся зрусіфікаваць і разбурыць Касцёл пры дапамозе ксяндзоў-«патрыётаў», але дзякуючы большасці святароў і вернікаў удалося, хоць і павольна, пераадолець павевы гэтага смутнага часу.

Першае наведванне біскупам Сіманам Гомеля адбылося ў жніўні 1893 г., калі ён вяртаўся з візітацыі ў глыбіні Расіі. Вось радкі з дзённіка біскупа:

«Чыгунка з Бранска [ідзе] праз лясы — сапраўднае Палессе. Субота, 7 жніўня. А другой гадзіне ў Гомелі на вакзале. Касцёл паўнюткі. Пабежмаваў прыблізна 30 чалавек, калі не больш. А першай гадзіне абед, а трэцяй — ад’езд. Праводзіў [нас] натоўп людзей».

У кнізе «Charitas. Księga zbiorowa», якая была выдадзена ў Пецярбургу ў 1894 г., візіт біскупа Сімана ў Гомель не апісваецца, але напісана, што візітацыя закончылася ў Бранску, адкуль пастыр «накіраваўся на Валынь, каб зрабіць кароткі адпачынак»103.


103 Тамсама. S. 98.
Наведванне Гомеля, хутчэй за ўсё, не ўваходзіла ў планы візітацыі і не было зафіксавана ў справаздачы святароў, якія суправаджалі біскупа, бо лічба пабежмаваных вернікаў (каля 30, калі не больш), даволі вялікая для Усходняй Беларусі сённяшняга часу, для канца ХІХ ст. была звычайнаю і не выклікала зацікаўлення хранікёраў.

У другі раз, ужо як арцыбіскуп, Францішак Альбін Сіман наведаў Гомель улетку 1894 г., калі ён аб’язджаў з візітацыяй Магілёўскую губерню. Ён аб’ехаў парафіі Гомельскага дэканата ў такой паслядоўнасці: 14 ліпеня (серада) — Антушы; 16 ліпеня (субота) — Люшаў; 18 ліпеня (панядзелак) — Гомель; 20 ліпеня (серада) — Чачэрск.

У 1894 г. распараджэннем арцыбіскупа Францішка Альбіна Сімана польскія літургічныя спевы ў касцёлах, у тым ліку і ў гомельскім, былі замененыя лацінскімі (толькі ў пачатку ХХ ст. польскія спевы зноў загучалі ў касцёлах)104.
104 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 96.

У снежні 1895 г. на пасаду законанастаўніка гомельскіх мужчынскай і жаночай прагімназій быў прызначаны кс. Міхаіл Маеўскі. 6 лютага 1897 г. яго прызначылі законанастаўнікам у Гомельскае тэхнічнае чыгуначнае вучылішча.


іл. 25. Кс. Міхаіл Маеўскі.
1 снежня 1896 г. у Гомелі памёр кс. Рыгор Керсноўскі, які выконваў абавязкі гомельскага вікарыя, таму 10 снежня 1896 г. гомельскія парафіяне напісалі прашэнне арцыбіскупу з просьбаю прызначыць новага вікарыя, бо парафія была вельмі вялікая і раскіданая. Прашэнне падпісалі Іосіф Уладзіслававіч Акушка, Людвік Казіміравіч Пуцята, Стэфан Іванавіч Дзік і яшчэ 18 парафіянаў105. У лютым наступнага 1897 г. вікарыем у Гомель быў прызначаны кс. Антоні Ігнацьевіч Ячэйка.
105 Тамсама. Л. 4.
Агульная колькасць католікаў у Гомелі з сярэдзіны ХІХ ст. да 1893 г. павялічылася з 352 да 717 чалавек, рэзкае змяненне ў бок павелічэння адбылося ў 1897 г., калі колькасць гараджан-католікаў дасягнула 2 012 чалавек (5,5% жыхароў). У губернскім Магілёве, як і ва ўсіх гарадах губерні, таксама мелі месца падобныя тэндэнцыі. У сувязі з падзеямі 1863–1864 гг. назіралася хуткае зніжэнне колькасці гараджанаў-католікаў, якое доўжылася да сярэдзіны 1870 года. З 1880 гг. пачынаецца рост каталіцкага насельніцтва ў гарадах Магілёўскай губерні106. Не ў апошнюю чаргу гэта было звязана з развіццём чыгункі, на якой працавала шмат католікаў (гл. ніжэй).
106 Яшчанка, А. Р. Гомель у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. — Гомель, 1997. — С. 16–17.
У 1897 г. у Гомелі налічвалася, паводле перапісу насельніцтва, 36,8 тыс. чалавек. Нацыянальнасць пры гэтым перапісе вызначалася паводле мовы. 17,6% жыхароў Гомеля назвалі сваёй роднай мовай беларускую; 4,3% (1 589 чалавек) у якасці роднай пазначылі польскую мову107. Пераважная большасць гомельскіх палякаў (99,4%) прытрымлівалася каталіцтва. Каля 1% насельніцтва складалі немцы, сярод якіх былі і католікі. Пасля 1897 г. колькасць жыхароў-католікаў знізілася і да 1912 г. заставалася прыблізна на адным узроўні.
107 Тамсама. С. 13–14.
Прысутнасць католікаў у Гомелі была заўважнаю: пра яе нагадвалі велічны касцёл, каталіцкія могілкі ў горадзе і ў Новай Беліцы, а таксама тапаніміка горада — напрыклад, Крушэўская вуліца, і вуліцы з пераважна каталіцкім («польскім») насельніцтвам.

У канцы ХІХ ст. католікі жылі ў розных раёнах горада. Значная частка парафіянаў кампактна пражывала на вуліцы Лугавой (цяпер Песіна)108, вуліцах Вакзальнай, Магілёўскай, Мінскай, Новапрудкоўскай (Ландышава), Тэхнічнай, каля Лібаўскай і Палескай станцый чыгункі, а таксама пры алейнай фабрыцы і за майстэрнямі. Такім чынам, значная частка гамяльчанаў-католікаў канцэнтравалася побач з чыгуначным вакзалам, чыгуначнымі майстэрнямі, прадпрыемствамі, у раёне за лініяй чыгункі. Гэта, як і розныя дакументы, указвае на тое, што пераважная частка католікаў Гомеля ў канцы ХІХ ст. з’яўлялася працаўнікамі чыгункі і розных прадпрыемстваў. З аналізу прозвішчаў і сваяцкіх сувязяў вынікае, што шматлікія сваякі імкнуліся сяліцца побач (на адной вуліцы, у адным раёне горада)109.


108 Глушаков, Ю. На Забег идешь обутым, а с Забега — босиком // Гомельская праўда. — 2004. — № 109.

109 Яшчанка, А. Р. Гомель у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. — Гомель, 1997. — С. 23–24.
У 1900 г. разгарэўся скандал паміж кс. Пятроўскім і часткай парафіянаў. У 1892 г., у час эпідэміі азіяцкай халеры, чыгуначнікі-католікі Гомеля дзеля збаўлення Усявышнім ад хваробы далі абяцанне набыць абраз Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які меркавалі размясціць ў гомельскім касцёле ў асобным алтары. Таксама было дадзена абяцанне «ладзіць набажэнствы ва ўсе дні гадавых святаў, утрымліваць алтар на свае сродкі ў чысціні і ахайнасці і замяняць касцёльных служак у такія дні асобамі з ліку ўдзельнікаў гэтага ахвяравання».
іл. 26. Алтар з абразом Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гомельскім касцёле.
Гэтае абяцанне было ўхвалена ксяндзом Пятроўскім. З яго благаслаўлення на вызначаным месцы ў касцёле ўзвялі асобны алтар. У 1894 г. уладкаванне алтара і адведзены ксяндзом Пятроўскім кут у касцёле пад званіцаю, для захоўвання свечак, бялізны і начыння, былі асабіста агледжаны і ўхвалены біскупам Альбінам Сіманам. У 1897 г. магілёўскі губернатар даў дазвол на збор сродкаў чыгуначнікамі-парафіянамі, якія на чале са служачым чыгункі Красніцкім утрымлівалі алтар да 1900 года.

Восенню 1900 г. кс. Пятроўскі пачаў будаўніцтва вартоўні на старых парафіяльных могілках. Пры гэтым узнік канфлікт. Згодна з рапартам законанастаўніка кс. Міхаіла Маеўскага мітрапаліту ад 13 студзеня 1902 г., калі сцены будынка ўжо былі ўзведзены даволі высока, Красніцкі заявіў, што будаўніцтва трэба спыніць, бо пад сцяною знаходзіцца магіла яго сястры. Красніцкі звярнуўся ў паліцыю, і тая спачатку забараніла далейшае будаўніцтва, але з-за таго, што ніякай магілы не было бачна, будаўніцтва працягнулі. Пазней пры раскопках пад сцяной сапраўды былі знойдзены косці, якія кс. Пятроўскі перазахаваў на новых парафіяльных могілках.

Крыху інакш апісваюць гэтыя падзеі ў прашэнні да мітрапаліта110 парафіяне Адам Куроўскі, Вікенцій Нядзвецкі, Уладзіслаў Гівойна і Іосіф Мілаш. Паводле іх словаў, Красніцкі прасіў ксяндза Пятроўскага не знішчаць надмагілля і кустоў, якія былі пасаджаны на магіле яго сястры, якую сам жа кс. Пятроўскі і пахаваў. Ксёндз не выканаў просьбу. будаўніцтва не прыпыніў, а надмагілле знішчыў. Красніцкі звярнуўся ў паліцыю, але кс. Пятроўскі пісьмова заявіў, што ніякага пахавання на месцы будаўніцтва няма. Тады Красніцкі вымушаны быў хадайнічаць аб эксгумацыі праху сваёй сястры і пераносе яго на новыя могілкі. 6 верасня 1900 г. былі зроблены раскопкі пад сцяною будынка, якія выкрылі парушэнне ксяндзом Пятроўскім агульнага парадку пахавання і хрысціянскага абавязку, бо сапраўды былі знойдзены астанкі сястры Красніцкага.
110 Да прашэння была прыкладзена фатаграфія алтара з абразом Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як бы там ні было, але пасля гэтага ксяндзом Пятроўскім было забаронена чыгуначнікам на чале з Красніцкім утрымліваць і даглядаць алтар з абразом Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Язафат Жыскар у кнізе «Нашы касцёлы» пісаў пра ксяндза Пятроўскага наступнае: «Гомельскі касцёл мае шматлікую парафію. Збудаваны ў раманскім стылі, у цэлым някепска ўтрымліваецца, астатнім часам трохі павялічаны стараннем гомельскага дэкана, святой памяці ксяндза Пятроўскага, які сваімі намаганнямі і сваёй асабістай шчодрай ахвярай дужа прычыніўся да гэтай працы. Больш за 50 гадоў (Жыскар памыляецца, Пятроўскі быў пробашчам 41 год. — У. В.) кіраваў гэты старац такой велізарнай парафіяй і аддаваў усяго сябе працы. Ён быў і ў канфесіянале, і на амбоне, і ўсюды»111.


111 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 66.
У 1901–1903 гг. у Гомелі (а таксама ў Барысаве) у 160-м пяхотным Абхазскім палку праходзіў службу і, пэўна ж, наведваўся ў гомельскі касцёл Аляксандр Астрамовіч, які больш вядомы пад псеўданімам Андрэй Зязюля — беларускі рэлігійны і літаратурны дзеяч. У 1920 гг. ён быў адным з сябраў Саюза ксяндзоў-беларусаў, з якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД)112.
112 Конан, У. Андрэй Зязюля: хрысціянская філасофія і асветніцкая дзейнасць // Наша вера. — 2001. — № 4.
іл. 27. Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля).
15 сакавіка 1903 г. парафіяне гомельскага касцёла пачалі хадайнічаць перад уладамі, каб ім дазволілі здзяйсняць працэсіі вакол касцёла ўнутры касцёльнай агароджы. Парафіяне тлумачылі сваю просьбу тым, што з-за цеснаты і боязі цісканіны ім даводзіцца ў любое надвор’е стаяць на двары за дзвярыма касцёла. Прашэнне падпісалі Іван і Уладзіслаў Красніцкія, Аляксандр, Ванда і Эмілія Дамарацкія, Рычард Сарачынскі, Рамуальд Вайцахоўскі, Антоні Марцынкевіч, Міхаіл Селівонскі, Іосіф Басарэўскі і іншыя парафіяне113. Аб гэтым жа прасіў кіраўніка Магілёўскай архідыяцэзіі і ксёндз Пятроўскі, тлумачачы, што ў касцёле на святы збіраецца вельмі шмат народу114. Нягледзячы на ўсе хадайніцтвы, 10 кастрычніка 1903 г. Міністэрства ўнутраных справаў адхіліла прашэнне парафіянаў115 і 20 кастрычніка прэлат Данісевіч паведаміў пра гэта дэкану Пятроўскаму116.
113 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 12.

114 Тамсама. Л. 15.

115 Тамсама. Л. 16.

116 Тамсама. Л. 17.
У красавіку 1905 г. кс. Пятроўскі зноў прасіў мітрапаліта паклапаціцца пра ўрадавы дазвол на правядзенне вакол гомельскага касцёла працэсій, тым больш, што набліжалася Рэзурэкцыя117, падчас якой з-за цеснаты ў касцёле шмат парафіянаў заставалася на вуліцы. У 1905 г. гэтая сітуацыя ўскладнілася тым, што ў Гомеле знаходзіліся 1,5 тыс. салдатаў-літоўцаў запасу і чацвёртая частка вернікаў не магла прысутнічаць на набажэнстве, як гэта звычайна бывала ў нядзелю118.
117 Рэзурэкцыя — адна з назваў св. Імшы Пасхальнай вігіліі (начнога набажэнства), своеасаблівым дадаткам да якой з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія, што адбываецца адразу пасля Вігіліі або, паводле мясцовай традыцыі, раніцай у нядзелю перад першай св. Імшой.

118 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 26.
17 красавіка 1905 г. быў выдадзены маніфест, у якім абвяшчалася верацярпімасць. Ён даваў магчымасць для аднаўлення адносна нармальнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла (хоць цяжкасці заставаліся і надалей).

У маі 1905 г. ксёндз Пятроўскі яшчэ раз напісаў рапарт мітрапаліту, просячы, каб той дамовіўся аб дазволе праводзіць працэсіі вакол касцёла, бо колькасць парафіянаў пераўзыходзіла ўмяшчальнасць святыні. Працэсіі меркавалася праводзіць у наступныя дні: Унебаўшэсце Пана Езуса, Спасланне Духа Святога і ў актаву Божага Цела. Ксёндз Пятроўскі таксама прасіў паведаміць яму, ці можна пасля маніфеста аб верацярпімасці без хадайніцтва праводзіць працэсіі ў вызначаныя святы, а таксама ў нядзелі і ў іншыя гадавыя святы.

21 мая дазвол на правядзенне працэсій быў атрыманы, але прадпісвалася паведамляць пра іх паліцыі, каб тая забяспечвала парадак119.
119 Тамсама. Л. 28.
іл. 28.Гомельскі касцёл. Паводле інфармацыі гомельскага гісторыка Я. Малікава, фатаграфія зробленая не пазней за 1908 г.
Прыблізна ў 1905 г. на грошы ксяндза Пятроўскага была ўзведзена мураваная прыбудова да касцёла, пра якую згадвалася ў кнізе Я. Жыскара. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваўся каштарыс на гэтую прыбудову. Яна была пабудаваная прыблізна ў 1905 годзе. У ёй размяшчаліся сакрыстыя і каморка. З каштарыса можна даведацца пра дакладную суму выдаткаў на будаўніцтва: 1 899 руб. 84 кап. Гэта было памяшканне з цэглы, з вокнамі, атынкаванае звонку цэментным растворам, а ўнутры вапнавым. Памяшканне мела дзве перагародкі і злучалася з касцёлам праз двое дзвярэй, праёмы для якіх былі прабіты ў сценах касцёла. Падлога была зроблена з цэментных плітак добрай якасці, дах — з жалеза, меліся вадасцёкавыя трубы. Памяшканне ацяплялася дзвюма печкамі з комінамі120.
120 НГАБ. Ф. 3048. — Воп. 1. — Спр. 33.
Верагодна, у час гэтага будаўніцтва быў заменены надпіс на франтоне касцёла — «Sit nomen Domini benedictum usque ad aeternum» (Няхай імя Божае будзе благаслаўлёнае цяпер і навекі)121. Вышэй узгадвалася нават сума, за якую набылі літары для гэтага надпісу ў 1855 г. — 15 руб. Пасля замены надпіс быў зроблены ўжо на польскай мове. На адной з фатаграфій касцёла ХХ ст. мы можам прачытаць пачатак фразы: «Chwalcie Pana wszystkie…». Хутчэй за ўсё, цалкам надпіс выглядаў як «Chwalcie Pana wszystkie narody» (Слаўце Пана ўсе народы).
121 Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт, Гомель, 2005).
У 1906–1908 гг. законанастаўнікам у Гомелі працаваў ксёндз Я. Святаполк-Мірскі.
іл. 29. Кс. Я. Святаполк-Мірскі (справа).
19 верасня 1908 г. гомельскія парафіяне С. Касцюковіч, Ф. Даўнаровіч, І. Аўчыннікаў і іншыя звярнуліся да прэлата Данісевіча з просьбаю прызначыць у Гомель яшчэ аднаго святара. Парафіяне пісалі, што «прайшло ўжо больш за 10 гадоў, як быў прысланы ў Гомель вікарны ксёндз А. Ячэйка. Колькасць вернікаў за гэты час не зменшылася, а наадварот, з кожным годам усё прыбывае. У Гомелі працуюць наступныя святары: 1) дэкан — ксёндз Ф. Пятроўскі; 2) вікарый — ксёндз А. Ячэйка; 3) законанастаўнік — ксёндз Я. Святаполк-Мірскі.

Гомельская парафія па тэрыторыі адна з самых вялікіх у Магілёўскай губерні і займае ўвесь Гомельскі павет і частку Чарнігаўскай губерні.

Парафія мае прыпісныя капліцы: 1) у Рудні; 2) у Навазыбкаве; 3) у Сноўску (цяпер г. Шчорс на Украіне. — У. В.); 4) у Жлобіне; 5) у Лапічах і яшчэ 5–6 дальніх капліц, якія абслугоўваюць гомельскія ксяндзы: Ухова, Рудня-Стаўбунская, Рудня-Шлягіна, Баршчоўка і інш.

Пасля маніфестаў 17 красавіка і 17 кастрычніка 1905 г. у Гомелі адбылося багата зменаў, а менавіта: на 70 тыс. насельніцтва адчуваўся недахоп школ, а таму было нанава адчынена некалькі школьных устаноў, якія да гэтага нельга было адчыняць. У Гомелі адчыніліся наступныя навучальныя ўстановы: камерцыйнае вучылішча, 2 мужчынскія і 2 жаночыя гімназіі і Другое гарадское вучылішча. Такім чынам, у Гомелі існуюць: 3 мужчынскія і 3 жаночыя гімназіі, 1 камерцыйнае вучылішча, 1 тэхнічнае вучылішча і 2 гарадскіх вучылішчы — усяго дзесяць навучальных устаноў, у якіх неабходна выкладанне закона Божага дзецям-католікам. Акрамя таго, парафіянам удалося атрымаць дазвол на выкладанне каталіцкага Закона Божага ў 3-й царкоўна-прыходскай школе. Таму і патрабуецца 2-гі вікарый у Гомель»122.

Але прэлат Данісевіч адмовіў парафіянам у просьбе, бо вольных святароў у той час не было123.
122 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 29.

123 Тамсама. Л. 31.
З 1909 г. законанастаўнікам у Гомелі працаваў кс. Дамінік Іваноў, якому ксёндз Пятроўскі прапанаваў пасяліцца ў плябаніі. Яму быў выдзелены пакой і забяспечана ўтрыманне. Узамен дэкан папрасіў кс. Іванова дапамагаць яму ў парафіяльных справах, што той і рабіў у вольны ад школьных заняткаў час. Каля двух гадоў паміж імі не было сур’ёзных непаразуменнеў, але прыкладна за год да смерці кс. Пятроўскага яны ўзніклі. Ксёндз Пятроўскі, спасылаючыся на вялікія выдаткі, адмовіў кс. Іванову ва ўтрыманні, а за выдзелены пакой запатрабаваў працаваць практычна на ўзроўні вікарыя. Ксяндзу Іванову такая прапанова не спадабалася і ён напісаў 25 лістапада 1910 г. ліст мітрапаліту, у якім скардзіўся на кс. Пятроўскага. У лісце кс. Іваноў пісаў, што ён не супраць таго, каб дапамагаць дэкану, але яго школьныя абавязкі таксама патрабуюць часу. Пісаў, што ксёндз дэкан выказвае незадавальненне ў прыкрых выразах, і што ён, Іваноў, адмовіцца ад пакоя не можа, бо гэта не дазваляе зрабіць яго жалаванне і натуральнае ў такім выпадку пагаршэнне адносінаў з боку парафіянаў. Мітрапаліт вымушаны быў умяшацца і ўлагодзіць канфлікт паміж святарамі.

З 20 студзеня 1909 г. вікарыем гомельскага касцёла быў прызначаны кс. Міхаіл Цакуль, які да гэтага служыў вікарыем іркуцкага касцёла.

26 красавіка 1910 г. быў пачаты вонкавы рамонт гомельскага касцёла: у ім пафарбавалі сцены і дах124.
124 Тамсама. Л. 35, 36.
іл. 30. Карта Гомеля. 1910 г.
У 1910 г. біскуп Данісевіч наведаў з візітацыяй Магілёўскую губерню. Візіт быў вельмі кароткі (як звычайна ў Магілёўскай архідыяцэзіі), усяго пяць тыдняў. Кансісторскія заняткі змусілі біскупа большую частку лета заставацца ў Пецярбургу. Толькі 24 ліпеня ён распачаў сваё пастырскае падарожжа, пачынаючы з візітацыі мсціслаўскага парафіяльнага касцёла. Біскуп Данісевіч быў прыхільнікам выкарыстання беларускай мовы ў душпастырскай працы, да гэтага ён заахвочваў у час візітацыі духавенства.

Стэфан Данісевіч — беларус па паходжанні, нарадзіўся ў 1836 г. у Чарэйскай парафіі на Магілёўшчыне, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1859) і Духоўную акадэмію ў Пецярбургу (1863). Пасля прыняцця сакрамэнту святарства (1863) доўгі час працаваў у парафіях у Оршы, Магілёве і Смаленску, быў магілёўскім і клімавіцка-мсціслаўскім дэканам, а з 1895 г. — членам кансісторыі Магілёўскай архідыяцэзіі, сядзіба якой знаходзілася ў Пецярбургу. Пасля смерці Мітрапаліта Казлоўскага, з 1903 да 1910 г., з кароткімі перапынкамі выконваў абавязкі адміністратара архідыяцэзіі. Быў ініцыятарам выдання беларускай каталіцкай літаратуры. У 1908 г. атрымаў біскупскую сакру. Памёр у 1913 г. ва ўзросце 77 гадоў125.


125 Туронак, Ю. З пачыну прэлата Стэфана Данісевіча // Наша вера. — 2001. — № 2 (16).
іл. 31. Кс. прэлат Стэфан Данісевіч.
У адным толькі Гомелі біскуп Данісевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання) 1 204 вернікам. У іншых парафіях Гомельскага дэканата ён удзяліў гэты сакрамэнт наступнай колькасці парафіянаў: у Чачэрску (парафія) — 321 чал., у Люшаве (філія антушаўскай парафіі) — 298 чал., у Антушах (парафія) — 908 чалавек. Усяго ў трох беларускіх парафіях Гомельскага дэканата — 2 731 чалавек126.
126 Radwan, M. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892–1926). — Kraków, 1999. — S. 142.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка