Жыла-была Ёлачка




Дата канвертавання28.04.2016
Памер211.04 Kb.

Жыла-была Ёлачка


Васіль ТКАЧОЎ

П’еса-казка ў дзвюх дзеях. Вершы Уладзіміра Мазго

 

 Дзейныя асобы: Ёлачкі:



Вераніка;

Лера;

Алёнка;

Кацька;

Юлька. Цацкі:

Шарык,

Гірлянда.

Лесавік.

Пянёк.

Першы акцёр.

Другі акцёр. Дзед Мароз. Снягурка.

Д з е я п е р ш а я

1.     З'яўляюцца два акцёры.

Першы акцёр. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі!

Другі акцёр. І дарослым таксама - добры дзень!

РАЗАМ. Добры дзень усім вам, шаноўныя!



Першы акцёр. Здаецца, толькі нядаўна адзначалі мы Новы год, аднак ён, той Новы год, цяпер ужо стары, як яго мы называем, праляцеў неяк вокамгненна, непрыкметна...

Другі акцёр. Сапраўды, так імкліва праляцеў, што мы, здаецца, і азірнуцца не паспелі...

Першы акцёр. Вось-вось: азірнуцца...

Другі акцёр. А гэта зрабіць нам трэба. Абавязкова.

Першы акцёр. І менавіта сёння...

Другі акцёр. А чаму так зарупіла? Не скажаш вось мне і ўсім, хто сабраўся ў гэтай святочнай зале?

Першы акцёр. Скажу. Але аб усім – па парадку. Дамовіліся?

Другі акцёр. Дамовіліся, канешне.

Першы акцёр. Тут атрымліваецца, сябры мае, цэлая гісторыя – цікавая, захапляльная і павучальная...

Другі акцёр. Нават так?!

Першы акцёр. Нават так. Гісторыя пра Ёлачку... Вось давай з табой пацікавімся ў гледачоў: у каго з іх стаіць сёння дома святочная, прыбраная, нібы каралева, ёлачка?

Другі акцёр. Пацікавімся. З ахвотаю. Сябры, у каго ёсць дома ёлка? Падыміце рукі. Ого! (Да Першага акцёра.) Бачыў? Лес рук!

Першы акцёр. Вось пра яе, пра Ёлачку, і будзе мая гісторыя.

Другі акцёр. Што ж, тады – паслухаем.

Першы акцёр. Ці задумваліся мы наогул калі-небудзь, што бывае з той ёлачкай, якая радуе нас на навагодняе свята, потым? Як жыве яна? Што яе хвалюе, непакоіць? Шчаслівая яна ці не пасля таго, як пройдзе свята і наступяць звычайныя дні? І куды яны, ёлкі, наогул вяртаюцца пасля таго, як вакол іх перастануць вадзіць карагоды дзеці і дарослыя, а?

Другі акцёр. Гэта сапраўды цікава. А што ж станецца з ёй, з ёлачкай?

Першы акцёр. А зараз мы і даведаемся. Усяму свой час.

Другі акцёр. Хаця... Хаця я, здаецца, усё зразумеў... Я ўявіў тую ёлачку - і зразумеў. Хочаш, намалюю яе? Дзе аловак? Дзе чысты аркуш паперы? (Шукае паперу і аловак, але не паспявае гэта зрабіць.) З'яўляецца Ёлачка

Вераніка. У яе непрывабны выгляд: такі, калі іголкі пачынаюць абсыпацца.

Вераніка. Навошта мяне маляваць, калі я сама прыйшла?

Другі акцёр. Ты хто?

Вераніка. Я- Ёлачка Вераніка.

Першы акцёр (запярэчыў). Э не! Так справа не пойдзе! Табе яшчэ, Ёлачка

Вераніка, рана такой з’яўляцца... у такім выглядзе... Ты, мабыць, нас не чула, але мы тут дамовіліся расказаць гісторыю пра цябе... ну, і пра іншых ёлачак, тваіх сябровак, добрых і не надта, прызнаемся табе... Дамовіліся распавядаць па парадку. Па па-рад-ку!



Вераніка. Дык што мне цяпер рабіць?

Другі акцёр. Я здагадаўся: стаць ранейшай Ёлачкай... Зялёненькай, прыгожанькай, пушысценькай...

Першы акцёр. Такой, якою ты і была раней, - да свята і на свяце...

Вераніка. А ці змагу я так зрабіць?

Першы акцёр. У казцы ўсё можна.

Другі акцёр. Ды яшчэ тады, калі ўсе нашы гледачы просяць.

Першы акцёр. Так, дзеці? Дзеці падтрымліваюць.

Вераніка. Да пабачэння!.. Я хутка вярнуся!.. (Знікае.)

Другі акцёр. Бачым, бачым: вы ўсе таксама, як і мы, цікаўныя людзі. Тады- увага!.. Глядзім далей!.. Акцёры знікаюць. Харэаграфічная карцінка з удзелам ёлачак Алёнкі, Кацькі і Юлькі.

2. Зіма. Прыгожы лясны куток.

Вераніка (спявае): Новы год, Новы год!

Белы снег, як вата.

Каля Ёлкі карагод

Закружыла свята.

Скачуць заяц і ліса –

Добрыя суседзі.

Па палях і па лясах

Дзед Мароз прыедзе.

А гірлянды і шары

Ззяюць на галінках,

Бо прыйшла да дзетвары

Лепшая ялінка.

Паскараюць стрэлкі ход,

Нібы ў эстафеце,

Каб сустрэлі Новы год

Каля Ёлкі дзеці.

Хай і людзі, і звяры

Век жывуць у згодзе!

Хай жадаюць нам сябры

Шчасця ў новым годзе!..



Лера (з'явіўшыся). Зайздрошчу я табе, Ёлачка Вераніка...

Вераніка. Чаму ты мне зайздросціш, Ёлачка Лера?

Лера. Як жа – чаму? Ты ў горад едзеш, на свята. А мяне не ўзялі... З усіх ёлачак выбралі толькі цябе... Шчаслівая... А я таксама вельмі хацела на навагодняе свята да хлопчыкаў і дзяўчынак...

Вераніка. Не ведаю, чаму так атрымалася, але ты ўсё роўна самая прыгожая ёлачка ў нашым лесе, пра гэта ўсе кажуць!

Лера. Не, не... Выходзіць, я не самая прыгожая... (Усхліпнула.)

Вераніка. Не плач, Ёлачка Лера!..

Лера. А што, мне смяяцца загадаеш? Так?

Вераніка. Смяяцца? Не ведаю, можа, і не, але радавацца – трэба!..

Лера. Чаму ж мне радавацца?

Вераніка. Святу! Свята ж набліжаецца! Новы год!

Лера (весела, але - не шчыра). Ой, што гэта я і сапраўды?.. Свята ж!.. З'яўляецца Лесавік.

Вераніка. Вось Лесавік няхай скажа, якая ты: прыгожая ці не?

Лера. Скажы, дзядуля Лесавік.

Лесавік (не адразу, яму няпроста гаварыць: шкадуе, што ў лесе на адну ёлачку будзе менш). І ты прыгожая, і ты... Вы абедзве – прыгажуні. І мне вельмі не хочацца... Вельмі не хочацца...

Вераніка. Чаго табе не хочацца, Лесавік?

Лесавік. Каб ты пакідала нас.

Вераніка. Дык я ж вярнуся! Вярнуся! Я ж ненадоўга да дзетак. Святы ж доўга не бываюць...

Лера. Чуеш, дзядуля: яна вернецца.

Лесавік (думаючы пра сваё). Але ж і дзетак я разумею: які ж гэта Новы год без ёлкі? Ім ёлку падавай. Таму яны чакаюць цябе, Вераніка.

Вераніка. Дык чаму ж ты тады такі сумны, дзядуля Лесавік?

Лесавік. Маленькая ты яшчэ, Ёлачка, нічога не разумееш... (Знікае.)

Вераніка (услед).

Лесавік! Дзядуля! Ты што, пакрыўдзіўся на мяне? (Леры.) Ён пакрыўдзіўся на мяне... Але за што?



Лера. Не ведаю... (Сама сабе так, каб не чула Вераніка.) А можа, і добра, што ён пакрыўдзіўся на яе, а? Так для мяне лепей. Трэба дбаць пра будучае і сваё месца ў ім. (Лісліва.) Ну, што ты замоўкла?

Вераніка. Лесавік пакрыўдзіўся на мяне, відаць, толькі за тое, што я пакідаю яго... А ты, Лера, не крыўдуеш, што я пакідаю і цябе?

Лера. Я ж разумею, не думай: дзве ёлкі адразу непатрэбныя на навагоднім свяце... А можа, на наступны год і сапраўды мяне выберуць?

Вераніка. Выберуць! Абавязкова! Я ж таксама першы раз на свята сабралася...

Лера. І тады я таксама буду спяваць ад радасці! Але ж... Але ж як доўга чакаць мне!.. Хаця... Хаця... Хаця, мусіць, так і лепш? Я падрасту тым часам, стану больш дарослай ёлачкай... І больш разумнай...

Вераніка. І я тады таксама буду радавацца за цябе! Як сёння ты радуешся за мяне.

Лера. Толькі да таго часу яшчэ дажыць трэба. А твой час ужо настаў. Я ж – нецярплівая. Чаму такая, і сама не ведаю. Мне хочацца ўсё і адразу...

Вераніка (спахапілася). Ой, што гэта я? Мне ж пара на свята! Забавілася. Яшчэ, чаго добрага, спазнюся.

Лера. Цябе правесці, Ёлачка Вераніка?

Вераніка. Я буду табе вельмі ўдзячная, Ёлачка Лера!

Лера. Пабеглі! Знікаюць, узяўшыся за рукі.

3. Уваходзіць Лесавік з алоўкам і блакноцікам.

Лесавік (лічыць дрэвы і пазначае ў блакноце). Ёлачка Алёнка на месцы... Ёлачка Кацька на месцы... Ёлачка Юлька нікуды не падзелася, тут яна таксама... Такім чынам, усе мае ёлачкі на месцы... Чакайце, а Ёлачка Лера дзе? Няўжо і яна на навагодняе свята шаснула? Без майго дазволу? Ай-я-яй!.. З' яўляецца Лера.

Лера. Тут я, тут, дзядуля Лесавік.

Лесавік. А я ўжо хвалявацца, непакоіцца пачаў! Цішэй, няхай спяць ёлачкі, а то разбудзім іх... Пайшлі, пайшлі адсюль. Знікаюць. Ёлкі ажываюць.

Алёнка. А мы і не спім зусім!

Кацька. Хто ж у такі час, калі навагодняе свята надыходзіць, спіць?

Юлька. Мы таксама рыхтуемся да балю.

Алёнка. Няхай дзеці весяляцца ў тэатрах, школах, садках...

Кацька. А мы будзем - тут, у лесе!

Юлька. І няхай у нас не будзе такіх прыгожых цацак, як у іх на навагодніх ёлках, але мы таксама нешта прыдумаем цікавае...

Алёнка. Бо на нашым навагоднім прадстаўленні абяцалі быць усе насельнікі нашага лесу...

Кацька. Сам мядзведзь Таптыжка...

Юлька. Шэры воўк Антон...

Алёнка. Клыкасты вяпрук Сцяпан...

Кацька. Канешне ж, і Зайчык-хлеба акрайчык...

Юлька. І Вавёрка ды яе жаніх Ягорка...

Алёнка. Ды хіба ж усіх пералічыш, хто будзе на нашым лясным навагоднім прадстаўленні!

Кацька. Прыходзьце ўсе, хто жадае!..

Алёнка. Хто песні знае!..

Юлька. І Новы год вітае!.. Ёлачкі танчаць і спяваюць:

Мы - ёлачкі, мы - ёлачкі,

Зялёныя іголачкі,

Бо Новы год без Ёлкі –

Як нітка без іголкі.

Мы – ёлачкі пушыстыя,

Вясёлыя, іскрыстыя.

Калі без Ёлкі хата –

Няма наогул свята.

 4.



Першы акцёр. Як там наша Ёлачка Вераніка пачувае?

Другі акцёр. Па маіх разліках, яна павінна ўжо дабрацца да месца прызначэння. Дарога няблізкая, але яна ж не пехам дабіралася. Спярша ехала на санках, потым - на грузавічку...

Першы акцёр. Пажадаем і мы Ёлачцы добра правесці час з дзеткамі!

Другі акцёр. Уяўляю, якой прыгажуняй стане Ёлачка Вераніка: гараць гірлянды, зіхацяць-пераліваюцца рознакаляровыя шары!.. Прыгажосць!.. Супер!..

Першы акцёр. Так-так, гэта ўсё добра. А давайце РАЗАМ з гледачамі паназіраем, што будзе адбывацца далей у нашым лесе... Паглядзім, як будуць разгортвацца падзеі. А?

Другі акцёр. Не забыцца б толькі і на навагоднім свяце пабываць. Каля нашай знаёмай Ёлачкі Веранікі.

Першы акцёр. Ну, гэта – абавязкова!

Другі акцёр. Завітаем і на свята.

Першы акцёр. А пакуль недзе трэба схавацца і паназіраць за ўсім, што будзе дзеяцца навокал... Каб не замінаць героям нашай казкі...

Другі акцёр. Ага!.. Так-так!.. Не будзем перашкаджаць... Дамовіліся?

Першы акцёр. Дамовіліся! Знікаюць.

5. На палянцы спіць Пянёк. Але не адразу зразумееш, што гэта ён.

Пянёк (спявае, прачынаючыся):

Я – Пянёк, лясны

Пянёк. Зразумелі вы намёк:

Што ад цэлай ёлкі

Я застаўся толькі?

Адзінока мне ў бары,

Я ў журбе вялікай,

Бо пайшла да дзетвары

Ёлка Вераніка.

Я- Пянёк, лясны Пянёк,

Не князёк і не панок,

А жабрак без ёлкі

Голы - ні іголкі.

Вераніка без мяне,

Ведаю, загіне.

Ратаваць пайду яе,

Як сваю княгіню.

Пянёк (гаротна ўздыхнуў). Як яна там, Ёлачка, як яна там, без мяне? Прападзе, відаць, зусім. І як гэта я адпусціў яе? Дзе мая галава была раней? Не, трэба нешта рабіць! Трэба дзейнічаць! Тэрмінова! Неадкладна! З'яўляецца Лесавік.

Лесавік. Не спяшайся, Пянёк. Перш чым нешта зрабіць, трэба добра падумаць.

Пянёк. Я падумаў.

Лесавік. І што ж ты вырашыў?

Пянёк. Ратаваць Ёлачку! Без мяне яна доўга не пражыве.

Лесавік. Можа, ты і праўду кажаш...

Пянёк. Праўду я кажу, праўду!

Лесавік. Але ж ты пра дзяцей не падумаў, пра навагодняе свята: хіба ж бывае Новы год без ёлкі?

Пянёк. Выходзіць, і сапраўды не падумаў... Не бывае...

Лесавік. Ну, вось, бачыш.

Пянёк. Што ж цяпер рабіць? Як быць? Не падкажаш, Лесавік?

Лесавік. Падкажу.

Пянёк. Кажы хутчэй!

Лесавік. Чакаць. Застаецца адно: чакаць, пакуль свята не скончыцца...

Пянёк. О, не! Я не магу такой раскошы дазволіць сабе! Яна ж, Ёлачка, памрэ без мяне! Я ж ейны Пянёк, корань жыцця. Як ты зразумець гэтага не можаш,

Лесавік? І я, дурань, адпусціў яе! Адным словам - Пень!.. Я – Пень!.. Неразумны... Відаць, таму, што я маленькі... На вяршок ад зямлі...



Лесавік. Тут, браце, не ў росце рэч.

Пянёк. А ў чым жа тады, дзядуля Лесавік?

Лесавік. Паслухай мяне, старога Лесавіка, які пражыў доўгае жыццё. Паслухай і павер мне. Вось што я табе скажу, сябра. Не толькі твая ёлачка сёння пайшла ў госці да дзяцей – іх шмат, такіх ёлачак. І не толькі ў нашым лесе. Змірыся, Пянёк. Такі твой лёс...

Пянёк. Не згодны! Цалкам! Лёс кожнага залежыць і ад яго самога. І мой ад мяне таксама залежыць. Я пабег ратаваць Ёлачку! І не адгаворвай мяне, Лесавік! (Знікае.)

Лесавік. Ну што ты яму скажаш? Малады... Гарачы... Можна падумаць, што дзеці, да якіх пайшла Ёлачка на свята, аддадуць яе Пяньку? Не аддадуць. Я ж і кажу: малады, гарачы... Не можа зразумець ён аднаго: калі б не было навагодняй Ёлачкі, не было б і яго, Пянёчка... (Знікае.)

6. З'яўляюцца цацкі - Шарык і Гірлянда. Спяваюць:

Мы - Шарык і Гірлянда-

Найлепшыя сябры,

Спяшаемся на свята

Да ранішняй зары.

Галінкамі пагушкаць

Нас трэба ля ствала,

Каб ёлка-Папялушка

Прынцэсаю была.

Гірляндачка і Шарык

Світаюць угары.

Яліначка, абшары



Святочна азары!

Шарык. Ух, нам яшчэ, відаць, ісці ды ісці...

Гірлянда. У каго б спытаць, дзе ладзяць тут паблізу дзеці навагодняе свята?

Шарык. А ў каго спытаеш? Ні адной жывой душы! Адны дрэвы...

Гірлянда. Ты як хочаш, Шарык, а я вырашыла адпачыць.

Шарык. Не пайду ж я адзін...

Гірлянда. Калі засну, пабудзіш мяне. Ух, стамілася!..

Сядаюць. З-за дрэва выглядвае Пянёк.

Шарык. Добра. Разбуджу, калі заснеш.

Гірлянда. Мне трэба абавязкова быць на свяце, не спазніцца б толькі. Дзе гэта хто бачыў сёння ёлку без мяне, без Гірлянды?

Шарык. Памаўчы лепш, Гірлянда. Можна падумаць, што бываюць навагоднія ёлкі і без нас, Шарыкаў?

Гірлянда. Тады атрымліваецца, што на Ёлцы мы – галоўныя цацкі?

Шарык. Самыя галоўныя!

Пянёк (сам сабе). Дык вось што яны задумалі! "Самыя галоўныя цацкі". Бачылі вы іх? Нешта трэба прыдумаць, каб яны не паспелі на свята, не сустрэліся з Веранікай! Іначай, калі яны ўпрыгожаць Ёлачку, у дзяцей тады яе і сапраўды не зябярэш. Учэпяцца: яна наша!.. Не аддадзім!.. Гэта самая прыгожая Ёлачка!.. А калі будзе непрыгожая, дзеці самі адвернуцца ад такой ёлкі... Бач ты іх, Шарыка і Гірлянду! Ага, так і дазволю радавацца вам! А што ж тады будзе з самой Ёлачкай? Яна ж памрэ без мяне, без пянёчка... Я, толькі я змагу напаіць яе... Даць зямныя сокі... (Выходзіць з хованкі.) Маё шанаванне!

Шарык. Ты хто?

Гірлянда (здзекліва). Франт, гляджу!

Пянёк. А па мне хіба не відаць, хто я?

Шарык. Не.

Гірлянда (абнюхвае Пянька). Пахнеш ёлачкай...

Пянёк. Жыла-была Ёлачка...

Шарык. Як гэта?

Пянёк. Застаўся толькі я...

Шарык (узрадавана). А, дык ты ж Пянёк Ёлачкі!

Гірлянда. Сапраўды, ён. І як я адразу не здагадалася!

Пянёк. Пянёк. Гэта ўсё, што засталося ад Ёлачкі.

Шарык. Мы якраз ідзём на навагодняе свята.

Гірлянда. Не падкажаш нам, Пянёк, дарогу да тваёй Ёлачкі?

Шарык. Ага! Я ўжо бачу сябе на Ёлцы!..

Пянёк. З задавальненнем!

Гірлянда. Паказвай хутчэй!

Пянёк. А што тут складанага?

Гірлянда. Слухаем, слухаем.

Пянёк. Ідзіце прама, потым звярніце налева. Потым - зноў прама... Там вам сустрэнецца цар-дуб... За ім – галоўная дарога і прыгарад.... Убачыце шматпавярховыя дамы-гмахі... У іх двары – школа... ці нават тэатр... Дакладна не ведаю... Вось і ўсе цяжкасці, здаецца.

Шарык. Дзякуй, Пянёк.

Пянёк. Ды няма за што. Рады старацца.

Гірлянда. А мо пайшоў бы з намі?

Пянёк. Не, не магу: тут буду чакаць Ёлачку.

Шарык. Твая справа. Бывай здаровы, Пянёк!

Гірлянда. Магчыма, і сустрэнемся? Зямля круглая.

Пянёк. Шчасліва!

Шарык і Гірлянда знікаюць.

Пянёк (задаволены). Папаліся! Ага! Чаго захацелі?! На Ёлку! А я іх адправіў зусім у іншы бок! А сам пабягу да Ёлкі і вярну яе ў лес!.. Паспець бы толькі!.. (Знікае.)

7. Шарык і Гірлянда блукаюць па лесе.

Шарык (буркліва). Дзе ён, той горад, тая школа, тая Ёлка?

Гірлянда. Я так і ведала, што спознімся!

Шарык. Трэба было раней выходзіць.

Гірлянда. Памаўчы, нябога. Кожны ж год паспявалі...

Шарык. То кожны год. Цяпер лес зарос і падрос, бачыш, як усё змянілася? Не пазнаць... Маленькія дрэвы сталі вялікімі. Лес расце, як і чалавек. Тут кожны можа заблукаць... Паспрабуй зарыентавацца...

Гірлянда. А ў горадзе дамы растуць, нібы грыбы ўлетку: не пазнаць цяпер і горад. Вось дык трапілі мы ў пастку! Пакрыўдзяцца ўсе дзеці, якія на ёлку прыйдуць, бо нас няма. Ёлка голая будзе стаяць. Як абшчыпаная.

Шарык. Паслухай, Гірлянда, а табе не здаецца, што Пянёк нам зманіў, не ў той бок паказаў?

Гірлянда. А навошта яму гэта?

Шарык. А давай падумаем.

Гірлянда. Няма калі думаць. Трэба спяшацца.

Шарык. Спяшайся, калі не ведаеш, у які бок спяшацца...

Гірлянда. Я зараз плакаць буду! (Тупае нагамі.) Крычаць!..

Шарык (ажывіўся). Крычаць?

Гірлянда. Крычаць. А што, забароніш?

Шарык. Гэта ж, наадварот, цудоўна – крычаць! Давай, крычы!

Гірлянда. А... А як... крычаць?

Шарык. Ты ж збіралася.

Гірлянда. Збіралася, не пярэчу... А цяпер вось, калі трэба, і словы тыя некуды падзеліся. Не знаходжу слоў, каб крычаць. Падказвай.

Шарык. Давай РАЗАМ?

Гірлянда. Давай, давай. Ахвотна.

Шарык. Ёсць хто ў лесе-е? Дапамажыце-е! Э-ге-ге-й!

Гірлянда не паспявае за

Шарыкам, толькі падхоплівае канчаткі слоў.

Шарык. А цяпер – РАЗАМ. Не спазняйся!

РАЗАМ. Ёсць хто ў лесе-е? Дапамажыце-е! Э-ге-ге-й!

Шарык. Чуеш: крокі?

Гірлянда. Чую.

Шарык. Свет не без добрых людзей.

Гірлянда. Гэта Лесавік.

Шарык. Лічы, што мы выратаваны. З 'яўляецца Лесавік.

Лесавік. Чым магу служыць, сябры мае?

Гірлянда. Спяшаемся на навагодняе свята, а выйсці на правільную дарогу не можам!

Шарык. Выручай, Лесавік!

Гірлянда. Мы ж галоўныя цацкі на Ёлцы!

Лесавік. Ды гэта я ведаю. Якая ж ёлка без гірлянды і шароў? Добра, я дам вам компас. Глядзіце сюды. (Дастаў компас.) Пойдзеце туды, куды паказвае вось гэтая вялікая стрэлка. Толькі нікуды не зварочвайце. Ні на крок! Зразумелі?

Гірлянда. Зразумелі, Лесавік.

Шарык. Дзякуй табе, дзядуля. (Узяў компас.) А штука гэтая як называецца? Забыўся... А, компас!

Лесавік. Компас. Запомні.

Шарык. Запомні ты,

Гірлянда. У цябе памяць лепшая.

Гірлянда. Запомніла. На зваротнай дарозе, пасля святочных дзён, мы абавязкова вам вернем яго.

Лесавік. Ідзіце, ідзіце!

Шарык і Гірлянда знікаюць.

Лесавік. Я калі маленькі быў, дужа хацеў таксама пабываць на ёлцы, павадзіць карагод

РАЗАМ з дзецьмі. Аднак у мяне не атрымалася. Не ўзялі мяне... Сказалі, я тут, у лесе, больш патрэбны... Цяпер я кожнаму, хто хоча трапіць на навагодняе свята, дапамагаю гэта зрабіць... Ну, як тут мае маленькія ёлачкі? Не сумуюць? На месцы? Зараз праверым... (Дастаў блакноцік і аловак, правярае, ці на месцы дрэвы.) Ёлачка

Алёнка? Тут... Ёлачка

Кацька? Тут таксама... Ёлачка

Юлька? Нікуды не падзелася і яна... Усе мае ёлачкі на месцы... Яны дысцыплінаваныя ў мяне. (Спахапіўся.) Чакайце, а Ёлачка Лера дзе? Няўжо і яна ўсё ж пабегла на навагодняе свята? Без майго дазволу? (Шукае.)

Лера! Лера! Не відаць і не чуваць. Увесь свой участак абышоў, а яе няма. Няўжо аслухалася? Ай-я-яй! А што гаварыла? “Падрасту, куды мне спяшацца? А на наступны год і я буду каралевай на навагоднім балі...” Не вытрымала... Паспяшалася.... А можа, я, стары буркун, памыляюся? Хацелася б. Вельмі хацелася б, каб так яно і было. (Знікае.)



8. З’яўляецца Ёлачка Лера.

Лера. Не, я не буду прымаць удзелу ў нашым лясным свяце. Падумаеш! Для каго тут старацца? Для мядзведзя ды ваўка? Не, гэта не па мне. Вось каб да дзетак і мне на свята трапіць неяк! А як? Год чакаць? Не змагу, не змагу! Гэта ж цэлая вечнасць! Я ж згару ад зайдрасці да Ёлкі Веранікі! Так мне хочацца быць на яе месцы! Але ж я не дурненькая, разумею, што нічога ў мяне не атрымаецца... Тады... Тады... Нешта трэба прыдумаць, як і ёй, Ёлцы Вераніцы, нашкодзіць? Прыдумала! Я прыдумала! Тут недзе паблізу блукаюць цацкі Шарык і Гірлянда, якія спяшаюцца на ёлку... Чула, чула, як клікалі яны на дапамогу. (Смяецца.) Дык я ім і дапамагу!.. Я іх і выручу!.. Чакайце!.. (Знікае.) Уваходзіць Лесавік.

Лесавік. І куды ж яна магла падзецца, Ёлачка Лера? Ніхто не падкажа мне, куды яна пабегла, што задумала? Няўжо? Так і сказала: пастараюся ўсё зрабіць, каб Ёлачка Вераніка засталася без цацак? Бач, якая хітрая і шкодная!.. Кажа адно, а робіць іншае. Самі ж бачылі, як падхапіла яна Ёлачку Вераніку пад руку і вызвалася правесці яе на свята? Ну, пачакай у мяне, нягодніца! Знайду – адлупцую!.. (Знікае.)

9. Чуваць галасы:"Мы вітаем цябе, Ёлачка!"; "Заходзь, заходзь да нас у госці!"; "Мы табе заўсёды рады!"; "Ты – наша самая лепшая казка!" Воплескі.

Вераніка (сумна). Так прыветна мяне дзеткі сустрэлі, я ажно разгубілася... Гэта ўсё добра... Але ж... Але ж я зусім без святочнай апраткі. Бачыце? Ніводнай цацкі пакуль на мне няма. Павінны б Шарык і Гірлянда ўжо быць, абяцалі ж, збіраліся, але нешта позняцца. Што ж мне рабіць? Не ведаю пакуль. Застаецца адно – чакаць...

 10. Раптам у лесе ўзняўся шалёны вецер, ён гудзе і шпурляе перад сабой снежную крупку, а вершаліны дрэў ажно прыгінае да зямлі.



Шарык і Гірлянда, трымаючыся за рукі, ідуць, наколькі могуць, наперад.

Шарык. Трымайся мацней за мяне, Гірлянда! Мацней трымайся! Табе трэба асабліва берагчыся: без тваіх лямпачак ёлка будзе не ёлка! Чуеш мяне?

Гірлянда. Я трымаюся моцна! Не хвалюйся! Ці ж мне прывыкаць? А ты глядзі компас не згубі!

Шарык. Компас? Ага, компас! Добра, што нагадала! Пачакай, а яго ў мяне... няма... А дзе ж ён, сапраўды? (Шукае ўсюды.) У лесе ўсталявалася, нарэшце, добрае надвор'е.

Гірлянда. Які ты ўсё ж, Шарык, ненадзейны!

Шарык. Прабач, Гірлянда... Не іначай як згубіў... Нідзе яго няма...

Гірлянда. Што ж цяпер рабіць будзем?

Шарык. Я нават не ведаю...

Гірлянда. На ёлку зусім можам не трапіць... А Лесавіку як у вочы глядзець будзем? Я ж абяцала яму вярнуць компас!

Шарык (нервова). Ды чуў, чуў я!

Гірлянда. Бяда адна не ходзіць...

Шарык. Паспрабуем самі выбрацца на галоўную дарогу.

Гірлянда. Іншага выйсця ў нас няма. Пайшлі!

Шарык. Пайшлі. Знікаюць. З'яўляецца Ёлачка Лера.

Лера. Вось ён, компас! Яны згубілі, а я знайшла! Так пашанцавала мне! Так пашанцавала! І сама не чакала нават!.. Цяпер хай знойдуць яны Ёлачку Вераніку! Уяўляю, уяўляю, як плача яна! Якая ж гэта ёлка без навагодніх цацак? Адна назва. Я, канешне, магла б дагнаць

Шарыка і Гірлянду і вярнуць ім компас, толькі я не буду гэтага рабіць. Навошта? Лепш сапсую ўсім свята. Усім! Будуць ведаць, як крыўдзіць мяне, самую прыгожую ёлку ў нашым лесе!



7 З'яўляецца Пянёк.

Пянёк. Нядобра так рабіць, Лера.

Лера. Ой, гэта ты, Пянёк? Адкуль і куды?

Пянёк (храбра). Дагані і вярні компас!

Лера. Што ўпала, тое прапала. Ці не так?

Пянёк. А я сказаў: вярні!

Лера. Грозны, бачу?

Пянёк. Яны, цацкі, спяшаюцца на маю Ёлку!

Лера. Была – твая. Цяпер, калі яна ў горад трапіла, то, чакай, так і вернецца!

Пянёк. А мая – вернецца. Компас! Ну?! Каму сказаў!

Лера (дражніцца). Не аддам, не аддам, не аддам!

Пянёк (сілком адняў компас). Буду я тут з табой важдацца!

Лера. А я нешта таксама ведаю, не думай, што ты анёл.

Пянёк. Хочаш сказаць, што я паказаў Шарыку і Гірляндзе не тую дарогу на ёлку? Гэта хочаш сказаць?

Лера. А што, мала? За такое цябе – упэўнена і глыбока пераканана! – яны па галоўцы не пагладзяць!

Пянёк. А мне, можа, яны і даруюць...

Лера. Такое – не даруецца. Не-а.

Пянёк. Вераніка – гэта мая Ёлка, і я хачу яе як мага хутчэй вярнуць у лес. Што, забароніш?

Лера. Не ведаю, не ведаю, але Ёлка – гэта Ёлка, а ты – Пянёк. І толькі! (Дражніцца.)

Пянёк, Пянёк, Пянёк!.. Розніцу адчуваеш?



Пянёк. Пайшла прэч!

Лера. А вось і не пайду!

Пянёк. Пойдзеш. (Кліча.) Шарык! Гірлянда!

Голас Шарыка. Мы тут!

Голас Гірлянды. Мы тут!

Голас Шарыка. А ты дзе, Пянёк?

Пянёк. Я блізка! Я побач! Я знайшоў ваш компас!

Лера. Ну, пачакай, Пянёк! Ты мяне яшчэ ўспомніш! Ух, злыдзень!.. (Памахала кулаком перад носам Пянька і ўцякла.)

Падыходзяць Шарык і Гірлянда. Пянёк вяртае Шарыку компас, але ў таго яго адразу ж забірае Гірлянда.

Гірлянда. Дай сюды! Так надзейней будзе.

Шарык. Бяры, трымай, я не супраць. А ты выручыў нас, Пянёк.

Гірлянда. Вось дзякуй табе! Цяпер мы не спознімся на ёлку.

Шарык. Чаму ты такі сумны, Пянёк?

Гірлянда. Ты ж добрую справу зрабіў! Павінен радавацца!

Шарык. Пабеглі з намі на свята?

Пянёк. З вамі? На свята?

Шарык. Ага. З намі.

Гірлянда. Ну, чаму ты яшчэ раздумваеш? Навагодняе ж свята бывае толькі адзін раз на год!..

Пянёк. Я ведаю. Толькі не пытайцеся больш, чаму я такі сумны. Я сам скажу. Я паказаў вам не тую дарогу... Прабачце. Даруйце. Калі можаце...

Шарык (не адразу). Вушы б табе надраць за такія штучкі, аднак не хочацца псаваць святочны настрой.

Гірлянда. І мне таксама.

Шарык. Добра тое, што добра канчаецца.

Пянёк. А за тое, што на свята запрасілі, - дзякуй. Толькі ж дзе вы бачылі, каб калі-небудзь на свяце быў Пянёк? Ёлкі – так, правільна, а мы, пянькі, застаёмся заўсёды ў лесе. І я – не выключэнне. Шчаслівай вам дарогі, цацкі!.. Зацямненне.

Д з е я д р у г а я

11.

Першы акцёр. Здаецца, усё стала на свае месцы, мы ва ўсім разабраліся.

Другі акцёр. Як гэта - ва ўсім разабраліся? А Ёлачка Вераніка? А Пянёк?

Першы акцёр. Сапраўды! Пачакаем, паглядзім...

Другі акцёр. А Пянёк жа намерыўся бегчы ўслед на Ёлачкай Веранікай, каб вярнуць яе ў лес, баяўся, што яна не пражыве доўга без яго сокаў, якія той сам чэрпае сваімі карэньчыкамі з зямлі і поіць яе? Ці я, можа, не так зразумеў яго?

Першы акцёр. З гэтым нашым героем і мне не ўсё зразумела. Паглядзім, як павядзе ён сябе далей. Пянёк, Пянёк, а відаць, ён надта хітры? Не думаеш так?

Другі акцёр. І мне так здаецца: нешта хітруе ён.

Першы акцёр. Пабачым!

Другі акцёр. У самы бліжэйшы час!

12. Краявіды горада.

Шарык і Гірлянда радуюцца: нарэшце дабраліся яны да месца, дзе будзе праводзіцца святочны баль.

Шарык. Як прыгожа наўкола!

Гірлянда. Паспелі! Ура!

Шарык. Ура-а!..

Гірлянда. А вунь і Ёлачка Вераніка нас сустракае! Вунь яна, вунь!..

Вераніка (з'явіўшыся). Вы малайцы! А я так хвалявалася!

Шарык. З прыгодамі, але дабраліся.

Гірлянда. З прыгодамі-карагодамі.

Шарык. Не маглі не дабрацца.

Вераніка. Праходзьце! Дзеці пачынаюць збірацца на баль. Добрыя тут хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць. Іх таты, мамы, бабулі і дзядулі – таксама людзі цудоўныя. Пакуль вы недзе блукалі, я з імі ўсімі пазнаёмілася. Бачыце: вось гэтыя цацкі, якія на мне, дзеці самі зрабілі! Што стала прыемным сюрпрызам для мяне! Прыгожыя, праўда?

Гірлянда. Вельмі!

Вераніка. З табой, Шарык, і з табой, Гірлянда, я стану яшчэ прыгажэйшай! Дзеці будуць вельмі рады нам! (Знікаюць.)

13. Ёлачка Лера "пастаралася" так, што беднаму маленькаму Пяньку будзе ніяк не пералезці цераз увесь той лясны друз, які яна сабрала.

Лера (радуецца). Цяпер я пагляджу, Пянёк, як ты трапіш да сваёй Ёлкі! Паспрабуй пералезці цераз увесь гэты паркан! Не атрымаецца! Будзеш ведаць, як перашкаджаць мне, лясной прыгажуні, дасягаць сваёй мэты ў жыцці! А мэта ў мяне адна: быць на свяце першай прыгажуняй, радаваць дзяцей, іх мамак, татак... І не на будучы год, а чым хутчэй. Ну, гэта я нешта разгаварылася... Але не перашкаджай тады мне зрабіць абяцанае той Ёлцы, якая мне перабегла дарогу! Не перашкаджай! Зразумеў, Пянёк? Зразумееш, ды позна будзе. Позна будзе... (Да гледачоў.) Я зараз схаваюся, пасмяюся, ад душы пацешуся, як ён, Пянёк, будзе тут піруэты рабіць. (Схавалася.) Уваходзіць Пянёк.

Пянёк. Што гэта такое? Адкуль? Не было ж раней тут такой непраходнай і непралазнай сцяны! Хто б мог усё гэта зрабіць? І навошта? Дзеці падказваюць.

Пянёк. Ёлачка Лера? Зразумела! (Агледзеўся.) Паспрабую пералезці... (Спрабуе пералезці праз друз, але ў яго нічога не атрымліваецца.)

Лера (паказалася, гучна смяецца). Ну што, атрымаў мой навагодні “падарунак”? Атрымаў? А ты як хацеў? Каб я – ды даравала табе? Не выйдзе!.. Не бываць такому!..

Пянёк. Ты самая кепская Ёлачка, якая, мусіць, толькі ёсць на зямлі! Але я ўсё роўна выратую Вераніку, вось пабачыш! Мне дзядуля Лесавік дапаможа, а не ты... (Румзае.)

Лера. Паплач, паплач: лягчэй стане. А мне весела, а мне люба, я – Ёлачка, суседка Дуба!.. (Знікае.)

14. Баль. Ёлка

Вераніка, на якой цяпер ужо зіхаціць

Гірлянда і ззяе

Шарык, спявае. Яна спускаецца са сцэны, ідзе паміж радамі і радуецца, калі дзеці дакранаюцца да яе іголак, да цацак... Яна ахвотна дазваляе ім гэта зрабіць.

Новы год, Новы год!

Белы снег, як вата.

Каля Ёлкі карагод

Закружыла свята.

Скачуць заяц і ліса –

Добрыя суседзі.

Па палях і па лясах

Дзед Мароз прыедзе.

А гірлянды і шары

Ззяюць на галінках,

Бо прыйшла да дзетвары

Лепшая ялінка.

Паскараюць стрэлкі ход,

Нібы ў эстафеце,

Каб сустрэлі Новы год

Каля Ёлкі дзеці.

Хай і людзі, і звяры

Век жывуць у згодзе!

Хай жадаюць нам сябры

Шчасця ў новым годзе!..

15. У лесе. Пянёк сумуе.

Пянёк. Як там мая Ёлачка? Каб яна мяне пачула, я б ёй сказаў: я вельмі сумую па табе, вяртайся хутчэй у лес, Ёлачка Вераніка, да мяне! Убягаюць Ёлачкі Алёнка, Кацька і Юлька.

Алёнка. А чаму толькі да цябе?

Кацька. А чаму?

Юлька. А чаму?

Алёнка. Мы яе таксама чакаем!

Кацька. Засумавалі ўжо па ёй і мы!

Юлька. Вяртайся хутчэй, Ёлачка Вераніка, у наш лес!

Алёнка. Ты чуеш нас?

Кацька. Ты чуеш?

Юлька. Ты чуеш?.. Танчаць і спяваюць. Запрашаюць на танец і Пянька. Той спярша ўпарціцца, а потым пагаджаецца.

Мы – ёлачкі, мы – ёлачкі,

Зялёныя іголачкі,

Бо Новы год без Ёлкі –

Як нітка без іголкі.

Мы – ёлачкі пушыстыя,

Вясёлыя, іскрыстыя.

Калі без Ёлкі хата –

Няма наогул свята.

Уваходзіць Ёлачка Лера.

Лера. Што гэта ў вас тут за свята такое? Што за сход?

Алёнка. Пянёк, скажы ёй.

Пянёк. Не скажу. Яна не любіць святы.

Лера. Чаму ж гэта я не люблю святы, Пянёк?

Пянёк. А ты ў сябе самой запытай... Уваходзяць Лесавік і Вераніка. Дзядуля вядзе Ёлачку пад руку, яе не пазнаць: адзенне на ёй старое, адны рызманы...

Алёнка. Хто гэта?

Кацька. Хто такая?

Юлька. Ты хто?...

Лера. А вы не бачыце - хто? Гэта ж Ёлачка Вераніка такой стала!..

Лесавік. Сапраўды, гэта наша Вераніка. Я выпадкова сустрэў яе за дамамі...

Юлька. Хто пасмеў так з ёй абысціся?!

Пянёк (прытуліўся да Веранікі). Мая, мая Ёлачка!..

Лера. Дык што гэта, і мяне чакае такі лёс на наступны год?! Што, і я такой стану?!

Вераніка (стомлена). Я піць хачу... Піць... Піць...

Пянёк. Ты будзеш жыць! Я выратую цябе...

Лера. Аказваецца, усё не так, як я думала... Усё не так проста... Спярша бываюць святы, а потым пачынаюцца звычайныя дні... Даруй мне, Вераніка, за ўсё тое кепскае, дрэннае, што я хацела зрабіць для цябе... Даруй за маю чорную зайздрасць і нянавісць да цябе... Дзякуй усім, хто перашкодзіў, не дазволіў мне да канца ажыццявіць свае намеры!.. Дзякуй!..

Вераніка. Што ж ужо цяпер?.. Не звяртайце на мяне ўвагі... Я проста стамілася... Хачу адпачыць...

Пянёк. Пайшлі, пайшлі, Ёлачка, на сваё месца. (Сыходзіць з Веранікай.) Усе, хто застаўся на сцэне, спяваюць: Жыла-была ў нас ёлачка,

Але зімой на баль

Да бліжняга пасёлачка

Паехала, на жаль.

Згубіла там іголачкі

Красуня пакрысе –

І ўбачылі мы ёлачку

Ужо за домам усе.

Галінкі - як асколачкі

Дрыготкага святла,

Калі красуня-ёлачка

У нас жыла-была...



Лесавік. Аднак хвалявацца не будзем! Скончыцца зіма, прыгрэе сонейка, пацякуць раўчукі... Цёплай стане наша зямелька, і я зноў пасаджу ў сваім лесе Ёлачку... Няхай расце яна, жыццю радуецца і дзетак радуе на навагоднія святы...

Алёнка. А мы будзем ёй песні спяваць!

Кацька. Каб хутчэй расла! Усе знікаюць. Уваходзяць Першы і Другі акцёры.

Першы акцёр. Вось такую гісторыю пра Ёлачку я і хацеў расказаць.

Другі акцёр. Мне спадабалася. Не ведаю, як дзецям?

Першы акцёр. Бачыш, і ім таксама.

Другі акцёр. А мне цікава, што далей з Ёлачкай Веранікай было? Ну, пасля таго, як яна вярнулася зноў у лес, амаль без іголак, стомленая, а? Што, што было з ёй? Кажы хутчэй!..

Першы акцёр. На тое ж і казка, што ў казках усё добра канчаецца. Сапраўдны ж Новы ж год толькі яшчэ пачынаецца. І наша Ёлачка Вераніка недзе тут паблізу, мы яе зараз убачым... Яна збіраецца на свята. На навагодні баль. Паклічам яе?

Другі акцёр. Паклічам. Можа, і дзеці нам дапамогуць?

Першы акцёр. Вядома ж, дапамогуць! Калі яны адмаўляліся?

Другі акцёр. Давайце, дзеці, паклічам Ёлачку! Клічуць. Акцёры знікаюць. Уваходзіць Ёлачка Вераніка: яна зноў зялёная, пушыстая...

Вераніка. Добры дзень вам, хлопчыкі і дзяўчынкі! Я завітала да вас на навагодні баль. Убягаюць Шарык і Гірлянда.

Шарык. І мы з табой, Ёлачка!

Гірлянда. Больш не будзем блукаць адны ў лесе!

Шарык. Цяпер мы добра ведаем, дзе наша месца!

Гірлянда. Толькі на Ёлцы. Ні накрок ад цябе!

Шарык і Гірлянда прытуліліся да Веранікі. Падыходзяць да яе і ўсе героі казкі.

Вераніка. Засталося нам толькі дачакацца Дзеда Мароза ды Снягурку і павіншаваць усіх, хто сабраўся ў гэтай зале, з Новым годам! Уваходзяць Дзед Мароз і Снягурка.

РАЗАМ. З Новым годам, сябры! З новым шчасцем!

 Канец.



Культура № 44 31 кастрычніка - 6 лістапада 2009 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка