Жыдко Кацярына Геннадзьеўна Брду імя А. С. Пушкіна, г. Брэст




Дата канвертавання30.03.2016
Памер51.45 Kb.
Жыдко Кацярына Геннадзьеўна

БрДУ імя А. С. Пушкіна, г. Брэст


Міфасемантыка курыцы ў беларускай традыцыйнай духоўнай культуры
Ёмісты і шматфукцыянальны вобраз курыцы як адзначанага адметным статусам элемента арнітаморфнага кода характэрны беларускай (шырэй – славянскай) міфапаэтычнай традыцыі з даўніх часоў. Фальклорна-міфалагічныя тэксты з гэтым вобразам складаюць значны пласт духоўнай культуры нашых продкаў. З курыцай звязаны цэлы шэраг разнастайных міфалагічных уяўленняў, прадказанняў, лекавальных і прадукавальных актаў. Пашырана таксама вялікая колькасць бытавых рэгламентацый, якія адносяцца да ўжывання, ці, наадварот, не-ужывання мяса курыцы ў ежу. Амаль усім славянам вядома забарона на ўжыванне ў ежу квактухі (магчыма таму, што яна цесна звязана з ідэяй урадлівасці).

Даволі вялікая колькасць забарон і прадпісанняў звязана з забойствам курыцы. Прычым у большасці з іх актуалізуецца жаночая сімволіка разгляданага вобраза птушкі. Па словах Ніны Сяргееўны Макарэвіч з в. Дамашыцы Пінскага р-на, забіваць курыцу для ўжывання ў ежу мог толькі мужчына, жанчынам усіх узростаў гэта забаранялася. Цікава, што аскубваць і разразаць забітую курыцу павінна жанчына (1*). Падобныя забароны і прадпісанні вядомыя і іншым славянам, у прыватнасці гуцулам, якія лічылі, што калі дзяўчына заб’е курыцу, то ў яе будуць моцныя месячныя. Калі птушка, якой адсеклі галаву доўга «не заціхала», то, казалі, што ў таго, хто яе забіваў, цяжкая рука. Дзеля таго, каб курыца «заціхла», паўднёвыя славяне, напрыклад, утыкалі нож ці сякеру ў зямлю [1, c. 60].

Дзеянні з курыцай як з рытуальнай птушкай характэрныя некоторым святам народнага календара. На Піншчыне лічылі, што ў дзень святых Кузьма і Дзям’яна (14 лістапада) курыца – імянінніца. Рускія на Кузьму і Дзям’яна курэй трымалі ў куратніку, накрывалі дзяжой, каб яны не аслеплі (згадаем міфалагічныя ўяўленні пра “курыную слепату”) [1, c. 60]. На абед абавязкова смажылі курыцу і з’яданне яе ўяўляла сабой адмысловы сакральны акт. Калі ў сям’і ёсць нехта хворы, то ў гэты дзень першы кавалачак і сэрца курыцы аддавалі яму. Падчас святочнага застолля курыцу на стол падавалі цалкам. Самы старэйшы ў сяі’і – гаспадар – павінен пры ўсіх разламаць курыцу рукамі на гэтулькі частак, колькі ядакоў за сталом. Курыная грудзіна належала гаспадару (на асобае вылучэнне грудзіны ўказвае і тое, што гэтая частка цела мела сваю назву – “кабылка”, “коняка”); крылы аддавалі дочкам каб “паляцелі” з хаты (выйшлі замуж), сцёгна – сынам, каб былі моцныя і добра працавалі. Тут выяўляецца карэляцыя цела курыцы як рытуальнай жывёлы з сацыяльнай структурай, курыца выступае адмысловай мадэллю сям’і, “сямейнай жывёлай”. Разам з тым, забаранялася, у прыватнасці на Іванаўшчыне, падчас ежы ламаць курыныя косці – кураняты народзяцца выродлівымі [1, c. 60].

Пра курыцу ў славян наогул мелася дваістае ўяўленне. З аднаго боку, яе разглядалі як свойскую, прыручаную, карысную, а значыць – пазітыўна ацэненую, птушку, якая надзелена шлюбна-эратычнай сімволікай. Па словах Вольгі Маркаўны Драцвіч з в. Залядынне Іванаўскага р-на, “Як колы шчо останэцца пасля “стола” (куття, чы шэ там шо), то гэтэ трэба курам отдаты, й глядіты шоб з’ілы”. Дадзеная практыка сведчыць аб тым, што курыца, паводле ўяўленняў беларусаў, у апазіцыі “свойскі/дзікі” з’яўляецца прыкладам свойскага, бо куцця (як абрадавая страва памінання продкаў) не магла быць выкінута, ці аддадзена дзікім жывёлам. Курынае яйка выкарыстоўваецца ў рытуале першага выгану скаціны. Тут, відавочна, актуалізавалася звязаная з ім сімволіка плоднасці.

З другога боку, курыца ў беларусаў надзялялася дэманічнымі рысамі і мела негатыўную аксіялагізацыю. Асабліва актыўна семантызавалася чорная курыца: яна фігуруе ў лекавай, любоўнай магіі, варожбах (дзе выконвае прагнастычную функцыю), а таксама ў дэманалагічных аповедах. Кроў чорнай курыцы часта выкарыстоўвалася ў магічных абрадах, звязаных з пахаваннем. Калі ў сям’і адзін за адным паміралі некалькі чалавек, то разам з нябожчыкам у труну клалі жывую чорную курыцу. Сачылі за тым, каб курыца ў пэўных месцах не пераходзіла дарогу перад чалавекам, бо верылі, што “курыная слепата ўзнікае тады, калі падчас астатняй квадры курыца з седала ўвечары пераляціць або пяройдзе чалавеку дарогу ці таксама калі хто сарве зелле кураслепу (сардэчніку). Ад гэтай хваробы раяць: звараную галаву чорнай курыцы (жанчыне) ці чорнага пеўня (мужчыне) з’есці і адварам прамыць вочы” [3, с.489]. Сачылі за тым, каб курыца (любой афарбоўкі) не пераляцела праз люльку, труну, што, на нашу думку звязана з небяспекай для лімінальных істот, якія ў іх ляжалі. Нельга каб падушка ў нябожчыка была з курынага пуху, яе звычайна набівалі сенам (3*). Курыцу забаранялася есці параненым людзям, бо рана будзе “разграбацца”. Цяжарнай жанчыне нельга есці страўнік курыцы, бо дзіця будзе з сінімі вуснамі [1, 61 ]. Гэтыя ўяўленні пабудаваны на магічным прынцыпе “падобнае выклікае падобнае”.

Курыца здаўна надзялялася шлюбна-эратычнай сімволікай. Гэтая птушка выступае важным атрыбутам усходнеславянскага вяселля. Яна прысутнічае ў абрадзе як рытуальная страва, а таксаса ў выглядзе жывой птушкі, рэалізуючы ўласцівыя ёй сімвалічныя значэнні. У лакальным варыянце вяселля в. Залядынне курыца з'яўляецца, калі настае час маладым ехаць у хату мужа, — уначы ці раніцай другога дня вяселля. Звычайна родныя жаніха крадуць жывых курыцу і пеўня з двара нявесты і вязуць іх з сабой. Прычым “крадуць” не толькі птушак, але і прадметы побыту: “Колы звозять вжэ молодую з матчыныйі хаты, то тыя сваты быруть з хаты всэ шчо бачать. Могуть подушку вкрасты, люстро, чы й півныка з курыцыю” (2). Гэтая рытуальная практыка можа паўтарацца на працягу вяселля некалькі разоў. Крадзеж курыцы адбываецца і на трэці дзень вяселля, калі з’яўляюцца “цыганы” (пераапранутыя госці і сваякі): “На трэті дэнь свадьбы, як шлы в цыганы, то об’язательно кралы в батьків молодых курыцу і півня, чы гусэй коб молодые добро жылы. Кралы як бы для прыданого для молодэі, коб отдаты в молоду сэм’ю” (2). Часам падкрэсліваюць цяжкасці гэтага “прадпрыемства”, заснаванага на анты-паводзінах: “Курэй закрывалы в сарай чы шіпку, коб ны вкралы. Алэ колы вжэ вкрадуть, то ны трэба зловатыся, бо гэто ж молодым будэ” (2). Падкрэсліваецца аднак і тое, што дадзеная справа насіла гумарыстычны характар і злавацца за гэта было не прынята.

Са сказанага вынікае, што курыца з’яўляецца міфалагізаванай істотай, надзеленай амбівалентным значэннем. У рытуальна-магічных захадах, дэманалагічных і іншых аповедах яна функцыянуе як маркёр пераходных станаў і працэсаў, надзяляецца здольнасцю прадказваць будучае. Дэманічныя рысы курыцы (асабліва чорнай) праяўляюцца ў шматлікіх вераваннях, забаронах, магічных актах, звязаных з гэтай птушкай. Курыца, якая здавён корміць чалавека яйкамі (таксама семіятызаванымі міфалагічнай свядомасцю), сімвалізуе плоднасць, дабрабыт, надзяляецца шлюбна-эратычнай сімволікай, якая актуалізуецца, у першую чаргу, у вясельным комплексе абрадаў. У апазіцыі “мужчынкае/жаночае” курыца звязана з яе першым членам. У заключэнне хацелася б адзначыць, што вобраз курыцы (як, дарэчы і яйка) шматпланава прадстаўлены ў беларускіх казках. Але гэта ўжо тэма іншага даследавання.

Літаратура

1 Бушкевич С. П. Курица // Славянские древности. Т. 3: этнолингвистический словарь: М.: Международные отношения, 1995. – С. 60 – 68.

2 Площук Г.И. Курица в свадебном обряде Псковской области // Живая старина. – 2001. № 1. – С. 8 – 10.

3. Народная медыцына: рытуальна-магічная практыка / уклад., прадм. і паказ. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. С. Ліс. – Мінск : Беларус. навука, 2007. – 766 с.



Інфарманты

1* Макарэвіч Ніна Сяргееўна в. Дамашыцы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. (1945, бел., правасл., мясц.), 2009 г.з.



2* Драцэвіч Вольга Маркаўна в. Залядынне Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1945, бел, правасл., мясц.), 2010 г.з.

3* Валюшка Таццяна Фёдараўна в. Стрэльна Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1956, бел, правасл., мясц.), 2010 г.з.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка