Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка3/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

3. Мітрапаліт Станіслаў Ян Богуш-Сестранцэвіч
Нарадзіўся Станіслаў Ян Богуш-Сестранцэвіч 3 верасня 1731 г. у вёсцы Занкі Ваўкавыскага павета Наваградскага ваяводства (цяпер Свіслацкі раён) у шляхецкай, змяшанай кальвінісцка-каталіцкай сям’і. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвiч (1678–1771) — быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелiя Адзiнец (1698–1773) — каталічкай32. Па яе патрабаванні дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 г. паводле рыма-каталіцкага абраду ў Заблудаве ксяндзом Кшыштафам Бажылоўскім33. Неузабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта34.
32 Запісная кніжка Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча 1731–1754 гг., захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве (ЦДІАУ). Ф. 257. — Воп. 1. — Спр. 128. — Арк. 3.

33 Brumanis A. A. Aus origins de la hiérarchie latine en Russie Mgr. Stanislas Siestrzencewicz-Bohusz: Premier archevęque-métropolitain de Mohilev (1731–1826). — Louvain, 1968. — S. 3.

34 Матэрыялы ў падраздзеле даюцца паводле артыкула: Папоў, М. А. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731–1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. 1. — 2007. — № 2. — С. 3–10.
Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўнiка П. Касарына, якi ў суседнiм фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольнiка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслi сёстры будучага мітрапаліта, i Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваiмi вучнямi. Адну чвэрць яны вучылiся ў Бурнянах, а на астатні час перабiралiся да Богушаў-Сестранцэвiчаў35.

У 12 гадоў хлопчык мусіў пакiнуць бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743–1745 гг. Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме36.


35 Запісная кніжка Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча. — Арк. 3 адв.

36 ЦДІАУ. Ф. 257. — Воп. 1. — Спр. 128. — Арк. 4.
У чэрвенi 1745 г. на пахаваннi старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань калегіума сказаў прачулую памінальную прамову. Яна настолькi закранула кальвіністаў, што яны вырашылi накiраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі37. У жнiўнi 1745 г. Станiслаў Богуш-Сестранцэвiч выехаў вучыцца ў Берлiн. У дарозе ён быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага39.
37 Тамсама. Арк. 5.

38 Тамсама. Арк. 5 адв.
Не маючы сродкаў на iснаванне, Богуш–Сестранцэвіч быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армiю. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 г. у бiтве пад Касельдорфам юнак быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а праз 10 дзён, 26 снежня 1745 г., крыху падлячыўшы рану, выпiсалі і звольнілі з войска39.
39 Тамсама. Арк. 7.
У Берлiне Станіслаў пазнаёмiўся з дамiнiканінам айцом Армандам40, якi ўладкаваў яго вучыцца ў гiмназiю св. Iахiма. Першы час Богуш-Сестранцэвіч вучыўся старанна. Вывучаў англійскую, лацiнскую, нямецкую, старажытнагрэчаскую, французскую мовы. Аднак узровень адукацыі ў гімназіі быў слабым. З часам, пад уплывам аднакашнікаў, Богуш-Сестранцэвіч пачаў курыць люльку, піць пiва ў карчме, наведваць гулянкi i вечарынкі41.
40 Тамсама. Арк. 7 адв.

41 Тамсама. Арк. 8.
Заканчэнне гімназіі давала права на паступленне ва універсітэт. У кастрычніку 1748 г. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч быў залічаны на фiласофскi факультэт унiверсiтэта ў Франкфурце-на-Одэры. У час вучобы Богуш-Сестранцэвіч вёў багемны лад жыцця і ў рэшце рэшт, апынуўшыся ў даўгах, быў вымушаны кінуць адукацыю і збегчы ад крэдытораў на радзіму. 27 жніўня 1751 г., пасля шасці гадоў адсутнасці, ён вярнуўся ў бацькоўскі дом42.
42 Тамсама. Арк. 32.
Паводле некаторых звестак, Богуш-Сестранцэвіч служыў капітанам у літоўскай гвардыі43. У лістападзе 1753 г. ён стаў выхавальнікам дзяцей князя С. І. Радзівіла44 і пераехаў у Жырмуны (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці).
43 Живописная Россия. — Санкт-Петербург, 1882. — Т. 3. — С. 408.

44 ЦДІАУ. Ф. 257. — Воп. 1. — Спр. 128. — Арк. 73–77.
Менавiта ў гэты час адбылося яго вяртанне ў каталiцтва і наспела рашэнне стаць святаром. Існуюць дзве версіі таго, што падштурхнула будучага мітрапаліта змяніць веравызнанне. Адна належыць ксяндзу С. Шантыру. Згодна з ёй, прычына была ў няшчасным каханнi маладога чалавека да багатай i знатнай красуні, якая паставiла абавязковай умовай замужжа змену ім канфесiі. Умова каханай была выканана, але яна забылася на сваё абяцанне. Другая версія належыць М. Гадлеўскаму. Справа ў тым, што ў Жырмуны часта прыязджаў малады каталіцкі іерарх Iгнацы Масальскi. Яму падабаўся малады адукаваны настаўнiк, з якiм прыемна было паразмаўляць, якi быў добра выхаваны, умеў выслухаць i, здаецца, разбiраўся ва ўсiх галiнах чалавечых ведаў. Масальскі прапанаваў С. Богушу-Сестранцэвiчу прыняць сакрамэнт святарства, абяцаючы яму сваю пратэкцыю45. Гэтыя версіі не супярэчаць адна адной, і магчыма, што Богуша-Сестранцэвіча падштурхнула змяніць канфесію і тое, і другое.
45 Godlewski, M. Siestrzeńcewicz-Bohusz Stanisław // Podręczna encyklopedia kościelna. — Warszawa, 1912. — T. 35–36. — S. 244.
У 1759 г. разам са сваімі выхаванцамі Мiкалаем i Ежы Радзiвiламi ён едзе ў Варшаву. Радзівілы паступілі ў Варшаўскі галоўны калегiум пiяраў. Разам з імі вучыўся і С. Богуш-Сестранцэвіч. Пад навуковым кiраўнiцтвам а. Байдыцкага ён у 1762 г. абараніў магiстэрскую дысертацыю на тэму «Аб непагрэшнасці папы» (De infallibilitate papae).

15 сакавiка 1762 г. Віленскім бiскупам стаў Iгнацы Масальскi. 27 сакавiка 1763 г. Масальскі дамогся ад нунцыя А. М. Дурыні дыспенсы (г.зн. прабачэння) С. Богуша-Сестранцэвіча за тое, што той «быў народжаны бацькам-некатолiкам i быў выхаваны ў ерасi». Гэтым была ліквідавана апошняя фармальная перашкода для прыняцця сакрамэнту святарства. 17 красавiка 1763 г. у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Варшаве Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч прыняў духоўны сан. Ён перавёўся ў Варшаўскую семінарыю місіянераў, дзе на працягу двух з паловай месяцаў удасканальваў свае веды ў тэалогіі і праходзіў усе прыступкі святарскага пасвячэння. 29 мая Кіеўскі суфраган46 біскуп Юзаф Алендскі ў касцёле Святога Крыжа пасвяціў яго ў субдыяканы, а праз 2 тыдні (12 чэрвеня) — у дыяканы. Нарэшце 3 лiпеня біскуп Анджэй Залускі ўдзяліў яму святарскія пасвячэнні. 15 жнiўня 1763 г. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч цэлебраваў сваю першую св. Iмшу46.


45 Суфраган — біскуп дыяцэзіі, якая належыць да мітраполіі.

46 Brumanis, A. A. Aus origins de la hiérarchie latine en Russie Mgr. Stanislas Siestrzencewicz-Bohusz: Premier archevęque-métropolitain de Mohilev (1731–1826). — Louvain, 1968. — S. 9–10.
Богуш-Сестранцэвіч быў улюбёнцам біскупа князя Масальскага. Карыстаючыся яго падтрымкаю, а таксама пратэкцыяй Радзівілаў, Богуш-Сестранцэвіч імкліва рухаўся па касцёльнай іерархічнай лесвіцы. У маі 1763 г. ён стаў канонікам жмудзкага капітула.

З лістапада 1765 г. прыкладна год быў пробашчам гомельскага касцёла. Нягледзячы на значнасць асобы Богуша-Сестранцэвіча, падрабязных звестак пра яго знаходжанне ў Гомелі адшукаць пакуль не ўдалося. Пэўны час ён жыў каля Гомеля ў вёсцы Рудзянец47, якая належала да гомельскай парафіі. Пасля Гомеля працаваў пробашчам і дэканам у Бабруйску.


47 Россия: Полное географическое описание нашего отечества / Под ред. В. П. Семенова. — Санкт-Петербург, 1905. — Т. 9. — С. 383.
У сакавіку 1768 г. стаў віленскім канонікам. У 1766–1767 гг. і 1771–1772 гг. быў адміністратарам Віленскай дыяцэзіі, замяшчаючы на гэтай пасадзе біскупа Масальскага, які наведваў Рым. У 1773 г. звярнуў на сябе ўвагу каранаваных асобаў Еўропы: пасля замаху ў Варшаве на караля Станіслава Аўгуста Богуш-Сестранцэвіч прамовіў у віленскім катэдральным касцёле казанне і паслаў яго тэкст каралю. Станіслаў Аўгуст быў у такім захапленні ад казання, што загадаў перакласці яго на розныя мовы і разаслаць розным каранаваным асобам Еўропы48, а Богуш-Сестранцэвіч атрымаў ордэн Святога Станіслава. Пасля гэтага і Кацярына ІІ звярнула ўвагу на Богуша-Сестранцэвіча. 12 лiпеня 1773 г. нунцый Джузэпе Гарампi iменем папы Пiя VI узвёў С. Богуша-Сестранцэвіча ў бiскупскую годнасць (тытулярнага бiскупа Маленскага in partibus infidelium49) i прызначыў яго суфраганам беларускiм. Біскупскую сакру ён прыняў 3 кастрычніка 1773 г. у Вільні.
48 Живописная Россия. — Санкт-Петербург, 1882. — Т. 3. — С. 409.

49 In partibus infidelium (лац.) азначае «ў краінах няверных», г.зн. намінальна, без магчымасці бываць у тых «дыяцэзіях» з-за іх недаступнасці для католікаў.
Пасля далучэння земляў Усходняй Беларусі да Расійскай імперыі па ініцыятыве Кацярыны ІІ 3 снежня 1773 г. Богуш-Сестранцэвіч стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 г. і не была зацверджана Ватыканам. Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы. 28 студзеня 1782 г. стаў арцыбіскупам Магілёўскім. З 9 мая 1798 г. быў мітрапалітам усіх каталіцкіх дыяцэзій Расійскай імперыі, старшынёю рыма-каталіцкага дэпартамента. У тым жа годзе пасяліўся ў Санкт-Пецярбургу.
іл. 10. Мітрапаліт Станіслаў Ян Богуш-Сестранцэвіч.
З 1801 г. біскуп Станіслаў Ян Богуш-Сестранцэвіч — старшыня Рыма-каталіцкай духоўнай калегіі. У 1813–1823 гг. — старшыня Вольнага эканамічнага таварыства. Ён актыўна супрацьдзейнічаў пашырэнню ўплыву Ватыкана ў Расійскай імперыі, быў праціўнікам езуітаў і ўмешваўся ў жыццё манаскіх ордэнаў. Спачуваў паўстанню 1794 года. Прыкладаў намаганні, каб перавесці уніятаў у лацінскі абрад, прадчуваючы ліквідацыю Уніі50.
50 Пасля Полацкага Сабору 1839 г. уніяцкая (каталіцкая ўсходняга абраду, або Грэка-каталіцкая) Царква была ліквідаваная. 25 сакавіка 1839 г. імператар Мікалай І падпісаў указ аб прыняцці уніятаў у лона праваслаўя. 1,5 мільёна вернікаў сталі праваслаўнымі, але тыя католікі ўсходняга абраду, якія да 1839 г. перайшлі ў лацінскі абрад, засталіся ў Каталіцкім Касцёле.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч быў не толькі значным рэлігійным дзеячам, але і вядомым публіцыстам, выдаўцом, драматургам, лінгвістам і палітычным дзеячам. Ён — заснавальнік Магілёўскай друкарні, аўтар і пастаноўшчык вершаванай трагедыі «Гіцыя ў Таўрыдзе», якая была пастаўлена ў Магілёве ў 1783 годзе. Аўтар працаў «Аб Заходняй Расіі», «Гісторыя Таўрыды», «Гісторыя сарматаў і славян», нявыдадзенай працы «Граматыка літоўская» (мелася на ўвазе беларуская мова). Дзядзька і апякун класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Памёр Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч 13 снежня 1826 г. на 94-м годзе жыцця, пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле св. Станіслава51.


51 Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564–1995 [Электронны рэсурс] — http://www.jezuici.krakow.pl; Раздорский, А. И. Энциклопедия Санкт-Петербурга [Электронны рэсурс] — http://www.encspb.ru; Каханоўскі, Г. А. Богуш-Сестранцэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1994. — Т. 2. — С. 52.

4. Каталіцтва ў Гомелі ў другой палове XVIII – першай палове ХІХ ст.
Першы гомельскі касцёл, які перажыў казацкія нашэсці, згарэў 2 верасня 1737 года52.

У гэты час у гомельскую парафію (яна належала да Бабруйскага дэканата) апрача Гомеля ўваходзілі наступныя населеныя пункты: Чачэрск, Бердыж, Лоеў, Малынічы, Навасёлкі, Нямковічы, Хальч і Шарсцін53.


52 Макушников, О. А. Гомель с древнейших времен до конца ХVІІІ века. // Историко-краеведческий очерк. — Гомель, 2002. — С. 146.

53 Suwalskie towarzystwo genealogiczne [Электронны рэсурс] — http://www.mem.net.pl/stg.
Новы касцёл пад тытулам Нараджэння Панны Марыі быў пабудаваны гомельскім плябанам ксяндзом Хаціцкім (верагодна, на месцы старога, у самым пачатку Спаскай вуліцы, каля рынку і стромы да ракі Сож)54. 25 сакавіка 1768 г., на свята Звеставання, касцёл кансэкраваў Фелікс Тавяньскі, які ў 1766–1782 гг. быў біскупам суфраганам Беларускім. Асвячэнне адбылося паводле распараджэння Віленскага біскупа князя Ігнацыя Масальскага55.
54 Макушнікаў, А. А. Гомель і яго жыхары ў XVI–XVIII стагоддзях // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 92.

55 Біскуп Ігнат Якуб Масальскі (22.02.1729 – 28.06.1794) — біскуп Віленскі з 1762 г., першы старшыня Адукацыйнай камісіі, прытрымліваўся працарскай арыентацыі, прымаў удзел у Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 г. і Гродзенскім сойме 1793 года. Павешаны ў Варшаве ў час паўстання 1794 года.
Аб гэтым мы можам даведацца з дакумента, які мае характэрную для таго часу доўгую назву: «Акт генеральнай візітацыі гомельскага парафіяльнага касцёла і плябаніі з усім фундушам, якія знаходзяцца ў Беліцкім павеце Магілёўскай губерні. Праведзена па загаду ўрада прызначаным візітатарам канонікам Магілёўскай архікатэдры асэсарам кансісторыі Каралем Пацэвічам». Тэкст дакумента напісаны па-польску (дадатак 1).

Паводле візітацыі, касцёл быў пабудаваны з брусавага дрэва, без падмурка. Дах быў гонтавы. Касцёл меў у даўжыню 11 трохаршынных сажняў, у шырыню — 7 і быў пабудаваны ў выглядзе крыжа. Калі перавесці сажні ў метры, то памеры касцёла былі прыкладна 23 метры ў даўжыню і 15 у шырыню. З фасада касцёла ўзвышаліся 2 вежы, на адной з якіх знаходзіўся малы звон (сігнатурка). Уваход быў праз бабінец, у яго вялі адзіночныя дзверы з рамаю, на завесах і жалезных круках. Другія дзверы, малыя, вялі ў бабінец збоку. Яны таксама былі на завесах і жалезных круках з вісячым замком і жалезнаю засаўкаю з сярэдзіны.

Вялікіх вокнаў з простым шклом у касцёле было 10. Малых акруглых вокнаў — 4. Падлога была зроблена з дылёўкі (тоўстых дошак), столь — з дошак. У касцёле было 5 алтароў. Лавак сталярнай работы з двух бакоў было 10. Касцёл меў канфесіянал56 сталярнай работы з двума кратаванымі акенцамі. Амбона была драўляная, разьбярскай работы, пафарбаваная з пазалотай і пасярабрэннем, уверсе з разьбяным балдахінам і ляпнымі элементамі. Над ім была выява Святога Духа ў выглядзе галубкі ў аблоках і промнях. Краты ў гзымсах57 былі зробленыя з балясінамі, яны аддзялялі прэзбітэрый58. Баптыстэрый59 знаходзіўся з левага боку ад вялікага алтара і быў разьбяны, падобна да амбоны, з фігуркамі Яна Хрысціцеля, Пана Езуса і Святога Духа ў выглядзе галубкі.
56 Канфесіянал, або спавядальня — закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамэнт пакаяння.

57 Гзымс — прафіляваны пояс, карніз у будынку.

58 Прэзбітэрый — у каталіцкім храме прастора паміж навай і апсідай, прызначаная для набажэнства і размяшчэння духавенства.

59 Баптыстэрый — касцёльны будынак, які ўзводзіўся побач з касцёлам для ўдзялення сакрамэнту хросту. З VIII ст. — адно з памяшканняў унутры касцёла, дзе знаходзіцца хрысцільня (часцей за ўсё, адна з бакавых капліц).
Хоры над бабінцам былі вялікія, з пафарбаванымі балясінамі. На хорах знаходзіўся арган на 9 галасоў і 2 мяхі, а таксама 2 барабаны з зоркаю.

З левага боку ад вялікага алтара было двое дзвярэй. Адны вялі ў сакрыстыю60, другія — на цвінтар. Гэтыя дзверы былі на завесах і жалезных круках з замкамі, вісячым і ўнутраным. Падлога ў сакрыстыі была зроблена з дылёўкі, столь — з дошак, зашклёных вокнаў з жалезнымі кратамі было двое. З правага боку ад вялікага алтара знаходзіліся яшчэ адны дзверы, якія вялі ў другую сакрыстыю.


60 Сакрыстыя (рызніца) — касцёльнае памяшканне каля апсіды, у якім захоўваюцца літургічнае адзенне і начынне.
Каля касцёла месціўся цвінтар плошчаю 1 тыс. кв. сажняў.

У адказной кнізе на гомельскі маёнтак П. А. Румянцава 1776 г. пра касцёл гаворыцца наступнае: «...на левой стороне близ самого рынку каталицкого римского исповедания дервяной кастел на имъя Рождества Пресвятия Богородицы. При нем дервянное ж хоромное строение со всякими выгодами для живущих ксензов. Сей кастел и строение вокруг обнесены дервянною оградой»61.


61 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 123.
У іншым месцы Гомеля, на адлегласці ад касцёла62, знаходзіліся могілкі з драўлянаю капліцаю, зробленай з брусавага дрэва. Капліца была пабудавана гомельскім плябанам, ксяндзом Хаціцкім у 1765 годзе63. Могілкі займалі тэрыторыю ў 600 кв. сажняў.
62 У раёне перакрыжавання сучаснай вуліцы Сялянскай і праспекта Леніна.

63 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2674. — Л. 1–10 об.
Згодна з планам канца XVIII ст., планіровачная структура Гомеля была тыповым прыкладам радыяльна-дугавой планіроўкі сярэдневяковага паходжання. 5 вуліцаў сыходзіліся да замка, які быў абкружаны глыбокім ровам. Канцэнтрычныя напрамкі былі фрагментарныя, за выключэннем працяглай дугападобнай вуліцы ў паўночнай частцы горада, якая пазначала другі, раней страчаны пояс абарончых збудаванняў.

За ровам (на поўнач ад замка) размяшчаўся гандлёвы пляц адвольнай канфігурацыі. Непадалёку ад яго стаялі вядомая з XVI ст. царква Нараджэння Багародзіцы (Прачысценская, адбудаваная ў 1756 г.) і драўляны касцёл. У горадзе існавалі яшчэ 2 праваслаўныя царквы і сінагога (усе гэтыя будынкі не захаваліся). Ніжэй па цячэнні Сожа ў пачатку XVIII ст. узнікла стараверская Спасава слабада64.


64 Чантурыя, Ю. Гарады і час // Страчаная спадчына. — Мінск, 1998.
У 1772 г. Гомель увайшоў у склад Расійскай імперыі. У горадзе былі вывешаны аб’явы наступнага зместу: «Калі хто з дваранства ці іншага стану, хто валодае нерухомай маёмасцю, не клапоціцца аб сваім дабрабыце, не пажадае прысягаць, таму дазваляецца продаж сваёй нерухомай маёмасці і добраахвотны выезд за межы ў трохмесячны тэрмін, пасля якога ўся пазасталая маёмасць яго будзе секвестравана і ўзята ў дзяржаўны скарб».

Практычна ўся гомельская шляхта прысягнула Кацярыне ІІ.

У 1773 г. Гомель стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерні65.

У 1775 г. былое Гомельскае староства было падаравана графу П. А. Румянцаву.

З 1777 г. Гомель стаў мястэчкам Беліцкага павета.

Пасля перадачы Кацярынай II Гомеля ва ўладанне графу П. А. Румянцаву, на землях замка ў 1777 г. пачалося будаўніцтва палаца, якое ішло ў некалькі этапаў да 1856 года66. У 1804–1824 гг. быў пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор.


65 Еўдакіменка, Г. С.; Рабянок, П. П. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 96.

66 У 1834 г. палац і навакольныя землі за 800 тыс. руб. набыў генерал-фельдмаршал І. Ф. Паскевіч. Купля была аформлена ўказам Мікалая І ад 6 кастрычніка 1837 года.

Планіровачная структура горада, якая склалася паступова і натуральна, была цалкам заменена новай рэгулярнай структурай. Тры асноўныя восі плана выходзілі на галоўную гандлёвую плошчу перад палацам. Дзве з іх — вуліца Замкавая (цяпер праспект Леніна) і Прабойная (Румянцаўская, цяпер Савецкая) былі арыентаваны на галоўны корпус палаца, купал якога на вялікім працягу завяршаў відавыя перспектывы ўздоўж гэтых магістраляў. Трэцяя вуліца — Фельдмаршальская (цяпер Пралетарская) была пракладзена ўздоўж Сожа. Большасць астатніх вуліцаў пралягала паралельна або перпендыкулярна асноўным напрамкам.

На рубяжы ХVІІІ–ХІХ стст. арцыбіскупам Богушам-Сестранцэвічам у Магілёўскай архідыяцэзіі была праведзена рэарганізацыя дэканатаў. Гомель, які да гэтага быў цэнтрам парафіі Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі, стаў цэнтрам Беліцкага дэканата, які ўключаў і парафіі на Левабярэжнай Украіне. Гомельскім камендажам і алтарыстам, а таксама беліцкім і чарнігаўскім дэканам у 1784–1801 гг. быў кс. Аўгусцін Судорскі, які атрымаў духоўную адукацыю ў Кракаве, дзе і прыняў сакрамэнт святарства. Разам з ім у канцы ХVIII ст. служэнне неслі два вікарныя ксяндзы: Язафат Садко, які атрымаў духоўную адукацыю ў Віленскай Папскай семінарыі, і Караль Пацэвіч, які скончыў Магілёўскую генеральную семінарыю. Жылі яны ў драўлянай плябаніі і ўтрымліваліся за кошт магілёўскага арцыбіскупа. Парафія мела 7 капліцаў, 1200 парафіянаў, «здольных да споведзі». Пры касцёле знаходзілася алтарыя гомельскага старосты Тамаша Красінскага. Сума алтарыі складала 750 рублёў. Яна знаходзілася ў беліцкага маршалка Халецкага. Алтарыст Аўгусцін Судорскі браў з яе сёмы працэнт. Гомельскай плябаніі належалі ў Беліцкім павеце 4 фундушовыя вёскі: Сямёнаўка, Рудзянец, Блюдніца і Асобін.

У 1797 г. у Сямёнаўцы было 196 душаў падданых сялянаў, у Рудзянцы67 — 107 душаў, у Блюдніцы — 136 душаў, у Асобіне — 46 душаў. Агулам было 485 душаў. Штогод з тых вёсак збіралі чыншу і арэнды 1 500 рублёў. З парафіяльных капіталаў у год «набягала» 150 руб. працэнтаў.


67 Рудзянец — вёска ў Узаўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна, 24 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 1 км ад чыгуначнай станцыі Уза (на лініі Жлобін — Гомель), 27 км ад Гомеля. Побач быў маёнтак, дзе некаторы час жыў арцыбіскуп, кіраўнік Беларускай каталіцкай дыяцэзіі С. Богуш-Сестранцэвіч. Пасля яго смерці ў 1826 г. маёнтак перайшоў да гомельскага касцёла.
Пры парафіі дзейнічала парафіяльная школа. Выкладаў у ёй ксёндз Садко. Навучанне вялося на лаціне і польскай мове. Пасля таго, як граф Румянцаў адчыніў у Гомелі школу з рускай мовай навучання, дзеці католікаў пачалі вучыцца ў ёй.

У 1797 г. у касцёле ўзялі шлюб 22 пары. Было ахрышчана 20 дзяцей, пахавана 17 памерлых натуральнай смерцю68.


68 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2588. — Л. 59–59 об.
Адміністратарам кс. Судорскім недалёка ад фальварка Блюдніца быў пабудаваны яшчэ адзін фальварак — Кабылін, які знаходзіўся на адлегласці 15 вёрстаў ад плябаніі.
іл. 11. Карта Гомеля. 1799 г.
Пасля кс. А. Судорскага, які, верагодна, памёр у 1801 г., беліцкім дэканам і першым вікарыем гомельскага касцёла (які фактычна выконваў абавязкі пробашча) быў кс. Я. Садко. У 1803 г. яму было 45 гадоў, з якіх 20 гадоў ён служыў святаром у Гомелі. Калятарам і гомельскім плябанам — намінальным кіраўніком парафіі, лічыўся Мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч. Другім вікарыем быў кс. Караль Пацэвіч. У 1803 г. кс. Пацэвічу было 32 гады, у святарстве ён прабыў 8 гадоў, з якіх 7 правёў у Гомелі.

У 1803 г. у гомельскай парафіі налічвалася 7 касцёльных служак і 587 падданых прыгонных сялянаў. Капіталы складалі 750 руб. серабром. Пэўнага даходу парафія атрымлівала 3500 руб., няпэўнага — 3600 рублёў. Плацяжы ў дзяржаўную казну і павет складалі 970 руб., аплата ксяндзам, служкам і за грунты (зямлю) — 700 рублёў. Святая Імша ў касцёле адбывалася 52 разы на год. У парафіі было 1 125 чалавек, здольных прымаць Камунію, і 375 няздольных (усяго 1500 вернікаў). За год было ахрышчана 18 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. Памерла ў парафіі ў тым годзе 9 мужчын і 7 жанчын. Шлюб узялі 15 параў.

5 жніўня 1805 г. у Гомеле з візітацыяй быў прэлат кс. Ксаверый Вэйтка.

Пасля Язафата Садко адміністратарам і дэканам прыкладна з 1812 г. быў Караль Пацэвіч, канонік і асэсар.

У 1816 г. паводле перапісу за касцёлам лічылася 464 асобы мужчынскага полу і 533 — жаночага полу падданых сялянаў.

У 1818 годзе было ахрышчана 19 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, узялі шлюб 9 параў. Памёрла ў парафіі ў тым годзе 6 мужчын і 4 жанчыны.

У 1819 г. склад святароў гомельскага касцёла быў наступны: адміністратар кс. Караль Пацэвіч (у 1819 г. яму было 49 гадоў, у святарстве ён прабыў 25 гадоў, у Гомелі правёў 24 гады, з якіх 6 гадоў — адміністратарам), канонік магілёўскай архікатэдры, асэсар кансісторыі, доктар, валодаў лацінскай, польскай, рускай і французскай мовамі; кс. Данат Гінка (?) (у 1819 г. яму было 30 гадоў, у святарстве ён прабыў 6 гадоў, з якіх 2 — у Гомелі), валодаў лацінскай, польскай і рускай мовамі, атрымліваў 100 руб. жалавання; кс. Юзаф Бяртовіч (у 1819 г. яму было 44 гады, у святарстве ён прабыў 12 гадоў, з якіх 4 — у Гомелі), валодаў лацінскай, польскай і жмудскай (літоўскай) мовамі, атрымліваў 50 руб. жалавання; кс. Ян Чаховіч (у 1819 г. яму было 37 гадоў, у святарстве прабыў 12 гадоў, з якіх 2 — у Гомелі), валодаў лацінскай і польскай мовамі, атрымліваў 100 руб. жалавання69.
69 Тамсама. Д. 2674. — Л. 224.
Арганістам у касцёле быў Ян Шыдлоўскі, які атрымліваў 80 руб. жалавання. Жонка Шыдлоўскага служыла гаспадыняй у плябаніі і атрымлівала 40 руб. жалавання, а іх сын Ян быў адным з касцёльных хлопцаў.

У гомельскай парафіі ў 1819 г., апрача парафіяльнага касцёла, налічвалася 8 капліцаў: у маёнтку Ціхінічы, у аколіцы Новыя Цярэшкавічы, у маёнтку Баршчоўцы, у Дуравічах, Улукаўі і Грабаўцы, а таксама ў аколіцы Ухова (Ухаў) Рагачоўскага павета.

Гомельскі касцёл меў 521 падданага мужчынскага полу. Сума фундушавых капіталаў складала 750 руб., сума агульных даходаў — 10 115 руб. і 250 рублёў на той час яшчэ не атрыманых. З вёсак збіралі 2 тыс. рублёў. Аплата ксяндзоў і касцёльных служак, а таксама выдаткі на касцёл складалі 4500 рублёў. У год адбываліся 52 святыя Імшы.

У 1819 г. драўляны касцёл Нараджэння Панны Марыі ўжо быў нахілены, дах — дзіравы, 2 акны разбітыя бурай. Будынак патрабаваў неадкладнага рамонту, але яго не рабілі, бо коштам графа Румянцава пабудавалі новы мураваны касцёл, які быў пакрыты жалезнай бляхай, але не меў яшчэ дзвярэй, вокнаў і падлогі.

Дакладная дата пачатку будаўніцтва новага касцёла невядомая. Ён быў пабудаваны да вясны 1818 г., летам атынкаваны звонку, але ўнутры ніякія работы яшчэ не праводзіліся.

У 1818 г. коштам Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча праз дарогу, на адлегласці 20 сажняў ад касцёла, пабудавалі плябанію.

Новы гомельскі мураваны касцёл быў узведзены ў стылі класіцызму. Галоўны фасад быў фланкаваны чацверыковымі купальнымі вежамі, па цэнтры вылучаўся чатырохкалоннай лоджыяй і завяршаўся масіўным антаблементам70. Над двухсхільным дахам узвышаўся магутны сферычны купал на цыліндрычным барабане з ліхтаром71.
70 Антаблемент — верхняя гарызантальная частка фасада будынка, падтрыманая калонамі.

71 Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 2000.
Невядома, які архітэктар з’яўляецца аўтарам праекта касцёла, але найбольш праўдападобнай здаецца версія В. Ф. Марозава, згодна з якой касцёл пабудаваны архітэктарамі Дж. Кларкам і І. Дзячковым паводле праекта прыдворнага архітэктара Л. Рускі. Першапачаткова праект прызначаўся для пабудовы праваслаўнай царквы, але царкоўныя ўлады, хутчэй за ўсё, не ўхвалілі яго, і Дж. Кларк з І. Дзячковым выкарысталі праект для касцёла72. Паводле задумы будаўнікоў, святыня мусіла напамінаць рымскі Пантэон.

Касцёл быў меншы за праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор: яго памеры былі наступныя: даўжыня — 12,5 сажняў, шырыня — 10,5 сажняў, вышыня — 7,5 сажняў (у метрах гэта прыкладна 26 м х 22 м х 16 м)73.


72 Морозов, В. Ф. Гомель классический: Эпоха. Меценаты. Архитектура. — Минск, 1997.

73 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2800. — Л. 224.
У 1821 г. у Гомелі працавалі ксяндзы Юзаф Сядлоўскі (у 1821 г. яму было 27 гадоў, 4 гады святарства), Мікалай Лявіцкі (у 1821 г. яму было 49 гадоў, 22 гады святарства) і Юзаф Шацкі (у 1821 г. яму было 30 гадоў, 5 гадоў святарства) — вікарый у Новай Беліцы.

20 лютага 1822 г. перад асвячэннем новага мураванага касцёла быў складзены план пляца, на якім быў пазначаны стары ўчастак зямлі з драўляным касцёлам, што стаяў пасярэдзіне пляца, а таксама плябанія з агародам. Стары ўчастак з касцёлам займаў тэрыторыю ў 1 тыс. сажняў. Плябанія — 132 сажні, агарод — 594 сажні. Могілкі — 600 сажняў. Усяго касцёлу ў Гомелі належала 2 326 сажняў зямлі.

Побач на плане быў пазначаны ўчастак з новым касцёлам, пад які выдзялялася 1 920 сажняў зямлі (не ўлічваючы зямлі пад могілкі).
іл. 12. План пляца, складзены 20 лютага 1822 года. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 28. Спр. 23.

іл. 13. План плябаніі. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 28. Спр. 23.


15 мая 1822 г., у Вялікую суботу, з дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча касцёл быў асвечаны ксяндзом Мікалаем Лявіцкім пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі74.
74 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2800. — Л. 224.
Пасля асвячэння касцёла і выдзялення для яго новай зямлі стары драўляны касцёл і плябанія былі разабраныя.

Пры касцёле спачатку знаходзіліся 4 святары, пазней — 3.

Пасля кс. Караля Пацэвіча пробашчам у Гомелі быў ксёндз Ян Чаховіч, з 1827 г. — беліцкі віцэ-дэкан. Ён уласнаручна зрабіў у касцёле помнік у гонар 1500-гадовага юбілею Нікейскага Сабору. Помнік знаходзіўся з левага боку ад вялікага алтара і меў выгляд павільёна з дошкаю ўсярэдзіне. Дошка была зроблена з бляхі залацістага колеру і пакрыта лакам. Над павільёнам мясціўся бляшаны крыж75.
75 Тамсама. Л. 227 об., 228.
З 1824 г. у плябанскіх вёсках былі арганізаваны склады збожжа (сялянскія магазіны) на выпадак неўраджаю. Склады напаўняліся ўвосень, калі з кожнай рэвізскай душы збіраліся 4 гарнцы хлеба.

Пасля смерці Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча (у снежні 1826 г.) у Гомельскім фундушавым маёнтку была ўчынена праверка. Паводле тэстамэнту мітрапаліта, каб засцерагчы Гомельскі і іншыя маёнткі ад разарэння, належныя мітрапаліту даходы мусілі быць унесеныя ў прыказ грамадскай апекі. Апісанне маёнтка і адасабленне мясцовай маёмасці і маёмасці мітрапаліта прадпісвалася зрабіць кіраўніку Беліцкага дэканата віцэ-дэкану кс. Пашавіцкаму (пробашч у Радузе) разам з чынам гомельскага земскага суда, гомельскім парафіяльным святаром кс. Чаховічам, канонікам кс. Калянкоўскім (капітул прызначыў яго кіраўніком камісіі) і валаснымі кіраўнікамі.

15 студзеня і 20 сакавіка кс. Калянкоўскі і кс. Пашавіцкі паведамлялі ў рапартах кансісторыі пра нядобранадзейнасць і нядбайнасць аканома і служак маёнтка. Кансісторыя 19 і 30 сакавіка загадвала следчай камісіі правесці рэвізію, пасля якой патрабавалася звольніць старых служак і набраць добранадзейных. Для рэвізіі кансісторыя загадала наняць дасведчанага бухгалтара, якому заплацілі за працу 150 рублёў. 16 красавіка аканомам Гомельскага фундушавага маёнтка быў прызначаны дваранін Мікалай Шадзеўскі. 10 мая віцэ-дэкан Пашэвіцкі быў адхілены ад праверкі.

З 1827 г. вікарыем гомельскага касцёла быў кс. Адам Ян Каэтанавіч Камінскі, якога ў 1829 г. прызначылі віцэ-дэканам. З 1830 г. вікарыем гомельскага касцёла служыў кандыдат багаслоўя кс. Юліян Дзяменцьевіч Дубраўскі. У 1832 г. ён быў прызначаны беліцкім дэканам. З 11 ліпеня 1832 г. вікарыем служыў кс. Ігнацы Ян Ксавер’евіч Кашэўскі.

У 1835 г. капліцы гомельскай парафіі знаходзіліся ў дзевяці мясцінах: у павятовым горадзе Новая Беліца — драўляная, без літургічнага начыння, належала былому павятоваму страпчаму Якубу Міцкевічу, мясцілася за 7 вёрстаў ад касцёла; у шляхецкай аколіцы Новыя Цярэшкавічы, драўляная, пабудаваная шляхтай аколіцы; у маёнтку Фелікса Фашча Грабаўцы — драўляная, бенедыктаваная канонікам Пацэвічам у 1818 г.; у Антонаўцы, маёнтку Крушэўскіх — бенедыктаваная76 канонікам кс. Пашэвіцкім у 1819 г.; у Баршчоўцы, маёнтку Ільяшэвічаў — пабудаваная ў 1814 г.; у Борхаве, маёнтку малалетніх Ваўкавіцкіх — драўляная, бенедыктаваная ксяндзом Чаховічам у 1827 г.; у Дуравічах, маёнтку Фашчаў — пабудаваная ўладальнікам; у Засоўі, маёнтку Халецкага — драўляная, пабудаваная ўладальнікамі; а таксама ў Ціхінічах, маёнтку Вішнеўскага.
76 Бенедыктацыя — першапачатковае асвячэнне, пасля якога ў касцёле ці капліцы дазваляецца здзяйсняць св. Імшу.
У склад парафіі ўваходзілі 2 павятовыя гарады, 4 шляхецкія аколіцы, 7 памешчыцкіх дамоў, 21 фальварак, 7 вёсак, 163 дамы парафіянаў, у якіх пражывала 517 душаў мужчынскага полу і 599 жаночага77.
77 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2797. — Л. 8.
Парафіяльныя могілкі, якія знаходзіліся за Гомелем на адлегласці 700 сажняў ад касцёла, у 1835 г. мелі памеры 50 сажняў на 30 сажняў (прыкладна 105 м на 63 м). Могілкі былі агароджаныя плотам з дылёўкі, у якім мелася брама. На тэрыторыі могілак стаяла драўляная каплічка з абразом Святой Тройцы78.
78 Тамсама. Д. 2800. — Л. 234 об.
У касцёльных фальварках Блюдніцы і Кабыліна было агулам 7848 дзес. і 1800 сажняў зямлі. У абодвух фальварках у 1833 г. высявалі: жыта — 58 чвэрцяў, пшаніцы — 5 чвэрцяў, ячменю — 6 чвэрцяў і 20 гарнцаў, аўса — 90 чвэрцяў, грэчкі — 20 чвэрцяў і 20 гарнцаў, семя ільну — 3 чвэрці і 20 гарнцаў, канапель — 5 чвэрцяў і 40 гарнцаў, гароху — 2 чвэрці, бабоў — 1 чвэрць.

Сенакосу было 500 дзес., на якіх у 1833 г. было сабрана 2 426 пудоў 15 фунтаў сена; лесу дубовага, альховага, бярозавага і сасновага — 150 дзес., з якога на ацяпленне плябаніі, фальваркаў і вёсак Асобіна, Блюдніцы, Рудзянец і Сямёнаўка пайшло 210 куб. сажняў дроў. У фальварках стаяла па адным млыну-ветраку, у абодвух фальварках разам было 6 корчмаў, 153 сялянскія хаты, каля якіх мелася 1 990 дзес. ворнай зямлі. Зямлі пад лесам налічвалася 2 048 дзес., балоцістай і пад азёрамі — 100 дзес., сенакоснай і пад забудовамі — 2 680 дзес. У вёсцы Рудзянец існавала грэка-расійская (праваслаўная) царква.

Са 153 двароў у касцёльных вёсках 56 былі на аброку ці чыншу. Павіннасці касцёльных сялянаў былі наступныя: з чвэрці (валокі) зямлі сяляне мусілі плаціць 8 руб. серабром і пастаўляць прадукты: 1 чвэрць жыта, 20 гарнцаў ячменю, 1 чвэрць аўса, 40 гарнцаў грэчкі, 20 гарнцаў хмелю, 100 штук грыбоў, палову гусі, курыцу, 10 яек. Дастаўлялі таксама ў плябанію 3 вазы дроў, 2 талькі (клубкоў) пражы ў 40 пасмаў, 1 фунт кужалю, па чарзе рамантавалі будынкі, выстаўлялі падводы па патрабаванні эканоміі. На жніво, сенакос і вываз гною чыншавыя сяляне мусілі выходзіць разам з прыгоннымі сялянамі.

Прыгонныя сяляне адбывалі 2 дні прыгону ў тыдзень. Малацьба і старажоўшчына (павіннасць сялянаў несці варту) выконваліся па чарзе. Усе гэтыя павіннасці існавалі яшчэ з «польскіх» часоў і выконваліся акуратна79.


79 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2797. — Л. 6, 7.
іл. 14. Сяляне Магілёўскай губерні.
У 1835 г. пры касцёле былі наступныя служкі: арганіст Людвік Енджэеўскі, 36 гадоў, шляхціц Лепельскага павета, на пасадзе 3 гады; сакрыстыянін80 Дамінік Шынкевіч, 25 гадоў, шляхціц з аколіцы Лапічы, на пасадзе 8 гадоў. Плябанскія служкі: фурман Іван, 16 гадоў, праваслаўны капітульны падданы з вёскі Рудзянец; вартаўнік Клім Васілёў, 22 гады, праваслаўны плябанскі падданы з вёскі Сямёнаўка; гаспадыня Магдалена Жарнова (магчыма, Жарына), 45 гадоў, шляхцянка-каталічка з вёскі Рудзянец; хлопец Міхаіл Аколаў, 25 гадоў, католік; хлопец Віктар Енджэеўскі, 16 гадоў, шляхціц-католік. Пры плябаніі таксама жыла жабрачка Марыяна Пашкевіч, удава 54 гадоў, шляхцянка Беліцкага павета81.
80 Сакрыстыянін (касцельны) — асоба, звычайна свецкая, якая выконвае шмат абавязкаў у касцёле: наглядае за сакрыстыяй, адказвае за падрыхтоўку да літургіі, адмыкае і замыкае святыню і т.д.

81 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2800. — Л. 240 об.
1 чэрвеня 1838 г. вікарыем у гомельскі касцёл быў прызначаны кс. Баніфацый Найневіч.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка