Канспекты дапаможных матэрыялаў




старонка18/18
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.35 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18

Ход заняткаў



Малітва: спеў “Езус, імя святое”.
Людзі ва ўсім свеце прагнуць спакою. Міжнародныя арганізацыі прыкладаюць вялікія намаганні, каб у свеце запанаваў спакой. Касцёл заклікае да спакою, выконваючы заданне, якое даў Хрыстус. Аднак, штодня мы чуем , што ў нейкай краіне праліваецца кроў, людзі знішчаюць і забіваюць адно аднаго.

Чалавек пытае


Мы таксама з’яўляемся сведкамі “войнаў”, якія адбываюцца ў нашых дамах, сярод суседзяў, у класе, паміж сябрамі.
— Што з’яўляецца прычынай войнаў і канфліктаў паміж людзьмі?

— Чаму чалавеку патрэбны супакой?

— Якія знешнія прыкметы супакою?

Пан Бог адказвае


Людзі ва ўсе часы прагнулі супакою. Усіх, хто прыносіць супакой, Езус называе шчаслівымі, благаслаўлённымі.

Катэхет змяшчае на дошцы плакат са словамі благаслаўлення:



«Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць».

(Мц 5,9)

— Што з'яўляецца ўзнагародай для чалавека спакою?

«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14,27)


Спакой Езуса адрозніваецца ад спакою, які дае свет. Чаму? У святым Пісанні слова “спакой” мае вельмі шырокае значэнне: ……..дабрабыт і гармонія, шчасце, добрыя адносіны паміж людзьмі, у сем’ях, між народамі, а таксама паміж Богам і чалавекам. Супрацьпастаўленнем спакою з’яўляецца не толькі вайна, але і ўсё, што прыносіць шкоду асобе і адносінам паміж людзьмі. Гісторыя чалавецтва ведае многа прыкладаў, калі трыумф несправядлівасці і пагарды да чалавека меў назву «спакою». Спакой Божы цесна звязаны са справядлівасцю і праўдай. Езус абвяшчае благаслаўлёнымі тых, хто прагне пашырэння Божага супакою ў свеце. Сэрца чалавека, які захоўвае вернасць Богу і Яго волі, Дух Святы напаўняе спакоем. Чалавек, які мае ў сэрцы Божы спакой, становіцца крыніцай спакою ў свеце.
К. дзеліць вучняў на 3 групы і кожнай з іх дае фрагмент тэксту, на падставе якога вучні павінны завяршыць наступны сказ:

Чалавек Хрыстовага супакою – гэта той, хто…


Група І:

«Жывіце ў згодзе паміж сабою. Молім вас, браты, настаўляйце бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце велікадушнымі да ўсіх. Глядзіце, каб ніхто не плаціў злом за зло; але заўсёды шукайце дабра адзін аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся, няспынна малецеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце» (пар. 1 Тэс 5, 13–18).
Група ІІ :

«Дарагія браты і сёстры! Без духоўнай адновы, без перамогі над злом і грахом у сэрцы і асабліва без любові, чалавек не здабудзе ўнутранага супакою. Вам патрэбныя чысціня сэрца і глыбокая пакора, каб гэта зразумець. Спакой нараджаецца ў сэрцы чалавека, і ў грамадскім жыцці паходзіць з маральнага ладу жыцця, этычных законаў, захавання Божых запаведзяў»

Ян Павел ІІ, Торунь, 7 чэрвеня 1999 г.

Група ІІІ:

«Хто ідзе за Хрыстом, выракаецца насілля і бунту, бо яны ніколі не служаць справе Хрыста. Вучні Хрыста захоўваюць спакой. Яны лепш будуць самі цярпець, чым прыносіць каму-небудзь цярпенне, будуць захоўваць адзінства там, дзе іншыя яго парушаюць. Людзі супрацьпастаўляюць спакой насіллю і гатовыя з-за гэтага цярпець. Яны нясуць крыж разам са Сваім Панам, бо праз крыж у свет прыйшоў спакой. Яны так шчыра ўдзельнічаюць у справе Божай, што і самі будуць названыя сынамі Божымі» Dietrich Bonhoeffer


Прэзэнтацыя працы вучняў. (свае адказы вучні запісваюць у падручнік)

Чалавек адказвае Пану Богу

Чалавечае грамадства адчувае недахоп і патрабуе людзей спакою. Касцёл, да якога мы належым праз хрост, няспынна жыве Евангеллем супакою, абвяшчае яго ўсім народам, паказвае шлях да еднасці і згоды. Гэты шлях – сакрамэнт пакуты, які прыносіць ласку Божай міласэрнасці, лечыць параненныя грахом людзкія сэрцы. Крыніца супакою – гэта Эўхарыстыя, ахвяра паяднання паміж Богам і чалавекам. Хрыстус, які прыходзіць да чалавека ў Эўхарыстыі, прыносіць ласку супакою ў ягонае сэрца.


К. раздае вучням газеты і часопісы, нажніцы і аркушы паперы і дзеліць іх на 3 групы. Кожная група робіць з прапанаваных матэрыялаў плакат “Будуем супакой…”

Група І: …у нашай групе

Група ІІ: …у сваёй сям’і

Група ІІІ: …у нашай краіне
Вучні прадстаўляюць вынікі сваёй працы.
Разважанне:

Кожны з нас як хрысціянін мае заданне змагацца з уласным эгаізмам, пыхаю, слабасцямі, якія знішчаюць у сэрцы спакой, і павінен далучыцца да будавання спакою ва ўсім свеце.


— Што я раблю каб будаваць спакой ў сваім класе, школе, сям’і?

— Як я магу стаць чалавекам спакою?

— Што мне трэба змяніць у сваіх паводзінах, каб не рабіць крыўды і не ўжываць насілля ў адносінах да людзей?

Пастанова.

Хатняе заданне:

Падчас вячэрняй малітвы памаліся аб спакоі ва ўсім свеце.



Заключная малітва: Св. Францішка аб духу любові.

Тэма № 26, X кл.



ЛЮБІЦЬ СВАЮ АЙЧЫНУ.

Дыдактычная мэта:

знаёмім моладзь з правамі і абавязкамі, якія яны маюць ў адносінах да сваёй Айчыны. Растлумачваем паняткі патрыятызму і нацыяналізму. Указваем моладзі на тое, што наша Айчына – у небе, а зямное жыццё ў межах пэўнай краіны і ў пэўным грамадстве – гэта шлях да Нябеснай Айчыны.



Выхаваўчая мэта:

выхоўваем у моладзі імкненне пазнаваць сапраўдную гісторыю свайго народа, а таксама заахвочваем да малітвы за кіраўнікоў дзяржавы і за ўсіх жыхароў нашай краіны.



Асноўныя і дапаможныя матэрыялы:

«Gaudium et spes 74»; Ян Павел ІІ «Памяць і самасвядомасць», аўдыёзапіс песні І. Мулявіна «Малітва».



Метады катэхэзы: праца ў групах.

Ход заняткаў



Малітва: спеў: “Малюся за Цябе, Беларусь”.
— Аб чым мы просім у гэты спеве?
Сёння мы будзем разважаць над пытаннем патрыятызму. З’яўляючыся грамадзянамі ўласнай краіны, мы не павінны забывацца пра тое, што маем не толькі правы, але і абавязкі ў адносінах да яе.

Чалавек пытае

Катэхет уключае аўдыёзапіс песні “Малітва”, якую выконвае славуты беларускі спявак І. Мулявін . Гэта пакладзеныя на музыку вершы Я.Коласа.


— Пра што спявае музыка ў гэтым творы?

— Што аўтар просіць у Бога для сваёй Радзімы?

— Як можна назваць чалавека, які так любіць сваю Айчыну?

— Чым яшчэ характарызуюцца паводзіны патрыёта?


Пан Бог адказвае


Навука Касцёла заклікае ўсіх хрысціянаў жыць паводле Божага закону сярод свайго народу, любіць сваю Айчыну і клапаціцца пра яе дабрабыт. Касцёл не атаясамлівае сябе з палітычнымі партыямі, уладамі ці дзяржаўнымі сістэмамі. Аднак, абвяшчаючы Добрую Навіну аб збаўленні, Касцёл абараняе свабоду чалавека, яго правы, клапоціцца пра спакой і згоду паміж народамі, уключаецца ў будаванне і пашырэнне супольнага дабрабыту ва ўсім свеце. Касцёл заклікае вернікаў да ўдзелу ў гаспадарчай, грамадскай, культурнай дзейнасці, каб далучаючы свае сілы, ініцыятывы, ахвярнасць і малітву, клапаціцца пра распаўсюджаване хрысціянскіх каштоўнасцяў у грамадстве.
К. дзеліць вучняў на 2 групы і кожнай дае ўрывак з «Gaudium et spes» (74). Вучні павінны знайсці і падкрэсліць адказ на пытанне, якія абавязкі мае хрысціянін у адносінах да сваёй дзяржавы.
Група І:
«Няхай грамадзяне велікадушна і верна захоўваюць патрыятызм, аднак без духоўнай абмежаванасці, заўсёды маючы на ўвазе дабро ўсёй чалавечай сям’і, у якую розныя сувязі яднаюць плямёны, народы і нацыі.

Няхай усе хрысціяне адчуваюць сваё асаблівае і ўласцівае ім пакліканне ў палітычнай супольнасці, дзякуючы якому яны павінны даваць яскравы прыклад сумленнага выканання абавязкаў і служэння агульнаму дабру, паказваючы на справе, як можна пагадзіць уладу са свабодай, прыватную ініцыятыву з салідарнасцю ўсяго соцыума, карыснае адзінства з плённай разнастайнасцю.
Группа ІІ:
Няхай ва ўладкаванні часовых спраў яны ўлічваюць слушныя, хоць і розныя погляды, і шануюць аб’яднанні грамадзян, якія сумленна абараняюць гэтыя погляды. Палітычныя ж партыі павінны падтрымліваць тое, чаго на іх думку патрабуе агульнае дабро, аднак ніколі нельга ставіць уласную выгаду вышэй за агульнае дабро.

Трэба старанна клапаціцца пра грамадзянскую і палітычную асвету, так пільна сёння патрэбную людзям, асабліва моладзі, каб усе грамадзяне маглі выконваць сваю задачу ў жыцці палітычнай супольнасці. Тыя, хто мае здольнасць да палітычнай дзейнасці – складанай і ў той жа час вельмі высакароднай1 – павінны падрыхтавацца да яе і старацца займацца ёй, не думаючы пра сваю матэрыяльную карысць. Няхай выступаюць супраць дыктату як з боку аднаго чалавека, так і самаўладства ці неталерантнасці палітычнай партыі, дзейнічаючы мудра і беззаганна ў маральных адносінах, больш за тое, няхай прысвячаюць сябе агульнаму дабру ў шчырасці і праўдзе, з любоўю і палітычнай адвагай» (Gaudium et spes, 75).

Вучні запісваюць у падручнік:

Абавязкі, якія маюць хрысціяне ў адносінах да сваёй дзяржавы:
— любіць сваю Айчыну.

— мець пашану для людей іншых расаў і нацыянальнасцяў.

— даваць прыклад сумленнага жыцця.

— добра выконваць свае абавязкі.

— служыць агульнаму дабру.

— дадаваць уласную ініцыятыву да будавання супольнага дабрабыту.

— шанаваць погляды і меркаванні іншых людзей.

— быць адказным грамадзянінам, супрацьстаяць несправядлівасці, прыгнёту, парушэнню закону.


Патрыёт – гэта не той, хто кажа, што з’яўляецца ім, а той, хто ўласным жыццём паказвае, як ім быць, ганарыцца традыцыямі пакаленняў і шматвекавой культурай і мовай уласнага народу, цікавіцца яго гісторыяй, заклапочаны сучаснымі праблемамі. Патрыёт разумее, што Айчына – гэта месца, дзе часам цяжка жыць, але гэта месца своеасаблівае, выключнае і па-сапраўднаму роднае. Паняцце “патрыятызм” трэба ўмець адрозніваць ад паняцця “нацыяналізм”, бо для нацыяналізму характэрна тое, што ён прызнае толькі дабрабыт ўласнага народу і толькі да яго імкнецца, не лічачыся з правамі іншых. Тым часам патрыятызм прызнае аднолькавыя правы для сайго і ўсіх іншых народаў.
Тэме “любові да Айчыны” і “патрыятызму” прысвечаны некалькі раздзелаў кнігі Яна Паўла ІІ “Памяць і самасвядомасць”. У гэтай кнізе аўтар падае нам больш глыбокі паняцце Айчыны (падручнік вучня):
“Выраз “айчына” звязана з паняццю і рэальнасцю айца. Айчына ў пэўнай ступені — тое самае, што вотчына, гэта значыць запас багаццяў, якія мы атрымалі ў спадчыну ад бацькоў. Вызначальна тое, што часта гаворыцца таксама “айчына-маці”. Ведаем з уласнага досведу, у якой ступені перадача духоўнай спадчыны адбываецца праз маці. Такім чынам, айчына – гэта спадчына і разам з тым – гэта наяўная маёмасць, якая вынікае з гэтай спадчыны, у тым ліку таксама землі, тэрыторыя, але яшчэ больш – каштоўнасці і духоўная сутнасць, якія складаюць культуру дадзенага народа.(…) Евангелле надало новае значэнне паняццю айчыны. Вотчына, якою мы абавязаны Хрысту, скіроўвае тое, што належыць да спадчыны людзкіх айчынаў і людзкіх культураў, у бок вечнай айчыны. Хрыстус кажа: “ Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца” (пар Ян 16,28). Гэты адыход Хрыста да Айца азначае запачаткаванне новай айчыны ў гісторыі ўсіх айчынаў і ўсіх людзей. Часам гаворыцца “нябесная айчына”, “вечная айчына”. Гэтыя выразы ўказваюць менавіта на тое, што здзейснілася ў гісторыі чалавека і народаў праз справу прыйсця Хрыста на свет і Яго адыходу з гэтага свету да Айца.”
— Што Ян Павел ІІ называе нашай айчынай?

Чалавек адказвае Пану Богу


К. просіць вучняў, каб яны самі працягнулі спіс, дадаюючы абавязкі хрысціяніна ў адносінах да краіны згодна са сваім меркаваннем. Напрыклад:

— ведаць гісторыю і культуру сваёй краіны.

— шанаваць родную мову.

— захоўваць сямейныя традыцыі.

— маліцца за кіраўнікоў дзяржавы, аб дабрабыце краіны і яе развіцці.

Разважанне:

Мая Айчына – у небе, а зямное жыццё ў межах пэўнай краіны і ў пэўным грамадстве – гэта шлях да Нябеснай Айчыны.


— Як часта я малюся за сваю Айчыну?

— Што значыць для мяне паняцце патрыятызму?

— Якім чынам я клапачуся пра прыгажосць і развіццё сваёй дзяржавы?

— Як я адношуся да традыцый і мрвы свайго народу?

— Як я адношуся да людзей іншых нацыянальнасцяў?
Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Памаліся аб тым, каб жыхары нашай краіны будавалі сваё жыццё на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў.

2. Напішы, за што ты ўдзячны сваім продкам.
Заключная малітва: падручнік вучня
Тэма № 27, X кл.

МаліТВА — ДЫЯЛОГ ЛЮБОВІ ПАМІЖ бОГАМ І ЧАЛАВЕКАМ
Дыдактычная мэта:

указваем моладзі на тое, што малітва – сустрэча чалавека з Богам – з’яўляецца самым істотным вымярэннем чалавечай сутнасці. Заахвочваем знайсці ў Бібліі шматлікія моманты апісання малітвы. Стараемся абудзіць у моладзі свядомасць таго, што малітва – гэта сіла, якая перамяняе свет.



Выхаваўчая мэта:

заахвочваем да даверлівай і частай малітвы — дыялогу чалавека з Богам.



Асноўныя і дапаможныя матэрыялы:

Святое Пісанне: Лк 3,21; Лк 6,12; Лк 9, 18-22; Лк 9,28-29; Лк 22, 39-46 ; Лк 23,34-46; Мц 6,5-8.



Метады катэхэзы: праца ў групах, “сонейка”.

Ход заняткаў



Малітва: Ойча наш.

Чалавек пытае


Сэрца кожнага чалавека ікнецца да свайго Стварыцеля. Гэтае імкненне нараджае жаданне навязаць дыялог з усемагутным, добрым, любячым Айцом. Хтосьці прыходзіць да Бога з пытаннямі, хтосьці хоча падзякаваць, хтосьці перапрасіць, а хтосьці проста паразмаўляць, адкрыць перад Ім сваё параненае сэрца, папрасіць аб патрэбных ласках.

Гартаючы малітоўнік, ты неаднойчы мог убачыць, якая вялікая колькасць малітваў у ім. Магчыма, ты таксама задаваў сабе пытанне якую з іх выбраць? Як навучыцца правільна маліцца?



Пан Бог адказвае


Узорам сапраўднай малітвы для кожнага чалавека з’яўляецца малітва Езуса. Евангелісты неаднойчы паказваюць нам Езуса, які моліцца. Найбольш такіх апісанняў мы знаходзім у Евангеллі паводле Лукі.
Катэхет дзеліць клас на 4 групы і кожнай з іх раздае карткі, дзе вучні пішуць адказ на наступнае пытанне:
— Дзе і калі Езус маліўся?
Група І:

«І сталася калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой умілаваны; Цябе ўпадабаў Я!» (пар Лк 3,21)


«А яшчэ больш распаўсюджваліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў. А Ён адыходзіў у пустыныя месцы і маліўся» (пар Лк 5,15-16)
Група ІІ:

«У тыя дні Езус ўзыйшоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі» (Лк 6,12)


«Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя Ільлёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне» (пар Лк 9, 18-22)

Група ІІІ:

«Пасля гэтых словаў, дзён праз восем, Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і узыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага змяніўся, і вопратка Яго стала бліскуча-белай» (пар Лк 9,28-29)

«Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў. Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце: Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога» (пар Лк 11,1-4)

Група IV:

«І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім следам пайшлі і вучні Ягоныя. А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу. І сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся, кажучы: Ойча, о, калі б Ты дазволіў пранесці келіх гэты міма Мяне! Зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе. І з’явіўся Яму анёл з нябёсаў і ўмацоўваў Яго. І ў змаганні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сне ад смутку, і сказаў ім: што вы спіце? устаньце і маліцеся, каб не ўпасьці ў спакусу» (пар Лк 22, 39-46)

«А Езус сказаў: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. І дзелячы адзенне Ягонае, кінулі жэрабя. Езус закрычаў моцным голасам: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, сканаў» (пар Лк 23; 34,46)

Вучні запісваюць у падручнік:

Езус маліўся:

— падчас хросту.

— у пустыні, пасля аздараўлення пракажонага.

— перад выбарам Дванаццаці.

— на гары Перамянянення.

— перад тым, як навучыў апосталаў малітве «Ойча наш».

— перад мукай.

— на крыжы.



К. запрашае вучняў прааналізаваць яшчэ раз тэксты Святога Пісання, каб знайсці адказ на пытанне:

— На што вы звярнулі ўвагу ў малітве Езуса?



Свае адказы вучні запісваюць у падручнік. Напрыклад:

  • усё жыццё Хрыста аж да крыжа было прасякнута малітвай.

  • малітвай суправаджаліся ўсе асноўныя здарэнні ў жыцці Езуса.

  • Езус заўсёды знаходзіў час на малітву, нават тады, калі быў патрэбны людзям.

  • размова з Айцом была для Езуса крыніцай моцы для сустрэчаў з людзьмі.

  • малітва Езуса заахвочвала іншых людзей да малітвы (вучні папрасілі навучыць іх маліцца).

  • Езус на малітве быў паслухмяны волі Айца.

  • Езус моліцца за іншых (просьба прабачыць крыўдзіцелям)


Чалавек адказвае Пану Богу


Малітва Езуса –школа нашай малітвы. Езус, молячыся, дае нам яскравы ўзор таго, якой павінна быць нашая малітва. Езус перасцерагае нас перад тым, каб не рабіць з малітвы “тэатру”, бо гэта асабістая сустрэча з Богам.

Кожны з вучняў у тэксце павінен падкрэсліць адказ на пытанне:

— Якой павінна быць малітва? (падручнік вучня)

«І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць стоячы маліцца ў сінагогах і на вуліцах, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, Які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго» (Мц 6,5-8)

Малітва – гэта размова з Богам. Якой яна будзе, у многім залежыць ад нас. У малітве можна сапраўды адкрыць перад Богам сваё сэрца, распачаць з Ім дыялог любові, адчуць Яго прысутнасць, пазнаць сябе, убачыць Яго ў падзеях пражытага дня. Каб добра маліцца, ты спачатку павінен засяродзіцца – знешне і ўнутрана. Знешне – значыць, адмовіўшыся ад усялякіх іншых заняткаў, прыняўшы належную паставу: седзячы, стоячы або ўкленчыўшы. Унутрана – значыць, адхіліўшы ў думках усе іншыя справы. Цяпер важныя толькі Бог і ты.

Святое Пісанне – гэта жывое Божае слова, скіраванае да нас, якое таксама з’яўляецца крыніцай малітвы і дыялогу з Богам. Адным з найпрыгажэйшых тэкстаў Святога Пісання, якія мы можам выкарыстоўваць для малітвы, з’яўляюцца псальмы.

Разважанне:

Жыццё кожнага з нас з’яўляецца адлюстраваннем нашай малітвы. Чалавек, з’яднаны з Богам у малітве, адчувае радасць жыцця, бачыць у ім сэнс, умее распазнаць Божую волю, бачыць сябе і іншага чалавека Яго вачамі, а цяжкія справы давярае Богу.


— Як выглядае мая малітва?

— Пра што я найчасцей размаўляю з Богам падчас малітвы?




Месца маёй

Малітвы




Час, якія я штодня ахвярую на малітву



Рысы маёй малітвы





Асобы, за якіх я малюся





Мая любімая малітва








Пастанова.

Хатняе заданне:

Святое Пісанне – гэта жывое Божае слова, якое таксама з’яўляецца крыніцай малітвы і дыялогу з Богам. Адным з найпрыгажэйшых тэкстаў Святога Пісання, якія ты можаш выкарыстоўваць для малітвы, з’яўляюцца псальмы.


1.Выпішы ў сшытак з Кнігі Псальмаў той псальм, які найбольш табе падабаецца ў якасці малітвы і старайся ім маліцца.
Заключная малітва: Пс 43(42), 1


1




1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка