“католікі на абшарах панізоўя І севершчыны”




Дата канвертавання14.03.2016
Памер266.8 Kb.
Вытрымкі з КНІГІ:
УЛАДЗІМІРА ВАСЬКОВА

“КАТОЛІКІ НА АБШАРАХ ПАНІЗОЎЯ І СЕВЕРШЧЫНЫ”


для члёнаў Клуба z pochodzenia Polskiego у дапамогу для атрымання Карты Паляка па тэмам:

1. навучанне нашых продкаў у польскай школе

2. каталіцкія капліцы ў нашых Руднях

3. архіўныя дакументы, якія пацвярджаюць pochodzenie Polskiе


УЛАДЗІМІР ВАСЬКОЎ

КАТОЛІКІ НА АБШАРАХ ПАНІЗОЎЯ І СЕВЕРШЧЫНЫ


(Гісторыя Гомельскага рыма-каталіцкага дэканата)
Аўтар ідэі кнігі А.В.Белы.

Навуковыя рэдактары:

гісторык, доктар гуманітарных навук (PhD) А.В. Белы,

кандыдат гістарычных навук В.С. Пазднякоў.

Рэцэнзент:

гісторык Я.Р. Малікаў.
Адроджанаму Гомельскаму дэканату Пінскай дыяцэзіі

Рыма-каталіцкага Касцёла прысвячаецца

…Канстытуцыя БССР 1927г. заканадаўча замацавала палітыку па стварэнні ў мясцовасцях з кампактнай большасцю насельніцтва пэўнай нацыянальнасці нацсаветаў [польскіх, для нашых продкаў]. Такая палітыка праводзілася з 1924 г. Нацыянальныя саветы з’яўляліся органамі ўлады, якія разам з выкананнем універсальных агульнасавецкіх функцый павінны былі забяспечваць гаспадарчае і культурнае развіццё нацыянальных меншасцяў.

З 22 польскіх сельсаветаў у тагачаснай БССР 11 былі на Гомельшчыне. На тэрыторыі былога Гомельскага дэканата існавалі Рудня-Стаўбунскі, Рудня-Шлягінскі, Рудня-Нісімкавіцкі, Нова-Малыніцкі, Падасоўскі і Любавінскі польскія сельсаветы:

Рудня-Шлягінскі — усяго насельніцтва 1125 чал., палякаў 820 чал. (72,9%);

Рудня-Нісімкавіцкі — усяго 1106 чал., палякаў 1106 чал. (100%); Рудня-Стаўбунскі — усяго 720 чал., палякаў 665 чал. (92,4%), беларусаў 5 чал. (0,7%);

Нова-Малыніцкі — усяго 674 чал., палякаў 536 чал. (79,5%), беларусаў 119 чал. (17,7%).

Пачынаючы з 1934 г. нацсаветы паступова ліквідуюцца. Скасаванне Нова-Малыніцкага, Рудня-Нісімкавіцкага і Падасоўскага польскіх сельсаветаў Чачэрскага раёна ў кастрычніку 1934 г. абгрунтоўвалася тым, што большасць насельніцтва ў іх складалі нібыта беларусы. У папярэдніх абследаваннях Чачэрскага раёна адзначалася, што польскія сельсаветы і хаты-чытальні на іх тэрыторыі працуюць на беларускай і рускай мовах. Таксама адзначалася, што «насельніцтва польскіх вёсак не палякі, а акаталічаныя беларусы, якія лічаць сябе палякамі».

Улічваючы масавы супраціў польскіх сялянаў калектывізацыі, абвастрэнне адносін паміж СССР і Польшчай, нарастанне ў СССР масавых палітычных рэпрэсій, у значнай ступені скіраваных і супраць польскага насельніцтва, можна меркаваць, што ў паступовага ліквідавання польсаветаў былі палітычныя падставы. З 1936 г. у адпаведных актах ужо прама гаварылася пра шкодныя мэты пры стварэнні польсаветаў. У 1934 г. у БССР было 40 польскіх нацсаветаў, у 1935 г. — 34, у 1936 г. — 29, у 1937 — 19, у 1938 г. — ніводнага.1

На 1929 г. каталіцкае насельніцтва Гомельскага дэканата пражывала ў асноўным у гарадах Гомелі і Добрушы і ў сельскіх каталіцкіх (польскіх) населеных пунктах (гл. табл. 5).

На тэрыторыі Гомельскага дэканата, дзе каталіцкія структуры былі практычна знішчаны ў канцы 1930-х гг., апроч Гомеля ў пасляваенны перыяд нелегальна дзейнічалі толькі 3 нешматлікія групы католікаў: 2 групы ў вёсцы Рудня-Стаўбунская Веткаўскага раёна і 1 ў Свяцілавіцкім раёне (раён скасаваны ў 1957 г.).2 Лакалізацыя свяцілавіцкай групы з даступных дакументаў невядомая. Магчыма, група дзейнічала ў вёсцы Рудня-Шлягіна, дзе каталіцкая традыцыя працягвалася да самага адсялення вёскі ў канцы 1980-х гг.
6. НАСЕЛЕНЫЯ ПУНКТЫ, У ЯКІХ ІСНАВАЛІ КАПЛІЦЫ ЧАЧЭРСКАЙ ПАРАФІІ
РУДНЯ-БАРТАЛАМЕЕЎСКАЯ
Вёска ў Палескім сельсавеце Чачэрскага раёна

У мінулым вёска была ў складзе Рагачоўскага павета, Палескай воласці (30 вёрст ад Чачэрска). У 1887 г. налічвала 50 двароў, 287 жыхароў. У вёсцы быў вадзяны млын і сукнавальня. Уласнасць графа Чарнышова-Круглікава.3

Каталіцкая драўляная капліца Св. Мікалая Чачэрскай парафіі пабудавана жыхарамі ў 1816 г. (ці графіняй Ганнай Чарнышовай). Дазвол на набажэнства дадзены 16 кастрычніка 1830 г. Набажэнствы адбываліся 2 разы на год. Існавала да сярэдзіны 1920-х гг.
РУДНЯ-ДУДЗІЦКАЯ
Вёска ў Роўкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна.

У мінулым вёска была ў складзе Рагачоўскага павета, Дудзіцкай воласці. У 1887 г. налічвала 28 двароў, 143 жыхары. Існавала каталіцкая капліца.4


РУДНЯ-НІСІМКАВІЦКАЯ
Вёска ў Нісімкавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна.

Да рэвалюцыі вёска была ў складзе Рагачоўскага павета (17 вёрст ад Чачэрска), Пакоцкай воласці. У 1887 г. вёска налічвала 76 двароў, 176 жыхароў. 16 жыхароў займаліся вырабам драўлянага начыння, па аднаму жыхару — вырабам рэчаў з кары і лыка, сталярствам, бондарствам, кавальствам, 16 адыходзілі на заробкі.5

Існавала драўляная капліца Св. Міхаіла, пабудаваная ў 1816 г. графіняй Ганнай Чарнышовай. Капліца была асвечана чачэрскім куратам Андрэем Леановічам. Знаходзілася на могілках, была агароджана. Адзін з індультаў выдадзены 16 кастрычніка 1830 г., другі (№ 1455) выдадзены 22 кастрычніка 1849 г. мітрапалітам Дмахоўскім на 6 гадоў. 14 снежня 1855 г. гэты індульт быў прадоўжаны.

У сярэдзіне ХІХ ст. у наваколлі было 360 католікаў. Восенню 1894 г. упаўнаважаныя ад жыхароў вёскі Адам Казіміравіч Гулевіч і Франц Леанавіч Гулевіч звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай аб дазволе зрабіць рамонт капліцы. Планавалася замяніць дах і зрабіць на ім вежу для аднаго звана. 3 лістапада 1894 г. магілёўскі губернатар напісаў рапарт аб гэтым міністру ўнутраных спраў. У рапарце губернатар паведамляў, што капліца, якая знаходзіцца на могілках, была пабудавана ў 1828 г. Сам будынак капліцы быў даволі трывалы, але дах і ганак зусім лядашчыя. Даўжынёй капліца была 4 сажні, шырынёй 3 сажні 2 аршыны. Званіцы не было. Замест яе побач стаяў слуп са званом. Набажэнствы былі пад час хаўтур, у 3-ці тыдзень Вялікага посту, у маі ў дзень Евангеліста Марка, 29 верасня і 8 лістапада.

Губернатар таксама паведамляў, што з яго боку перашкод на рамонт няма.6

17 снежня дазвол ад міністэрства ўнутраных спраў на рамонт капліцы быў дадзены.7

Вясной 1901 г. упаўнаважаны ад жыхароў Адам Казіміравіч Гулевіч ізноў хадайнічаў аб рамонце капліцы. Рамонт на суму 90 руб. планавалася зрабіць за ўласны кошт. У спарахнелай капліцы мусілі ашаляваць сцены, каб захаваць іх ад гніення. Магілёўскі губернатар адразу ж даў дазвол на рамонт.8

У 1904 г. капліца была ашалявана. У ёй быў алтар з абразом св. Міхала Арханёла, імшал і іншае начынне.

Капліца існавала да 1920-х гг.


3.1. РУДНЯ-ШЛЯГІНА
Рудня-Шлягіна — вёска ў Свяцілавіцкім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, за 16 км на поўнач ад Веткі, 36 км ад Гомеля, на р. Нёманка (прыток Сожа).9. У ХІХ— пачатку ХХ ст. вёска была ў Рэчкаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У ХІХ ст. у Рудні-Шлягіна (а таксама ў Рэчках) зямельныя ўладанні мелі Шульцы. У вёсцы была сукнавальня (фолюш).10
3.3. РУДНЯ-СТАЎБУНСКАЯ
Рудня-Стаўбунская — вёска ў Стаўбунскім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У пачатку ХХІ ст. Рудня-Стаўбунская налічвае 20 гаспадарак, 39 жыхароў, пераважна сталага веку. У 1881 г. вёска налічвала 73 двары, 380 жыхароў, у 1897 г. — 119 двароў, 714 жыхароў, 95 % з якіх былі католікамі.

Пры абследаванні ў 1935 г. Рудня-Стаўбунскага сельсавета жыхар Рудні-Стаўбунскай Іван Андрэевіч Гулевіч, якому тады быў 91 год, так распавёў пра ўзнікненне вёскі: «Гадоў 300 таму11 з вёскі Старая Рудня, якая знаходзілася паміж Свяцілавічамі і Стаўбуном12, па дазволу графа Чарнышова на яго землі ў лясны масіў пераехала некалькі сем'яў. Іх прозвішча было Гулевічы. Яны раскарчавалі месца і заснавалі вёску Рудня-Стаўбунская».

Прыкладна 100 гадоў у лясной вёсцы Гулевічы плавілі балотную руду (ліманіт), вырабялі так патрэбнае мясцовым жыхарам жалеза.13 З развіццём у Расійскай імперыі металапрамысловасці ў канцы ХІХ ст. саматужная вытворчасць жалеза спынілася. Патухла рудня і ў гэтай вёсцы, як і па ўсіх руднях Беларусі, але назва селішча так і засталася — Рудня-Стаўбунская.

Гулевічы — вядомы ва ўсходняй Гомельшчыне каталіцкі род.14 Магчыма, што гомельскія Гулевічы паходзяць ад валынскіх Гулевічаў, якія славіліся пабожнасцю, а ў ХVII ст. заняліся здабываннем жалезнай руды.

Капліца ў вёсцы Рудня-Стаўбунская існавала з 1874 г. і спачатку знаходзілася ў падпарадкаванні Гомельскага касцёла. Яна, як і большасць падобных капліц, стаяла на могілках.

У маі 1899 г. сяляне вёскі звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай дазволіць ім зрабіць за ўласныя сродкі рамонт капліцы. Планавалася пашырыць капліцу і зладзіць новы дах. Рамонт ацэньваўся ў 216 руб. У гэты час католікаў у Рудні-Стаўбунскай налічвалася 716 чалавек, і яшчэ 23 католікі пражывалі ў суседніх вёсках. Набажэнствы ў капліцы адбываліся каля 20 разоў на год.

У студзені 1904 г. загадчык капліцы Іван Якаўлевіч Гулевіч прасіў магілёўскага губернатара дазволіць зрабіць за ўласны кошт з паўночна-заходняга боку капліцы чацвёртае акно, таму што пры набажэнстве не хапала святла. Такі дазвол яму быў дадзены.

26 лютага 1916 г. дэкан Ячэйка звярнуўся да біскупа Цепляка з просьбай выдаць новы індульт для капліцы ў Рудні-Стаўбунскай. 2 сакавіка біскуп выдаў індульт тэрмінам на 7 гадоў.15

У 1920-х гг. у вёсцы існавалі тры касцельныя гурткі. Адным з іх кіравала Магдаліна Ільінічна Гулевіч. Пасля яе ад’езду ў 1927 г. у Амурскую вобласць, гурток, якім яна кіравала, перастаў працаваць.

У 1928 г. у Рудні-Стаўбунскай працавалі два касцельныя гурткі Жывога Ружанца. Першым гуртком кіравала Марцэля Паўлаўна Гулевіч, якая жыла ў цэнтры Рудні-Стаўбунскай, другім — Пелагея Мікалаеўна Гулевіч (яна жыла ў канцы вёскі). У абодвух гуртках налічвалася прыкладна па 20 чалавек, у асноўным пажылыя жанчыны.

Касцельны камітэт Рудні-Стаўбунскай у 1928 г. узначальваў Антон Васільевіч Гулевіч — бацька старшыні сельскага савета. Сакратаром быў Іван Станіслававіч Гулевіч. У камітэт таксама ўваходзілі Адам Раманавіч Скарапацкі, Юзаф Раманавіч Скарапацкі (бацька сакратара сельскага савета) і Іван Паўлавіч Гулевіч.

Адам Раманавіч Скарапацкі быў, як пісалі ў савецкіх дакументах, «исправляющий религиозный культ», гэта значыць кіраваў у часе адсутнасці ксяндза набажэнствамі.

Камітэт падтрымліваў пісьмовую сувязь з гомельскім ксяндзом, які наведваў вёску адзін-два разы на год.

У 1928 г. камітэтам быў арганізаваны сход, на якім было пастаноўлена сабраць з кожнага жыхара вёскі па 10 кап. на рамонт (фарбаванне) даху капліцы. дах пафарбавалі, хаця цалкам грошы сабраць не ўдалося.16

У тым жа 1928 г. у вёсцы перад Вялікднём быў наладжаны антырэлігійны вечар. Аднак ніхто з беспартыйных сялян і моладзі не прымаў удзел у гульнях і танцах, бо быў перыяд Вялікага посту.

Капліца ў Рудні-Стаўбунскай праіснавала да 1930 г. Гэтая капліца і Гомельскі касцёл былі апошнімі дзеючымі каталіцкімі культавымі будынкамі на тэрыторыі Гомельскай парафіі.

Калектывізацыя ў вёсцы Рудня-Стаўбунская праходзіла марудна. Арганізатарам і першым старшынёй калгаса ў Рудні-Стаўбунскай быў Іосіў (Юзаф) Гулевіч. У 1930-м г. ён аддаў загад знішчыць капліцу.17 Жыхарам удалося выратаваць некаторыя рэчы з капліцы. Адзін з абразоў схаваў у сябе на гарышчы бацька старшыні калгаса Антон Васільевіч Гулевіч.18 Самога ж старшыню калгаса — Іосіфа Гулевіча, як перадавога камуніста, накіравалі падымаць калгасы на Украіну. Там ён і загінуў.

У 1933 г. з’явіліся першыя рэпрэсіраваныя і раскулачаныя. Усяго было арыштавана каля 30-40 чалавек. З іх у вёску пасля зняволення вярнуліся толькі трое. Астатніх амаль усіх расстралялі.

У ліку расстраляных і Варвара Іосіфаўна Гулевіч — жонка старшыні калгаса Іосіфа Гулевіча. Вось што расказвала яе дачка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР: «Аўтамабіль, празваны ў народзе «чорны воран», тады ўжо добра прымільгаўся жыхарам вёскі. Рэдкі ў тыя гады ў нашых глухіх мясцінах, рокат матору спачатку выклікаў жывы інтарэс. Аднак хутка людзі сталі смяротна страшыцца з’яўлення гэтага «цуда савецкай тэхнікі», на якім вывозілі з вёскі людзей і яны знікалі назаўсёды. Пачуўшы шум рухавіка, хаваліся па хатах, зачынялі засоўкі, апускалі заслоны, хрысціліся нават няверучыя: «Божа пранясі!». Але страх не знікаў. Чужая бяда, хаця і аддаленая, усё роўна шчаміла сэрца.

У той дзень мама, брат і я былі ў бабулі. Ад бацькі з Данбасу, куды яго накіравалі на працу, даволі доўгі час не было звестак. Што ж здарылася? Мама хвалявалася. Уся яна панікла, змарнела, замкнулася ў сабе. Куды падзявалася яе добрая, шчырая ўсмешка? Нават голас, заўсёды звонкі і пявучы, стаў глухім і ціхім. На вачах часта з’яўляліся слёзы, на твары — страх. Мабыць, сэрцам прадчувала няўхільную бяду…

У дзень, калі ўзялі маму, сказалі: «Для паказанняў, як сведку на допыт», а звезлі назаўсёды.

Маме было ўсяго 37 гадоў. У калгасе «Новае жыццё» яна працавала даяркай, была актывісткай сельскага савета. Судзілі маму паводле надуманага і бязглуздага абвінавачвання. Расстралялі ў Гомелі 1 красавіка 1938 г.

З дому маму павялі два ўзброеныя салдаты. Толькі і паспела крыкнуць з парога: «Дзеці мае, дзеткі, родненькія… Гэта ўсё!».

Настаўніца, якая пазней вярнулася з няволі, расказала, як зневажалі і здзекваліся з мамы следчыя, яны прымушалі яе падпісаць імі ж сфабрыкаваныя паказанні. Надломленая маральнымі і фізічнымі катаваннямі, яна паверыла, што разам з «прызнаннямі» яе пакінуць у спакоі. Хуткі суд быў няўмольным. Прыгавор — расстрэл».19

Таксама расстралялі бацьку і брата Варвары Гулевіч — Іосіфа Раманавіча Скарападскага і Мікалая Іосіфавіча Скарападскага. Быў расстраляны і яе свёкар.

Ёсць і яшчэ сведчанні сучаснікаў аб рэпрэсіях у Рудні-Стаўбунскай. Так, на допыце 4 чэрвеня 1939 г. пэўны Хайкiн, які выступаў у якасцi сведкi незаконных дзеянняў НКУС, паказаў: «будучи под стражей во второй камере, в которой находилась группа арестованных колхозников из деревни Рудня-Столбунская, Светиловичского района, по фамилии Гулякевичи (так у тэксце, — У.В.) и Громыко, в количестве семи человек, а в соседних камерах сидело еще из их деревни, причем — они рассказывали, что из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания о якобы их принадлежности к к.р. организации […] «ПЛОВ», «ПОВ» («Польская Вайсковая Арганізацыя» — У.В.) и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти колхозники между собой ругались — почему они клеветали друг на друга».20

Пасля таго, як капліцу зачынілі, будынак разабралі і перанеслі ў іншае месца, прыкладна на некалькі сотняў метраў, перарабіўшы на польскую школу.21

У 1928 г. настаўніцай у школе працавала Р.Шаблоўская.22

Школа праіснавала да сярэдзіны 1930-х гг., а потым была зачынена. Цяпер на гэтым месцы пустыр.
Як распавядала ў 2006 г. старэйшая жыхарка Рудні-Стаўбунскай Францыска Гулевіч, якая вучылася ў гэтай школе, пасля закрыцця школы вучняў перавялі ў суседнюю беларускамоўную Стаўбунскую школу. На першым жа дыктанце практычна ўсе вучні былой польскай школы атрымалі нізкія адзнакі.

Ад былой капліцы сёння засталіся толькі валуны з падмурка, вакол якіх знаходзяцца пахаванні, бо могілкі значна разрасліся.


У вёсцы ў пустуючай хаце ўладкаваная капліца, начынне якой — гэта часткова рэчы з даваеннай капліцы, якія жыхары хавалі некалькі дзесяцігоддзяў ад савецкіх уладаў. Гэта было даволі небяспечна, бо за знойдзены каталіцкі польскамоўны малітоўнік можна было атрымаць турэмны тэрмін.
Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892-1926), wybór tekstów i oprac. M. Radwan, Kraków, 1999.
Moroz M. «Krynica»: Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. Białystok, 2001
Niech ich świadectwo nie będzie zapomniane: Losy Kościoła katolickiego na Białorusi w latach 1917—1953. Grodno, 2000
Radwan M. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892-1926), Kraków, 1999
Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1880—1902. T. 1—15
Католики на Соловках. Сайт «Вера и мысль» (www.fides-ratio.chat.ru)
Книга памяти расстрелянных и погибших в тюрьмах, лагерях и ссылках католических священнослужителей. Сайт «Мемориал» (www.memo.ru)
Кузьняцоў І. Тэхналёгія рэпрэсіяў. Сайт «Беларускі калегіюм» (www.baj.by/belkalehium)
Раманава І. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд. Сайт «Homo Liber» (www.homoliber.org)
Сайт «Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі»

(www.catholic.by)


ТАБЛІЦЫ
Табліца 3

Гомельскі дэканат у 1923 г.23




Гомель. Парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваны.

Адміністратар і дэкан Канстанцін Андрэкус.

Капліцы: Баршчоўка, Грабаўка, Антонаўка, Борхаў, Ціхінічы, Засоўе, Касцюкоўка, Міхалькі, Сноўск (цяпер Шчорс), Лапічы (Дуравічы), Навазыбкаў.


Антушы. Парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай

Панны Марыі. Драўляны.

Адміністратар Казімір Мустэйкіс.

Жлобін, касцёл Св. Казіміра. Драўляны.

Святара няма.


Чачэрск. Парафіяльны касцёл Св. Тройцы. Мураваны.

Выконваючы абавязкі адміністратара Альбін Шаціла.

Капліцы: Аношкі, Лукомскія Паплавы, Рудня-Нісімкаўская, Рудня-Барталамееўская.


Люшава. Філіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны.

Філіяліст Баляслаў Валынец.

Капліца ў Вікторыне.


Рудня-Шлягіна. Філіяльная капліца Сэрца Пана Езуса. Драўляная.

Святара няма.

Капліцы: Рудня-Стаўбунская, Ухова.


Гросвердэр (Чарнігаўская губерня). Парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Драўляны.

Адміністратар Вінцэнт Дэйніс (таксама адміністратар у

Ромнах)

Капліца: Бахмач.



Нежын (Чарнігаўская губерня). Парафіяльны касцёл Св. Пятра і Паўла. Мураваны.

Адміністратар Пётр Бараноўскі.

Капліцы: Канатоп, Дарніца.


Ромны (Палтаўская губерня). Парафіяльны касцёл Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваны.

Капліца: Храшчацік (Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай

Панны Марыі).

Табліца 4

Гомельскі дэканат на 1 студзеня 1926 г.24


Гомель. Парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваны.

Адміністратар і дэкан Канстанцін Андрэкус.

Капліцы: Баршчоўка, Грабаўка, Антонаўка, Борхаў, Ціхінічы, Засоўе, Касцюкоўка, Міхалькі, Сноўск (цяпер Шчорс), Лапічы, Навазыбкаў, Клінцы (у прыватным доме).


4800 вернікаў

Антушы. Парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны.

Адміністратар Казімір Мустэйкіс.

Жлобін-Карпілаўка. Капліца Св. Казіміра. Драўляная.

Выконваючы абавязкі адміністратара Казімір Мустэйкіс.



2000 вернікаў
1000 вернікаў

Чачэрск. Парафіяльны касцёл Св. Тройцы. Мураваны.

Выконваючы абавязкі адміністратара Баляслаў Валынец.

Капліцы: Аношкі, Лукомскія Паплавы, Асоўе, Рудня-Нісімкаўская, Рудня-Барталамееўская.


2000 вернікаў

Люшава. Філіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны.

Філіяліст Баляслаў Валынец.

Капліца ў Вікторыне.


950 вернікаў

Рудня-Шлягіна. Філіяльная капліца Сэрца Пана Езуса. Драўляная.

Святара няма. Абслугоўвае Канстанцін Андрэкус.

Капліцы: Рудня-Стаўбунская, Ухова.


2000 вернікаў

Гросвердэр. Парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Драўляны

Адміністратара няма. Абслугоўвае Пётр Бараноўскі.

Капліца: Бахмач.


1255 вернікаў

Нежын. Парафіяльны касцёл Св. Пятра і Паўла. Мураваны.

Адміністратар Пётр Бараноўскі.



600 вернікаў

Табліца


Спіс касцёлаў і капліц, якія знаходзіліся на тэрыторыі Гомельскай акругі ў канцы 1920-х гг.25




Раён

Назва населенага пункта

Рэлігійныя установы

Ксёндз

Колькасць парафіян

1

Гомельскі

Гомель, вул. Камсамольская

касцёл

К.Андрэкус

1683 —

у горадзе



2

Гомельскі

Абрамаўка

капліца

К.Андрэкус




3

Уваравіцкі

Лапічы

капліца

К.Андрэкус

250

4

Веткаўскі

Рудня-Стаўбунская

капліца

К.Андрэкус

1592

5

Веткаўскі

Рудня-Шлягіна

капліца

К.Андрэкус




6

Веткаўскі

Ухова

капліца

К.Андрэкус




7

Чачэрскі


Чачэрск

касцёл

Б.Валынец

506


8

Чачэрскі

Рудня-Нісімкавіцкая

капліца

Б.Валынец




9

Чачэрскі

Аношкі

капліца

Б.Валынец




10

Чачэрскі

Рудня-Барталамееўская

капліца

Б.Валынец




11

Буда-Кашалёўскі

Люшаў

касцёл

Б.Валынец

200

Табліца


Спіс польскіх культурна-асветных устаноў Гомельскай акругі на 1927 год (якія месціліся на тэрыторыі парафій Гомельскага дэканата)26




Раён

Назва населенага пункта

Назва установы

камплект

група

1

Гомельскі

Гомель

Чырвоны куток пры чыгуначным клубе імя Леніна







2

Гомельскі

Гомель, вул. Камсамольская, 16

Польсектар пры цэнтральнай бібліятэцы імя Герцэна







3

Гомельскі

Гомель, вул. Жаркоўскага, 58

Сямігадовая школа імя Каспржака

7

7

4

Гомельскі

Гомель, вул. Жарковского, 9

Польскі дзіцячы інтэрнат







5

Гомельскі

Гомель, вул. Ланге, 1

Дзіцячы дом імя Розы Люксембург







6

Гомельскі

Абрамаўка

Польская школа

2

4

7

Веткаўскі

Рудня-Стаўбунская

Польская школа

2

4

8

Веткаўскі

Рудня-Шлягіна

Польская школа

1

3

9

Веткаўскі

Утонька

Польская школа

1

3

10

Чачэрскі

Падасоўе

Польская школа

1

3

11

Чачэрскі

Рудня-Нісімкавіцкая

Польская школа

1

3

12

Чачэрскі

Рудня-Дудзіцкая

Польская школа

1

3

13

Чачэрскі

Новыя Малынічы

Польская школа

1

3

14

Чачэрскі

Куракі

Польская школа

1

3

15

Буда-Кашалёў-скі

Любавін

Польская школа

1

3

16

Уваравіцкі

Лапічы

Польская школа

1

3

17

Чачэрскі

Рудня-Нісімкавіцкая

Школа малапісьменных







18

Веткаўскі

Рудня-Шлягіна

Школа малапісьменных







19

Веткаўскі

Рудня-Стаўбунская

Хата-чытальня







20

Веткаўскі

Рудня-Шлягіна

Хата-чытальня







21

Чачэрскі

Рудня-Нісімкавіцкая

Хата-чытальня







22

Чачэрскі

Новыя Малынічы

Чырвоны куток








23

Чачэрскі

Куракі

Чырвоны куток







24

Веткаўскі

Іванава Поле

Чырвоны куток






Табліца 5

Польскія населеныя пункты Гомельскай акругі ў 1929 г.27

Населены пункт

Сельскі савет

Раён

Польскіх сем'яў/ душ

Палякаў, %


Рудня- Стаўбунская

Рудня-Стаўбунскі

Веткаўскі


118 / 750

95%

Іванава Поле

-"-

-"-

- / 90

100%

Рудня-Шлягіна

Рудня-Шлягінскі

-"-

125 / 630

100%

Рудня-Гулева

-"-

-"-

38 / 150

35%

Утонька

Рэчкаўскі

-"-

51 / 225

90%

Рэчкаўскія Хутары

-"-

-"-

?

?

Ухоўскія хутары

Ухоўскі

-"-

23 / -

?

Новыя Малынічы

Новамалы-

ніцкі


Чачэрскі

20 / -

76%

Рудня- Дудзіцкая

-"-

-"-

29 / -

50%

Куракі

-"-

-"-

30 / -

?

Старыя Малынічы

-"-

-"-

23 / -

?

Рудня- Нісімкавіцкая

Рудня-Нісімкавіц-

кі


-"-

96 / 578

78%

Падасоўе

-"-

-"-

21 / -

?

Гарадоўка

-"-

-"-

8 / -

?

Аношкі

-"-

-"-

8 / -

?

Абрамаўка

Баршчоў-скі

Гомельскі

15 / 92

60%


Лапічы

Лапіцкі

Уваравіцкі

29 / -

?

Любавін

Любавінскі

Буда-Кашалёў-скі

108 / 446

95%

Шутнае

-"-

-"-

24 / 115

95%

Бычкі

-"-

-"-

39 / 200

100%

Асінаўка

-"-

-"-

12 / 53

95%



КРЫНІЦЫ


1

Там жа.


2 Ярмусик Э.С. Католический костёл в Беларуси в 19451990 годах. Гродно, 2006. С. 191.

3 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1889. T. 10. S. 927.

4 Ibid. S. 928.

5 Ibid. S. 927.

6 РГИА. Ф. 821. Воп. 125. Спр. 1208. Арк. 15, 16.

7 Там жа. Арк. 17

8 Там жа. Арк. 27.

9 Рудня-Шлягіна // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць. Мн., 2004. С. 240—241.

10 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1888. T. 9. S. 928.

11 На самой справе, у 2 разы менш — прыкладна 150 гадоў.

12 Па левы бок ад шашы Ветка—Свяцілавічы.

13 Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158.

14 Мялецій Сматрыцкі, аўтар «Трэнасу» (1610 г.) змясціў у сваім творы даўжэзны спіс праваслаўных родаў, якія перайшлі ў каталіцтва. Сярод гэтых родаў і шляхецкі род Гулевічаў.

15 РГИА. Ф. 826. Воп. 1. Спр. 944. Арк. 81.

16 ДАГАГВ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 114. Арк. 18—18 адв.

17 Галіна Калевіч. Душа патрабуе… // Ave Maria. 2007. №11(151).

18 Пазней абраз знайшла на гарышчы свайго роднага дому унучка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР, якая вырашыла ў памяць аб продках забраць абраз да сябе. Было гэта падчас гастроляў Станіславы Гулевіч па Гомельшчыне. Ужо доўгі час у яе кватэры, насупраць ложка, вісіць гэты абраз, на якім з аднаго боку намаляваны Арханёл Міхал, а з другога — Маці Божая з маленькім Езусам на руках.

19 Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158—159.

20 Iрына Раманава. Указ. сач.; НАРБ (Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь). Ф. 4. Воп.21. Спр.1690. Арк. 221.

21 Нягледзячы на тое, што школа была савецкая, настаўнікі па кантычках вучылі дзяцей рэлігійным песням. Таксама вучні завучвалі малітвы з малітоўнікаў.

22 ДАГАГВ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 114. Арк. 11, 11 адв.

23 ARCHIDIOECESIS MOHILOVIENSIS 1923.

Сайт Александра Александровича Бовкало (www.petergen.com/bovkalo).



24 Elenchus cleri et ecclesiarum Archidioeceseos Mohiloviensis in Russia in diem 1 januarii 1926. S. 16.

25 Паводле П.Літвінава.

26 Паводле П.Літвінава.

27 Пичуков В.П., Старовойтов М.И. Указ. соч. С. 213—214. ДАГАГВ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 527. Арк. 259. У спісе адсутнічае вёска Рудня-Барталамееўская Сідаравіцкага сельсавета Чачэрскага раёна.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка