Камітэт па адукацыі мінгарвыканкама метад праектаў як эфектыўны сродак фарміравання асобы вучня




Дата канвертавання01.05.2016
Памер394.25 Kb.
МІНСКІ ГАРАДСКІ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

КАМІТЭТ ПА АДУКАЦЫІ МІНГАРВЫКАНКАМА




МЕТАД ПРАЕКТАЎ ЯК ЭФЕКТЫЎНЫ СРОДАК ФАРМІРАВАННЯ АСОБЫ ВУЧНЯ

АЎТАР


Анцюх Людміла Георгіеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА «Гімназія № 29 г. Мінска»

Цэнтральнага раёна



Мінск 2010

Анатацыя
Сучасная адукацыя арыентавана на інтэлектуальнае і маральна-этычнае развіццё асобы. Веды не перадаюцца, а атрымоўваюцца ў працэсе асабістай дзейнасці. Наша дзяржава зацікаўлена ў тым, каб сучасны выпускнік быў здольны самастойна, актыўна дзейнічаць, прымаць рашэнні, гібка адабтавацца да зменных умоў жыцця.

Мэтай сваёй педагагічнай дзейнасці аўтар лічыць фарміраванне асобы вучня. Гэта магчыма толькі на аснове самаадукацыі, самаразвіцця, самавыражэння ў ходзе авалодвання ведамі.

Прыярытэтным накірункам у гэтай працы з’яўляецца ўкараненне ў адукацыйны працэс метада праектаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Аўтар лічыць, што метад праектаў арыентаваны на фарміраванне адукаванай духоўнай асобы, якая мае пачуццё грмадзянскай адказнасці.

Метад праектаў дае магчымасць адаптаваць урок згодна з магчымасцямі і запатрабаваннямі кожнага вучня.

Практычная накіраванасць працы заключаецца ў тым, што прапануемыя матэрыялы адаптаваны да выкарыстання ў школе.

Прадстаўлены вопыт можа выкарыстоўвацца не толькі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, але і гісторыі, рускай і замежнай мовы і літаратуры як на ўроках, так і ў пазакласкнай дзейнасці.



Мэта вопыту.

Паказаць эфектыўнасць выкарыстання метада праектаў ў навучанні і выхаванні вучняў з мэтай фарміравання пазнавальнага інтарэсу да прадмета, набыцця камунікатыўных уменняў, развіцця творчых здольнасцяў для вырашэння новых пазнавальных і практычных задач.


Задачы:

  • стварэнне ўмоў для самаразвіцця і самарэалізацыі вучня;

  • стварэнне ўмоў для паспяховага засваення навучэнцамі прадметных і агульнавучэбных ведаў, уменняў і навыкаў;

  • выхаванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў.


Праблема.

Дырэктар Інстытута беларускай мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук А. А. Лукашанец сцвярджае: “Выкарыстанне мовы абумоўлена адносінамі да яе ўсяго грамадства. Я думаю, што выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах – ад побытавай да сферы дзяржаўнага кіравання – можа змяніцца толькі тады, калі ў цэлым у грамадстве будзе сфарміравана ўсведамленне прыярытэту беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі, як мовы, якая фарміруе нацыянальна адметны імідж нашай краіны ў свеце…”

Але ці трэба чакаць настаўніку такіх умоў развіцця мовы ў грамадстве, ці спрабаваць фарміраваць цікавасць вучня да роднага слова праз свае ўласныя знаходкі, выкарыстоўваючы пры гэтым перадавы вопыт вядомых педагогаў і навукоўцаў. Настаўніку неабходна пераходзіць да пошукава-эўрыстычных метадаў навучання ў вырашэнні гэтай праблемы з удзелам саміх вучняў у гэтым працэсе.
Актуальнасць.

Адукацыйна-выхаваўчае значэнне прадметаў “Беларуская мова і літаратура” акрэсліваецца разнастайнымі сацыяльнымі функцыямі мовы ў грамадстве. Мова выступае як асноўны сродак зносін і пазнання рэчаіснасці. Карыстаючыся мовай, асоба засвойвае формы чалавечых узаемаадносін, пазнае маральныя і культурныя каштоўнасці свайго народа. Забяспечваючы моўную адукацыю вучняў, неабходна ствараць умовы для іх інтэлектуальнага, эмацыянальнага і духоўнага развіцця, рыхтаваць да прафесійнай дзейнасці і актыўнага грамадскага жыцця, а таксама садзейнічаць таму, каб агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці культуры сталі набыткам асобы.

Задача моўнай адукацыі заключаецца ў тым, каб беларуская мова трансфармавалася з прадмета выкладання ў механізм фарміравання асобы, яе менталітэту, разумення свету і ўзаемаадносін людзей у свеце. Ставіцца задача сфарміраваць у вучняў такія адносіны да беларускай мовы, такія ўменні і навыкі, якія неабходны ўсім людзям у іх штодзённым жыцці. Валоданне мовай дасць магчымасць самастойна папаўняць веды: мэтанакіравана чытаць тэксты, успрымаць змест прачытанага і пачутага, абменьвацца інфармацыяй, ствараць вусныя і пісьмовыя паведамленні. Прывіць любоў да роднай мовы і жаданне карыстацца ёю як інфарматыўным, інтэрактыўным і перцэптыўным сродкам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: пазнавальнай, навучальнай, вытворчай, нацыянальна-культурнай, побытавай. (Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская мова”)

Метад праектаў адзін з эфектыўных, які адпавядае патрабаванням сучаснай адукацыі, паколькі з’яўляецца і практычна-арыентаваным, і асобасна-арыентаваным. Задачы, якія ставяць перад сабой настаўнікі нашай гімназіі, сугучныя з задачамі метада праектаў:



  • працягваць працу па павышэнні якасці навучання школьнікаў, задавальнення пазнавальных інтарэсаў на аснове ўдасканалення сучасных тэхналогій, якія забяспечваюць паспяховасць дзейнасці кожнага вучня з улікам пераходу школы ў рэжым гімназіі.

  • фарміраваць моўную, камунікатыўную і лінгвакультуралагічную кампетэнтнасць вучняў, культуру вуснага і пісьмовага маўлення; павышаць якасць адукацыі вучняў па беларускай мове і літаратуры на аснове выкарыстання здароўезберагальных тэхналогій.

  • далучаць вучняў да мастацтва слова, фарміраваць навыкі самастойнага чытання, чытацкіх інтарэсаў.

  • выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, высокія маральныя якасці асобы вучня сродкамі вучэбнаых прадметаў.

Праекты разглядаюцца зараз як адзін з інструментаў сацыяльнай трансфармацыі, як аснова грамадскага развіцця і сродак станаўлення грамадзянскай супольнасці. Вельмі папулярная і распаўсюджаная гэта форма і ў Беларусі. У працы з вучнямі вельмі важна, каб праектная дзейнасць арганізоўвалася не для іх, а сумесна з імі. Значэнне мае не што, а як рабіць. Галоўнае — працаваць па прынцыпах рэальнага супрацоўніцтва з вучнямі: разам выяўляць праблемы, а не прапаноўваць гатовыя варыянты рашэнняў, сумесна шукаць шляхі іх рашэння і планаваць дзейнасць, дзейнічаць і ацэньваць вынікі.

Прымяненне метада праектаў у методыцы выкладання любога школьнага прадмета дазваляе вучням самастойна фарміраваць уласныя інтэлектуальныя структуры, якія выхоўваюць здольнасць да навучання, разважання, дзеяння. Гэта дазваляе пераадолець звыклую назіральнасць, рэфлексіўнасць і пасіўнасць вучняў. Навучанне з выкарыстаннем метада вучэбных праектаў — найбольш эфектыўны спосаб дасягнення высокіх адукацыйных вынікаў. Праектная дзейнасць фарміруе крэатыўна-інтэлектуальную актыўнасць, камунікатыўныя ўменні, уносіць уклад у дапрафесійную падрыхтоўку вучняў, а таксама звязана з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у розных прадметных абласцях.


Навуковасць.

Тэхналогія праектнага навучання зацікавіла мяне, калі я пазнаёмілася з работамі Ястрабцавай Е. Н. “Як нараджаецца праект: з вопыту ўкаранення метадычных і арганізацыйна-педагагічных новаўвядзенняў” і Полат Е. С. ”Новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме адукацыі”.

Метад праектаў, сістэма навучання, пры якой вучні набываюць веды ў працэсе планавання і выканання заданняў-праектаў, якія пастаянна ўскладняюцца. Гэты метад узнік у другой палове XIX стагоддзя ў сельскагаспадарчых школах ЗША і быў потым перанесены ў агульнаадукацыйную школу. У аснове метада праектаў – канцэпцыя прагматысцкай педагогікі, якая абвяшчала “навучанне шляхам стварэння”. Джон Дзьюі, які лічыцца заснавальнікам метада праектаў пісаў: “З пункту погляду дзіцяці самы вялікі недахоп школы заключаецца для яго ў немагчымасці выкарыстаць у поўнай ступені той вопыт, які набыты і ў школе і па-за ёй. І наадварот, ён аказваецца няздольным прымяніць у паўсядзённым жыцці тое, чаму навучылі ў школе”. Галоўнай асаблівасцю метада праектаў з’яўляецца навучанне на актыўнай аснове, праз мэтанакіраваную дзейнасць вучня, якое адпавядае яго асабістай цікавасці.

У 1905 годзе ў Расіі невялікая група педагогаў пад кіраўніцтвам С. Т. Шацкага паспрабавала ўкараніць у педагагічную практыку новыя адукацыйныя методыкі, якія нагадвалі амерыканскія праекты. Укараненне аказалася недастаткова прадуманым і паслядоўным. У 1931 годзе Пастановай ЦК ВКП(б) метад праектаў быў асуджаны і забаронены. З 1965 года існуе Міжнародная асацыяцыя кіравання праектамі, мэта якой – садзейнічанне ў развіцці, шырокай распаўсюджанасцю і практычным прымяненнем метадаў і сродкаў кіравання праектамі.

Значным момантам праектнай дзейнасці з моладдзю з’яўляецца практычнасць яе вынікаў. Ні ў якім разе гэта не павінна быць нейкая абстрактая дзейнасць. Праект павінен быць скіраваны на вырашэнне пэўнай рэальнай праблемы, актуальнай для вучня. Як даказваюць вучоныя і сцвярджаюць практыкі, праектнае навучанне садзейнічае:


  • развіццю ў вучняў абстрактнага мыслення, самарэфлексіі, вызначэнню ўласнай пазіцыі, самаацэнкі, крытычнага мыслення;

  • фарміраванню інтэлектуальных уменняў (аналітычных, крытычных, камунікатыўных і інш.)

  • набыццю навыкаў працы і зносінам у групе, самаадуацыі і самаарганізацыі, інакш кажучы, комплексам якасцяў, якія забяспечваюць паспяховасць дзейнасці ў зменных умовах і сацыяльную мабільнасць вучняў.


Вядучая ідэя.

Кіруючыся мэтамі і задачамі, якія стаяць перад настаўнікам, я прапаную сваю сістэму форм і прыёмаў выкарыстання метада праектаў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці (на факультатыўных занятках, гуртках), якія даюць станоўчыя вынікі. Гэта рэальна дапамагае зацікавіць вучня беларускай мовай і літаратурай, што прыводзіць не толькі да павышэння якасці навучанасці і выхаванасці асобы, але і да шчырай любові да роднага слова, фарміруе нацыянальную самасвядомасць і пачуццё патрыятызму ў вучня. Усё гэта дасягаецца праз дэталёвую распрацоўку асабіста значымай для вучня праблемы, якая абавязкова завяршаецца рэальным практычным вынікам, які задавальняе, у першую чаргу, самога вучня.


Навізна вопыту.

Я прапаную скамбінаваць вядомыя прыёмы метада праектаў такім чынам, каб стварыць умовы для развіцця творчай асобы, самарэалізацыі і самавызначэння вучняў. На вучэбных занятках школьнікі маюць магчымасць самастойна выбіраць і будаваць той праект, які іх найбольш цікавіць, працаваць індывідуальна ці ў камандзе (можна ў час працы над праектам карыстацца дапамогай бацькоў, навукоўцаў, творцаў, настаўнікаў) , што садзейнічае павышэнню адказнасці дзіцяці перад класам, калі праект індывідуальны, ці перад членамі групы.


Апісанне сутнасці вопыту (тэарэтычная аснова).

Задача педагогікі XXI стагоддзя заключаецца не ў тым, каб даваць гатовыя веды вучню, а вучыць яго самому здабываць іх. Пошукавыя метады навучання не страцілі сваю актуальнасць і ў наш час. Ідэя майго вопыту заключаецца ў накіраванасці вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вынік, які атрымоўваецца пры вырашэнні той ці іншай практычна ці тэарэтычна значымай праблемы, што дазваляе фарміраваць унутраны план дзеянняў у вучняў, уменне праектаваць сітуацыі, паглыбляцца ў праблемы і знаходзіць з іх выйсце.


Змест работы.

  1. Вызначэнне праблемы, якую неабходна вырашыць у час работы над праектам.

Пры гэтым праблема павінна мець надзённы для вучняў характар, што будзе матываваць іх на пошук. Гэта звычайна робіцца на першым уроку мовы ці літаратуры па канкрэтнай тэме (калі на гэту тэму адводзіцца значная колькасць гадзін, то праекты могуць быць доўгатэрміновыя, а калі 1—3 гадзіны, то праекты могуць выконвацца і на ўроку).

  1. Пастаноўка канкрэтнай, рэальна дасягальнай для вучняў мэты. У большасці выпадкаў мэта фармулюецца самімі вучнямі або вучнямі і настаўнікам сумесна.

  2. Планаванне работы над праектам.

Увесь шлях ад зыходнай праблемы да рэалізацыі мэты праекта неабходна разбіць на асобныя этапы са сваімі прамежкавымі задачамі для кожнага з удзельнікаў; вызначыць спосабы вырашэння гэтых задач і знайсці рэсурсы для гэтага; распрацаваць дэталёвы графік працы з указаннем тэрмінаў выканання кожнага этапа; графік кансультацый.

  1. Вывучэнне літаратуры або атрыманне іншых крыніц інфармацыі па тэме праекта, падбор літаратуры і яе аналіз (магчымы кансультацыі з настаўнікамі кафедры беларускай мовы і літаратуры гімназіі ці з бацькамі; пры неабходнасці розныя апытванні, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, калі праект на літаратурную тэму).

  2. Фармулёўка ўласнага пункту погляду на зыходную праблему і спосабы яе вырашэння. (Кожны ўдзельнік групы прапануе сваё бачанне ў вырашэнні праблемы, а потым усе члены групы выпрацоўваюць агульную стратэгію сваёй працы).

  3. Стварэнне самога праекта, які задавальняе ўсіх удзельнікаў гэтай групы. Стварэнне прэзентацыі. (Дадатак 1)

  4. Праект мае абавязкова пісьмовую частку—справаздачу аб ходзе работы, у якім апісваюцца ўсе этапы работы, аналізуецца сабраная інфармацыя, робяцца вывады, высвятляецца перспектыва праекта.

  5. Абавязковая публічная абарона праекта. Часцей гэта робіцца ў класе на ўроку або ў актавай зале для некалькіх класаў з адной ці з розных паралеляў. Гэта важны этап работы над праектам, у якім вучні не толькі атрымліваюць адзнаку ад настаўніка і слухачоў, але і даюць самаацэнку выкананай працы. (Дадатак 2)


Віды вучэбных праектаў.

  1. Інфармацыйны праект.

Збор інфармацыі пра пэўны аб’ект з мэтай яго аналізу, абагульнення і паказу для шырокай аўдыторыі. Сюды можна аднесці праекты “Аб чым нам распавядаюць надпісы на рэкламных афішах”, “Асаблівасці перапіскі ў інтэрнэце”, “Мова маладзёжных перадач”, “Развіццё сучаснай паэзіі, прозы, драматургіі” і г. д.
Напрыклад.

У 10 класе адведзена 10 гадзін на тэму “Маўленне”. На першым уроку па гэтай тэме я прапаную падрыхтаваць праекты, якія так ці інакш закранаюць праблему вуснага ці пісьмовага маўлення ў нашым грамадстве. Сёння амаль кожны вучань старшых класаў вядзе інтэрнэт-перапіску. Мова ў такіх лістах не заўсёды карэктная. Наша задача прааналізаваць памылкі. Разам з вучнямі фармулюю тэмы праектаў ( “Аб чым нам распавядаюць надпісы на рэкламных афішах”, “Асаблівасці перапіскі ў інтэрнэце”, “Мова маладзёжных перадач” і іншыя).

Такія праекты выконваюцца на працягу двух-трох тыдняў па вядомаму вучням плане, а потым абараняюцца на ўроку.


  1. Ролевы праект.

Вучні бяруць на сябе ролі літаратурных ці гістарычных персанажаў або прыдуманых герояў. У выглядзе ролевай гульні, напрыклад, прапаную вучням аналіз баек К. Крапівы праз інсцэніроўку яго твораў: “Дыпламаваны Баран”, “Дзед і баба”, “Варона-мітынгоўшчыца”, “Лётчык і блыха” і інш. (Дзеці з вялікім задавальненнем інсцэніруюць на ўроку байкі, а значыць усе (у тым ліку вучні з больш нізкай матывацыяй) вучаць на памяць, каб не падвесці астатніх членаў праекта). (Дадатак 7)

Герой аповесці “На ростанях” Андрэй Лабановіч становіцца самім Якубам Коласам. Ствараем вобразы Ф. Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Вітаўта, Усяслава Чарадзея і г. д. (Нярэдка жадаючымі выконваць такія ролі становяцца вучні, у якіх адносна невысокія балы па прадмету. У выніку яны зацікаўліваюцца працай і не толькі павялічваюць якасць сваіх ведаў, але і імкнуцца ў далейшым прымаць удзел у розных праектах).





  1. Творчы праект.




  • Складанне і правядзенне інтэрв’ю з сучаснымі пісьменнікамі.

Такія праекты могуць рыхтавацца на працягу адной чвэрці або дзвюх-трох.

Напрыклад, у 11 класе я прапаную доўгатэрміновыя праекты па тэме “Развіццё сучаснай паэзіі, прозы, драматургіі”.

Заданне вучні атрымоўваюць у верасні, а праект будзе заслухоўвацца ў сакавіку-маі. Праца над гэтым праектам фарміруе ў выпускніка такія якасці, як пачуццё грамадзянскай адказнасці, адказнасці не толькі за сябе, а і за сваю гімназію, пачуццё ўласнай годнасці. (Дадатак 5)
Парадак працы над праектам


  1. Кансультацыя з настаўнікам.

  2. Кожная група выбірае любога сучаснага беларускага пісьменніка, паэта ці драматурга, пра творчы шлях якога будзе рыхтаваць праект.

  3. Вучні знаёмяцца з творамі гэтага аўтара.

  4. Члены групы дамаўляюцца з пісьменнікам аб асабістай сустрэчы з ім (або пісьменнік мае час і дае згоду прыйсці на ўрок беларускай літаратуры, або прызначае сустрэчу з вучнямі за межамі гімназіі).

  5. Вучні складаюць пытанні для інтэрв’ю з аўтарам (пытанні для інтэрв’ю перачытвае настаўнік, пры неабходнасці рэдагуе).

  6. Інтэрв’ю з пісьменнікам вучні праводзяць самастойна ці на ўроку, ці за межамі гімназіі.

  7. Апрацоўка матэрыялу (калі інтэрв’ю з пісьменнікам праходзіла за межамі гімназіі, то вучні рыхтуюць невялікі відэаролік і вусны каментарый да яго, каб пазнаёміць аднакласнікаў з творчасцю гэтага аўтара).

  8. Прэзентацыя і абарона праекта не толькі ў сваім, але і іншых класах паралелі.




  • Складанне сцэнарыяў пазакласных мерапрыемстваў для класа і гімназіі. (Дадатак 3)

  • Творчыя работы: сачыненні, нататкі ў газету, вершы.

Такія праекты маюць максімальна свабодны і нетрадыцыйны падыход да афармлення вынікаў. (Дадатак 6)


  1. Даследчы праект.

Гэта рэфераты, публічныя выступленні, навукова-даследчыя працы на розныя тэмы. (Такія праекты рыхтуюцца ад аднаго да некалькіх тыдняў).


  1. Узаемадзеянне пачатковых і старшых класаў.

Вучні старшых класаў прымаюць удзел у правядзенні ўрокаў у пачатковай школе, а вучні малодшай школы дэманструюць свае творчыя міні-праекты на ўроках у 11-ых класах ці ў актавай зале гімназіі на розных літаратурных вечарынах.

Гэтыя праекты патрабуюць значнай папярэдняй падрыхтоўкі (што датычыць вучняў пачатковай школы, то я спачатку вяду размову з настаўнікамі малодшых класаў. Мы сумесна выбіраем накірунак, тэматыку і шляхі рэалізацыі праектаў. Часта звяртаемся за дапамогай да бацькоў вучняў, якія з цікавасцю ставяцца да такой працы і потым выступаюць разам з дзецьмі). (Дадатак 4)


Віды праектаў па часе

  1. Міні-праекты ўкладваюцца ў адзін урок. Найбольш прадуктыўныя яны на ўроках развіцця мовы. Напрыклад, “Намаляваць славесны партрэт Машэкі з паэмы “Курган” Я. Купалы з выкарыстаннем зпітэтаў” (10 хвілін на падрыхтоўку і па 2 хвіліны на прэзентацыю кожнай групы).

  2. Доўгатэрміновыя праекты могуць займаць час ад аднаго тыдня да адной дзвюх чвэрцяў. Напрыклад, дамашняе заданне да наступнага ўрока літаратуры: лінгвістычны аналіз аднаго з лірычных адступленняў рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”. (Дадатак 8)

Падрыхтоўка праекта па даследаванню творчасці сучаснага паэта, празаіка ці драматурга займае час ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Вучні спачатку знаёмяцца з творамі аўтара, потым дамаўляюцца аб сустрэчы з ім, рыхтуюць пытанні для інтэрв’ю, якое часцей праходзіць за межамі гімназіі. Прыкладныя тэмы праектаў: “Ідэйная накіраванасць СМС-кнігі Алены Спрынчан Дарога і шлях”, “Асаблівасці формы і зместу вершаў Зміцера Вішнёва”, “Аўтабіяграфічнасць твораў Васіля Быкава”, “Выяўленчыя сродкі графікі вядомага беларускага мастака Міхася Барздыкі і тонкі лірызм і жывапіс паэтычнага слова Міхася Башлакова ў кнізе “Нетры” і іншыя.

Вынікам такіх праектаў з’яўляюцца аўдыё- і відэазапісы, мультымедыйныя прэзентацыі, рэфераты, вусныя выступленні вучняў. Такія праекты выконваюць толькі вучні 10-11 класаў.


Прыёмы навучання праектам.

  • дэманстрацыя аб’ектаў, схем, табліц з мэтай ілюстравання асобнага навуковага становішча;

  • заданні на складанне і тлумачэнне каментарыяў у час вырашэння вучэбнай задачы;

  • аргументацыя вучнямі ўзнятай праблемы;

  • заданні на пошук памылак (у тым ліку ў выступленнях і разважаннях);

  • заданні на абагульненне;

  • заданні на імгненную здагадку;

  • заданні на знаходжанне аналогій;

  • заданні на знаходжанне адпаведнасці;

  • заданні на падбор прыкладаў;

  • прыём мысленчых эксперыментаў.



Практычнае прымяненне вучнёўскіх праектаў:

  • на ўроках у розных класах як адной, так і розных паралеляў;

  • пазакласная дзейнасць (факультатыўныя заняткі, гурткі, пазакласныя мерапрыемствы).


Эфектыўнасць вопыту

  1. Пры тым, што колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры невялікая, метад праектаў дазваляе значна павялічыць аб’ём зместу ўрока.

  2. У творчых працах у рамках выканання праектаў раскрываецца характар дзіцяці і яго адносіны да акаляючага свету.

  3. Творчы падыход да працы над праектам фарміруе лепшыя якасці асобы вучняў, развівае творчае ўяўленне.

  4. Індывідуальны падыход у рамках праектнай дзейнасці вельмі важны для раскрыцця індывідуальнасці дзіцяці і для стварэння спрыяльных умоў для фарміравання яго здольнасцяў.

  5. Вучэбны праект для вучняў-даследчыкаў — гэта магчымасць рабіць нешта цікавае самастойна або ў групе, максімальна выкарыстоўваючы свае здольнасці. Гэта дзейнасць, якая дазваляе праявіць сябе, паспрабаваць свае сілы, выкарыстаць свае веды, прынесці карысць і паказаць публічна дасягнуты вынік.


Вынікі праектнай дзейнасці:

  1. З году ў год павялічваецца колькасць вучняў, якія жадаюць прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах гімназіі, звязаных з беларускай мовай і літаратурай.

  2. Удзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры:

2008\2009 навучальны год

1-ы дыплом ў школьным, раённым, гарадскім этапах рэспубліканскай алімпіяды; пахвальны водгук на рэспубліканскім этапе.

2009\2010 навучальны год

1-е месца ў школьным, раённым, гарадскім этапах рэспубліканскай алімпіяды.



  1. Удзел і дыпломы ў рэспубліканскай гульні-конкурсе “Буслік” (2006г. – 146 вучняў; 2007г. – 189 вучняў; 2008г. – 276 вучняў; 2009г. – 473 вучня).

  2. Якасць ведаў па беларускай літаратуры – 100%.

  3. Якасць ведаў па беларускай мове – 82%.

  4. Ва ўступнай кампаніі 2010 мае выпускнікі атрымалі высокія вынікі па ЦТ, што было адзначана на Мінскім гарадскім форуме настаўнікаў.


Заключэнне.

Аналізуючы практычны вопыт, неабходна адзначыць, што праектны метад — адзін з лепшых для інтэграцыі сучасных інфармацыйных тэхналогій, асобасна-арыентаванага навучання і самастойнай работы вучняў. Метад праектаў мае будучыню, таму што ён дэманструе высокую эфектыўнасць, матываванасць навучання, зніжэнне перагрузкі, павышэнне творчага патэнцыялу вучняў і педагогаў.


Літаратура


  1. Ястрабцавай Е. Н. “Як нараджаецца праект: з вопыту ўкаранення метадычных і арганізацыйна-педагагічных новаўвядзенняў”. М., 1995

  2. Полат Е. С. ”Новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме адукацыі”. М., 2000

  3. Вахрушава Л. М. “Прымяненне праектыўнага метада на ўроках рускай мовы”(Тэкст). Русский язык. 2007. №14

  4. Запрудскі Н. І. “Сучасныя школьныя тэхналогіі”. Мн., 2004

  5. Кашлеў С. С. “Інтэрактыўныя метада навучання педагогіцы”. Мн., 2004

  6. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская мова”


Дадатак 1

Рэкамендацыі для вучняў.

Як стварыць прэзентацыю.

  • не менш 5-7 слайдаў прэзентацыі;

  • абавязковая кансультацыя з настаўнікам-прадметнікам і настаўнікам інфарматыкі;

  • тытульны слайд змяшчае тэму і аўтарства праекта;

  • аднолькавы стыль афармлення кожнага з раздзелаў і ўсёй прэзентацыі ўцэлым;

  • настройка пераходаў паміж слайдамі па пераключэнню “мышы”, а не аўтаматычная;

  • указанне ссылак на выток інфармацыі;

  • настройка анімацыі, звукавога суправаджэння;

  • якасна сканіраваныя выявы.


Дадатак 2
Крытэрый ацэнкі мультымедыйнага праекта:

  • актуалізацыя праекта (значнасць і актуальнасць узнятых у праекце праблем, значнасць і змястоўнасць абранай тэмы, мэты і задачы па яе рэалізацыі);

  • змястоўная частка праекта (адпаведнасць зместу абранай тэме, адэкватнасць раскрыцця тэмы праекта, неабходная і дастатковая глыбіня пранікнення ў тэму);

  • дызайн праекта (эстэтычнае афармленне);

  • тэхнічнае выкананне праекта;

  • аналіз вынікаў сваёй дзейнасці (аўтарскія знаходкі, вывады, магчымыя “плюсы” і “мінусы” праекта);

  • магчымасць практычнага прымянення праекта (на якую аўдыторыю ён накіраваны);

  • уменне публічна выступаць (годна трымацца перад публікай, граматна і аргументавана гаварыць, адстойваць свой пункт погляду, задаваць і адказваць на пытанні).


Дадатак 3
Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі, падрыхтаваны групай вучняў 10-11 класаў.
Дзеянне адбываецца на Парнасе. На сцэне стаіць доўгі стол, за якім сядзяць багі.

Сварог.

Што за дзіўную вестку прынёс мне Пярун, мой малодшы сын! Недзе на Зямлі ў, як іх там называюць, гімназіі, праводзіцца тыдзень беларускай мовы і літаратуры Уяўляеце, тыдзень мовы, а што, пасля яны яе забудуць?! Дзіўныя гэтыя людзі, сучасныя беларусы, хто яны такія?!! Ды ці існуюць яны увогуле?

Вось былых памятаю...

Пярун.

Так, так, тата, ты, як звычайна праў.

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы росквітам княства Літоўскага нашага краю

І называюць той век залатым…



Мілавіца.

Залаты век.. Як гэта прыгожа!

Першая кніга, ды якая! А сам Скарына, якая постаць! А колькі годнасці і шляхецкай прывабнасці, ды яшчэ і доктар! Сапраўдны мужчына!

Сярод сучасных беларусаў я такога даўно не бачыла.



Скарына.

Як ад нараджэння..



Ляля.

Так, так, які прывабны мужчына, а памятаеш таго, адважнага, што Марысьцы чарнабровай верш прысвяціў. Праз яе нават на шыбеніцу трапіў.



Каліноўскі.

Марыська чарнаброва, галубка мая..



Сварог.

От род жаночы, стварэнне... вам бы толькі маладыя ды прыгожыя,а дзе павага да сівых мудрых галоў?! Ці ўжо забыліся пра сялянскага адваката Ф. Багушэвіча?! Таленавіты спадар быў, як любіў пагаварыць аб людской долі-нядолі.



Багушэвіч.

Братцы мілыя, дзеці Зямлі...



Жанчына (з васількамі).

Ай, ай , дзядуля, старасці павагу, маладым дарогу! Максім... як гучыць... мякка, салодка мілагучна... Увесь час засынаю з яго букетам васількоў пад падушкай. А яго санет... Колькі да мяне багоў заляцалася, але ніводзін не крануў душу такім спевам... АХ, Максім... Толькі дзеля яго я б спусцілася на Зямлю. (падбягаюць да яе багіні)



Усе.

Шчыра кажучы, і я.

І Я

( Я. Хапкін выконвае раманс “Зорка Венера…”)

Дальбог.

На гора вам і на шчасце нам у сучаснікаў зямлян Максім—самая папулярная спявачка, нішто сабе дзяўчо. Доўгавалосая, статная, вочкі, як зорачкі, і такая маленькая, што ўсё б жыццё на руках насіў.



(Спявае К. Лявута. Песня з рэпертуару спявачкі Максім)

Мілавіца.

Не дзіва, жанчына ніколі не можа быць непрыгожай. А вы ніводную не прапусціце. Я ўчора таксама паглядзела, праўда без бацькавага дазволу на тых беларусаў і жахнулася. Піва—сябар, у кожным доме гаспадар. І што пасля гэтага добрае яны могуць стварыць?! Адзінае – падабенства да негрыцянскага рэпу, махаць рукамі ды крычаць.



А. Уласавец,загрыміраваная, як негрыцянка, танцуе рэп, а беларусы з васількамі паўтараюць.

(У гэы час багіні хіхікаюць)



Пярун.

Змоўкніце, вам бы толькі смяяцца, піва, рэп, а адсюль і жорсткасць, абыякавасць, знявага.

Вы чуеце толькі сябе, а паслухайце палымяныя радкі, крык душы Н. Гілевіча.

Верш паэта “Смерць на Нямізе”

У краіне,

дзе волю дыктуюць

фантом і абсурд,

смерць людзей на Нямізе—

кашмар нечуваны і страшны:

ачмурэлы ад піва і спёкі

шматтысячны гурт

затаптаў на прыступках

паўсотні дзяўчатак няшчасных.
Так ад бомбаў,

ад куль і снарадаў

мужчыны не пруць,

як ад летняга ліўня з градзінкамі

“рыцары” пёрлі—

па касцях, па вачах, і па сэрцы тваім, Беларусь,

і па крыку—жахлівым, апошнім,

застрэлым у горле...


Гэта сталася

ў дзень памінання, на Тройцу якраз,

побач з храмам адным

і амаль пад сцяною другога.

І выходзіць, што п’яны,

кашчунны, дурны свістапляс

угнявіў і дзядоў на тым свеце

і Духа Святога.


Ну, кажыце, кажыце, айцы,

што тут Бог ні пры чым,

што не боская гэта адплата

за грэх святатацтва.

Проста збег нечаканых абставін.

Але—не прычын.

Вінаватых няма,

не павінна было гэта стацца...


Будуць модлы гучаць,

будуць бомкаць журботна званы,

будуць слёзы буяць,

будуць кветкі цвісці на магілах.

Ацалелым жывым

будуць сніцца кашмарныя сны.

Будзе доўжыцца суджаны лёс—

лёс у Бога нямілых.



Жанчына.

Тата, гэта ўжо гісторыя, сапраўды жудасная гісторыя сучаснай Беларусі. Але калі гэты верш кранае сэрцы, значыць у беларусаў сэрца ёсць, а значыць яны будуць жыць, сябраваць, кахаць. Вось паслухайце..

Ты пакліч мяне, пазаві

Там заблудзімся ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.



(Вучні першага класа працягваюць верш Я. Янішчыц)

І тады душой не крыві

На дарозе жыцця шырокай.

Пачынаецца ўсё з любві—

Першы поспех і першыя крокі.

Мілавіца падхоплівае і працягвае.

Прыручаюцца салаўі,

І змяняюцца краявіды.

Пачынаецца ўсё з любві—

Нават ненавісць і агіда...

Усе.

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві.

А інакш і жыць немагчыма.

Мілавіца.

Вось бачыш, тата, Беларусь жыве, паглядзі якое пакаленне падрастае. І, магчыма, яны зменяць тыдзень беларускай мовы на жыццё бел. культуры.



(Дзеянне завяршаецца. У фінале ўсе ўдзельнікі спектакля спяваюць “Белая Русь ты мая…” )

Дадатак 4
Другі клас.

Урок па тэме “Вусная народная творчасць”

Вучні 11-га класа падрыхтавалі і праводзяць на ўроку хвіліны загадак.

Добры дзень, шаноўная наша змена! Даведаліся мы пра тое, што ў вас сёння цікавы ўрок. Захапіла нас думка: ці такія ж , як і мы, дапытлівыя і разумныя, нашы другакласнікі? Калі так, то загадаем вам некалькі загадак. А калі нехта з вас таксама ведае на памяць беларускія загадкі, то загадае нам.
Без аглядкі не вылазь

З глею цёмнага, карась.

Бо стаіць зусім не так

За карчагаю ................

(Шчупак)
Важны, гожы, той, каторы

Не знімае й нанач шпоры.

Ён ад важнасці свае

Тры разы на ноч пяе.

(Певень)
Высокі бясконца,

І шапка па модзе.

Падобны на сонца.

Расце ў агародзе.

(Сланечнік)
Адгадаўшы, помніць каб

Праз жыццё даўгое:

Найдарожшы самы скарб-

Гэта што такое?

(Хлеб)
Далікатны мае пах,

І пялёсткі ў завітках.

Ды калючая задужа.

Што за кветка гэта?

-......! (Ружа)
Няцяжкі ў вазе.

На адной назе.

Сілы мае-

Зямлю трымае.

(Глобус)

Дрэва тое не абняць.

Крона з небам зліта.

А каб назву напісаць,

Хопіць і дзвюх літар.

(Баабаб)
Каб ніхто не адабраў,

За кожную шчочку

Непрыкметна ён

схаваў

Зерня па мяшочку.



(Хамяк)
Шапачка ў рубчык.

На шапачцы дубчык.

Пад кожнай з іх лысы

Да восені вісне.

(Жолуд)
Што такое, ведаць

трэба.


Гэта жарт чый ці

гульня:


Лета, сонца, а ў

паўнеба-


Беласнежная лыжня.

(След ад самалёта)


Малайцы, дзеці, парадавалі вы нас сваімі ведамі. Цяпер чакаем вас у госці на нашых уроках.

Дадатак 5
Сучасная літаратура

Юрый Міхайлавіч Сапажкоў — паэт, перакладчык, крытык”.



Тэкставы варыянт праекта

Праект падрыхтавалі вучні 11”В” класа (2009г.)
Каментарыі да прэзентацыі.

Не по томам, что на лотке


Покоятся горою,
Поэта ценят по строке,
Единственной, порою.
Миры раздумий и страстей
Она одна вбирает.
Бывает, что и жизни всей
На строчку не хватает…

Ю.М.Сапажкоў


Юрый Міхайлавіч Сапажкоў нарадзіўся 16 сакавіка 1940 года ў вёсцы Ільінка Пронскага (цяпер Скопінскага) раёна Разанскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў слесарам-інструментальшчыкам на заводзе святлатэхнічнай арматуры, служыў у Савецкай Арміі. У 1967 годзе Юрый Міхайлавіч скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у газеце "Советская Белоруссия", у
часопісе "Всемирная литература", пяць гадоў рэдагаваў савецкі часопіс у Індыі.

Юрый Сапажкоў таксама друкаваўся ў часопісах «Нёман», «Юность», «Молодая гвардия», «Пересвет», «Полымя», «Немига литературная», «Всемирная литература».


Піша на рускай мове.

Аўтар паэтычных кніг «На счастье» (1972), «Возраст» (1978), «Очертания греха» (1992г., перакладзена на ангельскую мову, хіндзі, урду, малаялам (мовы, распаўсюджаныя ў Індыі), «Письмо другу» (2004), «Точка невозврата» (2006), кнігі літаратурнай крытыкі «На просторе слова” (2008). Працуе ў часопісе "Нёман". Жыве ў Мінску.



2009 г. – Юрый Сапажкоў стаў віцэ-каралём
паэтычнага перакладу

Ва універсітэце Юрый Сапажкоў «зубрыў» ангельскую мову спецыяльна, каб прачытаць Шэкспіра ў арыгінале. Аднак так і не зрабіў ніводнага прафесійнага перакладу класіка.


Прайшло шмат гадоў, а Юрый Міхайлавіч працягваў удасканальваць ангельскую мову.

"Шэкспіраўскую мару" ўзгадаў, калі ўбачыў аб'яўленне аб Першым міжнародным турніры літаратурнага перакладу ў Лондане. Пропуск у адборачны тур - рускі варыянт пятага санета Шэкспіра. Работа Юрыя Міхайлавіча атрымала конкурснае срэбра. За новы пераклад Юрый Сапажкоў пакуль не будзе брацца. У галаве столькі ўласнага незанатаванага, якое так і просіцца на паперу.  

Вершы Юрыя Сапажкова пяшчотныя, рамантычныя, бязбоязна расчыненыя, як расчынена ў сад акно, - вершы Сапажкова безабаронныя. Як безабаронна наогул усё шчырае і чыстае. Не апрыходаваныя славай, яны выходзяць у свет не толькі без брані, але, здаецца, нават без адзенняў.

Верш «Мысль»:

 ...Ее приход чудесный меришь



Порочным опытом своим.

Потом, предчувствуя награду,

Сто раз заставишь лечь и встать,

И повернуться; слов наряды

Никчемные начнешь снимать,

Чтобы потом пустить по свету

В ее прекрасной наготе.
Пра кнігу вершаў Юрыя Сапажкова «Точка невозврата»

Юрый Сапажкоў дзесяць гадоў маўчаў. Перажываючы нейкую, вядомую толькі яму самому этычную віну, даў сабе слова не пісаць . Не думаць вершамі. Не выношваць рыфму, не атрымліваць асалоду ад яе чароўнай дасканаласці. Забыцца на рыфму. Суняць насцярожанае паэтычнае пачуццё, якое раптам адкрывае патаемныя ўзаемасувязі рэчаў. Як адкрывае іх гэты погляд, амаль збеглы, амаль выпадковы:



Что наша жизнь?

Она — как этот пирс,

самонадеянно дерзнувший

навстречу выйти океану,

чтоб, сделав несколько слепых шажков,

остановиться в изумленье

перед простором,

перед глубиной.

Забараніць сабе паэзію. І строгія абмежаванні рыфмы не прымусяць цябе перабіць думку і пачуццё, пакуль у нейкай знямозе, амаль несвядома і ўсё адно прадбачна - пакуль не складзецца нешта... ад чаго перахопіць горла ў шчаслівым адчуванні поспеху. Як вось гэта:



Пишешь ты, что в народе не глупость

Тебя ранит больней и больней —

Дальновидная близорукость

Искалечила нынче людей.

Паэт замоўк, таму што не рабіў са свайго жыцця літаратуру, не насіўся з сабой, як з каштоўнай пасудзінай, а перажываў жыццё як паэзію. Вось гэта і ёсць сапраўднасць. Напружанасць паэтычнага пачуцця, гатовага памерці дзеля адданасці самому сабе. Парадокс сапраўднасці, якую не аднавіш ні па якіх лякалах і навучанням…

Здзіўленымі вачыма паэт так бачыць сябе:

...В тяжелом соленом растворе

Ни неба, ни дна не видать.

Гнев Господа, Мертвое море,

Поэт, переставший писать!

Дзесяці гадоў паэту хапіла, каб забіць у сабе паэта. І, забіўшы, гэта значыць адмовіўшыся ад усякай надзеі, ён выклікаў у сабе надзею. Магчымасць нарадзіцца паэтам другі раз.


ТОЧКА

НЕВОЗВРАТА

Уйти от старых берегов,

Как уходил уже когда-то…

Есть в обиходе моряков

Понятье — точка невозврата.

Теперь уже в последний раз!

Что впереди — успех, утрата?

Есть в жизни каждого из нас

Такая точка невозврата.

И, как ни медли, предстоит

Тебе решить — что ложь, что свято,

Расслышать, что душа велит

Пред этой точкой невозврата.

Когда назад уже не сметь,

И время надвое разъято.

И что-то гонит, как на смерть,

Тебя за точку невозврата.
Альберт Скараход, беларускі кампазітар з Кнігі рэкордаў Гінэса, які ўмее спяваць, стоячы на галаве, падзяліўся цікавымі звесткамі:

- З творчасцю Юрыя Сапажкова я ўжо знаёмы не першы год. У маім рэпертуары пакуль гучыць толькі адзін раманс на яго вершы - "Флейта". І адна ваенная песня "Фільм пра вайну". А сваёй чаргі на запіс чакае яшчэ дзясятак песень, якія планую выпусціць у сумесным альбоме ў наступным годзе. І вось гэты сумесны праект і носіць назву «Сапоги-скороходы". Таму што я Скараход,а ён – Сапажкоў!



ФЛЕЙТА

Так светится душа её,


Изранена для звука,
Что всё, о чём она поёт,
И чистота и мука.
Вдохни поглубже, милый мой,
Грусть дней непозабытых
И сокровенное пропой
Устами ран открытых.
НЕЖНОСТЬ
Девочка с муравьиной талией,
Первое мое вдохновение.
Вся ты — словно проталинка
Среди снежного окружения.
И не думал, слепой от нежности,
Что с годами дороже станет
Островок последнего снега,
Который все тает, тает …
Дадатак 6
Творчыя работы вучняў
Кастусю Каліноўскаму

Зыходзіць зімні талы снег,

А з-пад яго глядзяць пралескі,

І ручаёў вясёлы бег

Напоўніць хутка пералескі.

Ўсё ажывае і гудзе,

Зноў нараджаецца прырода,

Але чамусьці за цябе

Я адчуваю зноў турботу.

Мне цяжка стала на душы,

Калі спазнала горыч страты.

Любіў сваю радзіму ты,

Засцерагаў краіну свята.

У шчасце верыў, нішчыў зман

І здольны быў зрабіць так многа!

Але, на жаль, ты не спаткаў

Доўгачаканай перамогі...

Пашану аддаю табе,

І помні, што ужо навечна

У сэрцах нашых ён жыве .



Семяненка Вольга 9 ”Б” клас 2008г.
У пошуках жывой вады

Хаджу, шукаю светлую крыніцу,

Што зіхаціць на сонцы серабром,

Жадаю чыстых вод яе напіцца

І смагу наталіць, як малаком.
Ды дзе ж знайсці такую, каб без болю,

Падману ці няшчырасці была

І цёплаю жывучаю вадою

Усё навокал вылечыць змагла?


Каб ўсё адразу птушкай заспявала,

І сонейка паклікала вясну.

Але пакуль такую не спаткала...

Па кропельках крыніцу я збяру.



Семяненка Вольга 11”Б” клас 2009г.


Пажаданне
Я жадаю усім цеплыні і дабра,

А каханых і блізкіх прашу:

Сярод мноства спакус, непрыемнасцей, спраў

Не змяняйце адзін аднаму!

Хай шапочуць вятры, дожджык лепіць у акно,

Ну а вы паспрыяйце таму,

Каб было ў вашым доме заўсёды цяпло.

Не змяняйце адзін аднаму!

Нараджаюцца сваркі між вамі ураз,

Дык яны ж сустракаюць усіх!

Усміхніцеся лёгка, пабачце якраз –

Знікнуць спрэчкі ў адзін толькі міг.

Будзе сонечны дзень або люты мароз,

Я да вернасці вас прызаву.

Паміж спрэчак і крыўд, паміж бураў і гроз

Не змяняйце адзін аднаму!



Семяненка Вольга 11”Б” клас 2010г.


Дадатак 7
Фрагмент урока па беларускай літаратуры ў 10 класе па теме:

Твой подзвіг смелы і сардэчны. Кандрат Крапіва (1896-1991). Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Кандрат Крапіва як пісьменнік-байкапісец.”



Мэты:

  • пазнаёміць вучняў з умовамі жыцця і фарміравання творчай індывідуальнасці Кандрата Крапівы як байкапісца.

  • раскрыць жанрава-тэматычную разнастайнасць байкі, вылучыць у байках асноўныя іх асаблівасці;

  • развіваць мысленне і творчыя здольнасці вучняў, навыкі выразнага чытання, аналізу алегарычнага твора;

  • уплываць на фарміраванне станоўчых маральных якасцей асобы вучняў.

Абсталяванне: запіс асноўных дат на дошцы, мультымедыйныя фотапрэзентацыі, аўдыёзапіс баек “Дыпламаваны баран” і “Дзед і баба”.
Ход урока:

1. Уступнае слова настаўніка.

Маладнякоўцы ў свой час казалі, што ў Крапівы ёсць усе дадзеныя для таго, каб стаць беларускім Бакаччыо. Маўляў, ён таксама дасканала валодаў народным словам, высмейваў свяшчэннікаў і святых. Аднак, як трапна заўважыў тагачасны літаратуразнаўца Клейнбарт, “Крапіва гэтак жа падобны на вядомага італьянца, як камсамольцы на гуманістаў ХVІ стагоддзя”.

2. Бясспрэчным застаецца толькі адно: Крапіва трывала замацаваўся ў беларускай літаратуры як класік. Асабліва вялікая заслуга яго ў развіцці сатырычных жанраў, у развіцці беларускай байкі і драматургіі.


  1. Разгляд асноўных дат жыцця і творчасці К.К. + мультымедыйная фотапрэзентацыя + каментарый вучняў, якія атрымалі апераджальнае заданне падрыхтаваць праект аб жыцці і творчасці К.Крапівы.


Выступленне 1-ай групы (тры вучні)

Каментарыі да прэзентацыі аб жыцці і творчасці К. Крапівы.

(на слайдах толькі фотаздымкі)

1896-1991

(Асноўныя даты – у якасці доказу аб значнасці постаці К.Крапівы ў тагачасным літаратурным працэсе:



22 лютага 1896 - нарадзіўся ў весцы Нізок на Ўздзеншчыне

1915 - служба ў арміі, афіцэрскае званне

1917 - дэмабілізацыя, праца ў якасці настаўніка

1922 - у газеце "Красноармейская правда" надрукаваны фельетон "Жылі-былі"; у газеце "Савецкая Беларусь" - верш "Сваты"

1926 - паступае ў Беларускі дзяржаўны універсітэт

1939 - удзельнік вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь; у тым жа годзе напісаў камедыю "Хто смяецца апошнім"

1939-1940 - ваяваў у Фінляндыі

1943 - рэдактар газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну!";

1950 - выбраны акадэмікам АН БССР

1956 - нададзена званне народнага пісьменніка БССР; выбраны віцэ-прэзідэнтам АН БССР

1971 - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за распрацоўку праблем беларускай дыялекталогіі

1975 - прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы

7 студзеня 1991 - Кандрат Крапіва памёр на 95 годзе жыцця
Заўвага ўдзельніка групы!:

- Звярніце ўвагу на гады жыцця пісьменніка. Колькі год ён пражыў? 95. У сувязі з такім доўгажыхарствам існуе такі жарт: “Хто смяецца апошні?

- Апошні смяецца Кандрат Крапіва!”
Тры вайны, не лепшыя часы ў палітычным плане (успомніце, што сталася з большасцю ўдзельнікаў “Узвышша”)
Каментаванне фотапрэзентацыі “Біяграфія ў эпізодах”

(Двое вучняў першай групы выступаюць у ролі К. Крапівы, нават апрануты асабліва, трэці з’яўляецца каментатарам)


Каментатар

Нават у сваёй уласнай аўтабіяграфіі Кандрат Крапіва не можа абысціся без гумару, а часам і без сарказму!

1-шы слайд “Імперыялістычная вайна”

“Ужо з усёй сілай лютавала імперыялістычная вайна, і ў жніўні 1915 года мяне папрасілі пастаяць “за веру, цара і айчыну”. К гэтаму часу рады кадравых афіцэраў ужо значна парадзелі, і начальства вырашыла, што я з’яўляюся зусім прыдатнай фігурай для таго, каб заткнуць адну з дзірак у афіцэрскім складзе…

Выявілася, што мая невялікая адукацыя нешта значыла. Яна давала права на паступленне ў школу прапаршчыкаў. Праз тры месяцы я быў гатоў. Аб гэтым сведчылі не столькі мае вайсковыя веды, колькі новае афіцэрскае абмундзіраванне, рэвальвер у кабуры і шашка пры боку, якая з непрывычкі замінала мне хадзіць…

Каментатар

Нібы няма яго заслугі, што стаў афіцэрам царскай арміі. Палітычна небяспечна

2 –гі слайд “Бацька”

Каментатар

Бацька Кандрата Крапівы жаніўся тры разы:

а) Калі памерла родная маці, бацька ажаніўся другі раз, і Кандрату прыйшлося “пайсці” ў людзі.

“Але вельмі хутка прыйшлося пераканацца, што ў бацькоўскім доме я цяпер лішні. У бацькі была новая сям’я. Другая яго жонка – слабая і хваравітая – памерла, пакінуўшы дзяўчынку. Бацька ажаніўся трэці раз і ўзяў сяброўку жыцця, якая не магла паскардзіцца на здароўе. Ранейшы бацькаў намер – пакінуць гаспадарку для малодшых дзяцей – застаўся ў сіле, і новая мачаха з усёй рашучасцю пачала яго ажыццяўляць, карыстаючыся для гэтага кожным зручным і нязручным выпадкам…(сюжэтна адлюстравана ў рамане “Мядзведзічы”). Удзельнікі праекта чытаюць байку “Мачаха”.

3- ці слайд

“Тым часам успомнілі пра мяне ў Мінску, дзе ўжо існавала пісьменніцкая арганізацыя “Маладняк”. Не бачачы больш на старонках газеты маіх вершаў і баючыся, каб я зусім не аглох у вёсцы, сябры пачалі мяне клікаць у Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу…”



Каментатар

ПАЧЫНАЎ З ЛІРЫКІ!

“Помніцца, з-пад майго неспрактыкаванага пяра, -- відаць, пад уплывам прачытаных твораў Лермантава, з’явіліся на свет лірычныя вершы з налётам “сусветнай тугі”. Так, мне здавалася, павінна была выглядаць сапраўдная паэзія. Побач з гэтым, для хатняга ўжытку, я папісваў і эпіграмы на сваіх знаёмых.”



Каментатар

НЕ ЗАЎСЁДЫ БЕЗЗАГАННЫЯ ТВОРЫ!

“Часта пісаў проста на патрэбу палітыкі дня, мараль часам магла быць падменена прапагандысцай канцоўкай”.

4- ы слайд

“У 1941 годзе мне зноў прыйшлося апрануць шынель, каб удзельнічаць у чацвёртай “маёй” вайне, якая прынесла незлічоныя беды маёй роднай Беларусі…

…у гэты час наша сям’я панесла вялікую страту: пад Сталінградам загінуў сын Барыс…”

5-ы слайд

“ З сакавіка 1943 года і да канца вайны я быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”



Каментатар

Як вам тагачасныя піаршчыкі? выдатны слоган!

якая да вызвалення Беларусі таксама закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. Вясной 1944 года рэдакцыя пераехала ў Гомель, а 7 ліпеня я ўжо быў у толькі што вызваленым Мінску. Відовішча было жахлівае…

6 –ы слайд

Каментатар

Пасля вайны Крапіва некаторы час рэдагуе гумарыстычна-сатырычны часопіс «Вожык», а затым пераходзіць на сталую працу ў Акадэмію навук БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР і яе віцэ-прэзідэнт з 1956 г., ён плённа працуе ў галіне беларускага мовазнаўства, а таксама аддае шмат увагі пытанням арганізацыі навуковай дзейнасці інстытутаў Акадэміі навук.

За выдатныя заслугі ў развіцці беларускай літаратуры пісьменнік узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі, ён тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1956 г. у сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння Кандрату Крапіве прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР


Дадатак 8
Фрагмент праекта

Ніл Гілевіч. “Родныя дзеці”.

Адступленне другое – іранічнае”.



Лінгвістычны аналіз.

Асобныя слайды.

Калі прааналізаваць гэты ўрывак, можна заўважыць значную канцэнтрацыю мастацкіх тропаў, што не вельмі характэрна для самаго рамана, але відавочна ў адступленнях. Асноўныя прыведзены на экране.



  • Антытэза

  • Метанімія

  • Гіпербала

  • Перыфраз

  • Эпітэт

  • Літота

  • Алегорыя

  • Параўнанне

  • Метафара

Зялёным колерам пазначаны тлумачэнні незразумелых слоў.

Вы зможаце ўбачыць наш аналіз ўрыўка, а мы зробім невялікія каментарыі і ўдакладненні.



Урывак вуснага выступлення вучняў, якім суправаджалася мультымедыйная прэзентацыя.

Звернем увагу таксама на тое, што ў адступленні ўжываюцца звароткі. Тры разы аўтар звяртаецца да чытача, пачынаючы з самага першага радка. Гэта з самага пачатку ўсталёўвае сувязь паміж адрасатам і адрасантам, Ніл Гілевіч звяртаецца так да кожнага, хто возьме ў рукі яго кнігу, як да даўно знаёмага , таму што ніхто не разумее пісьменніка лепш, за яго чытача. Аднойчы Ніл Гілевіч звяртаецца нават да ўсіх разам і выкарыстоўвае зваротак “браткі”, з дапамогай якога ўстанаўліваецца атмасфера духоўнай блізасці і даверу.

Урывак вельмі востры і іранічны, асабліва ў пачатку, але ўжо пасля адзінаццатага слупка мы бачым сюжэтна-эмацыянальны пералом, тон верша мяняецца, ён становіцца больш сур’ёзным.

Можна заўважыць, што, як гаворыць і сам аўтар, верш напісаны ямбам.

У ім чаргуецца мужчынская і жаночая рыфмы.

Як вы, магчыма, убачылі мы падкрэслілі шмат слоў у вершы і патлумачылі іх як іронію. Значнае выкарыстанне гэтага тропа даволі лагічна, калі нават проста ўспомніць , што мы разглядаем адступленне, названае іранічным.

Магчыма вы ўсе ведаеце, што такое іронія, але на ўсякі выпадак мы крыху нагадаем.

Іронія (ад грэч. “прытворства”) – троп, у якім сапраўдны сэнс схаваны ці супярэчыць (супрацьпастаўляецца) сэнсу відавочнаму.

Іронія стварае ўражанне, што прадмет гаворкі не такі, якім здаецца.

Ёсць два віды іроніі:



  1. Станоўчыя выказванні маюць адмоўны падтэкст.

(“Ну ты храбрэц!”)

  1. Самаіронія – адмоўныя выказванні маюць станоўчы падтэкст. Самаіронія можа быць адрасавана не толькі сабе.

Гілевіч ужывае так званую Сакратаву іронію – форму самаіроніі, пабудаваную так, што аб’ект, да якога яна звернута, самастойна прыходзіць да заканамерных лагічных вывадаў і знаходзіць сакрыты сэнс.

Пра іронію, гумар ёсць шмат твораў і выказванняў. Ільф і Пятроў, напрыклад, называлі іх вельмі рэдкімі металамі.Пра гэта шмат напісана і ў О. Генры, які часта выкарыстоўваў гэты троп, напрыклад, у творы “Споведзь гумарыста”. Вось некалькі цытат, якія даказваюць моц іроніі і да таго ж падобны па тэме да нашага урыўка:



  1. Я ўдасканальваў сваю тэхніку. Забаўная выдумка, увасобленая у двух радках, прыносіла мне долар. Я мог прыклеіць ёй бараду і падаць ў халодным выглядзе як чатырохрадкоўе, тады яе каштоўнасць падвойвалася. А калі пераліцаваць спадніцу і дадаць аборкі з рыфмаў – і яе ўжо не пазнаеш, гэта ўжо салонныя сцішкі...

  2. Інкубацыйны перыяд працягваўся, не прыносячы мне неспакою, 25 гадоў, а потым з’явіўся сып і мне паставілі дыягназ. Толькі яны назвалі хваробу не адзёрам, а пачуццём гумару.

Калі мы аналізуем твор, зразумела, нельга не сказаць пра яго тэму і ідэю.

З нашага пункту погляду, тэма – гэта роздум пра творчасць, яе сродкі і мэты.

Ідэю можна вызначыць як сцвярджэнне таго, што пісаць трэба ад душы, а не тое што модна ці за што плацяць грошы (бо гэта збядняе нашу паэзію).

Гэта ідэя не вельмі арыгінальная і вы можаце ўпэўніцца, што на яе звярталі нашу ўвагу многія вядомыя людзі, але тым не менш яна заўсёды актуальная:

Іншы рыфмуе добра, а судзіць вельмі дрэнна. Н. Буало
Прыгожыя рыфмы даволі часта з’яўляюцца кастылямі для кульгавых думак.

Г. Гейне


Не той паэт, хто рыфмы плесці можа.

А. Пушкін


Лепш пісаць для сябе і згубіць чытача, чым пісаць для чытача і згубіць сябе.

К. Сірыл
З дзвюх фраз трэба выбраць карацейшую; з двух слоў – больш простае. Дж. Стэйнбек


Зразумела, пакуль існуе паэзія, мы чытычы будзем з асалодаю захапляцца ёю...



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка