Каранеўская А. М. Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, студэнтка 5 курса




Дата канвертавання17.05.2016
Памер88.17 Kb.
Каранеўская А. М.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, студэнтка 5 курса

Навуковы кіраўнік: Белая А. І.
МАЛЫЯ ФАЛЬКЛОРНЫЯ ЖАНРЫ Ў ПРОЗЕ ЛУКАША КАЛЮГІ
Фальклор заўсёды быў сапраўднай энцыклапедыяй уяўленняў народа аб жыцці, што адбілася і ў арыгінальнай творчасці беларускіх пісьменнікаў. Малыя фальклорныя жанры, што выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай прозы, – а гэта прыказкі, прымаўкі, устойлівыя словазлучэнні і выслоўі, у тым ліку ветлівыя звароты, праклёны і інш. – можна разглядаць як сістэму, дзякуючы якой вобраз робіцца «і прадметна адчувальным, і асацыятыўна гаваркім» [3, с. 145].

Мова першых твораў празаіка Л. Калюгі вылучаецца выкарыстаннем наватвораў, цікавых моўных выразаў, «замешаных на сакавітай народнай гутарцы» [1, с. 85]. Пісьменнік пільна прыглядаецца да сваіх аднагодкаў, да іх спраў, бо толькі па справах можна меркаваць аб сапраўдным маральным абліччы людзей. «Восцер хлопец на язык» – з захапленнем адзначаюць камсамольцы Хатніцкай ячэйкі з аповесці «Ні госць ні гаспадар», слухаючы Яську Корабача. «І дакладчык, відаць, добры таварыш, і гаворыць да толку», – думаюць яны пра яго з павагай і нават крыху з зайздрасцю. А вось Л. Калюга расказвае пра выступленне курсанта, «камсамольца з дабраватым стажам»: «Як прыйшлі ўсе камсамольцы, узяўся ён іх навучаць камсамольскім паводзінам. Трэба сказаць, што курсанта ўтрапёны поп хрысціў. Вёртак яго язык, а словы шчэ шпарчэй к губе налятуюць. Захліпуецца хлопец. За адзін раз хоча ўсё, што на розум набяжыць, слухачам расказаць. Разумейце толькі! Гэтаксама сабака зацірку хлебча» [2, с. 167]. Так праз выкарыстанне трапных выразаў аўтар характарызуе асаблівасці маўлення героя – частую і бессэнсоўную гаворку ўтрапёнага камсамольца, якая «сапраўды атрымала шырокае распаўсюджанне ў краіне, пагражаючы сваім размахам затапіць патрэбныя справы і дзеянні» [1, с. 90].

Як бачна, трапныя выразы ўжо самі па сабе ёcць мастацкія з’явы. У кантэксце мастацкага твора яны «прыпісаны» пэўнаму персанажу і прызначаны для выяўлення адметнасці яго асобы. Партрэты камсамольцаў у творах Л. Калюгі атрымліваюцца пераканальнымі, «свойскімі», чаму ў немалой ступені спрыяе ўжыванне такіх выразаў у якасці як вербальных, так і своеасаблівых ацэначных сродкаў. Варта прыгадаць таго ж Яську Корабача, калі ён трапляе на камсамольскую работу. Айчымава зямля яму колам у горле, бо «кепска з такім “сацыяльным становішчам” убіцца дзе» [2, с. 174]. Стаў абіваць парогі у ЦК камсамола. Там пашкадавалі, далі рэкамендацыю на нізавую працу. Ён няздатны ні да якой карыснай працы, аднак умее падладжвацца пад новыя лозунгі, мяняць фразеалогію і за кошт гэтага быць заўсёды «на кані», хутка і непрыкметна рухацца па службовай лесвіцы: «Умеў змалку цвёрда на сваім стаяць, дабівацца сабе выгады» [2, с. 174]. Пра такіх у народзе кажуць: «І ў вадзе не тоне, і ў агні не гарыць».

Шматлікія героі Калюгавых твораў лічылі сябе «сучаснымі людзьмі», імкнуліся ісці ў нагу з часам. Пануючая ідэалогія паступова заглушала жывое, прыроднае ў чалавеку, вымушала мысліць трафарэтна. Кідаецца ў вочы і тое, што з лексікона камсамольцаў назаўсёды знікаюць словы «Бог», «дзякуй Богу» – спрадвечныя трапныя выразы-«вартаўнікі» жыцця. На прывітанне Хвядоса «Памажы божа!» Ганька, гераіня аповесці «Ні госць ні гаспадар», гарэзліва адзываецца: «Паляжым, можа?!». Маладыя часцей ужываюць выразы «чорт яго ведае», «чорта», «ідзі к чорту»: «Ну, – думае ідучы [Змітрук Куртаты], – хоць ты і бацька, але чорт цябе бяры» [2, с. 166]. «Далібог, давайце! – забудзецца каторы дый пабожыцца старэчым словам», – заўважае Л. Калюга ў адным з эпізодаў, адцяняючы, падкрэсліваючы ігнараванне слова «Бог» як адзнаку прыналежнасці прадстаўнікоў вясковай моладзі да «новых людзей».

Пісьменнік актыўна ўключаў у свае аповесці і апавяданні народныя легенды, звычаі, прыкметы, павер’і, забабоны, «бабчыны казалы». Для яго ўсё гэтае «забабоннае» мела вялікае значэнне. Л. Калюга разумеў, што, «ігнаруючы тое, у што верыць чалавек, немагчыма зразумець ягоны характар» [1, с. 98]. Сяляне з твораў празаіка вераць у благія вочы, у вядзьмацкія начары і да т.п. Амаль кожнае з народных павер’яў, якія прыводзяцца ў апавяданнях і аповесцях Л. Калюгі, суправаджаецца супрацьпастаўленнем «цяперашняга» і ранейшага, накшталт: «Цяпер ніякаму дзіву людзі веры не даюць, а даўней…». Арыгінальна, у святле праблемы нацыянальнага характару, інтэрпрэтуе пісьменнік спрадвечную веру беларусаў у прыметы (апавяданне «Баркаўцы – добрая вёска і баркаўчане – вясёлыя людзі»): «Некалі казалі – гадавыя святы праўдзяць. Які ты ў гэты дзень будзеш, такім застанешся і на ўвесь год: благое што зробіш – благі, а добрае – добры будзеш без канца-краю. І от баркаўчане, каб ні благімі, ні добрымі не быць (бо ёсць прыказка: не будзь салодкі – а то праглынуць, не будзь горкі – а то праплююць), спяць кожнае гадавое свята з ранку да вечара цалюткі дзень. Усе да аднаго, як пабітыя, спяць на вялікдзень… Дайшлі баркаўчане, што так толькі і можна ад благога і ад добрага ўсцерагчыся... Шчасце і доля іх – усё ў сне затанула.. Хіба як высплюцца ў запас, як на шмат год наперад сабе сну прызапасяць… Хіба тады інакшае будзе што…» [2, с. 262].

Не менш значную ролю адыгрываюць трапныя выразы і ў індывідуалізацыі вобразаў. Хвядос Чвардоўскі – добры вучань. «Папытаюць чаго – бы секачом адсячэ, гаворыць – што рэдзьку скрыляе» [2, с. 81]. Гаравы Змітра«у сярэднім пер’і чалавек і ўсяго сабе шукае сярэдняга, памяркоўнага: як святочнага дня, так добрага суседа» [2, с. 261]. Пархім Заблоцкі спаў, «ні паху ад свежага бліна, ні гоману ў хаце – нічога не чуў. За ўчарашні прагуляны вечар хацелася яму нагнаць. <…> Так другія і пшаніцу прадаўшы не спяць. Пшаніцу прадаўшы боязна, каб хто грошай не падседзеў. А Пархіму што? Ён яшчэ ні грошай, ні гаспадарскага клопату не меў» [2, с. 253–254].

Л. Калюга кпіць з недарэчнага жадання сваіх герояў іграць не ўласцівую ім ролю, з іх жадання ўсякімі сродкамі ўзвысіцца над іншымі, як Клемка Філончык: «Чорт яго ўсё у галаве дзяржаць будзет. За гэта ўрэмя мы окала мудрэйшых вяшчэй аціраліся…» [2, с. 271].

Трапныя выразы, ужытыя пісьменнікам у дыялогах герояў, служаць сродкам ацэнкі тагачаснага жыцця, як, напрыклад, гучыць гэта з вуснаў адной з гераінь дзіцячай аповесці «Зэнка малы ніколі не быў» – Дзёмчыхі:

«–… Ото пайшоў свет! Каб яго пярун ясны, – казала,–высмаліў!» [1, с. 119].

Нярэдка, чытаючы Калюгавы творы, натрапіш на каламбуры, якія ў пісьменніка заўсёды з’яўляюцца элементам смехавай культуры. Амонімы, амографы, фразеалагізмы, жартаўлівая этымалагізацыя слоў – вось той «матэрыял», з якога будуецца калабур. У аповесці «Зэнка малы ніколі не быў» чытаем: «Ячмень усюды мала прыемны. Напрыклад, у воку. З аднаго ячменю й блін выходзіць як брус, і ніякага ў ім смаку» [1, с. 127].

У аповесці «Зэнка малы ніколі не быў» можна знайсці нямала эпізодаў, дзе Л. Калюга, цудоўны знаўца беларускай мовы, будуе свае жарты, каламбуры на народных павер’ях, прымаўках, прыказках, фразеалагізмах. З народных прымхаў, забабонаў ён часам высякае яркія залацінкі смеху, запрашаючы і чытача пакпіць разам з ім над яго недарэкамі-героямі. У народзе лічыцца, што нельга зашываць нешта на сабе, а калі ўжо трэба гэта зрабіць неадкладна, то радзяць што-небудзь трымаць у зубах, каб не «зашыць розум». Клемка Філончык, з якога бацька «чалавека зрабіць захацеў», пагарджае знешне гэтымі «бабскімі казаламі», а ў душы лічыць, што ўсе яго нягоды ідуць з-за «зашытага розуму». «…Дзе там з Клемкі чалавек будзе, калі ён, малым быўшы, зашыў сабе розум. Бывала, абы вырваўся гузік, не меў ён моды даць мацеры ўшыць, а сам возьме нітку, сам завалачэ ў іголку і на сабе, нічога ў зубы не ўзяўшы, верне гузік на яго даўнейша месца. Ушые ды яшчэ і памацуе: ці моцна сядзіць» [1, с. 131].

Востры жарт, досціп з’яўляюцца састаўнымі элементамі смехавой культуры пісьменніка. Трапныя выразы, ужытыя ў апісанні герояў, глыбей адлюстроўваюць сутнасць асобы героя, робяць яе «прыземістай», свойскай. Паказальны ў гэтых адносінах вобраз Вінцука з аповесці «Нядоля Заблоцкіх». Там, дзе нехта іншы абышоўся б простай канстатацыяй таго, напрыклад, як няўважліва, без цікавасці, абы з рук Вінцэнты рыбу ловіць, Л. Калюга бачыць нагоду пасмяяцца з свайго героя: «Каб завялася ў баркаўской рацэ дурная рыба, каб дарэшты высахлі яе невялікія мазгі, каб наважыла яна сябе са свету збаёдаць, дык от – як мела вешацца – магла б зачапіцца Вінцэнту на зазубень, тут сабе смерці пашукаць. Цяжкі быў канец тае рыбе» [2, с. 230]. І тут жа Калюга растлумачыць, чаму вядомы ў Баркаўцах і бліжэйшых вёсках музыкант Вінцэнты так абыякава ловіць рыбу: бо «не лавіць, а каб самога не ўлавілі» – так хаваецца герой ад прасіцеляў.

Аўтар не абмінае ніводнага выпадку, каб пажартаваць, паіранізаваць з таго ці іншага недахопу, заганы ў характары героя, з яго жадання, сітуацыі, у якую ён трапіў і інш. Вось некаторыя са шматлікіх прыкладаў: «Хвядос то ў адзін бок зірне, то ў другі: каб дзе хто зварухнуўся на вуліцы, цёмна – чорна, як у нявыпратаным коміне». Пра злосць Хвалісі на сына Пётру, калі ён чытае (не любіць Хваліся гэтага), Л. Калюга заўважае : «На сына гляне, як падатак за пабочны заработак аддаючы». Ігналёва кабыла, старая «каштанка», «стаяла ў аглаблях, адвесіўшы губу, як той лубок, што некалі на Вялікдзень па ём яйцы качалі». Вось яшчэ адзін яскравы штрых да партрэта аднаго з камсамольцаў: «І ў сваёй хаце, як дзе на старане, не зыходзяць з яго ілба маршчынкі-патарчакі проці палазком выгнутага носа, як бы штылем ён увагнаны ў лоб». Такія трапныя выразы, выкарыстаныя ў якасці параўнанняў, дапамагаюць больш ярка, рэльефна абмаляваць асаблівасці псіхалагічнага стану таго ці іншага героя, маляўніча, вобразна перадаць уласцівасці той ці іншай з’явы, прадмета, дзеяння, падкрэсліць смешнае, камічнае ў знешнасці або характары чалавека. «Сакавітасцю, свежасцю пазначаны і многія іншыя параўнанні Калюгі». Выдатна, напрыклад, сказана пра дружную некалі сям’ю Заблоцкіх: «Як прыйдзецца за стол садзіцца, дык галоў, як качаноў на капуснай градзе, збярэцца» [1, с. 135].

У апавяданнях і аповесцях Л. Калюгі можна знайсці вялікае мноства слоў-наватвораў, якія хоць і здаюцца часам нязвыклымі сучаснаму чытачу, аднак заўсёды зразумелыя, свойскія. Выбар слова, інтанацыі, стаўленне слова ў радок пісьменнікам па-сапраўднаму беларускія: «Як толькі свята, і ў Баркаўцох Пархіма цяжка злавіць – як звалачэцца дзе ў дзесятае сяло, дык з раніцы да вечара будзе там круціць галаву». Ці: «Хаця каб не сышла на пшык яго надзея, каб не сеў макам перад начальствам Юстапчык» [1, с. 136]. Фразеалагізм «сысці на пшык», «сесці макам» у творах сучасных пісьменнікаў не сустрэнеш. Семантычна блізкім да прыдуманага аўтарам фразеалагізма «сесці макам» з’яўляецца фразеалагізм «сесці куццёю», які таксама сустракаецца ў творах Л. Калюгі. Хвядосу Чвардоўскаму «…трэ было не сесці куццёю на акзамінце» [2, с. 81].

Не менш значнае месца сярод малых фальклорных жанраў, выкарыстаных Л. Калюгам, займаюць прыказкі-кленічы. Напрыклад, пра сварку ў хаце Мотузаў аўтар апавядае з выкарыстаннем такіх кленічаў: «Многа ты іх [дроў] навазіў?! Каб цябе на могліцы вывезлі!.. Каб ты сцежкі не бачыў! Каб панавалакала! Каб панацягавала!..» Як і ў творах народнай прозы, мы бачым прыклад таго, што персанаж цалкам аддаецца ўладзе пачуцця і «гаворыць тое, да чаго галава не прыслухоўваецца» (К. Чорны). Такая некіруемая агрэсія правакуе і адпаведныя адносіны ў адказ:

«– Агні вас хай спаляць з вашым усім!!! – праз слёзы кажа. Але голас моцны ў Бладзіка. Нехта вуліцаю ішоў у гэты час. Спыніўся. Паслухаў і далей памалу паўз плот пасунуўся. <…> У маці слёзы коцяцца па бабовым каліве…

Хай цябе аднаго, сынок, перуны спаляць дзе сярод чыстага поля, воддаль ад добрых людзей» [2, с. 132].

Як бачым, прыказка-кленіч у кожным выпадку «акрэслівае і паказвае ўнутраную сутнасць персанажавай душы» [3, с. 149]. Кленічы, укладзеныя ў вуcны персанажа, даюць магчымасць зразумець яго характар, выяўляюць розум і тэмперамент.

Значным мастацкім эфектам валодаюць прыказкі і прымаўкі, ўжытыя Л. Калюгам у шматлікіх творах, напрыклад: «Дзе воўк радзіўся, там і куст яму міл». Ці: «Прыказка і праўда: няма лепшага панства, як гаспадарства. Не дурныя людзі казалі» [2, с. 91] – гэты зварот бацькі да сына пралівае святло на асаблівае стаўленне беларускіх сялян да гаспадарства, бо наша гісторыя была багатая на шматлікія «напасці». З вуснаў Юстапа Заблоцкага, які прыехаў па сына пасля экзамену, гучыць такая прыказка: «Ну як? Не здаў? – лепшага спадзяецца, але горшае на языку: такі наш, баркаўскі, чалавек» [2, с. 268]. Як бачым, прыказкі надзвычай натуральна гучаць з вуснаў герояў Л. Калюгі. «Стары Мотуз адразачку пазнаў Корабача…Толькі ўсяго адказаў на “дзень добры”. У большую гаворку не палез. Чорт чорта пазнаў і на піва пазваў. Ёсць у старога прыказка пра запас і на такі выпадак» [2, с. 189]. Асноўная ўласцівасць прыказак і прымавак у падобным кантэксце – падводзіць з’яву пад вымярэнні папярэдняга чалавечага вопыту.

Л. Калюга надзвычай дарэчна выкарыстоўвае разнастайныя ўзоры народнага маўлення, якія, дакранаючыся да той ці іншай жыццёвай з’явы, спрыяюць пераўтварэнню рэальных фактаў у факты мастацтва. Пры апісанні вобразаў герояў сваіх аповесцяў і апавяданняў таленавіты пісьменнік актыўна ўжывае шматлікія малыя фальклорныя жанры: прыказкі, прымаўкі, кленічы, трапныя выслоўі. Кожны з гэтых сродкаў выступае як паказчык пэўнага эмацыянальна-інтэлектуальнага і псіхалагічнага стану асобы літаратурнага персанажа. Малады празаік умела ўключае асацыятыўна-сэнсавую энергію малых жанраў фальклору ў змест сваіх твораў, зноў і зноў пераконваючы ў тым, што яны – плён гістарычнага вопыту народа, магутны пласт яго духоўнасці.
Літаратура:
1. З. У. Драздова Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі: Стылявыя асаблівасці. – Мінск: Беларуская навука, 1997. – 143 с.

2. Калюга, Л. Ні госць ні гаспадар. Апавяданні і аповесці. – Мінск: Маст. літ., 1974. – 290 с.



3. Янкоўскі М. А. Паэтыка беларускай народнай прозы. – Мінск: Выш. школа, 1983г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка