Іван Мележ Людзі на балоце Раман з «Палескай хронікі»




старонка16/24
Дата канвертавання30.04.2016
Памер4.75 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   24

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

1

Калі паснедалі, мачыха не загадала Ганне, як звычайна, прыбраць са стала, не ўсхапілася і сама. Сядзела заклапочаная, нават нібы больш, як заўсёды, важная, чагосьці чакала. Але бацька маўчаў, глядзеў на край стала, не бачачы ні стала, ні мачыхі, нікога. Бацька заклапочана думаў.

Заклапочанасць і нейкая асаблівая сур'ёзнасць, важнасць была на тварах усіх дарослых Чарнушкаў. Яна кінулася ў вочы нават Хведзьку, які вылез з-за стала надзіва ціха, знік з хаты так, што яго ніхто і не заўважыў.

- Уюноў сушаных нізак дзесяць будзе... - падумаў нарэшце ўголас бацька.

- Хунты тры ці набярэцца... - сказала мачыха.

- Усё-такі грошы... - Чарнушка пашкадаваў: - Грыбы сушаныя еты год, кажуць, не ў цане...

- Чарніц можно. Прося гаварыла, той раз іх вельмі куплялі. Два нейкія купцы з самога Мозыра прыязджалі...

- Картоплю на бровары бяруць. Толькі што, грэц яго, дзешаво...

- Трасцу ім! Лепей у Нароўлю з'ездзі!

- А ў Нароўлі не тое - там дак грошай насыплюць?..

- Насыпаць не насыплюць, а болей дадуць.

- Аге! Дадуць, спадзявайся!.. - Бацька пашкадаваў: - Кабанчык малаваты шчэ. Месяцы б шчэ тры пакарміць... і цяліца...

- На адзін дзень не хопіць... Умэнт змелюць усё, як да стала дападуць!.. - У голасе мачыхі чуўся страх.

- Карова добрая була б...

Па тым, як гаварылі яны пра кабанчыка і цялушку, Ганна здагадалася, што рэзаць іх дамовіліся ўжо раней, можа, учора ўночы, калі яна была на двары, цяпер бацька проста адгукнуўся на ранейшую гаворку.

- Як у прорву, ядзяць! - не магла стрымацца мачыха. - То ж на змовінах адных - сколькі расходу далі! Куды толькі, здаецца, падзелася! Ведамо, чужое!

- Усе ласы на чужыя каўбасы...

- Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі - сарамата! Зяць такі!..

Бацька не адгукнуўся на гэта, думаў аб нечым затоена, заклапочана. Ужо сабраўшыся выходзіць, сказаў мачысе:

- Ты масла збі к нядзелі, колькі можно. Мо з яго толк будзе...

- Саб'ю...

Гаворка аб тым, як узбіцца на капейку, што трэба зрабіць к вяселлю, зноў пайшла, калі сышліся абедаць. Цяпер у Чарнушкаў, здавалася, усе толькі і думалі і меркавалі, што аб недалёкім вяселлі, якое ўнесла ў хату столькі рознага клопату. Прыбіраючы са стала посуд, Ганна чула, як мачыха бедавала: колькі трэба ўсяго - смажанага, прэжанага, мяса, сала, яечні, каржоў, коржыкаў, аладак.

- Гарэлкі кеб нагнаць - завод цэлы трэба!

- Гарэлкі будзе. Етаго дабра нараблю...

- Наробіш! Глядзі, кеб міліцынер не нарабіў табе! Як наскочыць Шабета, будзе табе гарэлка!

- Не наскочыць!..

- Не дурны ён - будзе цяпер каля тваёй восеці ацірацца.

- Ён не дурны, і я таксамо. У такую глушыну апарат запратору, што сам Міця-ляснік, грэц яго, не знойдзе.

Міця-ляснік - горкі куранёўскі п'яніца - ведаў усе патаемныя схованкі самагоншчыкаў: дзе б хто ні гнаў, Міця знаходзіў, заяўляўся глынуць першаку. «На сто вёрст чую, дзе самагонкаю пахне», - выхваляўся ляснік.

- Не кажы «гоп», не пераскочыўшы! - сказала мачыха бацьку. Потым параіла: - Трэ пляшкі дзве гарадской. Калі хто чужы, бувае, прыткнецца.

- Вып'е і нашай! Цяпер паноў няма! А што самагонка - хто яе не гоніць! - Бацька не даў мачысе пярэчыць. - Трэ от падумаць, як маладую нашу прыбраць!

Ён паглядзеў на Ганну, якая пры гэтых словах перастала выціраць стол.

- Чаго тут думаць? Адзенем... Перад жаніхом сорам не будзе!

- Жаніх жаніхом, а і кеб перад самімі сорам не було. І перад людзьмі... Кеб і адзета, і абута була як трэба. Што купіць, пашыць, трэба падумаць.

- Спадніцу новую справіць трэба, паддзёўку пашыць... Паддзёўку можно з таго, што я летась наткала. Са свайго можно... І на спадніцу е што ўзяць. Не купляючы...

- Спадніцу няхай са свайго, а на кохту купіць трэба! - горача абазвалася Ганна.

- Е ж кохта - чырвоная, аж заглядзецца!

- Дак працерлася на локці! Латаная! Самі ж знаеце!

- Кохту трэба новую. Крамную.

- Ну, няхай! Трэба дак трэба! Я што, я - хіба супроць? Хіба я не хочу, кеб як найлепей! Яна ж таксамо, сказаць, маё дзіця. Я толькі кеб расходу меней...

- Расход расходам, а кохту трэба новую...

- Трэба дак трэба! Можно і чаравікі новыя справіць, і хустку! Хустку дак канешне купіць трэба! І не абы-якую, а кашаміравую, з кветкамі!

- Хустку трэба. А чаравікі добрыя і тыя, што ад маткі засталіся. Шчэ і дзецям будзе, якіх народзіць!

- Чаравікі добрыя, лепшых і не трэба. - Ганна кінула позірк на бацьку. - У Нохіма надысь перкаль бачыла белы... Дзяшовы...

- Ну, дак і купім яго. І к Годлі занясем пашыць!.. От толькі картоплі б прадаць ды на кірмаш з'ездзіць. Кеб капейка була.

Гэтым спрэчка пра кофту і скончылася.



2

Праз дзень Чарнушка завёз воз бульбы аж за Прыпяць, у Нароўлю, а ў нядзелю стаў выпраўляцца ўжо ў Юравічы, на кірмаш.

Ён устаў яшчэ да ўсходу позняга ў гэту пару сонца, запрог каля павеці каня, вынес адну за адною дзве звязаныя авечкі, прывязаў у задку воза да ручак. Калі пад'ехаў да хаты, жонка пачала з Ганнай зносіць і ладаваць у возе тое, што было падрыхтавана на кірмаш. Нізкі сушаных грыбоў, уюны, густа начапляныя на дубцы, лутавая каробачка з сухімі чарніцамі, гаршчок з маслам - усё клалі ў сена, загортвалі, рыхтавалі к дарозе.

Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку.

- Ну, от можно і выпраўляцца, - сказаў бацька і стаў адвязваць лейцы.

Мачыха павярнулася к Хведзьку, які хмурна сачыў з ганка за ладункам к дарозе, - яго не хацелі браць, пакідалі дома аднаго, за вартаўніка і гаспадара:

- Дак глядзі ж, кеб з хаты нікуды! І ў хату нікога чужога - зачыніся і не пускай! І - барані Бог з вугольчыкамі балувацца!

- Не б-буду!.. - Хведзька ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

- Дазнаюся, дабра не чакай! Шкуру спушчу!.. - Мачыха загадала напаследак: - Ідзі ў хату і зачыніся!

Хведзька неахвотна, расчаравана падаўся ў сенцы...

Ехалі ўтраіх: ззаду на коўдры бацька і мачыха, спераду, звесіўшы ногі цераз драбінку, Ганна. Конь цераз сяло бег трушком, парыпваў гужамі, калёсы часта і дробна сакаталі на мёрзлай зямлі. На вуліцы было цёмна, толькі дзе-нідзе цьмяна, варухліва выглядвалі вокны. Гэта былі водсветы ад агню ў печах. За сялом абхапіў іх з усіх бакоў адзін змрок; цёмная дарога, цёмнае поле, чорныя паскі лесу, якія каля балота падышлі ўсутыч, сціснулі з двух бакоў і не выпускалі да самых Алешнікаў.

Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй перабраліся без асаблівага страху. На алешніцкім полі змрок стаў паволі радзець, адыходзіць, а калі выбраліся на шлях, пакацілі між радоў згалелых рослых бяроз, няяркае і негарачае сонца зачырванела ўжо ў дымным, як бы туманным небе.

- Базар, мабуць, будзе непаганы... - прамовіў бацька, бачачы, што калёсы на Юравічы цягнуцца і наперадзе і ззаду.

- Паганы ці непаганы - будзе відно, калі паедзем дадому, - асцярожна зазначыла жонка.

Неўзабаве ўехалі ў лес, невялічкі і голы, але цудоўна прыгожы нават у гэтую пару: нібы спрачаючыся адзін з адным, уздымалі высока ў неба, магутна раскідвалі ў бакі крывое голле асілкі-дубы і вязы.

- Унь там наша поле було. За Перавельскімі кругамі, - сказала мачыха.

Ад лесу пачыналася ўжо глінішчанскае поле.

- Зямля тут, мабуць, не тое што ў нас...

- Параўняў! Такой у Куранях і каля цагельні няма!

Ганна бачыла, што ў лесе там і тут тырчалі шырокія жылістыя пні, круглыя вярхі якіх былі чорныя, шэрыя, белаватыя і зусім белыя, свежыя, - і ёй стала шкада: столькі тут высечана ўжо гэтых дубоў і вязаў. Лес быў рэдкі - між дрэваў за недалёкім узлескам добра віднелася куп'істае балота.

За ляском зноў ціха, задуменна шумелі бясконцыя рады бяроз, тужліва, загадкава гаманілі правады. Яны гулі ўвесь час - і калі збоку адыходзіла дарога на Глінішчы, і калі мяняліся вузенькія, шэрыя, дзе-нідзе весела падзелянёныя рунню палоскі. Мусіць, ад гэтай загадкавасці і тужлівасці гулу правадоў Ганне рабілася таксама тужліва, станавілася шкада чагосьці вельмі добрага, дарагога, што, здавалася, назаўжды адыходзіла з дарогай.

Калі праехалі рудую грэбельку над вадавіцкім балотам, шлях пачаў паволі ўздымацца, і неўзабаве не так ужо і далёка забялела юравіцкая цэркаўка. Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую, бесклапотную згадку пра маленства. Даўно-даўно, дробненькай дзяўчынкаю ўбачыла яе ўпершыню - убачыла быццам незвычайнае, недасяжнае, дзівоснае. І з той пары, хоць ужо вырасла, пасталела, кожны раз, як убачыць зноў, той дзіўна чулы ўспамін нібы зноў вяртае чароўнасць маленства. Тады, першы раз, таксама ехалі на кірмаш. Які цудоўны быў ён ёй, той кірмаш! Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся, што конь не панёс, вір столькіх людзей на плошчы, салодкая боязь застацца адной без бацькоў, згубіцца. А вакол цуды цудныя: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, каснікі, белыя-прабелыя булкі, пернікі, абаранкі. Адзін абаранак прынёс ёй бацька - яна толькі трошкі паспытала і схавала за пазуху: шкада было адразу застацца без такога дзіва!..

Царква ўсё набліжалася. Вось падышла ўжо горка-гарбок, курган з бурай някошанай травой і маладымі дубкамі. Бацька, праязджаючы паўз курган, як і раней кожны раз, казаў:

- Разбойнік ляжыць... Асілак. Першы на ўвесь свет буў, казалі... Людзей перавёў - мільён!..

Мачыха трывожна перахрысцілася. У дарозе, далёка ад дому, яна заўсёды прыкметна гублялася, мякчэла і ціха, лёгка прызнавала бацькаву сілу і ўладу.

За курганам, за полем, перарэзаным крывымі маршчынамі яроў, абчэпленым там і тут кучарамі кустоў, купкамі дрэваў, узвышша, адчувалася, спадала ў нявідную шырозную лагчыну. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Ганна стала ўзірацца ў сіняватую смугу перад градою, выглядваць жаданую ясную паску, якая іншы раз на момант выблісквала з-за ўзвышша. Яна ўбачыла гэты цуд у той далёкі дзень, калі першы раз ехала тут. «Што ето?» - здзіўлена шмарганула яна бацьку за рукаў. Бацька абыякава павёў позіркам: «А, рэчка... Прыпяць...» Ганна аж ускочыла: «Прыпяць?» Прыпяць - рака-казка, легенда! Яна той раз і засталася легендаю, загадкавая Прыпяць, - бліснула на міг прамяністаю паскай і знікла, колькі ні ўглядалася Ганна, не паказалася зноў... Як тады, Ганне цяпер захацелася зноў убачыць знаёмую вясёлую паску, але ракі не было відаць: затуманеная далеч хавала яе.

Каля царквы бацька суняў каня, і ўсе злезлі з воза. Пачынаўся той самы, калісьці такі страшны, спуск у мястэчка.

Як заўсёды, бацька адчапіў вяроўку з задка калёс, прывязаў кола за спіцу да галавашкі, каб яно не круцілася. Беручы каня за аброць, загадаў жанчынам:

- Паддзержувайце калёсы!

Ён пайшоў наперадзе, трымаючы закілзанага каня за аброць так, што конь як мог задзіраў галаву, шчэрыўся жоўтымі зубамі і аж прысядаў на заднія ногі, прыпыняючы калёсы, што наязджалі на яго. Дарога была мёрзлая, гліняная са жвірам, і нерухомы жалезны вобад кола, які цёрся аб яе, аж вішчаў. Ён пакідаў за сабой роўную бліскучую стужку з белымі меткамі на каменьчыках.

- Чш! Тпру! Тпру-у... - супакойваў бацька каня.

Што гэта была за дарога - незвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! Паволі паварочваючы, яна ішла ўніз і ўніз, абрэзаная з бакоў двума глыбокімі раўчукамі, па якіх дажджлівымі днямі раўлі патокі вады. Разам з тым як дарога спадала глыбей і глыбей, абапал яе раслі і раслі горы з размытымі дажджом берагамі, з дрэвамі, што віслі, выстаўляючы карэнне. Уздымаючыся, горы ўсё больш і больш затулялі неба, здавалася, падпіралі яго - і кусты, і дрэвы, што раскідвалі галіны свае, як крылы, як бы збіраючыся паляцець, былі ўжо не на зямлі, а на небе.

Над самай высокай стромай гары тырчаў з пяску вялікі аблізаны камень, гатовы кожны момант рынуцца ўніз, і Ганне стала жудасна: а што, калі ён цяпер?

Але камень і на гэты раз не зваліўся. Як толькі праехалі пад ім, выглянула ў росступе гор крывая чарада местачковых хат, што сыходзілі з прыгорка, абступалі вуліцу. Дапаўшы да раўнейшага месца, непадалёк ад драўлянага дома на два паверхі, у якім была «воласць», бацька зноў спыніў каня, адвязаў кола, і далей паехалі ўжо на возе, з выгляду строгія, важныя, а ў душы нясмелыя, занепакоеныя: не сваё сяло, горад вялікі, чужына. Як і належыць, каня бацька сцебануў, пагнаў трушком, - уз'ехаўшы на брук галоўнай вуліцы, калёсы пакаціліся са страшэнным грукатам і ляскатам, пакуль не ўткнуліся ў чаргу вазоў, што цягнуліся к рыначнай плошчы.

На плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі - крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і кааперацыі, было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людскім возеры, здавалася, танулі, паказваючы адно дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы. Чарнушкі ўехалі ў гэтую мітусню, як у неспакойнае, шырокае разводдзе.

Справа, злева, наперадзе іх былі цяпер людзі, людзі - маладыя, пажылыя, зусім старыя, жанчыны і мужчыны - адусюль абкружалі іх світы, кажухі, каптаны, шапкі, апаноўваў шматгалосы гоман, бэльканне авечак, парасячы віск. Чарнушка, узняўшыся на коленцы, выгледзеўшы вольнае, зручнае месца, пакрыкваючы на тых, хто лез пад каня, стаў паволі праціскацца з Ганнай, з мачыхай, з авечкамі, з усім сваім скарбам на возе да прыпынку.



3

Калі воз спыніўся, мачыха сказала, што стаяць тут нядобра: не на віду, сюды мала хто і падыдзе, але Чарнушка заявіў на гэта:

- Каму трэба, той і ў чорта за пазухай знойдзе, - і, не раздумваючы, пачаў распрагаць каня.

- От, скажы ты, саранча-людзі! - не стала спрачацца, мірна паскардзілася мачыха. - Усюды захопяць дзе лепей! Ніколі не ўправішся за імі!

Яна зірнула на авечак - тыя ціха ляжалі сабе ў задку воза, ужо даўно звыкшыся з прывязкаю, страціўшы якую-небудзь надзею вырвацца на волю, - толькі вушамі ўздрыгвалі пры блізкіх воклічах.

- Вукапай усё, што ў сене, да раскладзі на коўдры!.. - сказала мачыха Ганне, абтрэсваючы з андарака травінкі. - А я пайду, колькі што каштуе, дазнаюся...

Пакуль Ганна ладавала на коўдры гаршчок з маслам, нізкі грыбоў, сушаныя ўюны, мачыха вярнулася расчараваная:

- Дзешаво ўсё, дзешаво!.. Дарам, можна сказаць, хочуць!..

Нейкі час усе ўтраіх стаялі моўчкі, сачылі за тымі, хто падыходзіў блізка, глядзеў на іх дабро. Сачылі па-рознаму: Ганна амаль абыякава, сумна-затоена; бацька спакойна, час ад часу папраўляючы сена, якое цягнуў мяккімі губамі конь; мачыха ж проста лавіла позіркі, нецярпліва маліла - вось гэты, вось гэты. Але, як на злосць, падышоўшы, амаль ніхто нават не пытаўся пра цану - прабяжыць вачыма па коўдры і адыдзе, як бы багацей які, як бы яму нічога не трэба. А калі запытаецца, то толькі так, для прыліку, бо сам нават не прыгледзіцца добра, а кідае позіркам ужо далей.

- От табе і добры базар! - не ўтрывала мачыха.

Яна, каб не тырчаць попусту, стала прыбіраць каля авечак.

- Ето шчэ не базар, - пераканана прамовіў Чарнушка. - Базар шчэ будзе!.. Купцы самыя шчэ чай дома п'юць...

Народу, і праўда, прыбывала: плошча запаўнялася вазамі, людзьмі ўсё гусцей і гусцей, станавілася ўсё цясней, рос шум, гоман, крыкі. Зусім блізка, каля суседняга воза, сталі таргаваць карову - жанчына, завязаная зрэбным шмаццём замест хусткі, і мужчына ў абношанай, абадранай свіце, напэўна, муж і жонка. Нясмела, неяк падазрона аглядвалі, абгладжвалі, мацалі рудую «рагулю», недаверліва слухалі другіх жанчыну і мужчыну, якія расхвальвалі свой скарб. Хваленне гэтае, было відаць, не толькі не ўлагоджвала «купцоў», але нават павялічвала іх недавер'е - яны слухалі і прыглядваліся да каровы ўсё з большай падазронасцю, а неўзабаве адступілі і зусім, пабраліся між людзей, пра нешта шэпчучыся...

Неўзабаве яны, з той жа недаверлівасцю, прыдзірлівасцю, разглядвалі, мацалі другую карову. «Купцоў» снавала ўсё больш і больш - шукалі, пыталіся, таргаваліся, ішлі далей - руху, гоману было хоць адбаўляй, але гандаль ішоў вельмі скупа, ва ўсякім разе, тут, дзе стаялі Чарнушкі са сваім возам. Усе прыглядаліся, пыталіся, і амаль ніхто не купляў. Ні Ганну, ні бацьку яе такое становішча ніколькі не здзіўляла - яны былі самі такія ж, як людзі, што снавалі перад імі, - някідкія, разважлівыя палешукі, ледзь не кожны з якіх сто разоў прыцэніцца, перш чым купіць. І чаго тут было здзіўляцца, калі прадаўцоў так многа, а грошай у «купцоў» лічаныя капейкі...

Не здзіўлялася і мачыха, толькі ж вельмі сумна было стаяць ёй ды чакаць попусту. І, нудзячыся, пакутуючы, злуючыся, яна як бы не магла ўжо бачыць, што чакае попусту, марнее не адна, што так жа марнеюць амаль усе. Бачыла добра яна толькі воз, які, нібы знарок, тырчаў перад вачыма і на якім завабліва чырванелі гаршкі, макатры, міскі - ёй так трэба добры гаршчок і хоць бы дзве міскі! Трэба, а купіць не купіш! Не бяруць нічога!

- Пакуль тут прадасі што-небудзь, ніводнаго не застанецца!

Трэба ж такое: там, як на ліха, ціснуцца жанкі, круцяць перад ёй недаступную чырвань гаршкоў, быццам дражняць.

- Застануцца! - абыякава сказаў Чарнушка. - Не етыя, дак другія!

Мачыха не магла ўтрымацца:

- Швэндаюцца, швэндаюцца - разявы! Толькі з панталыку збіваюць другіх! Тут хіба дабрацца з-за іх купцу!..

- Дабярэцца, калі паявіцца...

- Дабярэцца! Аге!..

Мачыха не верыла. Не верыла яна і тады, калі «купец» гэты нарэшце падышоў, хоць чула, што ён не разявака, што пытаецца, пачым уюны, не так сабе, купіць хоча. Яна ведала: уюноў блізка не прадаюць, заламала - паўрубля за нізку. «Купец» здзівіўся:

- Паўрубля?!

- А што ж? Дораго, можа?! - Яна прамовіла так, нібы гаварыла, - ды ці павернецца язык у каго-небудзь сказаць такое, - а сама са страхам сачыла, ці хоць не напалохаўся, не збіраецца адступіцца. Стараючыся не выпусціць, заспяшалася мякка і лагодна: - Вы ж паглядзіце, колькі іх тут, у адной нізцы! Бачыце, колькі! Я і палічыць не палічу! Столькі за цэлы дзень не набярэш! Яны ж, як забярэцца ў твань каторы, капай, капай, пакуль вукапаеш!.. Тут жа мяса таго - толькі што яны сушаныя! А мяса якое - ето не якая там смярдзючая рыба! Уюн!

- Уюн-то ўюн... - «Купец» яўна збіраўся адыходзіць.

Мачыха бачыла гэта: надзея гатова была вось-вось прапасці. Чарнушчыха з адчаем падалася да «купца»:

- Ну, добра! Дораго! А вы скажыце сваю цану!

- Па дзевятнаццаць...

- Па дзевятнаццаць?! Дык ето ж!.. Я ж вам і так, можно сказаць, за нішто аддавала! - Мачысе зноў трапіўся на вочы воз з гаршкамі. - Ну, няхай! Бярыце!.. Колькі штук?

Ён браў усе дзесяць нізак: хопіць, мабыць, і на гаршчок, і на дзве міскі! Павінна хапіць!

- Ешце на здароўе!

Ледзь чалавек адышоў, затульваючы нізкі рукавом паліто, мачыха, сціснуўшы грошы ў кулаку, хутчэй заспяшалася да воза з гаршкамі і міскамі. Яшчэ, здаецца, не позна, не ўсё прададзена. Толькі хутчэй трэба, ужо зусім мала астаецца! А жанчыны ідуць і ідуць!..

Яна вярнулася назад паспакайнелая, шчаслівая.

- От, прыдбала! - Мачыха пазваніла па гаршку сухімі костачкамі пальцаў, паслухала. - Гамоняць, як званы! Посуд дабрэнны, толькі што - дарагавізна!..

Абгарнуўшы міскі і гаршчок сенам, укладвала іх у возе так, каб, барані Бог, не разбіліся ці каб не ўкраў які-небудзь лайдак-злодзей, якіх тут бадзяецца процьма. Калі зноў пачала выглядваць «купцоў», заўважыла неспадзявана - у натоўпе паявіўся Яўхім. Ён ішоў з Ларывонам, павольна, штурхаючыся, з папяроскай на губе, паглядваў на ўсіх з задаволенай і задзірлівай усмешачкай - эх вы, людзі, мурашкі мітуслівыя, драбяза!

«П'яны? Ці так проста схмялеў? Малады, багаты... Удалы... Усё ўдаецца, абы захацеў... Зачапіць, мабуць, хочацца каго-небудзь, кеб паказаць... які ён?» Мачыха замахала яму рукой:

- Яўхімко-о!

Ён заўважыў Чарнушкаў, пайшоў да іх.

- Ну, як торг? - голасна, зухавата запытаўся Яўхім, акідваючы позіркам тое, што ляжала на возе. - Э, ды вы тут з авечкамі, няўрокам, баіцеся разлучыцца? - Ён зарагатаў.

- Не бяруць авечак, грэц яго, - спакойна сказаў Чарнушка.

- І не глядзяць, Яўхімко!..

- А мы думалі, што разлучыцца баіцеся! - падтрымаў Яўхіма Ларывон. Ён як бы чакаў, што і Ганна засмяецца на жарт, але ў той нават кончыкі губ не варухнуліся.

Яўхім стрымаў рогат. Глядзеў усё ж весела.

- Дак, кажаце, авечкі прадаяце? Дак чаго ж іх не купляюць? Купцоў - унь колькі!

- Ат! Купцы - сказаў!.. Разявакі ето, Яўхімко, а не купцы!

- Е разявакі. А е - і купцы! Трэба толькі ўмець знайсці іх! Ды зачапіць на кручок!

- Зачэпіш іх!

Яўхім раптам адарваў прыклееную цыгарку, кінуў пад ногі, рашуча сказаў прыяцелю:

- Ларывон, трэба купцоў знайсці на авечак!

- Ну, калі трэба, дак...

- Хадзем!

Зірнуўшы на Ганну, Яўхім спрытна павярнуўся і ўрэзаўся ў натоўп. Каршуковым позіркам азірнуўся, пашукаў, - штурхаючыся, адціскаючы ўбок тых, хто трапляўся на дарозе, рушыў з Ларывонам, які верна дыбаў услед, у мітусню між вазоў. На іх адварочваліся, лаялі іх, а яны і не азіраліся - вось прысталі да адной групкі людзей, паслухалі, да другой прыблізіліся...

Вярнуліся з гарадскім чалавекам у кароткай паддзёвачцы з заечым каўняром і ў пальчатках - спачатку ўдваіх: «купец» і Ларывон. Яўхім падышоў толькі пасля таго, як чалавек паглядзеў авечак і стаў прыцэньвацца. Падышоў, нібы незнаёмы, падміргнуўшы Чарнушкам, каб маўчалі, сур'ёзна, голасна запытаўся:

- Чые авечкі?

Ларывон адказаў:

- Ды тут ужэ е купец...

Яўхім грубавата штурхнуў чалавека, як бы адціскаючы яго:

- Мало што е! Мы паглядзім шчэ, хто лепшы купец!.. - Ён зірнуў на Чарнушку. - Вашы авечкі?

- Мае.


- Не лезь! - як бы зазлаваў Ларывон. - Тут ужэ е купец! Ён першы прыйшоў! Яго чарга - першая! Не сунься, чуеш! Не замінай!

- Першы - ды горшы! Ён год таргавацца будзе! - Яўхім, здавалася, хацеў што б ні было перахапіць авечак.

Ён нават палез рукой пад паддзёўку, як бы хочучы дастаць грошы. Але калі скоса зірнуў на «купца», убачыў расчаравана - той і не думаў хапацца браць авечак! Аддаваў сваё права Яўхіму не спрачаючыся, нават ахвотна! «Не зачапілі!» - падумаў Яўхім.

Не ўдалася гэтая выдумка і з другім «купцом», якога прывёў Ларывон, і толькі трэці - задзірысты кірпаносы вясковы хлопец у расшпіленым шынялі, - калі Яўхім нахабна ўлез у яго гаворку з Чарнушкам, абурана загарэўся:

- Авечак я напытаў!

- Мало што напытаў! Напытаў - не купіў... - Яўхім палез к Чарнушку. - Пачым прадаяце?

Хлопец, раззлаваны, адрэзаў:

- Я бяру авечак!

Ён ашалела выхапіў з кішэні гімнасцёркі кашалёк, стаў адлічваць акуратна згорнутыя рублі, важкія медзякі. Рукі яго, з крывымі, неспакойнымі пальцамі, непаслухмяна дрыжалі...

- Эх, дзешаво прадалі! - «пашкадаваў» Яўхім уголас. - Я болей даў бы!

Ён падміргнуў Ганне, якая сачыла за ўсім дзіўна сумна, і адышоў, быццам бы незадаволены. Аднак, як толькі хлопец у шынялі, ведучы ўжо сваіх авечак, адышоў ад Чарнушкі, ён вярнуўся да воза, гарэзна, голасна зарагатаў.

- Усё-такі адзін папаўся!

Мачыха, павесялелая, амаль шчаслівая, глянула на яго з захапленнем: вось жа малайчына, зух!

- От дзякуй табе, Яўхімко! Выручыў ты нас, выратаваў просто! Бо мы тут да вечара пратырчалі б! І то ці збылі б!

- Глядзець ніхто не хацеў! - згодна адгукнуўся Ганнін бацька.

Яўхім адказаў сціпла:

- Ат, чаго тут дзякуваць! Як чужому ўсё адно!.. Свае ж цяпер, сказаць, адна сям'я!..

- Свае. Праўда, Яўхімко!

Яўхім закаханымі вачыма зірнуў на Ганну.

- Дак мо пройдзем, паглядзім, дзе што робіцца?

- Аге! Ідзіце, ідзіце! - ахвотна падтрымала яго мачыха.

Ганна не пярэчыла: не толькі таму, што нявесце нядобра было б пярэчыць жаніху, свайму будучаму гаспадару, але і таму, што даўно хацелася ёй у людскую мітусню, якая, здавалася, таіла ў сабе столькі цікавага. Стоячы каля воза, яна бачыла так мала, ды і стаянне гэта надакучыла да ліха!

- Гануля!.. - Бацька адазваў яе ўбок, цішком, як вялікі дарунак, даў скамечаны, потны рубель. - Можа, захочаш купіць што-небудзь.

Ганна падзякавала, загарнула паперку ў насоўку, пад аховай двух дужых хлопцаў рушыла к другім вазам, у мітусню і гоман людскіх натоўпаў.


1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   24


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка