Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка10/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   17

2. Справа рамонту чачэрскага касцёла ў 1852–1858 гг.
Касцёл Святой Тройцы, які існаваў ужо 65 гадоў, прыйшоў у крытычны стан26. Дах, зроблены з дошак, працякаў так, што пачаў разбурацца падмурак. Тынкоўка, і звонку, і ўнутры, уся патрэскалася і пачала адвальвацца. Лесвіцы на званіцах і ўсё драўлянае начынне званіцаў згнілі. Алтары і абразы страцілі свой першапачатковы выгляд. Усё гэта патрабавала неадкладнага рамонту. У такім жа крытычным стане былі таксама апусцелы палац Чарнышова і суседняя царква Раства Багародзіцы. У касцёле, ад самай яго пабудовы, ніколі не было аргана, і Юшкевіч на свае сродкі купіў арган з руднянскай капліцы (магчыма, гаворка ідзе пра вёску Рудня-Дудзіцкая), якую забралі ў католікаў і перадалі праваслаўным27.
26 Матэрыялы ў падраздзеле даюцца паводле: РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 292.

27 Тамсама. Л. 50.
Ксёндз Юшкевіч, які, верагодна, страціў надзею на пераезд у Рыгу, пачаў абдумваць, якім чынам прывесці касцёл у нармальны стан. Чачэрская парафія была не вельмі багатая. Асноўную масу парафіянаў складалі бедныя сяляне, а сярод мяшчанаў і шляхты заможных было вельмі мала. Жалаванне ксяндза, выплату часткі якога, да таго ж, заўсёды затрымлівалі, таксама не дазваляла пачаць рамонт. Таму 27 снежня 1849 г. кс. Юшкевіч звярнуўся з рапартам, у якім прадставіў каштарыс рамонту рагачоўска-быхаўскаму дэкану. Ксёндз Юшкевіч прасіў яго аб далейшых распараджэннях, але дэкан Гойнці пакінуў гэтую справу без адказу.

У гэты час у Рагачоўскім павеце, дзе знаходзіўся касцёл, не было штатнага архітэктара, які мог скласці план касцёла, а прыцягнуць да гэтай справы нейкага прыватнага архітэктара духоўнае начальства наўрад ці пагадзілася б. Ксёндз Юшкевіч знаходзіўся ў вельмі складаных умовах, шукаючы, як вырашыць гэтае пытанне.

Праязджаючы ў 1849 г. праз Быхаў, чачэрскі адміністратар выпадкова сустрэў у горадзе штатнага архітэктара і прапанаваў яму прыехаць у Чачэрск, каб распрацаваць план касцёла. Архітэктар згадзіўся скласці план толькі пры ўмове атрымання за гэтую, не такую ўжо і складаную, працу 100 руб. серабром. Але ў небагатага святара такой сумы не было, таму 17 студзеня 1851 г. ён вырашыў звярнуцца праз беліцкага дэкана Баніфацыя Найневіча (чачэрская парафія была ўжо ў Беліцкім дэканаце) з рапартам да арцыбіскупа Дмахоўскага. У рапарце кс. Юшкевіч апісаў сітуацыю і выказаў меркаванне, што складанне плана касцёла не патрабуецца, бо рамонт не зменіць архітэктурны выгляд святыні, а самая галоўная неадкладная задача — зрабіць новы дах і атынкаваць касцёл звонку і ўнутры. А калі ўсё ж план, складзены штатным архітэктарам, будзе патрэбны, то кс. Юшкевіч прасіў арцыбіскупа даць указанне Магілёўскай рыма-каталіцкай кансісторыі, каб тая «распарадзілася аб гэтым, звязаўшыся з кім належыць».

Ні кс. Юшкевіч, ні дэкан Найневіч яшчэ не ведалі, што арцыбіскуп Казімір Дмахоўскі 11 студзеня памёр. Адказ на рапарт дэкана Найневіча і рапарт кс. Юшкевіча прыйшоў ужо ад новага Мітрапаліта арцыбіскупа Галавінскага. У адказе ад 9 лютага 1851 г. паведамлялася, што сродкаў на архітэктара, які мог бы скласці план касцёла, у дыяцэзіяльнага начальства няма, і што адміністратары самі мусяць дбаць пра тое, каб гэтаму пасадзейнічалі іх парафіяне. На рамонт можа быць выдадзена дапамога з сумы, якая штогод выдаткоўваецца ўрадам на рамонт касцёлаў, але хадайнічаць аб дапамозе трэба ва ўстаноўленым парадку з прадстаўленнем плана і каштарыса Магілёўскай рыма-каталіцкай кансісторыі.

Атрымаўшы такі адказ, ксёндз Юшкевіч зразумеў, што ўсё ж давядзецца разлічваць найперш на свае сілы. Таму ён прыклаў намаганні, каб сабраць ахвяраванні парафіянаў. Было сабрана 500 руб. серабром, а таксама некаторыя будаўнічыя матэрыялы. 24 чэрвеня 1851 г. кс. Юшкевіч адправіў у Магілёўскую кансісторыю рапарт, да якога ён далучыў рэестр сабраных ахвяраванняў, план рамонту касцёла і каштарыс рамонту. У рапарце кс. Юшкевіч прасіў дазволіць яму пачаць рамонт, не чакаючы дапамогі з той сумы, якая штогод выдаткоўваецца ўрадам на рамонт касцёлаў (згодна з каштарысам, гэтая сума складала б для чачэрскага касцёла 1 393 руб. серабром).

Каштарыс і план кансісторыя адаслала для праверкі ў Магілёўскую будаўнічую камісію, якая не знайшла ніякіх парушэнняў. Даў згоду на рамонт і магілёўскі грамадзянскі губернатар.

За гэты час кс. Юшкевічам было сабрана яшчэ 100 руб. ахвяраванняў. 12 мая 1852 г. мітрапаліт у лісце да Магілёўскай кансісторыі даў згоду выкарыстаць сабраныя 600 руб. і будаўнічыя матэрыялы на рамонт касцёла, не чакаючы дапамогі з рамонтнага ўрадавага капіталу. За ходам працы мусіў наглядаць беліцкі дэкан Найневіч.

У маі 1852 г. ксёндз Юшкевіч нарэшце змог распачаць рамонт касцёла. Працу пачалі з даху. Высветлілася, што на дзвюх званіцах драўляныя востраканцовыя спічакі цалкам згнілі. Зрабіць такія ж аказалася вельмі цяжка, да таго ж такая востраканцовая канструкцыя была вельмі няўстойлівая, і пад час буры спічак мог быць скінуты са званіцы, як гэта здарылася ў 1847 г. на суседняй праваслаўнай царкве Раства Багародзіцы. Таму кс. Юшкевіч вырашыў замяніць спічакі галоўкамі (малымі купаламі), больш трывалымі і таннымі. 18 ліпеня ён паслаў рапарт з просьбай аб гэтым і планам фасада ў кансісторыю, а тая — мітрапаліту. Згода была атрымана.

10 лістапада 1852 г. беліцкі дэкан Найневіч інфармаваў Магілёўскую кансісторыю, што намаганнямі адміністратара Юшкевіча зроблены наступны рамонт касцёла: звонку ён нанава атынкаваны і пабелены; дах і вежы накрытыя новай бляхай і пафарбаваныя ў чырвоны колер, крыжы на іх вызалачаныя; зроблены новы драўляны ганак. Унутраныя працы вырашана было пакінуць да вясны наступнага 1853 года.

У пачатку 1853 г. адміністратару Юшкевічу ўдалося атрымаць грошы, якія былі недаплачаныя чачэрскаму касцёлу за некалькі гадоў, усяго 131 руб. 42 кап. Павялічылася да 756 руб. 15 кап. серабром сума добраахвотных ахвяраванняў чачэрскіх парафіянаў.

Кансісторыя запатрабавала, каб ахвяраванні і выдаткі былі запісаныя ў прашнураваную прыхода-расходную кнігу. Яна была выдана яшчэ ў 1843 г. папярэдніку Юшкевіча ксяндзу Грынкевічу, але, верагодна, знікла, і таму кс. Юшкевіч завёў новую кнігу і ў ліпені прадставіў яе ў кансісторыю. Кніга была прашнураваная, пранумераваная, замацаваная пячаткай і вернутая кс. Юшкевічу.

Скарбнік Ендрашоўскі выдаў пад распіску ксяндзу грошы, якія Рыма-каталіцкая калегія ўказам ад 27 снежня 1852 г. асігнавала на рамонт касцёла. Грошы, усяго 1 249 руб. серабром, мусілі быць запісаныя ў прыхода-расходную кнігу.

26 жніўня 1853 г. мітрапаліт загадаў, каб пры чачэрскім касцёле быў створаны камітэт з 2–3-х найбольш заможных парафіянаў памешчыкаў, які б займаўся далейшым рамонтам касцёла. Старшынёй камітэта мусіў быць пробашч Юшкевіч. Камітэту належала сачыць за ўсімі расходамі, а таксама заключаць з рамеснікамі кантракты, выдаючы ім грошы толькі пад роспіс у прыхода-расходнай кнізе. Мітрапаліт таксама загадаў, каб будучы камітэт звярнуў сваю ўвагу і на плябанію.

У верасні Мітрапаліт Галавінскі прапанаваў, каб пасля ўнутранага рамонту касцёла, калі застануцца грошы, зрабіць вакол святыні мураваную агароджу са штыкетнікам.

У сярэдзіне кастрычніка 1853 г. камітэт па рамонце чачэрскага касцёла быў сфармаваны. Увайсці ў яго далі згоду склад упаўнаважаны па кіраванні ў чачэрскім маёнтку граф Густаў Міхайлавіч Вяльгорскі, памешчык з чачэрскай парафіі Іосіф Антонавіч Жукоўскі і прыстаў 3-га стану Рагачоўскага павета Вінцэнт Іосіфавіч Лавянецкі.

Грошы, якія з 1851 г. сабралі парафіяне на рамонт касцёла — 756 руб. 15 кап. серабром (у тым ліку 51 руб. серабром неспагнаныя), былі аддадзеныя ў распараджэнне былога наглядчыка Чачэрскага графства памешчыка Людвіка Случаноўскага, які унёс іх у Чачэрскую эканамічную (ашчадную) касу. Грошы на гэты час ужо былі выдаткаваныя на рамонт чачэрскага касцёла.

1 249 руб., якія кансісторыя выдала кс. Яну Юшкевічу, былі перададзеныя пад распіску сябру камітэта Г. Вяльгорскаму, які ўнёс іх на захоўванне ў Чачэрскую касу.

27 ліпеня 1854 г. камітэт зрабіў справаздачу аб ходзе рамонту і прыходзе-расходзе сродкаў Мітрапаліту арцыбіскупу Галавінскаму. Да 27 ліпеня 1854 г. былі зробленыя і ўстаноўленыя ў касцёле новы вялікі алтар і 2 малыя. Чачэрская эканомія графа Чарнышова-Круглікава, у маёнтку якой жылі і сяляне католікі, за свой кошт зрабіла вакол касцёла мураваную з цэглы агароджу, якая на той момант яшчэ не была атынкаваная. Таксама не былі яшчэ зробленыя брама і драўляны штыкетнік.

Эканомія за свой кошт будавала і драўляны 6-пакаёвы плябанскі дом, які на той момант быў гатовы да даху. Дом стаяў на падмурку з цэглы, дах мусіў быць гонтавы на жалезных цвіках.

На рамонт касцёла камітэт меў агулам 2 005 руб. 15 кап. серабром (з якіх 51 руб. быў яшчэ не атрыманы). З гэтых грошай на закупку матэрыялаў і зарплату рамеснікам было выдаткавана: на закупку ў Гомелі ў чарнігаўскага купца Ішкова ліставога жалеза (265 пудоў 33 фунтаў) — 885 руб. 20 кап.; шыннага і палоснага жалеза (12 пудоў 39 фунтаў) на крукі, вілкі і падлакотнікі да трубаў і жолабаў і на клямары для званоў — 27 руб. 1 кап.; за цвікі для даху (3 пуды 9 фунтаў) — 14 руб. 86 кап. Фарбаў у крамах Чачэрска было куплена: муміі чырвонай — 4 пуды 3 фунты, бялілаў свінцовых — 1 пуд 22 фунты, сурыку — 5 фунтаў, сажы галандскай — 3 фунты; усяго на 22 руб. 20 кап. На абіўку макавак на купале і дзвюх званіцах і вызалачэнне крыжоў: бляхі англійскай 88 лістоў на 13 руб. 20 кап.; дроту жалезнага 7,5 фунтаў на 1 руб. 36 кап., а таксама золата, хрому і вохры на 26 руб. 96 кап.

Дахаўшчыку, беліцкаму мешчаніну Пятру Ражманаву, за абіўку купала на касцёле ліставым жалезам і фарбаванне даху заплачана 122 руб.

Кавалю з Чачэрска, селяніну Кандрату Стэфанаву, за выраб крукоў, вілак і падлакотнікаў для дахавых трубаў і жолабаў і на клямары для званоў заплачана 9 руб. 68 кап.

Тынкоўшчыку, злынкаўскаму мешчаніну Іосіфу Балотніну, за папраўленне вонкавай тынкоўкі касцёла і пабелку заплачана 75 руб.

Мулярам, злынкаўскім мяшчанам Іллі Худзякову і Макію Свірыдаву, за будоўлю вакол касцёла мураванай агароджы са слупамі для штыкетніка выдадзены задатак 25 руб. Астатнія 97 руб. 81 кап. заплачаныя Чачэрскай эканоміяй.

Архітэктарам Чачэрскай эканоміі Фёдарам Жывапісцавым было затрачана 3 руб. 47 кап. на паездку ў Гомель да вольнага архітэктра Гурскага для парады аб будоўлі алтара і атрымання плана.

Майстру цесляру Калужскай губерні Мяшчоўскага павета сяла Шчацініна, селяніну памешчыка Арлінскага Уласу Ігнатаву, за пабудову пры касцёле двух ганкаў з дубу, аднаго параднага і аднаго бакавога з франтонам і ашалёўкаю, заплачана 70 руб.

Сталяру, аднадворцу Рагачоўскага павета, жыхару аколіцы Малынічы Аляксандру Доўгалю, за выраб рамаў для вокнаў касцёла заплачана 15 руб. 50 кап., за выраб прытвора для ўваходных дзвярэй з рамамі для шклення, з філёнкамі да паловы і з двума дзвярамі — 37 руб.

Сталяру Рагачоўскага павета мястэчка Журавічы, селяніну хізоўскай памешчыцы Ягору Філіпаву, за пабудову ў касцёле трох алтароў заплачана 390 руб.

Грабару, ворнаму салдату Магілёўскай губерні Клімавіцкага павета сяла Загосціна Івану Восіпаву, за спланаванне зямлі вакол касцёла, дзе было знесена 46 кубічных сажняў зямлі, заплачана 25 руб. 30 кап.

Чачэрская эканомія графа Чарнышова-Круглікава на гэты момант ахвяравала: 46 750 штук цэглы, а таксама вапну на будаўніцтва агароджы вакол касцёла, будаўнічы дубовы і сасновы лес на ганкі, рамы і алтары, шкло і цагляны бут. Эканомія таксама бясплатна выдзеліла рабочых для дастаўкі пяску, вады і іншых матэрыялаў.

У 1854 г. з-за рамонту падчас правядзення 40-гадзіннага фэсту ў чачэрскім касцёле ўзнік канфлікт. Касцёл не змяшчаў усіх удзельнікаў фэсту, і адна асоба, вядомая ва ўсёй ваколіцы сваім непрыемным характарам, напісала мітрапаліту скаргу на ксяндза Юшкевіча. Граф Г. Вяльгорскі ў сваім лісце да мітрапаліта мусіў бараніць святара.

10 верасня 1854 г. Мітрапаліт арцыбіскуп Галавінскі напісаў ліст адміністратару Юшкевічу. У лісце ён выказаў падзяку кс. Юшкевічу і членам камітэта па рамонце чачэрскага касцёла і ўдзяліў ім сваё пастырскае благаслаўленне. Мітрапаліт таксама папрасіў не спыняць працы, пакуль касцёл цалкам не будзе адрамантаваны.

У дадатак да гэтага ліста арцыбіскуп Галавінскі напісаў 17 верасня яшчэ адзін ліст Юшкевічу, у якім прасіў звярнуць увагу на кепскі стан парафіяльных капліцаў. Мітрапаліт адказаў, што загадаць зрабіць рамонт капліцаў ён не можа, бо гэта не ў яго кампетэнцыі, але пры дапамозе графа Г. Вяльгорскага можна паспрабаваць атрымаць дазвол на рамонт капліцаў у мясцовых уладаў.

9 кастрычніка 1854 г. кс. Ян Юшкевіч раптоўна памёр. 12 кастрычніка ў Чачэрск прыязджаў пробашч суседняга журавіцкага касцёла Дамінік Юшкевіч, які, верагодна, адпяваў святара, а таксама ахрысціў некалькіх дзяцей.

З 6 верасня выконваючым абавязкі пробашча чачэрскага касцёла быў прызначаны святар Міхаіл Феліцыянавіч Васілеўскі, які прыбыў у Чачэрск прыкладна ў сярэдзіне кастрычніка. З 1855 г. чачэрскім пробашчам і адначасова гомельскім дэканам стаў кс. Мікалай Гіртовіч, а вікарыем да канца 1857 г. — кс. Міхаіл Васілеўскі.

Ксёндз Мікалай Гіртовіч працягнуў пачаты ксяндзом Янам Юшкевічам рамонт.

У 1854–1855 гг. з ахвяраваных Чачэрскай эканоміяй грошай (усяго 1 463 руб. 1 кап.) было выдаткавана: 3 руб. — майстру муляру Макію Свірыдаву за зробленую ў касцёле цагляную сцяну для ўсталявання алтара; 15 руб. яму ж за падпраўленне ўнутры касцёла тынкоўкі і дзвюх трэшчынаў, а таксама за ачыстку купала; 425 руб. — вольнаму майстру са Злынкі Ярмілу Аляб’еву за фарбаванне і пазалоту трох алтароў сваімі фарбамі і золатам; 2 руб. 79 кап. — архітэктару Чачэрскай эканоміі Жывапісцаву на паездку ў Гомель да вольнага архітэктара Гурскага за парадаю аб фарбаванні і пазалоце алтароў.

Унутраны рамонт касцёла замінаў набажэнствам, таму кс. Мікалай Гіртовіч прыстасаваў для набажэнстваў 2 пакоі ў плябаніі, аб чым паведаміў 27 жніўня 1855 г. Мітрапаліту Галавінскаму. Ксёндз Гіртовіч таксама папрасіў, каб мітрапаліт пасля заканчэння работ у касцёле прызначыў каго-небудзь для асвячэння касцёла. Але мітрапаліт быў ужо цяжка хворы. Калі кс. Гіртовіч даведаўся аб гэтым, то паведаміў у канцылярыю мітрапаліта, што ў нядзелю, 23 верасня, ён сам, без благаслаўлення мітрапаліта, асвеціць чачэрскі касцёл, аб чым абвясціў ужо сваім парафіянам. Ксёндз Гіртовіч патлумачыў, што зацягваць асвячэнне ніяк нельга, бо парафіяне не змяшчаюцца ў двух пакоях плябаніі, дзе адбываюцца набажэнствы, і частка з іх вымушаная слухаць Імшу пад вокнамі, а на вуліцы ўжо халодная восеньская непагода. Ксёндз прасіў канцылярыю, каб аб гэтым паведамілі мітрапаліту і каб той прабачыў яму такое «дерзновение».

7 кастрычніка 1855 г. Мітрапаліт Галавінскі памёр, і дэкан Гіртовіч паведамляў пра рамонт ужо новаму кіраўніку Магілёўскага арцыбіскупства біскупу-інфулату Антонію Фіялкоўскаму. У лістападзе 1855 г. на рамонт касцёла мелася 947 руб. 45 кап. ахвяраванняў парафіянаў. У рапарце ад 10 снежня 1855 г. кс. Гіртовіч зазначыў, што засталося пабудаваць стайню, вазоўню, пуню для сена і жывёлы, 2 хлявы для дробнай жывёлы, павець для дроваў і лядоўню. На гэта меліся сродкі, лес і рабочыя з Чачэрскай эканоміі.

Штыкетнік на мураванай агароджы і 3 веснічкі ў ім рабіў злынкаўскі цясляр Міхайла Макараў, якому за гэта было заплачана 44 руб. Сам цагляны мур пакрыў ліставым жалезам дахоўшчык са Злынкі Рыгор Пагодзін. Ён за гэта атрымаў 30 руб. Амбону, лаўкі, цыборыум28, пярэднюю арку да вялікага алтара і 2 ясеневыя канфесіяналы рабіў Ягор (Рыгор) Філімонаў, які ўжо быў не прыгонным, а вольным майстрам з мястэчка Журавічы. За гэтую працу ён атрымаў 183 руб. Фарбаваў касцёл унутры маляр Залман Блёх, які атрымаў за гэта 100 руб.


28 Цыборыум — у архітэктуры ўпрыгожанне ў выглядзе балдахіна на калонах над алтаром (часам — над хрысцільнямі, рэліквіямі святых).
У 1856 г. на рамонт касцёла было сабрана 184 руб. 50 кап. ахвяраванняў парафіянаў.

21 чэрвеня 1858 г. ксёндз Гіртовіч у рапарце на імя Мітрапаліта Венцаслава Жылінскага паведаміў аб заканчэнні рамонту. Выдаткі на яго з 1852 па 1858 г. склалі 3 435 руб. 46 кап. Так скончылася гэтая вялікая справа, якую распачаў ксёндз Ян Юшкевіч. За час рэканструкцыі чачэрскага касцёла памёр і ксёндз Юшкевіч, і Мітрапаліты Дмахоўскі і Галавінскі.

Пры кс. Мікалаі Гіртовічу з 1860 г. па 30 снежня 1861 г. вікарыем у чачэрскім касцёле быў кс. Іван Антонавіч Даўгяла, у 1862–1863 гг. — кс. Ян Буген, які да гэтага працаваў вікарным ксяндзом у гомельскім касцёле.

11 мая 1862 г. да магілёўскага губернатара звярнуўся з прашэннем галоўны аканом чачэрскага маёнтка графа Чарнышова-Круглікава калежскі асэсар Фальцін. Ён паведаміў, што іншаземцы рыма-каталіцкага веравызнання, якія працуюць на Асінаўскай гуце (цяпер вёска Асінаўская Гута), колькасцю 40 сем’яў (125 душаў), звярнуліся да яго з просьбай пабудаваць пры гуце драўляную капліцу для часовага адпраўлення ў ёй набажэнстваў, а таксама ўладкаваць могілкі.

Гута знаходзілася за ракою Сож, за 40 вёрстаў ад Чачэрска, у якім былі касцёл і каталіцкія могілкі. У вясенні і восеньскі час даехаць з гуты ў Чачэрск было надзвычай складана, бо Сож разліваўся на 4 вярсты. Калі хто-небудзь з членаў сем’яў работнікаў гуты ў такі час хварэў і жадаў паклікаць ксяндза для споведзі, ксёндз мог прыехаць толькі праз 3 дні, калі хворы часта ўжо паміраў. З-за адсутнасці на гуце капліцы памерлых трымалі да пахавання ў хатах, і ў вясенні і летні час гэта станавілася пагрозаю заражэння жыхароў. Таму Фальцін прасіў губернатара дазволіць яму пабудаваць на гуце драўляную капліцу і пры ёй — могілкі.

Губернатар загадаў рагачоўскаму земскаму спраўніку сабраць звесткі па гэтай справе. Высветлілася, што месца, дзе аканом хацеў пабудаваць капліцу, знаходзілася ад чачэрскага касцёла за 45 вёрстаў, ад журавіцкага — за 50, ад чэрыкаўскага і касцюкоўскага — за 70, ад рагачоўскага — за 80 вёрстаў. За 12 вёрстаў была капліца ў Рудні, але майстры гуты, увесь час занятыя на працы, не маглі адлучыцца туды на набажэнства. Гута, дзе прапаноўвалася пабудаваць капліцу, знаходзілася ў балоцістай і лясной мясцовасці, і дабрацца адтуль да бліжэйшых касцёлаў было надзвычай складана, асабліва калі разліваўся Сож. На гуце пражывалі 124 іншаземцы мужскога полу, 122 жаночага і яшчэ 100 католікаў знаходзіліся ў ваколіцах. Духоўная кансісторыя дала дазвол на ўладкаванне капліцы і могілак29.


29 РГИА. Ф. 822. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 14, 15.
Магілёўскі губернатар 25 кастрычніка 1862 г. паслаў рапарт аб дазволе на будаўніцтва капліцы ў Міністэрства ўнутраных справаў. У лютым 1863 г. ён атрымаў адказ, падпісаны віцэ-дырэктарам Дэпартамента духоўных справаў Шульцам. У дакуменце была просьба да губернатара, каб той паведаміў, ці ёсць на гуце і ў ваколіцах праваслаўнае і, асабліва, былое уніяцкае насельніцтва, і калі ёсць, то якая колькасць. Ці маюць яны сваю царкву, а калі не маюць, то на якой адлегласці знаходзіцца бліжэйшая праваслаўная царква? І, нарэшце, ці не будзе каталіцкая капліца шкодна ўплываць на былых уніятаў?30
30 Тамсама. Л. 16.
На гэта магілёўскі губернатар 5 кастрычніка 1863 г. адказаў, што калі з канторы маёнтка графа Чарнышова-Круглікава былі запатрабаваныя гэтыя звесткі, прыйшоў адказ, што ва ўладкаванні капліцы неабходнасці ўжо няма31.
31 Тамсама. Л. 17.
Цяжка сказаць, што было прычынаю спынення справы аб уладкаванні капліцы ў Асінаўскай гуце самой Чачэрскай канторай.

У 1864 г. гомельскага дэкана Мікалая Гіртовіча, як нядобранадзейнага ў палітычных адносінах, выслалі з Чачэрска ў Томскую губерню. З 20 лістапада 1864 г. ён знаходзіўся ў Томску, з 3 чэрвеня 1866 г. — у Кузнецку. Памёр у Томску 11 чэрвеня 1872 года.



3. Чачэрская парафія пасля 1863 г.
У сярэдзіне ХІХ ст. парафіяне чачэрскага касцёла жылі ў наступных населеных пунктах:

Вёскі: Макрэні, Навуховічы, Роўкавічы, Рудня-Барталамееўская, Рудня-Дудзіцкая, Рудня-Нісімкавіцкая, Фёдараўка, Халопенічы, Халотча, Чортава Гара, Шапатовічы.

Аколіцы: Аношкі, Асоўе, Бердыж, Дзербічы, Дуброўка, Жабін, Куракі, Лукомскія Паплавы, Малынічы, Малынічы Слабодка, Напутовіцкія Паплавы, Падасоўе, Паплавы, Рыслаўе, Сярэднія Малынічы, Шапатовічы.

Маёнтак Роўкавічы.

Слабодка Пустынкі.

Сяльцо Бердыж.

Фальваркі: Фаўстынаў, Юзін.

З 7 студзеня 1864 г. да пачатку 1896 г. адміністратарам чачэрскай парафіі працаваў ксёндз Францішак Сямёнавіч Клаво. Пры ксяндзу Клаво, з 16 мая 1868 г. па 16 жніўня 1869 г., вікарыем чачэрскага касцёла быў ксёндз Дамінік Лятук. Пасля кс. Лятука, у 1870 г. вікарыем працаваў кс. Віктар Радовіч, але 9 студзеня 1871 г. за заганныя паводзіны ён быў адпраўлены ў Аглонскі дамініканскі кляштар і пазбаўлены сану. Пасля кс. Радовіча вікарныя ксяндзы ў чачэрскі касцёл больш не прызначаліся, магчыма таму, што ў Магілёўскай архідыяцэзіі быў востры недахоп святароў. Так, з 1863 г. па 1873 г. у архідыяцэзіі ніхто не прыняў сакрамэнту пасвячэння, хоць за гэтыя 10 гадоў памерла каля 150 святароў32.


32 Радван, М. Римско-католические духовные заведения Санкт-Петербурга в XIX веке (1842–1917 гг.) // Мария — Царица Апостолов: Католическая высшая духовная семинария [Электронны рэсурс] — http://www.cathseminary.ru.
Калі ў Чачэрску па нейкіх прычынах адсутнічаў ксёндз Клаво, на замену яму прысылаліся ксяндзы з суседніх парафій для цэлебрацыі Імшы, хросту і адпявання. Так, мяркуючы па метрычных кнігах, у гэты час у Чачэрск прыязджаў гомельскі вікарый Аляксандр Тамашэўскі.

У канцы 1878 г. ксяндзом Клаво быў выкананы рамонт касцёла, а вакол яго зроблена новая мураваная агароджа. Сума рамонту склала 368 руб. 43,5 кап., з якіх 200 руб. былі ахвяраваныя парафіянамі, а астатнія грошы выдзелены пробашчам Клаво33.


33 РГИА. Ф. 821. — Оп. 125. — Д. 1208. — Л. 103, 104.
У 1880 г. у Чачэрску налічвалася 1 667 жыхароў, з іх 1 100 чалавек — габрэі. У мястэчку было 266 дамоў, два вучылішчы, 76 гандлёвых крамаў.

У 1880-я гады чачэрская парафія налічвала прыблізна 2 тыс. вернікаў. У 1885 г. да парафіі належалі капліцы ў наступных населеных пунктах: Аношкі, Асоўе, Лукомскія Паплавы, Рудня-Барталамееўская, Рудня-Нісімкавіцкая, Ухова, Рудня-Шлягіна, Акшынка і Нямковічы.

18 студзеня 1889 г. ксёндз Клаво склаў дакумент для візітацыі чачэрскага касцёла за 1885–1888 гады34.
34 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2912. — Л. 87–87 об.
У дакуменце адзначалася:

«1) Касцёл мураваны, належыць беламу духавенству, пад тытулам Св. Тройцы, трохалтарны, узведзены ў 1784 г. фельдмаршалам графам Захарам Чарнышовым (памерлым), а асвечаны ў 1786 г. беліцкім дэканам ксяндзом Судорскім.

Круглы, дыяметрам 6 сажняў, з сакрыстыяй, якая прыроблена ззаду касцёла, з купалам, пакрытым ліставым жалезам. 2 званіцы з абодвух бакоў ад вялікага ўвахода ў выглядзе мураваных вежаў, злучаных з касцёлам, невялікія купалы іх пакрытыя ліставым жалезам. Крыжы на касцёле і вежах жалезныя, пакрытыя бронзай. Франтон на 4-х калонах, дах над ім накрыты ліставым жалезам. Мураваны ганак зроблены ў 1865 г. Дзверы ў касцёл сталярнай работы, зробленыя ў 1868 г. Уваход у сакрыстыю ззаду касцёла праз драўляны ганак, ашаляваны, з вокнамі. Дзверы ў сакрыстыю сталярнай работы, з унутраным замком. Дзверы на ганак сталярнай работы, на жалезных завесах, з вісячым замком.

2) Вокнаў вялікіх 2, малых пад купалам — 22, у сакрыстыі — 3. Рамы дубовыя. Калон каменных вакол касцёла, якія падтрымліваюць карнізы, — 8.

3) На званіцах 4 званы, важаць 9 пудоў, 3 пуды, 1 пуд, 25 фунтаў. Арган 10-галосны з трыма мяхамі, уладкаваны ў 1875 г. Ва ўсім касцёле падлога з дошак, пафарбаваная алейнай фарбай. Па абодвух баках 10 лавак сталярнай работы з ясеневага дрэва, пакрытыя лакам. Канфесіяналаў — 2. Амбона з ясеневага дрэва сталярнай работы. Касцёл у 1888 г. абнесены мурам. У муры брама і 2 веснічкі».

У 1894 г. у Чачэрску з візітацыяй быў арцыбіскуп Францішак Альбін Сіман — магілёўскі суфраган, які перад гэтым візітаваў і іншыя парафіяльныя касцёлы Гомельскага дэканата: 14 ліпеня, чацвер — Антушы, 16 ліпеня, субота — Люшаў, 18 ліпеня, панядзелак — Гомель.

У пачатку 1896 г. ксёндз Клаво пакінуў Чачэрск. Магчыма, ён больш не мог выконваць святарскія абавязкі з-за ўзросту. Чачэрская парафія больш за паўгода заставалася без пробашча, таму 15 верасня парафіяне напісалі прашэнне мітрапаліту, у якім скардзіліся на тое, што набажэнствы ў касцёле спыніліся і яны мусяць туляцца па суседніх аддаленых касцёлах, якія знаходзяцца на адлегласці 40 і 60 вёрстаў ад Чачэрска, і не маюць задавальнення ў спаўненні духоўных трэбаў, у выніку чаго шмат хто з парафіянаў памірае без споведзі, а слабыя немаўляты застаюцца неахрышчанымі і так некаторыя з іх паміраюць. Парафіяне прасілі мітрапаліта змілавацца над імі і прызначыць у чачэрскі касцёл пробашча.

Гэтае прашэнне падпісалі парафіяне (форма імёнаў і прозвішчаў захаваная): дваранін Багуслаў Серафімовіч, А. Шымкевіч, Н. Серафімовіч, А. Маліноўскі, дваранін Апалон Дабравольскі, дваранін Іван Даманскі, землеўласнікі Іван Адамаў Чарняўскі, Антон Карлаў Чарняўскі, Васіль Мікалаеў Чарняўскі, Антон Чарняўскі, Станіслаў Станіславіч Жыгінеўскі, Вікенцій Васільеў Акінчынцыц, Іван Васільеў Акінцыц, Марцін Васільеў Акінчыц, Франц Вікенцьеў Чарняўскі, Антон Адамаў Чарняўскі, Лаўрэн Акінц, Станіслаў Акінчыц, Уладзіслаў Длугаш (за гэтых непісьменных, па іх асабістай просьбе, а таксама за тых, хто не прысутнічаў, распісаўся дваранін Апалон Паўлаў Дабравольскі), землеўласнік Аўгустын Іваноў Уздоўскі, Міхаіл Уздоўскі (за гэтых непісьменных распісалася Сафія Шымкевіч), Мікалай Антонаў Шымкевіч, дваранін Бонавентура Кубліцкі, дваранін Адам Кубліцкі (за яго распісаўся Аўгустын Кубліцкі), Аўгустын Кубліцкі, дваранін Вікенцій Кубліцкі, Іван Гурскі, Андрэй Ільін Гурскі35.


35 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1048. — Л. 1, 1 об.
Адразу пасля атрымання прашэння, 23 верасня, мітрапаліт прызначыў пробашчам у Чачэрск крычаўскага філіяліста, ксяндза Юліяна Якубоўскага. Канцылярыя мітрапаліта прасіла паліцэйскае ўпраўленне абвясціць аб гэтым парафіянам чачэрскага касцёла36.
36 Тамсама. Л. 2, 2 об.
Ксёндз Якубоўскі працаваў пробашчам з 1896 па 1903 год. Ужо ў 1900 г. кс. Якубоўскі моцна хварэў і не мог у поўнай меры выконваць свае абавязкі. Таму ў чэрвені 1900 г. ён паслаў тэлеграму біскупу-суфрагану Недзялкоўскаму, у якой пісаў, што «не ў сілах спавядаць шматлікіх багамольцаў на святога Антонія», і прасіў прыслаць на дапамогу яму пробашча суседняй журавіцкай парафіі (Быхаўскі павет)37. Святары з іншых парафій прыязджалі на дапамогу кс. Якубоўскаму і пазней. Захаваўся рапарт кс. Якубоўскага да Мітрапаліта Клапатоўскага, датаваны 19 студзеня 1903 г., дзе ён просіць «у сувязі з цяжкай хваробай дазволіць яму і святару, які зможа прыбыць у Чачэрск, вянчаць чачэрскіх парафіянаў пасля аднаго абвяшчэння аб заключэнні шлюбу». Такі дазвол быў атрыманы38.
37 Тамсама. Л. 4.

38 Тамсама. Л. 5.
Паводле перапісу 1897 г. у Чачэрску пражывала 2,3 тыс. чалавек. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. чачэрская парафія апрача парафіяльнага касцёла Святой Тройцы мела некалькі капліцаў, якія знаходзіліся на значнай адлегласці адна ад адной. Так, у 1889 г. парафіі належалі наступныя капліцы: у аколіцах Аношкі, Асоўе, Лукомскія Паплавы, вёсках Рудня-Барталамееўская (Бутрамееўская) і Рудня-Нісімкавіцкая. Клас парафіі быў трэці. Вернікаў налічвалася больш за 2 тысячы.

Вясной і восенню, калі Сож і іншыя рэкі разліваліся, большая частка парафіі аказвалася адрэзанай ад парафіяльнага касцёла. Тады набажэнствы праводзіліся не толькі ў чачэрскім касцёле, але і ў капліцах, да якіх пробашчу даводзілася дабірацца, праехаўшы не адзін дзесятак кіламетраў.

Найбольш заможнымі парафіянамі былі землеўласнікі: Дзерналовіч Уладзімір Сцяпанавіч (1 686 дзес. у Роўкавічах), Богуш Фёкла Адамаўна (1 048 дзес. у Янове), Галіноўскі Аўгустын Андрэевіч (434 дзес. у Ніўках), Даманскі Іван Іванавіч (321 дзес. у Малынічах), Драбышэўскі Міхаіл Вінцэнтавіч (176 дзес. у Шапатовічах), Антушэвіч Вінцэнт Леанардавіч (105 дзес. у Бердыжы і Сярэдніх Малынічах)39.
39 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Чачэрскага раёна. — Мінск,, 2000. — С. 104.
Апрача гэтых нешматлікіх зямянаў і дробнай шляхты, якая паступова рухалася па шляху спантаннай паланізацыі, значную частку (больш за 30%) парафіянаў складалі сяляне беларусы, якія, у асноўным, пражывалі ў вёсках Рудня-Барталамееўская, Рудня-Дудзіцкая і Рудня Нісімкавіцкая. Пераважная большасць сялянаў католікаў мела прозвішчы Гулевічы, Карачуны, Карчэўскія, Ключынскія, Лукомскія, Сабалінскія і Шкарапацкія (дадатак 3). Мала хто з гэтых сялянаў быў пісьменны, што бачна з метрычных кніг, дзе за іх распісваліся іншыя асобы. Польскай мовы сяляне католікі практычна не разумелі, таму святары ў капліцах прамаўлялі казанні выключна па-беларуску. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што католік ва ўсходніх землях Беларусі — гэта абавязкова польскамоўны шляхціц, тыповы чачэрскі парафіянін быў беларускамоўным непісьменным селянінам (часцей за ўсё з прозвішчам Гулевіч).
іл. 71. Беларуская вёска (Магілёўская губерня). Ілюстрацыя з кнігі «Живописная Россия» (Санкт-Пецярбург, 1882).
З прычыны таго, што мясцовыя сяляне католікі жылі разам з праваслаўнымі і не адрозніваліся ад іх ні моваю, ні нацыянальнасцю, а толькі рэлігіяй, адбывалася перапляценне звычаяў, традыцый, вераванняў і абрадаў. Пра гэта пісаў Я. Жыскар у кнізе «Нашы касцёлы» ў раздзеле, прысвечаным чачэрскай парафіі:

«Праваслаўныя святары мелі тут клопат з выкараненнем лацінізмаў і адвучэннем людзей ад рэлігійных практыкаў, перанятых ад папярэдніх пакаленняў. Нават у вёсках, дзе ўжо не заставалася ніводнага католіка, можна было пачуць мелодыі каталіцкіх рэлігійных песняў, якія спяваліся па старых падзёртых кантычках.

Каталіцкія адпусты прыцягвалі вялікую колькасць праваслаўных сялянаў. Шмат хто з іх лічыў абавязковым хоць бы раз на год наведацца ў касцёл са сваёй сціплай ахвярай у выглядзе васковай фігуркі або пяцікапеечнай свечкі. Але разам з тым наглядалася і адваротная з’ява, калі і праваслаўныя звычаі, прычым не заўсёды добрыя, уздзейнічалі на сялянаў католікаў.

Адным з такіх звычаяў, з якім мусілі змагацца каталіцкія святары, была так званая «мікольшчына». Святы Мікалай ушаноўваецца двойчы на год: увесну і ўзімку, 19 снежня. У Беларусі і Расіі святога Мікалая вельмі шануюць, таму большасць цэркваў называлі ў яго гонар, і на абразах у сялянскіх хатах Мікалай сустракаецца часцей за іншых святых. Ушаноўваецца Мікалай і Каталіцкім Касцёлам, дзе ён прызнаны святым. Яго абразы можна часта ўбачыць у алтарах беларускіх касцёлаў.

Як з кожнай добрай рэчы людзі могуць зрабіць кепскае, найпрыгажэйшую ідэю перавярнуць, так і тут — з цудоўнага свята людзі сталі рабіць нейкую оргію. 19 снежня, у дзень святога Мікалая, па вёсках збіраліся групы сялянаў і з велізарнай свечкай і абразом святога Мікалая пачыналі абыходзіць хаты суседзяў. Гэты звычай быў бы няшкодны, каб усё абмяжоўвалася чытаннем малітваў. Аднак хаджэнне па хатах спалучалася з найстрашнейшай п’янкай. Гаспадар, да якога прыходзіла такая «свечка», мусіў не скупіцца і частаваць гасцей гарэлкай, бо лічылася, што ад гэтага залежыць яго дабрабыт.

Ідучы ад хаты да хаты, натоўп узрастаў, удзельнікі ў п’яным запале пачыналі дзікія скокі, потым пачыналіся бойкі, адным словам, пабожная пілігрымка ператваралася ў п’яную оргію. Часта гэта трывала цэлымі тыднямі і набывала жахлівыя памеры. Дарэмнымі аказваліся ўсялякія ўгаворванні святароў. Занадта зросся гэты звычай з жыццём людзей, занадта вялікай была спакуса гарэлкі.

Але аднойчы ці не сам Пан Бог прыйшоў на дапамогу святарам, калі ў адной з парафій меў месца такі факт, які садзейнічаў упадку «мікольшчыны». У адной вёсцы падчас навальніцы (ні маланкі, ні бура не маглі перашкодзіць удзельнікам «мікольшчыны»), калі ракой лілася гарэлка ў хаце пэўнага гаспадара, ударыў пярун і ў імгненне вока спаліў хату. На шчасце, усе людзі выратаваліся, але гэтага было дастаткова, каб яны працверазіліся і ў панічным страху разбегліся па сваіх хатах.

Натуральна, што святары выкарысталі гэты факт, маўляў, сам Пан Бог такім чынам выразіў свой гнеў і абурэнне. Вестка пра гэта разышлася па вёсках, і чаго не магла зрабіць праца ксяндзоў у канфесіяналах і на амбонах, зрабіў адзін гэты факт. З гэтага часу звычай «мікольшчына» стаў паціху сыходзіць. Вельмі цяжкай была праца святароў у гэтых мясцінах, дзе яны мусілі змагацца не толькі з нявер’ем, але таксама і з людскім невуцтвам»40.


40 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 72–73.
Дарэчы, Я. Жыскар не перабольшвае, калі піша пра перапляценне вераванняў і звычаяў. Яно захавалася і да нашага часу. У 2006 г. у вёсцы Рудня-Стаўбунская аўтару гэтага тэксту мясцовыя жыхары католікі распавядалі, што яны святкуюць праваслаўную Радаўніцу, але паводле каталіцкага календара, г.зн. арыентуюцца на каталіцкі Вялікдзень.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. некаторыя з сялянаў католікаў з роду Гулевічаў і Шкурапацкіх перасяліліся ў Прыамур’е, дзе, верагодна, заснавалі вёску Рагачоўка. Жылі яны і ў вёсцы Серабранка. Цяпер гэта Свабодненскі раён Амурскай вобласці41. Перасяленцам сялянам у Прыамур’і на кожную сям’ю бесплатна выдзялялася 100 дзес. зямлі. Акрамя таго, бедным сялянам урад аплачваў пераезд і выдаваў харчовую дапамогу.


41 Дарэчы, горад Свабодны знаходзіцца на месцы вёскі Суражаўка, якую заснавалі перасяленцы з суседняга з чачэрскай парафіяй Суражскага павета Чарнігаўскай губерні.
І на Далёкім Усходзе чачэрскія католікі намагаліся прытрымлівацца сваёй веры, хрысціць дзяцей паводле каталіцкага абраду. Захаваліся некаторыя звесткі пра такія хросты. Так, 18 мая 1900 г. у вёсцы Рагачоўцы курат Адам Шпігановіч хрысціў хлопчыка Вікенція Гулевіча, які нарадзіўся 25 снежня 1899 г. у сялянаў Францішка і Урсулы Гулевічаў. Хроснымі былі Мікалай Гулевіч і Юзэфа Шкурапацкая. Таксама ксёндз Адам Шпігановіч пахрысціў дзяўчынку Сафію Гулевіч, якая нарадзілася ў гэты дзень у Івана і Вікторыі Гулевічаў. Хроснымі былі Антоні Шымкунас і Кацярына Шкурапацкая.

У 1907 г. у вёсцы Рагачоўка на сродкі сялянаў католікаў была пабудаваная драўляная, пакрытая ліставым жалезам капліца. Будынак мог змясціць прыкладна 300 чалавек. У капліцы былі зробленыя хоры, амбона, канфесіянал, пастаўлены 4 лаўкі. У 1912 г. на сродкі парафіяніна Гартунга пабудаваны алтар. Капліца належыла да дабравешчанскай парафіі. Да гэтай жа парафіі належала і вёска Серабранка42. У 1930-я гады шмат хто з прыамурскіх Гулевічаў быў рэпрэсаваны (дадатак 4).


42 Католическая Россия: Католический приход Преображения Господня, г. Благовещенск // [Электронны рэсурс] — http://www.catholic.ru.
Пасля ксяндза Якубоўскага 28 мая 1903 г. пробашчам у чачэрскі касцёл быў прызначаны ксёндз Вільгельм Ручынскі — былы вікарый пецярбургскага касцёла св. Станіслава43.
43 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1048. — Л. 6.
У кастрычніку 1903 г. ксёндз Ручынскі асвяціў участак поля ў вёсцы Рудня-Дудзіцкая, які мясцовыя жыхары адвялі для пашырэння вясковых могілак44.
44 Тамсама. Л. 7.
З 11 красавіка 1906 г. па 1909 год адміністратарам чачэрскай парафіі працаваў кс. Юліян Гронскі (адначасова ён быў адміністратарам філіі ў Люшаве).

Кожны год кс. Гронскі на працягу месяца збіраў у сябе ў плябаніі дзяцей для падрыхтоўкі да першай споведзі і святой Камуніі. У 1908 г. ён вырашыў прысвяціць навучанню дзяцей некалькі месяцаў, бо пераканаўся, што аднаго месяца на гэтую справу мала. Для гэтага ён выпісаў з Польшчы практычны дапаможнік і знайшоў у Чачэрску памяшканне для школкі.

Але, як пісаў кс. Гронскі, «людзі злой волі» сталі перашкаджаць гэтай справе. Відаць, былі зробленыя даносы ў паліцыю, бо яна наведалася ў школу і нават завяла справу, якую следчы накіраваў у акружны суд. Не зважаючы на ўсё гэта, кс. Гронскі працягваў заняткі з дзецьмі. Ён накіраваў ліст прэлату, каб той ведаў аб сітуацыі і, наколькі гэта магчыма, абараніў яго ад уладаў45.
45 Тамсама. Л. 16.
Таксама кс. Гронскі напісаў ліст магілёўскаму губернатару, дзе пісаў, што 25 лістапада 1892 г. Мітрапалітам Казлоўскім быў выдадзены цыркуляр, якім пробашчам прадпісвалася клапаціцца аб навучанні дзяцей католікаў малітвам, запаведзям, наказам і асноўным праўдам рыма-каталіцкай веры. Наведваючы сваіх парафіянаў, кс. Гронскі прыкмеціў, што шмат хто з іх, асабліва дзеці і моладзь, не толькі не ведаюць асноўных праўдаў веры, але нават не ўмеюць чытаць штодзённай малітвы «Ойча наш» і хрысціцца па-каталіцку.

Менавіта гэтае «сумнае становішча дзяцей католікаў пры бязвер’і, якое ўвесь час пранікае ў народныя масы» прымусіла Мітрапаліта Казлоўскага нагадаць парафіяльнаму духавенству пра неабходнасць належнага выканання трох пунктаў De obligationibus parochorum (Абавязкаў пробашчаў), якімі на іх ускладаецца абавязак адносна выказанага прадмета. Таму кс. Гронскі як пробашч каталіцкай парафіі, які абавязаны выконваць прадпісанні сваёй вярхоўнай духоўнай улады, мусіў клапаціцца аб тым, каб дзеці вернікаў чачэрскай парафіі вывучылі як трэба асновы рыма-каталіцкай веры. Не жадаючы мець ніякіх перашкодаў з боку ўладаў пры навучанні дзяцей католікаў асновам каталіцкай веры, кс. Гронскі прасіў губернатара аб дазволе адчыніць пры чачэрскім касцёле парафіяльную школу, а да атрымання дазволу ён сабраў у Чачэрску дзяцей мясцовых і навакольных парафіянаў, каб падрыхтаваць іх да першай споведзі і Камуніі46.


46 Тамсама. Л. 17Б, 17В, 17В об.
Пасля кс. Гронскага, з 23 чэрвеня 1909 г. па 9 чэрвеня 1910 г., пробашчам чачэрскага касцёла быў кс. Пётр Бараноўскі.

31 сакавіка 1910 г. дырэктар Дэпартамента духоўных справаў іншаземных веравызнанняў звярнуўся да біскупа Стэфана Данісевіча з лістом, дзе паведамляў аб ініцыятыве вялікага князя Мікалая Міхайлавіча, які «изволил выразить желание собрать и издать копии со всех надписей в инославных и иноверных богослужебных зданиях России, на внутренних и внешних стенах, надгробных плитах и иных местах храма, а равно на могилах, помещенных на кладбище».

8 красавіка 1910 г. Магілёўская кансісторыя пастанавіла: паведаміць усім службовым асобам Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі аб неабходнасці прадставіць у найхутчэйшы час «в консисторию буквальные копии с выше сказанных надписей». Назіранне за зборам звестак было ўскладзена на дэканаў, якім таксама было загадана паведамляць аб адсутнасці надпісаў.

Даволі хутка, у тым жа 1910 г., копіі надпісаў у двух экзэмплярах былі сабраныя, аднак па нейкай прычыне так і не адасланыя ў Пецярбург47.


47 Рыбчонак, С. Помнікі на каталіцкіх могілках і ў касцёлах Менска (паводле звестак 1910 г.). // Каштоўнасці мінуўшчыны 1. Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска. Матэрыялы канферэнцыі. 12 лістапада 1997 г. — Мінск, 1997.
Вось што паведамляў у сваім рапарце ў Магілёўскую кансісторыю 15 чэрвеня 1910 г. ксёндз Пётр Бараноўскі:

«Паведамляю, што ў чачэрскім касцёле ёсць надпісы: у сярэдзіне касцёла над галоўным алтаром „Святы, Святы, Святы Бог Усемагутны“ і знадворку на франтоне „Услаўляйце Госпада ўсе народы“, а на могілках адзіны надпіс: „В. П. пробашч чачэрскага касцёла Ян Юшкевіч, 1799 † 9.10.1854 г.“»48.


48 НГАБ. Ф. 1781. — Воп. 5. — Спр. 336. — Арк. 301.
Адзначым, што на могілках ёсць і іншыя помнікі з надпісамі, напрыклад, на помніку Юліі Лавянецкай: «Julija Łowieniecka. Umarła 1857 r 22 Mar. żyła 26 lat i córka jej Walery żyła 11 miesięcy».
іл. 71.1. Магіла Юліі Лавянецкай.
9 чэрвеня 1910 г. выконваць абавязкі чачэрскага пробашча быў прызначаны кс. Вінцэнт Ільгін. З 8 ліпеня 1910 г. ён прыступіў да працы і заставаўся на гэтай пасадзе да 1918 года.
іл. 72. Кс. Вінцэнт Ільгін. Ілюстрацыя з кнігі «Нашы касцёлы» (Żyskar J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska).
Адпустовымі святамі ў чачэрскім касцёле былі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, а таксама святога Антонія Падуанскага. Касцёл меў прывілеі, дадзеныя Мітрапалітам Шамбекам 5 красавіка 1905 года49.
49 Тамсама. Воп. 26. — Спр. 1504. — Арк. 363.
Чачэрскі касцёл у гэты перыяд меў наступны выгляд. Дах касцёла быў пакрыты бляхай, пафарбаваны. На фасадзе быў крыж з пазалочанай фігурай Езуса Хрыста. Усе вокны касцёла мелі жалезныя краты. 8 калонаў падтрымлівалі знешнія карнізы. На вежы былі 3 званы. Меўся новы арган. Падлога была з дошак. Касцёл быў абнесены ажурным цагляным мурам, накрытым бляхай.

У касцёле знаходзілася 5 алтароў. У галоўным алтары меўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў сярэбранай рызе і кароне. Над галавой Маці Божай было 12 зорак, пад нагамі — маладзік, па баках кленчылі св. Францішак і св. Антоній у сярэбраных рызах. На абразах вісела некалькі шнуркоў танных пярлінаў.

Другі алтар быў упрыгожаеы абразом св. Антонія і дзвюма гіпсавымі фігурамі — Панны Марыі і св. Антонія. Трэці алтар — з абразом Маці Божай Чэнстахоўскай і запячатанай дошкай з рэліквіямі святых. Чацвёрты алтар — з Укрыжаваным Езусам Хрыстом і абразом св. Мікалая. Фігура Збаўцы мела сярэбраную карону. На чырвоным фоне пры Укрыжаваным Езусе Хрысце былі вывешаныя воты: 2 выявы нагі, 2 рукі і выява сэрца з чыстага пазалочанага серабра. Пяты алтар быў з абразом Святой Тройцы, уверсе знаходзіўся абраз св. Ігнацыя (ці св. Алозія) са св. Станіславам Косткам.

У касцёле была мармуровая дошка — апячатаны камень з рэліквіямі святых. Стацыяў Крыжовага шляху Езуса Хрыстуса было 14, з сям’ю абразамі.

З касцёльных пабудоваў была плябанія — драўляны дом на каменным падмурку, даўжынёй 27, шырынёй 13,5, вышынёй 4,5 аршынаў. Дом меў 6 пакояў, быў пакрыты драніцай. Да дома была дабудаваная галерэя і кухня з цагляным склепам. У 1903 г. увесь дом пафарбавалі. Таксама меліся стайня, вазоўня, хлеў для свойскай жывёлы, свінарнік, асобная пуня для сена, пакрытая саломай, амбар, свіран з лядоўняй. Дом для арганіста быў куплены 18 мая 1855 г., пры ім — 13,5 х 22 сажняў зямлі. Меўся невялікі фруктовы сад, абнесены драўляным плотам. У бібліятэцы налічвалася 169 кнігаў.

Ахвярадаўцамі касцёла былі: фельдмаршал граф Захар Чарнышоў, Ванда Сулістроўская, ксёндз Вільгельм Ручынскі, графіня Ганна Чарнышова, Мікалай Лукомскі, Люшаўскі, Станіслаў і Малгажата Акінчыцы, ксёндз Мікалай Гіртовіч, ксёндз Францішак Клаво, ксёндз Юшкевіч, Станіслава Неслухоўская, ксёндз Юліян Дубраўскі з Гомеля, ксёндз Пётр Бараноўскі, ксёндз Юліян Гронскі, Вінцэнт Кадлубак50.


50 Тамсама. Спр. 1500. — Арк. 190–199.
У касцёльным архіве захоўваліся метрычныя кнігі: хростаў — з 1730 па 1880 г. і далей да 1903 г., шлюбаў — з 1730 па 1880 г. і далей, аб памерлых — з 1730 па 1903 г. і далей, а таксама кнігі дашлюбных экзаменаў з 1842 па 1903 год.

Да чачэрскай парафіі ў пачатку ХХ ст. належалі наступныя населеныя пункты: Анопаль, Аношкі, Асінаўка, Асоўе, Бердыж, Бярозаўка, Габраўка, Гарадоўка, Глухаўка, Гута, Дзербічы, Дуброўка, Жабін, Захарполь, Зацішша, Куракі, Курганы, Лесавая Буда, Ліпа, Лукомскія Паплавы, Маліноўскія Малынічы, Меркулавічы, Нісімкавічы, Ніўкі, Новыя Малынічы, Падасоўе, Плюсішча, Пустынкі, Роўкавічы, Рудня-Барталамееўская, Рудня-Дудзіцкая, Рудня-Нісімкавіцкая, Свяцілавічы, Фундамінка, Чарняўскія Малынічы, Чачэрск, Шапатовіцкія Паплавы, Шаламея, Шапатовічы, Шылавічы, Шырокае, Юзін.

У жніўні 1909 г. чачэрскую парафію наведаў біскуп Данісевіч, які візітаваў парафіі Магілёўскай губерні. Ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 321 верніку.

У 1916 г. у Чачэрску разам з пробашчам Ільгіным працавалі святары Сухецкі і Кавінскі. Ксёндз Сухецкі быў камандзіраваны кіраўніком Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Цеплякам для абслугоўвання бежанцаў католікаў. У лісце біскупа пробашчу Ільгіну ад 4 лістапада 1915 г. гаварылася:

«Пану пробашчу чачэрскага касцёла. Рэгенс Сандамірскай рыма-каталіцкай кансісторыі і прафесар Сандамірскай дыяцэзіяльнай семінарыі ксёндз Станіслаў Сухецкі камандзіраваны мною ў Рагачоўскі павет у распараджэнне мясцовых пробашчаў для абслугоўвання рэлігійных патрэбаў бежанцаў католікаў. Даводзячы гэта да Вашага ведама, прапаную Вам праз месяц паведаміць мне аб колькасці бежанцаў у даручанай Вам парафіі для вырашэння пытання аб неабходнасці прадоўжыць камандзіроўку»51.
51 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 1048. — Л. 27.
У 1916 г. парафіі належалі капліцы ў Аношках, Акшынцы, Асоўі, Лукомскіх Паплавах, Нямковіча (хутчэй за ўсё гэтая капліца тады ўжо не існавала), Рудні-Барталамееўскай, Рудні-Нісімкавіцкай і Ухове52.
52 Direktorium Divini Officii et Missarum pro Archidioecesi Mohyloviensi nec non pro Dioecesi Minscensi in Annum Domini 1917. — Piotrogród, 1916. — S. 157.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка