Жанрава-стылёвыя асаблівасці ўсходнеславянскай ваеннай прозы: на прыкладзе творчасці Ю. Бондарава, К. Сіманава, А. Ганчара, В. Быкава




Дата канвертавання27.03.2016
Памер148.49 Kb.
Вольга Лынша (Мінск)
Жанрава-стылёвыя асаблівасці ўсходнеславянскай ваеннай

прозы: на прыкладзе творчасці Ю. Бондарава, К. Сіманава,

А. Ганчара, В. Быкава
Першыя творы ўсходнеславянскіх аўтараў, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, былі насычана пафасам перамогі народаў Савецкага Саюза над гітлераўскімі захопнікамі. Патрыятызм як светапоглядная сістэма – асноўныя дасягненні твораў гэтага перыяду. Аднак трэба прызнаць, што ў тагачасных творах можна было сустрэцца з паслабленай ўнутранай канфліктнасцю. Сюжэтная напружанасць, праз неададстатковае веданне матэрыялу аўтарамі, магла падмяняцца займальным прыгодніцтвам. Нястрымны аптымізм у асвятленні ваеннай тэмы прыходзіў да вычарпальнасці. На змену першаму “ура-патрыятычнаму” перыяду распрацоўкі ваеннай тэмы выходзіла аналітыка жорсткай рэчаіснасці.

2-я палова ХХ стагоддзя – перыяд, адзначаны вострымі спрэчкамі вакол новых кніг аб Вялікай Айчыннай вайне. У газетах і часопісах з’яўлялася вялікая колькасць артыкулаў, рэцэнзій, праводзіліся канферэнцыі, узнікалі абмеркаванні і дыскусіі. Цікавасць да ваеннай тэматыкі, якая ўзнікае ў дадзены перыяд, тлумачыцца не тым, што з’явіліся новыя кнігі, дзеянне якіх адбываецца ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – такія кнігі выходзілі ў свет і пасля Дня Перамогі, – а якраз тым, што ў выяўленні гэтага, ужо знаёмага ваеннага матэрыялу загучала новая нота.

Новае асэнсаванне трагічных старонак вайны з фашызмам выявілася ў аналітычна-крытычным падыходзе да прычын вайны, да асобных яе з’яў. Пісьменнікі скіроўваюць моцную ўвагу на ўнутраны свет чалавека, на маральна-этычную праблематыку. Таксама новае яшчэ было і ў тым, што на літаратурную арэну выйшлі пісьменнікі, якія нарадзіліся ў 20-я гады і непасрэдна з’яўляліся ўдзельнікамі вайны. Яны, юнакі, прынеслі ў літаратуру асаблівае, абвостранае ўспрыняцце ваеннага вопыту, што назаўжды пасялілася ў іх памяці. Ім пашчасціла застацца жывымі, прайсці праз усе выпрабаванні і трагедыі, якія пасылаў лёс. Менавіта ім суджана было праз гады расказаць пра той ваенны час прадзіва і дакладна, з моцнай маральнай энергіяй і сілай пераканання. І ўсё больш рабілася відавочным, што сапраўднае слова пра вайну скажуць тыя, хто прайшоў яе бясконцымі дарогамі як воін і ахвяраваў у імя перамогі сваёй маладосцю.

У асвятленні Вялікай Айчыннай вайны руская проза 2-й паловы ХХ стагоддзя займае асаблівае месца. Як і ў беларускую і ва ўкраінскую, у рускую літаратуру прыйшло пакаленне, народжанае ў 20-я гады ХХ ст., – пісьменнікі, якія адыходзілі на фронт з школьнай лавы альбо з першага курса ўніверсітэта. У іх кнігах вайна была ўбачаная маладымі людьмі, часам хлопчыкамі, якія марылі пра творчасць, працу на карысць грамадства. Адсюль асаблівы драматызм і трагізм апавядання, паглыблены псіхалагізм, урэшце, адсюль і пэўная «вузкасць» аповеду – ён аўтабіяграфічны і звычайна закранае адзін або некалькі франтавых эпізодаў. Аповесць, апавяданне – найбольш зручныя і распаўсюджаныя для гэтага матэрыялу жанры.

У канцы 50-х гг. адзін за другім у рускай літаратуры з’яўляюцца творы гэтага пакалення пісьменнікаў. Сярод іх «Батальёны просяць агню» (1958) і «Апошнія залпы» (1959) Ю. Бондарава, «Пядзь зямлі» (1959) Р. Бакланава, «Забітыя пад Масквой» К. Вараб’ёва, «Танкі ідуць ромбам» (1960) А. Ананьева, апавяданні В. Багамолава «Іван», «Зося», аповесць В. Астаф’ева «Недзе грыміць вайна» (1957» і інш.

Аповесці Ю. Бондарава «Батальёны просяць агню» і «Апошнія залпы» набліжаны да трагедыі. Аўтар адрозніваецца вельмі дакладным бачаннем жыцця, арганічным непрыняццем усялякай напышленасці, голай рыторыкі. Карціны франтавога жыцця адрозніваюцца праўдзівасцю, даставернасцю дэталяў, ёмістасцю апавядання, пераканаўчым псіхалагічным аналізам. Яго маладыя героі, пастаўленыя ў трагічныя абставіны, раскрываюцца перад чытачом з самымі сімпатычнымі чалавечымі якасцямі. У аповесцях Ю. Бондарава, як і ў творах Р. Бакланава, К. Вараб’ёва, А. Ананьева і іншых, дзеянне звычайна разгортвалася вакол аднаго або некалькіх драматычных франтавых эпізодаў, у час якіх найбольш поўна раскрываўся псіхалагічны стан героя.

Паказальнымі для распрацоўкі ваеннай тэмы ў рускай літаратуры лічацца таксама раманы “Жывыя і мёртвыя” К. Сіманава, “Блакада” А. Чакоўскага, “Батальёны просяць агню”, “Гарачы снег”, “Бераг” Ю. Бондарава, аповесці Б. Васільева “А зоры тут ціхія”, “У спісах не значыўся” і інш. Раманы К. Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і «Салдатамі не нараджаюцца» яўляюць сабой яшчэ адну тэндэнцыю ваеннай прозы. Дзеянне ў іх рагортваецца з бачаннем шырокай гістарычнай перспектывы. Аўтары звяртаюцца да паглыбленага сацыяльнага аналізу самаго хода вайны, выяўляюць рост грамадскай самасвядомасці, даследуюць працэсы духоўнай узмужнеласці герояў на працягу доўгага часу.

Гераічнае асвятленне ваеннай тэматыкі набывала новае гучанне і ў творчасці ўкраінскіх пісьменнікаў. Новым словам ва ўкраінскай літаратуры стала з’яўляенне раманаў “Дзікі мёд” Л. Першамайскага, “Праўда і крыўда” М. Стэльмаха, “Чалавек і зброя”, “Цыклон” А. Ганчара, “Вір” Г. Цюцюнныка, “Голад” В. Кучара, “Песня сініх мораў”, “Горкія туманы Атлантыкі” К. Кудзіеўскага, шэраг аповесцяў В. Казачэнкі, А. Дзімарава і інш. Канец 50-х – 60-х гг. для ўкраінскай літаратуры вызначаецца тым, што яна пачала дыялектычна асэнсоўваць сутнасць і ход гістарычнага развіцця грамадства. Сацыяльна-псіхалагічны аналіз характараў і абставін стаў аб’ектам даследавання ўкраінскіх пісьменнікаў з улікам таго, што працэс развіцця грамадства не адбываўся сам па сабе нават у тым выпадку, калі для яго развіцця створаны неабходныя сацыяльныя перадумовы, калі ён дасягаецца намаганнямі аб’яднаных у грамадства асоб, якія падначальваюць свае паводзіны пэўным маральна-этычным ідэалам.

У дакладзе на V з’ездзе пісьменнікаў Украіны Алесь Ганчар гаварыў: «Сёння ўся наша літаратура наскрозь пранізана адказнасцю за ўзровень чалавечага ў чалавеку, за развіццё гэтага чалавечага, і гэта – таксама выяўленне агульнай гуманізацыі нашай літаратуры. Аб’ектам пісьменніцкага даследавання ўсё часцей становіцца не прымітыўна-простая, а шматбаковая, усебакова развітая чалавечая індывідуальнасць, актыўная і бескампрамісная ў выяўленні сваіх перакананняў і імкненняў» (пераклад мой. – В. Л. ) [3, 236]. З гэтых словаў бачна, што значэнне літаратуры ў духоўным жыцці грамадства значна ўзрасло. Узмацнілася аналітычнае даследаванне чалавечай псіхікі, пісьменнікі імкнуцца адлюстроўваць рэчіснасць у яе найбольш значных выявах і формах, паказаць жыццё ў рэалістычным ключы. Глыбокае мастацкае ўвасабленне здабывае канцэпцыя пазітыўнага героя. Таксама ў літаратуру ўваходзяць героі актыўнай бескампраміснай пазіцыі, якія настойліва і ўпэўнена выяўляюць свае перакананні і імкненні, накіраваныя на сцвярджэнне праўды, дабра і справядлівасці.

Свой творчы шлях Алесь Ганчар пачаў яшчэ ў студэнцкія гады з апавяданняў. Адно з якіх «Орля» было адзначана прэміяй на абласным конкурсе. Мабілізаваны студэнт Алесь Ганчар адразу трапляе ў жорсткія баі ў раёне Белай Царквы, затым змагаецца за Кіеў на берагах Росі і страчвае многіх сваіх верных сяброў. Гэтаму жыццёваму перыяду пісьменнік прысвячае раман «Чалавек і зброя». Галоўная думка твора: ў крывавых баях, захлынаючыся ад нянавісці да ворага, ідучы на смерць, людзі застаюцца гуманістамі, сапраўднымі людьмі. Адразу ў пасляваенныя гады з’яўляецца рамна-трылогія Алеся Ганчара «Сцяганосцы», які аказаў моцны ўплыў на развіццё літаратуры ваеннай тэмы на ўсёй прасторы СССР.

Іван Драч у гэтай сувязі адзначаў наступнае: «Аўтары, якія сталі пісаць пра вайну пасля, – Юрый Бандараў, Рыгор Бакланаў, Васіль Быкаў, Віктар Астаф’еў, Анатоль Ананьеў і іншыя – не маглі пакінуць па-за ўвагай першага з шэдэўраў, які ўзнік літаральна з агню вайны. Яны ў нечым засвоілі гэты ўрок, у чымсьці адштурхнуліся, нешта аспрэчвалі і вырасталі на гэтых дыскусіях, але без асваення Ганчаровай праўды пра Вялікую Айчынную вайну не змог прасці ні адзін аўтар, хто вырас як майстра гэтай тэмы» (пераклад мой. – В. Л. ) [5, 137]. Гэтыя слова Івана Драча вельмі слушныя, бо сапраўды ў распрацоўцы тэмы вайны ўсходнеславянскія пісьменнікі былі моцна блізкімі і ў ідэйным плане, і ў пошуках сродкаў мастацкага адлюстравання праблематыкі. Алесь Ганчар сапраўды першым сярод уходнеславянскіх пісьменнікаў звярнуўся да маштабнага асвятлення тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта пацвярджаецца часам напісання твораў украінскага празаіка. Часткі рамана-трылогіі «Сцяганосцы» выйшлі ў першыя пасляваенныя гады: «Альпы» – 1946 г., «Блакітны Дунай» – 1947 г., «Залатая Прага» – 1948 г.

Пасля заканчэння працы над трылогіяй «Сцяганосцы» Алесь Ганчар піша навелы («Модры Камень», «Вясна за Мараваю», «Ілонка», «Горы спяваюць», «Усман і Марта» і інш.), шмат у чым сугучныя з «Сцяганосцамі». Выдадзеныя на працягу 50-х гг. кнігі навел «Поўдзень» (1951), «Дарога за хмары» (1953), «Чары-камышы» (1958), аповесці «Мікіта Братусь» (1951) і «Каб свяціў вогнік» (1955) прысвечаныя мірнаму жыццю людзей, важным маральным аспектам іх адносін, а раманная дылогія «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957) – гісторыка-рэвалюцыйнай праблематыцы. Якасная навізна раманаў “Чалавек і зброя” (1960) і “Цыклон” (1970) была ў тым, што акцэнт ў іх зроблены на самых патаемных пытанняў жыцця і смерці чалавека, на праблемах іх неабароненасці.

Алесь Ганчар працаваў у жанры ваеннай аповесці і ваеннага рамана, для якіх пры усёй праўдзівасці, рэалістычнасці паказа жыцця і падзей характэрнымі з’яўляюцца таксама паэтычнасць, лірызм і мяккая танальнасць. Разам з тым яго творам ўласцівыя грамадзянская смеласць, эпічная маштабнасць у паказе гісторыі, ускладнены драматызм і больш дэталёвая псіхалагічная распрацоўка характараў. У творах Ганчара дамінуе лірычна-рамантычная палітра выяўленчых сродкаў, што найбільш поўна адпавядае нацыянальнаму характару ўкраінцаў як нацыі. У той жа час паглыбленае асэнсаванне проблем грамадства скіроўвала пісьменніка на рэалістычнае даследаванне жыцця. Грунтоўная аналітычнасць у творах Ганчара спалучаецца з клопатам пра псіхалагічную характарыстыку героя.

Ваенная проза Алеся Ганчара – гэта дакладныя дакументы пра падзеі, якім наканавана доўгае жыццё і на старонках гісторыі, і ў чалавечых сэрцах. Адначасова гэта споведзь як самога аўтара, так і тысяч людей, якія прайшлі праз вайну. Ва ўсіх свах творах пісьменнік звяртаўся да адвечных тэм чалавечага быцця, у цэнтры яго аповесцей і раманаў – просты і чэсны чалавек-працаўнік, які выступае супраць духоўнага браканьерства, кар’ерызму, прыслужніцтва.

Такім чынам, творчасць Алеся Ганчара выявіла асноўныя тэндэнцыі развіцця ўкраінскай ваеннай прозы, у якой назіраецца ўзмацненне жанравых і стылёвых пошукаў. Сам час патрабаваў пераасэнсавання каштоўнасцей, мастацкага даследавання такіх грамадска-гуманістычных праблем як рэчаіснасць і сучасны чалавек, яго маральнае аблічча, характар і перспектывы развіцця грамадства. У празаічных творах паказваецца глыбіня і маштабнасць не толькі гістарычных падзей, але і духоўнага свету чалавека, яго макра- і мікракосм. Лірычна-рамантычны стыль, уласцівы ўкраінскім пісьменнікам, пачынае ўзбагачацца за кошт рэалістычных сродкаў пісьма. Даследаванне жыцця скіравана на грунтоўную аналітычнасць, выяўляюцца імкненні да паглыбленага псіхалагізму ў паказе асобнага чалавека. Абагуленыя назіранні за творамі ўкраінскіх майстроў ваеннай прозы паказваюць, што ва ўкраінскім эпасе фарміруюцца лірыка-псіхалагічны і лірыка-філасофскі разнавіднасці рамана і аповесці.

Беларуская проза традыцыйна пазначана шырокай эпічнасцю з вельмі моцым каларытам у выяўленні народнага быту. Яшчэ ў даваенны перыяд беларуская літаратура набыла вялікі вопыт празаічных форм, узбагацілася прынцыпамі гістарызму. Пры ўсіх дасягненняўх у галіне паэтычнай, менавіта эпічныя жанры выявіліся дамінуючымі і ў распрацоўцы тэмы вайны.

У беларускай літаратуры слова пра вайну было сказана многімі, і не адным пакаленнем пісьменнікаў. Сярод тых, хто звярнуўся да тэмы вайны, былі і старэйшыя, і маладзейшыя пісьменнікі-празаікі. Старэйшыя -- гэта Кузьма Чорны, Іван Шамякін, Іван Навуменка і іншыя. Сярод актыўных маладзейшых аўтараў – Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў. А за імі і тыя, хто ўвогуле нарадзіліся ў пасляваенны час. Бо вайна для беларусаў – асабліва балючая тэма. Беларусы першыя годна сустэрэлі ворага на сваёй зямлі, адпакутвалі не толькі на франтах, але і ў партызанскіх змаганнях, у час акупацыйнага рэжыма…

Асаблівае месца ў беларускай ваеннай прозе належыць пісьменніку-франтавіку Васілю Быкаву. Неардынарнасцю ў асэнсаванні ўнутранага свету чалавека, паводзінаў і выбару ў экстрэмальных сітуацыях ваеннага ліхалецця, незвычайнага гераізму і маральнай цвёрдасці ў штодзённых эпізодах вайны вызначаюцца яго аповесці. Творы Васіля Быкава па праву лічацца сусветнымі шэдэўрамі ваеннай прозы ХХ стагоддзя.

Васіль Быкаў ‒ пісьменнік, які прайшоў усе жахі вайны. Двойчы паранены, ён пры жыцці лічыўся загінуўшым. Творчасць пісьменніка амаль цалкам прысвечаная ваеннай тэматыцы. У сваіх творах Быкаў паказаў жорсткую праўду вайны ва ўсіх яе праяўленнях. Беларускі пісьменнік паказаў воіна, удзельніка вайны, як праз моцныя бакі чалавечай псіхікі, так і праз тое адмоўнае, што можа выявіцца ў чалавеку ў скрутны, цяжкі час. Характары персанажаў В. Быкава раскрываюцца праз гераізм, смеласць, служэнне Радзіме. Яны ахвяруюць сабой дзеля перамогі над ворагам. Аднак вайна выяўляе і такія заганныя якасці, як баязлівасць, здраду. У адным са сваіх артыкулаў В. Быкаў пісаў: «У дачыненні да праблем мінулай вайны літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць. Толькі праўдзівыя і толькі да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу… Абавязак кожнага сведкі і ўдзельніка мінулай вайны – гаварыць толькі праўду, якой бы горкай яна ні здалася, будучы пры гэтым бязлітасным у сваёй шчырасці» [1]. У гэтых словах раскрываецца прынцыповая пазіцыя Васіля Быкава. Праўда як маральны імператыў будзе праходзіць галоўным стрыжнем усёй творчасці пісьменніка.

З творчасцю Васіля Быкава звязаны самыя значныя дасягненні беларускай і ўсёй шматнацыянальнай літаратуры пасляваеннага перыяду. Ужо к канцу 70-х гг. яго творы былі перакладзены больш чым на 50 моваў свету. Папулярнасць пісьменніка тлумачыцца высокімі мастацкімі вартасцямі яго твораў, зваротам да самых злабадзённых тэм, якія падымаліся ў літаратуры і ўвогуле ў мастацтве, найперш – чалавек і вайна; маральна-этычная, экзістэнцыяльная праблематыка, а таксама наватарскі характар раскрыцця канфліктаў.

У першых сваіх творах Васіль Быкаў спрабаваў сябе як пісьменнік-сатырык. Ён пісаў пра сучаснае жыццё, вядомае яму толькі са служэбных камандзіровак. Аднак пазней знайшоў сябе менавіта ў ваеннай тэматыцы, дзе і праявіўся яго сапраўдны талент. Сваю творчую дзейнасць пісьменнік пачынае ў канцы 40-х – пачатку 50–х гг., працуючы ў жанры апавядання. Першыя апавяданні былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» (1947, «Дапякло»), газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У першым баі»). Але сам Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 г., калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека», «Абознік». У апавяданнях адлюстравана высокая маральная стойкасць герояў, што не ведаюць хістанняў, іх гатоўнасць ісці да канца. Героі Быкава ўсе свае сілы аддаюць не на рэфлексію ці на пераадоленне сумненняў, у іх адна мэта – перамагчы ворага. Аднак лёсам чалавека можа кіраваць “сляпы выпадак” -- на вайне такая акалічнасць набывае асабліва трагічнае гучанне. Такі жорстка праўдзівы, без сентыментаў, без замоўчвання рэалій, падыход да падзей адразу становіцца, як піша рускі крытык І. Дзядкоў, вядучым у прозе Быкава [2, 33].

Асноўным літаратурным жанрам пісьменніка ў канцы 50-х гг. зяўляецца аповесць. Выдатны знаўца творчасці В. Быкава Дз. Бугаёў адзначае наступнае: «Як і блізкія яму тады прадстаўнікі яго пакалення ў рускай літаратуры (Рыгор Бакланаў, Юрый Бондараў, Віктар Астаф’еў і інш.), Васіль Быкаў з самага пачатку сваёй пісьменніцкай працы рашуча адмовіўся ад знешняй усеабдымнасці панарамных твораў. Яго любімым жанрам, у якім з найбольшай сілай і пераканальнасцю выявіліся багатыя магчымасці выдатнага таленту пісьменніка, стала невялікая аповесць з малой колькасцю герояў і вельмі сціслай, лакалізаванай у прасторы і часе падзейнасцю. Такая аповесць настолькі характэрная для празаіка, што ў крытыцы яна ўжо даўно называецца быкаўскай» [1, 23-24].

Прааналізаваўшы ўсю творчасць пісьменніка, мы прыходзім да высновы, што сапраўды менавіта ў жанры аповесці знайшлі ўвасабленне мастацкай ідэі творцы. І гэта быў жанр не проста звычайнай рэалістычнай аповесці. Па словах даследчыцы Л. Корань, «В. Быкаў стварыў уласную, новую мадыфікацыю жанру аповесці на мяжы рэалістычнай і экзістэнцыйнай паэтыкі, засвоіўшы пэўныя фармальныя прыёмы да структурнай пэўнасці» [3 21]. Такім чынам, бачым, што пісьменнік пашырае грані жанру і звяртаецца не толькі да рэалістычнага асэнсавання і паказу жыцця, але і да экзістэнцыяльнага – паказу унутранага стану героя, яго перажыванняў, праблемы выбару ў экстрэмальных умовах.

У 1959 г. выходзіць аповесць Быкава «Жураўліны крык», якая прынесла пісьменніку прызнанне. Потым у 1961 г. гэтае прызнанне было замацавана поспехам “Трэцяй ракеты”, якая ў 1962 г. публікавалася адначасова ў «Маладосці» і «Дружбе народов». У гэтым жа годзе Быкаў піша аповесць «Здрада», якая ў 1964 г. была адзначана літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа. У тым жа 1962 г. напісана “Пастка”. У першых публікацыях гэтай аповесці Васіль Быкаў даў твору жанравае вызначэнне “маленькая аповесць”. Хоць гэты твор сапраўды невялікі па аб’ёме, займае ўсяго 40 старонак тэксту, ва ўсіх іншых адносінах (акрамя памеру) ён можа лічыцца характэрным для пісьменніка жанрам твораў ваеннай тэматыкі. 1963 год – “Альпійская балада”.

Новы этап творчасці пісьменніка пачаўся з аповесці «Мёртвым не баліць» (1965). У гэтым творы Быкаў паказвае жыццё ў двух часавых планах, спалучаючы аналіз праблем мінулага і сучаснага. У 1968 г. была завершана аповесць «Праклятая вышыня». Абодва творы пабудаваны не толькі на матэрыяле добра вядомай пісьменніку франтавой рэчаіснасці, але і на аснове падзей, у якіх сам пісьменнік прымаў непасрэдны ўдзел.

У рамках аповесці Быкаў ствараў адметны, надзвычай праўдзівы свет са сваімі героямі, у кожным з якіх жыў пэўны характар. Пісьменнік лакалізаваў месца дзеяння, не выходзячы на ўзровень панарамнага разгляду падзей у прасторы і часе. Для Быкава важна было паказаць не маштаб, а глыбіню: ступень адданасці герояў сваёй Радзіме, гатоўнасць да барацьбы з ворагам і, урэшце, глыбіню душы асобна ўзятага героя. Дзеянне твора адбываецца “тут і зараз” з невялікай колькасцю герояў – звычайна 5-6 чалавек. Дзеля лепшага разумення матывацыі ўчынкаў дзейных асоб у фінале аповесцяў (да прыкладу можна ўзяць любую), іх маральнага выбару пісьменнік у самым пачатку твора звяртае ўвагу чытача на біяграфічныя дадзеныя, дзяцінства персанажаў, апісвае рысы твару, адзенне і некаторыя іншыя дэталі. На аснове такой канкрэтыкі фарміруецца ўяўленне пра ўнутраны свет чалавека, разуменне магчымасці-немагчымасці здзяйснення тых учынкаў, што ўзнікнуць у экстрэмальных умовах. Чалавек у экстрэмальных умовах з’яўляецца для Быкава асабліва цікавым, таму што толькі ў гэтыя моманты па-сапраўднаму раскрываецца характар героя. Калі б не было гэтых самых экстрэмальных умоваў – мы б ніколі не даведаліся, на што здатныя людзі. Васіль Быкаў з’яўляецца вельмі тонкім псіхолагам і з самага пачатку твора дае чытачам магчымасць прасачыць псіхалогію герояў, а таксама “дадумаць”, хто ж у выніку здраднік, а хто – патрыёт.

Наступны цыкл творчасці Васіля Быкава – партызанскі. Ён пачынаецца з аповесці «Круглянскі мост» (1968), услед за якою былі напісаны “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Дажыць да світання” (1972). У 1974 г. гэтыя дзве аповесці былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Далей былі напісаны “Воўчая зграя” (1974), “Пайсці і не вярнуцца” (1978). Высокую ацэнку атрымала аповесць “Знак бяды” (1982), у 1986 г. пісьменнік атрымаў за яе Ленінскую прэмію, самую ганаровую на той час літаратурную ўзнагароду. Таксама 1986 год вядомы з’яўленнем рамана “Кар’ер” – твор пра складанасці, трагедыю гераічнай барацьбы падпольшчыкаў.

Спрабаваў свае сілы Васіль Быкаў і ў драматургіі. Яго п’есы, у прыватнасці “Апошні шанец”, ставіліся ў Маскве, Мінску, Гродна. Таксама па яго творах былі пастаўлены спектаклі. Значнае месца ў творчасці Быкава займае аповесць пра жорсткасць і трагедыю калектывізацыі “Сцюжа”, напісанне якой аўтар датуе 1969 і 1991 гадамі. Позні перыяд творчасці пісьменніка характарызуецца зваротам да жанру прыпавесці (1990-2000), а таксама напісаннем аўтабіяграфічнай кнігі «Доўгая дарога дадому» (2002).

Заўважанае дазваляе сцвярджаць, што ў творчасці Васіля Быкава, пры ўсёй традыцыйна лакальнай засяроджанасці на закранутых пытаннях, назіраецца шырыня ахопу матэрыялу, звязанага з ваенай тэмай. Літаратурная спадчына пісьменніка характарызуецца жанравай разнастайнасцю: ад фельетона, гумарэскі ён прайшоў шлях да апавядання, аповесці, рамана, прыпавесці, эсэ, нарысаў, драматургіі, публіцыстыкі, лістоў, мемуарных запісаў, дзённікаў, аўтабіяграфій, гутарак і інш.

У празаічных творах усходнеславянскіх аўтараў, напісаных ў 60-х гг., назіраецца агульная тэндэнцыя – паглыбленне псіхалагізму, разнастайнасць форм і спосабаў мастацкага мыслення, удасканаленне спосабаў даследавання характараў. Ва ўсёй сусветнай літаратуры ўсё шырэй уздымаюцца драматычныя праблемы маральнага выбару і асабістай адказнасці чалавека. Не толькі сацыяльныя, маральныя праблемы сучаснага грамадства, але і гістарычнае мінулае, перадусім мінулае блізкае, захаванае ў памяці пакалення Вялікай Айчыннай вайны, асэнсоўваецца літаратурай у праекцыі на чалавека як суб’екта гісторыі. Асоба выступае як каштоўная індывідуальнасць з непаўторным комплексам маральна-этычных уласцівасцей. Калізія маральнага выбару выступае адной з найважнейшых катэгорый, якая характарызуе чалавека-грамадзяніна і вызначае змест яго будучых учынкаў. Вельмі часта праз маральнае, асабістае праяўляецца і характар сацыяльнага, грамадскага. Гэтыя высновы тычацца твораў многіх усходненславянскіх пісьменнікаў, сярод іх В. Распуцін, В. Кандрацьеў, Д. Гранін, А. Ганчар, Г. Цюцюннык, Ю. Мушкецік. І наш беларускі пісьменнік В. Быкаў.

Творчасць названых пісьменнікаў выявіла галоўнае, што характарызуе ваенную прозу другой паловы ХХ ст. І нельга не згадзіцца з даследчыцай І. Шаблоўскай: «В 60-70-е годы существенно меняется проблематика и поэтика прозы о второй мировой войне: смещается акцент с панорамного и преимущественно внешнего изображения на внутренний, человековедческий, с социологического – на аналитический. Все больше изображается не война, а человек на войне, военная ситуация все чаще становится моделью испытания нравственных убеждений современника, исследования «вечных» – общечеловеческих – проблем, внутреннего мира личности, его ценностных ориентиров, глубины идейной и психологической «обеспеченности» и мотивированности поступков и поведения. Изменяются тип героя, тип конфликта, координаты всей образной системы прозы, обогащается палитра изобразительно-выразительных и жанрово-стилевых приемов» [6, 16].

Такім чынам, таленавітыя пісьменнікі – прадстаўнікі ўсходнеславянскіх літаратур – спалучылі ў адлюстраванні тэмы вайны гуманістычнае, агульначалавечае з асаблівасцямі нацыянальнага творчага мыслення. У той жа час, творы прадстаўнікоў кожнай з усходнеславянскіх літаратур маюць свае адметныя мастацкія асаблівасці, абумоўленыя асабістымі, індывідуальнымі рысамі пісьменніцкага стылю іх аўтараў.


Літаратура:


  1. Бугаёў Д. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кніга пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог / Прадм. І. Чыгрынава. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 414 с.

  2. Дедков И. Василь Быков. М., «Советский писатель», 1980. – 288 с.

3. Історія української літератури. У двох томах. Том другий. – Київ: Наукова думка, 1988. 742 с.

4. Корань Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крытыч. арт. / Л. Корань. – М.: Маст. літ., 1996. – 286 с.

5. Слово об Олесе Гончаре: очерки, статьи, письма, эссе, исследования (Состав. В. Коваль). К.: Рад. Письменник . 1988. – 647 с.

6. Шабловская И. В. Автореферат на соискание уч. степени д.ф.н. «Проза европейских социалистических стран 60-70-х годов о Второй мировой войне. Общее и особенное». М., 1988. – 42 с.









База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка