Кабржыцкая Т. В. Мінск, Беларусь




Дата канвертавання23.03.2016
Памер88.28 Kb.
Кабржыцкая Т. В.

Мінск, Беларусь
СЛАВЯНСКІЯ АРЫЕНЦІРЫ

ПЕРШАГА ЗАХОДНЕЎКРАІНСКАГА АДРАДЖЭННЯ

(Да 200-годдзя з дня нараджэння Маркіяна Шашкевіча)
ХІХ ст. пазначана інтэнсіўным рухам нацыянальнага адраджэння ўсіх славянскіх народаў. У гэты працэс была ўключана Галіччына, землі ўкраінскага народа, якія на той час знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі. Заходнія ўкраінцы адчувалі ў палітычным і культурным планах моцны прыгнёт з боку ўсіх пануючых колаў. Нацыянальна свядомая ўкраінская інтэлігенцыя разумела: наспявае патрэба рашуча змагацца і з паланізацыяй, і з праявамі анямечвання. Дамінуючая роля ў абуджэнні самасвядомасці заходнеўкраінскага насельніцтва належала галіцкім пісьменнікам, якія гуртаваліся вакол групы культурных дзеячаў, што складалася з Маркіяна Шашкевіча, Якава Галавацкага, Івана Вагілевіча. Гэта своеасаблівая творчая арганізацыя функцыянавала пры Львоўскай семінарыі ў 1833—1837 гг. і атрымала назву “Руська трійця” – “Руская тройца”. Галіцкія пісьменнікі-адраджэнцы імкнуліся ўвесці заходнеўкраінскую культуру ў агульнае рэчышча ўсяго ўкраінскага пісьменства, бачылі галічан неад’емнай часткай усёй Саборнай Украіны, арыентаваліся на культурныя дасягненне ўкраінцаў з Расіі, зыходзячы з пераканання, што “літаратура з’яўляецца сталай патрэбай усяго народу” (М. Шашкевіч). Таму яны выступалі супраць польскай і нямецкай асіміляцыі ўкраінскай Галіччыны і Букавіны, увядзення лаціны ў моўны ўжытак галічан, закладалі асновы народніцтва ў духоўнае жыццё краю. Выступаючы пераважна з пазіцый пануючага ў Еўропе рамантызму, “Руская тройца” выкарыстоўвала і вопыт нядаўняга Асветніцтва. Практычная дзейнасць “Рускай тройцы” выявілася ў збіранні фальклору на землях краю, апрацоўцы яго, стварэнні на яго аснове ўласных твораў. Дзеячы першага заходнеўкраінскага адраджэння спаўна адчулі на сабе пераслед мясцовых свецкіх і царкоўных улад, бо, як пісаў І. Франко, уразрэз з афіцыйнай палітыкай “імкнуліся выпрацаваць цэласную паўднёварускую мову і літаратуру, з іх дапамогай ўваскрэсіць усю паўднёварускую нацыю да духоўнага і грамадскага жыцця”.

Варта заўважыць, што пад словам “Русь” украінскія патрыёты разумелі даўнюю прарадзіму ўкраінскай нацыі. Зыходзячы з гэтай канцэптуальнай пазіцыі заходнія ўкраінцы давалі назвы многім сваім арганізацыям і выданням. Напрыклад, галіцкі штотыднёвік “Русь” (1867) абараняў права ўкраінцаў на развіццё сваёй мовы, крытыкаваў небяспечныя культурніцкія арыентацыі як на Польшчу, так і на Расію. Культурна-асветніцкая арганізацыя “Руська бесіда”, заснаваная ў 1869 г. на Букавіне, працягвала сваю актыўную дзейнасць на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Палітычныя катаклізмы перарывалі яе існаванне, аднак патрыятычныя памкненні бялі не знішчальныя: арганізацыя “Руська бесіда” пасля перапынкаў неаднойчы аднаўляла сваю працу: спрыяла выданню часопіса “Буковинська зоря”, газеты “Буковина”, адчыніла выдавецкую серыю “Бібліотека для молоді, селян і міщанства” і інш.

Падзеяй эпахальнага значэння для ўкраінскага адраджэння з’явіўся выданы групай “Руская тройца” альманах “Русалка Дністровая”. Засяродзімся найперш на назве выдання. Для Заходняй Украіны рака Днестр з’яўляецца культавай, адпаведна як рака Днепр сімвалізуе тэрытарыяльную і культурную еднасць Усходняй Украіны. Вобраз русалкі таксама трапіў у назву не выпадкова. Узяты з фальклорных тэкстаў, ён сімвалізаваў паэтычную аснову народнага мыслення, выказваў спадзяванні на цудоўнае ўваскрэсенне народнага пачатку, веру ў тое, што дух народны выйдзе з таемных глыбінь на ўсеагульны агляд, выкліча разуменне, захопленасць, любоў, павагу. У артыкуле “Передговор к народним руським пісням” І. Вагілевіч пісаў: «Нарід руський один з головних поколінь слов’янських… Руський нарід був великим і величавим… Руська земля честь і славу мала… Із Запорожжя лицарських діл гомін зашибався високими курганами по всій Русі, а з Бескидів і всяких сторон розбігалися мстиві молодці за печальну неволю мирян”. Як бачым, у альманаху выяўлялася ідэя ўкраінскай супольнасці, еднасці ўкраінскага народа. У той жа час прыведзеныя словы сведчаць і пра дэмакратычныя арыенціры стваральнікаў альманаха, бо ў іх выяўляецца клопат пісьменнікаў менавіта пра просты люд, пра народ.

Ідэю стварэння альманаха “Русалка Дністровая” падтрымаў сербскі культурны дзеяч Г. Петравіч. Выданне ўбачыла свет пры яго дапамозе ў 1837 г. у горадзе Будзіма (венгерская тэрыторыя; параўнай: Буда-Пешт, да 1872 г. Буда існавала асобна ад Пешта)). Аўстрыйская цэнзура канфіскавала 800 асобнікаў, дасланых у Львоў. Толькі меншую колькасць выданых у Будзе кніг пашчасціла выратаваць і распаўсюдзіць на ўкраінскіх землях, каля 200 трапілі ў краіны Заходняй Еўропы. Такім няпростым было станаўленне заходнеўкраінскага пісьменства, шлях яго да прызнання ў свеце.

Дэвізам дзейнасці львоўскія адраджэнцы абралі радкі з выдання “Малороссийские народные песни, изданные М. Максимовичем” (1827) “Світи, зоре, на все поле, поки місяць зійде”. М. Максімовіч – выдатны ўсходнеўкраінскі вучоны, некаторы час быў рэктарам Кіеўскага ўніверсітэта, з’явіўся адным з арганізатараў таемнага Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства, праграма якога, тыпалагічна блізкая ідэям славутых віленскіх філаматаў і філарэтаў, была зарыентаваная на змаганне з імперскімі ідэалагемамі культурнай асіміляцыі недзяржаўных (нетытульных) нацый, на стварэнне федэрацыі вольных славянскіх народаў.

Альманах “Русалка Дністровая” скампанаваны як фальклорна-літаратурнае выданне. Змест альманаха, з аднаго боку, вызначаецца разнастайнасцю. З другога, прадуманасцю і канцэптуальнасцю, падначаленасцю адзінай ідэі нацыянальнага адраджэння, задачам культурнага асветніцтва. Пачынаецца альманах уступным словам М. Шашкевіча “Передслів’я”. Затым ідуць некалькі раздзелаў, што месцяць запісы народнай творчасці галічан, пад агульнай назвай “Пісні народні”. Гэтыя тэксты суправаджае ўступнае слова І. Вагілевіча “Передговор к народним руським пісням”. Першы раздзел “Думи і думкі” складаецца з 21 твора. Другі раздзел “Обрядові пісні” напоўнены 15 запісамі такіх жанравых разнавіднасцяў украінскага фальклору, як калядкі, гагілкі, ладканне. Арыгінальная творчасць складальнікаў альманаха аформлена ў асобны блок твораў, які так і названы -- “Складання”. У ім змешчаны творы М. Шашкевіча, Я. Галавацкага, І. Вагілевіча. Найбольш актыўна выявіў сябе М. Шашкевіч : з дзесяці арыгінальных твораў, якія ўвайшлі ў “Складання”, сем належаць менавіта яму.

Распачыналася выданне эпіграфам з чэшскага і славацкага паэта, вучонага, выдатнага культурнага дзеяча Яна Колара: “Ne z mutného oka, z ruky pilnée nadĕje kwitne” – “Не з смутных вачэй, а з рукі стараннай надзея квітнее”. Ян Колар быў добра вядомы львоўскім будзіцелям. З ім у непасрэдных творчых стасунках знаходзіўся Я. Галавацкі, які пазнаёміўся з творцам у час яго працы над двухтомным выданнем славацкіх народных песень (1834-1835). Захопленасць складальнікаў альманаха усёахопнай адраджэнцкай працай Яна Колара выявілася і ў раздзеле “Пісні народні”, што, як і ўся кніга, пачынаецца з цытавання Колара. На асобнай старонцы чытачу падаваліся словы аўтарытэтнага даследчыка: “Pjesnĕ národnj gsau negpewnĕgsj zákład odwety, žiwel wzdĕlanosti, podpora národnosti, štit a ozdoba řeči”. Гэта фраза “Песні народныя ёсць найбольш трывалай, грунтоўнай асновай асветы, жывой вучонасці, апорай народнасці, шчытом і аздобай мовы”, як пазначана ў альманаху, была ўзятая “з запісаў Коларавых спяванак”. У цыкле “Складання” таксама неаднойчы сустракаюцца прамыя рэмінісцэнцыі з Яна Колара. У творы М. Шашкевіча “Згадка” выкарыстаны першыя тры часткі паэмы Яна Колара “Дачка Славы”. І. Вагілевіч здзейсніў пераклад некаторых санетаў з гэтага твору Колара. Поўны варыянт “Дачкі Славы” стаў вядомы аўтарам альманаху толькі тады, калі праца М. Шашкевіча і І. Вагілевіча па асэнсаванню творчай задумы Колара ўжо была ажыццёўлена.

У паэме “Дачка Славы” Колар стварыў апаэтызаваны вобраз вольнай Славяншчыны. Тыпалагічна блізкай гэтай паэме Колара з’яўляецца ўся творчасць М. Шашкевіча. Паказальна, што, арыентуючыся на Колара, удзельнікі “Рускай тройцы” абралі сабе літаратурныя псеўданімы, якія павінны былі сімвалізаваць салідарнасць з усімі славянамі. Шашкевіч у арыгінальнай творчасці выступіў як Руслан, Вагілевіч -- як Далібор, Галавацкі -- як Яраслаў.

М. Шашкевіч пад уздзеяннем паэмы “Дачка Славы” ўвёў ва ўласныя творы імёны язычніцкіх багоў, у якіх верылі і ўкраінцы, і іншыя славянскія народы. У творы “Згадка” апаэтызаваныя персанажы славянскай міфалогіі, вядомыя ва ўсім славянскім свеце. Сярод іх – Святавіт, Купала, Лада, Каляда. Верш суправаджаецца каментарыямі паэта, у якіх падаецца геаграфія “прыпіскі” славянскіх багоў. У прыватнасці, у каментары да слова Святавіт даецца наступнае тлумачэнне: “Святовид – бог слов’ян надлабських і надбалтицьких, виображаючий сонце”.

Пра тое, што львоўскія будзіцелі актыўна засвойвалі ўрокі чэшскага адраджэння, сведчыць і іх увага да “Краледворскага рукапісу” (1818), “Зялёнагорскага рукапісу” (1819), да асобы чэшскага вучонага, паэта Вацлава Ганкі. Названыя рукапісы, як выявілася пазней, з’явіліся геніяльнай літаратурнай містыфікацыяй. Патрыёт В. Ганка стварыў падробкі пад старажытныя тэксты, якія меліся засведчыць даўнюю гісторыю чэхаў як асобнага славянскага народа, самабытнасць іх мовы і культуры. Літаратурныя містыфікацыі былі ўспрыняты як адшуканыя арыгінальныя нацыянальныя рукапісы. Сёння вядома шмат фактаў іхняга ўплыву на культурніцкую дзейнасць многіх прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі ў славянскіх краінах. Будучыня прабачыла прыхаваную, наўмысную фальсіфікацыю: рукапісы адыгралі велізарную ролю ў барацьбе славян з рознымі праявамі іх асіміляцыяй іншымі народамі. М. Шашкевіч у творы “Згадка” праводзіць паралель паміж чэшскім зводам законаў, складзеным легендарнай княгіняй, заснавальніцай Чэхіі Любушай, і зводу законаў “Руская Праўда” знакамітага кіеварускага князя Яраслава Мудрага. З пазначэннем “Із “Короледвірської рукописі” падаецца ў альманаху і твор Шашкевіча “Китиця”. У альманаху засведчана таксама сяброўства яго стваральнікаў з чэшскім паэтам і перакладчыкам Я. П. Коўбекам, які некаторы час жыў у Львове, дапамагаў львоўскім творцам у іх працы над перакладамі чэшскіх тэкстаў.

Асаблівай увагі заслугоўвае ў плане даследавання інтэртэкстуальнасці “Русалкі Дністровай” сербскі фальклор. У раздзеле “Переклади” М. Шашкевіч і Я. Галавацкі падалі 8 апрацовак-пераспеваў сербскага народнапаэтычнага рэпертуара, што было аформлена ў спецыяльным асобным падраздзеле “Пісні народні сербські”.

Засведчана ў альманаху і сувязь яго стваральнікаў з польскай культурай. Першы падраздзел “Думи і думкі” вялікага раздзела “Пісні народні” пачынаецца з цытавання на мове арыгінала польскага паэта, прадстаўніка так званай “украінскай школы польскага рамантызму” Юзафа Багдана Залескага. Знакаміты паэт выказваў занепакоенасць тым, што гукі любоўных песенных тэкстаў выклікаюць толькі сум, што не чутно ў народзе песень запарожцаў пра подзвігі змагароў, слава герояў “глухне разам з людзьмі ў магілах”. Зразумела, выказаныя Ю. Б. Залескім сентэнцыі адпавядалі агульнаму настрою саміх галіцкіх паэтаў, дапамагалі стваральнікам альманаха ў ажыццяўленні іх высакароднай задумы абуджэння гістарычнай памяці ўкраінскага народа.

Філасофія еднасці галіцкіх і “маларасійскіх” украінцаў знайшла разнастайнае адлюстраванне ў альманаху. М. Шашкевіч, у прыватнасці, згадвае фалькларыстычныя выданні, якія выходзілі ў Маскве і Пецярбургу, спасылаецца на аўтарытэты І. Катлярэўскага, М. Максімовіча, Г. Квіткі-Аснаўяненкі, Я. Грабінкі і інш.

Як адзначае сучасны ўкраінскі даследчык творчасці Маркіяна Шашкевіча Міхайла Шалата, памкненні “сэрцаў аўтараў альманаха ў сваёй любові да людзей” былі і глыбокімі, і шырокімі. Яны сягалі вельмі далёка: “пабрацімы … людзі” жывуць, паводле Шашкевіча, і “па-за Волгаю, і па-за Дунаем” [1, 19]. Іншы львоўскі вучоны Васіль Горынь акцэнтуе ўвагу на актуальнасці той працы, якую смела і прагнастычна мудра здзяйсняла “Руская тройца”. “Т. Шаўчэнка на Вялікай Украіне, а М. Шашкевіч на Заходней Украіне выканалі дадзенае ім лёсам і Богам прызначэнне – далучыцца да прабуджэння і самаўсведамлення народу, выявы яго духоўнай сутнасці, украінскай душы… Уласна кажучы, М. Шашкевіч усеўкраінскім разуменнем сваёй місіі знішчаў слупы адступніцтва і руціннасці, якія да яго падзялялі Украіну на дзве часткі: на Усходнюю і Заходнюю. Таму сёння і магічнасць постаці М. Шашкевіча, і нават аналогія эпох вяртаюць нас да Шашкевіча, каб натхніцца сілай яго духоўнасці, цвёрдасці ў дзеяннях, каб уваскрэсіць тое, што нас адраджала як народ, нацыю, дзяржаву” [2, 4].

Украінцы сапраўды высока шануюць творчы подзвіг “Рускай тройцы”. У прыватнасці, да 175-годдзя з дня нараджэння Маркіяна Шашкевіча ў Кіеве адбыўся агульнарэспубліканскі вечар ушанавання памяці выдатнага сына Украіны, на якім ад Беларусі выступіў В. Рагойша. Ён жа прачытаў і ўласны пераклад на беларускую мову знакамітага верша М. Шашкевіча “Веснівка”. На юбілей М. Шашкевіча адгукнуўся і беларускі штотыднёвік “Літаратура і мастацтва” [3], Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама наладзіў юбілейную вечарыну. На вечарыне ў Мінску прысутнічаў ужо згаданы ўкраінскі вучоны, зямляк Шашкевіча прафесар М. Шалата. Ад яго В. Рагойша атрымаў у дар пятае выданне альманаха “Русалка Дністровая”. У дарчым надпісе выказваецца “глибока подяка” беларускаму даследчыку “за його прекрасне щире слово на київському вечорі Маркіяна Шашкевича”. Гэта выданне, цудоўна аформленае, падрыхтаванае М. Шалатам з кваліфікаванымі тэксталагічнымі ўдакладненнямі і каментарыямі, і паслужыла асновай прапанаванага даследавання.

Літаратура


1. Русалка Дністровая: фольклорно-літературний альманах «Руської трійці» / Вступна стаття, підготовка текстів і примітки М. Й. Шалати -- Київ, 1987.

2. Шашкевичіана: Маркіян Шашкевич і українське національне відродження: збірник матеріалів / Переднє слово В. Гориня. – Львів, 1993.



3. Рагойша, В. З роду падснежнікаў: Да 175-годдзя з дня нараджэння класіка ўкраінскай літаратуры М. Шашкевіча / Вячаслаў Рагойша // ЛіМ. – 1987. – 20 лютага.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка