Источник: Старычонак, В. В. Ваенна-палітычная стратэгія зша канца XX – пачатку XXI ст. / В. В. Старычонак // Весці бдпу. – 2012. – №4, Серыя – С. 59–62




Дата канвертавання15.03.2016
Памер105 Kb.

powerpluswatermarkobject334112



Источник: Старычонак, В.В. Ваенна-палітычная стратэгія ЗША канца XX – пачатку XXI ст. / В.В. Старычонак // Весці БДПУ. – 2012. – № 4, Серыя 2. – С. 59–62.
Ключевые слова: адміністрацыя Б. Клінтана, знешняя палітыка ЗША, Стратэгія нацыянальнай бяспекі, выдаткі на абарону, тэрарызм, "Аль-Каіда", У. бэн Ладэн.
УДК 94 (73). «20/21»
Ваенна-палітычная стратэгія ЗША канца XX – пачатку XXI ст.
Адміністрацыя Дж. Буша-малодшага прыйшла да ўлады ў спрыяльны для ЗША час. Краіна перажывала эканамічны ўздым, быў прафіцыт дзяржаўнага бюджэту, на абарону выдаткоўвалася менш, чым на ахову здароўя і сацыяльнае абслугоўванне. У знешняй палітыцы Злучаныя Штаты дамагліся шэрагу важных для сябе вынікаў. Праз пашырэнне НАТА яны ператварылі шэраг дзяржаў Усходняй Еўропы ў сваіх сатэлітаў, пры дапамозе сілавога ўздзеяння здолелі ўключыць у сферу свайго ўплыву Боснію і Сербію, з дапамогай санкцый стрымлівалі Ірак і паспяхова праводзілі палітыку нераспаўсюджання ЗМП.

Тэракты 11 верасня 2001 г. жыхары ЗША ўспрынялі як катастрофу, якая ў адзін дзень разбурыла іх упэўненасць у спакойным і стабільным існаванні. Шырока распаўсюджаным стала меркаванне, што менавіта тэракты з’ядналі амерыканскі народ і дазволілі атрымаць падтрымку амерыканскай грамадскасці наступным дзеянням ЗША. Пад падставай вайны з тэрарызмам адміністрацыя Дж. Буша-малодшага зрабіла наступнае: 1) у 2002 г. распрацавала новую Стратэгію нацыянальнай бяспекі, у якой абгрунтавала ідэю прэвентыўнай вайны, г.зн. права ЗША нанесці папераджальны ўдар па любой з краін, патэнцыйна пагражаючых Злучаным Штатам; 2) павялічыла выдаткі на абарону; 3) развязала войны ў Афганістане і Іраку; 4) перайшла да аднабаковых дзеянняў у рашэнні складаных знешнепалітычных праблем.

Становіцца відавочным імкненне прыхільнікаў такой пазіцыі падзяліць гісторыю на "да" і "пасля" 11 верасня 2001 г. Сапраўды, упісванне гістарычных падзей у схему "да" і "пасля" можа з'яўляцца зручным ідэалагічным ці метадалагічным прыёмам. Узнікае пытанне, наколькі дакладна ён адлюстроўвае рэчаіснасць. Ці не перабольшана роля тэрактаў у вызначэнні новага курсу ЗША? Ці не былі яны толькі нагодай для ажыццяўлення загадзя сфарміраванай лініі знешняй палітыкі? Ці не адрозніваюцца дзеянні адміністрацый Б. Клінтана і Дж. Буша-малодшага толькі спосабам рэалізацыі ў сутнасці аднолькавых знешнепалітычных задач? Адказ на гэтыя пытанні патрабуе параўнання зместу палітыкі абедзвюх адміністрацый, якая праводзілася імі непасрэдна перад тэрактамі 11 верасня і адразу пасля іх, што і з'яўляецца мэтай дадзенага артыкула.

Пераход да аднабаковых дзеянняў і гатоўнасць выкарыстоўваць ваенную сілу без згоды ААН дэклараваліся ў шэрагу дзяржаўных дакументаў, падрыхтаваных дэмакратычнай адміністрацыяй Б. Клінтана задоўга да 11 верасня 2001 г. З іх варта вылучыць наступныя: Стратэгія нацыянальнай бяспекі 1994 г. і даклад Міністэрства абароны 1997 г. У першым з іх сцвярджалася, што ЗША мае права дзейнічаць у адзіночку (без згоды ААН ці саюзнікаў), калі "на карту будуць пастаўлены нацыянальныя інтарэсы краіны" [2, c.122, 126]. У другім дакуменце канстатавалася, што Злучаныя Штаты маюць права "ўжываць сілу ў аднабаковым парадку" для абароны "жыццёвых інтарэсаў краіны". "Жыццёвыя інтарэсы" ўключалі ў сябе наступныя элементы: 1) "прадухіленне ўзнікнення варожага рэгіянальнага блока ці лідара"; 2) "дасягненне свабоды мораў, бяспекі марскіх камунікацый, паветранай прасторы і космасу"; 3) "забеспячэнне бесперашкоднага доступу да ключавых рынкаў, крыніц энергіі і стратэгічных рэсурсаў" [12]. Відавочна, першы з гэтых пунктаў адрозніваецца ад дактрыны папераджальнага ўдару не зместам, а толькі спосабам выражэння фактычна адной і той жа думкі. Практыка выкарыстання ўзброенай сілы без згоды ААН была адпрацавана Злучанымі Штатамі ў Югаславіі ў 1999 г.

Што да рэспубліканцаў, то ў 2000 г. саветнік тады яшчэ кандыдата ў прэзідэнты Дж. Буша-малодшага К. Райс апублікавала ў часопісе "Форын эфеерс" артыкул "Прасоўваючы нацыянальныя інтарэсы". У артыкуле яна вылучыла пяць прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі рэспубліканскай партыі. Адзін з іх – знішчэнне варожых ЗША сіл і так званых "дзяржаў-ізгояў", якія спрабуюць стварыць ЗМП і нясуць патэнцыйную тэрарыстычную пагрозу для Злучаных Штатаў. К. Райс адзначыла, што краіне рэальна пагражаюць тры дзяржавы - Ірак, П. Карэя і Іран [13]. Відавочна, калі Дж. Буш-малодшы выступіў з пасланнем нацыі 29 студзеня 2002 г. і пазначыў "вось зла", у якую ён уключыў гэтыя дзяржавы, ён не столькі адрэагаваў на тэракты, колькі аб’явіў пра пачатак рэалізацыі перадвыбарнай праграмы рэспубліканцаў.

Ажыццяўленне адпаведнага знешнепалітычнага курсу патрабавала высокага ваеннага бюджэту. З другой паловы 1990-х гг. назіраўся ўстойлівы рост выдаткаў на абарону: з 266 мільярдаў долараў у 1996 г. да 294 мільярдаў у 2000 г. [7, c.53-54, табліца 3.1]. У 1999 г. запланавалі павялічыць іх да 334 мільярдаў да 2005 г. У той жа час пры колькасным росце выдаткаў на абарону іх доля ў ВНП за 1996-2000 гг. зменшылася з 3,5 да 3% [6, c.48-49, табліца 3.1]. Новая адміністрацыя ў 2001 г. толькі нязначна павялічыла абаронны бюджэт - з 294 да 305 мільярдаў долараў (яго доля ў ВУП па-ранейшаму не перавышала 3%). Тэракты 11 верасня і войны ў Афганістане і Іраку пацягнулі за сабой далейшае павелічэнне выдаткаў на ваенныя патрэбы, доля якіх у ВНП пачала ўзрастаць. У 2002 г. яны склалі 348 мільярдаў (3,3% ВНП), у 2003 г. - 405 мільярдаў (3,7% ВНП) і працягвалі расці. У 2010 г. ваенны бюджэт перавысіў 693 мільярды долараў (4,8% ВНП). Плануецца, што ў 2011 г. на абарону выдаткуюць 768 мільярдаў (5,1% ВНП) [7, c.53–54, табліца 3.1].

У апошняе дзесяцігоддзе назіраецца пэўная карэляцыя паміж ростам выдаткаў на абарону, дэфіцытам бюджэту і ўцягненасцю ЗША ў буйныя ваенныя канфлікты ў свеце. Калі адміністрацыя Б. Клінтана нарошчвала ваенныя выдаткі, маючы прафіцыт дзяржаўнага бюджэту (у 2000 г. ён складаў 236 мільярдаў долараў), то траты на абарону Дж. Буша-малодшага суправаджаліся дэфіцытам бюджэту і рэцэсіяй эканомікі ЗША, якая пачалася ў 2001 г. У 2002 г. краіна мела дэфіцыт бюджэту ў 152 мільярды долараў (1,5% ВНП), у 2003 г. – у 377 мільярдаў (3,4% ВНП), у 2004 г. – у 413 мільярдаў (3,5% ВНП). У снежні 2007 г. пачалася чарговая рэцэсія эканомікі. Вынікам стала павелічэнне бюджэтнага дэфіцыту да беспрэцэндэнтных памераў: 1 413 і 1 294 мільярды ў 2009 і 2010 гг. (адпаведна 10 і 8,9 % ВНП). Чакаецца, што ў 2011 г. ён дасягне лічбы 1 645 мільярдаў долараў, што складзе амаль 11% ВНП ЗША [7, c.22–25, табліца 1.1, 1.2]. Верагодна, магчымасць хаця б часткова вырашыць унутраныя праблемы краіны за кошт скарачэння ваенных выдаткаў (як гэта было пры Б. Клінтане) прэзідэнцкія адміністрацыі, якія кіравалі з 2000 г., не выкарыстоўвалі.

Павелічэнне ваеннага бюджэту матывавалася неабходнасцю супрацьстаяння тэрарызму і распаўсюджанню ЗМП. Барацьба з тэрарызмам, у прыватнасці з "Аль-Каідай", ставілася ў шэраг найважнейшых напрамкаў знешняй палітыкі Белага дому. Звязана гэта было з аб'ектыўнымі акалічнасцямі, перш за ўсё, з тэрактамі, здзейсненымі супраць ЗША ў 1990-я гг. Усяго іх было сем: 1) у лютым 1993 г. у СГЦ у Нью-Ёрку (забіта 6 чалавек, больш за тысячу паранена); 2) у лістападзе 1995 г. у Эр-Рыядзе (забіта пяць амерыканскіх вайскоўцаў); 3) у чэрвені 1996 г. на КПП амерыканскай базы Дахран у Саудаўскай Аравіі (забіта 19 амерыканцаў, каля 300 паранена); 3) у жніўні 1998 г. былі падарваны амерыканскія пасольствы ў Танзаніі і Кеніі (забіта 257 чалавек, уключаючы 12 амерыканцаў, каля 5 тысяч паранена); 7) у кастрычніку 2000 г. у гавані Адэна (Емен) нападу тэрарыстаў падвергся амерыканскі эсмінец "Коўл" (забіта 17 амерыканскіх вайскоўцаў). Адказнасць за гэтыя выбухі ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя "Аль-Каіда" на чале з У. бэн Ладэнам.

23 лютага 1998 г. быў абнародаваны заклік, аўтарам якога лічыцца У. бэн Ладэн. Ён абвінаваціў амерыканцаў у тым, што тыя акупавалі мусульманскія землі і святыні Аравійскага паўвострава; выкарыстоўваюць паўвостраў у якасці базы для аказання ціску на Багдад; наўмысна і мэтанакіравана падрываюць эканоміку Ірака. Аўтар дакумента падкрэсліваў, што ў Вашынгтоне ставяць сабе мэты, якія не маюць нічога агульнага з інтарэсамі дзяржаў мусульманскага свету: ператварыць Ірак, Саудаўскую Аравію і Егіпет у марыянеткавыя і залежныя ад ЗША дзяржавы, забяспечыць "выжыванне Ізраіля" пасродкам падзелу мусульманскага свету, адцягнуць увагу сусветнай грамадскасці ад араба-ізраільскага канфлікту, справакаваўшы шэраг штучных праблем у арабскім свеце. Выйсце з сітуацыі, па меркаванні У. бэн Ладэна – джыхад з мэтай выгнання амерыканцаў з тых тэрыторый, дзе вызнаюць іслам. Аб'ява джыхаду суправаджалася заклікам да ўсіх мусульман паўсюдна забіваць грамадзян ЗША (незалежна ад таго, з'яўляюцца яны ваеннымі ці грамадзянскімі асобамі) [15].

У адказ адміністрацыя Б. Клінтана стварыла ў Лэнглі спецыяльны аддзел, які займаўся "Аль-Каідай", упаўнаважыла ЦРУ выкарыстоўваць любыя сродкі для знішчэння У. бэн Ладэна. Рахункі тэрарыстаў, "Аль-Каіды" і Талібана былі замарожаны [1, c.895, 902, 970]. 20 жніўня 1998 г. ЗША паспрабавалі ліквідаваць У. бэн Ладэна. Былі нанесены авіяўдары па тэрыторыі дзвюх суверэнных дзяржаў – Судана і Афганістана. Гэта было зроблена без згоды ААН і выклікала хвалю пратэсту ў Судане, Афганістане і Пакістане. Але дзеянні Б. Клінтана падтрымалі абедзве партыі ў Кангрэсе і 73% амерыканцаў. Аглядальнік "Нью-Ёрк таймс" Т. Фрыдмэн меў усе падставы напісаць: "Падумайце, за адзін дзень у 1998 г. Злучаныя Штаты выпусцілі 75 ракет далёкага дзеяння коштам адзін мільён долараў кожная ў аднаго чалавека. Гэта была першая ў гісторыі бітва паміж звышдзяржавай і … чалавекам. 11 верасня была ўсяго толькі другой падобнай бітвай" [8, c.5].

Паралельна з барацьбой з тэрарызмам кіраўніцтва ЗША ўзмацняла ціск на Багдад. Большасць амерыканцаў падтрымлівалі цвёрдую палітыку ў адносінах да Ірака, уключаючы санкцыі і перыядычныя бамбардзіроўкі гэтай дзяржавы. Ірак быў адзінай краінай, вайна з якой дзеля звяржэння С. Хусейна безумоўна і стабільна падтрымлівалася большасцю амерыканцаў на працягу 1990-х гг. Калі ЗША і Вялікабрытанія ў 1998 г. бамбілі Ірак, большасць амерыканцаў (ад 69 да 79%) падтрымлівалі бамбардзіроўкі. Асноўнай іх мэтай 70% амерыканцаў абазначылі звяржэнне С. Хусейна, толькі 25% назвалі допуск інспекцый ААН да іракскіх аб'ектаў [10].

Узмацніць жорсткасць палітыкі ў адносінах да Багдада патрабавалі і рэспубліканцы, якіх была большасць у Кангрэсе ЗША. У 1998 г. Кангрэс прыняў "Акт аб вызваленні Ірака", які пасля падпісання яго Б. Клінтанам атрымаў сілу закона. Паводле гэтага дакумента змена іракскага рэжыму афіцыйна абвяшчалася задачай знешняй палітыкі ЗША [14, c.315]. Першай ваеннай акцыяй рэспубліканскай адміністрацыі Дж. Буша-малодшага былі авіяўдары па 20 іракскіх радарных устаноўках, нанесеныя 16 лютага 2001 г амерыканскімі і брытанскімі самалётамі, г. зн. да 11 верасня 2001 г. (гэта была самая буйная ваенная акцыя ЗША за папярэднія два гады) [3, c.123]. Ірак быў падвергнуты бамбардзіроўкам у маі і верасні 2002 г. (да афіцыйнага аб’яўлення вайны ў 2003 г.). Тады амерыканскія і брытанскія самалёты здзейснілі 2 тысячы вылетаў, паразіўшы 391 цэль [4, c.42].

Многія супрацоўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі Дж. Буша-малодшага меркавалі, што тэракты 11 верасня 2001 г. з'яўляюцца добрай падставай для нападзення на Ірак. 12 верасня 2001 г. на Савеце нацыянальнай бяспекі міністр абароны Д. Рамсфельд прапанаваў напасці на Ірак. Яго ініцыятыву адхілілі. У кастрычніку 2001 г. ён даручыў ЦРУ знайсці матэрыялы, якія даказалі б сувязь Багдада з "Аль-Каідай". Адначасова ён разам са сваімі намеснікамі П. Вулфовіцам і Д. Фейтам стварыў так званы "Аддзел спецыяльнага планавання" (АСП), у задачы якога ўваходзілі збор і аналіз разведвальнай інфармацыі пра Ірак. [9, c.151, 177–184]. Пазней Д. Фейт у інтэрв'ю "Бі бі сі" сказаў, што назва гэтай структуры спецыяльна не была канкрэтызавана. Па яго словах, тады было непажадана ствараць "Аддзел па іракскай палітыцы", бо гэта азначала б прыцягнуць увагу грамадскасці да сапраўдных мэт адміністрацыі, якія не мелі прамога дачынення да тэрарыстычных акцый 11 верасня [14, c.31]. Ушчыльную заняцца пытаннем уварвання ў Ірак Дж. Буш-малодшы даручыў Д. Рамсфельду 21 лістапада 2001 г. (у разгар баявых дзеянняў у Афганістане). Планаванне аперацыі ўсклалі на генерала Т. Фрэнкса [3, c.132–136]. А ў ліпені 2002 г. кіраўнік апарата супрацоўнікаў Белага дому Э. Кард стварыў так званую "Іракскую групу Белага дому", мэтай якой было пераканаць грамадскасць і Кангрэс ЗША ў неабходнасці пачаць вайну супраць Ірака [9, c.151].

Тэракты 11 верасня далі дадатковыя магчымасці для дыскрэдытацыі С. Хусейна, якога абвінавацілі ў сувязях з "Аль-Каідай". У пасланні нацыі 17 сакавіка 2003 г. Дж. Буш заявіў, што іракскія ўлады трэніруюць і хаваюць тэрарыстаў, у тым ліку членаў "Аль-Каіды" [5, c.277]. Супрацоўніцтва С. Хусейна з тэрарыстамі так і не было даказана. У сувязі з гэтым цікавым з'яўляецца адзін дакумент: ліст дырэктара ЦРУ Дж. Тэнета сенатару Б. Грэхему ад 7 кастрычніка 2002 г. Ліст з'яўляецца адказам на запыт сенатара, які запатрабаваў прад'явіць доказы дачынення Ірака да тэрактаў. Дырэктар ЦРУ проста пералічыў тое, у чым абвінавачваецца іракскі бок: сувязь з тэрарыстамі, дзесяцігадовае супрацоўніцтва з "Аль-Каідай", падрыхтоўка тэрарыстаў, прадастаўленне сховішча членам "Аль-Каіды" на тэрыторыі Ірака. Праўда, канкрэтных фактаў, якія пацвярджаюць гэта, Дж. Тэнет не прадставіў і абмежаваўся ўказаннем на тое, што інфармацыя атрымана з надзейных крыніц. [11, c.367–369].



Такім чынам, палітыка адміністрацыі Дж. Буша-малодшага стала лагічным завяршэннем знешняй палітыкі папярэдняй адміністрацыі. Барацьба з тэрарызмам, знішчэнне У. бэн Ладэна і звяржэнне С. Хусейна з'яўляліся найважнейшымі напрамкамі знешняй палітыкі ЗША да тэрактаў 11 верасня. Фактычна, тэракты прадставілі Дж. Бушу-малодшаму шырокія магчымасці для ажыццяўлення ўжо пастаўленых задач з дапамогай узброенай сілы. Ён скарыстаўся гэтым, але, у адрозненне ад больш асцярожнага Б. Клінтана, дзейнічаў груба, прамалінейна і цвёрда. Вынікам стала ўцягванне ЗША ў зацяжную вайну, якая суправаджалася рэзкім павелічэннем ваенных выдаткаў на фоне пагаршэння эканамічнага становішча краіны.
Спіс выкарыстанай літаратуры


  1. Клинтон, У.Д. Моя жизнь / У.Д. Клинтон; пер. с англ. – М.: Альпина Бизнес Букс, 2005. – 1088 с.

  2. Стратегия национальной безопасности США. Стратегия вовлеченности в международные дела и распространения демократии в мире // США: экономика, политика, идеология. – 1995. – № 1. – С. 122–126.

  3. Уткин, А.И. Удар американских богов / А.И. Уткин. – М.: Алгоритм, 2006. – 416 с.

  4. Хомский, Н. Несостоятельные штаты: злоупотребление властью и атака на демократию / пер. с англ. В. Панова. – М.: Столица-принт, 2007. – 480 с.

  5. Address to the Nation on Iraq. March 17, 2003 / G. Bush // Public Papers of the Presidents of the United States, Book I. – Washington, D.C.: United States Government printing office, 2003.– P. 277–280.

  6. Budget of the United States government, historical tables, fiscal year 2001 / Executive Office of the President. – Washington, D.C.: United States Government printing office, 2000. – II, 285 p.

  7. Budget of the United States government, historical tables, fiscal year 2012 / Executive Office of the President; Office of management and budget. – Washington, D.C.: United States Government printing office, 2010. – II, 354 p.

  8. Friedman, Th. L. Longitudes and attitudes / Th. Friedman. – New York: Anchor Books, 2003. – xv, 399 p.

  9. Fritz, B. All the President's spin: George W. Bush, the media, and the truth / B. Fritz, B. Keefer, B. Nyhan. – New York: Farrar, Straus & Giroux. – 352 p.

  10. Iraq (p.7) [Electronic resource]. – Mode of access: http://pollingreport.com. – Date of access: 14.06.2004.

  11. Letter to Senator Bob Graham. CIA Director George Tenet // Iraq war reader: history, documents, opinions / ed. by M. Sifry, C. Cerf. – New York: Simon and Schuster, 2003. – P. 367–369.

  12. Quadrennial Defense Review, 1997 [Electronic resource]. – Mode of access: http://www.fas.org/man/docs/qdr/index.html. – Date of access: 05.03.2008.

  13. Rice, C. Promoting the national interest / C. Rice // Foreign affairs. – 2000. – V. 79, № 1. – P. 46–62.

  14. Rieff, D. Blueprint for a mess. How the Bush administration’s prewar planners bungled in postwar Iraq / D. Rieff // New York times magazine. – 2003. – November 2. – Section 6. – P. 28–33, 44, 58, 72, 77–78.

  15. Statement: Jihad against Jews and crusaders / B. Laden // Iraq war reader: history, documents, opinions / ed. by M. Sifry, C. Cerf. – New York: Simon and Schuster, 2003. – P. 202–204.


Анатацыя
У артыкуле паслядоўна, з прыцягненнем разнастайнага матэрыялу – афіцыйных дзяржаўных дакументаў ЗША, мемуарнай літаратуры, навуковых артыкулаў і манаграфій, дадзеных сацыялагічных апытанняў – параўноўваюцца мэты і спосабы рэалізацыі знешняй палітыкі Злучаных Штатаў да і пасля 2001 г. Асаблівая ўвага нададзена праблеме пераходу ЗША да аднабаковых дзеянняў у міжнародных адносінах, барацьбе з тэрарызмам, пазіцыі Вашынгтона ў адносінах да Багдада; устанаўліваецца сувязь паміж тэрарыстычнымі акцыямі 11 верасня 2001 г. і ўварваннем ЗША ў Ірак, аналізуецца дынаміка росту амерыканскага ваеннага бюджэту ў 1996–2011 гг.
Resume
In the present article aims and methods of USA foreign policy realization before and after 2001 are compared, various materials of U.S.A. official state documents, memoirs, scientific articles and monographs, poll date being analyzed. Special attention is paid to the U.S.A. transfer problems to one-side actions in international relations, struggle against terrorism, policy of Washington towards Baghdad; the connection between terrorist attacks of 11, September and U.S.A. invasion in Iraq is determined, the American military budget in 2006–2011 is analyzed.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка