Іван Мележ Людзі на балоце Раман з «Палескай хронікі»




старонка2/24
Дата канвертавання30.04.2016
Памер4.75 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

3

Пад вечар стары Чарнушка і Васілёва маці сабраліся ў сяло. Маці трэба было ехаць, каб накарміць Валодзьку, падаіць карову, дагледзець гаспадарку. У Чарнушкі ж дома была хворая жонка.

Хведзька і Ганна засталіся начаваць на лузе. Заставаліся тут і біклажка, і каса, і латаная світа - нашто ж вазіць туды-сюды без прычыны!

- Трымайся каля Васіля, - наказаў Чарнушка дачцэ, сеўшы на калёсы. - І ты, Васіль, глядзі за імі. Дзеўка, яна - дзеўка. І малое...

Маці, здаволеная тым, што Чарнушка ўзяўся падвезці, ахвотна падтрымала:

- Жывіце дружненько!

Васіль прамаўчаў. Але калі калёсы схаваліся ў лесе, ён адчуў, што нічога горшага, як застацца аднаму з Ганнаю тут, нельга было б і прыдумаць. Лепш бы і ён паехаў дамоў, чым вярэдзіцца тут з ёю!

Васіль знарок паказваў, што быць з ёю - яму як кара. Ганна сціпла маўчала, але яму бачылася, што яна таксама не рада такому таварыству. Стаяць, маўчаць з ёю было, як ні з кім, няёмка. Васіль не вытрываў: паказваючы, што ў яго поўна галава клопатаў, раптам рынуўся да Гуза, які стаяў каля арэшніку.

Хлопец звадзіў каня да азярца, амаль ушчэнт зарослага асакою, напаіў. Да азярца было з вярсту, і пакуль вярнуўся - на балота леглі першыя поцемкі. Павеяла сырасцю, стала халаднавата. Наводдалек у лазе пачаў збірацца туман.

«Жывіце дружненько!» - успомніў Васіль матчыны словы, убачыўшы Ганну, якая штосьці гаварыла брату. «Дружненько - і скажа ж, ей-богу!..» Ён падумаў, што будзе трымацца свайго воза і туды, да Чарнушкаў, больш не пойдзе.

Але прыбег Хведзька.

- Дзядзечко, хадзем к нам!

- Чаго ето? - Васіль няветліва адвярнуўся.

- Агеньчык раскладзем!

Васіль пастаяў, зрабіў выгляд, што заняты, - развязаў торбачку, стаў перабіраць у ёй, нібы чагосьці шукаў. Думаў, што малы не стане чакаць, але той не адыходзіў, сачыў за кожным яго рухам.

Што з ім зробіш! Васіль сярдзіта пажаваў скарынку, завязаў торбачку. Накінуў на плечы світку.

- У нас е запалка, - радасна паведаміў Хведзька, забягаючы наперад Васіля.

Ганна ўжо раскладвала агонь сама. Кволы агеньчык, перад якім яна ляжала наўколенцах, ледзь-ледзь жыў. Ён быў такі немачны, што не мог запаліць нават жмуток сухога сена, які трымала на ім дзяўчына. Амаль прыпаўшы тварам да агеньчыка, нібы ў паклоне, старалася вярнуць Ганна яму жыццё, дзьмухала, падтрымлівала, а ён тлеў усё слабей. Дзяўчына была ў адчаі.

- Дай я!

Васіль стаў наўколенцы поруч з ёю. Яна крыху адсунулася, але не адышла. Так яны некалькі хвілін і ляжалі, плячо каля пляча, намагаючыся ажывіць агеньчык, што канаў. Шчаку Васіля казытала пасма яе валасоў, незвычайна блізкая, але ён не адхіляўся. У яго быў адзін клопат, адзін непакой.

Агеньчык патух. Ганна ўстала, уздыхнула. Стала чуваць, як гудуць камары.

- Нічога. Я пайду пазычу вугольчык... - прамовіў суцешліва Васіль.

Вакол у розных месцах свяцілася ў цемры некалькі агнёў. Ён выбраў самы блізкі і хутка нацянькі пакрочыў на вясёлы гэты бляск. Каля агню ўкруг сядзелі стары Глушак Халімон, празваны па-вулічнаму Карчом, - сухенькі, няголены, - фарсісты Карчоў сын Яўхім і іх парабак, малады рабаваты хлопец з-за Прыпяці.

Вячэралі.

Васіль павітаўся.

- Што скажаш, чалавеча? - лагодна, сціпла сказаў стары.

- Вугольчык пазычце...

Яўхім устаў, плюнуў на далоні, прыгладзіў чуб. Фарсун, ён і тут ужо быў у крамным пінжаку, у ботах.

- Свой трэба мець!

- А вам шкода?

- Шкода не шкода, а трэба мець! Цяпер жа ўласць усё для такіх стараецца!..

- Яўхім! - адгукнуўся строга, нават грозна, бацька, папярхнуўшыся куляшом. Стары Глушак лагодна зірнуў на Васіля. - Бяры, чалавеча!.. Ён смяецца...

- Не, я - сур'ёзно. Аб етым унь напісано ў «Беднаце»...

- Яўхім! - павысіў голас стары Корч. Пасля паўзы ён запытаўся строга: - Ты куды?

- Да Аўдолі-салдаткі. Ці то - чырвонаармейкі?

Парабак засмяяўся.

- Як ты кажаш бацьку! - пачырванеў Глушак.

- Ну, куды? - Яўхім павёў плячамі. - Ну, пайду, пашукаю весялейшай кумпаніі!..

- Глядзі, недалёко. Штоб на бандзітаў не нарвацца! Чуў я, у Мокуці ўчора булі...

- Не нарвуся!

Нёс вугольчык Васіль голымі рукамі - перакідваў з далоні ў далонь, нібы гуляў. Чырвонае вочка весела бегала ў цемры.

Часам прыпыняўся і дзьмуў на агеньчык, каб не гас. Калі прыбег да Чарнушкаў, там адразу зрабілася клопатна. Ганна хутчэй падала жмуток сухога сена, схілілася разам. І зноў яе пасма казытала яго шчаку, але цяпер гэта не толькі не замінала, а было нават дзіўна прыемна яму. Яны разам дзьмулі на вугаль, на сена, і гэта таксама было прыемна.

Яшчэ больш прыемна стала, калі вугаль падпаліў сена і ўскінуўся жвавы агеньчык. Хведзька, які бегаў каля іх, хутчэй паспрабаваў сунуць галіну.

- Куды ты такую! Дурны, і дурны ж ты! - Ганна адпіхнула галіну і чамусьці засмяялася.



4

Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады.

Ганна памыла ў блізкай ямцы бульбу, насыпала ў кацялок і хацела паставіць яго пры агні, але Васіль перабіў:

- Давай я ралцы зраблю!

Ён, стараючыся не траціць паважнасці, па-мужчынску стала пакапаўся ў ламаччы, што было каля вогнішча, выбраў дзве дубовыя голькі, выразаў з іх ралцы і ўткнуў у зямлю. Зрабіўшы перакладзінку, паспрабаваўшы яе моц у руках, узяў у Ганны кацялок і павесіў над агнём.

- Так лепей, - прамовіў Васіль пад канец.

Ганна прамаўчала, але ў яе маўчанні ён пачуў згоду. Для Васіля гэта было ўцехай. Яны сядзелі адно супраць аднаго, глядзелі на ваду, што пачынала кружыцца, зацягвацца белай малочнай плеўкай, і хоць не гаварылі ні слова, дзіўна разумелі, чулі адно аднаго. Між іх жыла незвычайная лагода і добрая згоднасць. Не ўмаўляючыся, узялі яны кожны сабе абавязак і глядзелі яго: Ганна здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча, каб вогнішча не спадала. Пакуль варылася бульба, ён з Хведзькам некалькі разоў схадзіў у лес, падбавіў галля і толькі тады, калі запас быў зроблены добры, зноў сеў перад агнём.

Калі Ганна, зліваючы ваду, папрасіла яго вячэраць, Васіль, ад звычкі, якой трымаліся амаль усе ў Куранях, ад прыроджанай схільнасці да адзіноты, усё ж хацеў быў адмовіцца.

- Я пад'еў ужэ.

- Калі ты там еў! - як гаспадыня, запярэчыла яна. - Садзіся. Нядобра без гарачаго!..

Васіль паслухаўся, але без ахвоты. Ён прынёс ад свайго воза паўкаравая хлеба, брусок сала і жменю зялёнай цыбулі, паклаў перад Ганнай на хустку.

Вячэралі маўклівыя, насцярожаныя, нязвыклыя да такой, нібы сямейнай, блізкасці. Абдзіраючы ліпкую шкурку з бульбін, Васіль хмурыў лоб і ўсім сваім выглядам паказваў, што ён зусім не бянтэжыцца, што яму ведама, як належыць у такім разе трымацца мужчыну, але вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы.

Толькі адзін Хведзька, мусіць, не зважаў ні на што: душачыся гарачай бульбай, прыкусваючы салам ды цыбуляю, выбіраў з кацялка бульбіну за бульбінай. Ён першы адступіўся ад кацялка.

Услед за ім выцер рукі аб штаны і Васіль.

- Шчэ еш, - сказала Ганна. - Ты ж не пад'еў.

- Не, хопіць...

- Нясмачная, можа, картопля?..

- Картопля як картопля...

Ён сапраўды не заўважыў, смачная ці нясмачная была гэтая бульба. Не да таго было. Ён нават быў рады, што гэта дзіўная, цяжкая вячэра скончылася. Падумаў, што сказаў, напэўна, нядобра, што трэба было б пахваліць бульбу. Але хваліць бульбу - гэта значыла хваліць і Ганну, а ён ніколі ў жыцці нікога не хваліў, тым больш дзяўчат. Гэтага ніхто з мужчын не рабіў.

Як мог стрымана, паважна, як і належыць мужчыну, Васіль падзякаваў.

- Няма за што, - адказала Ганна.

Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба.

- Пагода павінна буць!..

Ён хацеў быў ужо ісці да свайго воза, але Хведзька папрасіў:

- Дзядзечко, вы з намі застаньцеся!

Васіль нерашуча стаў. Ганна брала хустку, маўчала. Васіль кінуў на яе насцярожаны позірк.

- За Гузам глядзець трэба...

Ганна адгукнулася:

- Яго і адсюль відаць...

- Адсюль не так.

Ён намерыўся ісці, але Ганна, зразумеўшы гэта, ускінула на яго вочы, ціха, спалохана прызналася:

- Мне страшно...

- Чаго ето?..

- Бандзіты раптам аб'явяцца...

Яе шчырае слова, просьба ўразілі яго, адразу размякчылі ганарыстае мужчынскае сэрца. Такой просьбе ён не мог адмовіць. Сказаў, што застанецца. Прайшоў толькі да каня, паглядзеў, як трымаюцца путы, забраў з воза світку і зноў вярнуўся да вогнішча.

- Васіль, - сказала раптам Ганна дзіўна, нясмела і вінавата, - ты, мабуць, сердзішся... што я пасмяялася... Пра вочы і пра валасы - розныя...

Васіль нахмурыўся, прамаўчаў.

- Ты не сердзіся. - Яна пашкадавала. - Як што за язык цягне мяне - каб цябе зачапіць! Але ты не сердзіся! Я - не ад зла на цябе...

Неяк не хацелася верыць таму, што чуў. Усё чакаў, што выкіне што-небудзь зноў. Але не, не зарагатала. Пад канец дык проста збянтэжыла Васіля, аж пачырванеў.

- А што вочы такія ў цябе - дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты - харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!

- Е чаго пагарджаць ці баяцца.

- Ну, а так здаецца!..

Памаўчалі. Ганна стала ладзіць Хведзьку і сабе пасцелю. Хутка яна, абняўшы адной рукой брата, другой адбіваючыся ад камарэчы, ляжала каля вогнішча, а Васіль яшчэ сядзеў, праз меру ўважліва пазіраў на агонь. Было вельмі радасна ад таго, што яна сказала пра кпіны свае і пра яго вочы. І ўжо як і не было злосці на яе. Была толькі радасць і турбота, якая мяшалася з гэтай радасцю і з якой невядома што было рабіць. Усё-такі класціся тут, каля Ганны, хоць яна і прасіла, было не проста, няёмка.

- Дзядзечко, а вы чаго седзіце? - не ўтрываў нарэшце Хведзька.

- Не хочацца нешто спаць...

- А ты ляж, паспрабуй... Заснеш, можа... - параіла Ганна.

Васіль стаў ладаваць світу на другі бок вогнішча, але Хведзька - вось жа зараза! - папрасіў:

- Сюды ідзіце, бліжай!

Васіль, каб не падумалі чаго-небудзь непатрэбнага - што ён баіцца Ганны, напрыклад, - перанёс світу бліжэй.

Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную. Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён толькі прыкідваўся, што спіць, але сон не ішоў да яго. Расплюшчваючы вочы, бачыў Васіль з-пад світы, як ападаў, гас агонь, як сівелі вугольчыкі, бачыў у парадзелай цемры воз і каня непадалёк, які час ад часу пырхаў, бачыў, як пануе далей белым возерам туман. І ўсё, што ён бачыў, было дзіўна сагрэта Ганнінай блізкасцю, яе стомленым дыханнем, якое ён слухаў, нечым цёплым, невыказным, незразумелым, што паявілася ў гэты вечар, што бянтэжыла яго і ад чаго аж млелі перапоўненыя радасным чаканнем грудзі.

Але змора нарэшце ўзяла сваё.

Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.

- А хітра прыладзіўся, Дзятлік! - падміргнуў Яўхім. - Такі нібы варона, а як да дзеўкі - не промах!

Васіль спасцярожліва азірнуўся на Ганну - яна ўжо не спала, усё чула, - і губы яго задрыжалі ад гневу.

- Адыдзі ты!..

Яўхім дабрадушна ўсміхнуўся.

- Не бойся, не адаб'ю. Такога цвету - па ўсяму свету!

Ганна едка адгукнулася:

- Чаго не ясі, таго ў рот не нясі! Шчасце якое! Патрэбен ты мне, як хата сабаку!

- Патрэбен не патрэбен, а, мабуць, не адмовіла б!

- Малы жук, ды - вялікі гук!

Яна сказала гэта з такой абразлівай насмешкай, што Яўхім адразу не знайшоў, што і сказаць. Не зважаючы на яго, Ганна папрасіла Васіля ласкава:

- Я хутка паснедаць чаго зраблю. Прыходзь. Добра?

- Добра...

- Ну, язык Бог даў!

Яўхім плюнуў, павёў плячом і ляніва пацягнуўся да свайго табара.



РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1

Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, - сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.

І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»

Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце - у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!

Глядзелі на Ганну, разважалі і - за малым выключэннем прыдзір з жанок - згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках - асабліва жанкі - успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча - дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая - худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.

Іншы раз языкі жанок - прыдзір ці зайздросніц - меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым - нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі - Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было - крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць - маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!

Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, - стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, - стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, - смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. І глядзела яна інакш, - нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер'е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах.

Амаль усе куранёўскія цёткі і дзядзькі згодна лічылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай і - аж залішне задзірыстай. Не аднаму ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд...

Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яны і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..

Васіль не прыглядаўся асабліва, не перабіраў, не вымяркоўваў. Ён быў для гэтага вельмі ж здзіўлены, зачараваны. Жылі побач, бегалі з другімі на выган, пасвілі жывёлу, колькі гадоў бачыў між іншых і не ведаў, не здагадваўся, хто такая Ганна. І нечакана пасля вечара на лузе адкрылася ўсё, і, убачыўшы, адчуўшы такое, збянтэжаны, уражаны, стаў як сам не свой. Свет як бы перайначыўся адразу.

Ён быў цяпер поўны цудаў і радасці, незвычайны свет, - і ўсе цуды і радасць у ім тварыла Ганна. Адны яе рукі, пераплёўшыся пальцамі з Васілёвымі, маглі рабіць яго многія ночы шчаслівым. Калі яна паслухмяна тулілася, яго поўніла дзіўнае, незразумелае і невыказна харошае тамленне ў грудзях. Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш - нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя дзякуючы ёй. Калі яна была побач, радасць, шырокая, бязмежная, жыла ў ім, ва ўсім, што акружала іх. У гэтай радасці ночы не плылі, а ляцелі, і світальныя зоры прыходзілі заўсёды вельмі рана. Цэлымі днямі, што б ні рабіў, Васіль зачаравана ўспамінаў Ганну, думаў пра Ганну, шукаў вачыма Ганну, чакаў ночы спаткання з Ганнай.

Час быў не для кахання - гарачы жнівеньскі час. Людзі ўставалі раней за сонца, вярталіся ў сяло ўпоцемку. Павячэраўшы, куранёўцы адразу валіліся спаць. Кароткія яшчэ ў жніўні ночы, вечар ледзь не сустракаецца са світаннем, а трэба даць уціхнуць зморы ў руках, у нагах, учыгунелай спіне, адпачыць целу ад едкага поту. Васіль жа, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бачыў адно жардзяны плот каля Чарнушкавага агарода, дзе стаялі першы раз, калі яшчэ не асмельваўся ўзяць Ганну за стан, і дзе з таго вечара стаялі ўсе ночы.

Як заўсёды, спяшаўся і ў гэты вечар. Сербануў некалькі лыжак гурочнага расолу, схапіў гурок, каб даесці ў дарозе, ускочыў з-за стала. Маці, амаль нявідная ў душным хатнім змроку, з другога боку стала параіла:

- Вазьмі шчэ. Ці от рэдзькі ўкусі...

- Наеўся ўжэ...

Васіль варухнуўся, нібы адганяючы стому, пачуў, як ные натруджаная за дзень спіна, млосна падгінаюцца ногі.

- Не баўся вельмі... - не ўтрывала, папрасіла ўслед маці.

Зачыняючы дзверы, чуў, як уздыхнула. Спачатку, калі ўсё толькі пачалося і не ведала яшчэ, што з сынам, пыталася, куды ідзе, раіла лепш дома астацца, адпачыць, потым па шчаслівым Васілёвым твары, па гаворках жанчын зразумела ўсё, адно ўздыхала ўслед...

Васіль саскочыў з ганка і на момант стаў, думаючы, дзе ісці, вуліцай ці гумнамі. У іншыя дні хадзіў паўз гумны, каб не сустракаць нікога, не бавіцца марна, сёння прыпазніўся, пакуль завёў каня на ўзболатак, - можна ісці і вуліцаю. І на вуліцы цяпер нікога.

Усё ж падаўся на прыгуменне, звыклаю сцежкай. Мінуўшы чорнае гуменца, што пахла старою гніллю і сухім, свежым жытам, па загуменнай дарозе ўжо не ішоў, а бег, вясёлы і нецярплівы, да знаёмых, цяпер такіх мілых груш ускрай сяла.

Яшчэ зводдалек заўважыў, што Ганна ўжо чакае. Прытулілася да кала, ціха стаіць каля плота. У цемры постаць яе ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць, але Васіль ведае: гэта яна. Хто ж яшчэ можа быць тут, на іх запаветным месцы?

Яна адхінулася ад плота, прамовіла:

- Вельмі ж ты хапаўся!

- Вельмі, - не адразу зразумеў ён.

- Яно і відно: пеўні скора заспяваюць!

- Гуза на ўзболатак вадзіў...

Васіль разумее, што апраўданне гэтае ніяк не апраўдвае яго, бачыць, што вінаваты.

- Другі раз няхай Прося гарбатая цябе столькі чакае. А я не буду...

Васіль і не апраўдваецца, і не просіць, каб не злавала. Ён не ўмее прасіць. Так яны і стаяць спачатку, блізкія і далёкія, стаяць і маўчаць, адзін вінаваты, а другая - пакрыўджаная. Васіль няёмка корпае пальцам жэрдку, адкалупвае кару, Ганна хоць бы зварухнулася.

Недзе на другім канцы завялі сумную песню, мусіць, сабралася купка моладзі. Песня хутка сціхла, знянацку віскнула дзяўчына, якую ўшчыкнуў ці паказытаў гарэза хлопец.

- Алена Зайчыкава, мабуць, - першая гоніць цягучую маўклівасць Ганна.

- Мабуць, Алена...

- От, любіць вішчаць... Шлакоткі страх як баіцца!.. - Яна раптам упікае: - А вы ўжэ і рады!

- Я што?.. Трэба яна мне, як леташні снег!..

- Мабуць, трэба.

- Ды я каля яе ніколі і блізко не сядзеў.

- Не брэшаш?

- От шчэ!.. Хрысціцца хіба!..

Васіль адчувае, што Ганна ад гэтых яго слоў мякчэе. Ён, праўда, яшчэ з асцярогай, бярэ ў сваю яе цёплую руку - Ганна не адбірае. І Васілю становіцца радасна, да яго зноў вяртаецца шчасце, вялікае, неабсяжнае, - здаецца, шчасцем гэтым напоўнены не толькі Васілёвы грудзі, а і ўся ноч, уся цёмная, духмяная цішыня, што дрэмле над Куранямі.

Усё здаецца добрым, радасным, - нават старыя, патрэсканыя, дзе-нідзе аблезлыя, без кары жэрдкі, за плотам - гарбузнік, упарты хвост якога ўзлез поблізу на кол. Далей на агародзе - сярод гарбузніку, градак з агурочнікам, пахучым кропам і кіяхамі - няпэўныя ў змроку абрысы груш, як вартавыя ў балахонах. Грушы то маўчаць, то шалясцяць, шэпчуць між сабою, як даверлівыя сяброўкі, шэпчуць, вядома, аб шчасці згоды, аб цеплыні рук дзявочых, аб гарачых юнацкіх поцісках.

- Рукі якія ў цябе... - здзіўляецца Васіль.

- Якія?


- Малыя. А дужыя...

- Шурпатыя, - ціха гаворыць Ганна. - Як граблі...

- Не...

- Недалікатныя...

- Далікатныя, то ж у дзяцей...

- У гарадскіх дзевак, кажуць, мяккія, гладзенькія. Як падушачкі.

- Ведамо, чыстая работа... Не з віламі...

Яны зноў маўчаць, але маўчанне гэтае радаснае, чыстае, ад яго весялосць у грудзях шырыцца. Прыціскаючы да сябе Ганніны рукі, Васіль нарэшце гаворыць:

- Ты, мабуць, б'ешся балюча...

- Баішся? - лагодна смяецца Ганна і дадае: - Я злая, як што не па мне! Хведзька аж дзіво як баіцца!

- А я дак - не баюся...

- Глядзі, які смелы стаў! Герой!

- І цябе, і языка твайго... усё адно...

- Уга, смелы!

Жартам сваім Васіль хавае дзіўнае жаданне, якое даўно не дае спакою: чамусьці вельмі хочацца пацалаваць яе. І, разважыўшы, быццам нічога асаблівага, не вялікі страх, а не можа Васіль асмеліцца. Не было яшчэ ніколі такога, маці і то, як помніць, не цалаваў. Калі толькі падумае, што зараз пацалуе Ганну, ніякавата робіцца, адразу сорамна і трывожна, але неадчэпа-спакуса, ліха на яе, не адыходзіць, нават з часам мацнее. У другіх хлопцаў гэта вельмі проста. Хоня-гарэза - той і на танцах, пры людзях, бывае, пацалуе, і яму хоць бы што!

А Васілю цяжка. У яго ўсё выходзіць няпроста.

- Ой, не цісні так пальцаў! - просіць Ганна.

- Я ж не вельмі...

- Не вельмі! Аж трываць няможна!..

Васіль адпускае яе рукі. Доўга пасля гэтага стаіць ён моўчкі, тоячы ў душы крыўду. Падумаеш, якая далікатная, трошачкі ад душы пальцы паціснуў, а яна ўжо трываць не можа! Не хоча, ну і не трэба! Ён і зусім можа за рукі не браць! І не возьме.

І так не ў меру для сябе пагаварыўшы перад гэтым, адасоблены ў думках, ён маўчыць доўга. Маўчанне, як і раней, яго, аднак, не бянтэжыць, Васіль яго нібы і не заўважае. Ён і то аж дзіва гаваркі з Ганнай зрабіўся, другія, бывае, з яго слова не выцягнуць. Васіль не ахвочы да пустой гаворкі.

Шумяць, шапочуць грушы. Недзе зайшоўся брэхам сабака, яму падсабіў другі. Сабакі хутка ўціхаюць, і ўжо зноў толькі грушы шумяць...

Васіль маўчыць, не зважаючы на тое, што Ганна пачынае неспакойна варушыцца, паглядвае на яго з нецярплівасцю.

- Гляджу я на цябе і думаю... - кажа Ганна і знарок змаўкае.

- Што?

- Кавалер з цябе вясёлы!.. Усё адно як вада ў роце!



Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

- Скажы што-небудзь!..

І ў Васіля ад гэтай яе добрай шчырасці гатовая ўзняцца крыўда ўраз ападае. Ён, падвесялелы, думае, шукае, што ёй сказаць.

- У Карча вараны жарабец нагу на цвік насадзіў... Кульгае... Корч ездзіў у мясцечко па дохтара...

- Аге, я яго бачыла. Ён вёз яго ўжэ пад вечар...

- Пад вечар...

- Ну, то бачыла. Стары сам, як грак, сядзеў з пугай... І што - будзе ён бегаць, жарабец той?

- Кажуць, будзе. Але, мабуць, папарваў на сабе валасы стары Корч... пакуль супакоілі, - са злой радасцю дадаў Васіль.

Ганна неспадзеўкі прамовіла:

- Ты бо зайздросціш?

- Я? Не... - асекся Васіль. - Е чаго!

Ён зноў змоўк, і, можа, надоўга б, але раптам успомніў важную навіну, якую пачуў днём на полі.

- Кажуць, землю нанаво перарэзваць будуць!

- Аге ж, і я чула. Жанкі на выгане гаварылі...

- Добра б. А то некаторыя - расселіся, як паны. Усё лепшае пахапалі!..

- Мабуць, праўду кажуць. Парадкі цяпер такія, што могуць перадзяліць па справядлівасці.

- Корч які кавалак адхапіў! Каля цагельні!.. А другім - дак пясок ці балото!

- Зямлі мало, душацца людзі...

Васіль думаў узрушана, недаверліва.

- Не дадуць яны перамераць! Гады такія!..

- Хто?

- Багацеі! - Але не вытрываў, сказаў горача, як мару: - Штоб мне - у тым ражку, што за цагельняй! Я б паказаў!



- Ахвотнікаў багато на тое...

- Аге, ухопіш за імі...

Неспадзеўкі блізка прарэзліва кукарэкае певень, і Ганна азіраецца, заўважае, што неба на ўзболатку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Яна адхіляецца ад Васіля, заклапочана перавязвае хустку.

- Развідняе ўжэ. Ісці трэба...

- Шчэ трохі...

- Не. Мачыха хутко ўстане...

Абдымаючы яе на развітанні, Васіль з рашучасцю, блізкай да адчаю, думае: ці цяпер, ці ніколі! Ён заплюшчвае вочы і прыкладвае губы да Ганнінага твару, пацалунак трапляе ў скронь. Учыніўшы гэта злачынства, ён апускае галаву і чакае прысуду. Ганна таксама стаіць апусціўшы галаву.

- Васіль, - ціха кажа яна, як бы перасільваючы сябе. - Ты мяне любіш?

- А як жа...

- І я...

Яна звешвае галаву яшчэ ніжэй, потым неспадзеўкі ўскідвае яе, і Васіль бачыць, што вочы яе, цёмныя, глыбозныя ў блеклым ранішнім святле, радасна блішчаць. Яна раптам абвіла Васіля моцнымі рукамі, прытулілася ўся і з нейкай урачыстасцю, сур'ёзнасцю, з выразам чалавека, які ведае ўсю глыбіню бездані, у якую кідаецца, прыпала сваімі вуснамі да яго.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка