Іван Шамякін: вядомы і невядомы. Ад сына лесніка да народнага пісьменніка і акадэміка Форма правядзення




Дата канвертавання06.07.2016
Памер91.29 Kb.
Іван Шамякін: вядомы і невядомы.

Ад сына лесніка да народнага пісьменніка і акадэміка

Форма правядзення: вусны часопіс

Мэты:

  • Пазнаёміць вучняў жыццём і творчым шляхам народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

  • Раскрыць адметнасць таленту пісьменніка, яго ўклад у развіццё літаратуры.

  • Спрыяць абуджэнню цікавасці школьнікаў да творчасці І.Шамякіна.

  • Выхоўваць пачуццё гонару за таленавітага земляка, любові да роднага беларускага слова.

Абсталяванне: партрэт І. Шамякіна, мультымедыйная прэзентацыя.

Эпіграфы:

Не, класікі не паміраюць -

Такі іх бессмяротны род.

Што напісаць

Не паспяваюць,

За іх дапісвае народ. (В. Лукша)

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------



"Проза Івана Шамякіна - своеасаблівы літаратурны барометр. Яна служыць дакладным паказчыкам усіх змен і новых веянняў, якія адбываюцца вакол нас; па ёй можна меркаваць аб ступені важнасці ці злабадзённасці пытанняў, якімі ў гэты момант жывуць сучаснікі пісьменніка і якія ім закранаюцца. Хто яшчэ з нашых празаікаў мог бы сёння прэтэндаваць у гэтых адносінах на ролю суперніка Шамякіна? Бадай, ніхто". (А. Куляшоў)

Ход мерапрыемства.

Настаўнік.

Іван Шамякін (1921—2004) - Іван Пятровіч Шамякін — класік нашай нацыянальнай літаратуры. Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў у Беларусі і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі і мільённымі тыражамі. У канцы 1970-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод пісьменнікаў ён займаў пятае месца. Гэта значыць, ён быў адным з самых чытаемых аўтараў.

Першы вядучы.

Жыццё Івана Пятровіча — гэта шлях ад вясковага хлапчука з сям'і лесніка да знакамітага пісьменніка. Нарадзіўся ён 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма на Гомельскім Палессі (Добрушскі раён). Сям'я пераязджала з месца на месца бацькавай службы. Праз усё жыццё ён трымаў у памяці «леснічоўку з вялікай печчу пасярод». У дзяцінстве яго сэрца запаланілі родныя краявіды: вялікая рака Сож, дубы і вольхі на яе беразе, лясныя дарогі і сцежкі. Пісьменнік у аўтабіяграфіі так пісаў пра сваю штодзённую далучанасць да свету прыроды: «А да лесу ў мяне была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі я нават размаўляў; у лесе я ніколі, ні ўдзень, ні ўначы, нічога не баяўся». Згадаем: сярод хараства лясных краявідаў гадаваўся і будучы народны паэт Якуб Колас, які таксама быў сынам лесніка. У гэтым дзяцінства Коласа і Шамякіна падобныя. I. Шамякін прызнаваўся: «Хацеў было напісаць аповесць аб сваім лясным маленстве. Але ўспомніў "Новую зямлю"... Лепш не напішаш!» Іван Пятровіч згадваў, як бацька з сябрамі-леснікамі чытаў уголас гэтую паэму. «Як у нас падгледзеў», — гаварылі тады яны і былі ўпэўнены, што так напісаць мог толькі ляснік. Слухаў Іван тое чытанне твора Якуба Коласа з вялікім захапленнем, стоеным дыханнем.

Другі вядучы.

Бацька будучага пісьменніка спадзяваўся, што яго Іван, хутчэй за ўсё, стане ляснічым (спецыялістам па лясной гаспадарцы). Аднак сын паступіў вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Больш за тое, ён захапіўся мастацкай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. У газеце «Гомельская праўда» надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе. Пісаў па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў — і адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса «Полымя рэвалюцыі». I. Шамякін прыгадваў: «Вялікае маё было здзіўленне, калі я атрымаў пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу, з дэталёвым разборам майго апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў. ...Нягледзячы на тое, што апавяданне маё было раскрытыкавана і адхілена, я даражыў адказам Міхася Лынькова, па-асабліваму, як, напэўна, многія іншыя маладыя, ганарыўся, што на мяне звярнуў увагу славуты пісьменнік, творы якога вывучаліся ў школе». Увосень 1940 года I. Шамякін пайшоў служыць у войска. Гэты ліст Лынькова ён забраў з сабой і беражліва захоўваў праз усю вайну.

У гады Вялікай Айчыннай вайны I. Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі на поўначы СССР. Затым удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Салют Перамогі ён сустрэў на рацэ Одэр, што ў Заходняй Еўропе. У ваенны час I. Шамякін вёў дзённік, пісаў вершы, асобныя з якіх змяшчаў у армейскім друку. У 1944 годзе ён стварыў апавяданне «У снежнай пустыні» (з'явілася на старонках часопіса «Полымя» ў 1946 годзе).

Трэці вядучы.

Іван Шамякін вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калі яму ішоў дваццаць пяты год. Ён абраў мірную прафесію настаўніка, пачаў працаваць у школе, што ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе I. Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Ужо тады ім завалодала стыхія літаратурнай творчасці. Ён жыў адным вялікім жаданнем — «пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну». Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна і апантана, хоць і ўмоў для гэтага адпаведных не было. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех — у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста», якую ён напісаў у Германіі пасля заканчэння вайны.

I вось у пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: I. Шамякін пачаў пісаць маштабны твор пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Поспех «Глыбокай плыні» (1946—1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты раман I. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было і трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава.

Першы вядучы.

Больш чым паўстагоддзя I. Шамякін аддаў творчай працы і грамадскай дзейнасці. Пісьменнік у пасляваенны час стаў сведкам многіх значных падзей і змен у грамадстве. I. Шамякін заўсёды быў трывала спалучаны з сучаснасцю. Свой творчы неспакой, пастаянны зварот да сучасных праблем ён растлумачыў так: «Калі мы будзем імкнуцца адысці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з'явяцца глыбокія творы пра наша сённяшняе жыццё». Пісьменнік імкнуўся ўбачыць падзеі і чалавека менавіта «з глыбіні свайго дня», з гуманістычных пазіцый. Ён працаваў у літаратуры актыўна і надзвычай плённа, выдаў дзесяткі кніг апавяданняў, раманаў, аповесцей. Яго творы карысталіся ў чытача вялікім поспехам. Пісьменнік заўсёды смела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы, надаваў ім вострае, а то і палемічнае гучанне, ставіў перад сабой складаныя мастацкія задачы. I. Шамякін — аўтар этапных твораў у беларускай прозе, кожны з якіх стаў адметнай літаратурнай падзеяй. Дастаткова назваць раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», цыкл аповесцей «Трывожнае шчасце», аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры».



Другі вядучы.

Раман «Злая зорка»першы празаічны твор пра чарнобыльскую бяду ў беларускай літаратуры. Напісаны з сацыяльна-публіцыстычным і гуманістычным пафасам, ён раскрывае адну з драматычных старонак у жыцці нашага народа. Дзеянне ў рамане адбываецца ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці. Пачынаецца твор са сцэны вяселля Глеба Пустахода і Ірыны Пыльчанка, якое, на жаль, прынесла не радасць, а бяду. Аўтар паказвае трагічны лёс людзей, якія, пражыўшы ўсё жыццё на гэтай зямлі, вымушаны ехаць на чужыну. Ахвярамі Чарнобыля становяцца Ліза Пустаход і Глеб Пыльчанка. Трагічнае гучанне ў рамане набываюць прыродаапісанні і пейзажныя замалёўкі. Туман, напрыклад, становіцца ўвасабленнем сілы зла, Сонца перастала несці людзям свет і жыццё, яно нібы адарвалася ад неба, спыніла свой ход і павісла: «I гэтак будзе вісець. I не здолее ўзысці, страціўшы сілу». Прырода як бы спыніла сваё развіццё, пратэстуючы супраць безгаспадарлівых адносін да ўсяго навакольнага, нядбайнасці і бяздушнасці. Аўтар крытычна паказвае кіруючую, камандна-бюракратычную сістэму рэспублікі, на сумленні работнікаў якой перакрэсленыя чалавечыя жыцці, пакалечаныя лёсы, страчаныя надзеі (вобразы першага сакратара раённага камітэта партыі Сінякова і яго стрыечнага брата Лявонція Мікалаевіча). Увесь жа цяжар чарнобыльскай аварыі абрушваецца на плечы старшыні райвыканкома Уладзіміра Паўлавіча Пыльчанкі, які ў крытычных абставінах адчувае адказнасць за людзей, востра перажывае бяду роднай зямлі, кіруе высяленнем з атручанай зоны.

Трэці вядучы.

Сярод усіх твораў I. Шамякіна вылучаецца пенталогія «Трывожнае шчасце». Яна складаецца з пяці аповесцей: «Непаўторная вясна» (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег» (1959), «Пошукі сустрэчы» (1959), «Мост» (1965). Лёс герояў пенталогіі асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, што прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся на франтах і ў партызанскіх атрадах, і ў цяжкіх пасляваенных умовах удзельнічала ў аднаўленні народнай гаспадаркі.

Галоўныя героі пенталогіі — Пятро Шапятовіч і Саша Траянава. У аповесці «Непаўторная вясна» паказаны перадваенныя гады. Пятро (студэнт тэхнікума) і Саша (толькі што скончыла медвучылішча) кахаюць адзін аднаго. Аўтар імкнецца раскрыць духоўны свет маладых людзей, глыбіню іх пачуццяў, грамадзянскія пазіцыі. У хуткім часе Саша становіцца жонкай Пятра, але перад пачаткам вайны Пятра забіраюць у армію, і героі расстаюцца на доўгі час.



Першы вядучы.

Аповесць «Начныя зарніцы» — пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, падпольную і партызанскую барацьбу на Беларусі. Саша застаецца з дачкой Ленай на акупіраванай тэрыторыі і прымае актыўны ўдзел у змаганні з ворагам. Разам з братам Данікам, Цішкам Матылём, Колем Трапашом, Толем Кустарам яна выконвае самыя небяспечныя заданні. Характар Сашы асабліва ярка праявіўся ў эпізодзе, калі яна, выконваючы партызанскае даручэнне, павінна была выдаваць параненага камісара за свайго мужа. Партызанскім камісарам быў настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч, які яшчэ да вайны рабіў Сашы прапанову выйсці за яго замуж.

Суровы вопыт ваенных гадоў, калі I. Шамякін служыў на Поўначы ў зенітных войсках, лёг у аснову аповесці «Агонь і снег». Яна прысвечана франтавому жыццю Пятра Шапятовіча. У ёй праўдзіва паказаны шлях унутранага ўзмужнення галоўнага героя (першы бой батарэі з нямецкімі афіцэрамі, першы збіты самалёт, смерць Сені Пясоцкага, бяздушнасць, залішняя падазронасць Кідалы, цяжкае раненне).

Другі вядучы.

У чацвёртай аповесці Пятро пасля цяжкага ранення і выпіскі са шпіталя аказваецца ў родных мясцінах, дзе шырока разгарнулася партызанская барацьба. Адбываецца сустрэча Пеці і Сашы, але вайна настолькі пераблытала лёсы, ускладніла іх узаемаадносіны, што поўнага разумення героі не знайшлі. Аповесць «Мост» — пра новы этап у каханні Пятра і Сашы. Дзеянне адбываецца пасля вайны. Героі не ваююць, але і ў 1946 г. ім не лягчэй. Пеця працуе настаўнікам, Саша — загадчыцай фельчарскага пункта. Аўтар паказвае цяжкія пасляваенныя гады. Мацнее пачуццё глыбокай унутранай блізкасці герояў, якія аднолькава адчуваюць жыццё, аднолькава ацэньваюць падзеі. Мост, які злучае два процілеглыя берагі ракі, злучыў два людскія лёсы. У вобразах Сашы Траянавай і Пятра Шапятовіча I. Шамякін увасобіў тыповыя рысы характару таго пакалення моладзі, на долю якога выпалі цяжкія гады ліхалецця і аднаўленчага перыяду. Героі прайшлі ўсе выпрабаванні жыццём, засталіся вернымі сабе і суровай праўдзе жыцця.



Трэці вядучы.

Актыўна даследаваў пісьменнік сучаснае жыццё з яго сацыяльнымі і маральнымі праблемамі ў аповесцях «Палеская мадонна», «Вернісаж», «Падзенне», «Без пакаяння», «Крывінка», «Зона павышанай радыяцыі», «Пошукі прытулку»... Творы пісьменніка складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі. Пачынаючы з пасляваеннага часу I. Шамякін прыкметна ўзбагачаў духоўны свет беларускай прозы, нарошчваў яе мастацкі патэнцыял. За вялікі ўклад у развіццё літаратуры I. Шамякіну нададзена высокае званне народнага пісьменніка Беларусі (1972). Двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія БССР. Літаратурныя заслугі пісьменніка адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы (1981). У 1994 годзе ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне літаратуры. Іван Шамякін — дзяржаўны дзеяч: выбіраўся дэпутатам рэспубліканскага ўзроўню і Вярхоўнага Савета СССР, з 1971 па 1985 г. узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Шмат гадоў I. Шамякін працаваў на ключавых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, кіраваў выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя». Адна з яго галоўных заслуг — дзейсная дапамога пісьменнікам і простым людзям у вырашэнні жыццёва важных праблем.



Настаўнік.

Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды ў ім значнае месца займала літаратурная творчасць. Яго творчая і грамадская дзейнасць — прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. Пісьменнік быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях свайго жыцця: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».

Спадзяваюся, што вас зацікавілі жыццё і творчасць І.Шамякіна і вы прадоўжыце знаёмства з яго творчасцю. А героі тораў пісьменніка-земляка будуць вучыць вас мужнасці, высакароднасці, чуласці, любові да свайго роднага краю.

Іван Шамякін

"Творы Шамякіна - гэта сур'ёзныя творы, якія з'явіліся ў выніку грунтоўнага вывучэння жыцця, яго глыбінных працэсаў, іменна тых, глыбокіх плыняў, тых кіпучых і светлых крыніц, у якіх пульсуе, фарміруецца, выкрышталізоўваецца наша сучаснасць". (В. Каваленка)



"Шамякін, шырока карыстаючыся фактамі ўласнай біяграфіі, абапіраючыся на ўбачанае і перажытае ім самім, яго роднымі і блізкімі, стварыў праўдзівы мастацкі партрэт свайго гераічнага пакалення, якое мужнела і гінула ў баях". (В. Каваленка)



"Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна - гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях". (А. Макаёнак)



"Сучаснасць у разуменні І. Шамякіна - з'ява жывая, рухомая, зменлівая, плынная. Абавязкова звязаная з гісторыяй, жывыя ўрокі якой выкладзены на многіх старонках шматлікіх кніг пісьменніка". (У. Гніламёдаў)



"Папулярнасць пісьменніцкага імя Івана Шамякіна звязана з тым, што ён умее апавядаць пра сённяшні дзень чалавека, яго турботы, пачуцці і думкі, пра яго маральны і псіхалагічны стан так, каб захапіць чытача глыбокім сэнсам убачанага, адкрыць яму заканамернасць руху грамадства і гэтым самым дапамагчы заняць правільную пазіцыю ў жыцці, знайсці хутчэйшую дарогу да ўласнага ўнутранага і грамадзянскага самавызначэння". (В. Каваленка)





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка