Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны




старонка1/17
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.9 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17
Уладзімір Васькоў

Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны

Гісторыя Гомельскага рыма-каталіцкага дэканата


Аўтар ідэі — А. В. Белы.


Навуковыя рэдактары:

гісторык, доктар гуманітарных навук (PhD) А. В. Белы,

кандыдат гістарычных навук В. С. Пазнякоў.
Рэцэнзент:

гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Я. Р. Малікаў.

Адроджанаму Гомельскаму дэканату Пінскай дыяцэзіі

Рыма-каталіцкага Касцёла прысвячаецца



Васькоў, У.

В... Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны : Гісторыя Гомельскага


рыма-каталіцкага дэканата / У. Васькоў. — Мінск : Про Хрысто, 2010. — 560 с.,
[16] арк. іл.

ISBN 978-985-...............................


Манаграфія «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны» расказвае аб узнікненні каталіцтва на Гомельшчыне. На старонках кнігі апісваецца гісторыя парафій Гомельскага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла. Ідэя кнігі належыць беларускаму гісторыку А. Беламу, які задумаў выдаць серыю кніг Conscius Mei па гісторыі ўсіх каталіцкіх дэканатаў, якія размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі. У гэтай серыі ўжо ўбачылі свет кніга пра Лепельскі дэканат «Святы Казімір у Паазер’і» і праца гродзенскіх гісторыкаў А. Вашкевіча і Дз. Нарэля «Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай», у якой апісваецца гісторыя парафій Сапоцкіншчыны.

УДК ..................

ББК ..................

© Васькоў У., 2010

ISBN 978-985-.................... © Афармленне. УП «Выдавецтва «Про Хрысто», 2010

Адроджанаму Гомельскаму дэканату Пінскай дыяцэзіі

Рыма-каталіцкага Касцёла прысвячаецца

ЗМЕСТ
СЛОВА ДА ЧЫТАЧА
Частка І

Раздзел І. КАТАЛІЦТВА ВА УСХОДНЯЙ ГОМЕЛЬШЧЫНЕ



1. Гісторыя каталіцтва ва ўсходняй Гомельшчыне

2. Моўнае пытанне ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Гомельшчыне

Раздзел ІІ. ГОМЕЛЬСКАЯ ПАРАФІЯ

1. Гомель у ХІІ–ХVІ стст.

2. Каталіцтва ў Гомелі ў XVII–XVIII стст.

3. Мітрапаліт Станіслаў Ян Богуш-Сестранцэвіч

4. Каталіцтва ў Гомелі ў другой палове XVIII – першай палове ХІХ ст.

5. Справа ксяндза Дубраўскага

6. Гомель і парафія ў сярэдзіне ХІХ ст.

7. Гомельская парафія і дэканат пры ксяндзу Пятроўскім (1870–1911 гг.)

8. Каталіцтва ў Гомелі на пачатку ХХ ст.

9. Першая сусветная вайна і рэвалюцыі 1917 г.

10. Жыццё парафіі пры cаветах у 1919–1922 гг.

11. Канфіскацыя літургічных рэчаў з гомельскага касцёла ў 1922 г.

12. Гомельская парафія ў 1920–1930 гг.

13. Рэпрэсіі супраць католікаў у Гомелі

14. Гомельская парафія ў 2-й палове ХХ – пачатку ХХІ ст.

15. Населеныя пункты, у якіх існавалі капліцы гомельскай парафіі

Раздзел ІІI. ЧАЧЭРСКАЯ ПАРАФІЯ

1. Чачэрск і парафія да сярэдзіны ХІХ ст.

2. Справа рамонту чачэрскага касцёла ў 1852–1858 гг.

3. Чачэрская парафія пасля 1863 г.

4. Парафія пры саветах

5. Населеныя пункты, у якіх існавалі капліцы чачэрскай парафіі

Раздзел IV. ХAЛЬЧАНСКАЯ ЕЗУІЦКАЯ МІСІЯ. РAДУЖСКАЯ ПАРАФІЯ. ФІЛІЯ РУДНЯ-ШЛЯГІНА

1. Хальчанская езуіцкая місія

1.1. Маёнтак Хальч

1.2. Гісторыя Хальчанскай езуіцкай місіі

2. Радужская парафія



3. Філія Рудня-Шлягіна

3.1. Гісторыя філіі Рудня-Шлягіна

3.2. Рудня-Шлягіна

3.3. Ухова

3.4. Рудня-Стаўбунская

Раздзел V. ЛЮШАЎСКАЯ ПАРАФІЯ

1. Гісторыя люшаўскай парафіі

2. Рэпрэсіі супраць католікаў у Люшаве

3. Вікторынская капліца

Раздзел VI. АНТУШАЎСКАЯ ПАРАФІЯ

1. Гісторыя антушаўскай парафіі

2. Антушаўская шляхта

3. Гісторыя каталіцтва на Жлобіншчыне

Раздзел VІI. ГРОСВЕРДЭРСКАЯ ПАРАФІЯ

Раздзел VІІI. ПАРАФІІ, ДАЛУЧАНЫЯ ДА ГОМЕЛЬСКАГА ДЭКАНАТА ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

1. Рагачоўская парафія

2. Рэчыцкая парафія



3. Светлагорская парафія

Раздзел IX. ГРЭКА-КАТАЛІЦТВА НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ


Частка ІІ

Раздзел І. КАТАЛІЦКІЯ СВЯТАРЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ



1. Святары езуіты, якія працавалі ў Гомелі, Хальчы (Радузе), Чачэрску і Шарсціне

2. Святары іншых ордэнаў і дыяцэзіяльныя

3. Удзельнік паўстання 1831 года ксёндз Ян Юшкевіч

4. Святары, рэпрэсаваныя за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг.

5. Святары, рэпрэсаваныя савецкімі ўладамі

Раздзел ІІ. АСОБЫ КАТАЛІЦКАГА І ПОЛЬСКАГА ПАХОДЖАННЯ, РЭПРЭСАВАНЫЯ САВЕЦКІМІ ЎЛАДАМІ

Раздзел ІІІ. ВЯДОМЫЯ АСОБЫ КАТАЛІЦКАГА ПАХОДЖАННЯ З ГОМЕЛЬШЧЫНЫ
ДАДАТКІ

Дадатак 1. Вытрымка з Акта візітацыі гомельскага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (1819 г.)

Дадатак 2. Стуктура каталіцкіх сем’яў Гомеля ў другой палове ХІХ ст.

Дадатак 3. Прозвішчы і імёны чачэрскіх католікаў ХІХ ст.

Дадатак 4. Спіс Гулевічаў, высланых у Прыамур’е і рэпрэсаваных

Дадатак 5. Вытрымка з дакумента аб візітацыі Радужскай парафіі, а таксама капліцаў, якія да яе належаць, ад 15 кастрычніка 1852 г.

Дадатак 6. Генеалагічнае дрэва роду Антушэвічаў

Дадатак 7. Пастанова аб арышце кс. Кунды

Дадатак 8. Анкета арыштаванага кс. Кунды

Дадатак 9. Абвінаваўчае заключэнне па справе кс. Кунды

ІМЯННЫ ПАКАЗАЛЬНІК СВЯТАРОЎ

КРЫНІЦЫ


СЛОВА ДА ЧЫТАЧА
У кнізе «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны» расказваецца пра ўзнікненне каталіцтва на Гомельшчыне. На старонках манаграфіі апісваецца гісторыя парафій Гомельскага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла.

Ідэя напісання кнігі належыць беларускаму гісторыку А. Беламу, які задумаў выдаць серыю кніг Conscius Mei аб гісторыі ўсіх каталіцкіх дэканатаў на Беларусі. У гэтай серыі ўжо пабачыла свет кніга «Святы Казімір у Паазер’і» пра Лепельскі дэканат і кніга «Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай» гродзенскіх гісторыкаў А. Вашкевіча і Дз. Нарэля, у якой апісваецца гісторыя парафій Сапоцкіншчыны.

Гісторыя Гомельшчыны, не толькі канфесійная але і агульная, дасюль мала даследаваная. У ХІХ–ХХ стст. гісторыя Гомеля і яго ваколіцаў закраналася ў нешматлікіх гістарычных працах, а даследаванні, цалкам прысвечаныя Гомельшчыне, увогуле рэдкасць. З дарэвалюцыйных аўтараў, якія пісалі пра Гомель, варта прыгадаць Л. Вінаградава і Ф. Жудро, І. Сербава і Дз. Даўгялу. З сучасных — А. Макушнікава, А. Рогалева, В. Пічукова, М. Старавойтава і А. Яшчанку. Кніга «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны» — гэта адно з нешматлікіх сучасных даследаванняў, цалкам прысвечанае гісторыі Гомельшчыны. Акрамя таго, яно змяшчае больш за 130 біяграфій і біяграм святароў, якія працавалі на тэрыторыі дэканата, а таксама некалькі сотняў біяграм рэпрэсаваных савецкай уладай асобаў каталіцкага паходжання.

Пра Гомельшчыну часта гаворыцца як пра тэрыторыю, дзе каталіцтва не мае моцных каранёў і з’яўляецца чужародным элементам. Але такое меркаванне, безумоўна, памылковае, бо на тэрыторыі некалькіх раёнаў усходняй Гомельшчыны (Гомельскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Жлобінскі і Чачэрскі) існуюць дзесяткі населеных пунктаў, гісторыя якіх звязана з Гомельскім рыма-каталіцкім дэканатам і ў якіх у розныя часы было каля 40 каталіцкіх аб’ектаў — касцёлаў, капліцаў, місій і кляштараў.

Дасюль на Гомельшчыне існуюць цалкам каталіцкія вёскі, жыхары якіх гавораць на той жа мове, што і ў суседніх праваслаўных вёсках, і не адрозніваюцца ад сваіх праваслаўных суседзяў побытам. Усё гэта сведчыць пра тое, што каталіцтва на гомельскіх землях мае шматвяковую традыцыю і глыбокія карані ў мясцовай культуры.

Крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя ў працы над кнігай, можна ўмоўна падзяліць на некалькі катэгорый: 1) архіўныя дакументы з рускіх і беларускіх архіваў; 2) даследаванні і іншыя друкаваныя крыніцы, у якіх закраналася тэма рэлігійнай гісторыі Гомельшчыны (у спасылках на іх, як правіла, акрамя назвы і прозвішча аўтара падаюцца і выкарыстаныя ім крыніцы); 3) інфармацыя з Інтэрнэта; 4) матэрыялы палявых даследаванняў (экспедыцыі ў вёскі Рудня-Стаўбунская, Хальч і горад Чачэрск).

У асноўным у кнізе выкарыстоўваліся архіўныя дакументы з Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу (РГИА) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску (НГАБ). Цытаты з дакументаў падаюцца, як правіла, у беларускім перакладзе.

Выкарыстаныя здымкі А. Белага, У. Васькова, Э. Васьковай, А. Дыбоўскага, Я. Малікава, С. Мохаравай, М. Новікава, А. Раманчанкі, Дз. Раманюка, М. Уласюка, К. Шастоўскага, а таксама здымкі і ілюстрацыі з НГАБ, РГИА, архіва гомельскага касцёла, асабістых архіваў А. Калюжнага, Г. Кацубы, С. Мохаравай, А. Срэбракоўскага, В. Яўстраценкі, сайтаў RootsWeb.com (Пошук вашых каранёў), «Всё о Гомеле», «Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі» і інш.

Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў працы над кнігай гомельскаму дэкану ксяндзу Славаміру Ляскоўскаму, а таксама ксяндзу Гжэгажу Худэку, ксяндзу Тадэвушу Саморэку, Віктару Адзіночанку (Гомель), Ігару Войнічу (Мінск), Уладзіславу Вяроўкіну (Мінск), Юрыю Дразду (Мінск), Алегу Калюжнаму (Люберцы), Алесю Карцелю (Варшава), Галіне Кацубе (Мінск), Валянціне Лебедзевай (Гомель), Андрэю Лебедзеву (Гомель), Леаніду Маракову (Мінск), Святлане Мохаравай (Гомель), Міхаілу Папову (Мінск), Дзянісу Салашу (Мінск), Аляксандру Срэбракоўскаму (Вроцлаў), Міхаілу Уласюку (Гомель), Канстанціну Шастоўскаму (Мінск) і Валерыю Яўстраценку (Кіеў).

Аўтар


Частка І

Раздзел І. КАТАЛІЦТВА ВА УСХОДНЯЙ ГОМЕЛЬШЧЫНЕ
1. Гісторыя каталіцтва ва ўсходняй Гомельшчыне
Гомельскі дэканат1 Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі, які існаваў з канца XVIII ст. да 20-х гг. ХХ ст. і да 1853 г. называўся Беліцкім, знаходзіўся на тэрыторыі Панізоўя2 і старажытнай Севершчыны3. Першапачаткова дэканат складаўся з парафій у Гомелі, Люшаве (Буда-Кашалёўшчына), а таксама ў Нежыне і Гросвердэры Чарнігаўскай губерні. Пазней у яго склад увайшлі чачэрская і радужская парафіі (Веткаўшчына), антушаўская парафія (Рагачоўшчына), ромненская парафія (Палтаўская губ.) і на нейкі час палтаўская і харкаўская парафіі.
1 Дэканат — тэрытарыяльная адзінка Рыма-каталіцкага Касцёла, якая складаецца з некалькіх парафій.

2 Гістарычны рэгіён, у які ўваходзілі Асцёр, Гомель, Крычаў, Любеч, Прапойск, Рагачоў, Рэчыца, Чачэрск. Так гэты рэгіён названы ў «Суплікацыі» праваслаўнай шляхты ад 1623 г.: «Krzyczew, Czeczersk, Propojsk, Rohaczew, Homel, Ostr, Rzeczyca, Lubecz etc. na Ponizowiu». Гл. Supplicatia do przeoswieconego i jasnie wielmoznego przezacney korony Polskiej i W. X. Lit. oboiego stanu duchownego i swieckiego senatu: w roku tym terazniejszym 1623 do Warszawy na seym walny przybyłego. Od obywatelow koronnych i W. X. Lit. wszystkich i w obec, i każdego z osobna: Ludzi zwołania szlacheckiego, relligiey starożytnej graeckiej, posłuszenstwa wschodniego. // Документы объясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше. — Санкт-Петербург, 1865. — С. 292.

3 Гістарычны рэгіён, у які ўваходзілі Бранск, Гомель, Ноўгарад-Северскі, Пачэп, Пуціўль, Старадуб, Трубчэўск, Чарнігаў.

Гісторыя парафій дэканата, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны, у кнізе не разглядаецца (за выключэннем раздзела аб гросвердэрскай парафіі). Трэба адзначыць, што, у адрозненне ад беларускай часткі дэканата, вернікамі украінскіх парафій дэканата пераважна былі немцы-каланісты і мігранты з іншых тэрыторый Расійскай імперыі.



Беларусь заўсёды адрознівалася ад суседніх Расіі і Украіны канфесійнай структурай насельніцтва. Калі ў Расіі і на Украіне сярод мясцовага насельніцтва распаўсюдзіўся ўсходні абрад хрысціянства, то ў Беларусі развіўся таксама і заходні4. Гэты феномен поліканфесійнасці і сінтэзу культурных традыцый, якія адначасова абапіраліся і на лацінскую, і на візантыйскую спадчыну, стаў спецыфічным элементам беларускай гісторыі, фактам, з якога зыходзілі яе разнастайныя тлумачэнні і інтэрпрэтацыі5. Гэты элемент аказаў вялікі ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці жыхароў як усёй Беларусі, так і, у прыватнасці, беларускай часткі Севершчыны (сучаснай усходняй Гомельшчыны), гісторыя станаўлення, заняпаду і адраджэння каталіцтва ў якой і разглядаецца ў кнізе.
4 Так, расійскі палітолаг украінскага паходжання Андрэй Окара піша: «Белорусы — это единственный восточнославянский народ, имеющий собственную национальную версию римо-католичества. Если Украина вся признает восточный христианский церковный обряд (пускай даже в рамках греко-католичества), то значительная часть белорусов (на данный момент — порядка 2 миллионов) — римо-католики, со всеми вытекающими отсюда последствиями»: Окара, А. Н. Беларусь в отсутствие третьей альтернативы // Русский Журнал [Электронны рэсурс] — http://www.russ.ru. — 14.11.2001.

5 Туронак, Ю. Фарміраванне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387–1781 гадах // Наша вера. — 1995. — № 1.
Пачатак сталай прысутнасці каталіцтва на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) прыпадае на перыяд заключэння Крэўскай уніі 1385 г., пасля якой у 1387 г. князь Ягайла хрысціў Літву. У 1387 г. была створана Віленская каталіцкая дыяцэзія6 (біскупства). У канцы XIV – пачатку XV ст. былі выдадзены асноўныя акты дзяржаўнай улады, якімі стваралася прывілеяванае становішча Каталіцкага Касцёла ў ВКЛ: перадача яму вялікіх зямельных уладанняў, поўны імунітэт касцёльнай маёмасці ў фінансавых і судовых адносінах. У гэты перыяд Рыма-каталіцкі Касцёл пачаў адыгрываць найважнейшую ролю ў дзяржаве.
6 Дыяцэзія — асноўная тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць біскуп.
Віленскае біскупства ў касцёльна-адміністрацыйных адносінах было падпарадкавана Гнезненскаму арцыбіскупу7, прымасу8 Рыма-каталіцкага Касцёла ў Польшчы. Тэрыторыя Віленскага біскупства ахоплівала Аўкштайцію9 і беларускія землі, апрача Палесся (раёнаў Брэста і Пінска), якое ўваходзіла ў склад Луцкага біскупства. Да Люблінскай уніі 1569 г. і ў першыя дзесяцігоддзі пасля яе амаль усе касцёлы і кляштары Беларусі знаходзіліся на захад ад лініі Браслаў — Паставы — Вілейка — Мінск — Нясвіж — Пінск (у гістарычнай Літве). На ўсход ад гэтай лініі існавалі толькі адзінкавыя касцёлы (у Віцебску, Полацку, Слуцку і Абольцах каля Оршы) або іх зусім не было да пачатку XVII ст., як напрыклад, на Дняпры10.
7 Арцыбіскуп — ганаровы тытул, які надаецца біскупам найбольш значных дыяцэзій з IV ст. ва Усходнім Касцёле і з VI ст. ў Заходнім Касцёле. У наш час у Каталіцкім Касцёле гэты тытул часцей за ўсё маюць мітрапаліты, а таксама біскупы, якія займаюць высокія пасады ў Ватыкане.

8 Прымас — першы па сану і правах біскуп у Каталіцкім Касцёле пэўнай краіны.

9 Аўкштайція — паўднёвы захад і цэнтр сучаснай Літоўскай Рэспублікі.

10 Грыцкевіч, А. Уніяцкія тэндэнцыі i уніяцкая царква на Беларусі ў ХV–ХVIII стагоддзях // Хрысціянская думка. — 1993. — №1 (212).
Гомель з навакольнымі землямі ўвайшоў у склад ВКЛ прыкладна каля 1335 года. Праз паўстагоддзя, у 1391 г., да віленскага капітула11 была прыпісана буйная воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй вусця Бярэзіны12. Вялікі князь Вітаўт 3 красавіка 1399 г. узгадаў Стрэшын у сваёй даравальнай грамаце віленскім канонікам13, аддаючы апошнім «зямлю березынскую» паміж Стрэшынам і Рагачовам. У грамаце гаварылася: «Мы, великий князь Витовт, даем веданье всем, кто на сей лист узозрить или слышить. Дали есмо землю кановников виленским на имя березынская к Стрешину, што были есмо дали князю Юрью толочку от Рогочева оттойма. А в ту землю первописаную не уступатися никому, а ни рогачевцам, а ни иному кому, ниж держать кановником виленским к Стрешин вечно, непорюшно, никимже. А на то на все дали есмо на крепость сей лист и печать свою велели привесити. А писано у Троцех у четверг по велице дни под леты по рожстве господни 1000 и 300 и 9 десят и 9»14.
11 Капітул — калегія духоўных асоб, якія знаходзяцца пры біскупскай кафедры.

12 Насевіч, В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск, 1993.

13 Канонік — у Каталіцкім Касцёле святар, які падпарадкоўваецца пэўнаму статуту, але не дае манаскіх абяцанняў.

14 Белоруссия в эпоху феодализма. — Мінск, 1959. — Т. 1. — С. 110.
Стрэшынская воласць лічылася сталовай, гэта значыць, што даходы з яе ішлі на патрэбы ўсяго капітула (у адрозненне ад прэстыманіяльных маёнткаў, даходы ад якіх ішлі асобным сябрам капітула). У склад маёнтка Стрэшын у ХVI ст. уваходзіла 14 вёсак (Стрэшын, Саланое, Губічы, Праскурні, Верхняя Алба і інш.), у тым ліку і вёска Скепня Гомельскай воласці15. Цалкам верагодна, што стрэшынскія падданыя капітула надалей заставаліся праваслаўнымі, бо касцёл у Стрэшыне быў пабудаваны толькі ў пачатку XVII ст. Солтанамі і служыў іх родавай пахавальняй.
15 Насевіч, В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск, 1993.
Падданыя Стрэшынскай воласці падзяляліся на тры катэгорыі. Большая частка (у 1538 г. гэта было 107 гаспадарак са 149) плацілі мядовую даніну; 23 гаспадаркі плацілі даніну грашыма (proventus peccuniaris); 19 гаспадарак, якія былі найбольш беднымі (чарнакунцы, або каморнікі), уносілі 15 грошаў у якасці куніцы. Даннікі Стрэшынскай воласці былі арганізаваны ў палавіцы мядовыя. Налічвалася 10 такіх палавіцаў, на кожную прыпадала 10–11 гаспадарак. Даніна, якую плацілі з палавіцы, называлася лукно. Аб’ём лукна раўняўся 12 медніцам (медніца — прыкладна 25 кг). Калі гэтую даніну перавесці ў грашовы эквівалент, то атрымліваецца, што ў ХVI ст. адна стрэшынская сям’я плаціла прыкладна 33,6 гроша (для параўнання: карова ў тыя часы каштавала каля 100 грошаў).

Акрамя мёду, кожная стрэшынская палавіца мела яшчэ шэраг дадатковых павіннасцяў. Адной з іх было налуконнае — відаць, грашовая даплата ўрадніку (цівуну), які займаўся зборам мёду. Гэтая даплата раўнялася 50 вузкім грошам з лукна, а палавіцы, якія валодалі аддаленымі дзялянкамі на левабярэжжы Дняпра, плацілі двайную даплату ў 100 грошаў. Таксама існавала плата за баброў (pro castore), якая складала 15 грошаў са звычайных палавіцаў і па 30 з аддаленых. Далей ішла плата за воск (ад 7 да 12 грошаў), куніца (6 грошаў), плата за карыстанне дадатковымі ворнымі дзялянкамі ў лесе — астравамі (ад 9 да 18 грошаў).

Шэраг дадатковых плацяжоў размяркоўваўся не па службах, а па сёлах (вёсках). Незалежна ад памераў кожнае сяло плаціла або 16 грошаў, або 2 бязмены воску. Таксама існавала плата аўсом у колькасці ад 2 да 6 мераў (смыраў), ці грашовы эквівалент — 2 грошы за меру. Існавала плата ільном (20 вязак), просам і курамі. Замест старажытных павіннасцяў бралася грашовая плата: па 40–42 грошы язоўшчыны, 10 грошаў невадоўшчыны, 15–30 грошаў лоўшчыны, 40 грошаў узамен за падводную павіннасць, 6–12 грошаў карабоўшчыны. Існавала павіннасць прапой — плата за права вырабу піва ці хмяльнога мёду — 40 грошаў з сяла і некаторыя іншыя платы.

Яшчэ адна група плацяжоў размяркоўвалася індывідуальна. З кожных трох агнішчаў трэба было плаціць па 6 грошаў агнёўшчыны, а з кожнага дыма15 — па цясновай куніцы ў памеры 6 грошаў (2 разы на год). За вызваленне ад абавязку вартаваць на панскім двары трэба было заплаціць вавёрку старажоўскую, а ў выпадку шлюбу — вавёрку шлюбную. Пасля Вялікадня збіраўся плацёж раданічнае, які, верагодна, быў своеасаблівым выкупам за права праводзіць у касцёльным маёнтку паганскі абрад памінання продкаў — Радаўніцу. З адной гаспадаркі браўся 1 грош, з беднай гаспадаркі — паўгроша. Агульная сума павіннасцяў стрэшынскага данніка складала 60 грошаў на год17.


16 Дым — гаспадарка, адзінка падатковага абкладання.

17 Носевич, В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. — Мінск, 2004. — С. 72–73.
Трэба зазначыць, што ў час знаходжання ўсходняй Гомельшчыны ў складзе ВКЛ асноўная частка нешматлікага насельніцтва заставалася праваслаўнаю. Католікамі былі толькі асобныя шляхецкія сем’і, жаўнеры гарнізонаў, дзяржаўныя служачыя.

Касцёлы ва ўсходняй Гомельшчыне пачынаюць з’яўляцца ў першай палове XVII ст.: у 1631 г. кароль Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў пабудову касцёла ў Гомелі18, блізка да гэтага часу з’явіўся фундаваны Солтанамі касцёл у Стрэшыне (паводле інвентара, існаваў ужо ў 1628 г.), у 1687 г. тымі самымі Солтанамі быў узведзены драўляны касцёл у Люшаве, прыкладна тады ж пабудаваны касцёл у Чачэрску.


19 Российский государственный исторический архив (далей — РГИА). Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2588. — Л. 59 об.
У гэты перыяд узніклі касцёлы і на Старадубшчыне. Гісторык Андрэй Катлярчук у сваёй працы «Беларусы Бранскага краю. Этнічная гісторыя і сучаснасць» піша пра ўзнікненне касцёлаў на землях Севершчыны на ўсходзе ад Гомеля ўжо пачынаючы з 1618 года. Пры гэтым ён спасылаецца на кнігу «Свод памятников архитектуры и монументального искусства России: Брянская область» (Масква, 1998).

У прыватнасці, А. Катлярчук піша наступнае: «На паўночным захадзе Браншчыны паміж шматлікімі помнікамі расійскай і ўкраінскай архітэктуры захавалася некалькі помнікаў беларускага дойлідства. Па-першае, гэта мураваныя касцёлы, узведзеныя ў 1618–1648 гг., калі захад Браншчыны зноў увайшоў у склад ВКЛ. На сёння захаваліся: моцна разбураная Праабражэнская царква («касцёл», як кажуць людзі) у Трубчэўску, пабудаваная ў 1640 г., аб чым сведчыў надпіс на муры; значна перабудаваная царква св. Ганны ў Погары (пачатак ХVІ ст.), таксама былы касцёл»20.


20 Катлярчук, А. Беларусы Бранскага краю // Arche. — 2001. — № 2 (16).
Пра касцёл у Трубчэўску ў вышэйзгаданай кнізе, сапраўды, гаворыцца (с. 565), а вось пра касцёл у Погары там няма ні слова. Магчыма, А. Катлярчук узяў гэтую інфармацыю з нейкай іншай крыніцы.

Захаваліся звесткі і пра заснаванне ў 1635 г. у Старадубе кляштара і касцёла21, якія належалі францішканам. Касцёл быў пабудаваны ў гатычным стылі22.


21 Поклонский, Д. Р. Стародубская старина. XI–XIX вв.: Ист. очерки. — Клинцы, 1998. — Кн. I.

22 Метельский, Г. В. Листья дуба. — Москва, 1974; Цапенко, М. П. Земля Брянская. — Москва, 1972.
Развіццё парафіяльнай сеткі на ўсходзе Беларусі было выклікана, галоўным чынам, канфесійнай трансфармацыяй мясцовай шляхты. Шляхту пасля заняпаду рэфармацыі не прываблівалі ані праваслаўе, ані уніяцтва, якое трактавалася як «мужыцкая вера» і па рытуалах амаль не адрознівалася ад праваслаўя. Жаданай альтэрнатывай станавілася каталіцтва, якое мела характар пануючай дзяржаўнай канфесіі. Сваю значную ролю адыгрывала асветніцкая дзейнасць Касцёла, якая стварала перспектыву для інтэлектуальнага развіцця шляхты. Неафіты з ліку заможнай шляхты рабілі шматлікія шчодрыя ахвяраванні на карысць Каталіцкага Касцёла, асабліва каталіцкіх ордэнаў, прысутнасць якіх у Беларусі на працягу XVII–XVIII стст. пастаянна ўзрастала23.
23 Туронак, Ю. Фарміраванне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387–1781 гадах // Наша вера. — 1995. — № 1.
Каталіцкія ордэны актыўна разгортвалі духоўную і асветніцкую дзейнасць, якая спрыяла паланізацыі і акаталічванню шляхецкай моладзі. Ва ўсходняй Гомельшчыне актыўна дзейнічалі езуіты. Ордэн езуітаў (Таварыства Езуса) быў заснаваны 17 верасня 1540 г. пры папе Паўлу ІІІ Ігнацыем Лаёлам, які і стаў першым генералам-прэпазітам. Езуіты на землях ВКЛ пачалі працаваць у другой палове XVI стагоддзя. Першы іх калегіум быў адчынены ў Вільні ў 1570 годзе.

Езуіцкія місіі існавалі ў Гомелі, Хальчы, Чачэрску і Шарсціне. Гомельская, Хальчанская (у маёнтку Халецкіх) і Шарсцінская місіі былі заснаваны езуітамі Бабруйскай рэзідэнцыі. Місіі ў Гомелі і Шарсціне існавалі параўнальна кароткі час, а Хальчанская і Чачэрская дзейнічалі амаль цэлае стагоддзе, да самага выгнання езуітаў з Расійскай імперыі ў 1820 годзе.

Езуіты вялі місіянерскую работу або ў парафіяльных касцёлах, або непасрэдна ў вёсках. Місіі ў парафіяльных касцёлах доўжыліся ад трох да чатырох тыдняў. Заняткі (навука) праводзіліся два разы на дзень: ранкам і ўвечары. Набажэнства адбывалася пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце. Для моладзі і старэйшых праводзілася катэхізацыя.

Місіі непасрэдна ў вёсках (missio pure ruralis) езуіты налажвалі ў гаспадарчых будынках, якія для гэтай мэты адпаведным чынам рыхтаваліся, у цэнтры вёскі. Людзі, пераважна прыгонныя, збіраліся на бой звона 2 разы на дзень, раніцай паміж 6-й і 7-й гадзінамі і ўвечары пасля заканчэння палявых работаў. Апоўдні збіраліся толькі дзеці на катэхізацыю. Шмат часу адводзілася на малітвы і спевы, якія павінны былі замацоўваць у памяці казанні. Пасля гэтага вывучалі галоўныя праўды веры і хрысціянскія абавязкі. Місія доўжылася не менш за тыдзень і заканчвалася споведдзю і святой Камуніяй. Місіянер быў абавязаны супрацоўнічаць з уласнікам вёскі, ад якога мусіў мець дазвол на ўдзел у рэлігійных занятках прыгонных сялянаў, хоць бы і коштам іх абавязковай працы на панскіх палетках. У нядзелю і святы рэлігійныя заняткі ў вёсцы перапыняліся і пераносіліся ў парафіяльны касцёл. Місіянеры часта карысталіся ўжо гатовымі канспектамі, напрыклад, рукапісамі Мікалая Леановіча (латыша па паходжанні), місіянера ў Хальчы.

Дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, а таксама павелічэнне колькасці касцёлаў і капліцаў у маёнтках не выклікалі, аднак, значнага пашырэння каталіцтва лацінскага абраду сярод мяшчанства і сялянства Усходняй Беларусі, якія ў XVII–XVIII стст. належалі пераважна да грэка-каталіцкай Царквы. У значнай ступені на гэта паўплывала выдадзеная Апостальскаю Сталіцаю ў 1624 г. забарона пераходу з усходняга абраду на лацінскі без папярэдняга дазволу. Гэтая забарона выклікала пратэсты мясцовай «рускай» шляхты і ёю ўсяляк абміналася, аднак яна павінна была ўлічвацца рыма-каталіцкімі святарамі. Такім чынам, езуіты маглі весці місійную дзейнасць сярод іншаверцаў, да якіх залічваліся і праваслаўныя, але спробы перацягвання грэка-католікаў у лацінскі абрад часта выклікалі ўмяшанне грэка-каталіцкага духавенства. Здаралася, што такія канфлікты заканчваліся ў касцёльных судах. Такім чынам, нягледзячы на некаторую непаслядоўнасць, да падзелаў Рэчы Паспалітай унія была перашкодаю, якая стрымлівала масавае акаталічванне сялянства і мяшчанства24. Аднак адзначым, што менавіта каталіцкія святары, як маглі, спрыялі пашырэнню уніі на землях Гомельшчыны.
24 Тамсама.
Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі расійскія ўлады тэрмінова прыступілі да кадыфікацыі прававых нормаў дзейнасці Касцёла ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і палітыкай, скіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады ўзялі на сябе абавязацельства ахоўваць свабоду каталіцкага веравызнання, але ўмовай для гэтага было прыняцце прысягі на вернасць. У трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай (ад 11 ліпеня 1793 г.) Кацярына ІІ абвясціла «за себя, наследников преемников своих… оставить римских католиков обоих церковных обрядов на вечные времена при спокойной принадлежности преимуществ, собственности и церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка и при всех правах к оному принадлежащих»25.
25 Трактат между Ея Величеством Императрицею Всероссийскою с одной стороны и Его Величеством Королём и Яснейшею Речью Посполитою Польским с другой, заключённый и подписанный в Гродне, июля 11/22 дня 1793 года // Восточная литература [Электронны рэсурс] — http://www.vostlit.info.
Усе спробы Рыма наладзіць кананічныя сувязі з Касцёлам у Расіі разглядаліся ўладамі як спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы імперыі. Кацярына ІІ указамі ад 14 снежня 1772 г., 26 студзеня 1782 г. і 6 верасня 1795 г. забараніла абвяшчаць у імперыі папскія булы без «высочайшего утверждения». Указамі ад 3 ліпеня 1779 г., 9 студзеня 1780 г., 28 лютага 1784 г. і іншымі Кацярына ІІ абмежавала, а потым і наогул забараніла ўсялякія сувязі каталіцкага духавенства з замежжам і загадала выконваць загады толькі імператарскай улады і Сената.

У канцы XVIII ст. арцыбіскуп С. Богуш-Сестранцэвіч здзейсніў у Магілёўскай архідыяцэзіі рэарганізацыю дэканатаў у адпаведнасці з павятовымі межамі. У пачатку ХІХ ст. у архідыяцэзіі налічвалася 29 дэканатаў. Асноўная іх частка знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Цэнтрамі дэканатаў былі Бабінавічы, Віцебск, Гомель (Беліцкі дэканат), Дрыса, Копысь, Лепель, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Полацк, Рагачоў, Рэчыца, Сянно, Чавусы і інш.

У Беліцкім (Гомельскім) дэканаце ў 1803 г. налічвалася 4 парафіі: гомельская, нежынская, люшаўская і гросвердэрская26 (табл. 1). Неўзабаве люшаўская парафія была перададзена на некаторы час іншаму, верагодна, Быхаўскаму дэканату.
26 РГИА. Ф. 822. — Оп. 12. — Д. 2590. — Л. 11–12 об.
Табліца 1. Беліцкі дэканат у 1803 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


У сярэдзіне ХVIII–пачатку ХІХ ст. пераважную частку католікаў на Гомельшчыне складала дробная шляхта. Другой буйной групай былі сяляне-католікі, асноўная частка якіх кампактна жыла ў вёсках Рудня-Стаўбунская, Рудня-Нісімкавіцкая, Рудня-Шлягіна і некаторых іншых.

Зямянаў (буйных землеўладальнікаў) налічваўся толькі невялікі працэнт ад усіх католікаў Гомельшчыны, але яны валодалі значнаю часткаю зямлі. Гэта бачна на прыкладзе чачэрскай парафіі. Буйнымі землеўладальнікамі на Чачэршчыне ў ХІХ ст. былі Беліцкія (маёнтак Дварэц, 1 309 дзес.), Богушы (маёнтак Янова, 1 048 дзес.), Герарды (маёнтак Барталамееўка разам з Вераб’ёўкай 1 688 дзес.), Дзерналовічы (маёнтак Роўкавічы, 1 686 дзес.), Сіксцелі (маёнтак Рудня, 1 054 дзес.), Сулістроўскія (маёнтак Гута, 2 908 дзес.).

Значна больш было дробнай шляхты, якая жыла ў аколіцах27, а таксама валодала сярэднімі і невялікімі маёнткамі і фальваркамі. Вёска Асінаўка належала Сенажэцкім, Гарадок — Баркоўскім, Зарэчча — Стошу, Захарполле — У. Бішэўскаму, Меркулавічы — Забелам (582 дзес.), Ніўкі — А. Галіноўскаму (434 дзес.), Шапатовічы — Драбышэўскім.


27 Аколіца — маладворнае паселішча за мяжою абшчыннага вясковага поля, вызначанага валочнай памерай.
Малынічы складаліся з 4-х маёнткаў: Даманскіх, Маліноўскіх, Марачэўскіх, Шэлютаў. Даманскія валодалі 321 дзес., Маліноўскія — 359 дзес., Марачэўскія — 155 дзесяцінамі.

Каля аколіцы Бердыж было некалькі невялікіх маёнткаў: Антушэвічаў (105 дзес.), Міцкевічаў (167 дзес.), Шэлютаў (2 маёнткі: адзін разам з Малынічамі 360 дзес., другі – 187 дзес.). Некалькі маёнткаў мясцілася каля вёскі Будзішча. Яны належалі Вартманам, Васілеўскім, Ляцецкім.


іл. 1. Беларусы Магілёўскай губерні. Ілюстрацыя з кнігі «Живописная Россия» (Санкт-Пецярбург, 1882).
Невялікія маёнткі называлі фальваркамі. Яны былі спараджэннем валочнай рэформы і фігуруюць у дакументах з ХVІ ст.. Першапачаткова фальваркамі называлі толькі невялікія маёнткі, якія займаліся выпяканнем хлеба на продаж. Пазней назва «фальварак» замацавалася ўвогуле за дробнымі маёнткамі.

Цэнтрам фальварка з 1770 гг. быў сядзібны дом з ганкам на слупах і сенцамі. Злева і справа ад сенцаў анфіладай ішлі пакоі. Да ганка вяла алея, якая пераходзіла ў курданёр. Паабапал алеі, перад домам, знаходзіліся ляднік, свірны, сырніцы. За домам быў сад, далей — гаспадарчы двор. Калі меліся рэчка ці ручай, то там звычайна размяшчаліся бровар, піваварня, саладоўня. Асобна ставіліся гуменныя пабудовы28.


28 Лакотка, А. І. Пад стрэхамі прашчураў. — Мінск, 1995.
Як правіла, у фальварках жылі аканомы або арандатары вялікіх маёнткаў. Фальваркі мясціліся непадалёку ад вёскі ці вялікага маёнтка і часта мелі тую ж назву. На Чачэршчыне аднайменныя фальваркі былі побач з вёскамі Аляксандраўка, Барсукі, Валосавічы (фальварак Стахоўскіх, 575 дзес.), Залаўе, Ніўкі, Роўкавічы, Слабодка, Старыя Малынічы (фальварак Серафімовічаў, 103 дзес.), Сярэднія Малынічы (адзін фальварак належаў Кубліцкім, 118 дзес.). Побач са станцыяй і вёскай Салтанаўка знаходзіўся фальварак Салтанаўка. Побач з вёскай Асінаўка мясціліся 2 фальваркі з той жа назваю (адзін быў з 2-х дамоў, другі — з 4-х), побач з вёскай Дварэц — 3 фальваркі. Фальваркамі былі Дудзічы, Меркулавічы, Халочча, Шэрахаў (Сяльцо), Юзін (Крутое)29.
29 Дембовецкий, А. Опыт описания Могилевской губернии. — Могилев-на-Днепре, 1884. — Кн. 3. — С. 14–250.
Шляхта Гомельшчыны складалася з розных катэгорый. У канцы XVIII ст. шляхта (stan szlachecki) у Рэчы Паспалітай падзялялася на 4 катэгорыі: І — паўнапраўная шляхта (землеўласнікі, магнаты і шляхта на дзяржаўнай службе); ІІ — дробныя землеўладальнікі; ІІІ — чыншавая шляхта (сацыяльная група, якая займала прамежкавае становішча паміж шляхтай і сялянствам); IV — шляхта, занятая на прыватнай службе або на розных неземляробчых працах.
іл. 2. Шляхціц. Малюнак Яна Пятра Норбліна.
Амаль адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай аб’ектам пільнай увагі расійскіх уладаў стала шматлікая дробная шляхта (тры апошнія катэгорыі). Прычынай гэтага была яе велізарная, з пункту гледжання расійскіх чыноўнікаў, колькасць. Паводле ўрадавай тэрміналогіі, менавіта гэтая дробная шляхта з’яўлялася ўласна «шляхтай», а паўнапраўная шляхта (землеўласнікі, магнаты і шляхта на дзяржаўнай службе) — «дваранствам». 19 кастрычніка 1831 г. з’явіўся ўказ Мікалая І, які вызначаў тэрміны працэсу пераводу шляхты ў іншыя саслоўі. Шляхціцаў, якія не здолелі пацвердзіць сваю прыналежнасць да прывілеяванага саслоўя, пераводзілі ў так званыя аднадворцы, і да канца ХІХ cт. яны практычна былі прыраўнаваныя да сялянаў: «проживающие в селениях возвращенных от Польши губерний, не утвержденных в дворянстве и не пропустивших установленных для избрания рода жизни сроков, составляют свободных сельских обывателей, под названием однодворцев западных губерний»30.
30 Свод законов Российской империи. 1890 г. — Т. 9. — С. 677. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Чачэрскага раёна. — Мінск, 2000. — С. 77.
іл. 3. Тыпы польскай шляхты. Малюнак Яна Пятра Норбліна.
Шляхціцы-аднадворцы маглі валодаць зямлёй без сялянаў. Шмат шляхціцаў не мелі зямлі і мусілі арандаваць яе ў дваранаў-памешчыкаў. Гаспадарчыя работы яны выконвалі альбо самі, або з дапамогаю батракоў. Аднадворцы жылі, у асноўным, асобна. У цэлым жа для шляхецкага каталіцкага (як тады казалі, «польскага») насельніцтва характэрнай была наяўнасць паселішчаў рознага тыпу. Апроч вёсак, «палякі» пражывалі таксама і на хутарах, у аколіцах і засценках. Гэтыя тыпы паселішчаў склаліся ў папярэдні перыяд як месцы жыхарства шляхты — ваколічнай, засцянковай. Аколіцы (ад «околоти» — абкружаць, агароджваць) размяшчаліся побач з больш буйнымі вёскамі і звычайна мелі тую ж назву, што і вёска. У дарэвалюцыйны час аколіцы былі вельмі распаўсюджаныя. Напрыклад, у чачэрскай і радужскай парафіях Гомельскага дэканата аколіцамі былі Асоўе, Багдановічы, Бердыж, Гарысты, Глухаўка, Дубраўка, Куракі, Новыя Грамыкі, Падасоўе, Свяцілавічы, Старыя Грамыкі, Старыя Малынічы, Хізы, Ухова, Шапатовічы, Шапатовіцкія Паплавы і шмат іншых мясцінаў. Невялікія засценкі практычна нічым не адрозніваліся ад хутароў, як і аколіцы, у цэлым, ад вёсак. Аколіцы існавалі да 1938 г., калі пры чарговым упарадкаванні адміністрацыйнага статусу населеных пунктаў былі перайменаваныя, разам з засценкамі, у вёскі.

Цікавая характарыстыка шляхты дадзена ў кнізе «Опыт описания Могилевской губернии…» пад рэдакцыяй магілёўскага губернатара А. С. Дэмбавецкага: «От исторических влияний шляхта выработала свой собственный тип… Он отличается по наружному виду, главнейше своими усами, бороду сбривает. Одежда тоже отличается от крестьянской. Шляхтич не носит белорусских ни белой свитки, ни белой магерки, но какой-нибудь серый или черный кафтан, в роде длинного сюртука, на голове картуз, тоже серый или черный.

В характере шляхтича отличительные черты: задор и хвастливость… Шляхтянки держали себя поодаль от крестьянок, не носили нарядов с узорами, даже кольца и бусы покупали отличные от тех, которые видели они у крестьянок»31.
31 Дембовецкий, А. Опыт описания Могилевской губернии. — Могилев-на-Днепре, 1884. — Кн. 3. — С. 14–250.
Вялікая частка шляхты была таксама, як і большасць сялянаў, непісьменнай. Гэта бачна па шматлікіх архіўных дакументах, дзе вельмі часта сустракаецца такі запіс: «а замест іх, непісьменных, па іх просьбе распісаўся…».

Да сярэдзіны ХІХ ст. Беліцкі дэканат, які з 1853 г. стаў называцца Гомельскім, пашырыў свае межы як за кошт беларускіх парафій (былых езуіцкіх чачэрскай і радужскай), так і за кошт украінскіх: у 1820 г. да дэканата была далучана радужская паезуіцкая парафія, у 1850 г. з Быхаўска-Рагачоўскага дэканата была перададзена чачэрская парафія. У 1854 г. у дэканаце налічвалася 8 парафій: 4 на беларускіх землях і 4 на ўкраінскіх (табл. 2).


Табліца 2. Гомельскі дэканат у 1854 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


Гомельскім дэканам у гэты час быў адміністратар чачэрскага касцёла кс. Мікалай Гіртовіч, які кіраваў дэканатам з Чачэрска.

На працягу пяцідзесяці гадоў пасля ўключэння Усходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі, з 1772 г. прыкладна па 1820 г., царская палітыка ў адносінах да Каталіцкага Касцёла была скіравана на прывядзенне яго прававога становішча ў імперыі ў адпаведнасць з расійскім заканадаўствам.

Становішча Касцёла ва ўсходняй Гомельшчыне ў гэты перыяд ў параўнанні з часамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай істотна не пагоршылася. Наадварот, менавіта ў гэты час былі пабудаваны мураваныя касцёлы ў Чачэрску, Гомелі, Радузе. У гэты ж перыяд была заснавана і большасць капліцаў Беліцкага дэканата.

Адносіны да Касцёла пачалі мяняцца з таго часу, калі ў 1815 г. езуітаў выслалі з Масквы і Пецярбурга, а ў 1820 г. — з усёй Расійскай імперыі. У 1820 г. на Гомельшчыне былі зачынены езуіцкія кляштары ў Чачэрску і Радузе.

З 1825 да 1830 г. Касцёл ва Усходняй Беларусі (і Расійскай імперыі ў цэлым) захоўваў свой ранейшы прававы статус і тэрытарыяльную структуру. Але з пачаткам царавання Мікалая І, які толькі ў Праваслаўнай Царкве бачыў ідэалагічны падмурак царызму, у дзейнасці Касцёла з’явіліся значныя абмежаванні. Далейшае пагаршэнне сітуацыі адбылося пасля падаўлення паўстання 1831 года32.
32 Ганчарук, І. Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да Каталіцкага Касцёла ў 1772–1830 гг. // Наша вера. — 2001. — № 3 (17).
Асабліва цяжкія часы насталі для Касцёла і католікаў пасля паўстання 1863–1864 гг. Галоўнай мэтай царскай палітыкі пасля падаўлення паўстання была ліквідацыя ўплыву на жыццё краю каталіцкіх і польскіх колаў, поўнае абрусенне Беларусі. «Ворагам № 1» урад лічыў каталіцкую шляхту, супраць якой быў скіраваны шэраг абмежавальных законаў (напрыклад, забараняліся дваранскія сходы). 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў «асобам польскага паходжання» набываць зямлю ў беларускіх губернях. Аб’ектам урадавага ціску стаў і Каталіцкі Касцёл: пачалося закрыццё кляштараў і касцёлаў.

Каталіцкія святары знаходзіліся пад пільным наглядам мясцовых уладаў. Іх рэгулярна прыцягвалі да адказнасці за парушэнне шматлікіх забаронаў працэдуры набажэнства, за самавольны рамонт касцёлаў і крытычныя заўвагі ў адрас Праваслаўнай Царквы. У 1864 г. гомельскага дэкана кс. Мікалая Гіртовіча, які адначасова быў адміністратарам чачэрскага касцёла, выслалі з Чачэрска ў Томскую губерню, дзе ён і памёр у 1872 годзе33. У тым жа 1864 г. вікарны ксёндз радужскага касцёла Фелікс Грахольскі быў высланы ўладамі ў Наўгародскую губерню34.


33 Никулина, И. Н. Религия и политические ссыльные Западной Сибири в XIX в. (20-е – первая половина 70-х гг.). — Барнаул, 2004.

34 Савинова, И. Польская речь в Новгороде // Новгородский государственный университет им. Ярослава Мудрого [Электронны рэсурс] — http://www.novsu.ru.
Трэба адзначыць, што значная частка шляхты Гомельшчыны не падтрымала паўстання і ўсяляк выказвала сваю лаяльнасць царскай уладзе. Сярод гэтых шляхціцаў былі: павятовы спраўнік Фёдар Вікенцьевіч Вяржбіцкі, памочнік спраўніка маёр Аляксандр Вікенцьевіч Кухарскі, калежскі асэсар Ануфрый Восіпавіч Гатоўскі, прыстаў 2-га стана Васіль Іванавіч Саковіч, калежскі асэсар, прыстаў 3-га стана Нікадзім Вікенцьевіч Вірпша, сакратар паліцэйскага ўпраўлення, тытулярны саветнік Вікенцій Фаміч Харкевіч, губернскі сакратар Ілья Гаўрылавіч Акушка, дваранін Фама Восіпавіч Кубліцкі, дваранін Уладзімір Казіміравіч Піянтроўскі, губернскі сакратар Іван Пятровіч Маліноўскі, калежскія сакратары Канстанцін Вікенцьевіч Лабунскі і Фама Нічыпаравіч Вяроўкін. Памешчык Аляксандр Баляслававіч Станевіч нават ахвяраваў грошы на фінансаванне коннай паўсотні ратнікаў, якую стварылі для барацьбы з паўстанцамі гомельскія стараверы.

Адным з камандзіраў сялянскай варты, створанай для барацьбы з паўстанцамі, быў калежскі сакратар Іван Герард, а сялянскімі атрадамі апалчэнцаў супраць паўстанцаў камандавалі адстаўны ротмістр Вяржбіцкі і памешчык Бетулінскі35.


35 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. 2001. — Воп. 2. — Спр. 150. — Арк. 152–158.
Аднак такое лаяльнае стаўленне да ўладаў мясцовай шляхты (у тым ліку і шляхціцаў каталіцкага веравызнання) не выратавала католікаў Гомельшчыны ад рэпрэсій, і ў сувязі з падзеямі 1863–1864 гг. адбывалася хуткае зніжэнне колькасці гараджанаў-католікаў, якое доўжылася да сярэдзіны 1870 гадоў. Толькі з 1880 гг. у Гомелі, як і ў іншых гарадах Магілёўскай губерні, пачаўся значны рост каталіцкага насельніцтва. Змены ў дынаміцы колькасці католікаў ва ўсіх гарадах губерні адбываліся пад уплывам палітычных фактараў, а менавіта ў сувязі з курсам на прыняцце выключных мераў у адносінах да каталіцкага («польскага») насельніцтва ў Паўночна-Заходнім краі пасля паўстання 1863–1864 гг. У гэты час здзяйснялася замена мясцовых кадраў у дзяржаўных і навучальных установах на выхадцаў з цэнтральных губерняў Расіі, што ў значнай ступені адбілася на дынаміцы колькасці католікаў у структуры гарадскога насельніцтва36.
36 Яшчанка, А. Р. Гомель у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. — Гомель, 1997. — С. 16–17.
У 1866 г. была ліквідавана радужская каталіцкая парафія. Будынак радужскага касцёла Унебаўзяцця быў перададзены Праваслаўнай Царкве, а большая частка тэрыторыі парафіі далучана да чачэрскай парафіі.

Цыркулярам віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва ад 1 студзеня 1864 г. забаранялася ўжываць у афіцыйнай перапісцы і карыстацца ў грамадскіх месцах польскай мовай. Наступствы гэтай забароны можна прасачыць па архіўных дакументах. Калі яшчэ ў 1840 гг. касцёльная перапіска вялася пераважна па-польску, то пачынаючы з 1860 гг. — толькі на рускай мове.

29 чэрвеня 1864 г. М. Мураўёвым быў падпісаны цыркуляр пра абмежаванне будаўніцтва новых і аднаўлення старых рыма-каталіцкіх касцёлаў, капліцаў і алтароў. Паводле гэтага цыркуляру, на любы рамонт касцёла ці капліцы, нават дробны, трэба было атрымаць дазвол уладаў. Абмежаванне заставалася правамоцным і пасля вылучэння ў 1869 г. Магілёўскай губерні з Віленскага генерал-губернатарства.

Цыркулярамі ад 19 і 23 студзеня 1865 г. забаранялася прызначэнне ксяндзоў на духоўныя пасады і настаўнікамі Закона Божага ў навучальныя ўстановы без згоды губернатара. Указам імператара ад 8 кастрычніка 1865 г. было ўстаноўлена рускамоўнае вывучэнне каталіцкага катэхізіса ў беларуска-літоўскіх губернях.

Цыркуляры ад 8 ліпеня 1864 г. і 19 верасня 1867 г. прадугледжвалі абавязковы дазвол адміністрацыі на ўстанаўленне прыдарожных крыжоў і ўмацаванне на іх абразоў37.
37 Смалянчук, А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864–1917. — Гродна, 2001.
Частка католікаў была ў прымусовым парадку пераведзена ў праваслаўе. Так, за перыяд з 1863 г. па 15 ліпеня 1866 г. у Магілёўскай губерні было пераведзена ў праваслаўе 983 чалавекі. Некаторыя католікі перайшлі ў праваслаўе добраахвотна, каб пазбегнуць ціску і рэпрэсій з боку ўладаў.

Паводле падлікаў В. Яноўскай (Грыгор’евай), доля католікаў у насельніцтве Магілёўскай губерні за перыяд ад пачатку 1860-х да 1897 г. зменшылася з 4,66 % да 2,9 %38.


38 Тамсама.
З канца 1860 гг. адбываліся пэўныя перамены ў сферы антыкасцёльных мерапрыемстваў. Улады, не адмяняючы абмежавальных цыркуляраў, сталі значна менш выкарыстоўваць супраць каталіцкай канфесіі рэпрэсіўныя сродкі.

У пачатку 1880 гг. у Гомельскім дэканаце налічвалася 5 парафій, 20 капліцаў і 5 830 католікаў. У гомельскай парафіі ў гэты час быў 1 касцёл, 9 капліцаў і 2 223 вернікі39.


30 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. — T. 3. — S. 117.
У 1882 г. з Рагачоўска-Быхаўскага дэканата ў Гомельскі была перададзена антушаўская парафія.

Апублікаваны 17 красавіка 1905 г. указ аб верацярпімасці нарэшце прынёс рэлігійным меншасцям імперыі (і католікам у тым ліку) адносную доўгачаканую свабоду веравызнанняў. Згодна з указам, пераход з праваслаўя ў іншыя веравызнанні больш не пераследаваўся законам. Указ стаў падставаю для аднаўлення адносна нармальнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла, хоць цяжкасці і перашкоды заставаліся і надалей. У перыяд з 1905 г. па 1909 г. у Расійскай імперыі, толькі паводле афіцыйных даных, 233 тыс. чалавек перайшлі ў каталіцтва.

Дакладна невядома, колькі чалавек на тэрыторыі Гомельскага дэканата сталі католікамі, але несумненна, што пераход у каталіцтва на Гомельшчыне меў месца. Так, Язафат Жыскар на старонках кнігі «Нашы касцёлы» прыводзіць звесткі аб пераходзе (або, дакладней, вяртанні) у каталіцтва значнай колькасці сем’яў аколіцы Любавін у люшаўскай парафіі40.
40 Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa; Petersburg, 1913. — T. 1. Archidjecezja mohylewska. — S. 70.

іл. 3.1. Гомельскі касцёл. 1903 г.


Былі выпадкі, калі парафіянамі гомельскага касцёла станавіліся нават яўрэі. Напрыклад, дзядзька гамяльчаніна Хаіма Куніна: «Сам дядя Тадик (от польского Тадеуш) уже второй десяток лет регулярно посещал костел на Румянцевской (на самай справе касцёл знаходзіўся на Замкавай. — У. В.), хотя дома все говорили в основном на идиш. В отсутствие чужих ушей, разумеется»41.
41 Кунин, Б. Баварский диалект // Кунин-клуб [Электронны рэсурс] — http://www.kunin.info.
У 1914 г. выбухнула Першая сусветная вайна, якая ў значнай ступені паўплывала на грамадскае становішча жыхароў Гомеля і ўсёй Магілёўскай губерні, у тым ліку і на становішча католікаў. Для каталіцкай грамадскасці Гомеля (і ў цэлым Магілёўскай губерні) пэўным пераломам быў не столькі сам выбух Першай сусветнай вайны, колькі прыбыццё на гэтыя землі з тэрыторый Каралеўства Польскага і Заходняй Беларусі восенню 1915 г. вялікай колькасці польскіх бежанцаў. У Магілёўскай губерні налічвалася каля 146 тыс. бежанцаў, з іх каля 75 тыс. знаходзіліся пад апекаю польскіх арганізацый дапамогі, якія стварылі бюро працаўладкавання і танныя сталоўкі. У Гомелі бежанцам найбольш дапамагалі мясцовыя абшарнікі (буйныя землеўласнікі) — Фелікс і Караль Фашчы42.
42 Тарасюк, Д. Палякі на Магілёўшчыне ў гады Першай сусветнай вайны // Край. — 2002. — № 1–2.
Каталіцкае (пераважна польскае) насельніцтва Гомеля ў час Першай сусветнай вайны за кароткі тэрмін павялічылася са звычайных 1 700–1 800 чалавек прыкладна да 4 700 чалавек (1916–1917 гг.)43.
43 Dzwonkowski, R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.
З’яўленне польскіх бежанцаў умацавала каталіцкі асяродак Гомеля, але яны ў сваёй большасці былі носьбітамі польскай нацыянальнай самасвядомасці і ўжо адной сваёй прысутнасцю як бы заклікалі католікаў да праявы пачуцця польскага патрыятызму. Вялікая колькасць бежанцаў не да канца разумела спецыфіку нацыянальных і палітычных стасункаў на Беларусі44.
44 Тамсама.
Такім чынам, Першая сусветная вайна разам з часовым узмацненнем польскасці (а таксама і каталіцкасці) на Гомельшчыне, звязаным са з’яўленнем польскіх бежанцаў, у канчатковым выніку стала і прычынаю аслаблення гэтай каталіцкасці.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. выклікала дэмакратызацыю ўсіх сфераў жыцця грамадства. Была абвешчана свабода веравызнання, і такім чынам юрыдычна скасавана дамінаванне Праваслаўнай Царквы. Католікі Беларусі нарэшце атрымалі магчымасць адкрыта змагацца за свае правы45. У сакавіку 1917 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый, у які ўвайшлі і беларускія каталіцкія святары. 25 красавіка 1917 г. Магілёўскаму арцыбіскупу быў уручаны мемарандум, дзе прапаноўвалася ўвесці ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася ў Петраградзе, лекцыі па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі. Таксама прапаноўвалася рэкамендаваць духавенству звяртацца да вернікаў па-беларуску, перадаць католікам касцёлы, канфіскаваныя раней, ініцыяваць друкаванне рэлігійнай літаратуры і перыядычных выданняў па-беларуску46.


45 Анофранка, Н. Агляд моўнай палітыкі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. / Н. Анофранка, А. Гардзіенка // Беларускі калегіюм [Электронны рэсурс] — http://www.baj.by/belkalehium.

46 (Указаць артыкул!!) // Homan. — 1918. — № 39.
Гэта, зразумела, не магло спадабацца польскамоўнай каталіцкай грамадскасці, у тым ліку і Гомеля, якая пераважна атаясамлівала сябе з палякамі. Гомельскія католікі паставіліся да беларусізацыі Касцёла насцярожана, калі не сказаць варожа. Гэта бачна з ліста сакратара Гомельскай тэхнічнай школы Аляксандра Дамарацкага да Мітрапаліта Цепляка.

24 чэрвеня 1917 г. А. Дамарацкі пісаў: «Аселы тут (на Гомельшчыне. — У. В.) з незапамятных часоў люд польскі, які на працягу ста гадоў вынішчалі маральна і культурна, не скарыўся, аднак, знішчэнню, перажыў часы Сямашкі47, калі ўсё, што насіла імя уніята, было „міласэрна“ зачэрпнута да праваслаўя, а ўсё, што засталося польскага, то ўрадамі Навасільцавых, Мураўёвых, Пабеданосцавых і сучасных Яўлогіеў і Мітрафанаў48 ператворана ў „беларусаў“ каталіцкага вызнання. Гэтаму вельмі дапамагла маскоўская русіфікатарская школа, потым пазбаўленне польскага буквара і катэхізму, пераследванне польскай школы і нават хатняй навукі. Але гэтыя новасфабрыкаваныя „беларусы“ сёння абудзіліся і разважаюць, чаму іх называюць беларусамі, пацеры ж ад веку ад дзядоў і прадзедаў маюць польскія! Малітва польская! То хіба таму нас так называюць, што мы на Беларусі жывем»49.


47 Уніяцкі біскуп Іосіф Сямашка быў галоўным ідэолагам ліквідацыі царкоўнай уніі. Сямашка пачаў ствараць ідэалогію «заходнерусізму» (распаўсюджванне ў Беларусі рускай мовы, барацьба з каталіцтвам і польскім уплывам).

48 Праваслаўныя біскупы Яўлогій і Мітрафан былі лідэрамі фракцыі нацыяналістаў у 3-й і 4-й дарэвалюцыйнай Дзяржаўнай думе. Фракцыя абвясціла лозунг «Расія — для рускіх».

49 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 97.
Далей А. Дамарацкі пісаў пра важнае становішча Гомеля і Праваслаўную Царкву: «Прадбачлівае праваслаўе зразумела важную ролю Гомеля ў палітычным і нацыянальна-рэлігійным жыцці, а таму пакрыла горад і ваколіцы сеткай царкоўных школ, каб яшчэ мацней замацавацца ў гэтым краі і надаць яму рускі выгляд. Для гэтага заснавана асобная „Гомельская епархія“, і цяпер у Магілёўскай губерні ёсць два праваслаўныя біскупы50: Магілёўскі — Канстанцін і Гомельскі — Варлам. А мы — католікі, зрабілі нейкі крок, каб абараніцца? Не! Гаспадар спіць, а вораг на яго полі куколь сее. А між тым чуюцца лозунгі: „Прэч Бога!“, „Прэч касцёлы!“, „Прэч ксяндзоў!“… З часоў ксяндза Яўгена Мірскага не маем у Гомелі прапаведніка, які б жывым словам запальваў, захапляў, адраджаў! Пуста і глуха! Вее ледзяны холад духоўнай смерці…»51.
50 Біскуп — вышэйшы сан у касцёльнай іерархіі, кіраўнік касцельна-адміністрацыйнай тэрыторыі (епархіі, дыяцэзіі). У яго кампетэнцыю ўваходзіць пасвячэнне святароў і дыяканаў, канфірмацыя.

51 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 97.
іл. 4. Законанастаўнік кс. Яўген Святаполк-Мірскі.
Перыяд зацішша паміж Лютаўскай рэвалюцыяй і кастрычніцкім пераваротам 1917 г., які працягваўся некалькі месяцаў, стаў адзіным часам для вольнага існавання Каталіцкага Касцёла як ва ўсёй Расіі, так і ва Усходняй Беларусі ў прыватнасці.

У гэты час гомельскі дэкан Ячэйка пісаў пра становішча на Гомельшчыне і пра католікаў Гомельшчыны наступнае: «Сяляне прагнуць паляпшэння быту. Да памешчыкаў стаўленне ў пэўным сэнсе негатыўнае. Да яўрэяў — яшчэ горшае. Тыя, хто лічыцца палякамі, карыстаюцца гутарковай беларускай мовай. У некаторых мясцовасцях у гэтай беларускай мове больш рускіх выразаў. Прагнуць вучыцца па-польску. З людзьмі іншых нацыянальнасцяў мясцовыя людзі (католікі) жывуць у згодзе. Арганізацыі CKO52 спрыяюць, а PTPOW53 падтрымліваюць, беручы ў іх працы чынны ўдзел. Падобна ж ставяцца да іншых арганізацый. Жадаюць мець свае нацыянальна-каталіцкія школы. А калі застануцца дзяржаўныя школы ў тым самым стане, у якім яны знаходзяцца сёння, то жадаюць выкладання для сябе на роднай мове (маецца на ўвазе польская мова. — У. В.) рэлігіі, таксама мовы, роднай гісторыі і геаграфіі. Гомельскі гарнізон задаволены сваімі капеланамі, але давялося чуць нараканні на рэдкія прыезды вайсковых капеланаў».


52 Centralny Komitet Obywatelski (Цэнтральны грамадзянскі камітэт) — арганізацыя, якая была заснавана В. Грабскім у 1915 г. у Петраградзе. Займалася дапамогай палякам у Расіі: арганізоўвала шпіталі, школы, медыцынскую дапамогу і г. д.

53 Polskie Towarzystwo Pomocy Ofiarom Wojny (Польскае таварыства дапамогі ахвярам вайны) — польская апякунская арганізацыя.
А вось што пісаў А. Ячэйка пра задачы каталіцкага клеру і парафіяльнага актыву: «Праз выданні і брашуры трэба прышчапляць рэлігійна-маральную асвету, трэба ўладкоўваць матэрыяльныя справы, засноўваць дэмакратычна-хрысціянскія саюзы і іншыя арганізацыі, якія датычацца польскага люду па вёсках, мястэчках і гарадах з цэнтральнай арганізацыяй у парафіі. Трэба засноўваць страхавое таварыства, ствараць трацейскія суды, трэба стаяць на каталіцкай платформе, падтрымліваць сваё, спрыяць іншым, унікаць нацыянальнага шавінізму. Трэба закладаць новыя і пашыраць існуючыя чыста каталіцкія і навуковыя бібліятэкі. Заахвочваць з амбоны да чытання добрых кніжак, часопісаў, выяўляць кепскія. Дзе няма школ — ствараць парафіяльныя. Існуючыя земскія ці народныя рэфармаваць у духу, прыязным да каталіцтва. Даваць мажлівасць заробку, засноўваць дамы працы, прытулкі для жабракоў (старцаў) і г.д. Засноўваць каталіцкія дамы, ці дабрачынныя таварыствы. Арганізоўваць на месцы каталіцкія саюзы. Галасаваць за прыхільныя да Каталіцкага Касцёла партыі. Прызначаць у вялікай колькасці вайсковых капеланаў»54.
54 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 100, 101.
Аднак гэтыя задачы і мэты ў большасці так і засталіся нявыкананымі.

У першыя гады савецкай улады становішча Касцёла значна пагоршылася. Фармальнай прычынай для пачатку ганенняў на рэлігію наогул і асабліва на хрысціянства стаў дэкрэт ад 23 студзеня 1918 г. «Аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы». У жніўні 1918 г. была выдадзена інструкцыя, якая пазбаўляла рэлігійныя арганізацыі юрыдычных правоў і маёмасці. Дэкрэты ад 26 снежня 1921 г. і 3 студзеня 1922 г. уводзілі цэнзуру казанняў і забарону на рэлігійнае навучанне дзяцей да 14 гадоў. Улады ініцыявалі стварэнне атэістычных арганізацый.



Аб цяжкім становішчы Касцёла на Гомельшчыне ў першыя гады савецкай улады можна даведацца з архіўных дакументаў. Адным з такіх дакументаў з’яўляецца перапіска гомельскага пробашча55 кс. Шчэнха з біскупам Цепляком і віцэ-канцлерам кс. Івановым. 14 студзеня 1921 г. кс. Шчэнх пісаў біскупу Цепляку, што «ў Гомельскім дэканаце працы шмат, і яна толькі прыбаўляецца». Ён прасіў біскупа прыслаць ксяндза для Хойнікаў, Астраглядавічаў і Рэчыцы, дзе ўжо некалькі месяцаў, ад самага адступлення польскага войска, іх не было. Не было святароў і ў Мазыры і Калінкавічах. У гэты час былі арыштаваныя магілёўскі дэкан Белагаловы і ксёндз Антоні Ярмаловіч, таму Шчэнх прасіў прыслаць ксяндза ў гэтыя мясцовасці. «А тым часам, — пісаў Шчэнх, — я паслаў на тыдзень ці два чачэрскага пробашча Альбіна Шацілу для аб’езду хойніцкай, астраглядавіцкай і рэчыцкай парафій, якія заставаліся без духоўнай апекі». Таксама Шчэнх выказваў надзею, што яму прышлюць у Гомель ксяндза на дапамогу56.
55 Пробашч — святар, які ўзначальвае парафію.

56 РГИА. Ф. 826. — Оп. 1. — Д. 944. — Л. 112, 113.
Віцэ-канцлер кс. Дамінік Іваноў, які доўгі час працаваў у Гомелі законанастаўнікам, адказаў Шчэнху, што «святароў для памянёных парафій Мінскай дыяцэзіі няма, бо там працуюць толькі тры святары, і біскуп даручае ксяндзу Мустэйкісу з Антушаў і ксяндзу Лупіновічу са Жлобіна, каб яны, па магчымасці, паразумеліся паміж сабой і абслугоўвалі парафіі ў Ігуменскім і Бабруйскім дэканатах». Далей Іваноў пісаў, што «дэлегаванне ксяндза Шацілы для аб’езду хойніцкай, астраглядавіцкай і рэчыцкай парафій было вельмі пажаданым і можа выкарыстоўвацца і ў будучыні, і калі ўмовы не зменяцца, то няхай ксёндз Шаціла нейкі час аб’язджае тыя пункты. Таксама трэба ў гэтым жа накірунку штурхаць ксяндзоў Мустэйкіса і Лупіновіча, каб і яны пераймаліся гэтай справай і неслі рэлігійную дапамогу католікам, якія засталіся без апекі. Прыслаць другога ксяндза ў Гомель для дапамогі Шчэнху немагчыма»57.
57 Тамсама. Л. 114.
З прыняццем пастановы УЦВК58 ад 16 лютага 1922 г., якая дэкларавала прымусовую здачу «ўсіх каштоўных рэчаў з золата, серабра і каменняў, канфіскацыя якіх не можа істотна закрануць інтарэсы самога культу», пачаўся адлік маштабнай усерасійскай кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў.
58 УЦВК — Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт.
На пасяджэнні Польбюро59 Гомельскага губкама РКП(б) 12 красавіка 1922 г. было пастаўлена пытанне аб неабходнасці прыступіць да агітацыйнай працы сярод польскага (каталіцкага) насельніцтва па канфіскацыі літургічных рэчаў з касцёла на карысць галадаючых Паволжа. У выніку было прынята рашэнне правесці шэраг мітынгаў і сходаў гомельскіх палякаў (католікаў) па пытанні аб канфіскацыі з мясцовага касцёла літургічных рэчаў. Таксама было вырашана канфіскаваць літургічныя рэчы з усіх касцёлаў Гомельскай губерні. У сувязі з супрацівам канфіскацыі быў арыштаваны выконваючы абавязкі гомельскага пробашча ксёндз Леан Буйноўскі і найбольш актыўныя гомельскія парафіяне.
59 Польбюро — Польскае бюро. Займалася ўсімі пытаннямі нацыянальнай працы сярод польскага насельніцтва.
У 1923 г. у Гомельскім дэканаце налічвалася 8 парафій і 6 святароў60 (табл. 3). Прыкладна з 1923 г. антырэлігійная прапаганда на некалькі гадоў крыху аслабла. Тлумачыцца гэта не зменай уладамі стаўлення да рэлігіі, а неэфектыўнасцю антырэлігійнай прапаганды: не было падрыхтаваных кадраў, якія б маглі прафесійна весці антырэлігійную працу. Нават у 1928 г. сітуацыя не змянілася. Аб гэтым сведчыць пратакол № 1 нарады актыву палякаў — членаў і кандыдатаў у члены КП(б)Б, у якім адзначаецца, што барацьба з рэлігіяй у Гомелі і Рэчыцы зусім не праводзілася, што недапушчальна пры наяўнасці кіруючых клерыкальных арганізацый у гэтых гарадах61.
60 Archidiocesis Mohiloviensis 1923 // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.

61 Дзяржаўны архiў грамадскiх аб’яднанняў Гомельскай вобласцi (далей — ДАГАГВ). Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 527. — Арк. 336.
Табліца 3. Гомельскі дэканат у 1923 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


У 1925–1926 гг. у Гомельскім дэканаце было 7 парафій62 (табл. 4) і працавалі 4 ксяндзы: кс. К. Андрэкус — гомельскі дэкан і адміністратар Гомельскай парафіі, кс. К. Мустэйкіс — адміністратар антушаўскай парафіі, кс. Б. Валынец — філіяліст люшаўскай парафіі, адміністратар чачэрскай парафіі і кс. П. Бараноўскі — адміністратар нежынскай парафіі63.
62 Elenchus cleri et ecclesiarum Archidioeceseos Mohiloviensis in Russia in diem 1 januarii 1926. — S. 16.

63 Elenchus cleri et ecclesiarum archidioeceseos Mohiloviensis in Russia in diem 1 januarii 1928 // Сайт А. А. Бовкало [Электронны рэсурс] — http://www.petergen.com/bovkalo.
Табліца 4. Гомельскі дэканат, па стану на 1 студзеня 1926 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


У канцы 1920 гг. (у гэты час на тэрыторыі Гомельскай акругі былі 3 касцёлы і 8 капліцаў64, табл. 5) палітыка савецкай дзяржавы кардынальна змяняецца. У сувязі з пастановай УЦВК РСФСР «Аб рэлігійных аб’яднаннях» ад 8 красавіка 1929 г. пачынаецца «разгорнуты наступ сацыялізму» на рэлігію. Узмацняецца антырэлігійная прапаганда, закрываюцца храмы і пачынаюцца рэпрэсіі супраць духавенства. За кароткі перыяд практычна ўсе касцёлы і капліцы былі зачынены. У 1930 г. ва ўсходняй Гомельшчыне дзейнічалі толькі гомельскі касцёл і капліца ў Рудні-Стаўбунскай, якая таксама хутка (у тым жа годзе) была ліквідавана. Да 1937 г. усе каталіцкія святары на тэрыторыі Гомельскага дэканата былі арыштаваныя, а гомельскі касцёл зачынены. Большая частка арыштаваных святароў была расстраляна.
64 Литвинов, П. А. Сравнительно-исторический анализ этнических поляков на Гомельщине в 1920–1930-е гг. // Открыть миру душу белоруса… Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. — Гомель, 2005.
Табліца 5. Спіс касцёлаў і капліцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Гомельскай акругі ў канцы 1920 гг.

(гл. Файл Tablicy.doc)


Каб паралізаваць працу рэлігійных структураў, савецкай уладзе трэба было прапанаваць нацыянальна-рэлігійным меншасцям нешта ўзамен, хоць бы і нейкі эрзац. Таму яшчэ ў 1919 г. пры Гомельскім губкаме РКП(б) была створана польская секцыя. У губерні дзейнічалі савецкія польскія школы, пачатак якім быў пакладзены пастановай Народнага камісарыята асветы ад 31 кастрычніка 1918 г. «Аб школах нацыянальных меншасцяў». Праца гэтых школаў праходзіла складана з-за некампактнага пражывання каталіцкага «польскага» насельніцтва65 (табл. 6).
65 Тамсама.
Табліца 6. Спіс польскіх культурна-асветных установаў Гомельскай акругі, якія мясціліся на тэрыторыі парафій Гомельскага дэканата, па стану на 1927 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


Варта адзначыць той цікавы момант, што ўплыў Каталіцкага Касцёла на каталіцкае вясковае грамадства Гомельшчыны ў пачатку ХХ ст. быў у цэлым мацнейшы, чым уплыў Праваслаўнай Царквы на праваслаўнае грамадства. Магчыма, у гэтым адна з прычынаў папулярнасці сярод беларускага праваслаўнага сялянства сацыялістычных ідэй і даволі масавай падтрымкі ім камуністычнага руху. А вось вясковае каталіцкае насельніцтва Гомельшчыны мела моцную прышчэпку ад камуністычных ідэй: у 1927 г. ва ўсёй Гомельскай акрузе былі толькі адзін член і два кандыдаты ў партыю з сялян-«палякаў»66.
66 Пичуков, В. П. Гомельщина многонациональная (20–30-е годы ХХ века). / В. П. Пичуков, М. И. Старовойтов. — Гомель, 1999. — Вып. 1. — С. 120.
Канстытуцыя БССР 1927 г. заканадаўча замацавала палітыку ўладаў па стварэнні ў мясцовасцях з кампактнай большасцю насельніцтва пэўнай нацыянальнасці нацсаветаў. Такая палітыка праводзілася з 1924 года. Нацыянальныя саветы з’яўляліся органамі ўлады, якія разам з выкананнем універсальных агульнасавецкіх функцый павінны былі забяспечваць гаспадарчае і культурнае развіццё нацыянальных меншасцяў.

З 22-х польскіх сельсаветаў у тагачаснай БССР 11 былі на Гомельшчыне. На тэрыторыі былога Гомельскага дэканата існавалі Рудня-Стаўбунскі, Рудня-Шлягінскі, Рудня-Нісімкавіцкі, Нова-Малыніцкі, Падасоўскі і Любавінскі польскія сельсаветы:

Рудня-Шлягінскі — усяго насельніцтва 1 125 чал., палякаў 820 чал. (72,9%);

Рудня-Нісімкавіцкі — усяго 1 106 чал., палякаў 1 106 чал. (100%);

Рудня-Стаўбунскі — усяго 720 чал., палякаў 665 чал. (92,4%), беларусаў 5 чал. (0,7%);

Нова-Малыніцкі — усяго 674 чал., палякаў 536 чал. (79,5%), беларусаў 119 чал. (17,7%).

Па Любавінскім і Падасоўскім польскіх сельсаветах даных няма67.
67 Тамсама.
Пачынаючы з 1934 г. нацсаветы паступова ліквідуюцца. Скасаванне Нова-Малыніцкага, Рудня-Нісімкавіцкага і Падасоўскага польскіх сельсаветаў Чачэрскага раёна ў кастрычніку 1934 г. абгрунтоўвалася тым, што большасць насельніцтва ў іх складалі беларусы. У папярэдніх абследаваннях Чачэрскага раёна адзначалася, што польскія сельсаветы і хаты-чытальні на іх тэрыторыі працуюць на беларускай і рускай мовах. Таксама адзначалася, што «насельніцтва польскіх вёсак не палякі, а акаталічаныя беларусы, якія лічаць сябе палякамі».

Улічваючы масавы супраціў «польскіх» сялянаў калектывізацыі, абвастрэнне адносінаў паміж СССР і Польшчай, нарастанне ў СССР масавых палітычных рэпрэсій, у значнай ступені скіраваных і супраць польскага насельніцтва, можна меркаваць, што ў паступовага ліквідавання польсаветаў былі палітычныя падставы. З 1936 г. у адпаведных актах ужо прама гаварылася пра шкодныя мэты пры стварэнні польсаветаў. У 1934 г. у БССР было 40 польскіх нацсаветаў, у 1935 г. — 34, у 1936 г. — 29, у 1937 — 19, у 1938 г. — ніводнага68.


68 Тамсама.
На 1929 г. каталіцкае насельніцтва Гомельскага дэканата пражывала, у асноўным, у гарадах Гомелі і Добрушы і ў сельскіх каталіцкіх («польскіх») населеных пунктах69 (гл. табл. 7).
69 Тамсама. С. 213–214; ДАГАГВ. Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 527. — Арк. 259. У спісе не названая вёска Рудня-Барталамееўская Сідаравіцкага сельсавета Чачэрскага раёна.
Табліца 7. «Польскія» населеныя пункты Гомельскай акругі ў 1929 г.

(гл. Файл Tablicy.doc)


На тэрыторыі Гомельскага дэканата, дзе каталіцкія структуры былі практычна знішчаны ў канцы 1930-х гг., апроч Гомеля ў пасляваенны перыяд нелегальна дзейнічалі толькі 3 нешматлікія групы католікаў: 2 групы ў вёсцы Рудня-Стаўбунская Веткаўскага раёна і адна ў Свяцілавіцкім раёне (раён быў скасаваны ў 1957 г.)70. Лакалізацыя свяцілавіцкай групы з даступных дакументаў невядомая. Магчыма, што і гэтая група дзейнічала ў вёсцы Рудня-Стаўбунская, бо вёска да скасавання Свяцілавіцкага раёна ўваходзіла ў гэты раён.
70 Ярмусик, Э. С. Католический Костёл в Беларуси в 1945–1990 годах. — Гродно, 2006. — С. 191.
1940-я і 1960-я гг. характарызуюцца адміністрацыйным ціскам на Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі ў цэлым і ва Усходняй Беларусі ў прыватнасці. Намаганні вернікаў усходніх абласцей дамагчыся рэгістрацыі парафій і адкрыцця капліцаў і касцёлаў не былі падтрыманы ўладамі. Нельга сказаць, што ў адмове ў рэгістрацыі былі вінаватыя толькі цэнтральныя ўлады СССР. У 1955 г. старшыня Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР І. Палянскі накіраваў у ЦК КПСС ліст аб неабходнасці пашырэння колькасці касцёлаў на Беларусі, і яго падтрымаў упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР К. Уласевіч. Перад партыйнымі органамі рэспублікі было пастаўлена пытанне аб мэтазгоднасці адкрыцця касцёлаў у Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцях — там, дзе яны былі зачынены 30 гадоў таму, а таксама аднаўленні ў Мінску каталіцкага цэнтра з біскупам. Але рэспубліканскія партыйныя органы праігнаравалі гэтую ініцыятыву71.
71 Прачакова, Н. А. Стан Рыма-каталіцкага касцёла ў Магілёве ў пасляваенны час (40–60 гг.) // Jesus Christus [Электронны рэсурс] — http://www.jesus.by.com.
У першай палове 1959 г. католікі Гомеля падалі заяву аб адкрыцці ў горадзе касцёла, але ўлады не далі на гэта дазволу. Такім чынам, існаванне святыняў цалкам залежала ад рашэнняў мясцовай улады і яе адносінаў да Каталіцкага Касцёла. Пры гэтым уладамі рэгістраваліся дэнамінацыі пратэстанцкіх кірункаў. Дазвалялася катэхізатарская дзейнасць Праваслаўнай Царквы, але яна, зрэшты, была абмежаваная сценамі храма. Можна меркаваць, што наяўнасць на сённяшні дзень значнай колькасці пратэстанцкіх і неапратэстанцкіх груповак і больш трывалыя пазіцыі Праваслаўнай Царквы ў параўнанні з Каталіцкім Касцёлам ва Усходняй Беларусі абумоўлены не ў апошнюю чаргу і адміністрацыйным уздзеяннем на канфесіі гэтага рэгіёна ў паваенны час.

У канцы 1980 гг. адраджэнне каталіцтва ва Усходняй Беларусі ўсё ж адбылося. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграла сустрэча Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова з папам Янам Паўлам II, якая адбылася 1 снежня 1989 года.

На беларускай тэрыторыі былога Гомельскага дэканата ізноў з’явіліся гомельская і жлобінская парафіі. Ажывілася рэлігійнае жыццё ў каталіцкай вёсцы Рудня-Стаўбунская на Веткаўшчыне.

8 верасня 2007 г. у гомельскім касцёле ў час урачыстага набажэнства ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі было абвешчана рашэнне апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка аб стварэнні (дакладней — аднаўленні) Гомельскага дэканата. Гомельскім дэканам быў прызначаны пробашч гомельскага касцёла ксёндз Славамір Ляскоўскі. У новы Гомельскі дэканат увайшлі каталіцкія парафіі Гомеля, Акцябрскага, Жлобіна, Рагачова, Рэчыцы і Светлагорска.


іл. 4.1 Кс. дэкан Славамір Ляскоўскі.

іл. 5. Каталіцтва на ўсходняй Гомельшчыне.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка