Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка16/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

Раздзел VІІI. ПАРАФІІ, ДАЛУЧАНЫЯ ДА ГОМЕЛЬСКАГА ДЭКАНАТА ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
1. Рагачоўская парафія

На думку беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, касцёл у Рагачове быў ужо ў першай палове ХVI ст. У сваёй аповесці «Ладдзя роспачы» ён пісаў: «У той час аб’язджала свае землі літасцівая каралева Бона з роду Сфорца, жонка яго каралеўскае мосці Цыкмуна. Завітала яна і ў свой рагачоўскі замак, якому столькі прывілеяў давала і фундатарам касцёла ў якім была»1.


1 Караткевіч, У. Ладдзя роспачы // Збор твораў у 8 т. — Мінск, 1988. — Т. 5. — С. 134.
Але першыя дакументальныя звесткі пра касцёльныя структуры ў Рагачове адносяцца да 1741 г., калі ў Рагачове была заснавана езуіцкая місія Бабруйскай рэзідэнцыі. Рагачоўская езуіцкая місія існавала да 1750 года. Захаваліся імёны місіянераў-езуітаў. Першым місіянерам у 1741–1742 гг. быў кс. Міхаіл Качаноўскі, які таксама быў місіянерам фундацыі Памарніцкіх на Украіне. У 1742–1743 гг. місіянерам у Рагачове быў кс. Юзаф Красоўскі, у 1743–1744 гг. — кс. Станіслаў Гедройц, у 1744–1747 гг. — кс. Мікалай Грынявіцкі, у 1747–1749 гг. — кс. Казімір Гадлеўскі, у 1749–1750 гг. — кс. Юзаф Сташкевіч.

У 1783 г. у Рагачове быў пабудаваны драўляны касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Горад стаў цэнтрам Рагачоўскага дэканата. Дэканам у 1810 г. быў кс. Пётр Стажэнскі2.


2 Hierarchia catholica in imperio rossiaco in annum 1810 // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.
Пазней Рагачоўскі дэканат быў аб’яднаны з Быхаўскім дэканатам і стаў называцца Рагачоўска-Быхаўскім (або Быхаўска-Рагачоўскім).

Мураваны касцёл пад тытулам св. Антонія Падуанскага быў пабудаваны ў 1911–1913 гадах. У гэты час пробашчам служыў кс. Зыгмунт Хадасоўскі. У той перыяд у рагачоўскай парафіі існавала драўляная капліца св. Яна. Капліца знаходзілася ў вёсцы Дварэц.


іл. 57. Касцёл св. Антонія Падуанскага ў Рагачове.
З 1926 г. пробашчам у касцёле быў кс. Стэфан Война. З 1928 г. адміністратарам рагачоўскай парафіі быў кс. Казімір Мустэйкіс.

З 1934 г. пробашчам працаваў кс. Уладзіслаў Кунда. 5 снежня 1935 г. ён быў арыштаваны ў Рагачове як «кіраўнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай групы палякаў-католікаў». З ім было арыштавана яшчэ 8 чалавек (дадаткі 7, 8, 9).

Пасля закрыцця касцёла ў яго будынку размяшчаўся цэх па вырабу напояў і марожанага арцелі «Чырвоны пекар». Улетку 1940 г. у цэху ўзнік пажар, які цалкам знішчыў усе драўляныя элементы будынка3.
3 Официальный сайт Рогачевского районного исполнительного комитета [Электронны рэсурс] — http://www.rogachev.gomel-region.by.
Рэлігійнае жыццё парафіі св. Антонія Падуанскага адрадзілася ў 1990-я гг. Будынак касцёла зноў стаў уласнасцю парафіі. Пад кіраўніцтвам пробашча кс. Леанарда Акалатовіча ў ім вядуцца рэстаўрацыйныя працы.
іл. 58. Капліца на могілках у Рагачове. Мяркуецца, што гэта каталіцкая капліца, якая была пабудаваная ў другой палове ХІХ ст.

2. Рэчыцкая парафія
У 1634 г. мінскі ваявода Аляксандр Слушка пабудаваў у мястэчку Рэчыцы драўляны касцёл Святой Тройцы і заснаваў кляштар дамініканцаў4. Так у Рэчыцы ўзнікла рыма-каталіцкая парафія. Парафія належала да Віленскага біскупства і абслугоўвалася дамініканцамі — братамі прапаведнікамі (Ordo Fratrorum Praedikatorum, OP)5 Рускай правінцыі св. Яцэка6. Пры кляштары ўзнікла і першая ў Рэчыцы бібліятэка, у якой налічвалася 270 кніг. Верагодна, пры кляштары была і школа. Таксама можна меркаваць, што асобныя вернікі парафіі ўваходзілі ў трэці дамініканскі ордэн.
4 Матэрыялы ў падраздзеле даюцца паводле рукапісу кс. Гжэгажа Худэка «Строительство костёла Святой Троицы».

5 Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892–1926), wybór tekstów i oprac. M. Radwan. — Kraków 1999. — S. 224.

6 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 203–204.
У 1793 г., у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, Рэчыца апынулася ў складзе Расійскай імперыі і стала павятовым цэнтрам Мінскай губерні.

Пасля падаўлення лістападаўскага паўстання 1831 г. пачалася ліквідацыя каталіцкіх кляштараў. Праект касацыі кляштараў на Літве і Русі падрыхтаваў уніяцкі біскуп Іосіф Сямашка. У выніку было зачынена больш за 200 рыма-каталіцкіх і уніяцкіх кляштараў7. Сярод іх быў і рэчыцкі дамініканскі кляштар, які спыніў сваё існаванне ў 1832 годзе. З гэтага часу ў парафіі працуюць дыяцэзіяльныя святары.


7 Historia Kościoiła w Polsce, red. B. Kumor, Z. Obertyński. — Poznań, Warszawa, 1979. — S. 469.
У 1843 г. куратам рэчыцкага касцёла быў кс. Антоні Урбіковіч, вікарыем — кс. Казімір Красоўскі.

Заможныя рэчыцкія парафіяне намагаліся ўсяляк падтрымліваць касцёл і ахвяравалі яму значныя сумы грошай. Так, напрыклад, 26 чэрвеня 1838 г. парафія атрымала 300 руб., якія ахвяраваў Баніфацы Якімовіч. Вядома, што з гэтай сумы на 1 студзеня 1852 г. парафіі «набегла» 54 руб. працэнтаў.

У канцы 1850-х гадоў драўляны рэчыцкі касцёл быў ужо стары і таму ўзнікла пытанне аб узвядзенні ў Рэчыцы новага, мураванага касцёла. Старшынёй камітэта па яго будаўніцтве выбралі памешчыка Рэчыцкага павета Мікалая Ігнацьевіча Ланеўскага-Воўка. Праект касцёла быў зацверджаны ў 1861 годзе.
іл. 59. План праекта рэчыцкага касцёла. 1861 г.
У 1862 г., пасля пажару старога драўлянага касцёла, пачалося будаўніцтва мураванага касцёла. Неўзабаве, верагодна з-за паўстання 1863 г., улады адабралі недабудаваны касцёл у католікаў і перадалі будынак праваслаўным вернікам, якія перарабілі яго ў царкву8.
8 Верагодна, гэта рэчыцкі праваслаўны сабор Успення Прасвятой Багародзіцы.
Вось што пра гэта пісаў у 1888 г. у рапарце міністру МУС мінскі губернатар Трубяцкі: «Пытанне аб пабудове каталіцкага касцёла ў г. Рэчыцы ўзбуджалася яшчэ ў шасцідзесятых гадах і тады ж пабудова гэта была прызнана залішняй, так што і касцёл, які ўжо пачалі будаваць, з дазволу Міністэрства ўнутраных спраў, перададзены ў праваслаўнае ведамства і ператвораны ў праваслаўную царкву»9.
9 РГИА. Ф. 821 (Департамент духовных дел иностранных вероисповеданий МВД). — Оп. 125. — Д. 1095. — Л. 20.
У 1888 г. М. І. Ланеўскі-Воўк, які ў 1860-я гады быў старшынёй камітэта па будаўніцтве касцёла, паспрабаваў закончыць галоўную справу свайго жыцця. Ён папрасіў мінскага губернатара Трубяцкога дазволіць пабудаваць цалкам за свой кошт новы мураваны касцёл. Ланеўскі-Воўк меркаваў узвесці яго на месцы каталіцкага малітоўнага дома і прысвяціць памяці цудоўнага збавення Іх Імператарскіх Мосцяў і Найаўгусцейшых дзяцей 17 кастрычніка 1888 года10. Пра гэта паведамлялася ва ўжо згаданым рапарце губернатара Трубяцкога міністру МУС. З рапарта становяцца вядомымі і матывы, па якіх Трубяцкі не задавольніў хадайніцтва:
10 Тамсама. Л. 19, 1.
«1. У Рэчыцкай рыма-каталіцкай парафіі парафіянаў налічваецца няпоўных 2 тысячы, у самым жа горадзе Рэчыца такіх пражывае да 350 чалавек.

2. Дадатковыя набажэнствы ў названым касцёле адбываюцца на польскай мове. <…>

4. Запытаны мною біскуп Мінскі і Тураўскі паведаміў, што хадайніцтва п. Ланеўскага-Воўка, як з-за нязначнай лічбы парафіянаў рэчыцкага касцёла, так і з-за інтарэсаў праваслаўя ў краі наогул, ён меркаваў бы пакінуць без наступстваў… тым больш, што і сама Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя вельмі клапоціцца аб падтрымцы касцёлаў, у якіх дадатковыя набажэнствы адбываюцца на польскай мове, ва ўрон каталіцкім касцёлам, дзе ўведзены рускі трэбнік»11.
11 Тамсама. Л. 19, 1–20.
13 студзеня 1891 г. рашэннем № 493 міністр не дазволіў будаўніцтва касцёла ў Рэчыцы12. Мікалай Ланеўскі-Воўк, які чакаў адказу больш за 2 гады, папрасіў вярнуць яму план і чарцяжы, якія прыкладаліся да прашэння.
12 Тамсама. Л. 26.
У 1896 г. пробашчам у Рэчыцу быў прызначаны малады святар кс. Казімір Ліпінскі. У 1899 г. ён звярнуўся да біскупа з прапановай пабудаваць новы касцёл. Біскуп падтрымаў гэтую прапанову кс. Ліпінскага і звярнуўся да мінскага губернатара з праектам будаўніцтва ў Рэчыцы мураванага касцёла. Новы касцёл меркавалася пабудаваць на месцы прыватнага дома, у якім адбываліся набажэнствы.

Губернатар звярнуўся ў МУС і 14 верасня 1899 г. атрымаў адказ за № 4225, у якім паведамлялася, што «…трэба разгледзець праект пабудовы ў г. Рэчыца рыма-каталіцкага касцёла толькі ў тэхнічным плане, таму што дазвол самой пабудовы… залежыць ад дыяцэзіяльнай улады».



Неўзабаве быў створаны камітэт па будаўніцтве новага касцёла ў Рэчыцы. Пачатак будаўніцтва запланавалі на сярэдзіну красавіка 1901 г., таму мозырска-рэчыцкі дэкан кс. Уладзіслаў Ісаевіч у лісце да Мітрапаліта за № 194 ад 22 сакавіка 1901 г. прасіў дазволу на абрад impositus benedietusque est lapis marius Ecclesie (абрад асвячэння і закладкі краевугольнага каменя)13. Дазвол ад Мітрапаліта быў атрыманы, і 25 красавіка 1901 г. былі здзейсненыя абрады асвячэння і закладкі краевугольнага каменя, аб чым і быў складзены акт на лацінскай мове14. З акту таксама вядома, што касцёл быў пабудаваны па праекце варшаўска-віленскага архітэктара Юзафа Дзеконьскага, які, хутчэй за ўсё, проста крыху перарабіў ранейшы праект непабудаванага рэчыцкага касцёла.
13 РГИА. Ф. 826. — Оп. 3. — Д. 1318. — Л. 1.

14 Тамсама. Л. 5.
Пасля пабудовы касцёла ў Рэчыцы праект Дзеконьскага быў перададзены парафіі ў Лагішыне, дзе быў пабудаваны касцёл — блізнец рэчыцкага касцёла15. Магчыма, гэта было зроблена з-за недахопу сродкаў на новы праект для лагішынскага касцёла. Паводле ўспамінаў Ядвігі Адамаўны Каўнацкай, дзед якой, фельдшар Іван Вікенцьевіч Зелянкевіч, прымаў удзел у будаўніцтве, касцёл будаваўся на святых камянях, прывезеных з Ерузалема. Камяні былі пакладзеныя ў фундамент каля алтара і кожнай калоны, а таксама каля ўваходу16.
15 Дзякуючы гэтаму на пачатку XXI ст. удалося аднавіць разбураную ў савецкі перыяд вежу касцёла ў Рэчыцы.

16 Каўнацкая, Я. А. Успаміны (Рукапіс). — Рэчыца, 1999.
У 1903 г. будаўніцтва касцёл было завершана. Пробашч кс. Казімір Ліпінскі (вікарыем у 1902–1904 гг. тут працаваў кс. Францыск Выляжынскі) звярнуўся да мозырска-рэчыцкага дэкана з просьбай атрымаць дазвол кіраўніка Мінскай архідыяцэзіі прэлата кс. Данісевіча на асвячэнне пабудаванага касцёла 20 красавіка17. Ксёндз Ліпінскі таксама прасіў атрымаць ад уладаў дазвол на тое, каб удзел у ёй узялі бабруйскі дэкан кс. Красоўскі і законанастаўнік з Гомеля кс. Маеўскі.
17 РГИА. Ф. 826. — Оп. 3. — Д. 1318. — Л. 6–7.
Але гэтая ўрачыстасць была адкладзеная ў сувязі з тым, што кіраўнік дыяцэзіі не атрымаў дазволу мінскага губернатара. На заяве кс. Ісаевіча стаіць рэзалюцыя: «не имея разрешения насчет Минской губернии, не могу разрешить. Индульт выдать 24 апреля 1903 № 1539»18. Пра гэта дэкану Ісаевічу было паведамлена лістом № 1228 ад 21 сакавіка 1903 года19.
18 Тамсама.

19 Тамсама.
Праз два месяцы рэчыцкі пробашч зноў паўтарае сваю просьбу. Ён прапаноўвае дату 1 чэрвеня таго ж года. У сваю чаргу, і дэкан звярнуўся да кіраўніка архідыяцэзіі прэлата Данісевіча з такой жа просьбай і папрасіў дазволу на тое, каб на асвячэнні прысутнічалі пробашчы бліжэйшых парафій: бабруйскі пробашч кс. Красоўскі і глускі пробашч кс. Іваноўскі, а таксама гомельскі ксёндз Маеўскі20. На гэты раз улады далі свой дазвол, і кс. Уладзіслаў Ісаевіч, які атрымаў ад прэлата Данісевіча паўнамоцтвы, асвяціў рэчыцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы. 8 верасня 1913 г. Магілёўскі арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі кансэкраваў касцёл і алтар у ім21.
20 Тамсама. Л.11.

21 Radwan, M. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892–1926). — Kraków, 1999. — S. 225.
На будаўніцтва касцёла было ахвяравана 24 тыс. руб. Пра гэта вядома з інвентарнага вопісу, складзенага 18 верасня 1915 года22. З гэтага ж вопісу вядома, што ў сакавіку 1896 г. парафіяй было атрымана 1 577 руб. Гэтыя грошы, якія паступілі ад продажу маёмасці, завешчанай касцёлу Іванам Францавічам Шумскім, былі размешчаныя ў Рэчыцкай дзяржаўнай ашчаднай касе для «совершания за % с них его поминовения»23. Летам таго ж 1896 г. 1 тыс. руб. ахвяраваў на будаўніцтва касцёла кс. Ігнатовіч24. У 1910 г. Іван Мікалаевіч Канаржэўскі завяшчаў парафіі 316 руб. 52 кап. для «поминовения его и матери Агнешки»25.
22 РГИА. Ф. 826. — Оп. 3. — Д. 1318. — Л. 21–24.

23 Тамсама. Л. 22, 26.

24 Тамсама. Л. 18.

25 Тамсама. Л. 27.
Інвентарны вопіс 1915 г. дае нам уяўленне і аб матэрыяльным становішчы парафіі. Мураваны будынак касцёла быў узведзены ў неагатычным стылі з элементамі эклектыкі. Да касцёла была прыбудаваная цагляная сакрыстыя. Касцёл меў адну вежу. Дах быў зроблены з ацынкаванага жалеза. Галоўны ўваход касцёла быўзроблены ў неараманскім стылі. Даўжыня касцёла складала 13 сажняў, шырыня — 6 сажняў. Таўшчыня сценаў мела 20 вяршкоў.

Галоўны алтар на чатырох мураваных слупах і цагляным падмурку з верхняй дошкай з мармуру каштаваў 500 рублёў. Дошка была таўшчынёй 1 1/2 цалі, шырынёй 14 1/4 вяршка, даўжынёй 3 аршыны 3 1/2 вяршка. У алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у сярэбраных і пазалочаных рызах з каронамі. Даўжыня абраза складала 1 3/4 аршына, шырыня — 1 1/4 аршына. Кошт рызаў і каронаў — 3 тыс. руб. Верагодна, гэты абраз ушаноўваўся як цудадзейны. Таксама ў алтары знаходзіўся абраз св. Ганны з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, такіх жа памераў, як і першы.

У касцёле, акрамя галоўнага алтара, знаходзіліся яшчэ два меншыя бакавыя алтары з абразамі Укрыжаванага Езуса і св. Антонія. Акрамя гэтага, у святыні было яшчэ 10 іншых абразоў: Сэрца Езуса, св. Роха, Хрыста ў цярновым вянку, Маці Божай Ружанцовай, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам, абразы св. Юзафа, св. Дамініка, св. Станіслава Косткі і абраз Маці Божай, памер якога складаў 18 х 15 вяршкоў. Верагодна, гэты апошні абраз (Маці Божай Балеснай) — адзіны, які захаваўся да нашых дзён. Ён знаходзіцца ў аднаго з жыхароў горада.
іл. 60. Абраз Маці Божай Балеснай з рэчыцкага касцёла.
Агульны кошт касцёльнай маёмасці (начынне, сельскагаспадарчая зямля, зямля пад будынкамі касцёла і плябаніі) у 1915 г. складаў 44 996 руб.

У вежы касцёла былі тры званы. 11 лістапада 1915 г. загадам мінскага губернатара (з дазволу Магілёўскага біскупа) іх вывезлі ў горад Мцэнск Арлоўскай губерні26.


26 Тамсама. Л. 28, 29.
У 1922–1923 гг. адміністратарам рэчыцкай парафіі быў кс. Карл Лупіновіч.

У 1929 г. у склад касцёльнага камітэта ўваходзілі Мальвіна Рыгораўна Завадская (старшыня), Паўліна Пчыцкая (сакратар), Ядвіга Маеўская, Мікалай Іванавіч Жураўскі, Іосіф Іванавіч Жураўскі, Алена Жураўская, Вінцэнт Станіслававіч Мігурскі, Марыя Ляховец, Баляслаў Збароўскі, Людвік Эдуардавіч Трацэўскі.

У 1932 г. касцёл быў зачынены і далей выкарыстоўваўся як склад, музей, піўны бар.

Парафія Найсвяцейшай Тройцы адрадзілася ў 1992 годзе. З 1998 г. пробашчам у Рэчыцы працаваў кс. Гжэгаж Худэк. У верасні 1999 г., пасля доўгай барацьбы за вяртанне святыні, касцёл быў перададзены парафіі. Вядзецца рэстаўрацыя святыні. У канцы 2007 г. кс. Худэк быў высланы з Беларусі за выступленне ў польскім друку па праблемах маральнага стану жыхароў рэспублікі.


іл. 61. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Рэчыцы.

3. Светлагорская парафія
Светлагорск (да 1961 г. вёска Шацілкі) — адміністрацыйны цэнтр Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. У 2009 г. насельніцтва горада складала 69,3 тыс. жыхароў.

Першы раз населены пункт згадваецца ў дакуменце ад 15 ліпеня 1560 г., калі кароль Жыгімонт II Аўгуст даў Ждану Манкевічу прывілей: «Зямельнае валоданне пад назвай Востраў Шацілінскі, на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне, у Рэчыцкім павеце пасля смерці яго папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаецца новаму ўладальніку — зямяніну Ждану Манкевічу, у пажыццёвае валоданне з абавязковым выкананнем вайсковай службы»27. Пазней Шацілінскі востраў стаў называцца Шацілавічы, Шацілкавічы, Шацілкі.


27 Маслюкоў, Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. — 19 мая 1990 г.
У 1634–1773 гг. у Шацілках існавала езуіцкая місія. Зямельныя ўладанні місіі былі ахвяраваныя Пятром Сулятыцкім28. Для патрэбаў місіі ў Шацілках у 1638 г. быў пабудаваны касцёл на сродкі нашчадкаў бабруйскага старосты Пятра Трызны. Касцёл быў драўляны, асвячоны пад тытулам Святога Крыжа. Паводле вопісу 1744 г. Шацілкі адносіліся да карпілаўскай парафіі Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі29.

Касцёл у вёсцы згарэў у час вайны 1812 года. Новы драўляны касцёл пабудавалі ў 1818 г. жыхары Шацілак шляхціцы Манкевічы. Ён стаяў на Горвальскім тракце (цяпер вул. Савецкая) насупраць старых могілак. 1 снежня 1822 г. святыня была асвячоная бабруйскім дэканам Странкоўскім. Памерамі касцёл хутчэй нагадваў капліцу. Яго даўжыня была 5 сажняў, шырыня — 3,5 сажні, вышыня — 2 сажні. Касцёл некалькі разоў перабудоўвалі.

У 1839 г., пасля ліквідацыі карпілаўскай парафіі, шацілкаўскі касцёл стаў філіяльным у складзе бабруйскай парафіі Бабруйскага дэканата Мінскай дыяцэзіі. Філіялістам у 1843 г. быў кс. Валянцін Манкевіч30. У 1844 г. касцёл звонку ашалявалі, ён меў тры купалы з жалезнымі крыжамі. Унутры святыні, каля ўваходу, былі хоры з арганам на шэсць галасоў і двума мяхамі. Меліся таксама сакрыстыя, канфесіянал, амбона з балдахінам, цыборыум, чатыры алтары з абразамі Найсвяцейшай Панны Марыі, апосталаў Пятра і Паўла, св. Антонія, Святой Тройцы і Хрыста Збаўцы. Над галоўным алтаром мчсцілася выява Усёбачнага Вока Бога-Айца. Адзін з алтароў быў пераносны і выкарыстоўваўся ў працэсіях31.
28 Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. 1564–1995 / Oprac. L. Grzebien SJ. — Kraków, 1996. // [Электронны рэсурс] — http://www.jezuici.krakow.pl.

29 Suwalskie towarzystwo genealogiczne [Электронны рэсурс] — http://www.mem.net.pl/stg.

30 Directorium Officii Divini Pro Dioecesi Mincensi in Annum Domini 1843. Hierarchia Romano-catholica in Imperio Rossiaco // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.

31 Маслюкоў, Т. Парафія Узвышэння Святога Крыжа // Светлагорск [Электронны рэсурс] — http://www. svetlahorsk.belarda.org.
У 1867 г. у парафіі касцёла Узвышэння Святога Крыжа налічвалася 735 вернікаў — 368 мужчын і 367 жанчын. Побач з касцёлам знаходзілася плябанія. У святочныя дні набажэнствы пачыналіся а 11-й гадзіне. З 15 студзеня 1867 г. набажэнствы адбываліся нерэгулярна, таму што ксёндз філіяліст адбываў гадавую пакуту ў Нясвіжскім дамініканскім кляштары.

У 1906 г. шацілкаўскі філіяльны касцёл разбудавалі. Уласнік маёнтка Іленпаль каля вёскі Какаль (сучасная Светач у межах г. Светлагорска) Баляслаў Тышкевіч, выдзеліў для будоўлі лес — дзялянку ва ўрочышчы Астравы, за 10 км ад Шацілак (гэтую дзялянку і сёння называюць касцёльнай). Мясцовыя жыхары самі нарыхтавалі і прывезлі ў Шацілкі бярвенне. Будаўніцтва вялося з ранняй вясны да восені нанятымі Тышкевічам цеслярамі з вёскі Давыдаўка. У візітных дакументах з таго часу адзначаецца наяўнасць у касцёле «аргана, спраўленага ў 1907 г. панам Тышкевічам» так, што яго гукі былі чутныя ў маёнтку Іленпаль.

Побач з касцёлам была пабудавана званіца з трыма вялікімі званамі — медным і двума чыгуннымі. Ксёндз з Бабруйска прыязджаў у Шацілкі на святы. У нядзелю святыню адчыняў касцёльны стараста Антось Манкевіч. У 1915–1917 гг. арганістам і кіраўніком касцёльнага хору быў Вацлаў Лейман, родам з Варшавы (верагодна, бежанец).

У 1915–1917 гг. рэктарам касцёла працаваў нараджэнец мястэчка Крывічы Вілейскага павета Віленскай губерні кс. Геранім Царпента, які быў звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Ксёндз Царпента і настаяцель праваслаўнага храма ў вёсцы Якімава Слабада І. Сеўба разам адпявалі ў касцёле загінуўшых салдат расійскай арміі пры іх пахаванні на шацілкаўскіх могілках32.


32 Тамсама.
Лёс кс. Царпенты склаўся трагічна. Яго некалькі разоў арыштоўвалі, а ў 1938 г. (у той час ён быў Апостальскім Адміністратарам у Сібіры) расстралялі ў Краснаярску «за сувязь з польскім генштабам і Ватыканам».

У 1936 г. шацілкаўскі касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, а ў 1939 г. разабраны. З бярвення ўзвялі будынак па вул. Савецкай, у якім пазней знаходзіліся клуб і аўтамабільная школа. Месца, дзе стаяў касцёл, мясцовыя жыхары і сёння называюць «цвінтаром».

Пасля закрыцця касцёла шацілкаўскія католікі збіраліся нелегальна. Самыя актыўныя з іх, тыя, хто меў мужнасць супраціўляцца, былі рэпрэсіраваныя савецкімі ўладамі. У наш час ахвярам савецкіх рэпрэсій пастаўлены крыж на Шацілкаўскіх могілках. Парафія адрадзілася ў 1990 г., калі сход светлагорскіх католікаў пастанавіў аднавіць парафію і пабудаваць касцёл. 26 чэрвеня 1990 г. у Светлагорск першы раз прыехаў кс. Славамір Ляскоўскі, які пасля гэтага рэгулярна 1–2 разы на месяц наведваў Светлагорск.

17 кастрычніка 1990 г. мясцовыя ўлады выдзелілі месца для будаўніцтва святыні па адрасу вул. Савецкая 76а. На Вербную нядзелю 24 сакавіка 1991 г. першы раз набажэнства правёў кс. Ян Саламон, які прыбыў у Беларусь з Улоцлаўскай дыяцэзіі Польшчы.

25 кастрычніка 1991 г. біскуп Казімір Свёнтэк асвяціў месца для будаўніцтва светлагорскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа. 21 красавіка 1992 г. парафія атрымала дзяржаўную рэгістрацыю як «Рыма-каталіцкае рэлігійнае таварыства касцёла Узвышэння Крыжа Святога». У жніўні 1992 г. пад кіраўніцтвам пробашча кс. Яна Саламона пачалося будаўніцтва святыні. 6 верасня 1997 г. касцёл быў асвячоны кардыналам Казімірам Свёнткам.
іл. 62. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску.
Разам з кс. Янам Саламонам у парафіі пачалі працаваць 2 законныя сястры з ордэна Сясцёр Супольнай Працы ад Беззаганнага Сэрца Марыі, якіх пробашч запрасіў у Светлагорск у верасні 1996 года. Сёстры наведваюць хворых, займаюцца ў нядзельнай школцы з дзецьмі і моладдзю, сочаць за парадкам у касцёле, дапамагаюць малазабяспечаным сем’ям і бедным людзям. Улетку дзеці і моладзь з парафіі адпачываюць у Беларусі і за мяжой.

У жніўні 2002 г. кс. Ян Саламон распачаў будаўніцтва касцёла ў гарадскім пасёлку Акцябрскі (раней Рудабелка).


іл. 63. Акцябрскі касцёл св. Міхала Арханёла.
Летам 2003 г. па рашэнні кардынала Казіміра Свёнтка кс. Ян Саламон стаў рэктарам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а месца пробашча светлагорскай парафіі заняў кс. Тадэвуш Саморэк, які да гэтага працаваў вікарыем у Гомелі. Ксёндз Тадэвуш прыбыў у Беларусь з Люблінскай дыяцэзіі Польшчы.

З новай светлагорскай парафіі паходзіць кс. Эдуард Мігай, які працуе ў Пінскай дыяцэзіі.

16 кастрычніка 2005 г. у г. Светлагорску і г. п. Акцябрскі адбылася пастырская візітацыя кардынала Казіміра Свёнтка, Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі.
Раздзел IX. ГРЭКА-КАТАЛІЦТВА НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ
Як вядома, хрысціянства на беларускія землі прыйшло з Візантыі ў той час, калі існавала адзіная, непадзеленая Царква. Пасля падзелу ў 1054 г. на заходнюю і ўсходнюю Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ доўга падтрымлівала сувязь і з Канстанцінопалем, і з Рымам.

У 1596 г. у Брэсце была падпісана царкоўная унія з Рымам. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак Уніяцкая Царква. Паводле ўмоваў Уніі, на Уніяцкую Царкву і яе іерархаў распаўсюджваліся ўсе правы, якія мелі ў Рэчы Паспалітай рыма-католікі. Цалкам захоўваўся ўсходні царкоўны абрад з усімі яго багаслоўскімі і літургічнымі асаблівасцямі. Таксама захоўвалася царкоўная іерархія, незалежная ад лацінскай іерархіі.

15 чэрвеня 1621 г. полацкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч перадаў грэка-католікам (уніятам) гомельскую замкавую праваслаўную царкву св. Мікалая1. Садзейнічаў яму ў гэтым гомельскі староста Павел Стэфан Сапега. Але спробы далучыць жыхароў Гомеля да уніі ў першай палове XVII ст. аказаліся безвыніковымі, і царква св. Мікалая праз нейкі час ізноў стала належаць праваслаўным вернікам. У 1701 г. Мікольская царква згарэла. Каб адбудаваць яе, гомельскія праваслаўныя вернікі збіралі грошы на будаўніцтва ў Расіі, бо ў Гомелі было мала ахвотных адбудоўваць царкву.

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка