Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка13/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

Раздзел V. ЛЮШАЎСКАЯ ПАРАФІЯ
1. Гісторыя люшаўскай парафіі
Люшаў — вёска ў Ліпініцкім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, 16 км на поўнач ад Буда-Кашалёва, 64 км ад Гомеля. У 2004 г. у ёй налічвалася 11 гаспадарак, 14 жыхароў1. Вёска Люшаў і аднайменны маёнтак уваходзілі ў Стараруднянскую воласць (14 вёрстаў ад Люшава) Рагачоўскага павета. У 1858 г. у вёсцы было 26 двароў. У канцы ХІХ– пачатку ХХ ст. у вёсцы налічвалася 30 двароў, пражывала 200 жыхароў.
1 Люшаў // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 163.
У мінулым люшаўская парафія была філіяй чачэрскай парафіі Гомельскага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі, а з пачатку ХХ ст. — філіяй антушаўскай парафіі.

Маёнтак Люшаў доўгі час належаў Перасветам-Солтанам, якія мелі тут 1 413 дзес. зямлі, з іх 888 дзес. лесу2. У 1687 г. Перасветам-Солтанамі быў узведзены драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Цалкам верагодна, што ў канцы ХVІІІ ст. касцёл належаў да чачэрскай парафіі, бо ў дакументах канца ХVІІІ ст. згадваецца нехта Анацкі з «вёскі Любовін чачэрскай парафіі», які жыў у той час у Гомелі3. У 1800 г. на сродкі парафіянаў быў пабудаваны новы драўляны касцёл, які з дазволу Магілёўскай рыма-каталіцкай кансісторыі быў асвячоны кс. Казімірам Квічынскім4. 6 (18) студзеня 1803 г. беліцкі дэкан кс. Язафат Садко ў сваім рапарце паведаміў, што люшаўскі курат дамініканец а. Казімір Квічынскі адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў у сувязі з хваробай і ўзростам. Калятары касцёла Солтаны згадзіліся прызначыць на пасаду люшаўскага курата кс. Чэслава Бейнаровіча, які жыў непадалёк, у Ладубе5.


2 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1902. — T. 15, cz. 2.

3 Макушнікаў, А.А. Гомель і яго жыхары ў ХVІ–ХVІІІ стагоддзях // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля. — Мінск, 1998. — Кн.1.

4 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1504. — Арк. 157.

5 Тамсама. Воп. 2. — Спр.30. — Арк. 5.
іл. 96. Герб Перасветаў-Солтанаў.

іл. 97. Люшаў і ваколіцы на аўстрыйскай карце канца ХІХ– пачатку ХХ ст.


У першай палове ХІХ ст. люшаўская парафія — самастойная касцёльная адзінка, потым яна зноў уваходзіць у чачэрскую парафію. Касцёл з плябаніяй стаялі за 2 км ад вёскі, у чыстым полі, на тэрыторыі маёнтка Перасветаў-Солтанаў. Касцёл добра ўтрымліваўся. Каля яго знаходзіліся могілкі, якія таксама былі добра дагледжаныя. На могілках у пачатку ХХ ст. былі помнікі з наступнымі надпісамі:

Пробашч кс. Ян Юнкевіч, пам. 3 ліпеня 1863 г.

Фларыян і Юліяна з Кербедзяў Юнкевічы, нар. 8 жніўня 1841 г., пам. 1 чэрвеня 1849 г.

Міхаіл Перасвет-Солтан, пам. 18 кастрычніка 1876 г.

Эвеліна з Палонскіх Перасвет-Солтан, пам. 27 кастрычніка 1876 г.

Станіслаў Перасвет-Солтан, пам. 11 лістапада 1878 г.

Ігнацы Гурскі, пам. 22 студзеня 1885 г.

Януарый Казела, пам. 10 мая 1859 г., праж. 29 г.

Міхаіл Саблінскі, пам. 4 жніўня 1906 г., праж. 42 г.

Вікторыя з Сільвястровічаў Манкевіч, нар. у 1829 г., праж. 70 г.

Вацлаў Перасвет-Солтан, пам. 12 верасня 1899 г.

Кс. Антоні Вальчукевіч, пам. 22 ліпеня 1904 г.

Канстанцыя з Цеханавецкіх Перасвет-Солтан, нар. 1822 г., пам. 16 лютага 1883 г.

Рамуальд Ігнатовіч, пам. 14 красавіка 1887 г., праж. 65 г.

Францыск Хадкевіч, пам. 8 сакавіка 1851 г.

Аляксандр Парчэўскі, пам. 2 студзеня 1856 г.

Юзаф Перасвет-Солтан, пам. 18 студзеня 1846 г.

Тэрэза з Солтанаў Лісоўская, пам. 8 снежня 1891 г.

Станіслаў Перасвет-Солтан, нар. 27 сакавіка 1749 г., пам. 22 красавіка 1865 г.

Ян Перасвет-Солтан, нар. 1822 г., пам. 16 лютага 1883 г.

Кіпрыян Маскевіч, пам. 22 красавіка 1865 г.

Леан Хадкевіч, нар. 1822 г., пам. 29 ліпеня 1848 г.

Ян Перасвет-Солтан, нар. 6 ліпеня 1799 г., пам. 4 ліпеня 1838 года6.
6 Пар: НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 5. — Спр. 339.
У 1803 г. калятарамі былі Солтаны і Сямкоўскія, куратам — а. Чэслаў Бейнаровіч (33 гады, 9 гадоў святарства, 1 год у мястэчку Люшава), дамініканін. Пры касцёле меўся 1 касцёльны служка. Капіталы складалі 500 руб. Пэўныя даходы былі 25 руб. 5 кап., няпэўныя — 5 руб. Аплата ксяндзу, служку і за грунты — 30 руб. Колькасць святых Імшаў у год — 52. Парафіянаў, здольных прымаць Камунію, — 97, няздольных — 33, усяго 130. Ахрышчана хлопчыкаў — 1, дзяўчынак — 1. Памерлі 2 мужчыны, 1 жанчына. Пабралася шлюбам 1 пара.

Да люшаўскай парафіі належала капліца ў Вікторыне, дзе ў 1803 г. калятарам быў Вінцэнт Дзерналовіч, маршалак і кавалер, капеланам — бэрнардынец а. Барталамей Міхалоўскі (32 гады, 9 гадоў святарства, 1 год у Вікторыне). Пры капліцы быў 1 касцёльны служка. Пэўныя даходы складалі 50 руб.

У 1808 г. а. Барталамей Міхалоўскі ўжо значыцца люшаўскім куратам. Неўзабаве люшаўская парафія была выключаная са складу Беліцкага дэканата і аднесеная, верагодна, да Быхаўска-Рагачоўскага дэканата. У 1819 г. Мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч сваім указам ад 22 жніўня перадаў у валоданне люшаўскага касцёла алтарную суму гомельскага касцёла — 5 тыс. польскіх злотых (750 руб.), якая была размешчана ў валоданнях Фелікса Фашча. З гэтай сумы люшаўскай плябаніі належаў шосты працэнт. Быхаўскі дэкан кс. Бехлер, выконваючы загад мітрапаліта, 16 снежня 1819 г. асабіста паехаў у Люшаў, дзе паведаміў курату кс. Лыку, што архіпастыр кансэкраваў яму гомельскую алтарыю. Ксёндз Бехлер таксама зрабіў інвентар люшаўскага касцёла і плябаніі7.
7 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 25. — Спр. 8. — Арк. 57.
Люшаўскім куратам (пробашчам), прынамсі да 1827 г., быў кс. Лыка. У 1841 г. куратам быў прызначаны кс. Дамінік Юшкевіч. З 17 верасня 1848 г. адміністратарам парафіі быў чачэрскі адміністратар кс. Ян Юшкевіч, які раптоўна памёр 9 кастрычніка 1854 года. З сярэдзіны ХІХ ст. люшаўская парафія знаходзілася ў складзе Гомельскага дэканата. У 1880-я гады яна стала філіяй чачэрскай парафіі, а ў пачатку ХХ ст. — філіяй антушаўскай парафіі.

18 кастрычніка 1852 г. адбылася візітацыя люшаўскага касцёла, якую здзейсніў беліцкі дэкан кс. Найневіч. У справаздачы аб візітацыі між іншым паведамлялася: «Стан люшаўскага касцёла. Хоць касцёл і быў у занядбаным стане, пробашч кс. Ян Юшкевіч прывёў яго ў парадак. Абгарадзіў штыкетнікам, перакрыў дах, падмураваў, ашаляваў, звонку атынкаваў і пабяліў, унутры таксама выбеліў, дах пафарбаваў свінцовай фарбай.

Начынне касцёла складаецца з трох алтароў, на якіх рамы пазалочаныя цаной 75 руб., на якія пашчыраваў кс. Юшкевіч. Цыборыум адноўлены.

Прыслуга складаецца з арганіста, сакрыстыяніна і хлопца.

Ануаты не бяруцца. Сад на 300 дрэваў.

Капліца ў вёсцы Вікторын, драўляная, на падмурку, з агароджай. Мае 3 алтары і 6 лавак.

Цвінтароў у парафіі 2»8.
8 РГИА. Ф. 826. —Оп. 1. — Д. 141. — Л. 25–26.
У 1855–1863 гг. пробашчам люшаўскага касцёла быў кс. Ян Юнкевіч (памёр 3 ліпеня 1863 г.). Захаваліся падрабязныя запісы пра стан люшаўскай парафіі ў гэты перыяд, якія зрабіў 22 сакавіка 1855 г. курат кс. Ян Юнкевіч. У парафіі было 774 чалавекі, з іх 19 пражывала ў Люшаве. Саслоўны стан вернікаў быў такі: патомных дваранаў — 222 чалавекі, асабістых дваранаў — 403, белага духавенства — 1, мяшчанаў — 36, сялянаў — 87 (з іх 27 аднадворцаў), розных служачых — 17 чалавек, вайскоўцаў — 4, іншаземцаў — 4 чалавекі.

Люшаўскаму касцёлу належала зямель: ворных — 2 дзес. 1 232 сажні, сенакосных — 1 дзес. 1 430 сажняў, няўдобіцаў — 1 403 сажні; нявызначаных — 11 дзес., пад лесам — 1 224 сажні.

У парафіі за перыяд нарадзілася 17 дзяцей (6 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак), з іх 1 хлопчык пазашлюбны, 15 чалавек памерла. Заключаныя 2 шлюбы9.
9 РГИА. Ф. 3048. — Оп. 1. — Д. 3.
У 1855 г. у люшаўскім касцёле была адрамантаваная падлога. Капітал на рамонт падлогі не спатрэбіўся, бо матэрыялы і людзей выдзелілі ўладальнікі Люшава.

У 1855 г. былі сабраныя ахвяраванні ад парафіянаў у колькасці 234 руб. 93 кап. З гэтай сумы за купленыя ў Варшаве рэчы для касцёла было заплачана пану Венцкоўскаму: 120 руб. за 6 чыгунных падсвечнікаў з бронзавымі пазалочанымі фігуркамі; 21 руб. за бронзавы пазалочаны крыж з распяццем Хрыста на чыгунным пастаменце; 36 руб. за 3 каноны ў пазалочаных рамках са шклом; 18 руб. 33 кап. за перавоз гэтых рэчаў з Варшавы ў Люшаў; 1 руб. 20 кап. за 12 аршынаў мішурнага пазументу; 70 кап. за 7 аршынаў мішурнай бахрамы; 30 кап. за 6 лотаў сечкі; 15 кап. за 30 медных цвікоў для балдахіна; 12 руб. за Імшал у скураным пераплёце; 6 руб. за лотку накладнога серабра; 6 руб. за крапіла; 7 руб. 75 кап. за 6 васковых свечак вагой 15,5 фунтаў; 5 руб. 50 кап. за дастаўку гэтых рэчаў з Магілёва ў Люшаў; усяго 234 руб. 93 кап.

Да кастрычніка 1855 г. у люшаўскім касцёле была перароблена з боку вуліцы агароджа цвінтара. Заставалася яшчэ перарабіць агароджу з трох астатніх бакоў. Матэрыялы для рамонту і людзей спадзяваліся атрымаць ад уладальнікаў Люшава. Гэта планавалася зрабіць пасля сканчэння палявых работаў.

Пасля смерці кс. Яна Юнкевіча ў 1863 г. адміністратарам у Люшаў быў прызначаны кс. Ян Чачот. Касцёл у гэты перыяд быў парафіяльным. Парафія была 4-га класа і налічвала ў 1864 г. 827 парафіянаў10. Католікі парафіі жылі пераважна ў вёсцы (па-старому — асадзе) Любавін11, а таксама ў іншых вёсках, асадах і фальварках: Будзе-Люшаўскай (з 1860 г. тут мелі ўладанні: Ян Горскі — 196 дзес., Ігнацы Горскі — 524 дзес.; з 1881 г. Ніціеўскі — 342 дзес.), Вікторыне, Люшаве, Слабадзе-Люшаўскай, Старой Рудні, Шутным і іншых.


10 РГИА. Ф. 2301. — Оп. 5. — Д. 2.

11 Любавін — вёска ў Буда-Кашалёўскім сельсавеце, 62 км ад Гомеля; 17 гаспадарак, 26 жыхароў (2004 г.). У 1868 г. тут было 29 двароў, 194 жыхары; у 1898 г. — 53 двары, 388 жыхароў.
У 1885 г. парафія ўжо была філіяй чачэрскай парафіі. Філіялістам быў кс. Баніфацый Лукашэвіч. Парафіянаў налічвалася 513 чалавек. Такое рэзкае змяншэнне колькасці парафіянаў у параўнанні з 1863 г. (у гэтым годзе пачалося антырасійскае паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай), калі вернікаў налічвалася 827 чалавек, верагодна, тлумачыцца тым, што пачаўся ціск на католікаў з боку ўладаў, і шмат хто з вернікаў адпаў ад Касцёла, перайшоўшы ў праваслаўе.

У Вікторыне ў маёнтку Дзерналовічаў і ў Старой Рудні ў маёнтку Сенажэцкіх існавалі філіяльныя капліцы.

У 1857–1859 і 1860–1862 гг. вікарыем люшаўскага касцёла быў кс. Фелікс Ігнацьевіч Заленскі. У 1897–1904 гг. люшаўскім філіялістам быў кс. Антоні Вальчукевіч. Да гэтага ён працаваў адміністратарам астраглядавіцкага касцёла і за супраціў русіфікацыі Касцёла быў сасланы ў Нясвіжскі кляштар12, а потым ужо трапіў у Люшаў.
12 Ракоўскі, М. Супрацьстаянне // Наша вера. — 1996. — № 1 (2).
Пасля маніфеста аб верацярпімасці ад 17 красавіка 1905 г., які дазваляў пераход з праваслаўя ў іншыя веравызнанні, у Любавіне ў каталіцтва вярнулася вялікая колькасць сем’яў, продкі якіх па розных прычынах вымушаныя былі перайсці ў праваслаўе13.
13 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 70.
Да 1907 г. філіялістам у Люшаве быў кс. Каміл Ярмаловіч.

У 1907–1908 гг. адміністратарам філіяла быў кс. Юліян Гронскі, які адначасова быў і адміністратарам чачэрскай парафіі, таму пастаянна знаходзіўся пры чачэрскім касцёле. Набажэнствы ў люшаўскім касцёле адбываліся па нядзелях і святах. Казанні і спевы тут, як і ў большасці беларускіх касцёлаў, былі на польскай мове (пэўны перыяд — на лацінскай).

У 1909 г. люшаўскім філіялістам быў кс. Аляксандр Боўтуць.

У 1910–1912 гг. філіялістам пры люшаўскім касцёле быў кс. Ян Жаўрыд. Люшаўская філія ў гэты час належала да антушаўскай парафіі. Вернікаў налічвалася 824 чалавек. Адпустовымі ўрачыстасцямі ў парафіі былі: свята Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, Грамніцы, Звеставанне, Сэрца Езуса, Унебаўзяцце, Нараджэнне Панны Марыі, успамін святога Станіслава, біскупа і мучаніка, Пяцідзесятніца, святых Пятра і Паўла.

Касцёл меў прывілеі, дадзеныя біскупам Данісевічам у 1908 г. і біскупам Ключынскім у 1910 годзе.

У касцёле захозваліся рэліквіі св. Філіпа Нэры і св. Вінцэнта, дыякана і мучаніка14.


14 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1504. — Арк. 157.
На сцяне ў касцёле знаходзілася табліца ў раме з надпісам: «Юлія са Случаноўскіх Перасвет-Солтан, жонка маршалка Рагачоўскага павета, нарадзілася 27 лістапада 1798 г., пам. 19 снежня 1823 г.». Унутры касцёла каля сцяны стаяў помнік з надпісам: «Марыя з Манкевічаў Перасвет-Солтан, нарадзілася 1 верасня 1833 г., пам. 1 студзеня 1857 г.».

Касцёл быў у даўжыню 7,5 сажняў, у шырыню 4,5 сажняў і ў вышыню 4 сажні, на даху знаходзіліся драўляныя крыжы. Хоры былі драўляныя, на 4-х слупах, меўся арган на 4 рэгістры.

Агароджа вакол касцёла была драўляная, абшытая шалёўкай і накрытая гонтай, драўляная званіца касцёла мела 3 невялікія званы.

У касцёле былі 3 алтары. Галоўны быў сталярнай работы, з абразом Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, напісаным на палатне і адзетым у рызы з белай бляхі, месцамі пазалочанай, у драўлянай пазалочанай раме. Цыборыум — сталярнай работы з чатырма невялікімі калонамі, у некаторых месцах пазалочаны, рэлікварый — медны, пасярэбраны.

Правы бочны алтар Хрыста Збаўцы меў абраз Укрыжаванага Езуса Хрыста ў поўны рост, на палатне, у драўлянай пазалочанай раме. Уверсе быў абраз Арханёла Міхала, на палатне, у драўлянай раме. Алтар быў драўляны, антэміс — з мармуровага каменя з пячаткай Мітрапаліта Дмахоўскага, маленькі рэлікварый — з мельхіёру.

Трэці алтар св. Антонія, вызнаўцы, з левага боку, меў адпаведны абраз на палатне, у драўлянай пазалочанай раме і з пазалочанай рызай. Наверсе быў невялікі абраз св. Мікалая, на палатне, у драўлянай раме. Невялікі пераносны алтар быў з абразом Маці Божай, у рызах з белай бляхі, а з другога боку знаходзіўся абраз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі, напісаны на палатне.

Партатывы15 алтароў Хрыста Збаўцы і св. Антонія аказаліся не па прызначэнні і неадпаведнымі статуту, і таму па загадзе біскупа суфрагана Сімана былі перададзеныя (рапарт ад 13 жніўня 1894 г. за № 61) дэкану для размяшчэння па прыналежнасці.
15 Партатыў — малы пераносны алтар, выкананы з металу ці слановай косці, вядомы з VII ст.
Пры касцёле меліся наступныя гаспадарчыя пабудовы: касцёльны дом, свіран, стайня, павець, склад для сена, хлявы для жывёлы, гумно, лазня. Вакол касцёльнага дома была агароджа.

У касцёльным архіве захоўваліся: метрычныя кнігі аб хростах, шлюбах, аб памерлых, кнігі перадшлюбных экзаменаў, за 1844–1872 гг., копія геаметрычнага спецыяльнага плана зямлі, якая належала люшаўскаму касцёлу (зробленая 20 мая 1861 г. рагачоўскім павятовым землямерам М. Шыманскім). З дакументаў, перададзеных Юліушам Міхайлавічам Солтанам, уласнікам эканоміі Люшаў, былі наступныя:

№ 1 — запісы Брыгіды Здановіч (500 руб.)

№ 2 — запісы Роберта Солтана (150 руб.)

№ 3 — запісы Мацвея і Роберта Солтанаў для спагнання (2 350 руб.)

№ 4 — запісы Халецкага (100 руб.)

№ 5 — запісы Брыгіды Здановіч (500 руб.)

№ 6 — запісы Мікалая Солтана (22 руб.)

№ 7 — запісы Леана Солтана (100 руб.)

№ 8 — запісы Францыскі з Прушаноўскіх Солтан (50 руб.)

№ 9 — запісы Антонія і Марцыаны Солтанаў на касцёл (50 руб.)

№ 10 — копія пастановы 20-га дэпартамента галоўнага Магілёўскага суда па справе з Парчэўскім аб прыналежнасці люшаўскаму касцёлу 220 руб.

З дакументаў, атрыманых ад дэкана — дзяржаўны пяціпрацэнтны білет у 150 руб. серабром за № 53260 з 1860 г., без купонаў16.
16 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 26. — Спр. 1482. — Арк. 18–23.
Да 21 красавіка 1914 г. філіялістам быў кс. Казімір Даўгяла, якога звольнілі з пасады па яго просьбе. Пасля філіялістам быў прызначаны вікарый гомельскага касцёла кс. Павел Бірнік. У 1914–1917 гг. філіялістам працаваў кс. Пётр Грыб.

У 1917 г. у люшаўскай парафіі (філіі) налічвалася 925 вернікаў. З 1917 г. да ліпеня 1921 г. філіялістам люшаўскага касцёла быў кс. Мечыслаў Сабачынскі, якога пасля прызначылі ў Віцебск вікарыем касцёла св. Антонія. На пасаду філіяліста люшаўскага касцёла быў прызначаны былы выконваючы абавязкі пробашча златавустаўскага касцёла кс. Баляслаў Валынец, які быў адначасова капеланам жлобінскага касцёла, а пазней яшчэ і адміністратарам чачэрскай парафіі. У другой палове 1920-х гадоў кс. Валынец, верагодна, у асноўным пражываў у Чачэрску. Паводле ўспамінаў кс. Адама Станкевіча, кс. Гронскі, кс. Грыб і кс. Валынец былі звязаныя з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам.

20 кастрычніка 1929 г. пасля набажэнства ў люшаўскім касцёле кс. Баляслаў Валынец публічна адмовіўся ад святарства. У газеце «Рабочий» за 24 кастрычніка 1929 г. пра гэта было напісана наступнае:

«Ксёндз Валынец — пробашч люшаўскага касцёла (Буда-Кашалёўскага раёна на Гомельшчыне) адрокся ад свайго сана. Пасля чарговага набажэнства ў касцёле ён звярнуўся да парафіянаў з прамовай: „Сёння я ў апошні раз выконваю свае святарскія абавязкі. На гэтым алтары я прынёс у ахвяру сваю маладосць. На працягу некалькіх гадоў я перажыў некалькі крывавых войнаў і бачыў іх жахлівыя наступствы. Я бачыў людское гора, людскую кроў, я бачыў таксама, што Бог ніводным цудам не даказаў свайго існавання. Рэлігія, абяцаючы шчаслівае замагільнае жыццё, патрабуе ахвяраў і пакутаў.

Пасля доўгага і пакутлівага роздуму я зразумеў, што ніякая рэлігія не прынесла чалавецтву справядлівасці, яна служыць пераважна інтарэсам багатых і прывілеяваных людзей. Я прыйшоў да пераканання, што рэлігія прыдуманая для заспакаення эгаістычных інтарэсаў і ні ў якім разе не для ўсяго абяздоленага насельніцтва. Рэлігія — ярмо для тых, хто верыць у яе. Кіруючыся ўсім гэтым, я добраахвотна пакідаю свой сан і складваю з сябе абавязкі святара. Вось ключы ад касцёла — рабіце, што хочаце, мне з вамі не па дарозе“»17.
17 Паведамленне пра адмову ад рэлігіі ксяндза Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай акругі Валынца // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. — Мінск, 2001. — Кн. 1. — С. 168–169.
А ў газеце «Беларуская вёска» за 23 снежня 1929 г. пра сітуацыю з каталіцтвам на Буда-Кашалёўшчыне і адрачэнне кс. Валынца было напісана наступнае:

«З карэспандэнцыі аб разрыве з касцёлам калгаснікаў калгаса імя Дзяржынскага Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай акругі.

У апошнія часы Каталіцкая Царква, самая моцная ва ўсім свеце, траціць пад нагамі грунт. Вясковая бедната і калгаснікі парываюць з ёю сувязь. Напрыклад, у Буда-Кашалёўскім раёне калгаснікі ўступілі ў сацыялістычнае спаборніцтва па знішчэнні са свайго быту абразоў. Ксёндз касцёла, бліжэйшага да калгаса імя Дзяржынскага, зрабіўся „беспрацоўным“ і адрокся ад сану. Касцёл пустуе. Калгаснікі ўзнялі пытанне аб перадачы касцёла пад бальніцу. Чутны галасы, каб касцёльныя званы перадаць у распараджэнне Асінбуда18 на патрэбы індустрыялізацыі… Замест абразоў калгаснікі ўпрыгожваюць свае памяшканні партрэтамі правадыроў рэвалюцыі, карцінамі савецкага і антырэлігійнага зместу»19.
18 Асінбуд — арганізацыя па будаўніцтве электрастанцыі на торфе, у Асінаўцы каля Оршы.

19 З карэспандэнцыі аб разрыве з касцёлам калгаснікаў калгаса імя Дзяржынскага Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай акругі // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Буда-Кашалёўскага раёна. — Мінск, 2001. — Кн. 1. — С. 168.
У сярэдзіне 1920-х гадоў на тэрыторыі люшаўскай парафіі быў створаны польскі нацыянальны сельсавет з цэнтрам у Любавіне і арганізаваны калгас імя Дзяржынскага. У склад польскага нацыянальнага сельсавета ўваходзілі населеныя пункты Любавін, Новы Любавін, Бычкі, Асінаўка, Шутнае і Дзеднае20.
20 ДАГАГВ. Ф. 735. — Воп. 1. — Спр. 155. — Арк. 1–3.
Сітуацыю на тэрыторыі люшаўскай парафіі ў паслярэвалюцыйныя часы апісваў Браніслаў Юхневіч ( у 1937 г. — сакратар Любавінскага сельсавета) у сваім лісце-даносе ў Буда-Кашалёўскі райвыканкам (арфаграфія захаваная):

«З 1919 года я, Юхневіч Браніслаў Сямёнаў, жыву ў Буда-Кашалёўскім раёне, з 1924 — у Любавінскім сельсавеце, дзе ў той час насельніцтва ў пераважнасці было польскае. На тэрыторыі маёнтка абшара Солтанаў, у двух км ад Любавіна знаходзіўся касцёл (зараз на тэрыторыі Буда-Люшаўскага сельсавета), у якім да 1929 г. быў ксёндз. У тым жа годзе ксёндз Валынец публічна адрокся ад сана, касцёл быў закрыты. Насельніцтва Любавінскага сельсавета па пераважнасці заможнае (кулацкае). Былі гаспадаркі, якія мелі, па расказах старажылаў, прыгонных сялянаў, як напрыклад, Крукоўскі Іосіф, які меў прыгоннага селяніна. Калі той ад яго ўцёк, то ён аддаў яго ў салдаты на 25 гадоў. У сучасны момант сын гэтага Крукоўскага, Антон Іосіфавіч, знаходзіцца ў калгасе „Орка“21, членам калгаса. [Месца,] дзе зараз знаходзіцца калгас „Орка“, гэтая зямля належала абшарніку Кузняцову. У 1924 г. там адбіты пасёлак Новы Любавін, а таксама былы хутар Ляды, дзе да 1929 г. мелася паравая мельніца Цукінскага К., які да рэвалюцыі быў арандатарам хутара, і мельніцы абшарніка Кузняцова. Пасля рэвалюцыі хутар і млын адышлі ў карыстанне Цукінскага К. У 1924 г. Цукінскі быў высланы як кулак. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі насельніцтва Любавінскага сельсавета не мела магчымасці адкрыта вучыцца па-польску, школы не было. Вучылі чытаць на польскай мове скрытна па дамах. Па расказах старажылаў, калі даведваўся аб існаванні такой школы ўраднік, то прыязджаў, адбіраў кнігі, школу разганяў. З часу рэвалюцыі была арганізаваная польская школа, дзе настаўнікам быў Міхайлоўскі Вацэк, які пасля з’ехаў у Польшчу. Пасля Міхайлоўскага настаўнікам быў нейкі прафесар Парноўскі, які жыў у ксяндза Сабачынскага Мечыслава, у 1922 г. таксама выехаў у Польшчу. Настаўніцай заступіла Сталыпка Яніна (Ястражэмская), бежанка з Польшчы, якая ўчыцельствавала ў Любавінскай школе да 1929 г., яе муж Сталыпка Міхаіл высланы за межы БССР як контррэвалюцыянер…


21 Ад польск. «оrka» — ворыва, аранне.
Да 1926 г. у Любавіне быў сельсавет беларускі, пры перавыбарах у 1926 г. па ініцыятыве Крукоўскага Івана Іосіфавіча, Сенажэцкага Вікенція Стэфанавіча, Залескага Аляксандра і Антона Міхайлавіча, Сталыпка Ігната Міхайлавіча арганізаваны польскі нацыянальны Савет. Першы састаў склалі: старшыня — Сталыпка І. М., сакратар — Міхайлоўскі Іван Антонавіч, члены — Вярбоўскі Пётр, Залескі Антон, Сенажэцкі Аляксандр, Ніцыеўскі Дзмітрый, Успенскі Свірыд, з ліку якіх у даны момант высланы Сенажэцкі, Ніцыеўскі, Залескі. Сам старшыня сельсавета Сталыпка Ігнат, у чэрвені 1928 г. зняты з работы за тое, што праводзіў кулацкую лінію, і засуджаны на 6 месяцаў прымусовай працы. Справаводства Любавінскага сельсавета, калі арганізоўваўся нацсавет, вялося на беларускай мове, за выключэннем пратаколаў пленумаў і прэзідыума сельсавета, запісаў актаў грамадзянскага стану, таму што ў райвыканкаме не могуць чытаць па-польску, і патрэбна перапіску весці на беларускай мове. Насельніцтва вельмі мала ўжывала польскую мову, за выключэннем некалькіх гаспадарак.

Сучасная польская сямёрка ў Любавіне ўкамплектаваная наступным чынам: Рудзінская Вера Іванаўна — дырэктар школы калгаснай моладзі, скончыла Мінскі тэхнікум, добра валодае польскай мовай; Чэрнушэвіч Вацлаў, Рудзінскі Вэнэк, скончылі Ленінградскі польпедтэхнікум, добра валодаюць польскай мовай; Чарнышэвіч П., Сталыпка Косця — мясцовыя настаўнікі, скончылі 6-месячныя курсы пры педтэхнікуме; Навіцкая Геня, таксама з курсаў, слаба падрыхтаваная да педпрацэсу. Апрача таго, Сталыпка К., Чарнушэвіч П. маюць высланых родзічаў»22.


22 ДАГАГВ. Ф. 253. — Воп. 2а. — Спр. 448. — Арк. 20–21.
Лёс самога Браніслава Юхневіча тыповы для таго часу: у 1937 г. ён быў арыштаваны і на пачатку 1938 г. расстраляны ў Мінску.

20 сакавіка 1934 г. адбыўся сход грамадзянаў Любавінскага сельсавета. Прысутнічала 35 чалавек калгаснага актыву «з групы аднесеных сельсаветам да катэгорыі палякаў», якія, тым не менш, карысталіся ў побыце беларускай мовай. Прэзідыум сходу склалі: Будзько, старшыня райвыканкама, Алесь Ясінскі, Паўліна Ясінская. Тэма парадку дня была наступная: «Ленінская нацпалітыка і яе правядзенне ў Любавінскім сельсавеце». З дакладам выступіў Будзько, які казаў, што партыя і савецкая ўлада ўсяляк заахвочваюць нацменшасці, якія былі прыгнечаныя царскім урадам. Па тэме даклада выказалася 10 чалавек, у тым ліку М. Вадзевіч, І. Казлоўскі, Г. Ясінская. Пастанова сходу выглядала так:

«Агульны сход калгасаў імя Дзяржынскага і „Орка“ аднагалосна адзначае, што абсалютная большасць насельніцтва Любавінскага сельсавета з’яўляецца беларусамі, і што ў дамашнім быце і польскае насельніцтва ўжывае беларускую мову, і што ўся работа сельсавета праводзілася і праводзіцца на беларускай мове, і што арганізацыя польскай нацыянальнай школы, як і сельсавета, па сутнасці, была навязана меншасцю большасці заможнай часткай насельніцтва, якія, у асобным, усе высланы як кулакі з БССР, таму агульны сход просіць РВК (райвыканкам. — У. В.) разглядзець гэта пытанне і рэарганізаваць наш Любавінскі сельсавет у беларускі, таму што насельніцтва з’яўляецца беларусамі, таксама просім рэарганізаваць польскую сямігодку ў беларускую школу, каб сапраўды вучыць нашых дзяцей на роднай беларускай мове»23.
23 Тамсама. Арк. 24–25.
На 1934 г. у Любавінскім сельсавеце было 40 «польскіх» гаспадарак у калгасе імя Дзяржынскага, 15 гаспадарак — у калгасе «Орка», 2 гаспадаркі — у калгасе «Шлях Леніна». На тэрыторыі сельсавета было яшчэ 25 «польскіх» аднаасобных гаспадарак. Такім чынам, усяго ў сельсавеце налічвалася на той час 82 «польскія» гаспадаркі. Астатнія гаспадаркі сельсавета належалі католікам беларусам і праваслаўным беларусам, якія прыехалі на Буда-Кашалёўшчыну з іншых мясцінаў. Праца сельсавета вялася на беларускай мове. Сярод вучняў польскай сямігодкі быў вялікі працэнт беларусаў, якія не ведалі польскай мовы.

Начальнік райаддзела УДБ НКУС Дулебаў так пісаў 19 жніўня 1934 г. пра становішча ў Любавінскім сельсавеце: «У працэсе працы, г.зн. правядзення сходаў сярод насельніцтва, [з] палякаў, па нашых дадзеных, выступаць на сходзе ніхто не збіраецца, бо баяцца рэпрэсій, і палякі ўтойваюць сваю нацыянальнасць, усе жывуць пад маркай беларускай нацыянальнасці, але не выключаецца магчымасць правядзення работы нелегальным чынам з боку вернікаў-адзінак. Ясінская Антаніна, Ляўковіч Стэфанія, Крукоўскі Іосіф, Ясінскі Павел, былы старшыня сельпа, Чарнушэвіч Баніфацый — дадзеныя асобы могуць і нелегальна камандзіраваць з дадзеным пытаннем у Рагачоў для нарады з ксяндзом і распаўсюджання чутак аб ліквідацыі польскай нацыянальнасці. Указаных асобаў, просьба, на сходзе не чапаць, а праз актыў высветліць іх настрой»24.


24 Тамсама. Арк. 11.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка