Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка12/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

Раздзел IV. ХAЛЬЧАНСКАЯ ЕЗУІЦКАЯ МІСІЯ. РAДУЖСКАЯ ПАРАФІЯ. ФІЛІЯ РУДНЯ-ШЛЯГІНА
Каталіцкае насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі Веткаўшчыны ў XVII–XVIII стст., належала да гомельскай парафіі, а з 30-х гадоў XVIII ст. да 1820 г. — яшчэ і да Хальчанскай езуіцкай місіі. Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі ў 1820 г. была створана радужская парафія, якая ахапіла ўсю тэрыторыю сучаснага Веткаўскага раёна.

Пасля ліквідацыі радужскай парафіі ў 1866 г. яе меншая частка ўвайшла ў гомельскую парафію, а большая, з капліцамі ў Рудні-Шлягіне, Ухове і Акшынцы — у чачэрскую. У канцы XIX ст. тэрыторыя былой радужскай парафіі знаходзілася ў складзе гомельскай парафіі. У пачатку XX ст. была створана рудня-шлягінская філія.



1. Хальчанская езуіцкая місія
1.1. Маёнтак Хальч
Маёнтак (двор) Хальч упершыню згадваецца ў Метрыцы ВКЛ паміж 1440 і 1443 гадамі, калі віленскі ваявода Даўгірд падараваў яго праваслаўнаму баярыну Герману Радзівонавічу. Хальч на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся ў руках нашчадкаў Германа Радзівонавіча, ад якога пайшоў вядомы ў гісторыі Беларусі род паноў Халецкіх1. Паводле іншай версіі, маёнтак Хальч быў атрыманы ў 1437 г. Паўлам Мішкавічам ад вялікага князя Свідрыгайлы замест горада Сноўска2.
1 Насевіч, В. Л. На раздарожжы // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 1. — С. 41–43.

2 Вяроўкін, У. Халецкія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 2003. — Т. 6. Кн. 2. — С. 57.
Наступны ўладальнік Хальча — Міхаіл Халецкі, пасол ВКЛ у Залатую Арду ў 1484–1501 гг., быў унукам Паўла Мішкавіча і сынам Яўстахія Халецкага. Магчыма, што існавалі два роды Халецкіх. Імёны нашчадкаў Міхаіла Халецкага беспамылкова ўстанавіць цяжка, але падобна, што адным з іх быў Дзмітрый Іванавіч Халецкі (жыў у першай палове XVI ст.), якога польскі даследчык С. К. Касакоўскі лічыў сапраўдным родапачынальнікам роду Халецкіх3.
3 Kossakowski, S. K. Monografie historyczno-genealogiczne. 2 wyd. — Warszawa, 1876. — S. 150–151.
У 1503 г. Гомельская воласць, у тым ліку і Хальч, перайшла да Маскоўскай дзяржавы4. Пад уладай Масквы Гомель і воласць заставаліся да 1535 г., калі яны былі вызваленыя ў ходзе Старадубскай вайны (1534–1537). 27 сакавіка 1537 г. у Маскве было падпісана замірэнне на 5 гадоў. Маскоўскае княства адмовілася ад Гомельскай воласці. Ранейшым уладальнікам былі вернуты іх маёнткі. Хальч, па рашэнні вялікага князя Жыгімонта Старога, быў вернуты ўнукам Міхаіла Халецкага Язэпу і Яўстахію.
4 Насевіч, В. Л. На раздарожжы // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 1. — С. 41–43.
У 1685 г. праўнук Язэпа мазырскі староста Караль Казімір Халецкі дазволіў пасяліцца ў Хальчы стараверам з Расіі, якія ратаваліся ад царскіх уладаў. Спачатку ў маёнтак прыбыла група старавераў на чале з іх святаром Кузьмой. Халецкі выдзеліў ім востраў Ветку на рацэ Сож, побач з Хальчам. Дзякуючы яго намаганням стараверы ў першыя гады пасля перасялення былі вызваленыя ад падаткаў і прыроўненыя ў правах да мясцовых вольных мяшчанаў. У канцы XVIІ ст. колькасць старавераў, якія пасяліліся на востраве, значна ўзрасла, і Халецкі выдзеліў ім лясісты левы бераг Сожа насупраць Хальча. Так і ўзнікла мястэчка Ветка — цэнтр раскольнікаў. Хутка насельніцтва Веткі і навакольных слабодаў склала каля 40 тыс. чалавек (для параўнання: насельніцтва Гомеля ў той час не перавышала 1,5 тыс. чалавек).

Пасля Караля Казіміра Халецкага Хальч перайшоў да яго адзінага сына Міхаіла Халецкага (1679–1715), абознага ВКЛ. Сярод суседзяў Міхаіла апынуўся наваградскі ваявода генерал-лейтэнант Мікалай Фаўстын Радзівіл (1688–1746), які вырашыў сілай захапіць маёнтак Хальч. У тыя часы такія шляхецкія войны, ці, як сказалі б цяпер, рэйдэрскія захопы, былі звычайнай справай (не ў апошнюю чаргу менавіта такія хатнія войны і прывялі Рэч Паспалітую да падзелаў). Радзівіл сабраў вялікі атрад, які складаўся ў асноўным з узброеных прыгонных сялянаў. Халецкі супрацьпаставіў Радзівілу свой атрад, які складаўся са старавераў. У рашаючай бітве халецкае войска старавераў перамагло радзівілаўскае сялянскае войска.

Дзе канкрэтна адбылася гэтая бітва, невядома, але гістарычны дакумент паведамляў пра гэта так: «Стараверы заступіліся за свайго пана, учынілі страшэнную бойку і скончылі яе жахлівым праліццём крыві»5. Перамога Халецкага над Радзівілам стала вядомай амаль ва ўсёй краіне.
5 Самусик, А. Хальч: Защитник староверов // Отдых [Электронны рэсурс] — http://www.otdyh.
Міхаіл Халецкі памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, і Хальч, хутчэй за ўсё, перайшоў да Антонія і Казіміра Халецкіх — сыноў яго дзядзькі Баляслава Аляксандра.

У сярэдзіне XVIII ст. Ганна Кунегунда Халецкая, дачка Казіміра Халецкага, рэчыцкага старосты, выйшла замуж за маршалка Трыбунала ВКЛ, генерал-лейтэнанта Альбрыхта Радзівіла, які быў сынам Мікалая Фаўстына Радзівіла. Ганна прынесла ў пасаг маёнткі Анопаль і Хальч. Цікава, што бацька Ганны, Казімір Халецкі, нават саступіў пасаду рэчыцкага старосты свайму зяцю Альбрыхту (1717–1790). Так Хальч перайшоў да Радзівілаў.

Між тым у суседняй Ветцы не ўсё было добра. Расійскія ўлады не хацелі мірыцца з наяўнасцю моцнага стараверскага цэнтра каля самай мяжы. У XVIII ст. двойчы, у 1735 і 1764 гадах, рускія войскі пераходзілі мяжу і разбуралі стараверскія пасяленні, а людзей выводзілі ў Сібір. Ветка і навакольныя слабоды зноў і зноў адраджаліся, але паступова квітнеючыя пасяленні занепадалі і станавіліся ўкрыццём для самага рознага кшталту ўцекачоў з Расіі, часта злачынцаў. У 1772 г. у Ветцы больш за 3 месяцы пражыў Емяльян Пугачоў. Магчыма, менавіта тут у яго нарадзілася думка выдаць сябе за цара Пятра ІІІ — менавіта з Веткі Пугачоў накіраваўся ў паход, які аказаўся для яго апошнім.

У канцы XVIII ст. Халецкія (Ігнацы Халецкі ці Ян Халецкі) прадалі мястэчка Ветку Міхаілу Станевічу. У пачатку ХІХ ст. Веткай валодала Ю. Радзівіл (у другім шлюбе Любамірская) — дачка Мікалая Радзівіла (пляменніка Альбрыхта Радзівіла) і Францішкі Бутлер.

Хальч у канцы XVIII ст. перайшоў у валоданне сына Казіміра Халецкага — Яна, маршалка мясцовай шляхты. Менавіта ён пабудаваў у пачатку ХІХ ст. на ўскрайку Хальча на высокім мысе, што ўзнімаецца над Сожам на 10 метраў, палац у стылі класіцызму, які захаваўся да нашага часу.

Гэты будынак з’яўляўся цэнтрам вялікага сядзібнага ансамбля. Уласна палац мае кампактны прамавугольны ў плане аб’ём, пакрыты вальмавым гонтавым дахам6. Першы паверх будынка мураваны, апрацаваны ў выглядзе руста7, другі паверх — з дрэва і атынкаваны. Цэнтральная частка палаца вылучаная на галоўным фасадзе шасцікалонным іанічным порцікам, узнятым з дапамогаю масіўных пілонаў на ўзровень другога паверха, а на паркавым фасадзе — паўкруглай тэрасай з каланадай на першым паверсе. Сіметрыю кампазіцыі крыху парушае аднапавярховая прыбудова з дадатковым уваходам, размешчаная з усходняга боку. Пад будынкам палаца знаходзяцца вялікія скляпеністыя падвалы8. Спачатку палац быў белага колеру, пазней яго перафарбавалі ў чырвоны.


6 Вальмавы дах — чатырохсхільны дах з трохкутнымі схіламі (вальмамі) у тарцах будынка ад канцоў вільчыка да карніза.

7 Руст — спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу.

8 Архітэктура Беларусі. — Мінск, 1993. — С. 476.
Перад палацам знаходзіўся вялікі адкрыты парадны двор-курданёр, утвораны двума сіметрычна размешчанымі драўлянымі аднапавярховымі флігелямі з порцікамі на тарцах (флігелі не захаваліся). Да параднага двара вяла шырокая ліпавая алея, якая пачыналася яшчэ ад уезда ў маёнтак.

За палацам, на адхоне сожскага берага, былі зробленыя 6 тэрасаў з клумбамі і дэкаратыўным хмызняком, умацаваныя бэзам. Зверху ўніз, да купальні і прыстані, праз усе тэрасы вялі каменныя прыступкі. Ад адной з тэрасаў вузкі праход вёў у штучную, абкладзеную валунамі пячору, якая асвятлялася паходнямі.

Навокал палацавага комплексу быў разбіты пейзажны парк, які займаў плошчу каля 15 га. Ён цягнуўся амаль на два кіламетры па высокім беразе Сожа. У глыбіні паркуа былі схаваныя шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Непадалёк ад палаца знаходзіўся сад9.
9 Палац быў рэстаўраваны ў 1970-я гады. З’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння. У будынку размяшчаецца філіял Гомельскага абласнога краязнаўчага музея.
Па некаторых даных, у 1812 г. Халецкі з радасцю сустрэў навіну аб вайне. Ён сфармаваў сялянскае апалчэнне, якое нападала на групы адступаючай рускай арміі. Але неўзабаве руская армія пагнала французаў назад, і Халецкія, хутчэй за ўсё, вымушаныя былі пакінуць радзіму. Маёнтак быў канфіскаваны і прададзены іншаму прадстаўніку мясцовай шляхты — Отту Войнічу-Сенажэцкаму.
іл. 78. Палац Войнічаў-Сенажэнцкіх у вёсцы Турск. Малюнак Н. Орды. 1877 г.
Род Войнічаў-Сенажэцкіх меў беларускія карані і спачатку яго прадстаўнікі называліся толькі Войнічамі. Паводле адной з версій, Сенажэцкімі яны сталі называцца з-за таго, што ў іх маёнтках Старая Рудня і Турск было шмат лугоў (сенажацяў). Паводле іншай версіі, больш праўдападобнай, родавае прозвішча пайшло ад назвы каралеўскага маёнтка Сенажэнцы, які быў дадзены каралём Янам Казімірам аднаму з Войнічаў. Дакумент аб гэтым быццам бы захоўваўся ў архіве Войнічаў-Сенажэцкіх у Хальчы.

У ХІХ ст. Войнічы-Сенажэцкія сталі даволі заможным родам і мелі ўладанні не толькі ва ўсходняй Беларусі, але і ў Чарнігаўскай губерні. Так, аднаму з Войнічаў-Сенажэцкіх належаў бровар у сяле Валакіціны Кусцічы каля Старадуба10.


10 Чеплянская, Е. А. Стародубский уезд: Села и их жители // Стародуб [Электронны рэсурс] — http://www.debryansk.ru.
іл. 79. Хальч. Малюнак Н. Орды. 1877 г.
У 1877 г. у маёнтку Аляксандра (сына Отты) і Тэрэзы Войнічаў-Сенажэцкіх гасцяваў славуты беларускі мастак Напалеон Орда, які зрабіў малюнак з выявамі палаца і парку. Апошнім гаспадаром маёнтка Хальч быў сын Аляксандра Войніча-Сенажэцкага Зыгмунт. Ён вёў арыстакратычны стыль жыцця, любіў балі і паляванні, весткі пра якія разляталіся па ўсёй усходняй Беларусі. Яшчэ і сёння мясцовыя жыхары могуць расказаць пра жаніцьбу Зыгмунта з дачкою аднаго з мясцовых памешчыкаў, якая на наступны дзень пасля шыкоўнага вяселля ўся ў слязах уцякла назад у бацькоўскі дом. Але Зыгмунта гэта не збянтэжыла, і ён адправіўся ў чарговую вандроўку, на гэты раз у ЗША. У Амерыцы ён купіў аўтамабіль, з якім і вярнуўся дамоў. Аўтамабіль, відаць, быў адзіным на той час ва ўсім наваколлі (пра гэта ў 2006 г. аўтару расказала вартаўніца Хальчанскага палаца. — У. В.).
іл. 80. Хальчанскі палац.
Пасля 1917 г. Зыгмунт назаўжды пакінуў Хальч і пасяліўся пад Гродна ў маёнтку сястры. У кастрычніку 1939 г. Зыгмунта Войніча-Сенажэцкага разам з сястрой Людвікай Валкавіцкай і шваграм Антоніем органы НКУС арыштавалі і расстралялі ў Малой Бераставіцы11.
11 Самусик, А. Хальч: Защитник староверов // Отдых [Электронны рэсурс] — http://www.otdyh.
У 1920-я гады будынак палаца аддалі пад дзіцячы дом, потым тут знаходзілася праўленне саўгаса. Была ў Хальчы да вайны і выхаваўча-працоўная калонія. Ёсць звесткі, што каля Хальча ў 1930-я гады адбываліся масавыя расстрэлы «ворагаў савецкай улады».

У 1943 г. за Хальч ішлі кровапралітныя баі, але палац не быў знішчаны, згарэлі толькі бакавыя флігелі. Адразу пасля вайны тэрыторыю ўсяго палаца-паркавага комплексу абнеслі агароджаю з калючым дротам і размясцілі ў будынках выхаваўча-працоўную калонію № 1. Тут знаходзіліся арыштаваныя маці з дзецьмі.


іл. 81. Так выглядае Хальчанскі палац у нашы дні.

1.2. Гісторыя Хальчанскай езуіцкай місіі


У 1729 г. браты Казімір і Антоні Халецкія прапанавалі езуітам перанесці з Гомеля ў свой маёнтак Хальч езуіцкую місію, заснаваную ў Гомелі ў 1728 годзе. Адзіным місіянерам, які працаваў у Гомелі, быў Ян Дамброўскі. Згадаем, што ў пачатку XVIII ст. на гэтых землях існавала вандроўная езуіцкая місія, у якой працаваў езуіт Язафат Сакалоўскі. Хальчанская місія да 1773 г. належала да Бабруйскай рэзідэнцыі, потым, у 1773–1820 гг., да калегіума ў Магілёве.

З 1730 г. езуіцкая місія фундавалася Казімірам і Антоніем Халецкімі на ануаце, часткова збожжам, часткова грашыма (фундуш у суме 1 250 талераў у пачатку ХІХ ст. быў размешчаны ў Веткаўскім маёнтку княгіні Любамірскай). У пачатку ХІХ ст. місія штогод атрымлівала па 30 чвэрцяў жыта, аўса і ячменю, 20 вазоў сена, 160,5 руб. серабром і 10 руб. асігнацыямі. Апроч ануаты, місія мела капітал у суме 200 чырвоных злотых. Гэтая сума, верагодна, была дадзена старадубскім старостам Янам Жабам з умоваю, каб ксёндз з Хальча выязджаў штомесяц за Сож у Рудню-Шлягіна для правядзення набажэнстваў і навучання хрысціянскай навуцы сялянаў католікаў. Грошы былі размешчаны ў некага Жукоўскага ў Левічах «з пятым працэнтам» (верагодна, пяць працэнтаў гадавых). У 1818 г. місіяй было атрымана пэўнага даходу ў суме 750 руб., няпэўнага — 782 руб. 30 капеек. У тым жа годзе выдаткавана на ўтрыманне сакрыстыі і рамонт касцёла 27 руб. 70 кап., на віно, воск, алей і лямпы 218 руб. 80 кап., на пяцёра касцёльных слугаў 70 руб., на чатырох манахаў і чэлядзь 774 руб. 55 кап., на апальванне, рамонт дома і на начынне — 93 рублёў. Агулам выдаткавана 1 184 руб. 5 капеек.

Драўляны, часткова на падмурку, а часткова на штандарах касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай, які знаходзіўся ў Радузе, побач з Хальчам, быў фундаваны Халецкімі і асвячоны ў 1768 годзе. Пры ім звычайна працавалі два місіянеры. Пасада для трэцяга місіянера, які працаваў пры касцёле ў Турчыне, была ўведзена ў 1738 г. Янам Жабам.

Касцёл добра ўтрымліваўся. Ён быў абгароджаны штыкетнікам, дах накрыты гонтаю. Касцёл меў дзве невялікія вежы, накрытыя бляхай. На адной вежы знаходзіўся звон-сігнатурка, на другой — гадзіннік, які ў 1817 г. ужо не працаваў. Справа ад касцёла стаяла пакрытая гонтаю званіца з трыма званамі. Вакол касцёла знаходзіўся вялікі цвінтар. Касцёл быў непарафіяльны, святары-езуіты дапамагалі ў парафіяльным жыцці гомельскаму плябану. Метрычныя запісы адсылаліся ў Гомель.

Будынак рэзідэнцыі быў драўляным, часткова на падмурку. Дах меў пакрыццё з гонты. У доме было дзевяць пакояў. Справа ад рэзідэнцыі стаялі свіран і лядоўня, насупраць — стайня, вазоўня, бровар, стадола, злева — кухня і пякарня. За рэзідэнцыяй знаходзіўся вялікі агарод і сад, яны былі абгароджаныя12.
12 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 216. — Арк. 28–30 адв.
Суперыёрамі (кіраўнікамі) місіі былі: а. Антоні Дэрнатовіч (1729–1732), а. Казімір Багуцкі (1732–1733), а. Павел Мурыновіч (1733–1735), а. Адам Рушчыцкі (1735–1741), а. Казімір Тарлецкі (1741–1751), а. Якуб Галамбеўскі (1751–1752), а. Якуб Мярвінскі (1752–1753), а. Мікалай Леановіч (1756–1771), а. Марцін Струсінскі (1771–1772) і а. Фелікс Трацяк (1772–1773).

Пасля скасавання ордэна ў 1773 г. у місіі звычайна працавалі два, тры або чатыры місіянеры, сярод якіх былі: а. Мікалай Леановіч (суперыёр у 1783–1799 гг.), а. Тамаш Альшэўскі (1784–1801 гг, з перапынкамі), а. Ян Вайшвіла (1797–1803), а. Францішак Бароўскі (суперыёр у 1803–1806 гг.), а. Ян Хамінскі (1810–1816), а. Караль Жулкеўскі (1811–1820) і а. Ян Марцінкевіч (суперыёр у 1813–1817 гг).

У 1818 г. у Хальчанскай місіі працавалі: а. Стэфан Рэут (суперыёр), а. Караль Жулкеўскі (душпастыр), а. Пётр Боні (душпастыр), а. Ян Выжыкоўскі (наглядчык чэлядзі).

Вядомыя імёны езуітаў, якія памерлі ў Хальчы: місіянер а. Казьма Даміан Амброк (19 красавіка 1748 г.), місіянер а. Ежы Глэмбоцкі (28 чэрвеня 1754 г.), душпастыр а. Івон Война (12 мая 1797 г.), суперыёр а. Вінцэнт Шышка (21 мая 1800 г.), місіянер а. Ян Хамінскі (4 жніўня 1816 г.).

Вынікі душпастырскай працы ў Хальчанскай місіі: споведзяў у 1796 г. — 416, у 1810 г. — 1283; хростаў у 1796 г. — пяць, у 1810 г. — два; казанняў і рэлігійных заняткаў у 1796 г. — 96, у 1810 г. — 195 заняткаў13.
13 Насевіч, В. Л. На раздарожжы // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 1. — С. 41–43; Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. 1564–1995 / Oprac. L. Grzebien SJ. — Kraków, 1996. // [Электронны рэсурс] — http://www.jezuici.krakow.pl.
Нядоўгі час існавала езуіцкая місія ў Шарсціне (Веткаўскі раён), якая была звязаная з місіяй у Хальчы. Шарсцін упершыню згадваецца ў дакументах Метрыкі ВКЛ паміж 1440 і 1443 гадамі, калі віленскі ваявода Даўгірд перадаў маёнтак (двор) Шарсцін ва ўласнасць пану, католіку Міхаілу Монтаўту, выключыўшы яго са складу Гомельскай воласці. У другой палове XVIII ст. Шарсцін належаў Дзерналовічам. Місіянерам Шарсцінскай місіі быў Канстанцін Хлявінскі (1763–1764)14.
14 Тамсама.

2. Радужская парафія
Вёска Радуга — цэнтр Радужскага сельсавета Веткаўскага раёна. Да канца ХІХ ст. Радугай валодалі Халецкія. У канцы ХІХ ст. Радуга (Радог) — фальварак і сяло над Сожам у Веткаўскай воласці Гомельскага павета. У гэты час 414 дзес. зямлі ў Радузе валодалі дваране Харашуновы. У вёсцы была царква (былы мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі). У 1887 г. налічвалася 139 дымоў, 247 жыхароў, з якіх двое займаліся кавальствам, а 50 адыходзілі на заробкі15.
15 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. — T. 9. — S. 250; Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1902. — T. 15, cz. 2. — S. 535.
Апошнім суперыёрам Радужскай (Хальчанскай) езуіцкай місіі быў а. Караль Марцін Жулкеўскі, а душпастырам — а. Мікалай Брыкман. 13 сакавіка 1820 г. быў абвешчаны ўказ імператара Аляксандра І, згодна з якім езуіты мусілі пакінуць Расію. Паводле ўказа, паліцыя акружала кляштары і зачытвала яго езуітам. Маёмасць апячатвалася, езуітам пакідалі толькі іх уласныя рэчы. Суперыёру выдавалася 50 чырвонцаў, а звычайнаму манаху — 25. Праз нейкі час на паштовых экіпажах іх адпраўлялі да мяжы, у Радзівілаў, а адтуль — у Аўстрыйскую імперыю.

З 4 красавіка 1820 г. місія з кляштарам стала парафіяльным касцёлам у складзе Беліцкага дэканата. Пробашчам у Радугу быў прызначаны кіеўскі канонік Адам Пашавіцкі. Для ўтрымання касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі яму было прызначана 45 руб. асігнацыямі і на 20 руб. збожжа. Аднак на ўтрыманне касцёла гэтага не хапала, і кс. Пашавіцкі скардзіўся ў Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную кансісторыю на нястачу сродкаў. Ён пісаў, што на атрыманыя грошы ўтрымліваў чатырох езуітаў да іх ад’езду, а таксама чатырох служак з мясцовых людзей, і каб надалей утрымліваць сябе і чатырох служак, ён вымушаны быў забяспечваць выдаткі сваім уласным коштам у надзеі на хуткую кампенсацыю з боку ўладаў і штогадовы фундуш з Веткаўскай эканоміі княгіні Любамірскай. Кс. Пашавіцкі пісаў, што далей ён не ў стане ўтрымліваць касцёл і служак, а таксама не можа купіць дроваў на ацяпленне, корму для быдла, коней і хатняй птушкі, што засталіся пасля езуітаў.

Кансісторыя ў адказ загадала беліцкаму дэкану, каноніку і асэсару Пацэвічу, каб ён сам адказаў кс. Пашавіцкаму, што той мусіць пісьмова патрабаваць ад Веткаўскай эканоміі належнага касцёлу фундушу.

Да 1827 г. пробашч Пашавіцкі адначасова з’яўляўся беліцкім віцэ-дэканам.

У 1830-я гады куратам радужскага касцёла быў кс. Ян Чаховіч. У гэты час да радужскай парафіі былі прыпісаныя чатыры капліцы: драўляныя — у Рудні-Шлягіне, Ухове і Нямковічах і мураваная ў Рудні (магчыма, маецца на ўвазе Рудня-Дудзіцкая, за 39 вёрстаў ад касцёла). Да парафіі належала сем фальваркаў і пяць вёсак16.
16 РГИА. Ф. 821. — Оп. 12. — Д. 2797. — Л. 3.
У 1840–1850-я гады пробашчам у Радузе быў ксёндз Ігнацы Браніслававіч Ставярэй, вікарыем да 1850 г. быў ксёндз Кавецкі, з 1850 г. — ксёндз Апалінар Казлоўскі.

Радужская парафія ў сярэдзіне ХІХ ст. мела статус чацвёртага класу, у ёй налічвалася 1 366 вернікаў17. У парафіі былі чатыры драўляныя капліцы: у Рудні-Шлягіне з адным алтаром; у аколіцы Ухаў (Ухова) з трыма алтарамі, трыма лаўкамі і канфесіяналам; у вёсцы Акшынка з адным алтаром; у вёсцы Нямковічы з трыма алтарамі (дадатак 5).


17 НГАБ. Ф. 2301. — Воп. 5. — Спр. 2.
Захаваліся даныя аб рамонце касцёла ў 1855 годзе. З 1 студзеня па 1 лістапада 1855 г. радужскімі парафіянамі было сабрана 85 руб. 81 кап. ахвяраванняў на рамонт касцёла. Таксама былі ахвяраваныя 61 капа драніцы і 34 капы дошак для вырабу драніцы.

Пробашчам Ставярэем былі куплены тры пуды цвікоў на 8 руб. 40 кап. За 80 руб. быў наняты гомельскі мешчанін Фёдар Іванаў Ганчароў для ўладкавання даху на жылым парафіяльным доме. Яму быў выдадзены аванс 15 руб. Былі нанятыя людзі для вырабу з ахвяраваных дошак 34 копаў драніцы (па 22 кап. серабром за капу). Ім быў дадзены задатак у тры рублі.

Да 1 лістапада 1855 г. была пераробленая частка даху ў жылым парафіяльным доме. Заставалася яшчэ зрабіць другую частку даху на доме, дах на стайні і свіране, зруб для пуні, пафарбаваць касцёльны дах і агароджу і адрамантаваць арган. Аднак, як пісаў пробашч радужскага касцёла ксёндз Ставярэй, з-за беднасці парафіянаў сродкаў на гэтыя работы не хапіла.

Бедна жылі не толькі радужскія парафіяне, але і святары, побыт якіх быў даволі сціплы. Увогуле, пасля смерці пробашчаў Гомельскага дэканата ў спадчыну іх нашчадкам найчасцей заставаліся даўгі18.


18 Яшчанка, А. Р. Гомель у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. — Гомель, 1997. — С. 31; НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 3. — Спр. 6410. — Арк 1–2, 8–8 адв.; Спр. 6753. — Арк. 3–4.
Так, маёмасць ксяндза Ставярэя, які памёр у 1858 г., не пакінуўшы тэстамэнту, ацэньвалася ў 122 руб. 60 кап., у той час як плата за медыцынскія паслугі для яго і іншых дасягала 329 руб. 52 кап. серабром. Наяўных грошай у яго не знайшлі, а з прыходна-расходнай кнігі касцёла высветлілася, што на патрэбы касцёла ксёндз выкарыстоўваў яшчэ і свае ўласныя сродкі19.
19 Тамсама. Спр. 6341. — Арк. 3, 9, 10–10 адв.
У 1864 г. куратам радужскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў кс. Тамаш Сухоцкі, вікарыем — кс. Фелікс Грахольскі, трэцім ксяндзом — кармэліт а. Ян Чаховіч. У 1864 г. вікарны ксёндз радужскага касцёла Фелікс Грахольскі быў высланы ўладамі ў Наўгародскую губерню.

З 1864 па 1866 г., да самага закрыцця касцёла, вікарыем працаваў кс. Аляксандр Тамашэўскі. Радужскі касцёл быў зачынены, верагодна, у 1866 годзе. Пасля таго, як 4 снежня 1866 г. Расія разарвала канкардат20 з Ватыканам, да 1905 г. у Расійскай імперыі было зачынена 170 парафій і каля 50 філій, а 120 касцёлаў (у тым ліку і радужскі) былі перададзеныя праваслаўным вернікам21.


20 Канкардат — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі.

21 Moroz, M. „Krynica”: Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. — Białystok, 2001. // [Электронны рэсурс] — http://www.bialorus.pl.
іл. 82. Закрыццё касцёла. Карціна Артура Гротгера. 1861 г.
Па ўспамінах старажылаў вёскі Радуга, ужо ў савецкі час мясцовыя жыхары разрабавалі магілы езуітаў, што знаходзіліся на ўскрайку вёскі (у Радузе памерлі пяць святароў-езуітаў: Кузьма Даміан Амброк, Ежы Глэмбоцкі, Івон Война, Вінцэнт Шышка, Ян Хамінскі), а мураваныя з цэглы склепы пазней былі зруйнаваныя і засыпаныя. Рабаўнікі ведалі, што тут пахаваныя менавіта езуіты, бо на нябожчыках захаваліся астаткі святарскага ўбрання.

Яшчэ да нашага часу некаторыя жыхары суседніх з Радугай вёсак называюць яе «Польшчай», хоць моладзь Радугі нават не ведае, што ў іх вёсцы існаваў касцёл.



3. Філія Рудня-Шлягіна
3.1. Гісторыя філіі Рудня-Шлягіна
Філія Рудня-Шлягіна гомельскай парафіі займала тэрыторыю дзвюх воласцяў Рагачоўскага павета — Рэчкаўскай і Стаўбунскай. У пачатку ХХ ст. гэтыя воласці ўваходзілі ў склад Гомельскага павета. Перад Першай сусветнай вайной ў філіі налічвалася 1 894 вернікаў.

Ксёндз Я. Жыскар пісаў: «Гэта невялічкая парафія, якая абслугоўваецца гомельскімі святарамі, бо на месцы няма нават плябаніі… Аднак людзі традыцыйна трымаюцца сваёй веры, і ніякія дамаганні не здолелі прымусіць іх адрачыся ад каталіцтва. Калі святар наведвае вёскі, то людзі ахвотна збіраюцца на набажэнствы і ўдзельнічаюць у рэлігійных абрадах»22.


22 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 67.
Апроч капліцы ў Рудні-Шлягіне існавалі капліцы ў аколіцы Ухова і вёсцы Рудня-Стаўбунская23. Католікі пражывалі яшчэ ў вёсцы Бесядзь, у Гарыстах, Рудні-Гулеве, Утоньцы, Рэчкаўскіх Хутарах, Ухоўскіх Хутарах, Зарэччы, Стаўбуне, Рыслаўі23, у Новых Грамыках і некаторых іншых населеных пунктах.
23 Archidioecesis Mohiloviensis 1923 (Католическое духовенство Могилевской епархии 1923 г.) // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.

24 Рогалев, А. Ф. От Гомеюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. — Гомель, 1993. — С. 113.

іл. 83. Стары польскамоўны малітоўнік, якім карысталіся жыхары в. Гарысты.


З 1910 г. па 1 лютага 1912 г. вікарыем філіі Рудня-Шлягіна быў кс. Міхаіл Цакуль, якога пасля гэтага прызначылі вікарыем гомельскага касцёла.

У 1915–1918 годзе філію Рудня-Шлягіна абслугоўваў кс. Дайліда.

З 1918 г. па ліпень 1921 г. капеланам рудня-шлягінскага касцёла з’яўляўся кс. Юзаф Лук’янін. У ліпені 1921 г. арцыбіскуп Цепляк прызначыў на гэтую пасаду кс. Леана Буйноўскага, які да гэтага быў вікарыем маскоўскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
іл. 84. Пячатка філіі Рудня-Шлягіна. 1920-я гг.
Пасля 1917 г. становішча Каталіцкага Касцёла, як і іншых канфесій, пагоршылася. Савецкая дзяржава вяла барацьбу з «рэлігійнымі перажыткамі», насаджэнне атэізму стала адным з прыярытэтных кірункаў у дзяржаўнай ідэалогіі. Вернікі невялічкай парафіі Рудня-Шлягіна хутка адчулі гэта на сабе. У сувязі з арыштамі і пераследам святароў, ужо ў 1923 г., пасля арышту ксяндза Буйноўскага, пасада філіяліста была вакантнай. Толькі час ад часу, адзін-два разы на год, філію наведваў гомельскі адміністратар і дэкан Канстанцін Андрэкус, які застаўся адзіным святаром на ўсю гомельскую парафію і абслугоўваў таксама філію Рудня-Шлягіна. Дзейнасць ксяндза Андрэкуса (як і дзейнасць люшаўскага і чачэрскага пробашча Баляслава Валынца) пільна адсочвалася партыйнымі функцыянерамі Польбюро, якія падрабязна фіксавалі практычна кожны яго крок. У адсутнасць ксяндза Андрэкуса ўсе абрады і набажэнствы, акрамя казанняў і літургіі, выконваў Цімафей Кацуба, а потым — яго сын Андрэй Кацуба. Існавалі таксама касцёльныя гурткі, удзельнікі якіх, сабраўшыся ў хаце аднаго з вернікаў, супольна маліліся.

Па некаторых звестках, некалькі разоў парафію наведаў ксёндз Лук’янін з Полацка. Ён прыязджаў да свайго брата В. Лук’яніна, які жыў у Рудні-Шлягіне, а пазней — у Гомелі.

У другой палове 1920-х гадоў улады пачалі весці шырокую антырэлігійную прапаганду. Асноўнымі кірункамі агітацыі былі разнастайныя лекцыі, антырэлігійныя гутаркі і вечары. Але прапаганда не давала жаданых вынікаў. І толькі ў 1930 г., пасля закрыцця капліцаў і арыштаў найбольш актыўных вернікаў, філія Рудня-Шлягіна афіцыйна перастала існаваць.

У міжваенны перыяд (з 1927 г.) на былой тэрыторыі філіі існавалі Рудня-Стаўбунскі і Рудня-Шлягінскі нацыянальныя польскія сельсаветы. У Рудня-Шлягінскім сельсавеце налічвалася 1 125 чалавек, з якіх 820 чалавек (72,9%) былі запісаныя палякамі. У Рудня-Стаўбунскім сельсавеце было 720 чалавек, з якіх 665 (92,4%) былі запісаныя палякамі, а пяць чалавек (0,7%) — беларусамі25.

У Рудні-Шлягіне, Рудні-Стаўбунскай і Утоньцы існавалі польскія школы.
25 Пичуков, В. П. Гомельщина многонациональная (20–30-е годы ХХ века). — В. П. Пичуков, М. И. Старовойтов. — Гомель, 1999. — Вып. 1. — С. 208.

3.2. Рудня-Шлягіна


Рудня-Шлягіна — вёска ў Свяцілавіцкім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, 16 км на поўнач ад Веткі, 36 км ад Гомеля, на р. Нёманка (прыток Сожа)26. У ХІХ – пачатку ХХ ст. вёска належала да Рэчкаўскай воласці Рагачоўскага павета (пазней — да Гомельскага павета) Магілёўскай губерні. У ХІХ ст. у Рудні-Шлягіне (а таксама ў Рэчках) зямельныя ўладанні мелі Шульцы. У вёсцы была сукнавальня (фолюш)27.
26 Рудня-Шлягіна // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Минск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 240–241.

27 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. — T. 9. — S. 928.
іл. 85. Руіны маёнтка Шульцаў у Рэчках. У савецкі час у будынку размяшчаўся бровар.
У 1910 г. у вёсцы было 64 двары, 485 жыхароў. Сялянскае таварыства мела 860 дзес. зямлі, 1 275 дзес. лесу28.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселеная і фактычна на сённяшні дзень не існуе29.


28 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 2. — С. 437.

29 Официальный сайт Брестского филиала РНИУП Института радиологии [Электронны рэсурс] — http://www.bfrir-pinsk.org.
У 1819 г. шляхціцамі Вярэйскімі ў Рудні-Шлягіне была пабудаваная капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча капліцу перанеслі з двара Вярэйскіх на могілкі. Яна была асвячоная ў 1828 г. ксяндзом Янам Чаховічам з дазволу прэлата Яна-Фелікса Шчыта. У 1853 г. капліца была адрамантаваная і асвячоная гомельскім дэканам Найневічам. Знаходзілася на могілках за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоваў, за 15 вёрстаў ад радужскага касцёла. Капліца была абгароджаная. Індульт выдадзены на дзесяць гадоў Мітрапалітам Галавінскім 30 верасня 1852 года30.
30 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 139 адв.–140.

У 1860 г. жыхарамі Рудні-Шлягіна была пабудавана новая драўляная капліца, вядомая пад тытулам Сэрца Пана Езуса (у 1910-я гады замест яе пабудавалі іншую драўляную капліцу). Абслугоўвалася шлягінская капліца спачатку радужскімі святарамі, потым гомельскімі, а ў 1915–1922 гг. уласнымі капеланамі.

У сакавіку 1896 г. жыхары вёсак Рудня-Шлягіна і Рудня-Гулева звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай аб рамонце капліцы ў вёсцы Рудня-Шлягіна. Рамонт мусіў быць выкананы за кошт жыхароў вёсак на суму 165 руб. 4 красавіка губернатар напісаў аб гэтай просьбе міністру ўнутраных справаў і паведаміў, што з яго боку перашкодаў для рамонту няма31. 3 мая 1896 г. дазвол быў дадзены32.
31 РГИА. Ф. 822. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 23.

32 Тамсама. Л. 24.
У Рудня-Шлягінскім народным вучылішчы, якое было адчынена ў 1906 г., выкладаўся закон Божы. Настаўніцай у вучылішчы пэўны час працавала Вяроўкіна-Шэлюта.
іл. 86. Шлягінскі католік А. П. Кацуба са сваёй сям’ёй. Фота 1915 г.
У 1910 г. у Рудні-Шлягіне пачалося будаўніцтва мураванага будынка, які меркавалася выкарыстоўваць як касцёл. Будаўніцтва вялося пры падтрымцы графа Мельжынскага. Паколькі царскія ўлады непрыхільна ставіліся да будаўніцтва новых касцёлаў і капліцаў, то шлягінцы схітрылі: яны пачалі будаваць дом для пражывання ксяндза (плябанію), але мелі на ўвазе, што ён будзе выкарыстоўвацца для набажэнстваў. Аднак гэта не выратавала шлягінцаў ад пераследу. Як толькі быў зроблены фундамент, у вёску прыехаў станавы прыстаў і спыніў будаўніцтва. Так гэты фундамент і прастаяў да Першай сусветнай вайны, а вернікі былі вымушаныя пабудаваць на могілках невялікую капліцу (7 х 9 аршынаў).

Да пачатку 1915 г. будаўніцтва ўсё ж завяршылі, але не былі выкананыя ўнутраныя работы. У 1915 г., калі ў вёску сталі прыбываць польскія бежанцы, у будынку размясціліся польскі бежанскі камітэт і дзіцячы інтэрнат. Бежанскі камітэт выдзеліў сродкі на завяршэнне ўнутраных работаў.

У пачатку 1918 г. бежанцы выехалі ў Польшчу. Пры ўладзе гетмана Скарападскага (у 1918 г. Рудня-Шлягіна, як і ўвесь Гомельскі павет, была акупаваная і ўваходзілі ў Палескую губерню Украіны) у будынку мясцілася касцёльная рада. З 1918 г. тут таксама жыў ксёндз Лук’янін з братам Вінцэнтам — арганістам капліцы, потым — ксёндз Буйноўскі з сястрой, якая жыла ў будынку яшчэ на працягу месяца пасля арышту Буйноўскага. Пасля яе ад’езду ў будынку да 1924 г., па рашэнні грамады, жыў Іван Платонавіч Мохараў, які не меў уласнага жылля33.
33 ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 114. — Арк. 241–241 адв.
У 1923 г. старшыня сельсавета Марк Цімафеевіч Кацуба хацеў забраць гэтую камяніцу ў вернікаў, каб адчыніць у ёй хату-чытальню і змясціць камсамольскую ячэйку, але натыкнуўся на супраціў вернікаў. На адным са сходаў было прапанавана выкарыстоўваць будынак як капліцу. Вернікі падтрымалі гэту ініцыятыву. У чэрвені 1923 г. касцёльнае начынне з драўлянай капліцы было перанесена ў каменны будынак, у якім, каб мець магчымасць праводзіць набажэнствы, давялося зламаць грубку і перагародкі. З чэрвеня 1923 г. будынак выкарыстоўваўся як капліца.

Набажэнствы спачатку адбываліся без усялякай дамовы, не плацілася ані арэнда, ані страхоўка. Толькі ў 1924 г. (27 жніўня) была заключана дамова на выкарыстанне капліцы са Свяцілавіцкім валасным выканаўчым камітэтам. З гэтага часу касцёльны камітэт плаціў арэндную плату за карыстанне капліцай і страхоўку34. Да рудня-шлягінскай парафіі (філіі) у гэты час належалі вёскі Бесядзь, Гарысты, Іванькава, Утонька, Рудня-Гулева, а таксама вёска Рудня-Стаўбунская і аколіца Ухова, у якіх былі капліцы.


34 АУКДБРБГВ. Спр.18507-с. — Арк. 21–24 адв.
Сярод іншых падзей 1924 г. выдзяляецца трагічнае здарэнне з настаўніцай Рудня-Шлягінскай польскай школы Серафімовіч. 10 лістапада яна была знойдзеная ў стане агоніі каля Падасоўя (прыкладна за 18 км ад Рудні-Шлягіна). На Серафімовіч была толькі лёгкая сукенка. Настаўніцу павезлі ў Падасоўе, але па дарозе яна памерла ад пераахаладжэння і была пахаваная без агляду доктара. Сакратар гомельскага Польбюро Валешка ўгледзеў у гэтым трагічным здарэнні наўмыснае злачынства. Валешка быў упэўнены, што Серафімовіч «дапамаглі» памерці, бо «1) 9–10 лістапада тэмпература не была такой нізкай, каб чалавек мог замерзнуць; 2) супраць грамадзянкі Серафімовіч у Рудні-Шлягіне вялася агітацыя з боку касцёльнага камітэта, які быў незадаволены тым, што настаўніца не хацела нелегальна выкладаць Закон Божы; 3) Серафімовіч прыняла значны ўдзел у падрыхтоўцы святкавання сёмых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі». Таму Валешка прасіў губернскага пракурора правесці эксгумацыю і ў тым выпадку, калі яго словы пацвердзяцца, распачаць крымінальны пераслед вінаватых35. Але, мяркуючы па ўсім, падазрэнні Валешкі не пацвердзіліся.
35 ДАГАГВ. Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 2275. — Арк. 13, 13 адв.
У 1928 г. у касцёльны камітэт Рудні-Шлягіна і Рудні-Гулева ўваходзілі старшыня — Петр Паўлавіч Кацуба, сакратар — Андрэй Цімафеевіч Кацуба, а таксама члены камітэта: Павел Мацвеевіч Кацуба, Паўліна Мікалаеўна Кацуба, Іван Данілавіч Мохараў і Пётр Лук’янавіч Мохараў. Касцёльным актывістам быў і Аляксандр Паўлавіч Кацуба, які працаваў рабочым ліцейшчыкам у Гомелі, але жыў з сям’ёй у Рудні-Шлягіне.

Існавала некалькі касцёльных гурткоў. Так, у Рудні-Шлягіне ў гуртку Ружанца ўдзельнічала 50 чалавек, у суседняй вёсцы Рудня-Гулева — 15 чалавек. Таксама існаваў гурток «тэрцыяраў», два гурткі Жывога Ружанца, у якія ўваходзілі выключна мужчыны (адзін называўся гуртком св. Ізідора, другі — св. Юзафа), прыкладна па 15 чалавек у кожным. Было і пяць жаночых гурткоў Жывога Ружанца, у кожны з якіх уваходзіла таксама прыкладна па 15 чалавек36. Усяго ў гуртках удзельнічала 185 чалавек.


36 ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 114. — Арк. 98–98 адв.
Кіраўнікамі гурткоў былі: Петр Паўлавіч Кацуба, Ганна Мохарава, Паўліна Мікалаеўна Кацуба, Юзэфа Ігнатаўна Саковіч, Павел Людвігавіч Мохараў, Анэля Паўлаўна Кацуба, Ганна Валянцінаўна Кацуба, Анастасія Іванаўна Мохарава, Анастасія Ігнатаўна Ключынская і Кацярына Андрэеўна Мохарава37.
37 Тамсама. Арк. 92–94 адв.
Усімі гурткамі кіраваў сакратар касцёльнага камітэта Андрэй Цімафеевіч Кацуба, а жаночымі — Паўліна Мікалаеўна Кацуба.

Гурткі ў Рудні-Шлягіне збіраліся ў хатах у Антолі Іванаўны Кацубы, Паўліны Мікалаеўны Кацубы, Пятра Ігнатавіча Мохара і Юзэфы Ігнатаўны Саковіч. У Рудні-Гулеве — у Івана Данілавіча Мохарава і Пятра Лук’янавіча Мохарава38.

Насельніцтва Рудні-Шлягіна, у асноўным, лічыла сябе палякамі, хоць па-польску маглі размаўляць толькі адзінкі з жыхароў вёскі39.
38 Тамсама. Арк. 98–98 адв.

39 Тамсама. Арк. 63, 65 адв., 66.
У 1928 г. улады Веткаўскага раёна з падказкі сельскага савета Рудні-Шлягіна (старшынёй сельсавета ў гэты час быў Кузьма Леанавіч Мохараў, а сакратаром Мікалай Кацуба-Сарокін) вырашылі забраць у вернікаў будынак капліцы для патрэбаў сельсавета. 8 ліпеня ў вёску прыбылі намеснік пракурора Веткаўскага раёна Гукаў і начальнік раённай міліцыі Белавусаў з міліцыянерам. Яны ў катэгарычнай форме прапанавалі парафіянам вызваліць памяшканне. Вернікам не заставалася нічога іншага, як вынесці касцёльнае начынне з капліцы40.
40 Тамсама. Арк. 241–241 адв.
Немалаважную ролю ў гэтым самаўладстве адыграў сакратар Гомельскага Польбюро Андрэй Адольфавіч Мінейка. На гэтую пасаду Мінейка быў прызначаны летам 1928 г., а раней ён працаваў інструктарам Армавірскага сельскагаспадарчага саюза.

Мінейка нарадзіўся каля 1886 г. у Вільні. У час Грамадзянскай вайны служыў у ЧК, быў рэзідэнтам савецкай разведкі ў Польшчы (пад прозвішчам Твардоўскі), начальнікам закардоннай разведкі 17-й дывізіі 16-й арміі. Пасля працаваў у ДПУ і на розных кіруючых пасадах на Паўночным Каўказе. 21 красавіка 1928 г. ён напісаў заяву ў Гомельскі акружкам КП(б)Б з просьбай прыняць яго на працу. Сваё жаданне працаваць у Гомелі Мінейка матываваў тым, што сваякі яго жонкі жывуць у Гомелі, і яму з жонкаю і двума дзецьмі будзе зручней жыць каля іх. Акрамя таго, Мінейка добра ведаў польскую і беларускую мовы, а таксама мясцовасць і быт насельніцтва41.


41 Тамсама. Спр. 153. — Арк. 130–131.
Менавіта Мінейка пачаў праводзіць на Гомельшчыне калектывізацыю польскай вёскі, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы. Ён даволі часта выязджаў у польскія нацсельсаветы для абследаванняў, праверкак і рэвізій. Таксама Мінейка быў загадчыкам антырэлігійнай секцыі Гомельскага акружкама КП(б)Б.

Касцёльны камітэт рудня-шлягінскай парафіі і яго актывісты Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы пачалі барацьбу за капліцу. 17 ліпеня яны накіравалі скаргу гомельскому акружному пракурору. Пракурор скаргу прыняў і абяцаў хутка разабрацца, але прайшоў месяц, а ніякіх вынікаў не было. 19 жніўня гомельскому акружному пракурору была накіраваная яшчэ адна заява. Пракурор перадаў яе на разгляд у акрвыканкам, і справа зноў завязла. Тады 29 жніўня ўпаўнаважаныя ад парафіі Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы напісалі скаргу ў акрвыканкам і прасілі паскорыць справу. Праз некаторы час у вёску выехала камісія акрвыканкама ў складзе сакратара Польбюро Мінейкі і прадстаўніка акружкама ЛКСМ Ігнатовіча (яны правялі ў вёсцы ўсяго 15 хвілінаў). Пасля гэтага справа зноў заціхла, а 2 лістапада ў Рудню-Шлягіна прыехаў сакратар Польбюро Мінейка, які сабраў агульны сход42. Мінейка абвясціў, што справа аб капліцы разглядалася ў Мінску і Маскве, і што Пракуратура і савецкая ўлада вырашылі «…заняць капліцу пад культурную установу, г.зн. размясціць у ёй школу, хату-чытальню, сельсавет». На сходзе было прынята рашэнне: «...дом, дзе пражываў ксёндз, пры наяўнасці побач капліцы, заняты вернікамі няправільна, а таму з пастановай акрвыканкама па замацаванні мураванага дома для культурна-асветніцкай мэты для нашай вёскі — пагадзіцца»43.


42 Тамсама. Спр. 114. — Арк. 240–240 адв.

43 Тамсама. Арк. 82–84.
21 лістапада старшыня сельсавета і адзін з жыхароў суседняй вёскі залезлі на дах капліцы і ссеклі крыж з купала. На наступны дзень Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы напісалі скаргу сакратару ЦК КП(б)Б44
44 Тамсама. Арк. 240–240 адв.
5 снежня адбылося пасяджэнне Польбюро ЦК КПБ(б), на якім разглядалася справа аб рудня-шлягінскай капліцы. На пасяджэнні было вырашана, што капліца адабраная ў вернікаў правільна45.
45 ДАГАГВ. Ф. 69. — Воп. 1. — Спр. 887. — Арк. 249.
23 снежня 1928 г. Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы былі арыштаваныя супрацоўнікамі Акружнога аддзела ДПУ. Супраць іх была ўзбуджана следчая справа з абвінавачваннем паводле арт. 72-б КК БССР (за антысавецкую агітацыю і прапаганду). Канкрэтна Андрэю Цімафеевічу і Пятру Паўлавічу Кацубам ставілі ў віну тое, што яны займаліся антысавецкай дзейнасцю сярод польскага насельніцтва, сарвалі кампанію «Абарона краіны», восеньскую пасяўную кампанію, стварылі групоўку, якая мела контррэвалюцыйныя мэты, займаліся самагонаварэннем і распіццем самагону ў капліцы з ксяндзом Андрэкусам. Да таго ж, Андрэя Цімафеевіча, які ў свой час служыў у войску фельчарам, абвінавацілі ў тым, што ён недазволена займаецца лячэннем (арт. 111 КК БССР)46.
46 АУКДБРБГВ. Спр.18507-с. — Арк. 102–108.
Аднавяскоўцы, як маглі, змагаліся за вызваленне Андрэя Цімафеевіча і Пятра Паўлавіча. Так, 21 студзеня 1929 года былі сабраныя подпісы (усяго 101 подпіс) сярод жыхароў Рудні-Шлягіна пад «Прыгаворам», у якім гаварылася: «Мы, якія ніжэй падпісаліся, грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна Гомельскай акругі Веткаўскага раёна… выдалі гэты прыгавор грамадзяніну Кацубу Андрэю Ц. у тым, што ён ні ў якіх контррэвалюцыйных выступах не быў заўважаны… пад судом і следствам не быў, а хадайнічаў перад уладамі аб тым, каб пакінуць малітоўны дом у нашай вёсцы, па нашым даручэнні.

Просім правесці следства аб ім сярод шырокіх масаў нашай вёскі і вызваліць як мага хутчэй.

Грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна»47.
47 Тамсама. Арк. 79.
Але хадайніцтва аднавяскоўцаў не дапамагло, і 21 чэрвеня 1929 г. на пасяджэнні Калегіі АДПУ Пятра Паўлавіча Кацубу згодна з арт. 58/10 КК РСФСР (антысавецкая агітацыя і прапаганда) асудзілі на шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды.
іл. 86.1. Магіла Пятра Паўлавіча Кацубы на Шлягінскіх могілках.
Андрэя Цімафеевіча Кацубу згодна з арт. 58/4 КК РСФСР (аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі) асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў канцлагеры48.
48 Тамсама. Арк. 113.
Пасля закрыцця капліцы, паводле ўспамінаў нараджэнца вёскі Рудня-Шлягіна Пятра Паўлавіча Мохарава (1930 г. нар.)49, начынне капліцы, а менавіта — вялікі драўляны крыж, які выкарыстоўваўся падчас працэсій і пахаванняў, кнігі і абразы — мясцовыя жыхары разабралі па хатах. Крыж і тры абразы спачатку захоўваліся ў Пятра Кастанавіча Ключынскага. Пасля рэчы захоўвала яго дачка Сафія (1905 г. нар.). Пасля смерці Сафіі Мохаравай (Ключынскай) у лістападзе 1989 г. яе пляменніца Ганна Калітанаўна Мохарава перадала крыж у гомельскі касцёл ксяндзу Славаміру Ляскоўскаму. Адзін з трох абразоў захоўваецца ў сям’і Пятра Паўлавіча Мохарава, другі — у сям’і яго сястры Ганны Паўлаўны Мохаравай, трэці абраз — ва ўнукаў Ганны Калітанаўны Мохаравай.
49 Успаміны запісала Святлана Мохарава.
іл. 87. Крыж са шлягінскай капліцы.
Паводле звестак, атрыманых ад жыхароў Рудні-Шлягіна, драўляная капліца разбураная не была. У канцы 1943 г. (ці ў пачатку 1944 г.) яе разабралі салдаты Чырвонай Арміі для пабудовы моста.

Мураваная капліца захавалася да нашых дзён. Гэты напаўразвалены будынак і могілкі — адзінае, што напамінае пра існаванне адселенай вёскі.


іл. 87.1. Руіны шлягінскай капліцы.
Ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі некалькі дзесяткаў жыхароў Рудні-Шлягіна. Так, Пётр Кастанавіч Ключынскі, які трымаў моцную гаспадарку, на якой працавала ўся яго сям’я (жонка, дочкі Сафія і Марыя, сыны Фларыян і Калітан), быў арыштаваны разам з сынамі. Усе яны былі асуджаныя і высланыя ў Краснаярскі край. Пасля адбыцця пакарання Фларыян з маладой жонкай і Пётр Кастанавіч вярнуліся на радзіму (лёс Калітана пасля высылкі невядомы). Фларыян уладкаваўся ў Гомелі пажарным, але 18 ліпеня 1937 г. зноў быў арыштаваны і 7 кастрычніка таго ж года расстраляны ў Гомелі.
іл. 88. Фларыян Ключынскі з жонкай.
Рэлігійнае жыццё ў вёсцы Рудня-Шлягіна працягвалася і пасля закрыцця капліцы. Вернікі зрабілі малельню ў хаце адной з жыхарак вёскі. Нават у 1970-я гады ў Рудні-Шлягіне людзі хрысцілі дзяцей паводле каталіцкага абраду (самі, бо святароў не было).

3.3. Ухова


Ухова — вёска ў Свяцілавіцкім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС была адселеная.

На пачатку ХХ ст. аколіца Ухова належала да Рэчкаўскай воласці (10 вёрстаў ад Ухова). У канцы ХVIII ст. навакольнымі землямі валодалі шляхціцы Усціновічы50.


50 Макушнікаў, А. А. Гомель і яго жыхары ў XVI–XVIII стагоддзях // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля.. — Мінск, 1998. — Кн. 1 — С. 86.
Побач з аколіцай быў аднайменны маёнтак, які ў канцы ХІХ ст. належаў братам Аляксандру, Антонію, Віктару і Фларыяну Драбышэўскім. Маёнтак быў падзелены на тры часткі: у частцы Віктара і Аляксандра было разам з Малкавым і Свяцілавічамі 106 дзес. зямлі (75 дзес. лесу, 20 дзес. раллі, 7 дзес. лугоў), у частцы Антонія было 1 400 дзес. зямлі (1 230 дзес. лесу, 60 дзес. раллі, 30 дзес. лугоў) і ў частцы Фларыяна — разам з Малкавым 151 дзес. зямлі (107 дзес. лесу, 18 дзес. раллі, 12 дзес. лугоў)51.
51 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1892. — T. 12. — S. 739.
У аколіцы быў размешчаны валасны склад запасаў збожжа.

Капліца тут была пабудаваная ў 1820 г. Драбышэўскімі. З дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча яна асвячалася беліцкім дэканам. Знаходзілася на могілках за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоваў, за 20 вёрстаў ад Радугі. Была абгароджаная. Індульт выдадзены прэлатам Янам-Феліксам Шчытам, але згарэў падчас пажару ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя52.


52 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 139 адв.–140.
Да 1820-х гадоў капліца адносілася да гомельскай парафіі, потым — да радужскай, пасля яе закрыцця — да чачэрскай парафіі. З 1917 г. — у складзе філіі Рудня-Шлягіна.

Вясной 1896 г. жыхары Ухова звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбаю аб рамонце капліцы53 за свой кошт на суму 182 рублёў. Губернатар напісаў 4 красавіка аб гэтай просьбе міністру ўнутраных справаў і паведаміў, што з яго боку перашкодаў для рамонту няма. 3 мая дазвол быў дадзены54.


53 РГИА. Ф. 822. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 25.

54 Тамсама. Л. 26.
У 1929 г. старшынёй касцёльнага камітэта ў вёсцы Ухова быў Аляксандр Драбышэўскі. Капліцу зачынілі прыкладна ў 1929 годзе.

3.4. Рудня-Стаўбунская


Рудня-Стаўбунская — вёска ў Стаўбунскім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У пачатку ХХІ ст. тут налічвалася 20 гаспадарак, 39 жыхароў, пераважна сталага веку. У 1881 г. у вёсцы было 73 двары, 380 жыхароў, у 1897 г. — 119 двароў, 714 жыхароў, 95 % з якіх былі католікамі.

Пры абследаванні ў 1935 г. Рудня-Стаўбунскага сельсавета мясцовы жыхар Іван Андрэевіч Гулевіч, якому тады быў 91 год, так распавёў пра ўзнікненне вёскі: «Гадоў 300 таму55 з вёскі Старая Рудня, па дазволу графа Чарнышова на яго землі ў лясны масіў пераехала некалькі сем’яў. Іх прозвішча было Гулевічы. Яны раскарчавалі месца і заснавалі вёску Рудня-Стаўбунская».


55 На самай справе, у 2 разы менш — прыкладна 150 гадоў назад, у 1778–1779 годзе.
Прыкладна 100 гадоў у лясной вёсцы Гулевічы плавілі балотную руду (ліманіт), выраблялі так патрэбнае мясцовым жыхарам жалеза56. З развіццём у Расійскай імперыі металапрамысловасці ў канцы ХІХ ст. саматужная вытворчасць жалеза спынілася. Патухла рудня і ў гэтай вёсцы, як і ва ўсіх вёсках Беларусі, але назва паселішча так і засталася — Рудня-Стаўбунская.
56 Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 1. — С. 158.
Вёска знаходзілася каля месца ўпадзення ракі Стаўбунка ў Бесядзь. Паводле ўспамінаў жыхароў вёскі, восенню 1879 г. пажар знішчыў усю вёску і ўраджай. Уцалела толькі адна хата. Жыхары вырашылі заснаваць вёску ў іншым месцы, прыкладна за пяць-шэсць кіламетраў ад пажарышча. Так на беразе ракі Студзёнка, з’явілася новая Рудня-Стаўбунская. А на тым месцы, дзе знаходзілася першая Рудня-Стаўбунская, пасадзілі лес.
іл. 88.1. Карта 1783 г., на якой пазначана в. Рудня-Стаўбунская (авалам паказана месцазнаходжанне сучаснай вёскі Рудня-Стаўбунская).
Гулевічы — вядомы ва ўсходняй Гомельшчыне каталіцкі род57. Магчыма, што гомельскія Гулевічы паходзяць ад валынскіх Гулевічаў, якія славіліся пабожнасцю, а з ХVII ст. займаліся здабываннем жалезнай руды.
57 Мялецій Сматрыцкі, аўтар «Трэнасу» (1610 г.), змясціў у сваім творы вялікі спіс праваслаўных родаў, якія перайшлі ў каталіцтва. Сярод іх названы і шляхецкі род Гулевічаў.
Капліца ў вёсцы Рудня-Стаўбунская існавала з 1874 г. і спачатку падпарадкоўвалася гомельскаму касцёлу. Яна, як і большасць капліцаў, знаходзілася на могілках.

У маі 1899 г. сяляне вёскі звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбаю дазволіць ім зрабіць за ўласныя сродкі рамонт капліцы. Планавалася пашырыць капліцу і зладзіць новы дах. Рамонт ацэньваўся ў 216 руб. У гэты час католікаў у Рудні-Стаўбунскай налічвалася 716 чалавек, і яшчэ 23 католікі пражывалі ў суседніх вёсках. Набажэнствы ў капліцы адбываліся каля 20 разоў на год.

У студзені 1904 г. загадчык капліцы Іван Якаўлевіч Гулевіч прасіў магілёўскага губернатара дазволіць зрабіць за ўласны кошт з паўночна-заходняга боку капліцы чацвёртае акно, таму што пры набажэнстве не хапала святла. Такі дазвол яму быў дадзены.

26 лютага 1916 г. дэкан Ячэйка звярнуўся да біскупа Цепляка з просьбаю выдаць новы індульт для капліцы ў Рудні-Стаўбунскай. 2 сакавіка біскуп выдаў індульт тэрмінам на 7 гадоў58. У 1915–1916 годзе капліцу абслугоўваў кс. Балюкевіч, які часта прыязджаў у вёску з Гомеля.


58 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 81.
У 1920-я гады ў вёсцы існавалі тры касцёльныя гурткі. Адным з іх кіравала Магдаліна Ільінічна Гулевіч. Пасля яе ад’езду ў 1927 г. у Амурскую вобласць гурток перастаў дзейнічаць.

У 1928 г. у Рудні-Стаўбунскай дзейнічалі два касцёльныя гурткі Жывога Ружанца. Першым гуртком кіравала Марцэля Паўлаўна Гулевіч, якая жыла ў цэнтры Рудні-Стаўбунскай, другім — Пелагея Мікалаеўна Гулевіч (яна жыла ў канцы вёскі). У абодвух гуртках налічвалася прыкладна па 20 чалавек, у асноўным пажылыя жанчыны.

Касцёльны камітэт Рудні-Стаўбунскай у 1928 г. узначальваў Антон Васільевіч Гулевіч — бацька старшыні сельскага савета. Сакратаром быў Іван Станіслававіч Гулевіч. У камітэт таксама ўваходзілі Адам Раманавіч Скарапацкі, Юзаф Раманавіч Скарапацкі (бацька сакратара сельскага савета) і Іван Паўлавіч Гулевіч.

Адам Раманавіч Скарапацкі быў, як пісалі ў савецкіх дакументах, «исправляющим религиозный культ», г. зн. кіраваў правядзеннем набажэнстваў пры адсутнасці ксяндза. Камітэт падтрымліваў пісьмовую сувязь з гомельскім ксяндзом, які наведваў вёску адзін-два разы на год.

У 1928 г. камітэт арганізаваў сход, на якім было вырашана сабраць з кожнага жыхара вёскі па 10 кап. на рамонт (фарбаванне) даху капліцы. Дах пафарбавалі, хоць поўнасцю суму сабраць не ўдалося59.
59 ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 114. — Арк. 18–18 адв.
У тым жа 1928 г. у вёсцы перад Вялікаднем быў наладжаны антырэлігійны вечар, аднак ніхто з беспартыйных сялянаў і моладзі не прымаў удзел у гульнях і танцах (бо быў перыяд Вялікага посту).

Капліца ў Рудні-Стаўбунскай праіснавала да 1930 года. Гэтая капліца і гомельскі касцёл былі апошнімі дзейнымі каталіцкімі культавымі будынкамі на тэрыторыі гомельскай парафіі.

Калектывізацыя ў вёсцы Рудня-Стаўбунская ішла марудна. Арганізатарам і першым старшынёю калгаса ў Рудні-Стаўбунскай быў Іосіф (Юзаф) Гулевіч. У 1930 г. ён аддаў загад знішчыць капліцу60. Жыхарам удалося выратаваць некаторыя рэчы з капліцы. Адзін з абразоў схаваў у сябе на гарышчы бацька старшыні калгаса Антон Васільевіч Гулевіч61. Пазней Іосіфа Гулевіча, як перадавога камуніста, накіравалі падымаць калгасы на Украіну. Там ён і загінуў.
60 Калевіч, Г. Душа патрабуе… // Ave Maria. — 2007. — № 11 (151).

61 Пазней абраз знайшла на гарышчы свайго роднага дома яго ўнучка, Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, спявачка, заслужаная артыстка БССР. На памяць аб продках яна вырашыла забраць абраз да сябе. Было гэта падчас гастроляў Станіславы Гулевіч па Гомельшчыне. Ужо доўгі час у яе кватэры, насупраць ложка, вісіць гэты абраз, на якім з аднаго боку намаляваны Арханёл Міхал, а з другога —Маці Божая з Дзіцяткам Езусам на руках.
У 1933 г. у вёсцы пачаліся першыя рэпрэсіі і раскулачванні. Усяго было арыштавана каля 30–40 чалавек, а пасля зняволення вярнуліся толькі трое — амаль усе былі расстраляныя.

Сярод расстраляных была і Варвара Іосіфаўна Гулевіч — жонка старшыні калгаса Іосіфа Гулевіча. Вось што расказвала яе дачка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР: «Аўтамабіль, празваны ў народзе „чорны воран“, тады ўжо добра прымільгаўся жыхарам вёскі. Рэдкі ў тыя гады ў нашых глухіх мясцінах рокат матору спачатку выклікаў жывы інтарэс. Аднак хутка людзі сталі смяротна страшыцца з’яўлення гэтага „цуда савецкай тэхнікі“, на якім вывозілі з вёскі людзей, і яны знікалі назаўсёды. Пачуўшы шум рухавіка, хаваліся па хатах, зачынялі засоўкі, апускалі заслоны, хрысціліся нават няверучыя: „Божа пранясі!“ Але страх не знікаў. Чужая бяда, хоць і аддаленая, усё роўна шчаміла сэрца.

У той дзень мама, брат і я былі ў бабулі. Ад бацькі з Данбаса, куды яго накіравалі на працу, даволі даўно не было звестак. Што ж здарылася? Мама хвалявалася. Уся яна панікла, змарнела, замкнулася ў сабе. Куды падзявалася яе добрая, шчырая ўсмешка? Нават голас, заўсёды звонкі і пявучы, стаў глухім і ціхім. На вачах часта з’яўляліся слёзы, на твары — страх. Мабыць, сэрцам прадчувала няўхільную бяду…

У дзень, калі ўзялі маму, сказалі: „Для паказанняў, як сведку на допыт“, а звезлі назаўсёды.

Маме было ўсяго 37 гадоў. У калгасе „Новае жыццё“ яна працавала даяркай, была актывісткай сельскага савета. Судзілі маму паводле надуманага і бязглуздага абвінавачвання. Расстралялі ў Гомелі 1 красавіка 1938 г.

З дому маму павялі два ўзброеныя салдаты. Толькі і паспела крыкнуць з парога: „Дзеці мае, дзеткі, родненькія… Гэта ўсё!“

Настаўніца, якая пазней вярнулася з няволі, расказала, як зневажалі і здзекваліся з мамы следчыя, — яны прымушалі яе падпісаць імі ж сфабрыкаваныя паказанні. Надломленая маральнымі і фізічнымі катаваннямі, яна паверыла, што разам з „прызнаннямі“ яе пакінуць у спакоі. Хуткі суд быў няўмольным. Прыгавор — расстрэл»62.
62 Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. — Мінск, 1997. — Кн. 1. — С. 158–159.
Таксама расстралялі бацьку і брата Варвары Гулевіч — Іосіфа Раманавіча Скарападскага і Мікалая Іосіфавіча Скарападскага. Быў расстраляны і яе свёкар.

Ёсць і яшчэ сведчанні сучаснікаў аб рэпрэсіях у Рудні-Стаўбунскай. Так, на допыце 4 чэрвеня 1939 г. нейкі Хайкiн, які выступаў у якасцi сведкi незаконных дзеянняў НКУС, даў паказанні: «будучи под стражей во второй камере, в которой находилась группа арестованных колхозников из деревни Рудня-Столбунская Светиловичского района по фамилии Гулякевичи (так у тэксце. — У. В.) и Громыко, в количестве семи человек, а в соседних камерах сидели ещё из их деревни, причём они рассказывали, что из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания о якобы их принадлежности к к.р. организации […] «ПЛОВ», «ПОВ» («Польская Вайсковая Арганізацыя». — У. В.) и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти колхозники между собой ругались, почему они клеветали друг на друга»63.


63 Раманава, І. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцяў Беларусі ў міжваенны перыяд // Homo Liber [Электронны рэсурс] — http://www.homoliber.org; НАРБ. Ф. 4. — Воп. 21. — Спр. 1690. — Арк. 221.

Пасля таго, як капліцу зачынілі, будынак быў разабраны, перанесены ў іншае месца, на некалькі сотняў метраў, і перароблены пад польскую школу64. У 1928 г. настаўніцай у школе працавала Р. Шаблоўская65. Школа праіснавала да сярэдзіны 1930-х гадоў, а потым была зачыненая. Цяпер на гэтым месцы пустыр.


64 Нягледзячы на тое, што школа была савецкая, настаўнікі вучылі дзяцей рэлігійным песням. Дзеці таксама завучвалі малітвы з малітоўнікаў.

65 ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 114. — Арк. 11, 11 адв.
іл. 89. Будынак, у якім мясціілася польская школа.
Як распавядала ў 2006 г. старэйшая жыхарка Рудні-Стаўбунскай Францыска Гулевіч, якая вучылася ў гэтай школе, пасля яе закрыцця вучняў перавялі ў суседнюю беларускамоўную Стаўбунскую школу. На першай жа дыктоўцы практычна ўсе вучні былой польскай школы атрымалі нізкія адзнакі.

Ад былой капліцы сёння засталіся толькі валуны з падмурка, вакол якіх знаходзяцца магілы, бо могілкі значна разрасліся.


іл. 90. Валуны з падмурка капліцы.
У вёсцы, у пустуючай хаце, людзі ўладкавалі капліцу, начынне якой часткова складаюць рэчы з даваеннай капліцы, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў хаваліся жыхарамі ад савецкіх уладаў. (Гэта было небяспечна, бо за схаваны каталіцкі польскамоўны малітоўнік можна было атрымаць турэмны тэрмін.) На святы да вяскоўцаў прыязджаюць святары з Гомеля, якія цэлебруюць набажэнствы.
іл. 91. Хата ў Рудні-Стаўбунскай, дзе ўладкаваная капліца.

іл. 92. Інтэр’ер капліцы.

іл. 93.Начынне капліцы (частка рэчаў паходзіць з разбуранай у 1930-я гг. старой капліцы).

іл. 94. Падсвечнікі, якія захаваліся з даваеннай капліцы.

іл. 95. Евангелле, якім карысталіся ў даваеннай капліцы ў Рудні-Стаўбунскай.

1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка