Источник: Акулич В. А. Политическая экономия в изложении Геронима Стройновского // Весці нан беларусі. Сер гуманіт навук. 2007. №4. С




Дата канвертавання30.03.2016
Памер215.29 Kb.
Источник: Акулич В.А. Политическая экономия в изложении Геронима Стройновского // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2007. №4. С. 34-42

УДК 330(476)(091)

У. А. АКУЛІЧ
палітычная эканомія паводле ўкладу Гераніма Страйноўскага
Інстытут эканомікі НАН Беларусі
(паступіў у рэдакцыю 17.10.2006)
У абедзвух вялікіх беларускіх энцыклапедыях (у 6 і 18 т.) і ў энцыклапедычным даведніку «Асветінікі зямлі Беларускай», якія выйшлі ў найноўшай гісторыі, значнае месца ўдзяляецца былому прафесару і рэктару Віленскага ўніверсітэту, фізіякрату Гераніму Страйноўскаму. Аснову пад гэта заклалі яшчэ ў пачатку 1970-х г. беларускія філосафы Бірала А.А. і Дарашэвіч Э.К., якія грунтоўна даследавалі галоўны твор Г. Страйноўскага «Навука прыроднага і палітычнага права, палітычнай эканоміі і права народаў» (1785) і яго прамовы на паседжаннях Віленскага ўніверсітэту, і апісалі сістэму яго поглядаў [1, с. 218-223; 2, c. 126-133; 3, с. 117-119]. Нядаўна, да гэтага, дадаў новага матэрыялу філосаф Бабкоў І.М., які таксама даследаваў кнігу Г. Страйноўскага [4, c. 38-40].

Але, ўсё гэта былі інтэрпрэтацыі філосафаў, якіх, зразумела, найперш, цікавілі філасоўскія погляды вучонага. Навуковая ж эканамічная спадчына Г. Страйноўскага застаецца амаль нявывучанай, хоць лагічна было б, калі ўсё было наадварот. Бо, менавіта эканамічная навука ў ВКЛ бярэ пачатак ад Г. Страйноўскага (як пісаў Й. Бялінскі «навука палітычная эканомія з’явілася ў Вільне са з’яўленнем там Г. Страйноўскага» [5, с. 512]). Наступныя пакаленні эканамістаў-класікаў у Віленскім універсітэце таксама прызнавалі гэта (Я. Зноска ў прадмове да свайго падручніку, дзе фізіякратыю ўжо замяніў вучэннем А. Сміта, зазначаў: «маем ужо даўно выклад навукі так званых эканамістаў пад назвай «Навука прыроднага і палітычнага права, палітычнай эканоміі і права народаў» Гераніма Страйноўскага» [6, с. 4]). Нарэшце, сёння, і сучасныя беларускія эканамісты пачынаюць вясцí адлік гісторыі беларускай эканамічнай навукі з Віленскага ўніверсітэту і з пачатку выкладання там палітэканоміі. Так, на старонцы афіцыйнага сайту БДУ, прысвечанай гісторыі эканамічнага факультэта, зазначаецца, што «упершыню ў межах сваёй тэрыторыі эканамічную адукацыю беларусы змаглі атрымліваць у Віленскім універсітэце, калі ў 1783 г. Геранім Страйноўскі пачаў выкладаць студэнтам асобныя раздзелы палітычнай эканоміі» [7, c. 21]. У сувязі з гэтым, будзе актуальным прааналізаваць змест першага ў ВКЛ падручніка па палітэканоміі, які быў выдадзены 220 гадоў таму.

Раздзел «Палітычная эканоміка» (менавіта так ён называецца ў арыгінале) у кнізе Г. Страйноўскага складаецца з 18-ці частак. Кніга ўяўляе сабой падручнік, аб чым у прадмове паведамляе сам аўтар. Спіс выкарыстаных крыніц і спасылкі па тэксту адсутнічаюць. Ня згадваюцца ніякія вучоныя-эканамісты, хоць відавочна, што шмат якія думкі запазычаны ў французскіх фізіякратаў.

У першых сямі частках змяшчаецца тлумачэнне паняццяў: прадмет і мэта палітычнай эканоміі, выдаткі, спажыванне, чысты даход (прыбытак), грошы, размеркаванне даходаў, цана; у тэксце сустракаюцца ўжо такія тэрміны, як капітал, працэнт, выручка, работы і паслугі. Пад навукай «палітычная эканомія» Г. Страйноўскі разумеў «наяўнасць дакладных і бясспрэчных ісцін, якія вынікаюць з натуральнага парадку, і якія сведчаць пра тое, што спрыяе ці замінае вытворчасці спажывецкіх благ» [8, c. 5]. Прадметам палітычнай эканоміі па Г. Страйноўскаму з’яўляецца «развіццё ў краіне сельскай гаспадаркі і прамысловасці, унутранага і замежнага гандлю, народанасельніцтва, грашовага абарачэння, пытанні павелічэння даходаў і ўплыву падаткаў на стан народнай гаспадаркі, а таксама крыніцы багацця народу». Мэтай палітычнай эканоміі Г. Страйноўскі лічыў «высвятленне таго, якім чынам усталяваўся і існуе натуральны парадак, які забяспечвае ўзнаўленне, вытворчасць і размеркаванне ўсіх рэчаў, патрэбных народу для спажывання» [8, c. 5].

Адзінай крыніцай багацця, па Г. Страйноўскаму, з’яўляецца зямля, і адпаведна земляробства і земляробы, праз якіх здабываецца дастатак. Людзі астатніх прафесій, якія не працуюць на зямлі – гандляры, прадпрымальнікі, банкіры, вучоныя, і іншыя (Г. Страйноўскі абагульніў іх у групу “прамыслоўцы”), а таксама землеўладальнікі, толькі ўдзельнічаюць у яго размеркаванні. Відаць, такі падзел насельніцтва на тры групы носіць тэхнічны характар і спатрэбіўся дзеля таго, каб сфармуліраваць тэорыю размеркавання грамадскіх даходаў.

Па Г. Страйноўскаму натуральны стан рэчаў выглядае наступным чынам. Землеўладальнік за грошы набывае зямлю, і апроч таго нясе так званыя пазямельныя выдаткі, да якіх адносіцца падрыхтоўка надзела да вытворчасці – гэта высечка леса, узворванне, асушка, агароджа, пракладка і падтрымка ў належным стане дарог, пабудовы для ската і ўраджаю. Пазямельныя выдаткі землеўладальнікаў, на думку вучонага, як раз і з’яўляюцца абгрунтаваннем спрадвеку ўсталяванага натуральнага парадку, што земляробы частку ўраджая, так званы чысты даход, павінны вяртаць землеўладальнікам. Спасылаючыся на вопыт добрых гаспадарак, Г. Страйноўскі сцвярджаў, што суадносіны паміж штогадовымі выдаткамі земляроба і чыстым даходам землеўладальніка павінны складаць 50:50.

Земляроб, таксама нясе выдаткі, якія складаюцца са штогадовых выдаткаў па апрацоўцы зямлі – насенне, угнаенні, заробкі наёмным працаўнікам, а таксама з першапачатковых укладанняў – на аднаўленне пабудоў, сядзібы, тэхнічных прылад. Два апошніх паняцці, вызначаныя курсівам, з’яўляюцца аналагамі сучасных паняццяў – абаротныя сродкі і асноўны капітал. Па ўласных назіраннях і разліках Г. Страйноўскі робіць выснову: каб ажыццяўляць аднаўленне асноўнага капіталу, трэба штогод з выручкі накіроўваць 10% ад яго першапачатковай вартасці; гэта пры ўмове, што суадносіны паміж абаротнымі і асноўнымі сродкамі будуць вымярацца як 1:5.

Г. Страйноўскі тлумачыць, што калі землеўладальнік не будзе вяртаць земляробу, які арэндуе ў яго зямлю, патрэбную частку выручкі, якая складае штогадовыя выдаткі і першапачатковыя ўкладанні, то гэта прывядзе да заняпаду гаспадаркі, прычым, і земляроба, і землеўладальніка. Земляроба, таму шта ён будзе менш выдаткоўваць на апрацоўку зямлі, на аднаўленне пабудоў і спажыванне сям’і, а землеўладальніка – ад падзення цэнаў на гэту зямлю, ад змяншэння долі ў агульнай выручцы ў выніку скарачэння колькасці земляробаў у гаспадарцы, якія пацягнуцца ў іншыя сферы дзейнасці і мясцовасці ў пошуках лепшага заробку.

Навуковец даводзіў, што аснову гаспадарчага жыцця складае зварот штогадовага грамадскага прадукта і даходаў. Прадукт зварочваецца паміж трыма класамі грамадства такімі шляхамі, што кожная з іх заўжды мае ўсё неабходнае для сваёй дзейнасці. Праўдзівасць гэтых палажэнняў Г. Страйноўскі паказываў на наступным прыкладзе.

Няхай ў нейкай краіне штогадовы ўраджай падзелены па пяць роўных частак (мал. 1). Паложым, што з іх тры часткі застаюцца ў земляробаў, як іх выручка. З гэтых трох частак, першыя дзве складаюць штогадовыя выдаткі, а трэцяя – першапачатковыя ўкладанні і аднаўленні (заўв. аўт. блізкія да сучасных паняццяў – асноўны капітал і амартызацыя). Астатнія дзве часткі паступаюць землеўладальнікам у якасці чыстага даходу, і таму земляробства ў такой краіне прыносіць прыбытку сто чыстага даходу за сто штогадовых выдаткаў (казалі ў той час, што добрая гаспадарка тая, дзе зямля дае сто на сто). З трох частак, якія засталіся ў земляробаў, дзве часткі яны пакідаюць сабе на ўласныя патрэбы, а на трэцюю частку набываюць прамысловыя вырабы. Землеўладальнікі таксама адну з двух частак свайго чыстага даходу накіроўваюць для набыцця вырабаў у прамыслоўцаў, а другую пакідаюць на спажыванне. Такім чынам, з пяці частках ураджаю дзве апынуліся ў прамыслоўцаў. Адну частку яны пускаюць на спажыванне, другую – на выраб рэчаў. Можна яшчэ заўважыць, што чатыры часткі ўраджаю пайшлі на спажыванне, і адна – на выраб рэчаў і паслуг. Гэтая апошняя пятая частка ў выглядзе рэчаў ў сваю чаргу падзяляецца на яшчэ тры часткі: першую частку рэчаў прамыслоўцы накіроўваюць для патрэб будучай вытворчасці, другую і трэцюю частку перадаюць адпаведна земляробам і землеўладальнікам за атрыманыя раней дзве часткі ўраджаю. Прычым бачна (мал.1), што прамыслоўцы вяртаюць толькі 2/3 часткі пераробленай 1/5 часткі ўраджаю, аднак атрымліваюць 2/5 часткі ўсяго ўраджаю. Інакш кажучы, земляробы і землеўладальнікі аддаюць прамыслоўцам па 1/5 ураджаю, а атрымліваюць ад іх 1/3 ад 1/5 ураджаю, г.зн. 1/15 частку. Такім чынам, цана прамысловых вырабаў у гэтым выпадку складае трыста на сто (па сучаснаму кажучы, кошт пераробленых тавараў заўсёды вышэй сыравіны, у гэтым прыкладзе, калі вымяраць у частках зерня, у тры разы). Але зернем вымяраць нязручна, таму ўводзяцца грошы.




Мал. 1. Кругаабарот штогадовага грамадскага прадукту

Крыніца: распрацавана аўтарам
Г. Страйноўскі пазначае, што пасля вынаходніцтва грошаў, пры іх дапамозе, абмен рэчамі пачаў ажыццяўляцца зручней і выгодней, паколькі ў іх стала выяўляцца вартасць усіх рэчаў. Грошы таксама маюць сваю вартасць, паколькі з’яўляюцца агульнапрызнанымі. Такім чынам, грошы ўяўляюць сабой усеагульную меру вартасці ўсіх рэчаў, а таксама агульнапрызнаны заклад у абмене рэчамі. Каб лепей зразумець якім чынам адбываецца размеркаванне грамадскага прадукта пры дапамозе грошаў у дзяржаве, трэба, на думку Г. Страйноўскага, трымаць у думках два працэсы: з аднаго боку, усе рэчы, прыгатаваныя для спажывання; з другога боку, сума грошаў у краі, якая знаходзіцца ў абарачэнні. Абарачэнне грошаў пачынаецца з земляробаў, якім ад самага пачатку належыць увесь штогадовы ўраджай [8, с. 36]. Праўдзівасць гэтых палажэнняў, вучоны ізноў паказаў на канкрэтным прыкладзе.

Няхай у якой-небудзь дзяржаве штогадовы ўраджай складае 3000 талераў (мал. 2 ). Гэты ўраджай падзяляецца на выручку земляробаў – 1500 талераў і чысты даход землеўладальнікаў – 1500 талераў. Пры такіх умовах абарачэнне грошаў пачынаецца наступным чынам: земляробы за 500 талераў набываюць вырабы ў прамыслоўцаў, а 1500 талераў плацяць землеўладальнікам за карыстанне зямлёй і на першапачатковыя ўкладанні (750+750). Землеўладальнікі атрымаўшы грошы ад земляробаў, размяркоўваюць свой чысты даход так: 750 талераў вяртаюць земляробам за пастаўленыя імі прадукты харчавання, а за астатнія 750 талераў набываюць вырабы і паслугі ў прамыслоўцаў. Такім чынам, прамыслоўцы атрымалі ад земляробаў трэцюю частку іх выручкі – 500 талераў і ад землеўладальнікаў палову іх чыстага даходу – 750 талераў, г.зн. агулам выручка прамыслоўцаў склала 1250 талераў. Прамыслоўцы частку грошаў выдаткоўваюць на харчаванне, набываючы прадукты ў земляробаў – 625 талераў, а астатнія сродкі накіроўваюць на набыццё сыравіны і матэрыялаў для вытворчасці вырабаў, таксама ў земляробаў – 625 талераў. З гэтага відаць, што ў прыкладзе Г. Страйноўскага абарачэнне грошаў складае 2000 талераў, якія земляробы выдаткоўваюць наступным чынам: 500 талераў прамыслоўцам за вырабы і 1500 талераў землеўладальнікам за арэнду і першапачатковыя ўкладанні, калісці зробленыя апошнімі. Выдадзеныя земляробамі 2000 талераў вяртаюцца да іх такімі шляхамі: ад землеўладальнікаў за прадукты харчавання – 750 талераў і ад прамыслоўцаў за прадукы харчавання і сыравіну – 1250 талераў. Такім чынам кругазварот замыкаецца. Табліца Г. Страйноўскага, якая з’яўляецца інтэрпрэтацыяй эканамічнай табліцы Ф. Кенэ, была адной з першых спроб эканамічнага мадэлявання.

Каб лягчэй было разабрацца ў табліцы Г. Страйноўскага, размеркаванне штогадовых грамадскіх даходаў і абарачэнне грошаў у дзяржаве прадстаўлены схематычна (мал. 3). З гэтай схемы таксама відаць, што на харчаванне выдаткоўваецца: земляробамі – 1000 талераў, землеўладальнікамі – 750 талераў, прамыслоўцамі – 625 талераў. Агулам – 2375 талераў. Астатнія ж 625 талераў (альбо 20%) ідуць на выраб прамысловых рэчаў, а, дакладней, – на сродкі для вытворчасці, на перапрацоўку сыравіны і на перапрацоўчую прамысловасць. Па сучаснаму кажучы, гэта аналаг таму, што сёння ВУП дзеліцца на тую частку, якая ідзе на спажыванне, і тую частку, якая ідзе на інвестыцыі; прычым суадносіны паміж гэтымі часткамі ў апошнія гады ў беларускай народнай гаспадарцы блізкія да той велічыні, якую закладаў у сваёй эканамічнай мадэлі Г. Страйноўскі.

УЗОР ТАБЛІЦЫ

якая паказвае штогадовае размеркаванне грамадскіх

даходаў і абарачэнне грошай у дзяржаве.

Штогадовыя грамадскія даходы складаюць 3000 талераў





Групы насельніцтва




земляробы

землеўладальнікі

прамыслоўцы




штогадовая

выручка


чысты

даход


штогадовыя

выдаткі





1500 талераў

1500 талераў

625 талераў













Сумы, патрэбныя для ўплаты чыстага даходу і працэнтаў ад першапачатковых укладанняў


750 талераў

750 талераў

500 талераў





750 талераў


500 талераў










Сума 1250 талераў, палову з якой прамыслоўцы выдатковываюць на укладанні на наступны год

Выдаткі

штогадовых укладанняў




1000 талераў









Агулам

3000 талераў







* Заўвага аўт.: у арыгінале злотыя.
Мал. 2. Эканамічная табліца Г. Стайноўскага

Крыніца: адапціравана аўтарам паводле [8, c. 32]


Мал. 3. Гругаабарот грамадскіх даходаў паводле табліцы Г. Страйноўскага

Крыніца: распрацавана аўтарам

На прыканцы Г. Страйноўскі робіць галоўную выснову: «заўсёды належыць памятаць, што ўсе сумы, якія выйшлі ад земляробаў, на працягу года, павінны да яго вярнуцца; усякае памяншэнне шкодна, а павелічэнне карысна» [8, с. 38]. З гэтага ўсяго, сапраўды бачна, што змест раздзелу «палітычная эканомія» Г. Страйноўскага, ёсць ня што іншае, як аўтарскі выклад тэорыі французскіх фізіякратаў, з унясеннем, аднак, шэрагу ўласных істотных дапаўненняў. Прыкладам, ён абагульніў прадстаўнікоў усіх іншых прафесій у групу менавіта «прамыслоўцаў», прадбачыўшы, што менавіта гэта галіна народнай гаспадаркі стане на доўгія часы вырашальнай, хоць тады прамысловасць у ВКЛ рабіла свае самыя першыя крокі; ён вызначыў грошы не проста як сродак абмену, а дадаў, што яны маюць сваю вартасць з-за іх агульнай прызнанасці. Падобныя погляды, якія ўжо выходзяць за межы фізіякратыі, падштурхнулі некаторых даследчыкаў у канцы ХІХ ст. заявіць, што «віленскі прафесар Г. Страйноўскі ўжо адчуў на сабе ўплыў А. Сміта, што бачна з яго кнігі «Навука прыроднага і палітычнага права, палітычнай эканоміі і права народаў» [11], хоць з іншых польскамоўных крыніц, якія заслугоўваюць большага даверу, вядома, што гэтага не магло быць, бо «Г. Страйноўскі пазнаёміўся з тэорыяй фізіякратыі дзякуючы свайму папячыцелю Я. Храбтовічу, а таксама А. Паплаўскаму, з якім з 1776 г. дзяліў абавязкі выкладчыка палітэканоміі ў Варшаўскім калегіюме» [10, c. 409], і што менавіта канспект лекцый таго курсу лёг у аснову яго кнігі [5, c. 512]. Значыць, альбо гэта былі агульнавядомыя рэчы яшчэ да А. Сміта, альбо Г. Страйноўскі сапраўды зрабіў некалькі ўдалых абагульненняў, якія пазней сталі прызнанымі ў класічнай палітэканоміі.

Акрамя таго, прыведзеныя лічбавыя прыклады і разлічаныя, вучоным-эканамістам, прапорцыі паміж рознымі пераменнымі, відавочна, насілі практычную скіраванасць і былі набліжаныя да рэальнасці, і таму, акрамя ілюстрацыйнага матэрыялу, уяўлялі сабой канкрэтныя парады слухачам па ўдасканаленню гаспадарак землеўладальнікаў (бо большасць тагачасных студэнтаў былі дзецьмі беларускай шляхты, якая жыла пераважна за кошт рэнты з зямлі). Магчыма, менавіта апошні факт (выклад складаных рэчаў простай і зразумелай мовай) зрабіў падручнік Г. Страйноўскага такім папулярным, што каб задаволіць у поўнай меры попыт на яго, спатрэбілася зрабіць ажно чатыры перавыданні (для таго часу незвычайная рэдкасць).

Таксама, скрозь тэкст кнігі прасочваецца жаданне Г. Страйноўскага даваць парады наконт таго, якую гаспадарчую палітыку трэба праводзіць уладам. На гэты раз, вучоны-эканаміст робіць гэта на падставе выяўленых раней ісцін: «патрэбна прылежна памятаць, што ёсць акалічнасці ці абставіны, а ёсць проста з’явы, якія вынікаюць з сутнасці рэчаў і іх прыроднага паходжання» [8, с. 23]. Аўтар дае парады наконт таго, як павялічыць дабрабыт народу, як дасягнуць і падтрымліваць у належным стане сельскую гаспадарку і прамысловасць, як павінен быць арганізаваны гандаль, як зрабіць так, каб падаткі ўплывалі на рост грамадскіх даходаў, як павялічыць народанасельніцтва.

Г. Страйноўскі вылучыў станоўчую тэндэнцыю, характэрную, як для тагачаснай, так і для сёняшняй гаспадаркі: калі паступовае развіццё асноўных галін дазваляе вырабляць тую ж колькасць тавараў і грамадскіх даходаў пры дапамозе меншай колькасці рэсурсаў і людзей, то становіцца магчымым узнікненне такой з’явы, як сфера паслуг, альбо першая яе праява ў тыя часы – вылучэнне з земляробства рукатворных рамёстваў. Па меры ўзрастання і трываласці асноўных галін вытворчасці (заўв. аўт. у той час земляробства, цяпер яшчэ і прамысловасці) усё болей растуць даходы занятых там людзей, і ўсё болей яны выдаткоўваюць грошаў на набыццё тавараў і паслуг, што спрыяе ўсякаму рукатворнаму промыслу ў народзе (па сучаснаму кажучы, малому бізнэсу). Далей Г. Страйноўскі зазначае, што «хоць рамеслены промысел бярэ свой пачатак ад земляробства, ён карысны для апошняга, бо у саміх земляробскіх работах вельмі карысныя розныя рукатворы, з дапамогай якіх можна ўсё выканаць зручней, хутчэй і з меншымі выдаткамі; больш таго ад рукатворнага промысла для ўсіх людзей у народзе, па меры павышэння заробкаў, расце здольнасць больш зручнага, надзейнага і прыемнага дастаўлення сабе ўсіх жыццёвых выгад і ўсяго патрэбнага» [8, с. 43]. На думку Г. Страйноўскага, «улады ні пад якім выглядам не павінны абмяжоўваць свабоду ў рукатворных трудах і ўкладаннях, а менавіта – праз арганізацыю розных таварыстваў, плацяжоў, і праз усе выдуманыя распараджэнні, якія сціскаюць чыю-небудзь ініцыятыву, альбо абмяжоўваюць прыбытак, стрымліваюць рукатворныя промыслы і прыводзяць да таго, што рукатворы становяцца, альбо не настолькі дасканалымі, альбо не настолькі таннымі для апошніх пакупнікоў, як маглі б быць пры поўнай для ўсіх свабодзе» [8, с. 46].

Яшчэ адна думка Г. Страйноўскага на гэту тэму можа вызваць захапленне: «Калі вярхоўная ўлада з грамадскіх даходаў, якія застаюцца ад іншых народных патрэб, жадае заводзіць уласныя рукадзельні, то як яна па абавязку і радзі ўласнай карысці не можа мець у тым іншай мэты, акрамя дабрабыту і карысці народу, так для выдаткаў на рукатворы свайго заводу і захавання цэнаў на іх, не павінна зацвярджаць нічога такога, што альбо памяншала б цану першых прадаўцоў, альбо каму-небудзь чыніла б цяжкасці ў рабоце і промысле; альбо парушала б свабоду жыхароў у набыцці іншых лепшых, ці больш танных рукатвораў; а іначай заведзеныя вярхоўным начальствам рукатворні, больш былі б шкодныя, чым карысныя народу» [8, с. 46]. Такім чынам, не маючы на сваім вяку такога досведу, каб дзяржава адчыняла ўласныя заводы, Г. Страйноўскі спрагназаваў магчымае развіццё падзей у такім накірунку, што дзяржава пры гэтым, захоча па больш нізкім цэнам, чым іх усталяваў рынак, набываць у сялян вырабленыя прадукты; а з іншага боку захоча прымусіць пакупнікоў набываць больш дарагія і менш якасныя і дасканалыя вырабы са свайго заводу, забараніўшы, ці абмежаваўшы ім набыццё замежных, альбо айчыных тавараў з іншых прыватных заводаў. Сёння абедзве з’явы можна назіраць ў народнай гаспадаркі Беларусі.

На думку Г. Страйноўскага, карыснасць гандлю відавочна, бо ён дазваляе танней набываць патрэбныя рэчы, а цаніць паслугі гандляроў трэба таму, што яны дазваляюць эканоміць сродкі вытворцам і спажыўцам. Прычым, на яго думку, пасярэдніцтва, як адзін з відаў гандлю, ня менш карыснае за чысты гандаль, бо спрыяе развіццю апошняга. Ён заклікае ўлады забяспечыць поўны і неабмежаваны гандаль, бо кожнаму чалавеку належыць прыроднае права ім займацца. Страйноўскі прапануе забяспечыць такія ўмовы, каб любому чалавеку паўсюдна і ў любы час без усялякай справаздачы, перашкод, агляду і плацяжоў, дазвалялася абменіваць, купляць, прадаваць і перавозіць тавары. На яго думку, розныя выбарачныя ільготы, мыты з продажу, пакупкі і перавозкі, і іншыя меры, нават якія быццам бы скіраваныя на актывізацыю гандлю, на самой справе яго замаруджваюць, стрымліваюць, альбо кладуцца на яго цяжкімі выдаткамі, што не спрыяе ягонаму развіццю. Страйноўскі зазначае, што ніякая дзяржаўная ўстанова, альбо дзяржаўнае рэгуляванне, ня ў стане прынесці большай карысці для дабрабыту народу, чым абароненая і нястрыманая ніякімі перашкодамі вольнасць гандлю. З іншага боку, на яго думку ўлады павінны клапаціцца аб стварэнні спрыяльных умоў для гандлю: падтрымліваць у належным стане дарогі, судаходныя рэкі і каналы, гавані, складскія памяшканні; усё гэта памяншае выдаткі гандлю, спрыяе ўсталяванню выгадных коштаў для вытворцаў і спажыўцоў [8, c. 52].

Мэтай падаткаў Г. Страйноўскі лічыў забеспячэнне ўласнасці і вольнасці жыхарства. «Але, заўважаў ён, на практыке часцяком атрымліваецца, што падаткаабкладанне абцяжарвае ўсіх жыхароў, памяншае штогадовыя грамадскія даходы і чысты прыбытак, і ў выніку прыводзіць краіну да заняпаду і галечы» [8, с. 56]. «Дзіўна, – зазначаў Г. Страйноўскі, – што падаткі, якія калісці былі ўведзены дзеля памнажэння грамадскіх даходаў, на самой справе памяншаюць іх» [8, с. 56]. На яго думку, гэта адбываецца «з-за вялікай колькасці чыноўнікаў, якія дорага абыходзяцца народу сваім існаваннем, а таксама з-за існавання акрамя асноўных падаткаў у казну, дадатковых збораў у якасці розных работ, утрыманняў, замен, што прыводзіць да памяншэння чыстага прыбытку, а значыць і падаткавых адлічэнняў». Страйноўскі сцвярджае, што «з прычыны выдуманых землеўладальнікамі падаткаў, грамадская казна і ўлады не атрымліваюць значнага прыбытку, і самі ўласнікі церпяць страты ў некалькі разоў большыя, чым калі б пэўную частку чыстага прыбытку штогод уносілі непасрэдна ў казну» [8, с. 57].



Памер падаткаабкладання Г. Страйноўскі прапанаваў вызначаць наступным чынам. Чысты даход уласнікаў ён прапаноўваў дзяліць на тры часткі. Першую частку даходу, на яго думку, трэба было накіроўваць на ўтрыманне ў належным стане і на паляпшэнне свайго маёнтку; другая частка даходу павінна належыць самому ўласніку, як працэнт ад той сумы, якую ён, альбо сам выдаткаваў на падрыхтоўку зямлі для сельскагаспадарчага выкарыстання, альбо за якую ён набыў гэтую зямлю ў папярэдніх гаспадароў. І, нарэшце, трэцяя частка даходу павінна выплочвацца ў якасці падатку ў казну [8, c. 58]. Такім чынам, па сучаснаму кажучы, падаткавая нагрузка на думку вучонага-эканаміста павінна была складаць 33-34% (трэба заўважыць, што прыблізна такую налогавую нагрузку сёння лічуць арыентырам падаткавыя органы Беларусі, кажучы пра неабходнасць яе змяншэння). Далей Г. Страйноўскі звяртае ўвагу на тое, што вызначаная прапорцыя падаткаабкладання павінна быць прынятая назаўсёды і ніколі болей не мяняцца. Гэта патрэбна дзеля таго, каб падаткаплацельшчыкі (заўв. аўт. у Г. Страйноўскага – гэта землеўладальнікі) пачувалі сябе стабільна і спакойна, бо ад іх дабрабыту залежыць заможнасць і моц усяго народу і дзяржавы; надалей яны прызвычаюцца да ўсталяванай саразмернасці і ня будуць адчуваць ніякай страты і абцяжаравання. Страйноўскі раіў таксама, што «падатак павінен быць адзін і паступаць непасрэдна ў казну; трэба адмовіцца ад розных пабораў, подацей, абавязкаў, бо гэта аслабляе асобныя гаспадаркі, а значыць у выніку – казну і дзяржаву. Калі ж здарыцца патрэба ў прыцягненні дадатковых сродкаў, то для гэтага будзе рэальная магчымасць толькі тады, калі ў дзяржаве будзе шмат заможных маёнткаў» (заўв. аўт. па сучаснаму кажучы, суб’ектаў гаспадарання) [8, c. 59].

Прыроднае абгрунтаванне і вызначэнне колькасці насельніцтва ў дзяржаве, на думку Г. Страйноўскага, залежыць ад велічыні штогадовага ўраджаю, альбо ад штогадовых грамадскіх даходаў; ён выводзіў, што чым лепшы стан земляробства, тым лепшае ўтрыманне маюць земляробы і землеўладальнікі, і тым вышэй народанасельніцтва. З гэтага Г. Страйноўскі робіць выснову, што калі ўлады жадаюць павялічыць колькасць насельніцтва, то яны павінны клапаціцца аб паляпшэнні стана земляробства. З іншага боку, вучоны-эканаміст засцерагае, што нельга штучнымі сродкамі павысіць нараджальнасць у краіне, не высветліўшы і не ліквідаваўшы сапраўдныя прычыны зніжэння нараджальнасці: «калі знаходзяцца ў народзе шкодныя абставіны для здароўя і жыцця людзей, якія абмяжоўваюць ці змяншаюць колькасць насельніцтва дзяржавы, то яны павінны быць вынішчаны належнымі сродкамі, даходзячы заўсёды да галоўнай прычыны, і не парушаючы пры гэтым прыроднай вольнасці людзей; народ ніколі не будзе мець недахопу ў людзях, калі кожны чалавек будзе мець абароненую па ўсёй прасторы краіны ўласнасць і вольнасць» [8, c. 55].

Цікавымі з’яўляюцца меркаванні Г. Страйноўскага наконт уплыву колькасці насельніцтва на заможнасць краіны. Ён зазначае, што «безумоўна з’яўленне новых працаўнікоў у гаспадарцы з’яўляецца карысным фактарам для яе развіцця, але гэта ня значыць, што існуе залежнасць: чым большае народанасельніцтва мае краіна, тым яна багацей і магутней». Кажучы аб колькасці насельніцтва ў адносінах да заможнасці і багацця народу, на думку вучонага, «належыць глядзець не толькі на колькасць народу, а разам з тым і на яго дастатак, прыбыткі і спосаб утрымання, г.зн. на штогадовыя грамадскія даходы» [8, c. 56]. «Заможнасць народу, па Г. Страйноўскаму, памнажаецца ў саразмернасці не да колькасці занятых, а да сродкаў, укладзеных ў штогадовае аднаўленне багаццяў» [8, c. 56]. Па сучаснаму кажучы, заможнасць жыцця ў краіне залежыць не ад таго ёсць беларусаў 9,8 мільёнаў, ці іх будзе 12 мільёнаў, ці іх магло б быць 30 мільёнаў (калі б не больш высокія, чым у іншых еўрапейскіх народаў людскія страты падчас мінулых войнаў), а галоўным чынам ад таго, які памер інвестыцый і новых тэхналогій будзе прыцягнуты для павелічэння ВУПа ў будучым.

На прыканцы, Г. Страйноўскі робіць выснову аб падабенстве палітычных і гаспадарчых правіл з правіламі прыроднай маральнасці. Адсюль, на яго думку, вынікае бясспрэчная ісціна – велічыня штогадовых грамадскіх даходаў залежыць ад выканання ўладай прыродных правіл, парушаючы якія яна стварае перашкоды для іх памнажэння. Сёння вучоныя-эканамісты кажуць тое самае, калі сцвярджаюць пра існаванне аб’ектыўных эканамічных законаў і заканамернасцей, і заклікаюць палітыкаў улічваць іх ў сваёй практычнай дзейнасці.

Польскія гісторыкі і эканамісты ў мінулым далі кнізе Г. Страйноўскага стрыманую ацэнку. Напрыклад, гісторык Й. Бялінскі выказаўся такім чынам, што: «трактат па эканоміі быў вельмі абмежаваным па зместу і ўяўляў сабой збор афарызмаў» [5, c. 508-509]. Важным з’яўляецца меркаванне аднаго з адмыслоўцаў па гісторыі эканамічнай думкі Польшчы Э. Ліпінскага, які хоць і засведчыў, што «кніга Г. Страйноўскага дае сістэматычны агляд тэорыі фізіякратаў», але пры гэтым зазначыў, што яна значна саступае ў арыгінальнасці працам яго брата Валера Страйноўскага (заўвага аўт. пры гэтым Ліпінскі, чамусці, для разгляду адной кнігі Г. Страйноўскага адвёў на сваіх старонках месца ў два разы больш, чым усіх прац В. Страйноўскага) [9, c. 338-342]. Не паўплываў на стаўленне гэтых вучоных і той факт, што Г. Страйноўскі быў абраны замежным сябрам Акадэміі навук Фларэнцыі па рэкамендацыі самаго Ч. Бекарыя (1738-1794), якога Й. Шумпэтэр назваў італьянскім Адамам Смітам. Праўда, у аўтарытэтнай энцыклапедыі па гісторыі польскай навукі, Г. Страйноўскі прадстаўлены, як адзін з самых вядомых і ўплывовых папулярызатараў дактрыны фізіякратыі, падручнік якога па фізіякратыі стаў у Польшчы класічным [10, c. 408-409].

Цікавае, хоць і небясспрэчнае меркаванне, выказалі ў 1980-х г. літоўскія даследчыкі Вансявічус С. і Жэруоліс І., якія прапанавалі вясці адлік прававой навукі ў ВКЛ з Г. Страйноўскага [11, c. 43]. Увогуле ж, Г. Страйноўскі ўзгадваецца ў многіх літоўскіх памятных выданнях, як вучоны і грамадскі дзеяч, які адыграў значную ролю ў гісторыі Віленскага ўніверсітэту. Гэта, аднак, не з’яўляецца адкрыццём сучасных даследчыкаў, бо яшчэ ў 1827 г. у самім касцёле святога Яна, яму быў усталяваны помнік (заўв. аўт. умацаваны ў сцяне, непадалёку ад капліцы Божага цела, насупраць помніка А. Міцкевічу). Ініцыятарам і кіраўніком праекту быў другі прафесар палітэканоміі Я. Зноска (1772-1833), а аўтарамі мемарыяльнай дошкі – скульптары К. Падчашынскі і К. Ельскі.

Некалькі ўкраінскіх аўтараў ХІХ ст. (напрыклад, Д. Багалей) згадвалі ў сваіх працах Г. Страйноўскага. Але, згодна сучаснай метадалогіі гісторыі эканамічнай думкі Украіны, адлік айчынай эканамічнай навукі ў гэтай краіне вядзецца з моманту адкрыцця ва ўласна ўкраінскіх універсітэтах кафедр палітэканоміі, альбо з часу заведавання імі уласна ўкраінскімі эканамістамі (у Кіеўскім універсітэце – з 1842-44 гг. ад І. Вернадскага, у Харкаўскім універсітэце – ад Т. Сцяпанава, які выдаў фактычна першы айчыны падручнік па палітэканоміі ў 1844-48 гг.) [12, c. 336-337]. Навуковую спадчыну Віленскага ўніверсітэту, у тым ліку Г. Страйноўскага, сучасныя ўкраінскія эканамісты амаль не даследуюць. Магчыма таму, што ад часоў Люблінскай вуніі Украіна ўжо фармальна да ВКЛ не адносілася (хоць тры яе губерніі ўваходзілі ў Віленскую навучальную акругу, і выпуснікі украінскіх гімназій часта працягвалі навучанне ў Віленскім універсітэце, пакуль ня быў адкрыты Кіеўскі ўніверсітэт). Месца ж нараджэння Г. Страйноўскага ва Ўкраіне, напэўна, таксама не з’яўляецца для гэтага дастатковай падставай, тым больш, што ўкраінцы, сапраўды, маюць адносна багатую гісторыю развіцця айчынай эканамічнай навукі ў ХІХ - першай трэці ХХ ст.

Некаторыя старонкі дзейнасці і жыцця Г. Страйноўскага маглі б зацікавіць і расійскіх даследчыкаў. Менавіта ў часы яго рэктарства Галоўная школа ў Вільне (так называлася Галоўная школа ВКЛ пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай) была рэарганізавана ў Віленскі імператарскі ўніверсітэт, што па сутнасці азначала падцвярджэнне яго статусу з боку расійскіх уладаў. Дзеля гэтага Г. Страйноўскаму спатрэбілася праявіць прызнакі пэўнай лаяльнасці, што выклікала незадаволенасць з боку так званай польскай партыі, на чале з А. Чартарыйскім, Ф. Чацкім і Г. Калантаем, якія абвінавацілі вучонага ў прарасійскіх поглядах. Акрамя таго, у 1809 г. падручнік Г. Страйноўскага быў перакладзены на рускую мову (гэта стала яго пятым выданнем). Аднак, гэтага ўсяго аказалася мала, каб прыцягнуць увагу расійскіх эканамістаў да вывучэння навуковай спадчыны Г. Страйноўскага, і, тым больш, каб залічваць яго да сваіх фізіякратаў. Болей таго, сярод сучасных адмыслоўцаў па гісторыі расійскай эканамічнай думкі пашыраным з’яўляецца меркаванне, што ў Расіі ўвогуле не было прадстаўнікоў фізіякратыі (калі не лічыць Д. Галіцына, які большасць часу праводзіў у Парыжы, і невялікай гісторыі з прыгодамі П. Мерсье дэ ля Рыв’ера ў Расіі). У расійскай гісторыяграфіі Г. Страйноўскі пазіцыяніруецца як польскі фізіякрат, што зразумела, бо пры разглядзе расійскай эканамічнай думкі часоў Царскай Расіі, не вылучаюцца ў асобныя нацыянальныя лініі, ні беларуская, ні ўкраінская, эканамічная думка.

Такім чынам, вучоны-эканаміст Г. Страйноўскі з’яўляецца здабыткам практычна усіх краін, якія калісці ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, а затым і Расійскай імперыі. Пра кнігу Г. Страйноўскага, як і пра смітаўскае «Багацце народаў» можна сказаць, што гэта самы старажытны эканамічны трактат, выдадзены ў ВКЛ, які не састарэў да сёняшняга часу і можа даць шмат карыснага для лепшага разумення гістарычнай і сучаснай эканамічнай рэчаіснасці. Вывучэнне яго навуковай спадчыны і жыццёвага шляху можа стаць сваеасаблівым «мастком» паміж вучонымі розных краін і розных галін ведаў.
U.A. AKULICH
Political Economy in WORD’S of Hieronim Sroynowski
Summary

The article is devoted to investigating the system of economic views of the former professor and rector of the University of Vilnia, physiocrat H. Stroynowski. Stroynowski's economic table, which is the interpretation of the table, known in economic science as Quesnay's «Economic Table», is presented and explained. Stroynowski's recommendations in the field of economic policy are presented. The extent of investigation of his economic heritage by scientists in Belarus and neighboring countries is analyzed.



УДК 330(476)(091)
Акулич В.А. Политическая экономия в изложении Геронима Стройновского // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук
Статья посвящена исследованию системы экономических взглядов бывшего профессора и ректора Виленского университета, физиократа Г. Стройновского. Приведена с пояснениями экономическая таблица Г. Стройновского, которая является интерпретацией известной в экономической науке таблицы Ф. Кене. Представлены рекомендации Г. Стройновского в области экономической политики. Проанализирован уровень исследованности его экономического наследия учеными Беларуси и соседних стран.

Библиогр. – 13 назв.



Літаратура

1. Бирало А. А., и др. Философские и социологические воззрения физиократов / Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии. Мн., 1973. – С. 214-225;

2. Бирало А. А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979.

3. Дорошевич Э.К. Гуманизм просветителей / Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977. – С. 112-123

4. Бабкоў І. М. Філасофія Яна Снядэцкага. Мн., 2002.

5. Bieliński J. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). Kraków. 1899-1900. Т2.



  1. Znoska J. Nauka Ekonomii politycznej podług układu Adama Smithа. Wilno, 1811. (Аддзел калекцый Нацянальнай бібліятэкі Украіны, СХ 12/957).

7. Адамовіч Т. І. Станаўленне і развіццё ўніверсітэцкай эканамічнай адукацыі на Беларусі / Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси. Мн., 2002. – С. 21-47

8. Stroynowski Hi. Наука права природного, политического, государственного хозяйства и права народов. СПб., 1809 (Аддзел рэдкай кнігі Нац. бібл. Украіны, Cr 7405).



  1. Lipiński E. Historia polskiej myśli społeczno-ekonomicznej do końca XVIII wieku. Warszawa, 1975.

10. Opałek K. Ekonomia polityczna / Historia nauki polskiej. Warszawa, 1970. T2. S. 405-414

11. Вансявичюс С., Жеруолис И. Развитие правовой науки в Вильнюсском университете // Правоведение. 1980. № 1. – С. 43-49



  1. Леоненко П. М. Методологічні аспекти історіі украінськоі економічноі думки (ХІХ-ХХ ст.). К., 2004.

  2. Физиократия вне Франции // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона (1890-1907)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка