Жаночы твар вайны




Дата канвертавання30.03.2016
Памер47.61 Kb.
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Жаночы твар... вайны

Не вечна жизнь. Недолог срок людской.

Уходят ветераны на покой...

Юлий Ким.

Цячэ рака часу. Мінула амаль 70 год з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На часова акупаванай тэрыторыі нашай Айчыны палыхала полымя ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэта быў сапраўдны дугі фронт у тыле ворага. Нароўні з мужчынамі змагаліся з ворагам і жанчыны: яны былі партызанскімі сувязнымі, разведчыцамі, падпольшчыцамі, медыцынскімі сёстрамі. У гэтым артыкуле размова пойдзе аб тым унёску ў Вялікую Перамогу, які зрабілі педагогі-жанчыны Бялыніччыны...

Напачатку вайны ў родную вёску Козел да маці вярнулася настаўніца Лубянскай сямігодкі Вікторыя Бараноўская. Разам з Вікторыяй Стэфанаўнай і бабуляй знаходзіўся яе дзесяцігадовы сын Альберт, а муж быў рэпрасаваны. Трое старэйшых братоў змагаліся з ворагам у партызанскім атрадзе, а Вікторыя разам з іншымі вясковымі жанчынамі пралі бялізну, выпякалі хлеб, збіралі звесткі аб знаходжанні варожых пастоў. У снежні 1942 года бялыніцкія паліцаі схапілі Вікторыю, яе маці Ганну Сямёнаўну і сына. Пачаліся пыткі і катаванні. Неўзабаве Ганну Сямёнаўну, як маці партызан, расстралялі, а Вікторыю і Альберта трымалі ў халодным сутарэнні. У хлопчыка пачалі балець суставы рук і ног, на допытах яму пашкодзілі хрыбет, і ён перастаў рухацца. Нічога не дабіўшыся ад падлетка, немцы перавялі яго ў мясцовую бальніцу. У гэты час, калі вязняў вялі на расстрэл, Вікторыі Стэфанаўне ўдалося збегчы ад карнікаў да партызан. Яна звярнулася па дапамогу да камандзіра 8-га атрада Д. А. Кулікова з просьбаю выратаваць яе адзінага сына. З дапамогай падпольшчыкаў партызаны выкралі Альберта з бальніцы і даставілі ў размяшчэнне атрада.

У другой палове сакавіка 1943 года немцы актывізавалі дзеянні супраць партызанаў. Стаянкі і базы народных мсціўцаў падвяргаліся шматлікім артабстрэлам і бамбардзіроўкам з паветра. Якраз у гэты складаны для змагароў перыяд сярод іх знаходзіўся трохгадовы хлопчык Лёня Сацункевіч – сын круглянскай падпольшчыцы Хаі Персіянаўны Скалінай, якую фашысты закатавалі ў гестапаўскіх засценках, і камісара партызанскай брыгады “Разгром” Івана Сацункевіча. Камандаванне вырашыла схаваць Лёню сярод мясцовых жыхароў. Прытуліла яго сям’я Бараноўскіх. Рызыка была вялікай. Трымалі хлапчука на печы, якую заставілі льнянымі снапамі. Толькі ноччу гаспадыня дазваляла пастаяць яму каля акна, што выходзіла на агарод. Тройчы карнікі праводзілі пошукі камісарскага сына, але безвынікова. У суседняй вёсцы за ўкрывальніцтва яўрэяў гітлераўцы спалілі дом разам з усёй сям’ёй, што там жыла. У пачатку мая 1943 года ноччу ў дом Бараноўскіх прыйшлі начальнік асобага аддзела атрада Дзмітрый Чыгін і брат Вікторыі Стэфанаўны Казімір Бараноўскі. Яны забралі хлапчука з сабой і неўзабаве пераправілі яго на Вялікую зямлю.

Сваю выратавальніцу Леанід Сацункевіч адшукаў у 1983 годзе. Вікторыя Стэфанаўна разам з сынам-інвалідам жылі ў горадзе Пінску. Сустрэча была хвалюючай і кранальнай. У 1999 годзе Леанід Іванавіч, выйшаўшы ў адстаўку ў званні палкоўніка, заявіў хадайніцтва аб прысуджэнні Вікторыі Бараноўскай звання праведніцы свету і ўзнагародзіць яе медалём Праведніка народаў свету. Цяпер імя Вікторыі Стэфанаўны выбіта на Сцяне памяці ў алеі праведнікаў Яд-Вашам у Іерусаліме.

Сімвалам патрыятызму і беззапаветнай любові да Радзімы для педагогаў усіх пасляваенных пакаленняў Галоўчынскай сярэдняй школы стала Юлія Марозава. Лёс Юліі Андрэеўны быў зусім няпростым. Нарадзілася яна ў вёсцы Краснае ў 1894 годзе. Пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі ў Магілёве, дзяўчына пачала працаваць настаўніцай у Галоўчыне. Тут яна звязала свой лёс з мясцовым хлопцам, дырэктарам школы Іванам Марозавым. У 1937 годзе Іван Сямёнавіч памёр, і жанчына засталася з двума дзецьмі. Вялікая Айчынная вайна стала для настаўнікаў сапраўдным выпрабаваннем. Юлія Андрэеўна актыўна ўключылася ў барацьбу з ворагам. Ужо ў кастрычніку 1941 года пры яе непасрэдным удзеле была арганізавана падпольная антыфашысцкая група, у склад якой уваходзілі настаўнікі і вучні старэйшых класаў Галоўчынскай сярэдняй школы. Глыбокая канспірацыя дапамагала падпольшчыкам эфектыўна выконваць даручэнні партызанаў.

Юлія Андрэеўна разам з мясцовым фельчарам Барысам Назарэўскім дастаўлялі народным мсціўцам лекі, а ваенны ўрач Аляксандра Паўлава, якая засталася ў Галоўчыне пасля адступлення Чырвонай Арміі, была перапраўлена ў 122-і партызанскі атрад “За Радзіму”.

Летам 1942 года партызаны распрацавалі план разгрому нямецка-паліцэйскага гарнізона ў Галоўчыне. Для яго ажыццяўлення спатрэбілася дакладная схема ўмацаванняў. Юлія Андрэеўна разам з настаўнікам чарчэння Ганчаровым склала адпаведны план на паперы, а яе дванаццацігадовы сын Май у гільзе даставіў яго падпольшчыкам у вёску Навасёлкі. Неўзабаве партызаны паспяхова разграмілі варожы гарнізон.

Восенню 1942 года навісла пагроза правалу падпольнай групы. Юлію Андрэеўну, яе сыноў і яшчэ некалькі падпольшчыкаў партызаны прывялі ў атрад. За актыўны ўдзел у руху супраціўлення Юлія Марозава ўзнагароджана медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны “ II ступені.

Адразу ж пасля вызвалення раёна, у 1944 годзе паўстала пытанне ўзнаўлення Галоўчынскай школы і арганізацыі ў ёй заняткаў. Настаўнікі-мужчыны ваявалі на фронце, таму ўвесь клопат па арганізацыі навучальнага працэсу лёг на жаночыя плечы. Дырэктарам школы была прызначана Юлія Андрэеўна. Настаўніцкай служыў нямецкі бліндаж, класы размяшчаліся ў казармах і хатах мясцовых жыхароў. У 1945-м годзе Юлія Марозава ўдастойваецца звання “Заслужаны настаўнік школ БССР”.

На старым фотаздымку ўзіраюся ў выпускнікоў Галоўчынскай сярэдняй школы 1940 года выпуску. Заплеценыя дзве касы, густая грыўка, мэтанакіраваны пагляд вялікіх вачэй – гэта Рэгіна Гіро, адна з лепшых вучаніц, якая таксама марыла аб прафесіі настаўніка. Яна стала настаўніцай, але правесці свой першы ўрок так і не паспела...

Рэгіна жыла ў вёсцы Лічынка ў школьнай кватэры разам з маці-настаўніцай пачатковых класаў Сафіяй Іванаўнай і малодшымі сёстрамі Дзіянай і Валянцінай. У новым навучальным годзе маці з дачкой марылі працаваць разам, у адной школе. Але пачалася вайна, і сям’я Гіро засталася на акупаванай ворагам тэрыторыі. Сафія Іванаўна неўзабаве ўстанавіла сувязь з партызанамі, якія базіраваліся ў лясах паблізу вёскі Смятанічы Шклоўскага раёна. Дочкі таксама дапамагалі маці распаўсюджваць лістоўкі, збіралі для партызан вопратку, прадукты, пралі бялізну, здабывалі звесткі аб планах ворага. А яшчэ яны даглядалі параненых чырвонаармейцаў і потым перапраўлялі іх да партызанаў.

У жніўні 1943 года ў вёску прыбыў атрад карнікаў. Паліцаі сагналі ўсіх жыхароў да школы і сталі дапытвацца пра партызанскіх сувязных. Допыт працягваўся некалькі гадзін, і адна з жанчын не вытрымала – выдала ворагу сям’ю настаўнікаў. Паліцаі арыштавалі Рэгіну, Сафію Іванаўну і яе малодшых дачок, школу і кватэру абшукалі. Затым пасадзілі ўсю сям’ю на падводу і адвезлі ў лес. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што адтуль даносіліся крыкі, потым прагучалі стрэлы.



Краязнаўцы Навасельскай школы ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя адшукалі ў Лічынкаўскім лесе безымянную магілу. На ёй устанавілі сціплы помнік. Паблізу шумяць старыя яліны. Яны – адзіныя сведкі апошніх імгненняў жыцця Сафіі Іванаўны, Рэгіны Браніславаўны, Дзіяны Браніславаўны і Валянціны Браніславаўны Гіро, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.

Таццяна БАТВІНКОВА, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка