Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка11/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   17
4. Парафія пры саветах
У час рэвалюцый 1917 г. у чачэрскай парафіі налічвалася 1 810 вернікаў. Капліцы былі ў Аношках, Лукомскіх Паплавах, Рудні-Барталамееўскай, Рудні-Нісімкавіцкай.

У 1917 г. у Чачэрску на ўрачыстасць Божага Цела працэсія адбылася публічна, па вуліцах мястэчка. Аляксандр Дамарацкі так апісваў гэтую падзею: «Працэсія была ўрачыстай і карыснай для тутэйшага адсталага ў рэлігійным сэнсе простага люду, шмат хто з якога і маліцца па рэлігійных кнігах не мог (кнігі былі польскамоўныя, а іншых рэлігійных кніг, напрыклад, беларускіх, практычна не існавала. — У. В.), бо не існавала польскіх школ і нават хатняе навучанне польскай мове сурова каралася. Таму натуральна, што вырасла пакаленне, якое настолькі было знаёмае з рэлігійнымі кнігамі і мовай, наколькі гэта змагла прышчапіць маці, якая сама часта не ўмела ні чытаць, ні размаўляць па-польску»53.


53 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 95.
У 1917 г. пробашч Ільгін быў выбраны дэлегатам на дыяцэзіяльны сход ад Гомельскага дэканата. Замяшчаў яго ў Чачэрску ксёндз капелан Дамінік Іваноў. У 1918 г. пробашч Ільгін быў прызначаны вікарыем у Харкаў54.
54 Ilgin, W. Wspomnienia kapłana z Sołówek. — Lublin, 2006. — S. 17.
З красавіка 1919 г. выконваючым абавязкі пробашча быў кс. Альбін Шаціла. 5 мая 1920 г. ён быў прызначаны біскупам Цеплякам пробашчам. Акрамя таго, ксёндз Шаціла да 1922 г. загадваў журавіцкім і астроўскім касцёламі, якія ў лістападзе 1922 г. перадаў пад кіраўніцтва рагачоўска-быхаўскага дэкана, ксяндза Ігната Бернатовіча.
іл. 72.1. Кс. Альбін Шаціла.
Мястэчка Чачэрск у гэты час уваходзіла ў Рагачоўскі павет Гомельскай губерні РСФСР. Згодна з рапартам ксяндза Шацілы ў мітрапалітальную курыю ад 15 снежня 1921 г., у парафіі налічвалася 2 тыс. вернікаў, агульны маральны стан парафіі быў неблагі. Колькасць парафіянаў перастала змяншацца. Імшу ў нядзелю наведвалі ў сярэднім 30–40 чалавек, у абавязковыя святы — 100–150 чалавек, большасць якіх спавядалася і прымала Камунію. Штогод да першай споведзі і Камуніі прыступала 30–40 дзяцей, якія навучаліся рэлігіі, наколькі гэта было магчыма ў тых умовах, у касцёле і па хатах у некаторых вёсках. У парафіі былі 4 змешаныя сям’і (адзін з сужэнцаў — католік), якія наведвалі касцёл, 2 змешаныя сям’і хадзілі ў царкву.

Капліцы былі ў Аношках (10 вёрстаў ад Чачэрска), Лукомскіх Паплавах (12 вёрстаў), Рудні-Нісімкавіцкай (20 вёрстаў) і Рудні-Барталамееўскай (25 вёрстаў). Касцёл меў у валоданні сад, які даваў у год каля тысячы пудоў садавіны, і невялікі агарод. Касцёльны камітэт існаваў толькі на паперы. Метрычныя кнігі ў касцёле не вяліся, а кнігі за 1918, 1919 і 1920 гг. былі адпраўлены гомельскаму дэкану для перадачы ў курыю55.


55 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1048. — Л. 32–34.
У 1923 г. для чачэрскай парафіі насталі цяжкія часы. Вось што пісаў пра гэта ксёндз Шаціла: «Шаноўнаму ксяндзу сакратару. Вельмі прашу даць мне параду і даслаць яе як найхутчэй. На працягу года цывільныя ўлады дамагаюцца падпісання дамовы адносна касцёла. Далей гэтая справа доўжыцца не можа. Усе сродкі абароны ўжытыя. Застаецца або падпісаць, насуперак праву, або прыгаварыць касцёл да таго, каб ён быў зачынены і ўжыты для іншай мэты. Нават ужо гатовы праект кінатэатра або клуба. Ужо ўсе цэрквы і сінагогі даўно падпісалі, што робіць цяжкім лёс касцёла. Падалі мы заяву, рэкамендаваную курыяй, але гэта не дапамагло. Горача малю аб малітве і парадзе. Сакавік 1923 г. Чачэрск. Альбін Шаціла»56.
56 Тамсама. Л. 35.
У другім лісце ксёндз Шаціла пісаў: «Шаноўны ксёндз канонік! Справа падпісання дамовы ў Чачэрску пачалася ў сакавіку. Пачатак быў звычайны: сходы, агітацыя, людзі супраціўляліся. 22 красавіка ўвечары грамадзянскія ўлады разам з міліцыяй прышлі ў касцёл, зрабілі спіс рэчаў і паставілі мне ультыматум: дайце распіску ў тым, што на набажэнстве ніколі не будзе больш за тры чалавекі. Я адмовіўся. Тады яны замкнулі і апячаталі касцёл. Я пісаў у курыю перад самым замыканнем і дасюль не атрымаў адказу.

З мэтай прымусіць вернікаў падпісаць дамову ім забаронена бываць на набажэнстве ў плябаніі і ў прыватных дамах у вёсках, капліцы пагражаюць замкнуць. Супольныя майскія набажэнствы ў вёсках камуністы разагналі і забаранілі. Нельга было праводзіць катэхізацыю дзяцей. 18 жніўня пасланыя падаць заяву аб адамкненні касцёла і распіску, прысланую праз курыю, падпісалі дагавор, бо мясцовая ўлада рашуча адмовілася прыняць распіску. У той жа дзень пячатку знялі, а 19-га аддалі парафіянам ключ. Так недарэчна і цьмяна скончылася справа. Маё становішча яшчэ больш недарэчнае. Воля арцыпастыра не выкананая, частка вернікаў страціла да мяне давер, а я ў іх расчараваўся, для цывільнай улады я — вораг. Сцены, якія раней стараўся як найладней убіраць, цяпер мне нямілыя.

22 жніўня была зачыненая і апячатаная капліца на цвінтары ў Аношках. Такі самы лёс чакае рэшту капліц. Справу касцёла, капліцаў і сваю аддаю на суд шаноўнага ксяндза каноніка і ахвотна прыму вырак. Цалую руку шаноўнага ксяндза каноніка. Ксёндз Альбін Шаціла. 30 жніўня 1923 г.»57.
57 Тамсама. Л. 36.
Неўзабаве пасля гэтага кс. Шацілу (верагодна, па яго просьбе) перавялі ў Фашчаўку. У Чачэрск прыязджаў ксёндз Валынец, які да 1929 г. быў філіялістам люшаўскага касцёла і па сумяшчальніцтве выконваў функцыі чачэрскага адміністратара. Верагодна, у другой палове 1920-х гг. кс. Валынец пераважна жыў у Чачэрску, а не ў Люшаве.

Як і ў 1921-м, у 1923 годзе чачэрская парафія акрамя парафіяльнага касцёла мела 4 капліцы ў аколіцах Аношкі і Лукомскія Паплавы, вёсках Рудня-Нісімкавіцкая і Рудня-Барталамееўская.

У пачатку 1926 г. існавалі капліцы ў Аношках, Лукомскіх Паплавах, Асоўі, Рудні-Нісімкавіцкай і Рудні-Барталамееўскай. У 1927–1928 гг. капліца ў Лукомскіх Паплавах ужо не дзейнічала58.
58 ДАДАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 393. — Арк. 59.
Праца ксяндза Валынца знаходзілася пад пільнай увагай супрацоўнікоў Польбюро Гомельскага акружнога камітэта КПБ(б), якія падрабязна фіксавалі ўсе факты, звязаныя з дзейнасцю святара. У 1929 г., па даных партыйных органаў, ксёндз Б. Валынец праводзіў агітацыю сярод сялянаў у вёсцы Рудня-Нісімкавіцкая за набыццё звона для капліцы. Улады таксама адсочвалі і фіксавалі ўсе рэлігійныя гурткі і касцёльныя рады. І Польбюро, і ДПУ неаднаразова адзначалі, што такія існуюць амаль пры кожным касцёле, амаль у кожным польскім (каталіцкім) населеным пункце.

У 1929 г. у касцёльную раду чачэрскай парафіі ўваходзілі наступныя асобы: Браніслаў Ігнацьевіч Кубліцкі (з Новых Малынічаў), Іван Мацвеевіч Тычынскі і Антон Адамавіч Тычынскі (з Куракаў), Мікалай Станіслававіч Асінскі (з Гарадоўкі), Франц Міхайлавіч Лавінецкі (з Падасоўя). Упаўнаважаным у Рудні-Дудзіцкай быў Іван Цімафеевіч Ключынскі.

Асаблівая ўвага ўладаў надавалася збору інфармацыі аб рэлігійнасці насельніцтва. У справаздачы аб працы польскай перасоўнай школы ў вёсцы Рудня-Нісімкавіцкая ў 1928 г. паведамлялася: «У вёсцы мелі месца моцныя рэлігійныя настроі сярод жанчын і дзяўчат»59. Адзначалася таксама моцная рэлігійнасць і ў камсамольцаў, пра што сведчаць шматлікія факты выключэння з шэрагаў арганізацыі за наведванне касцёла.
59 Лебедев, А. Положение католического костела на Гомельщине во второй половине 20-х гг. ХХ века // Открыть миру душу белоруса… : Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. — Гомель, 2005. — С. 248–251.
Савецкія ўлады не абмяжоўваліся адным зборам інфармацыі. Антырэлігійная праца праводзілася бесперапынна на працягу ўсіх 1920-х гадоў. У розны час яна мела розную актыўнасць і была як агітацыйна-прапагандысцкай, так і адміністрацыйна-рэпрэсіўнай. У сярэдзіне 1920-х гадоў дамінавала агітацыйна-прапагандысцкая, што праяўлялася ў правядзенні розных кампаній, гутарак, лекцый, распаўсюджванні прапагандысцкай літаратуры, далучэнні насельніцтва да гурткоў «Саюза бязбожнікаў» і г.д. У канцы 1920-х гадоў на першы план выйшлі адміністрацыйна-рэпрэсіўныя метады, якія заключаліся ў закрыцці касцёлаў і капліцаў і рэпрэсіях супраць святароў і найбольш актыўных вернікаў. Гэты кірунак стаў асноўным пасля прыняцця ў 1929 г. пастановы УЦВК «Аб рэлігійных аб’яднаннях».

Так, у 1930 г. сакратар Гомельскага Польбюро паведамляў у Мінск, што змяншэнне колькасці ўдзельнікаў рэлігійных гурткоў тлумачыцца не толькі працаю «Саюза бязбожнікаў», але і высылкай «некаторых контррэвалюцыйных элементаў» (святароў і актыўных вернікаў), а маёвыя набажэнствы ў 1929 г. спыніліся толькі ў сувязі з арыштамі.

У 1929 г., падчас пажару, у Чачэрску згарэў парафіяльны касцёл Святой Тройцы. У лісце сакратара Польбюро Гомельскага акружнога камітэта КПБ(б) Мінейкі ў Польбюро ЦК КПБ(б) гаварылася: «У цяперашні час з сямі наяўных касцёлаў і дзвюх капліцаў засталіся 2 касцёлы ў Гомелі і Рэчыцы і 1 капліца ў Рудні-Стаўбунскай, пры 1 ксяндзы ў Гомелі. З былых касцёлаў толькі адзін згарэў у час пажару ў Чачэрску, а астатнія па згодзе абсалютнай большасці каталіцкага насельніцтва перададзеныя пад школы, бальніцу і клубы. Званы аддадзеныя ў фонд індустрыялізацыі»60.
60 ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 114. — Арк. 246–247.
Чачэрскі касцёл быў застрахаваны, і райвыканкам мусіў выплаціць парафіі 16 тыс. руб. страхоўкі. На гэтыя грошы вернікі спадзяваліся адрамантаваць згарэлы касцёл. Але страхоўка не была выплачаная.

Месца, дзе знаходзіліся касцёл і цвінтар (у раёне сучасных вуліц Замкавай, Перамогі і Грышы Падабедава), было аддадзена пад прыватную забудову. Цяпер тут знаходзяцца хаты і агароды гараджанаў. Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, дасюль на агародах людзі знаходзяць касцёльныя цагліны. У пасляваенны час быў канчаткова знішчаны і будынак суседняй царквы Раства Багародзіцы. На месцы царквы цяпер таксама месцяцца хаты і агароды, на якіх жыхары часам выкопваюць чалавечыя парэшткі.


іл. 73. На месцы гэтых дамоў знаходзілісяся касцёл Святой Тройцы і цвінтар.

іл. 74.
У савецкі перыяд вялікая колькасць чачэрскіх католікаў была рэпрэсаваная, але і пасля ліквідацыі касцёла вернікі нейкі час удзельнічалі ў Імшах, якія цэлебраваліся ў прыватных дамах Чачэрска.

У канцы 1980-х гадоў рэлігійнае жыццё ва Усходняй Беларусі паволі пачало адраджацца. На тэрыторыі былога Гомельскага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі аднавіліся гомельская і жлобінская парафіі. Чачэрская ж парафія да сённяшняга дня так і не паўстала (каталіцкае жыццё захавалася толькі ў вёсцы Рудня-Нісімкавіцкая). Адной з прычынаў з’яўляецца тое, што Чачэрскі раён моцна пацярпеў ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Вёскі, у якіх пражывалі католікі, былі або цалкам адселеныя, або іх жыхары атрымалі права на адсяленне і значная колькасць людзей пераехала ў іншыя раёны краіны (калі ў 1986 г. у раёне пражывала 30 тыс. чалавек, то ў 2005 г. — толькі 17 тыс.).

5. Населеныя пункты, у якіх існавалі капліцы чачэрскай парафіі
Акшынка
Вёска ў Свяцілавіцкім сельсавеце Веткаўскага раёна. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была цалкам адселеная і сёння не існуе. Знаходзілася за 27 км на поўнач ад Веткі, 49 км ад Гомеля. Вядомая з XVIII ст. У 1785 г. у вёсцы налічвалася 43 жыхары. Належала памешчыку В. Шэлюту. У 1847 г. было 26 двароў, 181 жыхар, 1 915 дзес. зямлі. У аднайменным фальварку Язерскіх у 1897 г. было 4 двары, 24 жыхары. Існавала рыма-каталіцкая капліца61.
61 Акшынка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 207.
Першапачаткова паселішча, верагодна, называлася Акрынка. Менавіта такая назва сустракаецца ў вопісе Рэчыцкага павета 1765 г., дзе Акрынка згадваецца як уладанне Станіслава Бельскага, чашніка чарнігаўскага. Пад уплывам польскай мовы назва маёнтка стала вымаўляцца як Акшынка. У 1785 г. уладальнікам Акшынкі значыцца Восіп Шэлюта. Пазней належала Язерскім. Капліца ў маёнтку Язерскіх была пабудавана ў 1808 годзе. Асвяціў яе, па ўсёй верагоднасці, паміж 1820 і 1827 г. пробашч Пашавіцкі, які адначасова з’яўляўся беліцкім віцэ-дэканам. Капліца была прыпісаная да радужскай парафіі.

У 1848 г. капліцу адрамантавалі (і, хутчэй за ўсё, перабудавалі). Знаходзілася яна на могілках за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоваў, добра ўтрымлівалася, мела ўсё належнае начынне і была абкружаная ровам. Вясной і восенню, у час разліву Сожа і Бесядзі, сувязь з парафіяльным касцёлам практычна спынялася. Індульт на капліцу 13 снежня 1849 г. за № 1767 быў выдадзены Мітрапалітам Казімірам Дмахоўскім на 6 гадоў, а 14 снежня 1855 г. прадоўжаны. Пасля ліквідацыі ў 1866 г.62 радужскай парафіі капліца належала да чачэрскай парафіі.


62 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 140 адв. –141.
31 сакавіка 1895 г. магілёўскі губернатар напісаў ліст міністру ўнутраных справаў, у якім паведамляў, што ўласнік маёнтка Акшынка, дваранін Рагачоўскага павета рыма-каталіцкага веравызнання Фаўстын Казіміраў Язерскі, у канцы 1894 г. без афіцыйнага дазволу перакрыў рыма-каталіцкую капліцу ў сваім маёнтку, замяніўшы гонтавы дах на новы жалезным. А ў 1869 г., калі Магілёўская губерня выбыла са складу Паўночна-Заходняга краю (г. зн. віленскага генерал-губернатарства), было загадана, каб і надалей для губерні заставалася ў моцы распараджэнне віленскага генерал-губернатара ад 29 чэрвеня 1864 г. аб абмежаванні на будаўніцтва новых ці аднаўленне старых рыма-каталіцкіх касцёлаў, капліцаў і алтароў без дазволу генерал-губернатара63.
63 РГИА. Ф. 822. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 19.
На пытанне, чаму быў зроблены рамонт без афіцыйнага дазволу, пан Язерскі прад’явіў тлумачэнне і копію ўказа Магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 21 жніўня 1842 г. за № 3527, згодна з якім ён лічыў не патрэбным прасіць дазволу на рамонт.

Тэкст тлумачэння Язерскага быў наступны: «Тлумачэнне. Рагачоўскага павета 4 стана. У маім маёнтку Акшынцы на могілках існуе капліца, у якой пахаваны мае продкі і бацькі, у якую і цяпер уносяцца мёртвыя целы да прыбыцця святара. У капліцы ніякага рамонту зроблена не было, а толькі з-за дзіравага даху адзін толькі дах выпраўлены ў мінулым годзе. Алтар ёсць, і за памерлых бывае Імша з дазволу Магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 21 жніўня 1842 г. Прашу памілавання і дазволу васьмідзесяцітрохгадоваму старому губернскаму сакратару Фаўстыну Казіміравічу Язерскаму. 3 сакавіка 1895 г.»64.


64 Тамсама. Л. 20.

Ва ўказе, які быў прад’яўлены Язерскім, паведамлялася: «Указ Яго Імператарскай Вялікасці Самадзержца Усерасійскага з Магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі. Радужскаму курату ксяндзу Ставярэю. Кансісторыі паведамлена: прашэнне памешчыка Магілёўскай губерні Рагачоўскага павета Фаўстына Язерскага ад 14 жніўня ў кансісторыю, у якім ён паведамляе, што ў яго маёнтку, які называецца Акшынка, з даўніх часоў знаходзіцца ўладкаваная на могілках рыма-каталіцкая капліца, у якой пахаваныя целы памерлых яго бацькоў, прыпісаная да радужскага парафіяльнага касцёла, якая патрабуе рамонту, а менавіта, пераробкі падлогі, ганка, столі і перакрыцця, такі рамонт на падставе 12 тома Збору законаў, артыкула 672 можа быць дазволены дыяцэзіяльным начальствам; а таму, жадаючы падтрымаць існаванне ўказанай акшынскай капліцы, а тым самым выканаць волю благаслаўлёных яго бацькоў, просіць кансісторыю, на падставе вышэй прыведзеных узаконенняў, дазволіць прыступіць да рамонту згаданай капліцы, якая ляжыць за рэкамі Бесяддзю і Сожам на адлегласці 40 вёрстаў ад парафіяльнага касцёла, і апавясціць аб тым прасіцеля.

А паводле даведкі аказалася, што ў снежні месяцы 1836 г. пан міністр унутраных справаў цыркулярна прадпісаў грамадзянскім губернатарам звярнуць увагу памешчыкаў грамадства на заснаванне капліцаў пры могілках для памерлых, якіх прывозяць у капліцы на час, пакуль не адбудзецца пахаванне. А таму загадана: з-за таго, што рамонт згаданай капліцы на падставе прыведзеных узаконенняў можа быць дазволены дыяцэзіяльным начальствам, то дазволіць прасіцелю прыступіць да рамонту капліцы, бо кансісторыя прызнае яе існаванне неабходным і патрэбным для парафіянаў рыма-каталіцкага вызнання, якія жывуць побач. Каб не чыніліся ніякія перашкоды для рамонту капліцы з боку земскай паліцыі, адначасова звярнуцца да магілёўскага грамадзянскага губернатара. Жніўня 21 дня 1842 г. Арыгінал падпісалі асэсар канонік Брынк, за сакратара Чахоўскі»65.
65 Тамсама. Л. 21.
Магілёўскі губернатар прасіў не даваць гэтай справе ходу, бо Язерскі быў ужо вельмі стары і рамонт зрабіў з-за непаразумення66. Міністр Дурнаво напісаў магілёўскаму губернатару, каб той паведаміў Язерскаму аб тым, што надалей ён мусіць прытрымлівацца існуючых правілаў67.
66 Тамсама. Л. 18.

67 Тамсама. Л. 22.
У 1922 г. капліца была часткова раскрадзеная: укралі падлогу, акно і частку даху. Валасны выканкам хацеў прадаць капліцу. Ксёндз Буйніцкі пісаў пра гэта з Масквы 9 мая 1922 г. арцыбіскупу (ён атрымаў ліст 15 мая). Ксёндз паведамляў, што католікі вёскі Утонька хочуць купіць капліцу і перавезці да сябе ў вёску, і лічыў, што гэта будзе слушным рашэннем, але пытаў біскупа аб яго дазволе. Калі перамяшчэнне капліцы згодна з кананічным правам недапушчальнае, то кс. Буйніцкі быў гатовы адразу паслаць афіцыйны пратэст валвыканкаму. Неўзабаве пасля гэтага кс. Буйніцкі быў арыштаваны ў Мінску68, таму віцэ-канцлер Дамінік Іваноў 12 ліпеня 1922 г. напісаў ліст новаму гомельскаму пробашчу ксяндзу Канстанціну Андрэкусу, які выконваў абавязкі гомельскага дэкана.
68 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л.127.
У лісце гаварылася наступнае: «Папярэднік ксяндза дэкана месяц таму паведаміў, што ў Акшынцы на цвінтары знаходзіцца капліца, якую валвыканкам вырашыў прадаць, але ўстрымаўся ад гэтага кроку па просьбе католікаў вёскі Утонька, якія хацелі купіць капліцу і перавезці да сябе. Арцыбіскуп загадвае ксяндзу дэкану справу гэтую вывучыць на месцы і аб сваёй пазіцыі даць справаздачу ў курыю»69. Чым скончылася гэта справа, невядома.
69 Тамсама. Л.127.

Аношкі
Аколіца Аношкі знаходзілася каля ракі Сож у Рагачоўскім павеце, за 10 вёрстаў ад Чачэрска, у ёй была капліца, якая належала да чачэрскай парафіі70.


70 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1886. — T. 7. — S. 535.
Капліца cв. Мікалая была драўляная, пабудаваная шляхтай аколіцы ў 1808 годзе. Мела форму васьмівугольніка, вежа была з двума званамі. Дазвол на набажэнствы быў дадзены 22 кастрычніка 1849 года. Капліца мела алтар, харугвы, 6 абразоў. Набажэнствы адбываліся 3–4 разы на год.

У 1880-я гады капліца ў Аношках ужо спарахнела і патрабавала значнага рамонту. Жыхары Аношак, а таксама суседніх Гарадоўкі і Падасоўя планавалі за свой кошт зрабіць новы падруб, замяніць у сценах гнілое бярвенне, зрабіць новую падлогу і дах. Яны пачалі хадайнічаць аб дазволе на рамонт. Чачэрскі пробашч Клаво звярнуўся да дэкана Пятроўскага. Дэкан паведаміў аб гэтым кансісторыі, якая 30 кастрычніка 1884 г. напісала магілёўскаму губернатару, але ён адказаў толькі 22 чэрвеня 1885 г., што не знаходзіць магчымым зрабіць выключэнне і дазволіць рамонт, бо ўсе падобнага роду просьбы ў Магілёўскай губерні вырашаюцца адмоўна. Тым больш, — пісаў губернатар, — што ў існаванні гэтай могілкавай капліцы няма патрэбы71.


71 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 117, 117 об.
18 жніўня 1885 г. жыхары Аношак зноў напісалі прашэнне аб дазволе на рамонт капліцы. У прашэнні гаворка ішла, у прыватнасці, аб наступным: пры адсутнасці на могілках у Аношках капліцы старыя могуць памерці без споведзі, а мёртвыя целы да прыбыцця пробашча з касцёла будуць знаходзіцца на працягу тыдня ў дамах, ствараючы смурод і заразу, таму што без выканання духоўных трэбаў ніхто з жыхароў Аношак не пойдзе на тое, каб пахаваць нябожчыкаў, баючыся пераследу паліцыі. А ў такім выпадку і зараза будзе непазбежнай.

Прашэнне падпісалі наступныя жыхары (прыводзім увесь спіс): Кіпрыян Міхайлаў Лашкевіч, Андрэй Кіпрыянаў Лашкевіч, Леан Кіпрыянаў Лашкевіч, Сільвестр Міхайлаў Лашкевіч, Іван Вікенцьеў Лашкевіч, Андрэй Вікенцьеў Лашкевіч, Людвіг Іваноў Лашкевіч, Станіслаў Мікалаеў Лавянецкі, Уладзіслаў Якаўлеў Лашкевіч, Іван Уладзіславаў Лашкевіч, Іван Францаў Лашкевіч, Людвіг Іванаў Лашкевіч, Міхайла Іванаў Лашкевіч, Фелікс Іванаў Лашкевіч, Пётр Іванаў Лашкевіч, Казімір Іванаў Лашкевіч, Іван Іванаў Лашкевіч, Ігнацы Міхайлаў Гавароўскі, Андрэй Міхайлаў Гавароўскі, Іаахім Андрэяў Гавароўскі, Франц Андрэяў Гавароўскі, Франц Ігнацьеў Гавароўскі, Франц Іванаў Гавароўскі, Павел Іванаў Лашкевіч, Франц Іванаў Лашкевіч, Васіль Паўлаў Лашкевіч, Аляксандр Паўлаў Лашкевіч, Іван Вікенцьеў Казапалянскі, Сцяпан Іванаў Казапалянскі, (Сцяпан) Аляксандр Іванаў Казапалянскі, Андрэй Міхайлаў Наркевіч, Пётр Міхайлаў Наркевіч, Вікенцій Францаў Лашкевіч, Іван Антонаў Лашкевіч, Франц Антонаў Лашкевіч, Іосіф Канстанцінаў Лавянецкі, Фердынанд Канстанцінаў Лавянецкі, Іосіф Вікенцьеў Хадановіч, Іван Вікенцьеў Хадановіч і Уладзіслаў Іосіфаў Хадановіч, а замест іх, непісьменных, па іх просьбе распісаўся і сам за сябе падпісаўся Адам Антонаў Даўгяла.

Таксама распісаўся Канстанцін Мікалаеў Лавянецкі.

Лаўрэнцій Фёдараў Горскі, Іван Лаўрэнцьеў Горскі, Іван Марцінаў Акушка, Казімір Марцінаў Акушка, Мацвей Марцінаў Акушка, Казімір Дыянісьеў Акушка, Франц Дыянісьеў Акушка, Альберт Фамін Горскі, Франц Фамін Горскі, Палікарп Восіпаў Гавароўскі, а замест іх, непісьменных, па іх просьбе распісаўся і сам за сябе падпісаўся Адам Драбышэўскі.

Ігнат Фларыянаў Збарамірскі, Валяр'ян Фларыянаў Збарамірскі, Аляксандр Васільеў Ясінскі, Кіпрыян Мікалаеў Збарамірскі, Эдуард Мікалаеў Збарамірскі, Рыгор Міхайлаў Збарамірскі, Пётр Рыгораў Збарамірскі, Адам Рыгораў Збарамірскі, Лаўрэнцій Іванаў Збарамірскі, Франц Дзяменцьеў Курака, Фёдар Францаў Курака, Франц Восіпаў Язерскі, а замест іх, непісьменных, па іх просьбе распісаўся і сам за сябе падпісаўся Казімір Фларыянаў Збарамірскі.

Удава Кацярына Нявінская, удава Гільтруда Грамыка, Пётр Цімафееў Грамыка, Іван Цімафееў Грамыка, Мікалай Цімафееў Грамыка, а замест іх, непісьменных, па іх просьбе распісаўся і сам за сябе падпісаўся Станіслаў Іванаў Ясінскі.

Іван Драбышэўскі, Васіль Іванаў Ясінскі, Рафаіл Карлаў Гарыда, Цімафей Казапалянскі, Адам Міхайлаў Драбышэўскі, Марцін Акушка, Дыянісій Акушка, Фама Горскі, Станіслаў Адамавіч Даўгяла, Мікалай Збарамірскі72.
72 Тамсама. Л. 115 об. –116 об.
12 кастрычніка 1885 г. магілёўскі губернатар паслаў гэтае прашэнне ў Дэпартамент духоўных справаў замежных веравызнанняў. У суправаджальным лісце губернатар напісаў, што яшчэ ў кастрычніку 1884 г. Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя звярталася да яго з хадайніцтвам аб рэстаўрацыі капліцы ў Аношках. З дапамогай сабраных па гэтай справе звестак высветлілася, што:

1) капліца ў Аношках сапраўды патрабавала рамонту з-за спарахнеласці;

2) адлегласць ад Аношак да чачэрскага касцёла 10 вёрстаў, а ад суседніх Гарадоўкі і Падасоўя, жыхары якіх таксама карысталіся капліцаю, 11 і 15 вёрстаў;

3) набажэнствы ў капліцы адбываліся пераважна па вялікіх святах і ў дні памінання памерлых;

4) колькасць парафіянаў католікаў, для якіх у капліцы адбываліся набажэнствы, складала 62 душы мужчынскага і 62 душы жаночага полу.

З прычыны гэтага і прымаючы пад увагу, па-першае, што вышэй указаная адлегласць не магла служыць істотнай нязручнасцю зносінаў для парафіянаў названых аколіцаў у рэлігійных сваіх патрэбах з чачэрскім парафіяльным касцёлам, а па-другое, што гэты рамонт быў раўназначны будаўніцтву новай капліцы, што супярэчыла распараджэнню віленскага генерал-губернатара ад 29 чэрвеня 1864 г. аб абмежаванні наогул пабудовы новых ці аднаўлення старых рыма-каталіцкіх капліцаў, якое заставалася правамоцным і пасля аддзялення Магілёўскай губерні ад загадвання генерал-губернатара, магілёўскі губернатар 22 чэрвеня адхіліў хадайніцтва кансісторыі.

Але была і больш істотная прычына адмовы. Справа ў тым, што Магілёўская праваслаўная духоўная кансісторыя хадайнічала аб забароне рамонту аношкаўскай капліцы. Праваслаўная кансісторыя тлумачыла сваё хадайніцтва тым, што мясцовыя праваслаўныя сяляне пры аднаўленні гэтай капліцы, у якой на той перыяд набажэнствы з-за спарахнеласці не адбываліся, маглі захапіцца выглядам касцёльнага набажэнства і сталі б рэдка наведваць сваю прыходскую царкву.

Таму таксама і 12 кастрычніка 1885 г. магілёўскі губернатар адхіліў прашэнне парафіянаў аколіцаў Аношкі, Гарадоўка і Падасоўе аб рамонце аношкаўскай могілкавай капліцы73.


73 Тамсама. Л. 103.
Прозвішча магілёўскага губернатара, дарэчы, было Дэмбавецкі, Аляксандр Станіслававіч. Відавочна, каталіцкага паходжання, аўтар кнігі «Опыт описания Могилевской губернии».
іл. 75. Аколіцы Аношкі і Асоўе засталіся толькі на старых картах.

Асоўе
У мінулым — аколіца ў складзе Рагачоўскага павета, за 20 вёрстаў ад Чачэрска. Мела драўляную капліцу Святой Тройцы. Капліца была пабудаваная шляхтай аколіцы ў 1789 г. Бенедыктаваная, верагодна, куратам Мікалаем Леановічам. Знаходзілася побач з каталіцкімі могілкамі. У акрузе ў сярэдзіне ХІХ ст. налічвалася каля 300 католікаў. Індульт выдадзены Мітрапалітам І. Галавінскім (№ 625) 18 мая 1851 г. на 6 гадоў74.

Аколіца не існуе.
74 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 144 адв. –145.

Бердыж
Вёска ў Ленінскім сельсавеце Чачэрскага раёна, на рацэ Сож. Раней —аколіца ў складзе Чачэрскай воласці Рагачоўскага павета з каталіцкай капліцай. За 8 вёрстаў ад Чачэрска. У канцы ХІХ ст. тут налічвалася 28 двароў, 131 жыхар. Найбольшымі зямельнымі надзеламі ў Бердыжы валодалі Антушэвічы (разам з Сярэднімі Малынічамі 105 дзес.), Гарбатоўскія (195 дзес.), Міцкевічы (167 дзес.), Шэлюты (2 долі разам з Малынічамі 360 і 187 дзес.)75.


75 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1900. — T. 15, cz. 1. — S. 102.
Капліца Святой Тройцы была пабудаваная шляхтай аколіцы ў 1817 г. (найбольш ахвяраваў Канюшэўскі) і асвячоная святаром езуітам (верагодна, чачэрскім куратам Андрэем Леановічам). Знаходзілася за чвэрць вярсты ад аколіцы на могілках, была агароджаная. Парафіянаў налічвалася прыкладна 25 чалавек. Індульт № 2589 на 5 гадоў быў выдадзены прэлатам Янам-Феліксам Шчытам 16 кастрычніка 1830 года. Капліца ў Бердыжы з’яўлялася цэнтрам невялікай філіі, у якую ўваходзіла капліца ў аколіцы Шапатовічы і капліца ў маёнтку Зянковіча ў Малынічах. Філіяй кіраваў уніяцкі парах з Малынічаў.

У 1840-я гады капліца ўжо не дзейнічала. У 1849 г. мясцовыя дваране маёр Гарбачэўскі, капітан Міцкевіч і страпчы Шчыт звярнуліся з просьбай аб рэстаўрацыі капліцы. Быхаўска-рагачоўскаму дэкану было загадана атрымаць у мясцовых праваслаўных святароў згоду на рэстаўрацыю капліцы, але справа заглохла. Малыніцкі настаяцель, былы уніят Асмалоўскі, даць згоду адмовіўся. Ён аргументаваў гэта тым, што з-за наяўнасці звана ў капліцы змяншаўся пазвонны даход праваслаўнай малыніцкай царквы. У 1855 г. у капліцы ўжо не было даху, а сцены ледзьве трымаліся76.


76 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 145 адв. –147; Тамсама. Спр. 216. — Арк. 30–31 адв.

Вараноўшчына


Цяпер вёска Воранаўка — цэнтр аднайменнага сельсавета Кармянскага раёна. Раней — аколіца Вараноўшчына ў складзе Расохскай воласці Рагачоўскага павета, на рацэ Горне. Мела каталіцкую капліцу. У канцы ХІХ ст. у аколіцы налічвалася 68 двароў, 470 жыхароў. Існавалі драўляная парафіяльная царква, вятрак77. У 1850 г. капліца была ўжо перададзеная праваслаўным вернікам. Магчыма, што будынак капліцы пазней перарабілі ў царкву.
77 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1893. — T. 13. — S. 957.

Лукомскія Паплавы


Вёска ў Роўкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС была адселеная. Да рэвалюцыі — аколіца (14 вёрстаў ад Чачэрска) у складзе Рагачоўскага павета з каталіцкай капліцай чачэрскай парафіі, якая існавала да 1920-х гадоў78.

Драўляная капліца Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, пабудаваная Мікалаем Лукомскім у 1826 г., знаходзілася на могілках за паўвярсты ад аколіцы. Над ганкам капліцы быў падвешаны звон. Дазвол на набажэнствы (індульт) № 1457 Мітрапаліта Дмахоўскага на 6 гадоў быў выдадзены 22 кастрычніка 1849 г., 14 снежня 1855 г. прадоўжаны. У 1854 г. капліца была адрамантаваная79.


78 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1887. — T. 8. — S. 793.

79 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 145 адв.–146.

Нямковічы (Вялікія Нямкі)


Вялікія Нямкі — вёска, цэнтр Вяліканямкоўскага сельсавета Веткаўскага раёна, на р. Бесядзь, за 38 км на паўночны ўсход ад Веткі, 68 км ад Гомеля, 216 гаспадарак, 520 жыхароў80. Да рэвалюцыі вёска была ў складзе Рагачоўскага павета з каталіцкай капліцай чачэрскай (а пэўны час — радужскай) парафіі.
80 Вялікія Нямкі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Мінск, 2004. — Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. — С. 212–213.
Вядомая з ХV ст. як сяліба ў Мінскім ваяводстве. У 1471 г. згадваецца як вёска Нямковічы ў валоданні Ю. Дрожджа. Каля 1589 г., паводле Метрыкі ВКЛ, нягродавае Нямковіцкае староства было вылучана з Чачэрскага староства. У склад Нямковіцкага староства ўваходзілі маёнткі Вялікія Нямковічы, Малыя Нямковічы і Сабунск. Нямковіцкім староствам валодалі: Нарковіч, Падвінскі, Пярхлінскі, Лашчовы, Грабоўскі, Канімеравы, Красіцкі, Кулеўскі, з 1699 г. — Вішчынскія. 5 снежня 1765 г. Ганна Вішчынская з Хлусовічаў саступіла староства Казіміру Вішчынскаму, ротмістру Рэчыцкага павета81. У 1785 г. вёска была ў валоданні Д. Маліноўскага. З 1789 г. тут дзейнічала Свята-Петрапаўлаўская праваслаўная царква. У канцы 1850 – пачатку 1860-х гадоў маёнткам Нямковічы валодаў палкоўнік Фрамандэр. 19 жніўня 1911 г. вёска значна пацярпела ад пажару.
81 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1886. — T. 7. — S. 96.
Капліца была пабудаваная ў 1819 г. (фундатары — Вішчынскія), асвячоная беліцкім дэканам з дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча. Знаходзілася на адлегласці 45 вёрстаў ад парафіяльнага (радужскага) касцёла. Стаяла на могілках, была агароджаная. Індульт быў выдадзены прэлатам Янам-Феліксам Шчытам. У 1852 г., у час навальніцы, ад удару маланкі згарэла вежа, а разам з ёй — індульт Шчыта. У 1853 г. капліца была адрамантаваная палкоўнікам Фрамандэрам. 8 кастрычніка 1855 г. пададзена прашэнне (№ 310) аб новым індульце82. Пасля скасавання радужскай парафіі знаходзілася ў складзе чачэрскай парафіі. Апошні раз капліца згадваецца ў дакументах за 1917 год83.
82 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 28. — Спр. 40. — Арк. 140 адв.–141.

83 Ilgin, W. Wspomnienia kapłana z Sołówek. — Lublin, 2006. — S. 8.
іл. 76. Вялікія Нямкі і Глухаўка на дарэвалюцыйнай тапаграфічнай карце.

Рудня-Барталамееўская


Вёска ў Палескім сельсавеце Чачэрскага раёна. У мінулым вёска была ў складзе Рагачоўскага павета Палескай воласці (30 вёрстаў ад Чачэрска). У 1887 г. налічвалася 50 двароў, 287 жыхароў. У вёсцы былі вадзяны млын і сукнавальня. Уласнасць графа Чарнышова-Круглікава84.

Каталіцкую драўляную капліцу св. Мікалая пабудавалі за свае сродкі мясцовыя жыхары ў 1816 г. (ці на сродкі графіні Ганны Чарнышовай). Дазвол на набажэнства дадзены 16 кастрычніка 1830 года. Набажэнствы адбываліся 2 разы на год. Існавала да сярэдзіны 1920-х гадоў.


84 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1889. — T. 10. — S. 927.
іл. 77. Пакланенне крыніцам у Рудні-Барталамееўскай. 14 жніўня 2001 г.

Рудня-Дудзіцкая


Вёска ў Роўкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна. У мінулым вёска была ў складзе Рагачоўскага павета Дудзіцкай воласці. У 1887 г. налічвалася 28 двароў, 143 жыхары. У вёсцы стаяла каталіцкая капліца85.
85 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1889. — T. 10. — S. 928.

Рудня-Нісімкавіцкая


Вёска ў Нісімкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна. Да рэвалюцыі была ў складзе Рагачоўскага павета (17 вёрстаў ад Чачэрска) Пакоцкай воласці. У 1887 г. у вёсцы налічвалася 76 двароў, 176 жыхароў. 16 жыхароў займаліся вырабам драўлянага начыння, па адным жыхары — вырабам рэчаў з кары і лыка, сталярствам, бондарствам, кавальствам, 16 — адыходзілі на заробкі86.
86 Тамсама. S. 927.
Існавала драўляная капліца св. Міхала, пабудаваная ў 1816 г. на сродкі графіні Ганны Чарнышовай (верагодна, што капліца ў вёсцы існавала і раней — з канца XVIII ст., бо ў ёй захоўваўся абраз св. Міхала Арханёла, у надпісе на якім паведамлялася, што абраз падараваны капліцы ў 1779 г.). Капліца была асвячоная чачэрскім куратам Андрэем Леановічам. Знаходзілася на могілках, была агароджаная. Адзін з індультаў выдадзены 16 кастрычніка 1830 г., другі (№ 1455) выдадзены 22 кастрычніка 1849 г. Мітрапалітам Дмахоўскім на 6 гадоў. 14 снежня 1855 г. гэты індульт быў прадоўжаны.

У сярэдзіне ХІХ ст. у наваколлі было 360 католікаў. Восенню 1894 г. упаўнаважаныя ад жыхароў вёскі Адам Казіміравіч Гулевіч і Франц Леанавіч Гулевіч звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай аб дазволе зрабіць рамонт капліцы. Планавалася замяніць дах і зрабіць на ім вежу для аднаго звана. 3 лістапада 1894 г. магілёўскі губернатар напісаў рапарт аб гэтым міністру ўнутраных справаў. У рапарце губернатар паведамляў, што капліца, якая знаходзіцца на могілках, была пабудаваная ў 1828 годзе. Сам будынак капліцы быў даволі трывалы, але дах і ганак зусім састарэлі. Даўжынёй капліца была 4 сажні, шырынёй 3 сажні 2 аршыны. Званіцы не было, замест яе побач стаяў слуп са званом. Набажэнствы былі падчас пахаванняў, у трэці тыдзень Вялікага посту, у дзень Евангеліста Марка (у маі), 29 верасня і 8 лістапада. Губернатар таксама паведамляў, што з яго боку перашкодаў для рамонту няма87. 17 снежня дазвол ад Міністэрства ўнутраных справаў на рамонт капліцы быў дадзены88.


87 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 15, 16.

88 Тамсама. Л. 17.
Вясной 1901 г. упаўнаважаны ад жыхароў Адам Казіміравіч Гулевіч зноў хадайнічаў аб рамонце капліцы. Рамонт на суму 90 руб. планавалася зрабіць за ўласны кошт. У спарахнелай капліцы трэба было ашаляваць сцены, каб захаваць іх ад гніення. Магілёўскі губернатар адразу ж даў дазвол на рамонт89.
89 Тамсама. Л. 27.
У 1904 г. капліца была ашаляваная. У ёй знаходзіўся алтар з абразом св. Міхала Арханёла, Імшал і іншае начынне. Капліца існавала да 1920-х гадоў.

Абраз св. Міхала Арханёла пасля закрыцця капліцы нейкім чынам трапіў да жыхаркі вёскі Галееўка (вядомае толькі яе імя — Марыя). Гэта была вельмі пабожная жанчына і напрыканцы свайго жыцця яна завяшчала раздаць вернікам абразы, што былі ў яе хаце. Некалькі абразоў трапіла да адной з праваслаўных манахіняў з гомельскага сабора святых Пятра і Паўла, якая перадала «каталіцкі» абраз св. Міхала Арханёла каталічкам — сёстрам Валянціне і Ніне Дэбой. Некалькі гадоў ён знаходзіўся ў іх кватэры, а пасля смерці Валянціны ў 1998 г., абраз быў падараваны гомельскаму касцёлу Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.


іл. 77.1. Абраз св. Міхала Арханёла.

іл. 77.2. Надпіс на абразе св. Міхала Арханёла.

Рудня-Шлягіна

Гл. раздзел аб радужскай парафіі.

Старыя Малынічы
Старыя Малынічы — вёска ў Залескім сельсавеце Чачэрскага раёна. Да рэвалюцыі вёска, фальварак і маёнтак былі ў складзе Чачэрскай воласці Рагачоўскага павета. У вёсцы налічвалася 50 двароў, 163 жыхары, існавала праваслаўная царква (верагодна, будынак былой каталіцкай капліцы, якая ў 1850 г. ужо была перададзеная праваслаўным вернікам). Фальварак са 103 дзес. зямлі належаў роду Серафімовічаў. Маёнтак з 1878 г. належаў Шымкевічам, у ім мелася 946 дзес. зямлі (544 дзес. лесу). У маёнтку былі сукнавальня і млын90.
90 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1889. — T. 15, cz. 2. — S. 299.
У 1556 г. маёнтак Малынічы (пазней распаўся на Старыя, Сярэднія, Новыя і Чарняўскія Малынічы) быў аддадзены роду Пятровічаў-Малыніцкіх. У 1765 г. у вопісе Рэчыцкага павета з Малынічаў згадваліся Маліноўскія, Грушэцкія, Марачэўскія, Чарняўскія, Шымкевічы, Кучынскія.

Ухова


Гл. раздзел аб радужскай парафіі.

Шапатовічы


Вёска ў Ленінскім сельсавеце Чачэрскага раёна. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС была адселеная. У былым — шляхецкая аколіца ў складзе Дудзіцкай воласці Рагачоўскага павета. У 1890-я гады налічвалася 83 двары, 521 жыхар91. Капліца ў 1850 г. ужо была перададзеная праваслаўным вернікам.
91 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1889. — T. 11. — S. 900.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка