Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка14/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

2. Рэпрэсіі супраць католікаў у Люшаве
18 мая 1929 г. на тэрыторыі былой парафіі пачаліся масавыя арышты католікаў. У Любавіне, Шутным, іншых суседніх вёсках і аколіцах было арыштавана 17 чалавек. Іх абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі і зрыве дзяржаўных кампаній. На працягу мая–чэрвеня да арыштаваных далучылі яшчэ 20 дарослых членаў іх сем’яў. Гэта былі Захар Іванавіч і Алена Станіславаўна Богушы, Аляксандр Пятровіч і Феліцыя Антонаўна Будкевічы, Іван Іосіфавіч, Вацлаў Іосіфавіч, Сцяпан Іосіфавіч і Тэадора Іосіфаўна Крукоўскія, Марыя Аляксандраўна Крукоўская, Марыя Вацлаваўна Крукоўская, Зянкевічы, Контаўты, Ніціеўскія, Пукінскія, Іван Іванавіч, Францыска Іванаўна і Канстанцыя Іванаўна Сенажэцкія, Казімір Леанардавіч, Альбіна Міхайлаўна, Бернард Сцяпанавіч Сенажэцкія, Сакалоўскія, Цэханы, Марцін Францавіч Яцкевіч і іншыя25.
25 Лазько, Р. Р. Палітычныя рэпрэсіі на Буда-Кашалёўшчыне // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. — Мінск, 2001. — Кн. 1. — С. 207.
Канкрэтных доказаў антысавецкай дзейнасці арыштаваных не знайшлося. У віну ставілася іх сацыяльнае паходжанне (з мясцовай шляхты), сацыяльнае становішча (кулакі), крытычныя выказванні ў адрас савецкай улады і неналежныя настроі. Зыходзячы з таго, што ўсе яны былі сваякамі або суседзямі, іх «кваліфікавалі» як арганізаваную антысавецкую кулацкую групу. Сведкамі выступалі мясцовыя жыхары з ліку беднаты і прадстаўнікі сельскага савецкага актыву.

Асобныя прызнанні аб сваіх антысавецкіх настроях (але не аб дзейнасці) давалі і самі падследныя. Напрыклад, Марцін Францавіч Яцкевіч, былы садоўнік з панскага маёнтка, прызнаўся, што ён быў незадаволены пазбаўленнем яго выбарчых правоў «за гандаль елкай. Да таго ж яшчэ бедната мяне злуе: яны працаваць не хочуць, але хочуць, каб нехта даў ім гатовае»26.


26 АУКДБРБГВ. Спр. 1860. — Арк. 44.
11 чэрвеня 1929 г. следчы Гомельскага акружнога аддзела ДПУ склаў абвінаваўчае заключэнне ў адносінах да гэтай першай на Буда-Кашалёўшчыне групы арыштаваных. Асобая нарада пры Калегіі АДПУ ў тым жа месяцы прыняла рашэнне аб высылцы ў Сібір усіх 37 чалавек тэрмінам на 3 гады. Лёс аднаго з арыштаваных — Крукоўскага Сцяпана Іосіфавіча, 1888 г. нараджэння, жыхара вёскі Любавін — удалося высветліць. Ён да 1937 г. пражываў у пасёлку Каломінскія Грывы Чаінскага раёна (цяпер — Томская вобласць). Паўторна арыштаваны ў 1937 г. і расстраляны27.
27 Кузняцоў, І. Індэкс ураджэнцаў Беларусі, рэпрэсіраваных у 1920–1950-ыя гады ў Заходняй Сібіры. — Мінск, 2001.
Далейшы лёс большасці арыштаваных губляецца на прасторах Краснаярскай і Томскай акругаў. Маёмасць высланых была канфіскаваная, а на іх землях пачалі ствараць калгас. Паказальны ў гэтым сэнсе лёс К. З. Богуша.

Летам 1929 г. Канстанцін Захаравіч Богуш з жонкай і 3 дзецьмі вярнуўся ў вёску Шутнае з Самахвалавіцкага раёна, дзе працаваў рахункаводам, у апусцелую хату свайго арыштаванага бацькі. Але хата была канфіскаваная, а зямля перададзеная калгасу. Таму ў сярэдзіне верасня 1929 г. К. З. Богушу было прапанавана выселіцца з бацькаўскай хаты.

24 верасня прэзідыум Любавінскага сельсавета вынес рашэнне аб высяленні антысавецкіх элементаў, якія актыўна выступаюць супраць мерапрыемстваў савецкай улады, зрываюць землеўпарадкаванне і калектывізацыю ў вёсцы Шутнае. Сярод тых, каго належала выселіць, пад нумарам пяць стаяла прозвішча К. З. Богуш. 30 верасня, напярэдадні высялення, ён атрымаў распараджэнне Буда-Кашалёўскага сельскагаспадарчага таварыства, у якім яму загадвалася хутчэй выкапаць бацькаву бульбу, бо ўжо замоўлены вагон для яе адпраўкі ў «закрома Родины». Хутчэй за ўсё, ён не паспеў выканаць гэты загад, бо праз дзень у ДПУ паступіла заява намесніка старшыні калгаса імя Дзяржынскага І. С. Казлоўскага аб тым, што вечарам 30 верасня Богуш з двума саўдзельнікамі напаў на яго. Гэтыя звесткі пацвердзіў стрыечны брат Казлоўскага.

4 кастрычніка Богуш быў арыштаваны і абвінавачаны ў здзяйсненні тэрарыстычнага акта. Але сваёй віны ён не прызнаў. Следству не ўдалося ўстанавіць іншых двух чалавек, якія быццам бы прымалі ўдзел у нападзе. Нягледзячы на ўсё гэта, гомельскія чэкісты прапанавалі прымяніць у адносінах да Богуша «вышэйшую меру сацыяльнай абароны — расстрэл». Хутчэй за ўсё, К. З. Богуш сапсаваў ім работу, якую яны правялі ў маі – чэрвені, калі была арыштавана «кулацка-шляхецкая групоўка» з 37 чалавек. Аднак Калегія АДПУ СССР не згадзілася з прапанаванай мерай пакарання і 3 снежня 1929 г. асудзіла К. З. Богуша на 5 гадоў канцлагеру на падставе артыкулаў 58-8 і 58-10 КК РСФСР. Праз 8 гадоў К. З. Богуш быў зноў арыштаваны і на падставе быццам бы ўласнага прызнання прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

20 лютага 1930 г. Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло пастанову аб калектывізацыі і барацьбе з кулацтвам у нацыянальных раёнах. Гэтай пастановай прадугледжвалася высяленне з Беларусі і Украіны польскіх сялянскіх сем’яў. З Беларусі належала выселіць 3–3,5 тысячы польскіх, г.зн. каталіцкіх сем’яў. За 1930 г. у Буда-Кашалёўскім раёне было рэпрэсіравана больш за 80 чалавек, з іх 18 чалавек былі асуджаныя на расстрэл. Сем’і расстраляных вывозілі ў аддаленыя раёны СССР. Бралі іх ноччу, заганялі ў грузавыя машыны і ставілі на калені. На станцыях Буда-Кашалёўская, Уза, Салтанаўка іх ужо чакалі таварныя цягнікі. Практычна ніхто з асуджаных назад не вярнуўся.

Маёмасць раскулачаных канфіскоўвалася і перадавалася або ў калгасы, або насельніцтву. Напрыклад, маёмасць Еўдакіма Адамавіча Галіцкага з Буда-Кашалёўскага сельсавета была ацэнена ў 5 608 руб. (карова тады каштавала прыкладна 50 рублёў). У Марка Сцяпанавіча Пархнявецкага з хутара Мачулішча Дуравіцкага сельсавета канфіскавалі вятрак, які не быў ацэнены, а таксама вагі. У Яўхіма Крукоўскага з вёскі Слабада-Люшаўская канфіскавалі на 708 руб. яблыкаў.

У 1933 г. у пераважна каталіцкім пасёлку (асадзе) Любавін былі арыштаваныя як «пралезшыя ў калгас імя Дзяржынскага кулакі» А. А. Ляўковіч, В. І. Ляўковіч, Р. І. Ляўковіч, С. І. Крукоўскі, А. С. Сенажэцкі, К. Л. Сенажэцкі. Яны былі асуджаныя «тройкай» пры паўнамоцным прадстаўніцтве АДПУ па БССР на зняволенне ў ППЛ28 тэрмінам ад 3 да 8 гадоў29.
28 ППЛ — папраўча-працоўны лагер.

29 Лазько, Р. Р. Палітычныя рэпрэсіі на Буда-Кашалёўшчыне // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. — Мінск, 2001. — Кн. 1. — С. 208–210.
У пачатку 1930-х гадоў органы ДПУ яшчэ не праяўлялі адназначнага падыходу да рэпрэсій супраць «палякаў». У другой палове дзесяцігоддзя ўжо было інакш. Польская нацыянальнасць або наяўнасць сваякоў у Польшчы аўтаматычна рабіла чалавека «небяспечным элементам». Хваля рэпрэсій 1937–1938 гг. накрыла Буда-Кашалёўшчыну. Першым сігналам набліжэння гэтай хвалі быў арышт у студзені 1936 г. жыхаркі вёскі Любавін Марыі Крукоўскай-Кшэсінскай. Ёй інкрымінавалася тое, што яна не паведаміла органам бяспекі аб сваім браце, які жыў у Польшчы і быццам бы супрацоўнічаў з польскай разведкай, шмат разоў выконваючы яе заданні на тэрыторыі СССР. М. Крукоўская-Кшэсінская была асуджаная на 10 гадоў ППЛ. Калі ў жніўні наступнага года НКУС пачаў на тэрыторыі БССР аперацыю «па польскай, нямецкай і латвійскай агентуры», справа Крукоўскай-Кшэсінскай аказалася знаходкай для чэкістаў. Шматлікія знаёмыя і зямлякі Крукоўскай-Кшэсінскай былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў тым, што яны завербаваныя ёю для супрацоўніцтва з разведкай Польшчы.

Часам чэкісты наўмысна рабілі арыштаванага католіка беларуса палякам. Гэта спрыяла абвінавачванню і вынясенню прыгавору. Напрыклад, К. З. Богуш па справе 1929 г. праходзіў як «беларус, з сялян», а па справе 1938 г. ён — «паляк, буйны кулак». Ф. А. Язерскі, адвакат рагачоўскага нарсуда (нарадзіўся на Буда-Кашалёўшчыне), пры арышце 12 студзеня 1938 г. быў беларусам, а 20 студзеня ў прад’яўленым яму абвінавачанні «стаў» палякам.

У выніку палявання за «польскімі шпіёнамі» ў 1937–1938 гг. было арыштавана шмат калгаснікаў з Любавіна і іншых вёсак Буда-Кашалёўшчыны. Яны быццам бы мелі заданні польскай разведкі збіраць звесткі пра калгасы раёна, падрыхтоўваць дыверсійныя акты і контррэвалюцыйныя паўстанцкія выступленні на выпадак вайны з Польшчай.

Пры гэтым чэкісты кіраваліся правілам «цель оправдывает средства». 25 жніўня 1937 г. быў арыштаваны жыхар вёскі Любавін Павел Іванавіч Ясінскі. У даведцы, якую склаў начальнік Буда-Кашалёўскага райаддзела НКУС Грундан, было адзначана, што Ясінскі ў 1918–1920 гг. служыў у польскіх белагвардзейскіх часцях і варожа настроены да мерапрыемстваў партыі і ўрада. Але праз тыдзень следчаму паступіла даведка сельсавета, паводле якой Павел Іванавіч паходзіў з беднякоў, адным з першых уступіў у калгас, быў брыгадзірам. Да лістапада 1917 г. служыў як ваеннаабавязаны ў Белгародскім польскім палку (полк быў рэвалюцыйны і адразу перайшоў на бок савецкай улады), потым вярнуўся на радзіму ў Любавін. Нягледзячы на гэтую даведку, Ясінскі быў абвінавачаны ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі (Польскай вайсковай арганізацыі (ПВА), якая ў 1930-я гады на самай справе не існавала).

Гэтае абвінавачанне стане стандартным для ўсіх, хто меў дачыненне да каталіцтва ці да Польшчы: «Следствам па справе выкрытай і ліквідаванай контррэвалюцыйнай шпіёнска-дыверсійнай паўстанцкай арганізацыі Польская вайсковая арганізацыя ўстаноўлена, што ў дзейнасці паўстанцкай арганізацыі бралі ўдзел...» — гэтыя словы з пастановы на арышт былі не толькі ў справе Паўла Іванавіча Ясінскага, але і многіх тысяч палякаў і беларусаў, рэпрэсіраваных у Беларусі, Краснаярску, Маскве, Новасібірску, Пяцігорску, Томску і шмат якіх іншых вялікіх і малых паселішчах усяго былога Савецкага Саюза30.
30 Тамсама. С. 212–213.
Справа «Польскай вайсковай арганізацыі» — адна з самых масавых пасля справаў «Рускага агульнавайсковага саюза» і «Саюза вызвалення Расіі» — яскравы прыклад лінейных арыштаў з прычыны нацыянальна-канфесійнай прыналежнасці. Філіі арганізацыі «ствараліся» органамі НКУС не толькі ў цэнтральных раёнах краіны, але і ў Заходнесібірскім краі, Усходняй Сібіры, на Урале. Тым больш, што складанасцяў тут не было: працэнт палякаў і беларусаў (іх у першую чаргу ўключалі ў расстрэльныя спісы) быў высокі з-за масавага перасялення іх у Сібір у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя31.
31 Кузняцоў, І. Тэхналогія рэпрэсій // Беларускі калегіюм [Электронны рэсурс] — http://www.baj.by/belkalehium.
На наступным допыце П. І. Ясінскі прызнаўся ў прыналежнасці да ПВА (добра вядомыя метады, якімі чэкісты выбівалі такія «прызнанні»), а праз некалькі тыдняў быў прыгавораны да вышэйшай меры і расстраляны ў Гомелі.

Усяго па Буда-Кашалёўскім раёне ў даваенны час было рэпрэсіравана каля тысячы чалавек (176 чалавек расстраляна), а калі лічыць разам з сем’ямі, то — прыкладна 5 тыс. чалавек. Для невялікага раёна з насельніцтвам 35 тыс. чалавек гэта велізарная лічба32.


32 Лазько, Р. Р. Палітычныя рэпрэсіі на Буда-Кашалёўшчыне // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. — Мінск, 2001. — Кн. 1. — С. 213.
Найбольш ад рэпрэсій на Буда-Кашалёўшчыне пацярпелі мясцовыя католікі. Мясцовая каталіцкая парафія, якая налічвала ў першыя гады савецкай улады прыкладна тысячу вернікаў, за два дзесяцігоддзі была практычна цалкам знішчаная.

3. Вікторынская капліца
Фальварак Вікторын знаходзіўся ў Рагачоўскім павеце побач з вёскай Вікторынская Рудня (цяпер вёска ў Кашалёўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобл.). У 2004 г. тут была 21 гаспадарка, 39 жыхароў.

У фальварку ў 1909 г. налічвалася 9 282 дзес. зямлі, 3 двары, 36 жыхароў. Тут была каталіцкая капліца Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Капліца належала да люшаўскай парафіі, была пабудаваная, верагодна, у пачатку ХІХ ст. Вінцэнтам Дзерналовічам. У 1805 г. па загадзе Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча капліцу асвяціў рагачоўскі дэкан і свержанскі плябан кс. Пётр Стажэнскі. Капліца знаходзілася за адну вярсту ад маёнтка і за 9 вёрстаў ад Люшава. У навакольнай мясцовасці налічвалася прыкладна 100 католікаў.

У самым пачатку ХІХ ст. пры капліцы быў уласны святар — кс. Барталамей Міхалоўскі. У сярэдзіне ХІХ ст. штомесяц св. Імшу ў капліцы цэлебраваў люшаўскі пробашч. Мітрапалітам Богушам-Сестранцэвічам былі выдадзеныя для капліцы два індульты (ад 6 верасня 1826 г. № 789 і № 790) аб адпусце у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, паміж першымі і другімі Нешпарамі (Вячэрнямі)33.
33 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 149 адв.–151.
Верагодна, у 1825 г. Вінцэнт Дзерналовіч разам з палацам пабудаваў другую капліцу. Па загадзе Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча гэтую капліцу асвяцілі ў 1825 годзе. Адзін індульт (№ 2194) быў выдадзены Мітрапалітам Богушам-Сестранцэвічам у 1825 годзе. Другі індульт (№ 813) быў выдадзены на 6 гадоў Мітрапалітам Дмахоўскім 20 мая 1849 года. У 1855 г. ён быў прадоўжаны34.
34 Тамсама. Арк. 150 адв.–151.
Драўляная капліца стаяла непадалёк ад сядзібы, каля дарогі. Яна была пабудаваная, як і дом, у стылі класіцызму. Невялікі храм быў накрыты гонтавым дахам. Над галоўным уваходам быў порцік з калонамі і трохвугольным франтонам. Капліца служыла сямейнай пахавальняй Дзерналовічаў і мела мураваны склеп. У 1897 г. капліца была адрэстаўраваная Севярынам Дорыа-Дзерналовічам. У чэрвені таго ж года ён звярнуўся да Магілёўскага арцыбіскупа з просьбай аб асвячэнні капліцы люшаўскім філіялістам кс. Антоніем Вальчукевічам, а таксама прасіў аб пісьмовым дазволе на цэлебрацыю святой Імшы ў палацавай капліцы, дзе доўгі час не было Імшы, таму што пісьмовы дазвол згубіўся. У адказ яму паведамілі, што звяртацца з такой просьбай трэба найперш да мясцовых духоўных ці свецкіх уладаў.

Хутчэй за ўсё, Дзерналовіч так і зрабіў, бо ў красавіку наступнага 1898 г. гомельскі дэкан кс. Пятроўскі сам звярнуўся да арцыбіскупа з просьбай дазволіць яму або люшаўскаму філіялісту кс. Вальчукевічу асвяціць вікторынскую капліцу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і алтар, каб у ёй можна было цэлебраваць св. Імшу на другі дзень Нараджэння Пана, на Пяцідзесятніцу (Спасланне Духа Святога), у нядзелю пасля свята Цела і Крыві Пана і ва ўсе дні, калі будзе патрэба ў цэлебрацыі св. Імшы35.


35 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1082-а. — Л. 13.
Капліца была знішчаная разам з сядзібай у гады Першай сусветнай вайны.

У маёнтку Вікторын — спадчынным уладанні Дзерналовічаў — разам з Броніцай налічвалася 5 351 дзес., з іх 623 дзес. ворыва, 260 дзес. лугоў, 3 182 дзес. лесу. Працавалі вадзяны млын, сукнавальня і 4 карчмы36.


36 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1893. — T. 13. — S. 449.
Паселішча Вікторын стала галоўнай сядзібай роду Дорыа-Дзерналовічаў гербу «Любіч» у другой палове XVIII ст., пасля таго, як у 1739 г. згарэла іх сядзіба ў Шарсціне. Першым уладальнікам паселішча Вікторын, якое тады, верагодна, насіла іншую назву, быў Францішак Казімір Дорыа-Дзерналовіч, рэчыцкі гродскі суддзя (памёр у 1742 г.). Верагодна, яго сын, рэчыцкі падкаморы Леан Юзаф (памёр у 1793 г.), у гонар сваёй жонкі Вікторыі Хлявінскай змяніў назву вёскі. Яму ж сямейнае паданне прыпісвае будаўніцтва сядзібы ў стылі класіцызму ў канцы XVIII ст. (больш верагодна, што сядзібу пабудаваў яго сын Вінцэнт у пачатку ХІХ ст.).

Пасля смерці Леана Юзафа Вікторын перайшоў да яго сына Вінцэнта (памёр у 1829 г.), жанатага з Канстанцыяй Грабоўскай, а потым — да сына Вінцэнта, Тадэвуша Раймунда (1794–1862 гг.). З-за таго, што Тадэвуш Раймунд не меў сына, маёнтак перайшоў у спадчыну да яго дачкі Евы (нарадзілася ў 1844 г.), якая выйшла замуж за свайго стрыечна-стрыечнага (чацвераюраднага) брата Севярына Дорыа-Дзерналовіча і такім чынам захавала маёнтак для свайго роду. Пасля смерці жонкі Севярын і яго сын Станіслаў сталі апошнімі ўладальнікамі маёнтка памерам у 13 тыс. дзес. зямлі.

На пачатку ХХ ст. сядзібны дом Дзерналовічаў у Вікторыне ўяўляў аднапавярховы сіметрычны будынак, змешчаны на высокім падмурку, з жылымі сутарэннямі. Цэнтральнай часткай пабудовы быў двухпавярховы рызаліт37, аформлены ў выглядзе шасцікалоннага порціка, у якім 4 крайнія калоны вышынёй у 2 паверхі неслі на сабе антаблемент з трохвугольным франтонам, а 2 сярэднія падтрымлівалі балкон. Невялікія порцікі-ганкі афармлялі і ўваходы на тарцавых фасадах.
37 Рызаліт — частка будынка, якая выступае за плоскасць фасада па ўсёй яго вышыні.
іл. 98. Вікторынская сядзіба. 1917 г.
Сцены дома былі неатынкаваныя, іх асноўны дэкор складалі рытмічна размешчаныя высокія прамавугольныя вокны, аздобленыя ліштвамі з невялікімі карнізамі-сандрыкамі. Увесь будынак быў накрыты гонтавым дахам — трохсхільным над бакавымі крыламі і двухсхільным над цэнтральнай часткай. Мяркуючы па ўсім, тыльная паркавая частка дома таксама мела цэнтральны порцік.

Унутры дома было больш за 10 пакояў. Паўкруглы вестыбюль у цэнтральнай частцы вёў у размешчаную за ім прасторную бальную залу (яна выкарыстоўвалася таксама як сталовая), да якой далучаўся меншы салон. Адзін з пакояў займалі галерэя сямейных партрэтаў і архіў, пачатак якому быў пакладзены ў ХVI ст.

Перад галоўным фасадам дома знаходзіліся ступеньчатая тэраса і шырокі круглы газон, па баках якога размяшчаліся два ідэнтычныя аднапавярховыя флігелі: адзін служыў кухняй, другі быў жылым. Паблізу ад правага флігеля праходзіла дарога на станцыю Буда-Кашалёўская. Увесь маёнтак быў абкружаны вялізным англійскім паркам, старыя пасадкі якога складаліся пераважна з італьянскіх таполяў і ялінаў. Парк пераходзіў у лес, у якім было шмат розных звяроў, у тым ліку ласёў. Побач знаходзілася невялікае возера, дзе вадзіліся бабры.

Асноўная рэзідэнцыя Дзерніловічаў знаходзілася ў Польшчы, а вікторынская сядзіба выкарыстоўвалася як летняя дача, у наваколлі якой можна было займацца паляваннем.

У пачатку ХХ ст. усе найбольш каштоўныя рэчы былі вывезеныя з Вікторына ў іншыя маёнткі Дзерналовічаў у Цэнтральнай Польшчы і зніклі ў час Другой сусветнай вайны. Сядзіба ў Вікторыне была знішчана ў час Першай сусветнай вайны38.
38 Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. — Wrocław etc., 1991. — Cz. 1, t. 1. — S. 170–171.


Раздзел VI. АНТУШАЎСКАЯ ПАРАФІЯ
1. Гісторыя антушаўскай парафіі
Антушы — вёска ў Рагачоўскім раёне. Раней — аколіца ў складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, Лукаўскай воласці, за 5 вёрстаў ад паштова-тэлеграфнай станцыі Чырвоны Бераг. Да 1962 г. уваходзіла ў склад Кармянскага раёна.

Першыя звесткі пра касцёл у Антушах адносяцца да пачатку ХІХ ст. і звязаны з імем ксяндза Канстанціна Антушэвіча. Ён нарадзіўся ў аколіцы Антушы каля 1744 г. Паходзіў з дробнай шляхты, вучыўся ў Віленскай семінарыі і ў Італіі (дзе менавіта — дакладна невядома). У 1800 г. фундаваў у Антушах касцёл, які ў 1802 г. быў асвячоны пад тытулам Унебаўшэсця Пана1.


1 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1387. — Арк. 54–54 адв., 55.
іл. 99. Ваколіцы Антушаў на аўстрыйскай карце канца ХІХ – пачатку ХХ стст.
Касцёл у Антушах спачатку быў філіяльным у дачыненні да касцёла ў мястэчку Карпілаўцы (цяпер — Карпілаўка, знаходзіцца ў межах г. Жлобіна). У 1744 г. у карпілаўскую парафію Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі ўваходзілі наступныя населеныя пункты: Вірня, Высокае, Вярбічаў, Горваль, Дзяніскавічы, Жлобін, Забалоцце, Казловічы, Карпілаўка, Лукі, Любань, Плюсовічы, Побалава, Рагачоў, Рогінь, Рудня, Святое, Сенажаткі, Слабодкі, Стралкоўшчына, Стрэнькі, Стрэшын, Царкоўе, Чарцяж, Шацілкі2.
2 Suwalskie towarzystwo genealogiczne [Электронны рэсурс] — http://www.mem.net.pl/stg.
Католікамі ў Антушах былі шляхціцы Абрамовічы, Акушкі, Александровічы, Антушэвічы, Ардо, Асташкевічы, Банькоўскія, Бараноўскія, Быхаўскія, Вайцяхоўскія, Вільчынскія, Глазоўскія, Грахоўскія, Гурскія, Драздоўскія, Жаўткі, Жылінскія, Закржэўскія, Зубовічы, Зянкевічы, Качаноўскія, Корзуны, Кучынскія, Ліпскія, Ляснеўскія, Манкевічы, Міхалькевічы, Нецыеўскія, Пархамовічы, Паўлоўскія, Савіцкія, Сенажэцкія, Трацэўскія, Туроўскія, Філіповічы, Хадароўскія, Хадкевічы, Ціхінскія, Шацілы, Шпакоўскія, Шчыгольскія, Шымборскія, Юневічы, Юшкоўскія, Ядлоўскія, Яцкевічы.

У 1843 г. касцёл у Антушах стаў парафіяльным. Гэта адбылося дзякуючы захадам пробашча карпілаўскага касцёла кс. Марціна Вашкевіча. У 1839 г. у сувязі з ліквідацыяй карпілаўскага касцёла кс. Вашкевіч дамогся, каб парафіяльным стаў касцёл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 г. даў міністру ўнутраных справаў такі дазвол (№ 2747)3.


3 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1494. — Арк. 51–55.
У 1841 г. стары касцёл у Антушах быў цалкам перабудаваны звонку, а ў 1843 г. і «внутри совершенно конченный иждивением ксендза того ж прихода, парафиан и других благотворительных лиц»4. З таго часу касцёл вядомы пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Антушаўская парафія была 4-га класу і да 1882 г. уваходзіла ў Рагачоўска-Быхаўскі дэканат. Парафія межавала з люшаўскай, рагачоўскай, бабруйскай і рэчыцкай парафіямі. Да 1857 г. адміністратарам у ёй быў кс. Вашкевіч, а вікарыем у той час працаваў кс. Дамінік Юшкевіч.
4 Тамсама. Спр. 1444.
З 1858 г. вікарыем тут працаваў кс. Геранім Манствіла.

У 1860 г. адміністратарам касцёла быў кс. Багдановіч.

З 1861 г. адміністратарам быў кс. Клеменці Падбярэзскі, вікарыем — кс. Юліян Чачот.

З 1862 г. вікарыем антушаўскага касцёла быў кс. Фелікс Ігнацьевіч Заленскі.

Можна меркаваць, што ў час паўстання 1863 г. Антушы былі спаленыя войскамі, бо частка жыхароў падтрымала паўстанне.

Да 1866 г. адміністратарам быў кс. Адам Каркоўскі. У 1866–1867 гг. ён быў законанастаўнікам і вікарыем, а потым з 1867 г. — зноў адміністратарам.

У 1867 г. адміністратарам касцёла быў кс. Фабіян Сікорскі.

У 1901–1909 гг. пробашчам у Антушах быў кс. Міхаіл Ігнацьевіч Бузыцкі, а ў 1909–1911 гг. — кс. Аляксандр Боўтуць.

У 1910 г. святаром Аляксадрам Боўтуцем быў капітальна адрамантаваны будынак касцёла, у 1911 г. касцёл цалкам пафарбавалі алейнымі фарбамі. Адпустовымі святамі ў антушаўскай парафіі былі:

1. Св. Станіслава, біскупа і мучаніка;

2. Дзень асвячэння касцёла (дата не ўстаноўленая. — У. В.);

3. Св. Пятра і Паўла;

4. Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі;

5. Усіх Святых;

6. Беззаганнага Зачацця Панны Марыі;

7. Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Касцёл меў прывілей, выдадзены біскупам Ключынскім 21 жніўня 1910 г. за № 6281. У касцёле захоўваліся рэліквіі св. Яна Кенцкага.

Колькасць парафіянаў у 1910 г. складала 2 400 чалавек. У гэты час у абедзвюх земскіх школах і ў чыгуначным вучылішчы (у Жлобіне) выкладаўся Закон Божы5.


5 Тамсама. Спр. 1504. — Арк. 6.
Даўжыня касцёла мела 32 аршыны, шырыня — 18 аршынаў, дах быў гонтавы, фасад — у выглядзе порціка на васьмі слупах, столь — з дошак, падтрымлівалася чатырма слупамі.

У 1910-я гады ў касцёле каля галоўнага ўваходу знаходзіліся хоры, дзе былі размешчаны старыя арган і фісгармонія. Пад хорамі меўся тамбур з трыма дзвярыма (двое бакавых і адны пярэднія), якія былі напалову шкляныя. Уваход на хоры вёў праз лесвіцу з дзвярыма. Вокнаў вялікіх налічвалася 6, малых — 5.

У касцёле былі тры алтары, аддзеленыя ад наваў6 драўлянымі балюстрадамі. Галоўны алтар быў бетонны, з трыма бетоннымі сходамі. У ім змяшчаўся абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў пазалочанай раме. Два бакавыя алтары мелі падобную канструкцыю, але былі драўляныя. У правым бочным алтары быў змешчаны абраз св. Антонія Падуанскага, у левым — абраз Збаўцы. З прэзбітэрыя двухстворкавыя дзверы з правага і левага боку вялі ў сакрыстыі. Левая сакрыстыя мела выхад на вуліцу.
6 Нава — падоўжанае памяшканне малітоўнай залы святыні, абмежаванае сценамі або радамі слупоў, калонаў, аркадамі.
Усе тры алтары былі пафарбаваныя пад мармур. На сценах касцёла па баках віселі 4 вялікія абразы святых Евангелістаў (з ліквідаванага бялыніцкага касцёла) і 2 невялікія абразы ў авальных рамах: адзін — св. Станіслава, біскупа і мучаніка, другі — св. Роха. У наве былі змешчаныя 14 стацыяў Крыжовага шляху Пана Езуса, у драўляных рамах. Амбона мясцілася злева ў прэзбітэрыі.

Пад хорамі, з розных бакоў, былі ўстаноўленыя 2 драўляныя пафарбаваныя канфесіяналы. У касцёле змяшчаліся 2 чатырохрадныя і 4 аднарадныя лавы.

Касцёл з прыкасцёльным дваром быў адгароджаны ад сядзібы штыкетнікам, злева ўзвышалася драўляная двухпавярховая званіца, пафарбаваная мінеральнай фарбай і накрытая гонтай. Унізе званіцы знаходзілася камора для захавання касцёльнага інвентару, на другім паверсе былі падвешаныя 5 невялікіх званоў, 2 з якіх былі разбітыя.

Антушаўскаму касцёлу належала сядзіба памерам 3 дзес. 700 квадратных сажняў зямлі. Касцёл і цвінтар займалі 847 квадратных сажняў. Пад парафіяльныя могілкі каля Антушаў было занята 1 150 квадратных сажняў. Усяго касцёльнай зямлі было 4 дзес. 297 квадратных сажняў, што пацвярджалася планам, складзеным у 1913 г. выканаўцамі работ па землеўпарадкаванні (камісіяй Тышкі).

Акрамя таго, кавалак зямлі каля ваколіцы Марусенка быў завяшчаны антушаўскаму касцёлу кс. Антоніем Антушэвічам. З яго 7 дзес. зямлі толькі 5 сапраўды належалі касцёлу, а 2 дзес. былі захопленыя суседзямі (планавалася прад’явіць ім судовае абвінавачванне). У мястэчку Жлобін уласнасцю касцёла была зямля пад капліцай, цвінтаром і плябаніяй, падараваная князем Друцкім-Сакалінскім; усяго 1 203,52 квадратных сажняў.

Плябанія ў Антушах — драўляны дом, пабудаваны ў 1890 г., накрыты гонтай, на цагляным падмурку — мела вітальню, 8 пакояў і каморку. Даўжыня дома складала 24 аршыны, шырыня — 14 аршынаў. Вокнаў падвойных налічвалася 14, дзвярэй — 13, было 14 галандскіх печак і руская печка з плітой. Звонку дом быў ашаляваны, унутры — атынкаваны. Дах у некаторых месцах згніў. Меліся стайня, карэтная, хлеў, свіран, ляднік. На пачатку ХХ ст. усе гэтыя пабудовы былі разваленыя, таму конь і карова часова ўтрымліваліся ў фальварку Слабодка.

Плябаніі належаў таксама драўляны дом арганіста, крыты гонтай, даўжынёй 15 аршынаў, шырынёй 8 аршынаў, у якім былі 2 пакоі і каморка.

У антушаўскую парафію ўваходзілі наступныя населеныя пункты:

– мястэчкі Жлобін, Карпілаўка;

– вёскі Барсукі, Жальвін, Кашара, Ліскі;

– маёнткі Астарманск, Забалоцце, Малевічы;

– фальваркі Грабек, Драхлін, Лебядзёўка, Праходцы;

– аколіцы Антушы, Вярбічаў, Дуброва, Зялёнае Будзішча, Зялёны Мох, Марусенка, Новы Мазалаў, Сенажаткі, Стары Мазалаў, Чарцяж;

– хутар Лозкі.

Могілкі былі ў Антушах, Жлобіне, Марусенцы і Чарцяжы.

У архіве антушаўскага касцёла захоўваліся: метрычныя кнігі аб нараджэнні з 1843 па 1913 г., шлюбныя метрычныя кнігі з 1840 па 1913 г., кнігі перадшлюбных экзаменаў з 1892 па 1913 г., метрычныя кнігі аб памерлых з 1843 па 1913 г., кнігі канвертытаў з 1905 г., кнігі з цыркулярнымі распараджэннямі духоўнага начальства, кнігі са шлюбнымі дысперсіямі, кнігі з выпраўленнямі метрычных запісаў, кнігі аб касцёльнай маёмасці, кнігі касцёльных медных пячатак.

У архіве ліквідаванага карпілаўскага касцёла захоўваліся: метрычныя кнігі аб нараджэннях з 1730 па 1843 г., метрычныя кнігі аб перадшлюбных экзаменах з 1816 па 1839 г., метрычныя кнігі аб шлюбах з 1721 па 1840 г., метрычныя кнігі аб памерлых з 1805 па 1842 год.

У 1911–1912 гг. пробашчам у Антушах быў кс. Тэлесфор Каўчынскі. Пэўны час у Антушах працаваў кс. Юзаф Уладзіслаў Серасек.

У 1913–1914 гг. адміністратарам тут быў кс. Міхаіл Тамашэўскі7, у 1914–1915 гг. — кс. Юліян Матусевіч, у 1916–1917 гг. — кс. Тэадор Рыла.
7 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1494. — Арк. 51–55.
З 1917 г. да сярэдзіны 1920-х гг. пробашчам парафіі быў кс. Казімір Мустэйкіс. У 1917 г. у парафіі налічвалася 2 440 вернікаў.

У 1918 г. на тэрыторыі парафіі былі расквартаваныя польскія легіянеры з корпуса генерала Доўбара-Мусніцкага.

З мая 1920 г. да ліпеня 1921 г. капеланам жлобінскай капліцы, што ўваходзіла ў склад антушаўскай парафіі, быў кс. Карл Лупіновіч, якога пасля прызначылі вікарыем маскоўскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны.

Вельмі кароткі час да антушаўскай парафіі належала люшаўская філія.

Касцёл у Антушах не захаваўся. Пасля закрыцця (каля 1925 г.) у ім быў дзіцячы дом, потым бальніца. Калі бальніцу перавялі ў вёску Побалава, будынак аказаўся закінуты. У канцы 1980 – пачатку 1990 гг. яго разабралі. Захаваліся толькі прыступкі касцёла8.
8 Тамсама.
іл. 100. Тут стаяў антушаўскі касцёл. Паводле сайта «Глобус Беларуси».

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка