Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка2/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

2. Моўнае пытанне ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Гомельшчыне
Да Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965 гг.) Імша ва ўсім Каталіцкім Касцёле вялася на лацінскай мове. На нацыянальных мовах адбываліся толькі дадатковыя набажэнствы і казанні. На Беларусі казанні і дадатковыя набажэнствы былі, у асноўным, польскамоўнымі, хоць у 1860–1870 гг. царскія ўлады і спрабавалі ўвесці ў жыццё Касцёла рускую мову, але гэтыя спробы праваліліся. У 1871 г. гомельскія парафіяне разам з пробашчам Ф. Пятроўскім адмовіліся ўводзіць дадатковыя набажэнствы на рускай мове72.
72 Ракоўскі, М. Супрацьстаянне // Наша вера. — 1996. — № 1.

Польскамоўнай была і рэлігійная каталіцкая літаратура, за выключэннем невялікай колькасці беларускамоўных выданняў, з якіх можна прыгадаць катэхізіс, выдадзены езуітамі ў 1585 г. у Вільні; кантычкі73 для ўжытку беларусамі-католікамі, выдадзеныя тымі ж езуітамі ў Полацку і катэхізмы па-беларуску, надрукаваныя ў 1838 г. у Віленскай дыяцэзіі, а ў 1861 г. перавыдадзеныя ў Варшаўскай. Але не выклікае сумненняў і тое, што для неадукаваных вернікаў-сялян і вернікаў з дробнай шляхты, якія кепска разумелі польскую мову, святары і манахі-езуіты вымушаны былі прамаўляць казанні па-беларуску — на мове штодзённага ўжытку гэтых вернікаў.


73 Кантычкі — зборнікі рэлігійных гімнаў.
Перад Першай сусветнай вайной у Магілёўскай губерні (у якую ўваходзіла сучасная ўсходняя Гомельшчына) налічвалася каля 30 тыс. католікаў-беларусаў74. У Гомельскім дэканаце такіх вернікаў, якія кепска разумелі польскую мову, была значная колькасць (прыкладна 5–7 тыс.), асабліва ў чачэрскай парафіі і філіі Рудня-Шлягіна. Пацвярджэнне гэтаму можна знайсці ў кнізе ксяндза Я. Жыскара «Нашы касцёлы». Жыскар пісаў, што парафіяне чачэрскай парафіі, апрача нешматлікай дробнай шляхты і некалькіх землеўласнікаў, пераважна беларусы, таму святары ў капліцах прамаўляюць да іх па-беларуску. У Рудні-Шлягіне католікамі былі пераважна сяляне-беларусы і, часткова, дробныя шляхціцы. «Мусім сцвердзіць, што з нацыянальнага погляду засталося тут мала польскасці. Нават дробная шляхта забылася мову сваіх прабацькоў…» — пісаў Я. Жыскар74.
74 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 119.

75 Тамсама.
Трэба адзначыць, што самі ўсходнебеларускія католікі-сяляне, якія размаўлялі па-беларуску і практычна не разумелі польскай мовы, усё ж цягнуліся да польскай мовы (для іх сакральнай) і польскіх кніг. Беларускую мову яны лічылі некаталіцкай, а беларускія кнігі штучнымі. І хоць, па словах Я. Жыскара, беларускае кнігадрукаванне пачало развівацца і кніга займала ганаровае месца ў бібліятэках, але толькі ў бібліятэках заможных людзей, памешчыкаў і інтэлігенцыі. А вось у хаце беларускамоўнага селяніна-католіка, які акрамя гэтай мовы іншых не ведаў, беларускай кнігі не было76.
76 Тамсама. S. 120.
Паводле кс. Адама Станкевіча, некаторыя святары, якія працавалі ў Гомельскім дэканаце, былі звязаны з нацыянальна-рэлігійным беларускім рухам. Сярод іх кс. Баляслаў Валынец, кс. Юзаф Ворслаў, кс. Пётр Грыб, кс. Ян Жаўрыд, кс. Вінцэнт Ільгін, кс. Юзаф Лук’янін, кс. Карл Лупіновіч, кс. Леан Буйноўскі, кс. Альбін Шаціла77.
77 Спіс каталіцкага духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі, студэнтаў Мітрапалітальнай семінарыі і Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе, звязаных з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам (спіс складзены на падставе пазнакаў кс. Адама Станкевіча ў каталіцкім выданні «Directorium divini officii pro archidioecezi Mohiloviensi in annum domini 1917. Petropoli» — кніга захоўваецца ў ЦНБ, ОБ-ХХ/Ар–3891).

Адзін з пералічаных — кс. Карл Лупіновіч, у 1914–1917 гг. быў удзельнікам беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе. Члены гуртка займаліся таксама нацыянальным выхаваннем беларускіх семінарыстаў, якія вучыліся ў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Петраградзе78.


79 Туронак, Ю. Падрэзаныя крылы // Наша вера. — 2003. — № 2 (24).
Кс. Лупіновіч у 1920 г. быў вікарыем гомельскага касцёла, з 1920 г. па 1921 г. працаваў на пасадзе капелана жлобінскай капліцы ў антушаўскай парафіі. З 1917 г. прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі.

Кс. Баляслаў Валынец з 1921 г. філіяліст люшаўскага касцёла і капелан жлобінскай капліцы. З 1924 г. абслугоўваў яшчэ і чачэрскую парафію. 20 кастрычніка 1929 г., пасля набажэнства ў люшаўскім касцёле, Валынец пад ціскам АДПУ80 публічна адмовіўся ад святарства (паводле некаторых звестак, кс. Валынец не толькі не прымаў удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцця, але наадварот, займаўся паланізацыяй).


80 АДПУ — Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне, пераемнік ЧК («надзвычайнай камісіі»).
Кс. Юзаф Ворслаў з 1914 г. да 1919 г. працаваў вікарыем гомельскага касцёла.

Кс. Пётр Грыб у 1914–1917 гг. быў люшаўскім філіялістам.

Кс. Ян Жаўрыд з 1910 г. да 1912 г. выконваў абавязкі філіяліста ў люшаўскім касцёле.

Кс. Вінцэнт Ільгін з 1910 г. да канца 1918 г. быў пробашчам чачэрскага касцёла. Менавіта яго меў на ўвазе Я. Жыскар, пішучы, што святары ў капліцах чачэрскай парафіі прамаўляюць да вернікаў па-беларуску.

Кс. Юзаф Лук’янін працаваў адміністратарам рудня-шлягінскай парафіі з 1918 г. па 1921 год.

Кс. Леан Буйноўскі у 1921 г. быў прызначаны капеланам рудня-шлягінскай капліцы. Пазней, да 1922 г., таксама фактычна выконваў абавязкі пробашча і дэкана ў Гомелі. Паводле адной з версій, у 1943 г. кс. Буйноўскі быў расстраляны нацыстамі ў Баранавічах за невыкананне загаду аб правядзенні набажэнстваў у касцёле на беларускай мове81, але больш верагодна, што ён загінуў у Калдычаўскім лагеры82.


81 Dzwonkowski, R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.

82 Калдычаўскі канцэнтрацыйны лагер існаваў у часы нямецкай акупацыі (1942–1944 гг.) у Баранавіцкім раёне, у Міхновіцкім лесе паміж вёскамі Калдычава і Міхноўшчына. У лагеры было знішчана 22 тыс. чалавек: беларусаў, палякаў, яўрэяў. Аховай лагера займалася 7-я рота 13-га беларускага батальёна СС пры Баранавіцкім СД. У лагеры былі замучаны і пахаваны ў брацкай магіле прыкладна 40 каталіцкіх святароў.
Малаверагодна, што кс. Леан Буйноўскі, які быў удзельнікам нацыянальна-рэлігійнага беларускага руху, быў супраць увядзення беларускай мовы ў Касцёле. Можна выказаць версію, што, улічваючы нацыянальныя-моўныя рэаліі Заходняй Беларусі, ён выступіў супраць поўнага выцяснення польскай мовы з ужытку ў Касцёле, за што пасля інфармацыі асобных беларускіх нацыяналістаў і быў пакараны смерцю.

Кс. Альбін Шаціла з 1920 г. па 1924 г. быў адміністратарам чачэрскай парафіі. Актыўна займаўся беларусізацыяй рэлігійнага жыцця парафіі.

Прыхільна ставіліся да выкарыстання беларускай мовы ў касцёльным жыцці не толькі шараговыя святары, але і каталіцкія іерархі: арцыбіскуп Эдвард Роп і біскуп Баляслаў Слосканс.
іл. 6. Арцыбіскуп Эдвард Роп.

іл. 7. Біскуп Баляслаў Слосканс.


Латыш Баляслаў Слосканс у маі 1926 г. атрымаў прызначэнне на пасаду апостальскага адміністратара Мінскага і Магілёўскага. У сваіх казаннях ён выкарыстоўваў і беларускую, і польскую мовы. Каб растлумачыць сваё стаўленне да моўнай палітыкі, ён падчас наведвання гомельскай парафіі звярнуўся ў гомельскім касцёле да вернікаў (частка якіх належала да інтэлігенцыі) па-польску: «Казанне мае на мэце высветліць усім вернікам, без розніцы ступені іхняй адукацыі, найважнейшую справу іхняга жыцця — справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым на такой мове, якую добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні на розных мовах я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх колаў вернікаў і выслухаць казанне на беларускай мове».

За сваю актыўную дзейнасць на пасадзе апостальскага адміністратара Б. Слосканс у верасні 1926 г. быў арыштаваны і высланы ў Салавецкі лагер83.


83 Анофранка, Н. Агляд моўнай палітыкі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. / Н. Анофранка, А. Гардзіенка // Беларускі калегіюм [Электронны рэсурс] — http://www.baj.by/belkalehium.
іл. 8. Баляслаў Слосканс.
Сёння, у адпаведнасці з рашэннямі Другога Ватыканскага Сабору, набажэнствы ў гомельскім касцёле і іншых касцёлах адроджанага Гомельскага дэканата адбываюцца на беларускай мове, але па жаданні гомельскіх вернікаў, у асноўным рускамоўных, казанні ў гомельскім касцёле гучаць па-руску. Таксама ёсць адна Імша на тыдзень, якая цэлебруецца па-польску. Наогул для гомельскіх ксяндзоў характэрна падкрэсліванне таго, што Каталіцкі Касцёл мае сусветны характар і звяртаецца да ўсіх людзей на той мове, якую яны разумеюць і якой валодаюць, і што Касцёл дапамагае кожнаму чалавеку, незалежна ад нацыянальнасці, падрыхтавацца да сустрэчы з Богам84.
84 Адзіночанка, В. А. Каталіцкая царква ў Гомелі ў XX стагоддзі // Десять веков христианства на Руси: Международная науч.-практич. конф. (13 сентября 2005 г., Мозырь). — Гомель, 2006. — С. 31–36.


Раздзел ІІ. ГОМЕЛЬСКАЯ ПАРАФІЯ
1. Гомель у ХІІ–ХVІ стст.
Горад Гомель упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 г. як уладанне чарнігаўскага князя. Але, як высветлілі археолагі, Гомель узнік раней — у канцы І тысячагоддзя пасля Н.Х., у сутоках ракі Сож і ручая Гамяюк.

Каля 1335 г. Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага і першапачаткова быў уладаннем пляменніка вялікага князя Альгерда — Фёдара Карыятавіча. У канцы ХIV ст. Гомель ужо належаў іншаму пляменніку вялікага князя Альгерда — Патрыкею Нарымунтавічу.

У «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх» Гомель пазначаны сярод гарадоў Падняпроўя. Акрамя Гомеля да гарадоў Падняпроўя належалі Бранск, Любеч, Магілёў, Ноўгарад-Северскі, Оўруч, Папова Гара (цяпер — раённы цэнтр Красная Гара Бранскай вобл.), Рагачоў, Рэчыца, Стрэшын, Чачэрск.

Да 1406 г. горад належаў сынам Патрыкея Нарымунтавіча, Аляксандру і Івану. У 1406 г. вялікі князь Вітаўт западозрыў Аляксандра Патрыкеевіча, які з 1397 г. неаднаразова згадваецца ў дакументах як князь старадубскі, у сімпатыі да Маскоўскага княства і забраў у яго гомельскі ўдзел. Старадубскае княства (напэўна, разам з Гомелем), а таксама суседняе Бранскае княства былі перададзены князю Свідрыгайлу Альгердавічу. Аднак у 1408 г. Свідрыгайла, адвечны праціўнік Вітаўта, зноў пасварыўся з вялікім князем, пакінуў нованабытыя вотчыны і з’ехаў у Маскву.

У 1409–1419 гг. Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі. У 1419–1435 гг. горадам ізноў валодаў князь Свідрыгайла.

У 1446–1452 гг. Гомель належаў бегламу серпухаўскаму і бароўскаму князю Васілю Яраславічу. У 1452 г. зноў належаў князю Свідрыгайлу, які вылучыў са складу Гомельскай воласці і аддаў Андрэю Саковічу, полацкаму намесніку, тры сялы: Данілавічы (цяпер Веткаўскі раён), Дуравічы (Буда-Кашалёўскі раён) і Валосавічы (верагодна, Чачэрскі раён). Аб гэтай падзеі вядома з дакумента, які датаваны 1483 годам. У гэтым годзе адбыўся суд паміж сынам Саковіча Багданам Андрэевічам і князямі Мажайскімі — тагачаснымі ўладальнікамі Гомельскай воласці. Багдан Саковіч скардзіўся, што пасля смерці яго бацькі (з іншых крыніцаў вядома, што пан Андрэй Саковіч памёр каля 1464 г.) гэтыя «пажалаванні» былі зноў далучаны да воласці, у той час як павінны былі перайсці ў спадчыну да яго, Багдана. Суд пацвердзіў яго правы і вярнуў яму маёнткі.

Пасля смерці князя Свідрыгайлы ў 1452 г. кароль і вялікі князь Казімір зноў аддаў Гомель і Гомельскую воласць выхадцу з Маскоўскага княства. На гэты раз ім стаў князь Іван Андрэевіч Мажайскі. Як і Васіль Бароўскі, ён быў блізкім родзічам вялікага князя маскоўскага Васіля II. У адрозненне ад Бароўскага, князь Мажайскі застаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім да канца жыцця. Яго ўладанні (Старадубскае княства, у якое ўваходзіў і Гомель) былі затым перададзены двум яго сынам, Андрэю і Сямёну. Менавіта з імі судзіўся ў 1483 г. Багдан Саковіч, дамагаючыся вяртання маёнткаў.

Неўзабаве Андрэй Мажайскі памёр, а яго брат Сямён, які афіцыйна называўся князем Старадубскім, захоўваў свае ўладанні да 1499 г., калі распачалася вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. У ходзе гэтай вайны восенню 1500 г. князь Сямён разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшоў на бок Івана ІІІ. За гэта іх княствы мелі ў складзе Маскоўскай дзяржавы пэўную аўтаномію, бо яны разам з Разанню ў першай чвэрці XVI ст. засланялі Маскву ад татарскіх набегаў.

Вайна закончылася перамогаю Масквы, і паводле мірнага пагаднення ад 1503 г. уся Гомельская воласць і частка Чачэрскай, што ахоплівала сучасную Веткаўшчыну (з сёламі Свяцілавічы, Галоднае, Жалезавічы), адышлі да Маскоўскай дзяржавы1.
1 Насевіч, В. У складзе Вялікага Княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — С. 41–46.
У 1518 г. Старадубскае княства перайшло ў валоданне Васіля ІІІ і спыніла сваё існаванне.

У 1534 г. паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім пачалася Старадубская вайна (1534–1537 гг.), і 16 ліпеня 1535 г. Гомель быў вызвалены ад маскоўскага гарнізона з дапамогаю жыхароў горада, якія самі адчынілі войску ВКЛ браму моцна ўмацаванага Гомельскага замка. Весткі пра вяртанне Гомеля, які з 1501 г. належаў Маскве, выклікалі вялікую радасць у ВКЛ. Кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары загадаў намеснікам з бліжэйшых да Гомеля гарадоў (Чачэрска і інш.) тэрмінова выслаць прафесійных будаўнікоў для ўзвядзення новых гарадскіх умацаванняў, што і было неадкладна зроблена.

27 сакавіка 1537 г. у Маскве было падпісана замірэнне на 5 гадоў, паводле якога Масква адмовілася ад Гомельскай воласці. Ранейшым уладальнікам былі вернуты іх маёнткі. У прыватнасці, маёнтак Хальч быў вернуты Халецкім. Данілавічы былі зноў далучаны да Гомельскай воласці, бо іх колішні спадчыннік Багдан Саковіч не пакінуў нашчадкаў мужчынскага полу.

У 1542 г. замірэнне паміж ВКЛ і Масквой зноў падоўжылі на 5 гадоў на тых жа ўмовах.

Адразу пасля вяртання Гомеля ў 1535 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары заснаваў Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэнне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласцяў. Кіравалі староствам дзяржаўцы-старосты, як правіла, буйныя феадалы. Штогод (з 1562 г.) яны ўносілі ў скарб кварту — 25% ад даходаў на ўтрыманне войска. Гомельскімі старостамі былі: князь Аляксандр Андрэевіч Сангушка-Кашырскі (1535), князь Васіль Юр’евіч Друцкі-Талачынскі (1536–1537), Я. Дарашкевіч (1537–1546), Я. Хршчановіч (1546–1547), пісар ВКЛ Анікей Гарнастай (1547–1552), Ян Каляйніцкі (каля 1560),2 К. В. Тышкевіч, Міхайла Мышка-Варкоўскі, Багдан Паўлавіч Сапега (1572–1582), яго сыны Андрэй (1582–1610) і Павел Стэфан (1610–1635), князь Андрэй Млоцкі,3 Рудскі, Аляксандр Слушка (да 1658) і яго сын Зыгмунт (да 1671), Міхаіл Казімір Радзівіл (1671–1680), Васіль Аляксандравіч Красінскі і яго пляменнік Тамаш (Фама) Міхайлавіч Красінскі (да 1717), Мікалай Фаміч Корвін-Красінскі (1717–1730), Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі (1730–1772), які быў апошнім старостам.
2 З адказной кнігі на Гомельскі маёнтак П. А. Румянцава 1776 г. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1.

3 Купава, М. Аршанская бажніца апекі Маці Божай // Наша вера. — 1999. — № 3.
21 сакавіка 1560 г. гомельскія мяшчане паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста атрымалі пячатку з выяваю крыжа і надпісам на лацінскай мове «Герб горада Гомеля».
іл. 9. Герб Гомеля. 1560 г.
З 1566 г. Гомель знаходзіўся ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. У гэты час у склад староства акрамя Гомеля ўваходзілі 32 гаспадарскія вёскі, якімі кіравалі валасныя дзяржаўцы: Азарычы, Антонавічы, Бабовічы, Бацуны, Бярэзцы, Воўкавічы, Вуцце, Галавінцы, Губічы, Дабруша, Данілавічы, Данілкавічы, Дземіянавічы, Дзятлавічы, Карма, Кашалёва, Лагуновічы, Маркавічы, Марозавічы, Навасёлкі, Насовічы, Пірэевічы, Прыбыткавічы, Раманавічы, Старое, Трыастынь, Уваравічы, Целяшы, Цярэнічы, Цярэшкавічы і 2 вёскі з назвай Юркавічы. У гэтых вёсках было 198 дымоў — сялянскіх гаспадарак, якія карысталіся 87 «службамі» (паводле Л. Вінаградава, у воласці налічваліся 202 дымы з 88 службамі) — зямельнымі надзеламі ў адну валоку4.
4 Валока — асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў Вялікім Княстве Літоўскім, роўная прыкладна 21,36 га.

З адной службы ў каралеўскі скарб бралася падаткаў па 50 грошаў, па «1 бочке жита ровной, без верха и не трясеной», па 1 бочцы аўсу, па 4 пенязі5 з возу сена, па 6 грошаў за язоўшчыну, па 25 грошаў з пяцернага пуда за мёд і за адвоз яго. Асобныя падаткі браліся за карыстанне паляўнічымі і рыбалоўнымі ўгоддзямі. Апроч таго, дзяржаўцы збіралі для сябе з кожнай службы па 6 грошаў, па 2 вазы сена (кожны цаной па 3 грошы), па 2 вазы дроваў, паўбочкі жыта і аўсу. Самыя вялікія даходы дзяржаўцам паступалі ад судзебных пошлінаў, ад замкавага млына на рацэ Узе і ад карчмы. Усяго з Гомеля ў каралеўскі скарб ішла 141 капа 20 грошаў 2 2/3 пенязі грашыма і вялікая колькасць падаткаў натурай. З воласці збіралася 304 капы 16 грошаў 9 пенязяў.


5 Пенязь — сярэбраная манета.
Да таго ж сяляне абавязаны былі рамантаваць Гомельскі замак і ўтрымліваць замкавую варту.

Акрамя 32-х гаспадарскіх вёсак, у Гомельскай воласці ў гэты час было 16 населеных пунктаў, якія належалі прыватным асобам або царкве: Вага, Валатава, Валозкавічы, Дударавічы, Засоўе, Кальскевічы, Кузьмінічы, Плеса, Прысна, Рылавічы, Сеўрукі, Слабада, Хальч, Чабатовічы, Чорныя, Шарсцін.

Буйнымі землеўласнікамі ў канцы ХVІ ст. былі баяры Мілька Ахрэмавіч, Лявон Грыгоравіч Воўк, Белка Кажамячын, Сідар Канапліцкі, Іван Фашч, Андрэй і Васіль Халецкія, Іван і Нячай Хаміры, Ісай і Павел Харковічы, Леў Шарында, замкавы харунжы Крыштаф Ленскі (Аленскі), а таксама святары і дыяканы Мікольскай, Спаскай і Троіцкай цэркваў: настаяцель замкавай царквы св. Мікалая а. Сямён валодаў Шыншатураўскай зямлёй каля Добруша, Пясоцкай зямлёй каля сяла Вуцце і Каўбасоўшчынай каля Старога Сяла; настаяцель Спаскай царквы а. Ерафей Іванавіч валодаў зямлёю каля Дзятлавічаў, Мільчыцкім востравам, Міхалёўшчынай і Махадоўшчынай; святар Троіцкай царквы а. Фёдар Іванавіч валодаў сялом Плёсам; дыякан Троіцкай царквы Рыгор Лук’янавіч — міхалёўскай зямлёй каля Раманавічаў і бушманаўскай зямлёй каля Лагуновічаў6.

Вёска Скепня ўваходзіла ў склад маёнтка Стрэшын і належала віленскаму касцёлу св. Станіслава7.


6 Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт, Гомель, 2005). — С. 15–16.

7 Трусаў, А. Старадубская вайна // Радыё Свабода [Электронны рэсурс] — http://www.svaboda.org.
У Інфлянцкую вайну 1558–1582 гг. Гомель ненадоўга заняло маскоўскае войска: у ліпені 1576 г. яно было выбіта атрадам Юрыя Радзівіла. Праз 5 гадоў, 5 мая 1581 г., на Гомель ізноў напалі царскія войскі, якія спалілі горад, аднак узяць замак ім не ўдалося.

2. Каталіцтва ў Гомелі ў XVII–XVIII стст.
Каталіцкая грамада ў Гомелі і наваколлі пачала фармавацца, верагодна, у канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стст., калі значная частка шляхты пераходзіла ў каталіцтва. 16 ліпеня 1631 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў ab origine (ад самага пачатку) пабудову касцёла ў Гомелі8. Верагодна, касцёл меў тытул св. Казіміра.
8 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2588. — Л. 59 об.

Несумненна, будаўніцтва касцёла было вынікам таго, што ў горадзе ўзнікла буйная каталіцкая грамада. На ўтрыманне святароў і служак на вечныя часы быў запісаны фальварак Блюдніца з сялянамі за 25 вёрстаў ад гомельскай плябаніі9 і 4 тыс. дзес. лесу, 3 тыс. дзес. сенажаці, 2 тыс. дзес. ворнай зямлі, 3 тыс. дзес. няўдобіцы і забалочанай зямлі. У апісанні гомельскага касцёла за 1881–1886 гг. згадваецца «Экстракт канфірматны10 фундуша Гомельскага 1631 года ліпеня 16 дня», які захоўваўся ў касцёльным архіве да 1856 г. (дакумент згарэў у час гарадскога пажару)11.


9 Плябанія — двор святара (жылы дом, гаспадарчыя забудовы).

10 Экстракт канфірматны — вытрымка з дакумента.

11 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2912.
Гомельская парафія ўваходзіла ў Бабруйскі дэканат Віленскай дыяцэзіі.

У 1633 г. Гомельскі замак супрацьстаяў казацкім сотням Багдана Булгакава і Івана Ярмоліна, якія, на шчасце, так і не змаглі яго захапіць.

У 1640 г. Гомельскае староства налічвала 40 сёлаў з 202-ма дымамі.

4 ліпеня 1648 г. украінскія казакі палкоўніка Галавацкага і натоўпы мясцовых сялянаў захапілі горад і выразалі ўсіх католікаў і яўрэяў. У Гомелі «враги совершили страшное избиение; били несчастных кольями, чтобы медленно умирали. Кучами падали мужья, жёны, дети. И не было им погребения, и псы и свиньи поедали валявшиеся трупы»12.


12 Кандель, Ф. Очерки времен и событий из истории российских евреев. — Иерусалим, 1988. // [Электронны рэсурс] — http://www.chassidus.ru.

Паводле афіцыйных данясенняў, у Гомелі «было побито жидов с женами и детьми больше двух тысяч, а ляхов с шестьсот человек»13. Такая вялікая колькасць католікаў («ляхаў») у Гомелі, верагодна, тлумачыцца тым, што за сценамі Гомельскага замка шукалі паратунку ад казакаў і сялянаў шматлікія шляхецкія сем’і з навакольных паселішчаў.


13 Тамсама.
У выніку пагромаў на левым беразе Дняпра ў 1648 г. зніклі практычна ўсе католікі, палякі, яўрэі, а таксама тыя прадстаўнікі праваслаўнай шляхты, якія сімпатызавалі Рэчы Паспалітай14.
14 Дикий, А. Неизвращенная история Украины – Руси. — Нью-Йорк, 1960. // [Электронны рэсурс] — http://www.pseudology.org.
Вясной 1649 г. перад Вялікаднем Гомель пры дапамозе мяшчанаў быў ізноў заняты казакамі, на гэты раз палкоўніка Марціна Нябабы (у загоне налічвалася 2 500 чалавек). Ізноў у горадзе была ўчынена бязлітасная разня. Летам 1649 г. гетман Януш Радзівіл сканцэнтраваў дастатковую колькасць войска для падаўлення паўстання на Палессі і ўзяў Гомель, Чачэрск і іншыя гарады.

Летам 1651 г. гомельскаму гарнізону ўдалося вытрымаць казацкую аблогу, а праз 3 гады, летам 1654 г., горад быў захоплены казацкім войскам Івана Залатарэнкі, хаўрусніка маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча.

Як піша ў сваёй кнізе «Ад Гамеюка да Гомеля» А. Рогалеў, з 1661 г. па 1671 г. Гомелем валодаў казацкі палкоўнік Андрэй Мурашка, які зрабіў з горада «незалежную казацкую рэспубліку»15. Аб гэтым пішуць і некаторыя іншыя беларускія аўтары, напрыклад, А. Макушнікаў16. Але «Polski słownik biograficzny»17 сцвярджае, што ў Гомелі ў гэты час размяшчаўся бацька Андрэя — Дзяніс Мурашка, які быў «польскім» палкоўнікам. Гэта азначае, што ён служыў Рэчы Паспалітай і ні аб якой «незалежнай рэспубліцы» не магло быць і гаворкі.
15 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. — Гомель, 1993. — С. 117–118.

16 Макушнікаў, А. А. Злавеснае стагоддзе // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн.1. — С. 66.

17 Polski słownik biograficzny. — (Месца выдання??) 1977. — T. XXII/1. Z. 92. — S. 267–269.
Яшчэ 18 верасня 1658 г. Дзяніс Мурашка, які ў той час быў наказным казацкім палкоўнікам і ваяваў супраць ВКЛ, перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. На сойме 1659 г. Дзяніс і яго сын Андрэй атрымалі набілітацыю, гэта значыць, што ім было дадзена шляхецтва. Менавіта часці Дзяніса Мурашкі, падпарадкаваныя ўладам Рэчы Паспалітай, і кантралявалі Гомель з 1661 па 1668 год. У гэтых часцях служыў і Андрэй Мурашка, якога, як вынікае з аналізу гістарычных дакументаў, часта блытаюць з яго бацькам. Гэтая блытаніна паміж Дзянісам і Андрэем Мурашкамі, хутчэй за ўсё, пайшла ад Л. Вінаградава, які ў кнізе «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг.» першым з гомельскіх гісторыкаў напісаў пра Мурашку18. У сваёй працы Л. Вінаградаў не падае імя ўладальніка Гомеля (толькі прозвішча Мурашка), але з «Заўвагаў» да кнігі вынікае, што валодаў Гомелем менавіта бацька — Дзяніс Мурашка. Вось што піша ў «Заўвагах» Л. Вінаградаў, спасылаючыся на «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі»: «В конце 1666 г. Мурашкин сын ходил разбойничать, но потерпел поражение и едва спасся с небольшим отрядом конницы»19. Але далей Л. Вінаградаў піша пра ўладальніка Гомеля, ужо падаючы факты з біяграфіі Андрэя Мурашкі, тым самым усё заблытваючы20.
18 Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт, Гомель, 2005). — С. 19–21.

19 Тамсама. С. 45.

20 Тамсама. С. 21.
У 1681 г., пасля крывавых дзесяцігоддзяў, агульная колькасць католікаў у Гомелі складала менш за 1% насельніцтва. У гэты час гомельскім плябанам быў ксёндз Казімір Тамкевіч.

Да католікаў у Гомелі належалі ў асноўным шляхціцы. Значнымі ўладаннямі ў Гомелі і побач з ім у канцы ХVІІ ст. валодалі шляхціцы Келчэўскія, Красоўскія, Леановічы, Фашчы, Руцкія, Усціновічы.

Леановічы (Левановічы), Усціновічы і Фашчы (Хвашчы, Фашты) былі найстарэйшымі шляхецкімі родамі Гомельшчыны, нашчадкамі мясцовых баяраў ХV–XVI стст. Яны захавалі свае ўладанні ў Гомелі і яго ваколіцах да 1919 года.

Леановічы вялі свой радавод ад баярына Лявона Рыгоравіча Воўка, які ў 1560 г. «трымаў за лістом гаспадарскім да волі і ласкі гаспадарскай» ворныя землі і сенажаці пры сяле Азарычы і на тых жа ўмовах зямлю «пры месце Гомельскім». Згодна з прывілеем караля і вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 9 жніўня 1560 г. Леановічы мелі правы на валоданне двума дварамі ў самім Гомелі. Да канца ХVІІІ ст. Леановічы набылі зямельныя ўладанні ў сёлах Высокае і Слабада Паташава Рагачоўскага павета, Азарычы, Кажанаўка, Сяроўка і Плутоўка Беліцкага павета.

Радавод Фашчаў таксама вельмі старадаўні. Баярын Ян Фашч у 1560 г. «трымаў» ворную зямлю, сенажаці, мядовыя дані пры сёлах Насовічы і Юркавічы пад Гомелем. Новыя землі ў Гомелі і ваколіцах горада былі падараваныя яму ў 1562 годзе. Правы на валоданне двума дамамі ў Гомелі, паводле прывілея караля і вялікага князя Аўгуста ІІІ ад 5 лістапада 1762 г., атрымаў Аляксандр Фашч. Да канца ХVІІІ ст. зямельныя ўладанні Фашчаў значна пашырыліся: яны знаходзіліся ў Дуравічах, Папоўцы, Пышноўцы Рагачоўскага павета, Галавінцах, Грабаўцы, Губіне-Харапуцці, Лукоўі (Улукаўі), Макаўі, Насовічах Беліцкага павета. У некаторых з гэтых населеных пунктаў (Грабаўцы, Дуравічах, Лукоўі) Фашчы пабудавалі каталіцкія капліцы, якія звычайна знаходзіліся на могілках.

Баяры Усціновічы мелі 3 двары ў Гомелі паводле прывілеяў каралёў і вялікіх князёў літоўскіх Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 9 сакавіка 1555 г. і Яна ІІ Казіміра ад 6 лютага 1664 года. У канцы ХVІІІ ст. гэтыя шляхціцы ўжо валодалі землямі ў аколіцы Ухова, вёсках Карыятаўка, Шылавічы Рагачоўскага павета, Любны, Сеўрукі, Чоны Беліцкага павета.

Некаторыя са шляхціцаў рабілі гомельскаму касцёлу шчодрыя ахвяраванні. Так, Аляксандр Келчэўскі ў 1699 г. (у дакуменце пазначаны 1622 г., але гэта памылка) падараваў касцёлу сад, які знаходзіўся ў Гомелі21. 5 ліпеня 1702 г. (ці ў 1762 г.) Алена Аленская падаравала касцёлу сенажаць каля Гомеля22.
21 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2674. — Л. 24.

22 Тамсама.
3 красавіка 1703 г. (паводле іншых даных, 2 красавіка 1730 г.) граф Дамінік Халецкі ахвяраваў 1 тыс. польскіх злотых сярэбранай манетай (150 руб.) з абавязкам цэлебраваць у касцёле штотыдзень адну св. Імшу за душу Алены. Фундушавая сума была забяспечана мястэчкам Ветка, якое належала Халецкаму. З гэтай сумы ў год атрымлівалася 100 злотых працэнтаў. У першай палове ХІХ ст. гэтая Веткаўская эканомія належала княгіні Любамірскай23, якая таксама выплачвала працэнты з фундушавай сумы, хаця рабіла гэта нерэгулярна.

6 кастрычніка 1709 г. шляхціц Юрый (Ежы) Келчэўскі перадаў касцёлу ў вечнае карыстанне «морг24 грунту» ў мястэчку Брылёва25.


23 Тамсама. Д. 2799. — Л. 1–12.

24 Морг — даўняя адзінка вымярэння плошчы, роўная прыкладна 0,7 га.

25 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2674. — Л. 24.
У 1717 г. Мікалай Корвін-Красінскі, староста гомельскі і прапойскі, ахвяраваў гомельскаму касцёлу 5 тыс. польскіх злотых (750 руб.) з абавязкам цэлебраваць у ім штотыднёвую св. Імшу. Гэтая алтарыя26 ў пачатку ХІХ ст. знаходзілася ў маёнтку беліцкага маршалка Фелікса Фашча27. Да 1844 г. грошы спраўна выплачваліся, але потым нашчадкі Фелікса Фашча (жонка Алена, сыны Атон і Аляксандр) перасталі плаціць ануату28. Толькі ў 1872 г. з Аляксандра Фашча спагналі доўг, але паколькі святары гомельскага касцёла ўтрымліваліся дзяржаваю, доўг быў накіраваны ў «Магілёўскае губернскае прысутнае месца па сялянскіх справах»29.
26 Алтарыя — фундуш або запіс на ўтрыманне пэўнага алтара ці капліцы ў касцёле.

27 Паводле іншых дакументаў, грошы ахвяраваў Тамаш Красінскі, і спачатку алтарыя знаходзілася ў бельскага маршалка Халецкага. Пазней, з 1819 г., па загадзе Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча з гэтай сумы бралі шосты працэнт для люшаўскай плябаніі (дакумент аб гэтым знаходзіўся ў люшаўскай плябаніі).

28 Ануата — гадавы даход з капіталу, вяртання якога не прадугледжвалася.

29 РГИА. Ф. 822. — Оп. 4. — Д. 17001.
У 1728–1729 гг. у Гомелі дзейнічала езуіцкая місія, у якой працаваў кс. Ян Дамброўскі.

У першай палове 1770 гг. католікам у Гомелі належалі 18 дамоў. Імі валодалі: Аляксандр Фашч, Усціновічы, Леановічы, Ражыцкі, Сабанскі, Астроўскі, Гіжыцкі, Удзерскі, Місевіч. Каталіцкае насельніцтва Гомеля складала 67 чалавек, або каля 3,5% ад агульнай колькасці насельніцтва горада30. Каля Гомеля былі ўладанні шляхціцаў Усціновічаў, хутар Халецкага, хутар Сялец шляхціца Шынкевіча, слабодка Брылёва шляхціца Гурскага, аколіца Плёсы шляхціцаў Плескіх, аколіца Барлінскіх, Харкевічаў і Плескіх, слабада Сеўрукі шляхціцаў Келчэўскіх і інш. Уся гомельская парафія налічвала 1 670 парафіянаў (1781 г.)31. Арганістам гомельскага касцёла ў гэты час быў парафіянін Місевіч, які валодаў у Гомелі адным дваром.


30 Макушнікаў, А. А. Гомель і яго жыхары ў XVI–XVIII стагоддзях // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн. 1. — С. 87–88.

31 Туронак, Ю. Фарміраваньне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387–1781 гадах // Наша вера. — 1995. — № 1.
З лістапада 1765 г. гомельскім пробашчам быў кс. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які пазней стаў Магілёўскім арцыбіскупам і Мітрапалітам. Верагодна, ён змяніў на гэтай пасадзе былога пробашча, ксяндза Хаціцкага.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка