Канспекты дапаможных матэрыялаў




старонка8/18
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.35 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   18

Ход заняткаў



Малітва.

К. раздае кожнаму вучню свечку (сам трымае запаленую):

Я трымаю запаленую свечку, святло якой сімвалізуе Хрыста — Святло свету, якое асвячае нам дарогу да нябеснага Айца. Чалавека таксама можна параўнаць са свечкаю, бо, калі ён мае ў сабе агонь Хрыста, то згарае для Яго, даючы вакол сябе святло добрага прыкладу і цяпло ахвярнай любові. (К. просіць вучняў запаліць свае свечкі ад яго): Падыдзіце вельмі блізка адзін да аднаго, так, каб было адно вялікае полымя. Кожны дае крыху ад сябе, паўстае супольнасць — вялікі агонь любові, здольны агарнуць нават увесь свет і ўсіх людзей. Праз сакрамэнт хросту мы таксама сталі ўдзельнікамі адной вялікай супольнасці, якую заснаваў Хрыстус, — супольнасці Касцёла, містычнага Цела Хрыста.

Спеў: Хоць нас і многа, мы адно цела ў Хрысце.

Пасля спеву вучні сядаюць у кола, а свае свечкі ставяць у цэнтр.

Тэма нашага сённяшняга занятка: Я ў Касцёле.


Чалавек пытае

Касцёл жыве, дзейнічае і развіваецца праз кожнага хрысціяніна, які ў еднасці з Хрыстом на сваім месцы працы, вучобы ці ў сям’і дае сведчанне сваёй веры. «Вы — святло свету», «соль зямлі», «закваска на цеста» — гэта азначае, што кожны хрысціянін пакліканы не толькі для ўласнага збаўлення, але і для таго, каб разам з Хрыстом працаваць над збаўленнем усіх людзей.

Аднак не ўсе ахрышчаныя бачаць сябе ў Касцёле. Прачытайце, што кажа вашая равесніца, вучаніца сярэдняй школы (падручнік вучня):
«Хрысціянства — гэта асабістая сустрэча з Богам. Я не разумею, навошта камусьці патрэбны Касцёл. Напэўна, толькі святарам. Я не веру ў тое, што Езус наказвае мне хадзіць у касцёл, дзе я павінна слухаць спевы бабуляў і бачыць там сваіх аднакласнікаў, якія не моляцца, а ўвесь час азіраюцца, каб потым пра ўсіх пляткарыць. Я не магу зразумець гэтага. Лепш быць сам-насам з Богам, каб ніхто не перашкаджаў... ».

— Каго аўтарка ліста заўважае ў касцёле?

— Як яна адносіцца да малітвы людзей, якіх бачыць у касцёле?

— Якія могуць быць прычыны таго, што яна хоча маліцца без супольнасці?


Бог адказвае

Касцёл складаецца з двух рэчаіснасцяў — Божай і людской. Аўтарка ліста заўважыла толькі людскую рэчаіснасць, слабую, грэшную. Зараз мы паспрабуем убачыць іншую рэчаіснасць — Божую. Як прысутнасць Езуса Хрыста рэалізуецца ў Касцёле — супольнасці, да якой я належу?



Праца ў групах: адна група атрымлівае цытаты, якія павінна знайсці ў Св. Пісанні, другая — Канстытуцыю Sacrosanctum Concilium (гл.1 п.7). На аснове тэкстаў вучні павінны вызначыць cпосабы прысутнасці Хрыста ў Касцёле і запісаць іх у сваіх падручніках:

«Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20).

«Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне» (Лк 10, 16).

«Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору. Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium (гл.1 п.7):

«Для здзяйснення такой вялікай справы Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле, асабліва ў літургічных дзеяннях. Ён прысутнічае ў ахвяры св. Імшы і ў асобе цэлебранта, „бо той, хто калісьці ахвяраваў сябе на крыжы, цяпер ахвяруе сябе праз служэнне святароў“, асабліва ў эўхарыстычных постацях. Сваёй сілай Ён так прысутнічае ў сакрамэнтах, што калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус. Ён прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам. Нарэшце, прысутнічае тады, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы...» (Sacrosanctum Concilium, 7).


( у літургіі, у Эўхарыстыі, у асобе святара, у сакрамэнтах, у Слове, у супольнай малітве, у церпячых і патрабуючых)
Касцёл не стаіць паміж Езусам і намі, ён ёсць Езусам, цела якога складаецца з нас. Дзякуючы гэтай еднасці, мы можам вярнуць сабе Божае жыццё — пазбавіцца сваёй «марнасці», набыць неабходныя для нас ласкі і імкнуцца да святасці.
Чалавек адказвае Богу

К. вешае на дошцы вялікі аркуш паперы з контурамі чалавека, раздае вучням каляровыя карткі, на якіх кожны павінен напісаць сваё імя. Затым кожны падыходзіць да дошкі і наклейвае сваю картку ўнутры намаляванай постаці. Калі заданне будзе выканана, К. чытае ўрывак са Святога Пісання (1 Кар 12, 12–21. 26–27).

— Хто з’яўляецца галавою Касцёла?

— З чым параўноўваецца Касцёл у фрагменце, які вы пачулі?

— Да каго адносяцца словы, якія мы толькі што пачулі?

— Што будзе з арганізмам, калі кожная частка цела «захоча жыць самастойна»?

К. просіць, каб вучні зноў падышлі да дошкі і паспрабавалі адарваць картку са сваім іменем.

Кожны грэх хрысціяніна памяншае святасць Касцёла, бо калі адна частка цела пачынае хварэць, то ад гэтага церпіць увесь арганізм, усё цела. Калі хто-небудзь з вас бачыць зло, якое ёсць у супольнасці Касцёла, ён не павінен адыходзіць абражаным. Трэба задумацца, як гэтае зло направіць спачатку ў сабе, а потым у іншых. Інакш у Касцёле, як на Целе Хрыстовым, з’яўляюцца раны.


Разважанне:

Каля пастаўленых вучнямі свечак, К. кладзе картку са словамі Бэнэдыкта XVI і прапануе некалькі хвілін паразважаць над гэтымі словамі:

«Касцёл не трэба будаваць, трэба ім жыць».

— Для мяне Касцёл — гэта «яны» ці «мы»?

— На якім месцы ў Касцёле я бачу сябе?

— Як мой грэх закранае іншых людзей?

— Я католік «па метрыцы хросту» ці гэта мая жыццёвая пазіцыя?



Пастанова.

Хатняе заданне:

  1. Складзі ўласнымі словамі малітву за Касцёл і пастарайся маліцца ёю штодня.

  2. Напішы ліст тым, хто кажа: “Хрыстус – так! Касцёл – не!”


Заключная малітва: (падручнік вучня)

Тэма № 12, X кл.



ШАНУЙ БАЦЬКУ СВАЙГО І МАЦІ СВАЮ
Дыдактычная мэта: нагадваем, што чацвёртая Божая запаведзь вучыць пашане да бацькоў і выхавальнікаў.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем у моладзі любоў і пашану да сваіх бацькоў і выхавальнікаў.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Сір 3, 1; Ян Павел ІІ. – Кельцы, 3 VI 1991; Карткі і маркеры для кожнай групы.

Метады катэхезы: праца ў групах, словы-ключы.
Ход заняткаў
Малітва: Ойча наш.
Чалавек пытае

К. запрашае вучняў рагледзець малюнкі і фотаздымкі з адлюстраваннем розных сітуацый сямейнага жыцця, а потым дапоўніць напісаныя на дошцы сказы:

Сям’я, на маю думку, гэта...

Хрысціянская сям’я, на маю думку, гэта...

К. запісвае адказы вучняў на дошцы, падкрэсліваючы неабходнасць прысутнасці ў жыцці хрысціянскай сям’і веры, сакрамэнтаў, жыцця паводле Божых запаведзяў.

Калі ласка, узгадайце, як гучыць Божая запаведзь, у якой гаворыцца пра нашае заданне адносна сваіх бацькоў? (Вучні адказваюць, К. запісвае на дошцы IV-ю Божую запаведзь: Шануй бацьку свайго і маці сваю).


Бог адказвае

Захаванне гэтай запаведзі мае вельмі важнае значэнне ў фармаванні хрысціянскага разумення Бога, таму што Бог для аб’яўлення сваёй таямніцы выкарыстаў паняцце Айца. Чалавек, які па той ці іншай прычыне не любіць і не шануе свайго зямнога бацькі, не здолее заўважыць любові, якою яго адорвае Бог. Канфлікт з бацькамі заўсёды накладае адбітак на малітву, на веру, а часта нават вядзе да поўнага разрыву з Богам.


Аднак гэтая Божая запаведзь не толькі дзецям нагадвае пра іх абавязкі, яна скіраваная таксама і да бацькоў.

К. дзеліць клас на 2 групы, кожнай дае тэксты. І-я група павінна выпісаць на картках, якія абавязкі маюць дзеці ў адносінах да сваіх бацькоў. ІІ-я група выпісвае, якія абавязкі маюць бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей.. Затым гэтыя ключавыя словы вучні павінны скласці ў адпаведную геаметрычную фігуру ці форму, можна дамалёўваць лініі.
«Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. „Шануй бацьку твайго і маці“ — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі. І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана» (Эф 6, 1–4).
«Словы ІV-й запаведзі скіраваныя да дзяцей, да сыноў і дачок: „Шануй бацьку свайго і маці“. Гэтак жа яны маюць дачыненне і да бацькоў: „Памятай, каб сапраўды заслугоўваў гэтай пашаны“. Будзь годным называцца бацькам! Будзь годная называцца маці! (...)

Каб дзеці маглі шанаваць сваіх бацькоў, іх трэба прыняць як дар ад Бога. Так, кожнае дзіця — гэта дар ад Бога. Часам гэты дар цяжка прыняць, але гэты дар заўсёды вельмі каштоўны. (...)

У выхаванні дзіцяці важна не толькі для яго ахвяравацца, важна рабіць гэта мудра, так, каб выхаваць дзіця ў сапраўднай любові. Выхаваць у сапраўднай любові — гэта таксама і патрабаваць, але толькі з любоўю. Можна патрабаваць, толькі адначасова патрабуючы ад самога сябе». (Ян Павел ІІ. – Кельцы, 3 VI 1991) (падручнік вучня)
Прэзэнтацыя працы вучняў. (Вынікі працы вучні запісваюць у падручнік)
Кожны з нас з’яўляецца дзіцём. Кожны з нас мае бацькоў — жывых, памерлых, любячых, абыякавых. Той, хто нягледзячы ні на што атуляе павагаю сваіх бацькоў, адорваючы іх сапраўднаю любоўю, лёгка адкрые, кім ёсць Бог і як трэба адносіцца да Яго. Магчыма, не кожны з нашых бацькоў рэалізуе Божы ідэал добрай маці і добрага бацькі, але яны далі нам жыццё, яны нас выхавалі. Яны жылі ў іншы час — у час руйнавання святыняў, у час людзей, глухіх да Божага слова, у час бязлітаснага атэізму, калі людзі не маглі так як вы цяпер, вучыцца праўдам веры, малітве. Таму мы павінны прабачыць ім, калі штосьці ў іх паводзінах і словах крыўдзіць нас, калі яны нас не разумеюць.

Магчыма, хтосьці саромеецца сваіх бацькоў з-за іх простага паходжання, неадукаванасці або з-за тых ці іншых слабасцяў. Пашана да бацькоў, кім бы яны не з’яўляліся, была, ёсць і будзе паказчыкам велічы чалавека. Ад гэтай запаведзі мы ніколі не можам быць вызваленыя. Нават калі нашыя бацькі адыдуць з гэтага свету, наш клопат і пашана ўвасобяцца ў малітвах за іх, у клопаце пра іх магілы і ва ўшанаванні гадавіны іх смерці.

Катэхізіс гаворыць нам пра іншых людзей, якім мы таксама павінны быць удзячныя. (Хтосьці з вучняў чытае, пар.):
«Асаблівую ўдзячнасць хрысціян заслугоўваюць тыя, ад каго яны атрымалі дар веры, ласку Хросту і жыццё ў Касцёле. Гэта могуць быць бацькі або іншыя члены сям’і, бабуля і дзядуля, пастыры, катэхэты, іншыя настаўнікі або сябры...»
Чалавек адазвае Богу….

У ІV-й запаведзі Бог наказвае нам шанаваць сваіх бацькоў, настаўнікаў і выхавальнікаў.



Разважанне:

— Як я выконваю гэтую Божую запаведзь?

— Як я адношуся да сваіх бацькоў, калі заўважаю іх недахопы?

— Як часта я малюся за сваіх бацькоў і выхавацеляў?

— Як часта я дзякую ім за усё тое, што яны для мяне робяць?

Пастанова.

К. скіроўвае вучняў да паставы прабачэння бацькам і выхавальнікам за іх недахопы і слабасці.

Хатняе заданне:

1. Штодня падчас вячэрняй малітвы маліся за сваіх бацькоў.

2. Так, як можаш, выкажы сваю падзяку бацькам за дар жыцця, за іх клопат і любоў.

3. Напішы, як ты ўяўляеш свае адносіны з бацькамі, калі сам будзеш дарослым і незалежным ад іх чалавекам.


Заключная малітва

Пане Божа, Ты даў нам запаведзь,

каб мы шанавалі бацьку і маці.

Усім сэрцам я люблю сваіх бацькоў.

Ведаю, як я ім абавязаны, і таму прашу Цябе:

май іх у Тваёй апецы, адары іх здароўем

і вядзі іх па жыцці дарогаю Тваіх запаведзяў.

Дай ім шчаслівую старасць, а калі прыйдзе час,

прымі іх у сваё Валадарства.

Амэн.

Тэма № 13, X кл.



ЖЫЦЦЁ — БОЖЫ ДАР.


Дыдактычная мэта: указваем моладзі на тое, што V-я Божая запаведзь стаіць на варце чалавечага жыцця. Грахом супраць гэтай запаведзі з’яўляюцца: забойства, аборт, ужыванне кантрацэптыўных сродкаў, эўтаназія, самазабойства, непатрэбная рызыка жыццём, залежнасці, якія шкодзяць здароўю.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем у моладзі любоў да жыцця як да самага каштоўнага Божага дару.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Зых 20, 13; ККК 2268–2270, 2275–2281; Ян Павел ІІ. Evangelium vitae, 52, 77.

Метады катэхезы: пустое крэсла, праца ў групах, аналіз тэксту.
Ход заняткаў
Малітва: спеў
Чалавек пытае

К. распачынае размову з вучнямі з пытання:

— Якую каштоўнасць мае жыццё чалавека?

Якую каштоўнасць мае жыццё чалавека? Часам гэта толькі цана адной дозы наркотыкаў ці адной бутэлькі алкаголю. Здараецца і так, што гэтая цана — жыццё маці, ахвяраванае, каб выратаваць дзіця, што прыходзіць у свет.
К. выкарыстоўвае метад пустога крэсла. У чатырох месцах класа раскладваюцца карткі з рознымі адказамі на пытанне пра вартасць чалавечага жыцця.

Прачытайце гэтыя карткі і станьце каля той, з думкай якой вы згаджаецеся. Той, хто не згаджаецца з напісанымі поглядамі і мае сваю думку, становіцца каля пустой карткі.


Аня: «Я думаю, што жыццё чалавека мае вялікую каштоўнасць, таму што Бог — Даўца жыцця, а чалавек створаны на Яго вобраз і падабенства. Паколькі Бог дае жыццё, то толькі Ён можа вырашаць, калі яно спыніцца».
Ігар: «Я вельмі цаню жыццё, якое маю, але думаю, што кожны мае права рабіць са сваім жыццём тое, што хоча. Калі чалавек не хоча далей жыць — ці таму, што мае невылечную хваробу, ці па іншай прычыне, то гэта яго асабістае права і тут ніхто не павінен забіраць у яго гэтае права».
Таня: «Я думаю, што з кожнага правіла ёсць выключэнне. Пан Бог гаворыць: „Не забівай“, але асабіста я не змагла б нарадзіць дзіця, калі б гэта пагражала майму жыццю. Думаю, што таксама і дзяўчына, якая стала ахвярай гвалту, мае права зрабіць аборт».
Я МАЮ ІНШУЮ ДУМКУ
Вучні збіраюцца ў групы і дыскутуюць над думкай, запісанай на картцы, шукаючы аргументаў. Праз 10 хвілін групы выбіраюць сваіх прадстаўнікоў, якія выходзяць на сярэдзіну класа са сваімі крэсламі, групы размяшчаюцца за сваімі прадстаўнікамі. У цэнтр ставіцца пустое крэсла і падаецца інфармацыя, што зараз толькі прадстаўнікі груп і тыя, хто сядае ў пустое крэсла, могуць выказваць свае аргументы. З кожнай групы праз адну хвіліну можа выходзіць адна асоба, сядаць у пустое крэсла і прадстаўляць свой погляд, выкарыстоўваючы аргументы прадстаўніка сваёй групы. Пасля гэты чалавек зноў вяртаецца ў сваю групу, а пустое крэсла займае іншая асоба, якая хоча прадставіць сваю думку.

На заканчэнне гэтага этапу катэхэзы К. змяшчае на дошцы плакат з тэкстам пятай Божай запаведзі і падсумоўвае выказванні вучняў.

Бог адказвае

К. дзеліць клас на 4 групы і раздае ім тэксты ККК, у якіх вучні шукаюць адказ на пытанне::
І група: ККК 2268–2269

  • Што гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пра грэх забойства?

ІІ група: ККК 2270–2275

- Што гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пра грэх аборта?

ІІІ група: ККК 2276–2279



  • Што гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пра грэх эўтаназіі?

ІV група: ККК 2280–2281

  • Што гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пра грэх самазабойства?


Прэзентацыя працы вучняў
Пра тое, што жыццё чалавека — гэта найвялікшая вартасць, піша Ян Павел ІІ у энцыкліцы, якую назваў «Евангелле жыцця (падручнік вучня):
«Божай запаведзі ніколі нельга аддзяляць ад Божай любові: яна заўсёды ёсць дарам, які павінен служыць развіццю чалавека і яго радасці. (…) Таксама Евангелле жыцця — гэта вялікі дар Бога і разам з тым адказнае заданне для чалавека. Яно выклікае захапленне і ўдзячнасць вольнай асобы і дамагаецца ад яе, каб прыняла яго, захоўвала і цаніла з жывым пачуццём адказнасці: даючы чалавеку жыццё, Бог жадае, каб чалавек гэтае жыццё любіў, шанаваў і развіваў. Такім чынам, дар становіцца запаведдзю, а сама запаведзь — дарам» (Evangelium vitae, 52).

«Мы пакліканы, каб любіць і шанаваць жыццё кожнага чалавека і цярпліва і смела імкнуцца да таго, каб у нашу эпоху, у якой становіцца ўсё больш прыкметаў смерці, урэшце запанавала новая культура жыцця, плён культуры праўды і любові» (Evangelium vitae, 77).


Чалавек адказвае Богу

Вучні, працуючы ў тых самых групах, павінны напісаць як мага больш аргументаў у абарону жыцця — для таго, хто стаіць на парозе...

І група: забойства.

ІІ група: аборту.

ІІІ група: эўтаназіі.

ІV група: самазабойства

5 група: ужыванне алкаголю і наркотыкаў



Прэзентацыя працы. (свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
Разважанне:

«Не забівай» — гэта заклік да асцярожнасці, да чуласці, да клопату пра іншых і пра сябе. Не крыўдзі іншых і сябе — гэта надзвычай просты прынцып, які гарантуе чалавеку спакой і належнае ўнутранае развіццё.

— Як часта я дзякую Пану Богу за дар свайго жыцця?

— Як я берагу і развіваю гэты дар?

— Як я адношуся да ўжывання алкаголю і курэння?

— Што я раблю для таго, каб не трапіць у залежнасць ад гэтых рэчаў?



Пастанова.

Хатняе заданне:

Зрабіць з газетных выразкаў невялікі плакат на тэму абароны зачатага жыцця.



Заключная малітва: Пс 8, 2а.4-5.

Тэма № 14, X кл.



In vitro. Лячэнне бясплоднасці ці схаваная форма аборту?
Дыдактычная мэта: распавядаем вучням пра тое, чым з’яўляюцца штучныя метады запладнення. Знаёмім вучняў з пазіцыяй Касцёла адносна пытання іn vitro.

Выхаваўчая мэта: вучым шанаваць жыццё чалавека, якое з’яўляецца Божым дарам.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Быц 21, 1-7.

Камунікат Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад 28.06.2010 г. па праблеме in vitro



Метады катэхезы: праца ў групах, аналіз тэксту, сонейка.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   18


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка