Караткевіч У. Балада пра Вячка, князя людзей простых




Дата канвертавання21.05.2016
Памер30.43 Kb.
Караткевіч У.
Балада пра Вячка, князя людзей простых
Як груганы на трупы з высокае гары

Крыжакі наляцелі на вёскі і бары.

Няшчасная краіна тры доўгія гады

Нагбом хляптала трунак смярцей і злой бяды.


Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі,

Загінулі героі і здрадзілі князькі.

Агонь любові мужнай у брудных душах згас,

Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь.


Параненым і слабым яны яго ўзялі,

Ў кайданы ногі скулі і ў лагер прывялі.

Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады,

Калі былі далёка айчыны гарады.


Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,

Але шляхі да волі замкнулі для яго.

І вырас над палонным закуты ў грозны мур

Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар'ёнбург.


Паўзе з ракі на замак пранізлівы туман,

Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск,

За брамай маставою, як перадвесце бед,

Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт...


Па вуліцы смярдзючай, дзе скупчанасць і бруд,

Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд.

А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны снег,

Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег...


Ў агні наперад з імі ляцелі бітвы дні,

Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны.

За подзвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй,

За мужнасць і за гонар трымай адказ, трымай!


Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука:

"Пакіньце спадзяванні - адсюль выводзіць кат".

Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух,

Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух?


І просіць перад стратай ён путы развязаць,

Каб рукі на імгненне замлелыя размяць.

І ў гэты час апошні перад канцом сваім

Каня яму прывесці, каб развітацца з ім:

"Са мною разам зносіў ён дождж і халады,

Насіў мяне на бітву тры доўгія гады,

Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі".

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І вось каня на плошчу два кнехты прывялі.

І Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос

І кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс:

"Мой конь, мой конь, мой любы.


Як будзеш жыць цяпер?

Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны звер.

Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах,

Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага?


Якому не пасуе і назва: "чалавек",

Ў якога твар, як пятка, не чырванее век.

Не роднае, чужое усё нам тут з табой:

Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной,


Не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі,

Не так куюць падковы для конскае нагі.

Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп

Не проста дол чакае - ганьба, ганебны слуп".


І, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён

І ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,

І на каня узвіўся, і ў стрэмя горда стаў

І зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.


Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.

Адзін супроць дзесяткаў -

і ўсё ж не прэнг, а бой!

Конь варагоў хапае зубамі і храпіць.


Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы.

О, лепей дні пакончыць на полі баявым,

Ніж век глытаць ў кайданах чужынскіх вогнішч дым!

Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой:


"Я ў Мар'енбург з'явіўся і ён на час, ды мой.

Пакуль тугія лукі на вежах не звіняць,

Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць".

Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь.


І вось аб труп запнуўся яго любімы конь.

"О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць

І ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць.

Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай!


Мы болей не пабачым лугі і родны край".

Аленя абступілі са зграяй злых сабак.

Ірвуць і раздзіраюць, сякуць на дробны мак.

І вось з крывёю гордай змяшаўся пыл і гразь.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь.



Авой!!!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка