Кандрат Крапіва




Дата канвертавання17.05.2016
Памер57.55 Kb.




Кандрат Крапіва
Кандрат Кандратавіч Крапіва нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям'і. К. Крапіва з дзяцінства пасвіў свойскую жывёлу, дапамагаў бацьку ў полі, на падворку, у пуні, пазней касіў, араў, сеяў збажыну, малаціў яе. Калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, яго аддалі ў царкоўнапрыходскую школу ў вёсцы Нізок, дзе ён авалодаў элементарнай пісьменнасцю.

Бацька заводзіць новую сям'ю і вырашае, што на зямлі застануцца дзеці ад другога яго шлюбу, а старэйшага, Кандрата, трэба пускаць на свой хлеб. Атраховіч-старэйшы вырашыў, што яго першы сын зможа жыць з навукі, а для гэтага яму трэба даць адукацыю. Пасля перапынку тэрмінам амаль год падлетка аддаюць у апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда, а затым хлопчык паступае ў Стаўбцоўскае народнае вучылішча. Ад свайго земляка, які вучыўся ў Койданаўскім вучылішчы падлетак даведаўся, што ў гэтай навучальнай установе ёсць бібліятэка. Гэтага аказалася дастатковым, каб К. Крапіва перавёўся ў Койданава (цяпер Дзяржынск).

Менавіта ў Койданаўскім вучылішчы К. Крапіва пачынае займацца вершаскладаннем. Вялікую ролю ў яго лёсе адыграў настаўнік літаратуры Іван Міхайлавіч Тоўсцік. Ён заўважыў у сваім выхаванцу творчыя здольнасці і заахвочваў да напісання вершаў. Першыя з іх складаліся па-руску і не былі самастойнымі. Спроба іх надрукаваць не мела поспеху, і юнак вырашыў назаўсёды развітацца з вершаскладаннем.

Койданаўскае вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала. Далей сядзець на бацькавай шыі не выпадала, і юнак вырашае здаць экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Пазычыўшы ў аднавяскоўца тры рублі, К. К. Атраховіч падаўся ў Мінск, паспяхова здаў экзамены і атрымаў такі жаданы і патрэбны дакумент, які даваў права працаваць у школе, але атрымаў яго пазнавата: настаўніцкія пасада ўжо былі занятыя. К. Крапіва застаўся беспрацоўным.

Нарэшце восенню 1914 г. удалося атрымаць месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне. Рэалізавацца як педагог за год настаўніцкай дзейнасці ён не паспеў. Ужо ў 1915 годзе К. Крапіва быў прызваны ў войка. Як чалавек, які меў адукацыю, адразу быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Малады афіцэр трапіў у самае пекла вайны. На шчасце, ён уцалеў у гэтай крывавай бойні. Тут захварэў на брушны тыф.

Як настаўнік у лютым 1918 г. быў дэмабілізаваны, жыў у бацькоўскім доме і дапамагаў весці гаспадарку. Потым настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. Да значнай падзеі гэтага часу трэба аднесці жаніцьбу са сваёй аднавяскоўкай Аленай Махнач і нараджэнне першынца. На жаль, радасць бацькоў была нядоўгай: хлопчык у хуткім часе памер.

У 1920-1923 гг. – зноў служыў камандзірам у Чырвонай Арміі. Менавіта тут К. Крапіва пачаў пасылаць у друк свае карэспандэнцыі. Першыя спробы пяра былі зроблены маладым пісьменнікам па-руску. У 1922 годзе ў газеце "Красноармейская правда" быў надрукаваны фельетон "Жылі-былі"; а ў газеце "Савецкая Беларусь" - верш "Сваты".

Паслаўшы свой твор на роднай мове ў "Савецкую Беларусь", у якім ён высмеяў тагачасныя парадкі, гэтай публікацыяй і засведчыў, што ў беларускай літаратуры з'явіўся новы арыгінальны талент.

Наступныя яго творы, якія друкаваліся на старонках найбольш папулярных перыядычных выданняў, зрабілі пісьменніка ўсенародна вядомым і любімым. Прыхільнікі таленту Кандрата Крапівы занепакоіліся, калі яго творы раптам зніклі са старонак друку. Пісьменнік, упэўніўшыся, што за ганарары сям'ю не пракорміш, вырашыў прадоўжыць бацькаву справу, вярнуўся ў родную вёску, заняўся будаўніцтвам хаты. Намерам пісьменніка не суджана было збыцца. Сябры-пісьменнікі таксама пачалі настойліва клікаць Кандрата Крапіву ў Мінск і абяцалі працаўладкаванне. Вясной 1925 г. пераязджае ў Мінск і актыўна ўключаецца ў жыццё літаратурнага аб'яданання "Маладняк", а потым "Узвышша". Піша апавяданні, сатырычныя вершы, паэмы, байкі. Невыдадкова ў 1925 годзе з'яўляюцца ажно тры яго зборнікі: "Апавяданні", "Асцё", "Крапіва".

Хоць пісьменнік шмат займаўся самаадукацыяй, але востра адчуваў недахоп ведаў, іх сістэмы. У 30-гадовым узросце ён паступае на педагагічны факультэт БДУ. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць.

Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі" (1932-1936).

У 1939 годзе Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў прызвалі ў армію, і ён у якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), а затым у савецка-фінляндскай вайне ў 1939-1940 гады.

Вялікая Айчынная вайна стала для К. Крапівы фактычна пятай па ліку. Але на гэты раз ён ужо ваяваў пісьменніцкай зброяй. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце "За Савецкую Беларусь", у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат "Раздавім фашысцкую гадзіну".

У пасляваенныя гады Кандрат Крапіва працягваў журналісцкую працу. З заснаваннем у 1945 годзе сатырычна-гумарыстычнага часопіса "Вожык" быў да 1947 года яго галоўным рэдактарам.

З 1947 года і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Спачатку загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), а са стварэннем асобнага Інстытута мовазнаўства АН БССР і да 1956 года быў яго дырэктарам.

У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1956 – па студзень 1982 гг. - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) "Русско-белорусского словаря" (1953), навуковы рэдактар "Беларуска-рускага слоўніка" (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), "Русско-белорусского словаря" (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" ў 5 тамах (1977-1984) і інш.

На беларускую мову пераклаў асобныя працы І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага. А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі і інш.

К. Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. - за п'есу "Хто смяецца апошнім", у 1951 г. - за п'есу "Пяюць жаваранкі", у 1971 г. - за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу "Брама неўміручасці". Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Памёр Кандрат Крапіва 7 студзеня 1991 года, крыху не дажыўшы да свайго дзевяностапяцігоддзя. Пахаваны ён на Усходніх могілках г. Мінска.


Творы аўтара, якія можна прачытаць у бібліятэках сістэмы:

Збор твораў у 6 т. -  Мн.:  Маст. лiт.,  1997 -1998.

Выбраныя творы -  Мн.:  Бел.навука,  2008. -( Бел.кнiгазбор). 

Байкі і вершы /  К.Крапіва. -  Мн.:  Маст. лiт.,  2002. 

Брама неўміручасці -  Мн.:  Маст. лiт.,  2006. 

Вершы,байкі . -  Мн.:  Нар. асвета,  1978. -( Школьная бiблiятэка). 

Загадкі дзеда Кандрата -  Мн.:  Юнацтва,  2002. 

Хто смяецца апошнім. Проба агнём. Брама неўміручасці -  Мн.:  Юнацтва,  1983. 


Літаратура аб жыцці і дзейнасці

кнігі:

Андраюк.С.А. Пісьменнікі. Кнігі. Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Мн.: Маст. літ., 1997. – 319с.

Казека,Я. Кандрат Крапива: крит.-биограф. очерки. – М.: Сов. писатель, 1967. – 142с.

Лаўтук,С.С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. – 2-е выд. – Мн.: Бел. навука, 2002. – 252с.

Лепешаў,І.Я. Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы: сталіст. выкарыстанне фразеалагізмаў – Мн.: Навука і тэхніка. – 1976. – 152с.

Сабаўлескі,А.В. Кандрат Крапіва: нарысы жыцця і творчасці – Мн.: Нар. асвета, 1989. – 222с. іл. – (Народныя пісьменнікі БССР).

Сабалеўскі,А.В. Кандрат Крапіва: постаць і творы. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мн.: Нар. асвета, 2003. – 304с.
артыкулы:

Абрамчык,А. Сатырычныя вершы і байкі Кандрата Крапівы //Роднае слова. – 2014. – №10. – С.56-58.

Атрахович,Е. Осташевская весна //Неман. – 2011. - №3. – С.167-182.

Бугаёў,Д. .Яшчэ раз пра Кандрата Крапіву: па новых падручніках - //Роднае слова. – 2003. - №10. – С.41-48.

Васючэнка,П. Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы: да 115-годдзя з дня нараджэння //Роднае слова. – 2011. – №3. – С.5-9.

Елатомцева,І.М. Крапіва каля дома…: успаміны пра сям’ю К.Крапівы // Роднае слова. – 2013. - №8. – С.86-91.

Пахомчык.Н. Беларуская вясковая проза на мяжы 1920-х – 1930-х г.г.: К.Чорны, К.Крапіва, З.Бядуля: наратыўны аспект //Полымя. – 2014. - №8. – С.167-175.

Сабалеўскі,А. Сугучны з часам: літ. крытыка //Роднае слова. – 2006. - №11. – С.8-12.

Сухава,Г. Станоўчыя вобразы ў п’есе “Хто смяецца апошнім”: К.Крапіва //Роднае слова. – 2014. - №10. – С.59-61.

Сцэнарныя матэрыялы:

Клімчук,І. Нястомны працаўнік: літ-муз. кампазіцыя па творчасці К.Крапівы //Бібліятэка прапануе. – 2012. - №3. – С.12-16.



Творца ў часе і па-за часам: літ. вечарына, прысвечаная творчасці К.Крапівы //Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2011 года: метадычныя парады па рабоце з творамі бел. пісьменнікаў – Віцебск, 2011. – С.22-34.

Угадай, кто я такой?: встреча с героями книг К Крапивы – Витебск. – 1996. – С.7-9.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка