Іван Шамякін Гандлярка і паэт




старонка1/18
Дата канвертавання30.04.2016
Памер2.49 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   18
Іван Шамякін Гандлярка і паэт

I

Бацька Вользін быў гарбар, з сям’і патомных мінскіх гарбароў, якія ў далёкія часы выраблялі скуры саматужна, а пры савецкай уладзе працавалі на заводзе.



Вольга з маленства не надта любіла бацьку, можа, праз тое, што пасля работы ад яго непрыемна пахла, хоць баялася яна бацькі менш, чым маці, бо ён ніколі не біў і рэдка лаяў нават, увогуле чалавек быў мяккі, добры, не піў, як іншыя гарбары, хіба на свята ці калі збіраліся госці, мог узяць чарку, але заўсёды ведаў меру, п’янюг ненавідзеў, сына старэйшага неўзлюбіў, калі той прыахвоціўся да праклятага зелля.

Міхала Ляновіча на Камароўцы паважалі, але лічылі, што дабрабыт сям’і, нават значная па тым часе заможнасць, якой суседзі зайздросцілі, трымаецца не на заробку гарбара, хоць майстар ён і добры, а на працы і гандлі Ляновічыхі, вядомай цёткі Хрысці, нявыбранай, але прызнанай старасціхі ўсіх камароўскіх гандлярак; яе нават міліцыянеры баяліся, бо тых, хто з ёй сябраваў, яна шчодра частавала, а тых, хто хацеў перашкодзіць ёй ці ўсёй «гандлёвай карпарацыі», магла зняславіць не на адзін рынак — на ўвесь горад.

Дом Ляновічаў у ціхім завулку, вельмі гразным вясной і ўвосень, знешне не выглядаў лепшым за іншыя дамы раёна даўняй прыватнай забудовы — звычайны камароўскі драўляны дом яшчэ бадай вясковага стылю. Але ў доме было поўна: найлепшая для таго часу мэбля, дываны на сценах, адзенне ў трох вялікіх, як кантэйнеры, шафах, розны посуд, швейная машына, ажно два веласіпеды, два самавары, не кажучы ўжо пра тое, што хавалася ў двух вялікіх паграбах і на гарышчы. I ўсё гэта набыта Ляновічыхай, яе працай, яе камерцыйнай увішнасцю. «Па заробку майго старога з галадоўкі пухлі б», — хвалілася Хрысця, падвыпіўшы, суседкам, а выпівала яна часцей за мужа: то камусьці трэба было «падмазаць», то крышку пагрэцца ў зімовы і асенні час, калі ад холаду пальцы рабіліся драўляныя і не маглі пакупніку адлічыць рэшту — медзякі. Але ж і працавала яна, як нявольніца, рабыня. Ад цямна да цямна. Пры доме быў добры гарод, сотак дваццаць. Камароўскія гароды ўвогуле славіліся не толькі да вайны, але доўгі час і пасля вайны ўжо, пакуль замест драўляных хацін не пачалі вырастаць шматпавярховыя камяніцы — новы горад.

Гаспадарку цётка Хрысця вяла на ўзроўні вышэйшых агранамічных дасягненняў. Мала хто ў той час меў цяпліцы, а ў яе былі. Самыя раннія радыска і салата на рынку з’яўляліся на пастаянным прылаўку Ляновічыхі, і пакупнікі ў яе былі пастаянныя, сам Якуб Колас купляў, чым яна часта хвалілася. Пасля ішлі самыя раннія гуркі, бульба, памідоры, хіба толькі аднаго не ўмела — каб яблыкі паспявалі раней, чым у іншых. Але не толькі на гародзе яна рабіла і на рынку гадзінамі прастойвала, заклікаючы пакупнікоў і расхвальваючы свой тавар больш дасціпна, чым хто: на яе звонкі голас, жарты, вясёлы смех сапраўды ішлі ахвотна. Дома яе чакала іншая гаспадарка — жывая. У хляве ў катухах заўсёды рохкалі два вепрукі, большы і меншы, аднаго калолі — на яго месца тут жа куп-ляўся падсвінак, бесперапынны канвеер; кудахталі куры, бамкалі індзюкі, а пазней, калі па радыё пачалі агітаваць калгасы заняцца трусагадоўляй, Ляновічыха завяла трусоў і хутка пераканалася, што гэта сапраўды-такі выгадная жывёліна —хутка плодзяцца і хутка растуць, хоць, праўда, мяса трусінае куплялі неахвотна. «Некультурныя вы людзі», — гаварыла яна тым, што часам выскаляліся: «А не каты гэта, цётка?» Некаторых яна не проста абвінавачвала ў адсталасці — секла ў вочы: «А такога дурня толькі кацяцінай і трэба карміць!»

Пасля яна дамовілася і здавала трусоў у сталоўку на Пушкінскай вуліцы, адкуль брала памыі для свіней; у сталоўцы студэнты ўсё з’ядуць, у тыя перадваенныя гады не дужа было.

Дзяцей Ляновічыха любіла і шкадавала па-свойму — тым, што жыла, працавала дзеля іх, не дзеля сябе, сама толькі на святы дазваляла сабе ўбрацца так, каб суседкі лопалі ад зайздрасці, а ў будні нічым не вылучалася сярод іншых камароўскіх баб. Для іх, дзяцей, старалася набыць як можна больш дабра. Ва ўсім іншым была бязлітасная: працаваць дзяцей прымушала, як толькі яны пачыналі хадзіць і бегаць. Адным словам — з самага ранняга дзяцінства.

Першае, што Вольга помніла ў жыцці, гэта як певень збіў яе з ног, калі яна карміла курэй. Колькі ж ёй было гадоў, што певень мог паваліць? Можа, тры годзікі, не больш.

Дзяцей мелі не многа для такой сям’і — усяго трое. Старэйшая дачка памерла ад адзёру, засталіся два хлопцы і Вольга, самая малодшая. Натуральна, што старая Ляновічыха больш любіла адзіную дачку. Але не песціла, наадварот, Вользе пападала, можа, больш, чым хлопцам, бо тыя раней вылецелі з роднага гнязда, а Вольга заставалася; нават калі замуж выйшла, то яе не павезлі ў «чужую старонку», а зяць прыйшоў у дом прымаком. Па Вользе да самага замужжа яе Ляновічыха не саромелася «пагуляць» і дзягай, і фартухом, і сцяблом сланечніка, ды і слоў не выбірала, такія часам ужывала, што коні на рынку чырванелі. Суседзі слухалі і смяяліся: «Хрысця сваіх хрысце». А Міхал ушчуваў жонку: «Людзей пасаромейся». Але тут жа пасля сваркі Хрысціна магла з гонарам пахваляцца дачкой: «Уся ж у мяне, зараза». Для яе не дачка — сыны аказаліся адрэзанымі кавалкамі. Так яна марыла, каб яны засталіся на гаспадарцы і па-свойму, па-мужчынску прадоўжылі яе справу, памнажалі тое, што яна набыла для іх сваёй катаржнай працай. Не, не прывабіла іх гэта. Праўда, старэйшы, Казімір, пацягнуў сваю долю з набытага ды яшчэ і незадаволены застаўся. Але Ляновічыха не магла дараваць яму, што ажаніўся з развядзёнкай, у прымакі да яе пайшоў на Старажоўку. А малодшы, Павел, дык той увогуле пасля сёмага класа падаўся ў ваеннае вучылішча, ажно ў Саратаў некуды заехаў. Бацьку гэта падабалася, ды з думкай гарбара мала хто лічыўся, а яна, маці, назвала Паўла дурнем, на дарогу грошай не дала, бацька ўпотай ад яе сабраў сына, правёў на вакзал. Але калі Павел праз тры гады вярнуўся лейтэнантам, Ляновічыха, убраўшыся ў лепшае, з вялікім гонарам абышла з сынам бадай жа ўвесь горад — няхай глядзяць людзі! Нават у оперу пайшла, дзе ніколі не была. Па Камароўскім рынку ў дні гасцявання сына хадзіла, як багатая пакупніца, ловячы то насмешлівыя, то зайздросна-ліслівыя ўсмешкі сябровак і рыначнай прыслугі.

Вучылася Вольга да сёмага класа нішто сабе, а ў восьмым класе, калі ўжо хлопцы былі ў галаве, двойкі пачала прыносіць. Цяпер Ляновічысе хацелася, каб дачка пайшла ў навуку, стала культурнай: час змяніўся, дзеці многіх камароўскіх старажылаў канчалі інстытуты. Чым жа яе дзеці горшыя? Спрабавала прымусіць Вольгу вучыцца — усё той жа дзягай, бацькавай папругай. Нічога не памагло, Вольга сапраўды-такі ўпартасцю ўдалася ў маці і пасля восьмага класа школу кінула. Год гандлявала разам з маці, пасля пайшла працаваць у трамвайнае дэпо.

У васемнаццаць гадоў Вольга выйшла замуж за вагонаважатага Адама Аўсюка. Зяць падабаўся старой Ляновічысе, хоць і быў галадранец — прыйшоў у дом з адным маленькімчамаданчыкам.

Але — вясёлы, не цураўся ніякай работы, нават не саромеўся прадаваць на рынку абсмаленых курэй, капусту, свініну. Было ў яго нешта ад характару самой Ляновічыхі, таму і паразумеліся яны. Толькі п’яны Адась рабіўся дурным — лез біцца, неаднойчы вяртаўся з «ліхтарамі». Старому Ляновічу вельмі не падабалася, што важаты трамвая напіваецца да шаленства. «Як ты заўтра людзей будзеш вазіць? Яшчэ зарэжаш каго! Каб я быў вашым начальнікам, то такіх блізка не падпускаў бы да вагона».

Iбываюць жа такія недарэчныя, проста-такі нейкія фатальныя супадзенні! У цёмную лістападаўскую раніцу, калі выпаў першы мокры снег, стары гарбар не ўціснуўся ў перапоўнены трамвай, павіс на падножцы, сарваўся ці, можа, незнарок спіхнуў хто, трапіў пад колы — і яму адрэзала ногі: на другі дзень ён сканаў у бальніцы.

Вагон вёў не Адась, але ўсё адно сярод камароўскіх абывацеляў, як кругі па вадзе, пайшлі самыя неверагодныя, дзікія плёткі, дайшлі да Вольгі, да яе мужа, да старой Ляновічыхі, усіх балюча ранілі.

Здаецца, без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго жылі Ляновічы. Хрысця гаварыла пра свайго Міхала са скептычнай паблажлівасцю, рэдка калі раілася з ім у сваіх камерцыйных справах. Дзеці прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры. Адно хіба яна яшчэ з цікавасцю чакала — будучага ўнука ці ўнучку, Вользіну: Казіміравага сына ад развядзёнкі не любіла, чамусьці чужым унук здаваўся ёй.

Але тое, што пасля смерці мужа страчвала пастарэлая маці, з малой сілай і энергіяй нараджалася, ажывала ў Вользе. Працу ў дэпо яна кінула і амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па гандлі ўсім тым, што вырасла на гародзе і ў хлявах. Розніца хіба адна была: працавала яна не з такой апантанасцю, як маці, умела ўсю самую цяжкую,чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юнктуры, якая змянілася: халодная і галаднаватая зіма трыццаць дзевятага — саракавога гадоў, калі ішла фінская вайна, — гэта не дваццатыя нэпаўскія гады, у якія разгортвала сваю камерцыю яе маладая, тады яшчэ поўная сілы маці. Аднак і ў такіх нялёгкіх умовах камароўскія гандляркі хутка прызналі маладую Ляновічыху за сваю завадатарку. Ад маці і імя засталося ёй —Ляновічыха, хоць і была яна Аўсюк. Маладая Ляновічыха. А старая як бы страціла гэтае вядомае на ўсю Камароўку імя, цяпер для суседзяў яна была просга Хрысця ці Крыся, некаторыя так скарачалі яе імя — на польскі лад, бо Ляновіч лічыўся католікам, хоць у касцёл ніколі не хадзіў і вянчаўся ў царкве — Хрысціна была з праваслаўнай набожнай сям’і.

Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».

У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»

Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.

Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і злавалася на іх ашчаднасць і скупасць — іншая за капейку паўгадзіны будзе таргавацца, адказвала ім груба, усім на «ты», а часам не саромелася іншую паслаць так, што суседкі па прылаўку хапаліся за жываты: «Во Ляновічыха сячэ! Уся ж у матку!»

Вайна Вольгу не вельмі спалохала, нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць, калі праз тыдзень, у наступную нядзелю, вынесе першыя, з цяпліцы, гурочкі, упэўнена была, што яе гуркі сапраўды-такі будуць першымі на Камароўцы, бо толькі ля Чэрвеньскага рынку жыве дзед, які мае такую ж цяпліцу, нябожчыца маці канкурыравала з тым дзедам, але і вучылася ў яго.

Праўда, на другі дзень вайны, калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі: Адась яе і брат Павел, лейтэнант, у арміі і, можа, ужо на фронце.

Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць, — за дачку спалохалася: куды хавацца з ёй? Але, паназіраўшы, дзе падаюць бомбы — бамбяць чыгунку ў першую чаргу, штаб акругі, цэнтр горада, дзе вышэйшыя ўстановы, — разважыла, што і бомбы не такія ўжо страшныя: у двары меўся добры цэментаваны склеп, дзе на зіму хавалі бульбу, бочкі з квашанымі гуркамі, капустай — для сябе і на продаж, у склепе можна прасядзець бамбёжку, не будзе ж вайна цягнуцца паўгода, калі захаладае.

А праз дзень-два яна траха не лезла сама пад бомбы з-за сквапнасці сваёй. Пачалося з таго, што хлапчукі крыкнулі на ўсю вуліцу:

— На Камароўцы лаўкі грабяць! — і пабеглі туды, на рынак, за імі сыпанулі дарослыя.

Безумоўна, пасля такога паведамлення Вольга не магла ўседзець дома. Занесла малую да суседкі, кульгавай цёткі Марылі, і кінулася туды ж, на рыначную плошчу, якую абкружылі розныя крамкі, ларкі, латкі — «торговые точки», як іх называлі. Але да таго, як яна прыбегла, усё ўжо разрабавалі, давяршаўся разгром крамы жалезных тавараў. Чырванатвары, з брыдкім аблупленым носам мужчына, з якім Вольга не была знаёмая, але неаднойчы бачыла на рынку п’янага, выцягнуў цэлую гару чыгункоў, каструляў, штук дзесяць сякер, пілы, клямкі, лапаты, завесы — і вартаваў гэтае дабро, некага чакаючы, хто, пэўна, памог бы занесці. У самой краме можна было падабраць хіба якую драбязу, недабітыя лямпы ды талеркі. Угневаная на сябе, што спазнілася, прамаргала больш каштоўны здабытак, і на ўсіх, хто цягнуў адгэтуль — зладзюганы, грабіцелі! — Вольга кінулася да мужчыны, які вывалак паўкрамы. Урэшце, у гэтым яна знаходзіла і пэўнае маральнае апраўданне сабе, бо выхаваная была так, што ніколі чужога не брала: маўляў, не сама крала дзяржаўную маёмасць, а забрала ў рабаўніка.

— Ану, морда, падзяліся з людзьмі, — сказала яна мужчыну і тут жа пачала адкладваць убок сваю частку.

— Пайшла ты!.. Не чапай!

Але яна паслала яго яшчэ далей.

— Ты са мной, морда, не заядайся. Ты мяне ведаеш. У мяне тут уся міліцыя — свая, а цябе бачыла, як міліцыя пад ручкі вадзіла…

— Скончылася твая міліцыя. Пяткі падмазала. Даганяй пад Масквой.

Ашаламіла гэта Вольгу і спалохала больш, чым бомбы. На нейкі момант яна сумелася і на рэчы забылася, гатовая ўжо адступіцца. Але тут жа падумала: раз сапраўды і міліцыі ўжо няма, улады, то ў дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць. Са школьнай парты ёй паўтаралі, што ўсё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй па Мінску хадзіла! Не аддаваць жа вось такому гультаю і п’янюгу, як гэты чырванаморды. Алкаш той, мабыць, такі добра ведаў маладую Ляновічыху, бо хоць і мацюкаўся страшэнна і пагражаў перабіць ёй ногі, але мусіў уступіць пэўную частку свайго набытку, урэшце дзесяць лапат ці тузін чыгункоў і сапраўды да д’ябла яму.

Вольга занесла гэты жалезны скарб дадому і тут жа, папрасіўшы суседку пагуляць з дзіцем яшчэ, кінулася ў раздабыткі. Трэба лавіць момант! Яна і так, здаецца, шмат ужо што ўпусціла, хаваючыся ад бомбаў у склепе.

Выскачыла на Савецкую вуліцу, бо толькі там, на цэнтральнай магістралі, можна даведацца, што адбываецца ў горадзе. У цэнтры і каля вакзала шугалі пажары ад ранішняйбамбёжкі. Міліцыі сапраўды не відаць. Прайшла вайсковая часць, полк нейкі, салдаты стомленыя, запыленыя, некаторыя з акрываўленымі павязкамі на галовах, на руках. Няўжо пакідаюць горад? Чуткі аб наступленні немцаў хадзілі самыя неверагодныя і супярэчлівыя: адны гаварылі, што немцы ўжо пад Мінскам, другія — што абышлі Мінск, занялі Барысаў, а Вользіна школьная сяброўка, работніца друкарні імя Сталіна Лена Бароўская, горача даказвала, што ўсе плёткі аб разгроме Чырвонай Арміі пад Гродна і Баранавічамі распускаюць фашысцкія шпіёны. Але што нашы адступаюць, то гэта, бадай, з перадач радыё можна зразумець: ні разу не перадалі, што нашы наступаюць, — усё вядуць упорныя баі. Бою за Мінск не чуваць, адны бамбёжкі бязлітасныя, ды мінулай ноччу стралялі з пісталетаў і вінтовак недзе на Балотнай станцыі.

Чырвонаармейцаў Вольга пашкадавала. I жанчын, што цягнуліся з дзецьмі, з клункамі, такіх, як яе пакупніцы, якіх не любіла, таксама пашкадавала. А калі міма прамчаліся тры легкавыя машыны, то да тых, што сядзелі ў машынах, яна адчула злосць.

— Драпаюць начальнічкі, — зларадна сказаў нейкі мужчына, што стаяў побач з Вольгай у пад’ездзе шасціпавярховага Дома Камуны, і падкрэслена здзекліва праспяваў: «Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим…»

Вольга засмяялася на яго словы і па-хлапецку, чаго не рабіла са школьных гадоў, па-разбойніцку, свіснула ўслед легкавушкам. Але калі гэты лысаваты, хоць і не стары яшчэ, тып, акуратаа паголены, паадэкалонены, у чыстай, вышытай васількамі кашулі, адчуўшы, пэўна, у ёй аднадумца, паспрабаваў даверліва загаварыць, Вольга адказала яму так, што ў таго паблеклыя вочы на лоб палезлі.

Яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна. Упэўненая, што не адна яна такая разумная, іншыя таксама не дурні, кінулася шукаць, дзе чым можна пажывіцца. I хутка знайшла. На вуліцы Куйбышава рабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ: вырвалі краты і выставілі акно з двара; маладыя мужчыны, сярод якіх яна пазнала аднаго свайго, камароўскага, падавалі адзін аднаму скрынкі з гарэлкай і віном. Жанчын, відаць, жыхарак дома, не падпускалі, тыя кралі па пляшцы з вынесеных скрынак. Вольгу таксама не пусцілі залезці ў магазін праз гэтае акно. Замахнуўся адзін п’яны дурань на яе. Тады яна схапіла ржавы кавалак водаправоднай трубы, што валяўся ў двары, выбегла на вуліцу і пляснула па вітрыне. Дзынкнула, пасыпалася тоўстае шкло. Абразаючы ногі, яна ўскочыла ў магазін, іншыя жанчыны не адразу адважыліся палезці следам за ёй. Нават рабаўнікі, што гаспадарылі ўжо ўсярэдзіне, разгубіліся ад такой смеласці бабы, хоць і глынулі з пляшак. Ажно пакуль камароўскі не крыкнуў ім:

— Гэта ж Ляновічыха!

Імя гэтае як бы ўсё ім растлумачыла, і яе не толькі тут жа прынялі ў шайку, але, бадай, ужо лічылі завадатаркай; каб іх арыштавала ў той час міліцыя, то, безумоўна, усе тыя смельчакі паказалі б на яе: гэта яна першая! Вольга адчувала гэта, разумела і ні ў якой шайцы-лейцы быць не жадала і ненавідзела п’яныя морды, пагарджала імі, бо лічыла іх бандзюгамі, якім абы гарэлкі нажлукціцца. А сябе апраўдвала тым, што бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміццасамой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе. Аднак камерцыйны вопыт падказваў, што ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо. А ў магазін праз выбітую вітрыну ўжо лезлі жанчыны, дзеці, і Вольга зразумела, што, пакуль яна занясе дадому гарэлку і вернецца назад, у гастраноме нічога не застанецца. А тут жа такое багацце! Што ж узяць яшчэ? Паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. I адразу ж кінулася назад.

У гастраноме былі ўжо выбітыя дзверы, але жанчыны разыходзіліся з пустымі рукамі. Вольга ўскочыла ў магазін, не вельмі задумаўшыся, чаму людзі так паводзяць сябе, іздзівілася, калі ўбачыла міліцыянераў, разгубілася і спалохалася. Іх было двое, міліцыянераў. Старшына стаяў перад кампаніяй з пяці п’яных рабаўнікоў і, трымаючы ў апушчанай руцэ пісталет, спакойна, стомлена прасіў:

— Граждане! Прошу разойтись. Буду стрелять. Ей-богу, буду стрелять…

Мужчыны хоць і п’яныя, але рэвальвера спалохаліся, збіліся ў кучу, як цяляты, мацюкаліся, трушчылі ботамі вітрыннае шкло і хоць не выходзілі, пэўна, баючыся паварочвацца спінамі да зброі, аднак і не наступалі агрэсіўна на міліцыю. Але менавіта няўпэўненасць ахоўнікаў парадку зноў страшна абурыла Вольгу: рушыцца, значыцца, улада, да якой яна мела павагу, дык чаму ж гэтыя два дурні разводзяць тут анцімонію! І яна кінулася наперад, загарадзіла сабой рабаўнікоў, ірванула кофтачку на кнопках — каб зручна было карміць дзіця, — і кофтачка расшпілілася.

— На, страляй! Забівай сваіх, падла ты! Начальнікі твае пяты падмазалі, а цябе паслалі, дурня, вартаваць дабро. Для каго? Для немцаў? Для Гітлера? Хлопцы! А ці не немецгэта пераапрануты?

Узбадзёраная п’яная кампанія з абурэннем загула:

— Ану, загавары па-нашаму, зараза! Завучыў адно: буду страляць… Я табе стрэлю! Маму родную забудзеш!

Збялелы старшына пачаў адступаць за прылавак, бліжэй да дзвярэй, што выходзілі ў двор, а таварыш яго, які так і не дастаў з кабуры нагана, перасмыкнуўся, кінуў ёй з болем:

— Зашпіліся, дура, — і пайшоў на вуліцу.

Не зважаючы на міліцыянера і на асмялелую ад яе смеласці п’яную кампанію, Вольга падышла да прылаўка, узваліла на плечы пакінутую некім скрынку кансерваў, у другую прыхапіла аплеценую бутлю з алеем.

Выйшла ўпэўнена і пайшла ўпэўнена, але на вуліцы ёй здалося, што дула рэвальвера нацэлена ў патыліцу. Па спіне пацёк ледзяны пот, памлелі ногі. Адчувала, што, калі азірнецца і ўбачыць рэвальвер, з ёй здарыцца нешта брыдкае, ганебнае. Але, як у страшным сне, да свядомасці дайшлі ўратавальныя галасы жанчын, на якіх яна чамусьці баялася глянуць: «Адным можна, другім нельга. Адна хеўра. Гандлярка гэтая даўно з міліцыяй хаўрус вядзе. Бач, цыцкі вываліла, бессаромная…»

Азірнулася толькі ў бязлюдным завулку. Ніхто за ёй не ішоў, толькі насустрач прабегла старая, спытала дзіўна, як пыталіся да вайны: «Дзе даюць?»

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   18


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка