Канспекты дапаможных матэрыялаў




старонка4/18
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.35 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   18

“Недапушчальнымі з’яўляюцца канцэпцыі Бога, якія схіляюць да непрыязнасці да бліжніх і да насілля ў адносінах да іх. Гэта неабходна сказаць выразна: ні ў якім выпадку нельга адобрыць вайну ў імя Бога! Калі якая-небудзь канцэпцыя Бога з’яўляецца глебай злачынства, то гэта знак, што такая канцэпцыя ўжо ператварылася ў ідэалогію.”

(Фрагмент з Паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2007 г.)


— Як словы Святога Айца можна практычна ажыццявіць у нашым асяроддзі, дзе мы жывем, вучымся, працуем? (свае адказы вучні запісваюць на дошцы)

Разважанне:


  • Кім для мяне з’яўляюцца прадстаўнікі іншых рэлігій?

  • Як я адношуся да прадстаўнікоў іншых рэлігій?

  • Ці стараюся я будаваць з імі масты сяброўства?

  • Як часта я дзякую Пану Богу за тое, што з’яўляюся католікам?

  • Якое сведчанне ўласнага хрысціянства я даю ў сваім асяроддзі?

Пастанова.

Хатняе заданне:

  1. 1. Напішы ліст сябру, з якім падзелішся тым, што табе найбольш падабаецца ў Касцёле.



Заключная малітва: падручнік вучня

Тэма № 4, X кл.



БОГ — АЎТАР НАТУРАЛЬНАГА ЗАКОНУ
Дыдактычная мэта: паказваем моладзі, што Бог з’яўляецца Творцам натуральнага права, якое кожны чалавек пазнае пры дапамозе свайго розуму. Яно датычыць умення адрозніць дабро ад зла. Чалавек сам распазнае яго ў сваёй уласнай натуры, створанай Богам.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем у моладзі пачуццё адказнасці за маральнае жыццё, заснаванае на Дэкалогу.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Дз 4, 19; Дрг 30, 11–14; Рым 2, 14–16; Мц 19, 16–22; Ян Павел II Elementarz etycznу.

Метады катэхезы: аналіз тэксту, размова.
Ход заняткаў
Малітва: Пс 112.
Чалавек пытае

К. распачынае з вучнямі размову, задаючы пытанні:

— Што такое закон?

— Навошта ён існуе?

— Які закон абавязвае нас?



(К. робіць падагульненне адказаў).

Закон існуе для таго, каб дапамагаць чалавеку правільна і гарманічна развівацца, дапамагаць рэгуляваць узаемаадносіны паміж людзьмі, ахоўваць агульначалавечыя вартасці.

Час юнацтва — гэта быццам білет у будучыню, які можна выкарыстаць альбо выкінуць — змарнаваць. Кім я стану і якіх вяршыняў я ў сваім жыцці дасягну, залежыць ад таго, што я выбіраю для свайго жыцця сёння. Як, жывучы ў свеце рэкламы, дзе кожны прапаноўвае «сваю праўду», не стаць марыянеткай, якой кіруюць іншыя? Што дапамагае мне зрабіць правільны выбар і не памыліцца?
Бог адказвае

На старонках Святога Пісання мы сустракаемся з маладым чалавекам, які не ведаў, што ён павінен рабіць, і прыйшоў спытаць у Езуса:

«Да Езуса падышоў адзін чалавек і сказаў: Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае? Ён адказаў яму: Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? Езус адказаў: Не забівай, не чужалож; не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Юнак кажа Яму: Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне? Езус кажа яму: калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай бедным, і здабудзеш скарб у нябёсах; і прыходзь ісці за Мною”. Пачуўшы сказанае, юнак адышоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасць» (пар. Мц 19, 16–22).

— Якое пытанне юнак задаў Езусу?

— Які быў адказ Езуса?
Пан Бог, даючы чалавеку запаведзі, дае адначасова аснову маральнага жыцця. Езус дадае да іх восем благаслаўленняў, звяртаючы ўвагу на тое, што хрысціянін павінен не толькі захоўваць закон, але і быць адкрытым на патрэбы іншых людзей, рабіць дабро не пад страхам Божай кары, але з любові да Бога і чалавека. Але ці толькі веруючы чалавек, які ведае запаведзі, можа адрозніць дабро ад зла? На гэтую тэму пісаў Ян Павел II у сваёй кнізе “Буквар па этыцы” (падручнік вучня):
«Увесь Божы закон, запісаны калісьці на каменных табліцах, адначасова спрадвеку запісана ў людскіх сэрцах так, што і тыя, хто не ведае Дэкалогу, ведаюць яго істотную сутнасць. Бог абвяшчае маральны закон не толькі словамі Запавету — Старога Запавету з гары Сінай і Хрыстовага Евангелля, — але абвяшчае яго ўнутранаю праўдаю таго разумнага стварэння, якім ёсць чалавек... Гэты маральны фундамент паходзіць ад Бога, запісаны ў Яго стваральнай айцоўскай мудрасці і прадбачлівасці. Калі чалавек знішчае гэты фундамент, ён шкодзіць сабе: разбурае супольны лад людскога жыцця ў кожным вымярэнні».

— З дапамогаю чаго чалавек пазнае натуральны закон?

— Якім чынам натуральны закон яднае чалавека (нават няверуючага) з Богам?
Таксама і Святое Пісанне як у Старым, так і ў Новым Запавеце кажа пра існаванне натуральнага закон.
Калі ласка, прачытайце самастойна ўрыўкі Кнігі Другазаконня 30, 11–14 і Паслання да Рымлянаў 2, 14–16 і адкажыце на пытанне: дзе, паводле прачытаных тэкстаў, у кожным чалавеку запісаныя маральныя законы? (свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
«Запаведзь, якую сёння даю табе, — гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас на неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго» (Дрг 30, 11–14).

«Бо калі язычнікі, не маючы закону, ад прыроды законнае робяць, дык, не маючы закона, яны самі сабе закон: яны паказваюць, што дзеі закону напісаны ў іх сэрцах, пра што сведчыць сумленне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну» (Рым 2, 14–15).

Натуральны закон, які Стварыцель запісаў у сэрца кожнага чалавека, заключаецца ва ўдзеле ў мудрасці і дабрыні Бога і выяўляе першапачатковы маральны сэнс, які дазваляе чалавеку з дапамогай розуму распазнавць дабро і зло.
Як бачым, з натуральнага закону вынікаюць як прывілеі, так і абавязкі чалавека, і гэта незалежна ад яго веры, гістарычных ці палітычных умоваў, у якіх чалавек жыве. Натуральны маральны закон усеагульны і нязменны, ён стварае падмурак асноўных абавязкаў і правоў асобы, а таксама чалавечай супольнасці і самога грамадзянскага закону.
Чалавек адказвае Богу

Гісторыя падае нам такі прыклад. (падручнік вучня)

У 1946 г. Міжнародны трыбунал у Нюрнбергу разглядаў у судзе справу гітлераўскіх злачынцаў, адказных за смерць мільёнаў людзей. Суддзі гэтага трыбунала звярнуліся да права, якое тыя парушылі. Аднак, як высветлілася, асуджаныя дзейнічалі згодна з правам гітлераўскай Германіі. Тады злачынцаў асудзілі не на падставе запісанага кодэкса, але на падставе кодэкса натуральнага закону — Божага закону. Ніхто ні тады, ні сёння не аспрэчвае гэтага прысуду, бо, калі існуе праўда, то яна адзіная незалежна ад культур і народаў.

Аўтар натуральнага закону — Бог, таму гэты закон павінен шанавацца і ўлічвацца ўсімі законамі, якія ўстанаўліваюць людзі. Закон, ўстаноўлены чалавекам, які не адпавядае натуральнаму закону, не абавязвае ў сумленні.



Разважанне:

Ад майго сённяшняга правільнага жыццёвага выбару залежыць наш заўтрашні дзень, бо кожны з нас, выбіраючы тыя ці іншыя вартасці, фармуе сваё асяроддзе і разам з тым увесь свет.

— Да каго я звяртаюся за парадаю ў сітуацыі выбару?

— Што я раблю, калі адчуваю ўнутраную барацьбу паміж дабром і злом?



Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Падчас рахунку сумлення ў святле Дэкалогу ацані свае ўчынкі.

2. Паразважай над словамі Святога Пісання, над якімі ты працаваў на катэхезе.

Заключаная малітва: Пс 119(118), 1-8.

Тэма № 5, X кл.


Я – ПАН БОГ ТВОЙ, НЕ МАЙ ІНШЫХ БАГОЎ, АПРОЧ МЯНЕ
Дыдактычная мэта: указваем моладзі асноўную запаведзь, згодна з якой толькі Богу Жывому — Богу, які ЁСЦЬ, трэба аказваць выключную пашану.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем пачуццё пашаны і поўнага даверу да Бога.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Зых 20, 2–3; Дрг 6, 4–9; ККК 2096–2102; плакат з тэкстам І-й Божай запаведзі; карткі і алоўкі для працы ў групах, газеты і часопісы для плаката, нажніцы, ватман.

Метады катэхезы: парафраза, праца ў групах.
Ход заняткаў

Малітва: Ойча наш.
Чалавек пытае

Кожны чалавек, нават той, які называе сябе атэістам, па сваёй прыродзе з’яўляецца рэлігійным. Цяжка знайсці чалавека, які б увогуле ні ў што не верыў. Прыходзіць момант, калі чалавек пачынае задаваць сабе пытанне пра сэнс жыцця, цярпення, пра сутнасць шчасця, любові, пра важнасць альбо марнасць рэчаў, якія ён набывае. Чалавек хоча быць упэўненным у заўтрашнім дні, хоча быць важным, каханым, патрэбным. Гэтыя пытанні і жаданні падштурхоўваюць чалавека да пошуку адказаў. Здараецца, што ў гэтым пошуку мэтай, крыніцай, цэнтрам становіцца матэрыяльная рэч — ідал, якому чалавек пачынае служыць, прыносячы розныя ахвяры на алтар ім жа самім створанага «бога».



К. дае вучням заданне зрабіць з газетных выразкаў плакат, які будзе яскравым адлюстраваннем тых ідалаў і бажкоў, што стварыў сабе сучасны чалавек. Пасля выканання працы К. задае вучням пытанне:

— Хтосьці аднойчы сказаў, што чалавек становіцца вобразам таго бога, якога ўслаўляе. Як выглядае жыццё чалавека, які служыць ідалу? (свае адказы вучні запісваюць у падручнік)


Бог адказвае

Бог, ведаючы зменлівае сэрца чалавека, аб’яўляецца выбранаму ізраэльскаму народу як Бог адзіны:


«Я — Пан Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне» (Зых 20, 2–3). (К. змяшчае на дошцы плакат з гэтым тэкстам).
«Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, — Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і усёй душою тваёю, і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім. Будзеш навучаць ім дзяцей сваіх і гаварыць пра іх, калі будзеш дома, падчас твайго падарожжа, кладучыся спаць і ўстаючы. Прывяжаш іх, як знак, да рукі сваёй, і яны будуць табе як павязка паміж вачыма тваімі. І напішаш іх на вушаках дому свайго і на брамах сваіх» (Дрг 6, 4–9).

— Чаго Пан Бог патрабуе ад свайго народа?


К. дзеліць клас на 3 групы, якія атрымліваюць заданне перафразіраваць тэкст першай запаведзі, пасля прэзэнтацыі працы вучні змяшчаюць карткі з адказамі на дошцы:

· Жыві ў сяброўстве і еднасці з Богам!

· Толькі Богу Адзінаму служы і давярай!

· Не прывязвайся да рэчаў! (і г. д.)

(свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
Чалавек адказвае Богу

Вучэнне Касцёла падказвае нам канкрэтныя спосабы праслаўлення і ўшанавання Бога. (Вучні працуюць у тых самых групах над тэкстам ККК, называючы і запісваючы ў падручнік гэтыя спосабы).

І група: ККК 2096–2097 (пакланенне).

ІІ група: ККК 2098–2100 (малітва і ахвяра).

ІІІ група: ККК 2101–2102 (прысяга і шлюб).
Першую Божую запаведзь можна лічыць асновай Дэкалогу. Чалавеку часта вельмі цяжка ісці шляхам запаведзяў, яму не хапае ўласных сілаў. Пан Бог кажа аб сваёй любові да чалавека, хоча вывесці яго з дому няволі, граху да жыцця ў Божай ласцы.
Разважанне:

Св. Аўгустын сказаў: «Калі Пан Бог на першым месцы, то ўсё астатняе на сваім месцы». Пан Бог хоча быць у маім жыцці на першым месцы.

— Якое месца я Яму прызначыў?

— Як выглядае мая малітва?

— Якімі ўчынкамі я магу славіць Бога?

— У чым выяўляецца мая пашана да Бога?

— Што сёння я магу змяніць у сваім жыцці?

Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Падчас вячэрняй малітвы падзякуй Пану Богу за ласку веры.

2. Напішы ліст да чалавека, які перажывае сумненні ў веры.

Заключная малітва

Акт веры, надзеі, любові.


Тэма № 6, X кл.

Мой давер да панА богА
Дыдактычная мэта: асаблівым чынам звярнуць увагу моладзі на тое, што варажба, вера ў гараскопы і астралогію, карыстанне паслугамі магіі з’яўляюцца грахамі супраць І-й Божай запаведзі. Чалавек, які прымае ўдзел у такіх практыках, не давярае Пану Богу і ў той жа час ставіць пад сумненне факт сваёй свабоды і тое, што ён сам можа вырашаць свой лёс.

Выхаваўчая мэта: выхоўваць у моладзі гатоўнасць несці адказнасць за ўласнае жыццё, а таксама здольнасць адважна прызнавацца ў сваім даверы да Пана Бога.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Мц 6, 24; Гал 5, 19–21; Дрг 18, 10–12; Ер 29, 8; 1 Кар 10, 7; Лев 20, 6; ККК 2110–2126; часопіс Ave Maria, № 4 (144) 2007 г.; карткі і алоўкі.

Метады катэхезы: праца ў групах, праца з тэкстам.
Ход заняткаў
Малітва: Пс 22 (23).

Чалавек пытае
Вера, надзея і любоў умацоўваюць сувязь чалавека з Богам. Аднак, калі чалавек перастае клапаціцца аб развіцці сваёй веры, занядбоўвае малітву, у чалавека нараджаецца страх перад будучыняй і жаданне пазбыцца гэтага страху.
Устаючы раніцай у школу, я звычайна ўключаю радыё, каб паслухаць гараскоп і даведацца, што мяне чакае ў гэты дзень. Многія мае сяброўкі таксама чытаюць гараскопы. На маю думку, у гэтым няма нічога дрэннага. Кожны чалавек хоча ведаць, што яго чакае ў будучыні. (падручнік вучня)
З такой думкай сёння згаджаюцца многія людзі, якія перад тым, каб зрабіць пэўны выбар, напрыклад, выбраць навучальную ўстанову, тэрміны падарожжа ці сябра жыцця, звяртаюцца да гараскопаў, магаў, варажбы. На сённяшніх занятках мы пастараемся знайсці адказ на пытанне: ці супярэчаць такія паводзіны веры ў Бога? Ці можна такія справы назваць «прыватнымі»?
Бог адказвае

К. дзеліць клас на 5 групаў, якія на падставе тэксту ККК працуюць над пытаннем: што супярэчыць веры ў Бога? Хтосьці з вучняў запісвае адказы на дошцы:

І група: ККК 2110–2111 (забабоны).

ІІ група: ККК 2112–2114 (ідалапаклонства).

ІІІ група: ККК 2115–2117 (варажба і магія).

ІV група: ККК 2118–2122 (бязбожнасць).

V група: ККК 2123–2126 (атэізм).


(свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
Бог аб’явіўся Ізраэлю, свайму выбранаму народу як Бог Адзіны. Першая Божая запаведзь «Не май іншых багоў, апроч Мяне» забараняе служэнне і адданне хвалы ідалу, якога чалавек можа зрабіць важнейшым за Бога, свайго Стварыцеля і Айца.

К. дзеліць вучняў на 2 групы. На падставе тэкстаў са Святога Пісання вучні павінны скласці кароткія сказы перасцярог ад акультных практыкаў і запісаць іх у падручнік:
І група: «Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне» (Мц 6, 24).

«Ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зласлівасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды (...) Кажу вам наперад, як і казаў, што тыя, хто робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага» (Гал 5, 19–21).

«Не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей, ні змуснік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў; бо агідны перад Панам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Пан, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго» (Дрг 18, 10–12).
ІІ група: «Бо так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: хай не зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; і не слухайце сноў вашых, якія вам сняцца» (Ер 29, 8).

«Не будзьце таксама ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, пра якіх напісана: людзі селі есці і піць, і ўсталі бавіцца». «Не будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і загінулі ад змеяў» (1 Кар 10, 7).

«І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па слядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і знішчу яе з народу яе» (Лев 20, 6).
Усялякія забабоны з’яўляюцца там, дзе няма даверу да Пана Бога, дзе няма шчырай размовы з Ім на малітве.
Чалавек адказвае Богу

Ніякая магія і чары не маюць такой моцы, якую мае ў сабе Божае Слова, якое ачышчае і аздараўляе.



К. падае вучням урывак з артыкула «Чаму мы верым у забабоны?» з часопіса Ave Maria. Хтосьці з вучняў чытае (падручнік вучня):
«Грэх акультызму вельмі цяжкі, і наступствы яго вельмі цяжкія, таму жартаваць тут нельга. Ведаю аднаго маладога чалавека, які захапляўся варажбой, нават спецыяльныя курсы скончыў. Меў, нібы наркаман, залежнасць ад гэтай практыкі. На шчасце, з Божай дапамогай, ужо пяць гадоў як вырваўся з яе. Гаварыў, што часам узнікае непераадольнае жаданне звярнуцца да магіі, і тады ён кленчыць перад крыжам, чытае адрачэнне і вызнае сваю веру. Без малітвы і святых сакрамэнтаў тут няма паратунку».
Захоўваючы запаведзі, пашыраючы ў сваім асяродзі хрысціянскія каштоўнасці, мы даём нашым сябрам сведчанне веры.
Разважанне:

Маё адважнае вызнанне веры ў Хрыста, сведчанне ўласнага жыцця — гэта вельмі важная рэч, якая фарміруе маё асяроддзе і разам з тым далучаецца да фармавання ўсяго чалавецтва.

— Як я клапачуся аб развіцці сваёй веры?

— Аб чым я прашу Бога ў малітве?

— Як я адношуся да матэрыяльных рэчаў? Ці не зрабіў я з іх сабе ідала?

— Якія мае адносіны да гараскопаў, гадання і варажбы?



Пастанова.
Хатняе заданне:

Напішы, як ты ў супольнасці Касцёла паглыбляеш сваю еднасць з Хрыстом.


Заключная малітва: Пане Езу, вызнаю, што Ты адзіны, сапраўдны Бог. Дзякую Табе, што Ты любіш мяне і клапоцішся аб маім жыцці. Прашу Цябе, дай мне ласку глыбокай веры і моцы, каб не ўпадаць у грэх ідалапаклонства. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн. (падручнік вучня)

Тэма № 7, X кл.



Дзеянне злога духа ў свеце.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   18


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка