Жыццё Айчыне, гонар сабе




Дата канвертавання01.05.2016
Памер83.3 Kb.
Гадзіна роздуму “Жыццё - Айчыне, гонар - сабе”
Бібліятэкар: Усё можа родная зямля: накарміць сваім хлебам, напаіць са сваіх крыніц, пацешыць сваім хараством. Вось толькі абараніць сябе яна не можа. Таму

абарона роднай зямлі - абавязак тых, хто есь яе хлеб, п’е яе ваду, любуецца

яе прыгажосцю. На працягу шмат стагоддзяў гэта простая жыццёвая ісціна

пацвярджалася не раз, асабліва ў жыцці славянскіх народаў, якія пастаянна

вялі барацьбу за свабоду, гонар і незалежнасць сваёй Айчыны.
Чытальнік:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў.

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны і неба - разлівы ільноў.

Дзе мой край?Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы,- ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край.Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

Забыць, ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй , на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі, ніколі,

Так,цябе.

У.Караткевіч “Беларуская песня”
Бібліятэкар: Ужо ў 9 - 10 ст. баявым дружынам Полацка, Турава і Бярэсця прыходзілася абараняць сваю родную зямлю ад нашэсця ворагаў. Цяжка пераацаніць перамогу славянскіх народаў у Грунвальдскай бітве у 1410 годзе, у вайне са шведамі, палякамі, французамі, немцамі.”Жыццё аддай Айчыне, сэрца - жанчыне, а гонар пакінь сабе” - так вучылі продкі сваіх сыноў. Абаронцы Радзімы - гэта ганаровае званне, гэта той фундамент, на якое абапіраецца магутнасць дзяржавы і трываласць якога правяраецца слаўнымі баявымі традыцыямі.

На палях бітвы Вялікай Айчыннай вайны ўзнавілася гістарычная пераемнасць воінскіх традыцый: гвардыя і салюты перамогі, пагоны і афіцэрскія званні, ганаровыя званні воінскіх злучэнняў, ордэны і медалі ў памяць аб слаўных продках - А.Неўскім, Б.Хмяльніцкім, А.Сувораве і М.Кутузаве, П.Нахімаве і Ф.Ушакове.

Вялікае не можа быць забыта таму, што на вайне 1941-1945 гадоў вырашаўся лёс не толькі нашага народа: на карту быў пастаўлены лёс усяго чалавецтва.”Любімая Радзіма” - гэтыя два словы гучалі як прыказ, як рашучасць не паддацца ворагу, а зламіць яго і знішчыць.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны зямля Беларусі стала арэнай жорсткіх прыгранічных баёў Чырвонай Арміі з войскам вермахта.Выключны гераізм праявілі абаронцы Брэсцкай крэпасці.Жменька савецкіх патрыётаў больш месяца аказвала ўпартае супраціўленне ворагу, наносячы яму вялікі ўрон.Сцены казематаў з’яўляюцца сведкамі выключнага гераізму і патрыятызму нашых воінаў.Захаваліся надпісы «Я умираю, но не сдаюсь», «Прощай, Родина!»і іншыя.Стоіць толькі задумацца над некалькімі совамі, нацарапанымі невядомым абаронцам на адной з уцалелых сцен цытадэлі: “Жывым не здамся! Бывай, Радзіма! 20.07. 41”. Тут няма подпісу. Ён не думаў, гэты салдат, каб пакінуць сваё імя, данесці праз гады подзвіг да нашчадкаў, быць можа, да блізкіх, родных яму людзей.Ён, напэўна, зусім не думаў аб сабе.Бадай месяц тут, у пякельным агні Брэсцкай крэпасці, ён быў простым радавым воінам першага рубяжа Айчыны, і ў хвіліну смерці яму захацелася сказаць сваёй Радзіме, што ён зрабіў для яе самае значнае і даступнае для патрыёта - аддаў жыццё ў барацьбе з яе ворагамі, не скарыўшыся і не здрадзіўшы роднай зямлі.З абаронай цытадэлі над Бугам звязаны імёны Герояў Савецкага Саюза Андрэя Мітрафанавіча Кіжаватава і Пятра Міхайлавіча Гаўрылава.Сярод абаронцаў крэпасці вядомы наш беларускі пісьменнік Алесь Махнач. Звыш мільёна сваіх лепшых сыноў і дачок на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі рэспубліка выправіла на фронт.Больш за 1,3 мільёны беларусаў знаходзіліся ў рэгулярных частках Чырвонай Арміі і ваенна - марскога флота, 370 тысяч - у партызанскіх атрадах, больш за 70 тысяч вялі барацьбу у падполлі.


Чытальнік: Пад Валгаградам і пад Мінскам,

Над ціхім Донам, над Дняпром

Стаяць, як пікі, абеліскі,

Дзе спяць салдаты вечным сном.


Магілы, братнія магілы,

Твой боль, Радзіма, твая кроў.

О колькі ты недалічыла

Сваіх дачок, сваіх сыноў!


Сваіх касцоў, сваіх шахцёраў,

Паэтаў - салаўёў сваіх,

Што не далі патухнуць зорам,

Што мір вярнулі для жывых.

М.Смагаровіч
Бібліятэкар: Яшчэ доўгія гады гісторыкі будуць адкрываць невядомыя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.А пакуль мы ўзгадаем тое, што ўсім вядома.Сярод военачальнікаў - слаўных сыноў Беларусі ў гады вайны было 2 камандуючых франтамі - Ф. Кузняцоў і В. Сакалоўскі і 7 начальнікаў штабаў фронту, 20 камандуючых арміямі і 37 начальнікаў штабоў армій, 49 камандзіраў карпусоў і 152 камандзіры дывізій і брыгад, звыш 50 генералаў-беларусаў працавалі ў Цэнтральным апараце МА СССР. Усяго каля 400 генералаў - землякоў ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 12 адміралаў - беларусаў удастоеныя вышэйшых флатаводчых узнагарод- ордэнаў Ушакова і Нахімава.

Не ўмеючы ваяваць, ворага не пераможаш. Беларусы - ваеначальнікі вучылі сваіх падначаленых майстэрству перамагаць, бо самі былі выдатнымі настаўнікамі. Дастаткова назваць імёны майстроў танкавых атак двойчы Герояў Савецкага Саюза І. Якубоўскага, І. Гусакоўскага, С. Шутава; лётчыкаў - асаў двойчы Героя Савецкага Саюза П. Галавачова, Герояў Савецкага Саюза С. Карнача і М. Шута, маршала авіацыі С. Красоўскага, марскога лётчыка А. Антоненка; генералаў - артылерыстаў В. Хахлова, М. Жданава, І. Камера; беларусаў - адміралаў В. Дразда, Т. Халасцякова, С. Вярхоўскага, П. Трайніна, М. Торыка,

П. Бандарэнка.

Каля сотні генералаў і адміралаў - нашых землякоў - узнагароджаныя ардэнамі Суворава, Кутузава, Б.Хмяльніцкага, Ушакова, Нахімава. Але ўсё ж галоўнай фігурай на полі вайны быў салдат, менавіта ён вынес на сваіх плячах усе цяжкасці суровых выпрабаванняў.

Успомнім, што подзвіг Аляксандра Матросава ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны паўтарылі 464 чалавекі. З іх 15 воінаў - беларусаў. Паветраныя тараны здзейснілі 552 пілоты, з іх звыш 30 нашых землякоў.Подзвіг Мікалая Гастэла паўтарылі 473 чалавекі, у тым ліку каля 30 ураджэнцаў Беларусі.40 лётчыкаў - Герояў Савецкага Саюза - беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі за гады вайны знішчылі у паветраных баях 506 варожых самалётаў. З іх больш за ўсіх збілі: маёр Ф.Ф. Архіпенка - 30, ст. лейтэнант П.Я. Галавачоў - 26, ст. лейтэнант М.М. Зялёнкін - 19. Па 18 варожых машын у паветраных баях знішчылі ст. лейтэнанты П.І. Гучык, М.В. Лусто, П.П. Нікіфараў і М.Г.Пінчук.

Сярод 146 танкавых брыгад Савецкай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны толькі адна-адзіная 44-я гвардзейская танкавая брыгада была ўзнагароджана аж 7 ардэнамі.Камандаваў ёю наш зямляк палкоўнік Іосіф Іракліевіч Гусакоўскі.

Непадуладна часу палатно Памяці. Колькі тонкіх і трывалых нітачак павінна пераплясціся ў ім, колькі яркіх нязмыўных красак перамяшацца, каб праз дзесяцігоддзі адкрывалася высакароднаму позірку нашчадкаў вялізная панарама гераічнага і трагічнага подзвіга народа.Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне стала галоўным элементам акружаючага духоўнага асяроддзя, яго трэба берагчы і захоўваць нічуць не менш, як навакольнае асяроддзе. Тая вайна для Беларусі насіла татальны характар. Гераічныя подзвігі не адной тысячы землякоў сталі прыкладам для іншых.
Чытальнік: Людзі франтавога пакалення,

Людзі легендарных перамог,

Вы - і слава наша, і сумленне,

І апора вы - у дні трывог.

Мы з дзіцячых год, як следапыты,

Цягнем пошуку жывую ніць,

Каб імёны ўсе вярнуць з нябыту,

Каб у песнях вас уваскрасіць.

Выбітыя страшнаю вайною,

Сшытыя, сабраныя з касцей,

Вы грудзьмі, вы ранняй сівізною

Прыкрывалі нас, сваіх дзяцей.

Парадзелі слаўныя кагорты,

Ды імёнаў не сцірае час:

Баявыя медалі і ордэны

І цяпер яшчэ знаходзяць вас.

Раны ныюць.Ад інфаркту,

Бачым, падаеце вы, як ад свінцу.

Толькі вечным мірам мы аддзячым

Вам, жывым і мёртвым,

Кожнаму байцу -

За жыццё,

За светлых мар здзяйсненне,

За падтрымку вашу

У дні трывог -

Людзі франтавога пакалення,

Людзі легендарных перамог.

М.Маляўка


Бібліятэкар: Кавалерамі трох ордэнаў Славы сталі 67 чалавек, а Героямі Савецкага Саюза - 444 нашы землякі. Герой Савецкага Саюза Пётр Міронавіч Машэраў і Кірыла Пракоф’евіч Арлоўскі ў пасляваенныя гады сталі Героямі Сацыялістычнай Працы.У дзвюх беларускіх сем’ях было па два Героі Савецкага Саюза - гэта родныя браты Яўсей і Матвей Вайнрубы з горада Барысава і Аляксандр і Пётр Люзікавы з Гомеля. У дзвюх сем’ях з ліку франтавікоў бацька і сын даслужыліся да генеральскіх званняў. Гэта Мікалай Іванавіч Кончыц і яго сын Уладзімір (генерал - палкоўнік), а таксама генерал Арлоў Фёдар Міхайлавіч і яго сын Васіль, камандзір 6-га мехкорпуса, Герой Савецкага Саюза. Родныя браты Анатоль і Ілля Кацнельсоны са Старых Дарог Вялікую Айчынную закончылі генераламі.

Тры беларускіх снайперы лейтэнант Л.В.Бутковіч, радавы Г.І.Вялічка і радавы Ф.А.Смалячкоў разам знішчылі каля 800 гітлераўцаў. Нашы воіны падрыхтавалі каля 100 снайпераў.

За гады вайны сем жыхароў Беларусі паўтарылі подзвіг Івана Сусаніна, а тры беларусы - подвіг Аляксея Марэсьева.

З 520 Герояў Сацыялістычнай Працы 70 % былі на фронце, у партызанах і ў падполлі.Сярод іх знаёмыя нам імёны Пятрусь Броўка і Васіль Быкаў. 64 беларусы з’яўляюцца поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Славіцца героямі і зямля Пастаўшчыны. Чатыры доўгія гады лілася кроў нашых землякоў за свабоду і незалежнасць.Усім Вам вядомы імёны падпольшчыкаў-партызанаў Герояў Савецкага Саюза Ганны Іванаўны Маслоўскай і Фёдара Рыгоравіча Маркава.У вёсцы Ліпнікі стаіць помнік юнай партызанцы Надзі Асяненка.Адважная дзяўчына не дажыла да даўгачаканай перамогі ўсяго некалькі месяцаў.Разведчыца загінула выконваючы чарговае заданне.Абараняючыся, знішчыла шмат гітлераўцаў, але сама не паспела абарвніцца. Варожая куля скасіла дзяўчыну з гранатай у руцэ. Карнікі здзекаваліся ўжо над трупам адважнай партызанкі.
Чытальнік: У засені парку, дзе шумнай вясной

Не ціхне гармідар грачыны,

Стаіць нерухома над светлай ракой

Адлітая з бронзы дзяўчына.

Застыў у дзявочых руках аўтамат-

Гатова хоць зараз да бою.

Кідае ўдалеч рашучы пагляд,

Туды, дзе за ціхай ракою

Бярозы пад ветрам журботна шумяць

І падае песня на травы,

Пад ветрам і градам гарачым.

Я вечна жывая! Я з вамі заўжды

У долі і песні юначай!”

У. Ляпёшкін “Дзяўчына на пастаменце”


Бібліятэкар: Ніхто не забыты, нішто не забыта...Не цьмеюць залатыя радкі на чорным мармуры.Салдаты, якія не вярнуліся з поля бою, ператварыліся, па словах паэта, у белых журавоў, у бронзавыя строгія абеліскі, у блакіт мірнага неба, а іх такая цяжкая, такая зямная перамога - у свята са слязьмі на вачах, у казачныя гронкі салюта, у дарагія старонкі нашай памяці.Баявы і гераічны шлях нашага народа будзе жыць вякамі!Мы заўсёды будзем ганарыцца подзвігамі дзядоў і прадзедаў, а перагортваючы старонкі літаратуры аб вайне, кожны раз падзяляць тыя смутак і боль, што выпалі на долю нашага народа.

Ці згодны Вы, сённяшнія юнакі і дзяўчаты, што кожны народ мае тую гісторыю, якую ён мае?Якую частку ў Вашым жыцці займае пачуццё гонару і адказнасці за Радзіму?



Аляксандар Пушкін некалі сказаў:”Клянусь честью, что ни за что на свете я бы не хотел переменить отечества или иметь другую историю, кроме истории наших предков. Такой, какой нам Бог её дал”. Ці падпісаліся б Вы пад гэтымі словамі?Давайце падумаем і паразважаем , каб падвесці вынік сённяшняй сустрэчы.


Складальнік: Заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС І.Р.Бандарэнка





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка