Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка15/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

2. Антушаўская шляхта
На прыкладзе двух антушаўскіх родаў можна пабачыць механізмы «растварэння» і знікнення каталіцкай шляхты на Гомельшчыне.

Паводле легенды, Антушы атрымалі сваю назву ад імя літоўскага князя Антаса, якому вялікі князь падараваў маланаселеныя землі ў даліне ракі Дабосна. Існуе таксама больш праўдападобная версія, што Антушы ўзніклі ў часы Боны Сфорцы, калі падруцкія землі засяляліся дробнай шляхтай. Большая частка жыхароў Антушаў мела прозвішча Антушэвічы. Шляхціцы Антушэвічы карысталіся гербам «Крыўда». Шляхецтва ім было нададзена ў перыяд да 1650 г., потым яно было пацверджана расійскімі ўладамі.

У сярэдзіне ХІХ ст. адзін з Антушэвічаў — праўдападобна, Леанард Вінцэнтавіч — купіў у Іосіфа Шэлюты зямлю ў Бердыжы каля Чачэрска. Жонкай Леанарда стала Тэкля Канюшэўская, мясцовая шляхцянка. У іх нарадзілася 7 дзяцей, усе яны былі ахрышчаныя ў чачэрскім касцёле. Аднаго з сыноў звалі Вінцэнт. За жонку Вінцэнт узяў з аколіцы Куракі шляхцянку каталічку Еву Казіміраўну Канусевіч. У Вінцэнта і Евы нарадзіліся чацвёра дзяцей: дочкі Францыска, Феліцыя, Людвіка і сын Адам (дадатак 6).
іл. 101. Шляхціцы Антушэвічы (злева: Вінцэнт Леанардавіч з цесцем; справа: Адам Вінцэнтавіч з жонкай Эміліяй Мартынаўнай)

іл. 102. Феліцыя Грабоўская (Антушэвіч). 1918 г.

іл. 103. Людвіка Барэйша (Антушэвіч) з мужам Ігнацыем і дачкой Станіславай.
Лёс гэтай каталіцкай сям’і даволі тыповы для каталіцкіх сем’яў Гомельшчыны — шмат хто з яе членаў быў рэпрэсіраваны савецкімі ўладамі. Так, Адам Вінцэнтавіч, які да рэвалюцыі быў паштмайстарам у Рагачове, а ў 1920-я гады — дэпутатам у Чачэрску, у пачатку 1930 гадоў быў высланы разам з жонкай і малодшым сынам Вацлавам на Далёкі Усход, у пасёлак з дзіўнай назвай: Паліна Асіпенка. Ён так і не вярнуўся на радзіму, у высылцы працаваў дырэктарам інтэрната для дзяцей аднаго з карэнных народаў Далёкага Усходу і памёр у 1950-я гады.
іл. 104. Адам Вінцэнтавіч Антушэвіч з сынам Вацлавам. Пасёлак Паліна Асіпенка.
Яшчэ адзін сын Адама Вінцэнтавіча, Вінцэнт, быў рэпрэсіраваны ў Сталінградзе, дзе ён вучыўся ў інстытуце. Дачка Адама Вінцэнтавіча, Антаніна, пазбегла высылкі, але і яна двойчы знаходзілася пад судом выязной калегіі. Толькі старэйшы сын Адама Вінцэнтавіча, Леанард, які з’ехаў з радзімы ў Архангельск да сваякоў, пазбег рэпрэсійяў.
іл. 105. Вінцэнт Антушэвіч. Сталінград. 1931 г.

іл. 106. Антаніна Адамаўна Яўстраценка (Антушэвіч). Рэчыца. 1930 г.

іл. 107. Леанард Антушэвіч (злева) з братам Вінцэнтам. 1927 г.
Другі род — шляхціцы Корзуны з герба «Марскі кот». Паводле перапісу 1795 г., у Антушах жылі дзеці рэчыцкага харужага Паўла Васільевіча Корзуна, а таксама сям’я яго брата Дамініка Васільевіча Корзуна. Сын Дамініка, Станіслаў Дамінікавіч Корзун, і яго дзеці жылі ў Антушах і пазней, а вось нашчадкі брата Станіслава, Іосіфа Дамінікавіча, пасяліліся ў Клінцах Чарнігаўскай губерні. Унук Іосіфа Дамінікавіча, Аляксандр Людвікавіч Корзун, як і шмат хто з прадстаўнікоў беларускай каталіцкай шляхты, быў па адукацыі інжынерам-чыгуначнікам. Пасля жаніцьбы ён служыў на тэкстыльнай фабрыцы ў Клінцах, у сваіх суседзяў купцоў Барышнікавых.
іл. 108. Герб «Марскі кот».

іл. 109. Аляксандр Корзун з бацькам Людвікам і сынам Мікалаем

іл. 110. Аляксандр Людвікавіч Корзун.
У Клінцах А. Л. Корзун ажаніўся з Васай Іванаўнай Сахаравай, стараверкай. Вянчаліся яны ў праваслаўнай царкве, па праваслаўным абрадзе былі ахрышчаныя і іх сыны. На гэтым прыкладзе бачна, як адбывалася канфесійная трансфармацыя часткі беларускай шляхты.

Адзін з сыноў А. Л. Корзуна, Мікалай Аляксандравіч, скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта і ўсё жыццё працаваў доктарам (ён выпісваў пасведчанне аб смерці чырвонага камандзіра Шчорса9). Мікалай Аляксандравіч Корзун арганізаваў у Клінцах паліклініку і бібліятэку. Брат Мікалая Аляксандравіча, Аляксандр Аляксандравіч, працаваў у Клінцоўскім тэкстыльным тэхнікуме (у 1930-я гады — Ваўняны тэхнікум), дзе выкладаў матэматыку і лічыўся вельмі добрым спецыялістам. Пасля вайны ён быў рэпрэсіраваны і асуджаны на «10 гадоў без права перапіскі».


9 Герой грамадзянскай вайны Мікалай Шчорс — беларус па паходжанні. У гонар Шчорса перайменаваны горад Сноўск.
іл. 111. Браты Аляксандр і Мікалай Корзуны.

3. Гісторыя каталіцтва на Жлобіншчыне
Гісторыя каталіцтва на Жлобіншчыне сягае ў ХIV ст. У 1399 г. вялікі князь Вітаўт падараваў Віленскаму каталіцкаму біскупству маёнтак Стрэшын, які ўключаў у сябе «землю березынскую» паміж Рагачовам і Стрэшынам.

Больш падрабязныя звесткі аб каталіцтве на гэтых землях вядомыя нам пакуль што толькі з канца XVIII ст. У 1782 г. мястэчка Карпілаўку (цяпер знаходзіцца ў межах Жлобіна) наведаў бабруйскі дэкан. Вопіс стану карпілаўскай парафіі, зроблены ім, дае некаторую інфармацыю аб пашырэнні каталіцтва ў мястэчку і ваколіцах. Так, у Карпілаўцы будаваўся ў гэты час касцёл, які меўся быць асвячоны пад тытулам Божага Цела. Касцёл пабудавалі ўжо ў 1781 г., але ён не меў яшчэ алтароў, апроч галоўнага, а таксама вокнаў.

Дэкан двойчы згадвае «стары» касцёл, пабудаваны з дрэва і размешчаны недалёка ад новага. Наколькі ён быў стары, можна меркаваць па тым, што нават сучаснікі не маглі сказаць дакладна пра час яго пабудовы. Маюцца толькі дадзеныя, што стары касцёл фундавалі паны Юдзіцкія. Аднак можна дапусціць, што карпілаўская парафія была заснаваная не пазней, чым у 1720-я гады, бо ёсць звесткі пра дзве кнігі хросту, датаваныя 1723 годам10.
10 Дрозд, Ю. М. Каталіцтва на Жлобіншчыне // Pater Noster. — 2007. — № 7–8 (39–40).
іл. 111.1. Карпілаўскія могілкі. Магіла Францішка Грабоўскага.

іл. 111.2. Карпілаўскія могілкі. Магіла Марыні Баброўскай.


Крыніцы даюць інфармацыю пра святароў, якія неслі пастырскую службу сярод карпілаўскіх вернікаў і іншых католікаў Рагачоўскага павета. На жаль, вядомыя толькі некалькі карпілаўскіх святароў. Сярод іх кс. Міхаіл Бародзіч, езуіт, які ў 1782 г. узгадваецца як пробашч карпілаўскага касцёла Божага Цела11, і кс. Раман Шыманскі, прызначаны ў Карпілаўку 17 лютага 1785 г. на замену ксяндза Міхаіла.
11 Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. 1564–1995 / Oprac. L. Grzebien SJ. — Kraków, 1996. // [Электронны рэсурс] — http://www.jezuici.krakow.pl.
Усяго, па стане на 1805 г., у карпілаўскай парафіі колькасць каталіцкага насельніцтва, як сведчыў Магілёўскі арцыбіскуп, складала 950 чалавек, здольных прымаць Камунію, і 300 — не здольных.

У 1840 г. у карпілаўскай парафіі налічвалася 1 360 вернікаў. У Карпілаўцы і Жлобіне былі 23 католікі, у Антушах — 228 католікаў, у Астарманску — 7, у Вярбічаве — 129, у Малевічах — 29, у Марусенцы — 44, у Сенажатках — 405, у Чарцяжы — 495.



У Жлобіне ў гэты час існавала драўляная каталіцкая капліца, пабудаваная прыкладна ў 1775 годзе. У яе галоўным алтары знаходзіўся абраз св. Казіміра. У пачатку ХІХ ст. тут працаваў кс. Ян Булановіч. У капліцы меліся пахаванні пана Казіміра Халецкага і яго брата (верагодна, гэта Казімір і Антоні Халецкія, якія з 1730 г. фундавалі езуіцкую місію ў Хальчы і пабудавалі місійны дом і касцёл). Пазней капліца была перададзена Праваслаўнай Царкве. Аднак у «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага» ў 1886 г. яшчэ ўказвалася на існаванне ў Жлобіне рыма-каталіцкай капліцы12.
12 Дрозд, Ю. М. Каталіцтва на Жлобіншчыне // Pater Noster. — 2007. — № 7–8 (39–40).
іл. 112. Жлобін на мяжы ХІХ–ХХ стст.
Доўгі час парафіяльным касцёлам для жлобінцаў быў касцёл у вёсцы Антушы. У канцы ХІХ ст. Жлобін стаў важным чыгуначным вузлом. Насельніцтва Жлобіна ўвесь час павялічвалася і ў 1905 г. дасягнула 4,5 тыс. чалавек. Паўстала пытанне аб адкрыцці ў мястэчку каталіцкага малітоўнага дома. 11 чэрвеня 1905 г. католікі Жлобіна напісалі прашэнне на імя мітрапаліта з просьбай аб дазволе адкрыць малітоўны дом. У прашэнні гаварылася: «Нас, католиков, до 500 душ… Просим Ваше Высокопреосвященство разрешить нам открыть дом молитвы при станции Жлобин, и ксендзу гомельского костёла приезжать два раза в месяц для совершения обрядов». Вернікі таксама пісалі, што яны гатовыя ахвяраваць грошы на праезд ксяндза і бяруць на сябе выдаткі па ўтрыманні памяшкання13.
13 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 5. — Спр. 128. — Арк. 2–2 адв.
17 чэрвеня 1905 г. кансісторыя дала дазвол14, і 26 чэрвеня 1906 г. было нанята памяшканне для набажэнстваў15. Аднак ужо праз два месяцы, 24 жніўня, губернатар дакладваў у Дэпартамент замежных веравызнанняў, што малітоўны дом не адпавядае тэхнічным і санітарным нормам, а менавіта, перавышае ў даўжыню 12 сажняў, што забаронена артыкулам 199 Будаўнічага статуту16. 1 верасня гомельскі дэкан кс. Пятроўскі асабіста правёў праверку, якая паказала, што абсалютна ніякіх парушэнняў нормаў заканадаўства ў малітоўным доме няма17.
14 Тамсама. Арк. 1.

15 Тамсама. Арк. 4–4 адв.

16 Тамсама. Арк. 8-8 адв.

17 Тамсама. Арк. 12.
У пачатку ХХ ст. Жлобін часова знаходзіўся ў складзе гомельскай парафіі, а перад Першай сусветнай вайной ён зноў быў у складзе антушаўскай парафіі. 24 мая 1909 г. вернікі вырашылі пабудаваць у Жлобіне сапраўдны касцёл. Быў арганізаваны камітэт, які ўзначаліў кс. Аляксандр Боўтуць, пробашч антушаўскага касцёла. Пачаўся збор ахвяраванняў. У гэты час у Рагачове парафіяне вырашылі будаваць новы касцёл, і жлобінцы выкупілі стары рагачоўскі касцёл за 900 руб. З матэрыялаў, атрыманых пры разборцы старога касцёла ў Рагачове, і быў пабудаваны касцёл (капліца) у Жлобіне. Зямлю пад пабудову касцёла ў памеры 1 203,52 кв. сажняў ахвяраваў князь Друцкі-Сакалінскі18.
18 Дрозд, Ю. М. Каталіцтва на Жлобіншчыне // Pater Noster. — 2007. — № 7–8 (39–40).
Дзякуючы намаганням кс. Аляксандра Боўтуця касцёл у Жлобіне паўстаў ў 1911 годзе. Ён быў асвячоны гомельскім дэканам кс. Пятроўскім 18 лютага 1911 года. Даўжыня касцёла складала 30 аршынаў, шырыня — 14 аршынаў, пабудаваны ён быў на цагляным падмурку. Франтон падтрымліваўся чатырма слупамі-калонамі. Касцёл і званіца (чатырохгранная вежа) былі накрытыя дахам з ацынкаванага жалеза. Сцены звонку і ўсярэдзіне былі ашаляваныя. Меліся 3 часовыя алтары: два алтары ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і алтар св. Казіміра. Сакрыстыі размяшчаліся за галоўным алтаром19. Пробашчам быў кс. Юзаф-Уладзіслаў Серасек.
19 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1494. — Арк. 51–55.
Да жлобінскага касцёла належаў і драўляны будынак плябаніі, крыты гонтай, даўжынёй 10 аршынаў, шырынёй 7 аршынаў, у якім былі 4 пакоі і кухня. Непадалёк ад дома стаяў драўляны хлеў20.

Рэктарамі капліцы пэўны час працавалі ксяндзы Калінкевіч і Сянкевіч. У 1916–1917 гг. капеланам жлобінскай капліцы быў кс. Тэадор Людвікавіч Рыла, з 26 лютага 1919 г. — кс. Ян Беняш-Кржывец21, з 5 мая 1920 г. да ліпеня 1921 г. — кс. Карл Лупіновіч.


20 Тамсама.

21 РГИА. Ф. 826. — Воп. 1. — Спр. 944. — Арк. 84.
іл. 113. Кс. Карл Лупіновіч.
На месца Лупіновіча ў Жлобін паслалі былога выконваючага абавязкі пробашча залатавустаўскага касцёла на Урале кс. Баляслава Валынца. Ксёндз Валынец адначасова з’яўляўся філіялістам люшаўскага касцёла і месцам яго жыхарства быў прызначаны Люшаў. У 1923 г. кс. Валынца прызначылі выконваючым абавязкі адміністратара чачэрскага касцёла (ён заставаўся і люшаўскім філіялістам), таму выконваючым абавязкі адміністратара жлобінскай капліцы стаў адміністратар антушаўскай парафіі кс. Казімір Мустэйкіс. Акрамя Жлобіна і Антушаў, кс. Мустэйкіс абслугоўваў таксама каталіцкія паселішчы Рэчыцкага павета.

У справаздачы Польбюро Гомельскага губкама за май – жнівень 1924 г. прыводзяцца словы аднаго з партыйных работнікаў, якія датычаць дзейнасці кс. Мустэйкіса: «Уплыў ксяндзоў, па-мойму, падмацоўваецца рэпрэсіяміі, якія ўжываюць карныя органы. Напрыклад, ксёндз са Жлобіна, які аб’язджаў польскія вёскі Рэчыцкага павета, падняў свой аўтарытэт тым, што адседзеў 3 месяцы ў турме і быў не асуджаны, але адпушчаны. Ясна, што такія легкадумныя арышты і наогул механічныя сродкі сапсуюць нам усю працу, бо дзякуючы ім ксяндзы ператвараюцца ў пакутнікаў не толькі за веру, але і за нацыянальнасць. З мэтай прадухілення апошняга, належыць арыштоўваць ксяндзоў толькі пры наяўнасці фактычнага праверанага абвінаваўчага матэрыялу, каб справа скончылася адданнем пад суд»22.


22 Лебедев, А. Д. Положение католического костёла в Речицком регионе в 20-х годах ХХ века. // Пятыя міжнародныя навуковыя Доўнараўскія чытанні (Рэчыца, 22–23 верасня 2005 г.). — Гомель, 2005. — С. 319–326; ДАГАГВ. Ф. 9. — Воп. 1. — Спр. 355. — Арк. 35, 36.
Гады савецкай улады сталі перыядам жорсткага выпрабавання для ўсіх канфесій. У 1934 г. жлобінскі касцёл быў зачынены і на кароткі тэрмін узнавіў сваю дзейнасць толькі падчас Другой сусветнай вайны, калі нямецкія ўлады дазволілі вернікам адчыняць святыні і ладзіць капліцы. Часта ў такіх культавых будынках вернікі католікі карысталіся з паслугаў вайсковых капеланаў акупацыйных войск. Так, Францыску і Стэфана Шацілаў са Жлобіна абвянчаў у ваенны час у жлобінскім касцёле італьянскі вайсковы капелан23.
23 Salamon, J. Kościól na Bialorusi na progu III tysiąclecia // Diecezja Włocławska [Электронны рэсурс] — http://www.diecezja.wloclawek.pl.
У вёсцы Шчадрын Жлобінскага раёна падчас акупацыі дзейнічала каталіцкая капліца. У 1991 г. жыхары Шчадрына перадалі кс. Яну Саламону фрагмент алтара. Яны патлумачылі, што ён — са шчадрынскай капліцы, і што яго захоўвала іх маці, якая перад смерцю распарадзілася перадаць гэты фрагмент алтара ксяндзу, які тут з’явіцца24.
24 Тамсама.
Пасля вайны ўлады ў другі раз забралі ў вернікаў жлобінскую святыню і перарабілі яе ў дзіцячы садок. У пачатку 1980 гадоў тут, пасля капітальнага рамонту, адчыніўся гісторыка-краязнаўчы музей. Але час ад часу ў Жлобін прыязджаў са Слуцка кс. Мечыслаў Малыніч.
іл. 114. Жлобінскі музей (былая капліца св. Казіміра).

іл. 114.1.

іл. 114.2.
1990 г. стаў годам адраджэння каталіцкага жыцця ў Жлобіне. А на Вербную нядзелю ў 1991 г. сюды на сталую працу прыехаў кс. Ян Саламон (цяпер — рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску). 12 красавіка 1992 г. каля трохсот парафіянаў разам з ксяндзом Янам маліліся каля сценаў музея, каб дом Божы быў ім вернуты. Пра гэта пісала мясцовая газета «Новы дзень». Просьбы аб вяртанні святыні вернікі накіроўвалі на імя старшыні Вярхоўнага Савета С. Шушкевіча. Улады, аднак, вырашылі перадаць католікам будынак крамы № 23 пасля таго, як для крамы будзе збудавана новае памяшканне.

Актыўная праца па адраджэнні каталіцтва пачалася з прызначэннем у 1996 г. пробашчам у Жлобін кс. Леанарда Акалатовіча. 23 чэрвеня 1996 г. будынак крамы № 23 перайшоў ва ўласнасць парафіі і быў капітальна перабудаваны. Першы раз літургія тут цэлебравалася ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1996 года. 13 верасня 1998 г. жлобінскую парафію наведаў кардынал Казімір Свёнтэк. 24 снежня 2001 г. тут упершыню загучаў касцёльны звон25.


25 Дрозд, Ю. М. Каталіцтва на Жлобіншчыне // Pater Noster. — 2007. — № 7–8 (39–40).
іл. 115. Сучасная капліца св. Казіміра.

іл. 115.1.

іл. 115.2.


Раздзел VІI. ГРОСВЕРДЭРСКАЯ ПАРАФІЯ
22 ліпеня 1763 г. Кацярына ІІ зацвердзіла маніфест «Аб дазволе ўсім іншаземцам, якія ўязджаюць у Расію, пасяліцца ў губернях, у якіх яны пажадаюць». Перасяленцам гарантавалася на працягу 30-ці гадоў вызваленне ад падаткаў і ўсялякай вайсковай і цывільнай службы і, акрамя іншага, дазвалялася сяліцца калоніямі і мястэчкамі, будаваць цэрквы і званіцы, мець патрэбную колькасць святароў і іншых царкоўных служак, але забаранялася засноўваць кляштары1.
1 Романченко, О. Д. Дерев’яний костёл німців-колоністів у Гросс-Вердері на Чернігівщині // Українська спадщина [Электронны рэсурс] — http://www.heritage.com.ua.
У 1767 г. 72 нямецкія сям’і заснавалі ў Белавежскім стэпе, які да гэтага належаў Маларасійскай генеральнай артылерыі, калонію з шасці паселішчаў2. Большасць каланістаў паходзіла з найбяднейшых пластоў нямецкага сялянства. Перасяленцы сяліліся паводле канфесійнай прыналежнасці: лютэране — выхадцы з ваколіцаў Франкфурта-на-Майне, а таксама немцы з Чэхіі і Венгрыі — заснавалі паселішчы Белая Вежа, Белавежскі Гарадок, Рудневізе і Кальчынаўку. Католікі — пераважна выхадцы з Прусіі — заснавалі Гросвердэр і Кляйнвердэр3. Названыя 6 вёсак размяшчаліся непадалёку ад былой сталіцы гетманшчыны, Батурына ў Борзенскім павеце Чарнігаўскай губерні, і былі першымі нямецкімі пасяленнямі на Левабярэжжы, якія з’явіліся пасля рэформаў графа Румянцава4.
2 Шварц Я. Часть моей жизни. // j-cell [Электронны рэсурс] — http://www.j-cell.de.

3 Сергічук, В. І. Німці в Україні. — Київ, 1994; Памятная книжка Черниговской губернии. — Чернигов, 1862.

4 Романченко, О. Д. Дерев’яний костёл німців-колоністів у Гросс-Вердері на Чернігівщині // Українська спадщина [Электронны рэсурс] — http://www.heritage.com.ua.
У калоніі Гросвердэр быў пабудаваны касцёл Маці Божай Ружанцовай (Rosarii BMV), а новаствораная парафія Пакрова Маці Божай была далучаная да Беліцкага дэканата, які пасля 1853 г. стаў называцца Гомельскім.

У пісьмовых крыніцах сустракаюцца розныя даты будаўніцтва касцёла: «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага» ўказвае 1766 г., а «Памятная книжка Черниговской губернии за 1862 год» называе датай будаўніцтва 1821 год. Кс. Язафат Жыскар у сваіх рукапісных «Успамінах пра пастырскую працу ў Гросвердэры ў 1905–1906 гг.» указвае 1796 г.: «Гэты будынак, які называецца гросвердэрскім парафіяльным касцёлам, пабудаваны ў 1796 г. ксяндзом Вільмікам (Wilmikiem) з бярозавых калодаў, на падмурку. Даўжыня касцёла 27 аршынаў, шырыня 12, вышыня 11»5.


5 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1034.
іл. 116. Касцёл у Гросвердэры.

іл. 117. План касцёла ў Гросвердэры, складзены архітэктарам-рэстаўратарам Аляксандрам Раманчанкам у 2001 г.


Украінскі даследчык Аляксандр Раманчанка таксама схіляецца да даты 1796 г.: «На наш погляд, найбольш верагоднай датай будаўніцтва храма ёсць якраз 1796 г. У 1766 г. ён наўрад ці быў пабудаваны, паколькі ад даты заснавання паселішча прайшло вельмі мала часу для таго, каб грамада змагла асіліць будаўніцтва такога досыць вялікага будынка. Разам з тым, у 1821 г. ужо дзейнічала афіцыйная забарона на будаўніцтва культавых будынкаў у традыцыйных народных формах («в малороссийском вкусе»), якія знайшлі адбітак у архітэктуры храма»6.
6 Романченко, О. Д. Дерев’яний костёл німців-колоністів у Гросс-Вердері на Чернігівщині // Українська спадщина [Электронны рэсурс] — http://www.heritage.com.ua.
Але ў апісанні за 1803 г. Беліцкага дэканата, у які ўваходзіла гросвердэрская парафія, напісана наступнае: «Касцёл бяломецкі ў мястэчку Бяломч (маецца на ўвазе гросвердэрскі касцёл. — У. В.). Драўляны, новы. Заканчваюць мураваць з ахвяраванняў. Калятар — Мітрапаліт Сестранцэвіч. Курат — кс. Цэлесцін Сташэўскі (59 гадоў), дамініканін»7. Такім чынам, у 1803 г. касцёл быў недабудаваны і можна меркаваць, што ён яшчэ некалькі гадоў дабудоўваўся ксяндзом Сташэўскім.
7 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2590. — Л. 11–12 об.
Гросвердэрская парафія была адзінай у Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе мовай дадатковых набажэнстваў была нямецкая.

У 1840-я гг. куратам гросвердэрскага касцёла быў ксёндз дамініканін Зубрыцкі, у сярэдзіне ХІХ ст. — кс. Сімон Будрэвіч. Парафіянаў у 1856 г. налічвалася 812 чалавек.

17 сакавіка 1858 г. Мітрапаліт Вацлаў Жылінскі прызначыў куратам гросвердэрскага парафіяльнага касцёла кс. Міхаіла Васілеўскага, які працаваў тут пробашчам да канца ХІХ стагоддзя8.
8 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 3111. — Л. 119–120 (за 1893 год); Д. 3110. — Л. 128–129 (за 1892 год); Д. 3103. — Л. 69–70 (за 1873 год).
У 1866 г. гросвердэрская парафія Пакрова Маці Божай ахоплівала калоніі Гросвердэр і Кляйнвердэр у Борзенскім павеце Чарнігаўскай губерні і калонію Храшчацік у Ромненскім павеце Палтаўскай губерні. Храшчацік знаходзіўся на адлегласці 80 вёрстаў ад Гросвердэра, там была свая невялікая капліца, пабудаваная мясцовай жыхаркай пані Багаеўскай. Насельніцтва Храшчаціка было каталіцка-лютэранскім9.
9 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 70.
Парафіянаў у Гросвердэры налічвалася 233 асобы мужчынскага полу і 243 жаночага. У калоніі быў 61 двор. У Кляйнвердэры парафіянаў было 107 асобаў мужчынскага полу, 100 жаночага, 26 двароў. У Храшчаціку парафіянаў налічвалася 99 асобаў мужчынскага полу і 96 жаночага, 25 двароў. У ваколіцах было яшчэ 70 мужчын католікаў і 89 жанчын каталічак. Усяго ў 1866 г. у парафіі налічвалася 1 037 чалавек (509 мужчын і 528 жанчын).

Курат кс. Васілеўскі валодаў дамамі ў Гросвердэры і Храшчаціку, а таксама зямлёй у Гросвердэры (60 дзес.) і ў Храшчаціку (42 дзес.). Замест жалавання ён атрымліваў даходы з зямлі ў памеры 192 руб. у год. Ён таксама валодаў зберажэннямі ў суме 500 руб., якія захоўваліся «в Черниговском общего призрения приказе»10.


10 НГАБ. Ф. 3048. — Воп. 1. — Спр. 34.
Пасля смерці кс. Васілеўскага зямля ў Храшчаціку была захопленая немцамі-каланістамі, а капліца разрабаваная. Пра гэта з горыччу пісаў кс. Я. Жыскар у кнізе «Нашы касцёлы», адзначаючы, што звычкі немцаў Гросвердэра мала выяўляюць каталіцкі дух.

У 1896–1904 гг. пробашчам у гросвердэрскім касцёле быў кс. Юзаф Сенвайціс.

У рукапісных «Успамінах пра пастырскую працу ў Гросвердэры ў 1905–1906 гг.», ілюстраваных некалькімі фотаздымкамі пачатку ХХ ст., кс. Язафат Жыскар так апісвае гросвердэрскі касцёл:

«Вандроўнік, якога не папярэдзілі, што перад ім касцёл, ніколі сам не здагадаецца. Яго вонкавыя абрысы нагадваюць праваслаўную царкву. Галоўны ўваход зарыентаваны не на дарогу, а на цвінтар. З боку вуліцы пастаўлена шырокая, нахіленая ад старасці вежа, якая засланіла сабой увесь касцёл. Касцёл арыентаваны на ўсход, так, як будуюць праваслаўныя цэрквы (а іншых мясцовыя немцы і не бачылі). На ім тыя ж два купалы, якія звычайна бачым над праваслаўнай царквой. А каб дапоўніць падабенства касцёла да царквы, мой папярэднік пробашч пафарбаваў дах у зялёны колер з залатымі зоркамі. Калі зойдзем у касцёл, то ўсе выявы Ціхвінскай Маці Божай абвітыя золатам — ужо перамененыя ў царкоўным духу. Усё так не па-каталіцку, не „ро-swojsku“.

Час ужо паклаў сваю цяжкую руку на касцёл. Я быў бы найшчаслівейшым у свеце, калі б не было на зямлі гэтай сумнай памяткі. Калоды, пакладзеныя проста на падмурак, ужо спарахнелі, а доўгія рамонты 1827, 1857, 1883, 1885, 1868 гг.(Магчыма 1898. — У. В.) і, нарэшце, няўдалы і без густу выкананы маім папярэднікам рамонт у 1904 г. выратавалі касцёл ад поўнага заняпаду. Аднак гэта было цыраванне старога мяшка новымі латкамі, марнаванне значных сум і адцягванне хвіліны сканання. Калі ўдасца вырваць сабраныя 7 000 руб., выкарыстаць іншыя крыніцы, добра было б з часам пабудаваць новы касцёл».

Гэтае досыць падрабязнае апісанне касцёла падмацавана ілюстрацыямі ў выглядзе трох здымкаў з подпісамі, датаваных 1905 годам.

На першым здымку бачная група парафіянаў на фоне заходняга фасада касцёла з двух’яруснай званіцай, увенчанай купалам у стылі «епархіяльнай архітэктуры». Другі ярус званіцы абапіраецца на цагляныя пілоны, утвараючы паддашак галоўнага ўваходу. Як мяркуе даследчык Аляксандр Раманчанка, званіца была прыбудаваная да асноўнага аб’ёму пазней11.
11 Романченко, О. Д. Дерев’яний костёл німців-колоністів у Гросс-Вердері на Чернігівщині // Українська спадщина [Электронны рэсурс] — http://www.heritage.com.ua.

На другім здымку паказаны паўднёвы фасад і алтарная частка касцёла. Званіцы амаль не бачна. Добра заўважная гранёная апсіда, якая перарастае па вышыні ў васьмерык з надалтарным купалам. На трэцім здымку зафіксаваны галоўны алтар, які бачны праз праём аркі. Добра бачны згаданы абраз Ціхвінскай Божай Маці.


іл. 118. Касцёл у Гросвердэры ў 1905–1906 гг.. Выгляд ад цвінтара з боку галоўнага ўваходу. Ілюстрацыя з кнігі «Нашы касцёлы» (Żyskar J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska).

іл. 119. Касцёл з боку вуліцы.

іл. 120. Інтэр’ер касцёла ў 1905–1906 гг. Ілюстрацыя з кнігі «Нашы касцёлы» (Żyskar J. Nasze kościoły. T. 1. Archidjecezja mohylewska. — Warszawa; Petersburg, 1913).
Архітэктурныя формы галоўнага алтара бачныя толькі фрагментарна. Бакавыя алтары драўляныя, разьбяныя, з пазалотай, выкананыя ў класічнай форме з элементамі ампіру. Столь, абшытая дошкамі, імітуе мураваны склеп. Разныя рыгелі-зацяжкі канструкцыйна звязаныя з надалтарнай вежай. Дадатковае асвятленне алтарнай часткі, хутчэй за ўсё, забяспечвалася святлом праз аконныя праёмы верхніх ярусаў.

Арыгінальным было канструкцыйнае вырашэнне надалтарнай вежы. Зыходзячы з наяўнай іканаграфіі і матэрыялаў абмераў, можна меркаваць, што вежа, абапіраючыся паловай свайго аб’ёму на сцены апсіды, другой паловай пры дапамозе досыць складанай сістэмы рыгельных бэлек абапіралася на слупы, якія падзялялі інтэр’ер на навы. Пры гэтым, знаходзячыся на мяжы апсіднай і залавай часткі, вежа, хутчэй за ўсё, была раскрытая на ўсю вышыню толькі ў межах алтарнай часткі з мэтай дадатковага асвятлення.

Улічваючы шырыню касцёла (каля 9 м), інтэр’ер, хутчэй за ўсё, быў падзелены радамі слупоў ці калонаў на тры навы. У малітоўнай зале над уваходам традыцыйна быў, відаць, уладкаваны арган, паколькі ў архіўных дакументах ёсць звесткі пра арган і арганіста12.
12 Тамсама.
У 1906 г. ксёндз Я. Жыскар у нататцы на імя кіраўніка Магілёўскай архідыяцэзіі адзначаў, што касцёльныя будынкі і гаспадарка знаходзяцца ў занядбаным стане. Дах касцёла цячэ, званіца пагражае абвалам13.
13 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1034.
Пасля кс. Жыскара пробашчам у Гросвердэры, верагодна, быў кс. Ян Даўгіс.

З 6 кастрычніка 1912 г. па 9 чэрвеня 1923 г. адміністратарам гросвердэрскай парафіі быў кс. Вінцэнт Дэйніс14.


14 Санкт-Петербургский мартиролог духовенства и мирян. Римско-Католическая Церковь. Репрессированные священнослужители Петербургского деканата // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.
У 1914 г. выдатны гомельскі інжынер С. Д. Шабунеўскі зрабіў праект новага мураванага касцёла, аднак вайна і рэвалюцыі перашкодзілі будаўніцтву.

У дакуменце, датаваным 1921 г., гаворыцца, што будынак касцёла Маці Божай Ружанцовай вельмі стары, але яшчэ прыдатны. У тым жа годзе яго адрамантавалі — замянілі аконныя рамы. Касцёльная грамада (каля 1 200 вернікаў) планавала пафарбаваць касцёл. Далей у дакуменце зроблена характэрная для часоў канфіскацыі літургічных рэчаў прыпіска: «з касцёльнага начыння і інвентара нічога не забралі».

іл. 121. Бакавы фасад касцёла ў Гросвердэры. Рэканструкцыя А. Д. Раманчанкі.
З 1923 г., пасля пераводу кс. Дэйніса ў Ямбург, набажэнствы адбываліся час ад часу, калі прыязджаў святар, які загадваў былымі касцёламі Гомельскага дэканата ў Нежыне і Ромнах.

Аднымі з апошніх дакументаў па гісторыі гросвердэрскай парафіі з’яўляюцца матэрыялы экспедыцыі гісторыка і этнографа В. М. Жырмунскага ў нямецкія калоніі Канатопскай акругі ў 1927 годзе. Жырмунскі наведаў Гарадок (Белавежскі Гарадок), Белыя Вежы, Кальчынаўку, Рудневізе, Гросвердэр і Кляйнвердэр. У выніку даследаванняў было высветлена, што пасяленцы каталіцкіх калоній Гросвердэр і Кляйнвердэр амаль не збераглі роднай мовы і размаўляюць пераважна па-ўкраінску.

У галіне ж матэрыяльнай культуры высветлена, што ў форме будынкаў і планіроўкі двароў зберагліся асаблівасці нямецкага сялянскага жылля ў спалучэнні з мясцовымі ўкраінскімі формамі15.
15 Романченко, О. Д. Дерев’яний костёл німців-колоністів у Гросс-Вердері на Чернігівщині // Українська спадщина [Электронны рэсурс] — http://www.heritage.com.ua.
іл. 121.1. Гросвердэрскія дзяўчаты.

іл. 121.2. Тыпы гросвердэрскіх немцаў.


Летам 1941 г., перад прыходам нямецка-фашысцкіх войскаў, жыхароў нямецкіх вёсак дэпартавалі ў Казахстан. У 1944 г. Гросвердэр перайменавалі ў сяло Зелянёўка (цяпер — у Бахмацкім раёне Чарнігаўскай вобласці Украіны).

Так скончылася амаль двухсотгадовая гісторыя каталіцкай парафіі Гросвердэр Гомельскага дэканата Рыма-каталіцкага Касцёла. Як ні дзіўна, у адрозненне ад большасці касцёльных будынкаў Гомельскага дэканата, гросвердэрскі касцёл захаваўся да нашых дзён.

Касцёл стаіць у цэнтры невялікага сяла на перакрыжаванні галоўных вуліц. Арыентаваны галоўным алтаром на ўсход, на ўзор праваслаўнай царквы. Будынак амаль цалкам захаваўся, за выключэннем надалтарнай вежы і другога яруса званіцы. Унутры зроблена перапланіроўка, бо ў будынку знаходзіцца сельскі клуб. Звонку касцёл вертыкальна абшаляваны. Ніжнія брусы, пакладзеныя на падмурак, значна пашкоджаныя, стан вышэйшых брусоў здавальняючы. Захаваўся завяршальны карніз, які, без сумнення, належыць да першага будаўнічага перыяду касцёла. А фігурныя ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, хутчэй за ўсё, зробленыя падчас аднаго з пазнейшых рамонтаў, «няўдалых і без густу выкананых». Арыгінальна зробленыя вокны алтарнай часткі. Іх вертыкальная вось сіметрыі супадае з рысай пералому граняў алтарнай часткі. Відавочна, гэта звязана з патрэбай уладкаваць галоўны алтар непасрэдна пры сцяне апсіды.
іл. 122. Агульны выгляд касцёла з боку званіцы. 2001 г.

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка